ІХ


Зазыбава Марфа расчыніла на два бакі вароты, адкінула на загавальню дошку, каб можна было праехаць на запрэжаным кані, і заклапочана пабегла ў хату затуляць засланку.

Зазыба такі рашыўся ехаць у мястэчка.

Быў вялікі спас — дзевятнаццатага жніўня. Пры немцах у бабінавіцкай царкве ўжо ішла служба, і сёння ў мястэчка з Верамеек падаваўся не адзін Зазыба: набожныя вясковыя бабы недзе былі са сваімі кошыкамі — бралі свянціць яблыкі — за Бесяддзю.

Сёння першы раз за колькі гадоў было чуваць у Верамейках, як званілі на бабінавіцкай царкве званы. І слухаць іх павыходзіў багата хто з вёскі. Спярша верамейкаўцы падумалі, што гэта далятаў з-за Бесядзі нейкі іншы гук, можа, таксама выкліканы вайной, бо нязвычна ўжо ім было чуць царкоўны звон, урэшце, яны адвыклі ад яго, а тады бабы ды старыя дзядзькі вырашылі ўсё ж — няйначай, зазванілі ў мястэчку да ютрані. Розныя па тоне званы, бы перагукваючыся ды даганяючы адзін аднаго, зліваліся часам у роўны гул, хоць і не надта стройны, але музычны. Аднак адзін звон, на нізкай ноце, часцей за ўсё нібыта пазніўся, і гук яго вылучаўся сярод іншых неяк нечакана і вельмі журботна.

Зазыба таксама не адзін раз чуў з Бабінавіч «благавест». У ім заўсёды нешта як жывое. Ці то здаралася гэта надвечар, у вялікі пост, калі і неба, і снег рабіліся амаль аднолькавага колеру, ці то пачыналася раным-рана напрадвесні, калі выходзіла з берагоў і шырока разлівалася Бесядзь, але кожны раз, як толькі чулася першае бомканне званоў, усю яго істоту запаўняла зусім новае пачуццё, якое праганяла некуды будзённы клопат і ўсё іншае, чым жыў ён у той момант.

Сёння Зазыба таксама пачуў далёкую, рознагалосую і нечаканую гамонку званоў і неяк міжволі сіліўся разгадаць яе; яму нечага здавалася, што гэта адным часам і мінулае, патрывожанае імі, і будучае, пра якое нельга было пакуль даведацца, уставалі і напаміналі аб сабе.

...Пасярод Зазыбавага двара стаяў, запрэжаны ў калёсы на жалезным хаду, буланы конь — з тых, што пакінулі калгасу ўзамен артылерысты. Конь быў раскаваны і не кульгаў. Ён стрыг вушамі, пазіраў на сябе ў зацененае акно Зазыбавай хаты. Марыльчыны рэчы ляжалі на возе, прыхаваныя травой з-пад касы, а сама дзяўчына перад дарогай поўная была непакою. Ужо з самага рання яна хапалася за ўсё — і хацела пасабіць у хаце гаспадыні, якая таксама затужыла перад расстаннем, і бралася прагнаць у статак карову. Але Зазыба па-бацькоўску папракнуў:

— Ты глядзела б лепей за сваім, каб усё парадкам выйшла. Не забудзься чаго...

Марыля тады сунялася трохі, але непакой не прайшоў. Цяпер ён быў увесь у яе вачах.

Не дзіва, што дзяўчына хвалявалася перад паездкай. Для яе Бабінавічы былі незнаёмым мястэчкам, якое бачыць давялося адно на карце. Мястэчка стаяла на вялікай дарозе, якая ў вайну зрабілася стратэгічнай, і ёй, армейскай разведчыцы, выпадала цяпер не толькі жыць у гэтым мястэчку, але таксама выконваць адказныя заданні камандавання. Пакуль фронт стаяў непадалёку, кіламетраў за шэсцьдзесят, а месцамі нават бліжэй, гэта мела асаблівае значэнне, бо праз Бабінавічы рухаліся тыя матарызаваныя часці, якія разам з танкавай групай былі павернуты за Крычавам на паўднёвы напрамак.

Для разведкі, на думку армейскага камандавання, Марыля мела дзве перавагі — прыгажосць, якая магла спрыяць у небяспечнай рабоце, і веданне нямецкай мовы. Гэта і вырашыла справу, калі ў штабе 13-й арміі абмяркоўвалася пытанне, каго пакінуць у Бабінавічах. Дзейнічаць Марыля павінна была адна (групу ў невялікім мястэчку не адважваліся пакідаць) і пад сваім сапраўдным прозвішчам. Ёй амаль нічога непатрэбна было выдумляць у легенду — яна і сапраўды нарадзілася ў вялікім рабочым пасёлку, што за Тулай, але вучылася ў Беларусі; як пачаліся масавыя налёты нямецкай авіяцыі на прыдняпроўскі горад, дзяўчына, разам з іншымі, падалася на ўсход — яна ўцякала ад немцаў дамоў. Але не паспела. За выключэннем гэтага — «не паспела», такім чынам, усё было праўдай. І тым не менш вопыту разведчыцы Марыля не мела: адно скончыла кароткатэрміновыя курсы пры штабе па рабоце на рацыі ды пазнаёмілася ў агульных рысах з прынцыпамі вядзення армейскай разведкі.

Спярша, калі непадалёк ад Крутагор’я, у Клімавіцкай Родні, яшчэ стаяў штаб 13-й арміі, было намеркавана накіраваць Марылю адразу ў мястэчка. Але хтосьці з палітупраўлення арміі, можа, сам брыгадны камісар Крайноў, параіў разведаддзелу звязацца з Крутагорскім райкомам партыі, і Пракоп Маштакоў прапанаваў тады зрабіць іначай. Уладкаваць Марылю ў мястэчка павінны былі староннія людзі — альбо кулігаеўскі Сідар Раўнягін, альбо верамейкаўскі намеснік старшыні калгаса Дзяніс Зазыба. Вайскоўцы нечакана спынілі свой выбар на апошнім. Тады і паклікалі Зазыбу ў Кулігаеўку да Сідара Раўнягіна.

Зазыба браўся за даручэнне з вялікім запасам спакою — ён, вядома, яшчэ ў той дзень, як хадзіў у Кулігаеўку і гаварыў з Пракопам Маштаковым, зразумеў, што можна нават за адно знаёмства з Марыляй паплаціцца жыццём у немцаў. Але разумеў ён і тое, што цяпер ад кожнага, хто меў сумленне і ўсведамляў сваю адказнасць перад краінай, патрабавалася не толькі намаганне фізічных і духоўных сіл — бадай, найважней было падрыхтавацца ахвяраваць сабой. З адным Зазыба ніяк не мог пагадзіцца — гэта чаму раптам першая ў ахвяру сябе павінна была прынесці Марыля! Ажно крыўдна было за дзяўчыну — у Верамейках каторы дзень вольна жылі мужчыны-дэзерціры, той жа Раман Сёмачкін, Брава-Жыватоўскі, а яна мусіла падавацца з вёскі і, вядома, не дзеля сённяшняга спаса. Крыўда гэтая мела пад сабой і іншы грунт, які таксама паддаваўся тлумачэнню. Датычылася гэта ўжо асабіста Зазыбы, дакладней кажучы, не самога Зазыбы, а яго жонкі, Марфы. У адрозненне ад мужа, Марфа па-ранейшаму нічога не ведала пра Марылю і тым больш не здагадвалася, таму ёй вельмі няўцям было, чаму дзяўчына павінна недзе шукаць сабе прытулку, калі можна пажыць у Верамейках. Сёння Марфа нават не вытрымала, сказала мужу, як той ішоў на ўсходзе сонца касіць траву на воз. Аднак дарэмна: Зазыба не стаў гаварыць з ёй пра гэта. І вось цяпер са шкадаваннем бачыў, як нудзілася Марфа.

Марыля тым часам нібыта не месцілася ў сабе, нечым, можа, сваім насцярожаным неспакоем, нагадвала птушку, якая кожную хвіліну магла паляцець. Яна нават прыбралася ў дарогу — на сукенку накінула адмысловую цёмна-зялёную кофтачку, якая, здавалася, павялічвала яшчэ зусім дзявочыя грудзі.

Зазыба агледзеў воз, сказаў:

— Я мяркую, пара нам...

Марфа быццам чакала гэтых слоў — памкнулася да Марылі, прытуліла на нейкі час да сябе, а тады пачала благаслаўляць. Марыля стаяла зусім ціхманая, прымала чужую ласку і чужое хваляванне, як і належыць чалавеку, які прыжыўся ў доме. Але не паспела Марфа схаваць па звычцы пад фартух свае пасінелыя рукі, як Марыля сама кінулася да яе, нібы да роднай.

Зазыба паглядзеў на расчуленых жанчын і сказаў грубавата:

— Ладна, сядай ужо!

Марыля адарвалася ад Марфы, ступіла на драўляную падножку і села на мяккую траву, засланую паласатай дзяругай.

Марфа сказала:

— З богам! — і пазначыла шчопацем правай рукі перад сабой крыж.

Тады Зазыба ўзяў за цуглі каня, вывеў за вароты.

— Зачыняйся тута, — кінуў ён жонцы.

Акаваныя колы адразу паехалі па тупкай сцежцы — загрукаталі раптам на ўвесь завулак. Зазыба прайшоўся трохі па завулку, пасля ўхапіўся рукамі за гнушку і, падскочыўшы па-маладому і неяк брыкліва, сеў на воз з другога боку.

Марыля азірнулася на Зазыбаў двор. Усё там — і хата з трохскатнай страхой з залобкам, і вароты, аздобленыя адмысловай ліштвой — здаліся ёй адным часам знаёмымі і незнаёмымі. Было такое ўражанне, нібыта яна цяпер пазнавала даўно забытае. Позірк нечага доўга затрымаўся на высокай вітцы, што вытыркалася над вільчыкам аўчарні, пасля скочыў на адкрыты з двух бакоў ганак, дашчаная стрэшка якога абапіралася на букатыя слупкі-балясіны. І толькі тады, як у поле зроку трапіўся пад вокнамі хаты разгалісты вяз, захаланула маладое сэрца — дрэва гэтае ўсе дні яна бачыла праз акно свайго свядомага пустэльніцтва... На ім ужо сядзела белабокая сарока і нібы тачыла нажы. Зазыба пачуў гэта, усміхнуўся:

— Гасцей во некалі накліча!

На прыбітай скацінай, калясьмі і людзьмі, а больш за ўсё гэтымі апошнімі дажджамі вясковай вуліцы мала што затрымлівала вока. Але каля хаты Парфёна Вяршкова давялося запыніцца, бо Парфён убачыў Зазыбу цераз плот і выйшаў на вуліцу, каб пераняць.

— Куды ета? — узяўся ён за гнушку.

— Да от, едзем, — няпэўна адказаў Зазыба.

— Да мястэчка ці далей?

— Да, мусіць, і ў мястэчка, а болей у Латоку. Трэба адвезці яе во. — Зазыба кіўнуў галавой на Марылю.

— Тады ўжо глядзі, каб Бабінавічы як не мінуць.

— Да ўжо ж...

— Даведайся тама...

Зазыба цярпліва слухаў.

— А то надвор’е бытта нядрэннае робіцца, — не забіраў рукі Парфён з гнушкі.

— Ага, выясняецца.

Марыля сядзела і слухала сялянскую гамонку. Ёй нечага смешна было, як перамаўляліся вясковыя дзядзькі: здаецца, абменьваліся яны словамі толькі з адной мэтай — каб не маўчаць пры сустрэчы. А ім — і Зазыбу, і Вяршкову — гэтай стрыножанай размовы, выходзіла, якраз хапала, каб зразумець адзін аднаго. Напаследак Вяршкоў прапанаваў:

— Можа, яблык возьмеш у дарогу?

— Дык гэта... — Зазыба паціснуў плячамі. — Ці трэба?

Тады Вяршкоў паглядзеў на Марылю:

— Дак іх жа, ці шкода? Вон сучча ломіцца. Але як па сённяшнім часе, дак з яблыкамі акурат добра будзе ехацца.

— Спас...

— Згаджайцеся, Дзяніс Яўменавіч, — расцягваючы словы, папрасіла Марыля.

— Ну, калі ўжо не шкода, дак... — усміхнуўся Зазыба.

Яблыкі ў Вяршковых стаялі — дзеля спаса, як у нескупых гаспадароў — на ўслоне пасярод двара: два бульбовыя кашы — адзін з сыпкімі летнімі грушамі, а другі з чырванабокімі цітаўкамі.

Парфён узяў у абедзве рукі па кашы, прынёс хутка да воза і пасыпаў на траву ў задок — як не пароўну і яблыкаў, і груш.

— От, — сказаў ён.

Зазыба ляснуў па зямлі пугай.

— Дак паглядзі тама, — кінуў ім наўздагон Парфён Вяршкоў.

— Ладна.

Зялёнае разводдзе лясоў пачыналася адразу за Верамейкамі. Крайняя хата па гэты бок была Юхіма Кандрусевіча і стаяла трохі наводшыбе ад усёй вёскі, а стрэхі гаспадарчых прыбудоў хаваліся пад шатамі старых соснаў, што неяк уратаваліся ад неразборлівага тапара. Дарога паўз хату была пясчаная, ішла скрозь па глыбокіх каляінах, і Зазыба знарок не падганяў каня, але той па сваёй ахвоце трухаў, ёкаючы селязёнкай.

Цягнуў буланы воз з двума седакамі амаль без натугі, і Зазыбу адно непакоіла, што былі трохі караткаватыя аглоблі ў калёсах — конь часам натыкаўся нагамі на пярэднюю падушку.

Глуха, зусім не парушаючы цішыні ў лесе, шумелі паабапал дарогі вялікія дрэвы, пераважна хвойнік, рэдка калі бярозы. Хоць птушак у лесе і паболела за лета, аднак іх спеў ужо не вызначаўся тым самазабыццём, якое бывае вясной, калі здаецца, што робіцца ўсё з заплюшчанымі вачамі і выліваецца за край.

У лесе было сыра і нават зябка. Сонца, якое косымі промнямі ўжо высвеціла паміж дрэў навакольныя паляны, парослыя пажоўклай папараццю і кучаравым, амаль палеглым ягаднікам, праганяла з камарыных імшарын шэрае сутонне нядаўняй ночы. Пахла гнілымі грыбамі: каторы год, бывае, прамінае лета, ужо восень стане на дварэ, а чалавек нават вокам не пабачыць сапраўднага грыба — усё неяк сонца з дажджом не патрапяць у адно. Сёлета ж здарылася наадварот — грыбы ўзяліся рана, асабліва каласавікі, але не да іх было. Ягад таксама ў Верамейках не каштавалі, калі не лічыць тых суніц, што з’явіліся ў пачатку чэрвеня. І тым не менш было, што па ягады ў лес бегалі вясковыя дзяўчаты нават у ліпені — тады праз Верамейкі ішлі маршам ад чыгункі палкі кавалерыйскай групы Гарадавікова. І дзень, і два верамейкаўцы ўсёй вёскай стаялі на скрыжаванні дарог, пільнавалі чырвоных коннікаў — можа, раптам хто і свой трапіцца, а сарамяжлівыя дзяўчаты, трымаючы лазовыя кошыкі ў руках, частавалі запыленых хлопцаў набрынялымі кісла-салодкімі малінамі. Тады і верамейкаўцы, і коннікі, здавалася, забыліся на вайну — усе жартавалі і смяяліся так, нібыта гэта праходзілі звычайныя вайсковыя манеўры. У тыя дні ў забесяддзі папраўдзе жылі вялікай надзеяй — коннікі Гарадавікова неслі з сабой адным часам і ўзрушэнне і заспакаенне: не верылася, што вораг здолее паставіць што-небудзь супраць гэтакай сілы!.. Між тым конніцу Гарадавікова фашысцкія самалёты пачалі нішчыць яшчэ на падыходзе да Сажа, і пра гэта ў Верамейках стала вядома неўзабаве, бо чуткам не доўга было ісці. Зноў Чырвоную Армію тут пабачылі, як ад Прапойска пачалі адступаць часці 13-й арміі. Усё гэта — і імклівы марш асобных палкоў кавалерыйскай групы Гарадавікова, і адступленне 13-й арміі — адбывалася ў межах аднаго, хоць і не старога каляндарнага месяца, але нечага здавалася, што цягнулася яно надзвычай доўга, можа, таму, што час раптам стаў успрымацца, як нешта амаль няўлоўнае і тым больш няпэўнае...

Паўз дарогі заўсёды сустракаюцца адметныя мясціны, якія з нечым звязаны ў чалавека ці проста выклікаюць цікавасць сваімі назвамі, часцей за ўсё дзіўнымі і незразумелымі — можна ў галаве паламаць усё, а да сэнсу не дабрацца. Напрыклад, за Верамейкамі, на адлегласці паўкіламетра, была Гогалева ніва — нават не ўрочышча, якіх багата вакол, і не дзялянка, на якой спляжаны лес. Наадварот, там скрозь раслі дрэвы. Тым у большае здзіўленне ставіла кожнага назва — Гогалева ды яшчэ ніва: паспрабуй здагадайся, ці гэта пайшло ад залётнай птушкі, ці ад чалавека. Праўда, у Верамейках знайшоўся дзівак, той жа Хомка Берасцень, які даваў своеасаблівае тапанімічнае тлумачэнне. Маўляў, яшчэ за далёкім прыгонам, калі Расеяй правіла Кацярына-царыца, здаралася ехаць тут царскаму поезду з Пецярбурга ў Таўрыду, Кацярына спяшалася тады да графа Пацёмкіна. Аднак пісара свайго, па прозвішчы Гогаль, не магла ўзяць у дарогу, бо той хварэў нечага. Давялося яму, як ачуняў, даганяць царыцу ад самага Пецярбурга на тройцы казённых стаеннікаў. Калі верыць Хомку, то Гогаль дагнаў Кацярыну якраз за Верамейкамі, на гэтай дарозе, і яны сядзелі тады менавіта тут, пад гэтымі выносістымі дрэвамі, і займаліся... любошчамі. Адным словам, Хомка Берасцень у Верамейках быў не толькі хітры бастола!

У Зазыбы з Гогалевай нівай былі звязаны свае ўспаміны: заўсёды прыгадвалася, як некалі ехала з Бабінавіч па гэтай дарозе іхняе з Марфай вяселле — тады вясковыя хлопцы і маладыя дзядзькі перанялі тут «зайца»...

Дарога за нівай збочвала налева і вяла па сасновым жардзёўніку, які ажно кішэў насцярожлівымі сойкамі. Каля так званага Гарбатага мастка, што быў начыста разбураны, яна нібыта выпраствалася. Масток гэты будаваўся на паўдарозе да Бесядзі, і ў Верамейках адлегласць паміж сваёй вёскай і Бабінавічамі дзялілі звычайна на чатыры адрэзкі: спярша да мастка, пасля да Бесядзі, затым да дубровы, што за ракой; апошні прамежак ляжаў на пясчаных узлобках — далей ужо вытыркаліся крыжыкі местачковай царквы; кожны прамежак расцягваўся больш як на паўтара кіламетра, а ўсёй дарогі да Бабінавіч было, па не зусім дакладным падліку, каля сямі кіламетраў.

За дажджы з дарогі пазмывала чалавечыя сляды. Але шырокія, аплылыя каляіны ўсё ж гаварылі аб тым, што нядаўна тут адбываўся вялікі рух. У калдобінах стаяла неўсмактаная вада. Была яна і на мастку, дакладней, на гаці, што замест бярвенчатага насцілу. Буланы нават не запыніўся перад мастком, адно расплюхаў капытамі рудую ваду, абдаўшы ёю жалезны хадок. Дробныя камяні, амаль пырскі, заляцелі на воз, і Зазыбу, а болей Марылі, давялося счышчаць іх і з сябе, і з дзяругі, якой была заслана трава ў перадку.

Зазыба ехаў амаль безуважны да ўсяго, што абступала дарогу, — думкі варочаліся ў галаве так, як варочаюцца колы, калі патанаюць па калодкі ў пясок. Спярша яму зноў рупіла сённяшняя справа, праз якую давялося выбрацца, амаль сляпуючы, у мястэчка, а тады нечага прыгадалася размова з Мікітам Драніцам, калі той прыходзіў увечары па ордэн: у думках Зазыба ўжо здзекаваўся з Драніцы, які ўзяўся выконваць даручэнне Брава-Жыватоўскага. Але вось за мастком, можа, за паўтараста крокаў ад гаці, кінуліся раптам у вочы — і трэба было, як на тое, паглядзець збоч — на буйным, нібыта жоўтым пяску, што быў намыты ў невялікай седлавіне, незнаёмыя сляды. Яны нагадвалі каровіныя, але былі вузейшыя і выцягнутыя ўдоўжкі. Зазыба ведаў усіх насельнікаў тутэйшых лясоў, мог адрозніваць хоць якія сляды, аднак гэтакія, здаецца, бачыў упершыню. І ўжо зусім здзівіўся памёту, што застаўся каля дарогі, — акурат заечага, але чорнага і намнога буйнейшага; круглякі ляжалі тут не даўжэй як з начы, бо яшчэ быццам ільсніліся. Было б гэта іншым разам, ці хоць бы не сядзела на возе дзяўчына, Зазыба напэўна б спыніў каня, каб паглядзець.

Марыля тым часам нават не здагадвалася, што незнаёмыя сляды на дарозе маглі так зацікавіць Зазыбу — ёй было хораша ехаць праз лес, слухаць пошум дрэў і лавіць незразумелыя гукі, якія даляталі з нетраў. І яшчэ ёй карцела пачаць гаворку са сваім вазаком. Учора, калі прыходзіў у хату Мікіта Драніца, дзяўчына пачула ўсё ж праз філёнкавыя дзверы гаворку паміж вяскоўцамі, і яе ўразіла тады, што гаспадар меў урадавы ордэн. Дзіва, але якраз учора яна нібыта вінаватай адчула сябе, што амаль нічога не ведала пра Зазыбу — тады, у Кулігаеўцы, сакратар Крутагорскага райкома і маёр з разведаддзела арміі сказалі ёй пра яго ўсяго некалькі слоў: чалавек, маўляў, надзейны, можна спадзявацца цалкам. Калі знаёмілі іх, яна трохі прыгледзелася да Зазыбы — сапраўды, чалавек выклікаў да сябе давер адразу, хоць і меў нейкі быццам разгублены выгляд, а ягоную неразгаворлівасць (за ўсю дарогу ад Кулігаеўкі да Верамеек Зазыба, здаецца, не сказаў слова, якое можна было б запомніць) яна тлумачыла сабе трыма акалічнасцямі: характарам, сялянскім паходжаннем і вайной. Пасля, калі яны жылі, як кажуць, пад адной страхой, Зазыба таксама пазбягаў размоў. Мусіць, не жадаў ён гаворкі і сёння.

І тым не менш Марыля адважылася загаварыць.

Яны пераехалі тады Бесядзь. Буланы, дробна ступаючы нагамі, узвёз іх на высокі бераг. Вачам расхінулася далячынь — за ракой патанаў у смузе крануты надыходзячай восенню забяседскі лес, па правы бок, паміж дубровай і ракой, што пакручастай бліскаўкай выгіналася ў шырокай лугавой пойме, выступалі з-за пагорка двары невялікай вёскі; па левы бок ляжала наўздзіў роўнае поле, аслоненае бярозавым бальшаком,— той самай гравійнай дарогай, што вяла ў Бабінавічы з Крутагор’я праз Белую Гліну, і толькі наперадзе неба засціў шырокі ўзлобак, за якім хавалася мястэчка. Над усім — над полем, над лесам, над пагоркамі — плыло спакойнае, але яшчэ па-летняму гарачае сонца.

Марыля намацала за сабой вялікі яблык, куснула самы чырвоны бок і зажмурыла вочы, быццам зрабілася даўка.

— Дзяніс Яўменавіч, — сказала яна нарэшце, — што я хачу спытаць. Па які гэта ордэн прыходзіў той чалавек учора?

— Мікіта?

— Мусіць.

— А-а-а, — усміхнуўся Зазыба.

— Я нават не чула дагэтуль, што вы маеце ордэн.

— Дак ці ж я таіўся калі са сваім ордэнам! — зноў усміхнуўся Зазыба, але ўжо з выразнай задаволенасцю. — Пра гэта ўсе ведаюць. Ордэн жа на грудзях носяць, каб відзён быў.

— А я вось не ведала.

— Не бачыла, таму і не ведала. Але пра ўсё ведаць не будзеш. Да і не трэба. Гэта нашы тута, свае, вясковыя справы.

Марыля спытала яшчэ:

— А які ордэн у вас, Дзяніс Яўменавіч?

— Да звычайны, наш.

— Вы ваявалі?

— А цяпер так выпадае, што чалавеку на яго жыцці даводзіцца ажно некалькі разоў ваяваць. Нібыта хто разлічвае. Гэта ўжо на маім вяку каторая вайна.

— Раскажыце, Дзяніс Яўменавіч!

— А што гаварыць? На вайне як на вайне. Але тады мы хоць не адступалі так. Здаралася, што адступаць даводзілася, але так не адступалі.

Марыля не знайшлася, што адказаць, — нібыта яна больш за ўсіх была вінавата ў тым, што армія адступала, — і яны зноў паехалі моўчкі.

Неўзабаве дарога пачала спускацца ў нізіну. Трэба было на ўсякі выпадак прытрымліваць буланага, і Зазыба стаў патрохі напінаць лейцы. Але дарэмна — конь, мусіць, нямала пахадзіў у артылерыйскай вупражы і справу сваю ведаў; колы патраплялі якраз у каляіны, і калёсы каціліся нядрогка.

З дубровы, амаль напярэймы, выйшла нейкая жанчына з вялікім бярэмам дроў. Было відаць, што бралася яна ў мястэчка. Зазыба падагнаў каня. Каля дарогі жанчына спынілася — мусіць, памела надзею пад’ехаць на возе.

— Кладзі свае дровы, — сказаў тады Зазыба.

Ніколькі не марудзячы, жанчына павалакла схопленае вяроўкай галлё на воз. Была яна ў старэйшых ад Зазыбы гадах. Выгляд мела як зачуханы — пра такіх у вёсцы звычайна гавораць: забытая дзецьмі і богам. На Марылю яна не зважала, глядзела на аднаго Зазыбу, нібыта яшчэ не паверыла цалкам, што той сапраўды давязе яе да мястэчка.

Марыля пасунулася, даючы месца на возе. Жанчына паклала дровы якраз на яблыкі, а тады і сама села, не выпускаючы з рук канцы вяроўкі.

— Во павязло дак павязло, — сказала яна, азіраючыся. — І не ведаю ўжо, як дзякаваць буду.

— А што гэта на сабе? — спытаў Зазыба.

— Каня ж няма! — жанчына памаўчала і кінула быццам з дакорам: — А вы ўсё яшчэ ездзіце? І коні ў вас ёсць! Адкуль ета? Нібыта не пазнаю...

— З Верамеек.

— А-а-а, — паківала галавой жанчына, — дак у вас, можа, і германцаў яшчэ не было?

— Не было.

— Жывяцё-ё-ё ж тама ў лесе! — як пазайздросціла яна.

— А вы?

— Дак... Але немцы пакуль не чапаюць. Можа, і дарэмна толькі пужалі. Кажуць, не так чорт страшны, як яго малююць.

— Чорт ён і ёсць чорт, — не згадзіўся Зазыба. — Як прыгожа не малюй, усё роўна на чорта падобны будзе.

— Дак і папраўдзе, — зноў забубніла кабета, быццам не давярала, таму знарок пераконвала Зазыбу, — не чапаюць пакуль людзей. Усё засталося, як і раней.

— Ну, ну...

— Камендант, здаецца, трапіўся яшчэ талковы, от што я скажу. Надоечы ажно пабіў аднаго паліцая. Васіля Бутрамея. Ета ж як было. Прыйшоў ён да адной бабы ў Зялёнкавічах да і забраў мужыковыя боты. Няхай бы якія там другія, а то хромавыя. А баба вазьмі да і схадзі да каменданта. Дак Адольф і дапамог. Шонпалам ажно пабіў Бутрамея. Кажа, я з вас рускае свінства выб’ю. Ну, Бутрамей як адведаў шонпала, дак прынёс боты назад у хату.

Зазыба паглядзеў на Марылю і пакруціў галавой — маўляў, слухай, як бывае...

— Не, можа, й дарэмна гавораць так пра немцаў, — працягвала разважаць кабета, — распусты яны не пацерпяць...

— Дзяніс Яўменавіч, зірніце, — дакранулася рукой да Зазыбавага пляча ўстрывожаная раптам Марыля.

Зазыба павёў вачамі, глянуў перад сабой. На бальшаку, што быў ужо недалёка, стаялі паміж радамі пачарнелых з камлёў бяроз грузавыя аўтамашыны з накрытымі кузавамі. Калона, мусіць, спынілася даўно, бо немцы пахаджвалі паміж грузавікоў, як на вялікім прывале ці надоўга змушаным прыпынку. Зазыба адчуў, як задрыжалі ў яго рукі. Ён паспрабаваў сціснуць імі лейчыны, але дарэмна — рукі былі непаслухмяныя.

— Кхы, кхы, — з вялікім намаганнем выціснуў ён з сябе штосьці падобнае на кашаль.

— А бо-о-ожачка! — заварочалася на возе і кабета.

Палявая дарога, па якой яны ехалі паміж збажыны, перасякала бальшак якраз на тым месцы, дзе стаялі аўтамашыны. Нават перакрыжаванне было перагароджана.

— Ну, што будзем рабіць? — шапнуў Марылі Зазыба.

— Не ведаю.

Воз тым часам набліжаўся да бальшака.

Зазыба глядзеў на машыны, на ўзброеных салдат — ад хвалявання наперадзе ўсё нібыта расплывалася, на вочы напаўзаў амаль непраглядны туман.

Нарэшце буланы датупаў да бяроз у прысадзе і сам запыніўся, бачачы, што далей шлях перагароджаны.

Немцы таксама звярнулі ўвагу на фурманку. Колькі часу яны пазіралі на седакоў, а тады адзін пераскочыў казлом канаву і рушыў да воза. На твары яго не было ні асаблівай натужанасці, ні тым больш — усмешкі. Проста ім кіравала ў гэты момант абыякавая цікаўнасць, што выклікаецца звычайнай лянотай, адчуваннем вышэйшасці і бяздзейнасцю. «А ну-тка, падзіўлюся!» — падумаў недзе ён. Але ўбачыў прыгожую Марылю, і твар у яго адразу як запаліўся.

— О, — падняў ён у захапленні палец угору і, павярнуўшы галаву да грузавікоў, крыкнуў: — Ком маль шнэлер хэр! Прыма мэдэль!***

І тады маладыя і здаровыя немчыкі — у якога дык нават верхняя губа не паспела загрубець, — тупаючы цяжкімі ботамі, рынуліся, быццам спушчаныя з ланцуга, праз канаву да воза.

— Шёнэс мэдхен! Айн прахтшцюк!**** — намагаліся яны перакрычаць адзін аднаго.

Бачачы ўсё гэта, Марыля скрыжавала на сабе рукі, ухапілася пальцамі за плечы і паціснула іх, як ад холаду.

Зазыба сядзеў наперадзе, яму не было відаць, што рабілася за спіной. Але здавалася, што там, няйначай, гарцавалі чэрці. Стаяў вэрхал, сыпаліся з усіх бакоў незразумелыя словы.

Марыля, вядома, чула, што крычалі ў гэтым вэрхале нямецкія салдаты, але яна не падавала выгляду, што ведае іхнюю мову, спрабавала перамагчы ў сабе ўзрушанасць і палахлівую збянтэжанасць, бо ёй патрэбна было мець сілы глядзець на ворагаў расплюшчанымі і наіўнымі вачамі.

— На вас дэн, грайф цу, Хайнрых, — хрыплаватым голасам казаў цыбаты немчык другому — таму, які першы падышоў да воза, — унд мах кайнэ умштэндэ. Хаст ду дас пюпхен альс эрстер гешнапт, зо шлепэ зі ін айнэ экэ. Дас мэдхен гэхёрт дыр аляйн, німанд комт дацвішэн. Абэр этвас вайтэр, дас німанд дых цу бэнайдэн хат. Ляс зі дых дортгут гэнісэн, дас зі зіх даран юбэр дас ганцэ лебен эрінэрт*****.

І раптам нібыта ўпершыню ўгледзеў на возе местачковую кабету з вязанкай дроў: — Вас глёцст ду, альтэ хэксэ? — накінуўся ён на яе. — Гляўбст ду воль аўх айнэм гут шмэкен? Айнэм хундэ эер!****** — закрычаў ён і адным рухам скінуў на зямлю дровы, а тады пад рогат піхнуў у каршэль жанчыну.

Тая войкнула і, быццам вялікая птушка, скінутая з гнязда, закапашылася пад коламі, грабаючы па зямлі рукамі. Нарэшце дацягнулася да сваіх дроў і, ухапіўшыся за канец вяроўкі, павалакла іх на карачках па канаве, як падалей ад нячыстага месца.

— Матка рус! Матка рус! — сыта рагаталі наўздагон ёй салдаты, хапаючы з воза раскрытыя яблыкі.

І раптам усё ўгаманілася — да фурманкі падышоў афіцэр.

— Нун кайнэ ангст, майн шэцхен, — паднёс ён да брыва ў тонкіх скураных пальчатках руку. — Ды зольдатэн дэр румрайхэн армэе дэс гросэн фюрэрс... *******

Але скончыць напышлівую прамову яму не далі. На бальшаку пачуліся паспешлівыя каманды. Загурчэлі маторы. Салдаты кінуліся да грузавікоў і, чапляючыся за барты, пачалі памагаць адзін аднаму.

— Пардон, мадам, — ад нечаканасці перайшоў афіцэр на французскую мову і гарэзліва бліснуў прыжмуранымі вачамі.

Грузавікі на бальшаку нібыта зараўлі. Калона рушыла з месца.

Пакуль машыны адна за адной міналі скрыжаванне, Зазыба сядзеў на возе ў пакутлівым чаканні — яму чамусьці здавалася, што галоўнага яшчэ не адбылося і што нешта абавязкова павінна здарыцца...

З-пад тэнтаў на іх з Марыляй тупа глядзелі нямецкія ваякі.

Але вось ад'ехала ад скрыжавання апошняя машына, і тады Зазыба раптам не сваім голасам ціха засмяяўся.

— А тая, — сказаў ён кранаючы за лейцы каня, — думала, што адзін немец будзе падобны на ўсіх астатніх...

Кравец Шарэйка быў чалавек разумны і лічыўся адмысловым майстрам — пра яго ў Бабінавічах дасціпныя мужыкі, жартуючы, гаварылі, што ў галаве ў яго хапіла б розуму абдурыць, няйначай, двух яўрэяў.

Маладым хлопцам Шарэйка паехаў на шахты ў Юзаўку, але грошы не зарабіў: кавалкам пароды раструшчыла чалавеку левую нагу. У мястэчка давялося вяртацца пакалечаным. А ў мястэчку, як і ў вёсцы: чалавек без нагі — таксама не чалавек. Выратаваў у Бабінавічах Шарэйку местачковы кравец Гірша. Стары яўрэй нечага ўпадабаў хлопца і, каб той не прапаў праз сваё калецтва, узяўся навучыць рамяству. Больш таго, Гірша адзін час хацеў нават ажаніць яго на сваёй дачцэ Бейлі, але супраць паўстала, бадай, уся яўрэйская палавіна мястэчка. «Навошта нам чужая кроў?» Гірша смяяўся ў адказ — маўляў, яшчэ невядома, хто ў мястэчку той, а хто не, усе ж яны — і дзеці яўрэяў, і дзеці беларусаў — аднолькава катаюцца на свіннях па выгане. Аднак Бейлю аддаў за сына мясцовага рымара. Тым часам з Шарэйкі зрабіў сапраўднага краўца. І калі стары яўрэй паміраў, Шарэйка меў уласную зінгераўскую машыну.

Ужо багата гадоў, як Шарэйка самастойна абшываў мястэчка і вакольныя вёскі. Кожны лічыў за гонар мець у яго заказ.

Зазыба таксама вадзіў дружбу з Шарэйкам: заўсёды, як выпадала бываць у мястэчку, шукаў прычыны наведацца да краўца. Але сёння Шарэйка вельмі здзівіўся, калі ўбачыў пад вокнамі Зазыбу. Таму яго як не вынесла з хаты на ганак, і ён, ляскаючы па двары нагой-дзеравяшкай, кінуўся расчыняць вароты.

— Заязджай, Зазыба, заязджай! — загаварыў Шарэйка з той паспешнасцю, якая бывае звычайна пасля доўгага чакання; і потым, калі Зазыба ўжо ставіў каня пад павець, Шарэйка таксама нечага празмерна мітусіўся, быццам у хаце сапраўды за сталом даўно сядзелі госці і затрымка была за адным Зазыбам; на сваёй дзеравяшцы ён як дарэмна мераў двор, кульгаючы з канца ў канец, і неўпапад засыпаў заезджага чалавека словамі.

Марыля сядзела на возе — яна адчувала сябе ніякавата ў прысутнасці краўца, да таго ж і Зазыба нічога не прадпрымаў, каб звярнуць на яе гаспадарову ўвагу. Яна адно паспела збольшага ўгледзецца ў краўца — той здаўся ёй чалавекам занадта знерваваным, а драўляная нага, прымацаваная сырамяцінамі вышэй калена, чамусьці выклікала ў яе ледзь не разгубленасць: Шарэйка нагадваў дзяўчыне аднаго з тых пакалечаных старцаў, якія да вайны хадзілі па міласці і пра якіх у народзе расказвалі розныя страшныя гісторыі.

Зазыба між тым вывеў каня з аглобляў, каб вальней было стаяць пад павеццю, і следам за гаспадаром падаўся на ганак, пасля — у хату: яны абодва быццам забыліся пра Марылю.

Будаваўся Шарэйка, калі ў яго ўжо былі сродкі. Хату — праўда, местачковыя людзі, у адрозненне ад вясковых сялян, хаты свае звычайна называлі дамамі — ён ставіў на так званыя дзве каморы, з прасторнымі сенцамі пасярэдзіне. У той час, ён, відаць, разлічваў на вялікую сям’ю. Але сям’і такой у Шарэйкі не атрымалася. Ужо колькі гадоў, як яны былі з Ганнай адны — сын ажаніўся рана, ці не ў васемнаццаць гадоў, да таго ж пайшоў жыць у хату да жончыных бацькоў. Спярша Шарэйка цешыў сябе, што ў сына проста памела верх маладая дурнота, якая, няйначай, мінецца, але паступова ўсё асталявалася, настаў час, калі і сын і бацька перасталі нават думаць пра гэта. Старэйшаму Шарэйку толькі іншым разам шкода было, што некалі, будуючы хату, на вялікае замахнуўся, бо тая камора, што была на правы бок ад сенцаў, стаяла пустая. Праўда, у мястэчку заўсёды знаходзіліся людзі, якім можна было здаць яе пад кватэру, але і гэтага Шарэйка не дазваляў сабе — не хацелася мець майстравому чалавеку кожны раз на двары чужога каго.

Зазыба акінуў вокам жылую палавіну — усё тут было, як і раней: ад печы да знадворнай сцяны ішла дашчаная перагародка, што датыкалася брыжом да паклеенай шпалерамі столі; за перагародкай, у сваю чаргу, уся плошча была падзелена таксама на дзве часткі; такім чынам, гэтая палавіна Шарэйкавай хаты складалася з трох пакояў, адзін з якіх быў вялікі і доўгі, асветлены па сценах роўнымі вокнамі, а два астатнія — проста бакоўкі. Тут змяшчалася і ўся кравецкая гаспадарка, галоўным у якой была, вядома, швейная машына.

— Дзе ж твая Ганна? — спытаў Зазыба.

— Дак на сяло пайшла, — адказаў Шарэйка.

— У царкву?

— Кажу, на сяло.

— А я ўсё блытаю, дзе ў вас мястэчка само, а дзе сяло пачынаецца.

— Сяло — за мястэчкам, — усміхнуўся Шарэйка.

— А мы пра ўсіх вас — мястэчка да мястэчка...

— Мястэчка — ета во наша частка, каля царквы, а сяло за садам будзе. Дак мая Ганна, каб ведаў, пайшла на сяло. Трэба нявестку праведаць, дак пайшла. Перадавала тая ўчора праз людзей, што малая прыхварэла. А ў царкву яна ўжо хадзіла, да ютрані.

— А сын твой што?

— Дак што, таксама ваюе!

На стале, што быў паміж вокнаў, ляжала новае шытво: зажыўленая простай ніткай ватоўка і яшчэ нейкая адзежына, але гэтая ўжо з нямецкага сукна. Зазыба затрымаў позірк на адзежыне, і, можа, таму, што ў ягоных вачах узнікла здзіўленне, Шарэйка пасунуў шытво на край стала.

— Ты гэта не выпускаеш іголкі з рук і цяпера? — пацікавіўся, як паміж іншым, Зазыба.

Кравец памуляўся:

— Заказ... Трэба спяшацца, бо чалавек не наш. Паедзе скора.

— Ну, ну...

Зазыба падышоў да акна.

Шарэйкава хата стаяла так, што паўзверх стрэх было відаць царкву па самыя вокны на местачковай плошчы.

— Вайна вайной, а чалавеку тым часам жыць нечым трэба, — сказаў за спіной Шарэйка. — Яму не толькі гамаць, але і апранацца ў нешта патрэбна, каб не свяціць задам.

— Да ўжо ж...

— Дак я таму і не выпускаю, як ты кажаш, іголкі з рук. Былі старыя заказы, а тута і новы падаспеў, ажно з германскага сукна.

— Некаму ж судобіла разжыцца!

— Не, ета іхняе. Афіцэр адзін прынёс. Абяцаў таксама заплаціць. — Шарэйка ўсміхнуўся, пасля зноў пачаў гаварыць, але ўжо нібыта адказваючы на нейкія свае думкі. — Яно, канешне, немец — вораг, і, як пісалі ў газетах, кожны бохан хлеба павінен разарвацца ў ягоных руках жалезнай бомбай, але ці пражывеш па-пісаным?

Зазыба пачакаў, а тады сказаў:

— Вы тута, як відаць, прызвычаіліся ўжо да немцаў. Да, мусіць, усе. Падвозіў сянні адну бабу, дак таксама ажно не магла нахваліцца камендантам.. Адольфам — ці як ён у вас?

— Дак ён не ў адных нас. Ён і ў вас. Верамейкі яму таксама падначалены.

— Але ці не рана пачалі вы яго хваліць? — паглядзеў на краўца Зазыба.

Той адчужана ўсміхнуўся.

— Галоўнае, каб не было позна. Але расказвай, што новага дзе, а то мы адразу неяк...

— Дак навіны ж у вас усе.

Шарэйка пастаяў задуманы.

— Канешне, — згадзіўся ён праз нейкі момант, — навін у нас па етым часе багата, але больш іх усё ж ідзе з Крутагор’я. Што ні кажы, а цэнтр ёсць цэнтрам.

— Я нават не ведаю, як яно цяпера — што цэнтр, а што не. І ці ёсць наогул райцэнтр? Можа, павятовым стаў? Мы тама сядзім, як у прыдусе — ці то ўжо высоўваць з паніўкі галаву, ці яшчэ пачакаць.

— Ты от кажаш, ці не зарана мы хвалім Адольфа? Але ці ведаеш ты, хто начальнікам паліцыі ў Крутагор’і стаў?

— Дык хто іх зразумее цяпера! — паціснуў плячамі Зазыба.

— Ета праўда, — усміхнуўся Шарэйка. — Нават і ў галаву можа не прыйсці, калі падумаць. Помніш Рослаўцава?

— Таго, што быў дырэктарам маслазавода?

— Ага.

— Гм...

— Дак ён цяпера ў Крутагор’і і стаў начальнікам паліцыі, ці, як немцы называюць, начальнікам аховы парадку. А мы за яго яшчэ ў мінулыя выбары галасавалі ў райсавет...

— І праўда — навіны, — заплюскаў вачамі, як ачмураны, Зазыба. — А можа, у яго ад нашых такое заданне было — стаць на высокую пасаду ў немцаў, каб памагаць пасля сваім?

— Каму ета сваім?

— Ну, нам во... Чырвонай Арміі...

— Етага я не ведаю, але для справы, бадай, лепей было б, каб Рослаўцаў не быў начальнікам паліцыі ў Крутагор’і. Яно вядома, ты хітры, але і немец не дужа дурны. Таму я і кажу. Цяпера то яшчэ нічога — адны вочы ад здзіўлення ў людзей лезуць на лоб, а калі раптам ён захоча і немцам паслужыць? Ці мала якая прычына знойдзецца? Ведаеш, як тады галовы пакоцяцца з плеч? Ён жа лепей за немцаў пра ўсё ў раёне ведае. І актывістаў, і...

— Ты думаеш, ён...

— Нічога я не думаю, — ужо са злосцю сказаў Шарэйка. — Я табе гавару, як яно ёсць ці можа быць. Некалі мой Гірша казаў — не думай, як думаеш, а думай, як давядзецца. Дарэчы, разумны чалавек быў. Дужа разумны.

— А я помню яго.

Шарэйка махнуў рукой:

— Пагары яны гарам і немцы, і начальнікі паліцыі іхнія, асабліва Рослаўцаў! Ты лепей скажы, які прымус зрушыў цябе ў такі час?

— Да ўжо і не ведаю, як пачынаць.

— Так жа сабе не паехаў бы.

— Дзяўчо во прывёз у мястэчка.

— А хто яна табе?

— Як табе сказаць... — Зазыба сабраў гармонікам лоб. — Трэба ўладжваць яе ў мястэчку.

Не дачакаўшыся ад Зазыбы пэўнага адказу, Шарэйка сказаў:

— У вас жа тама, сярод лесу, спакайней можна пражыць.

Зазыба зноў адвярнуўся да акна.

— Яна таксама во, як і ты, хоча папрацаваць на немцаў, — глуха сказаў ён.

Шарэйка апусціў плечы, памаўчаў у прыхаванай збянтэжанасці, а тады сказаў раптам:

— Гукні яе ў хату.

— Абыдземся пакуль, — буркнуў Зазыба.

— Але нешта я не разумею цябе, Дзяніс, — сказаў Шарэйка.

— А тута і разумець няма чаго, — паціснуў плячамі Зазыба. — Дзеўка хоча пасяліцца ў мястэчку. Ты ж сам казаў, вайна вайной, а чалавеку жыць трэба.

— Дак ета я казаў...

— А яна — тым больш, бо засталася адна. Бежанка. Шукае прыстанку во.

— Але чаму тады не прыстанак у Верамейках? — спытаў Шарэйка.

— Дак яна ж хоча і рабіць нешта, каб яшчэ карміцца!

Шарэйка пакруціў галавой і не ўхваліў:

— Раз ужо апекаваць над ёй недзе ўзяўся, то пракарміць мог таксама. У цябе ж, здаецца, ратоў небагата.

— А яна сама сабе гаспадыня!

Шарэйка пакутліва паморшчыў твар.

— Справа ваша, — сказаў ён. — Бачу, не хочаш адкрыцца мне. Але скажы, чаго мне ўсё ета каштаваць будзе? Ты ж, мусіць, хочаш, каб я заняўся яе ўладкаваннем?

І тут Зазыба не знайшоў, што адказаць: выходзіла, што ён не гатовы быў для такой размовы.

Тады Шарэйка пацёр далоняй няголены твар і загаварыў са злосцю, нібыта хацеў запалохаць Зазыбу:

— Тута сваіх дзевак даволі. З мокрымі хвастамі бегаюць. Яўрэйскія дамы, як тыя паехалі паперад арміі, амаль усе вольныя. У мястэчку застаўся адзін Восар, калі помніш, да яшчэ Іцкава жонка, таго Іцкі, што млынаром некалі быў у Прудкох. Дык сам Іцка памёр, а баба яго нямоглая.

— Але чаму яны засталіся? — каб неяк прытушыць Шарэйкаву гарачнасць, спытаў Зазыба. — Не ўзялі іх?

— Чаму так думаеш, — неяк гледзячы сабе пад ногі, нездаволена адказаў Шарэйка. — Іцкава жонка пабаялася ехаць хворая ў свет. У яе адзін страх другі перабораў. Восар таксама на ладан дыша. Адным словам, у мястэчку засталіся толькі два старыя яўрэі. Астатнія паехалі некуды. А дамы іхнія цяпер пустыя стаяць. Афіцэры нямецкія тама балююць, калі якая часць праз мястэчка ідзе і спыняецца нанач. Тады яны і шукаюць па мястэчку дзевак. Настаўніцы ж у мястэчку засталіся, да і ў бальніцы персаналу хапае. Ночы напралёт грамафоны ў яўрэйскіх дамах іграюць. А цяпера во твая бежанка далучыцца. З твару ж нічога, да ўсім, здаецца, выйшла. Так што... глядзі! Справа твая. Але калі сама дужа захацела, то я зраблю ласку — адвяду хоць зараз за пошту, няхай у Хоніным доме селіцца.

Шарэйка зачэпіста паглядзеў на Зазыбу, нібыта хацеў пераканацца, якое ўражанне зрабілі на таго ягоныя словы. Ды па Зазыбу нельга было адгадаць што-небудзь: той умеў, калі гэта патрэбна было, не паказваць свайго ўнутранага ўзрушэння. Але вось ён імкліва адышоўся ад акна, сеў на крэсла, што стаяла амаль пасярод Шарэйкавай хаты. Непрыемна яму было весці з гаспадаром гэтакую размову — ведаў, што кравец нядобра цяпер думаў пра яго. І тым не менш пра тое, што Шарэйка нейкім чынам мог здагадвацца аб сапраўдным стане рэчаў, Зазыбу і ў галаву не прыходзіла: краўцовы словы, калі той пацікавіўся, чым можа абярнуцца для яго справа з уладкаваннем у мястэчку Марылі, можна было аднесці за кошт звычайнай мужыцкай цікаўнасці. Аднак якраз тады Зазыба па-сапраўднаму і адчуў усю недарэчнасць сваёй задумы — выходзіла, што ён свядома ўмешваў краўца ў небяспечную справу і нават не папярэджваў таго. Сумленне патрабавала расказаць Шарэйку пра ўсё, але Зазыба не меў права раскрываць тайну. Апраўдвала яго трохі тое, што ён і сам нічога толкам не ведаў. Цяпер ён сядзеў перад краўцом і адно стрымана дыхаў. Сорамна было таксама і за тое, што наогул неразумна павёў усю гаворку, амаль з парога накінуўся на чалавека, якога ён паважаў і ў якім меў цяпер вялікую патрэбу, — у кожным разе, ласкут нямецкага сукна не варты быў таго, каб псаваць настрой і самому сабе і гаспадару гэтай хаты, а тым больш кідаць цень на Марылю. Вядома, можна было яшчэ паправіць становішча, неяк вярнуцца да ранейшай шчырасці, якая заўсёды была паміж імі, але Зазыба ўжо не ў стане быў перавесці гаворку на іншыя рэйкі: сялянскае адчуванне сарамлівай вінаватасці вельмі прыгнятала чалавека.

Тым часам у хату неспадзявана зайшла гаспадыня — Шарэйкава жонка, прыбраная, няйначай, усё ж дзеля спаса.

— А я гадаю, хто ета да нас на кані, — сказала яна грудным голасам. — Што ж ета вы адну дзяўчыну пакінулі на двары?

— Ты і папраўдзе, Зазыба, пакліч яе, — пакруціў галавой гаспадар. — А то я нават не ведаю, як зваць яе. А Ганна тым часам на стол сабярэ. Абедаць хоць, можа, і рана, але ж некалі мой Гірша казаў — абед на абед не тое, што кій на кій.

— Твой Гірша, як бачу, на ўсё жыццё навуку табе даў, — усміхнуўся Зазыба і выйшаў на ганак, каб паклікаць Марылю.

За абедам Шарэйка сказаў жонцы:

— Можа, возьмем да сябе жыцельку во?

Ганна, якая па-жаночаму патрохі прыглядалася ўжо да незнаёмай дзяўчыны, паглядзела на мужа з насмешлівым недаверам. Тады Зазыба перахапіў гаворку.

— Няхай будзе так, як дамовіліся, — сказаў ён краўцу. — Тым больш што дамы ў мястэчку, як ты кажаш, без гаспадароў засталіся. Няхай займае каторы.

— Але ў цябе, Дзяніс, як я пагляжу, дак усё дужа проста выходзіць, — насмешліва пакруціў галавой Шарэйка. — Ці ж чалавеку для жыцця аднаго пустога дома хопіць? Нешта ж яшчэ і есці трэба будзе, таксама на чым спаць? Яўрэі ж свае пухавікі пабралі!

— А ў мяне грошы ёсць, — сказала тады першыя словы Марыля.

— Ета добра, што грошы, — нават не паглядзеў на яе гаспадар: яму нібыта сорамна было глядзець чаго на дзяўчыну, — але што яны цяпер будуць вартыя, грошы?

— На першым часе хапаць будзе таго, што дала Марфа, — сказаў Зазыба, — а тама неўзабаве яшчэ падкінем.

— Гаспадар — бацька, — сказаў Шарэйка і разважыў: — Урэшце, галодная да халодная не будзе.

Тым часам Ганна з неўразуменнем паглядзела на мужчын:

— І праўда, Дзяніс, чаму ўжо тады не ў нас?

Шарэйка крутануў галавой:

— Няхай робяць, як знаюць.

Тады Ганна зноў абвяла позіркам абаіх — ажно паціснула плячамі.

— Як тама Давыдаўна твая? — спытала яна зусім пра іншае праз нейкі час.

— Жыве пакрысе-церусе, — адказаў з усмешкай Зазыба.

— Немцаў у вас няма?

— Пакуль, і праўда, выходзіць, — сказаў Зазыба, — што за лесам нас не відаць.

— Ета яны яшчэ не сабраліся да вас, — сказаў Шарэйка.

— Але паліцэйскага аднаго маем ужо.

— Затое ў нас іх цэлая плойма. Шлындаюць па мястэчку з вінтоўкамі, палохаюць баб. Але нібыта корм не той — усё нейкая чамяра сунецца ў паліцыю. Хоць бы адзін гожы чалавек папаўся, дак і то весялей было б.

— Нездарма кажуць: шляхі твае, гасподзь, няведамыя, — уздыхнула Шарэйкава жонка.

Сам Шарэйка на гэта ўсміхнуўся.

— Сянні ў Бабінавічах, мусіць, багата хто ўспамінае бога, — сказаў ён. — Ганна мая во таксама... — Памаўчаў і дадаў: — Паспахапляліся раптам... праз колькі гадоў. А ўжо здавалася нават, што непатрэбны ён.

— Грэх так казаць, — незалюбіла Ганна. — Ты б паглядзеў сянні, як паўзлі старыя бабы ў царкву, калі адчынілі, да цалавалі што можна было тама.

— Няхай гасподзь хоць мяне ратуе, — яўна блазнуючы, сказаў Шарэйка, але пасуровеў і больш не стаў злаваць жонку.

— Раз ужо мы ўспомнілі грэшным часам бога, — сказала нахмураная Ганна, — то зрабі мне ласку, Яўменавіч, перадай во ета пісьмо Марфе сваёй. — Яна адчыніла шуфляду абедзеннага стала, узяла там згорнутую трубачкай паперку.

— Што й та?

— Да не сакрэт, можаш глянуць.

Але не паспеў Зазыба прабегчы вачамі паперку, як выставіў па яе руку гаспадар.

— «На паляне, — моцна хмурачы лоб, пачаў чытаць кравец нечыя каракулі, — стаяць на траве дзве труны. Адна — чорная, другая — чырвоная. І вось другая труна, чырвоная, раптам кветкамі зацвітае...»

— Што гэта? — паглядзеў на Ганну Зазыба.

— Святое пісьмо, перадаецца па залатым ланцугу, — адказала тая.

Шарэйка пакруціў у руках паперку, усміхнуўся:

— Але ж ніякага золата не відаць.

— Табе ўсё абы зубы скаліць! — кінула злым вокам на яго жонка.

— Мусіць, у царкве сянні раздавалі? — пацікавіўся Шарэйка.

— Не ў царкве, а дамоў прынеслі. Яшчэ надоечы, — адказала жонка.

— Навошта?

— Ёсць навошта.

— Дак раскажы нам во.

Але Ганна ўжо не звяртала ўвагі на мужа. Яна па звычцы выцерла ручніком перад сабой стол, сказала Зазыбу:

— Дак ты ўжо, Яўменавіч, аддай Марфе пісьмо. — І растлумачыла: — Ты не думай, тута ўсё добра. Напісана, дзве труны. Дак адна, трэба чытаць, чырвоная, ета наша, савецкая, а другая, чорная, — іхняя, германская. Германская як стаяла во, так і стаіць, а наша кветкай расцвітае. Значыць, нам добра будзе!

— Ну, ну... — кіўнуў галавой Шарэйка.

— Праўда, наша яшчэ ўся ў крыві стаіць, бо нездарма ж чырвоная, але напісана, што ажывае, кветкі на ёй. Значыць, нашы падолеюць немца. Ета святы знак, каб ведалі. Нават бог цяпер за нас.

— А што Марфа мая павінна рабіць з пісьмом? — не ўтрымаўся Зазыба.

— Дак ты от паслухай, Яўменавіч, — усцешаная Зазыбавай увагай, пасвятлела тварам гаспадыня. — Ета пісьмо, як бачыш, святое, і павінна яно перадавацца па ланцугу такім, ад аднаго чалавека да другога. І галоўнае, каб ніхто не абарваў ланцуга, а то нічога тады не спраўдзіцца. Значыць, кожны, да каго трапляе пісьмо, павінен перапісаць яго і перадаць другому. Таму і ланцугом завецца.

— Ды яшчэ залатым, — непрыкметна падміргнуў Зазыбу Шарэйка.

— А што, мы з Шарэйкам тваім таксама павінны перапісваць яго? — спытаў Зазыба.

— Ну, ад вас дак ужо не дачакаюцца етага ні бог, ні людзі. Хоць што я кажу, ты, мусіць, дак яшчэ... А мой адно зубы паказвае, як жаніх на вяселлі. У яго ні бога за душой, ні чорта... Як Гірша некалі знусціў маладога, дак бязбожнікам і жыве цяпера. Людзі во сянні ў царкву, ледзьве заднела, балазе, столькі паповага голасу не чуваць было, а мой — за стол да машынку круціць. Немца, бачыш, спалохаўся! Зараз трэба хутчэй рабіць! А богава кара яму не страшна! Цяпер во ета пісьмо яму не падабаецца. А таго не ведае, што ўсякі, хто ета пісьмо чытае ці нават слухае, а яшчэ лепш, калі перапісвае — дак ужо, няйначай, ад бога літасці дачакаецца. І ў чыім доме ліст, там ні агонь, ні бомба — нішто не прычыніць бяды.

— Скажы, Зазыба, — глянуў з-пад ілба Шарэйка, — твая Марфа таксама такая во... баптыстка?

Зазыба ў адказ адно ўсміхнуўся. Тады Шарэйка паківаў галавой:

— Цяпера я разумею, чаму мы з табой такія затурканыя!

— Затуркаеш вас! — паглядзела на мужа гаспадыня.

Зазыба ўзяў у свае рукі «святое пісьмо», паклаў у кішэню.

— Дак ты ўжо і праўда перадай тама, Яўменавіч, Марфе, — у каторы раз пачала як не ўпрошваць Ганна. — Няхай яна ў Верамейках першая прадоўжыць залаты ланцуг. Ета няважна, што грамаці не хапае. Можна папрасіць каго граматнейшага, той перапіша.

— Добра, — кіўнуў ёй Зазыба. — Не ведаю, што з етага будзе, але перадаць перадам.

— Апроч карысці — нічога не будзе, — упэўнена сказала на гэта Шарэйкава жонка. — Павінны ж і мы, бабы, памагаць сваім, каб германца вытурыць назад за граніцу. — Шукаючы падтрымкі сабе, Ганна нават паглядзела на Марылю.

— Ну, ну, давайце, памагайце, — усміхнуўся Шарэйка і пакруціў у незразумелым здзіўленні галавой: — Але ж нехта хітры выдумляе ўсё ета!

— Дак не дурны, — з гонарам адказала на яго словы жонка. — Але можаш галавы не ламаць. Немцы проці сябе выдумляць такога не стануць.

— Да ўжо ж... — згаджаючыся з гаспадыняй, тым часам зірнуў на Шарэйку Зазыба. — Мы з табой даўно гаворым, а пра галоўнае, здаецца, і не ўспомнілі, — сказаў ён праз нейкі час, пераводзячы гаворку зусім на іншае. — У вас, кажуць, новая ўлада нават калгаса не зачапіла?

— Гм, ета яшчэ што! І старшыню таго самага пакінула! Так што рыхтуйся і ты, калі Чубара няма ў Верамейках. Таксама зробяць старшынёй.

— А вы ешце, ешце, — пасунула бліжэй да Марылі гаспадыня чыгунок з топленымі дранікамі. — А то, можа, ніколі і не каштавалі такіх?

— Мне Марфа Давыдаўна пякла, — сумелася ад увагі дзяўчына.

— Ну, то ешце і нашы...

— Але праўду казала Ганна, — пакруціў быццам у ачмурэнні галавой Зазыба, — няведамы шляхі боскія.

— Ну, пра ета, бадай, ламаць галаву дужа не варта, — прыжмурыў левае вока Шарэйка. — Здаецца, усё ясна.

— Дак... — Зазыба паглядзеў на яго. — Казалі ж, што немцы супраць калгасаў будуць, а цяпера выходзіць...

— Значыць, калгас і немцам не замінае, — сказаў кравец і прыхінуўся да спінкі крэсла. — Я таксама, каб быў на Адольфавым месцы, не разганяў бы калгасаў. А то што ж атрымліваецца? Недзе яшчэ зусім блізка фронт стаіць і вагаецца, як на тых шалях, а тута ў полі хлеб асыпаецца на зямлю. Немцы — яны хоць і на машынах амаль усе, але таксама жывыя, без харчу не абыходзяцца. А з Германіі сюды не навозішся. Вось і надумалі нашым пакарыстацца.

— Ну, ну...

— Дапусцім, немцы разгоняць калгасы. Дарэчы, некаторыя нашы мужыкі таксама нічога не мелі супраць, каб падзяліць гаспадарку, перамераць поле зноў на палосы. Але ж камендант адгаварыў. Што яму палосы нашы? Сяляне збяруць ураджай да й пахаваюць кожны сабе. Паспрабуй тады, адбяры ўсё. Канешне, можна і адабраць, на тое ў немцаў цяпера і сіла. Аднак колькі на ета спатрэбіцца яе? Асабліва ў такі час, калі ўсё няпэўна. Ты, Зазыба, не забывай, наша мясцовасць цяпера ў прыфрантавой паласе. Ад нас нават чуваць, як бухкае, можа, адразу за Паповай Гарой. Таго і глядзі, Чырвоная Армія вось-вось вернецца. Не ўсё ж адступаць. Таму немцы і разлічылі правільна. Няхай мужыкі жнуць і малоцяць, як і раней, а калі збожжа ў амбары звязуць, можна распарадзіцца ім па-свойску. Тады не трэба ні па чуланах лазіць, ні зброю ўжываць. Адным словам, як мне, дык з калгасам справа ясная. Здаецца, немцы яго чапаць не збіраюцца. Казалі толькі, што памяняюць назву. Замест калгаса сельская абшчына будзе. Ета каб толькі калгасам не называць. Яно ж і з воласцю так — раён немцы пакінулі, і вобласць ёсць, а Савета няма, заместа Савета вярнулі воласць. Ета каб з памяці людской вытравіць Савецкую ўладу.

Шарэйка па-жаночаму сашчапіў на жываце рукі, пасядзеў трохі з усмешкай, а тады сказаў:

— У нас тута былі таксама пагубляліся ў здагадках. Маўляў, немцы й за калгасы стаяць? Чаму тады ў сябе, у Германіі, не робяць іх? Нават некаторыя дадумаліся да глупства, нібыта Адольф, камендант, тайны камуніст. Асабліва было гаворкі, як Адольф паліцая аднаго пабіў, прымусіў вярнуць бабе мужыкова дабро.

— Але і праўда, — шукаючы падтрымкі свайму ранейшаму меркаванню, пачаў Зазыба, — дужа незразумела... усё. Мы неяк таксама гаварылі ў сябе пра гэта, дак выходзіць.

— Выходзіць, — кіўнуў галавоў Шарэйка, — але ж выходзіць таму, што нам усім вельмі хочацца, каб Адольф, няйначай, апынуўся камуністам, бо наслухаліся рознага... Яно ж нават, калі помніш, гаварылі, што нямецкія рабочыя не дазволяць Гітлеру пачаць вайны з намі. Пралетарыят, маўляў, адразу ўзніме паўстанне альбо пяройдзе на наш бок з акопаў. А дзе ён, пралетарыят той? Ты думаеш, гітлераўскія салдаты, якія прыйшлі сюды, адны буржуйскія сыны? Не, сапраўдных буржуяў тама, у Германіі, не так ужо і багата. Цэлае арміі з іх не складзеш.


З мястэчка Зазыба вяртаўся надвечар. З ім у Верамейкі ехаў і Брава-Жыватоўскі.

— А я думаў, ты ўжо і з хаты не вылазіш! — сказаў, выскаляючы зубы, Брава-Жыватоўскі, убачыўшы Зазыбу з канём на местачковай вуліцы; новаспечаны паліцэйскі ўсім сваім выглядам — і чырвоным, як налітым, тварам з шэрымі вачамі, і плячыстай, нібыта напаказ злепленай постаццю, — здавалася, сведчыў, як можна адчуваць сябе, калі жыццё кругом па душы: мусіць, з таго часу, як прарэзаліся зубы, чалавек гэты ніколі не хварэў больш.

Зазыба меў намер праехаць міма, тады паліцэйскі пайшоў напярэймы.

— Куды ездзіў?

— Пляменніцу вазіў, — адказаў Зазыба.

— Цяпер павязеш мяне!

— А мне абы ў дарогу, — Зазыба пасунуўся на возе, даючы месца.

Але Брава-Жыватоўскі не спяшаўся скочыць на воз: карцела паказаць Зазыбу, што ў мястэчку ў яго важныя справы і што ён яшчэ не паспеў іх зрабіць усе.

— Трэба да каменданта заглянуць, — сказаў ён з выразнай знарочыстасцю.

Пакуль Брава-Жыватоўскі ішоў — і таксама быццам напаказ — да камендатуры, якая размяшчалася ў былым будынку сельскага Савета (гэта адразу цераз базарную плошчу, непадалёк ад местачковай бальніцы), Зазыба цяжкімі вачамі глядзеў яму ў спіну.

«Каб ён хоць не сказаў там чаго пра мяне каменданту, — падумаў Зазыба пра Брава-Жыватоўскага. — Тады пачнецца!.. Лацвей ужо ў сваёй вёсцы адказваць на ўсё і за ўсё».

Яму самому не хацелася бачыць Гуфельда нават краем вока: ужо ён пазбавіць ад ілюзій і сялянскай цікаўнасці — гэта па меншай меры — адносна дзівакаватага нямецкага каменданта; брыдка было нават прызнацца, што магла займаць яго думкі «загадкавая» камендантава асоба.

Сонца ўсё больш хілілася за мястэчка, і цені, што кідалі ад сябе купалы местачковай царквы, датыкаліся, быццам дзіды, кончыкамі крыжоў да сцен аднапавярховага будынка, у якім да вайны была кантора сельскай спажывецкай кааперацыі.

Зазыба пасядзеў трохі, чакаючы ў камендатуры Брава-Жыватоўскага, затым прывязаў лейцамі каня да ліпы, а сам надумаўся зайсці ў царкву — якраз яе не зачынілі яшчэ пасля сённяшняга богаслужэння. Над брамай кінуліся ў вочы пачарнелыя ад даўняе пазалоты лічбы — «1842»: у наступным годзе бабінавіцкай царкве мелася быць сто гадоў.

Царква была распачата будаўніцтвам у тую вясну, калі бабінавіцкія паны святкавалі другі век свайго (ні графскага, ні княжацкага) роду. І хоць большая частка паноў з гэтага роду належала да католікаў, у тым ліку і сам заснавальнік, на памяць аб якім і задумвалася будаўніцтва, але ў Бабінавічах жыла якраз тая частка роду, якая па прычыне змешаных шлюбаў была абруселая і праваслаўная, таму ўзводзіць намеркавана было ў мястэчку не касцёл, а царкву-храм.

Будавалі яе некалькі гадоў. Рабочыя рукі, цягло, збольшага нават будаўнічы матэрыял — гэта было сваё, мясцовае: сяляне хадзілі і ездзілі на будаўніцтва, як і на іншую паншчыну. Бадай, аднаго галоўнага архітэктара давялося выпісваць у Бабінавічы аднекуль. Час не захаваў яго прозвішча, але царква была пабудавана ў традыцыйным візантыйскім стылі і сваімі пяццю купаламі, ці, як іх называлі ў забесяддзі, булавамі, нагадвала здалёку вядомы Успенскі сабор.

Працавала царква ў Бабінавічах восемдзесят гадоў, пакуль апошні местачковы поп, адданы прыхільнік патрыярха Ціхана, не быў пасаджаны на лаву падсудных за супраціўленне дэкрэту «аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў...».

Першае, што Зазыба пабачыў у сярэдзіне царквы, была вялікая ікона цудатворнай багамацеры. Яна стаяла па правы бок ад царскіх варот. Перад іконай гарэлі тонкія свечкі з воску. Некалькі жанчын стаялі на каленях і, хрысцячыся, шчыра клалі зямныя паклоны. У царкве панавала ціша, як у скляпенні, пахла гарэлым воскам. Трымаючы шапку ў руцэ, Зазыба падышоў блізка да жанчын, якія цалкам былі захоплены маленнем, і спыніўся насупраць цудатворнай. Доўга глядзеў на твар багамацеры — здаецца, першы раз за сталае жыццё свядома і з непадробнай цікавасцю ўзіраўся ў святыя рысы, нібыта хацеў разгадаць тайну тае неадольнае сілы, якая выклікала малітвы людзей.

Божы лік быў непраглядны для вока, не паддаваўся разгадцы. Але стаяць перад іконай было цікава, нібы трымала што ля яе чалавека.

Перашкодзіў Зазыбаваму ціхманаму сузіранню Брава-Жыватоўскі. Той ужо колькі хвілін шукаў Зазыбу на плошчы і прывалокся па яго ў царкву з вінтоўкай. Але не паспеў паліцэйскі датупаць да свайго аднавяскоўца, як з бакоўкі ў прытворы выскачыў царкоўны стараста, які падлічваў дзённую выручку за прададзеныя свечкі.

— Ты што ета, анціхрыст? — накінуўся стараста на Брава-Жыватоўскага. — У боскі храм да са зброяй? Зараз жа вон, каб і нагі твае не было тута!

Брава-Жыватоўскі на нейкі момант збянтэжыўся, але саўладаў з сабой і з незалежным выглядам адхіліў рукой царкоўнага старасту — маўляў, не замінай, шантрапа. Аднак старасту гэтая незалежнасць адно ўзбурыла. Зазыба ўбачыў, што ў царкве наспявае сварка — стараста дасканала ведаў сваю службу і таму кідаўся каршуном на чалавека, які пасмеў са зброяй пераступіць парог храма, а паліцай проста неразважліва паказваў сваю ўладу і сілу, мусіць, па-сапраўднаму не ўсведамляючы, што рабіў. Прысутнічаць пры сварцы не толькі не хацелася, але і недарэчы было, таму Зазыба, ведаючы, што Брава-Жыватоўскі прыйшоў па яго, паказаў на выхад. Брава-Жыватоўскі зразумеў яго, пачаў адступаць.

— Я зараз бацюшку паскарджуся, — не пераставаў пагражаць стараста, — знойдуць цябе і пад зямлёй, хто ты і адкуль! Ета табе не пры бальшавіках! — ён ужо ледзь не выкідваў Брава-Жыватоўскага з царквы.

— Нейкі памешаны, — пачаў лаяцца Брава-Жыватоўскі на цвінтары, — і адкуль яго, чорта, нанесла?

Зазыбу між тым браў смех ад гэтай гісторыі. Але ён душыў яго ў сабе. Затрымлівацца на плошчы небяспечна было: а раптам і сапраўды пачнецца вялікі шум, які прыцягне ўвагу немцаў? Зазыба доўга не думаючы адвязаў каня і наўскач пагнаў па мястэчку. Брава-Жыватоўскаму давялося чапляцца рукамі за гнушку на хаду.

Стараста тым часам ажно падскокваў на цвінтары і, здаволены, што нагнаў на нейкага абротніка страху, махаў наўздагон кулаком. Побач варушыліся жанчыны, што маліліся перад гэтым у царкве. Пры выглядзе двух мужчын, якія ўцякаюць па мястэчку, яны таксама гатовы былі атукаць услед.

Як толькі мінулася небяспека, Брава-Жыватоўскі накінуўся на Зазыбу:

— А ты чаму пайшоў у царкву? Ты ж камуніст, навошта яна табе была? Праз цябе ж усё выйшла!

— Па-першае, я цяпера не партыйны, — спакойна запярэчыў Зазыба.

— А ты перада мной не вылузвайся. Я цябе наскрозь бачу. Скора камуністы, якія ёсць у воласці, будуць рэгістрацыю ў камендатуры праходзіць, дык цябе таксама не міне гэта, няважна, што білет адабралі.

Але ў гэты час Брава-Жыватоўскі большую злосць усё ж меў на старасту, які вытурыў яго з царквы.

— Я яго прыхвачу яшчэ дзе-небудзь! — пакінуўшы ў спакоі Зазыбу, пачаў ён пагражаць царкоўнаму старасту. — Будзе ён у мяне, як уюн той у кашы, круціцца!

Нарэшце Брава-Жыватоўскі пачаў зусім астываць — лаянка, мусіць, задаволіла яго, і ён узяў у рукі вінтоўку, якая ляжала дагэтуль на каленях, паклацаў, як для застрашэння, затворам.

І Зазыба, і Брава-Жыватоўскі ехалі на адной драбіне, седзячы спіной да заходзячага сонца, і Зазыба мог назіраць за паліцэйскім нават па цяні, што неадлучна поўз па зямлі, то выгінаючыся на канавах, то выпростваючыся зноў на роўным полі.

За местачковым садам — яшчэ даўнім, панскім, пачаліся калгасныя засевы.

— Сёлета, чорт вазьмі, можам застацца без хлеба! — сказаў раптам з сялянскім сумам у голасе Брава-Жыватоўскі.

Зазыба кіўнуў галавой.

А Брава-Жыватоўскі загаварыў далей:

— Гэта каменданта толькі не было сёння на месцы, а то б можна было ўсё вырашыць нават у мястэчку. Праўда, у нас была ўжо гаворка пра Верамейкі. У яго зроблены поўны расклад на ўсю воласць — недзе неўзабаве павінен прыехаць і да нас, у Верамейкі. У нас таксама, як і ў Бабінавічах, калгаса не будуць дзяліць. Так што, Зазыба, можаш яшчэ застацца на сваёй пасадзе. Нават на павышэнне можаш разлічваць. Твае камуністы скінулі цябе са старшыні, а немцы могуць паставіць.

— У вёсцы цяпера, мусіць, знойдуцца ахвотнікі і без мяне старшынёй быць, — усміхнуўся Зазыба. — Той жа Мікіта Драніца...

— Ну, Мікіта яшчэ не дарос,— адчуўшы Зазыбаву іронію, сур’ёзна запярэчыў Брава-Жыватоўскі.

— Ды й ты во чым не старшыня?

— Але я так лічу, што паставяць цябе, — усцешаны Зазыбавай увагай, сказаў памяркоўна Брава-Жыватоўскі. — У Бабінавічах жа пакінулі Абабурку. Не паглядзелі, што і пры Саветах быў. Так што, на ўсякі выпадак, рыхтуйся. А мне старшынёй няма чаго хацець. Мне і так няблага будзе. Набяру вось паліцэйскіх, арганізую стан у вёсцы. Камендант жа ставіць гэта за самае галоўнае перада мной. Думаю, што Раман Сёмачкін пойдзе, можа, Сілка Хрупчык...

— Дак ён жа сухарукі!

— Нічога, вінтоўку ўтрымае, — няйначай, падбадзёрваючы сябе, кіўнуў Брава-Жыватоўскі. — Ты, бачу, ужо лічыш, што акрамя цябе ды Чубара ў Верамейках няма каму і ў начальніках хадзіць? Другія таксама не лыкам шытыя. Толькі не ўсім шанцавала. Табе, напрыклад, твой ордэн памагаў, а Чубара проста аднекуль прывезлі. Нават не спыталіся ў нас. Але я яго апошнія дні ўвесь час пільнаваў. Хацеў на мушку ўзяць.

— Ты от што, — зрабіўшы выгляд, што прапусціў міма вушэй самыя апошнія словы, сказаў Зазыба, — ты дарэмна прысылаеш да мяне Драніцу. Я табе сам скажу. Ордэн я здаў у Хатынічах. Так што...

— А я Драніцу не пасылаў, — раптам пачаў адмаўляцца Брава-Жыватоўскі.

— Не паверу ж я, што яго падбіў на гэта бабінавіцкі камендант. Да й...

Брава-Жыватоўскі адчуў, што Зазыба пачне сарамаціць, як таго вулічнага блазнюка, таму натапырыўся ўвесь:

— Толькі не надумайся пагражаць!

— Я табе не пагражаю, але...

— Што — але? Што — але? — заёрзаў Брава-Жыватоўскі. — Сіла і права цяпер не ў цябе, а ў мяне! Улада перамянілася! Як кажуць, станцыя Беразай!

— І надоўга?

— А назаўсёды!

Зазыба зірнуў на Брава-Жыватоўскага — твар у таго быў як зрушаны.

— Мы тута едзем з табой адны, — сказаў ціха Зазыба, — і ты са зброяй, а я не. Так што... Але я от што павінен табе сказаць, раз ужо едзем адны. Дарэмна ты лезеш у пятлю сваёй ахвотай.

Брава-Жыватоўскі са злосцю паглядзеў на Зазыбу, але не закрычаў. Тады і наогул быццам зніякавеў: Зазыбава шчырасць як раззбройвала ўжо.

— Няма чаго шкадаваць мяне, — сказаў ён неўзабаве. — Лепей вон пагразіў бы Рослаўцаву.

— І Рослаўцаў, можа, свайго дачакаецца...

— Не-е, тут ужо хто каго! — з’едліва ўсміхнуўся і крутануў галавой Брава-Жыватоўскі.

— Ну-ну...

Некалькі часу яны праехалі моўчкі, а тады Брава-Жыватоўскі, мусіць, надумаўшыся і назлаваўшыся сам-насам, пачаў раптам зноў палохаць.

— Ты яшчэ, Зазыба, павінен маліць бога. Адным словам, каб ты быў Чубарам, то... Давялося б табе ўмыцца ўжо крывёй. — Ён паглядзеў на Зазыбу і весела ўсміхнуўся: — А ведаеш, чаму ты трымаешся яшчэ на паверхні? Цябе топяць, піхаюць уніз, а ты ўсё ўсплываеш? Не ведаеш? Не? Да таму, што ты не сапраўдны камуніст быў.

— Цябе не зразумець, — засмяяўся, паціснуўшы плячамі, Зазыба. — Адзін раз ты кажаш, што я сапраўдны камуніст і не быў, а ёсць, нават пагражаеш на перапіс павесці за шворку, а другі — усё наадварот.

— Сапраўдны камуніст — гэта Чубар. А ты, Зазыба... — Брава-Жыватоўскі пакруціў галавой. — О-о не, Зазыба, ты не сапраўдны камуніст. Ты дзесяць разоў азірнешся, перш чым зрабіць што.

— Але нешта я не ўцямлю, ці ты гэтым хваліш мяне, ці ганіш? — пасля такога дзіўнага, а больш недарэчнага тлумачэння спытаў Зазыба.

— Ты вочы замазаў усім, — нібыта не пачуў Зазыбавага здзіўлення Брава-Жыватоўскі,— вось я табе скажу. Асабліва верамейкаўцам. Як жа, герой! Перад начальствам нават за каго не баішся пастаяць. Таксама пакладзісты. Людзей нібыта шкадуеш. Разумееш, што селянін — тое ж садовае дрэва, трусі яго колькі хочаш, а пад корні не заглядвай. Адным словам, разумны гаспадар на зямлі. Думаеш, я не ведаю, што цябе зачапіць нават цяпер нельга? Ого, паспрабуй толькі, дык нажывеш сабе ворагаў, бадай, у кожнай верамейкаўскай хаце. Не толькі самога звядуць са свету, але і трэцяму калену не даруюць. Я вас, верамейкаўцаў, вывучыў! Я на вас у гэтыя гады наглядзеўся! Кругом ажно скура дымілася на людзях, а з вас нават валасок ні з аднаго не зляцеў! І ўсё праз цябе! Усё праз тваю паказную самастойнасць ды жаласць. Але маліцеся богу, што Чубара вам позна прыслалі. Час не той стаў. А то б пайшло і ў Верамейках усё пад грэбень. Чубар-то ўжо не тое, што ты, баптыст. Ён не стаў бы шкадаваць кожнага.

Зазыбу ніяк не выпадала падтрымліваць гэтую паліцыянтаву размову: ён наогул не любіў, калі хто пачынаў гаварыць пра яго, а тут і зусім чалавек нёс непатрэбнае...

— А я нават не здагадваўся, што ты нешта маеш да Чубара, — сказаў Зазыба, каб перш за ўсё адвесці ад сябе неразумную гамонку. — На каго-каго, а на цябе дак і не падумаў бы. І наогул... От слухаў я цябе і жахаўся.

— А ты адкуль мяне ведаеш? Можа, я і праўда не той, кім паказваў сябе?

— Ну, калі і паказваў, дак умела.

Колькі часу яны зноў ехалі моўчкі. Пасля Брава-Жыватоўскі глянуў на Зазыбу, сказаў, нібыта выклікаючы на давер:

— А ты, Зазыба, дарэмна гэтак на мяне. Чалавек ты, канешне, заслужаны. Праўда, я таксама... — І павярнуў усмешлівы твар да Зазыбы. — Але няхай! — Нахмурыў ён лоб. — Пра гэта пазней. Гаворка цяпер не аба мне. Дык я і кажу, чалавек ты заслужаны. Маеш свой капітал. І не толькі ў вёсцы. Дакладней, меў, бо цяпер...

— Як я разумею, дак ты падаеш мне руку на дружбу?

— Так.

— Тады дарэмна.

— Чаму?

— Да таму, што мы з табой і даўней дружбы не вадзілі. Праўда, я цаніў цябе ў калгасе, работнік ты неблагі быў. Але душы тваёй ніколі не ведаў.

— Чалавечая душа — пацёмкі!..

«Сапраўды, пацёмкі, — падумаў Зазыба. — Ці ж можна было дапусціць, што Брава-Жыватоўскі дэзерціруе з арміі і падасца ў першы ж дзень да немцаў на службу? А цяпер от наважыўся цэлую паліцыю стварыць у Верамейках!..»

Уласна, а хто больш чаго ведаў пра гэтага чалавека?

Брава-Жыватоўскі жыў у Верамейках даўно, але не належаў да карэнных жыхароў вёскі. У Верамейках ён паявіўся гадоў васемнаццаць таму, дакладней, нават не ў саміх Верамейках, а сперша ў невялікім пасёлку Стараселлі, што па той бок Бесядзі: там, у былым маёнтку белаглінаўскіх паноў, стварылася камуна, і Брава-Жыватоўскі ажно ці не паўтара года жыў сярод камунараў. Ён лічыўся там за чырвонаармейца, родам з Вілейскага павета, але паколькі мясцовасць тая адышла пад Польшчу, то яму давялося шукаць сабе прыпынку на жыццё на ўсходзе Беларусі. Камуна ў Стараселлі і стала для яго на нейкі час тым надзейным прыстанкам. Але неўзабаве камуна распалася — па той жа самай прычыне, што і большасць іншых тагачасных сельскагаспадарчых аб’яднанняў, і Брава-Жыватоўскі падаўся за Бесядзь. У Верамейках ён прыстаў да Параскі, чырвонаармейскай удавы, якая мела хоць і запушчаную, але даволі зайздросную па тым часе гаспадарку: цэлы трацяк, як лічылася ў Верамейках, сенажацяў, няўдобішчаў і ворнай зямлі. Такім чынам, было да чаго здароваму чалавеку прыкласці рукі. А Брава-Жыватоўскі, акрамя мужчынскае сілы, меў яшчэ добрую сялянскую кемлівасць і няблага ведаў зямлю — за некалькі год ён урабіў як след пяць Парасчыных дзесяцін і ў калгас паступаў ледзь не серадняком. Жыў Брава-Жыватоўскі, калі гаварыць па-вясковаму, праз тры хаты на чацвёртую — гэта значыць, перш чым выйсці на вуліцу, выглядваў з акна, каб мець пэўнасць пра суседзяў.

Але першы, хто пачуў іншую гісторыю яго жыцця, быў камендант нямецкага гарнізона ў Бабінавічах Адольф Гуфельд. Пачуў той яе ад самога Брава-Жыватоўскага.

Што ў гэтай гісторыі мела пад сабой рэальны грунт, а што было дадумана дзеля большай важнасці, каб вырасці ў вачах прадстаўнікоў новае ўлады, сказаць цяжка: гэта ці высветліў бы нават следчы самога д’ябла, калі такі існуе дзе.

Брава-Жыватоўскі апавядаў Гуфельду пра сябе некалькі гадзін... Сапраўды, паходзіў ён з той мясцовасці, што ў дваццаць першым годзе адышла да Польшчы, але нарадзіўся і жыў да першай імперыялістычнай вайны пад Баранавічамі. Прозвішча Брава ў дадатак да свайго — Жыватоўскі — ён атрымаў у Гуляй Полі, калі апынуўся ў бацькі Махно. Былы чырвонаармеец, які заснуў на пасту і, баючыся адказнасці — пагражаў трыбунал, — перабег спярша ў белую армію, а затым да махноўцаў. Тым часам недзе ўжо відзён быў канец вайне. Неабходна было пашукаць сабе сталае месца на жыццё. Дакументы яго не засмучалі — у бацькі Махно іх таксама няблага падраблялі. Заставалася толькі добра пачысціць кішэні, каб пазбавіцца ад усяго лішняга. Спачатку Брава-Жыватоўскі падаўся ў Чарнігаўскую губерню, прыбіўся там да аднаго манастыра, але неўзабаве адчуў, што манахі таксама займаюцца небяспечнай дзейнасцю — манастыр быў ледзь не прытулкам для розных банд, — і палічыў за лепшае ўцячы адтуль. З Чарнігаўскай губерні Брава-Жыватоўскі пераехаў у Магілёўскую, паблукаў трохі па ёй, а тады асталяваўся каля Бесядзі ў Старасельскай камуне — балазе, гэта было далёка ад так званых бітых шляхоў. І ўжо зусім паспакайнеў Брава-Жыватоўскі, калі апынуўся ў Верамейках. Паступова ён стаў усім падобны да верамейкаўцаў (апрача, можа, таго, што гаварыць зусім па-верамейкаўску не навучыўся, быццам асцерагаўся, што ад гэтага задужа мяккі стане яго язык) — вядома, нікому нават і ў галаву не магло прыйсці капнуць пад ім грунт, тым больш што ніколі не даваў зачэпкі на гэта: у ягоным становішчы за лепшае было не выклікаць нядобрай зайздрасці да сябе і сваіх спраў; між тым самога Брава-Жыватоўскага ўвесь час не пакідала зайздрасць — з яго розумам ды з яго адукацыяй (Брава-Жыватоўскі меў не толькі вяскова-школьную адукацыю, але таксама і гарадскую, бо вучыўся некалі ў Баранавічах) пры новай уладзе можна было мець больш за тое, што ён меў, займаючыся гаспадаркай. На наступную вайну, у тым ліку з немцамі, ён не спадзяваўся, бо не верыў, што знойдзецца такая армія, якая хоць трохі падолее Чырвоную. І калі здарылася, што немцы раптам узялі верх з першых дзён вайны, Брава-Жыватоўскі прымусіў сябе паглядзець на рэчы іначай: здалося, што жыццё, нарэшце, можа павярнуцца да яго другім бокам. Прызваны ў армію па другой мабілізацыі, ён пільнаваў выпадак, каб адстаць ад вайсковай часці і перачакаць недзе альбо падацца ў Верамейкі і там схавацца да прыходу немцаў. Выпадак такі неўзабаве трапіўся — артылерыйскі полк, у складзе якога ён ваяваў, быў разбіты непадалёк ад Бабруйска. У Верамейкі дабраўся Брава-Жыватоўскі ўначы, паспаў да раніцы на сямейным ложку, пасля палез на паддашак. Там яму давялося чакаць таго дня, пакуль не прайшлі праз вёску апошнія чырвонаармейцы. Тым часам разляцелася чутка, што ў Бабінавічы ўступілі немцы. Тады Брава-Жыватоўскі пакінуў сваё сховішча і раніцой пайшоў у мястэчка — падумаў, што першаму, пакуль яшчэ той шапачны разбор будзе, няйначай, большае што дастанецца.

Цяпер Брава-Жыватоўскі наведваўся ў Бабінавічы амаль кожны дзень, як гаварыў — хадзіў на даклады да каменданта Гуфельда. Тым часам вёска жыла ў прытручаным стане, і дакладваць не было пра што: проста Брава-Жыватоўскі не хацеў, дакладней, баяўся жыць у няведанні.

Сёння ён таксама патраціў там дзень, бо Гуфельд паехаў у Крутагор’е на нараду: якраз стваралася адміністрацыйная акруга, у якую павінны былі ўвайсці некалькі былых раёнаў, і камендантаў гарнізонаў выклікала начальства да сябе.


Загрузка...