Дзея другая

IV

Познань. Скарына ў вязніцы. Грымяць запоры, уваходзіць Вартаўнік.


Вартаўнік. Лічы, братачка, што табе пашанцавала: мальцы гатовы, Анэлька згодная, другога каня купіў, хоць і не такога, як канакрады звялі, але ехаць можна. (Вымае з-за пазухі свечку, запалкі, бутэлечку чарніла, гусінае пяро і аркуш паперы.) У самога пракурора пазычыў. Хацеў падзякаваць, ды пабаяўся, каб не дагналі. Напішы ім на памяць, каб шукалі ветру ў полі. А да раніцы наш і след прастыне.

Скарына. Рызыкоўны ты мужык, як я бачу!!.

Вартаўнік. У нас у Полацку амаль усе такія: за дружбу — што ў вір, што ў балота!.. А Анэлька дык мяне яшчэ і разумным лічыць. А ёй можна верыць, як мне!

Скарына. Тады канешне… А мальцам тваім — колькі?

Вартаўнік. Што — колькі?..

Скарына. Гадоў колькі?..

Вартаўнік. Семнаццаць.

Скарына. На двух?

Вартаўнік. Чаму на двух? Кожнаму па семнаццаць. Мне Анэлька адразу двойнечку прэзентавала. А пастараешся, кажа, то мне і трох не цяжка. У Познані, маўляў, на гэта кожная здатная. Я табе, братачка, шчыра, па-зямляцку скажу, калі яшчэ не жанаты, то лепей жонкі за польку не знойдзеш. Без мух бабы! I калі ты да яе з ласкаю, то яна за табою…

Скарына (перапыняе). I ўсё ж уцякаць з Познані не будзем…

Вартаўнік (разгублена). А што ж мы тады будзем?..

Скарына. «Насилию силою отпрение!»

Вартаўнік (не разумее). Ты мне прасцей як-небудзь…

Скарына. За насілле адлуп дадзім. Змагацца будзем, каб перамагчы і Познань пакінуць паважанымі людзьмі, а не беглымі даўжнікамі.

Вартаўнік. Ды разлічыўся я з усімі сваімі даўгамі!

Скарына. Ты разлічыўся, а я сваё з Лазара і Мойшы спагнаць хачу.

Вартаўнік. З Лазара і Мойшы даўгі?.. Дык з іх жа яшчэ ніхто ніколі не спагнаў.

Скарына. Тады я першым буду! Дапамажы толькі — адзін не ўпраўлюся.

Вартаўнік. Палачанін я ці не палачанін?!.

Скарына. Тады давядзецца табе, палачанін, паслаць аднаго сына ў Вільню, а другога ў Гданьск.

Вартаўнік. I пашлю — не раз былі і не маленькія ўжо…

Скарына. У Гданьску трэба знайсці купца Рамана Скарыну — ён мне пляменнік, а ў Вільні епіскапа Яна — я на службе ў яго быў сакратаром і лекарам. Расказаць абодвум, дзе я і што са мною. Толькі епіскап можа дапамагчы Раману сустрэцца з каралём.

Вартаўнік. Не возьмецца епіскап. Я іх натуру ведаю.

Скарына. Ян возьмецца. Ён каралю пазашлюбны сын. I любіць каралеву, як кот сабаку…

Вартаўнік. Хіба што…

Скарына. Мяне ж можа выратаваць толькі кароль, бо ўсе цянёты, як мне здаецца, сплецены на мяне за яго спінаю.

Вартаўнік. I кім жа?

Скарына. Думаю, што каралевай.

Вартаўнік. Во курва!

Скарына (заціскае рот Вартаўніку). Т-с-с!.. Мы дагаварыліся адзін аднаму да канца…

Вартаўнік. Тады менш размоў! Пішы, што трэба, а я тым часам мальцаў папярэджу, каб коней у дарогу рыхтавалі. Мой яшчэ нічога, а куплены не вельмі… (Выходзячы.) Канакрады — пся крэў!..

Грымяць запоры. Скарына запальвае свечку, ставіць яе на лаўку, прымошчваецца на падлозе, каб напісаць пісьмы.

Сцэна зацямняецца.

V

Кракаў. Чалавек у чорным і Бона.


Чалавек у чорным. Гаварыце. Там чакаюць. (Паўза.) Што кароль?

Бона. Кароль без улады — не кароль…

Чалавек у чорным. Дакладней!

Бона. Ён не можа распараджацца казною. Ён сядзіць у Кракаве, а ў Вялікім княстве верхаводзяць канцлер, гетман, ваяводы, кашталяны, маршалкі. Ён не можа адмяніць рашэнні сейма і паноў-рады. Канцлер у Вялікім княстве — большы кароль за караля ў Польшчы. Пад яго рукой сілы, якія маюць… усе магчымасці маюць…

Чалавек у чорным (перапыняе). Што шляхта?

Бона. Непадуладныя каралю магнаты душаць шляхту, шляхта душыць мяшчан і сялян, а тыя шукаюць паратунку і бягуць з вёсак і маёнткаў у гарады. Шляхта бунтуе ў сеймах і судах, якія судзяць па асобных указаннях, па «сумленні» і «мудрасці», але толькі не па закону. Але калі шляхце даць закон, яна знясе самога караля… А на гэты раз яна, здаецца, атрымае закон. Як ні дзіўна, але кароль гэтага хоча. А хутчэй за ўсё не мае сілы супрацьстаяць канцлеру.

Чалавек у чорным. Што лютаране?

Бона. У Вялікім княстве іх адзінкі, у каралеўстве множацца, як саранча. Папскія эдыкты супраць ерэтыкоў ігнаруюцца. Умяшанні рымскай курыі выклікаюць выбухі нянавісці да каталіцкіх духоўнікаў. Тут і магнаты і шляхта яднаюцца. I тыя і другія гатовы адмяніць дзесяціну, павялічыць свае ўладанні за кошт царкоўных зямель і пазбавіцца залежнасці ад каралеўскай улады.

Чалавек у чорным. Каму кароль не давярае і з кім у згодзе?

Бона. Не давярае ў першую чаргу мне…

Чалавек у чорным. Мы не дзеля гэтага зрабілі Бону Сфорцу каралеваю…

Бона. Санта Мадонна! (Пасля паўзы.) У згодзе кароль з пасынкам Янам — епіскапам віленскім, пляменнікам Альбрэхтам — герцагам прускім, з Гаштольдам — канцлерам Вялікага княства і ваяводам віленскім. Менавіта ён і хоча наблізіць да двара нейкага палачаніна Францыска Скарыну — у навуках вызваленых і лекарстве доктара. Праз яго канцлер і хоча надрукаваць Статут Вялікага княства пасля яго зацвярджэння сеймам.

Чалавек у чорным. А што кароль?

Бона. Як заўсёды, кароль будзе хітрыць і з Гаштольдам і з каралеваю…

Чалавек у чорным. Як даўно Гаштольд сышоўся з доктарам Скарынай?

Бона. У іх былі адны настаўнікі ў Ягелонскім універсітэце. А яшчэ Гаштольд быў ваяводам полацкім. Менавіта пры ім купцы Скарыны выйшлі на гарады Еўропы і Масковію. Цяпер Гаштольд карыстаецца вучонасцю аднаго з гэтых Скарынічаў.

Чалавек у чорным. Адносіны каралевы з канцлерам?

Бона. Мы ворагі да смерці.

Чалавек у чорным. Не пра тое я!

Бона. Канцлер Гаштольд усімі сродкамі змагаецца за незалежнасць Вялікага княства супраць уніі з Польшчай. Ён жа ўстанавіў адносіны з аўстрыйскім дваром і з прускім герцагам Альбрэхтам. Ён жа авалодаў маёнткамі ў Троках, Вільні, Падляшшы, Любчы, Ашмянах, Біржы, Койданаве. Ён жа разам з Радзівілам пазбавіў мяне магчымасці набыць і адсудзіць маёнткі ў шэрагу паветаў Вялікага княства. I я прасіла б…

Чалавек у чорным. Наша вока ўсё бачыць. Наша вуха ўсё чуе. (Падае руку для пацалунка.)

Бона пакорліва цалуе руку і знікае.

VI

З успамінаў Скарыны

Вільня. Скарына ў рэзідэнцыі Гаштольда.


Скарына. Даруйце, шаноўны канцлер, але я гляджу на Статут Вялікага княства як на своеасаблівую канстытуцыю незалежнасці слаўнай Літоўскай дзяржавы. I яго друкаванне на друкарскім варштаце стала б не толькі гістарычнай адзнакай высокай прававой культуры ў краі, але і важнай унутранай і знешнепалітычнай акцыяй на ўсходзе Еўропы. Надрукаваны Статут стаў бы першым сапраўдным сімвалам беларускасці. Ён засведчыў бы арыгінальнасць і еўрапейскую годнасць жывой беларускай мовы і пісьмовай культуры. Мова, што б мы ні гаварылі, жыве пад пагрозай паланізацыі.

Гаштольд. Доктар, вы стараецеся пераканаць мяне ў тым, у чым я даўно ўжо перакананы, і я запэўніваю вас, што выданне Статута чакае большасць адукаваных і знакамітых людзей княства, не кажучы пра шляхту. Але гэтага баяцца дзяржаўцы ў каралеўстве, гэтага не хоча каралева, гэтаму да апошняга будзе перашкаджаць каталіцкая царква, да якой я, дарэчы, належу.

Скарына. Даруйце, але гэта якраз тая «недарэчнасць», якой я не разумею.

Гаштольд (пасля паўзы). Калі дасць вам Бог, некалі зразумееце. Між іншым, я пакуль так і не зразумеў, якому вы Богу самі моліцеся.

Скарына. Калі шчыра, то ніякаму, хоць гэта зусім не азначае, што я не маю цара ў галаве, а Бога ў сэрцы…

Гаштольд. Брава, доктар!

Скарына. Я пра «недарэчнасць» толькі таму, што і польскім магнатам, і каралю, і каралеве, і нават каталіцкай царкве давядзецца лічыцца з тым, чаго хоча беларуская шляхта сваёй Айчыне. Чаго хоча люд паспаліты сваёй Бацькаўшчыне.

Гаштольд. Можна зразумець і шляхту, і люд паспаліты, і вас, доктар Скарына, з вашым захапленнем такімі моцнымі сёння ідэямі, як незалежнасць, справядлівасць, дабрыня, чалавекалюбства, асветніцтва, хараство, гармонія…

Скарына. Дазволю сабе запярэчыць, што ўсё тое, што вы пералічылі, ужо не мода. Гэтым пачынае жыць цэлы свет. Было б крыўдна спазніцца на гэтае людское свята.

Гаштольд. Можа, і не мода. Можа, і не варта спазняцца. Зазначу толькі не ў крыўду, што вы думаеце вельмі далёка ад рэальнасці. А яна жорсткая і няўмольная. Яе трэба ведаць, прадбачыць і ўмець змяняць, а змяняць на карысць усё той жа Айчыны, якую кожны ўяўляе і бачыць па-свойму: кароль — як вотчыну, з якой можна здзерці сем шкур; каралева з епіскапамі — як каталіцкі прыход, у якім можна распараджацца і чужой маёмасцю, і чужымі душамі; магнаты, да іх належу і я сам, — як арэну барацьбы і з каронаю і з папскай курыяй; а шляхта — як поле бітвы з магнацкім самаўладствам. А для тых, хто на самым нізе ці, як вы кажаце, для люду паспалітага, Айчына — гэта тое, што дае ўратавацца і ад каралёў, і ад епіскапаў, і ад магнатаў, і ад шляхты, і бог ведае яшчэ ад якіх насільнікаў усё той жа Айчыны-Бацькаўшчыны, сапраўдных законаў для якой мы, на жаль, яшчэ не напісалі і бог ведае, калі напішам.

Скарына. Але тое, што напісалі, павінна быць ведама людзям. Законы павінны жыць, дзейнічаць, змагацца. I гэта яшчэ не ўсё. Законы, якія мы з вамі зрабілі на мове народа, гэта якраз тое багацце дзяржавы і народа, якое сцвярджае іх годнасць перад народамі-суседзямі. Законы, як нішто іншае, садзейнічаюць захаванню, пашырэнню і развіццю мовы і літаратуры, і вы ведаеце, што менавіта яны сцвярджаюць іх значэнне як унутры дзяржавы, так і далёка за яе межамі.

Гаштольд. Вы былі б несправядлівы, доктар, калі б западозрылі мяне ў абыякавасці да роднай нам мовы. Тое, што сёння беларуская мова — мова вялікай дзяржавы і што сам кароль вымушаны звяртацца да нас на нашай мове, а каралева трымае пры сабе перакладчыка з італьянскай на беларускую, не ў малой ступені мая заслуга і заслуга маёй канцылярыі. Сёння менавіта яна, канцылярыя канцлера Гаштольда, яе заканадаўцы і пісары надаюць пэўную накіраванасць развіццю мовы народа Вялікага княства. Паны-рада, сейм, мая канцылярыя ствараюць, пішуць і рэдагуюць безліч папер, дакументаў, заканадаўчых актаў і грамат. Мае пісары, як ніхто, ведаюць цану выразнаму слову народа. Ім пакланіся, доктар Скарына! Гэта яны стварылі перадумовы таго, што наша мова стала дзяржаўнаю. I пакуль жыве наша дзяржава, будзе жыць і яе мова.

Скарына. Але ж вы не будзеце пярэчыць, што, пакуль жыве мова, будзе жыць і дзяржава. Будзе жыць дзяржаўнасць!

Гаштольд. Не буду пярэчыць. Я толькі, бадай што, не здолею дапамагчы вам надрукаваць Статут у межах нашай дзяржавы. Дакладней, каб і здолеў, то мне, як і вам, перашкодзяць зрабіць гэта.

Скарына (у роспачы). Але ж гэта наш Статут, а не каралеўскі!

Гаштольд. Улічыце, доктар, што Гаштольд толькі канцлер у караля і вялікага князя, а не вялікі князь…

Скарына. Шкада.

Гаштольд. Шкада.

Абодва смяюцца.

Скарына. Што вы параіце мне, шаноўны канцлер?

Гаштольд. Я парадуюся разам з вамі, шаноўны доктар, калі вам удасца надрукаваць Статут за межамі нашай Айчыны.

Скарына. Бедная Айчына…

Гаштольд. Не будзем губляць надзеі пабагацець…

Скарына. Не будзем.

Развітваюцца.

Сцэна зацямняецца.

VII

Кракаў. Гаштольд і Жыгімонт прагульваюцца па прасцэніуму.


Гаштольд. Ваша вялікасць, мы не можам не лічыцца з доктарам Скарынай. Яго непараўнальны розум, дасведчанасць, глыбокія веды ў многіх навуках, яго працаздольнасць і працавітасць на карысць сваёй дзяржавы і свайго народа, нарэшце, яго…

Жыгімонт (перахоплівае). …яго упартасць…

Гаштольд. I яго ўпартасць. Яна робіць яму гонар, але можа каштаваць і жыцця… I тут у вас, у Польшчы, і там у нас, у Вялікім княстве…

Жыгімонт. Што вы яшчэ ад мяне хочаце?..

Гаштольд. Доктар Скарына другі ў Еўропе, пасля чэхаў, пераклаў Біблію на мову свайго народа і надрукаваў яе. Гэта падзея незвычайная, гістарычная падзея! Ад яе нельга адлучыць Скарыну, між іншым, як і ад Статута Вялікага княства, у які ён уклаў і сваю душу і свой розум. Друкарня Скарыны ў Вільні, працу ў якой ён прыпыніў, бо быў заняты Статутам, магла б пакласці пачатак…

Жыгімонт (вельмі агрэсіўна). Я не дазволю друкаваць ерэтычныя кнігі на тэрыторыі (падкрэслена) майго каралеўства!

Гаштольд. Скарына мяркуе надрукаваць толькі каралеўскі Статут…

Жыгімонт (крыху мякчэй). Я не магу адмяніць папскія эдыкты на забарону друкавання ўсіх кніг, акрамя богаслужэбных лацінскіх. I вы добра ведаеце, як гэтаму ўзрадаваўся біскуп Ян.

Гаштольд. Я яшчэ ведаю і тое, як ваша вялікасць настойліва вывучала і прыстойна ведае беларускую мову. Біскуп Ян мог бы ў гэтай справе пайсці за бацькам…

Жыгімонт (амаль па-свойску). Ён, як і я, баіцца каралевы і не хоча сварыцца з рымскай курыяй. А дакладней, ён падае сябе большым католікам, чым сам Папа Рымскі, толькі дзеля таго, каб насаліць каралеве. Любасць у іх узаемная і глыбокая.

Гаштольд. I ўсё ж я не думаю, што вы лічыце за лепшае пасварыцца з праваслаўнымі князямі Вялікага княства Літоўскага. А сярод іх нямала міласнікаў асветы і друкаванай кнігі на роднай мове. Возьмем хоць гетмана Канстанціна Астрожскага, хоць князёў Алелькавічаў. Адзін Юрый Слуцкі чаго варты ды і іншыя…

Жыгімонт (злуецца). У вас, канцлер, дурная звычка палохаць.

Гаштольд (аж хрысціцца). Даруйце! Я толькі хацеў папярэдзіць вашу вялікасць, што доктара Скарыну з яго яснай галавою, добрым сэрцам і ўмелымі рукамі можа прыбраць Масковія, як прыбрала ўжо многіх нашых майстроў і мастакоў, што аздобілі іх храмы на зайздрасць усяму свету.

Доктар Скарына паказаў сваю здольнасць не толькі ў перакладзе богаслужэбных кніг на беларускую мову, але і надрукаваў Апостала на царкоўнаславянскай. Гэта якраз тое, чаго яшчэ не было на Маскве. Князі Алелькавічы ў хаўрусе з іншымі вам жа на шкоду могуць дапамагчы і доктару Скарыне і Маскве ўмацаваць і без таго магутнае праваслаўе.

Жыгімонт (занепакоена). Яны не пасмеюць гэтага зрабіць…

Гаштольд. Пасмеюць. Запэўніваю вас, што пасмеюць, як пасмелі некалі пасля смерці караля Аляксандра ўзвесці вашу вялікасць на велікакняскі прастол нават не параіўшыся з польскімі магнатамі. I вы ведаеце, што ім нічога не заставалася, як абраць вашу вялікасць каралём Польшчы.

Жыгімонт (з прыкрасцю). Ну пры чым тут гэта?

Гаштольд. Толькі пры тым, што нашы князі, і праваслаўныя і католікі, вельмі лёгка дагаварваюцца, калі бачаць, што могуць зрабіць вам прыкрасць, а то і шкоду. А доктар Скарына са сваёй справаю — якраз той выпадак. I я вельмі баюся, каб вялікі князь маскоўскі Васілій III не пасмяяўся з караля польскага Жыгімонта I. А ведаючы схільнасці і характар доктара Скарыны, я маю смеласць запэўніць вас у магчымасці такога смеху.

Жыгімонт. I тым не менш я не магу лютэраніну, а яшчэ горш, схізматыку Скарыне дазволіць друкаваць свае ерэтычныя кнігі ні ў каралеўстве, ні ў Вялікім княстве… Пакуль што я яшчэ кароль! I баста, як кажа каралева.

Гаштольд. Відаць, ваша вялікасць хоча, каб лютэранства бесперашкодна паўзло да нас не толькі з Захаду, але і з Усходу.

Жыгімонт. Гэта не падыходзіць нам тым больш! Гэта было б яшчэ больш небяспечна!

Гаштольд. Мушу супакоіць вашу вялікасць і з усёй адказнасцю запэўніць, што доктар Скарына не толькі не прыхільнік лютэранства, а, наадварот, яго перакананы супраціўнік. Лютэранінам жа Скарыну зрабіла папская курыя, каб пашкодзіць яго асветніцкай дзейнасці. Падтрымкай папскіх эдыктаў супраць друкарскай справы вы дамагліся таго, што доктар Скарына фактычна спыніў у Вільні сваю выдавецкую справу. I зараз яму губляць няма чаго. З’едзе хоць у Маскву, хоць зноў у Прагу. А там ведаюць цану друкаванай кнізе. А як многа доктар мог бы зрабіць на карысць умацавання саюза княства з каралеўствам! Іх незалежнасці, як ад Захаду, так і ад Усходу…

Жыгімонт (зморана). Вы, канцлер, майстра пераконваць. I за гэта я вас люблю. Але і вам ці варта было так хутка кідацца на выкананне тых папскіх эдыктаў…

Гаштольд. У крыві ў нас ужо гэта — загадаюць дурням маліцца, дык яны і лбы паразбіваюць…

Жыгімонт (зусім прымірэнча). Каб не Ян ды каралева, я гэтыя эдыкты наогул бы… Усе навокал друкуюць, а мы сапраўды як тыя дурні… калі з цягам часу з’явіцца магчымасць выправіць справу…

Гаштольд. Ваша вялікасць, магчымасць ёсць, і не благая. Трэба толькі ўгаварыць герцага прускага Альбрэхта запрасіць доктара Скарыну ў Кёнігсберг. Я ведаю, што герцаг збіраецца адкрываць універсітэт і наладжваць друкарскую справу. Лепшага за доктара Скарыну параіць цяжка. Мець жа пры двары такога лекара, як Скарына, палічыць за гонар не толькі герцаг, але і любы кароль.

Жыгімонт. У вашай прапанове нешта ёсць. I каралева доктара там не дастане. Пляменнічак у мяне з норавам!

Гаштольд. Ваша вялікасць, зрабіце Альбрэхту сапраўдны падарунак! Далібог, ён вам гэтага век не забудзе.

Жыгімонт. Абы толькі каралева не здагадалася, пакуль падарунак у нашых руках.

Гаштольд. Будзем спадзявацца і маліцца.

Жыгімонт. Маліцеся, ды, глядзіце, лоб не расквасце.

Гаштольд кланяецца і выходзіць.

Сцэна зацямняецца.

VIII

Познань. Скарына ў вязніцы. Грымяць запоры, уваходзіць Вартаўнік.


Вартаўнік. Добрага ранку!.. Ну, і як?..

Скарына. Добрага ранку… Што — «як»?..

Вартаўнік. Сам жа казаў, што вылічваеш, хто цябе сюды заканапаціў. Калі вылічыў — гавары, я яму, гаду, пакажу, дзе ракі зімуюць…

Скарына. Як вылічу, абавязкова скажу, а то мне аднаму, відаць, не ўправіцца.

Вартаўнік. Гэта ўжо сапраўды. Гуртам, кажуць, і бацьку добра біць… А ваўком лепш выць аднаму.

Скарына. Чым далей думаю, тым больш завыць хочацца. (Пасля доўгай паўзы.) Лепш бы сказаў, што ад мальцаў чуваць…

Вартаўнік. Хуценькі Петрачок.

Скарына (зацікаўлена). Хто, хто?..

Вартаўнік. А-а-а… Петрачок у нас у Полацку быў, сусед, рухавы такі чалавек. Адначасова мог канём правіць, бручку грызці і малую патрэбу спраўляць. Хуценькім Петрачком і празвалі.

Скарына. Дык я ж яго ведаю. Не раз на чужыне ўспамінаў небараку, калі сам не ведаў, за што раней ухапіцца. I вучня свайго Пятра Мсціслаўца Хуценькім Петрачком называў, калі той адначасова кідаўся і фарбу варыць, і набор ліць, і гравюру рэзаць.

Вартаўнік. Можа, твой Мсціславец і яшчэ што такое незразумелае мог, а наш палачанін толькі тое, што я пералічыў…

Скарына (нечакана). А раптам мальцы з дарогі саб’юцца, не даедуць…

Вартаўнік. Мае мальцы саб’юцца?!. Лявонка ўжо звечара дома — Анэлька не нарадуецца, а за Андрэйку непакоіцца і нават плача — бог ведае, дзе тая Вільня і што там за біскуп. Ведаў я аднаго — за вярсту на казе не пад’едзеш.

Скарына (ускоквае з месца). Лявонка вярнуўся з Гданьска?!.

Вартаўнік. I не адзін — калі ўсё будзе ціха, прывяду я табе сёння пляменніка.

Скарына абдымае Вартаўніка, цалуе яго.

Не абдымайся — я не баба і тым больш не дзеўка. А пляменнік прасіў, каб ты напісаў усе паперы, якія вам у судзе на карысць будуць. Я, кажа, у судовых справах ні выплюнуць ні праглынуць.

Скарына. Затое мне ў іх давялося не аднаго сабаку з’есці.

Вартаўнік. Тады пішы і мяркуй, як мы за тваю адседку некаму бакі намнём.

Скарына (весела, узбуджана). Ды давядзецца ўжо!.. (Ціха.) А пляменніка Рамана сюды не вядзі — пастка ўсім тром. Закрыецца — не вылезем.

Вартаўнік. Сапраўды, гэта нікому не ў шапку, як нячысцік падкоціцца. (Вяртаецца, вымае з-за пазухі скрутак.) Аладкі з’ясі. Анэльчыны, з макам.

Скарына (бярэ скрутак). Еш дурань, бо то з макам…

Вартаўнік. Не забыўся полацкай прымаўкі?..

Скарына. Памятаю…

Вартаўнік выходзіць. Грымяць запоры.

Сцэна зацямняецца.

IX

З успамінаў Скарыны

Кёнігсберг. Герцаг Альбрэхт праглядае ліст з падвешанай да яго пячаткай. З’яўляецца Скарына.


Скарына (з паклонам). Рады вітаць вас, пан герцаг…

Альбрэхт. Рады вас бачыць, шаноўны доктар. Мне ўчора сказалі, што вы атрымалі ад сваіх блізкіх нядобрую вестку, якая вымагае часовага ад’езду з Кёнігсберга.

Скарына. Так, ваша міласць, і толькі таму, каб знайсці справядлівасць у судзе і абараніць свае маёмасныя правы, парушаныя несумленнымі людзьмі… Хоць больш за ўсё мяне занепакоіла раптоўнае пагоршанне здароўя жонкі… Пры ёй двое малых.

Альбрэхт. Вельмі вам спачуваю.

Скарына. Шчыра дзякую.

Альбрэхт (крыху напышліва). Спадзеючыся на наша хуткае спатканне, калі вы вернецеся да нас з сям’ёю, і пацвярджаючы нашы самыя сардэчныя да вас адносіны, мы рады дапамагчы вам нашай просьбаю да слаўнага друга нашага канцлера Гаштольда быць да вас уважлівым і спагадлівым.

Скарына. Сардэчна дзякую вам.

Альбрэхт. Мне надзвычай прыемна зачытаць наша пасланне да пана канцлера, каб тым самым яшчэ раз выказаць нашу вам глыбокую павагу і самыя высокія ацэнкі вашай годнасці. I не доўгага нашага знаёмства было дастаткова, каб мы палюбілі вас назаўсёды.

Скарына. Вельмі крануты. Вельмі…

Альбрэхт (не гучна, але ўрачыста чытае пасланне). «У абарону пана Францыска Скарыны з Полацка, доктара медыцыны.

Да пана Гаштольда, 16 мая.

Паклон шлём і ўсякае зычанне са шчырай гатоўнасцю нашай да ўчынення рознага роду міласцей. Знакаміты і высакародны, з выдатных сяброў найдаражэйшы.

Не так даўно прыбыў пад нашу ўладу выдатны і шматвопытны муж Францыск Скарына з Полацка, доктар прыгожых мастацтваў і медыцыны, даравіты выкладчык, падданы Вашай высокай Міласці і найслаўнейшага горада Вільні грамадзянін. Звярнуўшы ўвагу як на яго сапраўдны і дзівосны талент, так і найвышэйшае майстэрства, якое ён дэманструе са здзіўляючым бляскам і вопытнасцю, якую набыў, відаць, не інакш як толькі праз сваю шматгадовую працу і падарожжы дзеля пазнання мноства ведаў, мы міласціва прыпісалі яго да ліку і кола нашых падданых і верных мужоў і паставілі яго ў рад тых, да каго прыхільна адносімся…

Просім, каб вышэйназваны доктар Францыск, наш падданы і слуга, не быў пакінуты на волю лёсу, але, згодна з нашым пажаданнем і дзеля неабходнасці і нашага цеснага сяброўства, няхай Ваша слаўная Вялікасць будзе добры да яго, параіць і дапаможа ў яго справе з бесстароннасцю і справядлівасцю як чалавеку дастойнаму, рэкамендаванаму. За гэта мы Вам як сябру вельмі прыязнаму і ўсім Вашым з усякай рупнасцю і дбайнасцю аддзякуем…

Дадзена ў Кёнігсбергу 16 мая 1530-га». (Перадае грамату Скарыне.)

Скарына. Мне толькі і застаецца, што шчыраю і сумленнаю працаю пацвердзіць усё вамі сказанае.

Альбрэхт. Такое ж пасланне Віленскаму сенату я перадам вам перад ад’ездам.

Скарына схіляе галаву.

Сцэна зацямняецца.

X

Кракаў. Чалавек у чорным і Бона.


Чалавек у чорным. Што ўдалося ў Кёнігсбергу?

Бона. Доктар зрабіў памылку, якую яму ніколі не выправіць.

Чалавек у чорным. Дакладней!

Бона. Паверыў хлусні нашага выведніка і не паверыў каралю.

Чалавек у чорным (настойліва). Дакладней!

Бона. Пры адным слове нашага выведніка, што яго жонка раптоўна захварэла, а сваякі накінуліся на спадчыну яшчэ не памерлай, доктар пакінуў Кёнігсберг і памчаў у Вільню.

Чалавек у чорным. Пры чым тут кароль?!.

Бона. Не так даўно кароль па просьбе доктара ўдзельнічаў у разглядзе судовай справы па абароне спадчыны яго жонкі. Суд вынес рашэнне, якім уся рухомая і нерухомая маёмасць замацоўвалася за жонкаю і дзецьмі доктара на вечныя часы, а яе родзічам было загадана «ў тым вечнае маўчанне меці».

Чалавек у чорным. А як доктар раскалупае правакацыю і вернецца да герцага?..

Бона. Не вернецца… Як толькі герцаг даведаўся, што доктар нахабна абакраў яго, тут жа напісаў абуральнае пісьмо канцлеру Гаштольду.

Чалавек у чорным (амаль урачыста). Францыск, сын Скарынін, у навуках вызваленых і лекарстве доктар — злодзей! Не блага! Далібог, не блага! Пры такім спрыце шаноўная Бона Сфорца магла б быць і французскай каралеваю…

Бона. А тут ужо ваша прамашка… На карысць вашага ордэна я магла б паслужыць і іспанскаю і англійскаю каралеваю…

Чалавек у чорным (грозна). Язык!..

Бона. Я яшчэ не сказала, што ёсць усе падставы зрабіць доктара Скарыну беглым даўжніком і вечным бадзягаю…

Бона знікае. Чалавек у чорным глядзіць ёй услед і ціха, злобна смяецца.

XI

З успамінаў Скарыны

Вільня. Да Гаштольда ўваходзіць Скарына.


Гаштольд. Не скажу, доктар, што я рады вас бачыць…

Скарына. Я і сам сябе не люблю з самае раніцы. Нехта разыграў такі дурны жарт.

Гаштольд. Вы так думаеце?..

Скарына. А што ж яшчэ думаць? I жонка здаровая, і каралеўскае рашэнне адносна яе маёмасці ніхто не парушаў, а я кінуў усё на свеце і прыляцеў у Вільню, як той хлапчук… Такога стрэлянага вераб’я на мякіне злавілі.

Гаштольд. Відаць, нядрэнныя лаўцы. Чытайце. (Падае пасланне з пячаткай.) Уголас чытайце, доктар!

Скарына (чытае). «Да пана Гаштольда. Альбрэхт, Божай міласцю герцаг прускі.

…Не вельмі даўно, калі мы былі ў Кракаве, звярнуўся да нас нейкі іудзей, заяўляючы, што займаецца медыцынай, і дакучлівымі просьбамі прыставаў, каб з нашай згоды і волі дазволілі яму паўсюдна ў нашым уладанні практыкаваць яго гаючае лекарскае мастацтва для карысці нашых падданых, прыгнечаных хваробаю. Палічыўшы яго просьбы небескарыснымі для нашых падданых, мы міласціва падпісалі іх і дазволілі, і ён разам з намі прыехаў у наш горад Кёнігсберг, уладкаваўся і шмат хворых і іншых занядужалых узяў там жа пад свой дагляд. Між тым прыбывае таксама доктар, нейкі Францыск Скарына, якога мы прынялі ў наша прыдворнае акружэнне. Ён, адпраўляючыся адсюль з нашымі лістамі да Вашай Вялікасці па сваіх справах, якія меў у Вільні, дзе ён спадзяваўся затрымацца, зводніцкім сваім нагаворам гэтага чалавека, іудзея і нашага друкара тайна забраў з сабою, пакінуўшы тым часам тут без дапамогі мноства знясіленых і недалечаных… Нарэшце, з не меншай стратай і для нашых спраў, якія ён меў намер здзейсніць і надрукаваць у друкарні. Гэты дзёрзкі ўчынак чалавека выклікае ў нас прыкрасць з-за крыўды, нанесенай як нам, так і нашым падданым». (Адрываецца ад аркуша і збянтэжана глядзіць на Гаштольда.)

Гаштольд. Чытайце. Чытайце, доктар…

Скарына (чытае). «Таму мы ветліва просім Вашу слаўную Вялікасць, няхай гэтага доктара Францыска Скарыну павучыць аб недарэчнасці тайнага вываду нашых людзей і асудзіць і зазначыць, што мы адносімся да яго з незадавальненнем і непрыхільнасцю і што мы ад яго не чакалі такога незаслужанага ўчынку, як гэты. I няхай чым хутчэй адашле ад сябе вышэйназванага іудзея да сваіх, тут пакінутых і недалечаных хворых, і верне нам сюды нашага друкара. Гэтага, лічым, мы заслугоўваем за нашу прыхільнасць да Вашай слаўнай Вялікасці, каму найлепш з жонкай і мілымі дзецьмі жадаем жыць у здароўі.

Дадзена ў Кёнігсбергу 26 мая».

Скарына разгублены і прыгнечаны.

Гаштольд (пасля доўгай паўзы). Як усё гэта разумець, доктар Скарына?

Скарына. Гэта загадка… Я і ў вочы не бачыў ні лекара, ні друкара герцага Альбрэхта. I загадка…

Гаштольд (перапыняе). Ніякай загадкі, доктар. Вас проста справакавалі і тым самым назаўсёды адрэзалі шлях да вяртання ў Кёнігсберг.

Скарына (горача, усхвалявана). Я пераканаю герцага! Хіба ў такое можна паверыць — доктар Скарына звёз лекара ад хворых?!. Я ж клятву Гіпакрата даваў!..

Гаштольд. Не пераканаеце. Тыя, хто звёў ад герцага лекара і друкара, пры неабходнасці лёгка іх знойдуць, і можаце не сумнявацца, што «ўкрадзеныя» пацвердзяць вашу несумленнасць і здраду герцагу… Нас перахітрылі, доктар. Друкарня Скарыны за межамі Каралеўства і Вялікага княства некага вельмі напалохала…

Скарына (зусім разгублена). Што ж мне цяпер рабіць?..

Гаштольд. Чакаць нечага новага яшчэ больш брыдкага і каварнага. Здаецца, мы з вамі недаацанілі каралеву і тых, хто за ёю… I выйсце ў вас цяпер толькі адно: з’ехаць калі не ў Масковію, то ў Чэхію. Хоць і тое і другое мне не даспадобы.

Скарына. У Чэхію я яшчэ паспею…

Сцэна зацямняецца.

Загрузка...