Хлебны акраец

Сіў-ш-шась, сіў-ш-шась, сіў-ш-шась…

Вузее-меншае травяністы хамлак на лугавіне, бліжай і бліжай да альховага ўзлеску падступаюць трое касцоў ужо ўвесь луг за іх спінамі палёг даўжэзнымі, выгінастымі, як хвалі, пракосамі. Сонца, увабраўшыся ў сілу, зусім звузіла цень ад гушчаруалешніку, замакрэлі ад поту Сцяпанавы лапаткі пад старэнькай залапленай гімнасцёркай, прысохла і не адліпае ад голых валасатых лытак травяная драбяза. Сцяпан падганяе пад самы алешнік свой апошні пракос, размашыста забівае ў зямлю канец касавільна і ўзнімае голаў.

Сіў-ш-шась, сіў-ш-шась — шырока адмахвае за ім Лёнік Бокуць — здаровы рукасты дзяцюк з ленаватымі соннымі вачыма і бліскучымі ад поту плячмі. Майка яго таксама мокрая, хоць выціскай, па разгарачаным счырванелым твары паўзуць мутныя пісягі поту, блішчаць аблепленыя дзяцелінай халявы гумовых ботаў. Ленаваты Лёнька не прывык завельмі мардавацца на працы, і хоць стае маладое сілы, выдаткоўвае хлопец яе эканомна і пакутна. Дайшоўшы да дзядзькі Сцяпана, ён кідае на пакошу касу і знедужэла валіцца ў засень.

Ах, каб на яе мухі з аваднямі… Уходаў ты нас, дзядзька Сцяпан…

Дзядзька Сцяпан чакае трэцяга. Грудзі яго пад распяразанай і расшпіленай да апошняга гузіка гімнасцёркай размашыстастомлена дыхаюць, нервова падрыгваюць на абадку касы парэпаныя натруджаныя пальцы, а на строгім хударлявым твары ціхая задаволенасць сваёй ужо не маладой сілай і асалода ад спрадвечна нялёгкай мужчынскай працы — касьбы. I яшчэ на твары прытоеная скупая радасць, кароткая і сціплая, і свеціцца ў глыбі адзінага вока ўсмешка. Другога вока ў дзядзькі няма. Замест яго — наўскасяк цераз лоб — чорны скураток павязкі з гэткім жа чорным пятакомлапінкай пад налахмачаным русым брывом.

Следам за Лёнікам, нетаропка матляючы касавільнам, сунецца да ўзлеску барадаты дзядуля Змітрук. Гэта — немаладога веку калгаснік, пенсіянер і законнік, які ўжо год дваццаць хварэе на нейкую незразумелую старэчую хваробу і толькі ў касьбу ніяк не можа змірыцца, з тою сваёй хворасцю і старасцю. Кожнае лета адольвае старога ахвота падпрэгчыся дзе-небудзь да маладзейшых і дзён пару да знямогі памахаць касой.

Дзядзька Сцяпан пазірае на Змітрука і думае, што сілы ў старога прыкметна паменшала. А некалі хвацкі быў дзед — у тыя даўнія ўжо часы, калі Лёніка яшчэ не было на свеце, а падлетак Сцяпан, здаралася, аберуч выдзіраў касу з якое купіны. Цяпер жа апошняя грыўка рамонак, смалянак і мятліцы ўперлася ў дзеда Змітрука і не дужа ахвотна карацее пад яго касой.

— Давай, давай, Пятровіч, — падганяе дзядзька Сцяпан старога. — Пара ўжо снедаць.

Дзед Змітрук, аднак, не спяшаецца.

Бы і не чуючы таго, ён дастае з кішэні мянташку і пачынае агойсваць касу.

Вжык-вжык, вжык-вжык, вжык-вжык…

Яны цярпліва чакаюць яго — дзядзька Сцяпан, абапершыся на касу, а Лёнік, разлегшыся ў доле. Але дзед не спяшаецца — наладжвае касу, пасля дакошвае сваю грыўку, рупліва абівае пяткай рэшту травы пад алешнікам і пасля ўжо ўздзяе на плячо касавільна.

— Ну і пайшлі.

Дзядзька Сцяпан таксама ўскладвае касу на плячо і па — над узлескам ідзе к дарозе, дзе яны ўранку пакінулі свае світкі з сякім — такім харчам. За ім брыдзе Змітрук, і апошні ўзнімаецца Лёнік. Ляніва цвыркнуўшы скрозь зубы, ён пляцецца за ўсімі, знясілена цягнучы за сабой касавільна.

Дзядзька Сцяпан нетаропка вядзе сваю невялічкую брыгаду панад абкошаным падлескам. З алешніку яшчэ дыхае роснай сырасцю, людзі ціснуцца да вецця, у засень, але засень малая, і іх галовы ўсё роўна прыпякае сонца. Сцяпан задаволены працай, ранкам, ламотная стома круціць лапаткі, але з непрывычкі яно аж прыемна. Дзядзька — механізатар, трактарыст; толькі цяпер, у касьбу, на лугі і балоты выходзяць усе, час гарачы — жывёле ўзімку патрэбны корм. I не ведае, ды і не імкнецца дазнацца ў самім сабе, ад чаго гэта такая лёгкасць у душы — ці то ад спластанага лугу, ці ад нялёгкае працы, ці проста ад пагоднага ранку. Яму добра, лагоднасупакойна, і ўсё.

Над алешнікам, каля вузенькай крывулястай дарожкі, яны снедаюць. Сцяпан выцягвае з кішэні старога пінжака загорнуты ў газеціну харч — кавалак сухой каўбасы, кус падталага масла, Лёнік — ладны акраец хлеба з прыліплай да споду аірынай і, мабыць, з дзесятак вараных яек. Усё гэта ён выкладвае на разасланую перад Сцяпанам газеціну. Адзін толькі дзед Змітрук, прымасціўшыся зводдаль, аднекуль выцяг бутэльку з сіняватым ад шкла малаком і сілкуецца сабе на водшыбе ад усіх.

— Ты што, Пятровіч, — кажа дзядзька Сцяпан. — Давай да кучы, смачней будзе.

— Ды не. Я ўжо малачком пачастуюся. Зубы, ці ведаеш, моцы не маюць. Эх-хе!..

Лёнік за ежай паступова жывее ад сваёй санлявае стомы, адно за адным аблузвае ў траву яйкі і бы глытае іх — без солі і без хлеба. Дзядзька Сцяпан жуе каўбасу і толькі дзівуецца.

— Ну і ладны ты ядок, браце. Каб вось касіў так!

— А што? — буркае Лёнік, утаропіўшы ў дзядзьку вузенькія вочкі. — Што мне касіць! Адышло; касіць тэхніка будзе. Каса ўжо ў музей просіцца.

— У музей?!

— А што ж! У атамны век — касіць?

Дзед Змітрук няпэўна чмыхае, — відаць, не адабраючы хлопцавых слоў, дзядзька Сцяпан пазірае на Лёніка з дакорам, так і хочацца сказаць яму: «Дурны ты, хлопец! Дужы, укормлены, а дурны!». Але Сцяпан скупаваты на словы і толькі пазірае ва ўпор на яго адным вокам і чакае, што той скажа яшчэ.

Лёнік, аднак, нічога не кажа болей, абыякавы да ўсіх, з’ядае свае дзесяць яек і бярэ акраец, што застаўся ад сняданку. Ён, відаць, добра перакусіў, аж ікае, страсае са штаноў шалупінне і не ведае, што зрабіць з хлебам. Пасля, пакруціўшы яго ў руках, размахваецца і шпурляе ўздоўж па дарозе. Акраец падскаквае некалькі разоў і знікае ў травяністай каляіне.

— Ай-яй, нядобра! — кажа дзед Змітрук. — Навошта ж так: хлеб жа!

У дзядзькі Сцяпана змыкаюцца сківіцы, нядобра сцюдзянее адзінае вока, і ён коратка кідае хлопцу:

— Ану падбяры!

— Хэ, падумаеш, скарынка! Мала вам хлеба, ці што?! — абыякава адгаворваецца Лёнік і соладка выцягваецца на траве.

— Падбяры хлеб, лайдак! — сурова ўжо выкрыквае дзядзька Сцяпан і не зводзіць позірку з Лёніка. Лёнік пазірае ў насуплены чалавекаў твар, і нешта там устрывожвае яго. Ён узнімаецца з долу, сядае, але ўсё яшчэ спрабуе адбараніцца ад Сцяпана.

— Чаго прычапіўся?! Во яшчэ…

У дзядзькі Сцяпана раптам уздрыгвае брыво, у воку нешта мутнее; на момант ён, здаецца, мярцвее, утаропіўшыся ў хлопца, а затым апантана ўскаквае, хапае касу і замахваецца. Не паспявае Лёнік уцяміць, што гэта робіцца, як дзядзька добра агравае яго разы два касавільнам.

— Ой-ой! За што? — надрыўна якоча Лёнік і ўскаквае на ногі. Ухапіўшыся за пабітае плячо, ён кульгікае да дарогі, усё азіраючыся і не разумеючы, за што так вызверыўся на яго гэты чалавек.

А дзядзька Сцяпан кідае прэч касавільна і сядае на сваё месца ў траве. Рукі яго дрыжаць, раменьчык глыбока ўрэзаўся ў лоб, ноздры шырока раздзімаюцца. Некалькі хвілін ён не можа супакоіцца ад сваёй нечаканай нервовасці, — ад нядаўняга лагоднага настрою не засталося і следу.

Лёнік неахвотна падыходзіць да акрайчыка ў каляіне, азіраецца, насуперак сваёй волі нахіляецца і паднімае з дарогі хлеб. Ён зноў не ведае, што рабіць з ім, недаўменна і крыўдліва пазірае на дзядзьку Сцяпана. А той ужо не бачыць ні Лёніка, ні гэтай травяністай дарогі: у яго ўзрушаную душу шырокім павадкам хлынулі паўзабытыя адчуванні даўніх жахлівых падзей…

…То быў спякотны, як сённяшні, ранак, пякельнае жнівеньскае неба, бясконцая стэпавая дарога і пыл, пыл…

Пыл густой рудай хмарай вісеў над дарогай, яго не зганяў вецер, бо не было ветру, і ён асядаў на навакольны сланечнік, кукурузу, на спіны, плечы, стрыжаныя галовы, бінты, шэрыя, рудыя, потныя твары байцоў.

Іх было шмат. Яны брылі па дарозе, па пяцёра ў рад, брылі без зброі, без ежы, без надзеі і вайсковае годнасці — брылі ў палон…

Абапал дарогі за пыльнай канавай, адставіўшы ўбок локці, неслі нарыхтаваныя аўтаматы насцярожаныя канваіры.

Людзі ішлі пятыя суткі…

Пятыя суткі без вады I без ежы, з закарэлымі на ранах бінтамі, са здзічэлым адчаем у вачах — абяззброеныя, пераможаныя, асуджаныя на пакуты і смерць…

Другім ад канавы ў гэтае безлічы няшчасных ішоў чырвонаармеец Сцяпан Валыга.

Ён быў яшчэ малады і вельмі не хацеў паміраць. Яго здаровае цела прагла жыцця, адпачынку, вады і хоць бы якога харчу. Але ні вады, ні ежы — пятыя суткі толькі дарога, пыл, бязладнае мільгаценне спавітых абмоткамі ног і тонкія тупыя ствалы аўтаматаў абапал.

А побач яшчэ шкандыбаў блізкі чалавек — аднавясковец, зямляк і сябар.

Ён зусім аслабеў, Кандрат Бокуць, — гэтага вось Лёніка бацька. Такі быў дужы і відны, а знясілеў раней за жылістага паджарага Сцяпана. Яны ішлі поруч, і Кандрат спачатку ціха, а затым усё з большай тугой і мальбою прасіў земляка:

— Сцяпанка, браток, памажы… Не кідай!

I Сцяпан, сам не чуючы пад сабой змярцвелых ног, памагаў чалавеку: нёс на сабе сваю і ягоную скаткі, пасля кінуў іх, падставіў Кандрату плячо, а затым і зусім павалок яго, перакінуўшы за сваю шыю яго руку. Толькі хіба гэтак доўга падможаш на спякотнай дарозе, у бязводдзі, голадзе і пакутах!

Нарэшце знямог і Сцяпан. Як ні стараліся яны ісці разам з усімі, але неўзабаве задняя пяцёрка абмінула іх, пасля міналі і міналі іншыя, і Кандрат са Сцяпанам апынуліся спакваля ў хвасце гэтай вялізнай калоны. Тут былі адны бедалагі — зусім аслабелыя і дужа параненыя. Далей ужо адставаць не было куды — ззаду за імі крочыла смерць.

У тае іх смерці былі здаравенныя, валасатыя, голыя да лакцёў рукі, два пісталеты ва ўчэпістых паўпудовых кулаках, бліскучай прошвай-маланкай разрэзаны на грудзях камбінезон і жоўтая цыгарэтка ў роце. Ён увесь час маўчаў, гэты чалавек-смерць; невядома, які быў яго чын, імя, але некаторыя канваіры клікалі яго Панцыргансам.

Сцяпан валок Кандрата і ўсё болей асядаў у зад калоны — бліжай і бліжай да гэтага рукастага вылюдка. Ён ведаў, што варта толькі ім параўняцца, як усё будзе скончана. Так ужо сталася не з адным дзесяткам іхніх паплечнікаў, што, прыстрэленыя, назаўжды засталіся ззаду.

I Сцяпан цягнуў земляка і супакойваў яго, спадзеючыся на які цуд, бо іншай надзеі на жыццё ўжо не было. Але Кандрат не слухаў яго просьб, усё марудней перабіраў нагамі і ўсё больш павісаў на Сцяпанавай шыі.

Так яны падыходзілі да нейкага хутара. З густой чашчобы сланечніку, што абступаў дарогу, паказаліся саламяныя стрэхі мазанак, канваіры заварушыліся, загыркаталі, цясней збіваючы калону. Кандрат, згледзеўшы жыллё, трошкі прыбадзёрыўся, узняў ад долу зруднелы твар, у яго патухлых вачах бліснула іскрынка надзеі. Усюды, дзе яны праходзілі сёлы, ім кідалі з-за платоў, з двароў, з расчыненых вокнаў сякі-такі харч, і хоць канваіры крычалі, білі прыкладамі і нават стралялі, каму-нікаму са «шчасліўцаў» усё ж трапляў які-небудзь кавалак, што адсоўваў пагібель.

Так яно здарылася і тут. Яшчэ на ваколіцы пачулі яны крыкі, жаночы плач, некалькі чэргаў з аўтаматаў, — калона страпянулася. Не зважаючы на смерць, людзі нарыхтаваліся і чакалі, каб кінуцца за якой бульбінай ці лустай хлеба.

I вось ужо калона мінала гэты невялічкі хутарок, дрымучым лесам сланечніку прыціснуты к дарозе. Праходзілі паўз крайнія хаты рэдкія бязладныя рады замыкаючых, ззаду ўсё бліжай падступаў да іх страшны Панцырганс. Сцяпан, азірнуўшыся, убачыў, як пагрозліва выставіў ён наперад сваю шырокую сківіцу, зацяў у вуснах кароценькі абкурак цыгарэткі і ямчэй перабраў у кулаках два цяжкія пісталеты.

I ў той жа момант праз дзірку ў плятні зусім блізка ад яго з’явілася нястрыжаная віхрастая галоўка, за ёй — ручка з кавалкам хлеба. Бы малое адчайнае ваўчанё, хлопчык бліснуў на дарогу зыркімі вочкамі — апошнія палонныя ўжо міналі яго, тады ён спахапіўся і таропка кінуў акраец на вуліцу.

Але кінуў, відаць, няўдала — кавалак падскочыў разы два і ўпаў у дарожны пыл пад самыя ногі занятага Панцырганса. Той спаткнуўся, азірнуўся, — хлопчык хуценька знік у дзірцы, — і немец, падбіўшы кавалак ботам, адкінуў яго далёка ў засмечаную, аброслую дзядоўнікам, канаву. Палонныя, немцы і сам Панцырганс пайшлі далей.

Сцяпан прыдушыў у сабе роспачны енк і з яшчэ большай нязноснасцю адчуў уладарную патрэбу есці. Усё яго цела прагнула ежы, гэтая прага стала мацней за пагрозу смерці.

Яшчэ праз некалькі крокаў, калі знясілены чалавек гатоў быў завыць ад нямога бяссілля, над нізенькім плятнём ля нейкага глінянага хлеўчыка зноў з’явілася тая ж бялявая галоўка. У пыльным паветры над галовамі людзей мільганула нешта невялічкае і ляпнулася на дарогу зусім недалёка ад Сцяпана. Ён не ведае і цяпер, як тады здарылася ўсё тое, толькі зусім блізка ад сябе між людскіх ног убачыў хлеб. Гэта быў ладны жытнёвы акраец з паджарыстай хрумсткай скарынкай, паўадрэзаны-паўадламаны ад большага бохана.

Зямля хіснулася пад яго нагамі, шалёна замільгацелі людскія гамашы, нехта грымнуўся ў пыл, заекатаў. Сцяпана балюча выцялі нечым тупым у бок, але ён стрываў, адчуўшы ў сваіх потных руках разам з пяском і пылам той шархавата-гладкі акраец. Чалавек ухапіў яго, прыгарнуў да грудзей, ад штурханіны і болю сцяў у сабе дыханне і ўжо гатовы быў зараўці ад шчасця. Але тады недзе над яго спіной люта грукатнуў аўтамат — і страшэнны боль пранізаў Сцяпанавы грудзі. Рукі яго адразу расслаблі, упусцілі акраец, заняло дыханне, і ён апошнім сударгавым намаганнем апруцянела пераваліўся тварам угору.

Праз якую секунду ён зразумеў, што гэта канец, і расплюшчыў засыпаныя пяском вочы. Да яго падвалілася і смяртэльна торгалася нечая гарачая спіна, а затым з ясна-га спякотнага неба проста ў ягоны твар зірнулі з-пад калматых белых броваў пустэльныя вочы Панцырганса. Спя-пан інстынктыўна тузануўся ў доле; бялесыя павекі цепнулі, затым у небе мільганула чорнае зрэнка парабелума, і гры-мотны стрэл ударыў яго ў галаву…

…Але ёсць на свеце добрыя людзі, і яны дамагліся таго, што праз многа-многа дзён усё ж убачыў Сцёпка Валыга і яснае неба, і тугія, паніклыя долу сланечнікі, і хлеб, да якога ўжо не было ранейшага смаку… Пасля ўбачыў маленькі надмагільны курганок між струхлелых і новых крыжоў за хутарам. Яшчэ праз немалы час убачыў мност-ва бяззбройных люфт-панцыр і проста пяхотных «гансаў» на стэпавых дарогах, а праз доўгае доўга спаткаў малога Кандратавага сына — Лёніка. Самога ж Кандрата і таго белагаловага ўпартага хлапчука ўбачыць Сцяпану больш не давялося ніколі.

З таго часу з’явіўся ў яго на лобе чорны вузенькі ра-меньчык.

— Нягожа, нягожа так хлеб шпурлянь, — нязлосна кажа Змітрук, кідаючы непрыкметныя позіркі на скрыўлены болем, пакутны Спяпанаў твар. — Хлеб — гэта божая сіла. Ад хлеба, брат, жысць на зямлі…

Лёнік, валюхаючы тугімі, як у бацькі, плячыма, нясе падабраны кавалак і, не ведаючы, што зрабіць з ім, кідае на разасланую ля Сцяпана газеціну.

— Падумаеш!.. — прыцішана буркае ён, трошкі боязна пазіраючы на дзядзьку Сцяпана. А той ужо крыху адышоў ад сваёй нервовасці, бярэцца за каўбасу, але ўсё яшчэ су-рова, амаль з нянавісцю, адным сваім уцалелым вокам глядзіць на Лёніка. Чорны раменьчык глыбока ўрэзваецца ў яго набраклы ад гневу лоб.

— Эх-хе! — падмацаваўшыся, месціцца на траве дзед Змітрук. — Маладыя, дзе ім хлеб шанаваць, працу… Маладота-дурнота, хіба яна цяміць…

Дзядзька Спяпан на тое злосна паварочваецца да яго і кідае коратка і сурова, як прысуд:

— Разумень трэба! Не маленькі!

1960 г.

Загрузка...