Мы наступалі. Надвор’е выдалася такое, што горш не прыдумаеш: увесь дзень ішоў дождж напалам са снегам. Не падсохлая яшчэ ад вясновага разводдзя зямля зусім раскісла, гразь на дарозе перамяшалася са снегавой кашай, у якой агідна хлюпалі нашыя змакрэлыя ногі. Пад вечар, да таго ж, усчаўся напорысты, віхурны вецер. Увесь час мяняючы кірунак, ён апантана круціў над шляхам. Наперад часам немагчыма было зірнуць — золкая снегавая макрэдзь сляпіла вочы. Угнуўшы голаў, я бачыў толькі, як мільгалі заляпаныя гразёй кірзачы камандзіра роты Ананьева; мокрая плашч-накідка на ягонай спіне надзімалася крутым пухіром, камроты ўгінаўся, хапаючыся рукой за капюшон, накінуты на самаробную, з мацерчатым казырком фуражку, і, злосна мацюкнуўшы бога і надвор’е, рашуча крочыў па гразкай дарозе. Перакураў мы не рабілі.
Калі пачало змяркацца і раскіслы, у лужынах, прасёлак завярнуў на касагор, Ананьеў павярнуўся тварам да калоны і нейкае паўхвіліны прайшоў так, задам наперад. Ён зіркаў на строй, хоць, мусіць, не шмат што ўбачыў на прыцьмелай дарозе. Рота расцягнулася, і старшы лейтэнант, моршчачы хударлявы, з бачкамі на шчоках твар, нягучна паклікаў:
— Старшына Піліпенка!
Аднак Піліпенка, мабыць, не чуў і засяроджана брыў у непагодным паўзмроку акрай дарогі.
— Глушэц стары! — буркнуў Ананьеў. — Заснуў, мабыць.
Не чакаючы ягонага загаду, я выйшаў з калоны і хуценька падбег да старшыны. Піліпенка няўцямна ўскінуў насустрач немалады ўжо, не чыста голены і крыху брузглаваты твар, але тут жа згледзеў наперадзе цыбатую постаць камандзіра роты і ўсё зразумеў адразу. Са спазнелай паспешнасцю старшына крутануўся да свайго ўзвода (строй якога быў даволі бязладны, болей дакладна — не было ніякага строю). Разбрыўшыся па дарозе, аўтаматчыкі зморана валакліся ў прыцемках — хто бокам, хто ўгнуўшы голаў, а хто і адвярнуўшыся ад напорыстых парываў ветру. Брылі, дзе каму здалося зручней: па ўзбочыне, па-над шырокай, поўнай снегавой слоты канавай і нават за канавай — па краі аблепленага мокрым снегам палетка.
Пазнавата спахапіўшыся, Піліпенка сцішаным голасам, каб не пачуў камроты, пачаў падганяць байцоў. Трое ці чацвёра пярэдніх заварушыліся жывей або, можа, зрабілі выгляд, што заварушыліся, іншыя ж проста пакінулі без увагі яго каманду-прынуку. Вядома, прамінуць такое камандзір роты не мог і, са злой цікаўнасцю сочачы за марнымі намаганнямі ўзводнага, выйшаў на ўзбочыну.
— Ану, варухні нагой, ядрона вош! Жыва мые!
Камроты — не ўзводны. Аўтаматчыкі паскорылі крок, заднія пусціліся нават подбегам, усе прыкметна заварушыліся. Ананьеў болей не падганяў, толькі пачакаў-памарудзіў з прыдзірлівай строгасцю на худаватым насупленым твары, і строй памалу пачаў выроўнівацца.
Тым часам Піліпенка сышоў на ўзбочыну і пакорна спыніўся збоч ад камандзіра роты. Той, безуважны, аднак, да старшыны, зноў гукнуў у калону:
— Ваніна ка мне!
Каманду ўраз падхапілі, перадалі далей, — камроты цярпліва прасачыў за гэтым, прыдзірліва ўзіраючыся ў валюхастыя постаці сваіх аўтаматчыкаў. Ён чакаў камандзіра другога ўзвода, але, замест яго, на дарозе з’явілася Пулька, маленькае вяртлявае сабачанё, якое тыдзень назад аднекуль прыбілася да роты і якое прытуліў у сваім узводзе малодшы лейтэнант Ванін. Ананьеў выказаў цярплівасць, нават нейкую да часу затоеную цікаўнасць да гэтага, і вось ужо некалькі дзён другі ўзвод забаўляўся з гэтым кудлатым, па-маладому гарэзлівым шчанюком.
Пулька з рухавай бесклапотнасцю прабегла краем дарогі, але раптам згледзела камандзіра роты, нібы зразумеўшы штось, гаўкнула і кінулася назад да Ваніна. Баец у доўгай палатцы, рог якой валокся па гразі, знарок тупнуў ботам — снегавое слізгоцце з-пад ног шырока пляснула на сабачанё, тое крыўдліва віскнула і кінулася за канаву. Аднак канава тут была шырэй, чым здалося: Пулька да жывата правалілася ў снег, распырскваючы слоту, выскачыла на той бок і трывожна замітусілася, не ведаючы, як выбрацца на дарогу.
Ванін прыпыніў бег і крута павярнуў у строй.
— Абармот! Ты што робіш? У цябе галава на плячах ці кацялок нямыты?
— А чаго яна брэша?
— Не тваё дзела! Ану, лезь цяпер, даставай!
Лезці за канаву баец, аднак, не хацеў і памалу забіраў убок, далей ад камандзіра чужога ўзвода. Пулька некалькі разоў сунулася ў макрэдзь, але скрозь было глыбока, і яна, павіскваючы, адскоквала назад. Тады Ванін рашуча сігануў у набрынялую снегам ваду і пераняў сабачанё на рукі.
— Дарма, — сказаў Ананьеў. — Трэба б таго абармота прымусіць.
Ён, як гэта часта рабіў, неяк раптам павярнуўся і, нібы забыўшы пра ўсіх, хутка пакрочыў па дарозе.
На хаду ўжо нас дагнаў Ванін, тулячы пад ватоўкай мокрую Пульку, якая адразу сцішылася там, вытыркнуўшы з-за пазухі маленькую чорную мордачку і дзве мокрыя лапкі. Узводны не паспеў яшчэ абазвацца, як наперадзе з ветраных прыцемак з’явіўся наш нампаліт лейтэнант Грыневіч. Захутаны ў даўгаватую для яго невялічкага росту палатку, ён крыху прычакаў камандзіраў і запытаўся ціхманым, з хрынатой голасам:
— Што там здарылася?
— Ды вунь дурань адзін Пульку ў ваду загнаў, — стрымана сказаў Ванін. Нампаліт страсянуў наліплы на плячах снег і пайшоў побач.
— А наогул — нашто вам сабака?
— Як гэта нашто? — не зразумеў Ванін.
— Каб хоць сабака, а то…
— А то шчанюк карослівы… — скончыў за лейтэнанта Ананьеў.
— Вот іменна. На месцы камандзіра роты я б загадаў прыстрэліць, і ўсё.
— Хай жыве, — са змрочнай рашучасцю абвясціў Ананьеў. — Ці баішся: нас перажыве?
Перш чым адказаць, Грыневіч зноў памаўчаў.
— Нас гэта не датычыць. А вось брэша зусім недарэчы.
— Калі на Піліпенкавых, дык дарэчы, — нязгодна падхапіў ротны. — Камандзір узвода не камандуе, дык хоць Пулька…
Я ішоў ззаду за ўсімі і згледзеў, як Піліпенка, варухнуўшы каскай, неяк крыўдліва насцярожыўся пад мокрай палаткай.
— Усэ вам Пылыпэнка! Шо, я буду гнаты кожнага? Бачытэ, яка дарога! — сказаў старшына, і твар яго зморшчыўся амаль у пакутніцкім выразе. Ананьеў рэзка азірнуўся.
— Пры чым тут дарога! Камандзір размазня!
— Камандзір…
— Ага, камандзір! Бо камандаваць трэба! — выпаліў ротны.
Усе непрыемна змоўклі: як заўжды ў такіх выпадках, злосць старшага лейтэнанта чапляла не толькі вінаватага, але і тых, хто быў побач. Здавалася, пасля Піліпенкі Ананьеў возьмецца за наступнага, і кожны адчуваў сябе гэтым наступным. Па схіле рота выходзіла на пагорак, вецер памацнеў; мокры снег з дробным дажджом сек па плячах і касках. Мы хуткім крокам абміналі калону.
— Недзе паблізу немцы, — пасля гнятлівае паўзы паспакайнелым голасам сказаў камроты. — Падцягніце людзей. Падвоіць назіральнікаў па баках. Назначце слухачоў. Піліпенка, вам змяніць галаўны дазор!
Старшына, адтапырваючы полы палаткі, здзіўлена развёў рукамі.
— Так моі ж од півдня ішлы… Шчэ ёго час не выйшаў, — павярнуўся ён да Ваніна.
— Што — ёго! — павысіў голас Ананьеў. — Я табе загадваю. Ці не зразумела?
Камандзір роты злаваў, але я думаў, што прычынай тае злосці наўрад ці быў Піліпенка. Старшы лейтэнант нерваваўся ўвесь надвячорак, з таго самага часу, як роту аўтаматчыкаў вылучылі з палкавога рэзерву і павярнулі ўбок, каб заткнуць нейкую прарэху на фланзе. Батальёны пайшлі па бальшаку, а мы ўлезлі ў гразь на прасёлку, перайшлі балота, вымаклі, намарыліся ды яшчэ, у дадатак, засталіся без фурманкі з такім-сякім ротным майном, мяшком сухароў і патронамі. Праўда, ПНШ абяцаў, як пад’едуць тылы, паслаць фурманку следам за ротай, але, мусіць, здарылася няўпраўка, фурманка нас не дагнала, і мы, апроч таго што згаладнелі, маглі яшчэ і застацца без боепрыпасаў.
Піліпенка бурчаў:
— Кого я назначу? Попрыставалы усі.
— А мне напляваць! — строга абарваў яго Ананьеў. — Хоць сам ідзі, калі назначыць не маеш каго.
— Ну і піду, — змрочна гааабяцаў Піліпенка.
— Толькі без «ну»…
Старшына памарудзіў і адстаў на крок, апынуўшыся са мной побач. Выгляд яго зрабіўся зусім пакутніцкі, як заўжды, калі ён атрымліваў вымову ад начальства, што ўвогуле здаралася нярэдка. Справа ў тым, што Піліпенка служыў у дывізійнай АХЧ і толькі перад наступленнем за нейкую правінку быў пераведзены ў роту аўтаматчыкаў. Яго паставілі камандзірам узвода, але ўзводны з яго, здаецца, атрымаўся ніякі, і ён часта камандаваў недарэчы, а галоўнае — зусім не мог змаўчаць перад начальствам, калі тое, як яму здавалася, рабіла што-небудзь няправільна ці несправядліва.
Як заўжды, даўшы выказацца камандзіру роты, у спрэчку ўступіў яго намеснік.
— Як гэта вы дзіўна разважаеце… — азіраючыся, сказаў Грыневіч, — У вас жа ўзвод.
— Якый цэ взвод? Двадцяць чоловік та й ті не ідуць, а валакуцця.
— Быццам адны вашы так валакуцца… — папракнуў Ванін.
— Так у тэбэ скількы? Трыццаць два. А у мэнэ двадцяць тры.
— Мае ноч у ахраненні былі.
— А мае копалы.
Увогуле, слухаць гэта было не дужа прыемна, але спрачаліся ўзводныя не першы раз, і Ананьеў глядзеў на тое не строга. Праўда, ён заўжды быў на баку Ваніна, які, зрэшты, і сам мог абараніць сябе, толькі часам у малодшага лейтэнанта не хапала на тое ўпартасці. Піліпенка ж мог спрачацца бясконца.
— Ладна, — ні да кога не звяртаючыся, сказаў Ванін. — Я сам змяню. Толькі трэба б і совесць мець.
Ненастойлівы, быццам між іншым выказаны папрок малодшага лейтэнанта, аднак, зачапіў Піліпенку.
— А што я для сэбэ выгадую? Вы глянтэ, які в мэнэ ваякі. Та й бісова дорога…
Угінаючы голаў ад ветру, Грыневіч азірнуўся на старшыну.
— Ну і што ж: баявая абстаноўка. А ў прысязе як сказана: стойка пераносіць усе цягаты і лішэнні ваеннай жызні.
— Та чулы, — буркнуў Піліпенка.
— Ось і кепска, што чулі, а байцам не ўнушаеце.
На тое Піліпенка не адказаў. Мы прыпыніліся, бо камандзір роты, адвярнуўшыся ад ветру, з трафейнай цыгарэтай у зубах, пачаў шукаць па кішэнях запальніцу. Вецер апантана рваў полы ягонай накідкі, пад якой у старшага лейтэнанта быў кароткі шынэлак, падпяразаны абвіслай камсастаўскай дзягай з трафейным «вальтэрам» у кабуры. Іншага рыхтунка — партупей, сумак, компасаў — Ананьеў не прызнаваў і хадзіў ва ўсім салдацкім, вылучаючыся хіба што пагонамі з адною палоскай без зорак ды даўгалыгім ростам. Мы пачакалі, пакуль ён, заціснуўшы між калень палку, прыкурыў пад палою накідкі.
— Што мараль чытаць, — холадна сказаў камроты. — Сам не ўломак. Адставакі ёсць?
— Няма, — трошкі паспешлівей, чым звычайна, адказаў Піліпенка.
З-пад капюшюна накідкі Ананьеў падазрона скасавурыўся на яго.
— Правяраў?
— Ну… — насцярожана адказаў старшына, і ўсім стала зразумела, што не правяраў.
Камандзір роты хуценька акінуў позіркам байцоў, што, хлюпаючы абуткам, праходзілі міма.
— Дзе Чумак?
— Тут був, здаецца…
— Був? А цяпер дзе?
Піліпенка дужа пакутна хмурыўся, надзімаўся, і мне міжволі стала шкада старшыну. Як-ніяк з усіх камандзіраў у роце ён быў самы старэйшы, паводзіў сябе стрымана, з нейкаю нават годнасцю, але Ананьеў чамусьці не зважаў на тое і спаганяў са старшыны, мабыць, болей, чым з іншых. Ідучы побач, я напружана ўзіраўся ў постаці ягоных аўтаматчыкаў. Аднак дарма. Чумака, як на тое ліха, нідзе не было, і Ананьеў з прыкрасцю тыцнуў палкай у гразь.
— Ось так і палучаецца! Знайсці і далажыць! — са злосцю загадаў ён і вылаяўся.
Піліпенка моўчкі павярнуўся і валюхаста зашлёпаў па гразі. Ананьеў крыкнуў:
— Адставіць! Вядзі ўзвод! — і штурхануў мяне ў плячо: — Васюкоў — бягом! I заадно глянь падводу.
Распырскваючы снегавую слоту, я пабег краем дарогі ўніз. Засцерагацца макрэдзі не мела сэнсу: і так на мне ўсё было мокрае да пояса і нават болей — не ратавала і старая, куцая нямецкая трохкутка з абкладзенымі бляхай петлямі. Насустрач зморана брылі аўтаматчыкі — знаёмыя, што ўцалелі ад зімовых баёў, і навічкі, якія за тыдзень да наступлення прыбылі ў роту. Я ведаў далёка не кожнага. Мяне ж тут ведалі, мабыць, усе: як-ніяк я быў у іх на віду, заўжды з камандзірам роты, — хоць у калоне, на прывале або ў ланцугу. Пры Ананьеве яны, вядома, паводзілі сябе стрымана, а цяпер, убачыўшы мяне аднаго, далі волю сваёй гарэзнай цікаўнасці.
— Што, Васюкоў, немцы?
— Куды бяжыш? Можа, заначуем, ага?
— Ардынарац, ком перакурым!
Я нікому не адказваў, толькі ўзіраўся ў іх нястройныя рады, стараючыся ўбачыць Чумака. Але яго нідзе не было, і я бег усё далей па схіле пагорка ўніз.
Ардынарцам да Ананьева я трапіў нечакана ў той самы дзень, як прыбыў у роту. Не ведаю, чым я прыглянуўся яму, але калі толькі нас пачалі размяркоўваць па ўзводах, Ананьеў прайшоўся ля строю прыціхлых, у каляных шынялях навічкоў і, спыніўшыся ля мяне, загадаў: «Пайдзеш ардынарцам. Паняў?» — «Паняў», — сказаў я, хоць у той час амаль нічога не разумеў у гэтай нечаканай для мяне пасадзе. Пасля, аднак, прывучыўся: хітрага ў ёй было нямнога. Часам толькі было неспакойна, часам боязна, асабліва пад агнём, калі ўсе ляжалі, уціснуўшы галовы ў ямкі, а Ананьеў пасылаў мяне ў які-небудзь узвод, ці да кулямётчыкаў, або з данясеннем да камандзіра батальёна ці проста паглядзець, хто займае лясок, або паклікаць старшыну роты. Але ён і сам не дужа бярогся і бегаў не менш за мяне, часам разам са мной. Рызыкавалі мы з ім нароўні, так што ў гэтай справе былі, мабыць, квіты.
За Чумаком я таксама бегаў не ўпершыню — гэты Чумак быў проста насланнё наша. Праз яго Піліпенка ледзь не кожнага дня атрымліваў наганяй ад начальства — то ён згубіцца, то стане не ў свой узвод на пастраенні, то не паспее ў час паабедаць, бо не мае лыжкі, або пад агнём вылезе на самае ўбойнае месца — ідзі тады заганяй яго ва ўкрыцце. Лапаткі, вядома, у яго не вадзілася. На маршы ж ён адставаў ужо мо дзесяты раз.
Прабягаючы міма аўтаматчыкаў, я ўсё ўзіраўся ў іх цьмяныя, аблепленыя снегам постаці, аднак байцоў усё менела, і нарэшце на дарозе не засталося нікога. З прыцьмелага неба па-ранейшаму парушыла дробным дажджом і снегам. Я спыніўся, паслухаў: не, здаецца, яшчэ нехта брыў ззаду. Тады я памалу прайшоў насустрач, і сапраўды праз хвіліну з прыцемак паказаліся двое: Чумак, які, падаткнуўшы пад дзягу полы шыняля, ледзьве валокся па гразі, і наш замыкаючы — сяржант Цвяткоў. Відаць, Чумак і яму ўжо даўся ў знакі, бо Цвяткоў зморана, не хаваючы свае прыкрасці, дакараў байца:
— Усё вам трудна, да? Толькі ля кухні, мабыць, не трудна, так? Ану, шырай шаг!
Я саступіў убок, і Цвяткоў, пазнаўшы мяне, узрадаваўся:
— Ты не за гэтым?
— Ну а за кім жа?
— Ужо абрыдла штурхаць! Як бязногі… — паскардзіўся сяржант.
Я разумеў яго, але такія ўжо былі абавязкі замыкаючага ў калоне, каб штурхаць тых, хто адставаў. Звычайна гэта рабіў старшына, які цяпер, на бяду, недзе прапаў разам з падводай.
— Што, падводы няма?
— У тым-та і справа, — уздыхнуў Цвяткоў. — Што рабіць з ім?
Сапраўды, што было рабіць з гэтым Чумаком, які яўна выбіўся з сілы і далёка ўжо адстаў ад роты? Не несці ж яго на руках! I тут, нібы адчуўшы ўсю безвыходнасць нашага становішча, Чумак заклапочана азірнуўся.
— Хай бы вы ішлі. Я ўжо сам як-небудзь.
— Ага! — сказаў Цвяткоў. — Мы хай бы ішлі, так? А ты — у кусты. Знаем такіх!
— Яй-богу не! Я паціхеньку. Мне б толькі вадзіцы глынуць. Няма ў пляшачцы, га?
— Няма, — сказаў я.
Чумак недаверліва агледзеўся — нізенькі, крываногі, у абвіслым мокрым шынэлку, з апалым рэчмяшком на спіне — і зусім ужо жаласна папрасіў:
— А, мусіць, у сяржанта е. Дай, будзь ласкаў!
— То не вада, — сказаў Цвяткоў. — То гарэлка.
Чумак змоўчаў, у немалай натузе выцягваў з гразі ногі, па-качынаму валюхаючы з боку на бок. I раптам з нечаканай для яго рашучасцю папрасіў:
— А дай гарэлкі!
— Яшчэ што прыдумаеш!
Цвяткоў шырока сігануў цераз лужыну, бліснуўшы з-пад палаткі меднай камсастаўскаю спражкай, якую ён акуратна кожнага дня націраў спецыяльна для таго прыдбанай фланелькай. Таксама кожнага дня ён знаходзіў магчымасць падшыць свежы каўнерык, выдраіць боты. I наогул сваім знешнім выглядам гэты сяржант хутчэй нагадваў якога-небудзь дбайнага штабнога пісара, чым санінструктара роты аўтаматчыкаў, якім ён быў.
Трохі заклапочаны ягонай няўступчывасцю, я на хвіліну завагаўся. Было шкада прысталага небараку, але ў мяне не было ўпэўненасці, што будзе карысць, калі даць яму выпіць. I ўсё ж нешта трэба было рабіць з Чумаком.
— Ладна, — сказаў я прымірэнча. — Дай. Можа, падужае…
— Што — дай? Мая гэта хіба? Старшынова пляшка, — крыўдліва азваўся Цвяткоў.
— Глядзі, які чэсны! — сказаў я. — Абыдзецца твой старшына. Не апошняя, мабыць.
— А можа, і апошняя. Калі ўжо яе прывозілі? У суботу?
— Аднак жа збярог. Дык падзяліся.
Цвяткоў зусім ужо надзьмуўся і адышоў ад нас далей.
— Чаму ж ты не падзелішся? Дык, мабыць, сваё выпіў, так? А ў вас там і гарэлачка, і дадатковы паёк…
— Успомніў! Хіба я атрымліваю той паёк?
— Хапае і табе.
Ось жа зануда, падумаў я, раптам амаль збянтэжаны гэтым яго папрокам. Для старшыны або камандзіра роты ён бы знайшоў выпіўку пад зямлёй, а небараку Чумаку шкадаваў глытка.
Напаткаўшы ў змроку доўгую снегавую лужыну, мы разышліся па абодва яе бакі, і, калі зноў сышліся ў канцы, Цвяткоў адшпіліў ад дзягі трафейную абшытую лямцам пляшку.
— На. Толькі глыток — не болей…
— Не, не…
Чумак задраў голаў — у пляшцы ціхенька булькнула, і Цвяткоў тут жа схапіўся за яе. Але раней, чым ён паспеў адабраць, булькнула яшчэ раз.
— Я ж сказаў: глыток! — амаль закрычаў санінструктар. — А то — дарваўся!..
Я маўчаў — што ўжо там адзін толькі глыток? I Чумак, мабыць, заўважыў гэта маё маўклівае заступніцтва.
— От дзякуй, — сцішана сказаў ён, выціраючы рукавом падбародак і амаль не заўважаючы Цвяткова. — Дзякуй табе, таварыш ардынарац.
— А мне за што? — сказаў я. — Яму дзякуй.
Чумак змоўчаў. Цвяткоў пачаў прышпільваць пляшку, ды нешта запоркаўся там з баранчыкам на дзязе. Мы зноў спыніліся. Ніколькі ўжо не тулячыся ад снегавой макрэдзі, што ляпіла ў твар, Чумак падступіў да мяне.
— У вас кірзоўкі, ага?
— Кірзоўкі. А што? — Чумак валюхаста пераступіў на дарозе.
— Ды гэта… У мяне, во — нішто боты! Нямецкія, праўда. Калі што, дык гэта… Няхай вам будуць.
Я зірнуў на яго аблепленыя гразёю, мокрыя, звычайныя трафейныя салдацкія боты з нізенькімі халявамі і яшчэ не зусім зразумеў сэнс яго слоў, як Цвяткоў побач іранічна хмыкнуў.
— Хахмач! Хіба на фронце ўгадаеш! Вось заўтра ляпне, і — абодва дагары капытамі…
— Дык я кажу…
— Тожа ты скажаш! — пагардліва абарваў яго санінструктар. — Маўчы лепш.
— Ладна, — сказаў я. — Пабачым. Давайце даганяць.
Мы хутка пайшлі па дарозе. Увогуле Цвяткоў казаў праўду. Толькі кожны раз, калі заходзіла аб тым гаворка, рабілася не па сабе. Хто раней, хто пазней — не адгадаеш, але няварта і кпіць з гэтага дзядзькі, які па прастаце душэўнай памкнуўся за дабро адплаціць дабром, вядома, у межах свае не надта вялікай салдацкай магчымасці.
Чумак заклыпаў трошкі хутчэй. З усяе нашай гамонкі ён, мусіць, мала што зразумеў і нібы апраўдваўся на хаду:
— Не, я ж не тое, каб… Калі што, дык… Харошыя ж боты.
Толькі ён сказаў гэта, як угары ярка пыхнула: неба над пагоркам дрыготка асвяцілася вялізнаю агнянай плямай. На некалькі секунд у паветры замітусіўся рой мільготкіх сняжынак, пляма паніжэла, хісткае святло атуліла край неба, пагарэла трохі, пасля неяк хутка прыцьмела і згасла. Мы прыпыніліся.
— Ого! — у думках ці, можа, уголас сказаў я, адразу разумеючы, што гэта для нас азначае.
— Напароліся! — паныла пацвердзіў Цвяткоў.
Я тут жа спахапіўся, згадаўшы, што павінен быць там, наперадзе, ля камандзіра роты, і, пакінуўшы двух ззаду, апантана пабег па дарозе. Ракета была не дужа блізкая, пры такой непагадзі наўрад ці яна здолела б асвятліць калону, але, пэўна, немцы ўсё ж нешта згледзелі. Значыць, трэба неўзабаве чакаць стрэлаў. Звычайна ў такіх выпадках страляніна клала канец трывожнай невядомасці і пачынала знясільваючую агнявую барацьбу, што ўвогуле на вайне было чымсь дужа звычайным, хоць і кожны раз новым. Але стрэлаў у гэты раз нешта не было, і пэўна таму Ананьеў не спыняў роту, якую я неўзабаве дагнаў у прыцемках.
Праз хвілін пяць усё ў тым жа месцы засвяціла зноў — на святлявым мільготкім фоне адбілася некалькі ценяў аўтаматчыкаў на дарозе. Бліжэй да галавы калоны яны, відаць, самі, не чакаючы каманды, спыняліся, усе з маўклівай трывогай пазіралі наперад, дзе былі камандзіры.
Матляючы мокрымі крыламі сваёй трохкуткі, я дабег да пачатку калоны і крыху прыцішыў крок. Воддаль ад байцоў на краі дарогі змрочнымі сілуэтамі маячылі Ананьеў, Грыневіч, камандзіры ўзводаў — малодшы лейтэнант Ванін і старшына Піліпенка. Усе насцярожана ўзіраліся ў змрок.
— Гэта не дазор… — занепакоена сказаў Ананьеў.
— Дазор бліжэй быў, — пацвердзіў Грыневіч. Яны памаўчалі, услухоўваючыся, і Ананьеў з прыкрасцю вылаяўся.
— Якога ж хрэна тады ён маўчыць? Мо сігналы праваронілі?
— Не. За сігналамі я сам сачыў, — упэўнена аб’явіў Ванін і звыкла паварушыў тугімі плячыма пад мокрай ватоўкай.
— Разгільдзяі! — нерваваўся камроты. — Сядзяць і маўчаць! Гэта ж трэба, ядрона вош. Ану, бяры чалавека і дуй сам, — загадаў старшы лейтэнант Ваніну. Той хуценька павярнуўся да строю.
— Крывашыяў!
— Я.
— За мной!
Трошкі ўгнуўшыся, яны прачвякалі па слэчы падэшвамі і зніклі ў шэрых прыцемках.
— Піліпенка, сачы за дарогай. А то, калі што — душу вытрасу. Паняў? — пагрозлівым шэптам аб’явіў Ананьеў.
— Паняв. Шчо тут нэ паняты, — тонам задарма пакрыўджанага адказаў Піліпенка. — Тількі як побачыш: ні бісового батька нэ выдна.
— Без адгаворак мне!
Нейкі час мы ўсе маўчалі, напружваючы слых. Углядацца пад вецер было дужа кепска, снегам хутка заляпляла твар, увесь час карцела ўгнуць голаў і адвярнуцца. Злубянелыя палаткі страшэнна шархацелі ў цемры. У мокрых ботах пачалі мерзнуць ногі. Раптам у тым баку, куды ішла дарога, зноў засвяціла ракета, праўда, на гэты раз намнога далей, і Ананьеў напаўголаса вылаяўся.
— Ану, пайшлі!
Ён імкліва рушыў у змрок, за ім адразу падаўся Грыневіч, трохі запазніўшыся — я. На хаду ўжо я зняў з-за спіны аўтамат і накінуў яго на плячо паверх палаткі. Піліпенка застаўся з ротай.
Хуткім крокам мы ўтрох пашыбавалі сярод дарогі. Па некрутым пагорку дарога кіравала ўніз. Чым далей мы адыходзілі ад роты, тым рабілася ўсё болей ніякавата, усведамленне адарванасці ад сваіх усё мацней ахоплівала нас у гэтай цемрадзі. Я ўжо думаў, што мы павінны спыніцца, як насустрач з прыцемак з’явілася невялічкая постаць у аблепленым снегам бушлаце. Не аклікаючы, мы пазналі аўтаматчыка Шапу з дазору. Ананьеў замарудзіў крок, Шапа падбег і спыніўся насупраць. Ён ледзьве перадыхваў.
— Ну? — не ўтрымаў камроты.
— Немцы, таварыш старшы лейтэнант.
— О, навіна! Дзе Ванін?
— Ён там, — паказаў Шапа ў цемру— Сочаць. Немцы за логам на ўзгорку капаюць.
— Што капаюць?
— А ліха іх ведае. Абарону, мусіць.
— На ўзгорку?
— Ну.
— А вёска далёка?
— Якая вёска?
— Ну, гэта… Як яе…
— Рудакі, — падказаў Грыневіч.
— Не, вёскі не бачылі. Во тут унізе рэчка. Але неглыбокая. Перайсці можна. А далей узгорак, а на ўзгорку капаюць, — прыцішана, з прыкметнай шапялявасцю ад таго што ў яго выбіты спераду зуб, гаварыў Шапа.
Мы паглядзелі ў змрок, паслухалі. Аднак усюды было ціха — ні стрэлаў, ні ракет, адно па мокрых палатках дробна лапацеў дождж. Побач чулася зморанае дыханне Шапы. Тады Ананьеў аднекуль з-пад накідкі выцягнуў карту.
— Ану, захіні…
Ён прысеў у доле спіной да лагчыны, абхінуўся палаткай да яго схіліўся Грыневіч. Паверх іхніх галоў я накінуў яшчэ палу сваёй трохкуткі, і Ананьеў бліснуў слабаю плямкай з ліхтарыка. Праз шчыліну ля іх пляча мне сталі відаць іх рукі і краёчак карты. Карта была старая, страпаная, надрукаваная адной чорнай фарбай. Сапучы ад нязручнасці, камандзір роты пачаў разбірацца ў яе блытаных крывульках.
— Тут, здаецца, дарога? Ага?
— Якая дарога — то гарызанталь, — глухавата папраўляў яго нампаліт. — Во, глядіце, Рудакі. А далей на схіле павінна быць дарога. Во яна!
— Да? А гэта што? Ну-ка прачытай. А то язык зламаеш…
— Гэта рака. Во: «Флюс Све-тли-ца». Рака Святліца. Так, мусіць. Да яе мы яшчэ не дайшлі.
— Значыць, мы тут? Ага?
— Мабыць, так. Пагорак, дарога. Ну а мы — прыблізна от тут…
Ананьеў павёў светлым пятаком далей, вялікім пальцам выраўняў зморшчыны на паперы.
— Тады, мусіць, насупраць вышыня 117,0? Так?
— Мабыць, так.
— Нішто сабе ўзгорачак, ядрона вош! Гэ! — раптам узрадавана гукнуў камандзір роты. — Ды за ім жа станцыя?
— Ну, — пацвердзіў Грыневіч.
Сапраўды, на згібе аркуша прабягала тоўстая лінія чыгункі з характэрным кубікам станцыі на краі. Ад яе да вышыні было зусім блізка, і я падумаў тады, што гэтае станцыі нам не мінуць. Тут ужо як ні хітруй, а да станцыі выйдзеш, і пачнецца калатнеча — не дай бог. Не так даўно, у лютым, адна такая маленькая станцыя каштавала палку ледзьве не трох тыдняў баёў і васьмі брацкіх магіл.
У Ананьева, аднак, гэта выклікала зусім іншую рэакцыю.
— Ось яно што! А то надоечы Сырамятнікаў: «Станцыя, станцыя!» А я не ўцямлю, дзе гэтая станцыя! — падабрэла казаў ён. — Ось бы захапіць!
— Яшчэ што! — буркнуў Грыневіч.
Старшы лейтэнант выключыў ліхтарык. Яны абое ўсталі. Раптам Грыневіч трывожна ўскінуў голаў: стала чуваць, як нехта бег па дарозе знізу. Ананьеў таропка сунуў за пазуху карту і ступіў тры крокі наперад, я зняў з пляча аўтамат. Неўзабаве зусім побач з цемры вынікла постаць байца. Убачыўшы сваіх, ён з бегу перайшоў на цяжкі таропкі крок.
— Ты, Крывашыяў? — ціха гукнуў Ананьеў. Крывашыяў яшчэ зводдаль усхваляваным шэптам загаманіў:
— Таварыш старшы лейтэнант, трэба ўдарыць! Капаюць на гары, аховы з гэтага боку няма ніякай. Мы іх голымі рукамі, як куранят, возьмем. Ванін кажа: толькі хутчэй!
Ён выпаліў усё гэта, ажыўлена тыцкаючы ў цемру рукой, з такім шчаслівым выглядам, нібы тое, што яны там убачылі, было для ўсіх найвялікшаю радасцю. I як ні дзіўна, гэтае пачуццё рызыковае ўзнёсласці ўраз перадалося камандзіру роты — той адразу напружыўся, напяўся і крутануўся да нампаліта.
— Ударым!
— Можа, спачатку разведаць? — без жаднага ўздыму сказаў Грыневіч, старожка ўзіраючыся ў ноч.
— Тожа скажаш: разведаць! Напалохаеш толькі. А то — пакуль ціха…
— Ага, пакуль ахранення не выставілі, — падхапіў Крывашыяў.
— А ракеты нічога не свецяць: снег з дажджом забівае.
Мы падпаўзлі да самай траншэі — відаць, як зямлю выкідваюць, — ад узбуджанасці дрыготкім голасам даводзіў дазорны.
Ананьеў, здаецца, не слухаў: яго самога ўжо ахапіла відавочнае нецярпенне — як заўжды, прадчуванне баявой удачы выцясняла з свядомасці ўсе іншыя меркаванні.
Грыневіч, аднак, па-ранейшаму заставаўся стрыманы і нерухома стаяў збоч, уцяўшы голаў у плечы. Нібы ўслухоўваючыся ў бязладныя парывы ветру, ён з паўзамі зазначыў:
— А суседзі? Трэці батальён вунь дзе. I з другім разрыў у два кіламетры.
— Падцягнуцца ўначы твае суседзі. Не дзе дзенуцца…
Грыневіч памаўчаў.
— Ну, хай — падцягнуцца. А патронаў у нас хопіць? Дапусцім, саб’ем. А ўтрымаем?
Сапраўды, патронаў магло не хапіць, іх у нас было надта ж небагата, і гэта з відавочнаю абгрунтаванасцю пляжыла такі зманлівы намер ротнага. Ананьеў на секунду застыў, нешта прыкінуў, і мне здалося — зараз загадае разгортваць узводы ў абарону. I сапраўды, ён павярнуўся тварам у тыл, паслухаў, зноў зірнуў у бок нябачнае вышыні і, з канчатковасцю прынятага рашэння, махнуў кулаком.
— А, была — не была!.. Рубанём — пабачым! Васюкоў, дуй за ротай!
Грыневіч маўчаў: пярэчыць у такіх выпадках было бескарысна.
Праз дзесяць хвілін я прывёў роту. Паўсотні аўтаматчыкаў са слабым ляскатам збеглі з пагорка. Нейкі час па ўзбочыне шыбавала Пулька, але хтось у касцы выскачыў з калоны і схапіў сабачанё, мусіць, каб лішні раз не трапляла на вочы начальству. Не паспелі, аднак, мы наблізіцца да камандзіраў, як Ананьеў скамандаваў:
— За мной марш!
То хуткім крокам, то подбегам рота пашыбавала ўніз. Цяпер яна падцягнулася, сабралася ў адну купку, і зноў, нібы не было ні атак, ні страт, ні розных малых і вялікіх бядот, стала згоднай, чулай, пакорнай камандзірскай волі істотай. Яна была лепшай ротай у палку, і камандзір яе з нампалітам былі найлепшымі сярод ротных. Перад наступленнем сам генерал на мітынгу ставіў роту ў прыклад іншым. Васемнаццаць нашых аўтаматчыкаў атрымалі тады ўзнагароды, у тым ліку і я — медаль «За адвагу». Як і многія, я адчуваў у сабе ў той час ціхі і светлы гонар за свой такі ўдачлівы вайсковы лёс. Зрэшты, я заўжды быў задаволены тым, што давялося трапіць у такое падраздзяленне, да такога камандзіра, якім быў Ананьеў. Часам, праўда, гэта адчуванне слабела, часам знікала зусім, але вось у такія моманты, калі рота пачынала жыць адной мэтай, яно рабілася выразным і хвалявала. Стома, што нядаўна яшчэ атупляла, цяпер міналася, маўклівае трывожнае імкненне надавала сілы і рашучасці. Ніхто не пытаўся, што здарылася, куды бяжым, усе і без таго адчувалі, што неўзабаве штось праясніцца. I мы гатовы былі да ўсяго — перажыванняў, трывог і страт, абы толькі ў канцы была ўдача.
Ананьеў з Грыневічам і двума дазорнымі беглі наперадзе. Шапа маўчаў, а Крывашыяў узбуджаным шэптам даводзіў:
— Мы ім збоку зойдзем. Яны ўправа развярнуліся, а мы з фланга. Далібог! Так улеглі ў работу — ні чорта не бачаць. Турнём, што і не пікнуць!
— Ладна… — стомлена абарваў яго Ананьеў. — Памаўчы пакуль.
На бягу азіраючыся, камандзір распарадзіўся:
— За рэчкаю — у ланцуг! Камісар — з Піліпенкам, я — з Ваніным. I — бягом!
— Ясна.
Стойваючы дыханне, рота збегла ў нізінку. Дождж быццам пераставаў, сняжынкі ж пасыпаліся гусцей. Стала трохі відней: абапал цёмнай ад гразі дарогі туліліся сівыя, у мокрых плямах палеткі. Ананьеў увесь час пазіраў наперад, ды і Грыневіч таксама — трывожыла думка: а раптам засвецяць ракету. Нам трэба было яшчэ хвілін дзесяць-пятнаццаць. Галоўнае, каб перабрацца цераз ручай, які ўжо вірыў побач з дарожным насыпам, поўны чорнай вады.
Неўзабаве мы ўбачылі перад сабой і масток. Зрэшты, гэта быў не масток, а хутчэй тое, што ад яго засталося: высакавата над вадой ляжалі тры мокрыя палкі-бэлькі, па якіх трэба было перайсці роце. Адразу ж на тым баку аднекуль з’явілася двое — адзін у плашч-палатцы, другі ў знаёмай, падпяразанай рамянямі ватоўцы; у ім няцяжка было пазнаць Ваніна. Малодшы лейтэнант спрытна перабег па бервяне на гэты бок да Ананьева.
— Капаюць! Давайце хутчэй!
На хвіліну яны спыніліся, напаўголаса абмяняліся некалькімі фразамі, затым камроты імкліва падаўся на мост.
— Пойдзеш накіроўваючым, — падштурхнуў ён Ваніна і сам ступіў на бэльку.
Не спыняючыся, яны даволі ўпэўнена перайшлі на той бок, за імі перабег Крывашыяў, пасля, зацяўшы ў сабе страх ад магчымасці апынуцца ў ледзяным віры, перабраўся я. Грыневіч сышоў уніз і пачаў спрабаваць ботам бераг, каб перайсці ўброд; некалькі байцоў падаліся з насыпу за ім. Ананьеў жа стаў ля мастка і жэстамі прыспешваў хлопцаў. Аўтаматчыкі па адным, не вельмі, праўда, рашуча, перабягалі па двух бярвеннях, бо трэцяе было танчэйшае і не надта для таго зручнае. Мы з Ваніным хвіліну страхавалі хлопцаў у канцы іх не дужа бяспечнага шляху. Некаторыя, аднак, — тыя, што меней смелыя або не надта спрытныя, — лезлі ў ваду і следам за Грыневічам пераходзілі ручаіну ўброд.
— Хутка, хутка! — ціха падганяў Ананьеў. — I ў ланцуг.
Байцы, знімаючы на хаду аўтаматы, разбягаліся ўшыркі, ланцуг звыкла выстройваўся на касагоры. На тым беразе заставалася ўжо нямнога, і тады, не чакаючы іх, мы ад моста падаліся да роты.
Дарога павярнула кудысь управа, пад нагамі раптам заквякаў раскіслы, узараны пад зябліва палетак, у ім па шчыкалаткі загрузалі нашы боты. Нехта паціху вылаяўся. Ванін кінуўся ўбок, на сушэйшае, за ім скіравалі іншыя, але край ланцуга зблытаўся, усе збіліся ў кучу, і Ананьеў замахаў рукой, адганяючы байцоў далей. Яго, аднак, не дужа разумелі ў гэтай прамозглай цемры. Тады Ванін, амаль штурхаючы кожнага, трохі расцягнуў узвод управа і бягом вярнуўся да ротнага. Як ні дзіўна, мне з імі двума было амаль спакойна: думалася, калі яны тут, дык благога не будзе. Да таго ж, я міжвольна любаваўся Ваніным, ягонаю вытрымкай і асабліва спрытам, у глыбіні душы хацеў бы стаць такім, як гэты камандзір узвода, які, зрэшты, быў не намнога старэйшы за мяне.
Было яшчэ што-колечы бачна, снег на траве не таяў. Схіл усё падымаўся ўгору, мусіць, недалёка была вяршыня, але прыцемкі ўсё ж хавалі яе. Вецер па-ранейшаму нёс рэдкае ахлоп’е снегу, дажджу не было, хоць ад таго не стала сушэй.
Урэшце Ванін, які бег крышку ўбаку і наперадзе ад нас з ротным, у цішыні шчоўкнуў затворам аўтамата. Ананьеў дастаў з-за накідкі свой «вальтэр». Я таксама зручней перахапіў ППШ — падсвядомае адчуванне сведчыла: неўзабаве пачнецца.
Пэўна, ужо ўся рота як-колечы разышлася ў няроўны блытаны ланцуг. Праўда, той яе фланг нябачна знікаў у прыцемку, а на гэтым аўтаматчыкі зноў збіліся ў густаваты для атакі шэраг. Схіл між тым патроху выроўніваўся, бегчы стала лягчэй, але наперадзе ў шэрым заснежаным паўзмроку ўгадвалася новая круцізна, і там жа нешта чарнела — хмыззё або зноў ворыва. Магчыма, аднак, там былі немцы. Каб у такі час не аказацца за спіной у Ананьева, я трошкі аббег яго і пайшоў амаль поруч. Ён адразу заўважыў тое і раптам крута падаўся бліжэй.
— Гранаты ёсць?
У кішэнях у мяне заўсёды былі дзве «лімонкі», якія я бярог на крайні выпадак. Цяпер я мусіў дастаць адну, і камандзір роты амаль выхапіў яе з маіх рук.
Тады ўпершыню спераду данёсся чужы, трывожлівы гук. Было падобна, быццам нехта пастукаў дрэвам па дрэве — можа, насаджваў на чаранок рыдлёўку або збіваў з яе гразь. Ананьеў на секунду спыніўся, але зноў шырока засігаў па мокрай, аснежанай траве.
Так мы падбеглі да самай крутой мясціны і, хапаючыся за галлё нейкіх кусцікаў, бокам, каб не паслізнуцца, нязграбна палезлі ўгору, нехта ўсё ж паслізнуўся, упаў, але тут жа вёртка падхапіўся. Ванін, тонкі і спрытны ў сваёй ватоўцы, некалькі разоў узмахнуўшы рукамі, хуценька ўзбег на пагорак. Мы з Ананьевым трохі запазніліся і адсталі ад узводнага крокаў на дзесяць. Я стараўся як мог, але ледзьве паспяваў за камроты: у баі той таксама паказваў проста дзіўную для яго няўклюднага цела рухавасць.
На самай броўцы я, на няшчасце, таксама паслізнуўся і ўпаў. Добра, аўтамат быў на шыі і не загрымеў уначы, каска таксама затрымалася на галаве, а то б быць бядзе. Ананьеў ужо выскачыў на роўнае, папраўляючы каску, я таксама вытыркнуўся з-пад абрыву і тут жа прысеў, адчуўшы няладнае.
Наперадзе не болей чым у дваццаці кроках была траншэя.
Пэўна, мы натрапілі на яе самы фланговы канец. Раскапаная зямля выразна чарнела ў шаравата-заснежаным доле. Мяркуючы па невысокім, шырока раскіданым брустверы, траншэя была яшчэ мелкая, толькі пачатая. Чорная яе крывуліна кінулася ў вочы з першага ж позірку. Там, у ёй, варухнулася нешта жывое. Жывое гэта раптам прыпыніла свій рух і замерла. У наступнае імгненне стала зразумела, што гэта — немец і што ён ужо ўбачыў нас, але не мяне і, мабыць, не Ананьева, а некага, хто ўжо апынуўся побач з траншэяй. Немец, прыгорблены, з рыдлёўкай зямлі ў руках, змярцвеў на імгненне, затым глуха ўскрыкнуў. У той жа час да яго цераз бруствер спружыніста матлянуўся хтось з нашых (я не адразу зразумеў, што гэта Ванін), коратка ткнуў немца, і той хіснуўся на спіну, знік у траншэі. Ванін прапаў разам з ім, некалькі пакутліва доўгіх імгненняў не было відаць яго, аж потым у баку за брустверам слізганула ў змроку прыгнутая постаць з малаю пехацінскай лапаткай у руках.
Мы з Ананьевым шырокімі скачкамі кінуліся да траншэі. Але мы яшчэ не паспелі дабегчы да яе, як зводдаль хлёстка шчоўкнула ў цішы, і прыцьмелую высь над полем з шыпучым трэскам прарэзаў агняны хвост асвятляльнай ракеты. Яна распусцілася крышачку ў баку ад вышыні, неба навокал шырока запалілася сцюдзёным, ліхаманкава дрыготкім святлом. Аслепленыя яе прарэзліваю яркасцю, мы ўсё ж згледзелі, як у загінастай зяпе траншэі сям-там знерухомелі постаці немцаў. I тады недзе побач з пругкім пранозлівым трэскам ударыў аўтамат.
Мільготкае святло зверху трывожна хіснулася ўніз, мноства выгінастых даўжэзных ценяў шаснула па зямлі ўбок. Стараючыся не згубіць Ананьева, я следам за ім сунуўся ў траншэю. Пад ногі трапілася нешта незразумела мяккае, з гідлівасцю і страхам я сігануў далей, штурхнуўся ў прыцемках аб камандзіра роты. Ананьеў стрэліў. Прысеў, ды раптам дужа тузануўся правым бокам угору — кінуў гранату. Не чакаючы выбуху, я памкнуўся наперад, але камроты дужым рыўком за палатку асадзіў мяне ўніз, у цеснату траншэі. Недзе побач ля самае галавы паветра прапарола чарга: я гэта адчуў нейкай надзвычай абвостранай часцінкай пачуцця, якая, мабыць, адна і кіравала ў баі. У той жа час зусім блізка за брустверам люта грымнула, зямля, пыл і трацілавы смурод горача пыхнулі ў твар.
— Упярод! — крыкнуў Ананьеў. — Гранатамі — агонь!
Сквозь на вышыні горсткім трэскатам зайшліся аўтаматы, у паветры знаёма дзігалі чэргі. Хто і адкуль страляў, было не разабраць. Грымнулі адзін, два разам, тры і чатыры выбухі, — мусіць, гэта нашы пачалі біць гранатамі. Ананьеў прыўзняўся ў мелкаватай яшчэ, па грудзі, траншэі, азірнуўся і зноў закрычаў:
— Упярод, такой тваёй матары! Наша бярэ! Упярод!
Натыкаючыся на павароты траншэі, чапляючы плячыма сцены, мы некалькі дзесяткаў метраў беглі яе хадамі. Нехта тупацеў папераду, не зразумець было — свой ці немец. Але вось зблізку ў траншэі стрэлілі — з цемры амаль ва ўпор востра бліснула чырвоным агнём. Ананьеў пругка ўтнуўся, нібы права-ліўся: я аж спалохаўся за яго і цераз голаў камроты наўздагад стрыкнуў туды з аўтамата. На шчасце, ён тут жа ўскочыў, і якраз у час. Нешта вялікае матлянулася непадалёк цераз бруствер, ротны торапка ткнуў у той бок пісталетам. Я, аднак, не чуў яго стрэлу — сам дрыготкімі ад хвалявання рукамі ўскінуў па-над брустверам аўтамат і даў наўздагон траскотную, мусіць, занадта доўгую чаргу. Затым яшчэ нехта скочыў з траншэі ў поле, нехта другі на бягу перамахнуў бруствер. У змроку і там і тут бліскалі чырвоныя і белыя пыхаўкі стрэлаў. Кулі нізалі паветра ва ўсіх напрамках, ваўсю ішоў бой, але падобна было — немцы ўцякалі.
Тады мы спынілі свой сляпы бег у траншэі, каленямі скочылі на мяккія глыжы бруствера. Перш чым пусціцца далей, я азірнуўся: уздоўж траншэі за намі, прыгнуўшыся, бегла двое. З кароткіх супынак яны дзігалі чэргамі міма нашых галоў у паўзмрок, дзе наўкось ад траншэі з усіх ног ратаваўся хтось у даўгаполым расхрыстаным шынялі. Мне ён быў бліжэй. Ускочыўшы, я таропка і кораценька стрэліў. Той упаў на калена, і тут жа з-пад яго рук востра бліснула ў наш бок. Ананьеў выкінуў наперад руку з пісталетам, аднак стрэлу не атрымалася: мусіць, штось сталася з яго «вальтэрам». Камроты апантана закрычаў мне: «Васюкоў, бі!», а сам, угнуўшыся, аберуч схапіўся за зброю. Прыпыніўшыся, я зноў тыркнуў кароценькай чаргой, ды, мабыць, міма: немец крутануўся, ускочыў і імкліва пусціўся ў паўзмрок. Ананьеў разлютавана лаяўся. Скрозь пырскат чэрг я выразна чуў гэтую яго лаянку, аднак у мяне таксама заела аўтамат — стрэлаў не было.
Я кляў сябе за той промах, але затвор толькі дарма лязгаў: мусіць — апаражнеў дыск. (I трэба ж здарыцца такому ў самы крытычны момант!) Прыпаўшы на калена, я выхапіў дыск з аўтамата і сунуў за пазуху. Я не паспеў яшчэ перазарадзіць, як Ананьеў рынуўся наперад проста на немца. Тады і я ўскочыў. Адной рукой я стараўся расшпіліць сумку з магазінамі і не спускаў позірку з ротнага. Той нешта крычаў. Немец яшчэ раз грымнуў таропкім вінтовачным стрэлам, аднак прамахнуўся і, прыгнуўшыся, кінуўся ў цемру. Вінтоўка яго чамусь засталася на доле. Ананьеў тут жа падхапіў яе і, шырока размахнуўшыся, шпурнуў немцу пад ногі. Немец спатыкнуўся, ледзьве не паляцеў тварам у гразь, але ўтрымаўся і азірнуўся. Мабыць, убачыўшы аднаго даганятага, ён раптам зрабіў выпад насустрач, гатовы кінуцца на камандзіра роты.
Але тут паспеў я.
Вобмацкам запхнуўшы ў аўтамат новы дыск, я ва ўпор даў па ім доўгую агняную ў цемры чаргу. Немец прутка выгнуўся і разам асеў. Я ўзрадавана кінуўся далей, але тут жа выразна сцяміў, што паспяшаўся. Мы зарваліся. Паблізу у прыцемках мільганула некалькі постацей, адначасна ў трох кроках ад мяне штось імкліва ляпнула вобзем. Я не ўбачыў, што гэта было, я адчуў толькі ўдар, тут жа ў твар пляснула гразёй, і тады я зразумеў: граната! Яна падскочыла і матлянулася дзесь пад самыя мае ногі. З незвычайнай выразнасцю, як гэта бывае толькі за імгненне да пагібелі, я адчуў: канец. Спалох штурхануў мяне ад гэтага месца, ды так апантана, што ногі не ўтрымалі гэтага выратоўчага штуршка, і я цераз голаў пакаціўся па мокрай зямлі.
Выбуху я чамусь не пачуў, — адчуў толькі, як люта дзеранула на спіне палатку і нібы зубілам звонка дзёўбнула ў каску, адно вуха адразу аглухла, шчака здранцвела, на нейкі час я перастаў адчуваць сябе і, калі падбег Ананьеў, як дурань, не мог зразумець, што здарылася і што яму ад мяне трэба. Пакуль я няўцямна курчыўся на зямлі, камроты тузаў мяне за палатку, затым нешта пракрычаў у твар — я адчуў толькі яго зморанае гарачае дыханне. Тут жа сам паспрабаваў узгрэбціся на калені і застагнаў ад пякучага болю ў плячы.
Ананьеў ускочыў, некуды пабег у цемру, затым зноў апынуўся побач, камусь замахаў рукой. I раптам, нібы вынырнуўшы з-пад вады, я пачуў яго незразумела чужы і дужа далёкі голас:
— Стой! Рота, стой! Назад! У траншэю назад!
Тады я нібы ачнуўся ад гарачай задухі, зразумеў, што жывы, і пачаў марудна ўставаць на ногі. Плячо пякотка мярцвела, рука аблівалася чымсьці гарачым, з рукава хуценька і часта закапала ў мокры дол.
Я чуў, як камандзір роты некага паклікаў, той неўзабаве падбег да мяне, падняў з долу аўтамат, паправіў на галаве каску. У гэты час я ўжо ўстаў і зрабіў са два крокі. Ногі мае былі цэлыя. Рану на плячы я сціснуў здаровай рукой, але з Рукава ўсё капала — штораз то болей. Баец падхапіў мяне пад паху здаровай рукі. — Пастой, Васюкоў, перавязаць трэба. Чуў я, здаецца, толькі адным вухам і па голасе пазнаў яго — то быў Лутохін з узвода Піліпенкі. Але я не хацеў тут спыняцца, — непадалёк усё яшчэ трашчалі аўтаматы, і ўгары ва ўсіх кірунках дзігалі кулі, Ананьеў прапаў недзе, мусіць, з узводам Ваніна пабег далей, на другі схіл вышыні. Частка роты, аднак, асела тут, у траншэі, я трохі чуў галасы і ішоў туды. Лутохін зважліва падтрымліваў мяне. Вецер насіў у паветры мокрыя сняжынкі.
Мы саскочылі ў гразкую траншэю, у якой ужо гаспадарылі аўтаматчыкі, трое ці болей з іх выкідвалі прэч забітага немца, але, мусіць, не дабралі сілы і ніяк не маглі ўзваліць яго здаравеннае цела на бруствер. Тады адзін вылез з траншэі, і з яго дапамогай байцы як-колечы ўзвалаклі забітага наверх. Цягнуць яго далей у іх не было ахвоты.
— Хай пруцянее. Усё ад куль укрыцце.
Баец прысеў над забітым і пачаў дзелавіта абмацваць яго кішэні, іншыя гідліва выцерлі аб шынялі далоні і далі прайсці нам. Нехта, пазнаўшы мяне, пацікавіўся:
— Што, накалолі, Васюкоў?
— Накалолі, — замест мяне адказаў Лутохін. — Не бачылі, дзе Цвяткоў?
— А хто яго… Пад гарой, мусіць.
— Ззаду, ведама, чаго яму тут быць?
Лутохін клапатліва зняў з мяне рэшткі пашкуматанай выбухам палаткі, неяк адчапіў лямкі рэчавага мяшка, таксама пасечанага асколкамі. Хістаючыся, я прайшоў яшчэ некалькі крокаў па свежавыкапанай траншэі і на паваротцы сутыкнуўся з старшыной Піліпенкам. Шорхаючы аб вохкія сцены палаткай і аддаючы каманды, той шыбаваў па траншэі. Згледзеўшы мяне, закрычаў:
— Ты куды? Ану, гэць на місцэ! — і спахапіўся: — Цэ хто?
— Гэта я, — стараючыся заставацца спакойным, сказаў я. — Дзе Цвяткоў, не бачылі?
— Васюкоў? — здзівіўся старшына. — А дэ ж камандзір роты?
— Там, — кіўнуў я ў бок, дзе ўсё яшчэ патрэсквалі чэргі.
— Тэбэ параніло? Ага? А цэ хто? Лутохін? — пазнаў Піліпенка. — Вас тэ ж параніло?
— Ён памагае, — сказаў я.
— Ніякіх памагатых! — адрэзаў Піліпенка. — Па ўставу забаронэно. Шагам марш, Лутохін. Далажыць камандзіру аддзялення.
Глядзі ты, якая строгасць, раздражнёна падумаў я. Перад камандзірам роты ён маўклівы няўклюда, а тут — такая непрыступнасць! Піліпенка, аднак, узяў у байца мой аўтамат, і Лутохін паныла паплёўся па траншэі да свайго аддзялення.
— Пішлы. Цвіткоў бліндаж асвоюе, — сказаў Піліпенка. — Такый гарный бліндаж…
Старшына павярнуўся і, па-ранейшаму дзеручы палаткай сцены траншэі, вузкаватай для яго шырокага цела, напорыста рушыў кудысьці ў змрок.
Мы прайшлі, мабыць, метраў дзвесце. Траншэя, віляючы ў бакі, цягнулася па ўсёй вышыні — ад схілу да схілу. Месцамі яна была зусім мелкай — да пояса і нават да калень, у дне валяліся кінутыя немцамі рыдлёўкі, утаптаныя ў гразь палаткі. Там і сям аўтаматчыкі з узвода Піліпенкі таропка дзяўблі яе тыльную сцяну — уразалі стралковыя ячэйкі. Скіраваныя ў другі бок, нямецкія цяпер былі без патрэбы. Піліпенка па-начальніцку пакрыкваў:
— Швыдэнька, парубкі! Удараць міны — траншэя мамачкай будэ.
Ён ужо рыхтаваўся да абароны. Вядома, немцы маглі ўдарыць, але на тым фланзе ў Ваніна яшчэ ішла перастрэлка. Ці не варта было б памагчы? Праўда, камандзір роты, здаецца, аб тым не загадваў, а Піліпенка без загаду не меў завядзёнкі залішне выпінацца наперад.
Цвяткова мы знайшлі ля ўвахода ў бліндаж, які ён завешваў палаткай.
Піліпенка гукнуў:
— Цвіткоў!
— Ну…
— Ось параніты.
— Хто? — затыкаючы ўгары канцы палаткі, абыякава запытаў Цвяткоў. Я азваўся. На санінструктара маё раненне, аднак, не зрабіла ніякага ўражання.
— Чакай. Зараз закончу — паглядзім.
— Багато ранэных? — запытаў старшына.
— Ерунда, тры чалавекі, Не лічачы Крывашыява.
— А што Крывашыяў?
— Гатоў — што? Перавязаў — толькі бінты папсаваў.
— Крывашыяў? — чагось не мог даўмецца Піліпенка.
— Ну. Чаго здзівіўся? Хіба ён ад куль заварожаны.
— Так він жэ так ірвався сюды! — прастадушна сказаў Піліпенка. — Турнэм, кажэ.
— Вось і турнулі. Сем куль у грудзі — не жартачкі. Ну, заходзьце…
— Зараза! — сказаў старшына і, раптам павярнуўшыся, хутка пашыбаваў назад да свайго ўзвода.
Я падлез пад палатку і апынуўся ў суцэльнай сырой цемры. Моцна смярдзела порахам, паленым рыззём, яшчэ нечым — чужым і агідным. Пад нагамі трапілася нейкая адзежына, я адкінуў яе нагой з праходу. За мной у бліндаж сунуўся Цвяткоў.
— Не можа да забітых прывыкнуць. Ведама ж, у АХЧ забітых не было. Але тут яму не АХЧ.
Цвяткоў меў на ўвазе нядаўнюю тылавую службу Піліпенкі і, мусіць, выклікаў мяне на размову пра старшыну, але я прамаўчаў. Дужа балела плячо, на боты з рукава капала кроў, і я проста губляў трыванне: калі ж ён дабярэцца да мяне, гэты памочнік смерці? Цвяткоў між тым засвяціў запалку, агледзеўся. Пасля запаліў другую. Земляныя сцены ў бліндажы былі сырыя і голыя, ля ўвахода абрушыўся пласт глею і засыпаў кут. Насупраць ля сцяны валяўся нямецкі шынель, некалькі скамечаных коўдраў; раскіданыя карты свежымі плямамі бялелі на зямлі. Па другі бок ад увахода ляжала напаўразбітая выбухам жоўтая скрынка ад боепрыпасаў — відаць, хтось з нашых сунуў сюды гранату. Над скрынкаю ў сцяне, аднак, аказалася зграбная маленькая палічка, на якую ў зямлянках звычайна ставяць свяцільнік. Цвяткоў з запалкаю ў руках нахіліўся, пашукаў і сапраўды знайшоў у доле скінутую выбухам плошку. Здзьмухнуўшы пясок, ён запаліў яе, і змрок у бліндажы трошкі рассеяўся.
Санінструктар аб чымсь запытаў, але я недачуў, бо стаяў да яго глухім вухам.
— Аглух, ці што? — крыкнуў ён дужэй. — Куды цябе?
— Ды во — у плячо.
— Сядай.
Я паслухмяна сеў на край скрынкі. Цвяткоў скінуў з сябе мокрую, страшэнна шархоткую палатку і дастаў з ножнаў на дзязе разведчыцкі нож.
— Ты што — рэзаць?
— А што ж яшчэ?
— Здзену як-небудзь.
Не без яго дапамогі я расперазаўся, зняў сумку з магазінамі, палявушку-кірзоўку і аднаруч расшпіліў свой зялёны англійскі шынель. Але потым стала так балюча, што аж памутнела ўваччу, і я думаў — сканаю, пакуль ён здзёр з мяне гэты мокры, у некалькіх месцах прабіты шынэлак. Рукаў гімнасцёркі быў рассечаны асколкам ніжэй ад пагона і скрываўлены аж да манжэты. Тут ужо я не рызыкаваў пярэчыць, і Цвяткоў спрактыкавана распаласаваў яго зверху данізу. Я толькі адвярнуў голаў.
— Так, так, — няпэўна сказаў ён, мацаючы рану. — Касацельнае асколачнае. Два тыдні санбату.
Толькі ўсяго! Гэтае вызначэнне здалося мне занадта аптымістычным. Праўда, я ведаў, што медыкі заўжды суцяшаюць параненых, нават і тады, калі тыя дыхаюць на ладан. Аднак цяпер, здаецца, Цвяткоў не хітрыў — у мяне ж увесь час было такое ўражанне, што рука прапала.
— А косць як? Цэлая?
— Абсалютна, Васюкоў.
Цвяткоў, прыслухоўваючыся да гукаў наверсе, дастаў шырокі скрутак бінту і туга абматаў мне плячо. Затым ватай збольшага выцер кроў на руцэ і прыладзіў для яе почапку на шыю.
— Не раненне, а ўкус камара. Першы раз?
— Першы, — сказаў я.
— Гэта, можна сказаць, пуцёўка на адпачынак. Гарантыя на два тыдні жыцця.
Я, аднак, не адчуваў ад гэтай гарантыі вялікае радасці — рана балела ўсё болей, нешта нядобрае, узрушана-трывожлівае тачыла маё адчуванне. Па даўняй франтавой звычцы нейкая частка маёй увагі ўвесь час была звернута на тое, што чулася зверху, аслабелы слых лавіў кожны гук адтуль, ад немцаў. Чэргі на тым схіле, здаецца, прыціхалі, бой змаўкаў. З траншэі сюды часам прарываліся стрыманыя галасы аўтаматчыкаў, пранікаў сцішаны шоргат рыдлёвак. I раптам між іх пачуўся кароценькі сабачы віск. Цвяткоў, які ўжо збіраў у сумку сваё медыцынскае начынне, здзіўлена варухнуў брывамі.
— Глядзі, і Пулька тут!
Калі тут Пулька, падумаў я, значыцца, недзе паблізу павінен быць і Ванін, якога я так і не бачыў пасля ягонага адчайнага скачка ў траншэю. Неўзабаве, аднак, Пулька гаўкнула бліжай, пачуўся бас Піліпенкі, і на ўваходзе зашэрхала палатка.
Здалося, неслі параненага. Нехта там нязграбна затупаў, у шчыліну ля краю адхінутай палаткі працягнуліся рукі, якімі чалавек неяк дужа няўпэўнена намацаў сцяну-апору. Затым пад палатку сунулася прыгнутая галава, плечы, і мы абое з Цвятковым аж здрыгануліся — у бліндаж лез немец. Праўда, следам за ім ішоў Ванін, я адразу пазнаў яго крутаплечую, у ватоўцы, апяразаную рамянямі постаць. Між іхніх ног шмыганула Пулька. У бліндажы яна павярнулася да немца і некалькі разоў пагрозліва на яго гаўкнула.
Увайшоўшы, немец прыпыніўся, трымаючыся рукой за сцяну і з нейкім здурнелым выразам у вачах коратка зірнуў на нас. Левая напаўсагнутая ў калене, разутая яго нага была, відаць па ўсім, параненая.
— Куды б яго тут? — азіраючы бліндаж, запытаў Ванін. — Во давай на шмуткі. Садзіся, фрыц! Біттэ!
Перабіраючы па сцяне рукамі, немец разы два скокнуў на адной назе і цяжка плюхнуўся задам на шмуткі-коўдры. Затым ён нізка ўгнуў голаў у зімовай казыркастай шапцы і схаваў ад нас твар. Пулька зноў выскачыла перад ім і злосна-страхавіта вурчэла, не могучы чагось супакоіцца.
Ванін валюхаста пераступаў мокрымі ботамі, у якіх чвякнула гразь, і сказаў Цвяткову:
— Перавязаць трэба.
Цвяткоў, не скрануўшыся з месца, працяў яго злосным позіркам.
— А што я — нямецкі фельчар?
У гэты час знадворку, ледзьве не сарваўшы палатку, улез шумны, камлюкаваты Піліпенка.
— Ну, дэ ваш фрыц? Давай ёму расход зробымо?
Санінструктар моўчкі стаяў з незадаволена-зацятым выразам на чыстым, прыгожым, нейкім дзяўчачым твары. Параненая нага немцава моцна крывавіла, на зямлі ля яе ўжо з’явілася і шырэла невялічкая цёмная пляма.
— Сяржант Цвяткоў, перавяжыце немца! — загадаў Ванін тонам, які адразу выключаў усе размовы.
Піліпенка шчыра здзівіўся:
— Кого? Німця? Да вы шчо, жартуете?
Ванін, аднак, маўчаў, не зводзячы вачэй з інструктара, і той урэшце ўзяўся за сумку. Расшпіліўшы яе, ён дастаў рэшту бінту, якім перавязваў мяне.
— Во, пры сведках… — змрочна папярэдзіў ён. — Я быў супраць.
Піліпенка плюнуў і незадаволена затупацеў ля выхаду.
— Я б ёго пэрэвязав! Хай бы здох, падлюка! Як наші от іх здыхаюць…
Ванін між тым тузануў немца, які, здавалася, задрамаў, але зараз жа з нейкай нервовай гатоўнасцю ўскінуў вузкі худаваты і белы твар. I раптам вочы яго пагрозліва звузелі, рот перасмыкнуўся ў няпэўнай грымасе. Я не паспеў згледзець, што там здарылася, як Цвяткоў узмахнуў над галавой бінтом і адскочыў назад, моцна штурхануўшы Піліпенку. Абое яны стукнуліся аб сцяну зямлянкі, зачапіўшы Ваніна, які, аднак, нават не зрушыў з месца.
— От гад!
— Дай ёму, падле!
Не дужа зграбна Піліпенка ўскочыў на ногі, некуды матлянуўся Цвяткоў. Плошка на сцяне ледзьве не захліпнулася, агняны яе язычок роспачна заматляўся ў кардоннай баначцы. Апантана залямантаваў Пулька. Аднак немец не збіраўся ні біцца, ні ўцякаць, здаровай нагой ён бараніўся ад сабакі. Я бачыў яго перакошаны ўсё той жа грымасай твар і сцятыя кулакі, ён упёрся спіной у сцяну, трымаючы напагатове абутую ў бот нагу.
— Сука! — крыкнуў Цвяткоў ужо з маім аўтаматам у руках.
— Тыркні ты ёму! Шо з ім важдатыся! — крычаў Піліпенка.
— Спакойна! — сказаў Ванін і стаў паміж імі і немцам. Звыклым рухам рукі ён паправіў на сабе тоненькую планшэтку. — Спакойна, фрыц. Хочаш здохнуць — нічога не выйдзе. Цвяткоў, бяры бінт!
Рашуча сігануўшы, Ванін наваліўся на немца, згроб яго, перавярнуў і прыціснуў тварам уніз. Немец задрыгаў нагой у боце, пракапаў земляную баразну ў доле і сціх.
— Перавязвай!
— Я? — амаль спалохана здзівіўся Цвяткоў.
— Ты, а хто ж! — ускіпеў Ванін, ашчаперваючы немца.
З прыкметнай нерашучасцю падступіўшыся да яго, Цвяткоў здзёр з параненай немцавай нагі скрываўленую суконную шкарпэтку і таропка абматаў лытку бінтом.
— Ось так! — сказаў Ванін, устаючы на ногі.
Немец ваўкавата і моўчкі сеў, забіўшыся далей у кут.
У бліндажы не мог супакоіцца Піліпенка.
— Шчо вам утэмяшылася ёго перэвязуваты? Бінта тількі папсувалы, а свайму Івану не хопіць! Тыркнуць ёго, і ўсэ! — махаў ён рукой.
Ванін, не паднімаючы позірку, сказаў:
— Вы б менш балбаталі, старшына!
— А шчо, нэ правда? Пэрэвязуваты ёго! Можа, шчэ тушонкай корміты будэтэ?
На момант затрымаўшы на старшыне клапотны позірк, Ванін уздыхнуў.
— Мы за ім ледзь не да станцыі беглі. Ён у мяне ўвесь парабелум разрадзіў. А вы — тыркнуць. Заўтра ў полк адправім.
— Нэ бачылы ў палку такэй гныды, — бурчаў трохі паспакайнелы Піліпенка.
Цвяткоў, штось затаіўшы ў сабе, маўчаў. Малодшы лейтэнант падняў з-пад ног стаптаную шапку.
— Ладна. Пільнуйце, я пайшоў.
Ён тры раз чвякнуў ботамі і вылез з бліндажа. За ім выбегла Пулька. Пасля выйшаў Піліпенка, які ўсё бурчаў на немца. Але не паспеў ён змоўкнуць у траншэі, як сюды ўлезла аж трое параненых, якія шукалі санінструктара.
У бліндажы стала цесна і холадна, сесці не было дзе. Цвяткоў па-начальніцку прыкрыкваў на байцоў — то не там сталі, то не так павярнуліся. Я не мог сабе знайсці месца і, праклінаючы новую для сябе долю параненага, накінуў волкі яшчэ шынель і вылез у траншэю.
Неба як быццам пасвятлела, дажджу не было, сняжынкі ўсё лёталі ў паветры, пранозліва дзьмуў вецер. Бой ужо ўсюды сціх, немцы, мусіць, уцяклі на станцыю, і я падзівіўся, як усё ж лёгка ўдалося іх выбіць з вышыні. Канешне, ударылі знянацку, яны праваронілі нас на падыходзе. Але наўрад ці яны прымірацца са стратай гэткага зручнага ва ўсіх адносінах апорнага пункту.
Плячо, не перастаючы, балела ўсё мацней, у вуху надакучліва гуло, нешта замінала там, як бывае, калі, купаючыся, набярэш вады, і я падумаў, што, мабыць, сапраўды адваяваўся. Не мінаваць санбата, гэта — пэўна. Але перад тым, як адпраўляцца туды, усё ж, мусіць, трэба было пабачыць Ананьева, каб хоць развітацца, ці што.
Траншэя была доўгая, з няроўным брустверам, ужо добра прысыпаным снегам. Праз пэўныя прамежкі, аднак, бруствер чарнеў свежай зямлёй — у тых месцах, дзе аўтаматчыкі абсталёўвалі сабе ячэйкі. Некаторыя ўжо зморана стуліліся ў іх, скурчыўшыся ў тры пагібелі, іншыя, данятыя сцюжай, сноўдаліся па траншэі, прытупваючы абцасамі ў доле. Над прыцьмелаю вышынёй ляжала маўклівая ноч. Ракет немцы не кідалі.
Мне сказалі, што Ананьеў далей у траншэі, я мінуў яшчэ некалькіх аўтаматчыкаў і тады пачуў яго голас, якім старшы лейтэнант звычайна размаўляў уначы з байцамі — разважліва, па-хатняму сцішана (занепакоены агульнаю справай і не хаваючы таго непакою). Ноччу, як я заўважыў, камандзір рабіўся прасцей, бліжэй і спакайней, чым заўсёды. Крыклівы пехацінскі камандзір у гэтую пару сутак у ім знікаў зусім. Я ціха падышоў бліжэй.
— Канешне, могуць лупануць, — казаў камроты. — Ну, але не на голым полі. Хай паспрабуюць… Вось пераначуем, а заўтра ранічкай усіх параненых у тыл. К абеду ў медсанбаце будзеш.
Хтосьці аслабелым голасам вяла пярэчыў:
— Не, ужо — усё… Не дажыць мне…
— Ды ну, кінь ты, ядрона вош! — нецярпліва супакойваў яго Ананьеў. — Не дажыць, не дажыць… Дажывеш! Трапіш у шпіталь — праз месяц-два такі герой будзеш!
Выйшаўшы з-за павароту траншэі, я адразу наткнуўся на іх. Тут быў недабудаваны, кінуты немцамі бліндаж — яма збоч ад траншэі, без даху і без дзвярэй, з чатырма бёрнамі-стаякамі ў кутках. У гэтай яме на шынялі ляжаў нехта, спавіты бінтамі, ля яго ў нагах сядзеў і курыў Ананьеў. Таксама хтось нерухома застыў ля галавы. Грыневіч з Піліпенкам маўкліва стаялі ў траншэі, ля іх прысланіўся да сцяны аўтаматчык з другога ўзвода Зайцаў. Згледзеўшы гэтага Зайцава, я міжвольна адчуў у сабе нешта нядобрае: чаму ён тут? Зараз жа з’явілася здагадка, ад якой крыўдліва зашчымела ў душы — усё ж я яшчэ быў у роце і нават яшчэ невядома, можа, абышоўся б і без санбата. Аднак той, што ляжаў у доле, мяркуючы па ўсім, быў цяжка паранены, і я, зацяўшы ў сабе раптоўную прыкрасць, запытаў напаўголаса:
— Хто гэта?
Ананьеў падняў галаву.
— А, Васюкоў! Ну як?
— Ды нічога, — стрымана адказаў я. — У плячо вось…
— Магло быць горш, — сказаў камандзір роты. — Я дык падумаў — табе хана…
Падумаў, ну і хай! I так дзякуй, не кінуў, паклапаціўся. Што ж было надта тужыць пра гэта? I ўсё ж дакучлівая туга не міналася, засела недзе ў свядомасці і патроху занепакоена там ныла.
— Васюкоў, — слабым голасам паклікаў мяне паранены. Я падышоў бліжэй і ў змроку ледзьве пазнаў небараку — то быў Крывашыяў. — Васюкоў… і ты таксама?
— Папала. Толькі мяне лёгка, — сказаў я з трошкі робленай бадзёрасцю ў голасе і гучней, чым было трэба.
— А я вось… — вьшыхнуў, не дагаварыўшы, Крывашыяў.
Ананьеў устаў і паглядзеў па-над брустверам.
— Нічога. Будзеш жыць. Не такія выжывалі.
Не, тут жа падумаў я, наўрад ці яму прыйдзецца выжыць. Не ведаю чаму, але я адразу зразумеў, што Крывашыяў на гэтым свеце ўжо не жыхар. Побач ціха ўздыхнуў той, што сядзеў у глыбіні бліндажа. Прыгледзеўшыся, я пазнаў у ім Гумянюка. I тады прыпомнілася, што яны з Крывашыявым землякі, здаецца, з аднае вёскі — калісьці ў адной камандзе і разам мы прыйшлі ў роту. Ад тае каманды засталося, мабыць, чалавек дзесяць, а цяпер будзе яшчэ на аднаго меней.
— Ну, дзе той разгільдзяй Цвяткоў? — вылаяўся камроты. — Што гэта за гадства такое!
— Цвяткоў у бліндажы, — сказаў я. — Там трое параненых.
— Цяжка?
— Лёгка, здаецца.
— Лёгка, лёгка… Тут во гэтага ратаваць трэба. А то перавязаў і кінуў. Ну, пачакай: прыйдзе — я яму дам разгон!
— Пасля, — ціха сказаў з траншэі Грыневіч.
Ананьеў ускінуў голаў.
— Не ўжо. Без адкладу. Я яго навучу, як радавога байца любіць. А не — дык к чортавай матары: аўтамат у рукі і — у ланцуг!
Паранены слаба заварушыўся ў доле.
— Таварыш старшы лейтэнант… Не трэба. Не трэба ўжо. Што ён…
— Як гэта не трэба, Крывашыяў? Кінь ты панікаваць. Трапіш у шпіталь, у цяпло, на белыя прасцінкі — ураз палепшаеш. Дактары, яны цяпер такія, — налаўчыліся за вайну — разарванага на кавалкі сшыюць, залечаць — будзь здароў… Яшчэ лепшы атрымаецца. Сам прайшоў праз іхнія рукі, знаю.
Гумянюк трудна, працяжна ўздыхнуў.
— Я як чуў, — гаротна сказаў ён. — Малодшы лейтэнант як клікнуў, ёкнула маё сэрца. То былі заўжды разам, і нічога. А тут адлучыўся, і вось…
Да яго ніхто не азваўся, усе і без таго перажывалі тужлівую непапраўнасць гэтай бяды. Грыневіч з Піліпенкам маўкліва стаялі ў змрочнай траншэі. Ананьеў услухаўся і ціха вылаяўся.
— Ну, я дачакаюся ці не?
Аднак па траншэі ўжо ішлі — неўзабаве хтось спыніўся на ўваходзе ў яму-бліндаж, і да параненага пралез з сумкай на жываце Цвяткоў. Ананьеў пагрозліва маўчаў. Цвяткоў яго, мусіць, не адразу заўважыў і трошкі прыпазніўся з дакладам:
— Сяржант Цвяткоў па вашаму загаду…
— Ты чаму кінуў параненага? — уладарна абарваў яго камандзір роты.
— Я перавязаў.
— Гэта і ўсё?
— А што яшчэ? Ён безнадзейны.
Ананьеў рэзка адхіснуўся ад сцяны.
— Я табе вось як дзвіну! Па тваёй ідыёцкай галаве! Тады пазнаеш, хто безнадзейны! — з лютай прыціхласцю пагразіў ён санінструктару.
Цвяткоў адразу пакрыўдзіўся.
— Што я сляпы, ці што? У яго ж тры пранікаючыя ў брушную поласць, так? Ды яшчэ грудзі навылёт…
— Маўчаць! — здушаным ад гневу голасам крыкнуў камроты. — Каб мне ні слова! Ён павінен жыць!
— Быццам я супраць. Хай жыве! Але ж… Во, глядзіце!
Цвяткоў ступіў да параненага і разгарнуў ягоны шынэлак. Затым нешта памацаў там, насцярожыўся, схапіў Крывашыява за руку і, чагось не знайшоўшы, хуценька схіліўся вухам да накрыж забінтаваных грудзей.
— Ну во! Я ж гаварыў…
— Не можа быць! — занепакоена выйшаў з траншэі Грыневіч. — Толькі ж размаўляў тут…
Цвяткоў рашуча выпрастаўся і саўгануў назад сумку.
— Усё. Гатоў!.. — упэўнена аб’явіў ён і з усведамленнем свае праваты адвярнуўся ўбок.
Ананьеў ускіпеў:
— Узрадаваўся: «гатоў»! Я без цябе, дурня, ведаў — будзе гатоў! Але ён не павінен быў ведаць. Паняў? Ён павінен на нас спадзявацца, што аб ім паклапоцяцца. Ён жа чалавек, а не сабака, ядрона вош!..
Гуманюк тым часам, мабыць, не верачы санінструктару, кінуўся да земляка. Стоячы на каленях, ён затармашыў яго, заштурхаў, пасля неяк адразу апусціў рукі і крыўдліва, як дзіця, заплакаў.
Цвяткоў зацята маўчаў, мусіць, не прызнаючы сябе вінаватым. Ананьеў засунуў рукі ў кішэні і таксама змоўк, Сварка неяк адразу страціла свой сэнс. Сэрца маё жаласна затрымцела ў грудзях, нейкім чынам я адчуў сваю еднасць з гэтым небаракам, нібы ён быў маім братам. Але мяне даймаў і другі боль — на сцюжы дужа разбалелася плячо і ўся рука аж да пазногцяў на пальцах. Трэба было ісці, а я ў тупым змярцвенні ціха стаяў над Крывашыявым.
— Ладна, — падабрэла сказаў у цішы Ананьеў. — Хай паляжыць да раніцы. Прыйдзе падвода — адвязем пахаваем.
Ён выйшаў з бліндажа і пайшоў у тыл. За ім скіравалі Грыневіч, Зайцаў і, крыху счакаўшы, Цвяткоў. Мне камроты нічога не сказаў, і я невядома чаго застаўся тут з Гумянюком і прыціхлым Піліпенкам.
Я ледзьве стрымліваў сябе ад прыкрасці. Мала было раны, дык яшчэ гэты Ананьеў, я да яго ішоў, шукаў яго, спадзеючыся на хай сабе кароценькую ўвагу, звычайную пры расставанні, а тут, на табе, — новы ардынарац. I камроты ні слова не сказаў мне, быццам ужо назаўжды выкрасліў мяне са свае памяці і свае роты, нібы я ніколі і не клапаціўся пра яго ўтулак, не падшываў яму падкаўнерыкі, не бегаў па абед, не гібеў з ім усю зіму ў баях!
А зрэшты — ці варта крыўдаваць на чалавека, у якога людзі, баявая задача, якому дапякае клопат, каб утрымаць вышыню. Да таго ж, яму заўжды патрэбны чалавек, каб бегаць, выклікаць камандзіраў: калі тут разводзіць сантыменты з параненым ардынарцам? Яму быў патрэбны здаровы. Зайцаў някепскі баец, я ведаў яго і разумеў Ананьева, аднак ад таго не рабілася лягчэй.
Але што ж было рабіць тут? Сядзець у гэтай яме побач з нябожчыкам Крывашыявым і мерзнуць? Ісці з роты ўначы не мела сэнсу, можна было лёгка трапіць ў рукі да немцаў, ды і не хапала сілы валачыся па такой гразі добрых дваццаць кіламетраў да медсанбата. Значыць, трэба шукаць нейкі прытулак да раніцы. Кепска, што, апроч камандзірскага, болей бліндажоў немцы, здаецца, не збудавалі, вяртацца ж туды мне не хацелася — хай там цяпер гаспадарыць Зайцаў. Прыйдзецца, мабыць, ісці ў другі ўзвод, да Ваніна. Ён мяне прыме.
— Дзе другі ўзвод? — запытаў я Піліпенку.
— Далей па траншэі.
Я памалу пайшоў, куды паказваў Піліпенка, і ён таксама чамусьці паплёўся следам. Неўзабаве мы набрылі на нейкі траншэйны адростак-тупічок, у якім на святлявым фоне неба адзінока тырчала галава ў касцы. Тупічок гэты, здаецца, сама далей выдаваўся ў поле — мусіць, то быў недакапаны ход у нямецкі тыл. Піліпенка гукнуў:
— Чумак, цэ ты?
— Ага, я, таварыш старшына.
— Ну, што чуваты?
Мы падышлі бліжай, Чумак зважліва адступіў перад камандзірам узвода. На брустверы стаяў нямецкі МГ з закладзенай у прыёмнік стужкай. Пачуўшы нас, у доле заварушыўся нехта, мабыць, кулямётчык. Калі ён устаў, дык аказалася, што гэта баец Шнэйдар. Пазнаўшы камандзіра ўзвода, ён талкова, без залішняе паспешлівасці вытлумачыў:
— Спачатку стралялі. Вунь з той пляміны. Яр там ці балота якое — чорт яго ведае. Біў кулямёт. Пасля перастаў. Чалавек пяць перабеглі па краі і схаваліся. Цяпер ціха.
Мы маўкліва паўзіраліся ў той бок. У твары дзьмуў рэзкі сцюдзёны вецер, прабірала дрыготка. Параненая мая рука здорава стыла пад незашпіленым мокрым шынялём, асабліва пальцы, паварушыць імі было вельмі балюча.
Піліпенка, падумаўшы, сказаў:
— Ні чарта. Воны не дурні в рові сыдзіць. Драпанулы на станцыю. Заўтра падапруць, канэшно.
— Заўтра дадуць прыкурыць… — заклапочана пагадзіўся Шнэйдар.
— Можэ, заўтра, а можэ, і сёгодня, — нечакана сказаў Піліпенка. — Не здумайтэ спаты. Гранаты хоць е? Шнэйдар памацаў кішэні.
— Ёсць адна.
— А ў тэбэ, Чумак?
— Ды няма.
— Хіба вы ўсі пакідалы?
— Пакідаў! — сказаў Шнэйдар. — Дзе ён іх пакідаў? Толькі ў траншэі ўзвод дагнаў.
Чумак маўкліва таптаўся ў доле.
— Мо вам не давалы?
Баец маўчаў.
Піліпенка ўпіўся ў яго настырным, учэпістым позіркам. Выгляд у Чумака быў такі вінавата-няшчасны, што я не вытрымаў і дастаў апошнюю сваю «лімонку». Усё роўна мне яна ўжо была без патрэбы.
— Во, бярыце маю.
Чумак моўчкі і, як здалося, не дужа рашуча ўзяў яе, надта ўжо беражна паклаў у кішэню.
— Колькі вам год? — запытаў я.
— Мне? А пяцьдзесят.
— Ого! Дык як жа вас узялі?
— Брэша він! Якіх пяцьдзесят? — усумніўся Піліпенка. — Міні сорак шість. Так што — він старэйшый?
— Яй-бо, не брашу! — хуценька запэўніў Чумак. — Каб мне так жыць — пяцьдзесят. А бралі мяне ў нестраявыя.
— Так ужэ і ў нестроёві?
— Яй-богу, праўду кажу. Спярша так. У транспартнай роце быў. Ну, старшына нягодны папаўся. Чапляцца пачаў. Перавялі ў каменданцкі. А з каменданцкага, як пад Драздамі няўпраўка выйшла, тады да вас накіравалі. Хто ўцалеў, пасля назад забралі. А мяне, мусіць, забыліся, ці што?
Гэта я ўжо ведаў. Толькі не забыліся ў каменданцкім узводзе вярнуць свайго байца Чумака — просга яго пакінулі, бо замест узялі лепшага. З нашае роты пераводзіць далей ужо не было куды, так ён і застаўся тут, на сваё ліха і на бяду яго камандзірам.
— Ну што ж, — сказаў я. — Шчасліва вам. Толькі не адставайце больш.
— А ўжо не буду, — лёгка паабяцаў Чумак і ступіў у мой бок. — Слухай, гэта самае… Цябе параніла?
— Як бачыце. У плячо, — сказаў я амаль бесклапотна. — Так што Цвяткоў праўду казаў.
Чумак на гэта не сказаў нічога, толькі неяк апанурана знерухомеў і, як здалося, са шкадаваннем паглядзеў на мяне.
Зрэшты, магчыма, і з зайздрасцю — у поцемках гэта разгледзець было цяжка.
У Ваніна ішла работа — узвод акопваўся. Немцы на гэтым схіле вышыні папрацавалі найменш — траншэя атрымалася мелкая, да калена, і цяпер ванінцы, не зважаючы на ноч і слоту, дзяўблі яе ўсім узводам.
Камандзір таксама капаў — распрануты, у адной гімнасцёрцы, ён з нейкай запальчывай заўзятасцю размашыста кідаў рыдлёўкай, пахакваючы ў такт кожнаму кідку. Тут жа, у траншэі, адпачываючы, стаяў ягоны памкамузвода, ціхмяны сяржант Закіраў, ля якога на броўцы варушылася Пулька. Я спыніўся побач.
— Што, Васюкоў? — спытаў Ванін. — Памагаць прыйшоў?
Ведама, памагаты з мяне быў ніякі, і таму гэтае пытанне трохі збянтэжыла з самага пачатку. Трэба было неяк выказаць яму маю просьбу, але я не ведаў, як пачаць, і стаяў на брустверы.
— Глыбей капаеш — даўжэй жывеш, — памаўчаўшы, сказаў Ванін.
— Вам не пашэнціла, — зазначыў я. — У Піліпенкі дык гатовая траншэя.
— А ён заўжды на гатовае. Такі жмот, ого! — Ванін апусціў лапату. — Калі разабрацца, дык гэта ж яго ўчастак. На правым фланзе ягоны ж узвод ішоў. Ды як толькі ў траншэю ўскочыў, так і засеў. А мы немцаў вунь куды гналі…
— З вамі ж камандзір роты быў.
— Вось іменна. А з Піліпенкам — Грыневіч. Тым усё сказана, — намякнуў Ванін і выпрастаўся. — Во ўгрэўся! На, Закіраў, капай.
Памкамузвода ўзяў рыдлёўку, а Ванін скочыў на бруствер і, узіраючыся ў шэры ветраны прыцемак, нацягнуў на плечы ватоўку.
— А ты чаго ў тыл не ідзеш? Ананьеў жа сабе Зайцава ўзяў.
— Ну і хай, — сказаў я.
Размаўляць з ім аб гэтым мне не хацелася, і я маўкліва таптаўся на брустверы, чакаючы, што Ванін пачне ўгаворваць ісці лячыцца. Але ён раптам сказаў:
— А ўвогуле правільна. Пойдзеш — наўрад ці вернешся. А табе ж на медаль паслалі.
Зашпіліўшы партупеі, малодшы лейтэнант на кукішках прысеў побач і адной рукой палашчыў Пульку, якая радасна заварушылася на зямлі.
— Яны там не глядзяць, з якой часці, а пасылаюць, куды трэба. Я во да гэтай дывізіі ў гвардзейскай служыў. У разведцы. А са шпіталя аддзел кадраў сунуў сюды. Я ім даказваў — дзе там! I слухаць не хочуць. Дывізія на фарміроўцы, камандзіраў недакамплект, кадры патрэбны. Так што старайся далей санбата не ехаць.
— Як пастараешся!
Не адказаўшы, Ванін кінуў насцярожаны позірк уздоўж траншэі.
— Зноў там перакур. От сачок! Ну, я яму дам!
Ён імкліва ўскочыў і хутка пайшоў па брустверы, пакінуўшы мяне ля Закірава. За ім жа пабегла і Пулька.
Закіраў моўчкі ўзяўся капаць, ужо не зважаючы на мяне. Ён наогул быў маўчун і тугадум: размаўляць з ім кожны раз было пакутай.
Я пачакаў крыху, мяркуючы, што Ванін неўзабаве вернецца, але ён не вяртаўся, тады я памалу рушыў па брустверы і непадалёк ад Закірава зноў напаткаў яго. Малодшы лейтэнант шпарка ішоў насустрач і, яшчэ не дайшоўшы да памкамузвода, гукнуў:
— Закіраў, ты дзе Лукіна паставіў?
— У сваім аддзяленні быў.
— Ды няма яго там…
Заняты сваім клопатам, Ванін быццам і не заўважаў мяне — на хаду павярнуўся і хутка пакрочыў назад. Я ж спыніўся, не ведаючы, ісці за ім ці чакаць тут. Неяк няёмка было перабіваць яго турботныя справы сваёй дробязнай просьбай.
Двое аўтаматчыкаў у траншэі моўчкі і засяроджана калупалі ў цемры рыдлёўкамі. Выкапалі яны ўжо глыбакавата, ледзьве не ў рост, а ўсё яшчэ дзяўблі там у дне. Адзін з іх, што воддаль варушыўся ў змроку траншэі, заўважыў:
— Зараз ён дасць Лукіну.
— I правільна зробіць, — зморана хакаючы, пацвердзіў другі. — Хай не сачкуе…
Па голасе я пазнаў аднаго — гэта быў Гаркавы, самы стары аўтаматчык у роце, які служыў тут ці не ад самай нават Масквы.
— Што, здорава ганяе? — запытаў я і ступіў да чорнае шчыліны траншэі, з якой тырчалі іхнія галовы.
Яны абодва ўгледзеліся ў мяне, пасля Гаркавы сказаў:
— Ганяе, бо клапоціцца. Не тое, што іншы — абы крычаць. А наш і сам умека на што ні вазьмі.
— Як ён тады вартавога зняў! Ого! I не пікнуў, — дадаў другі голасам, у якім гучала захапленне.
На ветры было холадна, я прысеў на край траншэі і захінуўся каўняром, невядома чаго чакаючы. Правае вуха то быццам адыходзіла ад глухаты, то яго зноў затыкала; параненая рука нямела ад болю і сцюжы.
— Ванін хоць і малодшы лейтэнант, а смялейшы за якіх капітанаў, — налягаючы на рыдлёўку, казаў баец. — Яй-богу.
— Не ў званнях смеласць, — зазначыў Гаркавы.
— Так. Але і разумны. Розумам, мусіць, не ўступіць і камандзіру палка.
— Гэта Сырамятнікаву? Ну, зраўняў!
Такая іх катэгарычнасць у ацэнках мяне трохі здзівіла. Дапусцім, яны не перабольшвалі наконт Ваніна, але што яны ведалі пра камандзіра палка, тэтыя радавыя чырвонаармейцы, каб так меркаваць аб ім?
— Кіньце, — сказаў я. — Каб так казаць, трэба ведаць. Гаркавы далёка за бруствер шпурнуў рыдлёўку зямлі.
— Хе, ведаць! Я ў ягоным батальёне паўгода прапоўзаў. Ён жа да палка батальёнам камандаваў. Строгі — ага. Баяліся — гэта праўда. А — розуму…
— Адкуль гэта відаць?
— Салдату ўсё відаць.
— Аднак не надта, мусіць?
— Не надта? Можа, нават лепей, чым каму. Бо ён гэта самае крывёй сваёй спрабуе: які камандзір разумны, які — не.
Увогуле, пэўна, так, тут, можа, і не запярэчыш. Аднак я і маёр Сырамятнікаў займалі дужа рознае становішча ў палку, каб мне з упэўненасцю меркаваць аб яго якасцях. Што датычыць Ваніна, дык ён быў вядомы на ўсю дывізію, ніводзін чалавек у ёй не мог сказаць пра малодшага лейтэнанта кепскага слова.
Гаркавы здыхаўся трохі і зноў узяўся за рыдлёўку. Ягоны напарнік зазначыў:
— А ў нас і ротны нішто. Шумлівы, а ўвогуле някепскі мужык. Ваяваць можа.
— Талковы, ага, — пагадзіўся Гаркавы. — Ды не надта смелы. Не з немцамі. У баі ён — арол! З начальствам.
— Ну, гэта ўжо ерунда, — сказаў я і ўстаў, не таму, што насядзеўся, а проста прапала ахвота слухаць гэтага самадзейнага разумніка.
Пра каго другога ён яшчэ мог мяне пераконваць, толькі не пра Ананьева. Ва ўсякім разе, старшага лейтэнанта я ведаў лепш за яго.
I тым не менш Гаркавы з лёгкай настойлівасцю пярэчыў:
— Хай ерунда. А на Грыневіча занадта азіраецца. Той не глядзі, што ціхманы. Як каторая жонка: ціхенькая, а мужык у яе пад абцасам…
— Нічога ён не азіраецца, — сказаў я.
— А ты вось прыгледзься — прыгледзься калі… Дзіўны чалавек гэты Гаркавы. Я амаль быў упэўнены, што ён гаворыць няпраўду, што Ананьеў не такі камандзір, каб азірацца на свайго намесніка. Тым не менш сказана гэта было такім пераканаўчым тонам, што і сапраўды ў маёй памяці пачалі ўсплываць некаторыя выпадкі. I як ні дзіўна, а выходзіла, што і сапраўды часам ротны чакаў, што ў тым ці другім разе скажа Грыневіч. Хоць зусім магло быць, што так было трэба, што яны проста раіліся дзеля карысці справы.
Я ўжо амаль з цікавасцю ўзіраўся ў невыразную, шэрую ў прыцемках постаць Гаркавага, з шапкай-растапыркай на галаве, адчуваючы нейкую павагу да немаладога, звычайнага, малапрыкметнага байца, з якім праваяваў у роце паўгода, але амаль ні разу дагэтуль не звярнуў на яго ўвагі. Ва ўсякай справе Гаркавы заставаўся надзіва староннім і ціхім, а, глядзі ты, — пра многае меў сваю адметную і нават нечаканую думку, не палічыцца з якой было не так проста. I разам з тым гэтая яго разумная назіральнасць міжвольна насцярожвала, нават, невядома чаму, настройвала крышку не ў карысць Гаркавага.
Мне стала цікава, і я ўжо наважыўся застацца з гэтымі двума — хоць на сцюжы, а ўсё весялей будзе скаратаць ноч. Але толькі я падумаў аб тым, як з прыцемак паказаўся Ванін. Цяпер чамусьці ён ішоў не адзін і, згледзеўшы мяне, сказаў таму, хто ішоў ззаду:
— Вунь Васюкоў.
Я паціху падняўся з бруствера.
— Тут во цябе Зайцаў шукае.
Я ўраз насцярожыўся, нешта трывожна-радаснае варухнулася ў грудзях і замерла.
— Камандзір роты заве, — сказаў Зайцаў. — Вячэраць.
Хвіліну я вагаўся, адчуваючы, як нешта ва мне дзіўна і ўвачавідкі перайначваецца ў адносінах да камандзіра роты, да Ваніна і нават да гэтага вось Гаркавага. Зноў усіх засланіўшы сваёй вялікай постаццю, вырас у маім уяўленні Ананьеў. Праз хвіліну я ўжо дзівіўся з сябе ранейшага: было чаго крыўдаваць! Нічога кепскага ён мне не зрабіў, проста яго галава, як заўжды, забіта сваім клопатам. Хіба гэта не відаць было адразу! А калі, во, павальнела, адляглі справы — успомніў і спецыяльна паслаў Зайцава шукаць мяне, дурня, уначы па траншэі.
— Давай, — падагнаў Ванін. — А мне некалі. Акапаемся, тады забягу.
У бліндажы было людна і накурана, затхла смярдзела мокрымі шынялямі, земляной сырасцю і трацілам.
Звычайна, дзе б Ананьеў ні быў удзень, але ўвечары, вярнуўшыся ў сваю зямлянку-капэ, склікаў камандзіраў узводаў, старшыну, прымаў іх даклады, даваў указанні. Пасля ўсе разам вячэралі. Яда была не бог ведае якая: гуляш з канцэнтратам, сухары, банка свіной тушонкі. Часам да таго дадавалася што-небудзь з трафеяў, калі ў наступленні, ну, і, вядома, — наркомаўскія сто грамаў.
Цяпер наркомаўскіх, мусіць, не прадбачылася, не было старшыны, але на скрынцы, што прыладзілі на сярэдзіне бліндажа, ляжала жоўтая нямецкая банка з адгорнутым вечкам — там быў мармелад. Ананьеў, у расшпіленым шынялі, з цыгаркай у зубах, адвінчваў знаёмую, абшытую сукном пляшку. Тут жа сядзеў змрочны Цвяткоў, стрыманы, заўсёды сур’ёзны Грыневіч. Зайцаў, як толькі ўвайшлі, выняў з-за пазухі паўбохана хлеба, які, мусіць, расстараўся недзе ва ўзводзе, і ўзяўся яго рэзаць. За ім ля сцяны сядзелі двое параненых, і далей у цёмным куце, апанурыўшы светлавалосую галаву, туліўся немец.
— Хто гэта? Васюкоў? А дзе Ванін? — запытаў камандзір роты, узіраючыся ў парог.
— Там, ва ўзводзе, — сказаў Зайцаў.
— Чаму не прыйшоў? Ты сказаў, што я заву вышыню замачыць?
— Не ідзе. Кажа, не п’ю.
— Ну і дурань, — проста абвясціў ротны. — Хай не п’е. Нам болей застанецца.
Ён адкруціў з пляшкі вечка, якое заматлялася на ланцужку, і са скрынкі ўзяў кварту.
— Сядай, Васюкоў. Павячэраем напаследак. Заўтра ўжо будзеш у медсанбаце. Як рука?
— Баліць.
— Правільна, павінна балець, — пагадзіўся Ананьеў. — Мне, калі прадплечча перабіла, паўмесяца, сабака, балела.
Побач скупа ўсміхнуўся Грыневіч.
— Помніцца, казаў — бядро. А цяпер — прадплечча.
Камроты апусціў кварту і амаль гняўліва зірнуў на свайго намесніка.
— Што, бядро? Бядро гэта ўжо ў пяты раз. А то летась зімой. У руку. Не верыш — на, паглядзі.
Ён рашуча саўгануў на правай руцэ манжэт, адкрываючы на белай скуры сіні прадоўжны шрам.
— Ды я жартую, — прымірэнча сказаў Грыневіч. Ананьеў моўчкі пляснуў у кварту.
— Трымай, Васюкоў. Вып’еш — лягчэй будзе. Знаеш, калі мяне ў сцягно пад Нялідавым трэснула, толькі гарэлкай і ратаваўся. А то б здох ад болю ды голаду.
Я ўзяў кварту, там было небагата, і выпіў усё за адзін глыток. Пасля таропка закусіў хлебам з кавалкам студзяністага ружовага мармеладу.
— Цяпер па старшынству, — распараджаўся Ананьеў, зноў наліваючы ў кварту. — П’ю я. Каб ты хутчэй гэта самае… Ды ў роту. А пакуль Зайцаў пабегае. Дык — за папраўку! — кінуў ён у мой бок і ладна глынуў усё, што было ў кварце.
I нават не паморшчыўся, толькі хакнуў і, не закусваючы, наліў зноў.
— Добра. Цяпер чарга камісара. Ці ты не будзеш?
— Не, не буду, — ціха, без шкадавання сказаў Грыневіч.
— Во другі дурань. А, ведаю: ты пажэрці меціш. Толькі не выйдзе. Не п’еш — мармеладу не палучыш. Паняў?
— Што ж, — напаўсур’ёз сказаў Грыневіч. — Пацерпім.
— Во-во — цярпі. Бог цярпеў і нам, дурням, вялеў. Дык ты чаго стаіш, Васюкоў? Ідзі сюды, пасядзім разам.
Ён пасунуўся трохі, я ступіў у змрок між ботаў і здаровым плячом уціснуўся між ім і Цвятковым. Не ведаю, можа, таму, што выпіў, але мне раптам здалося, што Ананьеў нібы перамяніўся да мяне — стаў такі таварыскі, клапатліва-прыветлівы, якім, можа, ні разу не быў за час мае ў яго службы. У маёй ужо захмялелай галаве заварушыліся здагадкі на гэты конт — ці не прычынай таму наша сумесная і такая паспяховая ўвогуле атака? А можа — маё раненне, якое ў адну хвіліну зрабіла мяне ўжо не ягоным падначальным, а амаль роўным, таварышам па мінулых баях, і толькі. Нічога падобнага раней мне не даводзілася адчуваць. Як гэта добра — мець у адносінах гэтую сціплую таварыскую роўнасць, хмельна думаў я, адчуваючы амаль што любасць да свайго камандзіра роты.
— А лоўка мы іх турнулі, га? — запытаў ён, павярнуўшы да мяне грубаваты, з кучаравымі бачкамі на шчоках, цяпер па-добраму ўсмешысты твар. Праз секунду, аднак, гэты твар спахмурнеў. — Шкада Крывашыява, ядрона вош! Харошы салдат быў… Ну, дык што? — цераз голаў Зайцава ён зірнуў на заўжды маўклівага пры начальстве старшыну Піліпенку— Выпіць чарку не забудзь, на тым свеце не дадуць. Давай, старшына! Твая чарга…
Піліпенка моўчкі ўзяў з ягоных рук кварту і адразу ж пацягнуўся да самага вялікага кавалка на скрынцы. Ананьеў трасянуў пляшкай.
— Шчэ ёсць. Цвяткову не дамо — не заслужыў. Фрыц тож аблізнецца. Гэта — для Ваніна. Ванін — маладзец!
У траншэі зашэрхала палатка. Грыневіч, які сядзеў насупраць увахода, узняў голаў.
— Здаецца, лёгкі на ўспамін, — сказаў ён.
Аднак, замест Ваніна, у бліндаж уваліўся доўгі няскладны Шнэйдар.
— Таварыш старшы лей…
— Шнэйдар, — перабіў яго Ананьеў. — Ну-ка во гэтага цуцыка дапытай.
Аброслы чорнаю шчэццю Шнэйдар, каб не згінаць галавы, зняў з пляча аўтамат і ўкленчыў ля ўваходу. Ананьеў згроб недзе між ног кіпу папер палоннага, зверху якой была салдацкая кніжка, і працягнуў перакладчыку.
— Спярша паглядзі, во. З якой ён часці, фрыцок гэты.
Шнэйдар стрымана пераняў дакументы, не выказаўшы ніякае цікавасці да немца. Той, аднак, мабыць, зразумеўшы, што гаворка ідзе пра яго, адвярнуў убок свой набычаны твар. Шнэйдар дастаў з кішэні абтрапаную кніжачку ў каленкоравай вокладцы. Гэта быў нямецка-рускі ваенны размоўнік, У якім баец хутка знайшоў патрэбную старонку.
— Ві іст ігр Намэ унд Діенстград?
Быццам трохі здзівіўшыся, пачуўшы сваю мову, палонны варухнуў галавой, зірнуў на Шнэйдара і насупіўся. Цяпер ён быў чамусьці распрануты, без шыняля, у адным фрэнчы з трыма знакамі на пятліцах. На ягоных грудзях цьмяна блішчала з паўтузіна нейкіх значкоў ці медаляў: ромбік гітлерюгенда, значок сталёвага шлема, медаль за зімоўку ў Расіі. Былі і невядомыя мне, у тым ліку і нейкая прадаўгаватая эмблема-нашыўка з кінжалам і гранатаю у сярэдзіне дубовага лісця.
— Ві іст ігр Намэ унд Діенстград? — настойліва паўтарыў Шнэйдар.
Ананьеў, сцяўшы над пераноссем белыя бровы, пільна сачыў за немцам, чакаючы яго адказу, як той раптам ваўкавата бліснуў вачыма.
— Вэк, юдэ!
Тое зразумелі і без перакладчыка. Грыневіч амаль са спалохам на твары памкнуўся ўстаць на ногі, Піліпенка вылаяўся. Шнэйдар раптам зрабіў рэзкі выпад, і, перш чым мы паспелі што зразумець, галава немца рэзка баўтнулася назад і глуха стукнулася патыліцай аб земляную сцяну. Ананьеў з раптоўнай і не дужа натуральнай весялосцю зарагатаў.
— Адставіць! — на ўвесь бліндаж крыкнуў Грыневіч. — Вы што?
— А што ён?! — у шаленстве выгукнуў Шнэйдар і змоўк.
Ад хвалявання ён нічога не мог сказаць і апусціўся на калені. Ананьеў, ужо не смеючыся, аднак з фальшываю жвавасцю паўтарыў:
— Здорава! Ну і здорава, Шнэйдар! Ты не баксёрам быў?
— Я слесарам быў! — са стрыманай лютасцю адказаў Шнэйдар, не адрываючы позірку ад немца.
Немец знерухомеў пад сцяной, у ценю не бачны быў яго твар, але адчувалася, як ён набычыўся, напяўся, крадком сочачы адтуль за перакладчыкам. Светлыя валасы на яго галаве распаліся надвае і звісалі на вушы. Грыневіч з асуджэннем, якое не зразумець, да каго адносілася, паглядзеў па чарзе на перакладчыка, камандзіра роты і немца.
— Вы што — чапэ захацелі? Ёсць жа загад па арміі наконт палонных!
— Загад! У нас адзін загад. А ў іх другі загад: бый, давы! — нервова загаманіў Піліпенка. — Я б ёму шчэ не так врізав.
Грыневіч асуджальна і строга паглядзеў на старшыну і памалу пачаў усаджвацца на сваё месца. Ананьеў кісла паморшчыўся.
— Ладна, чорт з ім! — сказаў ён. — Паглядзі ў кніжку, якая часць.
Дрыготкімі рукамі Шнэйдар разгарнуў немцаву салдацкую кніжку, пагартаў яе і трохі паспакайнелым тонам аб’явіў:
— Трыста дваццаць чацвёрты асобны сапёрны батальён. Трэцяя рота. Камандзір узвода обер-фельдфебель Фердынанд Грос. Далей тут праходжанне службы. Узнагароды. Група крыві. Адрас сям’і: Дзюсельдорф…
— Начхаць на адрас: пісаць не будзем. Запытай лепш, якое падраздзяленне абараняла вышыню? Шнэйдар пагартаў размоўнік.
— Вас фюр… Вас фюр айн Абтэйлюнг… вертэйдзіген Іегэ?
Немец толькі ваўкавата, з-пад ілба зірнуў на яго і не адказаў.
— Мо ён не разумее? — усумніўся Ананьеў. — Гляджу, з цябе перакладчык, як з мяне гарманіст.
— Зразуміе — чакайтэ! Кулак він лепш зрозуміе! — сказаў Піліпенка.
Ананьеў кінуў Шнэйдару:
— Ану, яшчэ!
Шнэйдар запытаў і яшчэ, ды ўсё дарма — немец дэманстратыўна не звяртаў на яго ўвагі, быццам яго і не было тут. Ён не хацеў размаўляць, гэта стала відавочна, і тады Ананьеў з маўклівай пагрозай устаў на ногі. Высокая яго постаць У пакамечаным шынялі перагарадзіла бліндаж, камандзір роты пераступіў цераз нечыя ногі і ботам дужа піхнуў бот немца.
— Ты, цуцык! — сказаў ён з такім выразам, што ўсе ў бліндажы прыціхлі. — Калі ты будзеш мне тут выпендрывацца, дык я з цябе бешбармак зраблю. Не пагляджу на загады — капут зраблю ў дзве секунды. Паняў?
Твар Ананьева зрабіўся сурова-бязлітасны, і для мяне не было ніякага сумнення, што сваю пагрозу ён здзейсніць. Немец па-ранейшаму ваўкавата горбіўся пад сцяной, старшы лейтэнант змераў яго ўладарна-пагрозлівым позіркам. Затым позірк яго ўпаў на кварту з гарэлкай, якая стаяла на скрынцы. Ананьеў схапіў яе і павярнуўся да немца.
— Пі, сволач!
Немец зразумеў, на імгненне прыціх, нібы ў нерашучасці, але нечакана падаўся наперад і ашчаперыў кварту. Ён выпіў гарэлку з таропкай рашучасцю асуджанага і працяг кварту ротнаму.
— Нох!
— Што?
— Нох!
— Шнэйдар! — павярнуўся ротны да парога.
Перакладчык са злой зацятасцю на твары гартаў свой размоўнік, але, мусіць, не знаходзіў таго, што шукаў.
— Здаецца, яшчэ просіць.
— Яшчэ?
Ананьеў яўна здзівіўся і з нейкім новым пачуццём павярнуўся да палоннага.
— А, сукін сын! Цвяткоў, дай пляшку.
Ён выліў у кварту ўсё, што заставалася ў пляшцы, немец, як і першы раз, усё гэта з прагнай рашучасцю выпіў да дна і вяла шпурнуў пад ногі апусцелую кварту.
— Глядзі! Глядзі ты! От гэта фрыц! — здзівіўся Ананьеў. — Ну, цяпер ты развяжаш язык! Шнэйдар, давай бліжай! Пытайся пра вышыню.
Шнэйдар задаў усё тое ж пытанне, але немец, нават недаслухаўшы яго, раўнуў:
— Шыссен!
Нешта напружана згадваючы, Ананьеў нахмурыўся. Грыневіч таксама з прыкметнай трывогай пазіраў на палоннага, які аберуч дзерануў на сабе мундзір.
— Шыссен, рус швайн!
— Падлюга! — з нянавісцю сказаў Шнэйдар, які першы, відаць, зразумеў гэты крык немца. — Застрэліць патрабуе.
Обер-фельдфебель яшчэ некалькі разоў пракрычаў сваё «шыссен!», дзеручы сябе за канцы каўняра. Два гузікі з грудзей скаціліся ў дол. Але ніхто яго не страляў, і немец, мусіць, зразумеў, што не даб’ецца нічога. Тады ён абмяк, ап’янела адкінуўся да сцяны, прамармытаў некалькі незразумелых адрывістых фраз. I раптам, сіпата картавячы, загундзеў:
Усе, хто быў у бліндажы, глядзелі на яго, бы на вар’ята — такога немца, мусіць, яшчэ не бачылі. Трапляліся палахлівыя размазні, прававерныя гітлераўскія фанатыкі, стрымана маўклівыя прусакі, але такога балбеса бачылі ўпершыню. Ананьеў хвіліну заставаўся яўна збянтэжаны, бровы яго ўсё ніжай асядалі на гняўлівыя вочы. Немец тым часам, матляючы галавой, спаўзаў усё ніжэй, нешта сонна гугнявіў і раптам зусім змоўк.
Старшы лейтэнант смачна вылаяўся.
— Піліпенка, ану, трасані яго!
Піліпенка, падаўшыся на каленях да немца, ахвотна раз і другі пырануў яго ў бок. Але немец толькі прамармытаў нешта і сціх, бяссільна перакаціўшы голаў на другое плячо.
— Эй, Гітлер! Эй! Спыць, падлюка, шчоб ёму не праснутысь!
— Што ты пораш! — прыкрыкнуў Ананьеў. — Трасяні, каб душа з яго выкацілася!
Піліпенка згроб немца загрудкі і сапраўды трасануў так, што аж затрашчаў яго фрэнч. Але зноў ніякага выніку.
Грыневіч з цікаўнасцю пасунуўся да палоннага і гідліва паўзіраўся ў яго. Ананьеў нешта паразважаў, потым нагнуўся і кулаком падняў немцаў падбародак. Немец ап’янела бяспросыпна спаў.
— Ах, абармоціна! Ды ён жа быў п’яны! — даўмеўся старшы лейтэнант. — А я на яго шчэ гарэлку псаваў! Ось жа гад! Паскуда! Дапыталі, называецца. Цьфу, дурні набітыя!..
— Як бобікаў абхітрыў! — абураўся камандзір роты. — Цяпер чакай! Да раніцы ты з яго ні чорта не выцягнеш. Гэта ўжо я знаю!
— Мне дазвольце ісці? — змрочна запытаў Шнэйдар.
Ананьеў павярнуўся да яго, але адказаў не адразу.
— Глядзіце там. Могуць сунуцца ўначы. Каб не праспалі.
— Не праспім, — буркнуў перакладчык.
— То-та!
Закінуўшы за плячо аўтамат, Шнэйдар вылез у траншэю. Ананьеў сеў на ранейшае месца побач са мной, падабраў доўгія ногі.
— Піліпенка, давай талковага хлопца. Данясенне адправіць.
Старшына, не мяняючы гняўлівага выразу твару, моўчкі ўстаў і пасунуўся да выхаду.
У бліндажы настала маўчанне.
Цвяткова пляшка ляжала на скрынцы нават не завінчаная, хлеба застаўся адзін невялічкі кавалак. Камандзір роты згроб яго і адразу адкусіў палавіну.
— Камісар, — сказаў ён, жуючы, — дай-ка паперку.
Грыневіч расшпіліў пульхную, як пакунак, кірзавую сумку, пашукаў там, выдраў з нейкага сшытка старонку, дастаў з скураной ячэйкі аловак і ўсё гэта падаў камандзіру роты.
— Думаў, пакуль што пашлю пару звестак аб праціўніку, — казаў Ананьеў. — Ды во пашлеш! Абармот, а не фельдфебель. Цвяткоў, ану пасвяці — ні чорта не відаць.
Цвяткоў зняў з палічкі плошку і на каленях паслужліва схіліўся да камандзіра роты.
Дажоўваючы хлеб, Ананьеў пачаў пісаць. Мне не відно было, што ён там не дужа бойка выводзіў цвёрдым чарнільным алоўкам, маёй увагай завалодаў Цвяткоў, які адным вокам касіў туды, і выраз яго асветленага знізу твару неяк дзіўна мяняўся. Нешта паблажліва-ўсмешыстае з’явілася ў гэтым яго позірку адным вокам. Неўзабаве санінструктар грубавата заўважыў:
— Не данісенне, а данясенне.
Ананьеў кінуў на яго недаверлівы позірк.
— Ну да? Скажы мне! Можа, яшчэ вучыць будзеш?
Цвяткоў неяк не адрэагаваў на гэтую не сказаць каб дабрадушную рэпліку — нібы яна яго зусім і не датычыла — і зусім бяскрыўдна зазначыў:
— I не заніў, а заняў. Заняў вышыню, так трэба.
Ананьеў, нібы шукаючы падмогі, знарок няўцямна зірнуў на мяне, затым на Грыневіча. Намеснік з нейкім стрыманым разуменнем перасмыкнуў вуснамі, але змоўчаў. Звяртаючыся да яго, старшы лейтэнант сказаў:
— Глядзі, ён і сапраўды вучыць! Ха! Быццам я сам не ведаю! Заніў — заняў. Канешне, заніў, — упэўнена аб’явіў ротны.
Трохі падзівіўшыся гэтай яго самаўпэўненай настойлівасці ў яўнай памылцы, я зірнуў на сшытак. Якраз у той момант аловак Ананьева з націскам выпраўляў «і» на «я», што без слоў вырашала спрэчку. Мусіць, тое як след ацаніў і Цвяткоў, бо далей ужо маўчаў. Праз пяць хвілін старшы лейтэнант адхінуўся ад паперы і ўслых прачытаў напісанае:
— «Вэ-чэ 35004 — Маёру Сырамятнікаву. Данясенне. Заняў вышыню 117,0. Узяў палоннага обер-фельдфебеля. Знішчана каля пятнаццаці немцаў…» — нібы прыслухоўваючыся да чагось, ён моўчкі паглядзеў на Грыневіча. — Мала пятнаццаць, ага?
— Адкуль там пятнаццаць? — падумаўшы, сказаў Грыневіч. — Колькі трупаў было? Штук восем? Дык што ж ты… Папраўдзе трэба.
Ананьеў нахмурыўся.
— Ды ну цябе! Папраўдзе, папраўдзе! Усё табе папраўдзе. Падумаеш — трупаў! А можа, яны з сабой трупы панеслі?
Грыневіч маўчаў. Ананьеў трохі паразважаў і рашыў:
— Напішу дваццаць пяць. Не — дваццаць сем, каб кругла не было. А то не паверыць. Маёр Сырамятнікаў — ён таксама не промах на гэтыя штучкі.
— Вось іменна! — сказаў Грыневіч. — Навошта ж тады фантазіраваць!
Ананьеў падкрэслена, са значэннем, уздыхнуў.
— Знаеш, камісар! Харошы ты хлопец. Але ёсць у цябе адзін недахоп.
Апатычны Грыневіч з нечаканай цікаўнасцю зірнуў на ротнага. У ягоных шэрых вачах прамільгнула паблажлівая ўсмешка.
— Гэта які ж?
— Які? Занадта правільны. Усё табе правільна-няправільна. А я чхаць хацеў на гэтае правільна! — з уладарнай рашучасцю аб’явіў Ананьеў. — Мне каб лепей! Для роты каб лепей. Паняў?
Грыневіч зноў паблажліва ўсміхнуўся і, нагнуўшыся, без патрэбы падабраў карту з тых, што багата было рассыпана ў доле.
— Не будзе правільна — не будзе і лепей, — разважліва сказаў ён. — Будзе горш. Бо, апроч роты, ёсць яшчэ полк, дывізія, армія. Вось як!
Ананьеў няўцямна зірнуў вакол, мабыць, не ведаючы, як запярэчыць яму.
— Знаеш што?.. Ты гэта скажы байцам, а не мне. Я, брат, з сорак першага між куль хаджу. Таму — ведаю… Калі байцам лепш, дык і роце лепш, і палку, і дывізіі.
— Памыляешся, камандзір.
— Чорта з два!
Грыневіч задумёна разадраў напалам трэфавую дзецятку і кінуў абрыўкі пад ногі. Камандзіру роты ён не адказаў, і я разумеў яго: навокал былі байцы, сяржанты — іх падначаленыя, і тактоўны нампаліт не хацеў у іх прысутнасці развіваць спрэчкі.
— Вось напішу сорак сем! — раптам вырашыў Ананьеў. — I будзе правільна. Паняў? Хай хто палічыць. Ну, ды свяці ты! Нічога не відаць…
— Няма чым: дагарае…
Плошка сапраўды дагарала, болей святла ў нас не было, рэшту ночы выпадала сядзець у цемры. Ананьеў торапка падпісаў данясенне, агеньчык у далонях Цвяткова сцяўся да маленькай іскрынкі і патух. Суцэльны змрок апанаваў бліндаж.
— Так, — сказаў у гэтай цемры камандзір роты. — Кімарнем на пераменку. Давай, камісар, пачынай першы.
— Ды ну! Не дужа кімарнеш тут…
Нампаліт не дагаварыў, але і без таго ўсе мы разумелі ход яго думак. Людзі стаміліся за гэтае наступленне па гразі, было галаднавата, патронаў хапала на адзін нядоўгі бой. Да раніцы наўрад ці падыдуць суседнія батальёны: другі завязнуў пад Курапяцінам, трэцяга нешта зусім не чутно. А недзе побач стаіўся вораг. Хто ведае, што ён задумаў?
Нібы адгукаючыся на яго клопат, камандзір роты сказаў:
— Трохі пасяджу і пайду ва ўзводы. А ты, Васюкоў, давай даві вуха. Прывыкай. Цяпер у цябе новая пасада — ранбальной.
Ля ўвахода пачуліся крокі, зашэрхала палатка, нехта нябачны ўвайшоў у бліндаж і сціх, аслеплены цемрай.
— Хто гэта? — запытаў Ананьеў.
— Радавы Шапа, таварыш старшы лейтэнант, — пачуўся са змроку знаёмы шапялявы голас.
— А, Шапа! Слухай сюды, Шапа! Табе важнае баявое заданне. Рванеш у Бражнікі з данясеннем. Знаеш Бражнікі? Ну, дзе нас «юнкерсы» бамбілі. Там знойдзеш маёра Сырамятнікава — уручыш… Паняў?
— Паняў, таварыш старшы лейтэнант.
— Кіламетраў дванаццаць. Знаю, не спаў, не еў, не адпачываў. А трэба. Спаткаеш старшыну — напраўляй сюды. Скажы: я з яго душу выму і другую ўстаўлю.
— Ясна.
— Калі ясна, бяры дакумент і — алюр тры красты…
Шапа хуценька выйшаў, Ананьеў вальней выцягнуў ногі, прыхінуўся спіной да сцяны бліндажа.
— Камісар, не спіш?
— Не. А што?
— Знаеш, вось думаю: маёр, таварыш Сырамятнікаў… Выконваючы абавязкі камандзіра палка. Двойчы ардэнаносец і так далей. Выклікае якога Івана-ўзводнага — у таго калені дрыжаць. А ты знаеш, год назад мы з ім у трэцім батальёне ротамі камандавалі.
— Ну і што? — супакоена азваўся ў цемры Грыневіч. — Што ж тут дзіўнага? Вайна, вылучэнне.
— Вось іменна, вылучэнне. Ох, гэтае вылучэнне! Кажуць: не пазнаеш друга, пакуль ён тваім начальнікам не пабудзе. Рэдка каторы застаецца ранейшы. А то — нібы яго падменяць. Спачатку імя тваё забудзе, пасля на «вы» стане. Такая гэта дзіўная завядзёнка — выкаўка. Цярпець не магу! Ну, калі начальства, старэйшага каго — гэта зразумела. А то я — старшы лейтэнант, і ён старшы лейтэнант. Мне дваццаць восем, і яму столькі. I адзін аднаму — «вы»!
— Ты пра каго? Пра Кузняцова?
— Ну, хоць бы і пра яго. Стаў камандзірам батальёна, ужо ён мяне — на «вы». Сырамятнікаў, праўда, не такі. Увогуле ён някепскі мужык. Неяк перад наступленнем у штабе вечарком клікнуў — па чарцы сарганізавалі. А што — усё ж дружкі старыя. Ядрона вош!
У бліндажы было цёмна і ціха, знадворку данесліся нечыя крокі ў траншэі. Недзе паблізу дзяўблі рыдлёўкай — у зямлі за сцяной размерана і глуха аддаваліся яе ўдары. Грыневіч слаба падтрымліваў размову, мусіць, драмаў. У куце насупраць дужа соп немец. Ананьеў упоцемку згарнуў цыгарку і прыкурыў ад запалкі.
— Летась на Волхаўскім пошук разведчыкаў забяспечвалі, — сказаў ён, памаўчаўшы. — Во дзе была калатнеча, ядрона вош! Фрыцы ў абароне: калючы дрот у чатыры калы, камбінаванае міннае поле, дзоты — вазьмі іх! А трэба язык. Навошта трэба? Каб знаць: сядзіць ад балота да лесу саракавы пяхотны полк або які іншы. Вось і пошук разведчыкаў. Група з разведроты паўзе па языка, батальён забяспечвае, адцягвае ўвагу, завязвае бой і так далей. Ну і адцягнулі. Ад роты Сырамятнікава засталося дванаццаць чалавек. А ў мяне семнаццаць. Спаўзлі мы з ім у варонку, утулілі галовы, а фрыц лупіць — месца жывога няма… Кажу: на якога хрэна мы тут людзей ложым? Языка бярэм, кажа, нумар нямецкай часці ўстанавіць. Ну, у тую ноч пашэнціла: прыводзяць языка. Дарэчы, разведчыкаў таксама палавіна пад дротам засталася. Вядуць у бліндаж і першым дзелам за кніжку: якая часць. Аказваецца, усё той жа саракавы грэнадзёрскі полк. Што б ты прапаў, кажу. Сырамятнікаў маўчыць ды таксама зубамі скрыгоча: за тры ночы ўсіх яго камандзіраў узводаў паклалі.
— Што ж, бывае… — азваўся Грыневіч. — На вайне ўсё бывае.
— Бывае! А то я не знаю, што бывае. Не ў тым справа. Вунь пад Мар’янаўкай зноў тое ж: выклікае начальнік штаба, загадвае падрыхтаваць групу для захопу языка. Ёсць даныя, што ў немцаў змянілася часць. Ну і чорт з ёй, хай мяняецца, кажу. Вялікая важнасць, які яе нумар. Усё роўна біцца будзе, у палон не здасца. Начальнік штаба як напусціцца: «Недарэчныя размовы! Загад не абмяркоўваецца, загад выконваецца». Бы я сам не ведаю. Але стаю, маўчу. А Сырамятнікаў гэты — намеснікам тады ўжо стаў — таксама тут. I маўчыць. Я гляджу на яго, ён — на мяне. Думаю: прыпомніць ці не? Чорта з два! Нібы і не было нічога. Нібы і не скрыгаў зубамі ў той варонцы, як шасціствольныя ігралі. Во — перамяніўся. Бо самому ўжо не трэба з траншэі вылазіць. Другіх пасылае. У тым уся справа.
Грыневіч памяркоўна маўчаў. Ды і што было пярэчыць: справа гэтая дужа звычайная на вайне. Для адных загад — каманда па калоне: прыняў, перадаў далей. Для тых жа, каму яго выконваць, — ён робіцца пытаннем жыцця і смерці.
— Ніколі не забуду падпалкоўніка Багданава, — успамінаў Ананьеў. — Такіх камандзіраў ужо мала — павыводзіліся. Пад Невелем гэта было ў сорак першым. Я тады яшчэ старшыной хадзіў. Біліся, помню, двое сутак: у батальёне ніводнага сярэдняга камандзіра не засталося, байцоў — жменька. Ну, я за камбата. Сем атак адбілі, а на восьмай не ўтрымалі. Танкамі, сволач, збіў з пагорачка: гранаты ўсе выйшлі, артылерыя дагары коламі… Надвячоркам адбегліся за рэчку, брыдзем, як шызафрэнікі, нічога не чуем, не разумеем. А тут насустрач з ляска камандзір корпуса, яшчэ нейкае начальства і камандзір палка падпалкоўнік Багданаў. Камкор дастае пісталет: «Стой!» «Так вашу растак: застрэлю, у трыбунал аддам!» I да Багданава. Давай яго з гразёю мяшаць. Накрычаўся — у эмку і — далей адгэтуль… Ну, думаю, цяпер ад камандзіра палка яшчэ будзе. А наш Багданаў, калі камкор схаваўся ў ляску, спакойна гэтак падыходзіць да мяне. «Дай тваю руку, герой! Малайцы, столькі трымаліся. Ад ліца службы табе падзяка. I яшчэ — чым бы цябе ўзнагародзіць?» Дастае з кішэні гадзіннік, адшпільвае ланцужок і ўручае мне. Знаеш, не вытрымаў я, заплакаў, яй-богу.
— А дзе ён цяпер, Багданаў гэты? — запытаў я.
— Багданаў? Месяцы два камандзірам дывізіі быў. Не нашай, праўда, суседняй. А затым я ў шпіталь загрымеў. А калі вярнуўся, у арміі яго ўжо не было. Казалі, нібыта таксама па раненню выбыў. А гадзіннік той у мяне, у непрытомнага, санітары, сволачы, вынялі… Не збярог… усё жыццё шкадаваць буду… Ён быў мне даражэй за ордэн.
Ананьеў дакурыў і абцасам старанна прытаптаў акурак.
— Ну, хопіць балбатаць. Пайду прайдуся, — сказаў ён і, штурхануўшы мяне, устаў. — Вы тут хаця не ўсе спіце. Не курорт вам, ядрона вош!
Мы не спалі — мы сядзелі і слухалі. Чутно было, як ён вылез і прашлёпаў па гразі ў траншэі. Калі яго крокі сціхлі, Цвяткоў з-за мяне пацягнуўся рукамі да скрынкі, забразгаў там чымсь — мусіць, шукаў пляшку.
Стала ціха і самотна.
Як-колечы я прыцярпеўся да болю ў плячы і, здаецца, пачаў драмаць. Адчуванне рэальнага блыталася з разнастайнымі малюнкамі былога, урыўкамі нейкіх фраз, думак. Знадворку нехта дзёўб сваю ячэйку: «тук-тук» — чулася за маёй спіной, і паступова, у цягучай дрымоце, я пачаў успрымаць гэты гук, як знаёмы, напаўзабыты стук сякеры ў дзяцінстве, які на ўсё жыццё ўбіўся мне ў памяць.
Тое лета наш бацька ставіў новую хату. Варта заплюшчыць вочы, як дагэтуль выразна бачна яго прыгорбленая, у непадпяразанай сарочцы постаць на зрубе, заскарузлыя вялікія ступні, упертыя ў смаляныя бакі бярвён — бацька высякае вуглы. Цэлае лета пад гэта «тук-тук» бацькоўскай сякеры я засынаў увечары і прачынаўся ўранні. Пазней, калі наставаў час сняданку і яго жаданая абвесніца-мама ласкава-ціхім голасам будзіла нас, дзетвару, у сенцах стуку ўжо не было, бо не было бацькі — у гэты час ён ужо выганяў соткі на палявой рабоце, з якой заўжды была няўпраўка ў калгасе. Я не ведаў, калі бацька спіць, не бачыў яго хоць бы на хвіліну раздумным. Ён і курыў на зрубе, не выпускаючы з рук сякеры, еў хутка, спяшаючыся, не хадзіў — заўжды бегаў, згружаў, нагружаў каменне, паднімаў цяжкія бёрны, бясконца сек і часаў. I так усё лета — без выхадных і святочных, у спёку і ў дождж, раненька на зары, упоўдзень, да глухой цемры ўвечары. Заўжды прагны да працы, ён проста надрываўся на будоўлі, здзіўляючы людзей сваёю нястомнасцю. Яго нават і празвалі тады Двухжыльным. Але ён не быў двухжыльны. Я бачыў, як бацька стамляўся і як яму было цяжка. Проста нам патрэбны быў дом, новая хата — старая ўжо струхлела, правалілася па самыя вокны ў зямлю, падгніла, не захінала ад ветру, а зімой прамярзала па ўсіх чатырох вуглах. Мы, малыя, часта прастуджваліся, і мама плакала, кажучы, што гэта халупа ўгоніць яе ў труну. I вось бацька ўзяўся будаваць хату. А нам усім сказаў, што кроў з носа, а зімаваць будзем у новай, хопіць, нажыліся ў старой. Мама коратка ўсміхнулася, тут жа згасіўшы радасць уздыхам, бо надта добра ведала, чым абыходзіцца ўсім нам гэта новая хата. У той год мы амаль перасталі бачыць малако (хіба кіслае з бульбай), масла, яйкі, твораг. Рэшта парсючка з кубла таксама пайшла на кірмаш ды зімой на талаку, калі вазілі з лесу бярвенні. А яшчэ не было рамаў у вокны, дошак на падлогу, цэглы на печ… Дапамогі нам ніадкуль не было, усе спадзяванні толькі на сябе, на ўмелыя бацькоўскія рукі. Але калі ўжо бацька сказаў, дык з’явілася ўпэўненасць, бо ён у нас быў не толькі двухжыльны, але і ўпарты, проста ашалелы, калі хацеў чаго-небудзь дабіцца.
Ён нібы адчуваў, што яму ўжо не шмат засталося, і спяшаўся, стараючыся як мага скарэй падвесці пад кроквы нашу невялічкую смалістую, поўную лясных таямнічых пахаў хатку. Да крокваў заставаўся недарублены адзін апошні вянец, калі бацькі не стала.
Месяц мы не даравальна для сябе правалынілі — маці бегала па ўсёй акрузе, па знаёмых і родзічах, разоў дзесяць ездзіла ў раён, — усё, вядома, дарэмна. Скаргі на лёс і слёзы — кепскія памочнікі ў справе, а зіма насоўвалася ў спрадвечны свой час. Стаяў на агародзе зруб з утыркнутай у вугал сякерай — бацька як пакінуў яе ўвечары, так болей ужо і не выняў. Мама пабедавала, паплакала ды аднойчы ўзлезла на зруб і аберуч выдрала тую сякеру. Было пакутай глядзець, як яна дзёўбала там. I вось аднойчы, вярнуўшыся з школы, на зруб узлез я. У мяне неяк пайшло зручней, чым у маці, хоць, вядома, далёка не так, як у бацькі. I ўсё ж я дарубіў недарублены ім вугал. Праўда, трохі зачапіў вострай пяткай калена, прасекшы штаны.
З таго дня пачалася мая будаўнічая пільніца.
Самым пакутным было ўставаць на світанні, да чаго я доўга не мог прывучыцца, жахліва хацелася спаць. Маці будзіла мяне ў тры прыёмы, і ўжо я замест бацькі будзіў уранку сваім стукам малодшых сясцёр — так кожны дзень да глыбокай восені. Школа мяне мала цікавіла. Вучыцца ў сёмым класе ўвогуле было няцяжка. Куды болей сур’ёзныя справы займалі маю свядомасць. Надвячоркам, прыбегшы з калгаснай работы, да мяне на зруб узлязала маці. Удвох мы перакочвалі бервяно, падняць якое з зямлі памагаў хто-небудзь з суседзяў. Калі ж нікога паблізу не было, мусілі паднімаць удвох. Спачатку мы клалі яго канцом на плот, потым паднімалі на сярэдзіну зруба і ў трэці прыём, стаўшы на драбіну, узвалаквалі канец бервяна наверх. Затым гэткім жа спосабам паднімалі другі канец. Так дарубілі і самшылі. Ставіць кроквы памог дзядзька Ігналя. Накрываў кулявой саломай мамін сваяк з суседняе вёскі. Астатняе дараблялі самі з маці. Гэта было нялёгка, ды і вечна не хапала таго-другога. На зіму мы ўсё ж перанесліся ў сваю новую хатку, вокны ў якую паставілі з старой, дзверы таксама. Падлогі яшчэ не было зусім, але печ змураваў самы лепшы ў раёне пячнік, з ім расплачваліся некалькі год потым, — і ў першы ж вечар, прыгрэўшыся каля яе сырога яшчэ, смярдзючага ад гліны боку, мама сказала:
— Як-небудзь будзем жыць, дзеткі…
Дзяцінства маё тым летам і скончылася, на плечы ляглі зусім не дзіцячыя клопаты, пачалася праца, а болей працавітых за нашу сям’ю не было ў вёсцы. Без бацькі спадзявацца не было на каго, кавалак хлеба трэба было зарабіць самім. У першы ж год мама выгнала 430 працадзён у калгасе, я — 210. Ленка і тая 60. Адна Наталка заставалася дома — на яе абавязку была карова, куры, праполка. Усе ў нас мелі свае справы і свае абавязкі — як і дарослыя. Было не да гульняў і дзіцячых забавак. I хоць даводзілася цяжка, часам галаднавата і сцюдзёна, здавалася, што ўвогуле зусім нармальна. Іншага жыцця мы ў тую пару не ведалі. Да вайны ж заставалася яшчэ тры гады.
Гадзінніка ў нас не было, мы не сачылі за часам, якога, мусіць, мінула нямала. Я ўжо некалькі разоў браўся драмаць, але прахопліваўся кожнага разу, калі хто заходзіў у бліндаж або выходзіў з яго. Ананьеў усё не вяртаўся, і Грыневіч, здаецца, таксама прыдрамаў. У бліндажы было зусім ціха, чуліся ўсе гукі знадворку: прыглушаны кашаль, рэдкія скупыя словы паблізу; часам нехта праходзіў туды-сюды па траншэі. Ніводзін рух там не застаўся для нас безуважны — слых нават і ў сне быў насцярожаны да ўсяго наверсе.
Але ноч, здаецца, мінала.
Праўда, мяне трохі непакоіла, чаму так доўга не вяртаўся камандзір роты. Што яму было рабіць там, калі ўсё спакойна? Узводы акапаліся, і байцы ў аддзяленнях па чарзе таксама адпачываюць, як-колечы з цыгаркай і прытопам бавячы на сцюжы непагодную ноч. Бліндаж пры такім надвор’і — раскоша. Але ўсім нельга ў бліндаж.
Пэўна, я ўсё ж прыдрамаў і прачнуўся ад нейкіх трывожлівых, спрасоння не зусім зразумелых гукаў. Я падняў голаў і ўслухаўся — па траншэі хтось бег, усё набліжаючыся, нешта гукнуў паблізу і сціх. Але тут жа на дзвярах тузанулася палатка, чалавек, прыгнуўшыся, зазірнуў у бліндаж.
— Таварыш лейтэнант! Таварыш лейтэнант Грыневіч! Грыневіч, чутна было, спахапіўся, але, сонны, мусіць, чагось не даўмеўся і азваўся не адразу.
— Таварыш лейтэнант…
— Я. Што такое?
— Таварыш лейтэнант! — задыхана казаў баец. — Камандзір роты выклікае.
— А што здарылася?
Баец памарудзіў, перавёў дыханне.
— Ды там… Немцы шурудзяць нешта.
Грыневіч хуценька падхапіўся і, спатыкнуўшыся аб чыесь ногі, выйшаў з бліндажа.
Санлівасць мая імгненна мінулася. Збоч у змроку заварушыўся Цвяткоў, насупраць ля сцяны насцярожыліся параненыя. Я зразумеў, што будзе пакутай сядзець тут у невядомасці, і таксама ўстаў, захінуў на плячы шынель і вылез у траншэю.
Снегу за ноч падбавіла, ім быў добра замецены бруствер і дно траншэі, на якім месцамі расплываліся цёмныя гразкія плямы. Наўкола павіднела, стала далей відаць поле, кустоўе, быльнёг на ўзмежку. Над пярэста-шэрым сутоннем вісела змрочнае, без аніводнае зоркі неба.
Піліпенкавы байцы стаялі па траншэі і глядзелі кудысь убок. Двое грэліся — маўкліва сапучы, штурхалі адзін аднаго плячом. Яны далі мне прайсці і таксама пасталі, узіраючыся ў прыцемак.
Камандзір роты быў на сярэдзіне траншэі, якраз на месцы стыку пазіцый двух узводаў. Тут жа стаялі Грыневіч, Піліпенка, некалькі байцоў і Ванін. Ля ног малодшага лейтэнанта цёрлася Пулька.
— Ды не там!.. Вунь лявей бяры. Бачыш кусцікі? Во каля іх, — нешта паказваў камандзір роты Грыневічу.
Грыневіч старанна паўзіраўся і паціснуў плячыма.
— Нічога не бачу.
— А ты ўгледзься. Не сляпы ж, мабыць? Да іх важна павярнуўся Піліпенка, які цяпер быў без палаткі, у шынялі з вы-сока настаўленым каўняром.
— Мы тэж сперва нэ бачылы. А прыдывыліся — хтось варушыцца. Всім нэ можа здатыся.
Ананьеў азірнуўся, убачыў мяне і, ніколькі не падзівіўшыся маім тут з’яўленнем, тузануў за рукаў.
— Ану, Васюкоў, глянь! У цябе зрок востры.
Сказана тое было зноў па-сяброўску, нібы да роўнага. Я старанна ўгледзеўся ў шэры прыцемак, у якім слаба мроілася воддаль нешта падобнае на кустоўе ці, можа, пагорак. Але нічога, што б выдавала там прысутнасць жывога, я не заўважыў.
— Ну, бачыш?
— Не.
Ананьеў нахмурыўся, счакаў і зласнавата кінуў Піліпенку:
— Нясі кулямёт!
Піліпенка моўчкі падаўся па траншэі і неўзабаве ярывалок РПД з прымкнёным магазінам. Камандзір роты кутка прыладзіў яго на брустверы.
— Ану, паназірайце!
Чарга амаль громам разарвала начную ціш, чырвоныя водбліскі ад ствала ліхаманкава заскакалі па брустверы, у траншэю сыпанула жменяю гарачых смярдзючых гільзаў. Счакаўшы, пакуль у далечы заглухне рэха, Ананьеў адняў ад пляча прыклад і выпрастаўся.
— Ну, што?
— А нычога, — сказаў Піліпенка. — Ні гу-гу.
— Гадства! — падумаўшы, вылаяўся камандзір роты.
Яму ніхто не адказаў. Усе моўчкі стаялі, не ведаючы, што прыдумаць, каб адгадаць гэтую трывожную загадку ночы. Тады ад бруствера павярнуўся Ванін, які дагэтуль сціпла стаяў побач з Ананьевым у сваёй кароценькай ватоўцы.
— Дайце я схаджу, — сказаў ён проста, нібы гутарка ішла аб якой драбязе. — Калі што — кулямётам…
Заклапочаны, Ананьеў няўцямна зірнуў на яго.
— Давай! — раптам нібы ўзрадавана сказаў ён.
Грыневіч, аднак, запярэчыў:
— Адзін? Не паложана. Двое трэба.
Ванін азірнуўся.
— Пласкуноў, айда!
Невялічкі крываногі аўтаматчык Пласкуноў, што стаяў ззаду ў непадпяразаным шынялі, нерашуча пераступіў з нагі на нагу. У адной руцэ ён трымаў жалезную скрынку з дыскамі ад РПД.
— Дык я гэта…
— Шчо — ты? — злосна гыркнуў да яго Піліпенка.
— Дык гэта… кулямёт.
— Нэ втэчэ твій кулэмэт. Бэры автамат і дуй.
Ванін тым часам выняў з кішэні гранату і дакладным рухам уставіў у яе запал. Гранату планкай пачапіў на дзягу ля спражкі.
Пласкуноў яшчэ раз пакутліва пераступіў, азірнуўся. Уся яго худзенькая постаць была ўвасабленнем нерашучасці. З натугай асільваючы яе, баец зняў з пляча аўтамат, паправіў шапку і, калі Ванін, абапёршыся каленам аб край бруствера, вылез наверх, таксама пачаў выбірацца з траншэі.
Ванін прыпыніўся, ступіў да камандзіра роты.
— Патрымайце пакуль. А то…
— Нэ вэртайсь! — крыкнуў Піліпенка.
Скінуўшы цераз голаў планшэтку, малодшы лейтэнант аддаў яе Ананьеву і таропка збег з бруствера.
— Вэрнувся! От дурэнь… — бурчаў Піліпенка.
Нехта няўцямна спытаў:
— А што, як вярнуўся?
— Шчо, шчо! Нэ знаеш шчо?
Пулька жалліва заскуголіла, забегала ўнізе, імкнучыся выскачыць з траншэі. Піліпенка злосна пхнуў яе ботам:
— Халера, тэбэ шчэ не хапала!
Баец у бушлаце спрабаваў злавіць сабачанё, але тое, выскачыўшы, прашмыгнула між ног, усё скачучы на бруствер. Грыневіч раздражнёна прыкрыкнуў злым шэптам:
— Што за сабачнік яшчэ? Качамасаў!
— Я.
— Прыстрэльце сабаку.
— Ну што вы, таварыш лейтэнант! — здзівіўся баец. — Як можна!
Грыневіч азірнуўся.
— Сідарэц!
— Так сліпота ў мэне куріна. У траншэі нэ бачу нычога.
Нампаліт моўчкі выняў пісталет і, штурхнуўшы кагось у траншэі, прашчаміўся ў той бок, дзе мітусілася Пулька.
У мяне непрыемна сціснулася ўнутры: няўжо ён прыстрэліць яе! Я зірнуў на камандзіра роты, але той стаяў, здавалася, нічога не бачачы і не чуючы навакол: уся яго ўвага цяпер была ў полі, куды пайшоў Ванін. У траншэі нягучна хлопнуў пісталетны стрэл. Пулька віскнула, пасля хлопнула яшчэ раз, і ўсё змоўкла… Ніхто ні словам не азваўся на смерць сабачкі, усе як і раней нерухома стаялі наўкола камандзіра роты, і штось востра непрыязнае да нампаліта коратка ўспыхнула і згасла ў маім пачуцці… Зрэшты, які «б» блізкі для нас ні быў лёс Пулькі — свой уласны турбаваў куды больш. Усе ў траншэі ўзіраліся наперад, куды ішоў Ванін. Малодшы лейтэнант не аглядваўся і не падганяў Пласкунова, які трохі адстаў. Спакваля яны ўсё болей цямнелі, расплываліся ў шэрым сутонні. Неўзабаве ўжо трэба было дужа ўглядацца, каб згледзець іх. А затым яны і зусім зніклі.
Мы яшчэ пастаялі, слыхам чакаючы стрэлаў ці крыкаў, толькі нічога нідзе не было. Напружанне памалу пачало спадаць, людзі ў траншэі заварушыліся. Нехта прысеў закурыць. Піліпенка запытаў пра час. Даўжэй за ўсіх у начную прыцьмеласць углядаўся Ананьеў, але і ён, нарэшце, адступіў ад кулямёта і прыхінуўся да тыльнага боку траншэі.
— Так! Васюкоў! — клікнуў мяне камандзір роты. — Забірай немца, параненых і марш у санроту! За рэчку Цвяткоў правядзе.
«Ну вось, значыць, ужо будзем развітвацца», — падумаў я.
Увогуле, мусіць, гэта звычайна на фронце, але цяпер чамусьці мне стала самотна. Я збянтэжана пастаяў у траншэі, не ведаючы, што сказаць. Напэўна, адчуваючы маю нерашучасць, Ананьеў павярнуўся ад кулямёта.
— Давай, давай! Пакуль ціха, — сказаў ён амаль спакойна.
I ўсё ж я добра ведаў камроты, каб не адчуць у яго тоне старанна прыхаваныя ноткі трывогі. Зрэшты, і ў выглядзе яго нешта сведчыла аб непакоі. Я проста не памятаў яго такім рэзкім у рухах і словах. Нечакана для самога сябе мабыць, упершыню я зразумеў, што зусім ён не такі самаўпэўнены і ўладарны, якім заўжды мне здаваўся. Гэтае адкрыццё жаллівай паныласцю кранула мае пачуцці, але, знешне не выдаючы таго, я сказаў:
— Ну што ж… Тады — да пабачэння…
— Давай лячыся…
Ён коратка і амаль абыякава паціснуў маю руку і зноў павярнуўся да змрочнай далечы. Моўчкі, не выходзячы з-пад улады звычайнай напускной незадаволенасці, падаў мне шырокую далонь Піліпенка, стрымана кіўнуў галавой Грыневіч. Затым я таропка паціснуў сцюдзёныя рукі байцоў, якія маўкліва праводзілі мяне занадта ўважлівымі позіркамі.
Ідучы назад па траншэі, я ўсё ўслухоўваўся, але трывогі пакуль не было, аўтаматчыкі па-ранейшаму сцішана пераседжвалі ноч: тупалі, курылі, а некаторыя, не гледзячы ні на што, спалі, скурчыўшыся ў сваіх ячэйках. Цяпер, аднак, усе яны — знаёмыя і незнаёмыя — адсоўваліся ад мяне ў мінулае, у маё былое і сваё будучае, але без мяне, бо праз гадзіну я, мабыць, буду адсюль далёка.
З новым клопатам я рвануў з увахода палатку і ўлез у бліндаж.
Параненыя хутка паўставалі, разабралі зброю. Мы расштурхалі немца і павылязалі ў траншэю. Оберфельдфебель трохі праспаўся і, мабыць, пацверазеў, бо хоць і не адразу, але ўсё ж выконваў нашы каманды. Праўда, ісці яму было цяжка, ён амаль не прыступаў на параненую нагу і скакаў на адной, перабіраючы па сценах рукамі.
Тым часам займаўся світанак.
Неба паяснела, на ўсходзе стаў бачны край лесу над пагоркам, дзе была дарога: з шэрага змроку нясмела яшчэ выплываў аснежаны прыцьмелы прастор. Было ветрана, сцюдзёна, снег, аднак, не ішоў. Можа, нават падмарожвала, але толькі ледзь-ледзь.
Мы трохі прайшлі па траншэі, далей трэба было вылазіць наверх. Цвяткоў першы ўскочыў на бруствер і падаў мне руку. Затым выбраўся аўтаматчык з абвязанай бінтамі галавой. Удвох яны вывалаклі другога аўтаматчыка і працяглі рукі немцу.
Обер-фельдфебель нерашуча паглядзеў знізу ўгору — наўрад ці ён разумеў, куды яго вялі, мабыць, думаў, расстрэльваць, і толькі цяпер пачынаў аб чымсьці здагадвацца.
— Ну, што лыпалы выкаціў? Давай руку.
Ён даў руку, утрох мы неяк узвалаклі яго на бруствер. Але тут аказалася, што ён зусім не можа прыступіць на нагу і адразу апусціўся долу. У дадатак да ўсяго, ноччу нехта сцягнуў ягоны шынэлак, немец прыкметна дрыжаў ад сцюжы ў сваім кароткім мундзірчыку. Цвяткоў вылаяўся.
— Як жа яго весці? Падвода трэба.
— Мо пашукаць лапату? — сказаў я. — Замест кастыля.
Аднак мяне не падтрымалі — пэўне ж, вяртацца назад у траншэю нікому не хацелася, світанак прымушаў спяшацца. Поле на захадзе, здаецца, болей, чым уначы, злавесна чарнела ад навіслай над ім цемрадзі, у якой таілася нейкая нязнаная, загадкавая і таму асабліва страшная небяспека.
— А што, хіба Ананьеў не да санроты мяне выпраўляў? — раптам з насцярогай у голасе запытаў Цвяткоў, стоячы на заснежаным брустверы.
— Толькі да рэчкі.
— А ад рэчкі вы як? Во з гэтым?
— Як-небудзь.
Цвяткоў падумаў і з яўнай незадаволенасцю тузануў за рукаў немца.
— Ану, устаць!
Немец устаў, і санінструктар узяў яго пад руку, што мяне ўвогуле здзівіла: то не хацеў перавязваць, а тут бярэ пад руку, хоць гэта мог бы зрабіць той жа паранены ў голаў аўтаматчык, які, не зважаючы на рану, трымаўся ўвогуле ўпэўнена.
Мы зышлі з бруствера і па слізкім ад снегу травяністым схіле пайшлі да мастка ўніз.
Цвяткоў даволі бесцырымонна валок немца, той, часта падаючы на вольную руку, ледзьве спраўляўся з ім. Мы ўтрох абмінулі іх, коўзаючы па снежнай траве, сышлі да рэчкі і ўсё па тых жа бэльках былога мастка перайшлі на другі яе бок. Далей, мусіць, трэба было пачакаць Цвяткова, каб пераняць у яго обер-фельдфебеля, і я прытрымаў хлопцаў, якія з прыкметнай паспешнасцю імкнуліся ў тыл.
Аднак правесці аднаногага чалавека па бервяну было не проста, ва ўсякім разе, Цвяткоў не наважыўся на тое. Падышоўшы да мастка, ён нерашуча спыніўся і паглядзеў на мутны вадзяны паток, які хутка вірыў між мокрых, аснежаных берагоў.
— Ну, што? — спытаў я.
— Не прайсці. Якая тут глыбіня?
Чорт яе ведаў, якая тут была глыбіня, але я ўспомніў, што Ўночы некаторыя з аўтаматчыкаў пераходзілі недзе ўброд.
— Давай, не патонеш…
— Што — давай? Ідзі памажы…
Лезці ў ваду не хацелася, у ботах маіх і без таго ўжо было мокра, і ўсё ж аднаруч я падабраў полы шыняля і пайшоў у раку. На шчасце, глыбіня тут была не дужа вялікая, я хуценька перабег на той бок, і ўдвох мы ўзялі немца. Оберфельдфебель згодна павіснуў на нашых руках. Мы з намаганнем прыўзнялі яго даволі цяжкаватае цела. Ён разы два скокнуў здаровай нагой у вадзе і ўрэшце апынуўся на другім беразе.
— Гадская работа… — сказаў Цвяткоў. — Поўныя боты вады…
У ботах, вядома, здорава чвякала, ногі пачалі стыць, трэба было хутчэй ісці, каб сагрэць іх, але Цвяткоў не пусціў ад сябе немца.
— Удвох павядзем.
— А ў роту не вернешся? — спытаў я.
Стала віднець. Я бачыў шараваты ад бессані твар Цвяткова, які трошкі паморшчыўся і, мабыць болей для заспакаення самога сябе, вытлумачыў:
— Санінструктару палагаецца суправаджаць параненых да санроты. Так што…
Ён не даказаў фразы, аднак сэнс ягонага «так што» быў без таго вядомы, і мы моўчкі пайшлі па дарозе, якая тут пралягала па даволі высокім насыпе. Увогуле, гэта было парушэннем загаду камандзіра роты, але не мая справа паказваць на тое сяржанту: я перадаў яму ўсё, што мне сказаў Ананьеў, а там хай рашае сам. Зрэшты, можа, гэта нават і лепей, што ён з намі: увесь час валачы немца — справа нялёгкая, а так, мусіць, мы б неяк мяняліся. Усё ж у нашым становішчы здаровы чалавек варты некалькіх параненых.
Немец пры кожным скачку здорава шлэпаў падэшваю бота. Мне трохі нязручна было трымаць яго аднаруч, ды яшчэ замінаў аўтамат на правым плячы. Я ўжо хацеў паклікаць на змену аўтаматчыка з забінтаванай галавой. У той час, занятыя сваімі справамі, мы трохі забыліся пра тыя трывожныя абставіны, што ўсё яшчэ віснулі над ротай і намі. Перайшоўшы ручай, мы адчулі ў сабе палёгку, быццам нядаўняя небяспека засталася далёка ззаду. I менавіта ў гэты час ззаду штось здарылася.
Я нават не паспеў сцяміць, што данеслася да нас у першае імгненне — толькі, мабыць, не стрэл і не выбух, здаецца, гэта быў і не крык. Тым не менш нешта грымотна-нечаканае ўдарыла па адчуваннях так пагрозліва, што я аж спатыкнуўся. Я адчуў яшчэ, як страпянуўся ў маёй руцэ немец — вёртка крутануўшыся, ён азірнуўся, і я злавіў на яго твары кароценькі водбліск радасці. Але ў гэты момант порстка затрашчаў аўтамат, пачуліся крыкі, некалькі адначасных гранатных выбухаў прагналі прэч ноч. Золак раптоўна абудзіўся стрэламі і апрыклым да паныласці дзіганнем куль.
Па звыклай франтавой завядзёнцы, мы борздзенька сунуліся з насыпу і хто як стаіліся на касабокім мокрым адхоне. Ніжай была канава і гразь, але высокі насып някепска прыкрываў нас, кулі з вышыні сюды не даляталі.
Тады ў галаву шыбануў страх — не за сябе (па нас, здаецца, яшчэ і не стралялі) — страх быў за роту: што там? Я хуценька вытыркнуўся з-за насыпу — на схілах, аднак, нікога не было, але на самай макаўцы вышыні ў прыцемку ўжо ўгадваўся рух, пыл, бляск стрэлаў. Калі я зноў вытыркнуў голаў, аказалася, што ля мяне застаўся адзін толькі немец. Іншыя, у тым ліку і Цвяткоў, прыгнуўшыся, перабягалі за насыпам далей, па-над дарогай угору.
Спярша я не зразумеў, куды яны, але хутка ўсё стала надта выразна, і я, сам таго не чакаючы, закрычаў ва ўсё горла:
— Стой! Назад!
Цвяткоў прыпыніўся, угнуўшы голаў, няўцямна азірнуўся, я бачыў яго здзічэлыя вочы на пабялелым, спалоханым твары. Сяржант яўна чагось не разумеў, і я з лютасцю паўтарыў:
— Назад!
Я зусім не думаў у той час, які сэнс вяртаць гэтых людзей да рэчкі, але я ўсім сваім нутром адчуваў, што ў роце бяда і што менавіта таму мы не павінны ўцякаць. Аднак чым мы маглі памагчы ёй — таго я не ведаў.
Двое параненых зразумелі маю каманду па-свойму і ляглі за насып, а Цвяткоў пасля нядоўгага вагання, падбег да немца.
— Устаць!
Ён тузануў палоннага за рукаў, аднак той адкінуўся долу, нешта загергетаў, замахаў рукамі і не ўстаў. Цвяткоў ткнуў яго ботам і схапіўся за аўтамат.
— Устаць, падла! Фашысцкая морда!
Незразумела, нашто было ўставаць — хіба каб уцякаць адсюль, толькі гэтага я ўжо ім не дазволіў бы. Ды і немец, адчуўшы нешта, раптам перамяніўся, выраз яго ўпартага твару стаў жорсткім і непаслухмяным, ён яўна не хацеў падпарадкавацца сяржанту.
— Кінь! — крыкнуў я санінструктару. — Ідзі сюды.
Цвяткоў паныла паглядзеў у той бок, дзе ляжалі астатнія двое, і нерашуча палез на адхон. Ён яшчэ не паспеў апусціцца, як аб дарогу ўдарылі кулі — за каўнер мне пляснула гразёй, абое мы тыцнуліся галовамі ў макрэдзь. У той жа час на вышыні сталася нешта і горшае. Яшчэ без дай прычыны я адчуў гэта сваёй абвострана чуйнай цяпер падсвядомасцю і зноў выглянуў з-за насыпу. Мусіць, тады я ўскрыкнуў, бо Цвяткоў таксама спалохана зірнуў з-за дарогі — збоч ад вышыні па схіле ўніз навыперадкі і бязладна беглі аўтаматчыкі.
Гэта было неверагодна, але я мусіў верыць сваім вачам і не мог памыліцца. Спярша ўзвод Піліпенкі, а затым і ўся рота выскачыла з траншэі і ўрассыпную памчалася да ракі. Некалькі чалавек ужо ўпала, хтось ззаду спрабаваў падняцца, пагрэбаўся ды і заціх на снезе. Некаторыя, коратка прыпадаючы на калена, таропка адстрэльваліся чаргой-другою. Іншыя тым часам беглі ўніз, ды так, што дай толькі бог ногі. Рота рассыпалася па ўсім схіле. Над вышынёй выла, трашчала, дзігала; гахалі выбухі гранат.
Хвіліну я не ў стане быў сцяміць, што сталася: немцаў, здаецца, пакуль не быле відаць, але, мяркуючы па ўсім, ударылі яны куды як здорава. Проста пад дых ударылі, сволачы.
Пярэднія з уцекачоў ужо набліжаліся да мастка, іншыя кіравалі збоч ад яго, у кустоўе на балацявіне. Некалькі чалавек з ходу, не затрымліваючыся, сунуліся ў ваду, і тады ззаду, у дадатак да ўсяго, імпэтна затрашчаў кулямёт. Трасіруючыя агнянымі пісягамі сцебанулі наўкось па схіле, рыкашэтам матлянулі ад зямлі ў неба. Ля мастка нехта ўпаў, нехта, мусіць паранены, голасна, з роспаччу залямантаваў, але тут жа гэты яго лямант і згас у стогалосым грымоцці бою.
I тады між дзігання куль і траскоцця чэрг, прыглушаны, як з невядома якой далечы, данёсся з-за рачулкі знаёмы, здушаны голас. Я адразу пазнаў яго і страпянуўся: ён даў хоць колькі надзеі, ён ратаваў. Падхапіўшыся з насыпу, я кінуўся да мастка.
— Стой! Стой!.. Стой, такую тваю!..
Хутка я ўбачыў яго: без шапкі, у расшпіленым шынялі, з пісталетам у руках Ананьеў кідаўся між байцоў па схіле, імкнучыся затрымаць уцекачоў і адначасна дагнаць пярэдніх, каб за імі спыніць усю роту.
— Стой! Стой!..
— Стой! — не сваім ад лютасці голасам закрычаў я, выскокваючы да мастка. Па бёрнах яго на мяне ўжо ляцела двое байцоў, позіркі іх неслі недаўменне і страх, потныя твары — разгубленасць. Аднак я ўжо ведаў, чаго ад іх патрабаваць, і ведаў, як перамагчы гэты іх страх. Страшным голасам вылаяўшыся, я затрос аднаруч аўтаматам, і ўцекачы, здаецца, зразумелі штось. Хіснуўшыся ад блізкіх удараў куль, яны хуценька шаснулі за насып. Туды ж бягом скіравалі яшчэ некалькі, што вылезлі з рэчкі. З іх мокрых шынялёў цурком лілася вада.
Два кулямёты на вышыні захліпаліся ў агнянай гарачцы. Чэргі, кожная трэцяя куля з якіх была трасіруючая, джгалі зямлю, снег, ваду ў рацэ, пырскалі снегам і гразёю з-пад ног тых, што беглі, і між тых, што ляжалі на схіле.
Ананьеў выскачыў з рачулкі ледзьве не апошнім, — брудны, мокры, з пісталетам у руцэ, затвор якога заела ў заднім становішчы, пакінуўшы высунутым наперад тонкі варанёны ствол. Кулямётная чарга абдала ротнага пырскамі снегу, але ён не адхінуўся ад яе — адным махам узбег на ўзмежак, і я падаўся яму насустрач. Камандзір роты, аднак, нават не зірнуў на мяне, бы не пазнаў. Зрэшты, з першага позірку я таксама ледзьве пазнаў ягоны такі мной ніколі не бачаны, счарнелы, перакрыўлены ад лютасці, твар, з якога ліў пот. Грудзі і жывот старшага лейтэнанта былі вываляны ў мокрай гразі, шынель на баку раздзёрты. Кідаючы наўкола разгарачаныя позіркі, ён люта камандаваў:
— У ланцуг! У ланцуг, такую вашу… У ланцуг!
Ананьеў падбег да насыпу і, згледзеўшы тут байцоў, што бязладна палеглі на адхоне, амаль з нянавісцю кінуў:
— У ланцуг!
Яго хуценька паслухаліся. Некалькі чалавек падняліся і, прыгінаючыся, адбеглі, каб легчы радзей. Ніколькі не хаваючыся ад куль, якія дзігалі ўгары, Ананьеў гняўлівым позіркам прасачыў за байцамі, затым азірнуўся ў другі бок і вылаяўся.
— Васюкоў!
Здаецца, толькі цяпер ён заўважыў мяне і крыкнуў так дужа прывычна і будзённа, нібы ўчора, заўчора ці калі раней, калі яшчэ не было ні гэтай бяды, ні майго такога недарэчнага цяпер ранення. Я таксама, як рабіў гэта заўжды, без слоў ускочыў з адхона і, сігануўшы цераз лужыну, кінуўся па ўзмежку. Там, за кусцікамі над балацявінкай, дзе быў узвод Піліпенкі, яшчэ прадаўжаўся бязладны рух, некаторыя з байцоў залеглі ля рэчкі, а чалавек з пяць прыстала трухалі ў тыл на пагорак. Кулямёт з вышыні цяпер біў туды.
— Усіх — у ланцуг!
Я не азірнуўся, але я чуў ягоны загад і бег кароткімі перабежкамі, штораз плюхаючыся бокам у гразкі, падталы снег, дзесяць секунд аддыхваўся і ўскокваў зноў. Спярша з вышыні па мне не стралялі, затым, мусіць, усё ж заўважылі адзінокага бегуна, і кулямёт з рассейваннем у глыбіню сыпануў наўкола жменяю куль. Адна з іх порстка шчоўкнула пад рукамі, штосьці святлявае мільганула ў доле. Я з маху ляпнуўся на бок і выцягся на зляжалым, перасыпаным снегам іржэўніку. Падаючы, мусіць, павярэдзіў руку, плячо жудасна забалела; сцяўшы зубы, я хвіліну мычэў, ледзьве адольваючы боль. Тым часам чарада куль падзёўбла зямлю і аддалілася. Трэба было бегчы. Я зручней перахапіў аўтамат, прыклад якога быў расшчэплены.
Працірка і ёршык, выпаўшы з адбітага затыльніка, валяліся на снезе.
Аднак піліпенкаўцы былі ўжо блізка. Яшчэ адзін ускок, і я схаваўся за алешнічкам, які хоць і не бярог ад куль, але ўсё ж прыкрываў ад варожых вачэй з вышыні. Крайнія ў ланцугу аўтаматчыкі, распоўзшыся па ўзмежку, пачалі акопвацца. Я падбег і ўпаў ля аднаго з іх, што нерухома ляжаў, шырока раскінуўшы ногі. Здаецца, ён штосьці жаваў.
— Дзе Піліпенка?
Баец моўчкі кіўнуў кудысь убок і нацягнуў на патыліцу каўнер шыняля. Акопвацца ён чамусьці і не збіраўся.
— У вас што — няма лапаткі? — запытаў я.
Баец моўчкі варухнуў бядром, ля якога тырчаў чаранок пехацінскай лапаткі.
— Дык капайце хутчэй!
Перастаўшы жаваць і павярнуўшы ў мой бок худы з шэрым шчаціннем твар, ён акінуў мяне абыякавым, змораным позіркам.
— А нашто?
— Як нашто? — не зразумеў я. — Каб уцалець!
— Дурны ты, гляджу… — раптам з яўнай пагардай сказаў баец. — Доўга ты думаеш уцалець? Да абеду? Ці нават да вечара?
Я не думаў пра тое. Я перажываў няшчасце, якое звалілася на роту, усё ва мне кіпела ад узрушання, а ён во якую захоўвае цвярозасць погляду. I самае недарэчнае заключалася ў тым, што ўвогуле ён казаў праўду. Адкрыццё гэтае, вядома, не прынесла мне суцяшэння, і, каб задушыць у сабе нечаканую прыкрасць, я падаўся ад яго далей. Прыгнуўшыся за голымі, месцамі густаватымі кусцікамі, я пабег уздоўж ланцуга, і неўзабаве, замест Піліпенкі, у нейкай ямцы-раўку наткнуўся на лейтэнанта Грыневіча. Нампаліт быў паранены і, адхінуўшыся на локаць, з пакутніцкім выглядам ляжаў на баку. Штаны яго былі ссунуты да калень. Незнаёмы баец у целагрэйцы, схіліўшыся над лейтэнантам, таропка і няўмела бінтаваў ягонае сцягно. Рукі байца кепска слухаліся, дрыжалі, бінт скручваўся, і Грыневіч раздражнёна прыкрыкваў:
— Ды тужэй ты!.. Закручвай! Не бойся!
— Зараз, зараз…
Я ўбег у равок і прысеў побач.
— Што — здорава?
Баец не адказаў, лейтэнант коратка з-пад каскі зірнуў на мяне і паморшчыўся. З твару, аднак, ён выглядаў не так кепска, як мне здалося ўпачатку, толькі, як і ўсе, быў брудны і стомлена дыхаў. Я падумаў, што рана ў яго, мабыць, не цяжкая. Сапраўды, замест адказу ён даволі бадзёра спытаў:
— Дзе камандзір роты?
— Там. Ля мастка.
— Сволачы! — зноў паморшчыўся нампаліт, — Што парабілі! Дражнілі з аднаго боку, а ўдарылі з другога…
— Камандзір роты загадаў: усім у ланцуг, — сказаў я.
Грыневіч прыўзняўся на локці.
— Бяжы, перадай Піліпенку, каб ні кроку назад! А то на схіле ўсіх пакладзе.
Я падхапіўся было бегчы далей, але тут жа згледзеў старшыну — голасна лаючыся, той гнаў у ланцуг трох байцоў, якіх вярнуў, мабыць, з самага пагорка.
— Гэць! Гэць вашу маць! Я вам пакажу тікаты!
Нашы ў ланцугу не стралялі, спакваля спынілі агонь і немцы — напэўна, біць не было па кім ці ўжо стала далекавата нават для кулямётаў. Піліпенка зморана прабег яшчэ крыху, пакуль не захінуўся ад немцаў кустоўем, затым па-над узмежкам павярнуў у наш бок.
Я апусціўся на мокрую палу шыняля.
Аднак не паспеў яшчэ старшына дабегчы да нашага раўка-ямкі, як з другога боку таксама запляцкалі ў гразі боты. Усе азірнуліся — рашучай нядобрай хадой сюды кіраваў камандзір роты. Ён па-ранейшаму быў без шапкі, толькі захінуў на пару кручкоў расхрыстаныя полы шыняля, паверх якога целяпалася знаёмая планшэтка Ваніна. Убачыўшы яе, я зразумеў, што Ваніна няма. Старшы лейтэнант неяк раптоўна спыніўся перад раўчуком, нібы нечакана для сябе наткнуўся на нас.
— Ну! — сказаў ён такім тонам, што ва ўсіх нас пахаладзела ўнутры. — Што расселіся? Што расселіся, так вашу растак! Бяжыце далей! Драпайце к… матары!
Гнеўна-бязлітасны позірк свой ён утаропіў у нейкую невядомую для нас кропку ля ног нампаліта і стаяў так, пагрозліва ўзвышаючыся над раўком. Грыневіч, аўтаматчык, які перавязваў нампаліта, і потны Піліпенка, што, на тую бяду, якраз сунуўся сюды, — усе мы маўчалі. Старшына зморана дыхаў і адно ніякавата шморгаў прастуджаным носам, не адважваючыся высмаркацца, мабыць чуючы нейкую сваю віну перад ротным.
— Пачаму драпанулі? Драпанулі чаму? Я ў вас пытаюся, старшына Піліпенка!
— Так цэ ж… Обкружалы! — няўпэўнена пачаў апраўдвацца Піліпенка, але раптам асекся і збянтэжыўся пад пранозлівым позіркам Ананьева. Праз момант, аднак, ён смялей ужо выпаліў: — Хіба тількі моі драпанулы?
— Ах, не толькі твае! — падхапіў Ананьеў. — Апраўдаўся! Выкруціўся, як смоўж! Не яго адны! I Ваніна тожа — гэта ты хацеў сказаць? Але ж Ванін на вышыні астаўся, а ты тут! На якога ж тады хрэна ты тут патрэбны?
Ананьеў здзекаваўся, помсціў за бяду, крычаў і быў страшны ў гэтым сваім, мусіць справядлівым, гневе. Такім я не ведаў яшчэ майго ротнага і адчуваў тут сябе да недарэчнасці боязна. Я то ўскокваў, то садзіўся — карцела прэч ад гэтага здзічэла-разлютаванага позірку, якога я не мог трываць, хоць і ні ў чым не лічыў сябе вінаватым.
Грыневіч таксама ніякавата варушыўся ў доле, нешта памкнуўся сказаць, але Ананьеў нікому не даваў вымавіць слова. Урэшце нампаліт зазначыў:
— Што цяпер мацярыць! Трэба акопвацца.
— Мацярыць! — грозна сказаў Ананьеў. — Вас не мацярыць нада! Нада заставіць вярнуць вышыню! Панялі?
Грыневіч, з непранікнёнай засяроджанасцю на цьмяным, кранутым адзнакамі болю твары, сказаў:
— Наўрад ці вернеш…
Ананьеў, мусіць, і сам сумняваўся ў тым, бо не адказаў і, хвіліну памарудзіўшы, запіхнуў пісталет у кабур. Рота ўжо ўся залегла дзвюма групамі; на гэтым баку рачулкі не відно было ніякага руху, але пазіцыя тут была болей чым няўдалая — усе падходы з тылу відны немцам.
— А цяпер што ж! — памаўчаўшы, злосна сказаў камандзір роты і павярнуўся да вышыні. — Палучаецца, Ананьеў ашуканец! Данёс пра вышыню, а сам у балоце сядзіць.
— Я ж казаў учора! — з нечаканай ажывеласцю заварушыўся ў доле Грыневіч. — Не трэба было атакоўваць. Хай бы сядзелі, чорт з імі. Загаду ж не было: чаго было выпевдрывацца!
— Ты мне пра атаку не дудзі, — зноў пачынаючы злаваць, загарачыўся Ананьеў. — Атака першы сорт! А вось сёння абас…я! — закрычаў камандзір роты і павярнуўся да апануранага Піліпенкі. — Я ж загадаў табе спыніць узвод! Якога ж ты д’ябла сам кінуўся за ўсімі?
— Так біглы ж…
— Ці бачылі яго: біглы! I ты пабег! Ну, тады і бегай. Радавым бегай. Я знімаю цябе з узвода. Паняў?
— Знімайтэ! — пакорна сказаў старшына, паціснуўшы плячыма. Затым неяк ураз паспакайнела абвяў, здзеў шапку і пад-кладкай яе выцер спатнелы твар. — Така міні бяда! Цьфу!
— Табе статкам авечак камандаваць, а не ўзводам. Балбес!
— Та хто е.
Кулямётчык з вышыні, мабыць, нешта заўважыў на гэтым баку і праз кустоўе пусціў доўгую, рассыпістую чаргу. Дзве кулі шчоўкнулі на ўзмежку, пырснуўшы ў неба чорнай зямлёй. Ананьеў, аднак, не варухнуўся і па-ранейшаму нязручна стаяў над раўком.
— Грыневіч, камандуйце ўзводам! Усім закапацца і назіраць за праціўнікам!
— Лейтэнант паранены, — сказаў я.
— Што?
— Нічога страшнага, — махнуў рукою Грыневіч.
З залішняй паспешлівасцю ён ускочыў на параненую нагу, але тут жа паморшчыўся і зноў апусціўся на дол. Ананьеў бачыў усё гэта, але не сказаў нічога — крута павярнуўся і імклівай хадой пашыбаваў да дарогі.
Я вылез з раўка і пабег следам.
Заняўшы свае акопы, немцы зусім сціхлі на вышыні, нібы ўсё астатняе іх не цікавіла. Па нас яны чамусь не стралялі. Ананьеў спярша пабег, нават прыгнуўся на адкрытым, але стрэлаў не было, і тады ён проста пайшоў хуткім крокам. Я дагнаў ротнага і, штораз пазіраючы на вышыню, сігаў крыху ззаду. Нас было лёгка падстрэліць тут, але Ананьеў не бег, а бегчы мне аднаму было проста сорамна перад камандзірам роты. Так мы ішлі па амаль адкрытым полі.. Стрэлаў не было.
Мяне, прызнацца, гэта трохі дзівіла, падумалася: ці не рыхтуюць яны нам двум што-небудзь і яшчэ горшае? Але, здаецца, для таго было пазнавата: мы перайшлі ўжо адкрытую балацявіну, набліжаліся да насыпу ля мастка. I тады на тым месцы, дзе нядаўна мы сядзелі з палонным, я ўбачыў Шапу. Відаць было, аўтаматчык чакаў камандзіра роты, ля яго ног ляжаў аўтамат і напакаваны чымсь рэчмяшок.
Ананьеў таксама ўбачыў яго, але ніяк не выказаў свае зацікаўленасці — зрэдку пазіраючы на вышыню, дайшоў да насыпу, пераскочыў лужыну ў канаве і па адхоне далез да броўкі дарогі.
Шапа павярнуўся да камандзіра роты.
— Ваш загад выканан, таварыш старшы лейтэнант. Ананьеў, аднак, моўчкі лёг на адхон і, высунуўшы голаў, упершыню засяроджана агледзеў схілы вышыні.
— Там другі батальён разварочваецца, — паказаў убок Шапа. — Па ўзгорку за дарогай.
У ветраным небе густа плылі шызыя, набрынялыя сцюжай хмары, было золка, сцюдзёна, аднак снег болей не ішоў. Той, што застаўся з ночы, памалу таяў у траве. На дарозе, на схілах вышыні яго ўжо засталося няшмат, паласа зямлі за рачулкай гразка чарнела раскіслым зляжалым ворывам. У некалькіх месцах на схіле відаць былі трупы забітых — шэрыя нерухомыя камякі шынялёў на стаптаным мокрым снезе.
— Дзе старшына? — ваўкавата запытаў Ананьеў.
— А там, за ўзгоркам, — падхапіўшы рэчмяшок, пасунуўся вышай Тапа. — Падвода зламалася. Вось тут перакусіць пакуль што.
Старшы лейтэнант скоса зірнуў на мокры рэчмяшок у ягоных руках.
— Ён што — рэчмяшком думае роту накарміць?
— Ды гэта пакуль што. Для вас.
Баец таропка развязаў лямкі і дастаў некалькі сухароў, бляшанку кансерваў і белую алюмініевую пляшку. Ананьеў працягнуў руку і перш-наперш згроб ёю пляшку:
— Дай сухара…
Шапа ўслужліва выбраў яму найбольшы сухар. Старшы лейтэнант разламаў яго напалам. Аўтаматчык няўцямна зірнуў на камандзіра роты.
— Астатняе падзеліш на ўсіх. Паняў?
— Што дзяліць, таварыш старшы лейтэнант?
— Што ёсць.
Лежачы на баку і зусім безуважны да нас, Ананьеў адвінціў пляшку і, ускінуўшы яе, адпіў некалькі глыткоў. З выгляду ён памалу спакайнеў, грубаваты твар яго набываў звыклы выраз зласнаватай суровасці. Байцы на адхоне старанна акопваліся, кідаючы запытальныя позіркі на камандзіра роты, Шапу і мяне таксама, быццам я ведаў што-небудзь невядомае ім. Але пра тое, што здарылася ўранку, я ведаў меней за іх. Дагэтуль нельга было зразумець, як усё тое сталася, хто вінаваты і што роту чакала далей. Праўда, побач быў Ананьеў, толькі ён зацята маўчаў, і я не адважваўся загаварыць з ім.
Вядома, гэта была бяда, якая, зрэшты, здаралася не ўпершыню. Было нават і яшчэ горш. Але і цяпер нас стала дужа ўжо мала, узводныя ланцужкі здаваліся занадта кароценькія — дзесятка паўтара аўтаматчыкаў ляжала за хмызняком ды столькі ж за насыпам. Да таго ж, тут былі і параненыя, якіх неўзабаве трэба будзе адпраўляць з роты, — колькі ж тады нас застанецца? — думаў я.
Аб тым жа, мабыць, думаў і ротны, які, грызучы сухар, змрочна азіраў свае баявыя парадкі.
— Ось табе і рота! — сказаў ён, — Дакамандаваліся, у тры госпада маць…
— А што — і Зайцава няма? — асцярожна запытаў я.
Ананьеў не адказаў і не зірнуў нават на мяне, ён зноў угледзеўся ў вышыню, нібы чакаў кагосьці адтуль.
Але чакаць было некага — мёртвыя не вярталіся. Шкада было многіх небарак, асабліва малодшага лейтэнанта Ваніна, яго памкамузвода Закірава, ды і Зайцава таксама. Зрэшты, да Зайцава мае адносіны былі болей складаныя. Вядома, я не жадаў новаму ардынарцу злога, ён быў хлопец някепскі, але, не ўсвядоміўшы яшчэ да канца, я міжвольна адчуваў нейкае як бы задавальненне ў душы, што замест яго ля камандзіра роты зноў я.
Ананьеў праглынуў рэшту сухара і з нейкай ужо новаю думкай агледзеў узвод.
— Так. Дзе Цвяткоў?
— Куркова перавязвае, — сказаў Шапа.
— Перадай, хай збірае параненых, гэтага цуцыка, — ротны кіўнуў на немца, які, сцяўшыся, паныла сядзеў у мундзірчыку пад насыпам, — і па канаве ў тыл.
Шапа, прыгнуўшыся, пабег па адхоне, а я ў каторы ўжо раз адчуў шчымлівую самоту ад таго, што вось-вось, мабыць, і для мяне ўсё скончыцца. Вядома, у медсанбаце горш не будзе, у чымсьці санбат нават здаваўся зманлівым. Ды вось бяда: ён быў дзесьці далёка, у невядомасці, ва ўсякім разе, па-за ротай. А ўсё, што не было маёй ротай, здавалася мне непатрэбным, нецікавым, пастылым.
Я выпрабавальна зірнуў у твар камандзіру, але той, туга сцяўшы пашчэнкі, унікнуў ці не заўважыў гэтага позірку. Пакуль што ён не казаў нічога, здаецца, ён наогул пра мяне не думаў, відавочна, яго клапаціла іншае. Лежачы на адхоне, ён усё кідаў позіркі то на вышыню, то ўбок, куды нядаўна паказваў Шапа і дзе, здаецца, сапраўды падыходзілі нашыя батальёны. Некалькі разоў — чуваць было — там прагрукацеў «максім», бахнулі вінтоўкі. Аднойчы вецер данёс нават крык, мабыць, каманду. Праўда, адсюль, з лагчыны, яшчэ нічога не было відаць. I ўсё ж блізкая прысутнасць сваіх супакойвала, несла нейкую ўпэўненасць, што страшнага болей не здарыцца.
Паляжаўшы так, Ананьеў пасунуўся ніжай, сеўшы, падцягнуў на жываце дзягу. Мусіць, ад выпітай гарэлкі, яго счарнелы зашчацінены твар ажыў, позірк набыў спакойнасць, былое звераватае ўладнасці ў ім заставалася ўсё меней. Аднак напружана-пакутніцкая зморшчына пад пераноссем не знікала — свежае перажыванне ад няўдачы рэзка адбілася на твары камандзіра роты.
Праз хвіліну Ананьеў ускочыў на ногі і імкліва збег па адхоне. Я, як гэта рабіў заўжды, падхапіў свой аўтамат з разбітым прыкладам і памкнуўся следам. Але я трошкі замінаўся аднаруч, — плячо ўсё ж пакутна балела, — і не паспеў збегчы ўніз, як аднекуль здалёку пачуўся крык. Нешта падобнае на працяглае: «Гэ-эй!» даляцела ад вышыні і сціхла.
— Таварыш старшы лейтэнант! — раптам выкрыкнуў аўтаматчык на адхоне: застыўшы з лапаткай у руках, ён выглядваў па-над дарогай, і ў голасе гучалі трывога і здзіўленне.
Камроты спыніўся.
— Што такое?
— Гляньце!
Тое, што заўважыў аўтаматчык, здаецца, ужо было відно ўсім на адхоне. Байцы трывожліва замерлі ў сваіх акопчыках, ніхто не прамовіў ні слова. Ананьеў счакаў з недаверлівай прыкрасцю на твары, затым, нібы сцяміўшы нешта, у некалькі скачкоў адолеў насып. Я таксама хуценька ўзбег па адхоне і апусціўся на бок непадалёк ад ротнага.
Усіх над дарогай скавала недаўменне і цікаўнасць, з вышыні зноў данеслася далёкае, яўна не нашае: «Гэ-эй!», і на схіле ля верхняй мяжы ворыва мы ўбачылі двух. Яны нетаропка ішлі ўніз — другі амаль ушчыльную за першым. Задні пры тым шырока махаў рукамі, пэўна, падаваў знак, каб не стралялі.
— Гэ-эй! Ніхт шыссен! Нікс стгаляй!
Вядома, гэта былі немцы, і мы ўсе змярцвелі ад напружанага, нямога здзіўлення, ледзьве верачы сваім вачам. Але тыя сапраўды ішлі да нас. Толькі нейкія трохі дзіўныя былі гэтыя немцы. Добра ўгледзеўшыся, я перш-наперш адзначыў, што апрануты яны неяк неаднолькава. Задняга нельга было разгледзець, а на пярэднім быў вельмі падобны на наш шэры караткаваты шынэлак без гузікаў і непадпяразаны. Ды і шапка на ім была наша — зімовая з растапыранымі ў бакі вушамі. I тут мяне раптам бы штось штурханула знутры — выразна і ўпэўнена, я зразумеў, што гэта…
— Чумак?!.
Я і сам здзівіўся свайму адкрыццю і, мусіць, здзівіў камандзіра роты, які, аднак, паволі прыўзняўся і стаў на калені. Двое на схіле неяк засцярожліва сышлі ўздоўж ворыва ніжэй і спыніліся. I тады ўжо ўсёй роце стала беспамылкова відаць, што між падталых плям раскіслага снегу, уткнуўшы голаў і вінавата ссутуліўшыся ў сваім пакамячаным шынэлку, стаяў наш Чумак. За ім, акуратна за самай спіной, яўна хаваючыся, падаваў знакі немец з аўтаматам на грудзях, у касцы, з круглай процівагазнай каробкай на баку.
Як толькі яны спыніліся, немец нешта пракрычаў цераз Чумакова плячо, але мы не зразумелі ніводнага слова з гэтага яго крыку. Я няўцямна зірнуў на Ананьева, той, у напружанай позе прыўстаўшы на каленях, зноў зрабіўся счарнела-пагрозлівы і таксама, відаць, не мог сцяміць, што там адбываецца.
— Шнэйдар! — страпянуўся Ананьеў, калі немец крыкнуў яшчэ. — Дзе Шнэйдар? Шнэйдара сюды! Ану!
Гэта ўжо — да мяне. Я ўскочыў на адхоне, але ўспомніў, што Шнэйдар быў ва ўзводзе Піліпенкі, і цяпер мне дужа не хацелася бегчы туды. Аднак піліпенкаўцы таксама ўжо ўбачылі гэтых двух на схіле і, паўставаўшы ў сваіх акопчыках, пазіралі на вышыню.
— Шнэйдар! Шнэйдара сюды!
Там пачулі, нехта паўтарыў каманду, і я зноў, захоплены трывожнай цікаўнасцю, падаўся да камандзіра роты. Ананьеў, зусім забыўшыся на небяспеку, высунуўся з-за насыпу амаль да сярэдзіны і мацюкаўся.
З панылай пакорнасцю ва ўсёй нехлямяжай постаці між намі і немцамі стаяў наш аўтаматчык Чумак. Спярша мы думалі, што ён пачне нешта гаварыць, можа, агітаваць, каб здаваліся ў палон — такое ўжо было аднойчы і цяпер не здзівіла б нас. Але ён маўчаў. Тады здалося, што ён наважыўся чэсна загінуць, каб не саслужыць немцам подлае службы здрадніка, і гэта выклікала спачуванне да небаракі. Але пакуль што абодва яны нерухома стаялі на схіле. Немец так шчыльна ціснуўся да Чумаковай спіны, што стрэліць, каб не трапіць у Чумака, было немагчыма. Аўтаматчыкі ў ланцугу загаманілі, кожны па-свойму разумеючы гэтую падзею.
— Ось гад! Прадажнік, канешне.
— Які там прадажнік! Уліп ён.
— Ды бяжы ты, расцяпа!
— Дзе Шнэйдар? — раўнуў, павярнуўшыся да мяне, Ананьеў.
Але Шнэйдар ужо бег. Толькі гэты доўгі, няўклюдны чалавек проста, відаць, не ўмеў спяшацца. Бег яго хутчэй напамінаў леную хаду з прыскокам — згорбіўшыся, ён то вяла трухаў, то блытана клыпаў па мокрым палетку.
— Бягом!! — крыкнуў з насыпу камандзір роты.
Шнэйдар урэшце перабег адкрытую балацявінку, перасяг лужыну ў канаве і з нейкай няўклюднай развалкай палез на адхон. Ротны, трохі памякчэла, спытаўся:
— Што ён крычыць? Ану, паслухай.
Шнэйдар крыва перасмыкнуў вуснамі.
— Што слухаць? Таго фрыца выменьвае.
Ананьеў пакутна зламаў брыво, расслаблена асеў ніжай, а затым і зусім адвярнуўся ад вышыні. Шнэйдар узлез наверх і, не ведаючы, што рабіць далей, укленчыў на адно калена, адставіўшы ўбок доўгую, у ватных штанах нагу. Халява ягонага кірзача была рвана распората чымсь, мабыць, асколкам.
Наступіла трудная паўза. Хлопцы ў ланцугу зусім прыціхлі. Ніжэй, пад адхонам, напружана застыў палонны, над якім, чагось чакаючы, стаяў сяржант Цвяткоў.
Уздоўж канавы да нас бег Шапа.
Не ведаючы, што і думаць, я зноў перавёў позірк на схіл і адчуў у сабе міжвольнае шкадаванне да гэтага небаракі Чумака. Трэба ж было яму трапіць у такое становішча, якога не дай бог нікому! Ён і сам, мабыць, разумеў гэта і цярпліва стаяў, з выгляду зусім абыякавы да свайго лёсу, напалоханы, збянтэжаны, наўрад ці да канца разумеючы ўвесь драматызм таго, што здарылася.
У ланцугу, перабіваючы адзін аднаго, гаманілі:
— За Чумака — гэткага фрыца? Няма дурных.
— Дык што ж — Чумаку прападаць?
— Уцякаць трэба!
— Глядзі ўцячэш, калі на мушцы трымаюць.
— З кулямёта тады абодвух… Усё адно…
Ананьеў на адхоне зрабіўся як сам не свой — пакутна круціўся сюды і туды, паглядзеў на схіл, напаўголаса вылаяўся. I ўсё ж на нешта трэба было наважыцца. Пасля хвіліннай нерашучасці камроты зноў крутануўся да вышыні.
— Кулямёт сюды!
— Кулямёт — да камандзіра роты! — перадаў па ланцугу Шапа.
I тут жа пад насыпам з’явіўся невялічкі вузкавокі Батурбаеў з зараджаным РПД у руках. Падбегшы, ён узлез на адхон, і Ананьеў з каменным выглядам счакаў, пакуль той устанаўліваў на броўцы перад ім кулямёт. Нарэшце Батурбаеў шчоўкнуў затворам, зірнуў на вышыню, пасунуў хамуцік прыцэла, планка якога крута паднялася ўгору — да цэлі аказалася даволі далёка. Кулямёт быў гатовы, баец адхінуўся, уступаючы месца камандзіру роты. Аўтаматчыкі ў ланцугу нядобра прымоўклі, чакаючы самага, можа быць, драматычнага.
Раптам Ананьеў закрычаў:
— Ты што мне яго суеш? Сам не ўмееш? Батурбаеў збянтэжана перамігнуў вузенькімі шчылінкамі вачэй:
— Умею, таварыш камандзір. Пачаму не ўмею?
— Умееш! — з’едліва перадражніў камроты, выцягваючыся за кулямётам. Ён паляжаў нядоўга, нібыта нават прыцэліўся і зноў падняўся, абапершыся аб адхон. Пальцы на яго шырокай руцэ ледзьве прыкметна ўздрыгвалі. — А ён спраўны?
— А як жа! Спраўны, таварыш камандзір…
— Дзе ён к д’яблу спраўны! — злосна закрычаў Ананьеў. — Ён гразёй забіты!
Батурбаеў вінавата скалупнуў з прыклада прысохлы камячок гразі.
— Убірай к чортавай матары свой драндулет! — пракрычаў камандзір роты і, сеўшы, адвярнуўся.
Батурбаеў з гатоўнасцю падхапіў кулямёт і збег уніз да канавы.
Дзякуй Богу, пранеслася ў галаве, хоць няспраўнасць кулямёта наўрад ці мяняла што ў становішчы Чумака, які па-ранейшаму заставаўся на краі пагібелі, хіба што цяпер не ад сваёй кулі. Там, на схіле, відаць, счакаўшы зададзены час і не атрымаўшы адказу, немец-канваір пачаў адступаць назад, як і раней прыкрываючыся Чумаком. Яшчэ хвіліна, і яны аддаляцца так, што, мабыць, будуць недасягальныя для нашага агню.
Ананьеў пакутліва штосьці рашыў і ўскочыў на ногі.
— Цвяткоў, давай фрыца!
Цвяткоў паслухмяна падштурхнуў фельдфебеля, той, аб чымсьці здагадваючыся, нясмела яшчэ падняўся і з гатоўнасцю заскакаў аднанож, падаючы рукой на адхон. Камроты крутануўся да перакладчыка.
— Шнэндар, адвесці! Размяняць і — з Чумаком назад!
Штосьці падобнае на ўздых палёгкі пранеслася над дарогай і, хоць многае было яшчэ не зразумела і нявырашана, тым не менш з’явілася адчуванне, што галоўнае ў гэтай справе набывала лепшы кірунак.
Але Шнэйдар адрэагаваў на загад зусім нечакана. Не варухнуўшыся з месца, ён раптам пабялеў з твару, аднак не ад страху — ад страху бялеюць зусім інакш. Мусіць, гэта было асіленае ў сабе абурэнне, бясслоўны пратэст: у чорных вачах аўтаматчыка нешта ўзгарэлася і атухла. Ён ссунуўся ніжай і ціха, але выразна сказаў:
— Я не пайду.
— Што?
— Не пайду. Што хочаце — не пайду.
Ананьеў таксама пабялеў:
— Гэта чаму?
— Ён мяне абразіў. Я не магу.
— Ах, не магу!. Растакую вашу, беларучкі праклятыя! А я — магу?.. Камроты пагрозна пасунуўся да аўтаматчыка, здалося — ударыць, але не ўдарыў — у апошняе імгненне крута павярнуўся ад яго ўбок. — Шапа!
— Я.
— Адвесці немца! — з суровай няўхільнасцю, якая ўжо адным сваім тонам выключала нязгоду, загадаў Ананьеў.
Шапа з гатоўнасцю тузануў затвор аўтамата і скочыў да немца.
— Марш!
— Ды не марш! Бяры пад руку і валяй! I не трусь — прыкрыем. Кулямёт сюды!
Батурбаеў узбег на адхон, зноў устанавіў кулямёт, за які, рашуча адхінуўшы кулямётчыка, зноў лёг камроты.
Шапа падхапіў немца пад руку і ўзвадок яго на насып дарогі.
Аднак кулямёт не спатрэбіўся, ніякага ашуканства не было. Як ні дзіўна, а праз дваццаць хвілін, жывы і нават павесялелы, Шапа прывёў Чумака, які, сышоўшы з насыпу, стаў ля канавы, ні разу ні на каго не глянуўшы. Затое на яго цяпер глядзела ўся рота. Хлопцы забыліся на свае недакапаныя акопчыкі, на макрэдзь, нават страцілі цікавасць да рэчмяшка з сухарамі, што яшчэ непадзеленыя ляжалі на адхоне — усе, як на дзіва, з недаўменнем глядзелі на недарэку-аўтаматчыка.
Ананьеў, набычыўшы ўскудлачаны голаў, зверавата прасачыў з-пад ілба за яго няўпэўненай, хісткай хадой. Калі аўтаматчык спыніўся, ротны марудліва падняўся на адхоне.
— Ну! — сказаў камандзір роты, і ўсе ўраз сціхлі. — Ну, палоннічак! Чаму не застрэліўся?
Чумак тады ўпершыню падняў ад долу дарэшты разгублены, атупелы позірк і неяк скоса, боязна і жалліва паглядзеў на камандзіра роты.
— Чаму не ўбёг? Чаму врагу здаўся? Так тваю растак! Адказвай, я пытаюся! Праспаў?
— Праспаў, — прастадушна пацвердзіў Чумак і ўздыхнуў.
— Ах, праспаў? — з’едліва ўсумніўся Ананьеў. — А аўтамат дзе?
Чумак, не пераступаючы, тулавам павярнуўся да вышыні сваім кароткім непадпяразаным, без хлясціка шынэлку і ткнуў туды пракураным заскарузлым пальцам.
— Там.
Гэтая наіўнасць дарослага чалавека, здольная ў іншых абставінах рассмяшыць, цяпер яшчэ болей абурыла ротнага.
— Там? Глядзі ты — помніць! Цябе ж расстраляць, дурня, трэба! Ты ж — здраднік! Ты ворагу здаўся. I зброю здаў. Ну!
Чумак толькі трудна, вінавата ўздыхнуў.
— Ах ты, размазня! Страляць трэба было! Абараняцца! Аўтаматам! Лапаткай, зубамі грызці ім глоткі! А ты?!
Аўтамат, вядома, у яго адабралі. Каб адбівацца лапаткай, трэба трохі болей спрыту, чым яго была ў Чумака. I тут раптам я прыпомніў гранату, якую даваў яму ўначы.
— А граната?
Чумак, бы глухі, няўцямна паміргаў вачыма, нібы не разумеючы сэнсу майго пытання.
— Граната! Граната. Помніш, я даваў табе?
Успомніўшы, ён хуценька сунуў руку ў кішэню і асцярожна выцяг адтуль маю зараджаную, з запалам і некранутай чакой «Ф-1».
Ананьеў плюнуў і закавырыста, па-мацернаму вылаяўся.
— Дурня кавалак! Ну і чорт з табой! Не навучыў я — штрафная навучыць. Загрыміш у штрафную… Паняў?
Чумак апусціў галаву яшчэ ніжэй. Шапа падышоў да яго і спакойна ўзяў з рукі гранату. Ананьеў раздражнёна адкінуў назад планшэтку, якая замінала ля ног, зрабіў два крокі на адхон і спыніўся.
— Ваніна не бачыў?
— Не. Мяне ж скруцілі ды — у бліндаж… У бліндажы сядзеў.
— У бліндажы! Растакую тваю матары!..
Але злосць ротнага, як заўсёды, хутка міналася, ён патаптаўся крыху і стомлена сеў на адхон. Мы ўсе — я, Шапа, Шнэйдар, некалькі байцоў — стаялі навокал, не ведаючы, радавацца ці абурацца.
Ананьеў палой шыняля выцер брудныя рукі і падняў злосны позірк на Шнэйдара.
— Ты! Забірай гэтага чмура! Каб я яго тут не бачыў!
Счакаўшы трохі, Шнэйдар моўчкі кіўнуў Чумаку, пералез канаву і ўсё так жа нязграбна патрусіў цераз балота. Ужо на бягу ён паглядзеў у бок вышыні. Чумак, плюхаючы па лужынах ботамі, кіраваў следам. Гэты нікуды не пазіраў, ён нібы ў сне, хістка і слепа трухаў за Шнэйдарам. У мяне неяк павальнела на душы: можа, яшчэ абыдзецца? Ананьеў строгі, крыклівы, але не зласлівы. Калі адправіў ва ўзвод, дык, мабыць, пакуль што не пашле пад арышт. А там ці мала як ўсё можа перайначыцца… Мы праводзілі небараку трохі павесялелымі позіркамі, і, калі абодва дабеглі да кусцікаў, дзе ўжо было схоўна, Ананьеў закрычаў на байцоў:
— Што разявіліся? Ану, капаць! А то і адсюль драпанеце! Заечая парода!
— Не драпанём, — бяскрыўдна сказаў хтосьці ў ланцугу.
Камандзір роты паглядзеў у бок кусцікаў.
— Яго шчасце, што гэты фельдфебель папаўся. Хаця… — ён пашукаў вачмі Шапу. — Данясенне ўручыў?
— Уручыў, таварыш старшы лейтэнант. Самому камандзіру палка.
— Што ён сказаў?
— Сказаў: маладзец Ананьеў. Камроты зморшчыўся, нібы ад болю.
— Лепш бы ты яго згубіў. Заблудзіў, камандзіра палка не знайшоў. На якога хрэна ты яго ўручыў?
Шапа паціснуў плячыма і сеў. Ананьеў даволі паныла ўздыхнуў.
— Вось так заўжды. Толькі настараешся дзе, тут цябе як шарахне! На нагах не ўстоіш. Ды яшчэ гэты чмур…
— Таварыш старшы лейтэнант, — зацікаўлена пад’ехаў Шапа, — гэта сапраўды яго ў штрафную?
— А ты што ж думаў? У бірулькі тут вам гуляць? Вайна — не хаханькі.
— Калхознік ён… — зазначыў Шапа, нібы гэта само сабой усё вытлумачвала. — Чацвёра дзяцей…
Ананьеў няпэўна паёрзаў на адхоне.
— Чацвёра, чацвёра…
I, падхапіўшыся, амаль вызверыўся на Шапу:
— Што ты мне дудзіш: чацвёра! Хоць сто! Шапа болей не дудзеў, наставіў ад ветру каўнер і бокам прылёг на адхон.
— Вунь камісар бяжыць, — сказаў ён спакойна.
Дзіўна, Ананьеў нібы чакаў таго, хуценька азірнуўся, і заклапочаны твар яго спахмурнеў яшчэ болей. Але гэта толькі на секунду. Тут жа ён строга самкнуў над пераноссем бровы і павярнуўся да нас з Шапам:
— А вы чаго? Чаго ляжыцё? Ану, марш акопвацца! Ядрона вош! Я вам пакажу, разумнікі!
Што ж, капаць — справа няхітрая. Шапа адшпіліў ад дзягі трафейную нямецкую лапатку і, адышоўшыся на пяць крокаў, ёмка падрэзаў ёю дзірван. Мне ж капаць не было як і нечым, таму я ціха сядзеў на адхоне, прытрымліваючы пад шынялём параненую руку.
Аднак Шапа перабольшваў, сказаўшы, што Грыневіч бяжыць — нампаліт ледзьве клыпаў, здорава кульгаючы на левую нагу і штораз пазіраючы то на вышыню, то на нас ля дарогі. Ён яўна спяшаўся ці то па нейкай справе, ці, можа, баючыся немцаў, якія пакуль што абыходзілі нас сваёй увагай і сваім агнём. Зрэшты, яны атрымалі свайго фельдфебеля і цяпер, мусіць, радаваліся з тае прычыны: усё ж не часта гэтак здараецца на вайне. А нам вось, мяркуючы па ўсім, радасці было нямнога.
Я гэта зразумеў яшчэ да таго, як нампаліт прыклыпаў да адхона. Яшчэ зводдаль на яго твары можна было прачытаць крайнюю меру клопату, нават абурэння, зусім відавочна — ён быў узрушаны, што ўвогуле з ім было рэдка. Дужа кульгаючы, Грыневіч з-пад каскі раз-пораз кідаў на нас гняўлівыя позіркі. I чым ён падыходзіў бліжай, тым усё болей хмурыўся Ананьеў. Урэшце нампаліт, яшчэ не пераскочыўшы канавы, зводдаль загаманіў тонам. які не пакідаў ніякага сумнення ў тым, што сталася няшчасце.
— Ты здурнеў? Ці напіўся? Што ты нарабіў?
— А што? — сказаў Ананьеў знарок абыякава, але ўсім стала зразумела, што ён і сам выдатна ведае што.
— Як — што? Ён яшчэ пытаецца! Абмен устроіў! Ты ведаеш, чым гэта пахне?
— Чым?
Грыневіч спыніўся ўнізе і шырока развёў рукамі.
— Я проста не знаю! Ён яшчэ пытаецца чым? — ледзьве не з роспаччу, аж трасучыся, гаварыў нампаліт. На адхон ён не палез, а таптаўся на мокрым травяністым дзірване пад насыпам. Камандзір роты вяла махнуў рукой, з фальшывай бесклапотнасцю адкінуўся на локаць, але зараз жа сеў зноў.
— Саўсім здурнець трэба. Ты загад ведаеш?
— Пайшоў ты са сваім загадам! — не дужа рашуча крыкнуў Ананьеў. — У мяне рота. Бачыш? А вунь — немцы!
Грыневіч уважліва, знізу ўгору, паглядзеў на камроты, той раптам адвярнуўся і высунуў з-за насыпу голаў. У ланцугу зноў прыкметна насцярожыліся, некаторыя аўтаматчыкі, пакінуўшы капаць, пачалі прыслухоўвацца да сваркі. Я першы раз бачыў, як Ананьеў дазваляў намесніку так абыходзіцца з сабой, — гэта зусім было на яго не падобна. Падобна было, што ён і сам адчуваў, што дзесьці даў маху, парушыў нейкі строгі загад, цяпер перажываў, і толькі характар не дазваляў яму пагадзіцца з намеснікам або прамаўчаць.
З намаганнем адолеўшы круцізну, Грыневіч узлез на насып і спыніўся непадалёк ад ротнага.
— Ну якога чорта! — сказаў ён цішэй. — Было б каго, а то — Чумака! З-за Чумака такога гада адпусціў…Увайшоў у кантакт з праціўнікам! Трэба ж надумацца!
Ананьеў на чвэрць абароту павярнуў да яго свой твар.
— А што, Чумак — не чалавек, па-твойму?
— Не пра тое размова. Чалавек. Ды які?
— Савецкі, — сказаў Ананьеў. — Калхознік! Ды што ж яго — на расцярзанне врагам!
Грыневіч паморшчыўся.
— Давай без агульных слоў. Давай канкрэтна.
— Твае ж словы. Ты ж імі байцам мараль талкаеш.
— Што я талкаю! — павысіў голас нампаліт. — Я палітработу вяду. А ты за адзін раз ўсё насмарку.
Ананьеў зверавата нахмурыўся, шэрыя вочы яго пыхнулі глыбінным агнём.
— А ваяваць з кім? — крыкнуў ён, зусім ужо зрываючыся. — З кім мне ваяваць — ты падумаў?!
Ён спружыніста ўскочыў на калені і рукою шырока ўзмахнуў над насыпам.
— Во бачыў: узводы, — па дванаццаць чалавек! А вунь вышыня, бачыў? Раз не ўдалася, думаеш усё? Гэ, памыляешся! Прыедзе Сырамятнікаў, загадае ўзяць. Кім браць? Га?
Ён у запале адным духам пракрычаў гэта і сціх. Аўтаматчыкі ў ланцугу, пакінуўшы працу, з цікавасцю і трывогай пазіралі сюды. У мяне балюча сцялася сэрца — не хапала яшчэ тае сваркі.
— Гэта не апраўданне, — незгаворліва сказаў нампаліт. — Гэтага Чумака цяпер на кіламетр нельга падпускаць да роты. А ты яго ва ўзвод накіраваў…
Памалу спакайнеючы пасля нервовага выбуху, Ананьеў сеў на адхон. Невідушчы позірк яго спыніўся на вышыні.
— I хай будзе.
— Як гэта — хай будзе! — ляпнуў сябе па калене Грыневіч. Цяпер ускіпеў ён. — Ты што — малы? Ты ведаеш, чым гэта скончыцца?
— Чым бы ні скончылася.
Цяпер ён ужо быў ранейшы, добра знаёмы ўсім нам Ананьеў, які не ўступаў, хоць і памыляўся і зрабіў дзе не так. Шляху назад ён не прызнаваў — як бы там ні было, ён ішоў напралом. Праўда, не заўжды гэта канчалася дабром, часцей наадварот. Але тут ужо ўлады над ім у нас не было.
Настала няпэўная, пакутная паўза. Камандзір роты двума ўдарамі бота выбіў на дзірване ямку, каб ямчэй было ўпірацца, бокам лёг на зваляную мокрую палу шыняля і пачаў засцяроджана глядзець на вышыню. Ушчэнт апанураны Грыневіч нерухома сядзеў побач, і ў выразе ягонага твару з запалымі шчокамі была нічым не суцешная, вялікая самота. Я не мог заглушыць у сабе вострае прыкрасці ад адчування яшчэ большай бяды, якая няўхільна насоўвалася і з якой, мяркуючы па ўсім, справіцца не было магчымасці.
Мусіць, гэта разумеў і Ананьеў, інакш бы ён проста прагнаў лейтэнанта, калі б той наважыўся дакараць яго, ды яшчэ б добра аблаяў. Але цяпер і сам камандзір роты пакутна, амаль вінавата, маўчаў.
Зводдаль на адхоне падняў галаву Шапа.
— Таварыш лейтэнант, нашто так? Шкада ж Чумака…
— А табе сябе не шкада? — са стрыманай злосцю падхапіў Грыневіч. — Ты да немцаў хадзіў?
— Ну — я… Дак і мяне не цугундзер? Калі ласка!
— Ану, маўчы! — строга папікнуў яго Ананьеў. — Не твая цялячая справа.
Грыневіч неспакойна круціўся па адхоне сюды-туды, крэкаў, як ад зубнога болю, нешта думаў і, мабыць, нічога суцяшальнага надумаць не мог. Ананьеў жа пасля свайго грознага выпаду стаў нейкі надзіва спакойны, нават абыякавы. I толькі моцна сцятыя крутыя пашчэнкі сведчылі, з якім намаганнем яму давалася гэта абыякавасць.
З самага пачатку свары было відавочна, што камроты ўступаў дасведчанай логіцы Грыневіча, бо, мабыць, сам таго не жадаючы, нешта зрабіў не так — на авось, не падумаўшы. I ўсё ж я не мог сцяміць, як тут было зрабіць іначай? Няўжо лепш пакінуць Чумака ў паломе, абы толькі не выпусціць іхняга обер-фельдфебеля? Хіба што на гэты конт былі адпаведныя загады, і тады ўжо, вядома, нічога не скажаш: загады ў арміі не абмяркоўваюцца. Тады выходзіла, што ротны зрабіў памылку. Але не лішне было зразумець і самога ротнага, якому недарэка Чумак пры ўсёй ягонай нязладнасці быў усё ж свой, падначалены баец, цалкам залежны ад волі і ўлады камандзіра роты. Тады як было адправіць яго на яўную пагібель, хоць і ўзяўшы ў палон такога, відаць па ўсім, заядлага фашыста, як гэты фельдфебель.
Не ведаю, як бы зрабіў я на месцы Ананьева ў падобных абставінах, але цяпер зрабіць як іначай я проста не бачыў магчымасці. Мусіць, і Ванін у такім разе не аддаў бы свайго байца на пагібель — нават, безумоўна, Ванін зрабіў бы ўсё, каб уратаваць яго. Піліпенка, можа, зрабіў бы інакш: гэты ў адносінах да другіх быў яўны законнік. Але Піліпенку можна было зразумець: у пачатку вайны ён ненадоўга трапіў у палон да немцаў і паспытаў там гора, таму старшыну важней за лёс Чумака было не ўпусціць палоннага. Але ж Грыневіч, здаецца, не меў асабістых рахункаў да немцаў, у палоне і акружэнні не быў, а да Чумака, як і да ўсіх іншых байцоў у роце, меў тыя ж самыя дачыненні, што і Ананьеў. Чаму ж тады ён непакоіўся болей за камандзіра роты?
— Чорт бы яго ўзяў! — з пакутніцкім выразам на твары прагаварыў нампаліт. — Адкуль яго прыгнала на нашы галовы, гэтага Чумака… Ды і фрыца! Хто яго хоць у палон узяў?
— Ванін узяў, — сказаў Ананьеў.
— Во, яшчэ і Ванін! — успомніў Грыневіч. — Яшчэ адна гісторыя! Што пра гэта напісаць?
— А што пісаць? Загінуў. Так і напісаць, — спакойна зазначыў камандзір роты.
— Ну да! А раптам у палоне?
— Не дуры, камісар! — стараючыся як мага спакайней, сказаў Ананьеў і пацягнуўся за пляшкай. — Не шчыруй у пекле болей за чорта. Такія, як Ванін, у палон не здаюцца.
— Усё можа быць… — уздыхнуў Грыневіч.
— Ні чарта не можа. Я Ваніна ведаю.
Камандзір роты адвінціў пляшку і наводмаш працягнуў яе нампаліту.
— Будзеш?
Грыневіч момант павагаўся.
— А давай! З гора…
Ён трохі выпіў, паморшчыўся. Пасля добра хлебануў Ананьеў.
— Нарабіў ты, нечага сказаць, — ужо болей міралюбіва зазначыў нампаліт. — Як цяпер выкруціцца?
Ананьеў ямчэй уладкаваўся на адхоне і ціха сказаў:
— Няма чаго выкручвацца. Маўчы. Нас тут ніхто не бачыў.
Са спазнелай засцярогай камандзір роты зірнуў на мяне, на Шапу, але тут жа зрабіў выгляд, што ад нас і не тоіцца. Грыневіч пакутна выдыхнуў, затым устаў і паглядзеў на вышыню.
— Ну што ж, трэба ісці. Сюды фрыцы пусцілі. А адсюль…
— А вы трошкі вышэй, — паказаў Шапа. — Во, пад насыпам. А там павернеце. Так схоўней. За пагорачкам.
Грыневіч моўчкі паслухаўся і пакульгікаў уздоўж ланцуга над канавай.
«Можа, як абыдзецца», — падумаў я.
Але — не абышлося. Не адышоўшы яшчэ і на дваццаць крокаў, Грыневіч раптам спыніўся.
— А Цвяткоў дзе?
— Параненых павёў, — сказаў нехта ў ланцугу.
— Даўно?
— Ды толькі што! Як вы з камандзірам гаварылі.
Нампаліт трывожна настырчыўся, крута павярнуўся і ледзьве не бягом, дужа кульгаючы, зноў скіраваў да Ананьева.
— Чуў?
— Што? — запытаў Ананьеў, і тут ужо было зразумела, што ён не прыкідваўся, а і сапраўды не разумеў, што ўстрывожыла намесніка.
— Цвяткоў змыўся!
— Параненых павёў. Я загадаў. А што?
Грыневіч спыніўся пад насыпам.
— Наіўны чалавек! Каму ты загадаў?
— Санінструктару. А каму ж яшчэ!
— Санінструктару!
Ананьеў на адхоне зверавата нахмурыўся, агідна вылаяўся і вобзем ударыў, мабыць, ужо апусцелую пляшку. Падскочыўшы, тая плоска ляпнулася ў гразь, за канавай.
— Пайшлі яны ўсе к чортавай матары! Паняў? — крыкнуў ён, устаў і зноў сеў.
Грыневіч на гэты раз змоўчаў. На ягоным твары з’явілася нешта новае, нешта чужавата-абыякавае, халодны позірк намесніка скіраваўся ўдалячынь.
— Знаеш, Ананьеў, — пасля хвіліны маўчання сказаў ён неяк нядобра паспакайнелым голасам. — Знаеш, Ананьеў! Расхлёбвайся ты сам. Сам заварыў, сам і хлябай. Я табе не памочнік.
Ананьеў узняў голаў.
— Што — змываешся?
— Не змываюся, а на законных падставах адпраўляюся ў тыл. Я таксама паранены.
— Давай, дуй! — проста сказаў Ананьеў.
— I я табе не зайздрошчу. Усё ж перш чым што выкінуць — трэба падумаць.
— Што я выкінуў?! — зноў вызверыўся Ананьеў. — Чумака выслабаніў? Ну і выслабаніў! У цябе не спытаўся. Сам зрабіў, сам і адказваць буду. Паняў?
— Няма чаго панімаць, — ужо зусім бясстрасна сказаў Грыневіч. — Усё і так ясна.
— А мне напляваць! Я камандзір роты. А вунь немцы. Бачыў?
Грыневіч уздыхнуў.
— Знаеш, мала храбрасці ў атаку хадзіць. Трэба яшчэ што-колечы і разумець.
— Што разумець? Трэба чалавекам быць.
— Да? Ну-ну! Давай! Толькі ці доўга пабудзеш…
Гэта быў ужо скандал. Яны яўна і, відаць, назусім размяжоўваліся ў сваім канфлікце, толькі я, прызнацца, перастаў разумець, у чым справа. Было абсалютна невядома, чаму нампаліта так занепакоіў Цвяткоў, чаму яго нельга было адпраўляць у тыл? Нешта недагаворанае пагрозлівай прысутнічала між імі, аб чым, мяркуючы па ўсім, заўжды памятаў Грыневіч і што толькі зараз пачаў разумець Ананьеў. Я дужа добра ведаў абодвух, і цяпер, можа, не столькі разгневаны выгляд ротнага, колькі безнадзейна прыціхлы нампаліт сведчыў, што праўда, мабыць, за Грыневічам. Я не мог перасіліць у сабе панылай скрухі, якая ўсё большала, і з-пад ілба раз-пораз пазіраў на ротнага.
— Словам, я пайшоў, — сказаў Грыневіч. — Жадаю поспеху. Хоць які там поспех, — дадаў ён. — Прапашчая рота.
Ён коратка махнуў рукой і, налягаючы на здаровую нагу, пайшоў уздоўж насыпу ў тыл за пагорак.
Ананьеў застаўся на насыпу ўсё ў той жа позе: шырока расставіўшы ногі ў дашчэнту выпацканых ботах, нізка апусціўшы ўскудлачаную бялявую галаву. Здавалася, ён нешта разглядвае ў мокрай траве, часам перабіраючы на халяве бруднымі пальцамі. Але ён не разглядваў, наогул наўрад ці ён заўважаў, што наўкола, — ён думаў. Тая грубаватая самаўпэўненасць, якая часам усплывала ў ягоных вачах, калі ён сварыўся з Грыневічам, цяпер канчаткова мінулася, саступіўшы месца труднай, нязвыклай для яго засяроджанасці. Я мала што разумеў у ягоных перажываннях, хіба здагадваўся пра што-колечы, але я кожным сваім нервам адчуваў ягоную бяду, і мне самому было пакутна.
З нізкага, хмарнага неба зноў замжыла сцюдзёным дажджом, хлопцы на раскапаным адхоне пачалі нацягваць над акопчыкамі свае нявысахлыя яшчэ палаткі. У мяне ж палаткі не было, камсастаўская накідка Ананьева таксама недзе прапала, мы патроху моклі, але камроты на гэта не звяртаў увагі. Я падумаў, што, напэўна, трэба ісці, ён жа мяне на світанні ўжо выпраўляў з роты, але цяпер я проста не мог наважыцца сказаць яму аб гэтым, зноў жа мне не хацелася ісці ў тыл з Грыневічам. Пасля ўсяго, што здарылася, мая непрыязь да намесніка, якая ўзгарэлася ў траншэі, калі ён застрэліў Пульку, стала амаль пастаяннай, цяпер яе не магло пахіснуць і ўсведамленне таго, што ў гэтай сутычцы з Ананьевым праўда была, напэўна, за нампалітам. Але гэта, здаецца, была тая праўда, якая не надта лепей за вінаватасць.
Я счакаў яшчэ крыху і ўстаў, каб напомніць камроты аб сваім лёсе: колькі ж можна было сядзець тут параненаму?
I тут вышыня, якая некалькі гадзін запар насцярожліва маўчала, раптам загаманіла басіста-нетаропкай буйнакалібернаю чаргой.
— Даседзеліся! — павяртаючыся да вышыні, буркнуў I камроты і вылаяўся. — Хутка з мінамётаў лупіць пачне.
Але з мінамётаў пакуль не лупілі, а кулямёт таксама замоўк, хоць, вядома, яго паяўленне на вышыні не абяцала роце дабра. Шапа, акопчык якога быў праз дзесятак крокаў у насыпе, вылез на стаптаны адхон з лапаткай.
— Таварыш старшы лейтэнант, вам дзе выкапаць?
— Чакай ты!
Ананьеў нетаропка ўзлез на сваё ранейшае месца і асцярожна выглянуў над дарогай. Наступная чарга з вышыні ўжо не была нечаканасцю, камроты адно толькі ўгнуўся, штось прыгаворваючы самому сабе. I тут, уражаны раптоўнай здагадкай, я кінуўся да камандзіра роты.
Але я здагадаўся позна.
Ад самага фланговага акопчыка сюды ўжо хтось бег над канавай, трывожна пакрыкваючы і паказваючы рукой на пагорак. Ананьеў павярнуўся ў ягоны бок, мабыць, зразумеў таксама, і на руках і каленях падаўся па адхоне да Шапы.
— Ты і Грыцук — бягом! I глядзіце там…
Шапа, як заўжды, сцяміў загад з паўслова, моўчкі падхапіў аўтамат і пабег за адхонам угору. Камандзір роты, выцягшы шыю, з непакоем глядзеў яму ўслед. У канцы ланцуга, дзе насып ра-біўся ўсё ніжай, яны папаўзлі па канаве і хутка зусім схаваліся.
«Чорт, няўжо падстрэлілі?» — падумаў я і адразу апаныў: мне ж таксама трэба было ісці той жа дарогай.
У трывожнай самоце чакання мінула каля гадзіны. Кулямёт, аднак, не страляў, а дождж усё спарнеў, туманная мгла ў хмарным небе слалася нізка, амаль чапляючы за пагорак. Я падумаў, што гэта добра, непагадзь нас прыхавае лепш за ўсё. Іначай з гэтай лагчыны не вырвацца.
На жаль, наша асцярога спраўдзілася. Яшчэ здалёк стала відаць, што аўтаматчыкі кагосьці нясуць — удвох, на палатцы, няспрытна прыгінаючыся за невысокім упачатку насыпам, хістаючыся пад цяжарам ношы. Калі яны падышлі бліжэй, з крайніх акопчыкаў нехта падскочыў да іх і на хаду пераняў з рук аднаго рог палаткі — слізгаючы, утрох яны пайшлі хутчэй. Ананьеў зышоў з адхону і туга сцяў сківіцы: цяпер ужо не было сумнення — нампаліту папала.
Яны апусцілі палатку ля ног камандзіра роты, Шапа зморана ссунуў з потнага лба мокрую шапку, двое ягоных памочнікаў засмучана стаялі насупраць.
— Вось, — сказаў Шапа. — У галаву. I каску ўшчэнт.
— Куляй?
— А чорт яго… Разрыўной, пэўна.
Жаўтлява-белы, неяк дзіўна паспакайнелы твар нампаліта з насунутай на вочы павязкай раптам крануў непакой.
— Ну што, камісар? — з грубаватай спачувальнасцю запытаў камроты.
— Ось, не атрымалася… — стрымліваючы стогн, сказаў нампаліт. — Не прайшоў.
Ананьеў прысеў побач на кукішкі.
— Баліць?
— Муціць, унутры… — выціснуў паранены. — Дрэнь мая справа.
Камандзір роты падняўся.
— Ану, уладкуйце лейтэнанта, каб зручней было…
Шапа збегаў да хлопцаў, прынёс нечую ватоўку, хуценька разаслаў яе на мокрай траве. Пасля ўчатырох мы засцярожліва паклалі на яе Грыневіча і дбайна ўхуталі яго палаткай. Пад голаў загнулі канец рукава.
— Дрэнь справа, — аблізваючы ссінелыя вусны, ціха сказаў Грыневіч. — Ты не крыўдуй, Косця. Сам ведаеш…
— Сволачы! — вылаяўся камандзір роты і крута адвярнуўся.
Ён кінуў погляд на вышыню, якая ўсё болей ахутвалася дажджлівым туманам, зірнуў на пагорак, абстраляны буйнакаліберным. У ажывелых вачах камроты з’явіўся нейкі намер, і я абнадзеена падумаў, што, мабыць, цяпер ён скарыстае магчымасць адвесці роту назад на пагорак. З вышыні, здаецца, нас не заўважаць. Толькі Ананьеў маўчаў, і я не мог гэта падказаць яму — такога роду падказак ад падначаленых ён не прымаў.
— Дай закурыць!
Я не курыў, ён ведаў гэта і ніколі не звяртаўся да мяне па курыва, але цяпер ён, мусіць, проста забыўся, хто ля яго. Праўда, ён тут жа зразумеў сваю памылку і павярнуў голаў да Шапы:
— Ты, нясі закурыць…
— Калі ласка!
Баец увішна падбег да камандзіра роты і, стаўшы на калена, нацярушыў з бушлата трохі махоркі. Затым дастаў і паперы. Ананьеў закурыў, унікаючы нашых стрымана-запытальных позіркаў.
— Пакліч Піліпенку!
Мы абодва памкнуліся бегчы, але старшы лейтэнант жэстам вярнуў мяне на месца.
— Шапа, ты!
Шапа рынуўся з адхону, а камандзір роты яшчэ раз, ужо болей уважліва, паглядзеў на затуманеную вышыню. I раптам ён павярнуўся да ўзвода:
— Падрыхтавацца да атакі!
У мяне ўнутры быццам абарвалася штось, я стаяў, сам не адчуваючы сябе, не зусім верачы таму, што пачуў. Але Ананьеў не жартаваў, гэта было зразумела адразу, камандзір роты быў поўны рашучасці дабіцца выканання свае каманды. А дабіцца ён умеў.
Нехта выскачыў са свайго гразкага сховішча, над акопчыкамі заварушыліся палаткі, кляймёныя трафейныя коўдры, розныя вайсковыя лахманы. Схіл насыпу імгненна ажыў — усе занадта добра разумелі, што для нас азначае гэта кароценькая каманда.
Тым часам па балацявінцы ўжо бег Шапа, за ім, трошкі адстаючы, грузна трухаў Піліпенка з каскай на дзязе. Камандзір роты зацята чакаў на насыпе… Нязграбна пералезшы канаву, старшына з залішняй цяпер афіцыйнасцю адказыраў і спыніўся, неспакойна пацепваючы плячыма і кідаючы страхавітыя позіркі на прыкрытага палаткай Грыневіча.
— Колькі чалавек маеш? — запытаў камроты.
— Я?
— Ты.
Піліпенка на момант збянтэжыўся, пераступіў на квякучым дзірване. Вядома, ён ужо палічыў сябе радавым і, мабыць, патроху звыкаўся з тым, а тут ротны, нібы нічога кепскага між імі і не здарылася, пытаўся пра ўзвод.
— Пятнаццаць, кажысь, — няўпэўнена сказаў старшына.
— Патронаў ёсць трохі?
— Трохі ё.
— Падрыхтавацца да атакі.
— Зараз?
— Зараз!
— Ёсць! — з незразумелай амаль радаснай рашучасцю гыркнуў Піліпенка. I ні здзіўлення, ні якога пытання — ён успрыняў загад так проста, нібы ад яго патрабавалі строіць узвод на вячэру ці ў лазню. Пасля ўжо я зразумеў, што тым самым Піліпенка без лішніх слоў вяртаўся да свае ранейшай пасады, якая, аказваецца, штосьці ўсё ж для яго значыла.
— I давай усіх сюды. У агульны ланцуг.
— Ну, відома, у агульны, — падхапіў Піліпенка. — Так міцніше вдарыты.
Камандзір роты ўважліва паглядзеў на старшыну.
— I ты глядзі мне! Каб не цягнуліся, як на базар. Браском!
— Нэ хвалюйтэсь, побіжаць. Я іх…
Ананьеў, не даслухаўшы, павярнуўся да Шапы.
— Прымай другі ўзвод.
— Я?
— Ты.
— Ёсць! — не адразу сказаў Шапа, і было не зразумець, узрадвала гэта яго ці занепакоіла.
— Што — не ўкамандуеш?
— Паспрабуем.
Камандзір роты крыху падумаў ці, можа, прыслухаўся. Але на вышыні было ціха, навокал ледзь чутна шапацеў золкі надакучлівы дождж. Толькі недзе далёка за пагоркам глуха таўклі зямлю выбухі.
— Пятнаццаць мінут на падрыхтоўку і — упярод!
Ананьеў сказаў гэта і змоўк. Новыя ўзводныя стаялі, не варухнуўшыся — насупраць унізе Піліпенка і з боку ад яго Шапа. Яны чакалі, што ён скажа яшчэ, але ён коратка кінуў: «Усё!», і яны хуценька пабеглі — адзін цераз поле, другі ў той канец насыпу. Камандзір роты ўзбег на адхон. Мяне ён быццам не заўважаў.
Што ж, атака — дужа звычайная на вайне справа, хоць, ведама, зусім прывыкнуць да яе нельга. Колькі б разоў ты ні паднімаўся ў атаку і ні асільваў у сабе свой страх, але кожны наступны будзе гэткі ж страхавіта-знобкі, як і ўсе ранейшыя. Ой, як не хочацца вылазіць са свайго выратавальнага акопчыка ў вялікі грымотны свет, скрозь пранізаны кулямі ды асколкамі, самага маленькага з якіх зусім дастаткова, каб скончыць тваё адзінае і такое неабходнае табе жыццё! Боязна ўставаць, але трэба. Кожную атаку вызначае загад вышэйшага камандзіра, план бою. Часам таго вымагае вораг, які, калі не знішчыць яго, знішчыць цябе.
Тут жа атакі не вымагаў ніхто.
Я перажываў і не ведаў, як падысці да чужога, рэзкага, проста злога і зацятага камандзіра роты, каб сказаць яму аб гэтым.
— Таварыш старшы лейтэнант!
Лежачы бокам на растаптаным адхоне, ён назіраў за праціўнікам і не павярнуў нават галавы. Але ён чуў мой зварот, нешта западозрыў у ім і насцярожыўся. I я, стоячы ніжай, у трох кроках ад яго, ціха сказаў, каб учуў толькі ён і ніхто болей:
— Дарма вы.
— Што?
— Дарма, кажу.
Ананьеў марудна, бы ўпершыню мяне тут заўважыўшы, павярнуўся на локці.
— Што? — перапытаў ён такім тонам, што я аж сцяўся, і ён змераў мяне працяглым, варожым позіркам. — А ты якога д’ябла тут акалачваешся? Я табе што загадаў? Ану, марш у тыл! Бягом!!
Ён крычаў на мяне ўпершыню. Ніколі раней я не чуў ад яго злога слова, бо з усяе сілы стараўся не заслужыць нават заўвагі, і ён тое ведаў. А тут крык! I амаль непрыкрытая непрыязнасць у позірку… Спярша мяне гэта здорава такі збянтэжыла, і я моўчкі стаяў з такім уражаннем, нібы пад нагамі загойдаўся і ціха паварочваецца кудысь і адхон, і дарога, і ўвесь белы свет. Але вельмі хутка стала зразумела, што не я быў прычынай нястрыманасці камандзіра роты, а хутчэй яго ліха, ягоная безвыходнасць і, мабыць, бездапаможнасць, а я толькі падвярнуўся яму не ў час. I мне не стала ні крыўдна, ні злосна, было толькі надта ўжо прыкра.
Між тым сюды ўжо бег першы ўзвод. Паўтара дзесятка аўтаматчыкаў гуськом трухалі па ўзмежку. Піліпенка, матляючы поламі даўгаватага шыняля, ужо збягаў у балацявінку. Я засцярожліва зірнуў на вышыню — на шчасце, вяршыня яе ўсё хуталася ў волкім тумане, інакш не шмат іх дабегла б да насыпу.
Ананьеў сеў на адхоне і саўгануў кабур «вальтэра» бліжэй да спражкі.
— Дай каску! — раптам сказаў ён, ужо без нядаўняй варожасці, нібы тым даючы зразумець, што больш на мяне не злуецца.
Не ведаючы, як рэагаваць на тое, я здзёр цераз падбародак мокры брызентавы раменьчык каскі і аддаў яе камроты.
— Толькі там донца няроўна падвязана, — папярэдзіў я.
— Што?
— Донца, кажу, крыва падвязана.
— Чорт з ім! Донца!..
Ён прывычна сунуў голаў у каску, але мокры раменьчык не налязаў на яго касцістую шырокую сківіцу, і тады ротны закінуў раменьчык на беражок каскі.
— Смажанаму карасю кот не страшны, — са значэннем сказаў ён. — Паняў?
Не, я ўсё яшчэ мала што разумеў у прычынах яго намераў і з жалем і прыкрасцю пакорна стаяў насупраць. Ззаду ўздоўж насыпу ўжо разбягаліся аўтаматчыкі першага ўзвода. Піліпенка, чутна было, са звыклай грубаватасцю пакрыкваў:
— Нэ высовуйся. Нэ лізь попэрэд бацька в пэкло. Чого не бачыв?!
— Ось так! — сказаў Ананьеў, нібы гаварыць нам ужо не было пра што, і гукнуў: — Чумак, ка мне!
Чумак падхапіўся з ланцуга і, нязграбна валюхаючы, пабег да камандзіра роты.
— Ану, бліжай! Не бойся: не ўкушу. Будзеш за ардынарца, паняў? Я цябе вывучу на героя, ядрона вош!
Чумак моўчкі стаяў, мабыць, не ведаючы, як успрымаць гэтыя словы: жартам або ўсур’ёз. Шынэлак яго ўжо быў падпяразаны нейкаю, мабыць ад штаноў, папружкай, на галаву паверх шапкі натыркнута нечая абшкрэбаная каска. I тут я міжвольна зірнуў на яго ўсё тыя ж даволі-такі ладныя боты і амаль жахнуўся ад выразнае і зусім недарэчнае цяпер думкі: няўжо і сапраўды яны сёння дастануцца мне?
— Васюкоў, аддай аўтамат! — дзелавіта загадаў ротны. — Паглядзіш нампаліта.
Нампаліта — няхай, але аўтамат мне аддаваць не хацелася, хоць Чумаку, вядома, нельга было без зброі. Пашкадаваўшы трохі ў душы, я зняў з пляча свой ППШ, і Чумак узяў яго з паспешнай гатоўнасцю чалавека, які баіцца, каб той, хто дае, не перадумаў. Праўда, разбіты канец прыклада яму, здаецца, не спадабаўся, але ён тут жа ўздзеў аўтамат на плячо.
Ананьеў зірнуў управа, улева — усе на адхоне глядзелі на яго, чакаючы каманды, і камандзір роты тузануў язычок кабуры.
— Да, — спахапіўся ён у апошні момант і перакінуў цераз голаў тоненькі раменьчык планшэткі. — Трымай!
Я на ляту аднаруч ухапіў ванінскую планшэтку, а ён ускочыў на броўку дарогі і азірнуўся.
— Упярод!
Аўтаматчыкі хутка паўскоквалі і ўздоўж канавы падаліся да рэчкі. Некалькі чалавек з другога ўзвода пабеглі па насыпе. Перад маімі вачыма замільгалі іх раскіслыя боты, чаравікі, брудныя полы шынялёў са зблытанымі махрамі ўнізе, і я праводзіў кожнага жаласным позіркам, нібы развітваўся з ім. Штось кепскае, недарэчна-няўхільнае авало дала ротай, я ўсё выразней адчуваў гэта. Але што я мог зрабіць? Я быў толькі радавы аўтаматчык, вельмі маленькі на вайне чалавек, каб мець нейкую ўладу над гэтай жалезнай няўмольнасцю падзей. Я мог толькі адчуваць яе несправядлівасць, і гэта адчуванне кідала мяне ў роспач.
Здаецца, упершыню я апынаўся ў становішчы назіральніка з тылу, упершыню рота пайшла без мяне, упершыню Ананьеў павёў яе ў атаку не са мной — з другім. Ведама, яго словы наконт Чумака-ардынарца я не надта прымаў усур’ёз (які там з Чумака ардынарац!) і ўсё ж не спускаў з іх вачэй, гледзячы, як яны беглі па дарозе да рэчкі, разам пераходзілі яе па бэльках. I тут мне з невясёлай усмешкай падумалася, што гэты Чумак надта ўжо дбайна ўзяўся за выкананне сваіх абавязкаў — падобна, і на самой справе паверыў, што камроты зробіць з яго героя.
Аўтаматчыкі палезлі ў рачулку, ля дарогі ўжо не засталося нікога, наўкола зрабілася нязвыкла ціха і пуста. Грыневіч, нібыта нежывы, роўна ляжаў пад насыпам, невідушча падставіўшы дажджу бледны з цёмнаю шчэццю твар. Здаецца, папала яму здорава. Цяпер у маю трывогу за роту ўплятаўся яшчэ і непакой за лейтэнанта — хоць бы ён пратрымаўся да адпраўкі ў тыл. Збегшы ўніз з адхону, я ціха спытаў:
— Ну, як вы?
— Васюкоў, да? Кепска, брат, — прастагнаў нампаліт.
— Даць вады?
— Дай трохі.
Вады ў круглым кацялку, пакінутым ля параненага, было нямнога, ды і той я палову разліў, пакуль няўмела, адною рукою, паіў небараку. Пакутна глытнуўшы разы два, ён ледзьве не задыхнуўся, чым амаль напалохаў мяне.
— Ну, як?
— Усё добра, — выраўняўшы дыханне, сказаў лейтэнант, — рота пайшла?
— Пайшла. На тым баку ўжо.
Асцярожна я паправіў на яго галаве шапку, якая прыкрывала ад дажджу пухлую няўмелую павязку, вышай нацягнуў палатку. Выгляд нампаліта мне надта не падабаўся — але што можна было зрабіць?
— Не трэба было вам ісці, — сказаў я з папрокам за яго нядаўнюю спрэчку з Ананьевым.
— Не трэба. Пагарачыўся. Але гэты Ананьеў… Не думае, што робіць.
— Што ён такога зрабіў?
— Не разумееш? Зразумееш калі-небудзь.
Магчыма, я чагосьці не ведаў або не разумеў чагось, што было добра вядома ім, больш вопытным на вайне і ў жыцці. Але мне ўсё здавалася, што як Грыневіч у сваёй нядаўняй гарачнасці, так і Ананьеў у апошнім рашэнні на атаку — абое памыляюцца. Апроч таго, усё гэта так заблытвала наша становішча, што яно ўжо вельмі нават проста магло абярнуцца бядой.
Аднак з параненым мне не сядзелася. Надта ўжо журботна было глядзець на яго абяскроўлены, пакутна-нерухомы твар, зноў жа адсюль не было відаць роты. Пакінуўшы лейтэнанта, я ўзбег на адхон і прысеў, высунуўшы з-пад дарогі голаў.
Дожджык усё імжэў, усё шырэй расплываўся туман у лагчыне, снегу на тым баку рэчкі заставалася няшмат — абталыя шызыя плямы на мокрым, гразкім схіле, па якім у трэці раз беглі аўтаматчыкі. З усё большай і большай тугой у душы я глядзеў, як катастрафічна хутка змяншаецца ў імглістай прасторы кароценькі іх ланцужок. Даўняя звыклая сувязь між намі ўвачавідкі рвалася, штосьці няўхільна-пагрозлівае ўпарта раз’ядноўвала нас, я невыразна адчуваў гэта, але працівіцца яму не мог, бо гэта невыразнае, неканкрэтнае нешта было мацней за мяне, за іх і за ўсю нашу роту. Ананьеў то бег, то хутка ішоў, наўкось па схіле, аднойчы нагнуўся, таропка перавярнуў на спіну цела забітага, узяў яго аўтамат. Пасля ён хвіліну бег, займаючы сваё месца ў ланцугу, а хтось, што ішоў ззаду — можа, Чумак, — нядоўга затрымаўся над трупам — здаецца, знімаў сумку з дыскамі або гранатамі.
Рота дасягала сярэдзіны схілу. Ужо не лёгка было і згледзець яе за імглістай заслонай дажджу, якая, на шчасце, хавала аўтаматчыкаў і ад немцаў. Толькі ці надоўга? З вышыні іх вось-вось павінны былі ўбачыць, і тады…
Тым не менш немцы маўчалі. Цяжка было паверыць, што яны і ў другі раз так зазяваліся, што не заўважаюць атакі. Кепска было відаць, але мне здавалася, што верх вышыні ўжо зусім блізка. Яшчэ адзін, самы апошні рывок і можна будзе кінуць гранату, выскачыць з-за абрыву і, калі пашанцуе, з ходу заняць канец траншэі. Эх, каб хоць адным аддзяленнем удалося ўварвацца ў траншэю!..
Унізе ў засяроджанай адзіноце маўчаў Грыневіч, я не адразу зразумеў, што і ён чакае вестак з вышыні, і, мабыць, не дачакаўшыся таго, што хацеў, аклікнуў:
— Васюкоў! Дзе рота?
— Пайшла, пайшла.
— А чаму не страляюць?
Гэтага я не ведаў. Не стралялі ні нашы, ні немцы. Тым часам ужо ўся рота схавалася ў імгле. Толькі пільна ўзіраючыся, можна было разгледзець дзе-нідзе пад самай вяршыняй нешта падобнае на рух. I па-ранейшаму не чуваць было ні стрэлу, ні крыку, ні голасу, — вышыня замерла, заціхла, затаілася. Надта падобна было, што аўтаматчыкі і на самай справе дасяглі траншэі.
А можа быць, немцы адышлі?
Было ж такое, і нават не адзін раз, калі нямецкія пазіцыі, за якія мы біліся дзень, два і некалькі дзён, раптам аказваліся непрыкметна пакінутымі, і мы займалі іх без усякага бою. Сапраўды, мы ж не адны тут, нашы часці недзе ўсё ж б’юць фашыстаў, вунь як грыміць убаку, дзе бальшак.
Хада маіх думак раптам набыла іншы кірунак, падумалася: які ж я размазня, калі столькі перадрыжаў задарма. Сапраўды, там жа Ананьеў, ён знае, умее прадбачыць, як зрабіць, каб найлепш. У чым-небудзь іншым ён, можа, і не майстар, у нечым ён, вядома, уступіць Грыневічу, Ваніну, нават Цвяткову, але ў такой справе, як бой, ён выдатна навучаны. Тут ён прафесар, генерал, калі не сам маршал.
Я ўжо адчуў у сабе нешта зусім інакшае, чым хвіліну назад, у свядомасці загарэўся жаданы агеньчык надзеі, каторы, аднак, шукаў сабе пацвярджэння. Так хацелася знайсці і яшчэ хоць бы адну прыкмету таго, што ўсё добра, што і на гэты раз роту ашчаслівіла ўдача.
I тут грымнула.
Спярша здалося, што гэта выбух, але зараз жа імглістае неба над лагчынай туга прарэзалі пранозлівыя струмені куль, наўкола зашчоўкала, задзігала, завыла — дажджлівы прастор у адно імгненне напоўніўся грымліва-скуголістай ліхаманкаю бою. У першыя секунды было такое ўражанне, што вышыня не вытрымае вогненнага грукату, разваліцца на кавалкі, але агнявы напор і яшчэ мацнеў. Адзін раз пачуўся крык, магчыма, каманда або лаянка, праўда, не зразумець было, на якой мове. Баючыся міргнуць, я да рэзі ў вачах углядаўся туды, спрабуючы хоць што-небудзь разгледзець у вірліва-траскотнай імгле, але імгла па-ранейшаму не давала нічога ўбачыць.
У нейкім гняўлівым шаленстве вышыня з паўгадзіны абрушвала ў наваколле стогалосы гром, у якім і на слых ні чарта немагчыма было разабраць. Чэргі згрувашчваліся ў суцэльны працяглы грукат, з якога разы два, нібы незнарок, выбіўся дальні басовы стук буйнакалібернага, але затым амаль залпам загахалі гранатныя выбухі, яны заглушылі сабой усё. Некалькі выпадковых куль з тугім пошчакам ляснула непадалёк аб насып дарогі, я апусціўся на адхоне ніжэй, уціснуў галаву ў плечы. Агонь быў шалёны, і здавалася надта сумніцельным, каб на такі былі здольны нашы якія-небудзь тры дзесяткі аўтаматчыкаў. Што ж, тады, значыць, немцы? Аднак у такім выпадку рота абавязкова павінна адкаціцца — гэта я ўжо ведаў з уласнага вопыту.
I тым не менш ішоў час, а на схіле не было відаць ніводнага руху адтуль.
Але вось траскотны агнявы напор стаў патроху слабець, тым азначаючы, пэўна, пералом у баі, я зноў пільна ўгледзеўся ў прыцьмелыя схілы, ды ўсё марна. Значыцца, не адступаюць, усе там. Але тады — выходзіць, уварваліся?
Зноў даляцеў як бы нейкі голас, і зноў немагчыма было здагадацца, чый гэта быў голас — нашых ці немцаў. Аўтаматы бязладна патрэсквалі ў розных мясцінах, нібы хтосьці нябачны на вышыні рыўкамі рваў дужа крэпкі сувой зрэбніны. Кулі, аднак, над дарогай не лёталі, і я падумаў, што страляюць, напэўна, у той бок. Але гэта ўжо значыла, што агонь вядуць нашы.
Усё ж поўнай упэўненасці ў тым у мяне яшчэ не было, і я ўсё ўзіраўся праз імглу на раскіслыя плямы снегу за рэчкай — ужо б я заўважыў, калі б там хто бег. Ды з вышыні ніхто не паказваўся.
Яшчэ праз чвэртку гадзіны разрознены трэск аўтаматаў спыніўся, і неяк нясмела ўсё навакол заціхла.
Я чакаў цярпліва і трывожна: калі рота адбіла вышыню, значыць, Ананьеў павінен быў кагосьці прыслаць за намі. Яшчэ не верачы, што ўсё абышлося, я ўжо выглядваў яго, заўжды жаданага пасланца з бою, які б канчаткова супакоіў нас весткай, што вышыня ўзята. Але ён чагось бавіўся, што, зрэшты, можна было зразумець толькі скончыўся бой і там таксама, вядома, не абышлося без страт.
Паранены нампаліт унізе, які ўвесь час ляжаў, нібы нежывы, раптам пачаў варушыцца.
Я ўскочыў, паслізнуўся, загарнуўшы полы шыняля, споўз да канавы.
— Што, дрэнна вам?
Да скрыпу сцяўшы сківіцы, ён канвульсіўна напружыўся на зямлі, нібы спрабаваў разарваць на сабе нябачныя путы, галава яго закінулася, забінтаваная патыліца ўціснулася ў гразь. Хвіліну паранены змагаўся з болем або нейкаю нядобрай, адолеўшай яго, сілай, затым адразу абмяк і спытаў:
— Дзе рота?
— Там рота. Здаецца, узялі.
— Дай піць.
Я паднёс да яго сцятых зубоў беражок кацялка, зноў разліў ваду, але, здаецца, хоць крыху, выпіў і ён. Потым нібыта супакоіўся, памаўчаў, праз сілу ўздыхнуў і з перапынкамі не адразу выдыхнуў:
— Не ідуць?
— Хто?
— Па нас не ідуць?
— Не, па нас яшчэ не ішлі, прынамсі, адсюль не відаць было, — і я ўхапіўся за гэта ягонае пытанне, каб зноў узлезці на насып.
— Няма нікога. Але прыйдуць, не забудуць! — знарок бадзёра пракрычаў я зверху.
Навакол было ціха, мокра і абсалютна пуста. У гэтай цішы болей чутныя зрабіліся гукі далёкіх і блізкіх баёў; дзесь за пагоркам часам пагрукоча ды сціхне кулямёт, здаецца, наш «максім», з поўдня, аслаблены адлегласцю, глуха даносіўся магутны крэкат гармат — быццам хтосьці нябачны і агромністы качаў па зямлі вялізныя каменні: гого-го, гу-гу, гах-гах-гах! Я сеў бокам на адхон, раз-пораз паглядваючы то на туманістыя схілы вышыні, то на майго нампаліта ўнізе. Былой непрыязнасці да яго ў мяне не засталося, я ўжо шкадаваў бедалагу — усё ж параніла яго куды як сур’ёзна. Не ў прыклад камандзіру роты Грыневіча ў нас не баяліся, хоць не так ужо і любілі: ні благога, ні надта добрага ён, здаецца, нікому не зрабіў, паводзіў сябе, праўда, трохі сухавата, па-вайсковаму афіцыйна.
З усіх камандзіраў, якія перабылі за паўгода ў роце, ён быў не найгоршы і ўжо, напэўна, такога жорсткага лёсу нічым не заслугоўваў.
— Ну дзе ж яны? — зноў пачаў ён напружвацца пад плашч-палаткай.
Пакінуўшы сваю наседжаную, больш-менш сухую мясціну на адхоне, я ў каторы ўжо раз збег уніз.
— Зараз, зараз. Хутка прыйдуць, — абяцаў я, сам ужо губляючы ўпэўненасць у тым, што казаў.
Сапраўды, як бы там ні было на вышыні, пара б ужо ўспомніць і пра нас, пакінутых у гэтай гразі.
— Можа, збегаць туды? — прапанаваў я.
— Не! — сказаў ён праз стогн. — Ні ў якім разе.
Я пасядзеў на кукішках ля яго ног і падняўся; гэтае праклятае чаканне ўжо цяжка было трываць. Ды і мая параненая рука балела, хоць і не так востра, як уначы, але, мусіць, недзе стаў прысыхаць бінт, рукой балюча было крануць, трэба б змяніць павязку.
— Нудзіць! — выдыхнуў Грыневіч, скалануўся і, нібы спяшаючыся кудысь, з таропкай рашучасцю сказаў: — Васюкоў, ідзі ў тыл.
— А вы?
— Я ўжо. Адваяваўся. Паглядзі, не ідуць?
Не, ні на схілах, ні на дарозе нікога не было, сыпаў дождж, абмяжоўваючы і без таго сціснутае непагаддзю наваколле.
Зноў з’явілася і пачало мацнець нядобрае прадчуванне бяды.
Прыкметны непакой прамільгнуў і на збялелым, завостраным твары Грыневіча, калі я зноў спусціўся да яго. Моўчкі хвіліну я ўзіраўся ў гэты ягоны твар, не хочучы турбаваць параненага сваёй тут прысутнасцю, але ён, пэўна, пачуў мяне і з ціхай настойлівасцю выдыхнуў.
— Ты тут? Не трэба. I… гэтае самае… мы ж землякі.
— Як? — сарвалася ў мяне. — Вы хіба з Беларусі?
— Іменна. З Барысава.
Бог мой — як жа так здарылася? Чатыры месяцы мы праваявалі разам, кожны дзень побач — і спалі, і елі, і нават калі-нікалі ён пакрыкваў на мяне, а я і не падумаў нават, што ён — мой зямляк. Чаму ж ён не намякнуў мне аб тым раней — беларусаў жа ў роце, апроч нас, здаецца, не было нікога.
— Чаму ж вы не сказалі? — папракнуў я з прыкрасцю, апускаючыся ля яго на калені.
— А нашто? Нашто аддзяляцца?
Ды не аддзяляцца — пры чым тут аддзяляцца, — проста я зусім другімі б вачыма глядзеў на яго ўсю зіму, можа б, я зрабіў для яго што добрае — столькі было выпадкаў, калі я праносіў міма яго свой клопат і сваю ўвагу, без якіх, зрэшты, нампаліт надзіва ўмеў абыходзіцца. Ён не меў ардынарца, і ніколі яму нічога не было патрэбна.
На мяне хлынула амаль пяшчота да нампаліта, страх за яго жыццё ахапіў мяне з новаю сілай. Трэба было нешта рабіць, неяк ратаваць лейтэнанта, але я не ведаў, куды цяпер можна падацца.
Раптам ён надта напружыўся, крута адкінуў голаў і, выгнуўшыся, павярнуўся на бок. Шапка ўпала з яго галавы, нязграбная тоўстая павязка з бруднымі слядамі ад пальцаў на марлі ссунулася на вуха. Я ўхапіў яго за плячо, каб не даць яму і зусім скаціцца з ватоўкі, і адчуў пад пальцамі неймаверна гарачае на холадзе яго цела. Грыневіч заторгаў нагамі, нібы спрабуючы скінуць з сябе палатку.
— Што з вамі? Што вам? — спалохана загаманіў я, але ён ужо не адказаў.
Я пачаў прытрымліваць яго на ватоўцы — ён жа ўсё кідаўся ў бакі, адной рукой справіцца мне з ім было цяжка. Да таго ж, здаецца, ён перастаў пазнаваць мяне і не дужа выразна, у нос, як ніколі не гаварыў раней, выкрыкваў:
— Гарохаў, Гарохаў! Эх ты! Бяжы скарэй! Стой! Паклічце Гарохава!..
Ён неўпрыцям скалануўся, абаперся на рукі і прыўзняўся, зблізку і недаўменна зірнуў мне ў твар шырока раскрытымі вачмі, якія наўрад ці што бачылі. I, нібы падкошаны, упаў дагары на ватоўку.
— Здаецца, я ўсе…
— Што вы? Таварыш лейтэнант…
— Ладна. Ты ідзі, — раптам памяркоўна і выразна сказаў ён. — Я буду паміраць.
— Ды што вы?!
Па яго тоне і па ўсім яго выглядзе я зразумеў, што ён не памыляецца, і не на жарты спалохаўся. Трэба было неадкладна нешта рабіць, але ў мяне нават не было вады — пусты кацялок ляжаў на зямлі, і дождж далікатна барабаніў па ягоным баку.
Не раздумваючы болей, я схапіў кацялок і ля канавы пад насыпам пабег да рэчкі.
Гучна квякаючы абцасамі ў набрынялым вільгаццю дзірване, я падбег да берага. Вада тут была глыбакавата. Каб дацягнуцца да яе, трэба было ўкленчыць, і я, выцягшы руку, таропка ўзмахнуў кацялком. Аднак лёгкі кацялок няслушна віхляў на драцяной дужцы, не хочучы набіраць вады. Я схіліўся ніжэй, але ў тое ж імгненне ад спалоху рэзка ўскінуў галаву і застыў у секунднай разгубленасці.
Насупраць за рэчкай з туманнай дажджлівай імглы ля дарогі вынырнула цьмяная постаць у касцы, побач паявілася яшчэ двое, я павёў позіркам далей і ўбачыў увесь іх ланцуг, які насцярожана і хутка крочыў па стаптаным схіле ўніз.
Упусціўшы кацялок, я адхіснуўся ад вады, здушана крыкнуў:
— Немцы!!
Але было позна. Я паспеў толькі ўскочыць, як блізкая аўтаматная чарга, хлёстка шчоўкнуўшы пад нагамі, распластала мяне на траве галавой да ракі. Захлынуўшыся крыўдай, я апошнім звышнамаганнем пераваліў сваё цела на бок, але ўстаць ужо не мог. Позірк слізгануў па мутнай, усеянай дажджавой рабізной вадзе, у якой ля самага берага ціха пагойдваўся мой круглы скасабочаны кацялок…