…Як і ў дзень Перамогі, перад вялізнай шматтысячнай калёнай БНФ, якая ішла ўскладаць кветкі да абэліску Перамогі, паўстала сьцяна міліцыянтаў. Тую сьцяну калона прарвала, амаль не спыняючыся. Тады вырасла шарэнга АМАПу. І тую мы прарвалі. Спыніліся толькі перад узмоцненай, шматраднай шарэнгай АМАПу ля самай плошчы.
Стаялі доўга. Гарачыня, цеснавата. Нада мной, каб засьцерагчы ад сонца, увесь час хлопцы трымалі бел-чырвонабелы сьцяг, і ў тым мне ўбачыўся вялізны Боскі сімвал. З такім сімвалам дай Бог і загінуць. І з такімі людзьмі побач.
На ленінскія ўгодкі да помніку правадыра ветэраны ўскладвалі кветкі. Сярод іх быў адзін сівенькі стары з кавенькай у руцэ. Я яго ведаў. Расказвалі, як у вайну ён апынуўся ў нейкім мястэчку, адзін, безь сям’і. А быў глуханямы. Жыць было дужа трудна. Палітыкай ён не займаўся. Неяк аднаго разу ў мястэчка завіталі хлопцы зь лесу. Іх было трое, і яны прынесьлі з сабой фальшывыя, зробленыя ў падпольлі прадуктовыя карткі. Хацелі атаварыцца, але баяліся, што пападуцца. Тады рашылі паспрабаваць на кім-небудзь, каго не шкада. Выбралі таго глуханямога. Нечакана для іх ён пайшоў і атаварыўся. Хлопцы зарадаваліся і надзялілі яго тымі карткамі. Нямко быў дужа ўдзячны ім. На ўсё жыцьцё. І стаў партызанам. І палюбіў Леніна. І ягоную партыю.
А тое здарэньне ў вайну расказаў пасьля адзін з трох партызанаў.
Уключыў тэлевізар — нейкая генэральская нарада: шэраг генэрал-палкоўнікаў за сталом. Яшчэ не старыя, хоць сіваватыя, з касым праборам у валасах, грузныя, з тоўстымі каркамі, шырачэзнымі плячыма і такімі ж грудзямі. І ў кожнага — стракатая левая палавіна ад планак узнагародаў. Цікава — за што? Нарадзіліся ўсе пасьля вайны, вайны ня бачылі. За што столькі ўзнагародаў? Як у Жукава пасьля вайны. За кожную нараду — па ўзнагародзе, ці што, даюць гэтым папяровым палкаводцам?
Пісьменьнікі разгубіліся: пра што пісаць? Раней колькі гадоў плакалі: не дазваляе цэнзура, заціскае ЦК. А цяпер, калі зьнікла цэнзура і ЦК, мабыць, стала і яшчэ горш. Як тыя зьвяркі, што выгадаваліся ў клетцы, — адпушчаныя на волю, у лес, ня могуць пражыць.
Што значыць выгадавацца пад штодзённым партыйным кіраўніцтвам!
Інвалід-пэнсіянер прыйшоў у гараж да свайго «запарожца» і бачыць: на суседзкім вісіць замок, дужка якога, аднак, не зашчэпленая. Падумаў, памеркаваў. І ціскануў дужку. Сам некалі таксама па разгубленасьці не зачыніў гараж. Праз хвілінаў дзесяць прыбягае сусед і лаецца. Аказваецца: адлучыўся па цыгарэты, а ключы пакінуў у гаражы.
Інвалід церабіў патыліцу: услужыў, называецца.
Ліфт пэцкалі штодзень, сістэматычна, і ўсе ведалі, хто гэта робіць — падлетак Вова, сын партыйнага сакратара з шостага паверху. Але вось Вова адвучыўся, пайшоў у войска, ліфт колькі гадоў быў чысты. Ды зноў пачалі яго паскудзіць. Аказалася, той Вова ажаніўся, нарадзіў двайнятаў, яны падрасьлі, і ўсё пачалося спачатку.
Які бацька, такія й сыны?
Мая мама перад канцом пакутавала некалькі гадоў. Вядома, яна хацела жыць дома, у сваёй хаце. Але там — нявестка. Добра б жыць з дачушкай Валяй, але тая за дваццаць вёрст, у Вушачах. І там — мацюгасты зяць. Так мама і соўгалася сюды-туды, не знаходзячы здатнага месца ў гэтым сьвеце.
Пакуль не адышла на той.
Цікава паназіраць за намэнклятурай… Чым шырэй морда, тым вышэй чын. Здаецца, увесь іх адбор, намэнклятурная селекцыя, адбываецца ў прэзідыюмах і на трыбунах: як глядзяцца. Мусіць, іншых адзнак у гэтых гадаванцаў ВПШ не засталося: аднолькавае паходжаньне, адукацыя, кар’ера… І, вядома, спосаб мысьленьня, сьветапогляд.
Некалі Адамовіч казаў, што тыя, хто пабыў у ЦК, не зважаючы на талент, скончаныя людзі. Усім ім там выразалі адно яйцо. Усе яны скапцы — ідэйныя, мастацкія, чалавечыя.
Штогод пераконваюся ў справядлівасьці тае высновы.
П. ня быў для Колі сябрам — проста добры знаёмы. Але вось аднойчы прыходзіць да Колі і расказвае, што яго выклікалі ў КДБ, каб даносіць на Колю. Вядома, П. адмовіўся. Коля, канешне, ня мог не ацаніць такі ўчынак знаёмага, і той стаў для Колі найлепшым сябрам.
І выдатна даносіў на яго. А прызнаньне наконт выкліку ў КДБ — прыём, ня болей. Але прыём безадмоўны.
У 1939–40 гадах пасьля т. зв. вызваленьня Заходняй Беларусі НКВД навербавала ў ёй нямала сэксотаў, картатэка на якіх хавалася ў абласных цэнтрах і, вядома, у Маскве. У 41-м з пачаткам вайны чэкісты так рванулі з Гродна, што пакінулі тую картатэку немцам. Немцы разабралі яе і… перавербавалі сэксотаў (каб ня траціць час на вярбоўку іншых). Адмоў, вядома, не было. Тыя добра працавалі ўвесь час акупацыі. Але ў 1944 годзе прыйшла Чырвоная армія. Сваю картатэку чэкісты не знайшлі, прывезьлі з Масквы копіі ранейшай. Тыя самыя сэксоты пачалі рабіць на сваіх першых гаспадароў.
Во ўнівэрсальнасьць сыстэмы!
Яшчэ ў часы застою адзін маскоўскі літаратар-дэмакрат дачуўся, што пад ягоны юбілей маюць намер узнагародзіць яго як юбіляра ордэнам «Дружбы народаў». Літаратар загадзя аб’явіў сябрам, што ордэн ня возьме. Але во прыйшоў час, настаў юбілей, і яму не далі нічога. Нават адабралі повад для пратэсту. Каб ня тузаўся.
На сьвята да Л. прыйшоў сябра і падарыў яму цудоўны японскі тэрмас. Л. быў расчулены і дзякаваў. Ня ведаючы таго, што тэрмас сябра купіў за частку «прэміяльных», якія атрымаў за тое, што добра «стукаў» на Л.
У Дзяржынску быў малаказавод, на якім кралі сьмятану. Сьмятану прадавалі ня дзе-небудзь, а ў гарадскім гандлі, зь якім малаказаводчыкі былі зьвязаныя. Але органы кантролю выкрылі злодзеяў. Судзілі. Пасадзілі.
І ў магазінах зьнікла сьмятана. Каму ад таго стала лепей?
Асабістам трэба было завербаваць у сэксоты фельчара палка (мусіць, іншых ужо ўсіх перавербавалі). Выклікалі раз, другі — ня хоча фельчар рабіцца сэксотам. Тады яго арыштавалі, пабілі добра, напалохалі і аб’явілі, што зараз выпусьцяць. Але толькі калі пагодзіцца. А што рабіць? — Ды нічога асаблівага, ты толькі напішы, што, маўляў, як стаў падыходзіць, яны (названы былі афіцэры, франтавікі) прыпынілі размову. — І ўсё? — І ўсё.
Што рабіць — даў падпіску. І стаў сэксотам. Далей даносіў і надта сур’ёзныя рэчы.
Ён працаваў намесьнікам рэдактара ў раённай газэце. Калі Хрушчоў падвойваў абкамы, райкамы, напісаў у Маскву, што нязгодны, што тое няправільна. Тады яго зьнялі з пасады намесьніка, зрабілі загадчыкам аддзелу пісьмаў. Але праз два гады зьнялі самога Хрушчова. І зноў зрабілі з двух адзін абкам. І ён, счакаўшы трохі, зноў пісьмом у Маскву напомніў аб колішняй сваёй нязгодзе.
Тады яго зноў зьнялі з загадчыка аддзелу і зрабілі карэктарам.
Болей ён пісаць нікуды ня стаў.
У маёй вёсцы яшчэ, памятаю, да вайны К. кепска жыла са сваім мужыком. Як прыйшлі немцы, пасьля чарговае сваркі яна схадзіла ў Кублічы да немца-камэнданта і паскардзілася на мужа. Сказала, нібыта ён зьвязаны з партызанамі. Назаўтра ў вёску прыехаў камэндант з групай паліцаяў, загадаў сабраць народ. Калі ўсе папрыходзілі, аб’явіў свой прысуд: К. за паклёп на мужа 15 шампалоў. А мужу 10 — за тое, што кепска выхоўвае жонку.
Партызанаў тады яшчэ не было.
Вушацкія — народ слова.
Прыйшоў позна Л., кажа жонцы: дай пяцёрку — дабавіць трэба. Тая кажа: «Ня дам». Тады ён: «Не дасі — спалю хату!» — «Палі, калі ты такі…» Запаліў, згарэла хата. Л. пасадзілі за падпал… Праз колькі часу жонка пайшла зьбіраць подпісы, каб выпусьцілі, бо кепска бяз хаты і бяз мужа.
Кацюшы, кацюшы…
Колькі пра іх складзена міфаў, колькі прысьвечана ім паэтычных радкоў. А на справе ўсё тое блеф, створаны, як і ўсё, камуністычнай прапагандай. Кацюшы гэтыя — болей прадукт камуністычнага ўзьдзеяньня на псыхалёгію. На фронце іх не любілі. Пехацінцы іх пракліналі. Яны давалі адзін-два залпы — невядома куды, падымалі хмару пылу і дыму і хуценька зматваліся. Праз 5 хвілінаў па тым месцы пачынала малаціць нямецкая артылерыя, і дужа даставалася тым, хто ня мог змыцца. Пяхота не магла, яна і плаціла за гэтыя залпы.
Эфэктыўнасьць іх была мізэрная, бо білі яны па плошчы, без прыстрэлкі і рабілі куды болей вэрхалу, чым карысьці.
На Данцы ў 1943-м доўга стаялі ў абароне, умацоўваліся, капалі, мініравалі. І ладзілі пошук разьведчыкаў. І нашыя і немцы. Аднаго разу старшына роты паслаў у гаспадарчую частку пасыльнага, маладога салдата. З заяўкай на мыла. На паперцы зьверху пазначыў: «сав. сакрэтна». Салдат толькі нядаўна прыняў прысягу і прыбыў на фронт, і да загадаў начальства адносіўся дужа сур’ёзна. І ў лагчынцы, як зьвечарэла, нарваўся на нямецкіх разьведчыкаў. Прыняў бой. Каб ня трапіў сакрэтны дакумент у рукі ворага, зьеў яго. Сам быў паранены і загінуў. Уранку з рота выкалупалі ражок тае заяўкі з «сав. сакрэтнаю» паметкаю.
Пасьля вызваленьня Беларусі, недзе ўвосень 44-га году, сястра Валя, якой тады было 18 гадоў, пагадзілася ісьці ва Ўсходнюю Прусію, каб прыгнаць адтуль у раён каровы. Сказалі, як прыгоняць, усім дадуць па карове. Сястра абрадавалася — сваёй каровы ўжо не было. Гналі той статак доўга, трэба было даіць і пасьвіць, і самім карміцца. Напакутавалася страшэнна. А як прыгналі, кароў усіх разьмеркавалі па калгасах, а прыгоншчыкам — дулю.
У каторы раз ашукала начальства. Пасьля такога ашуканства было безьліч.
Ён быў прарок і вёў за сабой іншых. За ім ішлі. Яму верылі. І ён вучыў боскаму. Бо і сам быў паўбогам. Аднак іншыя ня ведалі, што ён бесьсьмяротны, а яны сьмяротныя. Прыйшоў крызысны час, яны загінулі. А ён пайшоў вучыць іншых. Боскае праўдзе. Высокаму і добраму. Ён мог сабе тое дазволіць.
У 1939 годзе адбылося «ўзьяднаньне», «далучэньне», «вызваленьне» ці як там Заходняй Беларусі. Ад мае вёскі да былой польскай мяжы было якіх 2 км. Па той бок засталася маміна радзіма, вёска Завулак, яе брат і іншая радня. Усе гады, аж да 39-га, я чуў яе расповеды пра Завулак, іхняе бліжняе мястэчка Празарокі, азёры, мясьціны. Але ня бачыў нічога. 20 гадоў — ніякой сувязі.
Увосень 39-га мяжа перасунулася аж за Беласток. Але старую не зьнялі. Пагранічнікі вартавалі, як і раней. А ў нас, як і ўсе калгасныя гады, галаднавата, паснавата. І маці надумала. Неяк цёмнаю восеньскай ночкай пайшла ў Караваінскі бор — парушаць граніцу. Колькі натрывалася страху… Але прайшла. Туды і назад. І прынесла на плячах торбачку мукі і барановую лапатку — гасьцінцы ад брата. Заходняга селяніна. Які гібеў ад белапольскай акупацыі. А мы раскашавалі пад роднай савецкай уладай. І гадамі сядзелі бяз хлебу.
Наплакалася мама. Ды й бацька… А мы радаваліся: займелі магчымасьць добра паесьці…
У саракавыя гады (здаецца, у 1947-м) у Гародні арыштавалі дацэнта педінстытуту Ржэўскага. Канешне, за нацыяналізм. Пасьля, казалі, кадэбісты абураліся: усё выдаў, ва ўсім прызнаўся. Пры вобыску не знайшлі нейкіх кніжак, дык ён на допыце сказаў, дзе хаваў: у куратніку.
Таму, хто рабіў вобыск, нагарэла. Як было не абурацца — гэтак падвёў нацыяналісты.
Недзе ў шасьцідзясятыя гады мяне паклікалі ў ваенкамат і далі анкету. Нашто — не сказалі, але неўзабаве стала вядома: зноў хочуць забраць у войска, на гэты раз — у ракетчыкі. Па нейкіх паказчыках я падыходзіў. Праз знаёмага ваенкаматчыка я запрасіў падпалкоўніка Фількова ў рэстаран, добра там выпілі, і ён мне параіў напісаць у анкеце нешта такое, каб не ўзялі. Тады я рашыў напісаць, што на захадзе ў эміграцыі жыве мой стрыечны брат Мікола, які прапаў у вайну. Быццам мне вядома, што ён жыве ў ФРГ. І праўда, памагло. Мяне не ўзялі.
Во як дапамог мой няшчасны Мікола. Даруй мне, браток…
Пачалася кампанія барацьбы з абстракцыяністамі. У Гародні абкам рыхтаваў актыў з нейкімі пытаньнямі. Але вось першы сакратар Міцкевіч паклікаў мяне. Я, канешне, прыйшоў у абкам. З мэфістофельскай усьмешкай на баксёрскім твары той папытаў пра жыцьцё, пра сёе-тое. А пасьля пытаецца, што гэта піша Еўтушэнка. Я так зразумеў, што яму трэба мая ацэнка, бо, вядома, абкам далёкі ад усяго таго. І, вядома, я адхарактарызаваў Еўтушэнку як выдатнага паэта. Міцкевіч слухаў, усьміхаўся, не пярэчыў. Падзякаваў і адпусьціў.
Празь дзень — сход актыву. Выступае першы сакратар. Граміць Еўтушэнку, Вазьнясенскага і — заадно Быкава і Карпюка, якія, аказваецца, таксама падзяляюць іхнія ідэі.
Вось дык пракансультаваў першага!
Наступалі, наступалі і ўперліся ў гарадок. Не даваў падступіцца дзот на вельмі выгоднай выспачцы. Армія стала. Масква падганяла. Тады неяк уранку пры разьведцы боем адзін сяржант падпоўз і кінуў гранату. Удала кінуў. Дзот замоўк. Батальён падняўся і захапіў выспу. Дывізія заняла гарадок. Армія прасунулася на два кілямэтры.
Хутка выйшлі ўзнагароды. Камандарму за ўзяцьце гораду далі Героя. Камкору ордэн Суворава І ступені. Камдыву ордэн Чырвонага сьцягу. Камандзіру палку — Айчыннай вайны І ступені. Камбату — другой ступені. Камроты — Чырвонай зоркі. Сяржанту — мэдаль «За адвагу».
Усім як і належыць. Па чыне.
Яўген Васільевіч дужа любіў пісаць вершы. Асабліва як у званьні падпалкоўніка дэмабілізаваўся з войска. Недзе прачытаў, што трэба — ні дня без радка. І працаваў кожны дзень з 9 да 18. Калі толькі ня езьдзіў на рыбалку.
Але во друкавацца… Абласная газэта давала адну літстаронку ў квартал. А ў той старонцы — 1–2 вершы Яўгена Васільевіча. Ён спрабаваў правіць іх паміж старонкамі. Хадзіў да рэдактара. Надакучыў літкансультанту. Той, каб як адбіцца ад надакучлівага паэта, аднойчы сказаў, што вершы яго такія добрыя, што шкада іх друкаваць у нейкай абласной газэце. (Хоць былі яны звычайная графаманская дрэнь.) «Можа, у „Правде“?» — падхапіўся Яўген Васільевіч. «Во, паспрабуйце — у „Правду“».
І Яўген Васільевіч паслаў у «Правду». І празь які месяц «Правда» надрукавала адзін верш да дня нараджэньня Леніна. Яўген Васільевіч на радасьць літкансультанта перастаў насіць вершы ў абласную газету, усё, што пісаў, адсылаў у «Правду». Але болей там не зьявілася ніводнага яго верша. Ды то не бяда — аўтар быў упэўнены, што ягоныя вершы — толькі для галоўнай газэты краіны. Тым і ганарыўся. І напісаў яшчэ шмат.
Ехалі ў адпачынак, папрасілі суседзяў паглядзець за кватэрай. Добрыя былі суседзі. Але ў аэрапорце спахапіліся — нешта забылі. Гаспадар на таксі вярнуўся на кватэру і… застаў там суседзяў, якія шнырылі па ягоных камодах.
Добрыя былі суседзі.
У 1946 годзе ў Мікалаеве лютавалі бандыты. Рабавалі, забівалі. Афіцэры з казармаў разыходзіліся позна. Адзін ротны, прыпазьніўшыся, узяў свой табэльны ТТ.
І якраз каля парку Пятроўскага яго спынілі трое. «Скідвай боты!» Ротны выняў пісталет і паклаў аднаго. Іншыя ўцяклі. Тут жа далажыў у камэндатуру. Праз пару месяцаў ротнага судзілі. Далі 6 гадоў за забойства. Пасьля асуджаны казаў: «Які я дурань! Лепш бы аддаў ім боты, шынель, голы неяк дабег да дому. Але ж хто ведаў, што законы пісаны для рабаўнікоў, а не для сумленных…».
Яны прарываліся з акружэньня. Камбат і санінструктар. Як выйшлі, ён папрасіў яе стрэліць яму ў руку, каб па выхадзе не арыштавалі. Яна яго кахала, але… была камсамолкай. І стрэліла ў яго…
Цяпер 50 гадоў дакарае сябе.
Атрымаў позву на паседжаньне і не хацеў ісьці. Але даўно не хадзіў у Саюз пісьменьнікаў, даўно нікога ня бачыў, падумаў: схаджу. Пабачыцца, пагаварыць з мудрымі. Тым болей, што такія падзеі адбыліся за апошні час у Беларусі і ў сьвеце.
Ажно ня тое б яно было. Зноў, як і 10 і 20 гадоў назад, Б. пачаў расказваць нешта сьмешнае пра Пестрака, яму падхіхікваў Ч. Пасьля Ч. пачаў даволі бесцырымонна ўпэўніваць астатніх, што яму трэба прэмія (бо мінулая прысуджана за кіно, а цяпер — за літаратуру). За некага з ліку патрэбных закідваў слова Ш. Пра сёньняшняе страшнае і балючае — ні слова. Як і 10 і 20 гадоў таму.
Во — школа!
У гады вайны ўся партызанка была пад кіраўніцтвам Масквы. Адтуль дасылаліся розныя групы. У тым ліку і чэкісцкія, — пад выглядам разьведвальных. Але што было выведваць у глыбокім нямецкім тыле? У лясах, балотах ды глухіх вёсках? Я ўсё думаў, што тут нешта ня тое.
Аказалася, сапраўды ня так. Чэкісцкія групы мелі больш пэўнае заданьне: вынішчаць «класава чужды элемент». Не данішчаны ў перадваенныя гады. Што яны і рабілі з апорай на мясцовы актыў. Часам самі, часам рукамі немцаў — як Менскае падпольле. А разьведка — гэта любімая «крыша» ўсіх чэкістаў.
Сустрэча з чытачамі ў бібліятэцы. Прадставіла маладая бібліятэкарка, у зале — чалавек 18–20. Стандартныя пытаньні: як вы працуеце, як адносіцеся, творчыя пляны.
Выйшаў на вуліцу і на тралейбусным прыпынку трапіў у людзкі натоўп, у тралейбус было ня ўлезьці. Гэта непадалёк скончыўся канцэрт заежджай рок-групы. Тысячы людзей. Натхненьне. Ажыўленьне. Гэта культура часу. Маскульт, перад якой уся ранейшая — непатрэбшчына. Старая, бедная бабуля…
На адным з перадвыбарчых сходаў наважыўся. Калі з залы папыталіся, чаму дэмакратаў не падтрымліваюць гэтак дружна, як камуністаў, сказаў: бо так інструктуюць спэцорганы. Праз сваіх сэксотаў. Думаў: зараз будуць аплядысмэнты, бо хто ж таго ня ведае, хіба ніхто не гаворыць. Але бачу: позіркі ў зале адразу патухлі, твары пазмрачнелі. Ніякой рэакцыі.
Пасьля, як ехалі дамоў, нагадаў пра той эпізод сябрам у аўтобусе, думаў, пачнецца размова. Ды не. Зноў рэакцыя тая ж — раптоўная апатыя. А праз хвіліну — прапанова самага гаваркога: «Давайце сьпяём…».
Вось так!
Прыехаў у замежную краіну, дзе не было нікога знаёмага. Аднак нехта ўзяў над ім апеку: гатэль і г. д. З таго часу на доўгія гады — самае сардэчнае сяброўства. Езьдзілі адзін да аднаго, сябравалі сем’ямі.
І толькі нядаўна даведаўся, што той — чалавек бясьпекі і ўсё рабіў па яе заданьні…