Дзея першая

I

Познань. У цеснай вязніцы на драўлянай лаве, прыкаванай да сцяны, сядзіць Скарына. Замест вопраткі на небараку лахманы. Ён паднімае галаву, прыслухоўваецца. Здалёк чуецца сумная-сумная песня.

Як было ў мамкі да тры донькі,

Да пайшлі ж яны ў бор па ягадкі.

Адна донька ўтапілася,

Другую доньку звяры з’елі.

Другую доньку звяры з’елі,

Трэцюю доньку татары ўкралі…

Скарына сціскае галаву рукамі. Лязгаюць запоры. Адкрываюцца дзверы. Уваходзіць Вартаўнік. Ён прыносіць ваду і хлеб і моўчкі падае вязню. Той бярэ прынесенае, з удзячнасцю схіляе галаву. Есць няспешна, з павагаю да вады і хлеба. Вартаўнік назірае за ім.

Вартаўнік. Чы пан зна цэнэ хлеба?

Скарына. Так, пан ведае цану хлебу…

Вартаўнік (пасля паўзы). Валацуга?..

Скарына. Валацуга… ды яшчэ які…

Вартаўнік. Далёканька ж цябе занесла, нябога…

Скарына. Мяне яшчэ не так заносіла…

Вартаўнік. Выходзіць, пабачыў свету?

Скарына. Пабачыў, хоць і не так многа, як бы хацелася…

Вартаўнік. I дзе ж цябе яшчэ нялёгкая насіла?

Скарына. Калі мне было гадоў 14, занесла ў Кракаў да палякаў, а як споўнілася 17, падаўся я ў Капенгаген да датчан, пасля 22-х апынуўся сярод італьянцаў у Падуі, адтуль накіраваўся ў Прагу да чэхаў, у 27 вярнуўся дамоў, потым занесла мяне ў Вітэнберг да немцаў, у Кёнігсберг да прусакоў, а зараз, як бачыце, у Познань зноў да палякаў. Між іншым, Маскву таксама не абмінуў…

Вартаўнік (з зайздрасцю і недаверам). Палётаў, голуб!..

Скарына. Палётаў бы яшчэ, ды крылы звязаны…

Вартаўнік (нечакана). I ўсюды краў?..

Скарына (здзіўлена). Чаму краў?..

Вартаўнік. Каб папрасіць, трэба ж ведаць па-нямецку, і па-дацку, і па-чэшску! А італьянцы?!.

Скарына. Я яшчэ магу прасіць па-руску, па-грэчаску, па-яўрэйску і на… латыні…

Вартаўнік (з недаверам). Трапляліся мне прахвосты, а такіх, як ты, яшчэ не было!

Скарына. I не будзе!.. А мо ў наступным стагоддзі і народзяцца…

Вартаўнік. Але ж ты нарадзіўся?..

Скарына. Я апярэдзіў час… Гадоў гэтак на сто — паўтараста.

Вартаўнік. Прахвост няшчасны!..

Скарына (без крыўды і нават з усмешкай). Памыляешся, шаноўны. Перад табой чэсны і… даволі шчаслівы чалавек…

Вартаўнік. Блазнаваты ты, а не шчаслівы. I ўпякуць цябе паны суддзі за валацужніцтва туды, дзе ты яшчэ не быў…

Скарына. Мяне не за валацужніцтва, мяне за даўгі ўпякуць.

Вартаўнік. I многа ты напазычаў?

Скарына. Кажуць, нібыта 206 коп грошаў.

Вартаўнік (аж прысеў). Колькі?!.

Скарына. 206 коп.

Вартаўнік. Дык гэта ж статак коней. Такіх грошай у Лазара з Мойшам не будзе!

Скарына. Будзе!.. Калі з мяне суд спагоніць, то ў Лазара і Мойшы будзе больш якраз на 206 коп.

Вартаўнік (з іроніяй). А ты часам не Радзівіл будзеш? Ці мо сам Сапега?..

Скарына. Бяры вышэй!

Вартаўнік. Дык жа некуды браць… вышэй.

Скарына. Сапраўды, вышэй некуды…

Вартаўнік. Ілгаць, братка, таксама трэба ўмець…

Скарына. Бадай што, трэба…

Вартаўнік. Тут і сумнявацца няма чаго, бо затаўкуць… Хочаш анекдот?.. Не бойся, не пра караля з каралеваю…

Скарына. Калі не пра караля, то хіба што…

Вартаўнік. Быў у нас такі Янка — ілгаў, не давядзі бог. Яму ўжо не тое што суседзі, родныя дзеці не верылі. Дык прыходзіць ён аднойчы да свайго дзядзькі, а той і кажа: салжы, пляменнічак, толькі гладка, — авечку дам. Няма, адказвае, часу лгаць, — бяры, дзядзька, венікі і прыходзь у лазню. Прыйшоў дзядзька з венікам, а лазня, вядома, не топленая. (Весела рагоча.) Я тут усялякіх нагледзеўся, але, калі шчыра, — ты мне даспадобы. Люблю вясёлых.

Скарына. Дзякуй на добрым слове.

Вартаўнік. Ілжы на здароўе — у мяне ўсё роўна авечкі няма. А хлеба дабаўлю.

Скарына. Шчыра дзякую.

Вартаўнік. Дзякуй на зуб не пакладзеш.

Скарына. Многа есці шкодна.

Вартаўнік. Сказаў бы нехта іншы, можа б, я і паверыў.

Скарына. Ты мне павер — я лекар.

Вартаўнік. Можа, ты яшчэ поп ці ксёндз? Тыя таксама пасты хваляць.

Скарына. Я і не поп, я і не ксёндз, хоць нейкае дачыненне да царквы і паствы маю… I, можа б, ты да кашталяна турмы схадзіў і сказаў яму, каб ён мне маю Біблію вярнуў. Скажы, з Богам захацеў даўжнік-бадзяга пагаварыць.

Вартаўнік. Там будзе відаць… А малаком я з табой падзялюся. Мне мае мальцы вечарам яшчэ прынясуць. Харошыя ў мяне мальцы растуць… што па-польску, што па-палачанску сякуць — аж ад зубоў адскоквае. I Псалтыр, як рэпу, грызуць…

Скарына (нечакана). З полькай ажаніўся, а сам з Полацка будзеш?..

Вартаўнік (насцярожана). А табе скуль ведаць?!

Скарына. Хлопцаў «мальцамі» называюць толькі на Полаччыне. Дзе ні быў — і ў Гародні, і ў Навагародку, у Нясвіжы, Міры, Слуцку, Клецку, Мазыры, Тураве — толькі хлопцы. А ў Полацку — мальцы.

Вартаўнік. Чаго не ведаў, таго не ведаў. А мальцы, яны і ёсць мальцы. Хлопцы — то ад халопаў. А каму халопам быць ахвота?

Скарына. Я і пра нятопленую лазню з авечкаю ў Полацку чуў. Землякі мы, выходзіць, з табою, служывы.

Вартаўнік (адчужана, адступаючы да дзвярэй). Хопіць языком мянціць! А то ты да мяне і ў сваякі напросішся. Пры службе я — разумець трэба, і палёгкі не чакай. Палёгку суд дае, а я па-чалавечы паспачуваць магу. I граху ў тым не бачу. Якія б яны ні былі, а ўсе людзі — чалавекі. (Забраўшы конаўку, выходзіць.)

Грымяць запоры.

Скарына (задуменна). Усе людзі — чалавекі… Усе людзі — чалавекі… Адкуль жа тыя здрада, вераломства, ліхвярства, ілжывасць?.. Сам, сваёю рукою ў закон каралеўскі і велікакняжацкі першым артыкулам запісаў аб адказнасці за паклёпы і абгаворы. I тым не менш у турме не паклёпнік, а я, Францыск, сын Скарынін… у якасці валацугі, што збег ад даўгоў, якіх ніколі і ні ў кога не пазычаў. О свет! О людзі-чалавекі… Хіба не для вас законы ў душах вашых і на паперы напісаны для паспалітага добрага?!. (Зноў чуе песню.)

Ой, не так жаль тое, што ўтапілася,

Ой, не так жаль тое, што зверы з’елі.

Ой, не так жаль тое, што зверы з’елі,

Вельмі жаль тое, што татары ўкралі…

(Садзіцца на лаву, заціскае вушы.)

Святло згасае, у цемры з’яўляюцца прывіды Маргарыты, а потым Бабіча, Астрожскага, Максіма Грэка, Івана, Гусоўскага.

Маргарыта. Што ты клічаш мяне, любы? Хіба не ведаеш, што я два гады таму, як памерла? Калі б жывая была, хіба не прыйшла б? Хіба не прыбегла б? Зязюлькаю шэраю, галубкаю шызаю, ластаўкаю імкліваю не прыляцела б? А што не забыў — паклікаў, дзякуй. Ці ж не я была тваёю адзінаю, тваёю любаю? Ці ж не я была табе памочніцай і дарадчыцай? Ці ж не я нарадзіла табе двух сыночкаў? Кахала, як умела, аберагала, як магла. Толькі мінула маё лецейка. Як жа я адсюль дапамагу табе, любы мой, адзіны мой, гаротны мой?!. Цярпі! Трымайся! Ёсць жа Бог на свеце, хоць ты ніколі на яго вельмі не спадзяваўся. Да людзей найбольш былі твае малітвы. Ды не ўсе, відаць, іх слухалі. А сярод тых, што пачулі, як бачыш, звяры драпежныя трапіліся. Ад іх паратунку не чакай. Цяпер уся надзея на Якуба Бабіча… (Знікае.)

Бабіч. Адкуль ведаць табе, бедная жанчына, што ў хуткім часе і я пайшоў за табою. I карысці з Якуба Бабіча памерлага аніякае. Не крыўдуй. Не спадзявайся. Найстаршы бурмістр слаўнага горада Вільні бездапаможны. Не папракай, дружа, — справу тваю кніжную я падтрымліваў, колькі мог. Ганарыўся дружбай з табою, рад быў аддаць дом свой пад друкарню тваю, што была і застанецца першаю ў нашым краі. А што згарэла яна з домам маім — бяда вялікая і няўцешная, калі ж лічыць, што тры чвэрці самога горада згарэла… Дасць Бог, выблытаешся з цянётаў, пераможаш здраду і каварства і зноўку сваю вялікую справу распачнеш. Канстанціну Астрожскаму пакланіся. Гетман дапаможа. Ён міласнік царквы, школы і кнігі, якіх у княстве нашым мала. (Знікае.)

Астрожскі. Бабіч, Бабіч! Ведаць бы табе, што вялікі мор на Белай Русі следам за табой і мяне звёў у магілу. Якая ж карысць другу нашаму кланяцца памерлым? Яны ж дапамагчы не могуць.

Скарына (як стогн). На Маскву, на цябе, Максім Грэк, былі ўсе мае спадзевы!..

Максім Грэк. Рады я, што памятаеш мяне, што не забыў сустрэчы нашы. Не здзіўляйся, што зайздрошчу лёсу твайму, хоць абодва мы ў няволі. Розніца толькі ў тым, што ты чацвёрты месяц, а я шосты год. А белая зайздрасць толькі з тае прычыны, што ты здзейсніў мару і справу свайго жыцця. На Маскве ж паміраюць за адзіную літару «аз». Мужайся і памятай, што на свеце ёсць людзі, якія маюць жыццё, але ўжо не маюць надзеі. А ты яшчэ жывы і, дасць Бог, Фартуна павернецца да цябе тварам. Мужайся, брат мой! (Знікае.)

З’яўляецца Iван Скарына.

Скарына. Што ж ты нарабіў, браце мой, Іване?! Хіба ж так здраджваюць родным?!

Iван. Не судзі мяне строга за тое, што пакінуў пасля сябе адны даўгі. Не згарэла б наша друкарня ў Вільні, і я, відаць, пажыў бы яшчэ. У полымі тым загінула твая мара, а мае грошы. Сэрца і не вытрымала нашага канчатковага краху. Калі дасць Бог сыну Раману разлічыцца з даўгамі і зноў паставіць на ногі купецкую справу і славу Скарынічаў, можа, ён табе і дапаможа. А можа, і не варта. Можа, пустое ўсё гэта, друкарства наша…

Астрожскі (строга). Як жа можна так, Іван, сын Скарынін?! Мы з табою памерлі, а яму жыць, і справе кніжнай жыць! Не мне табе расказваць, як менавіта яна, кніга, школа, адукацыя, абнаўленне царквы ўскалыхнулі дзяржавы і вялікія, і малыя. Можа, ёй, асвеце, і суджана прымірыць людзей, пазбавіць вайны і смерці. Колькі жыў, столькі і ваяваў гетман Канстанцін Астрожскі. Больш за 60 разоў перамог крымчакоў на поўдні дзяржавы, не раз біў маскалёў на яе ўсходзе. Зведаў ганьбу палону ў вялікага князя маскоўскага. I ўцёк з яго, каб зноў змагацца з находнікамі і набежнікамі за непадлегласць дзяржавы нашае. А паміраючы, зразумеў: мала рупіўся князь Астрожскі аб справе мірнай, кніжнай, асветніцкай і святой, каб не звярэлі людзі, не зводзілі адзін аднаго са свету, не сеялі зайздрасць, ярасць і нянавісць. Паміраючы, зразумеў, што моц дзяржавы, яе сіла і годнасць не столькі ў моцы зброі, колькі ў моцы духу, згодзе, супольнасці, другалюбстве.

Іван. Добра гаворыш, гетман, а што мы маем на справе? Выбітыя і вымерлыя сёлы, спустошаныя гарады, здратаваныя нівы і здзічэлыя гоні, заняпалы гандаль. А наперадзе новыя войны, паборы, ахвяры!.. Якія ўжо тут кнігі?!.

Асвятляецца Мікола Гусоўскі, а за ім і ўсе тыя, каго мы ўжо бачылі.

Скарына. Я чакаў цябе, Мікола!..

Гусоўскі. Цела маё амаль памерла, але душа яшчэ не адляцела. (Пачынае чытаць па памяці.)

«…Бачу я з найвялікшым для сябе жалем і, зразумела, з пэўнай стратай для дзяржавы, што славуцейшыя сэрцы зусім не паважаюцца. Яны з-за матэрыяльнай нястачы і беднасці цалкам не могуць сябе праявіць. Бачу я таксама, што ёсць нямала людзей, якія валодаюць і багаццем і талентам. Але калі яны заўважаюць, што вучоных, мастакоў і паэтаў так мала шануюць і паважаюць, то імкнуцца больш узбагачацца, чым ахарошваць душу…

Дзяржава абапіраецца больш на мужнасць духу, чым на сілу цела, пра што сведчаць як грэкі, так і рымляне. Іх магутнасць квітнела найбольш тады, калі расцвіталі навукі. А як толькі пачалі нікнуць таленты, сілы іх згаслі, а з заняпадам апошніх абрушылася іх дзяржава і ўсталявалася рабства. Таксама і ў нас…

Хоць нам не ўласцівыя ні норавы, ні звычаі старажытных, аднак вечная сіла неба і мужнасць нашага воіна-ратніка не падвядуць, як справа дойдзе да зброі, калі толькі мы, бяззбройныя, не будзем раздушаны нейкім наканаваным няшчасцем, ці, ясней кажучы, спрытным круцельствам некаторых і сваёй бяздзейнасцю…»

Усе прывіды знікаюць. Вязніца патанае ў цемры. Чуваць толькі спеў Скарыны і Маргарыты:

Ой, скінусь я ды зязюлькаю,

Да маленькаю, да рабенькаю.

Да маленькаю, да рабенькаю.

Да маленькаю, да рабенькаю.

Да палячу ж я к доньцы ў госці…

II

Сцэна асвятляецца. У дзвярах стаіць Вартаўнік.


Вартаўнік. Спяваеш, няшчасны?..

Скарына (цытуе па памяці). «В певнице ест справедливость, там ест чистота, душевная и телесная. Там ест наука всякое правды. Там мудрость и разум совершеный. Там ест милость и друголюбство без ильсти и вси иные добрые нравы, якобы со источника оттоле походять. …Псалмы якобы сокровище всих драгих скарбов, всякии немощи, духовныи и телесныи, уздравляють, душу и смыслы освещають, гнев и ярость усмиряють, мир и покой чинять, смуток и печаль отгоняють, чувствие в молитвах дають, людей в приязнь зводять, ласку и милость укрепляють, бесы изгоняють, ангелы на помощь призывають…»

Вартаўнік садзіцца на лаўку, доўга маўчыць. Відаць, словы Скарыны ўразілі яго.

Вартаўнік. Я таксама іншы раз спяваю… як вып’ю. Занятак у мяне, братачка, такі, што нікому добраму не пажадаеш… Бывае, што і вінаватых шкада, а не вінаватых яшчэ больш шкада. А паспрабуй разбярыся, як каго судзіць, калі суддзі іншы раз не могуць. Вось ты, галота няшчасная, а як цябе судзіць? То дурнем прыкідваешся, лухту нясеш, то Біблію просіш. Пра песню сказаў, як іншы і не змог бы. А колькі вас, няшчасных, прайшло перада мною. Я іншы раз і забойцу лічу няшчасным. Хіба чалавек ад радасці забівае? Даносы, злоба, паклёпы людзей і з дарогі і са свету зводзяць. Вось у песні пра дзяўчыну, што татары звезлі. А іх жа, такіх зязюлек нашых, тысячы тысячаў чумазлаі ў палон звозяць. А мы заместа таго каб бараніцца сукупна, між сабою тузаемся і адзін другога са свету зводзім. Зямля асірацелая крычыць нема, і людцы стогнуць. Усіх шкада… акрамя канакрадаў. Ты часам не канакрад?..

Скарына (весела смяецца). Не, я горш…

Вартаўнік. Горш за канакрада нікога не бывае!

Скарына. Я бакалаўр, магістр і яшчэ ў навуках вольных і лекарстве доктар.

Вартаўнік (устае з лаўкі, абыякава). Хопіць брахаць. А калі ўжо брэшаш, то меры не губляй. Я, між іншым, да цябе як да чалавека…

Скарына. Як да чалавека, кажаш, а Біблію не прынёс…

Вартаўнік (задзірыста). Чаму гэта не прынёс? Цэлы стос прывалок. Кашталян адлічыў — аж дваццаць тры кнігі. I яшчэ дзве ў прыдачу, праўда, адна вельмі маленькая. (Вымае з-за пазухі «Малую падарожную кніжку», аддае Скарыне.)

Скарына нечакана цалуе Вартаўніка.

Скарына (усхвалявана). Любы ты мой чалавеча!

Вартаўнік (адчужана, адступіўшы ад Скарыны). А вось гэтага не трэба! Я табе не любы, і ты мне не сваяк. Мне далі — я прынёс… Скажуць адабраць — адбяру.

Скарына. Дык дзе ж яны… астатнія?!

Вартаўнік (паблажліва). Я да цябе не наймаўся пуп надрываць. Выйдзі і вазьмі. (Адчыняе дзверы.)

Скарына выходзіць пад наглядам Вартаўніка і вяртаецца з важкім клункам кніг, завязаных у посцілку. Кладзе яго на лаўку, развязвае рагі посцілкі, гладзіць кнігі рукою, складае ў стос.

Скарына (вельмі пранікнёна). Якую ж ты мне радасць прынёс, добры чалавек!

Вартаўнік. А навошта табе столькі?..

Скарына. Мне не трэба. Я табе хацеў паказаць.

Вартаўнік. Навошта, калі я ў грамаце…

Скарына. Каб ты паверыў, што я не забойца, не бадзяга, не канакрад… што я не толькі чалавек сумленны, але і не дурны…

Вартаўнік. А пры чым тут кнігі?

Скарына. Я зрабіў іх уласнымі рукамі. Сам, разумееш?

Вартаўнік (збянтэжана). Як сам?!

Скарына. Ну, не адзін, вядома, — з сябрамі, з таварышамі…

Вартаўнік. Дык ты мо і сам чытаць умееш?!.

Скарына. Я і пісаць яшчэ ўмею. (Смяецца.)

Вартаўнік. Акрамя смеху?..

Скарына. Магу паклясціся…

Вартаўнік. Перахрысціся!

Скарына хрысціцца.

Я разумею, калёсы там зрабіць, хамут ці барану… А чаму гэта менавіта ты за кнігі ўзяўся?..

Скарына. А больш не было каму.

Вартаўнік. Як гэта не было? Манахі гэтым у Полацку спрадвеку займаліся. Іх гэта справа… і тут, у Познані.

Скарына. Справа якраз у тым, што перапісваў я гэтыя кнігі з незразумелай латыні полацкімі словамі, каб дзеткі паспалітыя і людзі простыя разумець маглі.

Вартаўнік (захоплены пачутым). I даказаць гэта можаш?!.

Скарына. Магу… Ты толькі сядай.

Вартаўнік. Пакуль разам з табою не пасадзілі, пастаю…

Скарына. Ну, пастой сабе. (Бярэ кніжку, адгортвае старонку: чытае больш па памяці, чым па тэксце.) «В сей книзе всее прироженое мудрости зачало и конець… В сей книзе вси законы и права, ими же люде на земли справоватися имеють, пописаны суть… В сей книзе вси лекарства, душевные и телесные зуполне знайдете. Ту навчение филозофии добронравное, яко любити Бога для самого себе и ближнего для Бога, имамы… Хощеши ли умети граматику или, по-рускы говорячи, грамоту, еже добре чести и мовити учить, знайдеши в зуполнай Бивлии, Псалтыру, чти ее…»

Вартаўнік. Распавядаеш прыгожа, і паверыць хочацца, а не магу… Не, калі заплюшчыць вочы, можа б, і паверыў, што ты ўсё гэта сам у кнігу ўставіў, а як гляну на тваё рыззё — не магу.

Скарына (падае кнігу). Тады патрымай… пагартай…

Вартаўнік. А што з таго?..

Скарына. Ну, хоць на выявы паглядзі!.. Я іх сам маляваў і ў кнігі ўставіў. (Цытуе па памяці.) «А для таго, абы братия моя Русь, люди посполитые, чтучи могли лепей разумети…»

Вартаўнік (разглядае малюнкі і з захапленнем, і са здзіўленнем, і са страхам). А гэта хто?.. Хрыстос ці мо епіскап які?..

Скарына. Гэта — я…

Вартаўнік. Як — ты?!

Скарына. А так, як бачыш: уласнай персонаю, толькі не ў лахманах, ад якіх у цябе такі недавер, а ў доктарскай мантыі…

Вартаўнік (з недаверам і злосцю). Значыцца, ты яшчэ і святы?!. Каго толькі ў маёй вязніцы не было, а святыя яшчэ не трапляліся… (Крычыць.) Прахвост ты, манюка, а не святы! I хопіць мяне ў дурні ўшываць!.. А даведаюся, што канакрад, я цябе, валацугу…

Скарына. Не гарачыся. Прыгледзься да мяне і да маёй выявы. (Становіцца бліжэй да святла, прыгладжвае валасы, вусы.) Там жа ўнізе так і напісана: (цытуе) «Прото я, Францишек, Скоринин сын с Полоцька, в лекарскых науках доктор, разумея сее, иже без страху Божия, без мудрости и без добрых обычаев не ест мощно, почстиве жити людем посполите на земли, казал есми тиснути книги сии руским языком напред ко чти и к похвале створителю, спасителю, утешителю Богу… потом людем простым посполитым к пожитку и ко розмножению добрых обычаев, абы, научившися мудрости, добре живучи на свете, милостивого Бога хвалили…»

Пакуль Скарына па памяці чытае гэтыя словы, Вартаўнік збянтэжана глядзіць то на яго, то на выяву ў кнізе.

Вартаўнік. Францішак?! Ты той самы Францішак, сын старога купца Лукі Скарыны?!.

Скарына. Той самы, якога ты, Янка, вучыў некалі плаваць і які чытаў табе на Барысавым камені, што ляжыць на стрыжні Дзвіны, загадкавае і старажытнае: «Господи, помози рабу своему Борису».

Вартаўнік кідаецца ў абдымкі да Скарыны.

Вартаўнік (крыху супакоіўшыся). Што ж ты мне колькі дзён галаву тлуміш?!.

Скарына. Прыглядаўся. Мальцаў хацеў тваіх пабачыць. Ці падобныя, думаю, на бацьку ў свае гады…

Вартаўнік (вельмі таропка). Чым дапамагчы?!. А можа, сёння ж і збяжым?!. Мне толькі мальцаў папярэдзіць, а мая пані Анэлька за мной на край свету з’едзе. I што мне ў гэтай Познані?!.

Скарына. Барані Божа — ніякіх уцёкаў. Не канакрад жа я, сапраўды!

Вартаўнік. Дык а што тады?!.

Скарына. Прынясі мне аркуш паперы, чарніла і пяро. Я напішу ліст аднаму чалавеку, і мярзотнікі, якія надзелі на мяне гэтае рыззё, у зубах прынясуць мне доктарскую мантыю!

Вартаўнік (узбуджана глядзіць на Скарыну, абыходзіць яго вакол, дакранаецца да кнігі). Ай, Францішак! Ай, братачка! Калі ты мне пераказваў знакі з Барысава каменя, я мог бы здагадацца, што далёка пойдзеш! Але каб у твае гады, жывым… у святыя?!. Згубіш ты галаву, чалавек…

Скарына. Мне і кароль пра тое казаў.

Вартаўнік (збянтэжана). Як — кароль?!.

Скарына. Быў выпадак.

Сцэна зацямняецца.

III

З успамінаў Скарыны

Кракаў. Тронная зала. На троне кароль польскі і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Жыгімонт I Стары. Яму каля шасцідзесяці. Ён зняў чаравікі і падабраў ногі на трон. Карону павесіў на старчак спінкі трона злева. На старчаку справа вісіць «дзяржава». Кароль салодка спіць. Відаць, яму сніцца прыемны сон. Уваходзіць каралева Бона. Надзвычай прыгожая, эфектная і вельмі экспансіўная жанчына. Ёй каля трыццаці, але выглядае намнога маладзейшай. Са здзекам і іроніяй глядзіць на караля, які падцягнуў пад сябе ногі і хавае пад пахі рукі, каб было цяплей. Нешта мармыча праз сон.


Бона. О, Санта Мадонна! Можа, прачнемся, ваша вялікасць?!. Прэсто! Прэсто!

Жыгімонт (падхапіўшыся, перапалохана і таропка абувае чаравікі). Такі быў сон!.. Такі сон…

Бона (надзявае каралю карону, дае ў рукі «дзяржаву»). Ноччу, ноччу, ваша каралеўская вялікасць, будзеце сны глядзець…

Жыгімонт. Ноччу, мая слаўная каралева, як і заўсёды, я буду глядзець на вас, і не ў сне, а наяве…

Бона (сур’ёзна). Жартаваць, між іншым, таксама будзем ноччу…

Жыгімонт (не расшалопаў здзеку). Была б ваша воля…

Бона (смяецца). Мая воля будзе… была б ваша моц.

Жыгімонт (разгублена і вінавата). Ну… тут ужо, як выпадзе…

Бона. О, Санта Мадонна! (Садзіцца на свой трон, звоніць у званочак.)

З’яўляецца канцлер Гаштольд, схіляе галаву.

Яго вялікасць хоча бачыць доктара Скарыну і епіскапа Яна. (З’едліва.) Не лішнімі і вы будзеце, шаноўны канцлер…

Пакланіўшыся, канцлер выходзіць і вяртаецца зараз жа са Скарынай і епіскапам Янам. Запрошаныя вітаюць караля і каралеву нізкімі паклонамі. Усе апрануты згодна сваіх пасад і званняў. Скарына — у доктарскай мантыі і берэце, які не здымае нават перад каронай.

Жыгімонт. Мы хацелі б прасіць нашых шаноўных канцлера і епіскапа даць магчымасць многавучонаму і знакамітаму мужу Францыску, сыну Скарыніну, пазнаёміцца з канчатковым тэкстам Статута Вялікага княства Літоўскага, да якога б ён прыклаў сваю руку і розум, які мы высока цэнім, і менавіта да таго, як вынесці названы збор законаў княства нашага на зацвярджэнне сейма.

Скарына (нечакана). Калі ваша вялікасць дазволіць, я скажу, што гэта справа мною ўжо зроблена ў межах маіх здольнасцей…

Бона (здзіўлена). О-о!

Жыгімонт. Але ж Статут, распрацаваны пад апякунствам нашага канцлера (глядзіць на Гаштольда), быў толькі ў нас (глядзіць на каралеву) і ў епіскапа Яна.

Скарына. Я не быў бы Францыскам Скарынай, калі б упусціў магчымасць пазнаёміцца і ўнесці сваю лепту ў святую справу вашай вялікасці, якая робіцца на карысць маёй Айчыны.

Бона (з’едліва). На карысць нашага каралеўства і нашага княства, хацеў сказаць слаўны доктар.

Скарына. Менавіта так, мая слаўная каралева…

Жыгімонт. Вы наважыліся зараз жа і выказаць свае заўвагі?..

Скарына. Менавіта так, ваша вялікасць… I, з вашага дазволу, не столькі заўвагі, колькі прапановы…

Бона (паспешліва). Мы слухаем вас, доктар…

Жыгімонт. Так, слухаем…

Скарына. Пры ўсёй важнасці і каштоўнасці зробленага па абагульненні законаў і прывілеяў нашага княства, Статуту, як мне здаецца, неабходна надаць пэўную стройнасць, як усякаму твору высокай навукі і мастацтва. I перш-наперш прымяніць строгую сістэму і структуру размяшчэння прававых нормаў. А таксама ўключыць тыповыя і абагульненыя нормы, якія ў першую чаргу тычыліся б дзяржаўнай юрысдыкцыі і дзяржаўнага кіравання.

Бона. Даруйце, але мяне здзіўляе, як вы маглі не заўважыць сістэмы і структуры?!.

Скарына. Справа ў тым, што я хацеў бы прапанаваць сваю…

Бона. Наш доктар не памрэ ад сціпласці…

Скарына (весела і прыязна). Мая слаўная каралева, сапраўды, я, відаць, памру ад нечага іншага, бо не змагу адмовіцца ад таго, што ўжо ведаю.

Бона. Пабойцеся Бога, доктар, вашы грахі ў яго на ўліку.

Скарына. Бог і кароль мне найвышэйшыя суддзі.

Бона. Але ж навошта нажываць сабе ворагаў?

Ян. Ваша прыязнасць, яснавяльможная каралева, да доктара Скарыны ведама і Богу і каралю.

Бона (са злосцю). Санта Мадонна!..

Жыгімонт (строга). Ян! Я не дзеля таго цябе сюды паклікаў…

Ян (нібы пакорліва). Палюбіце адзін аднаго, як Бога нашага і памазанніка яго…

Бона (са злосцю). Амін! Прэсто! Прэсто, доктар Скарына!

Жыгімонт. Гаварыце, доктар!

Скарына. Раздзелам першым бачу законы, дадзеныя дзяржаве, нашаму Вялікаму княству Літоўскаму, Рускаму, Жамойцкаму. Другі раздзел — аб абароне земскай; трэці — аб вольнасцях шляхты. Найгалоўнейшым жа лічу сцвярджэнне суверэнітэту дзяржавы насуперак існуючаму касмапалітызму. А яшчэ адзінства права і прыярытэт пісанага права перад правам звычаёвым. Я запісаў бы літаральна: жадаем і пастанаўляем і на вечныя часы павінна быць захавана, што ўсе нашыя падданыя як бедныя, так і багатыя, якога б саслоўя і становішча яны ні былі, роўна і аднолькава павінны быць судзімы па гэтых пісаных законах, а калі б суддзі судзілі інакш, то павінны былі б самі быць судзімы. Без гэтага, пан канцлер, сейм зноў адхіліць праект Статута.

Бона (з мілай усмешкаю). А гэта ўжо не вашы турботы, пан доктар!

Скарына надоўга замаўкае.

Жыгімонт. Гаварыце, доктар.

Скарына. Таксама ніхто не павінен быць пакараны і прыгавораны за чужое злачынства, а толькі той, хто вінаваты. I ніхто не павінен быць пакараны, калі яго віна не будзе ўстаноўлена судом, — ні жонка за злачынства мужа, ні бацька за злачынства сына, ні сын за бацьку, а таксама ніхто з родзічаў, ні слуга за пана.

Бона. А пра гэта трэба яшчэ падумаць.

Гаштольд. Думаць — не толькі высокае прызванне, але і абавязак дзяржаўцаў.

Бона (дзёрзка). Каралю, як і каралеве, вядомы іх абавязкі!

Жыгімонт. Кароль за сябе сам скажа! (Больш мякка.) А падумаць — не пашкодзіць.

Бона. I хоць бы таму, што вядома, як будуць сябе паводзіць бацькі-злачынцы, калі загадзя вызваліць ад адказнасці іх дзяцей…

Скарына. Тым не менш час няўмольна патрабуе, яснавяльможная каралева…

Бона (з усмешкаю). Вы многа бачылі і многа ведаеце, доктар, але павучаць караля і каралеву…

Жыгімонт. А я асабіста люблю паслухаць разумных людзей. Не фальваркам, дзякаваць Богу, правім, а каралеўствам.

Бона. I яшчэ, між іншым, княствам… Вялікім княствам Літоўскім!

Жыгімонт (стрымана). Калі б я правіў ім «між іншым», аднаму Богу вядома, пад чыёй рукой яно было б сёння…

Ян. Сапраўды…

Бона аж перасмыкаецца ад рэплікі Яна.

Жыгімонт. Гаварыце, доктар…

Скарына. Я хацеў бы падтрымаць канцлера і ў першую чаргу прапанаваць такі запіс: згодна Статуту яго вялікасць кароль Польскі і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага абавязваюцца захоўваць і берагчы цэласнасць дзяржавы.

Жыгімонт. Гэта і так вядома.

Гаштольд (настойліва). Ваша вялікасць, абставіны ўнутры каралеўства і княства, а таксама за яго межамі патрабуюць гэтага запісу. Многа ў чым я мог бы не пагадзіцца з доктарам Скарынай, але толькі не ў гэтым.

Бона. Дзіўнае аднадушша…

Скарына (пакланіўшыся Гаштольду). Да вышэйсказанага я дадаў бы наступнае: мы, кароль польскі і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага, таксама абяцаем, што ў землях Вялікага княства ні мы, ні нашы нашчадкі нікому з чужынцаў не будзем даваць ва ўласнасць і ўтрыманне зямель, замкаў, гарадоў і якіх бы там ні было званняў і чыноў, але толькі мясцовым ураджэнцам тых зямель нашага Вялікага княства.

Бона. Санта Мадонна! Да гэтага нават пан канцлер не дадумаўся…

Ян. На гэтым пан канцлер з панам доктарам пасябруюць.

Гаштольд. У пана доктара не ўсё так блага, як пану біскупу часам падаецца.

Ян (зводзіць на жарт). Вось бачыце…

Гаштольд. А калі б хто-небудзь з падданых збег з нашай дзяржавы ў зямлю нашых непрыяцеляў, то пазбаўляецца свайго гонару, а яго іменне спадчыннае, выслужанае і купленае не пераходзіць ні да дзяцей, ні да родзічаў, а толькі да вялікага князя.

Бона. Грацыо, пан доктар… Грацыо!

Жыгімонт (глянуўшы на каралеву). Разумна!

Бона. Хоць і не настолькі, каб гэтым захапляцца…

Скарына. А яшчэ не адбіраць у маёмасных людзей пасад і маёмасці без суда.

Гаштольд. I нікому з саноўнікаў нашых не даваць дзвюх пасад.

Бона. Я і гэта павінна ўзгадняць з вамі?!.

Гаштольд. Не са мною, але з законам…

Бона (амаль крычыць). Баста! Ніколі!

Скарына. А яшчэ — публічнасць здзяйснення правасуддзя пры роўнасці бакоў у працэсе і права абвінавачанага на абарону з удзелам адваката.

Гаштольд. I ніхто не адказвае за чужую віну.

Скарына. А каб папярэдзіць паклёпы, даносы і нагаворы, першым жа артыкулам першага раздзела першага кодэкса нашага я запісаў бы на абарону дзяржавы і яе падданых: калі б хто агаворам-паклёпам абвінаваціў каго і абвінавачаны павінен быў бы падлягаць ганьбаванню ці смяротнай кары, ці канфіскацыі маёмасці, ці якому іншаму пакаранню, тады той, хто агаварыў іншага, але не прадставіў доказаў, сам павінен панесці такое пакаранне. Менавіта гэтая норма зберагла б не толькі падданых дзяржавы, але і яе гонар паміж дзяржавамі. Даносы і паклёпы вынішчаюць людзей не горш, чым войны, паморкі і татарскі палон.

Каб залішне не стамляць вашу каралеўскую вялікасць, я змаўкаю.

Бона (іранічна). Мы ўдзячны знакамітаму доктару. Ва ўсякім разе, становіцца зразумелым, чаму шляхта на сеймах ігнаруе волю караля і не прымае Статут… Назавіце мне хоць адну дзяржаву, дзе законы манархаў так зацята адвяргаюцца падданымі ўжо больш за шэсць гадоў?.. Няма такіх дзяржаў!

Гаштольд. Але ж не было яшчэ і такіх законаў…

Жыгімонт. Канцлер мае рацыю.

Бона. Якая карысць ад непрынятых законаў?

Гаштольд. Законы будуць прыняты, але магнаты і паны-рада чакаюць ад нас уступак.

Бона. Не ад вас, а ад нас!

Гаштольд. Яны патрабуюць ад кароны захаваць усе старыя пастановы, а новыя не прымаць без іх удзелу. Рада настойвае на літаральным запісе ў Статуце: вялікі князь бярэ на сябе абавязак дзяржаву яго міласці Вялікае княства Літоўскае і паноў-раду ні ў чым не прыніжаць… Гэта па меншай меры…

Бона. Не трэба нас палохаць, канцлер!

Гаштольд. Божа нас барані. Але закон пра забарону адбіраць зямлю, некалі дараваную каралямі Ягелонамі нашым падданым, трэба ў Статут унесці.

Бона. Я выкупляю каралеўскія землі! Я абурана намёкамі канцлера!

Жыгімонт. Канцлер, не намякайце! Што ў вас яшчэ, доктар?

Скарына. Я далучыўся б да пана канцлера, а ў Статут дадаў бы яшчэ палажэнне, якога чакаюць як магнаты, так і паны-рада, пра тое, што ў землях Вялікага княства Літоўскага ні кароль, ні яго нашчадкі нікому з чужаземцаў не будуць даваць ва ўладанне зямель, замкаў, гарадоў і якіх бы то ні было званняў і чыноў, але толькі мясцовым уражэнцам Вялікага княства.

Бона. Ці не занадта вы многа хочаце, шаноўны доктар?

Гаштольд. Гэтага хоча Вялікае княства!

Бона. Санта Мадонна!

Жыгімонт (міралюбна). Дарагі Альбрэхт, не трэба думаць, што наша княства даражэй вам, чым нам.

Бона. Канцлер з доктарам проста згаварыліся!

Скарына. Я толькі мушу сказаць, яснавяльможная каралева, што інтарэсы Вялікага княства пацерпяць страты, калі ў Статуце не будуць замацаваны правы і прывілеі не толькі шляхты, але і люду простага.

Бона. А гэта нешта ўжо зусім новае!.. Нечуванае!..

Ян (перапалохана). Пабойцеся Бога, доктар Скарына!

Гаштольд. Бог не будзе ў крыўдзе, калі кароль і вялікі князь захаваюць у цэласнасці вольнасці княжат, панят, шляхціцаў і мяшчан.

Скарына. I калі мяшчане ўсіх гарадоў будуць адказныя перад судом за раны і забойствы сялян.

Гаштольд. Калі закон забароніць няволю, залог і куплю-продаж хрысціян жыдам і татарам.

Скарына. I калі ваяводамі будуць адбірацца тайныя корчмы, ад якіх нараджаецца так многа зла на нашай зямлі.

Ян. Даўно пара!

Бона. Брава, біскуп! Доктару ўдалося закалыхаць не толькі караля і канцлера, але і вас. А можа, вы ўсе заадно разам з каралём?!.

Жыгімонт (іранічна). Найяснейшая каралева! Ці ж не бачна, як мы аднадушны…

Бона. Неверагодна! I законы, і вольнасці, і суды — адны для ўсіх: ад князя да селяніна. Нас жа засмяе Еўропа!

Скарына. Можа і так стацца, найяснейшая каралева, што Еўропе ў нас давядзецца вучыцца. Тым больш што вы даўно дакляруеце стварыць шчаслівае каралеўства па Платонавым узоры…

Бона. Мне шкада вас, летуценнік!

Скарына. Так, летуценнік. I мой дэвіз — роўная свабода ўсім, агульнае багацце для ўсіх. I ён не прыдуманы некім злым. Ён паходзіць ад закона прыроджанага: тое чыніце іншым усім, што самому люба ад іншых усіх. I таго не чыніце іншым, чаго сам сабе не хочаш ад іх меці…

Бона. Вы, доктар Скарына, на здзіўленне лёгка нажываеце сабе не толькі супраціўнікаў, але і ворагаў.

Скарына. Вышэй за ўсё на свеце я цаню ісціну, яснавяльможная каралева.

Гаштольд. Я падзяляю гэтую думку доктара, як і многія яго заўвагі да Статута, хоць мы з ім далёка не ў дружбе.

Ян. А я з доктарам у даўняй дружбе, але мне ўсё ж падалося, што ён сёння вольна ці не вольна наважыўся не столькі ўмацоўваць новымі законамі дзяржаву, колькі прапаведаваць рэфармацыю і роўнасць усіх перад законам. Перад Богам — згодзен, але ж не перад законамі… Ужо сам факт пастаноўкі вамі, доктар, на першае месца натуральнага ці, як вы кажаце, прыроджанага чалавечага права, раней Бібліі і кананічнага права, сведчыць аб шкодным і небяспечным вальнадумстве.

Бона. Мы былі б далёка ад ісціны, калі б сказалі, што ў нас сяброўскія адносіны да біскупа Яна, але да яго ацэнкі вальнадумства доктара (глядзіць на караля) мы далучаемся.

Скарына. Я дзіця сваёй эпохі, што носіць імя Адраджэнне, і быць вальнадумцам не толькі маё прызванне, але і мой абавязак перад Айчынай, мая найяснейшая каралева.

Бона. Баста! Баста!

Жыгімонт. Вы добры і разумны чалавек, доктар Скарына, а таму не ўберагчы вам галавы…

Скарына (з усмешкай). Адсякаць такую галаву, як мая, ваша вялікасць, сабе ж на страту…

Гаштольд. Асабліва калі ўлічыць, што з дапамогай доктара нам давядзецца надрукаваць Статут, хочам мы таго ці не…

Бона (ускоквае з трона). Вам бы спачатку пра тое нас спытацца! Аўдыенцыя скончана! Баста! (Выходзіць.)

Усе кланяюцца, адступаючы да дзвярэй.

Жыгімонт. А вы, канцлер, застаньцеся…

Скарына і Ян выходзяць.

Вы што, сапраўды наважваецеся надрукаваць Статут?

Гаштольд. Я толькі сказаў, што нам з вамі давядзецца зрабіць гэта, хочам мы таго ці не…

Жыгімонт (незадаволена). Канцлер, вы бераце мяне за глотку. Нібы не бачыце… (Ківае на дзверы, у якія выйшла Бона.)

Гаштольд. Будзе горш, калі і мяне і вас з каралеваю за глотку возьме шляхта. I вы, яснавяльможны кароль, і наша слаўная каралева…

Жыгімонт (незадаволена). Не чапайце, канцлер, каралеву, якой бы слаўнай яна ні была!.. Мне надакучыла вас мірыць…

Гаштольд. Я толькі мару, каб каралева не чапала мяне…

Жыгімонт. Многа хоча каралеўскі канцлер…

Гаштольд. Толькі з тае прычыны, што я яшчэ і канцлер Вялікага княства.

Жыгімонт (больш мякка). Мы яшчэ і сябры…

Гаштольд. Я і прашу вас па-сяброўску: падтрымайце доктара Скарыну ў намеры надрукаваць Статут. Ён зробіць гэта і хутка, і належным чынам.

Кароль моўчкі скідае чаравікі, вешае «дзяржаву» на адзін старчак трона, а карону на другі. Падбірае ногі на трон, уладкоўваецца, нібы перад сном.

Жыгімонт (пазяхнуўшы). Статут яшчэ трэба правесці праз сейм…

Гаштольд выходзіць. Праз нейкі час з’яўляецца Бона.

Бона. А я спадзявалася перасварыць сёння назаўсёды караля, канцлера, епіскапа і доктара.

Жыгімонт (не расплюшчваючы вачэй). Інтрыгі пры двары, ваша вялікасць, вельмі шкодзяць.

Бона. Санта Мадонна! А дзе ваша вялікасць бачыла двор без інтрыг?.. Ці, можа, я не бачу, як за маёй спінаю вы згаварваецеся з Гаштольдам? Як хітрыць ваш сынок епіскап Ян, прыгрэўшы на грудзях гэтага доктара. На словах ён нібы яму антаганіст, а на справе — у хаўрусе. Са слуцкімі князямі яны адкрылі ў Веснічах пад Гародняй не толькі касцёл, але і парафіяльную школу. Скарынаву школу. Ці, можа, не епіскап Ян заплюшчвае вочы на друкарскую дзейнасць доктара ў Вільні? Можа, ён не з ім разам вышуквае шляхецкіх і купецкіх сынкоў і пасылае ва універсітэты краіны, дзе правяць ненавісныя мне Габсбургі?.. А Гаштольд?! Ён хоча перашкодзіць мне вяртаць каралеўству гарады і маёнткі!..

Жыгімонт. Пабойцеся Бога! Вы ж толькі што авалодалі княствам Пінскім, ледзьве не ўсім Валынскім, захапілі Кобрын, Клецк, Абольцы пад Оршай, два староствы ад Гародні да Коўна, у вас пад рукою ўся Мазовія!..

Бона (спакойна, з усмешкай). У Боны Сфорцы Арагонскай пад рукою яшчэ і каралеўства ў Італіі…

Жыгімонт. I ў Італіі… А вы пра інтрыгі… А я так думаю: інтрыгі інтрыгамі, а Статут Вялікага княства давядзецца рабіць такім, каб ён нарэшце быў прыняты панамі-радай.

Бона (здзекліва). I ваша міласць пра гэта будзе зноў пісаць Радзівілам на мове дзікуноў, што жывуць за Нёманам…

Жыгімонт. Можна падумаць, што ваша вялікасць піша Радзівілам па-італьянску, якой яны, між іншым, цудоўна валодаюць. А то навошта б вам трымаць пры сабе перакладчыка з італьянскай на беларускую… А ў дзікуноў, як пераканалася мая каралева, хапіла спрыту і розуму, каб стварыць законы, якіх яшчэ не ведаў свет. I, відаць, таму, што за Нёманам дзяржава ад мора і да мора. I хто б пісаў тым Радзівілам, каб не было Алелькавічаў і іншых, што спяць і бачаць Белую Русь уз’яднанай з Руссю Маскоўскаю.

Бона. Між іншым, Польшча…

Жыгімонт (перапыняе). Польшча нішто без Вялікага княства! Нішто!..

Бона. Санта Мадонна! Але і Вялікае княства без Польшчы…

Жыгімонт (перапыняе). А гэта яшчэ як сказаць…

Бона (занепакоена). Вы наважыліся пагадзіцца з прыняццем гэтых законаў?!.

Жыгімонт. Прымаць законы — яшчэ не азначае выконваць іх. Пісаць на мове Радзівілаў і Алелькавічаў — яшчэ не азначае паважаць іх мову і іх саміх. Абяцаць Гаштольду — яшчэ не азначае выконваць абяцанкі…

Бона (з падвохам). А як жа з сяброўствам?..

Жыгімонт. Такі падслухоўвалі?!.

Бона. Можна падумаць, што вы на гэта не разлічвалі…

Жыгімонт. Бо хацеў, каб яснавяльможная ведала, што кароль не толькі сабе знайшоў сябра, але і саюзніка каралеўству, пра якое каралеве варта было б думаць больш, чым пра свае амбіцыі.

Бона. Канцлер абвядзе нас вакол пальца, як рабіў гэта ўжо не раз!..

Жыгімонт. Канцлер Гаштольд непакоіцца за Вялікае княства, як і я непакоюся за Каралеўства Польскае. I мы, калі бывае трэба, водзім адзін аднаго не толькі вакол пальца, але і за нос. Тым не менш я давяраю Гаштольду, бо менавіта ён, Гаштольд, шукае збліжэння з Аўстрыяй і з Прусіяй, а не з Масковіяй. I не хто іншы, як ён, Гаштольд, у свой час схіліў вялікі сейм, каб той яшчэ пры маім жыцці зрабіў нашага сына Аўгуста маім пераемнікам. Такога яшчэ не ведаў свет!

Бона. Баста! Баста! Гэта я зрабіла Аўгуста наследнікам караля!

Жыгімонт (пасля паўзы, не слухаючы). Пад рукой Гаштольда дзяржава, паны-рада, вальнадумная шляхта. Іх пальцы на маёй шыі! I пра гэта яснавяльможная каралева таксама чула! I рана ці позна яны не толькі прымуць, але і надрукуюць свае законы. Лепш было б зрабіць гэта з нашае волі, з нашае ласкі і нашага блаславення.

Бона (катэгарычна). Ніколі! Ці пасля маёй смерці! Баста!

Жыгімонт. Кароль ці нават каралева могуць памерці. А каралеўства павінна жыць! Польшча павінна жыць! I яна будзе жыць. I добра, каб у міры і згодзе з Вялікім княствам…

Бона. I з Масковіяй…

Жыгімонт. I з Масковіяй, і з Турцыяй, і з Аўстрыяй, і з Венгрыяй, і з Чэхіяй, і з Прусіяй, і з імператарам Вялікай Рымскай імперыі. Інакш — пагібель! Каралеўская казна пустая, войска непаслухмянае, у дзяржаве разарэнне і мор, якіх яшчэ не было. I вам, яснавяльможная, варта было б памаліцца на Вялікае княства, якое стаіць заслонаю і ад маскавітаў, і ад татараў, і ад турак. I карона не зваліцца, калі каралева хоць для прыліку схіліць галаву перад тымі ж Радзівіламі, Гаштольдамі, Сапегамі ці Алелькавічамі. Дзякуй табе, Божа, што яны яшчэ не адмаўляюць Ягелонам у сваёй дружбе і падтрымцы.

Бона. Але якой цаной вы купляеце іх дружбу?!.

Жыгімонт. Калі ўсё цаніць на грошы, можна чорту душу прадаць…

Бона (паднімае ўверх рукі). О Санта Мадонна! О Польшча?! О Rzeczpospolita?!

Жыгімонт. He трэба заломваць рукі. Трэба раз і назаўсёды засвоіць, што ў Польшчы, не кажучы пра Вялікае княства, не прынята, каб камандавала жанчына.

Бона. А калі жанчына — каралева?..

Жыгімонт. Тым больш. Тут нават караля выбіраюць, які не заўсёды па сваёй волі выбірае каралеву… Усё! Баста!

Бона. Санта Мадонна…

Сцэна зацямняецца.

Загрузка...