ІІІ


Чубар сапраўды з Верамеек падаваўся ў Крутагор’е. Але ў Белай Гліне бабы раптам сказалі, што ў горадзе немцы — адтуль ужо вярнулася дачка мясцовага ветэрынара, якая рабіла медсястрой у бальніцы.

Чубар спантана апусціўся на лаўку пад вокнамі нечае хаты, адчуваючы, як перасыхае і храсне ў роце; пэўна, і на твары Чубаравым відаць была разгубленасць, бо белаглінаўскія бабы пачалі суцяшаць верамейкаўскага старшыню, а жонка аб’ездчыка Паляноўскага, да якога Чубар, здаралася, заязджаў па дарозе з Крутагор’я, дакорліва паківала галавой, паказваючы на вінтоўку:

— І навошта з етай ламачынай ходзіш цяпера? Кінуў бы ў раку, дак цалей быў бы. А то ні салдат, ні... Схопяць, як зладзюгу якога...

Чубар папрасіў напіцца, і нейкая маладзіца заспяшалася ў хату. Неўзабаве яна выйшла адтуль з вядром у руцэ, выліла каля варот на мураву ваду, мусіць, ужо летную, і праворна накіравалася праз вуліцу да калодзежа, што быў непадалёку, двары за два. Адтуль яна прынесла халоднай — па самыя вушкі — і паставіла вядро на лаўку. Чубар апусціўся на калені — чамусьці на дыбачках не стаялася, — схіліўся над вядром, абхапіўшы аберуч. Вада яшчэ гойдалася ў вядры, і Чубараў твар калыхаўся ў ёй таксама, то расплываючыся ўшыркі, як у няправільным люстры, то выцягваючыся ўдоўжкі. Праз момант вада адстоялася, тады Чубар пачаў піць набгом. Піў прагна, але без смаку, адчуваючы слабасць у целе; вада плюхалася на грудзі, сацінавая кашуля, зашпіленая толькі на апошнія гузікі, адразу намокла, халадок пачаў студзіць скуру; зайшліся зубы; тады Чубар паставіў вядро на ўсё донца, аддыхаўся і зноў сеў на лаўку, выпрастаўшы абутыя ў ялавыя боты ногі.

Па левы бок вясковую вуліцу пераходзіла гравійная дарога, якая вяла з Бабінавіч у Крутагор’е, і на ёй цяпер не было на чым воку зачапіцца, адны нізкарослыя, як велізарныя шары, куцобістыя вербы стаялі паабапал, адкідваючы на попельны пясок цені. Але было такое адчуванне, быццам з-за павароту, які пачынаўся за мостам каля валатовак, вось-вось выпаўзе нешта жахлівае і заслоніць сабой увесь прасцяг наперадзе. Паступова гэтае адчуванне набыло ў думках пэўную форму, і Чубару як не бачыўся ўжо імклівы рух па гравійнай дарозе варожых танкаў. Уяўнасць была настолькі моцная, што праз нейкі час верамейкаўскі старшыня не мог болей заставацца пасярод вуліцы. У жыцці ён не належаў да палахлівых людзей, прынамсі, так лічыў нават сам — можа, да першага вялікага страху, але цяпер ледзь не станавіліся ў яго пад скураным картузом валасы: жахліва было б апынуцца аднаму перад фашыстамі...

Развітаўшыся спехам з белаглінаўскімі кабетамі, Чубар пашыбаваў у завулак, што быў насупраць калодзежа.

Здарылася так, што Чубар, заняты эвакуацыйнымі справамі ў калгасе, страціў жывую сувязь з райцэнтрам. Сувязь да апошняга часу, вядома, была, але аднабаковая — старшыня калгаса адно прымаў з райцэнтра каманды, якія павінен быў выконваць. Пакуль ішлі ў Верамейкі тыя каманды, ён адчуваў сябе спакойна, прынамсі, у такой ступені, як здольны адчуваць чалавек, які ведае, што ўжо насоўваецца навалай фронт. Але настаў час, калі тэлефон перастаў званіць: у адказ у тэлефоннай трубцы адно гуло, і на лініі сувязі, што праходзіла па кругавой ледзь не па ўсім раёне, не было чуваць нават галасоў тэлефаністак. Чубара гэта адразу занепакоіла. Аднак у галаву яшчэ прыйшла думка — сапсавалася недзе тэлефонная сувязь. Першы тэлефонны вузел на шляху да райцэнтра быў у Бабінавічах, і Чубар разважыў, што, можа, якраз на гэтых сямі кіламетрах і ёсць пашкоджанне, бо мястэчка таксама не давала на званкі адказу. Тады Чубар пасадзіў на каня старога Цітка і загадаў, каб той праехаўся верхам уздоўж тэлефонных слупоў. Ціток выканаў усё, што хацеў старшыня, але пашкоджання не знайшоў — дрот па-ранейшаму туга вісеў на белых кубках, а слупы стаялі праз роўныя прамежкі скрозь. Ціток вярнуўся ў Верамейкі, далажыў Чубару. І яны ўдвух доўга сядзелі ў калгаснай канторы, меркавалі, чаму так выходзіла, што і слупы цэлыя, і дрот не парваны, а тэлефон не працуе. Нарэшце старшыня сказаў Цітку застацца ў канторы да самага вечара, калі патрэбна будзе, то і на ўсю ноч — уласна, Ціток і без таго, бадай, ад пачатку вайны амаль не адлучаўся з канторы, дзяжурыў пры тэлефоне, — а сам пайшоў у хату, дзе кватараваў, пачысціў выструганым прутком вінтоўку, палічыў патроны і ў трывозе засігаў па бальшаку. У яго была надзея, што заспее там савецкіх і партыйных кіраўнікоў, тым больш што на тэрыторыі раёна дзейнічаў знішчальны батальён, якім камандаваў начальнік міліцыі. Да гэтага батальёна былі прыпісаны неваеннаабавязаныя актывісты, таксама старшыні сельскіх Саветаў і калгасаў, якія падпадалі пад бронь, у тым ліку і Чубар. Накіроўваючыся ў Крутагор’е, Чубар браў у разлік таксама і тое, што раённы знішчальны батальён у кожным разе павінен далучацца да рэгулярнай арміі, тады не трэба будзе актывістам туляцца абы-дзе, можна адступаць разам, стаўшы байцамі якой-небудзь чырвонаармейскай часці. І вось усяму гэтаму — разлікам і спадзяванням — прыйшоў канец: раптам у Белай Гліне высветлілася, што Крутагор’е занялі фашысты!..

Паспакайнеў Чубар тады, як выйшаў за Белую Гліну і апынуўся каля дзебры — старога рэчышча, па якім некалі цякла Бесядзь і якое цяпер парасло вольхай і вербалозам. З вёскі Чубара ўжо нельга было заўважыць. Дарога, якая ішла з Бабінавіч у Крутагор’е, ад дзебры таксама не праглядвалася.

Чубар зняў з пляча вінтоўку і паволі, быццам з неахвотаю ці ў вялікай задуме, пакрочыў па лузе, падмінаючы падэшвамі ботаў пасохлы плюшч і застаялую мурожніцу, пракладваючы след па густой і злямцаванай, як мядзведзева шкура, траве. Як і ў Верамейках, у Белай Гліне калгасны луг таксама не ўвесь пакасілі — паўсюды цяпер не хапала мужчынскіх рук: за гэтыя няпоўныя два месяцы вайны адбылося ўжо некалькі мабілізацый. Копы стаялі на лузе толькі ў вусці — там у Бесядзь упадала Дзяражня, можа, самы вялікі прыток гэтай ракі, што пачыналася недзе на Смаленшчыне і ўлівалася непадалёк ад Гомеля ў Сож. Было на лузе трохі і непагрэбенага сена, але яно даўно сапрэла ў пакосах і выгляд мела, як леташняе; на пракосах ужо адскочыла атава, якая неяк незвычайна, нібыта пафарбаваная, зелянела паміж пажоўклага цурбылля: была маладая і кволая, як мокрае восеньскае жыта пасля зазімку. Дзебра шмат дзе перасохла за лета, дно там — глеістае і парэпанае — паспела пакрыцца пячоначным мохам і яшчэ нейкай мяккай, паклычанай травой, а па азярынах, між пагрызенага лісця белых і жоўтых гарлачыкаў, плавалі качкі. Пасярод лугу тырчала пахіленая вітка — можа, яшчэ з вясны засталася стаяць, калі запіралі сенажаць, і Чубар, як толькі дайшоў да яе, самахоць прыпыніўся, каб выпрастаць. Азірнуўся, вядома, і на Белую Гліну. Высокі бераг над старым рэчышчам больш не засціў сваім горбам вясковыя стрэхі. Чубар задумаўся — дарэмна ён гэтак заседзеўся ў Верамейках, здаецца, што каштавала перадаць калгасныя справы Дзянісу Зазыбу. Тады б пэўна ўжо не давялося бадзяцца тут, быццам пакалечанаму буслу перад пакровамі. Чубар успомніў, як нядаўна не паехаў у Машавую, калі выклікалі туды па тэлефанаграме з райкома партыі. Тады ён не надаў гэтаму выкліку асаблівага значэння, дакладней, не столькі не надаў, колькі не здолеў сабрацца: тэлефанаграму яму ўручылі з вялікім спазненнем, бо ў той дзень яны з Іванам Падзерыным ездзілі за Гаўрылаву пожню абмерваць стагі. Больш таго, нават на другі дзень ён не сабраўся пазваніць у райком, растлумачыць сваё нез’яўленне — усё яшчэ пакладаўся на даваенны час, калі выклікаў на розныя нарады было, можа, сапраўды замнога, і таму трэба было мець асаблівае чуццё на іх, каб адгадваць, на якую наведвацца абавязкова, а на якую не. А тут раптам чамусьці выклікалі не ў Крутагор’е, а ў Машавую, звычайную вёску, што за дванаццаць кіламетраў ад Верамеек. І вось цяпер Чубару пачало рупіць, што менавіта апошняе, хоць і несвядомае непаслушэнства, калі можна сказаць так, і было прычынай, з якой вынікалі сённяшняе хваляванне і сённяшняе няведанне.

А ў той жа дзень сапраўды адбылася важная падзея — раённым камітэтам партыі сумесна са штабам 13-й арміі быў створаны партызанскі атрад, куды ўвайшлі актывісты раёна, старшыні сельскіх Саветаў, калгасаў, дырэктары машынна-трактарных станцый і прадпрыемстваў.

...У адным месцы Бесядзь — якраз там, куды накіроўваўся Чубар, — рабіла круты разварот, і правы бераг быў абрывісты; глыбіны зямлі, спрасаваныя сівой вапнай і рыжай балотнай рудой, павісалі над вадой, якая шумна хлюпала ўнізе, быццам рака тут раздвойвалася і адна, роўная па шырыні, спакойна плыла праз луг між чароту і аеру, а другая пракладвала сабе шлях недзе над зямлёй, употай ад людзей. Чубар ступіў на абрыў, глянуў на паверхню ракі. Вада была чорная — сонца ўжо не дасягала яе за берагам. На паверхні кружыліся ступкі-вірунчыкі. Бесядзь у гэтым месцы была шырокая. Па правы бок, амаль пасярод яе, узвышаўся парослы чырвонай лазою пясчаны астравок. Туды, мусіць, часта наведваліся бабры, якія паспелі за колькі год вельмі распладзіцца, — скрозь паўз бераг вытыркаўся з вады пагрызены імі хмыз, бялелі свежай драўнінай камлякі дрэў. Па левы бок на рацэ, упрытык да густога чаротавага зарасніку, быццам плывучы мост, гойдаліся вываратні. Насупраць, крокаў за трыста, на адхонным беразе, стаяў лес; наперадзе яго, на самым узлеску, кідаліся воку два магутныя дубы: адзін вілаваты, як з назнарок падрэзанай верхавінай, а другі некрануты, таму разбуялы і велічны. Трохі далей раслі таксама дубы, але яны стаялі далёка паміж сабой і былі параскіданы па ўсім поплаве, што абмывала рака. Адсюль пачыналіся забесядскія імшары — яловыя расцяробы і сасновыя выспы, якія ішлі праз многія кіламетры; пасярод іх недзе былі вёскі, у якіх жылі людзі, — такія самыя вёскі, як Верамейкі, і такія ж людзі, як у Верамейках. Чубару раптам прыйшло ў галаву, што ён за гэтыя гады, пакуль быў у Верамейках, так і не пабываў у багата якіх вёсках.

Сюды, у гэты адміністрацыйны раён, яго пераманіў з-пад Оршы загадчык Крутагорскага райземаддзела Стахван Ядлоўскі. У трыццаць трэцім годзе яны разам канчалі саўпарткурсы, але Ядлоўскі па накіраванню адразу замацаваўся ў Крутагор’і, а Радзівон Чубар тым часам усё спрабаваў свае здольнасці кіраўніка на розных пасадах, пераязджаючы з раёна ў раён. Ядлоўскі накіроўваў Чубара ў Верамейкі на час, пакуль адкрыецца добрая вакансія ў раённым цэнтры. Але неўзабаве Стахвану Ядлоўскаму прапанавалі самому пераехаць у другі раён працаваць, і Чубару давялося затрымацца на пасадзе старшыні калгаса. У Верамейках калгас на ногі паставіў яшчэ Зазыба. Чубару заставалася адно кіраваць. І вось на трэцім годзе яго старшынства пачалася гэтая вайна...

Чубару неабходна было як хутчэй, пакуль не села сонца, трапіць сёння на той бераг Бесядзі, каб апынуцца пад аховай лесу, і ён падумаў спярша пашукаць броду, пасля ўспомніў, што вышэй па рацэ павінен стаяць паром. Але хутка спахапіўся — да таго парома, разважыў ён, могуць рухацца і немцы, раз яны ўжо занялі раён, тым больш што мастоў паблізу на Бесядзі не было, таму лепш за ўсё сапраўды перайсці раку сваім ходам. Неўзабаве ён ужо крочыў паўз самы бераг, пільнуючы мель. Сцежкі пратаптанай не было, і Чубар спатыкаўся, абмінаючы кусты. Ён нават не згледзеў, як дасягнуў вусця, дзе злучалася з Бесяддзю Дзяражня: непрыкметна павярнуў ад галоўнага рэчышча і падаўся берагам Дзяражні. Зразумеў памылку толькі тады, калі апынуўся непадалёк ад канцавых двароў Белай Гліны — раптам узняў галаву і ўбачыў наперадзе знаёмы мост, а за ім млын.

Мост быў драўляны, на чатыры пралёты. Па той бок яго тырчалі з вады быкі-трохкутнікі, аб якія ў час паводкі ператрушчваліся крыгі.

Чубар ашалела пастаяў колькі хвілін насупраць драўлянага збудавання на рацэ, паазіраўся. Здавалася, нічога не пагражала яму. Адно шкада было, што патрачана багата часу — у Чубаравы планы ніяк не ўваходзіла калясіць у чорта на рагах. Але як толькі ён наважыўся павярнуць назад, насустрач выйшаў з кустоў вербалозу чалавек у чырвонаармейскай форме. Быў ён высокага росту, але ніжэй за Чубара. Вялікія цёмныя вочы пазіралі на Чубара з цікаўнасцю, але без асаблівай насцярожанасці; як на вока, то чырвонаармеец не меў пры сабе нават зброі — пасля ўжо Чубар агледзеў, што наган у таго вісеў на рэмені ззаду; па выглядзе і па тым, як стрымана паводзіў сябе чырвонаармеец, можна было меркаваць, што ён сачыў за Чубарам даўно, можа, ад самага вусця; нават тая акалічнасць, што Чубар меў вінтоўку, здавалася, не выклікала здзіўлення. Непрыкметна — прынамсі, гэтак думалася — Чубар кінуў вачамі спярша па адзін бок ад чырвонаармейца, пасля па другі. Там, дзе вербалоз быў амаль непралазны, стаяў буданчык — проста на расцярэбленым доле. Крокі за два ад яго Чубар убачыў другога чырвонаармейца. Той таксама не зводзіў вачэй з незнаёмага чалавека. На твары яго блукала недаверлівая ўсмешка. Менавіта гэты, другі чырвонаармеец, і загаварыў з Чубарам першы: быццам выходзячы з вады, ён адхінуў ад сябе рукамі вербалоз і ступіў на сцежку.

— Можа, у таварыша пакурыць ёсць? — спытаў чырвонаармеец.

Чубар выцер рукавом узмакрэлы твар, даверліва ўсміхнуўся:

— Я не куру, таварыш.

Тады чырвонаармеец патушыў недаверлівую ўсмешку на твары, зняў з галавы пілотку — кароткія, але падрослыя валасы яго пырснулі ва ўсе бакі.

— А я думаў... — сказаў расчаравана чырвонаармеец і ляпнуў па растапыранай далоні пілоткай.

— Хто вы? — спытаў у Чубара высокі чырвонаармеец.

— Я — старшыня калгаса.

— Гэтага? — паказаў галавой высокі чырвонаармеец на Белую Гліну.

— Не, туды яшчэ, — кіўнуў Чубар на лес.

— Што вы тут робіце?

— Ішоў у Крутагор’е. Але там, кажуць, немцы.

Чырвонаармеец ссунуў выгаралыя бровы — адно, над правым вокам, было рассечана некалі, і маленькі плешык не даваў валасам зрасціся, — пастаяў колькі моманту ў задуменні, пасля перапытаў:

— Значыць, старшыня калгаса?

Другі чырвонаармеец тым часам закінуў за плечы вінтоўку і спакваля, як на пагулянцы, пайшоў пакручастай сцежкай да валатоўкі, што засціла сабой па правы бок цэлага паўнеба.

Неўзабаве постаць яго вырасла на вяршыні валатоўкі — адтуль кіламетраў на шэсць была адкрытай дарога на Крутагор’е.

«Не выключана магчымасць, — падумаў Чубар, — што гэтыя чырвонаармейцы таксама трымаюць шлях за Бесядзь, тады нам будзе ў адну дарогу».

— І куды вы цяпер? — спытаў чырвонаармеец.

— Куды загадаеце! — Чубар махнуў, нібыта крыламі, рукамі і, апускаючы іх, нечакана ляснуў сябе па клубах.

Абодва — і Чубар і чырвонаармеец — раптам засмяяліся з гэтай Чубаравай бездапаможнасці.

— Маё прозвішча Шпакевіч, — сказаў чырвонаармеец. — А той, — ён паказаў на свайго таварыша, які вяртаўся ўжо з валатоўкі, — Халадзілаў. Ён — сібірак. Аднекуль з-за Урала. А я — з Мазыра. Так што мы землякі з вамі.

— Беларусы, — нібыта дзеля поўнай яснасці сказаў Чубар.

Падышоў Халадзілаў, як праспяваў:

— Не пылит дорога, не шумят кусты...

— Думаеш, замірэнне выйшла? — паглядзеў на яго Шпакевіч.

— Знаеш, як у той прымаўцы...

Шпакевіч пачаў тлумачыць Чубару:

— Нам загадана ўзарваць гэты мост. Вядома, як пройдуць па ім апошнія чырвонаармейскія часці. Але мы затрымаліся трохі — добра б было разам з немцамі падняць яго ў паветра!

— Скажы лепш, забылі пра нас, — сказаў Халадзілаў. — Абяцалі забраць адсюль і не забралі. Цяпер вось адны планы строім. Як кажуць, самадзейнасцю займаемся.

— Я не думаю, што пра нас забылі, — запярэчыў Шпакевіч. — Нешта не выйшла ў іх там.

— Мяне ўжо не першы раз забываюць, — сказаў са зласлівай усмешкай Халадзілаў. — Я гэтыя масты ўзрываю ледзь не ад самай граніцы. І кожны раз пасля выбіраюся з так званага акружэння. А вы? — павярнуўся ён да Чубара. — Чаму вы апынуліся тут?

— Хацеў далучыцца да сваіх у Крутагор’і, — адказаў Чубар. — У нас там знішчальны батальён. Я таксама прыпісаны да яго. — Ён паказаў на вінтоўку.

— Патроны ёсць? — спытаў Шпакевіч.

— Штук дзесяць.

— Не багата, — пацёр Шпакевіч далоняй патыліцу. — У нас іх таксама — кот наплакаў. Але добра, што вы тутэйшы. Калі не маеце нічога, можам пайсці разам.

Чубар згодна кіўнуў галавой — якраз дарэчы!

— Прыгожа вёска размешчана, — з тугой пазіраючы на белаглінаўскія хаты, сказаў Халадзілаў. — Асабліва, калі глядзець адтуль. — Ён паказаў рукой на валатоўкі і дадаў: — У вас, у Беларусі, наогул прыгожа. Некалі мне здавалася, што тут адны балоты. Чытаў пра гэта нават у кніжках.

— Балоты — гэта ў нас, на Палессі, — удакладніў з усмешкай Шпакевіч. — А тут, бачыш, пяскі.

— Хапае балот яшчэ і ў нас, — таксама з усмешкай сказаў Чубар.

— А курганы? — паглядзеў на яго Халадзілаў. — Адкуль яны такія тут?

— Людзі кажуць — ад шведаў. Нібыта Карл Дванаццаты перапраўляўся тут, калі на Украіну ішоў да Мазепы.

— Гэта запісана дзе?

— Не ведаю. Але ходзяць чуткі. Раней дык нават залатыя рэчы знаходзілі тут.

— Якраз дарэчы, — засмяяўся Шпакевіч. — Ты б, Халадзілаў, схадзіў зноў на курган, можа, табе таксама пашанцуе.

— Твая ж чарга, — сеў на траву Халадзілаў.

— Я пагляджу, — прапанаваў свае паслугі Чубар.

Шпакевіч, які быў за старшага ў камандзе, не запярэчыў, адно здзіўлена глянуў на Чубара.

Сонца ўжо не праменілася. На ўсім ляжала надвячэрняя вусцішнасць. Сонечная прозалаць была разліта па ўсім наваколлі — па стрэхах вясковых хат, па шатах дрэў, па калгасных палетках, што пачыналіся ў вялікай лукавіне, якую ўтварала за мостам Дзяражня. Чубар узыходзіў на валатоўку лёгка, ногі па сцежцы ажно пружынілі, нягледзячы на тое, што яна ўвесь час вяла ўгору. Пасля неспадзяванай сустрэчы з чырвонаармейцамі да Чубара прыйшлі спакой і ўраўнаважанасць. Нечага было такое падманлівае адчуванне, быццам жыццё, зрушанае вайной, зноў вярнулася на свае трывалыя кругі. Але раптам да валатоўкі аднекуль даляцеў ціхі гул, і Чубар пачаў насцярожана лавіць яго, падумаўшы, што гэта рухаюцца па дарозе нямецкія танкі альбо аўтамашыны. Усю істоту яго зноў працяў неспакой. Чубар прыпыніўся, збянтэжана азірнуўся. Чырвонаармейцы таксама пачулі гул. Яны стаялі непадалёку ад моста і ўслухоўваліся. Тады Чубар з усіх ног кінуўся бегчы на вяршыню валатоўкі, каб паглядзець на дарогу адтуль. Але дарэмна. Ні танкаў, ні аўтамашын на дарозе не было. Гук між тым усё нарастаў, шырэў. Нарэшце Чубар зразумеў, што падаў той на зямлю з неба. «Самалёты», — паспакайнеў ён, хоць і ведаў, што быць навідавоку ў фашысцкага лётчыка таксама небяспечна. Аднак ратунку шукаць на валатоўцы не стаў. Па-ранейшаму адкрыта стаяў на самай вяршыні і глядзеў на неба. Паступова Чубар пачынаў адгадваць, што гук даносіўся з таго боку, дзе заходзіла сонца. Прамінула яшчэ колькі часу — вядома, вымерваўся ён менш чым хвілінамі, — і трохі збоч Белай Гліны, на вышыні, можа, тысячы метраў, узніклі абрысы самалёта. За гэтыя тыдні, як ішла вайна, людзі ўжо навучыліся адрозніваць свае самалёты ад варожых. Чубар таксама без вялікай цяжкасці пазнаў савецкі бамбавоз, які ляцеў на Крутагор’е.

Спалох, такім чынам, быў дарэмны. Чубар кінуў яшчэ погляд на дарогу, якая пустая ляжала каля падножжа валатоўкі, і, упіраючыся абцасамі ў трывалы грунт на сцежцы, пачаў спускацца ўніз, каб далучыцца да чырвонаармейцаў.

Тым часам паміж Шпакевічам і Халадзілавым адбывалася размова.

— Зараз ён недзе грымне, — казаў Шпакевіч.

— Калі даляціць, — гаварыў недаверлівы Халадзілаў.

Падышоў Чубар. Шпакевіч і яму сказаў:

— Паляцеў наш! Зараз недзе грымне!

Але не паспеў схавацца за валатоўкамі бамбавоз, як пачуліся кароткія чэргі, нібыта хто драў ужо мокрае палатно.

— Ну вось, я ж казаў, калі паспее даляцець! — зусім без адчування свае праваты вымавіў Халадзілаў.

Мусіць, на падлёце да Крутагор’я пачынаўся паветраны бой.

Халадзілаў не вытрымаў, падаўся на валатоўку глядзець.

Скончылася ўсё тым, што моцны выбух раптам страсянуў наваколле, і ў неба ўзняўся чорны слуп дыму.

Слуп гэты спярша рос проста ўгару, пасля раптам заклубіўся, утвараючы вялікі пажар, які паступова шырэў, засланяў жоўта-белым — саламяным — дымам неба на паўночным усходзе.

На Шпакевіча ўсё гэта — і абрынуты бамбавоз, і нечаканы пажар — падзейнічала нядобра. Чубар бачыў, як на пахмурным твары ў таго хадзілі пад скурай жаўлакі. Здавалася, колькі гэтакага было ўжо на шляху — Шпакевіч, як і Халадзілаў, адступаў ад заходняй граніцы, — але прывыкнуць да пажару не мог, таксама як не мог спакойна глядзець на забітых: чалавечае шкадаванне ў ім заўсёды ўзмацнялася адчуваннем прыкрасці і бездапаможнасці...

— Уласна, нам неабавязкова заставацца тут надалей, — раптам рашуча, з нейкай незнаёмай яшчэ для Чубара жорсткасцю ў голасе, сказаў Шпакевіч. — Зараз вось ірванём мост і пойдзем.

— Да цёмнага можна яшчэ паспець на той бок, — быццам падахвоціў Шпакевіча Чубар, паказаўшы пры гэтым на лес, што чарнеў за Бесяддзю.

Непрыкметна падышоў Халадзілаў.

— І хто іх адных, без прыкрыцця, пускае гэтыя бамбавозы? — пашкадаваў ён уголас.

— Што там яшчэ загарэлася? — спытаў Шпакевіч.

— Нейкая вёска.

— Можа, Крутагор’е?

— Не, гэта бліжэй, — сказаў Халадзілаў. — Але сволачы збілі над самай вёскай. Два «месеры». Нават адруліць не далі. Цяпер вось пажар. Гараць хаты. А лётчык не паспеў выскачыць. Нізка ляцеў. Некаму зноў нядобры сон будзе...

— Мы тут рашылі з таварышам Чубарам, — паглядзеў на Халадзілава Шпакевіч. — Трэба ўзрываць мост. Хопіць чакаць.

— Дык я пра гэта даўно табе талкую, — схіляў набок галаву Халадзілаў.

— Усё роўна, — працягваў гаварыць Шпакевіч, — немцы да раніцы ўжо не папруцца сюды. У іх, мусіць, начлег.

— М-да, ваююць фашысты з камфортам, — цыркнуў скрозь зубы Халадзілаў. — Усё па рэжыму. Абед, сон, адпачынак. Хацеў вось нейкі дзівак напалохаць нанач, дык і не ўдалося!..

Шпакевіч і Халадзілаў пастаялі ў маўклівай мужчынскай скрусе, а тады рушылі да буданчыка. Чубар таксама падаўся туды. На прывялай траве ў буданчыку ляжалі два чырвонаармейскія шынялі, вінтоўка мусіць, Шпакевічава, бо Халадзілаў сваю ўвесь гэты час трымаў пры сабе. Шпакевіч сеў на дыбачкі, пачаў выграбаць рэчы. Падаў Халадзілаву скрыню. І эта была ўзрыўмашына, і Чубар цяпер убачыў, як ад яе да моста вёў паўз бераг Дзяражні чорны шнур. Халадзілаў дастаў з кішэні штаноў ручку, прыладзіў да скрыні. Завесці ўзрыўмашыну Халадзілаву каштавала аднаго павароту ручкі — на скрыні адразу загаралася чырвоная лямпачка. Можна было рабіць выбух. Але Шпакевіч загадаў усім схавацца пад абрыў, куды не маглі дастаць абломкі дрэва, хоць зарад пад сярэдняй апорай яны паклалі невялікі. Халадзілаў перанёс таксама туды і ўзрыўмашыну.

Колькі часу Халадзілаў і Чубар чакалі пад абрывам Шпакевіча — той нечакана затрымліваўся каля буданчыка. Халадзілаў нібыта пашкадаваў:

— Дарэмна спяшаемся. Можна было б на ноч схадзіць у вёску. Нехта адзін павартаваў бы каля моста, а астатнія — да маладзіц.

— З гэтым час быў управіцца, — засмяяўся Чубар.

— Дазволу чакалі, — жартаваў Халадзілаў. — Ад мясцовага начальства — без даведкі, заверанай пячаткай, яны цяпер не даюцца.

— Але мая пячатка на белаглінаўскіх баб, мусіць, не падзейнічае, — сказаў Чубар. — Тут не мая гаспадарка.

— Тады, можа, на дзевак? — блазнаваў Халадзілаў.

— На дзевак таксама.

— Гэта яны дарэмна, — нібыта пагразіў Халадзілаў. — Усё роўна немцы псаваць будуць. І без даведак, і без пячатак. Так, гвалтам.

— А ў цябе сям’я ёсць? — раптам спытаў Чубар.

— Не, я халасты.

— А бацькі?

— Бацькі ёсць.

— Мне Шпакевіч казаў, што ты сібірак.

— Не самы сібірак, але ж...

— Да вас далёка яшчэ.

Яны памаўчалі: Халадзілаў адчуваў дакор у тым, як Чубар перавёў яго юрлівую размову на рэчы, што спрадвеку прымушалі аціхаць і задумвацца самых зацятых гаваруноў.

Нарэшце зверху скочыў заклапочаны Шпакевіч. Падэшвы яго ботаў глыбока ўмялі намыты пясок на беразе, і сляды, якія былі бліжэй да ракі, пачалі напаўняцца вадой, што сачылася аднекуль спаднізу. Шпакевіч укленчыў побач, узяў рукамі абодвух за плечы, нібыта хацеў сутыкнуць, зашаптаў Халадзілаву ў вуха:

— Круці, брат!

Халадзілаў паставіў перад сабой скрыню на ракітавы корань, які нібыта жывым локцем вытыркаўся вонкі з абрыву, спытаў:

— А там, на мосце, нікога няма? Можа, зявака які ўзышоў?

— Каго цяпер панясе! — усклікнуў Шпакевіч. — А немцы, дык мы чакаем іх!

Чубар выпрастаўся, глянуў на край абрыву.

— Здаецца, нікога няма...

— Ну, машыначка, не падвядзі, — быццам у прадчуванні радасці, пацёр адна аб адну рукі Халадзілаў.

Чакаючы выбуху, Чубар уцяў галаву — справа гэта для яго была незвычайная, і таму ажно захалонула нутро.

Халадзілаў павярнуў узрыўную ручку. Але выбуху не атрымалася. Чырвонаармейцы пераглянуліся — у кожнага ў вачах было недаўменне. Шпакевіч кіўнуў галавой, паказваючы — давай, маўляў. Халадзілаў зноў павярнуў ручку. І зноў не пачулася выбуху. Тады Шпакевіч адвёў руку падначаленага, падступіўся сам да скрыні. Аднак і ў яго ўзрыўмашына не дзейнічала — лямпачка не патухала, а кантакту не было: ці то выхадная клема не кантачыла, ці то вінавата была міна, якую разам з шашкамі толу сапёры прывязалі пад мостам да апоры.

— Халера, — пачухаў галаву Шпакевіч.

Халадзілаў выцер тыльным бокам далоні спацелы твар.

— Яшчэ гэтага нам не хапала!..

— Я здагадваюся, — нервова засмяяўся Шпакевіч, — што было б з намі, каб па мосце сапраўды ехалі фашысты!..

Халадзілаў ва ўвесь рост кінуўся да моста. Вярнуўся адтуль, збянтэжана развёў рукамі — усё ў парадку.

Тады Шпакевіч зноў пачаў паварочваць узрыўную ручку сам. Але дарэмна.

Чубару відаць было, як пакутліва думаў Шпакевіч.

— Давядзецца яшчэ адзін пажар распаліць, — пераканаўшыся ў беспаспяховасці ўзарваць мост, нарэшце, вырашыў той.

— Але як? — паціснуў плячамі Халадзілаў: адказны за ўзрыўмашыну, ён адчуваў сябе ніякавата перад таварышам.

— Вядома, самае лепшае абліць бензінам, — чамусьці кпліва сказаў Шпакевіч.

— Чаго захацеў! — пакруціў галавой Халадзілаў.

Тады сваё падказаў Чубар:

— На гэты мост хапіла б аднаго воза саломы.

— А што, старшыня праўду кажа, — ухапіўся за Чубараву прапанову Халадзілаў.

Затуліўшы рот, Шпакевіч сціснуў рукой абедзве шчакі, пастаяў так.

— Нікуды не дзенешся, — скрозь пальцы буркнуў праз нейкі час Шпакевіч, — давядзецца сапраўды цягаць на мост салому.

Чубар падаў голас (ва ўсім, што рабілі чырвонаармейцы, яму хацелася цяпер браць самы чынны ўдзел, каб ужо гэтым далучаць сябе да іх спраў) схадзіць у Белую Гліну, пашукаць падводы, на якой можна прывезці салому. Але Шпакевіч махнуў рукой:

— Пакуль будзем шукаць падводы, невядома, што здарыцца за гэты час.

Яны пабралі на рукі рэчы і ўтрох рушылі да моста, бо ў вёску сухая дарога была толькі па ім. Праз два пралёты спыніліся. Адсюль добра відаць быў пажар: чырвона-чорнае полымя жэрла вялікую вёску.

А Белую Гліну тым часам нібы абыходзілі ўсе: надвячэрняя стоенасць, якая панавала ў прыродзе, стварала ўражанне ціхамірнасці і ўсталяванага спакою, якія, здавалася, не маглі парушыць ні гукі нядаўняга паветранага бою, ні шум пажару, што, нягледзячы на адлегласць, даносіўся сюды. Пасярэдзіне вуліцы стаяла рабая карова і махала з жывёльнай абыякавасцю доўгім хвастом, адганяючы назойлівую машкару, якая роем вілася над ёй.

Канцавыя белаглінаўскія хаты былі за паўтараста крокаў ад моста, але гароды па правы бок падыходзілі да самай лукавіны. На нечым гародзе стаялі жытнёвыя копы — звычайная з’ява: на сотках пажнуць хутчэй і без каманды. Чубар паказаў на гарод. Дастаткова было адно кіўнуць у той бок галавой, каб чырвонаармейцы зразумелі ўсё. Па ржэўніку ўсе разам падышлі да коп. Памацалі снапы. Шпакевіч ажно палушчыў адарваны каласок. Пачаў смакаваць зярняты. Халадзілаў з Чубарам стаялі побач, чакалі. Але вось Шпакевіч выхапіў з капы сноп — важкі, у тоўстым перавясле. Гэта паслужыла камандай: Халадзілаў і Чубар кінуліся разбураць капу. Нарэшце Чубар, як самы дужы з выгляду, а можа, і на самай справе, набраў снапоў, узваліў на сябе і панёс да моста, трымаючы рукі, як рагачы, угору. Шпакевіч і Халадзілаў рушылі следам — у іх ношкі былі меншыя, але таксама мелі вагу. Снапы шасталі, заглушалі нават крокі. Таму ні Шпакевіч, які ішоў апошні, ні Халадзілаў, ні тым больш Чубар не пачулі, як на гародзе раптам пачаўся крык. Па мяжы да коп бегла расхрыстаная жанчына з трайніком у руках. Лямант яе ўсё мацнеў, і неўзабаве Шпакевіч першы спыніўся, каб азірнуцца. Насцярожыўся і Халадзілаў. Ускіпелы выгляд жанчыны збянтэжыў чырвонаармейцаў. Яны пакідалі снапы на зямлю. Адзін Чубар працягваў рухацца далей — ён ужо таксама чуў за сабою лямант, але не азіраўся, нёс бярэма да пералазу. Крык у ім чамусьці выклікаў зацятую злосць. Тады жанчына падскочыла да верамейкаўскага старшыні і цаўём трайніка піхнула ў спіну. Ад гэтага Чубар адразу страціў раўнавагу. Снапы пападалі на ржэўнік.

— А што ж ета, ірад, робіш? — нарэшце разабраў Чубар словы.

Жанчына як не заходзілася ў плачы. Вочы яе блішчалі шаленствам. Чубар убачыў іх і зразумеў — баба не будзе доўга думаць над тым, каб варсануць нават трайніком. На нейкі момант ён ажно разгубіўся, але хутка сабраўся і, як не сваім голасам, крыкнуў, спрабуючы збіць разгневаную жанчыну з панталыку:

— Дурніца, немцам на пірагі запасаеш?!

Але на жанчыну лаянка не падзейнічала — тая па-ранейшаму была натапыраная ўся.

Чырвонаармейцы з вінаватым выглядам пазіралі то на жанчыну, якая бараніла свае снапы, то на Чубара, які, уласна, заварыў усю гэтую кашу.

Нарэшце Чубар пачаў адступацца: гучна злаяўся самымі брыдкімі словамі, якія даводзілася каму чуць, і зарагатаў — даўно ўжо, можа, ад самага таго часу, як арганізоўвалі калгасы, не даводзілася яму сутыкацца з гэтакай з’явай.

— Ірады вы, ірады!.. — яна кінула на мяжу трайнік, села на калючы ржэўнік і загаласіла, абхапіўшы рукамі проставалосую галаву. — А што ж мае дзеці будуць есці?..

— Ты зразумей, — пачаў ушчуваць Чубар, — нам салома патрэбна. — І, каб было больш пераканаўча, паказаў на чырвонаармейцаў: — Ім во, для справы. Для Чырвонай Арміі.

Жанчына не слухалася:

— А што ж ета вы робіце?..

Але голас яе паступова слабеў. Неўзабаве яна ўжо адно хісталася ды пакрыўджана ўсхліпвала.

Да Чубара нячутна падышоў Шпакевіч.

— Хадзем адсюль, — гукнуў ён.

Жаночы лямант, мусіць, пачулі на вёсцы, — прынамсі, у тых дварах, што былі бліжэй, бо каля загарадзі раптам з’явіліся людзі, як належыць у ваенны час, падлеткі ды бабы з малымі дзецьмі, яны моўчкі, нібыта зачараваныя, назіралі за тым, што адбывалася на гародзе, а ў вачах, здавалася, не было ні асуджэння, ні спачування, адна цікаўнасць. Па той бок пералаза таксама нехта паспеў апынуцца. Чубар пазнаў яшчэ здалёку — то быў кульгавы стары, па прозвішчы Якушок, які меў звычку з раніцы да вечара сядзець на загавальні сваёй хаты і быць, такім чынам, сведкам усяго, што рабілася за цэлы дзень на ажыўленай дарозе. Кожны раз, як верамейкаўскаму старшыні выпадала ехаць праз Белую Гліну ў Крутагор’е, яны віталіся. Стары таксама пазнаў Чубара, пачаў усміхацца лісліва, але нібыта адчужана, выскаляючы пакрышаныя зубы.

— А я думаў, — сказаў ён, шастаючы вачамі па ўсіх трох, — што ета вы, можа, з таго самалёта? Цяпера бачу, ажно не. Дак ета ж, здаецца, вы, таварыш начальнік? — Ён спыніў позірк на Чубары. — Значыцца, яшчэ тута? А наш Калатоз у вакувацыю паехаў. Яшчэ на тым тыдні. І сельсавецкі старшыня паехаў. Пабралі лепшых коней і патарахцелі кудысь за Бесядзь. Тама яшчэ не страшна.

Чубар спытаў:

— Што гэта за баба такая?

— Наша тута. Проста баба. Але як я паглядзеў, дак можа каму і кішкі выпусціць.

— Дурніца шалёная, — смыкнуў шчакою Чубар.

— Тута ашалець можа хоць хто, — засмяяўся, мусіць, задаволены ваяўнічасцю жанчыны, стары. — А навошта вам салома? — спытаў ён і адразу пачаў тлумачыць сабе: — Яно, канечне, людзям таксама паспаць трэба, бо ля тае Дзяражні нават калі пасядзець доўга, дак адсырэеш. — Ён даваў зразумець ім, што ведае пра ўсё. — А салома гарыць. Вэ-э-эн, бачыце, колькі гарыць яе! — стары паказаў рукой на пажар.

— Нам папраўдзе вельмі патрэбна салома, — падаўся да старога Шпакевіч.

— Дзе ж яе ўзяць цяпера? У калгасе яшчэ амаль не жалі. За вёскай, праўда, тама ёсць копы, нават памалочаныя, аднак ета далёка. — Стары ўсміхнуўся. — Адна Сукліда пажала во. Дак яны і стаяць на гародзе, як прышчыкі на лбе, — усім лезуць у вочы.

— Немцы не пашкадуюць, — сказаў яшчэ не астылы Чубар.

— А ета паглядзець трэба, — нібыта не паверыў стары. — Яна ў нас баба такая, што і перад немцам з віламі пастаяць судолее. Сваё адбароніць і не аддасць каму не трэба. А як жа іначай? Дзяцей у хаце поўная дзяруга, а мужыка забралі па першай набілізацыі, дак...

— Але як нам саломы раздабыць? — пытаўся Шпакевіч, якому не цярпелася хутчэй скончыць справу з мостам.

— Тады, можа, кароўнік раскрыць, раз трэба? — падказаў дзед. — А навошта?

— Мост ваш паліць будзем, — прызнаўся Шпакевіч.

— Дак яго лепей тады бабахнуць, — параіў спакойна дзед.

— Не пячэ, дзед, — засмяяўся Халадзілаў.

— Машынка не работае?

— Не работа-е-е.

— Бач ты! — пакруціў галавой стары.

— А можа, у цябе леташняя салома ёсць? — спытаў Чубар.

— Не, — узняў растапыраныя далоні стары. — Спажылі ў гаспадарцы за тую зіму. Нават трухі не засталося. Яно ж, карова, цёлка... — Але нібыта спахапіўся, што пачаў не пра тое. — Мост, кажаце, наш спаліць хочаце? Дак паліце сабе. Ён нам тута, лічы, і непатрэбны. Ета калі, можа, на машынах ездзіць, дак праўда. А нам, — ён махнуў абедзвюма рукамі, — мы і так цераз Дзяражню знойдзем дзе пераехаць.

— Ты от што, дзед, — не даў гаварыць старому далей Чубар, — пакажаш, дзе ў вас салома ў полі. І падводу запражэш, каня знойдзеш.

Стары збянтэжана азірнуўся:

— Дак я ж нямоглы, нават у калгасе не рабіў, а тута!..

— У калгасе не рабіў, — павысіў голас Чубар, — а нам памагчы мусіш!

— А як на мяне тады заявяць?

— Хто?

— Ці мала хто! Людзям жа рот не закрыеш. Скажуць, памагаў Чырвонай Арміі паліць мост, а немцы мяне за ета да сценкі.

— Не хвалюйся, — усміхнуўся Чубар, — скажаш, прымусілі. Я з табой таксама пайду.

Нарэшце стары зразумеў, што Чубар ад яго не адступіцца, унурыў галаву.

— Вы мяне вядзіце тады пад ружжом па вёсцы, а? Каб усе бачылі.

Чубар засмяяўся.

— Ладна, стары, пойдзеш пад вінтоўкай, — сказаў ён Якушку і паглядзеў на чырвонаармейца. — А вы мне сігнал падасцё адсюль, калі што раптам.

— Нарабілі гармідару, — пачухаў патыліцу Халадзілаў.

— Гэта ўсё праз тваю машынку, — сказаў нездаволена Шпакевіч. — Чаму не праверыў зараней?

— Дасюль жа працавала, — бараніўся Халадзілаў.

Шпакевіч павёў позіркам па гародзе — жанчына па-ранейшаму сядзела на ржэўніку, але ўжо, здаецца, не плакала. Шпакевічу шкада стала яе. Ён падышоў, сказаў:

— Даруйце нам...

Тады жанчына ўзняла галаву і зноў пачала плакаць.

— Я ведаю, што ета не вы, — гаварыла яна праз слёзы. — Ета той, верамейкаўскі. А вы такія ж, як і мой. Мой таксама недзе вось так... ваюе... а можа, галаву злажыў... Не, я на вас зло не помню. А таму верамейкаўскаму...


З Крутагор’я немцы рухаліся па двух напрамках — уздоўж чыгункі на Унечу і па вялікай дарозе, што вяла праз мястэчка Бабінавічы да Паповай Гары і далей, абмінаючы, такім чынам, амаль усё лясное забесяддзе. 24-ты матарызаваны корпус быў павернуты гітлераўскім камандаваннем з цэнтральнага напрамку і сумесна з 2-й танкавай групай кінуты на разгром адыходзячых армій толькі што створанага Бранскага фронту: мелася на мэце ў канчатковым выніку ўмацаваць жывой сілай і танкавымі злучэннямі паўднёвыя войскі, якія цяпер павінны былі, па плану фюрэра, выконваць галоўную задачу ў вайне.

Хоць ініцыятыва дзеянняў па-ранейшаму заставалася за фашыстамі, але тэмпы прасоўвання войск пасля жорсткіх баёў на апошнім абараняльным рубяжы ў Беларусі сталі надзвычай марудныя: замест трыццаці кіламетраў, якія пераадольваліся раней, цяпер удавалася прайсці за суткі не больш як шэсць-сем кіламетраў. Гэта было таксама прычынай, што амаль усе вёскі па левы бок Бесядзі яшчэ нямала часу заставаліся не занятымі ворагам нават пасля таго, як пачаліся баі на наступным абараняльным рубяжы, што перасякаў вялікі тракт, які вёў з Тулы на Арол.


...Падпаліўшы на Дзяражні драўляны мост, чырвонаармейцы сапёрнага ўзвода Шпакевіч і Халадзілаў, а разам з імі старшыня верамейкаўскага калгаса Радзівон Чубар рушылі ад Белай Гліны за Бесядзь.

Карты, па якой можна было б арыентавацца, чырвонаармейцы не мелі, і дарогу даводзілася распытваць ад вёскі да вёскі.

Да сваіх выйшлі ў размяшчэнні 258-й стралковай дывізіі, якая была накіравана на абараняльны рубеж з Арла. Рубеж складаўся з некалькіх ліній траншэй, кулямётных і артылерыйскіх гнёздаў, дзотаў і вялікага супрацьтанкавага рова. Але суцэльнае лініі абароны пакуль не было. Не хапала войск: палкі дывізіі яшчэ знаходзіліся на маршы. Затое ў навакольных вёсках, амаль па ўсім рубяжы, ужо стаялі, высланыя наперад, заставы, якія накіроўвалі на падрыхтаваныя зборныя пункты байцоў і камандзіраў, што адступалі па лясных і палявых дарогах. На адну такую заставу, у вёсцы Пёкліна, і натрапілі Чубар і яго новыя таварышы.

Яшчэ ў забесяддзі пачаўся абложны дождж, і спадарожнікі не прасыхалі да самага Пёкліна. За ўвесь час, пакуль былі ў дарозе, спалі толькі двойчы — адзін раз у лесе, пад шатамі дрэў, а другі — у вясковай хаце, калі нарэшце адчулі, што зусім папрэлі. Пусціла іх начаваць жанчына, якая жыла адна. Яна напаліла другі раз у печы і скрозь ноч клапатліва сушыла адзежу сваіх начлежнікаў.

Чубар хоць і пакутаваў ад макрэчы — плісавая талстоўка не магла замяніць верхняй апраткі, таго ж шыняля, — але ён вельмі ўдзячны быў шчасліваму выпадку, які звёў яго каля Белай Гліны з гэтымі двума чырвонаармейцамі. Цяпер не трэба было са страхам думаць пра тое, што рабіць. Ад самае Бесядзі яны ішлі ўжо як заадно. Шпакевічу было дваццаць дзевяць гадоў, на тры гады меней, чым Чубару, аднак ваяваў ён з першага дня вайны, бо прызываўся пасля закона аб усеагульнай вайсковай павіннасці. Яму заставалася праслужыць аднаго няпоўнага паўгода, і калі б не напалі фашысты, то ўжо ў гэтую восень ён зноў бы надзеў сваю міліцэйскую форму. У Мазыры ў яго жыла сям’я — жонка і шасцігадовы сын. Шпакевіч усё бедаваў, што нічога не ведаў пра іх. Халадзілаў таксама служыў у арміі па так званаму варашылаўскаму прызыву — яго ўзялі глыбокай восенню трыццаць дзевятага года з педагагічнага інстытута. Ішоў Халадзілаў заўсёды наперадзе, па сваёй ахвоце хадзіў на разведку ў вёскі — хоць немцаў навокал і не было, але не хацелася дарэмна рызыкаваць, — і ўвесь час, нягледзячы нават на дождж, з яго твару не знікала тая недаверлівая ўсмешка, якую пабачыў Чубар яшчэ каля моста, — здавалася, чалавек нарадзіўся з гэтай усмешкай, таму не толькі хадзіў з ёй, але і спаў. Гаварыў ён амаль бесперастанку, але кожны раз чамусьці наравіў павярнуць размову на небяспечную тэму: яго займала даволі дзіўнае пытанне — ці будуць пасля гэтай вайны судзіць тых, хто вінаваты, што мы пагана сустрэлі вайну, палажылі ўжо столькі народу і ўсё адступаем? Шпакевіч звычайна не слухаў свайго падначаленага. Тады Халадзілаў прыставаў з гаворкай да Чубара. Але той, як пачынаў Халадзілаў, таксама стараўся ўхіліцца ад размовы, нават прыкрыкваў на маладога чырвонаармейца, каб перастаў гаварыць абы-што. Халадзілаў сапраўды змаўкаў на нейкі час, аднак дарога была доўгая, незнаёмая, пад дажджом, і ўсё забывалася даволі хутка, неяк само сабой, таму няўрымслівы Халадзілаў непрыкметна зноў ставіў на круг сваю шчарбатую пласцінку: а вось у руска-японскую вайну дык было судзілі пасля генералаў, якія прайгралі вайну, пра гэта напісана ў гісторыі... Чубар ад ягоных слоў злаваўся да чырвані і сур’ёзна пераконваў — маўляў, руска-японская вайна была прайграна царскімі генераламі, а ў гэтай вайне перамога будзе за намі, трэба верыць у тое, што гаварыў таварыш Сталін 3 ліпеня... Шпакевіч часам мірыў іх, але рабіў гэта чамусьці з усмешкай і незласліва, і Чубару незразумелай была ягоная паблажлівасць, хоць сам ён, мусіць, таксама не ўзяў бы Халадзілава за жабры, каб што якое: Чубар адчуваў да абодвух — і да стрыманага, бадай, нават маўклівага Шпакевіча, і да балбатлівага, хутчэй несвядома языкастага Халадзілава — удзячную адданасць...

Сонца не выблісквала на працягу ўсяго паходу, таму цяжка было вызначыць, калі пачынаўся сапраўдны дзень і калі канчаўся. Звычайна нават у пахмурны дзень можна адшукаць на небе сонца — у тым месцы хмары заўсёды трохі святлейшыя, і вочы тады пачынаюць адчуваць схаванае цяпло, — але цяпер хмары рухаліся над зямлёй ці не ў тры накаты, як у сырую восень, і ў настылым наваколлі плавала задымленая густая імжэль. Паабапал дарог стаяла паклычаная збажына, а на зямлі бялела пагублянае каласамі зерне.

Артылерыйскія грымоты чуліся здалёку і з вялікімі перапынкамі — пачнуцца раптам, пасля заціхнуць, і затым доўга глухне ўсё навокал. І вось перад самым Пёклінам паветра страсянулася па-сапраўднаму. Спачатку ўсчалася звычайная страляніна. Было выразна чуваць, як недзе працаваў кулямёт — так-так-так-так... Быццам круціў хто вялікае зубчатае кола. Пасля пачуліся моцныя выбухі. Тады і прыйшло радаснае ўсведамленне: блізка свае! Трое здарожаных хадакоў — два чырвонаармейцы і адзін цывільны — наддалі кроку: заспяшаліся ў той бок, дзе іх, уласна, магла сустрэць і небяспека. Але ўсё склалася добра. У Пёкліне стаяў заслон аднаго з батальёнаў 258-й дывізіі. Пры ўваходзе ў вёску на плоце вісела дошка, на якой здалёку можна было прачытаць: «Збор адступаючых груп, адзінкавых байцоў і камандзіраў у лесе каля абараняльнага рубяжа». Аб’ява была напісана вялікімі чорнымі літарамі...

Шпакевіч прачытаў аб’яву, падышоў і загаварыў з чырвонаармейцам, што стаяў паставым амаль на сярэдзіне вуліцы.

— Падкажы, брат, дзе тут сто адзінаццаты полк?

— Нам такіх звестак не даюць, — адказаў чырвонаармеец, пры гэтым малады твар яго застаўся амаль нерухомым. — Загадана накіроўваць такіх, як вы, на зборны пункт. Туды. — Ён паказаў за вёску, дзе быў лес.

Але Шпакевічу і Халадзілаву не хацелася ісці на зборны пункт — пачнецца праверка, а тады паспытай дакажы, што ты выходзіў не проста з акружэння, а выконваў заданне пасля адыходу войск. Чубару тым часам было ўсё роўна, але ён нічога не рашаў. Шпакевіч пачаў ледзь не кленчыць:

— Браток, нам абавязкова трэба ў сто адзінаццаты. Мы з задання ідзём. Выконвалі спецзаданне, разумееш? Трэба далажыць камандаванню. — І Шпакевіч дзеля большай пераканаўчасці назваў прозвішча камандзіра палка.

Аднак на паставога чырвонаармейца гэта не падзейнічала: як кажуць, малады і неабстраляны, ён наогул трошачкі звысоку паглядаў на ўсіх акружэнцаў, бо думаў, што гэты абараняльны рубеж для фашыстаў апошні, праз яго яны ўжо не пройдуць...

— Гэтак усе кажуць, — пажаваў ён ротам.

Шпакевіч зрабіў пакутлівы твар:

— Разумееш, нам вельмі патрэбна...

Чырвонаармеец спыніў свае вочы на Чубары. Выгляд цывільнага чалавека выклікаў у ім нейкія думкі, і ён сказаў Шпакевічу памяркоўна:

— Вось што, ідзіце тады да лейтэнанта, можа, ён ведае, дзе ваш сто адзінаццаты.

— Дзе гэта?

— Тут недалёка. Вы пазнаеце. Там павінен стаяць другі вартавы.

У вясковай хаце пажылы лейтэнант у накінутым на плечы шынялі чытаў за сталом кнігу — яна была адлістана на сярэдзіне. Калі Шпакевіч, стаўшы належным чынам, пачаў дакладваць аб сабе і аб сваім жаданні адшукаць 111-ты полк, лейтэнант усё не мог падняць галавы. Нарэшце паклаў левую руку далоняй на кнігу, глянуў спадылба.

— Мы тут людзі новыя, і нам невядома, дзе стаяць якія часці. Вам лепей будзе пайсці на зборны пункт. Там вас прызначаць куды трэба. А гэты таварыш, — лейтэнант кіўнуў на Чубара, — павінен ісці ў Журынічы. Там фарміруецца апалчэнне.

— Але ж нам загадана было...

— Дарэмна вы, — усміхнуўся Шпакевічу лейтэнант, — усе мы тут свае.

Тады ступіў наперад Чубар:

— Таварыш лейтэнант, дзе мне шукаць тыя Журынічы?

— Гэта ўжо іншая справа, — нібыта ўзрадаваўся лейтэнант; ён выйшаў з-за стала, паправіў локцямі шынель на плячах і паказаў праз акно: — Пойдзеце па гэтай вуліцы, потым павернеце налева. І ўвесь час пасля трымайцеся левага боку. Як пачнуць размінацца дарогі, так і паварочвайце на левую. Колькі ў нас цяпер? — Ён выняў з кішэні гадзіннік, пстрыкнуў сярэбраным вечкам. — Ну што ж, калі варон у полі не лавіць, то да цёмнага дайсці можна да Журынічаў. Там у іх сваё начальства. Няхай разбіраюцца з вамі. Дарэчы, вы камуніст?

— Так.

— Адным словам, вам трэба туды.

— А можа, няхай і ён з намі на зборны пункт ідзе, таварыш лейтэнант? — памкнуўся быў Шпакевіч.

— Не, не, — замахаў рукой лейтэнант. — Мы не ваенкамат.

На вуліцы Шпакевіч доўга трос руку Чубару.

— Вось, Радзівон... — казаў ён з выразнай засмучанасцю. — Каб выйшлі мы ў размяшчэнне свайго палка, то цябе не адпусцілі б ужо. А тут свае парадкі.

Халадзілаў таксама шчыра шкадаваў.

У дадатак Шпакевіч распрануў шынель, накінуў Чубару на плечы, — шынель не прыйшоўся, быў караткаваты і не вельмі раскошны. Гэта рассмяшыла раптам спярша непасрэднага Халадзілава, пасля самога Чубара. Шпакевіч яшчэ больш спахмурнеў.

— Нічога, — сказаў ён, — пакуль там у тваім апалчэнні надумаюцца выдаць табе што цяплейшае, насі гэты. Да цябе я трохі не дарос, факт, але нічога, цяплей будзе. А мне неяк таксама дадуць. Салдат без шыняля не бывае.

Чубар прасунуў рукі ў рукавы і неяк па-блазенску пачаў аглядаць сябе — вочы яго пры гэтым туманіла цёплая вільгаць...

— Ну, бывайце, — сказаў ён ціха.

Але не паспеў зрабіць і дзесяць крокаў па вуліцы, як з хаты на ганак выйшаў знаёмы лейтэнант і гукнуў наўздагон.

— Гэй, таварыш!

Чубар павярнуўся. Лейтэнант сказаў:

— А вінтоўку належыць здаць!

Чубар здзіўлена паглядзеў спярша на лейтэнанта, пасля на Шпакевіча, якога таксама затрымаў лейтэнантаў голас.

— Таварыш лейтэнант, — падаўся да ганка Шпакевіч, — гэта яго вінтоўка. Таварыш атрымаў яе ў ваенкамаце і мае даведку.

Аднак лейтэнанту раптоўнае заступніцтва не спадабалася.

— Трэба выконваць загад, — паморшчыўся ён. — Таварыш вартавы, — паглядзеў лейтэнант на чырвонаармейца, што стаяў на ганку, — прыміце зброю.

Вартавы збег з ганка, забраў вінтоўку: Чубар нават заўпарціцца не паспеў.

Шпакевіч супакойваюча кіўнуў Чубару.

Праз колькі хвілін Чубар выйшаў за вёску і пакрочыў па дарозе, што вяла скрозь бульбяное поле на высокі і шэры ўзлобак, за якім недзе былі Журынічы.

Неспадзяванае лейтэнантава распараджэнне спачатку толькі збянтэжыла Чубара, але чым далей ён адыходзіў ад Пёкліна, дзе давялося расстацца са сваімі спадарожнікамі, тым глыбей западала ў душу крыўда, нават злосць; недарэчным і непатрэбным здавалася тое, што ў яго адабралі вінтоўку — хоць яна ні разу і не спатрэбілася Чубару, гэта значыць, не была пушчана ў ход, бо ні дэсанта, ні шпіёнаў-дыверсантаў над Верамейкамі вораг не скідаў, аднак паступова і непрыкметна ён прывык да яе гэтаксама, як прывыкае звычайна кульгавы чалавек да кульбы.

Цямнела хутка. Чубар не адмераў яшчэ і двух кіламетраў, а бульбяное поле, якое ўсё ж не канчалася, ужо нібы растварылася на вачах, і неўзабаве можна было распазнаць толькі блізкія ад дарогі рэчы ды яшчэ самую дарогу: лейтэнантаў гадзіннік паказваў тады, мусіць, крадзены час. Як і належала, у франтавых вёсках не гарэлі ў вокнах агні, бо вечар выдаў бы іх спадарожніку, нават калі б якое паселішча знаходзілася за многа кіламетраў. Сабачага брэху, гэтай неад’емнай адзнакі вясковых ваколіц, таксама не было чуваць сёння. Чубар ні на хвіліну не выпускаў з галавы лейтэнантавага папярэджання трымацца левага боку, але калі сцямнела, стала цяжка арыентавацца.

Лейтэнант казаў, што Журынічы ад Пёкліна недалёка, аднак Чубар, здаецца, і праз тры гадзіны свайго падарожжа ўсё не мог дайсці да іх. Нарэшце настаў час, калі ён ужо адно коўзаўся па дарозе: шлях забіраў сілы, хоць багата хто ў жыцці мог пазайздросціць ягонай цягавітасці. Паступова Чубар пачынаў разумець, што сёння ці ўдасца выбавіцца з цемры, каб трапіць у Журынічы, — на благі канец, нядрэнна набрысці хоць на якую вёску.

І раптам на дарозе пачулася:

— Хальт!*

Чубар нават не расслухаў, адкуль даляцеў гэты кароткі і незразумелы вокліч. Ён насцярожана прыпыніўся. Тады нехта нездаволена загаварыў на чужой для Чубара мове, і Чубар жахнуўся — фашысты!.. Атарапела, амаль па інстынкце, скочыў у бок ад дарогі, але нязручна — правая нага трапіла ў нейкую ямку. Чубар крутануўся, спрабуючы вызваліць нагу, але не. Раўнавага была ўжо страчана, і ён употарч паляцеў паміж разорын, хапаючыся рукамі за слізкі бульбоўнік. Гэта яго, бадай, і ўратавала. Адразу секанула траскучая чарга з аўтамата, пасля другая, трэцяя... Агністыя бліскаўкі прашылі за метр ад зямлі цемру, праляцелі міма. На дарозе пасля гэтага застукалі боты. Чубар шчыльней прылёг у разорыну, здавалася, перастаў нават дыхаць. Але фашысты блізка не падыходзілі. Вялі паміж сабой гамонку амаль на тым жа месцы.

— Генуг. Вір фэршойхен нур ды хазэн.

— Айн тырхен нідэрцукнален, Курт, дас вэрэ вас фюр унс гэвезен. Іх хабэ шон швайнэфляйш я цум коцэн зат. Дэр арш кнурт мір фон дэн эрбзэнконсэрвэн.

— На эбэн, Ганс. Айн хазэнбратэн лэст айнэм гут гефален, дас браўхэн вір эрст рэхт.

— Морген зэен вір маль. Іх гляўбэ дох айнэн гетрофэн цу хабен?

— Ай во! Ніхт айнмаль айн шрайэн вар цу хёрэн. Ды штэрбэндэн хазэн шрайэн я фаст ві ды мэншэн.

— Візо дэн. Офтэрс комтс аўх ганц штыль фор**.

Нарэшце галасы сталі цішэць, і Чубар яшчэ больш насцярожыўся, увесь ператварыўся ў слых, каб не прапусціць ніякага гуку. Немцы сапраўды адыходзілі па дарозе ў адваротным напрамку. І як толькі Чубар пераканаўся ў гэтым, адразу адчуў — быццам ліхаманка пачала калаціць. Але Чубар яшчэ колькі часу паляжаў нерухома, а тады прыўзняўся на карачкі і паціху, каб не рабіць шуму, папоўз па бульбоўніку. Паўзці было вельмі нязручна — больш за ўсё замінала крыссё шыняля, якое Чубар не мог прыдумаць куды заткнуць, а таксама разорыны, што ішлі ўздоўж дарогі і, такім чынам, знаходзіліся цяпер упоперак ягонага шляху. Поўз Чубар да таго моманту, пакуль не здранцвелі рукі. Заставалася выбіраць адно з двух — альбо аддыхвацца, лежачы ў гразкай разорыне, альбо стаць на ногі. Чубар рашыўся на апошняе. Але перад тым як падняцца на ўвесь рост, прыкінуў у галаве, ці далёка адпоўз ад таго месца, дзе адбылася нечаканая сустрэча з немцамі, — мусіць, то быў нейкі патруль. Па часе выходзіла, што дарога, калі ён, вядома, дакладна выбраў кірунак, была метраў за трыста. Хоць гэта і не дужа вялікая адлегласць, але ўжо можна было па-чалавечы выпрастацца. Чубар адпіхнуўся рукамі ад зямлі, стаў. Хвіліну-другую паслухаў. Нічога падазронага больш не было. Тады Чубар выцер аб шынель забруджаныя рукі і, спатыкаючыся на разорынах, пайшоў напрасткі. Інстынкт самазахавання гнаў яго, як звера, ад таго месца, дзе ледзьве не загінуў. Цяпер ён не меў у галаве нічога пэўнага — яму ўсё роўна было куды ісці, абы не застацца ўранні навідавоку ў немцаў.

Поле звычайна не можа цягнуцца бясконца, якое не было б яно вялікае, таму неўзабаве Чубар сапраўды апынуўся каля нейкага зарасніку: адчуў гэта адразу па шапаценні дажджу. Давялося выставіць наперад рукі і, адхінуўшы мокрае голле, увайсці ў зараснік. Пад нагамі захлюпала вада, але дно было трывалае, і Чубар зразумеў, што гэта трапілася не балота, а хутчэй палявая лугавіна, якая можа вывесці на ўзлесак. Так яно і было. Калі Чубар прайшоў па неглыбокай вадзе лугавіну, пачалося сухое драбналессе. За ім, атулены цемрай, быў лес. Праз нейкі час Чубаравы вушы, а затым вочы сталі прывыкаць да начнога лесу. У цемры ўжо ўгадваліся таўшчэзныя камлі дрэў. Чубар падышоў, абмацаў кару нейкай замшэлай елкі і выцер аб шынель рукі: барада на дрэве была, як распоўзлы грыб, і яму — быццам толькі што не поўз па гразі і слізкім бульбоўніку — зрабілася брыдка ад дакранання да яе. Хоць дождж і ў лесе вымачыў зямлю, але пад шатамі вялікіх дрэў было не мокра, прынамсі, шыгалле, якое ляжала тут скрозь, заставалася амаль сухое, яго можна было згрэбці ў яміну паміж карэнняў, каб зрабіць сабе лежава. Доўга не думаючы, Чубар пачаў шастаць пад дрэвам, растапыранымі пальцамі ўзрываючы зляжалыя пласты. Неўзабаве вырасла цэлая куча. Тады ён разгарнуў яе на ўсю даўжыню свайго цела, кінуў яшчэ колькі зляжалых пластоў пад галаву і стомлена паваліўся на зробленую пасцель. Заставалася толькі аппянуцца шынялём ды сцішыцца, каб адразу заснуць.


Загрузка...