У вялікім пакоі за адзіным сталом сядзелі двое. У крэсле — грузны мужчына з азызлым тварам, старшыня праўлення арцелі «Вострая шпілька», а таксама гаспадар гэтага пакоя — сам Кузьма Кузьміч. Насупраць яго — непрыкметны, хлюсткі чалавек у шэрым гарнітуры. Гэта таварыш Лямзікаў, папяровы шашаль І арцельны знаўца розных складаных спраў. Яны гулялі ў шахматы. У пакоі, апроч іх, не было нікога. Стаяла цішыня.
На клятчастай дошцы мала ўжо засталося фігур, і гульня набліжалася да канца. Раптам пасля чарговага ходу Лямзікаў аберуч схапіўся за голаў і гучна заенчыў:
— Ох, ох, што я нарабіў! Прапаў, прапаў!..
Ягоны ж партнёр грукнуў канём, ставячы яго на новае месца, і задаволена адкінуўся на спінку крэсла.
— Мат! Га-га-га… — ускалыхнуў кабінетную цішу магутны раскат шчаслівага смеху, ад якога тоненька затрымцела шклянка, надзетая на рыльца графіна. Кузьміч закінуў сваю яршыстую галаву і абхапіў рукамі важкі жывот. — Гы-гы… Ну і дурань ты, Лямзікаў, а яшчэ пнешся гуляць са мною!
Лямзікаў, маркотна разглядаючы небаракукараля, які трапіў у пастку, чухаў лысую патыліцу і думаў: «Скулу б ты даў, а не мат, каб я знарок не падставіў табе!». Але ўслых ён заўважыў з прытворным уздыхам:
— Вы, вядома, мастак, што і казаць… Гросмайстар!
— Ну, а ты сумняваўся. Вось гэта мат: ходам каня! Так-так, гм… Ну добра, — змяніў, нарэшце, свой гарэзлівы тон старшыня. Ён усклаў важкія кулакі на стол і, прыняўшы паставу ўладарнага кіраўніка, абвясціў Лямзікаву, які, пачціва схіліўшыся, ужо стаяў ля стала:
— Значыць, як дамовіліся. Пасля выступлення Сербяка і Вадалейкіна скажаш ты. Але ўжо будзеш гаварыць адно добрае: пра тое, што начэй не сплю, што турбуюся і дбаю, здароўя не шкадую, ну і яшчэ там што. Ты прыдумаеш, на гэта цябе не вучыць.
— Будзе зроблена, Кузьма Кузьміч. Пастараемся ўжо.
— Вядома, трэба старацца. Інакш вы ведаеце, што можа быць?.. Дарэчы, Паніковіч не вярнуўся яшчэ? — запытаўся старшыня.
— Не, яшчэ не. Але падвечар чакаем.
— Прыехаў бы хаця, усё падмога нашаму лагеру.
Ціхенька прычыніўшы дубовыя дзверы, нібы яны былі шкляныя, Лямзікаў выйшаў з пакоя.
Застаўшыся адзін, Кузьма Кузьміч страціў незалежна рашучы выраз, і яго твар, нібы ад зубнога болю, зморшчыўся ў пакутлівай грымасе.
Што і казаць, становішча сур’ёзнае. Рабочыя наракаюць, пішуць скаргі. Як жа: старшыня праўлення — рвач, нячысты на руку, заціскае крытыку, самаўпраўны дыктатар, акружаны падлізамі. Сёетое ўжо і выплыла. Сёння справаздачны сход. Прыехаў кіруючы таварыш з вобласці. Нездаволеныя радуюцца: зляціць старшыня. Але старшыня не прападзе. Ён узняў на штурм сваю «гвардыю», сваіх верных паплечнікаў, якія за яго і ў агонь і ў ваду… Сёння ён пакажа кіруючаму таварышу, што зусім не такі ён паганы, як яго малююць. Хай слухае, хай цяміць гэты таварыш! Кузьма Кузьміч зробіць сёння сапраўдны ход канём.
…з-за цеснаты вытворчых памяшканняў арцелі і камфартабельнай прасторы старшынёвага кабінета сход арцельшчыкаў адбываўся ў апошнім. За сталом, ля акна, сядзеў прэзідыум, і цэнтральнае месца там займала важная постаць Кузьмы Кузьміча ў паўвайсковай гімнасцёрцы з адкладным каўняром. Побач сядзелі кіруючы таварыш і старшыня сходу, іншыя члены прэзідыума размясціліся ззаду, у другім радзе крэслаў.
Справаздачны даклад быў скончаны. Ішлі спрэчкі.
Засяроджаны настрой арцельшчыкаў, з якім яны слухалі даклад, таяў, як спазнелы сакавіцкі снег. Выпрабаваныя старшынёй дружбакі згодна крытыкавалі Кузьму Кузьміча, прыпамінаючы розныя ягоныя хібы, а той надзіва спакойна пазіраў на прамоўцаў, нібы і не чуў, што казалі яны.
— Таварышы! — сыпаў нядаўні старшынёў хаўруснік прараб Вадалейкін. — Старшыня наш, трэба прама сказаць, не зважаючы на асобы, мае, знацца, недахопы, ну, і, вядома, розныя там махі-прамахі ў нашай слаўнай арцельнай гаспадарцы. Узяць хоць бы такі факт, таварышочкі: ці ветлівы ён? Калі задаць гэтае актуальнае пытанне, то, не зважаючы на асобы, трэба прама сказаць — не заўсёды! Зноў жа чуласць…
Кузьма Кузьміч тым часам усміхаўся ў душы. Усё ішло ладна, як і было задумана.
Вадалейкін нездарма славіўся майстрам публічных выступленняў. Кожную, нават самую простую думку ён гэтак заблытваў мноствам слоў, што неспрактыкаваныя ў красамоўстве шаўцы моршчыліся і ледзьве разумелі яго.
— Гэта не дробязь, таварышочкі, гэта — радзімыя плямы сусветнага капіталу, яны ганьбяць і гэтак далей… З усёй прынцыповай рашучасцю мы павінны сёння ўказаць і найстражэйшым чынам асудзіць!..
Якраз у той час, калі Вадалейкін дасяг найвышэйшага запалу, дзверы ціхенька адчыніліся, і ў пакой улез здарожаны чалавек у чорным кажушку. Ён сцягнуў з галавы рудую шапку і прыпнуўся плячыма да дзвярнога вушака. Гэта і быў Паніковіч, якога ўвесь дзень чакаў Кузьма Кузьміч і які толькі цяпер з’явіўся са станцыі. Зыркімі, насцярожанымі вачыма акінуў ён сход, прэзідыум і ўслухаўся ў гаворку прамоўцы. У той жа момант нешта сталася з гэтым чалавекам, бо бровы яго ўскінуліся на лоб, на ўсю шырыню расплюшчыліся вочы, і твар выцягся, як у здзіўленага англічаніна. Тое, што ён пачуў, уразіла Паніковіча, збіла зпанталыку, і страшная здагадка аб выкрыцці шыбанула ў голаў.
Ён з маланкавай хуткасцю чалавека, які трапіў у бяду, сцяміў небяспеку, што навісла над ім, патуральнікам і ўдзельнікам злачынных спраў Кузьмы Кузьміча, і ўмомант у галаве яго з’явілася адзінае выратавальнае выйсце.
Вадалейкін яшчэ не скончыў заклікаць сход пакараць старшыню (за няветлівасць і нячуласць), як Паніковіч ускінуў руку. Сход загуў, нібы курасадня ўначы, патрывожаная тхорам. Ускінуліся над галовамі рукі, патрабуючы слова.
І тады пачалося няшчасце. Усе тыя беды, што запісаны ў падручніках гісторыі, не больш, як дзіцячыя крыўды ў параўнанні з катастрофай Кузьмы Кузьміча.
Паніковіч, нібы сляпы, чапляючыся за крэслы, прабраўся наперад і амаль залемантаваў:
— Таварышочкі, даражэнькія, па несвядомасці ўсё, па цемнаце сваей рабілі мы гэта. Старшыня загадваў, а мы і выконвалі. Бо як жа не выканаеш? Хіба ж Кузьма Кузьміч даруе непаслушэнства? Ну мы і таго… рабілі памылкі, значыцца, цягнулі з арцелі. І цэмент сплавілі Лямзікаў з Вадалейкіным, ну, рахункі падрабілі, дагаворы з падрадцамі завысілі дзеля ўзятак. Кузьма Кузьміч усім распараджаўся, а мы, што ж, мы выконвалі… Але цяпер, таварышочкі, я шчыра, значыцца, прызнаю памылкі, а віна яго галоўная, старшыні нашага…
Кузьма Кузьміч адразу пачуў небяспеку ў паніковічавых словах, ірвануўся з крэсла, як заяц з-пад стрэльбы, але куды было дзецца! Нібы вада ў адчынены шлюз, хлынуў паніковічаў страх на галовы людзей, а Кузьме Кузьмічу здалося, што ён разам з крэслам кудысьці праваліўся і шалёна ляціць скрозь усю тоўшчу зямлі.
Гэта была катастрофа!
Крыху ачуняўшы ад першага перапуду, Кузьма Кузьміч успомніў пра апошнюю сваю апору, ад якой можна было чакаць нейкага паратунку, — пра таварыша Лямзікава. Таму, калі Паніковіч, гучна смаркаючыся, выенчыў пяцігадовы запас старшынёвых злачынстваў, Кузьма Кузьміч амаль закрычаў:
— Выдумкі! Мана! Слова — Лямзікаву! Лямзікаву! Лямзікаў хай скажа!
Старшынствуючы неяк раптам страціўшы голас, прамармытаў, што слова мае Лямзікаў, але той, відаць, не спяшаўся выступаць.
— Ну, дзе ж Лямзікаў? — загаманілі нецярплівыя галасы. — Давай хутчэй.
— Няма Лямзікава, — адказаў нехта з парогу. — Лямзікаў выйшаў.
Тады старшыня арцелі — уладарны і выкрутлівы Кузьма Кузьміч — зразумеў, што апошняя надзея на паратунак прапала і добрыя мары канчаткова пакінулі яго.
А сход гаманіў, рагатаў, абураўся. Непрадугледжаныя прамоўцы выкрывалі непрадугледжаныя да таго справы старшыні, а Кузьма Кузьміч, абхапіўшы голаў рукамі, нібы адгароджаны ад сходу сцяною, ніяк не мог адкараскацца ад няўцямнай блытаніны ўласных думак аб тым, якія непрадбачана злосныя людзі ў гэтай арцелі «Вострая шпілька» і які гібельны ход зрабіў ён сёння.
[1956 г.]