Гарадзілаў памёр на світанні — ціха, неўпрыкмет сканаў у сцюдзёным, прадзьмутым ветрам буданчыку. Азевіч, які сам задрамаў на сконе начы, нават не заўважыў таго, хоць і адчуваў звечара, што пракурору ўжо не падняцца. Тры апошнія дні той не ўставаў на ногі, палаў у гарачцы, сіпата, дробненька дыхаў і — што асабліва ўразіла Азевіча — перастаў пазнаваць яго. Гэтую ноч звечара незразумела, дзікавата трызніў, вёрз немаведама што пра нейкага (ці нейкую) Кузю, тузаўся, скрыгаў зубамі, увесь час сцягваючы з сябе шынелак, якім яны накрываліся разам. Азевіч стаміўся за ноч рупіцца каля хворага, бясконца атуляць адзежынай яго гарачае цела. I толькі на золаку неяк знерухомеў у цішыні, заснуў, аж покуль не прахапіўся ад падазрона страхавітага спакою, што запанаваў у будане. Гарадзілаў ляжаў нерухома і ўжо быў сцюдзёны — гарачыня без рэшты сышла з яго цела, грудзі пад ватоўкай не паднімаліся. Азевіч прыклаў да іх вуха і не пачуў нічога. Мусіць, усё ўжо скончылася.
На дзіва сабе ён не адчуў ні асаблівага страху, ні нават жалю — нейкае цьмянае прадчуванне перамены (невядома, да лепшага ці да горшага) паволі ўлівалася ў яго. Хоць ён і не ведаў яшчэ, чым тое абернецца, што ён зробіць цяпер, застаўшыся зусім адзін. Сцяўшыся пад шынелкам на ўлежанай хвойнай падсцілцы, ён спрабаваў трохі сагрэцца ў спакоі, звыкла ўслухоўваючыся ў абрыдлы за непрытульную восень лесавы шум. Галоўнае — цяпер ён застаўся сам-насам, мог рабіць, як захоча, кіравацца толькі сваім намерам, уласнай патрэбай, без чыёй-небудзь прынукі. Да таго, з Гарадзілавым, было трохі інакш, усё ж той быў ягоным начальствам — пракурор раёна і камісар групы, зноў жа старэйшы па гадах, на ўсё меў сваю думку і не надта любіў лічыцца з думкаю іншых. Можа, і сканаў праз гэты свой непадаткі характар — прастудзіўшыся на Макрынскім балоце, падхапіў гарачку. Мусіць, трэба было б падацца куды да жытла, цяпла і людзей, бо якое ж здароўе на сцюжы, у гэтым во тошчым буданчыку? Азевіч і казаў яму: пойдзем куды, прэч з гэтага змрочнага лесавога грудка, які даў ім прытулак у самы жахлівы восеньскі месяц — пяты месяц вайны. Ды Гарадзілаў заўпарціўся: не і не. Ну і, вядома, дачакаўся горшага. Цяпер яму ўжо не спатрэбяцца ні цяпло, ні засцярога — патрэбна адна маці-зямля, на якой ён неспакойна пражыў без малога пяць дзесяткаў гадоў.
Азевіч вылаяўся — ад прыкрасці, злосці — і пачаў уставаць; адзін побач з засцюдзянелым нябожчыкам, зусім скалеў пад воглым шынелкам, аж стукалі неўпрыцям зубы ад дрыжакі. У змрочнай нары-будане трохі зашарэў ранак — на ўваходзе сталі відаць нізка абвіслыя лапкі хвояў, шэрыя сукаватыя камлі тоўстых елак насупраць. Штось там, аднак, мільганула — раз і другі, Азевіч з трывогай угледзеўся, адразу прагнаўшы сон, і апанурана пачаў надзяваць у рукавы шынелак — між хвояў рэдка мільгалі белыя мухі — то пайшоў снег. Значыць, даседзеліся, падумаў Азевіч, да белых мух, што будзе далей? Але што будзе далей, ведама і малому — пасля зазімку будзе зіма, сцюжа і мароз, сляды на снезе. А што рабіць яму? Аднаму на гэтым яловым грудку?
На кукішках ён выбраўся з будана, ледзьве асільваючы дакучную дрыжаку ў целе, агледзеў лясное наваколле. Між яловага вецця ўгары лёталі-мільгалі сняжынкі, няроўна запарушваючы іглісты, з апалымі шышкамі дол, скрозь перавіты жылістымі каранямі елак. Трава тут бадай не расла, месца ўвогуле было схоўнае — хвойны гушчар — і сухое; мабыць, якую ямку-магілу ён тут і выкапае. Праўда, у яго не было рыдлёўкі, затое ў нябожчыка быў штых — тупы нямецкі цясак, якім яны секлі на будан хвойнік і рэзалі палкі. Цяпер, узяўшы гэты цясак, Азевіч крыху прайшоў па грудку між таўшчэзнага ельніку, паазіраўся, памеркаваў і, трудна, злосна ўздыхнуўшы, пачаў калупаць дол.
Калупаў ён нетаропка, доўга, памалу грэючыся пасля неспакойнай халоднай начы, — сек цесаком карані, выграбаў рукамі зямлю. Добра, зямля была не цвёрдая — пад пластом лесавога перагною ляжаў рыхлы пясок, у які без натугі лез яго штых. Сняжынкі патроху сыпаліся між елак, але вялікі снег яшчэ не ішоў, а тыя, што ападалі долу, патроху таялі на свежай зямлі — марозу яшчэ не было. Як толькі берагі той вузкаватай ямкі дайшлі да каленяў, падумаў, што, мабыць, хопіць. Пакуль што нябожчык перабудзе і ў такім прытулку, а там будзе відаць. Калі надарыцца магчымасць і ён, Азевіч, будзе жывы, дык, можа, куды перахаваюць. А калі не, дык што ж… I так добра, што ёсць каму закапаць. Яшчэ невядома, ці будзе каму закапаць яго самога…
Вярнуўшыся ў будан, Азевіч укленчыў каля нябожчыка, трохі памарудзіў Мусіць, трэба было зняць ватоўку, нашто закопваць у зямлю? Але куды яму з ватоўкай? Надзенеш ватоўку, тады трэба скідаць шынель, а шынель ён скідаць не хацеў Перамагаючы пэўную няёмкасць, усунуў руку за пазуху пракурору, выцяг адтуль тошчы пацёрты кашалёк, мабыць, з дакументамі, не разгортваючы запіхаў сабе ў кішэню. Палапаў іншыя кішэні ў нябожчыкавым пінжаку — выняў з адной жменю патронаў да нагана, мяккі скураны партабак з рэштаю самасаду, якім яны на днях разжыліся ў дзядзькі на лесавой дарозе. У другой кішэні ён знайшоў брудную насоўку і блакнот з нейкімі напаўсцёртымі запісамі,— усё паклаў сабе за пазуху Апроч таго, пад галавой у Гарадзілава муляла кірзавая сумка з паперамі, побач ляжала вінтоўка і наган у абдзёртай па баках скураной кабуры, і Азевіч падумаў, што, мабыць, усяго грузу будзе для яго залішне. Дзве вінтоўкі яму не трэба, а наган ён, канешне, возьме, наган яму ўжо спатрэбіцца. Як спатрэбіўся Гарадзілаву пасля іх камандзіра — начальніка райаддзела міліцыі Віткоўскага, забітага ля моста на шашы. Тады пад нямецкім агнём толькі і паспелі што зняць гэты наган ды сумку, самога ж Віткоўскага нават не вынеслі з канавы, дзе яго і падабралі немцы. Але, мабыць, Віткоўскаму тады было ўжо ўсё роўна.
Не знімаючы з нябожчыка ватоўкі, Азевіч вывалак яго з будана, пад пахі давалок да ямы. Перад тым як апусціць у зямлю, трохі аддыхаўся, паазіраўся. Сняжынкі ўсё раздумна лёталі між галля ў лесавым зацішку, асядалі долу. Бралася на макрэдзь, з начы зяблі яго заўжды мокрыя ногі, боты зусім раскіслі ў балотна-лесавой твані, прэлыя анучы бадай ніколі не прасыхалі. Але і ў Гарадзілава боты былі не лепшыя, падэшва на правым зусім адстала і ледзьве трымалася на пары цвіках у наску. Мусіць, трэба было як развітацца, думаў Азевіч, але ён не ведаў як і марудзіў. Аброслы сіваватаю шчэццю шырокі твар нябожчыка быў на дзіва спакойны, падкрэслена абыякавы да ўсяго, што так непакоіла яго пры жыцці і асабліва ў гэтую жахлівую восень. Але, мабыць, ужо ўсе ягоныя клопаты ззаду, не трэба будзе перажываць за няўдачы з атрадам, за няшчасці, пагібель адных і здраду другіх, недарэчную тую прастуду на балоце, што гэтак неспадзеўкі згубіла ўвогуле здаровага і дужага чалавека. Мабыць, Азевіч быў не дужэйшы за пракурора, але маладзейшы і неяк убярогся, хоць яны тады абое дужа вымаклі ў балоце, пакуль выбраліся на гэты грудок. А Гарадзілаў на другі дзень ужо не падняўся. I цяпер вось — магіла. Памерці ў часе вайны ад хваробы — невялікую, аднак, раскошу нарыхтаваў чалавеку ягоны ваенны лёс.
Стараючыся як мага ашчадней, каб неасцярожным рухам не абразіць нябожчыка, Азевіч апусціў яго нагамі ў яму, затым, прытрымліваючы за руку, паклаў у дно даволі грувасткае цела. Ну во і ўсё. Засталося заграбці зямлёй, можа, зараўняць магілку, каб не пакідаць знаку. А можа, і не: зрабіць надмагільны горбік. Хай будзе відаць, каб не згубілася.
У будане ён ужо заставацца не мог, хоць там было зацішней і больш схоўна, карцела хутчэй пайсці — далей ад гэтага праклятага месца. Ён выцяг з-пад лапніку пракурораву сумку, сваю торбу на почапках, узяў абедзве вінтоўкі. Тут жа валялася шапка нябожчыка — руды, падобны на вайсковы, картуз з самаробным тэкстыльным казырком, і Азевіч насунуў яго сабе на галаву. Сваю картовую кепку, размахнуўшыся, шпулянуў між елак. Трохі падумаўшы, гарадзілаўскую вінтоўку павесіў на елку прыкладам угору — хай вісіць, можа, каму спатрэбіцца. А сам перакінуў цераз плячо рэмень ад міліцэйскага нагана, сумкі, падхапіў сваю вінтоўку. Трэба было ісці.
Вось толькі куды?
Пра тое, куды ісці, яны нямала перагаварылі з таго часу, як асталіся ўдвух, гаварылі яшчэ ў Страшыцкім лесе, па якім іх двойчы ганяла нямецкая жандармерыя. I тады ім здалося, што найлепш зашыцца ў самы непраходны лясны куток, дзе іх ніхто не спаткае і не выдасць. Спярша так і было — іх ніхто не спаткаў, вёскі ўсе засталіся ў старане, за балотам, і яны дзён колькі, не баючыся, палілі ў гушчары вогнішчы, грэліся, сушылі анучы і апратку. Але, на бяду, скончыўся харч, з’елі ўсю бульбу, з хлеба застаўся ўсяго счарсцвелы акрайчык, які яны падзялілі спярша на чатыры часткі, а затым апошнюю яшчэ на тры. Учора Азевіч даеў апошні ўсохлы кавалак, памерам з папяросны пачак. Болей харчу ў іх не было. А голад, як назло, дацінаў усё болей. Натузаўшыся з гэтым пахаваннем, Азевіч да болю адчуваў, як смокча пад грудзьмі, у жываце. Ну але, мабыць, пакуль што прыйдзецца трываць, — суцяшаў ён сябе, да вёскі трэба яшчэ дайсці. На гэты раз ён не палезе ў балота, у балоце цяпер пагібель. Ён скіруе ў іншы бок, можа, больш небяспечны, але што ўжо яму небяспека? Бліжэйшыя вёскі павінны быць на паўдзень ад грудка, Гарадзілаў яшчэ называў якія, але тады яны не мелі пэўных намераў, і Азевіч не запомніў іх. Ведаў толькі, што дзесь недалёка павінны быць Манякі, у якіх жыло некалькі знаёмых калгаснікаў, мабыць, трэба да іх і ісці.
I ён нетаропка пайшоў паміж елак з грудка, беручы ў бок ад балота. Рэдкія сняжынкі ўсё ляталі-сыпаліся з хмарнага неба, але да зямлі быццам не даляталі, раставалі ў паветры. У ельніку было зацішна, толькі дзесь угары ад ветру гайдаліся стромкія яловыя верхавіны, і па лесе шырока расплываўся цягучы несціханы пошум. Дол быў чысты, без хмызу і сучча, месцамі густа абсыпаны яловымі шышкамі, з калючым кустоўем ядлоўцу; скрозь нікла да зямлі счахлае каліўе папараці. Праз якую гадзіну Азевіч далёка ўжо адышоўся ад грудка, лес патроху пачаў мяняцца, ельнік паволі саступаў месца бярэзніку, ужо голаму і непрытульнаму, без лісця, якое цяпер спласталася ў доле і шархацела пад нагамі. Часцей сталі трапляцца зараснікі з хворастам у доле, яны заміналі ісці, і Азевіч думаў, што няблага б узбіцца на якую сцяжыну, іначай ён і да вечара не выберацца з гэтага лесу. I праўда, неўзабаве яму трапілася зарослая паніклай травой, даўно не езджаная лесавая дарожка. Вось толькі пралегла яна якраз упоперак яго кірунку, і ён, выйшаўшы на яе з гушчару, не адразу сцяміў, у які бок падацца. Чамусьці, аднак, скіраваў управа, здалося, у той старане радзей стаяў беразняк, можа, там было поле. А дзе поле, там пэўна будуць і людзі. Па дарожцы ісці стала спарней, ён угрэўся, сагрэліся ногі ў ботах, і ён раптам са здзіўленнем падумаў, як гэта дзіка і неспадзеўна ён апынуўся адзін. I ў такім становішчы. Ніколі ён не прадбачыў такога — заўжды ў ягоным жыцці былі поруч людзі — добрыя і благія, начальства і падначаленыя, просты тутэйшы люд. А тут во, нібы воўк, у голым восеньскім лесе — галодны, прастуджаны, без пэўнае мэты і аніякай падтрымкі. Дажыліся, называецца, ліха яго матары, злосна думаў ён, успомніўшы Віткоўскага ды і Гарадзілава таксама. Хоць што ўжо было наракаць на нябожчыкаў? Але і як было не наракаць? Найперш хоць бы за таго начпрода Углова, якога нейкі безгаловы дурань залічыў у іх атрад. Наўрад ці тое абышлося без начальніка райаддзела ўнутраных спраў Віткоўскага ці без пракурора Гарадзілава? Хоць тады іх можна было і зразумець: каму, як не старшыні райпо, даручыць харчовую справу. У таго ж былі ўсе прадукты, транспарт, ды і Страшыцкі лес ён ведаў няблага, сам некалі жыў побач у вёсцы Лясной. Непагоднаю ноччу цішком нагрузілі на складзе райпо дзве палутаркі мукой, крупой і бульбай, прыхапілі некалькі скрынак цукру, кансерваў і нават махоркі, адвезлі ў самы глухі канец таго лесу, дзе абсталявалі ў яме лясны прадуктовы схоў. Замаскіравалі так, што за пяць крокаў не заўважыш нічога, нават пасадзілі зверху пару маладых ялінак. Здавалася, ніхто ніадкуль не бачыў, на імшаніку не засталося ні следу, ні каляіны, так усё зараўнялі, схавалі. У верасні ні разу не дакрануліся да таго запасу, абыходзіліся тым, што было пад рукой, болей карміліся з уласных тарбін, — асноўны запас ашчаджалі на пасля, на зіму, калі прыціснуць халады, знікнуць пад снегам лесавыя сцежкі. Думалі з тым харчам пераседзець зіму. Ды во дачакаліся. Калі ў пачатку лістапада яны ўпершыню зрабілі засаду пад пушчай і пра іх дазналіся ў мястэчку, у Страшыцкім лесе стала куды як трывожна, два разы на іх наляталі немцы з паліцыяй, яны па-дурному страцілі двух забітымі, а трох параненых схавалі на хутарах за дальнім балотам. На фронце рабілася чорт ведае што, нават невядома, дзе быў той фронт, напэўна, ужо пад Масквой. I тады неяк ноччу з атраднай стаянкі знік гэты самы Углоў — увечары быў, а ранкам прапаў, і ніхто не ведаў куды. Добра яшчэ, Віткоўскі адразу закамандаваў змяніць стаянку. Пахапаўшы сваё майно, яны хуценька пакінулі будан, радуючыся, што паспелі ўцячы ад немцаў, якія гадзіны праз чатыры і праўда ўжо паролі там сваімі шырокімі штыхамі. Але каб толькі паролі ў буданах — горш, яны апаролі ўрэшце іхнюю схованку, хоць была яна праз два кіламетры ад лагера. Пасля аказалася: гэты Углоў перабег да паліцыі і ўсё выдаў. Так яны засталіся на зіму без солі і без курава, без хлеба і жмені мукі.
Мабыць, апоўдні Азевіч выбраўся з лесу на вузкі і доўгі лугавы прасцяг з крывулястай рачулкай пасярэдзіне. Тут дарожка скіроўвала ўлева краем лугавіны, і ён, паазіраўшыся, таксама пайшоў налева. Снег тым часам ужо перастаў лётаць у паветры, з нізкага неба трошкі нібы церушыла слатой, але вецер быў ціхі, дзьмуў ззаду, ісці ён не дужа замінаў. Праўда, Азевіч ужо прытаміўся, хацелася есці, у намоклых ботах ацежалелі ногі, і як ён згледзеў наперадзе на ўскрайку лугавіны стажок, дык і павярнуў да яго. Відаць было, стажком ужо пакарыстаўся хтосьці, аднізу ўбаку цямнелася неглыбокая выскубіна, у якую Азевіч і ўваліўся спіной, выцягшы долу стомленыя ногі. На хадзе ўвесь час замінала палявая сумка Гарадзілава, ён перакруціў яе ззаду наперад, каб ямчэй было сядзець, і падумаў: чаго гэта туды напіхаў нябожчык? У цяжкай сумцы, аднак, былі спрэс паперы: нейкія палітычныя брашуры з даўжэзнымі назвамі на сініх вокладках, пацёртыя вучнёўскія сшыткі з планамі палітычных мерапрыемстваў, гутарак, напісаная хімічным алоўкам прамова да кастрычніцкай гадавіны, яшчэ нейкія паперы з зацёртымі запісамі. Вядома, Гарадзілаў быў трохі фармаліст, і Азевіч ажно падзівіўся, што ўсё гэта той месяцамі насіў на сабе ў сумцы. Ці не лепш было спаліць паперы, бо сэнсу ў іх было ўрэшце не шмат, падумаў Азевіч. Групы няма, усё рассыпалася, пагінула, разбрылося. Ён, Азевіч, застаўся ці не апошні з іх дваццаці двух раённых работнікаў, якія тры месяцы таму на золаку ціха выбраліся з мястэчка, каб распачаць народную вайну супроць захопнікаў. Распачаць дык распачалі, але во як скончылі. Даўжэй за ўсіх трымаліся яны з Гарадзілавым, які, канешне ж, адчуваў сваю адказнасць за групу як камісар, асабліва пасля гібелі Віткоўскага, ды нешта ў яго не заладзілася з людзьмі, тыя яго не надта каб слухалі. Мабыць, групе болей стасавала маўклівая зацятасць камандзіра Віткоўскага, які за ўвесь дзень, бывала, не вымавіць трох фраз, болей дацінаў каго позіркам ці часам кароткім злым мацюгом, і на дзіва яго разумелі. Гарадзілаў жа стараўся ўсё растлумачыць, давесці да свядомасці — ці чыю правінку, ці агульны іх абавязак перад радзімай, ці кожнаму ягоную задачу ў іх агульным заданні. Ужо бывае ўсё ўсім зразумела, а Гарадзілаў усё тупае перад іх кароценькім строем і тлумачыць, тлумачыць. Скончыць, запытаецца: «Усім ясна?» Усім усё зразумела, а ён зноў пачне новы круг тлумачэнняў. Віткоўскі ў такіх выпадках стаіць побач нязрушна і моўчкі, толькі сочыць, каб ніхто не парушыў строй і ўсе ўважліва слухалі камісара. Гэты болей любіў вайсковыя каманды, найбольш папулярнымі з якіх былі ў яго «Падцягнісь», «Разгаворчыкі» ды «Шырэй шаг!». Сам хадзіў роўна і лёгка, падаткнуўшы пад дзягу полы шыняля і пагардліва пазіраючы на камісара, які валюхаста клыпаў побач ці ў канцы калоны, ссунуўшы са спатнелага лба свой пакамечаны картуз.
Мякка і зручна ўмясціўшыся ў сене, Азевіч раздумна перабіраў камісараву сумку, на сподзе якой знайшоў маленькі пахучы абмылак з загорнутым у паперку памазком ад брытвы — і зноў склаў усё ў сумку. Канешне, камісаравы дакументы трэба было б зберагчы, калі іх збярог Гарадзілаў, — несці з сабой ці лепш закапаць дзе ў здатнай мясціне. Тошчы пацёрты камісараў кашалёк з трыма савецкімі чырвонцамі ён запіхаў у цесную кішэнь свайго фрэнча, які насіў да вайны і цяпер, у вайну, таксама. Фрэнч быў зручны, з кішэнямі на грудзях, зашпільваўся да падбароддзя. Амаль з такога ж матэрыялу цяпер быў і картуз на яго галаве — чым не вайсковец?
Але, мабыць, ужо не вайсковец і не партызан нават — здаецца, пакуль што з партызанкай не выйшла нічога. Мабыць, трэба дзесь пераседзець, перахавацца, звязацца з вышэйшым кіраўніцтвам, далажыць, як і што адбылося ў іх з такім драматычным зыходам. I хто вінаваты? Але каго ўжо вінаваціць, калі абодвух начальнікаў няма ў жыцці, а людзі?.. Людзі на дзіва аказаліся розныя. I хто б падумаў! Як збіралі групу, тады ўсе здаваліся такія патрыёты, бальшавікі, свае, знаёмыя, без аніякіх сумненняў гатовыя на ўсё — на жыццё і на смерць, дзеля перамогі. Але во як прыпёрла бяда ля Макрынскага балота, калі іх акружылі нямецкія жандары і яны нейкім цудам усё ж прарваліся — братоў Фесякоў не засталося і следу. Таксама харошыя былі хлопцы, маладыя і здаровыя, да вайны рабілі ў леспрамгасе, старэйшы — нават майстрам участка, добра ведалі тутэйшыя лясы, — мусіць, тым і пакарысталіся ў здатны для сябе час. Не далічыўшыся іх, як вырваліся з акружэння, камандзір паслаў двух партызан шукаць братоў, думалі, мо дзе адсталі параненыя. Праз суткі вярнуўся адзін Клыпаў, другі ж, малады камсамолец Лёня Полазаў, быў забіты ў засадзе. А праз тыдзень дачуліся, што гэтыя Фесякі ўжо дома, у мястэчку, выбіраюць з жонкамі бульбу на агародах і ніхто іх не чапае — мабыць, ужо павініліся ў паліцыі. Пачуўшы тое, Віткоўскі толькі скрыгануў зубамі, а Гарадзілаў сказаў, што нядоўга паядуць яны тае бульбачкі. Аж во мінуў месяц, не стала ні Віткоўскага, ні камісара, а Фесякі ўсё ядуць сваю бульбачку ў мястэчку — і вараную і смажаную, у мундзірах і ў клёцках. Пякуць дранікі з салам…
Лугавіна побач ляжала па-восеньску шэрая і пустая, дарожка на ўзлеску здалася Азевічу болей уезджанай, чым у лесе, і ён падумаў, што дзесь недалёка павінна быць вёска. Усё ж гэты лесавы закутак належаў суседняму раёну, які ён ведаў не надта, — не тое што свае раённыя мясціны, выезджаныя і выхаджаныя ім і ўдоўж і ўпоперак. I тады, як рабіў у выканкоме, і пазней, як стаў працаваць у райкоме партыі. Але ад свайго раёна адсюль, мабыць, яшчэ кіламетраў з дзесяць — там бы ён арыентаваўся болей упэўнена. А тут, выйшаўшы з лесу, неяк пачаў асцерагацца — не хацелася асабліва трапляць камусьці на вочы. Розныя ўсё ж людзі вакол, асабліва цяпер, у вайну. Хто паможа, а хто і прадасць — са страху ці каб выслужыцца, паддобрыцца да немцаў. Тут ужо як выпадзе. Вунь іхняму Клімянкову выпала і зусім кепска — пайшоў на сувязь са сваім чалавекам у Чарнаручча, дарогай нідзе ніхто яго не спыніў, сустрэліся, пагаварылі, а той і запрасіў пераначаваць. Якраз ішоў дождж, Клімянкоў добра прамок і пагадзіўся спачыць да золаку. Моцна заснуў з дарогі і, мусіць, бачыў харошыя сны, бо нават і тады, як паліцаі пыралі яго вінтоўкай у бок, яшчэ ўсміхаўся ў сне і махаў рукой — адмахваўся ад тае вінтоўкі. Узялі Клімянкова і расстралялі праз тыдзень. Цяпер невядома, дзе яго і магілка. Таму, мабыць, лепш трохі счакаць, пераседзець дзень у стажку, а як пацямнее, рушыць тою дарожкай. Вёска, мабыць, тут, недалёка.
I Азевіч расслаблена знерухомеў, стараючыся, аднак, не заснуць. Зноў пачалі зябнуць ногі; плячам жа ў сене было ўвогуле добра — мякка і зацішна, хоць з-за стажка трохі пачаў задзімаць вецер — мусіць, на змену надвор’я. Хоць бы не паваліў снег, падумаў Азевіч, не засыпаў чорную сцежку. Мусіць, да снегу неяк трэба паспець дзе прытуліцца, а там будзе відаць. Вось толькі куды прытуліцца? Дзіўна, чым абярнулася тое іх партызанства. Тады, у самым пачатку, яны стараліся зашыцца куды глыбей у лясныя нетры, далей ад вёсак, людзей, стаіцца за балотамі, каб ніхто не ведаў, дзе яны і адкуль удараць па немцах. Тады кожны, хто паяўляўся паблізу ад іхняй стаянкі, выклікаў падазрэнне, думалі: шпіён, падасланы немцамі або паліцыяй. Неяк на пачатку восені ў Страшыцкім лесе хлопцы злавілі дзядзьку з аброццю: казаў, шукае кабылу. Дзядзька быў з не дужа блізкае вёскі (блізка вёсак там не было наогул), адышоўся з дому, можа, кіламетраў з пяць, тое выклікала падазрэнне — ці не шукае ён іх заместа кабылы? Няпроста было зразумець, як яно было папраўдзе, але дзядзька набрыў на іхнюю стаянку, бачыў іх буданы і нават пазнаў некаторых з іхніх людзей, — як было адпушчаць такога? Не адпусцілі, пасадзілі ў будан пад варту і пачалі раіцца, што рабіць. Яно, можа, і праўду кажа — хадзіў, хадзіў і заблудзіў у лесе, забрыў далекавата, трапіў на іх незнарок. А можа, і не. Можа, трапіў знарок, па заданню немцаў і цяпер выдасць стаянку і групу. Ды як праверыш? Нават калі пайсці ў Шалудзякі, што там можна ўведаць? Камісар Гарадзілаў мяркуе і так і сяк, хлопцы ламаюць галаву, а камандзір Віткоўскі кажа: «Усё ясна. Гарэйка, спалняйце!» Гарэйку не трэба было загадваць двойчы, той разумеў камандзіра з першага слова, устаў і спакойна — да таго будана. Яны ўсе засталіся кружком, дзе сядзелі, маўчалі, утаропіўшы долу позіркі, слухалі. Чакалі, аднак, нядоўга, праз колькі хвілін ля балота нягучна трэснулі два рэвальверныя стрэлы, і неўзабаве паявіўся Гарэйка. Прыйшоў і моўчкі сеў на сваё ранейшае месца. «Усё, цяпер снедаць’» — сказаў Віткоўскі і ўстаў. Усталі і яны. I пайшлі снедаць, унікаючы, аднак, пазіраць адзін аднаму ў вочы. Тое, што адбылося, дало палёгку, іхняя стаянка засталася нерассакрэчанай, пакуль што можна было чуцца спакойна. Але спакою чамусь не было. Штосьці сталася, абляглося на душу, хоць кожны і стараўся прыдушыць тое пачуццё, не даць яму дужа разрасціся.
Тады ім ніхто патрэбны не быў, яны спадзяваліся на саміх сябе: група мела сілу, у іх быў спрыт, здароўе, даволі харчоў, зброя і боезапас. Яны маглі даць бой і нават перамагчы, бо ўжо збольшага навучыліся рабіць засады, нападаць знянацку. Цяпер жа Азевіч застаўся адзін, нібыта ўжо не партызан, а згаладнелы няўдака-чалавек, і яму патрэбны былі людзі, харч, жытло. Без таго, адчуваў ён, нядоўга стрывае. На носе зіма. Зімою ж аднаму ў лесе — пагібель.
Ён выбраўся са свайго лаўжа, хоць яшчэ было віднавата, яшчэ толькі пачало змяркацца. Цяпер ягоная пара — ноч. Ну і, можа, яшчэ восеньскі вечар. Уздзеў на плячо вінтоўку, на другое плячо ўскінуў свой старэнькі, аблезлы рукзак, з якім пайшоў у той ранак з мястэчка, сабраўшы што-нішто з неабходных рэчаў: пару запасных ануч, бялізну, брытву, кніжку «Гісторыя ВКП(б), кароткі курс», па якой ён як агітатар праводзіў заняткі ў групе. Тошчы гэты рукзак не шмат важыў і не замінаў у шляху Цяпер болей замінала тоўстая гарадзілаўская сумка, і ён раз-пораз адкідваў яе за сцягно. Патроху, аднак, цямнела, кустоўе і лес за лужком браліся змрокам, дальні падлесны канец лугавіны і зусім прапаў у туманістай навалачы. Азірнуўшыся, Азевіч спорна пайшоў дарожкай і думаў, што, мабыць, з такой яго экіпіроўкай толькі і хадзіць паначы. Удзень нельга. Удзень хто не ўбачыць, нават здаля, адразу здагадаецца, што за прахожы. Добра яшчэ, калі адно — здагадаецца. А калі пакліча паліцыю? Што ж тады яму — распачынаць перастрэлку і гінуць па-дурному? Не, па-дурному гінуць ён не хацеў. Хіба калі ўжо нявыкрутка, тады што ж… Не ён першы, не ён апошні.
Дзень сапраўды быў зусім кароценькі — ва ўсіх адносінах сумны восеньскі дзянёк, вечар наступаў на ранак. Хутка зусім сцямнелася, і вакол нічога не стала відаць. Узлесак побач адсунуўся кудысьці ўбок, дарога вывела яго ў поле, на якім усё мацнеў напор даволі сцюдзёнага ветру. Часцей стала трапляцца гразь, неглыбокія лужыны пад нагамі, Азевіч ужо разы два ўлез у нейкую твань на ўзбочыне, прамачыў ногі. Увесь час ён пільна ўзіраўся ў цемрыва ночы і неўзабаве згледзеў, як наперадзе зачарнелася штось доўгае і грувасткае. Здаецца, то былі будынкі, два ніжэйшыя ля самай дарогі і штосьці высокае далей. Паркан, які ён намацаў, урэшце прывёў яго да варотцаў у падворак, праз акенца хаты за гародчыкам хліпка ліпеў чырвоны агеньчык. Часам ён знікаў у ценю — мабыць, там хтосьці варушыўся каля газнічкі. I ён наважыўся. Мабыць, гэта быў першы двор на ўскрайку ад лесу, ён таіў пэўную небяспеку. Але іншых Азевіч шукаць пабаяўся і, увайшоўшы на падворак, ціхенька прыхінуў за сабой варотцы.
— Хто там?
Усё ж хтосьці яго ўчуў у цемрадзі — стрымліваючы хваляванне, Азевіч ступіў са два крокі і гэтак жа ціха адказаў:
— Свае. Можна да вас? На хвіліну…
У адказ было няпэўнае маўчанне, але ён ужо згледзеў невыразную постаць з чымсьці грувасткім у руках, мабыць, то быў гаспадар ля ганка. Азевіч падышоў бліжэй, праз цемрыва адчуваючы на сабе насцярожана-страхавітую ўвагу чалавека, які, аказваецца, трымаў на руках абярэма дроў, чакаў яго.
— Можа, зойдзем, а то…
Чалавек павярнуўся і, угнуўшы галаву, моўчкі пераступіў парог, Азевіч падаўся следам і, мінуўшы сенцы, апынуўся ў хаце з нізкаю змрочнай столлю на тоўстых бэльках. Ля парога на століку гарэла газнічка, і насупраць цьмяна свіцілася беленым бокам вялізная печ. Некалькі посных твараў з паўзмроку спалохана ўтаропіліся ў яго. Гаспадар грукнуў перад печчу дрывяным абярэмам і выпрастаўся.
— Мне пераначаваць каб… — нерашуча вымавіў Азевіч.
У хаце ўсе знерухомелі ў напружанай увазе, ён разы два пераступіў па цёмнай падлозе, перастаўляючы ля нагі знятую з пляча вінтоўку. I тады маладзіца з касой на спіне, што стаяла бліжэй за іншых, падхапіла з цемры нейкую адзежыну, даючы яму месца на лаўцы:
— Ідзіце, сядайце во.
Ён падзякаваў у думках і ступіў да лаўкі, зняў з сябе сумку, скінуў з плячэй лямкі рукзака. Насупраць, перад газнічкай і каля печы, стаялі цёмныя постаці, але ён ужо паспеў зразумець, што, мабыць, гэта сямейнікі — тая маладзіца і старая згорбленая бабуля ў хустцы і яшчэ жанчына, мабыць, жонка гаспадара, апранутая ў нязграбную тоўстую ватоўку. Наводдаль у запеччы, хваравіта вохкаючы, варушыўся згорблены сівы дзядок, які доўга прыладжваўся там, каб ямчэй сесці, і першы азваўся да яго:
— Прахожы ці тутэйшы будзеце?
— Прахожы, — сказаў Азевіч. — Акружэнец.
— Гэтак? Цяперака яны ідуць — акружэнцы, — з гаркотаю ў голасе сказаў дзед. — Ад самага лета ідуць. А родам жа адкуль? Ці здалёку будзеце?
— Не. Суседні раён.
— Ну, то блізка, — сказаў дзед. — Калі суседні раён, дык блізка… А то на Пакроў былі ў нас двое, дык аж з Расеі родам. Ідуць, ідуць людзі. Што робіцца…
Азевіч тым часам азіраў з лаўкі змрочную хату, яе жыхароў; тое, што з ім ахвотна загаварыў дзед, абнадзейвала. Але яго трохі азадачваў маладзейшы, плячысты, гадоў сарака мужчына з кароткімі вусікамі пад шырокім носам, які таксама надта ўважліва разглядваў яго і маўчаў. Ці не хоча ён пазнаць яго, падумаў Азевіч. Можа, дзе бачыў у тыя гады? Праўда, пакуль той не сказаў ані слова, паўзіраўся, зняў кажушок і пачаў мыць рукі над цэбрам. Хата была вялікая, шафай і посцілкай разгароджаная на дзве няроўныя палавіны. Стары застаўся на ранейшым месцы ля печы, а жанчыны памалу затупалі сюды-туды па сваіх хатніх справах — нешта прыбіралі, прыносілі-выносілі, корпаліся пры печы. Распрануцца яму не прапаноўвалі, але пакуль што і не адмаўлялі ў ягонай просьбе, і ён падумаў, што, мабыць, пераначуе. А калі пераначуе, дык, пэўна, і штосьці з’есць — не можа ж таго быць, каб спаць паклалі не еўшы.
— Вот забрыў паначы, а не ведаю, як і дзярэўня ваша называецца, — сказаў Азевіч, болей каб не маўчаць.
— А мы на хутарах, — сказаў дзед. — Хутары нашы Аўдзееўскімі называюцца. Яшчэ за царом як выдзеліліся з той вунь вёскі Карачуны, так і асталіся…
— Карачуны? Чуў, здаецца, — сказаў Азевіч. — Гэта каля возера?
— Во яно, відаць у вакно, — кіўнуў галавой стары, хоць у акне ўжо не было нічога, апроч непрагляднай восеньскай цемры.
На нейкі час яго пакінулі без увагі. Маладзіца нешта спыталася пра карову, мужчына коратка зазначыў, што ўсіх напаіў, вада пакуль ёсць. Здаецца, урэшце жанчыны пачалі збіраць на стол: бразнула засланка ў печы, па хаце паплыў пах чагось смачнага, і Азевіч парадаваўся, што, мабыць, паесць. Вячэру збіралі, аднак, даўгавата, хоць, здаецца, нічога ўжо не варылася, у печы не гарэла. У хаце, аднак, было цёпла, Азевіч расшпіліў усе аплікі шыняля, аднак не распяразваўся, толькі прысланіў вінтоўку да лаўкі. Ён усё ж чакаў роспытаў, нават хацелася пагаманіць, самому распытаць пра шмат што, але нейкая насцярожаная маўклівасць запанавала ў хаце і стрымлівала яго ад празмернай гаворкасці. Праўда, пакуль што ў тым не было благога, ён ужо ведаў гэты звычай тутэйшага люду — зважліва чакаць, што скажа чужы чалавек Была ў тым і дасціпная павага да госця, і боязь яго, невядомага, а можа, і небяспечнага. I праўда, было чаго пабойвацца, асабліва ў такі кляты час.
— Дык як жа вы тут пажываеце? Ці, можа, вайна абышла стараной? — запытаўся Азевіч.
— Гэ, каб жа абышла, — жвава адгукнуўся дзед. — Вайна не абыдзе… Падпёрла ўсім. Вунь гаспадар тожа ж з вайны прыйшоў, — кіўнуў ён на маладзейшага мужчыну.
— Акружэнец?
— Акружэнец, анягож! З пекла ледзь выкараскаўся, вошай кучу прынёс. А і цяпер…
— Ладна, памаўчы ты, — перапыніў старога гаспадар. Але дзядок, мабыць, рады быў пагаварыць са свежым чалавекам.
— А што! Такі сакрэт… I цяпер во чапляюцца. У паліцыі…
— Ну ты! — ужо са злосцю гыркнуў на яго гаспадар. — Патрымай свой язык! А то распусціў, як лейцы…
I праўда, стары прымоўк, даволі непрыемна ўразіўшы тым Азевіча, якому ў гэтай кароценькай перапалцы пачулася штось не надта прыемнае. Нейкі нават намёк на патаемнае, якое ён не павінен быў ведаць. З гэтай не пераадоленай у сабе непрыемнасцю ён устаў з лаўкі, калі маладзіца з касой клікнула яго вячэраць за шафу, куды ўжо панесла і газнічку. З глінянай міскі на стале ішла пара і пахла чымсь паўзабытым з хатняе ежы; не кідаючы вінтоўку, Азевіч няўклюдна палез у цеснае застолле. Ад міскі позірк яго міжволі матлянуў па цэлай шарэнзе абразоў у куце, якія таксама непрыемна ўразілі яго — надта ўжо было іх шмат, усе прыбраныя ў рушнікі, з папяровымі кветкамі па ражках. Стараверы тут, гэтыя гаспадары, ці што, падумаў Азевіч, усю ўвагу якога ўжо захапіла страва.
За стол, аднак, ніхто больш не сядаў, і ён не стаў марудзіць, узяў лыжку У місцы былі камы: бульбяная каша з бобам, згаладнелы Азевіч еў яе з хлебам, не зважаючы на прыціхлых гаспадароў, якія зважліва пазіралі на яго з паўцемры хаты. Толькі аднойчы ён злавіў на сабе стоены позірк маладзейшай жанчыны, і здалося яму, у тым позірку мільгануў клопат і шкадаванне яго ці, можа, і сябе таксама. А можа, яны пабойваліся яго? Але што ён цяпер быў для іх, хоць і пры зброі — жабрак, знясілены і галодны, ён цалкам меўся ў іхніх руках і адно спадзяваўся на іхнюю да сябе спагаду.
— Гляджу, ці не вы ў мястэчку рабілі перад вайной? — зважліва азвалася маладзіца.
— Было, рабіў трохі, — сціпла і знарок не зусім пэўна адказаў ён, павёўшы позіркам да маладзіцы. Тая бы сумелася трохі.
— Здалося, бытта бачыла вас. У РДК.
— Можа быць, можа быць…
Ён не хацеў прызнавацца тут, дзе і кім рабіў да вайны, — ён іх не ведаў, лепш, каб і яны яго не ведалі таксама. Маладзіца моўчкі пачакала трохі, а затым узялася ладзіць яму пасцелю за шафай, у пярэдняй палавіне хаты: прысунула да лаўкі ўслон, прынесла нейкія транты, падушку. Тым часам ён хутка апаражніў міску, нават дбайна паскрэб яе ў дне лыжкай. Недаедзеную лусту хлеба няўзнак сунуў сабе ў кішэню.
— Дык дзякуй вам, людзі.
— Богу дзякаваць, — сказаў стары, які ўсё сачыў за ім аднекуль з запечча, хоць і нічога ўжо не пытаўся.
Пасля сядалі вячэраць сямейнікі, а ён, сыты і распараны, зняў урэшце шынелак, боты і, не здзеючы фрэнча і галіфэ, лёг на лавах. Вінтоўку паклаў ля сцяны побач. Укрыцца яму далі стары кажух, але было цёпла, і ён з даўно не адчуванай асалодай аддаўся спакою. Гаспадары ў хаце паводзілі сябе сцішана, можа, з увагі да яго, гутарылі шэптам, але менавіта гэтая сцішанасць трохі не падабалася Азевічу: здавалася, гавораць пра яго. Было часам трывожна, ды ён намаганнем волі прыцінаў трывогу — ці яны яму зробяць благое? За што? Здаецца, людзі як людзі, гаспадар сам нацярпеўся на вайне, мог зразумець іншага. Ён ужо засынаў, калі стукнулі дзверы, хтось выйшаў, але неўзабаве вярнуўся зноў. Дзед з ціхім крэктам і войканнем мясціўся на печы; дзесь пачуўся мерны рытмічны шэпт — здаецца, маліліся на ноч. Апошнім ён пачуў ціхае пытанне маладзіцы пра тое, ці зашчапілі дзверы, і заснуў.
Спаў без сноў, забыўшыся на сябе і на ўвесь белы свет, але доўга ці не — не ведаў. Ды раптам прахапіўся невядома ад чаго — нейкага адчування трывогі, і не адразу зразумеў, што гэта стукнулі дзверы. Была яшчэ ноч, здаецца, усе спалі, але знянацкая пужлівая трывога азвалася ў ім сонным спалохам, і ён ускочыў на ногі.
— Хазяін! Хазяін!.. Дзе хазяін?..
На дзіва яму не адказалі, хоць ён адчуваў, што там, у запечку, за агародкай яго ўчулі. Ды ўсе маўчалі. Але дзе ж гаспадар? Мабыць жа, ён клаўся разам з усімі, увечары быццам ніхто не выходзіў з хаты — ці не выйшаў ён зараз? Нарэшце на яго ўстрывожанае пытанне азвалася жанчына, якая дрыготкім няпэўным голасам вымавіла:
— Ды ён да каровы… Карова там сцельная, дык выйшаў паглядзець.
— Карова? Дзе карова?
Азевіча калаціла — ад спалоху і чорнага цяжкага падазрэння, у якім, адчуваў, не памыляецца.
— У хляве, вунь за дваром.
Азевіч таропка абуўся, ускочыў, хістаючыся са сну, напяў на сябе шынелак, накінуў рамяні — ад кабуры і сумкі, падхапіў вінтоўку. Моўчкі, не развітваючыся, выскачыў праз сені ў шэрае начное сутонне падворка, кінуўся да зачыненых дзвярэй хлява, да другіх, стоена-гучна гукаў:
— Хазяін!.. Хазяін!..
Адказам яму было ціхае соннае кудахтанне на курасадні, сцішана рохнула дзесь свіння. У астатніх хляўках было ціха, гаспадар не азваўся, і ён злосна вылаяўся.
Ён выскачыў на вуліцу і адразу спыніўся, не ведаючы, у які бок падацца. Хацеў назад, у лес, адкуль ён прыйшоў увечары, але падумаў: на дарозе дагоняць. Тады ён ірвануў наўпрост цераз дарогу ў поле; выламваючы на глыжах ступні, перабег раллю і гразкім стаптаным іржэўнікам пабег кудысьці ў ноч. Наўкола ляжала цёмнае поле, дзе-нідзе грувасціліся адзіночныя дрэвы, дзьмуў сцюдзёны напорысты вецер; праўда, дажджу не было. Нізкае неба густой чарнатой прыдушыла палявы прастор, да раніцы, мабыць, было яшчэ далёка… Неўзабаве, аднак, ён угрэўся ад бегу і хуткай хады, нават стаміўся. Са шкадаваннем успомніў пра свой рукзак, які пакінуў ля ўслонаў. Ну, але хай падавяцца яго жабрацкім майном. Яму б зберагчы галаву. Куды бегчы далей, не ведаў, хацелася далей ад таго здрадніцкага хутара, дзе накармілі і паклалі спаць. Мабыць, каб прадаць паліцыі, бо куды ж яшчэ сярод ночы шаснуў той гаспадар? Добра яшчэ, што Азевіч пачуў, прахапіўся, а то б узялі на золаку цёпленькага, як таго Клімянкова. Ну, але цяпер не дагоняць, цяпер ужо ён уратаваўся ад іх. Хай шукаюць ветру ў полі. Вось толькі куды ён кіруе? I куды кіраваць наогул?
Паволі ён збавіў крок, пайшоў цішай. Абышоў нейкі голы хмызняк, за якім пачалася мяккая трава пад нагамі — мабыць, зноў лугавіна ці, можа, поплаў. Калі поплаў, дык будзе кепска — за поплавам можна набрысці на рэчку, як тады перайсці яе ў цемры? Увесь час ён узіраўся наперад, прысядаў, каб на фоне трохі святлявага неба што-небудзь пабачыць ды зноў не налезці на які хутар ці вёску. Цяпер ён ужо баяўся паселішчаў і людзей, ведаў: ад іх трэба быць далей. Але і як быць без людзей? Неўзабаве, мабыць, пачне развідняцца, што тады рабіць? Дзе схавацца? Хоць бы як перабыць дзень?
Світанак застаў яго на краі нейкага чэзлага драбналесся — алешнік з маладым бярэзнікам ціха высвістваў на ветры сваю несканчоную песню. Азевіч доўга ішоў, кіруючы па-над узлескам, ужо зусім не ведаючы куды. Ён ужо добра ўгрэўся, ажно спатнела спіна, вінтоўка муляла на плячы, боўталася збоч тоўстая гарадзілаўская сумка. I як трохі стала відаць наўкола, ён выгледзеў у голым зарасніку непадалёк адзіночную хвойку і праз гушчар пралез да яе. Мабыць, вінтоўка яму ўжо не спатрэбіцца, падумаў ён і, зняўшы яё з пляча, сунуў пад нізкае голле хваінкі. Туды ж запіхаў і сумку. Адышоўшыся, азірнуўся: мясціна ўвогуле была прыкметнай, хваін тут было няшмат, і гэтая стаяла сама бліжэй ад узлеску, насупраць адзінокага дрэва ў полі. Кабура на доўгім рэмені дакучліва целяпалася па сцягне, і ён, зазлаваўшы, выняў з яе наган, а кабуру шпурнуў у хмызняк. Наган, канешне, ён пакуль што не кіне, глядзі, той яшчэ спатрэбіцца. Але зверху навідавоку хай нічога не будзе. Цяпер ён — проста чалавек. Прахожы. Ідзе з акружэння.
Калі яшчэ больш павіднела, непадалёк, у якім кіламетры, ён заўважыў дарогу — рад тэлеграфных слупоў, і за павароткай — фурманку ўдалечы. Яму ж трэба было ісці цераз поле, дзе яго ўжо маглі ўбачыць здалёк. I ён спыніўся. Мабыць, трэба было лезці ў хмызняк, усё ж там больш схоўна, чым у адкрытым полі. I ён пабрыў хмызняком, часам абыходзячы самы гушчар, а то і нагінаючыся і падлазячы пад нізкае ляшчынавае голле, прытрымліваючы картуз на галаве. Тут ужо яго ніхто ўбачыць не мог. Аднак ён не ведаў, ці хутка выберацца з гэтых зараснікаў, каб хоць як агледзецца і зразумець, дзе ён апынуўся. Усё ж, мабыць, трэба было кіраваць на поўдзень. Толькі вось зразумей, дзе ён, той поўдзень?
Так ён набрыў на купку хвойнага маладняку, які тут па-летняму зелянеў сярод сумна аголенага драбналесся, і палез у яго сярэдзіну. Між калючага голля было сцішана і схоўна, вецер сюды, бадай, не дасягаў, і Азевіч бокам апусціўся на мяккі, усыпаны ігліцай дол. Мабыць, тут і пераднюе. Спачне за д’ябальскі турботную ноч, а галоўнае, яму трэба было вырашыць, як быць далей, куды падацца? Бо такое бадзянне, адчувау ўжо пэўна, дабром не скончыцца. Скончыцца бядою, якая можа стацца для яго апошняй.
Вецер, аднак, густа шумеў угары, сярод хвойнага вецця, унізе ж было цішэй. Азевіч скурчыўся на баку, сашчапіў у шырокіх рукавах азызлыя рукі. Галаву, як можна было, уцяў у шырокі каўнер шыняля, дыхаў сабе на грудзі — тым грэўся. У думках ён не першы ўжо раз перабіраў знаёмыя мясціны раёна, вёскі, дзе некалі быў, прыгадваў сяго-таго са знаёмых людзей. Цяпер не на кожнага можна было спадзявацца, многія, мабыць, апынуліся ў войску па мабілізацыі ці падаліся ў эвакуацыю, хто-ніхто, канешне, перамятнуўся да немцаў. А калі не перамятнуўся адкрыта, дык у душы наўрад ці спачуваў нядаўнім кіраўнікам раёна, мясцовым актывістам. Перш чым да каго завітаць, трэба было добра падумаць, прыпамятаць, чым ён дыхаў у нядаўнія часы перад вайной, гады класавай барацьбы, выкрыцця ворагаў народа. Хоць тады і вырвалі шмат з каранём, але ж, мусіць, не ўсіх. Мабыць, нямала яшчэ і засталося, хіба не выявілася тое на пачатку вайны? Во хоць бы і гэты акружэнец, да якога ён так няўдала завітаў учора: і накарміў, і мякка паслаў на лавах, а сам паначы — да тае паліцыі. Нездарма ўвечары не даў штосьці сказаць дзеду. Прыступіў на язык. Ах, падла! Фашыстовец пракляты!
Усё ж ляжаць на голай стылай зямлі было не надта каб зручна. Ён круціўся і так і гэтак, усё роўна было мулка і дужа холадна, асабліва сцёгнам. Мусіць, мінула нямала часу, пакуль цела трохі прызвычаілася да гэтае ветранай халадэчы, Азевіча патроху пачала агартаць нейкая санлявая знямога. Хоць і разумеў, што спаць было небяспечна, ну але, можа, не набрыдзе хто. Усё ж пры лесе, у гушчары, не тое што ў полі ці пры дарозе. I праўда, на грудзі, у запазуху ён надыхаў трохі, стала цяплей, нібы сугрэўней. Адно па-ранейшаму даймала скалелыя мокрыя ўсе тыя дні ногі. Боты разваліліся дарэшты, добра, што ў лесе выручалі пасталы з падасланым на сподзе сенам. Калі засцерагчыся ад вады, па сухім снезе дык у пасталах нішто і ў вялікі мароз.
…А марозік быў ніштаваты, асабліва ціскануў перад змярканнем, яны ўсе добра ўработаліся, пакуль разгрузілі на руме свае кубаметры рудстойкі, у вёску вярталіся ўжо цёмным вечарам на стомленых конях. Конік тады ў Ягора быў неблагі, немалады, але цягавіты і непераборлівы Варанок, якога ён клапатліва пакрыў папонай і завёў у загародку з добраю ахапкай свежага мурожніку — хрумстай конік, адпачывай да заўтра. Зрэшты, назаўтра меўся быць яму выхадны, а Ягору — свята. Хрышчэнне. Ужо заўтра мужыкі ў бор не паедуць — паедуць да царквы ў мястэчка. Ягор да царквы не збіраўся — пакуль мыўся ў качарэжніку над цэбрам, усё меркаваў, ці сёння злятаць да Настачкі, ці ўжо заўтра, на святы вечар. Настачка жыла ў суседняй цераз поле вёсцы Староўка, насельнікі якой амаль скрозь былі каталікі, у іхняй жа — бадай, скрозь праваслаўныя. На свята каталікі ехалі за дваццаць вёрст да касцёла ў сваё мястэчка Альхімовічы, а гэтыя — у другі бок за васемнаццаць вёрст у Межава, дзе былі царква і сінагога. Ну, а па тым часе дык ужо ўсталяваліся і раённыя ўлады — райком, райвыканком, нардом і ўсё астатняе. Касцёла там не было.
Ягор мыўся, а маці тым часам таропка збірала на стол паесці, бо сын добра-такі згаладнеў у лесе. Ён скінуў намерзлыя пасталы з анучамі, развешаў у запечку — хай сушацца. Там жа знайшоў суконныя панчохі і дастаў з-пад ложка свае юхтовыя боты. Боты былі ягоным клопатам. У такі час на працы ў полі ці ў лесе звычайна служылі пасталы з сенам на сподзе, але на пагулянку трэба былі боты. Толькі ягоныя, відаць, адгулялі сваё — вось-вось гатовы былі ашчэрыць зубы, хоць ён і падбіваў іх не адзін раз. Боты патрэбны былі новыя, але дзе возьмеш новыя — у краме не купіш, трэба шыць, але прыватных шаўцоў вывелі, а ў арцель патрэбна даведка пра тое, што ўсё у гаспадарцы сплочана. На жаль, у гаспадарцы было далёка не ўсё сплочана. Ягор пра боты нават не заікаўся пры бацьку. Пакуль ён абуваўся на лаве, маці кідала на яго незадаволеныя позіркі і не пыталася, не дакарала, толькі скупа зазначыла: «Пойдзеш?» Ён не адказаў, хоць ужо пэўна ведаў, што пойдзе. Учора маці бурчэла: «Во акруціла, дык акруціла!» Гэта — пра Настачку. Ягор маўчаў, хоць адчуваў, што ніхто яго не абкручваў, тым болей такі матылёк, як Настачка, і калі ён пахінуўся да яе, дык па чыстае свае волі. Настачка тут ні пры чым. Проста пра гэты вечар ён думаў увесь дзень у лесе, пакуль варочаў там мерзлае калоддзе, і цяпер надышоў яго час. Настачка чакае. Прыкра, што сястры Ніны недзе не было дома і ён не ведаў, ці будзе сёння вечарына ў Суботкаў, якія мелі прастарнейшую хату і пускалі маладых з гармонікам. «А дзе ж Нінка?» — папытаўся ён, нацягваючы на крутаватыя плечы чорную сацінавую сарочку з белымі гузікамі на каўняры. Быў ён хлопец нішто сабе, высокі і чырванашчокі, меў тады дзевятнаццаць гадоў, марыў пра вайсковую службу і ўжо ўступіў у мясцовую ячэйку камсамола. «А ў Суботкаў», — сказала маці. «Што, скокі?» — «Якія скокі — начальнік з раёна прыехаў. Сход ідзе. I бацька там, і Ніна». Сход дык сход, падумаў Ягор, сходаў на тым часе хапала, лічы, кожны тыдзень ішлі ў вёсцы сходы. Усё ж ён трохі паморшчыўся, прычэсваючы мокрыя віхры перад цьмяным люстэркам. Краёчкам свядомасці сцяміў, як бы той сход не парушыў увесь яго сённяшні план.
Мабыць, тады ён адчуў, хоць і няпэўна, але па сутнасці амаль дакладна. Той сход не толькі парушыў яго вечаровы намер, але і перайначыў усё жыццё, надаўшы таму кірунак, які Ягору і не сніўся.
Не паспеў ён яшчэ дасёрбаць свой крупнік акрай стала на разасланым чыстым настольнічку, як у хату ўбегла Нінка. За ёй нязграбна сунуўся яшчэ нехта, каго ў вечаровых прыцемках не адразу было і пазнаць. Але пазнаўшы, Ягор зразумеў: па яго. I праўда, то быў сельсавецкі сакратар Пракапчук, які адразу з парога загаварыў бы нават устрывожана: «Во добра, заспеў. А то Ніна кажа: у Староўку браток лупане… Дык гэта, знаеш, патрэба да цябе…» — «Ну?» — «Такое ну — трэба пасля сходу старшыню РВК у раён адвезці…»
Ягор аж абурыўся ўнутры, хоць знешне пастараўся тое ўтаіць, не сказаў нічога. Толькі падумаў: прыехаў з лесу, не паспеў павячэраць, заўтра выхадны, Настачка…
Памаўчаў, апанурана буркнуў: «А што ён? Бясконны…» — «Не бясконны, але возчык ягоны падупаў, ехаць не можа…» — «А, падупаў!» — хмыкнуў Ягор. «Ну, набраўся, спіць у Залескіх. Дык выручы ўжо, бо ж камсамолец…»
Тое, што ён камсамолец, Ягор чуў не ўпершыню, і тое заўжды азначала, што ён павінен штосьці для каго зрабіць: ці ўслужыць каму, ці падзяжурыць у сельсавеце, ці з’ездзіць куды. Не тое, каб яго камсамольская прыналежнасць надавала яму гонару, але неяк абяззбройвала ў такі момант, і ён не меў як адмовіцца. Мусіў слухацца. Як бы там ні было, паход у Староўку адкладваўся. Павячэраўшы, Ягор надзеў сваю рудую суконную паддзёўку з аўчынным каўняром і пайшоў на сход. На падворку ў Суботкаў стаялі мужчыны, курылі, тут жа ля хляўка прыткнуўся сіні з чырвонымі аглоблямі старшынёў вазок, над якім укрыты папонай жаваў сена вараны конік. Ягор абышоў гэтага рахманага, мабыць, не старога яшчэ каня з белай плямай на лбе, які падазрона скасавурыўся на яго, выцягваючы з вазка мурожныя жменькі. Відаць, нешта адчуў — новага гаспадара, ці што? Ці мо тое, што цяпер іх двух лес звяжа на доўгія два гады неспакойнага, поўнага трывог і спадзяванняў жыцця.
Ягор у той раз нават не зайшоў у хату на сход, пакурыў з мужчынамі на ганку, а як з хаты хлынуў на падворак люд, узяўся за вупраж, што ляжала тут жа ў перадку. Ён запрагаў каня, адчуваючы пэўную няёмкасць ад таго, што браўся за чужую справу, і ўсё паглядваў цераз плячо на ганак, дзе ўжо стаяў, гамонячы з прыліплымі да яго мужчынамі, старшыня РВК Заруба. Таго Зарубу Ягор бачыў усяго некалькі разоў — на сходах у вёсцы ды адзін раз у раёне каля сталоўкі, але размаўляць з ім не даводзілася ні разу. I цяпер, як ягоны сядок падышоў да вазка, Ягор сціпла пажадаў яму «добры вечар» і пачаў выкіроўваць каня з падворка.
Ехалі паначы абодва моўчкі. Заруба наставіў вялікі каўнер чорнага паўшубка і маўчаў, мабыць, перажываючы нядаўнюю гаману на сходзе. Ягор маўчаў тым болей — ужо хоць бы з павагі да начальніка. Конь, мабыць, адпачыў, пад’еў і бег добра па ўезджанай палявой дарожцы, хоць Ягор і не падганяў яго. Ён не меў нават пугі, толькі зрэдчасу лёгенька тузаў раменнымі лейцамі.
Аднак была ўсё ж ноч, абапал шарэлі заснежаныя пералескі, пасля пачаліся змрачнаватыя яловыя шаты Галубяніцкай пушчы, і Ягор падумаў, дзе ж, аднак, ён заначуе сёння? Ні дадому, ні да Староўкі яму ўжо не дапяцца, трэба будзе шукаць начлег у мястэчку. Праўда, там быў адзін знаёмец — прымак з іхняй вёскі, Ягор ведаў ягоную хату, але жонка ў таго прымака не дужа падабала такіх во начлежнікаў, і Ягор падумаў, што да яго не пойдзе. Ён так і не вырашыў нічога на той лесавой дарозе, а як выехалі ў поле, Заруба ціха сказаў з-за свайго заінелага каўняра: «Тут павернеш налева». Ягор пацягнуў лейчыну, і конік панятліва збочыў на паваротку ў лагчынку, за якой, ведаў Ягор, выцягліся па касагоры хаты доўгае вёскі Кандыбічы. Там жа быў сельсавет і школа ў былым панскім маёнтку.
Як яны ўехалі ў вуліцу, у хатах яшчэ дзе-нідзе свіціліся вокны, але ўжо пакрысе гаслі — было, мабыць, апоўначы. Заруба не казаў, куды кірараць, і Ягор пусціў каня самахоць, які некуды тупаў-тупаў і сам сабой прыпыніўся пад вялізнымі дрэвамі ля доўгай будыніны школы. На рагу яе расплывіста свіцілася замерзлае акенца ад блізка да шкла пастаўленай лямпы. Заруба цяжкавата выбраўся з вазка і, падышоўшы да гэтага акенца, ціха пастукаў у шыбіну. Пасля ён пайшоў за рог і прапаў, нічога не сказаўшы Ягору, які ўсё сядзеў у вазку з лейцамі ў руках. Сядзеў, аднак, нядоўга — з-за вугла выйшаў чалавек у накінутым на плечы кажусе з ліхтаром «лятучая мыш», ён махнуў Ягору заязджаць у двор, а як той апынуўся ля ганка, сказаў: «Распрагай. Каня вунь туды ў хлеў, там сена, пакорміцца» і пайшоў у дамоўку. Ягор, адчуваючы лёгкае недаўменне, распрог, завёў у цёмны хлеў каня, туды ж прыбраў вупраж і стаў ля вазка, не ведаючы, што рабіць далей. Здаецца, ехалі ў мястэчка, а прыехалі ў Кандыбічы. Ну, але то не ягоная справа, можа, адгэтуль яго адпусцяць дамоў, дык гадзіны за тры ён дашыбае да Староўкі. Настачка, мабыць, яшчэ не спіць, слухае, чакае…
Аднак не адпусцілі.
Праз трохі часу прыадчыніліся дзверы і ўсё той жа чалавек у кажуху паклікаў яго ў дамоўку. Ягор пратупаў за ім цераз пусты цёмны пакой і апынуўся ў невялікім, дужа цёплым пакойчыку, асветленым вялікаю пры акне лямпай. Побач на стале стаяла якаясь ежа, і на падлозе ля грубкі параваў самавар. Распрануты да гімнасцёркі з ордэнам над кішаньком сядзеў ля стала Заруба, піў гарбату. «Ну, чайку пап’еш, пагрэешся? — спытаў ён у Ягора і кінуў гаспадару — немаладому хударляваму мужчыне з падстрыжанай бародкай і ў камізэльцы на кастлявых плячах: — Хлопец з Ліпаўкі». — «З Ліпаўкі? — здзівіўся гаспадар. — А чый жа там будзеш?» — «Азевічаў», — скупа адказаў Ягор. «Азевічаў? — яшчэ болей здзівіўся гаспадар. — Глядзі ты, які вырас! Некалі з тваім бацькам у войску служылі. Чэсны чалавек, працавіты. Зямлі толькі меў малавата, тры дзесяціны, ага?» — зноў звярнуўся ён да Ягора. «Тры», — сказаў Ягор. «Ну а ты ж вучыўся? Колькі класаў скончыў?» — «Чатыры», — сказаў Ягор, трохі сумеўшыся, што ўвага гэтых людзей нечакана перайшла на ягоную персону. Заруба ў той час дапіў сваю шклянку і зазначыў: «Малады, граматны. Вот возчыкам хачу ўзяць. У выканком, — павярнуўся ён да Ягора. — Кажуць, коней падабае. Дык пойдзеш?» — і скіраваў на Ягора цяжкі, маларухавы позірк з-пад чорных, гняўліва навіслых броваў. Для Ягора то было пэўнаю неспадзяванкай — ён не ведаў, як адказаць старшыні выканкома, хоць нешта ў той прапанове засвяцілася радаснае, але і страхавітае адначасна. «Дык я… не ведаю. Каб… Але ж гаспадарка…» — «Ну, з гаспадаркай і бацька ўправіцца. Зноў жа — суцэльная калектывізацыя градзёт, так што згаджайся…»
Пакутныя то былі хвіліны для Ягора Азевіча, рашыць канчаткова ён тады не мог. Ды разумны Заруба, мабыць, адчуў, што рабілася ў душы ў хлопца, і не стаў дужа патрабаваць адказу, нешта загаманіў да гаспадара, як зразумеў Ягор, настаўніка тае школы, якога ён зваў Арцём Андрэевіч.
Ягор выпіў шклянку гарбаты з нейкімі сушкамі, і Арцём Андрэевіч павёў яго ў трэці цёмны пакой з ляжанкаю пры сцяне, скінуў з сябе кажух — яму накрыцца. Як за ім зачыніліся дзверы, Ягор сцягнуў боты, падумаўшы са страхам: каб хоць не адвалілася падэшва, і, не распранаючыся, выцягся на старой мулкаватай ляжанцы. Нейкі час ён яшчэ слухаў ціхую мужчынскую гаману з-за дзвярэй, але дужа не ўслухоўваўся ў яе і заснуў, бы праваліўся ў нябыт. Нічога яму не прыснілася, толькі раптам здалося, што праспаў ранак, — прахапіўся, адразу зразумеў, дзе ён. Але ў намерзлых вокнах была чарната, і ў суседнім пакоі ўжо панавала ціш, мабыць, ягоны старшыня з гаспадаром таксама недзе спалі ў гэтым вялікім панскім доме, які цяпер займалі пад школу і пад настаўніцкія кватэры таксама. Хаця настаўнікаў тут, пэўна, было няшмат, школа лічылася пачатковай — на чатыры класы. У пакоі было халаднавата, і Ягор адчуў, што хутка настане світанак. Трэба было дагледзець каня ды, мабыць, збірацца ў дарогу. Як ён выйшаў з таго пакоя, насустрач аднекуль з цемрадзі вынікла постаць гаспадара — той ціха сказаў, што старшыня яшчэ адпачывае, але праз гадзіну ён яго пабудзіць, а пакуль што можна папаіць каня, вядро і вада ў сенцах.
Ён упарадкаваў каня, які ўжо быццам неяк прывык да яго і не касавурыўся. То быў неблагі Белалобік, здаецца, нетутэйшай заводкі, падобна — кавалерыйскі. Ва ўсякім разе куды лепшы на выгляд за спрацаваных сялянскіх дэрбін, ахаджваць такога была адна ахвота. Але ж там, дома, застаўся яго Баранок… Канешне, галодны стаяць не будзе, ужо бацька дагледзіць, ды ўсё ж у Ягора варухнулася ў грудзях шкадаванне да ягонага трудзягі — што з ім будзе далей? Вядома, ён ужо пагадзіўся з прапановай рабіць у выканкоме возчыкам, хоць бы каб вырвацца з вёскі ў людзі. Усё ж у мястэчку жыццё, культура… Ды й, мусіць жа, будуць плаціць нейкае жалаванне, не трэба будзе рваць кішкі на гаспадарцы. Тым больш калі калектывізацыя. А калі і не, дык Нінка возьме прымака Міколу Савасценю, які ўжо набіваўся, каб ажаніцца. Ведама, хлопец ён не дужа каб хуцавы жаніх, але працаваць будзе. Тым болей што і Ніна, бы мурашачка, — круглы год у працы, ад цямна да цямна, за ўвесь дзень не прысядзе, бывала. Усё рупіцца, усё носіцца…
Неўзабаве ўстаў і Заруба, зноў папілі чайку і, падзякаваўшы гаспадару, які іх праводзіў за вароты, паехалі. Ягор чуў, як, на запросіны заязджаць, Заруба ціха сказаў звазка: «У чацвер, мабыць. Калі ў Полацак не паеду…»
Для Ягора Азевіча пачалося новае, спярша ажно страхавітае жыццё ў раёне. Пакуль што яно абмежавалася клопатам пра Белалобіка, ні пра што іншае ён і не думаў. А ўсё — каб запрэгчы, распрэгчы, накарміць, напаіць цёплай вадой, дагледзець збрую. Сядзёлка трохі націрала хрыбет, ён гэта выявіў, як раніцай чысціў каня, і трохі падправіў лямец на сядзельнай падушцы. На выканкомаўскай стайні было яшчэ тры кані і тры фурманы-возчыкі. Але бадай усе дні яны былі ў раз’ездах, Азевіч бачыў іх толькі мелькам, калі ўранку ці ўвечары. То былі ўжо ў гадах дзядзькі, а адзін Волкаў дык нават стары, можа, яшчэ дарэвалюцыйны фурман з сівой барадой. Казалі, у яго хацелі рэквізаваць каня, каб для ўлады, дык ён не адцаў таго ў чужыя рукі і пайшоў сам разам з канём на рэквізіцыю. З таго часу і робіць у выканкоме, возіць загадчыка райза. Казалі, харошы фурман, толькі не актыўны, не любіць сядзець на сходах, дзе дым і гармідар, лепш у вазку ці на стайні, дзе начуе ягоны стаеннік. Ягор жа дык падабаў сходы. Звычайна дзе ў вёсцы, упарадкаваўшы Белалобіка, сядаў ля парога і слухаў усё, што там рабілася. Асабліва любіў ён слухаць свайго начальніка Зарубу, як той выступаў з прамовамі. Пачуўшы яго першы раз у Стадолішчах, Ягор аж здзівіўся. Удзень негаваркі, нават болей маўклівы, старшыня выканкома на сходзе ўвачавідкі мяняўся — па меры таго як казаў сваю прамову ўсё пра тое, як блага жылі пры цару, які тады трывалі ўціск. Пачынаў быццам з неахвотай, спаважна, неяк бы зморана. Але чым далей гаварыў, асабліва натрапіўшы на перспектывы новага калгаснага жыцця, тым болей пачуцця прыбывала ў ягоным голасе. Недзе ўжо пад канец той голас дасягаў мяжы пераканаўчасці, а затым ішоў марудлівы спад, бы ад стомы. I канчаў Заруба тым жа памяркоўным тонам, як і пачынаў. Слухалі ж яго мужыкі і бабы, паразяваўшы раты. Мусіць, такі ж разяўлены рот быў і ў Ягора, які думаў: во каб мне навучыцца выступаць гэтак прыгожа.
Канешне, тады ён не ўмеў гэтак прыгожа, але марыў навучыцца. На сходзе местачковай камсамольскай ячэйкі, дзе ён ужо ўзяўся на ўлік, яму неяк давялося выступіць. I так гэта атрымалася няўклюдна, нават сарамліва сярод незнаёмых дзяўчат і хлопцаў, што ён аж спацеў, пакуль выціснуў з сябе некалькі фраз пра абавязак камсамольца ў справе калектывізацыі. Добра, яго перапыніў нехта з байчэйшых, і толькі адна камсамолка, што сядзела наперадзе, усмешыстая, з белай высокай стрыжкай, добра ўсміхнулася аднымі вачмі і шапнула: «Нічога, нічога». Як пасля дазнаўся Ягор, гэта была камсамолка Паліна Пташкіна. Пасля яна таксама выступіла — натхнёна, баявіта, не па-жаночы рэзка. У хлопцаў і дзяўчат ажно гарэлі твары ад яе заўзятага выступлення. Во гэта малайчына, думаў Ягор. Дзе гэтак Настачцы, ды і яму таксама. Мабыць, трэба было падцягвацца, авалодваць новымі завядзёнкамі, як гэта і належала перадавой у раёне моладзі. З таго сходу ён узяў сабе за правіла кожнага ранку прачытваць невялікі аркушык раённай газеты «Шлях камунізму», стосік якіх два разы на тыдзень клаўся на стол у прыёмнай старшыні РВК. Ягор начаваў у суседнім пакоі на двух ссунутых разам сталах, уставаў рана, даглядаў у дваровай стайні каня і, пакуль прыходзіла сакратарка Рыма, меў трохі вольнага часу. Калі ж не спраўляўся прачытаць усю газеціну, дык абавязкова праглядаў хоць перадавіцу, з якой даведваўся пра галоўныя справы ў раёне. Галоўнай справай тады, вядома, была калектывізацыя, тэмпы якой якраз апынуліся пад пагрозай зрыву. Звычайна ўжо зранку Ягор разумеў, што сёння выпадзе яму немалая дарога — у тры ці чатыры вёскі, не меней. Калі яшчэ была гадзіна часу, дык ён паспяваў збегаць цераз вуліцу ў сталоўку — талоны яму ўжо выдалі. Але ў сталоўцы ён збольшага снедаў, абедаць жа ці вячэраць даводзілася абы-дзе. Дзе Бог пашле. Часам перападала і няблага, нават з чарчынай, калі трапляў да добрых людзей, а то бывала, што і абыходзіўся на пусты жывот. Вярталіся ўвечары позна, сталоўка ўжо зачынялася, Ягор карміў каня і самотна выпростваўся на сталах, нацягваючы на плечы караткаватыя полы паддзёўкі.
Можа, на другім тыдні ягонае працы ў раёне здарылася тое, чаго ён чакаў і баяўся — адарвалася падэшва. Адарвалася якраз уранку, як ён нёс вядро з пойлам яго Белалобіку. Ён спрабаваў неяк прыладзіць яе, тую стаптаную падэшву, але не паспеў таго зрабіць, як у прыёмную ўвайшоў Заруба і ўсё зразумеў з першага позірку. «Ты гэта во што, — сказаў ён. — Ідзі сюды!» Ягор, накульгваючы, пайшоў за старшынёй у ягоны кабінет з вялікім сталом, пакрытым кумачом, паверх якога блішчала вялізная шыбіна на розных паперах, і старшыня нешта напісаў на невялікім аркушы. «Во, ідзі ў арцель, спытаешся там Ісака. Аддасі яму гэта». — «А запрагаць?» — «Запрагаць сёння не трэба. Паедзем заўтра», — сказаў Заруба і павярнуўся да сцяны, дзе пад партрэтам Леніна вісеў чорны тэлефонны апарат — пачаў круціць ручку.
Ягор ужо ведаў, дзе была шавецкая арцель, і памалу паклыпаў наезджанай снегавой вуліцай за вялізную будыніну сінагогі. Па-над доўгім сталом у прасторнай дамоўцы сядзелі чалавек дзесяць шаўцоў — усе стукалі малаткамі, шылі дратвай, курылі махорку і гаманілі. Як Ягор увайшоў, першы, хто звярнуў на яго ўвагу, быў сівабароды стары яўрэй, ён паўзіраўся ў яго счырванелымі вачыма і адказаў на яго «добры дзень». Ягор папытаўся, хто тут Ісак, і дастаў паперку. Сівабароды, не адкладваючы з каленяў гамаш, працяг да яго руку. «Во тут таварыш Заруба напісаў». Шавец паправіў на носе акуляры і выцяг далей руку з запіскай. «Зараз пачытаем, што піша таварыш старшыня РВК, — сказаў ён так, каб усе пачулі. — Ага, усё панятна! Скідывай свой бот, будзем глядзець-радзіць, — якія там справы…» Ягор прысеў на канец услона і сцягнуў бракаваны бот, рукой няёмка прытрымаў на нямытай назе бруднаватую анучу. «Ай-яй-яй! Тут работы на дзень. Трэ новую падмётку. Ды і саюзкі…» — «Саюзка быццам цэлая», — нясмела ўставіў Ягор. «Ага, цэлая! Вы на яго паглядзіце; ён кажа, цэлая! А за што яе падбіць? Ці яна будзе на чэсным слове трымацца?» — «Ісак, а ты яе за язык падчапі», — з’едліва сказаў хтосьці з шаўцоў, а іншыя ахвотна засмяяліся. «Ісаку што, Ісаку не шкада… Калі Заруба піша, дык я з ягонага фонду. Ужо фонду таго засталося на пару ботаў…»
Між тым Ісак хуценька вывернуў халяву, надзеў бот на чыгунную прыладу, якая ў шаўцоў называецца «лапай». Ягоныя вялікія чорныя рукі так замільгалі над ботам, што Ягор не мог сцяміць, што і як ён там робіць. А ён рабіў, усё прыгаворваючы, штосьці жартуючы да суседзяў-шаўцоў, раз-пораз кідаючы позіркі па-над акулярамі на прымоўклага кліента. «А ты што — у выканкоме робіш? Ага, возчык? Дык возчыкам жа Даўнарскі быў? Зволілі, кажаш? Правільна. Даўно трэба было звольніць. Во п’яніца. А сам скуль родам? А, з Ліпаўкі! А жывеш дзе? Ці ў прымаках у каго?» — «А ты, Ісак, можа, хлопца сасватаць хочаш?» — падняў ад бота белабрысы твар маладзейшы шавец. «Магу і сасватаць, а што? У мяне рука лёгкая, гэта жысць цяжолая. Што, у выканкоме спіш? Гэ, то не гадзіцца». — «Вось і ўзяў бы да сябе. Твае ж настаўнікі з’ехалі», — сказаў нехта з другога канца стала, і Ісак зноў уважліва зірнуў на Ягора. «А што ты думаеш — магу і ўзяць. Халастога-нежанатага чаму не ўзяць? Калі ўпадабае». — «Дык было б добра», — сумеўся Ягор. «Праўда? Тады прыходзь увечары — вунь трэці дом пад гонтай», — паказаў Ісак у акно. Ягор зірнуў туды — сапраўды, крыху далей на вуліцы, якраз на пагорку, між дзвюма ліпамі ў гародчыку, стаяла нішто сабе дамоўка з гонтавым дахам.
Ягор зусім акрыяў духам, калі хвілін праз дваццаць Ісак стукнуў перад ім на падлозе гатовым адрамантаваным ботам з новай падмёткай і вузкай палоскаю лапіка на саюзцы — можна было абуваць. I ён абуў, адразу адчуўшы сябе куды з большай упэўненасцю, падзякаваў. Ісак жа ўжо завіхаўся над набітым на капыл гамашам. «Дык увечары, уваход са двара. Праз парадны не прымаю — рэвалюцыя адмяніла», — пажартаваў ён на развітанне.
I праўда, позна ўвечары, спарадкаваўшы каня, Ягор пайшоў шукаць Ісакаву дамоўку. Ён пазнаў яе ў снегавой цемені па тых дзвюх ліпах і ледзьве знайшоў дзверы з двара, поўнага нейкіх хлеўчукоў, свіранкоў, паветак. Відаць па ўсім, некалі тут жыла вялікая сям’я, мо нават і не адна, а цяпер свіціліся толькі два акны з падворка, і нікога не было чуваць. Але Ісак яго чакаў і адразу расчыніў дзверы насустрач.
Ягор не памыліўся: на ўсю гэтую вялікую дамоўку жыў адзін яе гаспадар, іншыя пакоі пуставалі, у тым ліку і той, што меў асобны ўваход, праз які і прывёў яго Ісак, паказваць новае жытло. Было цёмна, ды ўсё ж таго святла, што пранікала сюды з заснежанай вуліцы, хапіла, каб Ягор збольшага агледзеў месца, дзе яму давядзецца жыць. То быў вялізны, бы стадола, і пусты пакой з адзінай скрыняй пры парозе, нізкаю столлю і трыма невялікімі акенцамі на вуліцу. Халадэча тут стаяла такая, што было відаць, як з рота ідзе пара. Але што ж, выбар у Ягора быў невялікі. У выканкоме было цяплей, ды не жыць жа яму там, дзе можна было хіба пераспаць да ранку. Добра, што побач на скрыні ляжала некая лахманіна, накшталт конскай гунькі, на якую ён і прысеў, даючы тым зразумець, што пакой упадабаў і застаецца. Гаваркі Ісак, аднак, не спяшаўся яго пакінуць і ўсё расказваў, як тут улетку жылі дзве настаўніцы, як ім было зручна, бо мелі асобны ўваход, тры акны на вуліцу, а да вайны пакой займала сястра Голда з дзеткамі і стары Ёхель, тутэйшы залатар, ды яго забілі балахоўцы, а стрыечныя ўнукі, падросшы, не захацелі тут жыць і паехалі ў белы свет — ім, ці бачыце, стала цесна і нецікава ў мястэчку. Ім каб у горад, бліжэй да класавай барацьбы. Дужа ўжо ўпадабалі класавую барацьбу, запісаліся ў камсамольцы, а ён, Ісак, усё жыццё шые боты. Папраўдзе, боты шыў да рэвалюцыі, цяпер рамантуе розныя развалюхі-бахілы, бо шыць новыя няма з чаго, няма тавару. А ён — майстра, некалі пачынаў у шаўца ў Варшаве, вучыўся дванаццаць гадоў — болей, чым цяпер вучацца на настаўніка, мае дыплом з гербамі, бо шыў фасонныя боты-бутэлькі для самога прыстава, а цяпер зашывае дзіркі на стаптаных гамашах. Але ён не наракае — такі час. А Ёхелю ўжо ніколі не ўбачыць зялёнай травы, так што яму, Ісаку, яшчэ можна зайздросціць. Можа, і пляменнікі таксама пазайздросцяць, бо невядома яшчэ, да чаго давядзе тая іх класавая барацьба. Можа, да сумы, а можа, і да турмы…
Азевіч прачнуўся неяк раптоўна і на першым часе не зразумеў, як ён тут апынуўся. У гушчары быццам стала зацішней, не так шумеў хвойнік. Азевіч надта скалеў, спярша не мог нават паварушыць ні нагой, ні рукой. З вялікай натугай устаў, затым зноў сеў на калючым ад хвоі доле, падумаў, што сон — бы адпачынак ад жахлівае рэчаіснасці. Калі б толькі не такі сон-напамінак. Той сон, што агарнуў яго, мог выклікаць што хочаш, але не даць адпачынку, не прынесці расолабку. Даўно ўжо ягонае мінулае было для Азевіча клопатам, болем, нават душэўнай пакутай. Ён не любіў прыпамінаць тыя свае гады, нават і ў такі час, па вайне, калі шмат якія драбніцы ці моманты даўняга здаваліся лепшымі, чым былі на справе, а іншыя дык і выклікалі замілаванне.
У хвойніку было яшчэ светла, але дужа сцюдзёна, і ён зноў стаў хукаць сабе на грудзі, грэць рукі за пазухай. Нагаданы ў сне Заруба прывёў да згадкі пра Вайцяшонка, з якім яны разам працавалі пазней у мястэчку, і Азевіч прыпамятаваў, што той родам з тутэйшых мясцін. З вёскі Завішша, якая, здаецца, была недалёка. Ужо кульгавага Вайцяшонка ў войска, пэўна ж, не ўзялі, мабыць, жыве цяпер у бацькоўскай хаце, і яму вайна — не вайна. Ён павінен аднесціся да Азевіча добра, крыўдаваць адзін на аднаго ў іх не было падставы, некалі нават сябравалі, і старэйшы па гадах Вайцяшонак у чым-колечы памагаў маладому Азевічу. Перад вайной іхняе сяброўства прыпынілася з прычыны арышту Вайцяшонка, якому, аднак, пашчасціла: яго выпусцілі. У райком ён, канешне, ужо не трапіў, перабраўся з мястэчка ў роднае Завішша, пачаў сваю перапыненую ў камсамоле настаўніцкую працу. Праўда, яму не пашэнціла з сям’ёю: жонка адраклася ад мужа — ворага народа неўзабаве пасля яго арышту, ну але затое, казалі людзі, Вайцяшонак на яе крыўды не меў. Невядома, можа, ажаніўся зноў ці жыве з бацькамі, таго Азевіч не ведаў і думаў цяпер: трэба ісці ў Завішша.
Ён выбраўся з гушчару ў поле, агледзеўся. Дарога была побач — уезджаны бальшак з бярозамі абапал. Дарогу ён пазнаў адразу — некалі паездзіў тут ад вёскі да вёскі, асабліва ў калектывізацыю ды і пасля — аж да самай вайны. Бальшак спусціцца ў лагчынку, там будзе масток, а затым праз якіх пару кіламетраў і Завішша — вялікая вёска над возерам. Праўда, у Завішшы ён даўно ўжо не быў, але дзе жыве Вайцяшонак, памятаў добра — у пачатку трыццатых часцяком там начавалі — калі разам з Яўгенам, калі адзін ці з якім раённым начальнікам. Бацькі ў Вайцяшонка былі харошыя, мяккія і спагадлівыя, бацька любіў пагаманіць пра жыццё і палітыку, маці, памятаў, рабіла тэхнічкай пры школе.
Цяпер Азевіч не пайшоў па дарозе — пераскочыў канаву і патупаў прыдарожнаю сцяжынай за доўгім радам бяроз. Так яму была відаць уся дарога — наперадзе і ззаду, яго ж можна было ўгледзець толькі зблізку. Дробны сняжок то мільгаў на ветры, то недзе знікаў, дарога і сцяжына за бярозамі ўвогуле былі сухія. Яму ніхто не спаткаўся да самай ваколіцы, дзе якраз ужо пачало змяркацца, і ён, каб не ісці вуліцай, збочыў ля плота на гароды. Пакуль брыў там каля сажалкі ды скакаў цераз межы, і добра змерклася; ужо амаль у цемры ён перайшоў мокрую аселіцу з балотцам пасярэдзіне і падышоў да Вайцяшонкавай сядзібы. У агародзе ля паграбца спыніўся, перавёў дых, збіраючыся з думкамі: усё ж трохі апасаўся, як яго прыме Вайцяшонак. На падворку за тынам, здаецца, не было нікога. У двух вокнах, што глядзелі на агарод, было цёмна, можа, і там, у хаце, не было нікога. Азевіч памятаў, што яшчэ ў Вайцяшонка былі дзве сястры, але ці яны жылі тут цяпер, ён не ведаў. Колькі часу ён туліўся за паграбцом: стаяў, прысядаў, слухаў. У тым канцы вёскі недзе ляніва брахаў сабака, а так усё было ціха, на агародах побач ніхто не паяўляўся. I тады ён наважыўся — ціха пабрыў да будыніны. Не адразу знайшоў варотцы з агарода, тыя былі шчыльна прычынены і нават зашчэплены з падворка, ён, перагнуўшыся, адшчапіў іх, не прычыніўшы ззаду, ступіў на падворак. Ганак мясціўся з другога боку, за вуглом, і ён хутка пратупаў да яго. Клямка на дзвярах, аднак, не падалася пад яго рукой, мабыць, дзверы былі зашчэплены, і ён сумеўся, ён не хацеў стукаць. Аднак усё ж пастукаў — ціхенька, тры разы, пачакаў. Думаў, яго не пачуюць, хацеў пастукаць яшчэ — ды ўсё ж злавіў слыхам нейкі гук у сенцах, стрымаўся, счакаў. I сапраўды, дзверы расчыніліся, перад ім у змроку сянец стаяў невялікі стары, Яўгенаў бацька. Азевіч яго адразу пазнаў і павітаўся. Той, аднак, змоўчаў і не саступіў з месца, мабыць, не пазнаваў госця.
— А Яўген дома?
Стары ўсё маўчаў, не пазнаючы, і Азевіч мусіў вытлумачыць:
— Калі помніце, Азевіч я. Некалі з Яўгенам разам працавалі. У райкоме, — напомніў ён. Тады стары шырэй расчыніў дзверы, і ён ступіў цераз парог у глухую цемру сенцаў, затым, растапырыўшы рукі, прайшоў следам за гаспадаром у хату, няўмела зачыніў за сабой дзверы. У хаце было амаль гэтак жа цёмна, як і ў сенях, але цёпла. Стары падсунуў яму нейкі ўслон, і ён сеў, болей каб не наткнуцца на што ў цемры, не замінаць.
— А дзе ж Яўген?
— Павінен прыехаць. Як з’ехаў уранку… — сказаў стары, зазірнуўшы ў светлаватае без фіранак акно.
— I далёка?
— Ды ў мястэчка. Збожжа павёз…
— Гэтак? Падатак ці на продаж?
— На здачу. Немцы ж абклалі падаткам. Як і Саветы, бывала. Трэба здаваць.
«Мусіць, трэба», — падумаў Азевіч. Тое, што ён не застаў Вайцяшонка, трохі засмуціла яго, ну але, можа, скора прыйдзе. У хаце ж было цёпла і спакойна, болей нідзе нікога не было чутна, і ён хацеў папытацца старога пра яго сямейнікаў, дачок. Ды стары перапыніў яго ўласным пытаннем:
— А вы ж цяпер з мястэчка ці як?
— Не, не з мястэчка, — сказаў Азевіч. — З мястэчкая ўжо даўно.
Мусіць, трэба было сказаць і яшчэ пра сябе, але Азевіч ніяк не наважваўся. Няпростая гэта справа расказваць пра сябе. Ды ў такі час. Хто ведае, якія адносіны ў гэтых Вайцяшонкаў з немцамі. Якія ў іх былі адносіны з Саветамі, Азевіч памятаў добра, і гэта таксама вымушала трывожыцца.
— А Яўген што, усё дома? Па гаспадарцы? — памаўчаўшы, запытаў ён.
— Па гаспадарцы, а дзе ж. Школа ж закрылася, няма школы. Дык агарод спарадкаваў, каня во займеў. Калгаснага. Разабралі гаспадары, дык застаўся адзін. Вайсковы, абознікі кінулі. Без каня, ведама, ніяк у гаспадарцы.
— Без каня ніяк, — пагадзіўся Азевіч.
— Дык ён ля гэтага каня бы ля якога дзіцёнка. Яно, ведама, у мальцах не нацешыўся. Усё на казённай рабоце. А тады — у школе.
— Тады не да коней было: служылі.
— Служылі. Савецкай уладзе служылі. Што заслужылі во? — сказаў і прымоўк стары.
«Заслужылі няшмат, — пагадзіўся ў думках Азевіч. — I яшчэ што заслужаць — невядома. Хто — каня, а хто, можа, і кулю. Як многія…» Дзіўна, але цяпер і ён прыпамятаваў колішняга свайго Белалобіка, з якога пачалася ягоная служба ў раёне. Таксама любіў каня, даглядаў, завіхаўся… Той і вывез яго ў людзі. Ці ў добры час толькі…
Яўген прыехаў, аднак, няхутка, ужо зусім паначы. Стары не паліў святла (мо не было чым), яны ўсё сядзелі ў цёмнай хаце, зрэдку перагаворваючыся — болей каб не маўчаць, як у двары застукалі колы і пачулася знаёмае «тпру». Тады ж пачуўся жаночы голас — значыць, то была Яўгенава сястра, здаецца, малодшая Зоська. Стары паспяшаўся ў дзверы, і Азевіч нагнуўся да акна, блізка да якога ўжо стаяла фурманка. Кульгавы Яўген злез на падворак і, тупаючы ля яе, слухаў бацьку, рухавая Зоська знімала нейкія клумкі. Пасля яны падаліся да ганка, а бацька ўзяўся распрагаць каня.
Азевіч адступіў ад акна.
— Ну здароў,— ціха сказаў Яўген, пераступіўшы парог.
— Здароў, братка, — азваўся Азевіч.
Яны стрымана, аднак, павіталіся, павіталася Зоська, якая адразу падалася кудысь у змрочнае запечча.
— Як і адкуль? Якімі судзьбамі? — папытаўся Яўген, відаць па ўсім, трохі здзіўлены гэтай нечаканай сустрэчай.
— Ды во завітаў. Па дарозе…
— Па дарозе? Ну што ж… То добра, калі па дарозе. А я з мястэчка. Як паехаў уранку, дык на ўвесь дзень. Ячмень вазіў.
— На здачу?
— На здачу. За тры гаспадаркі — шэсць пудоў. Немцы наклалі такі падатак. Што зробіш? Трэба здаваць.
— Калі ёсць чым.
— А во знайшлося. Усё ж калгасны ячмень самі пажалі. Ды падзялілі. Набралася трохі. Запасліся. Не тое што ў калгасныя гады.
Яўген апусціўся на ўслон, пасунуў Азевічу зэдлік.
— Сядай. Можа, не спяшаешся?
— Ды як табе сказаць, — сумеўся Азевіч. — Пабуду трохі.
— Дык павячэраем хоць. Усё ж сябрамі былі. Колькі не бачыліся… Гады чатыры.
— Чатыры, ага.
— Ну. Я ж у гэтай во школе тры зімы адрабіў. Значыць, чатыры, як з райкома…
Як з райкома — чатыры, падлічыў у думках Азевіч. Ды месяцаў восем прабыў пад арыштам, пакуль не выпусцілі. Пакуль яго не выпусцілі, Азевіч усё дрыжэў, каб не ўзялі самога — за сувязь. Добра, тады неяк абышлося.
— Ну дык а як жывецца? Пад новай уладай? — трохі асвойтаўшыся ў чужой хаце, папытаўся Азевіч.
Яўген не адказаў, устаў, ціха гукнуў у запечча да сястры, якая там поркалася:
— Нам туды, у бакоўку, чаго павячэраць…
— Туды? Ну добра…
Сястра запаліла пад столлю лямпу з закапцелым шклом, укруціла кнот, каб меней гарэла газы, пачала збіраць вячэру. Яўген павесіў на цвік паддзёўку, памыў рукі над цэбрам, прапанаваў Азевічу. Той, аднак, рук мыць не стаў, не стаў і распранацца. Ён толькі пачаў грэцца ў шынелку пасля нядаўняе сцюжы і не хацеў растраціць набытае цяпло. I ўсё пільна сачыў за рухамі, словамі, адценнямі голасу былога сябра, стараючыся вызначыць па іх адносіны да яго, Азевіча, — заўважыць, можа, які цень непрыязі ці пагарды. Мусіць жа, Яўген ведаў ці чуў пра яго ці хоць бы здагадваўся, адкуль паявіўся ў гэты вечар стары знаёмы. Ды нічога падазронага Азевіч заўважыць не мог. Падобна на тое, што Вайцяшонак мала ім цікавіўся. Ці меркаваў, што пра сябе той скажа сам.
Мінула трохі часу, і яны ўжо сядзелі ў цёмнай бакоўцы з канапай пры невялікім століку. Лямпа трохі свяціла сюды на падлогу праз адчыненыя дзверы з хаты. Тут быў засень, але на стале былі відаць дзве міскі, талерка з салам і хлеб. А болей ім і не трэба было святла. Перад тым як сесці, Яўген некуды шаснуў і, рухава кандыбаючы на карацейшую нагу, прынёс бутэльку і дзве шклянкі.
— Вось каб за сустрэчу… А ты, можа б, раздзеўся…
— Не, ведаеш…
— Азяб дужа?
— Азяб. Нешта дрыжака ўсё…
— Ну вядома, калі азяб… Тады зараз пагрэемся.
Ён наліў дзве шклянкі, адну пасунуў Азевічу, і яны моўчкі выпілі, захрумсталі гуркамі.
— Дык, гляджу, няблага і жывеш, — сказаў пачакаўшы Азевіч.
— Ды ўжо ж, — няпэўна мовіў Вайцяшонак. — Лепш не палучаецца.
— Па гэткім часе…
— Па гэткім часе нядоўга і загрымець. На той свет. Вунь у мястэчку Свірыда, з райфо… Ты ж ведаў, пэўна? Дык учора павесілі.
— Свірыда? Ну.
— А браты Фесякі?
— А што Фесякі? Фесякі служаць. У паліцыі. Стараюцца. Самі вешаць будуць.
Азевіч памаўчаў крыху, уражаны смерцю Свірыда. Як выпраўлялі партызанскі атрад, дык гэтага Свірыда не ўзялі — запярэчыў Віткоўскі. Што бухгалтар, беспартыйны і наогул мала разбіраецца ў палітыцы. А во ў чымсь правініўся.
— А я Гарадзілава ўчора пахаваў, — паведаміў ён з сумам у голасе.
— Забілі?
— Памёр. Прастудзіўся і памёр.
— Раскоша цяпер — памерці. Ведаеш, усё перамяшалася. Свірыда павесілі, а Дашэўскі вярнуўся.
— Ну? Вярнуўся? Ён жа ў войска пайшоў.
— Пайшоў, трапіў у акружэнне і вярнуўся. I ўжо кіраўнік раённай управы. Не глядзі, што быў першы сакратар райкома. Даверылі.
— Дзіўна. Як жа так?
— А во так. Тады ж, як мяне пасадзілі, ён сам першы даў водгук. Што я вораг, агент і так далей. Тапіў аберуч. Глядзі, і цяпер тапіць будзе.
— А цябе немцы… Не чапаюць? — асцярожна папытаўся Азевіч.
— А за што мяне чапаць? Я з лесам не звязаны, сабатажам не займаюся. Зноў жа, я пастрадаў ад бальшавікоў… Гэта цяпер улічваецца.
— А да сябе не вярбуюць?
Яўген памарудзіў трохі, наліў яшчэ ў шклянкі.
— Было. Во і сёння, у мястэчку. Клікалі ва ўправу.
— Ну?
— Не, я інвалід. I не маю здароўя. Я трохі пажыць хачу. Для сябе.
— Каб жа гэта можна было — для сябе, — уздыхнуў Азевіч.
— Мне яшчэ можна. Во табе нельга. Пра цябе ў раёне вядома, што ты ў лесе. Што ты ў Віткоўскага. Табе, канешне, цяпер адзін шлях.
Азевіч ніякавата паморшчыўся, насцярожана прыслухаўся да стуку дзвярэй у сенцах. Але гэта прыйшоў стары, забразгаў вёдрамі. Яўген павярнуў галаву:
— Тата, ты гэта — чакай паіць. Хай пастаіць яшчэ.
— Хай пастаіць. Я не цяпер.
— Ага. А то… Хутка ехалі, спацеў. Ну дык возьмем патроху.
Яны і яшчэ выпілі — ахвотна Вайцяшонак і быццам праз сілу Азевіч. Ён даўно ўжо не піў гарэлкі, і цяпер тая дужа ўдарыла ў галаву, стала непрыемна тлумна і адначасна трывожна — можа, не трэба было заходзіць яму да гэтага Вайцяшонка. Але і куды заходзіць? Не, усё ж той не гэткі, як можа здацца. Ужо ён не выдасць. Каб гэта яго можна было падахвоціць да барацьбы?
Бакоўка была акенцам у агарод. За рамай відаць было блізкае сучча вішанніку, якое дужа гойдалася на ветры, і Азевіча, як той зірнуў туды, аж скаланула дрыжака. «Халера, як бы не захварэць, — падумаў ён першы раз, — нешта ўсё не мог сагрэцца. Але не дзіва — намерзся ў хвойніку ды і наогул накалеўся за восень у лесе. Можа, таму так доўга не мог выгнаць з сябе сцюжы».
— Калгас разбегся? — запытаўся ён, каб не чапаць дужа асабістае.
— З першага ж дня, як нашы адышлі. Падзялілі зямлю, жывёлу. Ураджай збіралі аднаасобна. Малацілі кожны сабе. Праўда, не было дзе — гумнаў жа мала асталося. Мы дык у трысцене неяк памалацілі.
— А нарыхтоўкі?
— Нарыхтоўкі само сабой. Як у калгасе. Адвезлі. I яшчэ асталося.
— I многа асталося?
— Ды болей, чым пры калгасах. Можна сказаць, сёлета з хлебам мужыкі будуць. Не тое што раней: трыста грамаў на працадзень. Вунь у тым годзе бацька каней даглядаў. Зоська ў палявой рабіла. Пайшоў на канчатковае размеркаванне — прынёс у торбачцы. Заробак за ўвесь год.
— У вас бедны калгас, — сказаў Азевіч.
— Бедны. А дзе ён — багаты? «Пагранічнік»? Ну там багацей, бо землі лепшыя. Там на працадзень далі па паўкіло. А ў астатніх? Галеча.
«Канешне, небагата, бедна жылі, хлеба хапала толькі да вясны. Бульбы таксама. Але пра тое тады не надта каб гаварылі, дбалі аб адным: як даць план, выканаць пастаўкі, сплаціць падаткі, самаабкладанне, заём. Лічылі, што сяляне як-небудзь пракормяцца — з агародаў, ад каровак. Першай запаведдзю было забяспечыць горад, выканаць свой абавязак перад дзяржавай».
— Але ж хто будзе ваяваць? — сказаў Азевіч. — Ці так і застанемся пад немцам?
— А гэта ўжо як хочаце. Мне і пад немцам няблага. Можа, лепей нават.
— Во як! — вырвалася ў Азевіча.
— А што! Што я заслужыў у Саветах. Рабіў, як пракляты, у райкоме, ночай не спаў, недаядаў, лётаў па раёне. Калектывізацыя, індустрыялізацыя, барацьба класавая. А што зарабіў? Турму. Знаеш, як мяне там білі? Гумовым шлангам па нырках, алоўкі між пальцаў заціскалі. Ды яшчэ прызнавайся ім чорт ведае ў чым. Што ў арганізацыі беларускіх фашыстаў састаяў. Нідзе я не састаяў — я быў чэсны бальшавік! Бядняцкі сын. Інвалід з дзяцінства.
— Аднак добра — выпусцілі.
— Выпусцілі? А як выпусцілі? Спаскудзіўшы цела, і душу выпусцілі. Яны ж мяне ў сексоты падпісалі.
Азевіч вельмі здзівіўся — не таму, што Вайцяшонка завербавалі ў сексоты, а што той пра гэта гаворыць. Ніколі нідзе ніхто яму ў тым не прызнаваўся — а гэты, глядзі, прызнаецца. Хаця, цяпер чаго ўжо баяцца? Сапраўды, баяцца цяпер не было чаго — Азевіч яму не пагражаў ні з якога боку.
— Так што бачыш, я агент НКВД. А ты, можа, таксама агент? — раптам сказаў Вайцяшонак, збоч стала ўтаропіўшыся ў яго.
— Не, што ты…
— Канечне, ты не прызнаешся. А мне чаму не прызнацца свайму чалавеку. Я ж — не немцу, праўда? — з гумарам сказаў Яўген.
— Я ўсё ж думаў, ты чалавек надзейны. Памятаю, як рабілі…
— А я і надзейны. Не бойся, не выдам. Не пабягу да Дашэўскага. А і лісткі вашы клеіць на сцены не буду. Вунь у Залессі паклеілі — хлопцы з сямігодкі. Цяпер сядзяць у склепе, у міліцыі. Мацеры скуголяць, ірвуць на сабе валасы. Пастраляюць хлопцаў! Змагары, называецца.
Азевіч напружана думаў, хаця ягоны даўні сябрук збольшага стаў яму зразумелы. Апёкся Вайцяшонак на Савецкай уладзе, па сваёй віне ці па чужой — невядома. Але, мабыць, цяпер іхнія шляхі канчаткова разыходзіліся. Яўген тут застанецца — гаспадарыць на бацькавым падворку, даглядаць каня, малаціць, карміць курэй і свіней. Школа сапраўды, мабыць, для яго скончылася, вернецца да вытокаў, у адвечную сялянскую стыхію, якой не дабраў у маладосці. Што ж, можа, тое і няблага. Калі б не вайна, дык, напэўна, было б і няблага. Але во вайна, і яму, Азевічу, з яе абдымкаў, мабыць, не вырвацца. Яна ўгрызлася ў яго зубамі і кіпцюрамі, узяла яго з мінулага, звязала сучасным. Куды яму падацца цяпер?
— Ведаеш, — сказаў ён, — ці не мог бы ты мне дазволіць перахавацца ў цябе? На які тыдзень?
— Перахавацца? — перапытаў Яўген і ўслухаўся. У пакоі тупалі крокі, гэта часам хадзіў туды-сюды бацька. А ўвогуле скрозь было ціха. — Не, не магу. Даруй, алене магу.
Ён устаў з зэдліка, пастыргікаў у хату, хутка вярнуўся з партабакам і запалкамі.
— Закурыш? Не? Ах, ты ж і тады не курыў. Не навучыўся… Знаеш, не магу я цябе перахаваць. Калі што — падумаеш, выдаў. Зноў жа, у мяне бацька, сястра. Я ж і пра іх мушу думаць. Так што ты ўжо дзе-небудзь у іншым месцы. У якога акцівіста. Я, знаеш, ужо не акцівіст.
— Не акцівіст, — раздумна зазначыў Азевіч.
— Хлеба, ну там харчоў — гэта калі ласка. Гэта цяпер у нас ёсць. Еш і з сабой дам. А перахаваць — прабач.
Ён прыкметна спахмурнеў ад тае Азевічавай просьбы, апанурыўся ў душы і Азевіч. I што яму было рабіць цяпер — хоць каб пераначаваць да ранку? Але ўранку як пойдзеш па вёсцы? Убачаць, пазнаюць. Ды і не дасць ён тут пераседзець да ранку.
— Ну, што ж, дзякуй за вячэру.
— А ты, калі не сакрэт, куды пуць дзержыш? У якую старану?
— Не, гэта ўжо сакрэт, — сказаў Азевіч. У яго ўжо прапала ахвота размаўляць з ім — новы клопат агартаў яго. Сапраўды, куды было падацца далей? — Ну, што ж, тады жадаю ўдачы, — з непрыхаванай іроніяй кінуў Азевіч і ўскочыў на ногі. Трэба было ісці, пакуль яшчэ было можна. А то ці мала што можа надумаць гэты Вайцяшонак. Той таксама падняўся з зэдліка, скасабочыўся ля стала на карацейшай назе.
— Ат, якая там удача! Абы галаву зберагчы!
— Ну беражы!
Больш не сказаўшы нічога, Азевіч выйшаў з хаты на Вайцяшонкаў падворак. Ноч ужо добра ўсталявалася над вёскай, хляўкі побач зусім патанулі ў цемрыве, толькі трохі шарэла неба ўгары, закрапанае голым суччам высокіх дрэў. Куды ісці далей, ён не надумаў, але, можа, інстынктыўна завярнуў у глыб падворка, пералез цераз плот, уваліўся ў нейкую яміну з хворастам ці сухім быльнёгам. Калі выбраўся з яе, адчуў, што на правым боце зусім адстала падэшва. Яна і да таго была адарваная, але трохі з наска, а тут адвалілася ледзь не да абцаса і цяпер недарэчна чаплялася за дол. «Каб цябе…» — вылаяўся Азевіч, узіраючыся ў цемрыва, каб знайсці якую праломіну ў плоце — трэба было яшчэ вылезці і з агарода. Праломіны ён не знайшоў, але, наткнуўшыся каленямі на калючы дрот, перажыркнуў яго і апынуўся на травяністай роўнядзі, зразумеўшы, што гэта сенажаць. Ступаць тут было зручней, каб не тая падэшва, і ён узяў накірунак у поле — прэч ад вёскі.
Добра адышоўшыся ад яе, азірнуўся і ўжо нічога не ўбачыў у змроку — вакол ляжала ветранае начное поле, рэдка, бы соллю, прысыпанае ў доле снегавой крупой. Пасля сенажаці пад нагамі зашэрхаў іржэўнік, разы два яму трапіліся голыя палявыя дрэвы — мабыць, ігрушыны. Некалькі разоў ён натыкаўся на невысокія, ледзьве прыкметныя ў доле валікі барозны — то былі новыя аднаасобніцкія межы, пасля падзелу зямлі. Значыцца, падзялілі ўжо пасля колькіх гадоў абагульненага землекарыстання. I ён успомніў, якой калатнечы каштавала калісьці ліквідацыя тых межаў, з якой неахвотай даводзілася іх заворваць. У Судніках, памятае, сусед забіў суседа, які раней уступіў у калгас і пераараў іх агульную мяжу. А тут глядзі, як хутка размежаваліся. За гады так і не прызвычаіліся, каб разам, на агульным. Яно, можа б, і прызвычаіліся б, каб гэта было добра, каб той калгас даваў хоць бы хлеб для пражытку, а то… Адна нэндза і галадуха да самай вайны. Толькі і ратавалі, што агароды, тыя сорак сотак, з якіх кармілі дзяцей, старых ды яшчэ і здавалі дзяржаве. Выконвалі пяцігодкі. Мацавалі абарону. Не дужа, аднак, умацавалі.
Неўпрыцям ён ужо стаў спакайнець, адыходзіць ад крыўды на Вайцяшонка. Можа, і сапраўды той меў рацыю. Невядома, як бы на яго месцы зрабіў Азевіч, але на сваім іншага шляху ён выбраць не мог. Прыстаць да немцаў яму было неяк. Па-першае, не прымуць, усё ж райкомаўскі служачы, бальшавік, па-другое, пабываў ужо ў лесе. У атрадзе Віткоўскага. Пра ўсё тое, напэўна ж, яны ведаюць — перабежчыкі праінфармавалі. Цяпер не дай Бог яму трапіць да паліцаяў ці да немцаў — літасці не будзе. I ў каторы раз ён пачаў думаць, што найлепш было б перабрацца да сваіх, трапіць на фронт.
Толькі дзе той фронт? Як дайсці да яго? Глядзі, ляжа зіма, нападае снег, а ў яго, як на тую бяду, адарвалася падэшва, якая так замінала хадзе, што аж забалела нага. Увесь час трэба было яе ставіць бокам, падымаючы вышай. Ад таго важка боўтаў па сцягне наган у кішэні шыняля, і ён пераклаў зброю за пазуху, так стала зручней. З поля ён неўпрыцям прыбіўся ў змроку да ўзлеску і спыніўся. То быў невысокі хмызняковы лес, ён суцэльнай цёмнай сцяной нібы перагарадзіў яму шлях, і Азевіч спыніўся, памеркаваў, у які бок лепей падацца. Лезці ў змрочны лес ён не хацеў. Тады, можа, першы раз на ветры яго скаланула дрыжака — ды так моцна, што ён падумаў — халера, каб не захварэць. Ды і адчуў, што замарыўся, дыханне стала нейкае бы гарачае, з горла падступала гаркота, дужа карцела спыніцца, перадыхнуць. Але ўсё ж на хадзе было сугрэўней, і ён пайшоў уздоўж лесу. Пад нагамі шорхаў сухі быльнёг, кустоўе ён абмінаў зводдаль, каб не налезці на якое сучча, не зачапіцца. Усё ж зачапіўся за штосьці ў доле і ўпаў. Не дужа пабіўся, але і не паспяшаўся ўставаць, пераваліўся на бок у мёрзлай траве, хвіліну счакаў. Потым памалу, з натугай узняўся на ногі, зноў пабрыў па полі.
…Тады Азевіч не думаў, надоўга ці не, але застаўся і пачаў новае жыццё ў Ісакавай стадоле. Першую ноч пераначаваў добра, хоць і скалеў, як чорт, а наступныя дзве ночы быў у паездках па раёне — адну ноч пераначаваў з Зарубам у Кляшчоўцы, а другую зноў у Кандыбічах. Заехаць дамоў усё не выпадала, дык на тыдні да яго завітаў бацька. Прыехаў у выканкомаўскі двор, і яны там сустрэліся на стайні. Бацька быў нейкі заклапочаны, устрывожаны, мусіць, не падабаўся яму той ранні вылет у людзі ягонага сына. Ён гаварыў усё, распытваў, як і што тут, у мястэчку, а сам не мог сагнаць з вусатага твару клопат і ўсё трудна ўздыхаў, вохкаў. Ягор супакойваў яго як мог, ды і чаго было дужа трывожыцца?
Усё ж ён сярод добрых людзей, між начальства, пры важнай справе, можа, не прападзе. А праца? Не горшая, чым на гаспадарцы, кішкі рваць не трэба, не ў лесе на дзялянцы. Галоўнае, глядзець каня, даглядаць у час. Але тое Ягор умеў, тое рупіў з дзяцінства. Бацька перадаў што-нішто з харчоў — сала, пару кілбас, матка прыслала змену чыстай бялізны, запрашалі прыехаць калі, папарыцца ў лазні. Але Ягору было не да лазні — вольнага часу выдаралася дужа мала, ды і той займала вучоба. Тры разы на тыдзень камсамольцы збіралі гурток ленінізму, вывучалі ленінскія працы, тады якраз чыталі «Крок наперад, два крокі назад».
Не сказаць каб Ягору было цікава тое слухаць, але было сорамна не адказаць на пытанне, асабліва як пыталася Паліна. Тая была намеснікам камсамольскага сакратара ды іншым разам кіравала заняткамі. Мабыць, яна была старэйшая за Ягора, хоць і не нашмат, але выглядала зусім маладой дзяўчынай з нейкім востранькім, праніклівым позіркам, які не то дражніў, не то ўвесь час нешта выпрабоўваў у субяседніку. I часта ўсміхалася. Ягор тайком любаваўся ёю, асабліва як яна выступала ці расказвала пра ленінскія запаветы. Працавала яна ў жаночым аддзеле і была намесніцай загадчыцы, старой бальшавічкі Іды Шацман.
Сярод раённага начальства Ягор мала каго ведаў; у райкоме, што размяшчаўся за царквой, дык ні разу і не быў. Яму хапала выканкома ды начальніка. Зарубы, якога ён пільнаваўся болей за ўсіх, і, чым далей рабіў з ім, тым той усё болей яму падабаўся. Заруба быў шчыры працаўнік, большасць дзён матляўся ў паездках па раёне, усё на людзях, на сходах. I пра возчыка свайго клапаціўся, як бацька. Калі дзе частавалі старшыню РВК, дык ён клікаў і возчыка, калі начавалі, дык прасіў уладкаваць і Ягора. Быў негаваркі ў дарозе, часам пытаўся пра што, пра Ягораву гаспадарку ў вёсцы, і тады Ягор скупа апавядаў яму. Той не перапыняючы слухаў, уздыхаў, але, адчувалася, думаў сваё. Мабыць, было пра што думаць старшыні выканкома. Асабліва ў такі час, калі разгортвалася калектывізацыя.
Якраз недзе ў пачатку вялікага посту яны меліся ехаць у Вязнікі — самы дальні сельскі савет за пушчай. Заруба сказаў звечара, што выедуць у восем раніцы. А палове восьмай Ягор ужо запрог вазок і стаяў з канём, чакаючы старшыню выканкома. Але Заруба не паяўляўся. Мінаў час, і Ягор зайшоў у прыёмную, даведацца, калі паедуць. У прыёмнай была сакратарка Рыма і яшчэ тры ці чатыры чалавекі. З кабінета Зарубы чуўся нейчы строгі трывожны голас, але не Зарубы, кагосьці невядомага. Пасля яшчэ нехта гаманіў, нехта быццам спрачаўся. Хто там быў, Ягор не ведаў, але сакратарка і мужчыны ў прыёмнай моўчкі напружана слухалі, хоць зразумець сэнс той спрэчкі было нельга. Ягор ужо хацеў ісці да свайго Белалобіка, як шырока расчыніліся дзверы, з якіх выскачыў невялічкі, нават мізэрны, чалавек у шынялі, на хаду насунуў на голеную галаву суконную будзёнаўку і, перш чым выйсці ў сенцы, спыніўся перад Ягорам. «Ты хто?» — «Азевіч», — сказаў Ягор. «Які Азевіч?» — «Ну, возчык». — «Чый возчык? Старшыні?» — «Ага, старшыні», — сумеўся Ягор пад нейкім прыдзірліва-злым позіркам гэтага вайскоўца, які тут жа і выскачыў з прыёмнай. Ягор таксама хацеў выйсці, але тут з кабінета вываліліся некалькі чалавек і за імі паказаўся Заруба. Ён быў збялелы тварам, з насупленымі бровамі, нешта буркнуў сакратарцы і, убачыўшы Ягора, кінуў: «Распрагай, не паедзем». Ягор цепнуў плячмі і пайшоў распрагаць. Паставіў у стойла каня і, каб дазнацца, што будзе далей, — зайшоў у прыёмную. Там сядзела ўжо адна толькі сакратарка, яна, відаць было, толькі што плакала, і як Ягор трохі спалохана зірнуў на яе, сказала: «Сакратара, таварыша Голубава, арыштавалі. І ветурача Бутэвіча. І Слямзікава з ільнозавода». — «За што?» — вырвалася ў Ягора. «За што? — падняла счырванелыя вочы Рыма. — Не ведаеш, за што? Бо ворагі народа».
Ягор маўчаў — нікога з арыштаваных ён не ведаў Але калі ворагі народа, дык што ж? Тады нават добра, што арыштавалі. Тых ужо арыштоўвалі не першых, увосень узялі аж шэсць чалавек, пра тое пісала раённая газета, ды і мінскія газеты пісалі, як выкрывалі ворагаў народа нават ва ўрадзе рэспублікі. А перад тым раскулачвалі. Нават у іхняй вёсцы дзве сям’і раскулачылі і выслалі кудысьці на Поўнач, Ягор нават памагаў адвозіць Цыпручонкаў на станцыю. Ішла класавая барацьба, і класавы вораг супраціўляўся, Ягор тое ўжо ведаў.
Рэшту таго дня Ягор поркаўся на стайні, прыбраў стойла, адгроб кучу гною ад вербаў, добра вычысціў свайго белалобага стаенніка. Як стала цямнець, хацеў падацца ў сваю стадолу — вечар выдаўся вольны, камсамольскай вучобы не было. Ён развешваў на сцяне збрую і пачуў, што ззаду нехта ўвайшоў. Як ён азірнуўся, той павітаўся, зыркнуў туды-сюды хуткім позіркам. «Што, адзін тут?» — «Адзін», — сказаў Ягор, здзіўлена пазіраючы на маладога чалавека ў жоўтым кажушку і шапцы-кубанцы. «Нікуды не едзеш?» — «Не. А што?» — «Тады праз гадзіну прыйдзі» — «Куды?» — «У райаддзел ГПУ. Да таварыша Мілавана». Ягор хацеў запытацца, дзе тое ГПУ, але не паспеў, як малады чалавек знік у варотах, а Ягор павесіў хамут і спыніўся. Чым займаецца ГПУ, ён ужо ведаў, і цяпер нават затрывожыўся: якая ў таго справа да возчыка выканкома? Ці не натварыў што? Ды, здаецца, нідзе нічога. Інакш бы таварыш Заруба сказаў. Можа, дзе якія размовы былі не дужа добрыя? Дык, здаецца, нідзе ні з кім не гаварыў пра што падазронае.
Надта занепакоены, ён, аднак, выйшаў праз гадзіну ці меней з выканкомаўскага падворка і пайшоў да царквы. Дзе было тое ГПУ, не ведаў, трэба было запытацца, але на вуліцы насустрач ніхто не паказваўся. I ён прамінуў царкву, пратупаў праз райком партыі, у якім сёння арыштавалі першага сакратара. Ва ўсіх вокнах райкома гарэла святло, чуліся галасы, і, як ля ганка паявіўся нейкі чалавек у падпяразаным паліто, Ягор запытаўся, дзе ГПУ. Той спярша стаў, неяк спалохана паўзіраўся ў Ягора, а пасля паказаў на царкву. «Во там, за саборам, у папоўскім доме. З сінімі аканіцамі». I праўда, за царквой пад разложыстым клёнам прытуліўся невялічкі, але ладны дамок з нізенькім ганкам, вокны яго таксама свіціліся, але не надта, бо былі занавешаны знутры. Ягор узышоў на ганак, памацаў клямку, пастукаў. Раз, а затым другі. Яму адчыніў нехта нябачны ў цемры І, не пытаючыся нічога, павёў у наступны пакой. За сталом, пакрытым новым кумачовым абрусам, сядзеў той самы чалавек з паголенай галавой, які яго дапытваў у выканкоме. Тут было, мусіць, холадна, бо на плячах яго быў накінуты шынелак з шырокімі сінімі пятліцамі на каўняры. Той не спяшаўся з размовай, спярша ўважліва агледзеў Ягора, што ніякавата стаяў напалову ў ценю ад абажура вялікае дванаццацілінейнае лямпы, што вісела пад столлю. Затым гаспадар пакоя папытаўся, адкуль ён родам, якая гаспадарка дома, ці даўно возіць старшыню выканкома. Ягор скупа адказваў, адчуваючы, аднак, што, мусіць жа, не затым яго паклікалі сюды, каб дазнацца, колькі часу ён возіць Зарубу. Аказваецца, ён памыляўся. Мілаван трохі памаўчаў, перасмыкнуў худым, у абвялых зморшчынах тварам, паправіў на плячах шынелак. «Куды часцей за ўсё ездзіць Заруба?» — запытаўся ён і ўважліва ўставіўся ў Ягора. Той ніякавата пераступіў на падлозе, адчуўшы, што, здаецца, аднак, пачынаецца самая размова. Мусіць, яго цікавіў менавіта Заруба. Але нашто ён пытаецца ў яго, возчыка, чаму не папытае ў самога Зарубы? Думаючы, як адказаць, Ягор заклапочана пазіраў на канец стала, дзе ляжала мілаванаўская будзёнаўка, зграбная штуковіна з вострай шышачкай наверсе і сіняю зоркай спераду. На той сіняй зорцы блішчэла і яшчэ адна, чырвоная металічная зорачка. Спрытная была будзёнаўка, не тое што ягоная шапка-кучомка, якую ён няўцямна перабіраў у руках. Мілаван, аднак, не заўважаў таго і задаваў новыя пытанні. Наступнае з іх было, ці часта старшыня выканкома наведвае вёску Кандыбічы. Ягор адказваў няпэўна, ён ужо адчуваў, што не павінен нешта выдаваць з жыцця ягонага старшыні, але і як было зусім не выдаць? I ён болей мычэў нешта няпэўнае, аж покуль тое не абурыла гэтага гэпэушніка. «Ты мне не круці, а адказвай прама! Колькі разоў быў з Зарубам у Кандыбічах?» — «Дык не лічыў. Можа, раз ці два». — «Брэшаш, не два. Лепей падумай, успомні!» — «Не памятаю я». — «Што, слабая памяць? Камсамолец, здаецца?» — «Так, камсамолец», — сказаў Ягор і ўпершыню зірнуў Мілавану ў вочы. «Калі камсамолец, дык абавязаны шчыра супрацоўнічаць з органамі! — зласнавата абвясціў гаспадар пакоя. — За ўхіленне, ведаеш, што бывае?»
Дужа ўсё тое не падабалася Ягору галоўным чынам таму, што гэты чалавек таемна дапытваў яго пра Зарубу. Надта не хацеў выканкомаўскі возчык расказваць пра свайго начальніка, штосьці ў ім заўпарцілася ўнутры, і ўжо з’явілася таемная варожасць да гэтага брытагаловага здыхляка. Стоячы ля стала, ён ужо падумаў, як заўтра раскажа Зарубу, што пад яго робіцца гэты паскудны падкоп. Але Мілаван нібыта здагадаўся пра намеры возчыка і, яшчэ з паўгадзіны памэнчыўшы Ягора, урэшце са строгасцю папярэдзіў: «Пра нашу размову — нікому! Паняў? Ніводнай душы. Паняў?» Хвіліну ён выпрабавальна паўзіраўся ў збянтэжаны твар Ягора, а пасля, перахапіўшы ягоны позірк, спытаўся трохі павальнелым голасам: «Што, падабаецца будзёнаўка? Тота! Не ўсім даецца, трэба заслужыць. А цяпер ідзі. Будзе трэба — паклічу».
З вялікай палёгкай Ягор пратупаў цераз сенцы і выйшаў з папоўскай дамоўкі. Адчуваў ён сябе на дзіва змораным, нават нібыта абражаным чымсьці. У будынку райкома свіціліся ўсяго два акны, а ў выканкоме толькі адно, у прыёмнай, — мусіць, прыбіральшчыца Лукерка заканчвала сваю справу. Зарубы там ужо не было. А калі б і быў — раптам падумаў Ягор. Усё роўна цяпер ён не меў права нічога нікому сказаць. Ён ужо адчуваў, што з гэтым гэпэушнікам Мілаванам трэба паводзіць сябе дужа ашчадна, не дай Бог парушыць ягоную забарону. Зноў жа, а што ён скажа там другі раз, калі зноў паклічуць, як абяцаў? «Во прычапіўся, каб цябе паралюш!» — з непрыяззю падумаў Ягор, ідучы ў Ісакаву стадолу. Не хапала яму гэтага клопату…
Клопат, аднак, толькі пачынаўся.
Можа, дні праз два ці тры пасля тае гутаркі з Мілаванам Ягор адвозіў Зарубу на станцыю, каб таму ехаць далей — у Менск на нараду. У вазок сеў яшчэ нейкі невядомы чалавек у новым бобрыкавым палітоне, мабыць, хтось з прыезджых упаўнаважаных — ён таксама меўся ехаць на Менск. Дарога была няблізкая, але ўжо добра ўезджаная санямі, завеі даўно скончыліся, таксама як і адлігі. Нідзе ні заносаў, ні гурбаў, Белалобік за два дні добра адпачыў і рахмана бег трушком між неглыбокіх каляін, абдаючы фурмана снегавой пацярухай. Ззаду сядзелі начальнікі, ціха перагаворваліся між сабой. Ягор уважліва слухаў. Спярша гаварылі пра нейкую пастанову ЦВК, якая значна ўмацоўвала партыйную лінію, пасля гаворка пайшла ўсё пра тое ж — марудныя тэмпы калектывізацыі, затым пра нейкага Барабашова, якога, як зразумеў Ягор, нядаўна выкрыла ГПУ. Незнаемы выказваўся ў тым сэнсе, што Барабашоў даўні замаскіраваны вораг, а Заруба сказаў, што яго падсядзелі зайздроснікі, што зусім ён не вораг. Ягор не меў наконт таго ніякага меркавання, бо зусім не ведаў таго Барабашова. На станцыі ён падвёз седакоў да будынка вакзальчыка і ўлегцы паехаў сабе дамоў. Час яшчэ быў не позні, думаў, прыедзе і, можа, яшчэ забяжыць у Ісакаву стадолу — падчытаць у канспекце. Вечарам меліся быць заняткі, і Паліна магла яго выклікаць. Перад Палінай ён дужа саромеўся выявіць сваё няведанне. Але не паспеў ён на стайні ўпарадкаваць каня, як згледзеў ля рога выканкома ўсё таго ж белабрысага Мілаванавага памочніка, які кінуў яму галавой у бок царквы, што значыла: начальнік кліча.
На гэты раз Ягор ішоў раздражнёны, амаль злосны — чаго прычапіўся? Што ён — падрадзіўся яму за шпіёна? Хай сам пра што трэба і дазнаецца, Ягор за старшынёй выканкома шпіёніць не будзе. Але ягоны злосны імпэт адразу астыў, як ён пераступіў парог папоўскай дамоўкі. Мілаван быў трохі болей лагодны, чым першы раз, і цікавіла яго, пра што гаварылі ў дарозе Заруба з седаком у бобрыкавым палітоне. Прозвішча таго было Каламіец, як цяпер дазнаўся Ягор. Ягор пачаў бажыцца, што нічога не чуў, сядзеў спераду і вецер забіваў іхнія словы, здаецца, нічога такога яны і не гаварылі. Болей пра тое, што хутка вясна, а пасяўная кампанія вымагае клопату. Зноў жа насенне… «Ах, насенне! — зазлаваў Мілаван. — А пра Барабашова не гаварылі? Што пра яго казаў Заруба?» — «Ды не, я не чуў… Каб чуў, што б я не сказаў», — шчыра здзівіўся Ягор, і Мілаван доўга маўчаў, з’ядаючы яго злым позіркам. Дый на гэты раз Ягор, не міргнуўшы, вытрымаў той позірк. Сяму-таму ён ужо патроху вучыўся.
Мабыць, Ягор зноў не спраўдзіў надзей Мілавана, выйграў сваю маўчанку, хоць настрой быў сапсаваны дашчэнту. У Ісакаву дамоўку ён ужо не пайшоў, ленінскага канспекта не пачытаў ні разу, а на занятках, куды ён ледзьве паспеў, Паліна яго выклікала першым. Быў вялікі канфуз, Ягор спрабаваў адказаць, але заблытаўся, Паліна задала просценькае пытанне наконт парадку дня з’езда пераможцаў, якое яго заблытала канчаткова. Спатнелы і няўклюдны, ён бездапаможна стаяў перад гэтай маладой адукаванай жанчынай і чырванеў. Штосьці зласнаватае мільганула ў яе жвавых вачах, але затым яна неяк міла ўсміхнулася і сказала: «Ну нічога, Азевіч, у чацвер адкажаш. Надвучыўшы…» I ўжо зусім па-сяброўску заўсміхалася яму, ласкава і лагодна, ад чаго стала куды лягчэй на душы. Усё ж ён быў ёй удзячны, слаўная яна была жанчынка. Прыгожая і разумная. Дужа прывабная. Ведама, яна падабалася бадай ці не ўсім хлопцам, але ці мала тут было куды спрытнейшых за Азевіча — бойкіх і разумных. Вунь хоць бы Байдура, рослы чарнявы гаварун, можа, байчэйшы за ўсіх, які, калі паяўлялася Паліна, не адліпаў ад яе. Ды і не дзіва — той рабіў на льнозаводзе, у рабочым асяродку, не тое што Ягор, конюх па сутнасці. Хоць і ў райвыканкоме. Азевіч ужо пазнаў розніцу паміж сялянамі і рабочымі, носьбітамі пралетарскай свядомасці. Гэтыя апошнія былі куды вышэй коштам, іх хвалілі, вылучалі ў авангард, пра іх колькі вунь пісаў Ленін. Зноў жа — дыктатура пралетарыяту. А што сялянства? Дробнаўласніцкая ідэалогія…
Заруба пабыў у Менску нямнога — дні два. Ягор з’ездзіў на станцыю да цягніка і прывёз яго ў мястэчка. Старшыня выканкома, як заўжды, амаль не размаўляў у дарозе, толькі запытаў цяпер: «Ну што там у нас?» — «Ды так, навінаў няма», — адказаў Ягор. Заруба, памаўчаўшы, дужа трудна ўздыхнуў і мовіў: «Навіны будуць, Азевіч. Кепскія, браце, навіны». Тыя словы затрывожылі возчыка, ён чакаў, што Заруба нешта патлумачыць, ды той нічога больш не сказаў, і Ягор зважліва не пытаўся. Калі сам не кажа, дык, мусіць, нягожа пытацца. Усё яму карцела сказаць старшыні пра свае выклікі ў папоўскі дамок, ды Ягор ніяк не мог асіліць сябе — было няёмка і страхавіта. А раптам Заруба зазлуе? Ці не паверыць? Ці скажа пра тое Мілавану? I ён усё маўчаў. Трудна пра штось думаючы, усю дарогу маўчаў Заруба.
На другі дзень яны павінны былі ехаць у Забалаць, ды якраз на местачковай вуліцы Ягор убачыў, што закульгаў конь. Ён спыніўся каля мастка цераз рачулку, злез з вазка. Аказалася, раскаваўся, на левай пярэдняй зламалася падкова. Ягор спрабаваў зусім ададраць яе, ды не хапіла сілы. Было ўжо позна, каб ехаць у кузню, вырашыў тое зрабіць заўтра, зранку, каб затым паехаць у Забалаць. Старшыня да неспадзяванкі аднёсся амаль абыякава. «Затым дык затым», — толькі і сказаў ён, пачуўшы Ягорава меркаванне. Назаўтра ранічкай з Белалобікам на павадзе Ягор тупаў местачковай вуліцай да рэчкі, дзе была кузня. Менавіта тады яму нечакана сустрэлася Паліна — некуды бегла ў сваім сінім пальтэчку з пацёртым партфелікам у руках. Пабачыўшы яго з канём, весела заўсміхалася, ён павітаўся, яна ўсё азірала то яго, то каня, і Ягор вытлумачыў: «Во ў кузню вяду. Падкова паламалася, дык перакаваць трэба». Тады яна павярнулася да яго і неяк не ў лад зазначыла: «Ну і шапка ў цябе, Азевіч!» — «А што?» — не зразумеў Ягор, сашморгнуўшы з галавы сваю аблавушку. «Бы ў падкулачніка!» — усмешыста, аднак, кінула Паліна і пабегла сабе па вуліцы. А ён, дарэшты ўражаны тым, мала што навакол заўважаючы, патупаў з канём уніз да рэчкі. Шапка? Ужо якая ёсць, іншай дзе возьмеш. У краме шапкі не прадаюцца, пашыць няма з чаго. Гэтая, праўда, нехуцавая з выгляду, пакамячаная, але цёплая, з аўчыны. Шыў яшчэ дзед, насіў колькі год бацька, і ён яе носіць трэці год. Зносу на яе няма. Добрая шапка.
Так сябе суцяшаў Ягор, але неяк няўзнак тая яго звыклая аблавушка пакрысе рабілася яму апрыклай. I ён ужо думаў: хутчэй бы лета, цяпло, дома ў яго вісела на цвіку неблагая кепка з увогуле цэлым, трохі толькі пагнутым казырком; ён надзене кепку і будзе, як усе хлопцы ў мястэчку. І Паліна тады яго не папракне за шапку.
Ды цяпло не наступала, наадварот, пад вясну сталі даймаць маразы. Аднойчы пад ранак ноччу Ягор аж прачнуўся ў сваей сцюдзёнай стадоле, пачуўшы, як страляе мароз па вуглах — нібы са стрэльбы — бух ды бух. А тут якраз трэба было ехаць па раёне, Заруба сказаў: дні на тры. Ехаў старшыня выканкома не адзін, а з цэлай брыгадай упаўнаважаных — на трох вазках. Ягор ранічкай прыбег да стайні, каб у час падрыхтавацца, але там ужо быў стары Волкаў, ужо ахаджваў свайго стаенніка. Ён жа і сказаў Ягору, што паедуць Фірштэйн з райкома, Бугаенчанка і Саладуха з выканкома. I яшчэ Пташкіна з жанаддзела. Як ён назваў Пташкіну, сэрца ў грудзях у Ягора ажно здрыганулася ад незразумелай радасці, але затым і заныла — з кім яна едзе? Ну, але ці не ўсё роўна з кім, ведама, не з Зарубам жа. З Зарубам, калі на тое пайшло, сядзе Фірштэйн — начальнік з начальнікам. Пасля таго як пасадзілі першага сакратара, Фірштэйн як бы заступіў на яго месца, хоць яго яшчэ і не выбралі.
На выканкомаўскім падворку яны пачалі запрагаць свае санкі-вазкі. У Ягора быў, мабыць, самы лепшы, лёгкі, пафарбаваны ў сіні колер вазок, які дужа падабаўся возчыку, і той ужо прыкідваў, як бы ў ім сядзела Паліна. Побач з Зарубам. Але наўрад ці сядзе. З гэткімі думкамі Ягор толькі завёў у аглоблі каня, як нехта ззаду схапіў з галавы яго шапку і на самыя вочы насунуў штосьці сцюдзёнае. Ягор спалохана крутануўся на нагах — ззаду, смеючыся, з ягонай кучомкай у руках стаяла Паліна. «Во, будзеш прыгажун! Гэта табе ад жанаддзела», — смеючыся, казала яна, схаваўшы ззаду свае рукі з кучомкай — каб не адабраў. Ягор няўцямна пазіраў на яе, пасля на тое, што трымаў у руцэ — то была самая сапраўдная, трохі паношаная будзёнаўка. Ладна пашытая, суконная, з зашпіленымі навушнікамі і нават разлапістай чорнаю зоркай, нашытай на лбе. Але чаму гэта яму і завошта? «Надзявай, надзявай, няма чаго разглядваць! Хай дзеўкі разглядваюцца».
Але ён усё разглядваў, не адчуваючы марозу, — і маленькія гузічкі з зорачкамі і востры ладны пупок наверсе. I гэта — ад Паліны. Дарма кажа, што ад жанаддзела, — якія ў яго адносіны да жанаддзела, дзе ён нікога не ведаў? Ён проста быў надта ўзрушаны і здзіўлены, каб нешта пытацца ці нават падзякаваць. Але трэба было запрагаць каня, і ён аберуч ашчадна надзеў на галаву будзёнаўку, — аж горача стала ад няёмкасці. Тая аказалася трохі цеснаватая на галаве, але нічога. Прыносіцца Цяпер ён сапраўды, мусіць, падобны на чырвонаармейца ці якога начальніка, цяпер ён не проста возчык, выканкомаўскі фурман. Зачаткі ганарлівага пачуцця варухнуліся ў ім і прапалі. Паліна ж не вельмі любавалася ім — крутанулася і пабегла ў выканком, а ён тады азірнуўся. Побач заварочваў свой вазок Волкаў. «Падаруначак атрымаў? — неяк з намёкам прагудзеў стары фурман. — Ну, ну…»
Яны трохі пастаялі на выездзе з падворка, чакалі. Мусіць, усе паязджане ўжо сабраліся, ды нешта не спяшаліся на мароз з выканкома, з паўгадзіны раіліся там у кабінеце старшыні. А як там скончылася іх нарада, першай выбегла на ганак Паліна і, нікога не пытаючыся, ускочыла ў вазок да Ягора. «Во са старшынёй паеду», — толькі кінула яму і схавала тварык у настаўленым каўняры палітончыка. У Ягора скаланулася сэрца — ад цьмянай радасці абяцання чагосьці невядомага. Але ён тут жа і засмуткаваў — усё ж легкавата яна была апранута для паездкі, хоць бы не прастудзілася. Ды ён, бы змярцвелы, стаяў побач з лейцамі ў руках, пазіраючы, як выходзілі з выканкома начальнікі, рассаджваліся па фурманках. Заруба трохі затрымаўся з Фірштэйнам, той патупаў, патупаў каля сіняга вазка, мусіць, хацеў уладкавацца з Зарубам, ды пайшоў да другога. Заруба цяжка ўмасціўся побач з Палінай.
Выехалі ўсе разам, але за Выганкамі раз’язджаліся ў двух кірунках. Заруба з Палінай кіравалі ў лясны бок раёна, а два іншыя вазкі паварочвалі на Аб’ездзе. Паліна ў дарозе амаль не размаўляла, як заўжды, маўчаў і Заруба. Ягор, дужа няёмка адчуваючы сябе перад імі ў неспадзяванай будзёнаўцы, таксама маўчаў. Ён думаў, Заруба папытае, дзе ён узяў такую шыкоўную шапку, ды той быццам і не заўважыў яе. Затое заўважалі сустрэчныя. Трое саней з дзядзькамі і кабетамі спаткаліся ім на шляху, і, як згледзеў Ягор, усе кіравалі свае позіркі найперш на яго, возчыка ў будзёнаўцы. Пасля ўжо на Паліну і Зарубу. Гонару ў Ягору ад таго прыбаўлялася, і ён рашуча кіраваў канём, размінаючыся на вузкай дарозе.
Першы сход праводзілі ў Аб’ездзе ў школе. Якраз была нядзеля, дзяцей не вучылі, сабралася нямала народу — ці не з усяго сельсавета. Ягор валэндаўся з канём, на сход толькі заскочыў. Зірнуў адным вокам цераз людскія галовы — на сцэне за чырвоным сталом пад кумачовымі лозунгамі сядзелі з паўтузіна мужчын і сярод іх — Паліна, маленькая, счырванелая з твару ад нядаўняй сцюдзёнай дарогі і прывабная. Выступаў Заруба. Гаварыў якраз пра класавую барацьбу на вёсцы, пра супраціўленне кулака, якога трэба было сцерці бязлітаснай рукой пралетарскай дыктатуры. У гэтай справе Заруба быў бязлітасны. Ягор ужо ведаў, што той паходзіў з віцебскіх рабочых і бацька яго быў рабочы. А тут скрозь сяляне — беднякі і сераднякі… Добра яму, быўшы рабочым, заклікаць да калгаснага ладу. Не разумеюць яго сяляне. Чаму — Ягор не мог зразумець таго. Колькі іх ні заклікалі да будаўніцтва лепшага, заможнага калгаснага жыцця — не ішлі да яго, упарціліся, калгасы арганізоўвалі з вялікаю неахвотай, пад націскам партыйцаў. Нават і ў ягонай Ліпаўцы ўсё не маглі сарганізаваць калгас, і Ягору ад таго было нават ніякавата перад старшынёй выканкома за сваіх землякоў. Мусіць, трэба б неяк з’ездзіць туды, даўно не быў. Але ўсё не выпадала. Дарогі кіравалі ў іншы бок — раён быў вялікі, раскіданы ледзь не на паўсотню вёрст ад мястэчка.
У другой палове дня правялі і яшчэ адзін невялікі сходзік у прыдарожнай вёсцы, дзе адразу запісалася ў калгас якраз палавіна насельнікаў. Але Заруба казаў, што тое — ненадзейна. Яны ўжо не першы раз запісваюцца, а як начальства паедзе, тыя спісы дзесь прападаюць. Крадзе нехта. I зноў збіраюць сход і зноў агітуюць нанова.
Вечаровы сход было вырашана правесці ў вялікай залеснай вёсцы Трыкунах, каб там жа і заначаваць. Тут не было школы, мужыкоў сабралі ў нечай вялікай хаце, пасастаўлялі лаўкі. У застоллі было чацвёра: Заруба з Палінай і двое мясцовых — старшыня сельсавета і, мусіць, настаўнік — малады хлапец з нейкім нядобрым, худым, бы сухотным, тварам. Ён выступаў другім, пасля старшыні сельсавета, і такога нагнаў на сялян страху, што тыя прыціхлі, бы ў царкве, ніхто і не кашлянуў; А той палохаў ГПУ, пасля Сібір’ю, пасля пралетарскай дыктатурай. Ягор стаяў у парозе, не знімаючы сваёй будзёнаўкі, на яго некаторыя азіраліся, асабліва дзеўкі, але ён трымаў сябе незалежна і адно таемна любаваўся Палінай. Тая была ўсё ў сваім палітончыку, толькі ссунула хустку з беленькіх, высока падстрыжаных валасоў і, вядома, была тут прыгажэйшая за ўсіх дзевак. Часам яна пазірала ў парог і тады неўпрыкмет аднымі вачмі ўсміхалася яму. Ягор быў шчаслівы, толькі ў глыбіні душы штосьці трывожна ныла, быццам балела нават. I ён здагадваўся, чаму балела, як толькі ўяўляў перад сабой наіўную далікатную Настачку. Але хіба можна было параўнаць Настачку з Палінай? Варта было паслухаць, як гэтая выступае перад сялянамі, нават лепш за Зарубу. Той нібы граў на гармоніку — басавіта і патрабавальна, а Паліна — нібы на скрыпачцы — сардэчна, дужа пераканаўча, нават пранізліва, асабліва як звярталася да жанчын і абяцала ім шчаслівую долю. Тады здавалася, Паліна ўжо бачыць тую долю і вось-вось раздасць яе ўсім жанчынам і дзеўкам, што сабраліся ў той хаце. Толькі трэба было ўступіць у калгас, іншай дарогі для савецкіх жанчын няма. Па заканчэнні яе прамовы вясковыя дзеўкі дружна білі ў ладкі. Мужчыны, аднак, сядзелі не крануўшыся. У мужчын быў свой клопат.
Тым не менш калгас у Трыкунах арганізавалі. Праўда, уступілі не ўсе, нават не палавіна, але Заруба сказаў, што важна пачаць. Пачатак жа быў зроблены, і яны позна ўвечары паехалі ў канец вёскі да старшыні сельсавета. Там Ягор уладкаваў каня, паставіў у хлявок, напаіў цёплым пойлам, і як прыйшоў у хату, госці з гаспадаром ужо сядзелі за накрытым сталом, вячэралі. Гаспадар нават дастаў бутэльку «Рускай горкай», Заруба не адмаўляўся, выпіў шклянку, налілі Паліне. Тая бойка аднеквалася, казала, галава будзе балець. Тады гаспадар пераставіў шклянку да Ягора. Той нерашуча з-пад ілба зірнуў на Зарубу, і Заруба стрымана кіўнуў у знак згоды. «Выпі, каб лепш спалося». Ягор выпіў. Як пачаў закусваць, Паліна раптам папрасіла, каб налілі і ёй. Гаспадар з ахвотай наліў поўную шклянку, з якой Паліна трохі адпіла і закашлялася. «Закусвай, закусвай, во гурочкам, капусткай», — падсоўваў ёй гаспадар закусь. «Не гурочкам — салам трэба», — стрымана сказаў Заруба, і Ягор, бліжэй да якога стаяла міска з нарэзанымі кавалкамі сала, падсунуў яе да Паліны. Тая з хітраватай удзячнасцю стрэліла ў яго змоўніцкім позіркам.
Рэшту тае вячэры Ягор сядзеў за сталом добра-такі захмялелы, вельмі хацелася спаць, але ён неяк трымаўся, слухаючы размову. Зрэшты, размаўлялі болей мужчыны, нават болей гаварыў Заруба, хоць і не так, як на сходзе, — разважна, нешматслоўна, але ўпэўнена. Гаспадар слухаў, часам круціў галавой — ад клопату ці нязгоды. Што-нішто хуценька ўстаўляла Паліна. Гаспадыня і яе дачка болей стаялі ля печы ці падавалі-прымалі міскі, у размову не ўмешваліся. На нейкім часе Ягор задрамаў, ці што, і гаспадар сказаў да яго: «Ішоў бы спаць, прытаміўся, мабыць». — «Ідзі, ідзі,— сказала і Паліна. — Чаго мэнчыцца!» I ён устаў з-за стала, пайшоў за гаспадыняй у трысцен.
У трысцене было не так і сцюдзёна (нават цёпла ў параўнанні з яго стадолай), у куце стаяў ложак, засланы стракатай коўдрай з пульхнай, як пагорак, падушкай, і ляжаў кажух.
Ягор трохі распрануўся, зняў боты, Штаны, шкарпэткі і лёг пад кажух. Як лёг, дык, мусіць, і заснуў — адразу і глыбока.
Невядома, колькі ён спаў, але прабудзіўся раптоўна і амаль спалохана — хтось да яго поркаўся, ці што. Ягор, прахапіўшыся, спрабаваў сесці, ды пачуў знаёмы сцішаны голас: «Ну чаго, чаго, ляжы, дурненькі… Напалохаўся? Пасунься крыху…» Ён ледзьве не задыхнуўся ад хвалявання, пасунуўся і ляжаў, змярцвеўшы ад новага невядомага пачуцця, якое раптоўна ахапіла яго. У думкі неспадзявана шыбанула пытанне «Навошта?», але яно тут жа і аслабла без адказу, бадай знікла. Вялікая няёмкасць асталася, ды Паліна, бы не адчуваючы ніякай няёмкасці, ужо ўладкоўвалася пад касматай палой кажуха, гулліва шэпчучы яму ў самае вуха: «Не палохайся, не палохайся, я не мядзведзь, не з’ем цябе, такога вялікага. Хачу пагрэцца каля цябе, а то напаілі і кінулі аднаго ў гэтую лядоўню… Ну, пагрэй мяне…»
«Што яна кажа? Нашто?» — білася ў яго галаве ўсё тое ж пытанне, і ён змярцвелай рукой дужа няспрытна абняў яе за худзенькія плечы і тут жа адчуў на сваей шчацэ яе далікатны, пяшчотны пацалунак. Яна гарнулася да яго і нешта шаптала, а ён не мог суняць трапятанне сэрца і ляжаў, бы палена. Мусіць, трэба было на штось наважыцца — на самае рашучае, ды не хапала адвагі. Паліна і вабіла яго і адбірала волю адначасна. Неяк, аднак, быццам без ягонае волі ўсчалася дыхавічная валтузня. Ягор усё баяўся, што яна закрычыць і вырвецца. Але яна не крычала, яна толькі шаптала штосьці незразумелае і гуллівае. Як урэшце адбылося тое, зусім недарэчнае, мусіць, і ён сціх, стаіўся пад самай сцяной, і яна лягла ля яго трохі вальней, абое трудна аддыхваліся. Пасля яна папыталася: «Не спіш?» — «Не, што ты!» — «Ты такі вялікі і такі…» — «Які?» — «Няўклюдны такі… Бы мядзведзь». — «А ты, знаеш, дужа харошая…» — «Канешне, харошая. А ты думаў… Благая, ці што? Слухай мяне і ты будзеш харошы малады бальшавік. Хочаш стаць бальшавіком-сталінцам?» — «Ды я канешне. Але…» — «Што — але?» — «Ну, з сялян я. Калі б рабочы». — «Не мае значэння, калі і з сялян. Ты ж з беднякоў, мабыць?» — «Ну гэта, бацька серадняком лічыцца». — «Серадняком — гэта горш. Але каб не з падкулачнікаў. Не падкулачнік жа, ага?» — «Не, не падкулачнік». — «Каб стаць сапраўдным партыйцам, бальшавіком, трэба заслужыць. Гэта не проста». — «Ды то я ведаю, канешне…» — «Я во з мяшчанаў. У мяне ж бацькі ваўначоску ў Дзвінску мелі. Зусім несвядомыя былі, у Бога верылі. А я во, заслужыла. Прынялі ў ВКП(б), кандыдатам, праўда. Ну, але прымуць і ў члены, нікуды не дзенуцца».
Яму ўвогуле падабалася гэтая яе ўпэўненасць, ды ён і не сумняваўся, што прымуць і ў члены. Каб такую ладную адукаваную жанчыну да не прыняць! Ён ведаў, што прымалі і не такіх — нават цемнаватых і малапісьменных. Праўда, затое ўдарніц ці актывістак, як на льнозаводзе. А гэта ж такая разумненькая, да таго ж прыгожая. Нездарма са школы, дзе яна працавала адну зіму, адразу ўзялі ў жанаддзел райвыканкома. Цяпер яны разам з старой Шацман кіруюць усімі жанчынамі ў раёне. Во якая Паліна! I гэтая жанчына цяпер ляжыць з ім пад адным кажушком, гэтак міла лашчыцца да яго і цалуе. Няўжо яна пакахала яго? А чаму б і не! Што ён, які няўломак — дужы і рослы хлапец, не дурнейшы за іншых. Можа, сарамлівы крыху, нясмелы, асабліва з дзеўкамі. Але, кажуць, некаторыя дзеўкі нават любяць такіх, сарамлівых. Каб не нахабных. Значыць, і ён варты кахання, і вось яно — побач. Ад тае салодкае думкі зрабілася радасна і ганарліва, ён ажно пабольшаў ва ўласных вачах. «I гэта… Даўно ты пакахала мяне?» — нясмела папытаўся ён і знерухомеў у цемры. «Адразу, як убачыла», — хуценька адказала яна. «Праўда?» — «Анягож. Іначай хіба я прыйшла б да цябе і гэтак… аддалася». — «Ну, то дзякуй», — сказаў ён у замілаванні. Яна ціхенька і радасна засмяялася. «Дзякуем не адкупішся». — «А чым жа?» — «Каханнем, мядзведзька, каханнем…»
Ну ведама ж, каханнем, хіба ён не быў гатовы пакахаць яе. Ды ён ужо і кахаў, гатовы быў для яе на ўсё. Хоць бы і ажаніцца з ёй. Праўда, тут былі некаторыя свае хібы і першае з іх — невядома, як да таго паставяцца бацькі. Матка дык, мабыць, была б і рада, усё ж не каталічка, як Настачка. Але ж — бальшавічка! Тут ці не яшчэ большая перашкода для маці. Хаця што маці! Цяпер не тыя парадкі, каб зважаць на старасвецкія завядзёнкі бацькоў.
На золаку яна яшчэ спала пад кажушком, а ён злез з ложка — трэба было паглядзець, як пераначаваў конь. У хаце ўсе яшчэ спалі, апроч хіба гаспадыні, што якраз унесла з сянец абярэмак намерзлых дроў, грукнула перад прыпечкам. На прыпечку гарэла капцюшка, і ён, кінуўшы «дзень добры», выйшаў на двор.
У хату ён вярнуўся няхутка, доўга поркаўся ў хляўку, наскубаў мурожнага сенца для каня. А як прыйшоў, госці ўжо сядалі за стол, на якім смачна сквірчэла вялізная скаварада яешні. Ён павітаўся з гаспадаром, з Зарубам, які яшчэ без пінжака, у падцяжках прайшоў цераз пакой. Паліна ўжо сядзела ля кончыка стала і спакойна зірнула на яго. Ён трохі паўзіраўся ў яе мілы тварык, але нічагусенькі на ім не ўбачыў. Як заўжды, на людзях яна яго быццам і не заўважала, нібы не з ім, а невядома з кім пераначавала той раз у трысцене. Ягор трохі здзівіўся. Увогуле тыя староннія паводзіны Паліны былі для яго новыя і нечаканыя, але ён думаў: мабыць, так і трэба. Можа, гэта так і заведзена сярод перадавой пралетарскай моладзі. У той час, як Паліна стала для яго навек адметнай і роднай, ён для яе заставаўся той самы, што і раней. Бы нічога між імі і не здарылася. Не тое што ў вёсцы. I ён прыпамятаў, як аднойчы ўлетку пасля вечарынак апынуўся з Настачкай у пуньцы і як у іх там ледзьве не дайшло да таго самага, дык Настачка ажно спалохалася: як можна? Каб пасля вяселля. Але для вяселля трэба было назапасіць пасаг. А з пасагам у беднай Настачкі была пэўная нявыкрутка — што магла выдзеліць за дачкой яе ўдава-маці? Тут справа іншая — ім не патрэбны ні пасаг, ні шлюб, ні вяселле, яны без прымхаў. Во гэта перадавая, бальшавіцкая моладзь! Можа, і правільна. Цяпер так будзе ва ўсіх.
На той дзень яны вярнуліся з паездкі трохі раней, і Паліна пабегла ў будынак райкома, дзе быў яе жанаддзел. Яна яму не сказала нічога, толькі развіталася «да пабачэння» — адным на іх двух з Зарубам. Заруба, як заўжды, маўчаў, мабыць, поўны ўласных клопатных думак. Ягор паехаў распрагаць каня. Ён ужо не мог думаць ні пра што іншае, апроч як пра гэтую дзяўчыну, якая зблытала ўсе ягоныя думкі, апанавала яго новым нязведаным клопатам. Вельмі карцела бачыць яе — на вуліцы ці ў выканкоме. Як на тую бяду, заняткі ў камсамольскім гуртку былі перапынены ў сувязі з адставаннем тэмпаў калектывізацыі. Разоў колькі ён памыкаўся зайсці ў райком, але ўвечары не быў упэўнены, што заспее яе там. Іншага ж часу ў яго не было — амаль кожнага дня яны ездзілі з Зарубам па вёсках — далёкіх і блізкіх.
Праз два ці тры дні яна прыйшла да яго сама. Толькі ён вярнуўся з выканкома ў сваю стадолу, хтосьці ціхенька патузаў дзверы. Ён здзівіўся, але адчыніў — і яна лёгенька ўскочыла ў пакой. «Што, не чакаў? А я без чаканкі. Як ластаўка, пачуўшы вясну…» — «Ластавачка мая…» — «Не, не, не абдымай мяне, дай я спярша цябе пацалую. Ну, добры вечар, мядзведзька…»
I зноў іх павяло адно да аднаго, без слоў, моўчкі, і зусім побач апынулася скрыня з сякой-такой яго апраткай… Калі трохі саўладалі з сабой, паспакайнелі, яна раптам сказала: «Еду на тыдзень у акругу». — «На тыдзень?» — здзівіўся ён. «На цэлы тыдзень. А вы, здаецца, у аўторак у Кандыбічы кіруеце?» — «Не ведаю, старшыня не казаў…» Яна памаўчала трохі, бы прыслухалася да цішыні вялікай Ісакавай дамоўкі. «Слухай, ён даўно ў Кандыбічах быў? Ну, у таго настаўніка?» — «На тым тыдні быў», — сказаў Ягор. «I начавалі?» — «I начавалі». — «А яшчэ хто там быў?» — «Ну гэты, што з Менска прыязджаў. Упаўнаважаны». Яна зноў прыціхла, прыслухалася. «А пра што гаварылі, не чуў?» — «Не слухаў», — проста сказаў Ягор. «А ты паслухай. Паслухай калі. Добра?» — «А нашто?» — «Нашто? На тое! Твой Заруба ведаеш хто?» — «Хто?» — «Скрыты белагвардзеец, паняў?» — «Як белагвардзеец? Ён жа бальшавік. З рабочых. На грамадзянскай быў камісарам ваенных курсаў». — «Залівае! Нікім ён не быў. Ён скрыты вораг. Паняў? I ты за ім пацікуй. З кім ён і што? Недарма ён да таго настаўніка ў Кандыбічы зачасціў. Родная кроў. Той жа таксама контра. Пстыга. Папоўскі сынок». — «Во як!» — здзівіўся зусім збянтэжаны Ягор. «А ты думаў…»
Дзіўна гэта было і незвычайна. Вядома, Ягор ведаў ужо, колькі ўсякіх ворагаў было скрозь, у тым жа Менску, у акрузе, ды і ў іхнім раёне. Але каб ворагам стаў Заруба, ягоны самы найлепшы і найбольшы начальнік, таго Азевіч уявіць не мог. Ды ўсё ж нешта, мабыць, было. Нездарма яго выклікаў Мілаван, цяпер во пра тое ж кажа і Паліна.
Паліна знікла на цэлы тыдзень, і Ягор хадзіў, нібы апушчаны ў мутную ваду — збіты з панталыку, здзіўлены, нават абураны. Толькі на каго? На Зарубу ён не хацеў нават пакрыўдзіцца — не мог паверыць, што той вораг, белагвардзеец. Хіба такія бываюць ворагі? Дзень і ноч пнуўся пра справу, арганізоўваў калектывізацыю, ездзіў па вёсках, агітаваў за Савецкую ўладу, лепшае сялянскае жыццё. Але і Паліне ён не мог не верыць — усё ж яна разумнейшая за яго, Ягора, мусіць, яна нешта ведае. Можа, яна яшчэ не пра ўсё кажа? Можа, у яе таксама штосьці ідзе з ГПУ?
Ён дужа сумаваў па ёй, проста прагнуў яе, толькі б убачыць, пачуць яе мілы дзявочы галасок. Ён думаў, як яна там у акрузе, на той нарадзе, мусіць, выступае і, вядома, падабаецца хлопцам. Ды і сама можа ўпадабаць каго — ці мала там прыгожых, адукаваных, разумных хлопцаў, камсамольцаў ды і сталых партыйцаў-бальшавікоў. Можа, яна ўжо і забылася на яго? Ён жа пра яе забыцца не мог ні ўдзень, як яны шыбавалі па заснежаных прасёлках, ні ноччу ў свае настылай стадоле.
Таксама як не мог забыцца і на яе апошнія словы пра Зарубу. З таго часу з нейкім інакшым пачуццём глядзеў на старшыню і слухаў, як той складна гаварыў пра калгасы, і неўлад з яго словамі ў Ягора аднекуль выпірала страшнаватая думка: «Глядзі ты, а вораг!» Ягор гнаў яе, а яна сама па сабе вярталася і зноў лезла ў галаву. Як у канцы тыдня яны зноў апынуліся за возерам, па дарозе ў мястэчка, Заруба зноў сказаў павярнуць у Кандыбічы. Праўда, на той раз начаваць не сталі — папалуднавалі толькі. Але палуднавалі не спяшаючыся, добра нагаварыўшыся, як старыя сябры. Настаўнік Арцём Андрэевіч, з дзіўным нетутэйшым прозвішчам Пстыга, частаваў іх капустай з баранінай, быў дужа клапатлівы і ласкавы і да Ягора таксама. Той добра пад’еў і чакаў, калі ехаць. А яны ўсё не маглі нагаварыцца. Усё ўспаміналі грамадзянскую вайну і сённяшнія парадкі і шкадавалі нейкага Жылуновіча, якога выключылі з партыі без дай на тое прычыны. Бо ці бачыце, удзельнічаў у пахаванні швагра па хрысціянскім звычаі. Настаўнік дужа бедаваў, і Заруба сказаў: «Дурноцце ўсё тое — ад бязглуздзіцы і неадукаванасці». — «Во, во! — узрадаваўся Пстыга. — Неадукаванасць — іхняя хіба на ўсіх узроўнях. Дзячкі яны! Нахабныя бязглуздыя дзячкі, а выдаюць сябе за архірэяў і кіруюць епархіямі. Ды якімі епархіямі! Усёй Беларуссю». — «Мабыць, так!» — пагадзіўся Заруба, кінуў стоены позірк у бок Ягора і прымоўк. Болей яны пра Жылуновіча не гаварылі.
Ягор ледзьве дачакаўся прыезду Паліны, усё ў ім перапакутавала, перабуцвела ад тае нечаканай, ранняй, не ў пару ростані. Нават не думаў ніколі, што гэтак можна прысохнуць да нядаўна яшчэ чужой, незнаёмай дзяўчыны. Ён сустрэў яе раніцай у выканкомаўскім калідоры, яна, як звычайна, ветліва павіталася, нічым, аднак, не выдаючы іхняй вялікай таямніцы, і, азірнуўшыся, кінула: «Увечары забягу». Ён чакаў таго вечара, радаваўся і пакутаваў. Ён падрыхтаваў ёй у думках безліч ласкавых слоў, прыйшоўшы трохі раней са стайні, папрасіў у Ісака самавар і два кубачкі. Гарбатка ў яго была, трохі цукру было таксама. Ісак спярша аж здзівіўся, але зразумеў нешта, затузаў барадой і ўсім сваім зарослым чорнаю шчэццю тварам. «Так, так, так… Малады чалавек… Стары Ісак таксама некалі быў маладым. I знаеш… мяне дзеўкі любілі. Ды і я іх таксама. Я табе ўсё падрыхтую і нават магу трошкі варэння. З агрэсту, смаката. Асобенна калі для жэншчыны…»
Паліна прыйшла, як ужо добра ўцямнела, ён пацалаваў яе, і яна яго таксама, але штосьці ў яе аздобе ці паводзінах адразу яго насцярожыла. Здалося, яна ў чымсьці змянілася, быццам неяк пачужэла, ці што. Ён пачаў яе ўладкоўваць на адзіным тут зэдліку ля скрыні з самаварам, на які яна нават не падзівілася, толькі выпіла кубак чаю з варэннем на сподачку. «Ну як тут жыў? Без мяне?» — узняла на яго нейкія спакутаваныя вочы, і ён не ведаў, як адказваць ёй і як паводзіць сябе. Яе нейкі чужы, надта сур’ёзны настрой быццам трымаў яго на адлегласці ад яе, і ён адказаў проста: «Ды так… Ездзілі…» — «У Кандыбічах былі?» — «Заязджалі, ага». — «Пра што ішла гаворка? Пра пастанову ЦК і СНК гаварылі?» — «Не, пра пастанову не гаварылі…» — «А пра што гаварылі?» — дапытвалася Паліна зусім чужым, нібы начальніцкім голасам, які прымусіў і яго насцярожыцца. «Ды так, пра нейкага Жылуновіча». — «Што? Пра Жылуновіча? Што дарма не арыштавалі?» — «Не, што няправільна з партыі выключылі». — «Ах, во што!..»
Паліна ўстала з зэдліка, узяла сваю сумачку з падаконніка. «Во табе папера, во аловак. Сядай і ўсё напішы. Я чакаю». — «Нашто?» — зусім здзіўлена вымавіў ён. «На тое, — адказала яна сур’ёзна, без усмешкі паглядаючы на яго. — Ну, я чакаю». Ён няўцямна пазіраў на белы аркуш паперы са сшытка ў клетку, не разумеў, што рабіць. «Дык гэта, я заўтра напішу», — сказаў ён і ўсміхнуўся. Але яна зноў надта сур’ёзна зазначыла: «Не, ты напішаш зараз. Я чакаю», — і ўтаропілася ў яго сваімі цёмнымі, надта прыгожымі вачыма, у якіх цяпер была нецярплівасць і нават незразумелая непрыязь да яго. «Ну, пачынай!» — «Ды не магу я!» — «Ах, не можаш? Тады я сама напішу. Давай аловак».
Ён аддаў ёй аловак і паперу, і Паліна, адразу засяродзіўшыся, пачала пісаць на скрыні ля самавара. Яна болей не задавала яму ніводнага пытання, нават не зірнула ў ягоны бок, — напісала старонку і сунула яе Ягору: «Падпішы!» Кепска разумеючы, што тут робіцца, Ягор пачаў разбіраць яе дробны, не надта разборлівы почырк: «Настоящим свидетельствую, что во время поездок председателя РИК Зарубы по району указанный гр-н. Заруба М. Ф. систематически и регулярно имел встречи с гр-ном Пстыго А. А., во время которых велись откровенные разговоры с осуждением политики органов, партии и правительства и восхвалением некоторых вредителей и нацдемов, например, писателя Жилуновича…»
Азевіч адарваўся ад тэксту, у ягоных вачах пацямнела. «Паліна, навошта ж так? Якія разгаворы?» — «Што, не было разгавораў?» — «Ну, дык гаварылі, але…» — «Але ты не чуў? Тады цябе самога арыштаваць трэба. Што не чуў. Бо павінен быў чуць. Калі ты таксама не скрыты контррэвалюцыянер. Падпісвай!»
Ягор вагаўся. Ён чытаў далей, думаў, можа, дзе ў канцы будзе якое тлумачэнне, якое для сябе апраўданне. Ды ўся папера была з адным сэнсам: старшынёй РВК вяліся кепскія размовы з былым белагвардзейцам Пстыгам, што і пацвярджае возчык РВК Азевіч Ягор. Ягор прачытаў усё і разгублена пазіраў то на паперу, то на такі знаёмы тварык дзяўчыны. Але цяпер гэты тварык быў зусім не такі, як заўжды. Куды толькі знікла ягоная ўсмешыстасць і з ёй мілая дзяўчачая прывабнасць. Штосьці цвярдое і зласлівае было на тым мілым тварыку. «Ну, што яшчэ смушчае?» — нецярпліва пыталася Паліна. «Ды ўсё. Нядобра гэта» — «Нядобра? Затое па-бальшавіцку. Ты гэта разумееш ці не?»
Не, таго Азевіч зразумець не мог. Ён не ведаў, навошта было тое яму ды і Паліне таксама. Аднак, счакаўшы, Паліна неяк змяніла свой патрабавальна заклапочаны тон на амаль гарэзлівы. «Ягорка, ну! Зрабі тое для мяне! — зазірнула яна яму ў вочы і нават мякка дакранулася да ягоных валасоў. — Ну, для нашага кахання. Мы ж так кахаліся… Помніш? Падпішы тут, і ўсё». — «А Зарубу што будзе?» — «Ды нічога яму не будзе, дзівак ты! Ну, можа, вымова. За страту пільнасці. Ну?..»
Кепска разумеючы, што робіць, Ягор памарудзіў крыху і вывеў над самым беражком «Азевіч Я.».
Паліна моўчкі паклала паперу ў сумачку, кінула яму «дабранач» і пайшла. Ён застаўся, мала што адчуваючы. Ён быў зусім збіты з панталыку, з натугай, спакваля пачынаючы разумець, што адбылося. Толькі праз нейкі час даўмеўся, што адбылося кепскае. Сам, можа, і ўбярогся, але Заруба… Мабыць, ён дужа нашкодзіў Зарубу.
…Можа, ён ішоў і нядоўга, але пасля, як упаў, імпэт ягонай хады прыкметна паменшаў, ён ужо брыў, ледзьве стрымліваючы дрыжаку ў целе. Нешта ў ягоным заўжды вынослівым целе яўна разладзілася, апаноўвала знямога ды гэтыя прыкіды дрыжакі. Узлесак недзе прапаў, кустоўя, праўда, траплялася ўсё болей, пад нагамі шапатала сухая трава, і ён падумаў: як бы не набрысці на рачулку. Недзе тут па забалаці павінна была віцца Вужка, нехуцавая рачулка на поплаве, ці не брыў ён якраз да яе па тым поплаве? Але рачулку цяпер паначы ён не пералезе, што тады рабіць? Во яшчэ не хапала прыгоды на яго галаву!
Усё ж сенажаць ці поплаў пад яго нагамі скончыўся, і рэчка не паявілася. Ён зноў адчуў цвярдзейшае, ды ісці па ім стала зусім пакутна. То быў узараны на зябліва клін — няроўны і глыжасты, на ім часам балюча падварочваліся ягоныя ступні. Азевічу здалося, што ён ідзе ўздоўжкі па ім, і тады ён крута павярнуў убок. I праўда, хутка ўпёрся ў шнурок кустоўя, прыгледзеўшыся, пралез праз яго цёмны гушчар і апынуўся на чымсь цвярдым і роўным. Не адразу здагадаўся, што набрыў на дарогу — уезджаны сухі бальшак, які кіраваў ці не ў бок мястэчка. Толькі ў якім баку было тое мястэчка?
Напружана згадваючы, якія тут дзе павінны быць вёскі, Азевіч прайшоў колькі крокаў у адзін бок, пасля, засумняваўшыся, спыніўся, павярнуў назад. У раённае мястэчка, вядома, лепш было не патыкацца, трэба было кіраваць у іншы ад яго бок. У гэтым іншым баку ляжалі недзе яго знаёмыя мясціны і яшчэ далей ягоная родная вёска, дзе яго ўжо ніхто не чакае. А так хацелася б цяпер туды… Ды толькі туды дарогі яму не было таксама.
Во чортава жыццё, ці вайна, ці такі кляты ягоны лес, калі менавіта туды, куды цягне, дзе ты знайшоў бы прытулак і сховішча, менавіта туды і нельга.
Аднак і ў гэтым кірунку ўпэўненасці ў яго не было, здавалася, што трэба не туды. I ён спыніўся зноў, азірнуўся. I тады да ягонага слыху даляцеў нейкі няпэўны гук ззаду, ён прыслухаўся болей. Здаецца, аднак, не памыліўся: вецер даносіў ціхі тупат капытоў — паначы хтось ехаў і нават ужо быў блізка. Азевіч шаснуў у бок ад кустоўя, прысеў, стаіўся. Тут, мабыць, яго не будзе відно, а ўжо ён нешта пабачыць.
Чакаў нядоўга, сапраўды з цемрыва на дарозе высунулася цёмная рухавая постаць, стала відаць конская галава пад дугой і фурманка. Яна хутка набліжалася, але ён усё не мог разгледзець, хто там, на возе, і колькі іх. Воз здаваўся грувасткі, з якой паклажай, ці што. Але во зтуль пачулася:
— Цётачка, а ваўкі нас не дагоняць?
То быў ціхенькі дзіцячы голас, хлопчыка ці дзяўчынкі. Азевіч зусім прыцяў дыханне і тады пачуў, як у адказ хрыплавата азвалася жанчына:
— Ды якія ваўкі, ноо…
— Ваўкоў баюся…
— Ваўкоў не бойся цяперака… Цяперака людзей трэба баяцца, дзетка.
Азевічу раптам зрабілася проста і нябоязна, ён нават пасаромеўся нядаўняй свае асцярогі і ўстаў з-пад кустоўя. Фурманка ўжо была побач, ён зрабіў два крокі напярэймы і ціха сказаў:
— Пастой, цётка!
Конь знячэўку тузануўся, але прыпыніў хаду, беручы трохі ў бок ад каляін, Азевіч ухапіў яго за аброць і зусім спыніў. У возе, відаць было, сядзела кабета з лейцамі, ззаду за ёй, здаецца, мясціліся дзеці. Колькі там іх было, ён не паспеў разгледзець.
— Не бойся. Свае, — сказаў ён як мага лагодней. Жанчына ўсё маўчала. — Куды едзеце?
— У Васіп’е, — сказала і заціхла кабета.
— Чаго паначы?
— Дык падводу толькі ўзяла надвячоркам. Удзень дровы вазілі.
Восіп’е ён ведаў, то была невялікая вёска пад лесам вёрст за дваццаць ад мястэчка. Мабыць, туды б яму было па дарозе.
— Можа, падвязеце і мяне. А то… падбіўся троху. Кабета не адказала, толькі няёмка паварушылася ў сваёй цёплай апратцы з тоўста захутанай галавой, страхавіта прымоўкла. Не чакаючы яе згоды, Азевіч улез ззаду на воз, звесіў цераз бакавіну ногі.
— А вам ці далёка ж трэба? — урэшце папыталася кабета.
— Ды мне недалёка. Каб трохі пад’ехаць.
Кабета варухнула лейцамі, і конь, парыпваючы збруяй, паклыбаў далей, а Азевіч толькі цяпер падумаў: куды ж гэта ён? Пад’ехаць — яно няблага, але куды? Праўда, ужо хоць тое добра, што не ў мястэчка, у другі бок, мабыць, туды і яму будзе здатна. А там прыйдзецца падумаць.
— А вы ж гэта з паліцыі будзеце? Ці, можа, парцізан? — боязна пацікавілася кабета.
— Акружэнец, — сказаў ён таксама ціха.
— А, акружэнец, — прыкметна пажывела кабета. — Гэта ж дамоў едзеце, пэўна?
— Дамоў.
— А ці далёка ж гэта вы, каб дамоў?
— Далёка, цётка, — сказаў ён.
— Во як! Далёка… Ах, горачка наша… Ды паначы. Цяперака толькі ж і можна што паначы. Удзень і праўда неяк. Во і я заначлезілася… Але малыя, як жа іх…
Прыгледзеўшыся, Азевіч зразумеў, хто яшчэ ехаў у возе з гэтай кабетай.
Захутаныя ў кажух, побач бялелі два дзіцячыя тварыкі, — насцярожаныя, мабыць, спалоханыя, яны маўкліва ўзіраліся праз змрок у начнога чалавека, што перапыніў іх на дарозе, і сказаў знарок бесклапотна:
— Не бойцеся! Дзядзя — добры.
— А я не баюся, — раптам азваўся адзін з малых. — Гэта Лёдзя баіцца. А я не баюся цябе.
— Во як! Смелы, аднак! — ціха зазначыў Азевіч, трохі здзіўлены словамі малога.
— Смелы, ага, — проста пагадзіўся той. Кабета павярнулася да іх тварам:
— Малы ён, кажа немаведама што. Які там смелы…
— Смелы, — стаяў на сваім малы.
— Маўчы, Шурка!..
Шурка, мабыць, і яшчэ хацеў запярэчыць, але тады ціхенька азвалася малая Лёдзя:
— А і ты нясмелы. Во плакаў, як татка ляжаў і з яго кроў цякла…
Усе змоўчалі, маўчаў і Шурка, і Азевіч з няёмкасці перасмыкнуў нутром, адчуўшы нейкую трагедыю гэтых падарожнікаў. Але трагедый ён ужо начуўся і набачыўся столькі, што яшчэ адна не хацела змяшчацца ў яго душы, і ён не запытаў нічога. Ды кабета, мусіць, ужо зачапілася за стрэмка свае бяда і растлумачыла:
— Гэта ж во іхніх бацьку з маткай забілі. Вязу сірот дахаты. Пляменнікі ж…
— А ў цёткі сабака ёсць, — не ў тон гаворкі паведаміў Шурка. — Жулік завецца.
— Ат, які там сабака! — сказала кабета. — Шчанюк адзін.
Азевіч, аднак, каб не дужа распытваць, стараўся зразумець, што напаткала гэтых малых, ды не шмат зразумеў і перапытаў у кабеты:
— Бацькоў — немцы? А завошта?
— Каб жа немцы! — нібы папракнула кабета. — Свае, партызаны.
— Во як! За што?
— А нізашто, — памаўчаўшы, казала кабета. — Што за немца заступіўся. Не даваў немца застрэліць. Дык застрэлілі ўсіх.
— Цікава, — выдыхнуў Азевіч, аднак не адчуваючы да таго здарэння вялікай цікавасці.
— Настаўнікі яны, Біклагі. Якраз во ля царквы жылі. Недалёка ад школы. Бацька фізіку вучыў, а матка, мая сястрыца Фанечка, нямецкую мову. Домік такі ладны мелі, яна ж, Фаня, чысцюткая такая сястрыца, усё ў іх прыбранае было, ладнае, — ці комнатка, ці ганак, усё вышаравана, аж жоўценькае. Во гэта іх і згубіла. Каб тое знаццё… Но, ты! Чаго гэта ён стаў? — здзівілася кабета, мабыць, з каня, які і сапраўды спыніўся сярод дарогі, бы спужаўся чаго. Неўзабаве, аднак, яна зразумела.
— А, гэта ж тут раздарожжа. Хутары Альхоўскія, калі ўправа, а ўлева — аб’ездзіны. Як яно цяпер лепей? — не разумела кабета, і Азевіч падказаў:
— Лепш на аб’ездзіны.
— Ага ж, і праўда, мусіць, лепш на аб’ездзіны. Но, мілая…
Фурманка трохі павярнула кудысь улева, і яны ціха паехалі ў цемры. Дарога тут стала горшая, з калдобінамі, кустоўе збоч скончылася, і неўзабаве яны апынуліся ў цёмным ветраным полі. Стала сцюдзяней на возе, Азевіч ужо ледзьве трываў дрыжыкі, дужа мерзла правая нага ў мокрым дзіравым боце.
— Яны і дзетак гэтак вучылі, каб акуратна, ветліва. Шурка во малы, яшчэ ў школу не хадзіў, а ўжо кніжкі чытаў, увесь буквар знае…
— А, буквар нецікавы, — сур’ёзна зазначыў малы. — Казкі цікавейшыя.
— Хто цяпер вас вучыць будзе, ай, дзеткі вы мае няшчасныя, — сказала і захліпала цётка. Азевіч счакаў трохі і запытаўся:
— Дык а завошта ж іх забілі ўсё ж такі? Кабета трохі памарудзіла, выцерла далоняй вочы.
— Я ж і кажу: чысценька ў іх было, во і ўпадабаў кватэру той немец. Што ў раёне за начальніка прыехаў. У рудым такім пінжаку з абвязкай на рукаве, немалады ўжо такі, дужа строгі. Стаў кватарантам…
— Бургамістр, ці што? — нагадаў Азевіч.
— А чорт яго ведае, — бургамістр ён ці яшчэ хто. Але заняў большы пакой, іх перасялілі ў бакоўню, каб да яго ні-ні. I дзяншчык там у яго, абслуга…
— А ў яго наган — во такі, у скураной сумцы. Парабел называецца, — уставіў Шурка.
— Во-во, наган ты толькі і запомніў, — наган…
— Ага, запомніў, — заварушыўся ў кажусе Шурка. — Як той дзядзя застрэліў немца, дык узяў ягоны наган і стрэльнуў у татку.
Тое ўжо ўражвала і здзіўляла, і Азевіч урэшце не стрымаўся:
— Дык завошта ж іх? За кватэру?
— А хто ж іх ведае, я ж не была там, не ведаю. Але ж людзі расказваюць: прыйшлі ноччу, паклікалі ў пуню Біклагу, ну, бацьку во гэтых. Каб немца забіць. А ён — не, нельга, дзяцей пагубіце, усіх жа паб’юць тады немцы — і бацькоў, і дзяцей. Бо куды ж ім тады падзецца. А тыя кажуць: ах ты, халуй нямецкі, фашыстаў зашчышчаеш? Ну і самі ў хату, застрэлілі немца, а тады і іх абыдвух пастралялі. Каб сведак не было, ці што? Ці са злосці? Ці чорт іх ведае чаму.
— А татку два разы стрэльнулі, — сказаў у маўклівай цішы Шурка. — Бо шавяліўся. Рукой так па грудзях і ўбок вадзіў.
— А ты бачыў? — падала ціхі голас Лёдзя. — Я дык на печы плакала.
— А я бачыў. Я пад ложкам сядзеў, а як кроў таткава пацякла аж да парога, дык я вылез. А татка і не крануўся.
Цётка пачала плакаць, а Азевіч сядзеў моўчкі, думаў. Ды і што ён мог зрабіць, чым суцешыць гэтых людзей. Можа, так было і трэба, а можа, і не. Як зразумець цяпер, хто вінаваты. Вінаваты вайна і людская жорсткасць, нянавісць і непрымірымасць, што раздзіралі людскія душы. Стралялі, нішчылі, білі — не дужа разбіраючыся, не надта мяркуючы-судзячы — абы больш крыві — і сваёй і варожай. Але ці гэта пачалося толькі з вайной, ці і да вайны было не тое ж самае… Свае з сваімі пачалі ваяваць даўно і рабілі гэта з немалым поспехам. Нездарма казалі: «Бі свой свайго, каб чужы баяўся». Чужых не надта напалохалі, а сваіх пабілі. Цэлыя горы трупаў. Цяпер, пачуўшы тую размову на начной дарозе, ён увогуле разумеў тых местачковых настаўнікаў і іхні клопат пра гэтых во дзяцей. Мабыць, любоў да іх, а не прыслужніцтва да немцаў змусіла іх пярэчыць партызанам. Але ці захацелі тое разумець партызаны? Апантаныя сваёй мэтай, можа, падагрэтыя загадам камандзіра, пабілі і тых і гэтых. Бо ўсё і добрае і благое спіша вайна.
Яны яшчэ ехалі полем, як Азевіч раптам затрывожыўся: недзе тут павінна была пачацца вялікая вёска Сакаўшчына, у якую яму лепш не патыкацца. Вёска на шляху, былы сельсавет, там, напэўна, ужо ўсталявалася паліцыя, і, мабыць, іх пярэймуць нават і ноччу.
Мабыць, яму трэба было злазіць, шукаць свой шлях-абыход.
— Цётка, а Сакаўшчына далёка? — запытаўся Азевіч, як кабета трохі прыціхла ад свайго плачу.
— Сакаўшчына? А блізка. Во масток праедзем, і Сакаўшчына.
— Тады я тут злезу, — рашыў Азевіч. — Дзякуй табе, цётка. I вы — расціце вялікія, — пажадаў ён малым. — Можа, калі лепей будзе.
— А каб жа яно было калі лепей, — загаманіла жанчынка. — Каб жа лепей. А то і да вайны, і ў вайну гэтую, каб яна спрахла. Колькі кроўкі нашае яна адбярэ…
Фурманка неўзабаве схавалася ў цемры, грукнула яшчэ коламі ў калдобінах, і ён зноў застаўся адзін сярод ночы. Сцюжа ва ўсю дацінала ягонае цела, біла дрыжака, і сагрэцца, апроч як на хадзе, было неяк.
Па-ранейшаму ставячы бокам нагу, каб не чапляцца падэшвай, ён шкандыбаў нейкай касагорынай прэч ад дарогі, далей у поле, у абход Сакаўшчыны. Вёска тая сапраўды, мусіць, была блізка, у паветры чуўся знаёмы пах дыму з комінаў. Дужа моцна дзьмуў вецер, часам проста рваў на ім полы шыняля, выдзьмуваючы рэшту небагатага яго цяпла. Рукі Азевіч трымаў у кішэнях, так яны менш зяблі, ішоў марудна, клыпаў кудысьці па касагорыне ўніз. Неяк азірнуўшыся, заўважыў, як угары дужа зачарнелася неба — над ім аж да небакраю, і толькі ён падумаў: пойдзе снег, як той пасыпаўся, бы з торбы. Вецер гнаў снегавую драбноту, асыпаў ёю травяністы дол, сек па спіне, плячах, па яго злубянелым картузе і асабліва балюча — па голых вушах. Начную далеч ураз заслала белай імглістай мітуснёй, дол высвеціўся, на вачах стаў незвычайна бялець уначы, і тады Азевіч з трывогай падумаў, куды ж ён выйдзе? Усё ж трэба б недзе схавацца ад гэтае снегавой набрыдзі, перасядзець, счакаць. Каб дзе якую будыніну ці хоць бы гушчар, хвойнік. На жаль, побач у полі не было нават дрэва, адно ва ўсю лютаваў вецер і снег. Пасля першай навалы снегавых круп панесліся буйныя сняжынкі, яны асядалі на плячах, на галаве, у зморшчынах шыняля, хутка зацярушвалі дол. Ужо ззаду пацягнуліся яго няроўныя, з земляной чарнеччу сляды. Снегу налезла ў дзіравы бот, правая ступня хутка змакрэла і пачала балюча дранцвець ад сцюжы. Зусім змакрэў яго жорсткі, зашчацінены твар, а таксама вушы і рукі. Як на тую бяду, касагорыну неўзабаве перарэзаў шэры ад снегу хмызняк, прыгледзеўшыся да якога, Азевіч зразумеў, што натрапіў на роў. Парослы кустоўем, той шырокім праваллем разлёгся ўпоперак шляху — што было рабіць? Куды яго абыходзіць? I невядома, ці далёка ён пралягаў у бакі — праз шэрую снегавую мітусню не шмат што можна было згледзець. Памарудзіўшы трохі, Азевіч палез у ягоную шэрую прорву, усё хапаючыся за слізкае сцюдзёнае сучча хмызняку, неяк упаў і крокаў колькі праехаў задам па стромкім травяністым схіле. На самым сподзе было трохі зацішней, але снег усё роўна сыпаў на ўсім прасцягу над ровам. Азевіч трохі пасядзеў, саўладаючы з дыханнем. Яму было ўжо не сцюдзёна, потна і душна; ногі, штаны і полы шыняля былі скрозь мокрыя, сэрца з натугай тахкала ў грудзях. Дужа не хацелася ўставаць, хацелася заплюшчыць вочы і сядзець так у гэтым схоўным, парослым ляшчынай рове і заснуць. Але менавіта небяспека заснуць і змерзнуць прымусіла яго напружыць рэшту сіл і ўстаць. Трэба было выбірацца з рова.
Ён не чакаў, што выбрацца з рова будзе так трудна. Боты яго слізгалі па заснежаным доле, часам разварочваючы старое лісце пад снегам. Як ён ні памагаў сабе рукамі, хапаючыся за галлё, раз за разам мусіў укленчваць, ужо разграбаючы снег каленямі, падцягваўся на руках, ступаў вышай. Прабіраўся наўкось па схіле, так было лягчэй, але той спосаб заняў процьму часу — роў аказаўся куды глыбейшы, чым яму здалося спачатку. Часам яму ўжо здавалася, што ён ніколі не вылезе з яго. За нейкім кустом на схіле сеў, пасядзеў, ліхаманкава дыхаў, упёршыся нагамі ў трухлявы пянёк, каб не спаўзці назад. Тады б ён ужо там і астаўся. У яго не асталася сілы, каб паўтарыць гэты шлях спачатку.
А снег усё сыпаў, курэў белым пылам у твар, абляпіў яго з галавы да пят. Мусіць, цяпер яго нельга было пазнаць і за пяць крокаў, так ён стаў падобны на камель ссохлага дрэва, на корч. Але ўсё ж неяк выкараскаўся на ўзровак і сеў — здаецца, ісці далей ужо не мог. Свет і рэчаіснасць засціліся ад яго мройным снегавым туманам, свядомасць яго, здаецца, таксама на нейкі час знікала ў праваллі снегавых прывідаў, і ён зноў спахапіўся, што засынае.
Заснуць было тое самае, што памерці, але памерці гэтак недарэчна ён не мог дазволіць сабе і зноў ускараскаўся на ногі.
Далей ён брыў, нібы п’яны, па костачкі грузнучы ў рыхлым снезе, слепа абмінаючы хмызняк і кустоўе драбналесся. Што будзе за тым драбналессем — лес, поле ці вёска, ён не ведаў, ён даўно ўжо страціў арыенціроўку і зусім не ўяўляў тутэйшых мясцін. У які раз падумаў хоць бы незнарок не прыбіцца да рэчкі. Рэчка яго пагубіла б дарэшты.
Рэчка, аднак, не трапілася, а драбналессе скончылася, ён зноў адчуў пад нагамі цвярдзейшае, мусіць, сенажаць ці ніву з іржэўнікам. Як заўжды, вецер у полі буяў з большым імпэтам, снегавымі крупамі сек цяпер па левай шчацэ, і Азевіч усё адварочваўся, міжволі забіраючы ўправа. Раззлаваўшыся на адарваную падэшву, якая яму надакучыла за дарогу, ён паспрабаваў зусім адарваць яе ад бота, ды не знайшоў сілы, толькі аб іржавыя цвікі да крыві абдзёр пальцы. Так і павалокся далей, дужа заграбаючы нагой снег. Добра, завея хутка засыпала ягоны след. Ён увесь час ішоў з угнутай галавой, так было зручней на ветры, і так слепа ледзьве не налез на жэрдкі. То быў паламаны, засыпаны снегам плот. Азевіч спыніўся, угледзеўся праз віхуру — непадалёк шарэлі стрэхі нейкіх будынін. Тады ён угледзеўся пільней — пад заснежанымі стрэхамі быццам чарнеліся бёрны сцяны без вокнаў; значыць, то былі не хаты, а можа, гумно — ток і павеці. Трохі нават абнадзеены такой сустрэчай, ён пералез цераз нізкія жэрдкі плота і паклыпаў да крайняй будыніны.
Гэтая нізкая будыніна, аднак, стаяла без дзвярэй, з чорнай прадранай страхой, у дол яе скрозь намяло снегу. Ён толькі зірнуў туды і павалокся да наступнай крокаў праз дваццаць. Здаецца, гэтая была спраўней, шырокія вароты былі зашчэплены на трэсачку ў прабоі — значыць, не пакінутая, мабыць, варта было туды зірнуць. Адубелымі пальцамі ён выцягнуў трэсачку і асцярожна прачыніў палавінку варотаў. На яго з цемры шыбануў летні травяны пах, у доле ад парога ляжалі пасікі снегу, а так увогуле, здаецца, тут было зацішна, і ён зайшоў, прычыніў вароты. Адразу яго абняла цемра, выцягнуўшы рукі, ён ступіў са два крокі і ўпёрся ў высокі — вышэйшы за яго — каптур саломы, асцярожна пасунуўся ўбок. Тут ягоныя рукі намацалі сцюдзёныя бёрны сцяны, а ногі ступілі на штосьці няўлежанае, шархоткае — на сухую кучу гарохавіння, ці што. Яшчэ не разумеючы, што ён робіць, Азевіч пераваліўся цераз гэты высакаваты гарохавінны горб, каб далей ад варот, бліжэй да сцяны, рукамі і нагамі памкнуўся закапацца, залезці як мага глыбей. Ён ужо адчуў, што далей не пойдзе, і прагнуў спакою, цяпла, ягонае цела здрыжэлася на ветравым снегавеі, і карцела суняцца, сабрацца ў камяк, каб як-небудзь сагрэцца. У грудзях гаркотна гарэла, дыханне доўга не магло выраўняцца, ён дрыжэў-тросся ў гарачцы і шумна і часта дыхаў Свядомасць яго спакваля марнела, у галаве ўсе неслася снегавая крутня, і ён плыў у ёй кудысь у пакутны агорклы прыцемак. У пачуццях жыло нязбыўнае адчуванне небяспекі, прыцьмелага страху, але ўжо не ставала сілы, каб адолець той страх ці што зрабіць для паратунку. Знямога была мацней за страх і за інстынкт да жыцця.
…Неяк напрадвесні, як ён чысціў на стайні Белалобіка, сакратарка паклікала яго да старшыні выканкома. Ягор таропка ўвайшоў у кабінет, Заруба сядзеў, цяжка аблегшыся на стол, неяк уважліва паглядзеў на возчыка. Той аж абмёр пад гэтым ягоным позіркам, але старшыня спярша толькі трудна ўздыхнуў і сказаў, што сёння і заўтра яны нікуды не паедуць. Калі, можа, патрэбна Ягору, дык хай бы з’ездзіў у сваю Ліпаўку, у якой, пэўна ж, не быў ад пачатку зімы. Ягор дужа ўзрадаваўся, хуценька сабраўся і запрэг Белалобіка. З даўно ўжо адвыклай радасцю борзда імчаўся знаёмай дарогай цераз знаёмыя палі і вёскі, цераз край Галубяніцкай пушчы і праз пару гадзін убачыў заснежаныя стрэхі канцавых хат пад голым суччам дрэў. То была ягоная Ліпаўка.
Дома на падворку яго сустрэла маці з пустым вядзёркам, у якім толькі што аднесла парсюку есці. Бацькі не было дома — з Нінай каторы дзень рабілі ў лесе, тралявалі бярвенне. Меліся прыехаць позна ўвечары, і ён крыху падумаў, што рабіць? Ці вяртацца ў мястэчка, ці счакаць бацьку? Рашыў, аднак, счакаць. Даў Белалобіку сена на двары, а сам з’еў яешню, што маці хуценька сасмажыла на прыпечку. Частуючы яго, яна не пераставала бедаваць пра тое, як ён там, сярод незнаёмых людзей, невядома, як і кім там дагледжаны. Яшчэ яна бедавала-скардзілася на жыццё, што ўсчалася навакол, як сялян заганяюць у калгасы, што ў калгаснікаў усё забіраюць: і збожжа, і бульбу, якое насенне, інвентар і коней. «Ой, будзе голад, ой, паямо траўкі, і мякіны не хопіць, што ж гэта робіцца! Што яны там, кіраўнікі вашы, павар’яцелі, ці што, нашто так абыходзіцца з народам, у чым ён перад імі правініўся? Ці яны нялюдзі там, у раёне…»
Слухаць тое было не надта прыемна, але тыя скаргі ўжо не былі ў навіну Ягору. На сходах ён ужо наслухаўся рознага. I ён пачаў супакойваць маці, казаў, што, можа, спярша і труднавата будзе, але затым… Дзяржава дасць трактары і камбайны, дасць добрую жывёлу, гатунковае насенне, усё наладзіцца, і людзі зажывуць лепш, чым пры аднаасобніцтве. Маці, аднак, не верыла, хаця трохі і спакайнела.
«Ну, а як жа, сынок, ты з жаніцьбай? Надоечы Настачка прыбягала». — «Настачка? А чаго?» — «Пра цябе пыталася. Кажа, за ўсю зіму ні лістка, ні прывета. Як жа быць ёй? Сватаюцца да яе з Закарыцця, дык яна пытаецца пра цябе. А я ўжо думаю, лепей бы ты з ёй ажаніўся, усё ж свая, блізкая, а то яшчэ якая камсамолка местачковая акруціць. Во тады дасць Бог нявестачку на старасць». Ягор маўчаў і думаў: як у ваду глядзіць маці. Акручвае, лічы, акруціла яго местачковая не камсамолка нават, камуністка, што яму цяпер з суседняе вёскі Настачка. Так ён і сказаў маці. «Хай не чакае. Відаць, не судзьба нам сысціся». Маці зноў заплакала, мабыць, адчуўшы і тут благое.
Настрой яго сапсаваўся ад тае навіны пра Настачку, хаця што ўжо яму Настачка! Сядзеў у застоллі, еў, а з галавы не выходзіла Паліна, тачыла пытанне: што здарылася з ёй? I як цяпер яму быць? I якая яна да яго будзе?
Увечары прыехаў бацька з сястрой, абодва змакрэлыя, стомленыя і галодныя. Бацька пад’еў трохі, вылаяўся на Савецкую ўладу і пачаў смаліць свае самакруткі. Сястра Ніна ўсё дапытвалася, як ён і што, ці добрае ў раёне начальства, ці шмат моладзі і як тая адпачывае, ці часта танцы і ці ёсць у яго там хто. Ён адказваў скупа і, дагледзеўшы каня, сказаў, што хоча спаць. З даўно не адчуванаю радасцю лёг у свой знаёмы з дзяцінства скрыпучы ложак пад наклееным на сцяне малюнкам — паўстанне на браняносцы «Пацёмкін». Згледзеў там знаёмы, разварушаны бядою гурт матросаў і перапалоханых афіцэраў з наганамі, усміхнуўся. Радасць яго на тым скончылася. Мусіць, канчалася і юнацтва.
Назаўтра раненька ён паехаў.
Маці паплакала на развітанне, бацька панура маўчаў. А сястра сказала, што прыедзе перад Вялікаднем у адведкі. Паглядзець, можа, браток прыжаніўся да якой местачковай… Памерала яго будзёнаўку, якая ёй дужа спадабалася. Відаць, спадабалася і маці, якая аж перастала плакаць.
У выканкоме, як ён толькі прыехаў, адчуў — нешта здарылася. Сакратаркі Рымы не было за сталом, у прыёмнай наогул было пуста, на дзвярах Зарубы чырванела вялікая сургучная пячатка. Азевіч выскачыў у двор, там на розвальнях ля стайні сядзеў барадаты Волкаў, курыў цыгарку. Ягор кінуўся да старога фурмана «Што здарылася?» Той няўцямна паглядзеў на яго. «А нічога» — «Як нічога, дзе Заруба?» — «Зарубу ўзялі. Ноччу» — «Ну, а кажаце, нічога», — задрыжаў Ягор. «А што ж такога? Усіх бяруць. I Скублакова ўзялі. I Фідарзона. I ветэрынара таго аднарукага. I нас хутка паберуць. Маць яго туды!.. Во жысць настала!»
Падобна, сапраўды штосьці пачыналася адмысловае, ніколі не чутае. На месца Зарубы прыехаў нейкі мізэрны злы чалавечак, да якога адразу першым прыйшоў Мілаван. Паўдня да абеду яны аб чымсь раіліся, а назаўтра была склікана сесія. З’ехалася нямала народу, засядалі ў нардоме. Такіх, як Азевіч ці Волкаў, туды, вядома, не пушчалі, што там абмяркоўвалі, было невядома. Але раённая газета надрукавала шырокі, на ўсю старонку, загаловак-заклік: «Ворагам народа — ніякай пашчады», і ўсё было зразумела. Ніжэй быў артыкул, у якім ударнік з бровара выкрываў слепату раённага кіраўніцтва, што не ўбачыла між сабой ворагаў. Іншыя аўтары таксама заклікалі да пільнасці і яшчэ раз пільнасці. Вораг між намі! Азевіч цэлы дзень сланяўся па выканкомаўскім падворку, хадзіў па вуліцы. Падыходзіў і да нардома, дзе стаяла многа саней, вазкоў і розвальняў прыезджых з сельсаветаў членаў камітэта. Там жа было і ўсё райкомаўскае начальства, і камсамол, і жанаддзел. Ягор думаў, можа, пабачыць Паліну. Да змяркання не пабачыў нікога і, перакусіўшы ў пуставатай сталоўцы, паплёўся ў сваю стадолу.
А назаўтра яго паклікалі да камсамольскага сакратара Галадкова. Гэты энергічны і гаваркі хлапец з густым чорным чубам на галаве аб’явіў, што камсамолец Азевіч каапціруецца ў райком камсамола і залічваецца на пасаду інструктара. «Так што, таварыш, здавай свайго скакуна і прыхадзі на работу. Работы процьма, а кадры слабыя, не ўберагліся ад ворагаў, двух арыштавалі органы, трэба свежыя сілы з народа, з гушчыні сялянства, а Азевіч якраз такая сіла, годзе яму круціць конскія хвасты, трэ арганізоўваць моладзь на барацьбу за інтарэсы бальшавіцкай партыі і савецкага народа». Ён і яшчэ гаварыў нешта, усё ў тым жа сэнсе, а Ягор сядзеў, слухаў і думаў, што, можа, пакуль не позна паслухаць маці і даць дзёру ў вёску, дамоў. Ды не: мусіць, позна ўжо. Ходу назад, пэўна, няма.
I трэба ж таму здарыцца — з затлумленай галавой выйшаўшы з райкома, якраз на рагу вуліц сустрэўся з Палінай. Тая спынілася, неяк няўцямна ўставілася ў яго. «Ну, віншую! Правільнай дарогай ідзеш», — сказала яна. Але ранейшай прывабнай гуллівасці ў яе голасе ён не адчуў, нешта суровае і чужое стаяла ў яе вачах. I ён запытаўся: «Гэта ты памагла?» — «Я», — сказала яна проста. — «За тое, што тады напісаў?» — «Неа. Што будзёнаўскі шлем надзеў», — загадкава адказала яна і, не развітаўшыся, пабегла па вуліцы. Ягор пастаяў, не ведаючы, што думаць, як цяпер адносіцца да Паліны. Усё ж ён спрабаваў з ёй сустрэцца яшчэ і сустракаўся, але ўсё на людзях — то ў райкоме, то на вуліцы, і Паліна заўжды стрымана суха віталася, і не больш. Называла яго «таварыш Азевіч», — быццам забылася, як яго імя і як яна звала яго раней. Ён яе не называў ніяк. Клікаць Палінай было ўжо няёмка, а па прозвішчы таварыш Пашына не паварочваўся язык. Неяк, аднак, абыходзіўся.
Хай сабе Заруба быў і вораг народа і выкрыты белагвардзеец, але Ягор у яго сяму-таму навучыўся. Ну, хоць бы як выступаць. Наслухаўшыся за зіму ягоных прамоў, ён зразумеў, што галоўнае ў іх — упэўненасць. Не так важны словы, як важны тон, якім іх гавораць. Заўжды трэба настойліва, упэўнена, напорыста, не шукаць словы, не мычаць і думаць, а рэзаць першыя, што ідуць з языка. Тады будуць слухаць і будуць верыць. Бо як не паверыць таму, хто гаворыць гэтак упэўнена?
А гаварыць даводзілася процьму прамоў і выступленняў. Кожнага дня зноў раз’езды па вёсках, хутарах і сельсаветах, і скрозь — сходы, сходы, нарады, паседжанні. Азевіч хутка і без натугі спасцігаў сэнс новай работы, галоўным у якой безумоўна было паскараць тэмпы калектывізацыі. I яшчэ выбіваць выкананне планаў нарыхтовак збожжа, мяса, малака, яек, воўны і асабліва льну. Адны толькі льнонарыхтоўкі неслі столькі клопату, што ад іх круцілася ў галаве і не было спакою многія тыдні.
Часам у рэдкія вольныя вечары да яго ў пустую стадолу прыходзіў гаспадар гэтай дамоўкі стары Ісак. Сапучы астматычнымі грудзямі, сядаў на зэдлік у парозе і заводзіў даўгую і нудную гаворку, якую Азевіч не ведаў, як скончыць. Звычайна ён пачынаў з міжнароднага становішча, у якім яго найболей цікавілі праблемы сусветнай рэвалюцыі. «Калі ж гэта там паднімецца рабочы клас, ці не хопіць ужо яму спаць, цярпець сусветны буржуйскі прыгнет? Ды і мы тут марнеем, адны будуючы камуну, ды ходзім у дзіравых ботах». Азевіч спасылаўся на аб’ектыўныя прычыны ў гэтае справы, упамінаў здраду справе рэвалюцыі з боку сацыял-дэмакратаў, а Ісак, жмурачы цёмнае вока, уважліва слухаў яго тлумачэнне і зноў пытаўся: «Можа, вы скажаце, таварыш, чаму гэта спаборніцтва так шпарка разгарнулася, што мануфактуры няма ні ў мястэчку, ні ў горадзе, а чэргі, калі яе прывязуць, становяцца ад царквы да рэчкі?» Азевіч тлумачыў пра цяжкасці з вытворчасцю, а Ісак ужо меў новае пытанне: «Дзе мы будзем купляць яйкі, як калектывізацыю выканаем на сто працэнтаў? Во і цяпер дзесятак каштуе на рынку пяцёрку. Хіба гэтак было пры цару?»… Такіх і іншых пытанняў у яго было процьма, і, адказаўшы на першыя, Азевіч пачаў злаваць на гэтага яўрэя, які не спрачаўся, не абвяргаў яго тлумачэнні, цярпліва і да канца іх слухаў і пытаўся зноў. Ды так, што, відаць было — не надта той яму верыць. Хутчэй за ўсё не верыць. Але навошта тады пытаецца?
Органы між тым рэгулярна прарэджвалі раённае кіраўніцтва, хапалі ўвесну, хапалі ўлетку. Азевіч даўно ўжо не ламаў галаву над пытаннем: завошта або каго ўзялі? I ён, і ўсе навокал ведалі, што могуць узяць кожнага, абы знайшлася якая прыдзірка. Зрэшты, і без прыдзіркі бралі таксама. Тое было як лёс, як знянацкая благая хвароба. Між тым, не зважаючы на старанную працу ГПУ, работнікаў апарату не меншала, нават большала. У райком прыслалі новага першага — доўгага і худога, бы жардзіна з плота, таварыша Дашэўскага. Невядома, дзе ён рабіў раней, мусіць, на чыгунцы, бо з’явіўся ў чорным чыгуначным шынялі і чыгуначнай гімнасцёрцы. Твар меў хваравіты, худы і ў зморшчынах, але характар паказаў жалезны. Гэты зусім быў скупы на словы, выступаў рэдка, мала і брыдка, са смакам лаяўся. На кожнай нарадзе ён некага выкрываў, называў нацдэмам ці польскім шпіёнам, і таго ўночы бралі органы Мілавана. Апарат у таго таксама пабольшаў Аднекуль прыехалі два хлопцы-гэпэушнікі, якія пакуль што хадзілі ў цывільным і ўсё нешта вынюхвалі па канторах, гарталі дакументы, асабістыя справы і маўчалі. Служачыя са страхам пазіралі на іх і чакалі вынікаў.
Аднойчы ў рэдкую вольную нядзелю, прыехаўшы з раёна, Азевіч надумаў схадзіць у лазню. Там, аднак, сабралася чарга, і ён з венікам на каленях сядзеў на лавачцы побач з пяццю мужыкамі — чакаў. Было сонечна, цёпла, ужо распусцілася лістота на дрэвах, буяла вясна. Якраз у той час з лазні выйшаў распараны, счырванелы Мілаван разам з адным са сваіх новых хлопцаў. Выціраючы ручніком потную, свежа паголеную галаву, ён заўважыў Азевіча і кінуў яму: «Падыдзі». Ягор у думках паслаў яго на тры літары, але мусіў падняцца і павітацца. «Ты ўсё ў Ісака жывеш?» — запытаў гэпэушнік. «У Ісака» — «У яго, кажуць, пакой вольны?» — «Можа, і вольны, — сказаў Азевіч з палёгкай, што гаворка не пра яго — пра іншага. — Я ж адзін займаю». — «Ёсць, ёсць у яго яшчэ жылплошча», — казаў Мілаван, уладкоўваючы на лысай галаве форменны картуз з сінім верхам і чырвоным аколышам. Побач моўчкі стаяў з пакункам бялізны ў руках ладны, спартыўнай паставы яго супрацоўнік, уважліва слухаў. «Ты во што, Азевіч, пагавары з Ісакам. Трэба во таварыша Кмета ўладкаваць. Усё ж сям’я, двое малых, а жыць няма дзе. Пагавары з яўрэем. А заўтра скажаш». — «Добра, што ж, пагаварыць можна», — сказаў няпэўна Азевіч. «I ўгаварыць, — дадаў Мілаван. — Гэта табе наша заданне. Ад органаў. Лады?»
Яны пайшлі сабе з падворка да вуліцы, а Азевіч у думках зноў вылаяўся. Называецца, атрымаў заданне. Хай бы самі ішлі і гаварылі. I прасілі Ісака. Ён тады доўга, з асалодай мыўся, як дачакаўся свае чаргі, ленай хадой ішоў дадому, нібы адцягваючы момант непрыемнай размовы. Быў амаль упэўнены, што Ісак не пагадзіцца — нашто яму сям’я, ды яшчэ з малымі дзецьмі. Так у іхнім гародчыку разрасталіся кветкі, узышлі вяргіні, а з дзецьмі… Асабліва калі хлапчукі. Зноў жа і садавіна — некалькі яблынь расло за хляўкамі, хаця цвету ў тым годзе было не надта, яблык мелася быць небагата. Але хлопцы папораць астатнія, тое ён па сабе ведаў. Тым не менш трэба было пагаварыць з гаспадаром, хоць бы перадаць яму просьбу галоўнага іх гэпэушніка. I ён надвячоркам пастукаўся ў каморку да Ісака.
Мабыць, стары яўрэй таксама меў выхадны і сядзеў дома. Азевіч застаў яго ля стала з нейкаю чорнай кніжкай у руках і ў ярмолцы на галаве. Ісак не здзівіўся прыходу кватаранта, ветліва пасадзіў яго ў высокае, але вузкае крэсла з такім жа высокім падгалоўнікам. «Я да вас па справе, — адразу пачаў Ягор. — Кажуць, у вас ёсць вольны пакой…» — «Пакой? — здзівіўся Ісак. — Які гэта пакой? Гэта куратнік, а не пакой. Хіба ў такім пакоі можа жыць прыстойны чалавек? Во, паглядзіце самі, во, хадзіце сюды». Ён расчыніў дзверы ў суседні пакой і даў Азевічу зазірнуць туды. Ну так, пакой быў даволі нехуцавы — не то сенцы, не то кухня пры адным акенцы ў двор. «Разумееце, — сказаў Ягор, — упаўнаважаны ГПУ таварыш Мілаван просіць уладкаваць свайго таварыша. Сям’я, а жыць недзе».
Ісак пляснуў сябе рукамі па сцёгнах, неспакойна прабег вакол стала. «Ах, ах! Няма дзе жыць! А пры чым тут Ісак? Ісак што — багаты домаўладальнік? Я — халодны сапожнік. Што гэта, мой дом? Быў мой. А цяпер я сам тут кватарант, нічога не маю. Ні грошай, ні права, ні дроў. Адзін гэты кут». — «А ў іх і кутка няма. Двое дзяцей», — ціха ўставіў сваё Азевіч. Ісак прабег да парога, зноў да сцяны, зірнуў у акно. «Двое дзяцей, двое дзяцей… I ў мяне было двое дзяцей, я ведаю… Ба, ба, ба… Можа, прывязуць дроў, зімой цяплей будзе… Ну хай. Скажыце, хай! Што ўжо тут зробіш».
Азевіч зусім не ўзрадаваўся — хутчэй засмуціўся ад тае згоды старога гаспадара. Ну але, можа, так будзе лепш. Можа, з удзячнасці Мілаван перастане лезці да яго з сваімі патрэбамі. Ды не стане цікаваць за ім, як некалі за Зарубам. Тыя на ўсё здольныя. А з гэтым Кметам ён, можа, пасябруе нават. Калі па-суседску. Усё ж будзе знаёмы чалавек у іхніх органах, ад якіх, як ужо зразумеў Азевіч, не застрахаваны ніхто. Тым болей што ён чакаў прыёму ў кандыдаты партыі, усе дакументы аформіў, сабраў рэкамендацыі. Рэкамендацыі, апроч камсамола, далі загадчык аргаддзела райкома Скаблова, жанчына з іхняга сельсавета, нядаўняя настаўніца, а таксама ягоны таварыш па райкоме камсамола Яўген Вайцяшонак. Той ужо быў членам ВКП(б), але па службе не надта вылучаўся, можа, таму, што быў ад нараджэння кульгавы. А так увогуле здаваўся неблагім таварыскім хлопцам. Азевіч тым часам прывыкаў да новага камсамольска-партыйнага жыцця ў мястэчку, вёску часам успамінаў з сумам. Сумленне яго трохі тачылі ўспаміны пра Настачку, аб якой ён нічога не ведаў з зімы. Можа, ужо выйшла за каго замуж? Невялікі заробак, што ён атрымліваў, выдаткоўваў ашчадна, часам карміўся ў сталоўцы, а болей — па гаспадарках у камандзіроўках. Палініну будзёнаўку насіў да зялёнай травы і здзеў з неахвотай — дужа падабалася яму тая будзёнаўка. Вясной ён справіў сабе новую апратку: штаны-галіфэ і кортавую гімнасцёрку, якую пашылі ў арцелі. У такім напаўвайсковым выглядзе мала чым адрозніваўся ад іншых саўслужачых. Амаль усе пераймалі густы начальства і падладжваліся пад выгляд першага сакратара Дашэўскага, які зімой і ўлетку хадзіў у сваёй чорнай чыгуначнай гімнасцёрцы. Паліна зноў перайшла на працу ў местачковую школу, і ён рэдка бачыў яе. Але заўважыў, што яна стала зусім не той, якой ён некалі яе ўведаў. Найперш перастала займацца камсамольскімі справамі і яўна пазбягала Азевіча, пры выпадковай сустрэчы з якім суха віталася, і толькі. Ён дужа пакутаваў ад таго, але нічога з сабою зрабіць не мог. Здаецца, на сваю бяду, ён усё кахаў гэту незразумелую жанчыну.
Вельмі хутка пасля тае размовы з Ісакам у іхняй дамоўцы з’явіліся новыя кватаранты. Неяк надвячоркам Азевіч вярнуўся з раёна і, зайшоўшы на падворак, сутыкнуўся з двума хлапчукамі, якія адзін у аднаго адбіралі кіёк. Малодшы ўжо румзаў, але кійка не аддаваў, а старэйшы рашуча насядаў на яго, выкручваючы рукі. Паяўленне назнаёмага дарослага дзядзькі не суняла хлапчукоў, ягоны вокрык таксама не падзейнічаў на іх. Тады на ганку паявіўся іх бацька, гэпэушнік Кмет. Азевіч чакаў, што той падасца разнімаць сыноў ці хоць бы крыкне на іх. Але бацька хвіліну спакойна назіраў за бойкай, а пасля, як старэйшы адышоўся з кійком, пачаў ушчуваць малодшага: «Чаго равеш? Не смей плакаць! Ах, цябе пакрыўдзілі? Тады пакрыўдзі і ты. Біся да перамогі. Сілы мала? Нарошчвай сілу, вучыся ў старэйшага брата. I не румзай. I не ябеднічай. Закаляй волю. Мужчына ты або трапка? Ах, мужчына? Ну дык дагані брата і дай яму ў хрыбет…». Ягор з цікавасцю слухаў бацькоўскую навуку — для яго тая навука была навіной. Дома, калі ён часам крыўдзіў сястрычку, бацькі дужа сварыліся на яго. А тут, мабыць, іншая мараль. Перадавая мараль новага часу.
У перавагах тае маралі ён неўзабаве пераканаўся. Гэпэушнік Кмет, хоць і быў ненашмат старэйшы за Азевіча, паводзіў сябе з ім па-начальніцку, пры сустрэчы пазіраў, звузіўшы вочы, і нічога не паведамляў ніколі, зрэдку задаваў пытанні. Ягору ён і не падзякаваў нават за яго дапамогу ўгаварыць Ісака, ды і Ісака, відаць, не надта прымаў тут за гаспадара. Нізенькія варотцы ў садок заўжды былі насцеж расчынены, і там ужо ваўсю гаспадарылі яго хлапчукі. Часам заходзіў туды і бацька, даставаў сынам яблыкі, якія не маглі дастаць малыя. Азевіч не ўмешваўся ў чужыя справы, але думаў, што добра тое не скончыцца.
I праўда, не скончылася добра — скончылася нават дужа кепска.
На пачатку восені, калі ўжо выбіралі бульбу, Азевіч позна ўвечары вярнуўся з дальняга канца раёна, дзе ён тры дні прабыў з Вайцяшонкам. Стварылі дзве камсамольскія арганізацыі, у трох правялі сходы. Стаміўся, бы цюцька, а тут яшчэ спазніўся ў сталоўку і лёг спаць галодны. Праўда, заснуў адразу і, здалося, толькі заснуў, як у дзверы пастукалі.
Ніхто ніколі да яго не стукаў — ды так моцна, што ён хуценька падхапіўся, надзеў галіфэ. На парозе стаяў сусед Кмет, ужо не ў цывільным, а ў поўнай гэпэушнай форме, з партупеяй і рэвальверам на баку. «Пойдзеце панятым!» — «Куды?» — не зразумеў Азевіч. «Тут недалёка. Цераз сцяну». — «Што значыць — цераз сцяну? — ашаломлена думаў Азевіч, нацягваючы цераз галаву гімнасцёрку. — Што гэта значыць?» Але што тое значыць, здагадацца было няцяжка. Як ён увайшоў у Ісакаў пакой, усё зразумеў адразу. Там усчынаўся вобыск. За сталом пад лямпай сядзеў Мілаван, нешта пісаў, а чалавекі тры гэпэушнікі выкідвалі з куфра і камода нейкія Ісакавы лахманы, некалькі чорных яўрэйскіх кніжак. Стары Ісак, заклаўшы назад рукі, стаяў у сподняй кашулі ля самага парога. Усе маўчалі.
Азевіч чуўся збянтэжаным, быццам у чымсь вінаватым, хоць да таго, што тут адбывалася, не меў дачынення. Але ўсё ж, здавалася, меў. Можа, як паняты? Ці яшчэ хто? Ён пазіраў, як шкуматалі, кідалі па падлозе Ісакава варахоб’е, і зразумеў, што нічога пэўнага яны і не шукалі, што вобыск рабіўся хутчэй дзеля прыліку. І праўда, нічога яны не знайшлі, апроч некалькіх кніжак, назвы якіх Мілаван не мог прачытаць і запытаўся ў Ісака. Ісак няўцямна цепнуў плячыма. «То, ваша міласць, тора, а гэта талмуд». — «А, то ваша біблія? — зразумеў гэпэушнік. — Ну што ж, возьмем у якасці вяшчэственнага даказацельства». Ісак яшчэ цепнуў плячыма і не адказаў нічога. Увесь яго апанураны выгляд сведчыў пра поўную пакорнасць лёсу ці гэтым начным гасцям. Вобыск хутка быў скончаны. Раскіданых рэчаў, вопраткі, нейкіх запыленых трантаў ніхто не збіраў, і Мілаван даў падпісаць пратакол. Ісак пакорна падпісаў, уздыхнуў і адышоўся ў парог. Падпісаў Азевіч, і Мілаван устаў з-за стала. «Вы апраніце што», — сказаў ён Ісаку будзённым голасам і смачна пазяхнуў — час быў позні. Ісак зразумеў, што значыць апрануць, кінуўся ў кут, дрыготкімі рукамі перабіраў апратку на цвіку, узяў нейкую куртку, павярнуўся да Кмета: «Хацеў сказаць, таварышы, будзеце паліць у печы, дык гэта… Комін там, комін трэба паглядзець. Абмазаць трэба, а то дым праходзіць, дык гэта, можа, агонь…» — «Ужо не твой клопат, — груба перапыніў яго Мілаван. — Дагледзяць, каму трэба будзе».
Яны ўсе выйшлі. Апошні выходзіў Кмет, дзьмухнуў на лямпу, і ў пакоі стала цёмна. Азевіч паплёўся да свайго ганка. Ноч выдалася цёплая, ціхая, мігцелі зоркі ў небе. Азевіч падумаў, што, мусіць, і ён тут пражыве нядоўга.
Тое ён вызначыў пэўна. Адразу ж пасля Ісакавага арышту ў пакой былога гаспадара ўсяліўся другі гэпэушнік — таксама з вялікай сям’ёй — дваімі дзецьмі, хлопчыкам і дзяўчынкай, і нейчаю старой маці — яго ці ягонай жонкі. Навасельцы пачалі ўладкоўвацца як мае быць і надоўга — пераставілі, перамянялі месцамі Ісакаву мэблю, ушчэнт здратавалі гародчык з кветкамі. Вокны на вуліцу завесілі нейкай шэрай тканінай, праз якую не прабівалася святло нават 12-лінейнай лямпы. З прызбы ў двары знікла невялікая лаўка, на якой у цёплыя вечары любіў задумліва пасядзець Ісак. Затое воддаль пад топалем зрабілі фізкультурны турнік, увечары гэпэушнікі круцілі на ім «сонца». I ўсё ж дзвюм сем’ям тут было цеснавата, таму няўтульна, і неяк уранку, як Азевіч збіраўся на работу, да яго зайшоў Кмет. «Во, дык у цябе тут прастор, не тое, што ў мяне. Як у клубе! Толькі сцэны не хапае. Колькі метраў будзе?» — пытаўся ён, стоячы сярод пустой стадолы. «Чатыры на пяць, — сказаў Азевіч. — Усяго дваццаць метраў». — «Ды ўжо ж дваццаць. Калі чатыры на пяць». I гэпэушнік памераў пакой крокамі — спярша ўдоўжкі, а пасля і ўпоперак. «А ў мяне пятнаццаць. Учці, на чацвярых. Несправядліва? Як ты лічыш, таварыш Азевіч?» — «Я не выбіраў», — стрымана сказаў Азевіч. «Ясна, ты не выбіраў, не было мажлівасці. Жылплошчу займаў буржуазны элемент. А цяпер мы яго — к ногцю. Цяпер мы можам і выбраць». — «Выбірайце, — пакорліва адказаў Азевіч. — Ваша права…»
Болей яны пра тое не гаварылі, Азевіч паехаў па вёсках і думаў, што, мабыць, трэба саступіць. Во зробяць тое, што зрабілі з Ісакам, гэтыя ні перад чым не спыняцца. Вяртаючыся на фурманцы з Вайцяшонкам, сказаў, што мусіць шукаць кватэру. Вайцяшонак яго зразумеў. Сказаў толькі: «Рабі лататы, і найхутчэй. Пакуль што можаш у мяне пажыць. Пакуль дачка ў цешчы». У той жа вечар Азевіч сабраў у тарбіну сваё небагатае майно і перайшоў да Вайцяшонка. У стадолу, якая на год дала яму прытулак, ён болей не заглянуў ні разу.
У Вайцяшонка ён пражыў тыдзень ці трохі болей, пакуль ягоная жонка-настаўніца не напытала Ягору кватэру праз чатыры хаты ад сваёй на той жа вуліцы. Гэта была старэнькая, урослая ў зямлю хацінка на нізкім беразе рачулкі, буйна аброслай лазняком ды алешнікам, жыла ў ёй ціхенькая, бы матылёк, старая бабка Мальвіна, палавіна хаты была пустая. Там і пасяліўся Ягор.
Аднак тым разам у Мальвінінай хатцы ён пражыў нядоўга — з Менска прыйшла папера паслаць аднаго райкомаўца на камсамольскія курсы. Першы сакратар, канешне, прызначыў Азевіча як самага маладога, да таго ж той прыкметна недабраў граматы ў школе, і Азевіч тры месяцы пражыў у гаманкім інтэрнаце каля Нямігі, зубрыў бальшавіцкую навуку, нічога навакол не прыкмячаючы — ні горада, ні тэатраў, ні нават дзяўчат. Было цяжка, часам невыносна, але ён стараўся з апошніх сіл, трэба было набрацца бальшавіцкай навукі, стаць нароўні з іншымі.
I вось позняю восенню, па зазімку, ехаў на сялянскай фурманцы са станцыі. У ягонай кішэні ляжала невялічкая паперка-даведка, якая, безумоўна, сведчыла, што ён няблага адукаваны, асабліва па камсамольскай справе, вывучыў усе тонкасці арганізацыйна-маладзёжнай работы і яшчэ што-нішто з тэорыі марксізму-ленінізму. Экзамен па філасофскай працы таварыша Сталіна «Пытанні марксізму-ленінізму» ён здаў на «выдатна» і лічыў сябе тэарэтычна падрыхтаваным. Прынамсі, не горш за сваіх ранейшых сяброў па камсамолу, якія хоць і прыйшлі сюды з настаўнікаў, але такіх курсаў ніхто з іх не скончыў. Аднак ён трохі сумняваўся, ці трапіць на сваю ранейшую пасаду ў райкоме — усё ж мінула тры месяцы, і, мусіць, пасаду інструктара для яго не трымалі. Узялі іншага. А куды прызначаць яго?
У іхнім райкоме камсамола (пра тое ён чуў яшчэ ў Менску) тым часам адбыліся некаторыя змены, прыйшоў і новы першы сакратар, якога Азевіч не ведаў і нават не бачыў ніколі. Гэта быў даволі жвавы і ўедлівы хлопец па прозвішчу Маладцоў, які адразу ўчыніў яму беглы экзамен па палітграмаце. Экзамен гэты Азевіч вытрымаў лёгка, бо ўсе тыя пытанні пра змычку горада з вёскай, ролю камсамола ў калектывізацыі, пра рашэнні XV з’езда ВКП(б) ён ведаў адмыслова — з газет і нядоўгіх заняткаў на курсах. Ты больш, як хутка адчуў Азевіч, гэты камсамольскі сакратар сам быў не надта каб палітычна падкаваны і зблытаў апошні пункт рэзалюцыі з абвесткай работы з’езда. Ну але ў такіх справах Азевіч ужо быў спрактыкаваны і лёгка, як бы з прабачэннем, паправіў сакратара райкома. Размова скончылася тым, што Азевіч папрасіўся на якую работу ў камсамоле. Сакратар трохі паморшчыўся, сказаў, што пра тое яму трэба параіцца з партыйным кіраўніцтвам, а вось на лесапільню кіраўніком тамашняй камсамольскай ячэйкі ён можа яго накіраваць хоць сёння. Лесапільня, канешне, не надта вабіла Азевіча, ён трохі разумеў, якая там была праца, але пагадзіўся. Калі часова, канешне, тым і дамовіліся. Шукаць у мястэчку кватэру яму не спатрэбілася. Мальвініна хатка па-над рэчкаю была не занята, і бабка з прыкметнаю радасцю прыняла яго, нават добра напаліла печку на ноч, што раней рабіла нячаста.
Ужо на другі дзень зранку новы сакратар падаўся на лесапільню. Там быў немалы калектыў працаўнікоў і ячэйка КСМ, але не было сакратара. Куды той прапаў, Азевіч дазнаўся пасля, а тады нетаропка крочыў акрай мястэчка за лазню. Чуваць было, дзесьці там дыхавічна пыхкаў стары паравічок і раз-пораз вісчэла піла-цыркулярка. У той жа вечар камсамольцы лесапільні без вялікага абмеркавання абралі яго сакратаром, а назаўтра ён ужо ўпрэгся ў працу па распілоўцы хваёвых бёрнаў — працу нялёгкую, па плячы хіба што маладым, дужым хлопцам. Ды ён і быў малады і дужы, цяжкая праца яго не палохала. Горш было з людзьмі, асабліва маладымі, нават некаторымі камсамольцамі, у якіх яшчэ жыла процьма старых, прыватнаўласніцкіх звычак; некаторыя не супроць былі выпіць, схадзіць куды патуляцца з местачковымі дзеўкамі або на танцы ў бліжнюю вёску. Многія святкавалі рэлігійныя святы — шчоўкалі арэхі на Каляды. Трэба было нямала настойлівасці, каб прынадзіць іх да вучобы па палітграмаце, прывіць ахвоту да лекцый і дакладаў, да антырэлігійнай прапаганды. Ён сам спаў не болей чатырох гадзін у суткі, бо, апроч працы на лесапільні, яшчэ нямала часу (асабліва па вечарах) праседжваў на розных нарадах у райкоме, а то ездзіў з кім-небудзь па раёне арганізоўваць калгасы ці выбіваць план па льнонарыхтоўках. Для ўмацавання працоўнай дысцыпліны і прывіцця бальшавіцкіх навыкаў працы ў канторы павесілі вялікую фанерную дошку, адна палавіна якой была пафарбавана ў чырвоны колер, а другая ў чорны. Гэтая простая рэч адыграла немалую ролю таксама ў сацыялістычным спаборніцтве, якое разгарнулася на лесапільні. Трапіць на чорную палавіну аказалася такой ганьбай, што разы два некаторыя аж біліся з учотчыкамі, то паміж сабой, а болей з тымі, хто трапляў на чырвоную. Дырэктар лесапільні Хвошч хацеў нават зняць дошку, але камітэт камсамола стаў за яе гарой і не даў зняць, толькі перавесілі яе з калідора ў бухгалтэрыю, бо ў калідоры разоў колькі хлопцы перапісвалі прозвішчы па-свойму. Справы на лесапільні і ў ячэйцы сапраўды патроху наладжваліся, праз які месяц Азевіча ўжо хвалілі ў райкоме — за актывізацыю заняпалай ячэйкі. Разоў колькі на лесапільню наведваўся таварыш Маладцоў, часта бываў на сходах інструктар Вайцяшонак. З гэтым апошнім Азевіч працягваў ранейшае сяброўства, тым болей што жылі па суседству, хоць і не рабілі разам. Азевіч тым часам ужо прывык да свае новай кватэры ў ціхай бабкі. Хатка была нехуцавая, аброслая кустоўем, затое то быў ціхі, утульны куток збоч вуліцы. Жывёлы якой бабка не мела, апроч хіба ласкавай белай кошачкі, што дужа палюбіла кватаранта і як толькі ён прыходзіў дамоў, кідалася яму ў ногі, лашчылася ды загадкава мяўкала. Зрэшты, Азевічу рэдка выпадала лашчыць кошку. Хацелася паспаць хоць колькі гадзін, увесь астатні час ён гібеў на сваёй лесапільні, дзе была процьма працы, людской калатнечы і клопату.
Клопату куды пабольшала, як на лесапільню для працоўнага перавыхавання прыслалі нацдэма Дарошку.
Гэты Дарошка таксама жыў у мястэчку, настаўнічаў у школе і хоць быў куды старэйшы па гадах за Азевіча, але праяўляў дужа вялікую актыўнасць у грамадскім жыцці моладзі, асабліва ў нардоме, дзе ён усю зіму ставіў смешныя п’есы на беларускай мове. Пастаноўкі тыя часам нават падабаліся Азевічу, і ён стараўся, калі быў час, схадзіць на спектакль, глядзеў і «Паўлінку», і «Мікітаў лапаць», і «Пінскую шляхту». Мабыць, Дарошка быў неблагі рэжысёр і нават як актор выконваў на сцэне камічныя ролі. У той зімовы дзень, як ён упершыню завітаў на лесапільню, Азевіч працаваў на распілоўцы, калі нехта паклікаў яго да прахадной, кажа: пытаецца настаўнік са школы. Напярэдадні Азевіча ўжо папярэдзілі ў райкоме, што прышлюць Дарошку, і ён неўзабаве ўбачыў настаўніка, які ў лёгкім палітончыку і капелюшы стаяў на прахадной, пастукваючы абцасікамі наваксаваных шчыблетаў (быў ніштаваты марозік), рукі хаваў у кішэні, і сподак, канешне ж, не меў. Што было з ім рабіць на лесапільні? Азевіч спярша хацеў адаслаць яго ў кантору, але падумаў: якое ж працоўнае перавыхаванне ў канторы, і ён выправіў нацдэма на сыравінны склад. Дарошка не адмаўляўся — узяў сякеру і пайшоў да брыгадзіра Сугодзіча, той прыставіў яго да вялізнага аснежанага штабеля бёрнаў, якія трэба было ашкурыць. Праз паўгадзіны ўсе, хто апынуўся паблізу, з вясёлым здзіўленнем пазіралі, як гэты настаўнік няўмела махае сякерай над абмерзлым бервяном, і Азевіч падумаў, што так нядоўга секануць па калене і застацца калекам. З такім яго працоўным навыкам. Але шкадаваць Дарошку не стаў — калі нацдэм, дык якое ж шкадаванне! Трэба было думаць, як перавыхаваць яго, бо, мабыць жа, адной працай тут не абыдзешся, трэба было весці з ім нейкую палітработу, настаўляць на правільны шлях. Толькі як?
Пасля працы ён падышоў да стомленага ўшчэнт нацдэма, які, седзячы на бервяне, хукаў на свае счырванелыя пальцы, пацікавіўся: як работа? На дзіва, той не стаў скардзіцца, скупа адказаў: «А нішто. Мабыць, не самая цяжкая». Што праўда, то праўда — ашкуроўка была ў іх не самая цяжкая праца, можа, нават самая лёгкая. Куды цяжэйшая чакала яго наперадзе. А тады яны пайшлі разам у мястэчка — ціха патупалі ў вечаровым сутонні, і Азевіч нібы нават з вінаватасцю загаварыў пра складанасці класавай барацьбы, у якой, вядома ж, не мінуць ахвяр. Дарошка моўчкі выслухаў яго і адказаў проста: «Ат, якая там барацьба! Проста дурнота наступае». — «Якая дурнота?» — не зразумеў Азевіч. «Звычайная, ад векавой нашай цемнаты». Азевіч трохі памарудзіў з адказам, падумаўшы, што цемната — гэта калі ў дачыненні да вёскі, непісьменнасці, а тут усё ж райком, дзе сядзяць хіба непісьменныя людзі? Вунь таварыш сакратар Маладцоў вучыўся ў інстытуце.
Вайцяшонак скончыў палітэхнікум, такія даклады шпарыць у нардоме, ні разу не спаткнецца. Ды і ён сам таксама чамусьці навучыўся ў Менску. Дарошка зноў выслухаў і разумна зазначыў: «Чым такая навука, лепш абсалютнае невуцтва. У цёмных людзей адсутнасць ведаў замяняецца здаровым сэнсам». Так яны ні да чаго не дамовіліся ў той вечар, дайшлі да завулка ля рова, дзе кватараваў Дарошка, і раптам той прапанаваў зайсці ў хату, пагаварыць ды папіць гарбаткі. На гарбатку Азевіч не надта квапіўся, ён болей хацеў есці — добра выгаладаўся за зімовы дзень на распілоўцы, і зайшоў. У Дарошкі была невялікая сям’я — жонка, настаўніца пачатковых класаў, і дачушка трох год — хваравітае малое з вельмі ўважлівымі вачанятамі. Яшчэ з імі жыла старэйшая сястра Дарошкі Хрысцінка, ціхая незамужняя жанчынка, што была ў іх за няньку, пакаёўку і кухарку — гаспадыню, адным словам. Тады, і праўда, Азевіч не толькі папіў гарбаты, але і няблага павячэраў ячневай кашай з салам. Хрысцінка за вечар не вымавіла ніводнага слова, жонка Дарошкі скупа адказала на некалькі нязначных пытанняў мужа, сама ні пра што не спыталася. Неяк з непрыемнасцю адзначыўшы тое, Азевіч спрабаваў жартам закрануць сённяшні працоўны дзень гаспадара на лесапільні, успомніў, як той нязграбна махаў сякерай над бервяном. «Можа, як перавыхаваем вашага», — сказаў ён да гаспадыні, на што тая коратка буркнула: «Гарбатага і магіла не выправіць» — і змоўкла. Азевіч трохі падзівіўся, тым больш што Дарошка ніяк не адрэагаваў на з’едлівую рэпліку жонкі, хіба што ніжэй схіліў твар над глінянай міскай з кашай. Перавыхаванне яго тым часам працягвалася… Праз тыдзень былога нацдэма паставілі на пагрузку-разгрузку драўлянай сыравіны і гатовай прадукцыі, і ён з брыгадай у пяць чалавек да вечара варочаў сырыя абмерзлыя бёрны, цягаў на ваганеткі, выгружаў дошкі і гарбылі з піловачнага цэха. Тут яму далі брызентавыя рукавіцы, але болей нічога, і хутка яго лёгкі палітончык ператварыўся ў чорт ведае што — таксама як і яго вастраносыя шчыблеты. Праўда, нацдэм не скардзіўся, не наракаў нават — маўчаў і засяроджана рабіў разам з усімі, у меру сваіх, аднак, не надта багатых сіл. Спектакляў у ДСК ён ужо не ставіў — іх ужо не ставіў ніхто, уся работа там абмежавалася антырэлігійнымі лекцыямі ды нячастымі дакладамі аб міжнародным становішчы. Пасля аднаго такога даклада, які па даручэнню райкома рабіў, дарэчы, Азевіч, Дарошка прычакаў яго на ганку і сказаў, што мае некалькі заўваг па сутнасці. Азевіч, якога ўжо прыпынялі чалавекі тры з падзякай за разумны даклад, ахвотна спыніўся, трохі заінтрыгаваны, і Дарошка сказаў: «Вы спрашчаеце праблему інтэрнацыянальнага». — «Як гэта?» — не зразумеў Азевіч. «А так. Рабочы клас Германіі цяпер зусім не той, што быў у часе Веймарскай рэспублікі». — «Ну, гэта няпраўда, — сказаў Азевіч, здзівіўшыся. — У газеце напісана…» — «I ў газеце няправільна напісана».
Вось табе і на! Азевіч зусім бы не здзівіўся, калі б той злавіў яго на якой недакладнасці, на ўласна Азевічавай памылцы. Тады ён і сапраўды не надта яшчэ ўпэўнена адчуваў сябе ў ролі палітычнага аглядальніка, але тое, што няправільна надрукавана ў газеце, ён дапусціць не мог. Да аўтарытэту газеты заўжды звярталіся ва ўсякім канфлікце і на лесапільні і ў райкоме. Газета, якая друкавалася ў Менску, тым больш у Маскве, была вярхоўным арбітрам у кожнай спрэчцы, справа ішла толькі аб тым, ці дакладна пераказаны газетны выраз, ці правільна вытлумачаны. Задача кожнага дакладчыка была ў тым, каб як мага дакладней трымацца тэксту газеты, і некаторыя за ўвесь даклад не адрывалі ад яе вачэй, каб не памыліцца, не сказаць што не так, як там напісана. Здаецца, у той вечар Азевіч нідзе не дапусціў ніякай недакладнасці, шпарыў скрозь па газеце, а гэты кажа: спрашчае праблему.
Людзі з даклада ўжо разыходзіліся, а яны стаялі, закурыўшы, і тады Дарошка кажа яшчэ: «Цытата пра рэлігію ў вас таксама недакладная. У Маркса пра тое іначай напісана». Учуўшы тое, Азевіч здзівіўся яшчэ больш: ужо тую антырэлігійную цытату ён чуў безліч разоў і ведаў яе на памяць. Вядома, ён не пагадзіўся з упартым нацдэмам, тады той рашуча запрапанаваў: «Давайце праверым у творах». Што ж, праверыць у творах Азевіч быў не супроць, каб толькі ведаць, у якіх творах можна было тое праверыць. Дарошка ж, мабыць, ведаў, яны зайшлі ў бібліятэку таго ж нардома, і там на даўгой паліцы нацдэм упэўнена выцяг адзін том Маркса, пагартаў, затым узяў другі і, праўда, знайшоў тое, што ім было трэба. «Во, глядзіце. Што напісана». Напісана сапраўды было трохі інакш, чым цытаваў Азевіч: «Религия — это вздох угнетенной твари, сердце бессердечного мира, подобно тому, как она — дух бездушных порядков. Религия есть опиум народа». «Вось так, — зазначыў Дарошка. — А не для народа. Цытаты патрабуюць дакладнасці». Ну, мабыць, так, моўчкі падумаў Азевіч, мабыць, тут ён даў маху… Але тады што ж атрымліваецца? Хто ж каго перавыхоўвае? Ён, камсамольскі сакратар, — нацдэма ці нацдэм — яго?
Пытанне тое, не знаходзячы адказу, маячыла ў галаве ў Азевіча бадай усю зіму, часам прыцьмяваючы ў памяці, а часам загараючыся з новай сілай. Неяк Дарошка даў яму прачытаць зборнік артыкулаў Леніна пра тактыку сацыял-дэмакратыі, з якога Азевіч зразумеў і запомніў штоколечы, штоколечы нават выпісаў, але гаворкі аб тым не паспеў распачаць. Якраз тым часам у газетах з’явіліся артыкулы аб правым ухіле і беларускіх нацыяналістах, быў надрукаваны адкрыты ліст Якуба Коласа з прызнаннем і выкрыццём уласных шкодніцкіх і контррэвалюцыйных памылак, і Азевіч падумаў, што настаў самы час пагутарыць і пра нацыяналістычныя памылкі Дарошкі. Для таго ён завітаў да яго ў нядзелю пасля абеду. Дарошка сядзеў ля акна з кніжкай, сястра Хрысцінка зашывала яму разадраную на лесапільні сарочку, малая гуляла з лялькамі на канцы ўслона, жонкі недзе не было дома. I тады Азевіч паклаў перад ім узятую напярэдадні ў райкоме газету з пакаянным лістом Коласа. «Чытайце! Сам прызнаецца». Дарошка ўзяў, хутка прабег вачмі па радках таго допісу і кінуў газету долу. «Галімацця і глупства! Якая контррэвалюцыйная дзейнасць! Вы чыталі „Новую зямлю“?» Не, Азевіч не чытаў «Новай зямлі», ён пра яе і не чуў. Тады Дарошка папоркаўся сярод кніжак на этажэрцы і адну тоненькую падаў Азевічу. «Во, прачытайце і скажыце, чым гэта кепска?» Азевіч узяў, сунуў кніжку за пазуху. Што ж, ён пачытае, канешне, хоць чытаць творы контррэвалюцыянера, мабыць, не надта дазваляецца члену райкома камсамола. Але ўзяў і тры вечары запар чытаў пры цьмяным святле газнічкі — усё так здалося складна, зразумела і неяк сімпатычна нават. Пазнаваў шмат што і са свайго вясковага жыцця: і як у маленстве маці частавала дзятву блінамі ўранку, і як з дзядзькам Піліпам падглядаў пчолы. Сялянскі быт, канешне, там быў намаляваны выдатна, як і людзі — знаёмыя сялянскія тыпы, якіх безліч у кожным раёне, у кожнай вёсцы. Ну і прырода таксама. Само сабой, уражваў і клопат селяніна таго часу — зямля і яе спрадвечны недахват у вёсцы. Успомніў, што і ў іхняй сям’і зямлі было мала, адзін неўрадлівы надзел, над якім біліся бацька з маткай. Пасля, праўда, як падраслі, ім узяліся памагаць дзеці, ён, Ягор, і сястра Ніна, тады неяк зажылі лепш, стала сытней на стале, паявілася нейкая адзежына. Думалася: можа, неяк бы жылі і далей, калі б не ўсчалася класавая барацьба ды гэтая калектывізацыя. Ягору яшчэ пашэнціла, ён у час, дзякуючы шчасліваму выпадку ці добраму чалавеку, вырваўся з вёскі, стаў камсамольскім работнікам, выйшаў у людзі. А ў вёсцы гібелі, галадалі, калгасы не маглі выйсці з нэндзы, калгаснікі ледзьве выконвалі планы здачы, нарыхтовак усяго — ад яек, малака да льну і збожжа. Ад «Новай зямлі» дыхнула даўнім, нават прывабным сялянскім жыццём, але што было адказаць Дарошку? Тое, што адчуваў сэрцам, па шчырасці, ён сказаць не мог, не меў права. Ён абавязаны быў спрыяць працэсу класавай барацьбы і працоўнага перавыхавання нацдэма, а не шкодзіць таму працэсу. I калі праз дзён колькі яны сустрэліся ўранку на лесапільні, Азевіч прызнаўся: «Добра, аднак, піша Колас пра прыроду і лес, але… Але рэвалюцыйных памкненняў малавата, і рабочага класа няма». — «Ну і што, што няма? — спакойна сказаў Дарошка. — Кожны твор трэба ацэньваць па тым, што ў ім ёсць, а не па тым, чаго там няма. У Пушкіна таксама партячэйкі няма». — «Яно, можа, і так, але…» — не знайшоў, як адказаць, Азевіч. Тады гэты Дарошка і кажа: «Зойдзем пасля работы, я вам дам і пра рабочы клас. Цішкі Гартнага, напрыклад». Канешне, Азевіч зайшоў і начэй колькі затым сляпіў пры газнічцы вочы, чытаючы «Сокі цаліны», — на гэты раз спасцігаючы зусім не вядомае яму жыццё ў вялікіх і малых гарадах, турботы рабочага класа, якога ён амаль не ведаў раней, але якое цяпер было надта цікава яму. Тады ўжо ён не думаў, што Дарошка неяк уплывае на яго, а не наадварот, проста той залучаў яго да чагосьці такога, што было, можа, і няправільна нават, можа, і недарэчы ў іх тагачасным жыцці, але цікава і нават змястоўна. Тыя кніжкі прымушалі неяк па-іншаму зірнуць і на самога Дарошку. Азевіч часам пільней, чым калі раней, узіраўся ў яго тонкі, хударлявы твар з маленькімі зыркімі вочкамі, нібы хацеў зразумець, чаго гэта ён, быццам і нішто чалавек, разумны і адукаваны, а во стаў нацдэмам. Прама запытацца пра тое ён не наважваўся — усё ж было трохі сорамна лезці, можа, з непрыемнымі для яго роспытамі, хоць сам ён і не надта што разумеў у сутнасці палітыкі тых нацдэмаў. Аднойчы яны сядзелі ў яго за сталом, перабіраючы новыя і старыя кніжкі, якіх багата было ў Дарошкі, той неяк адрывіста, з паўзамі расказваў яму пра падзеі на Беларусі і Украіне з часоў XVI стагоддзя, і раптам ён змоўк і, лыпнуўшы па ім позіркам, запытаўся: «Думаеш, мабыць, вярзе гэты нацдэм, пад сябе грабе?» — «Ды не, чаму?..» — ніякавата паварушыўся Азевіч. «Так жа ўсе думаюць. Наццэм! Ніякі я не нацдэм, проста нармальны чалавек. Можа, трохі больш патрыёт, чым некаторыя іншыя. А патрыёт ад нацыяналіста, думаеш, чым адрозніваецца?» — «А чым?» — спытаў Азевіч і насцярожыўся: тое пытанне было адным з самых галоўных у яго адносінах да Дарошкі. «А тым, што патрыёт любіць сваё, а нацыяналіст болей ненавідзіць чужое».
«Можа, і так», — падумаў Азевіч, спрачацца яму з Дарошкам не выпадала, адчуваў, той па навуцы і нават палітграмаце быў мацнейшы за яго. Вядома, чалавек скончыў педтэхнікум, не тое што Азевіч… Праўда, Азевіч прайшоў немалую працоўную загартоўку, меў вопыт камсамольскай работы і цяпер належаў да рабочага класа — авангарду сацыялістычнай рэвалюцыі. Мабыць, гэта не менш, чым педтэхнікум. Тым больш калі Дарошка — нацдэм. Але ўсё ж… Вялікай упэўненасці ў сваёй праваце Азевіч не меў, ён адчуваў адно: у ведах гэты чалавек быў куды за яго мацнейшы.
Так яны прарабілі зіму на тае лесапільні. Дарошка ўжо зусім асвойтаўся са шмат якімі аперацыямі па дрэве — не толькі на таварным ці сыравінным двары, але ўжо разоў колькі парабіў нават рамшчыкам. I хоць увогуле сілы ў яго былі небагатыя, але не наракаў, стараўся рабіць нароўні з усімі. I тады неяк напрадвесні з райкома загадалі правесці абмеркаванне працэсу перавыхавання нацдэма. Быццам падвесці вынікі.
Сход праводзілі пасля працы, на штабялях дошак у цэху. Сабралася з паўсотні народу, усе ў пілавінні, стомленыя ад працы, але са стрыманай цікавасцю на шэрых тварах — усё ж не кожны месяц абмяркоўваюць такую справу, як перавыхаванне нацдэма. Пад цьмянай электрычнай лямпачкай за сталом села начальства — сваё, з райкома чамусьці не было нікога, і Азевіч расказаў, хто такі Дарошка і чаму спатрэбілася тое перавыхаванне. Гаварыў ён нягучна, стараўся без злосці, але ўжо з тым металам у голасе, да якога прызвычаіўся апошнім часам, на камсамольскай пасадзе. Затым з першага рада ўнізе падняўся Дарошка і коратка расказаў пра сябе, — што ўвогуле праца для яго не навіна, што ён сялянскі сын і ўсю маладосць рабіў на гаспадарцы ў бацькі, пасля, як вучыўся, таксама — каб з’есці кавалак хлеба, часцяком ірваў кішкі на станцыі, разгружаў вагоны. Мабыць, таму на лесапільні яму было не горай, чым у якім іншым месцы, бо праца ўсюды ёсць праца. Пасля Дарошку пачалі задаваць пытанні: пра нядаўні з’езд таварыства «Далоў непісьменнасць», класавую барацьбу ў краіне, згубнасць правага ўхілу і шкоднікаў з наркамзема Беларусі. Дарошка лёгка і канкрэтна адказваў, нідзе не памыліўшыся, як адзначыў Азевіч, які пільна слухаў кожнае яго слова, нібы той быў яго вучань і цяпер трымаў нялёгкі і адказны экзамен. Усё ж ён хацеў, каб справа перавыхавання скончылася паспяхова. Пры канцы ўжо нехта з цьмяных задніх радоў запытаўся пра бацьку, зямлю, колькі гектараў тае было ў гаспадарцы. Людзі прыціхлі, думалі, мабыць, што тут і ёсць тая загвоздка, праз якую настаўнік трапіў у лапы страшных нацдэмаў. Інакш чаму б раптам сялянскі хлопец — нацдэм! Але і тут нечаканкі не адбылося: у Дарошкавага бацькі было ўсяго чатыры дзесяціны зямлі, адзін конь, адна карова. I ўсё. У абмеркаванні настала кароткая паўза, мабыць, ужо не ведалі, пра што пытацца яшчэ, і тады з цёмнага кутка з-за піларамы ступіў распілоўшчык Каламашка. Як заўжды, напусціўшы на сябе партыйнай важнасці, сказаў: «Гэта добра, што не кулацкі сын, хоць і не бядняк, як я разумею, але адкажы ты мне во на якое пытанне: во ты і вучыцель, і граматны, а чаму ты, браце мой, па-беларуску гаворыш?» I змоўк. Стала ціха, людзі сядзелі насцярожаныя, мабыць, у тым пытанні ўчулі штосьці благое, Дарошка спакойна так адказаў у тым сэнсе, што беларуская мова — яго родная мова, таму ён на ёй і гаворыць. Азевіч тады падумаў, што тое пытанне Каламашкі, мабыць, ужо занадта, наўрад ці яно адносіцца да абвесткі сходу, і сказаў, не ўстаючы: «У нас свабода, таварышы, кожны мае права размаўляць, як хоча». Нехта падтрымаў яго, сказаў да Каламашкі: «Ты ж сам па-беларуску гаворыш». На што, аднак, Каламашка з’едліва і важна зазначыў: «Ага, я — па-беларуску, бо я малапісьменны, а ён жа настаўнік. Дык чаму ён цураецца па-расейску?»
У цэху зноў усе прыціхлі, мабыць, гэты довад Каламашкі быў зразуметы як правільны, і Азевіч не ведаў, як тут паставіць сябе, тым больш што Дарошка таксама нешта буркнуў пад нос і стаяў, угнуўшы галаву, нібы ў здранцвенні. Мусіць, трэба было прымаць рашэнне, яно было нарыхтавана ў паперцы ў Азевіча, але ў той час да яго нахіліўся Цецярук, загадчык лесапільні, і сказаў, што рашэнне трэба адкласці. Чаму адкласці, Азевіч не зразумеў, але старшыня сходу ўжо аб’явіў, што рашэнне аб перавыхаванні грамадзяніна Дарошкі адкладваецца на пасля, і сход перайшоў да наступнага пытання — збору сродкаў для зняволеных па лініі МОПРа.
Трохі расхваляваны і нават раззлаваны, Азевіч тупаў у вечаровых прыцемках дадому. Пасля сходкі яго затрымаў Цецярук з Петраковым — усё наконт Дарошкі, тлумачылі, што таму не пашкодзіць яшчэ пару месяцаў парабіць у рабочым калектыве, маўляў, яшчэ не перавыхаваўся. Але чаму не перавыхаваўся, таго яны не сказалі, мабыць, самі не ведалі; Азевіч жа, які ведаў болей за іншых, пачынаў думаць, што таму і перавыхоўвацца не было чаго. Ніякіх шкодных ці там варожых намераў ён не чуў ад Дарошкі, а веды… Ведаў ягоных ад таго, што ён папрацуе на пагрузцы ці на тралёўцы, у яго не зменшае. Калі б не паболела нават. Але во паспрабуй дакажы тое цвердаскураму Каламашку. Ці загадчыку нават.
На рагу ля местачковай сталоўкі, куды скіраваў Азевіч запознена павячэраць, ён нечакана сутыкнуўся з Мілаванам. Той, мабыць, знарок выглядваў яго, бо адразу, павітаўшыся, павярнуў у ягоны бок. «Што, у сталоўку?» — «У сталоўку», — пацвердзіў Азевіч, адразу сцяміўшы, што тая сустрэча не так сабе. «Дык вячэрай і зайдзі да нас. Справа ёсць», — сказаў Мілаван і перайшоў на другі бок вуліцы. Не спадабалася тая сустрэча Азевічу, ён ужо стаў здагадвацца, якая ў іх была да яго справа. Добра выгаладаўшыся за дзень, ён, аднак, без вялікай увагі з’еў талерку гуляшу ў пуставатай сталоўцы, запіў цёплым чаем і выйшаў на вуліцу. Надта не хацелася яму ісці ў той белены папоўскі дамок пад ліпамі, але і як было не пайсці? Трохі павагаўся і таропкім крокам пайшоў — мусіць жа, яго там чакалі.
I праўда, чакалі. За сталом, пакрытым усё тым жа чырвоным, толькі ўжо ў плямах паркалём, сядзеў зябка ахінуты шынялём Мілаван, з-пад ілба строга зірнуў на яго і, не адказаўшы на ягоны «вечар добры», папракнуў: «Змушаеце чакаць». Азевіч змоўчаў, зразумеўшы папрок, прысеў на табурэт. Мілаван выкруціў трохі кнот у вялікай лямпе, што вісела над сталом, у пакоі стала відней. «Ну, як сабранне? Перавыхавалі нацдэма?» Азевіч стрымана адказаў, што сход вырашыў адкласці гэтае пытанне на потым. «Чаму ж на потым? Вы што ж, будзеце яго перавыхоўваць да перамогі сусветнай рэвалюцыі? Хто вам дасць столькі часу?» Азевіч памаўчаў, згадваючы, як лепш адказаць гэтаму прыдзіру-начальніку, які, утаропіўшы ў яго нахмураны позірк, чакаў. «Ці ён не паддаецца перавыхаванню?» — «Не, чаму? — сказаў Азевіч. — Працуе няблага». — «Працуе! Працаваць ён будзе, куды дзенецца. А вось што ён гаворыць? Пра свой нацдэм што гаворыць?» — «Пра нацдэм не вельмі…» — «Не вельмі? А ты хацеў, каб яшчэ і вельмі? Сувязь з кім трымае?» — «Сувязь? — здзівіўся Азевіч. — Якую сувязь?» Пра сувязь ён нічога не чуў, але Мілаван тут жа задаў новае пытанне: «З Дударом бачыўся?» — «З якім Дударом?» — не зразумеў Азевіч. «З пісацелем Дударом. На пачатку лютага прыязджаў да яго. Ці вы там разам былі? Можа, ён і вас ужо ўцягнуў у тую зграю?»
Трохі памарудзіўшы з адказам, Азевіч прыпамятаў адзін нядаўні выпадак — сапраўды на пачатку лютага. Неяк у выхадны ён забег да Дарошкі, каб аддаць часопіс «Полымя рэвалюцыі», які браў надоечы з цікавасці да артыкула Лукаша Бэндэ, і ў парозе сутыкнуўся з незнаёмым хлопцам у кажушку, той ужо развітваўся з гаспадаром. Тады ён толькі і пачуў адну фразу: «Дык напішыце, калі што». Хлопец пайшоў, а Азевіч, калі яны засталіся ўдвух, запытаўся пра яго, і Дарошка неахвотна адказаў: «Ды так, прыезджы адзін». Мабыць, то і быў Дудар, пісьменнік. Але што цяпер мог Азевіч? Схлусіць, што ні з кім не страчаўся, у яго не хапіла адвагі — а раптам гэтыя ўсё ведаюць? I ён коратка расказаў пра тую сустрэчу на парозе.
«Значыць, сказаў: напішыце? А пра што напішыце?» — утаропіўся ў яго Мілаван.
«Во гэта не ведаю», — прастадушна цепнуў плячыма Азевіч. «Дык мы ведаем, — холадна сказаў гаспадар пакоя. — Пра нацдэмаўскую агітацыю. Да, да… Агітацыю на лесапільні. А ты думаў! Во што, бяры ручку і пішы». Рашучым жэстам ён падсунуў да госця чарніліцу з ручкай на беражку, паклаў аркуш паперы. «Што пісаць?» — «Што чуў, прыйшоўшы. Пра змову весці нацыяналістычную агітацыю». — «Дык я ж не чуў нічога», — разгубіўся Азевіч. «Ах, не чуў? Ці не хочаш паведаміць? Але ўспомні Зарубу!»
Азевіч знерухомеў, адчуўшы, як па ягоным целе забегалі мярзотныя мурашы, — сапраўды стала боязна. Ён і без напамінку добра памятаў свой колішні подпіс — лёс старшыні выканкома заўжды стаяў перад ягонымі вачыма. I ён ціха, але цвёрда сказаў: «Не, пісаць нічога не буду. Я нічога не ведаю». — «Не ведаеш?» — «Не ведаю». Мілаван тады ўскочыў за сталом, дужа грукнуў па ім кулаком і закрычаў, завісчэў — напружыўшыся сваім хілаватым целам: «Ды ты думаеш, што гаворыш? Ты адмаўляешся дапамагаць органам выкарчоўваць беларускіх фашыстаў! Ты іх абараняеш! Ты сам даўно ў іхняй арганізацыі! I ўжо выконваеш іхнія заданні…»
Азевіч сядзеў моўчкі і чуўся ні жывы ні мёртвы ад разлютаванага крыку гэтага начальніка, які ва ўсе бакі тузаў сваёй голенай галавой на вяртлявай жылістай шыі. Але Азевіч ужо трохі адышоўся ад першага спалоху, маўчаў і думаў: «Крычы, крычы! Хоць пасіней!..» Ды гэпэушнік не пасінеў, а неяк на паўслове спыніў крык і закашляўся. Кашляў доўга, нібы пры коклюшы, крыху перапыняўся, харкаў кудысьці пад стол, выціраў рот скамячанай насоўкай і пачынаў кашляць зноў. «Ці не сухотны?» — без жалю падумаў Азевіч. Падобна, аднак, у таго пайшла кроў, бо, чарговы раз харкнуўшы пад стол, ён выцерся, зірнуў у насоўку і махнуў на яго рукой — ідзі! На парозе Азевіч пачуў: «Яшчэ паклічу!» — і хуценька выскачыў на ганак.
Ушчэнт знясілены, ён ледзьве датупаў тады да свае халупы над рэчкай, не распранаючыся сеў ля стала, сядзеў, думаў. Пацершыся аб яго ногі, ціхенька ўселася на падлозе ласкавая бабчына кошка, а ён усё думаў. Можа, кепска зрабіў, што не паслухаўся Мілавана, мо цяпер пасадзяць самога? I не ведаў ён, як яму цяпер быць з Дарошкам? Можа, зараз пайсці да яго і расказаць, што ад яго дамагаліся ў аддзеле. Але што падумае пра яго Дарошка? Урэшце не стрываўшы адзіноты ў хаце, выйшаў на двор і паплёўся да Вайцяшонка. Той у сподніках адчыніў дзверы, упусціў яго на кухню, і Азевіч сцішана расказаў яму пра свае вечаровыя прыгоды. Вайцяшонак пакутна маўчаў, бы нямы, аж стала няёмка. Толькі бліскаў на яго пакутным позіркам пры цьмяным святле газнічкі. Тады Азевіч сказаў, што, мабыць, трэба папярэдзіць аб тым Дарошку, ад чаго Вайцяшонак ажно падскочыў на ўслоне. «Ні ў якім разе! Ты што! Загубіш сябе і Дарошку не паможаш. Павер мне, ужо я ведаю». Азевіч паверыў: усё ж ягоны сусед рабіў у райкоме, не тое што ён — на лесапільні.
На тым яны і развіталіся, а назаўтра, прыйшоўшы на працу, Азевіч дазнаўся, што нацдэма ўзялі. Людзі ўжо ведалі, за што. Нібыта рыхтаваў дыверсію на лесапільні і наогул быў польскі шпіён. Толькі прыкідваўся беларусам. Азевіч слухаў, што пляткарылі людзі, і думаў: наконт польскага шпіёна — лухта. Ён прыпамятаў адну размову з Дарошкам, як той дужа наракаў на палякаў за іх даўнія намаганні завалодаць беларускімі землямі. Не любіў нацдэм палякаў, то пэўна. А наогул ён не ведаў, як адносіцца да Дарошкі, шкадаваць яго або не. Часам Азевіча брала злосць, што праз яго столькі наперажываўся гэтай зімой. Часам з’яўлялася ціхае задавальненне, што ўсё ж не прычыніўся да ягонай пасадкі. Увогуле Азевіч паводзіў сябе з ім сумленна: калі не абараняў, дык і не паддаваў ні ў чым. Усё папраўдзе, не тое што з Зарубам. Гісторыя з Зарубам з’явілася для яго добрым урокам, ён не забудзе яе да смерці. Але Мілаванава абяцанка паклікаць яго яшчэ надоўга атруціла яму жыццё. Ён са страхам чакаў таго выкліку кожны дзень на працы, ідучы дадому, бываючы ў райкоме, дзе на вуліцы ці нават уначы ў ціхай бабчынай хаціне над рэчкай. Тое пакутнае чаканне працягвалася доўга, ды Мілаван чамусьці не клікаў. А пасля паклікалі, відаць, самога Мілавана. Казалі, паехаў на нараду ў Менск, з якой так і не вярнуўся. Ні праз дзень, ні праз месяц. Знік без следу і гуку.
…На нейкі няпэўны час Азевіч нібы выпаў з жыцця, напэўна, страціў усялякае адчуванне явы і быў ці то ў сне, ці ў трызненні, а можа, у мінулым, якое таксама было не лепшае за самы пакутны сон. Як некалі ў дзяцінстве. Звычайна ўсё ішло ад пачуцця адзіноты, пакінутасці ў цёмнай хаце, яго ахопліваў страх, ён баяўся немаведама чаго. I ў той яго страх паступова ўваходзіў нехта знадворку, нехта варушыўся за акном. Ягор заплюшчваў вочы, а як расплюшчваў, бачыў за шыбінай цьмяную касмылявую морду, то, канешне, быў воўк. Ён стрыкаў вушамі, напружана зазіраў у акно невядома з якім намерам, можа, каб улезці ў хату. Ад страху Ягор нібы прачынаўся, але навакол была тая ж адзінота, толькі Ягор пачуваўся зусім не дзіцем — цяперашнім дарослым чалавекам, але ўсё роўна яго апаноўваў той даўні дзіцячы страх — пакутны страх, якога немаведама як было пазбыцца. I зноў ваўчыная пыса за цьмяным акном. Хіба ў адрозненне ад дзіцячага сну цяпер ён не прачнуўся — ён проста не меў сілы на тое — і трываў, пакуль здані прывіднага самі па сабе не змарнелі, не сышлі на іншае — такое ж цьмянае, невыразнае, але па-ранейшаму страхавіта-пакутнае.
Дзіва, але ён не мог саўладаць з сабой, не мог намагчыся прачнуцца. Ён нібы зачапіўся дзесь на мяжы прывіднага сну і явы, адчуваючы толькі, што яму кепска. Нават дужа кепска. Што і дзе балела, таго Азевіч уцяміць не мог, проста яму было блага — можа, болей у змэнчаных пачуццях, чымсьці ў целе. Хаця і цела ўспрымалася ім як суцэльны немачны боль. Дужа хацелася піць, унутры, здавалася, усё ссохла, і было то горача, то так сцюдзёна, што на ім хадуном хадзіла гарохавінне, пад якое ён закопваўся ўсё глыбей і глыбей. Толькі наўрад ці ён адчуваў тое, таксама як не адчуваў ужо, дзе ён апынуўся. У тлумным трызненні мроілася нейкая даўніна, штось з даўно перажытага; надта пакутнае, яно перапынялася ягоным фізічным, не меней пакутным пачуццём. I толькі краёчкам свядомасці на кароткі час ён цяміў сваё лаўжо ў шархоткім каляным гарохавінні, наўрад ці разумеючы, як і калі ён трапіў у яго. Як трохі вальнела і мешаніна прывідаў адступала ў сваёй выяве, пачуцці зноў апаноўвала страхам ад усведамлення таго, што ён хутка памрэ. Памрэ, як памёр Гарадзілаў, бо хвароба магутна ўхапіла яго сваёй кашчавай рукой, адабрала сілу і нават волю да паратунку.
Ён не ведаў, колькі мінула часу, як ён запоўз сюды, і наогул які цяпер час, толькі аднойчы раптам расплюшчыў вочы і ўбачыў, як рэзка блішчыць побач шчыліна між бярвення, з якой пругка б’е вецер. Убачыў рэдкую крапанку гарохавіння ля твару, штосьці падумаў ці, можа, памкнуўся падумаць і зноў упаў у нябыт.
Другі раз яго пабудзіў голас, здалося, выразна, бы наяве, штосьці гукае нябожчыца маці. Адчуўшы сябе дашчэнту скалелым і спакутаваным, ён, аднак, хутка згубіў той голас і зноў упаў у праваліну пакутна санлявай знямогі. Гэтае чаргаванне забыцця і цьмянае явы працягвалася доўга, нібы бясконца, і бясконца доўжыліся ягоныя пакуты. Іншы раз ён лавіў сябе на тым, што імкнецца крыкнуць, тады сам палохаўся тае магчымасці і нейкім падсвядомым імкненнем вырываўся з непрытомнасці. Шчыліны ўжо не было побач, мабыць, трызнячы, ён скінуў з сябе гарохавінне і павярнуўся ці споўз да самай сцяны. У пуні развіднела, відаць стала змрачнаватае саламянае падстрэшша з трыма ластаўчынымі гнёздамі ля кроквы. Пад імі на бэльцы сядзеў шэры, з натапыраным пер’ем верабейка, напружана ўзіраўся ўніз, якраз у самы ягоны твар. Як Ягор цепнуў вачмі ці варухнуў чым, верабейка жвава чырыкнуў, разы два пераскокнуў з месца на месца па тоўстай счарнелай бэльцы. То была першая адзнака жывога і ў ёй праява хілай надзеі — можа, яшчэ ён неяк выкараскаецца. Азевіч варухнуў рукой, нібы вітаючы верабейку, і той, ціўкнуўшы, сарваўся з бэлькі і знік за высокай гарой саломы на тым канцы пуні.
Ветраную ціш у пуні, здаецца, парушылі нейкія новыя гукі — шархаценне, ці што, але чуліся яны за сцяной знадворку. Азевіч расплюшчыў вочы — у шчыліне між бярвення хіснуўся і замёр нейкі цень, быццам спыніўся хто. Тады ён скасіў позірк убок па шчыліне, і праўда, ля сцяны на момант мільганула чорная постаць з настырчанымі вушамі, прыціхла, штосьці паслухала і знікла. То быў сабака. Добра, што не забрахаў, падумаў Азевіч, але, мусіць, учуў яго тут. А можа, не ўчуў, можа, так сабе ходзіць па загуменні. Азевіч заплюшчыў вочы — было не да сабакі. Што ўжо яму сабака?
Між тым яго магутна скаланула дрыжака, стала нясцерпна холадна. Ён сцяўся, скорчыўся і ў апошнім намаганні шаснуў глыбей у гарохавінне, ледзьве стрымліваючы дробны ляскат зубоў. Доўга ён не мог саўладаць з тым ляскатам, не мог сагрэцца, аж покуль непрытомнасць новым заходам не ахінула яго адчуванні.
Другі раз ачнуўся ад усведамлення таго, што паблізу хтосьці варушыцца. Яшчэ не зусім дапяўшыся да явы, прыціх, нават перапыніў разгарачанае дыханне, услухаўся… Яўна дзесь побач шархацела салома, але не ад ветру з падстрэшша. Шархацела настойліва, рэзка, з невялікімі прамежкамі цішыні. Азевіч расплюшчыў вочы, аднаруч ціхенька адгарнуў ад твару калівы гарохавіння. Ён нічога паблізу не ўбачыў, ды раптам адчуў, што з-пад гарохавіння вытыркаліся ягоныя ногі. Памкнуўся падкорчыць іх, ды, мабыць, спазніўся.
— А, божухна!..
Прагучала гэта страхавіта і здзіўлена; ён, аднак, не крануўся — чакаў, невядома на што спадзеючыся. I тады паблізу выразна пачулася:
— Божачка, маці прачыстая багародзіца…
То быў страхавіты жаночы выкрык і несумненна адносіўся да яго. Прынамсі, у адказ нічога не пачулася, і ён, не ведаючы нашто, гучна выдыхнуў, бы застагнаў.
— Хто тут?
З натугай ён адхінуў ад грудзей пласт жорсткага гарохавіння, памкнуўся падняцца, ды не набраў сілы. Але яна ўжо прыкмеціла яго і знерухомела, гэтая цётка ў цёмнай хустцы, і перахрысцілася.
— Не бойся, маць, — здалося яму, сказаў ён, ды не пачуў уласнага голасу, такі той быў слабы. Давялося сказаць яшчэ — слаба і хваравіта. I, напэўна, тая яго хваравітасць надала цётцы рашучасці ступіць на гарохавінне, каб згледзець яго пад сцяной.
— Што ж гэта?.. Ці паранены?
I застыла-знерухомела, чакаючы яго адказу.
— Хворы я, цётка. Паліць усё. Піць хачу…
— Піць? Дык я зараз. Я хуценька. Збегаю па конаўку…
«Ну во і папаўся, — з’явілася страхавітая думка. — Зараз прывядзе каго… Хоць немцаў, хоць паліцаяў». Але што было яму рабіць? Ён ужо нічога не мог. Хіба застрэліцца. Застрэліцца яшчэ, мабыць, сілы знойдзе. Дзе толькі той наган?
Наган быў у кішэні, муляў пад сцягном, пра наган ён не забываўся нават у непрытомнасці. Шкада толькі, што ў непрытомнасці наган — не падмога. Але, можа, ён як-небудзь яшчэ стрывае, наможацца пабыць у свядомасці. Яму каб толькі напіцца…
Здаецца, надта ўжо хутка жанчына зноў з’явілася побач, а ён і не пачуў, як яна пайшла-выйшла. Але во зашэрхала гарохавінне, і, стаўшы на калені, цётка падала яму белую кварту. Ён памкнуўся прыўзняцца, ды не змог — так яго даканала немач. Тады цётка адною рукой прыўзняла яго галаву, а другой паднесла да вуснаў кварту. Вада здалася нясмачнай, аж памкнула на ваніты, але, спакутаваны смагай, ён выпіў паўкварты. Дужа закружылася ў галаве, наваколле паплыло, нібы ў тумане.
— Ну дзякуй.
— Можа, яшчэ чаго?
— Не, не трэба, — толькі і намогся сказаць ён і заплюшчыў вочы. Здалося, вось-вось зноў страціць прытомнасць, ды неяк усё ж утрымаўся ў памяці. Як расплюшчыў вочы, цётка сядзела побач. Была яна, мусіць, яшчэ і не дужа старая, але надта спакутаваная, цёмная з абвялага твару, выраз якога быў здаўна так знаёмы Азевічу. Жальба і клопат даўно і ўладна атабарыліся на тым твары.
— Што ж гэта ў вас? Ці, можа, прастуда? — заклапочана пыталася цётка.
— Можа, і прастуда…
— Анягож. Цяпер такі час, прастудны. Але ж… Можа, тыфус?
«Яшчэ чаго не хапала! — спалохаўся ў думках Азевіч. — Хаця хто ведае? Гарадзілаў жа памёр. Можа, і тыфус…» Цётка паўзіралася ў яго, памеркавала:
— Трэба б доктара. Ды няма ж у нас.
— Не трэба доктара.
— Не, усё ж, мусіць, трэба. Каб жа быў толькі.
— Ні ў якім разе. Я папраўлюся, цётка.
— Добра ж, калі паправіцеся. У дом вас трэба.
На тое ён памаўчаў. У дом, канешне, было б нават выдатна. Але…
— А якая то вёска, цётка?
— Дык гэта ж Заброддзе.
«Заброддзе, Заброддзе… Якое ж гэта Заброддзе? — напружана думаў ён. — А, ды гэта ж тое самае Заброддзе, дзе тады білі жорны». Не, не ён, не Азевіч — тут хадзіла іншая брыгада. Здаецца, на чале з Маладцовым. А крыху далей і яго Ліпаўка. Значыць, у тую завейную ноч ягоныя ногі вялі… Самі вялі, каб у родны кут. Але чаму так? Ці не на пагібель тое?
— У дом не трэба. Я тут…
— А хто ж вы будзеце? Не тутэйшы? — пацікавілася цётка.
— Не, не тутэйшы.
— I здалёк жа?
— Здалёк, цётка…
Ён хлусіў з чыстым сэрцам, бо яму нельга было аказацца пазнаным. Апынуцца пазнаным, мусіць, будзе небяспечна для яго. Лепей так, немаведама хто. Акружэнец. Чалавек проста. Божы чалавек, як казалі даўней. Божага чалавека заўжды пашкадуюць, прыхаваюць, а то і абароняць. А свайго? Такога, як ён? Не, лепш, каб не пазналі. Азевіч не дужа хацеў ды і не шмат меў сілы размаўляць з ёй, зноў заплюшчыў вочы. I яна, мабыць, адчула тое, дужа заклапацілася.
— Дык як жа вы тут? Сцюдзёна ж тут. Можа, я кажух прынясу? Усё цяплей будзе.
— Прынясі, ага, — пагадзіўся ён.
Яна коратка пашорхала гарохавіннем і знікла. Хутка, аднак, з’явілася, накінула на яго кажух, увішна падгарнула полы пад бок, і яму адразу стала цяплей і ўтульней. Трохі спакайнеючы, ён не расплюшчваў вачэй, зрабіў выгляд, што спіць. Аднак чуў, як яна трудна ўздыхала побач, пабыла яшчэ трохі і выйшла, шчыльна прычыніўшы вароты. Дзіўна, але з кажухом прыйшло да яго супакаенне, якога ён даўно ўжо не адчуваў. Так было ў маленстве, калі ў выстуджанай на золаку хаце яго накрываў бацька. Ад кажуха патыхала цяплом і спакоем, і ён засынаў добрым салодкім сном, які прыходзіць у маленстве, а пасля ўжо ніколі.
У той дзень пад вечар яму зноў стала блага, цела паліла гарачка, зрабілася дужа сцюдзёна, да дрыжыкаў, нават пад кажухом. Ён зноў пачаў губляць адчуванне рэальнасці і не адразу пазнаў цётку, якая прынесла яму піць — чагосьці гарачага, але нясмачнага, ледзьве не брыдкога. Яна штосьці пыталася, а ён быццам адказваў, але ўсё тое адбывалася нібы ў тумане, у стылай ветраной цемрадзі, бы напоўненай нейкім глухім вязкім пакуллем. Тое цётчына наведванне і размова з ёй былі амаль пакутнымі для Азевіча, і ён прагнуў аднаго — спакою і забыцця. Забыццё, непрытомнасць цяпер былі для яго паратункам ад гэтага бязлітаснага катавання хваробай. Але на той раз поўнага забыцця не настала, ён усё ж адчуваў сябе, свае пакуты і горачна, ліхаманкава думаў. Думаў пра тое, што, пэўна, памрэ, што ў яго — тыфус ці запаленне. Ці яшчэ якая халера. I яму рабілася шкада сябе, і брала крыўда на лёс, які змушае яго да такой недарэчнасці — памерці ў часе вайны. У гэтай во змрочнай пуні, пад гарохавіннем. Ці ён думаў калі, што яго напаткае такі канец… Ці тады, як выпраўляўся з бацькоўскага дома, здавалася, на некалькі гадзін, ды атрымалася — на ўсё жыццё. Такое бязрадаснае для яго жыццё.
Ці не прыйшоў час падбіваць бабкі? Перад канцом было самы раз тое зрабіць. Усё ж хоць ён пражыў і мала (можна сказаць, зусім не жыў), але мае сякі-такі вопыт. Чаму ж ён і каго можа навучыць, той яго куртаценькі вопыт? Не скажаш, што шмат чаму добраму. Але ўжо благому, таму, як не трэба, — гэтага ў ягоным вопыце было процьма. Але чаму так? Ці ён калі ленаваўся, шкадаваў сябе, ці рабіў што не так? Ён гатовы быў вылузнуцца са скуры, каб зрабіць усё выдатна, як тое патрабавалася ад бальшавіка. Але што выходзіла з тае яго рупнасці, на чыю яна ішла карысць? Чужая воля правіла свой д’ябальскі баль на людскіх касцях, і што на тым балі залежала асабіста ад Ягора Азевіча? Дужа мала, калі не сказаць нічога. Ён жыў па чужым сумленні, па чужых звычаях, чужых законах. Жыццё і людзі распараджаліся ім, як хацелі. I як было ў тых умовах зрабіць што інакш? Або зусім не зрабіць нічога? Як бы яму тое ўдалося, ён не разумеў і цяпер. Яго б за некалькі дзён сцерлі на парахню. Таму круціўся як мог, пакутаваў і саромеўся. Толькі каму была справа да яго пачуццяў, калі ад яго патрабаваліся вынікі.
Аднойчы ў нядзелю пасля працы ён забегся ў нардом, каб пачытаць штоколечы ў апошніх газетах. Асабліва апошнія пастановы і выступленні па сельскай гаспадарцы. Ды і прамову тав. Сталіна на пленуме ён прачытаў толькі адзін раз, а таго было мала. У панядзелак планавалася паседжанне партыйнага бюро, дзе яго меліся прымаць у партыю.
Увесь той тыдзень Ягор хваляваўся, і хваляванне яго ўсё расло, чым болей набліжаўся панядзелак. Завярнуўшы з вуліцы ў вузенькі праезд на бабчын падворак ля рэчкі, Ягор згледзеў на ім свайго Варанка. Конік, відаць, таксама пазнаў колішняга знаёмца, трывожліва ўзняў галаву ад фурманкі, у якой перабіраў ахапку сена, і ў Ягора нешта жаласна страпянулася ўнутры. Збоч на прызбе, склаўшы між каленяў вялікія рукі, панура сядзеў яго бацька.
Ягор стрымана прывітаўся, а бацька неяк імкліва ўскочыў, паціснуў яго руку, можа, хацеў абняць ці пацалавацца з сынам, ды не рашыўся, усхвалявана загаманіў штось жаласлівае. I Ягор убачыў, як пастарэў бацька — перастаў галіцца, вочы слязіліся, а штаны былі не дужа ахайна залаплены на каленях. «А я цябе, сынок, чакаю. Даўно ўжо чакаю. Хацеў ехаць, ды бабка кажа: прыйдзе. Вот ты прыйшоў…» — «Трохі затрымаўся. Каб жа ведаў…» — «Ды і я не збіраўся. Маці кажа — не едзь, на Пакрова з’ездзіш… Але тут такое дзела…»
Яны прыселі абодва на прызбу, у канцы якой неспакойна перабірала белымі лапкамі ласкавая кошачка — хацела ў сенцы і баялася незнаёмага чалавека. Зводдаль з крапіўных зараснікаў пільна назіраў за імі задзірлівы бабчын певень. «Тут такое дзела, сынок. Дзеравенцы кажуць: з’ездзі, можа, Ягор паможа, усё ж там начальства… Жыць стала неяк — гоняць у калхоз. А Калінін жа сказаў, каб па сваёй ахвоце, каб без прынукі. Пісалі, і Сталін так наказваў, бо галавакружэнне ад такіх парадкаў. А гэтыя як усселі…» — «Хто гэтыя?» — перапытаў Ягор. Тая размова яму не падабалася ў самым пачатку. «Ну гэтыя сельсавецкія — Пракапчук ды Свірыдзёнак, ды ўпаўнаважаны гэты, адбіцца неяк. Дык каб ты тут перад Дашэўскім заступіўся. Можа б, далі палёгку…» — «Не дадуць, — сказаў Ягор, — і не прасіце. Пастаўлена задача: да гадаўшчыны Акцябра ўсіх калектывізаваць. На сто працэнтаў», — сказаў ён, адразу пазмрачнеўшы ўнутры. Не хапала яму гэткіх размоў напярэдадні прыёму ў партыю. Бацька неяк адразу абвяў, высмаркаўся, выцер далонню нос. «Значыць, няма праўды? I ў нас няма, і ў вас няма. Можа, у Менску тады?» — і запытальна зірнуў на сына. «I ў Менску вашае праўды не будзе. I ў Маскве таксама. Тая вашая праўда скончылася. Іншая пачынаецца», — стараючыся як найразважней, вытлумачыў Ягор. На тое бацька, падумаўшы, зазначыў: «Калі наша, сялянская, праўда скончылася, дык ніякая не пачнецца. Тады ўсяму канец. Кранты!»
Ягор не хацеў з бацькам спрачацца, нешта пачаў яму падрабязна расказваць пра палітыку партыі ў галіне сельскай гаспадаркі. Але бацька сядзеў панылы, прымоўклы і хутка пачаў збірацца дамоў. Ягор не ўпрошваў, праводзіў нават з палёгкай. Бацькава прысутнасць яго ўжо прыгнятала, адзін выгляд пастарэлага, забітага і заклапочанага твару выклікаў у ім жаласлівую прыкрасць.
Бацька паехаў, а Ягор рэшту таго дня сядзеў над «Правдой» ды сваімі запісамі — рыхтаваўся да прыёму, які цяпер хваляваў яго болей за бацькавы клопаты. Вельмі баяўся засыпацца ў райкоме, адказаць не так на якое пытанне, чагосьці не ведаць. Баяўся, што экзамен яму наладзяць прыдзірлівы, і азіраў у думках сваю кароценькую біяграфію. Але быццам нідзе нічога. Рабіў, стараўся, спагнанняў не меў ні ў выканкоме, ні ў райкоме камсамола. Чаго было баяцца? Але ўсё роўна баяўся.
Баяўся, аднак, не таго, чаго сапраўды належала яму баяцца. Пытанняў на тым страхавітым паседжанні было і няшмат. Спыталіся пра задачы моладзі ў справе змычкі горада з вёскай, затым уедлівая Іда Шацман задала пытанне наконт апазіцыі на трэцім з’ездзе РСДРП. Усё тое ён ведаў і адказаў увогуле складна. Але вось Дашэўскі, які ўвесь час маўчаў за сваім сакратарскім сталом, папытаўся — рэзка і зласліва: «Отец вступил в колхоз?» Падлога пад нагамі ў Азевіча хіснулася, і ён, мярцвеючы, выціснуў з сябе: «Яшчэ не, не ўступіў», і ўсе ў тым пакоі ўскінулі галовы, з трывогай уставіліся ў яго. «Ну вот, видали? — сказаў Дашэўскі. — А ему проводить коллективизацию. Агитировать за колхозы. А родной отец — единоличник. Или, может, даже кулак, а?» — «Не, не кулак. Серадняк», — зусім ужо апанурана адказаў разам сцішэлы Азевіч. «Середняк, а в колхоз не вступает. В чем дело?»
Выручыў Азевіча ягоны камсамольскі начальнік Маладцоў, якога, дарэчы, Ягор недалюбліваў за няпэўны, надта ўжо мітуслівы нораў. Ускочыўшы з свайго месца ля парога, той растлумачыў, што ведае бацьку Азевіча (і калі толькі яго ўведаў?), што той вялікі прыхільнік калгаснага ладу, а не ўступіў у калгас толькі па той прычыне, што ў іх вёсцы калгас яшчэ не арганізоўваўся, і тут найбольшая віна не Азевічавага бацькі, а раённай партыйнай арганізацыі, якая яшчэ ў чымсь не дапрацавала, не растлумачыла — не ахапіла стопрацэнтнай калектывізацыяй сельскае жыхарства, як таго патрабуе пастанова ЦК ВКП(б) і асабіста таварыш Сталін. Усе згодна заківалі галовамі, а Дашэўскі прыстукнуў па стале далонню, даючы тым зразумець, што пытанне вырашана. Азевіча прынялі кандыдатам ВКП(б).
Здаецца, можна было б перадыхнуць з палёгкай, адна гара сышла з плячэй, ды ўскацілася другая, не меншая. На тым жа паседжанні прынялі рашэнне: неадкладна, заўтра раніцай усім членам бюро райкома і актыву, разбіўшыся на брыгады, выехаць у аднаасобніцкія вёскі і выбіць план збожжанарыхтовак. У асабліва ўпартых сабатажніцкіх вёсках пабіць жорны — каб не малолі збожжа, здавалі дзяржаве. Выпадкам ці па чыёй волі наўмысля Азевіч трапіў у брыгаду, куды трапіць зусім не хацеў — у брыгаду пад кіраўніцтвам Дашэўскага. Яшчэ туды ж быў прымеркаваны Вайцяшонак і адзін міліцыянер. Двое іншыя павінны былі далучыцца ў сельсавеце — з ліку мясцовага актыву.
Раніцай сабраліся перад райкомам, падагналі фурманкі. Дзянёк выдаўся шэры, восеньскі, часам браўся накрапваць дожджык, але сціхаў. Ягор адчуваў сябе дужа няёмка ў міліцэйскай лінейцы побач з Дашэўскім. Не тое што некалі з Зарубам. Той хоць і вораг народа, а быў мяккі і спагадлівы чалавек. Гэты ж — сталь! I позірк такі — з-пад ілба, звераваты, як і выгляд усяго худога, кастлявага твару. Вайцяшонак, мусіць, як кульгавы, сеў побач, а Азевіч прымасціўся ў перадку побач з возчыкам-міліцыянерам. У таго целяпаўся на рэмені наган у жоўтай кабуры, што ўсім надавала важнасці і выклікала адчуванне бяспекі. Куды ехаць, ніхто з іх не ведаў, і толькі як уселіся, першы сакратар дастаў з чыгуначнага кіцеля складзеную ў чатыры столкі паперку. «Значит, так, — абвясціў ён. — Первая деревня Кан… Кандыбовичи…» — «Кандыбічы, — паправіў Вайцяшонак. — Гэта дзесяць кіламетраў». — «Вот едем в те Кандыбовичи! Айда!»
Прыехалі ў тыя Кандыбічы, спыніліся каля сельсавецкае хаціны са сцяжком над ганкам. Там ужо чакалі — старшыня, звычайнага выгляду мужык у кортавай, аднак, талстоўцы, і двое, відаць з актыву. Дашэўскі, не злазячы з лінейкі, папытаўся: «У каво жорны?» — «Дык шмат у каго», — сказаў старшыня і палез у партфель. «А ну становись, показывай!» — скамандаваў Дашэўскі. Сельсавецкі старшыня нязграбна ўмясціўся на падножцы лінейкі, і яны паехалі па вёсцы. Зайшлі ў сенцы першай хаціны, адкуль старшыня адразу павёў у істопку, дзе ў запавуціненым куце мясціліся старыя жорны. «Так, Дашэўскі раздумна азірнуўся. — Ты!! — паказаў ён на Азевіча. — Снимай камень!»
Адольваючы пэўную няёмкасць, Ягор адкінуў убок млён, натужыўся, зняў цяжкі верхні камень, паставіў яго рубам, не ведаючы, што рабіць далей. «Давай, давай! — працягваў камандаваць Дашэўскі. — Неси на двор и бей вдребезги!» Ягор вывалак камень на двор, але разбіць яго не было аб што, і ён няўцямна прысланіўся з сваім цяжарам да гразкага кола лінейкі. «Что, не найдешь, о что расчехвостить? — гырчэў Дашэўскі. — О фундамент бей! Вон об угловой камень». Азевіч няўмела ўдарыў аб вугал, камень адскочыў і пляската лёг у гразь. «Ну ты, неумека, мать твою перемать! — вызверыўся Дашэўскі. — Бей сильней! Как врага революции бей! Чтоб искры из него — в Бога душу мать!» Другі ўдар здаўся болей удалы, каменны кругляк ляснуў бокам і разваліўся на тры часткі.
Якраз у той момант з хаты выскачыла кабета з растрэпанымі валасамі, узняла крыку на ўсю вёску. Яна так бэсціла і кляла іх, што стала няёмка, нават боязна стала. Старшыня сельсавета кінуўся яе ўгаворваць, але тая ўсё крычала і плакала. З нізкага акенца цікаўна пазіралі на падворак некалькі мурзатых дзіцячых тварыкаў. Дашэўскі, аднак, нічога, здаецца, не чуў і не заўважаў, адно ведаў — камандаваць: «Поехали дальше!»
За якіх пару гадзін яны пабілі, можа, з дзесятак жорнаў, наслухаліся крыку, праклёнаў і лаянкі, асабліва ад жанок. У адным падворку, як яны прыйшлі туды, гаспадар, мусіць, ужо ведаў, па што. То быў мажны малады мужчына, ён сам зняў тоўсты верхні камень і ладна садануў яго аб вугал. «Вот, сполнена. Будзьце спакойны», — сказаў трохі азадачанаму той добраахвотнасцю Дашэўскаму і выцер аб штаны рукі. У крайняй ад выгану хаце верхняга каменя на жорнах не аказалася, не было і гаспадара. Гаспадыня ж, нейкая дурнаватая босая баба, нічога не знала — не ведала. На ўсе пытанні старшыні сельсавета і Дашэўскага адказвала: «Нічога не знаю, нічога не ведаю». «Врет, сука, — сказаў Дашэўскі. — Попрятали».
Калі яны ў поўдзень прыехалі ў наступную вёску, Азевіч не на жарт устрывожыўся. То была Альхавіца, а ў суседзях цераз поле ляжала яго родная Ліпаўка. «Няўжо і туды? Няўжо і туды?» — забілася ў ягонай галаве страхавітае пытанне. Але ён не мог наважыцца запытаць пра тое ў Дашэўскага і маўчаў. У Альхавіцы яны таксама пабілі нямала круглых, новых яшчэ, таўстых і зусім старэчых, змеленых камянёў; зноў над вёскаю чуўся плач і праклён. Некаторыя жанчыны прасіліся, паказвалі на малых, якім трэба есці, бажыліся, што ўсё здалі, болей няма ні зярнятка. «Ах, няма? — вызверыўся Дашэўскі. — Тогда чего ж рыдаете, если молоть нечего? Бей, Азевич!» I Азевіч біў. Білі міліцыянер і кульгавы Вайцяшонак. У адной хаце, праўда, не пабілі. Выйшла маладая кабеціна, спакойна ўсміхнулася і паведаміла: «А мой у войску служыць і камандзір, не маеце права». I паказала фота курносага хлопца з двума трохкутнічкамі ў пятліцах.
Дашэўскі зірнуў на фота, на старшыню сельсавета і моўчкі павярнуў з падворка. Тут не пабілі.
Нарэшце і ў Альхавіцы ўсё было скончана. Пакінулі не пабітымі двое жорнаў — у чырвонаармейскай сям’і і яшчэ ў адной хаце, на прабоі якой вісеў вялікі замок. Дашэўскі наказаў старшыні сельсавета пабіць, як прыйдзе гаспадар. Яны ўсе ўжо прытаміліся без палудня, але першы сакратар, відаць, не меў жаднага намеру даваць сабе ці ім адпачынак. Ён зноў выцяг з нагруднай кішэні свой спіс, і Азевіч абмёр: што далей? «Так, едем в Липовку? Где Липовка?» Вайцяшонак заклапочана зірнуў на Азевіча, але той не знайшоў у сабе моцы адказаць. Праўда, тут жа да яго падскочыў альховіцкі старшыня: «А вунь, цераз поле! Во гэтай дарожкай, таварыш сакратар…»
Пакуль яны ехалі дужа знаёмай Ягору дарожкаю цераз поле, унутры ў яго быццам пераварочвалася штосьці. Ці ён думаў калі, што ягоны прыезд у родную вёску будзе з такой патрэбай? Ці яго тут чакалі калі ў такой ролі? Бацька казаў, што некаторыя яму зайздросцілі, што сын выбіўся ў людзі, хоць невялікі, але начальнік у раёне I во, ён едзе, гэты начальнік. Як ён паглядзіць каму ў вочы, калі будзе біць іхнія жорны? Што пра яго скажуць людзі? Не якія там незнаёмыя чужыя сяляне, а свае, знаёмыя з дзяцінства, мужыкі і бабы?
Аднак думай не думай, а рабіць нешта трэба. Іхнюю лінейку сустрэлі на ліпаўскай ваколіцы старшыня Пракапчук і вясковая актывістка Матруна Бабіч. Яны былі ўжо ў курсе. Дашэўскі адно запытаў: колькі двароў? «Адзінаццаць, — з гатоўнасцю адказаў Пракапчук і паказаў рукой. — Шэсць па гэты бок і пяць — па той» — «Так, чтобы было управней, разбиваемся на две группы. Ты и ты, — паказаў ён на Вайцяшонка і міліцыянера, — на ту сторону, а ты и женщины — на эту. Как твоя фамилия?» — запытаў ён жанчыну. «Ды Бабіч я, Матруна Іванаўна». — «Так, Матруна, веди нас, показывай. Тем председатель укажет».
Рабілася ўсё горш і горш, бяда падступала ўсё бліжай. Па тым, што Дашэўскі звярнуўся да Матруны, Азевіч зразумеў, што пра ягоныя, Азевіча, адносіны да Ліпаўкі ён не ведае. Каб хоць Матруна не ляпнула таго, раптам падумаў ён і сумеўся. Але што радасці з таго, што не ляпне, — яны ішлі якраз па тым баку, дзе праз шэсць падворкаў стаяла і ягоная хата. А ў хаце жорны. На якіх і ён нямала намалоў у свой час — на хлеб, на зацірку, бліны. Што тут будзеш рабіць?..
Разварушаны і знямелы, бы ў кепскім сне, ён хадзіў з гэтымі людзьмі па знаёмых падворках, стрымана, чужым голасам вітаўся з суседзямі і моўчкі ішоў у сенцы, у трысцен ці ў істопку (змалку ведаў, дзе што ў кожнай сям’і), знімаў верхні камень і выносіў на вуліцу. Ён маўчаў. Бабы крычалі і плакалі, але на бабаў грозна пакрыкваў Дашэўскі, а яшчэ болей прарэзліва сакатала актывістка Матруна — сварліва тлумачыла важнасць рашэння райкома партыі: «Трэба, бабы, болей пра дзяржаву дбаць, рабочы наш клас кожны кавалак хлеба лічыць, не на буржуяў аддамо, аддамо, бабы, на абарону, на індустрыялізацыю. Мы ўжо як-небудзь, абы наш рабочы клас, які куе сацыялізм, быў сыты-давольны…»
Так яны дайшлі і да Азевічавага падворка.
Ягор дужа не хацеў ісці першы, стуліўся за чорнай шырокай спіной Дашэўскага, наперадзе клыпала шыраказадая Матруна. Але хіба тут схаваешся? Усё роўна яны ўсе ўвайшлі ў сенцы, і ў той час расчыніліся дзверы з хаты і сястрычка Ніна крыкнула, бы знячэўку: «Мама!» Паказалася і мама, твар яе збялеў, вусны задрыжэлі, быццам яна хацела нешта сказаць, ды страціла голас. Ягор ірвануўся да жорнаў і ўхапіў знаёмы, даўно ўжо не тоўсты і не дужа цяжкі камень. Ён нічога не хацеў ні тлумачыць ім, ні нават доўга затрымлівацца тут. Бегма вынес камень на агарод, дзе з пустазелля пад плотам тырчаў вялікі круглалобы валун, з усяе сілы ўдарыў па ім. Жорнавы камень разваліўся на дзве палавінкі, і ён, хістаючыся, з апошніх высілак вярнуўся ў двор. Дашэўскі на агарод не палез — пазіраў здаля, Матруна стаяла на ганку, а з хаты чулася глухое галашэнне маці. Ніна, чуваць было, яе суцяшала. Добра, што дома не аказалася бацькі, інакш… Астатняе Ягора ўжо не надта трывожыла, самае прыкрае ён перажыў. Штосьці ў ім зламалася, і ён выразна адчуваў, што рабіўся інакшым, чым прывык адчуваць сябе.
Яны разбілі яшчэ двое камянёў, і іхняя патрэба ў Ліпаўцы была на тым скончана.
Вярталіся ў раён моўчкі, стомленыя, разварушаныя і галодныя. Ніхто нідзе не запрасіў іх пачаставацца, ды і ім было не да пачастунку. Дашэўскі зацята маўчаў, зыраючы з-пад ілба на прыдарожны абсяг. Яго тут не любілі, ні ў мястэчку, ні ў раёне, і ён, падобна, зусім не імкнуўся прыдбаць чыю-небудзь прыязнасць. Азевіч ужо ведаў, што ўвесь прымус і бязладдзе ў раёне сяляне звычайна адносілі да свайго мясцовага кіраўніцтва. Думалі: гэта яно нахабна заганяе ў калгасы насуперак волі Сталіна, яно абкладвае цяжкім падаткам сераднякоў, раскулачвае і ссылае невядома куды. Усё гэта тутэйшыя, мясцовыя, сельсавецкія, раённыя начальнікі. Трэба скардзіцца вышай, пісаць Чарвякову ці нават Калініну. I пісалі, збіралі калектыўныя подпісы пад тымі лістамі — усёй вёскай ці нават некалькімі вёскамі. Ды ўсё марна, паслабкі не наставала. Тады думалася: зноў вінаваты мясцовыя — міліцыя ці ГПУ, перахапілі пісьмы, не туды паслалі, не так растлумачылі. Доўгі час так думаў і Азевіч, аж покуль не пачаў рабіць сам у райкоме. I тады зразумеў: э, не! Не мясцовыя вінаваты ў бязлітасным стаўленні да селяніна — тое стаўленне ішло зверху. Ці не з самага верху нават. А мясцовыя дык нават часам змякчалі, расслаблялі тыя жорсткія загады і патрабаванні, што нярэдка канчалася кепска для некаторых мясцовых. Можа, менавіта праз гэта сумны лёс напаткаў і Зарубу, бо ягоная сціплая чалавечнасць замінала шмат чаму ў новым стаўленні да селяніна. Усё ж той сам паходзіў з сялянства і, мусіць, не меў для яго неабходнай па тым часе жорсткасці. Пакуль ехалі, Азевіч не мог пазбыцца адчування, што ў раёне дужа не хапае Зарубы. Не так ягонай працы ці клопату, як проста ягонай прысутнасці на сваім месцы, у выканкоме, з ягоным спакойным, разважным характарам. Вельмі шкада рабілася пры думцы, што ён — вораг, хоць і слаба верылася ў тое, але ж… Хіба мала навокал благіх людзей, шкоднікаў і шпіёнаў. Можа, як ашукалі, злоўжылі ягонай дабрынёй, зацягнулі ў свой шкодніцкі лагер. Мабыць, зацягнуць яго было нескладана — усё ж даверлівы і нязлосны быў гэты чалавек. Вельмі шкада яго было Азевічу, і тачыў маўклівы дакор сабе, што і ён неяк дачыніўся да ягонай пагібелі. Хай не сам, не па сваёй волі, лічы, цераз прынуку. Паліна!.. Во хто быў ягоны найбольшы боль і загадка, можа, на ўсё яго далейшае жыццё. Што гэта за чалавек, Паліна? Што за жанчына? Чаму яна так паставілася да яго, вясковага хлопца з яго неразбэшчаным даверам.
Прыехалі ў мястэчка не позна, але ўжо змерклася. Дашэўскі вылез каля райкома, астатнія таксама пазлазілі з лінейкі. I калі міліцыянер трохі ад’ехаў, Вайцяшонак сказаў: «Давай зойдзем? Замочым гэта клятае дзела».
Яны пайшлі да Вайцяшонка, і Азевіч у той вечар першы раз у жыцці напіўся, як не напіваўся ніколі. Заснуў на чужой лаве на покуці, не распрануты. Яўген яго не будзіў да ранку. Раніцай абодва пайшлі на работу — была нарада сакратароў, і яму належала выступіць — пра авангардную ролю камсамола ў калектывізацыі сельскай гаспадаркі раёна.
Бабчын падворак ля рэчкі адгароджваў ад суседняга стары трухлявы паркан, да самага верху зарослы кустоўем парэчак — з гэтага боку і півонямі — з другога. Неяк праз адчыненае акно Ягор пачуў ціхенькі дзявочы спеў па той бок агароджы. Хоць ён тут перабыў ужо зіму і дачакаўся лета, але неяк не дабраў часу пацікавіцца, хто жыве ў суседзях. Цяпер тая цікавасць прарэзалася, і ён, выпнуўшыся з акна, зірнуў на падворак. Над зараснікамі парэчак відаць стала бялявая галоўка дзяўчыны, якая нешта поркалася ў асветленых сонцам кветках і спявала — ціхенькае і шчымлівае штосьці. Слоў ён не мог разабраць, але крадком палюбаваўся дзяўчом і зачыніў акно. Доўга любавацца не было калі — трэба было бегчы на працу. Другі раз ён убачыў ужо знаёмую бялявую галоўку выпадкам на вуліцы. Якраз, спяшаючыся, хацеў перагнаць худзенькую дзяўчынку ў лёгенькай стракатай сукенцы, што ішла наперадзе, і здагадаўся, што гэта — суседка. Тады ён параўняўся з ёй і, павітаўшыся, гулліва сказаў: «Во суседзі, а незнаёмыя. Я ж у бабкі жыву. А вы — побач. Я бачыў…» — «Ды я ведаю, — усміхнулася дзяўчо. — Яшчэ як вы перабіраліся да Мальвіны, бачыла». — «Во як! А я не бачыў. Мяне Ягорам клічуць. А вас?» — «Мяне? Анэля». Анэля, быццам каталічка, адзначыў у думках Ягор і папытаўся, каб не маўчаць. «Куды гэта вы кіруеце? На працу?» — «Не, не на працу. У нардом за білетамі. У кіно». — «У кіно, гэта добра. А на які фільм?» — «Вы не ведаеце? „Кацька — залаты ранет“, кажуць, дужа смешная карціна, трэба паспець, каб білет купіць». — «Тады купіце і мне, — нечакана для сябе папрасіў Ягор. — У дзевяць вечара я пастараюся прыбегчы. Сёння паеду ў Залескі сельсавет, але надвячоркам вярнуся. Добра?» Анэля трохі павагалася з адказам, быццам засаромелася нават, але ён падумаў, што нічога сарамлівага ў ягонай просьбе няма — у яго проста не было сёння часу бегчы ў нардом па білет. I Анэля, відаць было, моўчкі пагадзілася. На рагу яны разышліся ў розныя бакі — Ягор пабег у райком, а Анэля павярнула за сінагогу ў нардом.
Увечары, аднак, ён прыпазніўся і ледзьве не падвёў дзяўчо. Калі, увесь спатнелы, прыбег да нардома, на вуліцы перад ім ужо было пуста — кіно пачалося. Анэля журботна стаяла зводдаль пад таполяй, пазіраючы ў канец вуліцы, і ён, згледзеўшы яе, прыветна памахаў рукой. Іх упусцілі ў цёмную, поўную народу залу, яны прымасціліся недзе ў апошніх радах, адразу аддаліся чароўным перыпетыям кіношнага жыцця на экране. Часам Ягор кідаў таемныя позіркі на суседку, тая сядзела напружаная, сцішаная, здаецца, дужа нясмелая. I, бадай, нічым не выдавала сваіх пачуццяў, нават калі зала дружна рагатала над незайздроснымі прыгодамі кіношнага героя. Адзін раз толькі засмяялася, як той пасля, як скокнуў з моста, падняўся на доўгія ногі, мокры, смешны і расчараваны. Ягор таксама ледзьве пераборваў смех, які час ад часу ў ім усё ж прарываўся.
Як выйшлі з нардома, было ўжо цёмна, яны моўчкі, бы з няёмкасцю, пайшлі ў сваю вуліцу. Патроху неяк разгаварыліся. Анэля сказала, што працуе ў аптэцы памочніцай правізаркі, што жывуць яны ў гэтым мястэчку шосты год, да таго жылі ў Полацку, а нарадзілася яна ў Ленінградзе. Ягор праводзіў яе да веснічак, пастаяў крыху, і яны развіталіся. Праўда, перад тым ён сказаў, каб наступны раз брала адразу два білеты. «А не спозніцеся?» — запыталася яна, быццам крыху дакараючы за яго спазненне, і яму тое здалося прыемным. «Ну ўжо не! — сказаў ён. — Жывы ці мёртвы буду роўна ў дзевяць».
I дарма сказаў так рашуча — той наступны раз ён наогул не трапіў на суботняе кіно — суботу і нядзелю праседзеў у Глыбачанскім сельскім савеце, дзе разваліўся сарганізаваны калгас і з ім камсамольская ячэйка. Паўцякалі камсамольцы — хто куды. Прыехаўшы ў панядзелак, пайшоў у аптэку, але тая ўжо зачынілася, тады ён проста пайшоў да падворка суседзяў. Пастаяў каля веснічак, паслухаў. Чакаў, можа, яна выйдзе з хаты, убачыць яго, загаворыць. Але замест дачкі выйшла маці — нестарая яшчэ кабеціна з гладка зачэсанымі валасамі і куртаценькім фартушком наперадзе. Яна сказала, што Анэлі пакуль няма ў хаце, але павінна вось-вось прыйсці. Калі яму трэба бачыць яе, дык можа зайсці ў пакой, дзе можна будзе яе пачакаць. Ён падумаў і нясмела патопаў цераз падворак да ганка.
Не шмат у каго з ягоных знаёмых местачкоўцаў ён быў дома, болей у Вайцяшонка, хатні лад якога мала чым адрозніваўся ад звычайнага вясковага. Вялікі стол у таго заўжды быў завалены кніжкамі і пачкамі вучнёўскіх сшыткаў жонкі-настаўніцы, сярод якіх часцяком выглядвалі шклянкі і талеркі з недаедкамі, даччыны лялькі; на ложку ляжала вопратка, сярод якой можна было прысесці, бо зэдлікаў было ўсяго два. Таму яго прыемна падзівіла ў гэтай кватэры не так абстава — круглы стол пад сурвэткай, камод, канапа, — як свежая чысціня вышараванай да жоўтага колеру падлогі, пакрытай пярэстымі паласамі дываноў. На ўсіх трох невялікіх вокнах з чысцюткімі шыбамі ружавелі кветкі, кветкі былі і на лаўках пад вокнамі. Мабыць, тут любілі кветкі, не дзіва, што цэлыя зараснікі іх буялі на падворку. У куце за некалі шыкоўным, хоць і пацёртым крэслам высілася шафа з кнігамі ў некалькі ярусаў. Такой чысціні і парадку Ягор яшчэ не бачыў — ні ў прыватным жытле, ні ў важных казённых установах, — аж боязна было ступіць. Тым не менш гаспадыня ветліва запрасіла яго ў тое самае шыкоўнае крэсла, у якім ён сеў — бы праваліўся да самай падлогі. «Вы наш сусед, кватарант бабкі Мальвіны? — з ветлай усмешкай пыталася гаспадыня. — Анэля расказвала, як вы з ёй хадзілі ў кіно. Яна кіно дужа любіць, не прапускае ніводнай карціны. Раней з Лінай, сяброўкай, хадзіла, а цяпер засталася адна. Лінка паехала вучыцца ў Віцебск, а ёй тут трохі адзінока. Дык вось вы…» — «Ну, я так, за кампанію, — сказаў Ягор. — Мне, ведаеце, не надта да кіно: мала часу». — «Ведама ж, у вас дэфіцыт часу, вы ж у райкоме працуеце? Наш бацька таксама совслужачы, праўда, не такога маштабу, але вольнага часу зусім не мае. Усё праца, праца…» — «А дзе працуе ваш бацька?» — папытаўся Ягор, тое было для яго важна. «Ды ён на льнозаводзе. Бухгалтарам», — сціпла адказала жанчына, стоячы з ручніком па другі бок стала, і Азевіч прыпамятаў. Ён некалі нават знаёміўся на нарадзе з бухгалтарам ільнозавода — немаладым ужо, ціхманым чалавекам у акулярах. Тады льнозавод не выканаў план, і ўсё яго кіраўніцтва на бюро райкома атрымала добрую нахлабучку ад Дашэўскага. Думалі, дырэктара пасадзяць, ды неяк абышлося. «Анэля павінна прыйсці, а пакуль, каб не было сумна, я пачастую вас гарбаткай з малінай. Ну і кніжкі можаце паглядзець. Вунь Дзюма ў нас ёсць. Ці Дастаеўскі, калі паважаеце». Гаспадыня выйшла, а ён павярнуўся да паліцы з кнігамі. Было шмат мяккіх кніжак з разрэзанымі старонкамі, а яшчэ болей тоўстых, у каляных вокладках з чорнай або пярэстай, пад мармур, паперы, з залатымі літарамі на скураных корках. Ягор выцягнуў адну, пагартаў, ды малюнкаў у ёй не было, і ён запіхнуў яе назад у вузкую шчыліну між іншых кніжак. Побач была і яшчэ такая, і яшчэ. Нешта падобнае на ціхенькае шкадаванне ці зайздрасць з’явілася ў ім — усё ж столькі чалавечай мудрасці ідзе стараной, паўз яго, неспазнанае, няздзейснае для яго. Ну, але, мабыць, такое іхняе жыццё, такі лёс. Да ўсяго не дапнешся, тут хоць бы ўхапіць якія вяршкі людскіх ведаў.
Гаспадыня тым часам прынесла шклянку гарбаткі і сподачак варэння, але ён не спяшаўся піць. Ён не мог адарвацца ад кніжак, аўтары якіх былі яму амаль спрэс невядомыя. Хіба апроч некалькіх тамоў Талстога, Пушкіна і дзвюх кніжак Купалы. Такога багацця ён не бачыў нават у даволі вялікай бібліятэцы нардома, дзе, як хваліўся яго загадчык, быў самы поўны збор твораў класікаў марксізму. «Спадабаліся вам кніжкі? — спытала гаспадыня. — Анэлі дужа падабаліся. Дзюма, Вальтэра Скота, Гюго яна прачытала яшчэ ў школе. Тады дужа любіла чытаць. Цяпер меней. Ну, але такі час. Усё ж падрасла, тэхнікум скончыла». — «Які яна скончыла тэхнікум?» — запытаў Ягор. «Аптэкарскі, — сказала гаспадыня. — Я ж таксама фельчаркай рабіла. Зараз не раблю», — сказала гаспадыня і сціпла прымоўкла. Ягор хацеў папытацца, чаму яна цяпер не працуе, як грукнулі дзверы і ў пакой ступіла Анэля. Згледзела яго, і шчокі яе сарамліва запунсавелі. «Мама! — сказала яна нібы з дакорам. Але тут жа знайшла жартоўны тон і весела засмяялася. — Вы майго кавалера гарбаткай частуеце? Але яму, мабыць, няма часу. Ён чалавек партыйны і нават на спатканне не прыходзіць». — «Нічога, якраз сёння я маю часу». — «Маеце, ну дык добра. Тады мы разам адзначым юбілей нашага татачкі», — жвава абвясціла Анэля. Ягор ніякавата паморшчыўся, дзяўчына заўважыла тое і энергічна запратэставала: «Не адмаўляйцеся, татачка будзе рады. Я яму ўжо расказвала, як мы хадзілі на „Кацьку“, а ён некалі ведаў таго рэжысёра. Як мы жылі ў Піцеры. Можа расказаць, будзе цікава».
Каб не замінаць жанчынам, якія ўзяліся накрываць стол, Ягор перайшоў у бакоўку, мабыць, Анэлін пакойчык з акуратна засланым ложкам, столікам ля акна, на якім буялі ўсё тыя ж кветкі, ад чаго тут было нават трохі з прыцемкам. Анэля пасадзіла Ягора да таго століка з кнігамі, сярод якіх адна вылучалася надта вялікімі памерамі, і Ягор асцярожна выцягнуў яе з-пад іншых. Гэта, аднак, аказалася не кніга, а старасвецкі сямейны фотаальбом. Застаўшыся на адзіноце, Ягор пачаў разглядваць яго незнаемых насельнікаў — маладых і старых, з бародамі і без барод, мужчын у мундзірах з радамі бліскучых гузікаў, дам у доўгіх спадніцах, старанна прычасаных, прыбраных дзяўчат, падлеткаў, што сціпла пазіралі на яго з каляных старонак альбома. Былі тут і афіцэры з шашкамі, у пагонах, і нават адзін, мусіць, нейкі важны святар у расе з вялікім крыжом на бліскучым металічным ланцугу. Гэтыя хоць і выклікалі пэўную цікавасць, але не падабаліся Ягору, бо, пэўна ж, былі ворагамі пралетарыяту. Зрэшты, таксама як і іншыя, думаў Ягор. Ён яшчэ не дагартаў альбом, як у пакой убегла Анэля, таксама з куртаценькім фартушком, падвязаным на яе тоненькай таліі. Яна аж здзівілася: «Няўжо зацікавіліся? Ды не трэба гэта», — і хацела адабраць альбом, але ён не даў. «Не, цікава, столькі фатаграфій!» — «Дык гэта ж уся радня яшчэ з таго веку. Піцерскія ўсё». — «I ты тут ёсць?» — пацікавіўся Ягор. «Ай, я саплячка яшчэ, во ў канцы, на апошняй старонцы». Яна адгарнула некалькі аркушаў і паказала на два бляклыя здымкі, дзе была знята, мабыць, яшчэ ў школьныя гады, можа, дзесяцігадовай дзяўчынкай, што напружана ўзіралася ў фотаапарат. «А гэта хто?» — папытаўся ён, паказваючы на невысокага чалавека ў форменнай тужурцы з гальштукам і ў акулярах, штосьці ў ім здалося Ягору знаёмым. «Дык гэта ж наш татка, — сказала Анэля. — Яшчэ як у гімназіі вучыў». — «А ён што, вучыцель?» — «Выкладчык матэматыкі. А цяпер бухгалтар», — сціпла паведаміла Анэля. «Так, так, — сказаў Ягор, адчуўшы і тут невядомую яму жыццёвую драму, якая, напэўна, спасцігла гэтых людзей. — А гэты поп?» — паказаў Ягор на святара. «То мой дзядзечка архірэй. Ён памёр ужо… Я была ў яго любімая пляменніца», — уздыхнула Анэля. Ягор паўзіраўся ў святара, але не сказаў нічога.
Неўзабаве прыйшоў з працы і гаспадар — таўставаты задышлівы чалавек у акулярах. Жонка і дачка пацалавалі яго, віншуючы з юбілеем, пасля Анэля пазнаёміла з Азевічам. Яе бацька сціпла паціснуў яго руку: «Бухгалтар Свядэрскі». Нядоўгі час ён прыбіраўся за шафай, каб сесці за стол, скінуў паношаную талстоўку і надзеў белую сарочку ў палоску, гальштук, камізэльку і чорны, пацёрты, але яшчэ прыстойны пінжак. На стале з вялізным букетам півоняў ужо бялелі чатыры чысцюткія талеркі і каля іх былі раскладзены нажы і відэльцы — кожнаму па пары. Ягор прыгледзеўся: ці не срэбра? Можа, аднак, і не срэбра, але прыгожыя відэльцы ды нажы таксама. Тут жа гаспадыня паставіла насупраць кожнай талеркі па адным невялікім кілішку — пэўна ж, для выпіўкі, і Ягор адчуў незразумелую прыкрасць да гэтае вытанчанасці, якая яму была нязвыклая і нават незнаёмая. Але і прыемнасць у чымсь адначасна. Як запрасілі сесці, ён нейкі час баяўся дакрануцца да гэтых далікатных рэчаў, не ведаў, што ўзяць першым і ў якую руку, і трошкі сумеўся ад няёмкасці. У галаву аднекуль убілася недарэчнае слова і гучала: «Абыватальства, абыватальства…» Тым не менш усё ж прыемнае было тое абыватальства.
Пачастунак, аднак, быў даволі сціплы: тушоная капуста з печы і дранікі ў смятане.
Яны з бацькам выпілі па адным кілішку нейкай саладкаватай наліўкі, жанчыны толькі прыгубілі, пажадаўшы бацьку здароўя і шчасця. Той, аднак, трудна ўздыхнуў: «Ці думаў калі, што такое будзе маё пяцідзесяцігоддзе…» Ягор ахвотна выпіў свой кілішак, але еў не надта, усё ж было няёмка чужому ў гэтай невялічкай сямейцы, ладнай сваёй згоднай еднасцю. Рэшту таго дня, на змярканні, яны з Анэляй пайшлі пагуляць па-над рэчкай, і Анэля ціхенька апавядала яму пра колішняе жыццё ў Петраградзе, дзе бацька вучыў у гімназіі. Да рэвалюцыі, канешне. Бацька паходзіў з простай сям’і, ягоны брат нават быў відны рэвалюцыянер, сацыял-дэмакрат, сядзеў у турмах, а пасля эмігрыраваў у Германію. А вось з маці ім не пашэнціла — маці была дваранскага роду. Гэтыя ўсе афіцэры і дамы — радня матчына, праз іх і яе паходжанне гэтую сямейку гімназічнага вучыцеля Свядэрскага выслалі з Ленінграда, тры гады яны жылі ў Полацку, але мусілі з’ехаць і адтуль. Так вось і апынуліся ў мястэчку, бо далей ужо ехаць не было куды. Мабыць, тут ужо і будуць яны дажываць. А з імі і яна, Анэля, якая іх дужа любіць і не ўяўляе сабе, як можна іх пакінуць. Яны ціхенька ішлі вузенькай, добра, аднак, пратаптанай сцежкай па местачковай аселіцы. Збоку ля рэчкі ў вечаровым сутонні высіліся вялізныя вольхі, з аселіцы веяла вечаровай сырызнай, побач бялела стракаценькая Анэліна сукенка. «Ты — камсамолка?» — запытаў Ягор. «Неа, — сказала яна. — Хто мяне прыме такую», — і кораценька засмяялася, няўмела стаіўшы ў тым смеху свой трудны клопат. Ён не пярэчыў, сапраўды, з такім, далёка не пралетарскім паходжаннем не шмат чаго даб’ешся ў жыцці. Гэта горш, чым сялянскае паходжанне. Чым нават серадняцкае. Тут, лічы, амаль што кулацкім пахне. Калі не горай.
Для Азевіча настала пара новага радасна-сумнага клопату. Дзе б ён ні быў удзень, але як толькі надаралася вечаровая часіна, бег да суседзяў, і яны з Анэляй ішлі ці да ракі, ці ў нардом, калі там было што цікавае, ці проста сядзелі на лавачцы пад сцяной ля яе півоняў. Анэля аказалася разумнай, гаваркой дзяўчынай, яна прачытала нямала кніжак і ўзяла за мэту расказачь пра ўсе іх Ягору, які, канешне ж, не прачытаў і дзесятае часткі таго. Ужо былі расказаны два раманы Аляксандра Дзюма, «Айвенга» Вальтэра Скота, «Крыжаносцы» Сянкевіча. «Дон Кіхота» ён узяў у яе, каб прачытаць самому. Але не было часу, і ён паспеў адолець толькі сотню старонак гэтай тоўстай кніжкі. У дажджлівыя вечары яны сядзелі ў Анэлінай бакоўцы, і Анэля ўсё гаварыла і гаварыла. Менавіта там, у бакоўцы, ён першы раз пацалаваў яе, і дзяўчына дужа спалохалася таго пацалунку і пасля нават нічога не магла расказваць. Адно прыхінулася да яго, ён абняў яе і тады, поўны нязведанага замілавання, вырашыў у думках: «Ажанюся!» Хацеў сказаць аб тым Анэлі ці, як пісалі ў старых кніжках, папрасіць рукі, ды штось перашкодзіла таму, дужа замінала няёмкасць. Мусіць, трэба было пачакаць ці выбраць іншы, болей прыдатны момант. Ці, можа, набрацца большай рашучасці. Так ці інакш, ён не сказаў таго слова, і хто ведае, ці не зрабіў правільна. А можа, і не — як падумаць, зрабіў самую сваю вялікую памылку ў жыцці.
Напярэдадні той начы ён некалькі дзён прабыў на раёне, вярнуўся позна, вуліца ўжо спала, нідзе не свяцілася ніводнае акенца. Ён падышоў да суседскіх варотцаў, пастаяў, паслухаў. Анэліна акно таксама было цёмнае. Час, мабыць, пераваліў за поўнач, і ён пайшоў у сваю хаціну, не адразу, але моцна заснуў. Прачнуўся трохі пазнавата, у сподняй кашулі выбег памыцца на падворак і амаль сутыкнуўся з бабкай Мальвінай. Тая устала з прызбы, як ён выйшаў, і ён зразумеў: чакала яго. Але што здарылася?
«Няшчасце ў суседзяў. Бухгалтара ноччу забралі». — «Хто забраў?» — недарэчна спытаў Ягор. «А хто ж іх ведае — хто? Хапун, пэўна».
Ягор павярнуўся і, не памыўшыся, пабрыў на сваю палавіну. Дрыготкімі рукамі апрануў кашулю і, апанураны, пабрыў у райком. Ні той дзень, ні наступны ён не наважыўся зайсці да суседзяў, думаў, Анэля прыбяжыць сама, але тая не прыбягала. I ён злавіў сябе на тым, што і не хоча, каб яна прыбегла.
Ён не бачыў яе, можа, месяц ці болей, а як аднойчы сустрэўся ў мястэчку каля базару, дык перайшоў на другі бок вуліцы. Ён баяўся сустрэчы з ёй і яе бядой, як баяцца спатыкаць радню нябожчыка ці злачынца. Дужа непрыемна было яму ўспамінаць свае паходкі да бухгалтара Свядэрскага, выкрытага шкодніка на льнозаводзе, хоць сэрца па ягонай дачцэ Анэлі яшчэ балела доўга. Пакуль не адбалела дарэшты…
Звычайна, скалясіўшы раён уздоўж і ўпоперак, Азевіч пазбягаў наведвацца ў свой родны кут. Адчуваў, што тое наведанне, асабліва пасля памятнай восені збожжанарыхтовак з ліквідацыяй жорнаў, не прынясе радасці ні яму, ні яго вяскоўцам. Калі ўжо абавязкова трэба было каму ехаць у бок Ліпаўкі, дык ехаў Вайцяшонак, які таксама пазбягаў свайго Завішша ў Запушчанскім канцы раёна. Туды ехаў Азевіч, дзе ён адчуваў сябе вальней, бо ведаў толькі калгаснае кіраўніцтва ды сяго-таго з камсамольскага актыву. Але во так здарылася аднойчы, што ў сувязі з падпіскай на пазыку выязджалі ўсе дарэшты: райком партыі, райвыканком, райком камсамола, увесь раённы і партыйны актыў. З акругі і з Менска прыехалі ўпаўнаважаныя, і райком разбіў усіх на брыгады. I камусьці з кіраўнікоў спатрэбілася прызначыць Азевіча менавіта ў Ліпаўку. Калі ён, ледзьве не абураны, пайшоў у аргаддзел папрасіць, каб памянялі, загадчык Пацябун заўпарціўся: аказваецца, спісы ўжо зацвердзіў асабіста таварыш Дашэўскі. Да таго ж, маўляў, яму, Азевічу, у роднай вёсцы падпіску будзе правесці лягчэй, бо ён ведае кожнага з землякоў, хто колькі мае і чым хто дыхае. Нічога не зробіш, Азевіч мусіў паехаць у Ліпаўку.
Ехаць павінны былі трое, апроч Азевіча яшчэ раённы пракурор Гарадзілаў, нядаўна прысланы з Менска, і Ягоўдзік з райзага. Але Ягоўдзіка ў апошні момант перакінулі ў іншую брыгаду, а яму, Азевічу, сказалі: «Управіцеся і ўдвох». Так яны пагодлівым красавіцкім днём паехалі фурманкай ў родныя, даўнавата не бачаныя Ягоравы мясціны.
Пакуль ехалі, Ягор дужа трывожыўся. Арганізаваны ў Ліпаўцы калгас ледзьве ліпеў, насення для сяўбы не хапала, коні за зіму падупалі ад бяскорміцы. За год у калгасе змяніліся аж тры старшыні: аднаго пасадзілі за шкодніцтва, другі ўцёк — з’ехаў немаведама куды, прыхапіўшы дзве тысячы калгасных грошай. Цяпер там старшынстваваў Мікіцёнак-старэйшы, неблагі, старанны, але малапісьменны і мяккаваты чалавек, нейкая дальняя радня Азевічаў. Разоў колькі ён прыязджаў у райцэнтр і ўсё звяртаўся да Ягора па тое-гэта, але чым яму мог памагчы райкомаўскі інструктар Азевіч? Тут ужо без карысці быў і Дашэўскі, які таксама нічога не мог і не меў, апроч хрыплага, сарванага ад пастаянных мацюгоў голасу. Азевіч ведаў, што ў Ліпаўцы, як і скрозь, было голадна, хлеба ў красавіку, мусіць, ужо ні ў каго не асталося, даядалі бульбачку. Ён узяў з сабой у партфель паўбохана хлеба, што атрымаў на тры дні па картках, бляшанку рыбных кансерваў. Пракурор Гарадзілаў, мяркуючы па ўсім, быў чалавек гарадскі, бо, як ехалі, усё захапляўся краявідамі: які прыгожы беразняк, якое здатнае возера! Азевічу было не да краявідаў, ён думаў, як там у маці. Бацьку яна пахавала зімой, Ягор праз сваю працу не мог прыехаць на пахаванне — быў на семінары ў акрузе і даведаўся аб той смерці, як бацьку ўжо закапалі. Цяпер там маці і сястра. Сястра так і не выйшла замуж — пазнікалі жаніхі, а каторыя асталіся, дбалі не пра жаніцьбу — пра тое, як пракарміцца.
Яны прыехалі ў Ліпаўку надвячоркам. Збіраць сход, мусіць, было яшчэ рана, і Ягор паехаў у дальні канец сяла, да свае хаты. Думаў, ці дома маці, дзе Ніна? З тою думкай увайшоў на свой падворак, трохі здзіўлены, што кудысь зніклі вароты, на дрывотні ляжала ўсяго некалькі сырых палак. Значыць, кепская справа і з дровамі. Дзверы хляўка-свіронка таксама былі насцеж расчыненыя. Ён моўчкі, наперадзе пракурора, увайшоў у хату, нізенькая столь якой бы яшчэ паніжэла, усё шукаў позіркам маці. Ды пачуў яе голас аднекуль з запечча — слабы, хваравіты голас, які аддаўся ў ім балючай трывогай.
I праўда, маці хварэла. Не адразу, спакваля выпаўзла да сына, захутаная ў нейкія транты, заплакала. Ён таксама гатовы быў заплакаць, расчулены, ды прысутнасць старонняга чалавека стрымлівала ад сантыментаў. Упаўнаважаны Гарадзілаў, здаецца, не меней за яго ўражаны гэтай сустрэчай, няўцямна стаяў пасярод хаты, не ведаючы, куды прыткнуцца. Ягор папытаў пра Ніну, аказваецца, маці жыве адна, Ніна з’ехала на шахты, бо жыць няма як, есці няма чаго, апрануць таксама. «А як жа ты?» — вырвалася ў Ягора. «А што ж, сынок, мне ўжо прыйшоў канец, ужо каб вам лепей было, каб ужо вы, маладыя, жылі. А мне ўжо следам за бацькам, да яго ў пясочак…»
Са стогнамі і вохканнем маці пачала збіраць пачастунак, ды нешта не збіралася. Хлеба не было зусім, яна паклала на стол дзве закаржэлыя ляпёхі-траўнікі, прынесла аднекуль зжаўцелы кавалачак сала і знаёмы Ягору з дзяцінства счарнелы нож з адскяпаным тронкам. Паклыпала кудысь з падворка — пазычаць яйкі на яешню, сваіх курэй ужо не было. З прыгнечаным выглядам Ягор тупаў па хаце, няўцямна слухаючы, як пракурор Гарадзілаў толькі паўтарае загадкава: «Д-а-а, д-а-а-а. Дзяла…» — «Вось так», — сказаў Ягор, стараючыся, аднак, нічым не выдаць сваіх ушчэнт разварушаных пачуццяў. Але ўпаўнаважанага займала, відаць, трохі іншае, і ён запытаўся: «Каго ж мы тады падпішам? Ці гэта толькі ў вас так? Мабыць, ваша дзярэўня — выключэнне? Як вы лічаце?» — «Выключэнне! — злосна кінуў Ягор і з яшчэ большай злосцю дадаў: — I раён выключэнне! I ўся Беларусь выключэнне!» Сказаў і спалохаўся, убачыўшы ў вачах пракурора такі ж самы спалох. Абое, зацяўшы ў сабе страх, змоўклі. Ягор паныла пазіраў у запэцканае мухамі акно.
«Што ж гэта робіцца, што ж гэта робіцца?» — не мог прагнаць з галавы тую недарэчную думку, адказу на якую ў яго не было.
Няхутка, аднак, прыйшла маці, прынесла пяток пазычаных у суседзяў яек, засмажыла на прыпечку яешню. Ягор дастаў з партфеля свой абкрышаны кавалак хлеба, адкроіў тры лусты. Маці ашчадна ўзяла сваю, з прагнасцю зжавала бяззубым ротам. Таварыш пракурор тым часам даследаваў траўнік: разламаў на дзве часткі, паднёс бліжэй да акна. «Скажыце, мамаша, тут якія інгрыдзіенты? Мука, так?» — «Ай, сынок, каб жа мука, а то вотруб’е, ну, ды трава, бульбін некалькі… Бульбачка каб жа была, а то ўжо скончылася. У калгас жа два бурты забралі, на пасяўную…» — «Так, панятна. А трава якая для таго ўжываецца?» — не мог задаволіць цікаўнасці пракурор. «Дык то ж крапіўка. Якая ж яшчэ трава па вясне — крапіўка», — сціпла казала маці. «Да, але ж… крапіва жгучая! Як жа яе ў пішчу?» — «Дык жгучая, гэта калі на абмежку. А ў траўніку нічога… Калі б не калючая, а то… У рот няможна ўзяць: колецца. Калі зубы ў каго маладыя, дык гожа…»
Яны ледзьве даседзеліся да вечара, калі быў прызначаны сход. Маці ўсё скардзілася на жыццё і хваробу, і нейкая безнадзейнасць была ў яе голасе, у поўных жальбы словах. Ягору было дужа пакутна ад усведамлення тупіку, у якое павярнула вясковае жыццё, трохі няёмка перад чужым тут чалавекам — пракурорам. I ён усё думаў, як жа пройдзе падпіска? Ці падпішуцца хоць?.. З такой думкай-клопатам яны выправіліся на агульны сход.
У Суботкаў, на тым самым падворку, з якога ён тры гады таму з’ехаў з вёскі ў людзі, ужо сабраліся вяскоўцы, чакалі. Мужчыны абселі ганак, сядзелі і стаялі ля плота, курылі і неяк дужа ціхмана, амаль паныла глядзелі на іх двух, як яны падыходзілі сюды з вуліцы. Азевіч павітаўся, яму адказалі некалькі стрыманых галасоў, і ўсе змоўклі. Ён з цікаўнаю насцярогай азіраў іх знаёмыя, да часу састарэлыя, нейкія спакутаваныя твары. I ні на адным не ўбачыў ні ўсмешкі, ні шчырае добразычлівасці — хутчэй чаканне чагось боязнага і нядобрага. «Ну, як жысць?» — запытаўся Ягор, ні да каго не звяртаючыся, і яму не адразу адказалі: «Ды якая жысць? Жытуха!» — «Памерці дзешавей было б, чым такая жысць». — «Чакай, памрэм. Тады ўзрадуюцца…» — «Не засееш — канешне, памрэш. Што ж есці будзеш?» I зноў усе змоўклі. Некаторыя з-пад ілба падазрона пазіралі на яго і асабліва на незнаёмага ім Гарадзілава. I Ягор думаў усё, як жа яны падпішуцца, ці паслухаюцца яго? «Не, лепш не расчынаць гаворкі, — падумаў Ягор. — Не кранаць болек». I ён загаварыў толькі, калі сеў на сваё звыклае месца ў прэзідыуме.
Якраз з падпіскай вялікай праблемы не было. Старшыня калгаса задаў тон — трыста рублёў і мужыкі не спрачаліся. Праўда, наступны падпісаўся на 250 рублёў, а іншыя з безнадзейнай пакорай толькі пацвярджалі: «Калі ўсе, дык… пішыце. Усё адно…» Азевіч трохі здзівіўся: нібыта не разлічвалі выплочваць, такая была абыякавасць. Адна толькі кабеціна, мнагадзетная ўдава Лушка, заўпарцілася: «А не буду, і ўсё. Што хочаце робце, а не падпішуся». Яе і ўгаворвалі, і застрашвалі — не, і ўсё. «А што! — пасадзіце ў турму? Дык садзіце, і дзяцей садзіце таксама, там хоць з голаду не памруць, можа». Азевіч і выступаў, і ўгаворваў, і патрабаваў актыўнасці ад актыву і камсамольцаў, а сам ніяк не мог выгнаць з галавы неадчэпнае пытанне: «Што ж гэта робіцца?.. Ужо перасталі і баяцца…»
У тую пару Азевіч быў дужа незадаволены сабой, асабліва як стаў партыйцам, бо не выпрацаваў ён у характары бальшавіцкай цвёрдасці, патрэбнай бязлітаснасці да тых, хто замінаў, не хацеў рабіць, як загадвалі. Часам шкадаваў якую-небудзь цётку, што не магла сплаціць даведзеныя ёй нарыхтоўкі ці падатак, — клялася, што нічога не мае, што дзеці галодныя. I ён тады разгублена замаўкаў дзе на сходзе — не ведаў, што сказаць. Не тое што Дашэўскі, ці Маладцоў, ці які ўпаўнаважаны з акругі, якіх ніякія прычыны невыканання не зводзілі ў зман, не бянтэжылі. Здаць, і ўсё, хоць памры. Можаш і памерці, казаў Дашэўскі, калі супраць Савецкай улады, але памятай, што Савецкая ўлада і мёртваму не зважыць. Не ўмееш — навучым, не хочаш — прымусім, такі быў галоўны прынцып Савецкай улады ў адносінах да ўсіх — партыйцаў, непартыйцаў, служачых і сялян. Але Азевіч яшчэ так не ўмеў, мабыць, не навучыўся. А можа, і не дазваляў характар. Але ён спадзяваўся адолець тую загану, перамагчы сябе. Інакш які ж ён бальшавік?
…Адным часам ён выразна адчуў, што спіць. Хоць нічога яму не снілася і наваколле да яго амаль не даходзіла, ён быў у глыбокай санлявай немачы, і тая немач, можа, упершыню здалася яму пакутнай. Нават спрыяла ягонаму стану, якому ў сваю чаргу спрыяў спакой. Яму стала лепш, ён гэта адчуў яшчэ да таго, як прачнуўся. Яшчэ не расплюшчыўшы вочы, адзначыў, што хвароба нібыта трохі адступілася, здаецца, ён упершыню ўгрэўся пад кажухом і нават спатнеў. Трохі адхінуў ад твару касматы каўнер — у пуні было неяк дужа відна, рэзка свіціліся шчыліны ў сценах, у падстрэшшы, поўнячы цесную пуньку нейкім белым, надта чыстым святлом. Уверсе на саломе ціўкалі, пырхалі вераб’і, але на гэтую палавіну не заляталі, можа, баяліся яго. А можа, не звярталі ўвагі на нямоглага чалавека. Азевіч паспрабаваў павярнуцца на другі бок, да сцяны, ды гэта аказалася так трудна, што за адзін раз ён таго не здолеў. Ён добра ўлежаў сваё лаўжо, якое правалілася ў гарохавінні ледзь не да самай зямлі. Знясілена патузаўшыся пад кажухом, трохі ўладкаваўся зручней і тады адчуў, што хочацца есці. Здалося, знясілеў менавіта з голаду, хоць цела яшчэ поўнілася разлітай ва ўсіх частках немаччу. Але тое была ўжо не дужа страшная немач. Ён думаў, што, можа, яшчэ неяк абыдзецца, і ў гэты раз ён выкараскаецца. Можа, ён яшчэ не памрэ.
Горш было тое, што ён страціў усякае адчуванне часу — не ведаў, колькі праляжаў тут — суткі ці двое, і якая цяпер пара на дварэ — ранак ці вечар. Што не ноч, тое было пэўна. I ён пачаў чакаць цётку. Павінна ж яна прыйсці. Ён не ведаў дагэтуль, хто яна, яго ратавалка, хто там яшчэ ў яе доме. Але ён прагна чакаў яе — ведаў, яна прыйдзе не з пустымі рукамі, яна прынясе нешта, каб яго пакарміць. Як тады прыходзіла ўвечары, ён адмовіўся есці, толькі піў з белай вялікай кварты. Ён паглядзеў каля сябе і ўбачыў пад крывым бервяном ля сцяны тую кварту і ў ёй з палавінку малака. Неяк дацягнуўшыся рукой, ашчадна паднёс кварту да рота. Сцюдзёнае малако здалося смачнейшым, чым у той раз, і ён усё яго выпіў. Пасля знясілена аблёгся ў лаўжо, улез пад кажух і пачаў пазіраць на ластаўчыны гнёзды ў падстрэшшы. Адно з трох гнёздаў было, мабыць, старэйшае за астатнія, большае памерам і абкрышанае з аднаго краю. Можа, яго ўлетку бурылі хлапчукі? Але было яно тут прыладжана лепей за іншых — у самым кутку пад кроквай і трымалася. Прыйдзе вясна, прылятуць ластаўкі, наносяць у дзюбках свежай гразі з лужын і падновяць сваё гняздзечка. А пасля там паявяцца тры-чатыры маленькія ў крапінку яечкі, якіх ні ў якім выпадку нельга чапаць, бо самога па твары абсыпле рабацінне. Як нельга і бурыць — пароць палкай тое гняздо. Птушыныя гнёзды бурыць нельга, вялікі то грэх. А вось чалавечыя… Жыццё толькі тое і робіць, што бурыць, не баючыся граху, спрадвечныя людскія гнёзды, разам з іхнім набыткам і лёсам. А што цяпер ужо, у вайну, дык і думаць не хочацца. Але без гнязда не пражыве не толькі птушка, а і чалавек. Ён дык во ведае…
Дзіўна, але вераб’і не заляталі ў ластаўчыныя гнёзды і быццам нават не цікавіліся імі. Яны жвава ціўкалі на тым канцы пуні, часам пырхалі па бэльках і ў гэтым канцы, але без увагі да гнёздаў. Мабыць, у іх былі свае, і яны пільнаваліся сваіх. Во каб так людзі.
Людзі! Што з імі рабілі і яшчэ ад іх чагосьці чакалі. Усе гады рознага будаўніцтва яны, аднак, не былі мэтай, а толькі сродкам для ажыццяўлення тых вялікіх і не надта разумных, часам надуманых, а то і бязглуздых планаў. Хутчэй матэрыялам, з якога ляпілі розныя прыдуманыя кімсьці фігуры, не дбаючы, а ці трэба людзям тая лепка і тыя фігуры. Азевіч, сцяўшы сэрца, тады намагаўся думаць: тое патрэбна дзеля вышэйшай мэты. Хоць бы дзеля краіны, сацыялізму, дзеля будучыні. Мабыць, так думалі-лічылі многія, калі не ўсе, хоць бы і з іх, раённага кіраўніцтва. Ды ішлі гады, і ўсё выразней рабілася разуменне: калі тое на шкоду тым, хто тое рабіў, дык, мусіць, і не на карысць будучым пакаленням. На згубу ўсім.
Дужа апрыклым было яму тое перабіранне жыцця, ягоныя пра жыццё думкі, радасці з якіх было так мала. Адны расчараванні і боль. А цяпер дык яшчэ і новы вялікі боль — вайна. Тут ужо вялікая пагуба для ўсяго і ўсіх. Але тут хоць усё выразна, бы ў сонечны дзень, тут няма месца сумненням — трэба змагацца. З усяе сілы, на ўсіх франтах. Трэба неяк натужыцца і не даць перамагчы сябе. Інакш не будзе нічога — ні жыцця, ні надзеі. Але ўся бяда ў тым, ці не вернецца тое нядаўняе пасля вайны? Усё ж кожнае змаганне мае ў сабе сэнс не толькі супроць, але і за. За што ён будзе змагацца? За тое, што перажыў ён, яго бацькі, сястрыца Ніна, Анэля і яе бацька, ён не хацеў бы. Тады за што ж?
На тое ён не знаходзіў адказу.
У пуні ўсё святлела, блішчэла ад снегу, што свежа лёг знадворку, усе шматлікія шчыліны між бярвення, праз якія напірыста дзьмулі струмені ветру. Азевіч ужо не заплюшчваў вачэй, у галаве трохі павальнела, і ўвесь ён аддаўся слыху. Дзіўна, але за ўвесь час ён не пачуў нідзе ніводнага чалавечага гуку, ні голасу, ні скрыпу, ні стуку. Нібы на хутары. Але ж тое не хутар, то вёска, невялікая, праўда, вёска, здаецца, пры лесе. Цяпер, калі ад яго трохі адступіла хвароба, ён пачаў думаць-баяцца, каб яго тут не накрылі паліцаі. Ці хоць бы вясковыя здраднікі. Усё ж, мабыць, не ўсе тут такія, як ягоная цётка, ёсць жа і пакрыўджаныя Савецкай уладай. Хіба мала крыўдзілі. Можа, толькі адны па вайне забыліся на нядаўнія крыўды, а іншыя якраз цяпер іх прыпомнілі. Для гэтых, апошніх, былы райкомавец Азевіч якраз самая прынадная знаходка. Яшчэ можна і нешта зарабіць на ягонай галаве. Не, яму тут залежвацца нельга. Трэба некуды дыбаць. Вось куды толькі?
Ён трохі павярнуўся ў сваім лаўжы, прыхінуўся лбом да сцюдзёнага бервяна. Праз вузкую шчыліну відаць стаў невялікі заснежаны абсяг з плотам і далей нейкае драбналессе — ці не тое, з якога ён выйшаў ад рова. Вёскі ж адсюль не было відаць — здаецца, гэтая цётчына хата была тут самая крайняя. А самым крайнім на сядзібе аказалася гэта гумно, пуня з саломай і гарохавіннем. Можа, то і добра на выпадак чаго. Толькі на які выпадак? Каб уцякаць, трэба мець куды болей сілы, чым яе было.
Можа, ён зноў трохі задрамаў-сцішыўся, бо не заўважыў, як у пуні паявілася ягоная цётка. Ціхенька загаманіўшы, яна паставіла на гарохавінне побач невялікі вандзэлачак, пачала развязваць яго.
— Ну як жа вы тут? Трохі быццам павесялелі з выгляду. Гарачка адступілася, ага?
— Трохі адступілася, — знямогла прамовіў ён.
— Ну і добра. Ну і нічога. Дасць Бог, і паправіцеся. Ведама ж, прастуда, яна на кожнага можа. Ці які грып…Вунь у тую зіму ў нас усю вёску грып выкаціў… Тут во прынесла вам гарачага малачка і гэта… з мёдам. Мёд, ён дужа пальзіцельны. Да свацці бегала…
— Ты ж не сказала там… пра мяне?
— Ну як жа я скажу? Ці можна па цяперашнім часе…Гэта ж калі дазнаюцца, не дай Бог! I вам, і нам тожа…
— А ў вас хто яшчэ… дома?
— А бабка, маці мая. Ну і дзеткі, дзве дзяўчынкі. Сын Віця невядома дзе. У Расеі быў на вучобе, у ФЗО гэтым, а цяпер хто ведае. Можа, і жывога няма, — забедавала цётка, адразу спахмурнеўшы.
— А ў вас гэтыя, паліцаі, ці ёсць? — запытаўся Азевіч.
— У нас няма, каму тут у паліцаі ісці? Адны старыя ды бабы. А вунь з Сакоўшчыны наведваецца Петручонак-малодшы. Начапіў белы шкумат на рукаў, далі вінтоўку, дык ходзіць. Тры дні таму прыходзіў. Дужа баялася, думала, можа, дазналіся што… Пра вас.
— Тры дні? — здзівіўся ён. — А хіба я тут тры дні ўжо?
— Вы ж тут ад серады, калі памятаеце. Якраз у сераду я прыйшла за саломай, парсючку падаслаць. Аж вы стогнеце. Спужалася…
— Пастой… Ад серады, дык колькі ж я праляжаў?
— А восьмы дзень сёння.
Гэта яго здзівіла. Восьмы дзень, а ён думаў, дні два ці тры. Значыць, добра яго ўклала хвароба. Значыць, не прастуда тое. Як бы не тыф… Але яму цяпер усё ж куды лепш, жар быццам мінуў, была толькі вялікая слабасць, знямога ў спакутаваным целе.
У той час дзесь за дзвярыма басавіта гаўкнуў сабака. Азевіч аж спахапіўся ад неспадзёўкі. Цётка, заўважыўшы тое, вытлумачыла:
— То ж Ваўкалака.
— Хто?
— Ваўкалака наш. Ну, сабака. Прыплёўся, сядзіць. Зраніцы недзе бегаў, аж прыбег. Мусіць, пачуў, дзе я.
— Сабака…
— Ну, ведаеце, прыбіўся з лета, можа, з лесу прыцягся, такі быў аташчэлы, худы, прыйшоў на падворак і лёг. Чую, куры закудахталі, падумала, можа, лісіца — было ўлетку панадзілася, трох курачак уцягнула. Аж сабака. Чорны, вялікі такі. Я на яго замахала, узяла палку — не ідзе. Ну што рабіць? Дала хлеба — з’еў. І астаўся. Цяпер куды я — туды ён.
— Не брэша?
— Не. Не брахучы.
— Дык, можа, пусціце? Сюды…
— Не, не трэба. Ён… да мужчын нейкі нядобры. Гэта ж улетку на бальшаку, ну там, за лесам, нашых пленных гналі… Ой, божачка, колькі іх там ішло… па спякоце, галодных. Каторыя абраненыя, у закарэлых бінтах… I немцы абапал з вінтоўкамі. Ну, неяк пайшлі мы з сяла, чацвёра — пляменніца, ну і бабы. А ў пляменніцы мужыка перад тым змабілізавалі, думала, пабачыць. Харчу вандзэлачак узяла. Сталі мы ля мастка, на пагорачку, і праўда — гоняць! Ідуць не ідуць, а брыдуць, плятуцца, каторыя падаюць, каторых вядуць. А калі каторага не возьмуць, дык немцы бах! — і гатовы. Стаім мы, глядзім, баімося, што прагоняць немцы. Аж не праганяюць. I тут гэты… Ваўкалака прыбег, лётае каля людзей, пабяжыць у адзін бок, у другі — дужа ўстрывожаны. А не брэша,і немцы яго не чапаюць. I тут — бах у адным канцы, пасля ў другім. Гэта ж немцы страляюць, хто ўпаў. Якраз і каля мастка аднаго стрэлілі. Бабы кінуліся ўніз — ляжыць, маладзенькі такі, з перавязанай рукой. А немцы крычаць: нельга, цурук! Дык мы назад, баімося. Немцы адышліся, дык гэты Ваўкалака — туды. Падбег, халера, і кроў з травы ліжа. Чалавечую кроў, мусіць, цёплую яшчэ. Зблізку, з долу, пасля з грудзей. Мы аж забаяліся яго, во дык сабака! Як пайшлі дамоў, той недзе пабег за калонай. Ну, думаю, хай брыдзе, нашто ён такі? Аж надвячоркам з’яўляецца, дужа кульгае, праўда, падстрэлены, ці што. Лёг пад вербінай, ляжыць, толькі язык высалапіў. I нікуды не ідзе. Ну і астаўся. Аклямаўся неяк. Цяпер не кульгае.
Цётка расказала, паправіла на шыі цёплую хустку, і Азевіч не ведаў, што ёй сказаць. Прыстрэліць, мусіць, такога Ваўкалаку. А можа, і не трэба. Можа, і сабака такі ж, як людзі цяпер, — пакалечаны вайной небарака, ад несалодкага сабачага жыцця.
— Цяпер нешта да мужчын нядобры. Як пабачыць, адразу поўсць дыбам. Мусіць, дапяклі яму мужчыны. Асабліва калі ў вайсковым.
— Ды ўжо ж, дапяклі, — пагадзіўся Азевіч.
Цётка ўзялася яго карміць спярша крупнікам з глінянай місачкі, з якой ён зачэрпнуў са тры лыжкі і болей не мог. Тады яна прымусіла яго выпіць кварту цёплага малака з мёдам. I ён выпіў з вялікай натугай, бо і малако не дужа яму смакавала. I ўшчэнт прытаміўся ад тае працэдуры, аблёгся на гарохавінне. Вялікая луста хлеба ляжала некранутай на абвязаным гарлачыку.
— А як жа з хлебам у вас? — запытаў Азевіч. — Ці ёсць хлеб?
— Хлеб ёсць, — з задаволенасцю ў голасе сказал ацётка. — Намалола на тым тыдні, дык спякла тры боханы. Не тое, што ў калгасе.
— Пастой, — нешта прыпамятаўшы, сказаў Азевіч. — А дзе намалола?
— Ды ў сенцах. На жорнах.
— А хіба… Жорны ў вас не пабілі?
— А, тады! — здагадалася цётка, што ён мае на ўвазе. — Білі. На тры кускі камень пабілі. Ляжалі ў крапіве. Ды яшчэ кожны дзень рабілі абход, правяралі, ці ляжаць, дзе кінулі.
— Хто разбіў? — сказаў ён і сцішыўся, чакаючы адказу, які быў для яго дужа важны.
— Ды камсамольцы гэтыя. I акцівісты. Але мой Іванусё роўна малоў. Зрабіў такія абручы, саставіць камяні і змеле ўначы. А пасля разбярэ і зноў кускі ў крапіву. Там і ляжаць. Тыя прыйдуць, паглядзяць, у сшытачку нешта памецяць. Так і абыходзіліся, — ціхенька засмяялася цётка, задаволеная ўласнай з Іванам хітрасцю.
«Тым і абыходзіліся, — падумаў Азевіч. — I цяпер яна корміць сваім хлебам таго, хто бурыў жорны, біў камяні. Ці яна не ведае, не здагадваецца, хто ён? Ці зусім не мае крыўды на яго і такіх, як ён? Нядаўніх райкомаўцаў, камсамольцаў, актывістаў? Што гэта за характар такі — незласцівы ці непераборлівы да дабра і да зла? Што гэта — сялянскае, жаночае? Ці нацыянальнае? Адкуль яно ўзялося, добра гэта ці не? А раптам тая незласцівасць перакінецца і на адносіны да немцаў? Падумаюць, што і немцы не горш. Тым болей што дазваляюць есці свой хлеб, той, які не дазвалялі бальшавікі?»
— Я вам хлебца пакіну і малачка. А крупнік падагрэю, яшчэ прынясу. Папалуднаваць. Дык ляжыце, набірайцеся сілы, — сказала яна і ўздыхнула, загароцілася. — Можа, і мой сынок дзе так ляжыць. Калі жывы дзе. А можа, ужо ў зямельцы…
— Ды не, — паспрабаваў суцешыць яе Азевіч. — Калі малады, дык недзе ў войску. Там усё ж Чырвоная Армія, забеспячэнне, абучэнне. Ваяваць будзе.
— Каб жа хоць яго як пабядзілі, немца гэтага. А то во прэ і прэ, — сказала побач цётка і толькі цяжка ўздыхнула.
— Пабядзім, — адгукнуўся ён з кволай упэўненасцю — Не можа таго быць, каб не пабядзілі. I лепш будзем жыць. Справядлівей, чым да вайны. Усё ж класавая барацьба скончыцца, ворагаў не будзе.
Цётка не надта спрытна пачала ўставаць з гарохавіння.
— Каб жа не было, а то ўсё кругом ворагі і ворагі.
Азевічу здалося, што ў тых яе словах стаіўся пэўны недавер да таго, што сказаў ён. Але ён сказаў шчыра. Ён дужа хацеў верыць, што пасля ўсяго перажытага да вайны і ў вайну, асабліва калі выганяць фашыстаў, жыццё дужа пераменіцца. Усё ж людзі, з’яднаныя братняю справай, павінны пазбыцца класавай, партыйнай ды якой іншай варажнечы і зажыць па справядлівасці. Колькі ж можна ваяваць між сабой?
Толькі ці давядзецца дачакаць таго залатога дня гэткім, як ён? Наперадзе яшчэ колькі змагання, небяспек і пакут. Немцы, праўда, далёка, у гэтай вёсцы, можа, іх і не бачылі. Затое тут уладараць паліцаі. А колькі ў астатніх вёсках тых паліцаяў? Асабліва ў вялікіх. Ужо акупанты паклапаціліся, панастаўлялі сабе памагатых, навербавалі. Тым болей вербаваць было з каго, знайшлося добраахвотнікаў. Ці тых, што пайшлі на іхнюю службу з нявыкруткі: або ў партызаны, або ў паліцыю. Як тыя акружэнцы, уцекачы, палонныя з лагераў. Во яшчэ з кім ваяваць прыйдзецца. З сваімі!
— А дзе ж Іван твой? — асцярожна папытаўся Азевіч.
— А хто ж яго ведае, — проста адказала цётка. — Як узялі, дык дасюль ні слыху ні дыху.
— Хто ўзяў?
— Ды свае. Энкэведзісты. Быў жа брыгадзірам у калгасе, усё рабіў, як загадвалі. Нават парцейцам стаў, на сходы хадзіў. Дык узялі. Ноччу прыехалі з раёна, начальнік той Мілаван і з ім яшчэ двое. Ператрэслі ўсё, перарылі і забралі. Як ішоў, казаў, што памылка, разбяруцца і выпусцяць. Ну, я і чакала. Тую вясну чакала і лета. I год мінуў, і другі. Нічагусенькі. I завошта прапаў чалавек?
Цётка зноў змарнела тварам, апанурылася, утаропілася позіркам кудысь за гарохавінне. I ён не суцяшаў яе, не пытаўся болей нічога. Ды і што ён мог ёй сказаць? Дзе яму было браць тыя словы апраўдання ці суцяшэння?
— Гэта ж адсохла ў мяне ўсё, чакаючы. Каб жа была правінка якая, каб ён дзе зрабіў што не так, насупроць, ці ўзяў чужое. Дык нідзе ж нічога. Такі быў сумленны — і дзяцюк, як замуж ішла, і пасля, як мужчынам стаў. Ніколі, бывала, ні словам не зачэпіць, ні барані Бог, — рукамі. Усё чакала-чакала… Бразне дзе чым скаціна, здаецца — ідзе. Мільгане хто ля вакна — Іван ідзе. Ноччу, здаецца, шапоча. Прачнуся — нікога. Мабыць, ужо не дачакаюся…
— Гэта добра, калі хто чакае… Жонка павінна чакаць, не тое што некаторыя, — падумаўшы, сказаў Азевіч.
— Анягож. Некаторыя ж зусім не чакаюць. Вунь Сёмкава Агата, як узялі, дык праз месяц ужо з другім залётала. Адмовілася, кажуць, ад мужыка, ворага народа. Ці Тэкля з Кажанаў. Ну, але я не магу так. Як гэта я адкажуся? Ад свайго мужыка? Можа, дзе мая пажаданка яму паможа. Як паддзержыць. А то, глядзі, і выпусцяць.
— А што, было так, каб выпусцілі? Каб хто вярнуўся?
Цётка раздумна паківала галавой:
— Неа, у нас не чуваць было. Можа, дзе і выпускалі, але ў нас ніхто не вярнуўся. Усіх недзе там панішчылі. Звярыныя людзі.
Можа, і не трэба, каб выпусцілі, каб вярнуліся цяпер, па вайне, не ў лад са сваімі пачуццямі падумаў Азевіч.
Вунь Вайцяшонка выпусцілі, дык што карысці? Добра яшчэ, не пайшоў да немцаў, пэўна таму, што інвалід усё ж. А каб здаровы? Ці яму адкараскацца тады ад паліцыі? Не, тыя, што там пабылі, ужо прапашчыя для Савецкай улады.
Але ж гэта во цётка… Хоць там не пабывала, але ж мужыка страціла. I во глядзі — выхаджвае яго, аднаго з тых, хто тады кіраваў, ладзіў уладу. I не толькі біў жорны…
Цяжка было яму зразумець тое, ды ён надта і не стараўся пранікнуць у неразгаданыя загадкі жыцця. Хапала яму вайсковых загадак. I найбольшаю з іх быў ягоны ўласны загадкавы лёс — як быць, куды кіраваць?
Добра ўтаміўшыся ад размовы з цёткай, ён неўзабаве заснуў. Сніўся яму нейкі дзіўнаваты сон, быццам ён ходзіць па кветніку, такім, як у суседа-бухгалтара, толькі кветнік гэты на цэлае поле, і ўсё навакол абсеяна півонямі — і нехта кажа яму, што за кветнікам роў, можа, каб напіцца вады з ручая, але як ён дайшоў да рова, дык убачыў там кроў. Кроў лілася з кветніка, цурчала з голых абрываў на тым беразе, крывавыя ручаі сцякалі ў дно і нікуды болей не цяклі, кроў сабралася там у глыбокую сажалку. I тады ён убачыў, што і ягоныя рукі ў крыві і што ён імкнуўся сюды, каб памыць іх, толькі як жа і дзе тут памыеш? Тут яшчэ болей запэцкаешся. Тады ён пачаў выціраць рукі аб вопратку, найперш аб шынелак, які недарэчна вісеў на ім у гэты спякотны летні дзень. I тут аднекуль паявіўся ягоны бацька чамусьці з Белалобікам, уклаў повад у яго руку, а сам паляцеў-паляцеў у паветры над ровам. Ягор хацеў крыкнуць, каб вярнуўся, не ляцеў, бо ўпадзе, але бацька хутка знік недзе, здаецца, узляцеў у неба. I тады на тым абрывістым беразе рова паявіўся нацдэм Дарошка. Нібы вясковы дзед, той стаяў чамусьці ў нейкім белым убранні, прасціраючы рукі над ровам, і нешта не то абвяшчаў, не то маліўся ці праклінаў каго, а абапал яго цурчалі з абрыву крывавыя ручаі. Ягору зрабілася жудасна, ён хацеў уцячы, але раптам здалося, што Дарошка просіць паратунку, хоча з таго берага перабрацца на гэты, ды неяк. I памагчы яму не было як. Ад невыноснай пакуты Азевіч намогся і прачнуўся.
Сны ён сніў не часта і не надта звяртаў на іх увагі, ён проста, прачнуўшыся, не памятаў іх. Але гэты чамусьці запомніў да драбніц, і ён дужа не спадабаўся Ягору. I чаму яму прысніўся Дарошка? Што гэта значыць — крывавы роў, цераз які той не мог перабрацца? Ягор наогул не надта разумеў таго няшчаснага нацдэма, хоць у душы і не меў ніякай варожасці да яго. Адчуваў, што Дарошка — чалавек зусім не благі, разумны і адукаваны, а за што арыштавалі — хто ведае? Можа, было за што, а можа, і не. Ужо Ягор не хацеў яго нішчыць, ён шкадаваў настаўніка, толькі што ён тады мог зрабіць? Абараніць было немагчыма, загубіць — як раз плюнуць. Ну дык таго і дамагліся. Вядома, лягчэйшага.
У пуні было цёмна, не накрыты кажухом ягоны твар азяб, але целу было сугрэўна, гэтую ноч ён не пацеў. Як заўжды, ён пачаў слухаць таемныя начныя гукі, якія скупа чуліся ў пуні. Недзе ў саломе тоненька папісквалі мышы, шорхалі-тачылі салому; вецер у падстрэшшы варушыў саламяную паску, якая чуйна трымцела ў цішыні. Знадворку ў пуню, здаецца, не пранікала нічога, і праз нейкі час ён зноў пачаў трохі драмаць. Ён, можа, і заснуў, як раптам пабудзіўся ад новых гукаў — то былі далёкія стрэлы: забахалі ў цішы — раз, другі, трэці. Два разам. Стралялі з вінтовак. Падхоплены трывогай, Азевіч спярша сеў, пасля, хапаючыся за шурпатыя бёрны сцяны, устаў на калені. Усё трымаючыся за сцяну, а пасля прыхінаючыся да выскубанай сцірты саломы, пабрыў да варотаў. Тыя, аднак, аказаліся зачыненыя знадворку, але ён патузаў іх, і адна палавінка расчынілася.
Тады ў завею, як ён ішоў сюды, здалося, іншыя будынкі былі далекавата ад пуні, цяпер жа аказаліся зусім блізенька, за некалькі крокаў — хата, хляўкі. Побач паветка, ток, мусіць. Ад варотаў пуні на падворак вяла вузенькая, свежа пратаптаная ў снезе сцежка, а збоч ад яе, за полем і лесам, барвовымі водблескамі чырванела неба і чуліся стрэлы. Як ён выйшаў, бабахнула яшчэ, можа, разы тры, і ўсё там няпэўна аціхла. Толькі водблескі шырэй і вышай расплыліся па небакраі, на іх фоне высвеціліся чорныя яловыя верхавіны блізкага лесу, і ён падумаў: дзе гэта? Хіба на бальшаку ці ў Сакоўшчыне? Але, мусіць, Сакоўшчына трохі ўбаку, а гэта пад Галубяніцкай пушчай. Мабыць, пад пушчай. I нешта гарыць — пэўна ж, вёска. Значыць, паляць і ўначы, і ўначы віецца-кружыць над чалавечым лёсам крумкач пагібелі. Хто гіне толькі? Але, пэўна, там партызаны. У Галубяніцкай пушчы павінны быць з суседняга раёна, калі толькі там збярогся які атрад.
Але ён быў слабы, не мог доўга стаяць на сцюжы і пабрыў назад у пуню. На каленях успоўз у сваё добра-такі ўлежанае за тыдзень лаўжо, з галавой улез пад кажух. Трохі тросся ад дрыжакі і думаў, што, відаць, трэба неяк выпаўзаць назусім. Яшчэ дзень паляжыць і пойдзе. На гэты раз ён знае куды, дзе трэба шукаць такіх, як сам. Ды і людзі памогуць. Памагла ж гэтая цётка, у якой нават не запытаў яе імя. Ну, але запытае.
Ён трохі яшчэ задрамаў на світанні, а як ранічкай прыйшла цётка са сваім вандзэлкам, упершыню ўсміхнуўся ёй і прыўзняўся, прыхінуўшыся плячмі да сцяны.
— Ну, як вы? — запыталася яна. — Лепей?
— Лепей, лепей, — сказаў ён, стараючыся, каб бадзёра.
Яна развязала свой вандзэлачак, дастала міску з дранікамі і скваркамі, ад якіх паўзабыты пах разышоўся па ўсёй пуні. На гэты раз ён з’еў усё, выпіў кварту цёплага малака. Лусту смачнага цётчынага хлеба сунуў у кішэню.
— Ці чулі, як стралялі ўначы? — запытаў ён і сціх, чакаючы адказу.
Цётка з клопатам зірнула на яго.
— Анягож! Пад ранак такая страляніна — у Касцюкоўцы, кажуць.
— Гэта дзе? Пад Галубяніцкай пушчай?
— Ага, пад пушчай. На самым краёчку. Гарэла там нешта.
— Палілі?
— Пэўна ж, палілі.
Ён думаў, што, можа, яна ведае нешта пра начныя падзеі, але, мабыць, не больш за яго.
— Сёння я пайду ад вас, — сказаў ён з рашучасцю. Хоць жаднай рашучасці яшчэ сам не меў — не ведаў, ці адолее сваю слабасць. Ён чакаў, што цётка будзе ўгаворваць яго пачакаць, паляжаць пару дзён у пуні, ды цётка сказала толькі:
— Гэтак? Пойдзеце?
— Трэба ісці. Нельга мне доўга аставацца. Я ж з райкома. Маё прозвішча Азевіч, можа чулі? — сказаў ён, расчулены цётчынай дабрынёй да яго. Чакаў, што яна здзівіцца, ці зазлуе, ці папытаецца яшчэ пра што, а цётка сказала проста:
— Я ж ведаю.
— Ведаеш? I ведала, хто я?
— Ну. Я ж пазнала. Як вы тады перад вайной сход праводзілі ў Трыкунах. Яшчэ тады з жанчынкай такой беленькай былі. I старшыня выканкома, як яго, забылася… Што вораг народа стаў.
— Заруба.
— Во-во, Заруба. Я тады ў сястры там была, схадзіла на сход. Вас бачыла. Малады такі, у будзёнаўскім шлеме…
Вось так, кола замыкалася. А ён думаў!.. Ён думаў, што ніхто — нічога. Аж ведалі, памяталі. Не чакалі толькі. Але і нечаканага прынялі, можа, уратавалі ад смерці Чым жа ён аддзячыць гэтай сардэчнай цётцы? Чым парадуе яе ў не меней, чым у яго, трудным жыцці.
— Тут во яшчэ такая праблема, — сказаў Азевіч. — Падэшва ў мяне адарвалася.
— Гэтак?
— Во як, — варухнуў ён з-пад гарохавіння дзіравым ботам. — Можа б, мне які бот расстаралася?
На і без таго заклапочаным твары цёткі прабег яшчэ большы клопат.
— Дзе ж яго ўзяць? У мяне ж ботаў няма. Ні мужчын, ні ботаў. Сама во ў апорках хаджу. Можа б, адрамантаваць як? — раптам ажывілася цётка. — Калі вы зніміце, дык я да Крывені схаджу. Тут наш, вясковы, ён пачыняе каторым.
— Ну што ж, — сказаў Азевіч. — Паспрабуй, можа, падаб’е.
З вялікай натугай ён здзёр з нагі падсохлы за час ягонай хваробы бот, прыкрыў босую ступню сапрэлай анучай. Яна ўзяла бот, затуліла пад палою.
— Але ж каб не бавіцца. Добра? — сказаў ён.
— Ну, я ж папрашу.
Цётка пайшла, а яму стала неспакойна на душы: усё ж бот — падазрэнне, яўна мужчынскі памер. Ну, але, можа, абыдзецца, бо, на выпадак чаго, куды ж яму з босай нагой? I ён падумаў тады, дарэчы, не ў першы раз: як ладзілі тое партызанства, усё дужа таіліся, колькі клопату было, каб ніхто не бачыў нічога, нічога не западозрыў. Меліся ваяваць толькі з сваіх прыпасаў, знацца толькі са сваімі кадрамі. Але дзе яны цяпер, тыя прыпасы, дзе тыя правераныя кадры? Цяпер во — цёткі. I што б ён рабіў, каб не гэтая, нікому ў іхнім раёне не вядомая цётка? Цяпер на яе ўвесь яго спадзяванак, ад яе ўвесь паратунак.
Азевіч наважыўся ісці, як сцямнее, цераз поле, мінаючы жахлівы той роў. Для таго нагледзеў добрую палку-кій, што стаяла пры варотах у пуні. Добра, што снегу ў полі насыпала яшчэ не шмат, на палетках ледзьве прытрусіла ржышча, можна было ісці без дарогі. Галоўнае — дабрацца да Касцюкоўкі. Там ён прыпамятаў каго-нікаго з даваенных знаёмцаў, ужо яны дапамогуць. I павінны звязаць яго з хлопцамі ў Галубяніцкай пушчы. Іншага выйсця ў яго не было.
Так, трэба было выбірацца адсюль і пачынаць усё нанова. Зноў пакутаваць, галадаць, трываць боль і сцюжу — змагацца. Што трэба змагацца з захопнікамі — у тым ён не адчуваў сумневу. Калі яны захопяць, панішчаць, разапнуць на крыжы народ — не будзе нічога. Ні мінулага, ні сучаснага, ні будучыні. Бо яны — звяры. Значыць, змагацца за будучыню. Але ж, мусіць, і за мінулае?.. Ці не пяройдзе тое агідна мінулае і ў будучыню таксама? Мабыць, пяройдзе… Тое самае, што перажыта з такім болем і вялікаю крыўдай. Але ж гэта жахліва! Во становішча, каб яно згарэла. I выбару ніякага.
Мусіць, аднак, нешта зменіцца, хацеў пераканаць сябе Азевіч. Не можа так быць, як было, — не павінна. Усё ж з народам так нельга. Нават і беларускі люд мае нейкае права на людскія адносіны да сябе. Бо ў чым ён вінаваты, дзе ён калі схібіў? Хоць бы і цяпер, у вайну. Не здрадзіў, не перабег да немцаў, страчае іх з варожасцю, як чужынцаў. Хоць да чужынцаў ён заўжды быў цярплівы, дазваляў тым мо нават больш, чым сабе. Але тут нельга. Гэта не чужынцы — рабаўнікі і забойцы. Хацелася верыць, што пасля перажытага, пасля крывавай калатнечы-вайны, калі толькі люд ацалее, дык набярэцца новага розуму. Не можа ж быць, каб такая вайна нічаму не навучыла. Хоць бы якой дабрыні, спагады да саміх сябе. Нельга ж увесь век жыць без спагады. Павісшы на крыжах, нават не плакаць.
Зрэшты, выбар у яго быў невялікі — усё было загадзя наканавана. Першы заход няўдалы, трэба пачынаць другі. Пакуль не скончацца сілы. Ці не прыйдзе пагібель. Бо такі, відаць, яго лёс. Ягоны лёс. Ды і народны таксама. Што ж яшчэ застаецца? Да скону біцца за Савецкую ўладу. Іншай няма ж.
Увесь той дзень да змяркання Азевіч марнеў ад думак, перажыванак — чакаў цётку. У трывожлівай стоме прагледзеў усе вочы, узіраючыся ў шчыліны, разы два ўставаў, кульгаючы на босую нагу, тупаў сюды-туды па вальнейшым месцы ў пуньцы. Часам яго забірала трывога: а раптам не прыйдзе? Ці прыйдзе і прывядзе каго?
Але яна прыйшла адна, як заўжды, ціхенька расчыніла палавінку варотаў і гэтак жа ціха прычыніла яе.
— Во ваш бот. Падбіў Крывеня. Кажа: а дзе другі? Ды, кажу, другога няма. Як, кажа, няма? Ну, схлусіла няспрытна. Пяць яек аддала і яшчэ пяць вінаватая асталася…
— Дзесяць прасіў?
— Дзесяць.
— Ну і шкурадзёр той Крывеня.
— Не, ён не шкурадзёр, ён добры. Выпівае толькі. Яму каб самагонкі, але ж у мяне дзе тая самагонка? Дзве курачкі толькі.
Седзячы на гарохавінні, Азевіч уздзеў на нагу бот і адразу адчуў сябе зусім спраўным. Каб толькі болей сілы. А то аж закружылася ў галаве. Цётка тым часам падала яму тарбіну з харчам.
— Во, многа не клала, каб вам цяжка не было. Усё ж пасля хваробы… Ну, дык беражы вас Бог.
Яны выйшлі з варотаў і спыніліся на рагу пуні. Ужо зусім змерклася, у белым сутонні ляжала ваколіца, далей шарэла чэзлая паска кустоўя. Усё ж ён чуўся слабым, хістаўся нават на ветры, але мяняць свайго рашэння не стаў. Пойдзе. Можа, разыдзецца, у дарозе стане лягчэй. Мароз быў невялікі, ноч відная, можа, не заблудзіць. Мясцовасць ён трохі памятаў па колішнім часе.
— Ну, цётачка, дзякуй табе!
— I табе шчасліва.
Ён трохі абняў яе адной рукой і хістка ступіў у снег. Пасля, не азіраючыся, пайшоў і пайшоў каля парасніку, не надта спрытна ўпраўляючыся з кійком. А як адышоўся, успомніў, што так і не запытаў цётчына імя. Азірнуўся, ды ля пуні не ўбачыў яе. Можа, пайшла, а можа, стаяла, нябачная пад чорнай сцяной, і ён, не саромеючыся, перахрысціўся. Мабыць, першы раз за вайну. Трохі нават сумеўся ад таго, бо не хрысціўся з дзяцінства — ні дзецюком, ні тым больш як працаваў у раёне. Але адчуў, што цяпер было ў самы раз — прынамсі, не зашкодзіць. А то і паможа. Яму, і той цётцы, і ўсім, хто апынуўся ў бядзе. Бо хто ж яшчэ…
Ён парадкам ужо адышоўся ўначы, наперадзе выразна шарэў у снезе алешнік, як пачуў нейкі рух ззаду і азірнуўся. Па ягоных слядах жвава бег чорны вялікі Ваўкалака — размашыста сігаў па снезе, пэўна ж, каб дагнаць чалавека. Азевіч прыпыніўся, падняў кій, але і сабака тады стаў непадалёк. Не гаўкнуў, моўчкі настырчыў хрыбціну, чакаў. Азевіч сцішана выгукнуў: «Пайшоў прэч!» — і махнуў над сабой кійком. Ды марна: сабака не пабег, толькі злосна коратка правуркатаў і чакаў. Чагось толькі? Пастаяўшы трохі, Азевіч ступіў колькі крокаў у напрамку да лесу, і Ваўкалака таксама нетаропка пайшоу па ягоных слядах. Крыкнуць Азевіч не мог, што тут было рабіць? Уцякаць, ратавацца ці ісці з гэтым у лес? Або застрэліць яго? Ды страляць было далекавата, а бліжэй сабака не падступаўся — мабыць, ужо быў вучаны. «Каб ты здох, ваўкарэзіна!» — сказаў сабе Азевіч і дастаў наган.
З наганам напагатове ён памалу патупаў да ўзлесся, штораз азіраючыся. Ззаду за ім, не падбягаючы блізка, то бег, то прыпыняўся Ваўкалака. Чагосьці чакаў ад чалавека…