БЕЛАРУСЬ! ТВАЯ ДАЧКА Я..


Пачатак жыццёвага шляху Вольгі Іпатавай быў не вельмі спрыяльным для развіцця яе прыроджанага мастацкага даравання. I хоць нарадзілася ян аў пераможным 1945 годзе, аднак дзяцінства яе пазначана асабістай трагедыяй — у чатырохгадовым узросце яна страціла маці. Марыя Якаўлеўна памерла зусім маладой і пахавана на старажытных могілках у Наваградку. Пазней у адным з вершаў Вольга напіша, што першым жыццёвым стартам былі ўсё ж для яе «маміны далоні», іх цеплыню і пяшчоту яна паспела адчуць і захавала ў сэрцы на доўгія гады. Жыццё ў бабулі, сям'і бацькі і мачыхі, у дзіцячым доме — гэта той асяродак, маральная атмасфера, у якіх праходзіла яе дзяцінства і юнацтва. Яна рана адчула сваю самастойнасць, навучылася разумець і пераадольваць цяжкасці, супярэчнасці паўсядзённага побыту і ўзаемаадносіны людзей, сама вымушана была прабіваць дарогу, што абумовіла ў далейшым шырыню агульнакультурных інтарэсаў, актыўную грамадзянскую пазіцыю. I сапраўды, не паскупілася жыццё на цяжкасці, перажыванні, абвастрыўшыя патрэбнасць хуткага духоўнага пасталення, што, у пэўнай ступені, дало штуршок і для творчасці.

З 11-гадовага ўзросту яна ўжо спрабуе выказваць сябе ў вершах, і год ад году адчувае, што паэтычнае слова ўсё больш становіцца сй неабходным і падуладным.

Друкавацца Вольга Іпатава пачала з 1959 года. Яе пісьменніцкім крэда заўсёды была праўда жыцця, праўда падзей, пачуццяў, чалавечых лёсаў, выказаная праз шчырае, сумленнае слова.

Гэта незалежнасць у жыцці, у паэзіі, свабода мыслення і выказвання, з якой пісьменніца стварала свой лёс, абумоўлены не толькі ранняй самастойнасцю, але і тым, што яе творчы шлях пачынаўся ў Гродзенскім літаратурным аб'яднанні, побач з такімі пісьменнікамі, як Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк (з ім яна, тады яшчэ вучаніца сярэдняй школы, часта ездзіла на розныя канферэнцьп, чытала свае вершы), Міхась Васілёк, Данута Бічэль-Загнетава; непадалёку, у Зэльве, жыла Ларыса Гсніюш, таленавітая паэтэса, драматычныя перыпетыі жыцця якой былі добра вядомыя пачынаючаму аўтару. Да таго ж Вольга Іпатава шмат чытала, захаплялася класічнай літаратурай, увесь час знаходзілася ў цэнтры грамадскага жыцця старажытнага горада, з яго нацыянальна-вызйаленчымі традыцыямі, цікавай гісторыяй, а пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ працавала на Гродзснскай студыі тэлебачання. Не меншую значнасць для яе творчага росту, пазнання жыцця мела і настаўніцкая праца на Віцебшчыне (60-ыя гады), і тое, што, пераехаўшы ў Мінск, яна адразу ўваходзіць у літаратурнае жыццё сталіцы, працус ў ЛіМе, «Чырвонай змене», затым едзе вучыцца ў аспірантуру Літінстытута імя М. Горкага ў Маскве, дзе актыўна друкуецца ў цэнтральным друку («Дружба народов», «Литературное обозрение»). Вярнуўшыся на Радзіму, у Мінск, яна працуе галоўным рэдактарам літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання, у часопісе «Спадчына», а на пачатку 90-ых стварае газету «Культура». За гэты час яна шмат паездзіла па далёкім і блізкім замежжы, і ўпершыню, па цыклу яе тэлефільмаў, мы пазнаёміліся з жыццём землякоў, беларусаў-эмігрантаў у Амерыцы.

Актыўны ўдзел Вольгі Іпатавай у культурна-грамадскім, пісьменніцкім жыцці, працэсах нацыяналытага адраджэння, сустрэчы з многімі людзьмі выклікалі заканамернае жаданне расказаць, напісаць, выказаць свае ўражанні, думкі, меркаванні. «Я багацейшай з тых прыйшла дарог»,- скажа яна ў адным з вершаў. I пачынаюць з'яўляцца яе публіцыстычныя артыкулы, нарысы, дарожныя нататкі, інтэрв'ю, крытычныя водгукі, рэцэнзіі (на творы У. Галубка, В. Таўлая, В. Зуёнка, Г. Далідовіча, Г. Бураўкіна, Р. Барадуліна, П. Макаля, Н. Тулупавай, М. Дуксы, Г. Юрчанкі; яна піша разгорнутае даследаванне на раман-эпапую рускага пісьменніка А. Ананьева «Гады без вайны»). Усё гэта была рэакцыя чалавска, мастака, неабыякавага да таго, што адбываецца навокал. Ёй становіцца цесна ў вершах (хаця іх яна піша пастаянна), быццам не хапае шырыні, прастору для ўвасаблення жыццёва-шматгранных праблем, падзей далёкай і блізкай гісторыі. Па яе словах, прайшоў час выспявання, «тлумнасці летуценняў», настаў час глыбокага асэнсавання той «...нібыта цішыні», калі

Успомняцца з паблажлівай усмешкай

Юнацтва неразважлівыя дні,

Часіны страт... Але віецца сцежка

I нікне ў невядомай глыбіні!

Час спеласці вядзе цябе па цернях

Шукаць прастор без столі і без дна...

І можа, гэты час спеласці прывёў паэтэсу да прозы, як натуральнага працягу на шляху развіцця пісьменніцкага таленгу.

Некалі Б. Пастэрнак сказаў, што сацраўдная паэзія — гэта проза. Відаць, адлюстроўваць гэты «прастор без столі і без дна», пранікаць у яго глыбіні і сапраўды найбольш прыдатна ў празаічным жанры. І гут Вольга Іпатава выкарыстоўвае даўнюю традыцыю, якой прытрымліваюцца бсларускія пісьменнікі,— пачынае з малых празаічных форм — кароткіх апавяданняў. Першыя з іх («На апошнім прыпынку», «Лялька дзядзькі Міколы», «Аднакласніцы», «Першыя крокі», «Крынічка») з'яўляюцца ў рэспубліканскім друку на пачатку 70-ых гадоў. Затым выходзяць празаічныя зборнікі: «Вецер над стромай» (1977), «Дваццаць хвілін з Немезідай» (1981), «Перакат» (1984). У прозе Вольгі Іпатавай шмат у чым прыкметны вопыт паэтычнага спасціжэння рэчаіснасці — паміж яе вершамі і апавяданнямі існуе непарыўная сувязь, і не толькі ў першапачатковай тэматычнай аснове, але і ў мастацка-эстэтычнай сутнасці. Апавяданні, аповесці пісьменніцы вылучаюцца лаканічнасцю і змястоўнасцю, эмацыянальнай настраёвасцю, глыбінёй пранікнення ва ўнутраную сутнасць чалавека. Найперш у іх заўважаеш пераважную схільнасць аўтара да маральна-этычных пытанняў дня сённяшняга. Яна здольная па-майстэрску разгарнуць вострую жыццёвую калізію, вызначыць характар, акрэсліць кола дзейных асоб, паставіць праблему.

У аповесцях «Вузялок Святагора», «Вецер над стромай», шматлікіх апавяданнях Вольга Іпатава выступае назіральным, удумлівым мастаком. Яна ўмее бачыць, спасцігаць людзей, адчуваць разам з імі і за іх, што садзейнічае выяўленню праўды характараў і палзсй, якія рас-крываюцца, дзякуючы ўдаламу спалучэнню аўтарскай апавядальнай плыні і глыбіні псіхалагічнага аналізу. Многія станоўчыя вобразы, асабліва вобразы дзетдомаўцаў, юнакоў і дзяўчат, маладых людзей, якія ўваходзяць у жыццё, упершыню сутыкаюцца з яго складанымі праблемамі, становяцца блізкімі чытачу, знаёмства з імі ўзбагачае душу. Яны дарагія нам сваёй унутранай прыгажосцю, глыбінёй роздуму, перажыванняў. Тэма станаўлення маладога чалавска. які перажыў нялегкае дзяцінства і юнацтва, паслужыла для пісьменніцы асновай для далейшых творчых пошукаў у прозе. Звяртаючыся да праблем сучаснаеці, да таго, што ёй найбольш блізкае, яна быццам намацвала сваю тэму, вобразы, падзеі будучых твораў.

Аўтара ўсё больш і больш пачынае прывабліваць айчынная гісторыя, яе выдатныя дзеячы. І тут не толькі звычайная цікавасць сучасніка, што на працягу дзесяцігоддзяў быў адлучаны ад нацыянальнай гісторыі, але і роздум неабыякавага чалавека, які не можа стаяць убаку ад нашага адраджэння. I пісьменніца, глыбей знаёмячыся з мінулым Бацькаўшчыны, пачынае пісаць невялікія апавяданні, замалёўкі на гістарьічную тэму, якую яна закранала раней у сваіх вершах. Ды і ў апавяданнях, црысвечаных сучаснасці, раскрываючы вобразы старых людзей, яна захапляецца іх філасофскай разважлівасцю, мудрасцю, што ідзе з глыбінь вякоў і пакаленняў. (Да прыкладу — вобраз бабкі Ефрасінні з апавядання «Позні канцэрт».) Так з'яўляецца цыкл апавяданняў «Гул далёкіх стагоддзяў» («Ваўкалакам абярнуся», «Пад нагамі нашымі», «Святаслава», «Расанка», «Набег», «Песні маці», а пазней «Гайна і Мікаш», «Мара», «Давыд Гарадзенскі»), якія даюць эпізоды з жыцця вядомых гістарычных асоб: Рагвалода, Усяслава, Давыда Гарадзенскага, славутага военачальніка, які вадзіў войска Вялікага княства Літоўскага на крыжакоў, паказваюць жыццё простых дюдзей, іх поўную залежнасць ад самавольства паноў, магнатаў, усялякага начальства, раскрываюць таленты такіх выхадцаў з народных глыбінь, як Паўлюк Багрым.

Пісьменніца знаходзіць адпаведны ракурс у асвятленні гістарычных падзей, нязмушана і арганічна загучалі мова, імёны, прозвішчы, справы людзей далёкіх стагоддзяў. Гістарычная проза дыктавала і новыя прынцыпы сюжэтна-кампазіцыйнай структуры, паэтыкі, стылёвай афарбоўкі твораў.

У аповесці «Прадыслава» мы пазнаём эпоху XII стагоддзя, звычаі, жыццё продкаў, знаёмімся з лёсам Ефрасінні Полацкай. I ажывае чысты і светлы лік святой Ефрасінні, асветніцы і заступніцы беларусаў перад Богам. Добра, што аўтар малюе яе звычайным, зямным чалавекам, жанчынай, якой нішто чалавечае не было чужое, а не стварае ікону, хоць, як вядома, Ефрасіння Полацкая і была кананізавана, і былі напісаны з яе іконы, якім пакланяюцца людзі. У аповесці мы становімся сведкамі моцнага кахання маладой князёўны Прадыславы. I пакахала яна не княжыча, адпаведна свайму высокаму стану, а простага хлопца з ільнянымі валасамі і блакітнымі вачыма, перажыла радасці і пакуты першага і адзінага кахання. А выбраўшы шлях служэння Богу, а праз яго і людзям, сумленна і самааддана выконвала гэты святы абавязак. Пісьменніца раскрывае моц духу маладой Прадыславы, якая змагла пераадолець усе зямныя спакусы дзеля таго, каб узняцца да сапраўднага разумення жыцця, малюе сцэны побыту княжацкага дому, а таксама звычайных людзей — сялян і гараджан. Але найчасцей мы сочым за думкамі, развагамі гераіні, заўважаем, колькі ў іх мудрага, цікавага і для нас, сённяшніх, вучымся ў яе любіць наш самотны, ціхі край і марым, як і яна калісьці, зрабіць яго магутным і шчаслівым. У аповесці дамінуе ідэя незалежнасці Полацкага княства, якое было створана пры Усяславе, сцвярджаецца, што, жывучы ў добрасуссдстве, трэба берагчы вольнасць, гонар старажытнай беларускай нацыі. Усё гэта падасцца праз унутраныя маналогі Ефрасінні, яе роздум.

У беларускай літаратуры вельмі мала напісана празаічных твораў, якія б раскрывалі нашу далёкую і блізкую гісторыю, жыццё і дзейнасць яе слаўных сыноў. А такія мастацкія творы проста неабходныя ў сённяшнім жыцці. Яны не толькі нясуць для многіх пакаленняў інфармацыю пра тое, якой цікавай, паўнакроўнай, не горшай за іншых, была наша нацыянальная гісторыя, але і выхоўваюць пачуцці патрыятызму, чалавечай годнасці і гонару за свой край, паказваюць, колькі нам давялося і даводзіцца перажываць, каб захаваць незалежнасць, лічыцца народам, нацыяй. У гэтым абуджэнні добрых пачуццяў немалая заслуга Вольгі Іпатавай, якая засяродзілася на гісторыі нашай Бацькаўшчыны, знайшла тут яшчэ нікім не ўзараную сваю дзялянку. Тэма гэтая з гадамі робіцца дамінуючай у яе творчасці, пра гэта сведчаць аповесці «Агонь у жылах крэменю», «Давыд Гарадзенскі» (па іх рэжысёрам Н. Гаркуновай зроблены тэлевізійныя пастаноўкі), а таксама раманы «За морам Хвалынскім», «Залатая жрыца Ашвінаў». Яе аповесць «Чорная княгіня», лібрэта оперы «Князь Наваградскі» звернуты да гісторыі Вялікага княства Літоўскага, часоў Льва Сапегі, Мікалая Радзівіла Чорнага, Сымона Буднага, Францішка Скарыны, Міколы Гусоўскага, а таксама раскрываюць жыццё старажытнага Наваградка, постаці князя Міндоўга і яго сына князя Войшалка, якія адыгралі важную ролю ў беларускай гісторыі, у барацьбе супраць нямецкай і татарскай навалы, аб'яднанні вакол Наваградка літоўскіх, жамойцкіх і сла-вянскіх зямель.

Аповесць «Агонь у жылах крэменю» адлюстроўвае тыя моманты ў існаванні Вялікага княства Літоўскага, калі для яго з боку Рэчы Паспалітай пачала ўзнікаць небяспека паланізацыі, калі разгарнулі сваю дзейнасць езуіты і уніяты, накшталт Іасафата Кунцэвіча. Пісьменніца перадае думкі каралеўскага прапаведніка, рэктара езуіцкай калегіі ў Вільні Пятра Скаргі, малюючы праз яго ўнутраны маналог, як насоўвалася па краіну ноч сярэднявечча, паклаўшая пачатак разбурэнню незалежнай дзяржавы.

У аснову твора пакладзены дасканала вывучаныя гістарычныя дакументы і Матэрыялы, аднак Вольга Іпатава знайшла і ўдалы мастацкі ход у асвятленні тагачасных падзей. Агульнавядомую выснову, што ад усіх пературбацый, войнаў, змен улады, барацьбы веравызнанняў найбольш пакутуе народ, пісьменніца пацвярджае, раскрываючы трагічны лёс двух адзінакроўных братоў-беларусаў, бацькі якіх загінулі, закатаваныя панскай «ласкай». Старэйшы, Янка, узросшы ў сялянскім асяроддзі, застаўся верным памяці бацькоў, малодшы, Алесь, немаўляткам трапіўшы ў рукі Пятра Скаргі, стаў самаадданым служкай езуіцкага ордэна. Рэлігійна раз'яднаная краіна, людзі, родныя браты, выхаваныя ў рознай веры, вынішчалі адзін аднаго, гінулі ад унутраных супярэчнасцей, невыносных пакутаў сумлення. У гэтым адна з прычын нацыянальнага нігілізму, несвядомасці беларусаў, адна частка якіх хіліцца да праваслаўнай, другая да каталіцкай веры, і ўжо колькі стагоддзяў ніяк не наступае згуртаванасці нацыі.

Гэту тэму працягвае асэнсоўваць пісьменніца і ў аповесці «Чорная княгіня», хаця на першым плане тут жыццё верхніх слаёў: польскага каралеўскага двара і магнатаў Вялікага княства Літоўскага. I на гэтым фоне праз драматычныя лёсы жанчын — унучкі Канстанціна Астрожскага, князёўны Гальшкі, яе маці Беаты Іллёвай і шляхцянкі Евы паказаны многія падзеі сярэдзіны шаснаццатага стагоддзя. Верная свайму вострасацыяльнаму бачанню далёкай эпохі, пісьменніца і сюжэтнымі калізіямі аповесцей, і публіцыстычнымі аўтарскімі адступленнямі, і праз унутраныя маналогі герояў раскрывае складаную, разнастайную карціну грамадскіх узаемаадносін і праблсм, невырашальнасць якіх паскорыла нацыянальную трагедыю — знікненне Вялікага княства Літоўскага. Гэтыя творы, тэматычна і сюжэтна самастойныя, аднак узятыя разам, уяўляюць адзінае мастацкае палатно, сцэментаванае патрыятычнай ідэяй, якую паслядоўна і настойліва праводзіць аўтар, засноўваючыся на аб'ектыўнасці гістарычных дакументаў і глыбокім пранікненні ў характары канкрэтных дзейыых асоб.

Пісьменніца праз сістэму мастацкіх вобразаў і рэальна жыўшых асоб у сваіх творах змагла напісаць пра далёкае мінулае, але не пра гераічныя падзеі, бітвы, перамогі, а пра глыбінныя плыні жыцця народа і яго таленавітых прадстаўнікоў, ствараўшых духоўную гісторыю нацыі. Гэтай засяроджанасцю, глыбокай зацікаўленасцю да гісторыі і асобы чалавека ў ёй шмат у чым тлумачыцца своеасаблівасць Вольгі Іпатавай як гістарычнага апавядальніка. У яе няма прыхільнасці да вялікіх эпапей або імкнення будаваць сюжэт храналагічна паслядоўна, ва ўсіх падрабязнасцях эпохі. Для аўтара важна даследаваць духоўны свет, маральны вопыт чалавека, праз чый драматычны лёс можна прасачыць, зведаць урокі народнай гісторыі, сугучныя нашаму часу.

Сцвярджаючы непарыўную сувязь пакаленняў, як гістарычную пераемнасць гуманістычных і грамадзянскіх здзяйсненняў асобы, Вольга Іпатава ўключае ў апошнія старонкі рамана адкрыта публіцыстычнае выказванне, прасякнутае болем за страчаныя таленты.

I сапраўды, колькі трэба намаганняў, каб расказаць людзям пра нашу цікавую і багатую на таленты гісторыю. Гэтыя таленты і іх здзяйсненні: творы мастацтва, кнігі, рукапісы — будуць жыццядзейнымі ва ўсе часы, калі пра іх будуць пісаць і памятаць нашчадкі. Дзякуючы пісьменніцкім здольнасцям Волыі Іпатавай, яе пошукам, беларускаму чытачу адкрываюцца многія таямніцы нашай гісторыі. Гістарычная проза пішацца ёю не дзеля белетрызаванага занатоўвання фактаў і звестак, узятых з дакументальных, архіўных крыніц той або іншай эпохі, а дзеля спасціжэння далёкіх стагоддзяў у іх ісцінна чалавечых праяўленнях, дзеля набліжэння да асобы чалавека ў варунках часу. Гістарычнае мысленне Вольгі Іпатавай як мастака абапіраецца на дакладнае сацыяльнае бачанне далёкай эпохі, яе праблем і драм, у цеснай пераплеценасці якіх сам час ляпіў характары людзей, накіроўваў іх волю, дыктаваў лінію паводзін. Проза яе цікавая для нас і кантэкстам пісьменніцкага роздуму аб невынішчальнасці мастацтва, якое жывяць чыстыя невычэрпныя крыніцы народнага вольналюбства. Аўтару ўласціва абвостранае пачуццё памяці, што дазваляе ўваскрашаць далёкія эпохі, ужывацца ў іх. Вядома ж, без ведаў няма памяці, і пісьменніца добра разумее, як бясконца трэба папаўняць свае пазнанні, каб гістарычны матэрыял арганічна ўпісаўся ў мастацкую тканіну твора, стаў дынамічным і займальным, каб чытач змог спасцігнуць сутнасць, глыбінны сэнс і духоўную сувязь эпох. Без гэтага няма мастацкага твора, няма адкрыцця чалавечых лёсаў і гістарычных падзей. Проза Вольгі Іпатавай паказвае жыццё народа не аднамерна, а ў праявах мінулага і сённяшняга, сцвярджае высокую інфарматыўнасць і павучальнасць гісторыі, вяртае сучаснікам гістарычную памяць.

Некалі Васіль Быкаў у прадмове да першага зборніка апавяданняў і аповесцей Вольгі Іпатавай назваў яе прозу тварэннем прыроджанага празаіка. I гэта сапраўды так. Аглядаючы ўсё зробленае, напісанае пісьменніцай, ловіш сябе на думцы, што пры ўсіх здольнасцях паэта, публіцыста, крытыка, перакладчыка найбольш захапляе яе гістарычная проза. Дыяпазон творчых пошукаў пісьменніцы, якая жыве праблемамі, трывогамі, надзеямі свайго часу, рознабаковы і шматгранны. Аднак менавіта на шляху далейшага асэнсавання гістарычнай тэмы яе чакаюць новыя поспехі і мастацкія адкрыцці.

Лідзія Савік

Загрузка...