Пераклад Юльяна ДРЭЙЗІНА
(Новая рэдакцыя Л.Баршчэўскага)
Асобы:
КРЭОНТ, фіванскі цар
ЭЎРЫДЫКА, яго жонка
ГЕМАН, сын Крэонта, жаніх Антыгоны
АНТЫГОНА, пляменніца Крэонта, нявеста Гемана
ІСМЭНА, яе сястра
ТЫРЭСІЙ, стары дзед, прарок, сляпы
ВАРТАЎНІК
ВЯСТУН
ХЛОПЧЫК, павадыр Тырэсія
КАРЫФЕЙ ХОРУ
ХОР фіванскіх старшыняў.
Слугі, рабы Крэонта, прыслужніцы Эўрыдыкі
Дзеянне адбываецца перад царскім палацам у Фівах.
Антыгона (выклікаючы з палаца Ісмэну)
Ісмэна, родная сястрычка ты мая!
Ці ведаеш, яшчэ якога гора
Не даў нам Зеўс за грэх Эдыпа-бацькі?
Цярпенне, ганьба, здзек: пакуты ад багоў —
Ці ёсць што-небудзь, хоць чаго, сястра, з табой
Не бачылі бы мы — і ты, і я — ў жыцці?
I зноў цяпер — які яшчэ загад аддаў,
Як кажуць, усяму народу новы цар?
Не чула? Не яшчэ? Не ведаеш, што вораг
Рыхтуе зло таму, хто нам за ўсіх мілейшы?
Iсмэна
Не мела весткі я пра нашых дарагіх
Ні добрае, ні дрэннай з той пары, сястра,
Як страцілі мы разам двух сваіх братоў,
Што ў дзень адзін загінулі ад рук
Уласных. Як архейцы зноў пайшлі дамоў
Уночы сёння, новай весткі не было —
Ні добрае, ні дрэннай, як было й раней.
Антыгона
Я гэта ведала. З палацу я цябе
Паклікала — з табой адной пагаварыць.
Iсмэна
Што, што, сястра? Чаму хвалюешся ты гэтак?
Антыгона
Ці ж не аддаў загад Крэонт, каб аднаго
З братоў ледзь пахаваць, на здзек аддаць другога?
Аддаў зямельцы Этэокла, кажуць, ён,
Усё зрабіўшы, як належыць пры хаўтурах.
Душы яго пачэснае ў Падзем’і месца даў.
Наконт няшчаснага Палініка Крэонт
Даў грамадзе наказ усёй, каб аніхто
Ў зямлі не пахаваў і слёз па ім не ліў —
Без могілак, без слёз пакінуць на зямлі
Драпежным птахам смачную спажыву —
Такі загад аддаў наш добранькі Крэонт,
Як кажудь, мне й табе. I мне, кажу, і мне!
Сюды ідзе Крэонт, каб ясна абвясціць
Тым, хто не ведае, загад свой. Мае быць
Паважны той загад. Забіты будзе той
Каменнем, хто адважыцца рабіць супроць.
Вось справа як стаіць. Пакажаш хутка ты —
Дачку якую мелі нашыя бацькі.
Iсмэна
Калі стаіць так справа, што б магла зрабіць
Пры ўсім маім жаданні я, сястрычка?
Антыгона
Ці будзеш ты рабіць са мною разам, што хачу?
Iсмэна
У чым жа небяспека — ў думцы што ў тваёй?
Антыгона
Ці разам ты са мной падымеш братаў труп?
Iсмэна
I пахаваць, што ўсім Крэонт забараніў?
Антыгона
Як мне, так і табе ж ён брат. Калі ж са мной
Не хочаш быць, адна яму не здраджу я.
Iсмэна
О неразумная! Няўжо ж насуперак цару?
Антыгона
Не можа ён не даць мне абавязак споўніць.
Ісмэна
Бяда! Бяда! Сястрычка, ўспомні ты, як бацька,
Багамі зненавіджаны, ў няславе згінуў,
Як сам, свае злачынствы выявіўшы, ён
Рукой уласнаю абодва вокі вырваў,
А потым маці, што і жонкаю яму была,
Пятлю зрабіўшы, скончыла сваё жыццё.
Дый два браты ў адзін той самы дзень,
Бяздольныя, забілі брата брат, і лёс
Адзін спаткаў абодвух ад уласных рук.
Цяпер глядзі: з сям’і мы засталіся дзве,
I як ганебна згінем мы, калі загад
Тыранаў мы парупшм, пойдзем насупор.
Яшчэ падумай: мы жанчыны ўсё ж з табой —
З мужчынамі змагацца цяжка нам, сястра.
Яшчэ падумай: ёсць над намі ўлада ўсё ж —
Загад мы мусім споўніць, каб найгоршы быў.
Я прабачэнне выпрашу ў нябожчыкаў маіх,
Што, сілаю прымушаная, так раблю.
Што паддаюся ўладарам я, бо няма ж
I сэнсу ў тым, калі рабіць звыш сіл мы будзем.
Антыгона
Не буду я прасіць, не, не! Калі б ты нават
Жадала — ўжо з табой не буду я рабіць.
А ты, як хочаш, думай. Брата ўсё ж свайго
Я пахаваю і памру ахвотна.
Ляжаць я буду з мілым, мілая яму,
Святы зрабіўшы грэх, бо з ценямі даўжэй
Мне будзе трэба жыць, чым з тым, хто на зямлі.
Там буду вечна жыць, а ты, закон багоў
Парушыўшы, жыві, як хочаш, гэтак тут.
Iсмэна
Закон багоў я не парушу. Толькі я
Слабая надта, каб супроць цароў ісці.
Антыгона
Вось — добрая прычына! Я ж цяпер курган
Пайду насыплю брату міламу майму.
Iсмэна
Бядотная! Як боязна мне за цябе!
Антыгона
Не бойся за мяне — лепш думай пра сябе.
Iсмэна
Глядзі ж, пра гэта больш нікому не скажы.
Хай тайнай будзе ўсё, і буду я маўчаць.
Антыгона
Не, не — ўсім раскажы! Калі пра гэта ўсім
Не скажаш — будзеш ты агіднейшаю мне.
Iсмэна
Палаеш сэрцам ты: разважнай трэба быць.
Антыгона
Развагу мне любоў да родных ценяў дасць.
Iсмэна
Каб сілы мела ты! Любоў ёсць — сіл няма!
Антыгона
Ды што ж? Калі не здолею, я адыйду.
Ісмэна
Дык лепш не пачынаць, калі не маеш сіл.
Антыгона
Маўчы, не гавары: ты вораг будзеш мне!
Нябожчыку таксама ворагам памрэш.
Няхай жа, неразумную, мяне спаткае
Жахлівы лёс. Не буду слухаць я аб тым,
Што б не дало памерці мне, як я хачу.
(Адыходзіць.)
Iсмэна
Ідзі ж, калі так хочаш. Толькі ж ведай, што —
Хоць неразумную — цябе я ўсё ж люблю.
Выходзіць праз тыя самыя правыя дзверы. Сцэна пэўны час застаецца пустою.
(Уваход хору)
Уваходзяць пятнаццаць старцаў — фіванскіх старшыняў.
Страфа першая
Xор
Сонца прамень агністы, над Фівамі ты заблішчаў,
Як ніколі яшчэ раней!
Ты з’явілася ўрэшце, вока светлага дня,
Над Дыркейскай крыніцай[32] заззяўшы.
Вой прыйшоў з Арагоса да нас,
Узброены ўвесь і з белым шчытом.
Хутка пагнаў яго промень агністы,
Нібы хто лейцамі гнаў каня.
Карыфей
На зямельку бацькоў яго вёў Палінік.
Ён падняўся на нас дзеля сваркі братоў,
Наляцеў на зямельку, як быццам арол,
Гэтак рэзка крычаў, меў ён крылы-шчыты,
Што блішчэлі на сонцы, як белы той снег.
Зброі многа ён меў,
На шаломах — грывы з конскіх хвастоў.
Антыстрафа першая
Xор
Карыфей
Фанабэрыстых слоў ненавідзіць Зевес.
Ён убачыў, як ворагі нашыя йшлі,
Бы струмень неўтаймоўны, бурлівы, ляцеў,
I золатам зброя зіхцела на іх.
Бліскавіцу жахлівую кінуў Зевес
На муры ўжо на самым — па тым,
Хто збіраўся ўжо спеў трыумфальны пяяць[35].
Страфа другая
Xор
З грукатам паў на зямлю пад маланкай
Той, хто нёс нам агонь. З парываннем акрутным
Вораг шалеў, як быццам
Неслася бура-зладзейка.
Гэтага так загубіў,
Іншых іначай караў вялікі, грозны Арэй —
Вечна спагадны нам бог.
Карыфей
Супраць брамаў сямі вось — сямёрка цароў,
Што змагацца хацелі адзін на адзін.
Зброю ўсю яны кінулі Зеўсу сваю.
Толькі тыя няшчасныя двое братоў,
Што супольных бацькоў мелі, ў бітву пайшлі —
Брат на брата з магутнаю зброяй сваёй,
I абодва загінулі ў бойцы адной.
Антыстрафа другая
Xор
Карыфей
Але вось уладар нашай роднай зямлі,
Сын Менойкаў, Крэонт.
Даручылі цяпер яму ўладу багі.
Ён ідзе. Думка нейкая ёсць у яго.
I таму загадаў ён старшыням усім
Тут сабрацца на сход.
Абвясціў ён аб гэтым усім.
Крэонт (уваходзячы з боку поля бітвы)
О, грамадзяне, горад наш багі патрэслі
Ў вялікай буры й зноў у прыстань прывялі.
З усіх фіванцаў вас паслаў я запрасіць,
Каб вы прыйшлі, бо добра ведаў тое,
Што вы заўсёды шанавалі ўладу Лая.
Калі ж Эдып наш горад вызваліў і потым
Загінуў сам, прызналі вы яго сыноў
I вернымі падданымі ім засталіся.
Калі ж яны палеглі гэтак разам,
У дзень адзін, бо ўласнымі рукамі
Ў ганебнай бойцы брата брат забілі,
Ўсю атрымаў я ўладу й царскі трон,
Бо я сваяк бліжэйшы тых цароў палеглых.
Але душу спазнаць як цяжка чалавека,
Спазнаць яго характар, думкі, покуль ён
Не мае ўлады і законаў не дае.
Я думаю, што той, хто, маючы уладу
Дзяржаўную, парад не хоча слухаць добрых,
Ад страху ж нейкага язык трымае ў роце,
Такі быў злым даўней, злым будзе і цяпер.
Таго ж, хто болып за Бацькаўшчыну любіць
Сябра свайго — таго нікчэмным я лічу.
Будзь мне за сведку,
Зеўс, хто ўсё заўсёды бачыць:
Маўчаць не буду — замест каб шукаць ратунку,
Калі ў бядзе якойсьці горад наш я ўбачу.
Ніколі й Бацькаўшчыны ворага лічыць
Не буду сябрам я. Бо мне вядома добра,
Што ў ёй адной ратунак, і сяброў сабе
Мы здабываем, ідучы на дапамогу ёй.
Наш горад я ўзмацню такою думкай;
I, згодна з гэтым, абвясціў я грамадзянам
Усім загад мой пра Эдыпавых сыноў.
Я Этэокла, што, змагаючыся, згінуў
За Бацькаўшчыну — ўсіх адвагай перамогшы —
Ў магіле загадаў схаваць і ўсё зрабіць,
Абрады выканаць, як варты той герой;
А Палініка, брата роднага, які,
Вярнуўшыся з уцёкаў, папаліць хацеў
Зямельку родную, багоў спрадвечных храмы
Ушчэнт — і ўпіцца роднаю крывёй жадаў
I грамадзян усіх павесці ў няволю —
Ўсім грамадзянам загадаў я, каб ніхто
Яго не пахаваў, не ліў каб слёз па ім:
Няхай ляжыць ён на зямлі ганебна —
Драпежным птахам і сабакам смачнаю спажывай.
Такі пагляд мой, і ніколі ад мяне
Пашаны дрэнны не займее — так, як добры.
Хто ж любіць Бацькаўшчыну, той — пакуль жыве
Дый пасля смерці — будзе шанаваны мной.
Карыфей
Такі ёсць твой пагляд, Менойкаў сын, Крэонт,
Адносна ворагаў айчыны ды сяброў?
Даваць усім законы ўладу маеш ты
Аб тых, хто ўмёр ужо і хто яшчэ жыве.
Крэонт
Як сталі б вы цяпер за гэтым наглядаць?
Карыфей
Малодшаму за нас ты гэта даручы.
Крэонт
Вартаўнікоў да трупа ўжо прыставіў я.
Карыфей
I што б хацеў яшчэ ты мець ад нас?
Крэонт
Суровым быць да ўсіх, загад хто пераступіць.
Карыфей
Няма такіх дурных, якія б праглі смерці.
Крэонт
Такая й будзе кара. Але часта як
Надзея на карысць людзей губіла ўшчэнт!
Вартаўнік (выходзячы з боку поля)
Я не скажу, ўладар, што шпарка я ляцеў —
I вось чаму сюды, засопшыся, прыйшоў.
Прыпынкаў шмат было ў мяне ад цяжкіх дум.
I шмат разоў хацеў вярнуцца я назад.
Душа мая не раз казала да мяне:
«Гаротнік, што бяжыш, на смерць сваю ідзеш?
Дурны, спыніўся зноў? Калі Крэонт аб тым
Ад іншых будзе знаць, ратунку не шукай!»
Так разважаючы, павольна я ішоў,
I так зрабіўся доўгі шлях кароткі мой.
Аднак адважыўся ў канцы прыйсці сюды:
Не маю што й сказаць табе, але скажу:
Я спадзяюся, што са мною будзе тое,
Што толькі лёс прызначыў мне ў жыцці спаткаць.
Крэонт
Дык што такое? Што спалохала цябе так?
Вартаўнік
Найперш я пра сябе скажу: я справы той
Сам не рабіў; не ведаю і хто зрабіў яе.
Была б то крыўда, каб я пакараны быў.
Крэонт
Навокал справы ходзіш ты... Кажы ясней!
Што здарылася новага? Хутчэй кажы!
Вартаўнік
Адразу не магу сказаць, бо страшна мне.
Крэонт
Хутчэй кажы, і потым вольны пойдзеш ты.
Вартаўнік (нарэшце адважыўшыся)
Ну добра, я скажу. Прыйшоў, не знаю, хто,
Каб пахаваць той труп. Яго сухім пяском
Пасыпаў ён і ўсё хаўтурнае зрабіў.
Крэонт
Што кажаш ты? Хто мог адважыцца на гэта?
Вартаўнік
Не ведаю. Не бачылі мы там слядоў
Сякеры ці рыдлёўкі — ўся была зямля
Сухая, камяністая, і не было
Слядоў калёс. Няведама, хто быў зладзей.
Калі ж уранні вартаўнік на тое паказаў,
Зрабілася і жудасна і вельмі дзіўна ўсім.
Труп не відзён быў, ды не быў і пахаваны:
На ім быў толькі слой пяску, каб не было граху.
Не бачылі ніякіх мы слядоў, каб звер
Прыходзіў ці сабака труп цягнуў.
I лаянка тады пачулася між нас,
Бо лаяў вартаўнік вартаўніка, і бойка,
Здавалася, пачнецца... хто б яе стрымаў?
I гэта ўсё зрабіць мог нехта з нас або
Ніхто — і ўжо таго пазнаць было ніяк.
Гарачае жалеза у рукі ўзяць гатоў
Быў кожны з нас і праз агонь прайсці; багоў
У сведкі клікаць, што той справы не рабіў
I што не ведае зусім, хто раіў тое
Зрабіць і хто напраўду тую рэч зрабіў.
Калі ў шуканнях нашых мы удачы не знайшлі,
Такое з нас адзін сказаў, што мы усе
Галовы апусцілі ўніз ад страху, бо
Пярэчыць не маглі таму й не ведалі,
Што нам рабіць цяпер, каб не было бяды.
I сказана было, што трэба расказаць
Табе аб справе той, нічога не таіць.
Згадзіліся мы ўсе. Няшчаснага мяне
Праз жэрабя абралі тую ўцеху ўзяць.—
I вось я тут. Ні ты, ні я таго
Не хочам. Ведама ж, што на таго, хто весткі
Прыносіць злыя, як на ворага глядзяць.
Карыфей
Ужо, ўладар, даўно на думцы мелі мы:
Ці не багі зрабілі тую справу самі?
Крэонт
Маўчы, калі не хочаш выклікаць мой гнеў!
Няўжо ж такі дурны ты, хоць такі стары?
Як можаш ты казаць, што нашыя багі
Хоць трохі затурбуюцца пра гэты труп?
Няўжо ж багі, шануючы як дабрачынца,
Захочуць пахаваць таго, які прыйшоў,
Каб храмы іх спаліць ды прынашэнні знішчыць,
Спустошыць іх зямлю, парушыць іх законы?
Ці бачыў ты багоў, каб дрэнных шанавалі?
Няма такіх. Але даўно ўжо грамадзяне,
Незадаволеныя мной, супроць мяне шумяць,
Тайком галовамі трасуць, маёй улады
Цяжар не хочуць несці, як былі б павінны.
(Паказваючы ў бок вартаўніка)
Я добра бачу, што яны вартаўнікоў
Намовілі за грошы, каб загад парушыць.
Няма ў людзей ніводнай рэчы, што была б
За грошы горшая: дашчэнту гарады
Яны руйнуюць, з роднай хаты выкідаюць.
Яны змяняюць думкі добрыя ў людзей
I навучаюць іх нядобрае рабіць.
I шлях да хітрасці і да бязбожнасці
Людзям усім заўжды паказваюць яны.
Але надыдзе час, калі той, хто рабіў
За золата злачынствы, кару панясе.
Цяпер жа ведай, што пакуль Зевес мае
Малітвы чуе — вось пад клятваю кажу —
(Да вартаўніка)
Калі не знойдзеце, хто труп той пахаваў
I да маіх вачэй таго не прывядзеце,
Усёю карай вам не будзе смерць адна:
Жывымі ўсіх павешу і прымушу вас
Нахабніка назваць, што тое учыніў,
Каб навучыліся вы, дзе карысць шукаць
Вам трэба — і каб ведалі, што не заўсёды
I не ўсялякую карысць любіць павінны.
Бо хабары ганебныя часцей нясуць
Бяду з сабою, чым задавальненне.
Вартаўнік
Ці можна мне сказаць? Ці мне ісці назад?
Крэонт
Ты досыць прыкрых слоў мне ўжо нагаварыў.
Вартаўнік
Ці боль вушам тваім зрабіў я альбо сэрцу?
Крэонт
Шукаць надумаў, што ў мяне баліць?
Вартаўнік
Вушам я тваім боль зрабіў, злачынца ж — сэрцу.
Крэонт
Як бачу, лапатаць ты здольны ад прыроды.
Вартаўнік
Няхай, але ж той справы не рабіў я.
Крэонт
Не веру! Ты душу сваю прадаў за грошы.
Вартаўні
Бяда!
Бяда, калі над намі ўладу мае той,
Якому мроіцца чаго зусім няма.
Крэонт
Кажы цяпер, што хочаш. Ды калі
Злачынца мне не прывядзеце вы — убачыце,
Што толькі гора йдзе за дрэннай справай.
(Адыходзіць у палац)
Вартаўнік
Знайдзі ж цяпер злачынца! Зловяць ці не зловяць —
Залежыць гэта толькі ад багоў адных.
Але мяне ўжо ты не ўбачыш тут.
Ужо не меў надзеі я, што буду цэлы —
Багам вялікую падзяку прынясу.
(Хутка адыходзіць.)
Хор
Страфа першая
Шмат існуе ў прыродзе магутных сіл,
Але дужэйшы за ўсё — чалавек.
Ён за сівое мора ідзе
Ў час зімовых бушуючых бур;
I навокал яго ўздымаюцца бурныя хвалі.
Багіню найвышэйшую, зямлю,
Няўтомную і вечную, ён раздзірае,
З году ў год ён шарпае яе плугамі,
Якія цягнуць коні.
Антыстрафа першая
Сеткі накінуўшы, ловіць ён
Нядбалых і быстрых птахаў племя,
Як і пароды дзікіх звяроў.
Рыб, што ў моры вялікім жывуць,
Невадам сплеценым ловіць мудрэйшы
за ўсіх чалавек. Ён мае ўладу хітрасцю сваёю
Над дзікім львом між гор і накладае
Ярмо на лёгкагрывага каня, таксама
Як і на чорнага быка.
Страфа другая
Ён мову стварыў, заўладаў
I думкай імкліваю, ён
Законы даў гарадам, збудаваў
Хаты, каб уцякаць
Ад халадоў і дажджоў.
Многаразумны, ён страху не знае зусім
Прад тым, што надыдзе.
Толькі не можа ён перамагчы
Смерці, хоць ад цяжкіх хваробаў
Лекі знайшоў.
Антыстрафа другая
Ён мудра мастацтвы стварыў:
Ніколі такіх не было.
Але блукае між злом і дабром:
Законы людзей паважае
I праўду святую багоў.
Першы ў горадзе будзе апошнім, калі
Адважны ён толькі на зло.
Разам з такім я не буду дзяліць
Ні хаты, ні думак.
З боку поля ўваходзіць вартаўнік, які вядзе Антыгону.
Карыфей
Цуд які перада мной! Не магу зразумець:
Антыгону тут бачу вачыма сваімі.
Ці магу я сказаць, што яна — не яна?
Ох, няшчасная ты!
I Эдыпа няшчаснага ты дзіцянё!
Няўжо ж захацела загадам цара
Не паддацца? Няўжо ў самы раз, калі ты
Неразумную справу зрабіла сваю,
Тут схапілі цябе ды сюды прывялі?
Вартаўнік
Але, яна і ёсць, што гэта ўсё ўчыніла.
Яе схапілі мы на месцы. Дзе ж Крэонт?
Уваходзіць Крэонт.
Карыфей
Вось ён цяпер з палацу йдзе якраз.
Крэонт
Што, што такое? Да чаго цяпер прыйшоў я?
Вартаўнік
Уладар, ніколі нам даваць зароку нельга,
Другая думка ворагам быць можа першай.
Вось клятву я даваў, што больш ужо сюды
Я не прыйду: баяўся я тваіх пагроз.
Але здаецца, што вышэй за ўсе уцехі
Нам радасць неспадзеўная заўсёды.
I я прыйшоў, і клятвы не стрымаў свае.
Дзяўчыну я вяду. Яе схапілі мы,
Як труп яна хавала. Тут мы ўжо кідаць
Не сталі жэрабя — згадзіліся мы ўсе,
Што гэтая знаходка толькі ўжо мая.
Вось, уладар, бяры яе — як ты жадаеш —
Судзі, катуй. А я магу цяпер ісці,
Бо ў тым злачынстве, бачыш, быў бязвінны я.
Крэонт
Дык ты яе вядзеш? Дзе, як схапіў яе?
Вартаўнік
Хавала труп яна — вось, ведаеш ты ўсё...
Крэонт
Ці добра разумееш ты, што кажаш мне?
Вартаўнік
Я ўбачыў, як хавала труп яна, які
Забараніў хаваць ты. Ясна я кажу?
Крэонт
I як яе ты ўбачыў, як яе схапіў?
Вартаўнік
Вось як усё было: калі вярнуўся я,
Бы сам не свсй — страшэнна ж ты мне пагражаў —
Змялі мы ўвесь пясок, што цела пакрываў,
I добра агалілі мы гніючы труп.
Пасля на ўзгорачку пад ветрам селі мы,
Каб не чуваць смуроду, што ад трупа йшоў.
I грубай, брыдкай лаянкай адзін з нас аднаго
Будзіў, калі хто-кольвечы пры справе той драмаў.
Так час павольна йшоў. I вось на небе ўжо
Ў сярэдзіне заззяў бліскучы сонца круг.
Зрабілася спякота, сквар. Ды раптам бура,
З зямлі падняўшы пыл, які да неба йшоў,
Напоўніла раўніну — ў лесе ўсё лісцё
Яна зрывала, захапіла неба ўсё
Бязмежнае. Закрыўшы вочы, мы
Чакалі, покуль пройдзе божая напасць.
Калі ж праз доўгі час ізноў заціхла ўсё —
Дзяўчыну бачым мы. Так горка плакала
Яна, як быццам птушка, што гняздо сваё
Убачыла сірочым і пустым, без птушанят.
I вось яна, угледзеўшы той голы труп,
Загаласіла і праклёны пачала
Нядобрыя кідаць на тых, хто так зрабіў.
Пасля ў руках пяску сухога прынясла,
Падняўшы медны, добра куты келіх,
Патройным узліяннем труп ушанавала.
Убачыўшы яе, мы кінуліся — й зараз
Схапілі, але ў ёй не ўбачылі мы страху.
Мы ёй сказалі, што яна ж зрабіла гэтак
Раней, як і цяпер. Яна не адмаўлялася
Ні ад чаго. Было прыемна мне і сумна:
Прыемна — уцячы самому ад бяды,
Але зрабіць няшчасце добрым людзям — сумна.
Аднак жаданне ўласнага збавення
Было мацнейшым за ўсе гэтыя пачуцці.
Крэонт
Ты, ты! Кажы, чаму так голаў апусціла?
Ці ты зрабіла гэтае, ці не?
Антыгона
Не адмаўляюся — я гэтае зрабіла.
Крэонт (да вартаўніка)
Ты вольны — йдзі цяпер, куды жадаеш,
Свабодны ад віны ў злачынстве цяжкім.
Вартаўнік выходзіць.
Крэонт (да Антыгоны)
А ты кажы мне коратка і ясна:
Ці ведала загад, каб не рабіць таго?
Антыгона
Я добра ведала... ўсім ён вядомы быў.
Крэонт
Адважылася ўсё-ткі ты пераступіць загад?
Антыгона
Напраўду, то не Зеўс агаласіў яго.
I Дыка[38], што жыве з падземнымі багамі,
Людзям такіх законаў не давала.
I твой загад я не магла лічыць такім,
Каб, дадзены людзьмі, ён мог бы скасаваць
Закон багоў, няпісаны ды вечны.
Не ўчора, не цяпер з’явіўся той закон:
Спрадвеку існаваў, заўсёды ён жыве;
Ніхто не ведае, калі з’явіўся ён.
Я за яго баялася перад багамі
Адказ даваць — людзей жа не баюся я зусім.
Я ж добра ведаю, што я памру, хаця б
Ты мне й не пагражаў. Чаму ж і не памерці?
Я смерць раней пары карыснаю лічу.
Бо хто жыве — як я — сярод няшчасцяў сталых,
Няўжо лічыць не будзе смерць жаданым сном?
Таксама й для мяне зусім не будзе гора
Такі мець лёс. А вось калі б я брата
Памерлага пакінула непахаваным —
Было б вось гэта гора. Іншага не знаю.
Табе здаецца, што раблю я як дурная? —
Глядзі, каб ты не быў дурнейшы за мяне.
Карыфей
Суровы бацькаў дух паказвае дзіця
Суровае — хіліцца прад бядой не ўмее.
Крэонт (да Антыгоны)
Дык ведай жа, што дух занадта цвёрды
Тым падае лягчэй. Таксама бачыць можаш,
Як цвёрдае жалеза, калі мы яго
Ў агні распалім і яшчэ цвярдзейшым зробім —
Лягчэй ламаецца і крышыцца яно.
Я ведаю, што наравісты конь аброццю
Маленькаю кіруецца. Бо нельга быць
Занадта гордым тым, хто ў іншых пад уладай.
(Да старцаў.)
Злачынства першы раз яна зрабіла,
Калі не споўніла абвешчаны загад;
Другі раз — вось цяпер, калі, пасля учынку,
Яна ім пахваляецца й смяецца з нас.
Не буду я мужчына — дык яна ім будзе,
Калі без кары ёй абыдзецца злачынства.
Але хаця б яна раднейшай за сястру
Была мне — і за ўласную маю сям’ю —
Яны ад кары самай жорсткай не ўцякуць —
Яна з сястрой сваёй. Бо і яе таксама
Я вінавачу ў тым, што і яна супольна
З сястрою раілася труп той пахаваць.
(Да варты.)
Паклічце мне яе. Ў палацы бачыў я,
Шалела як яна і розуму не мела.
Звычайна бо душа злачынцу выдае
Раней, чым выкрытага ў змове, схопяць.
Але найгоршы той, хто, схоплены на месцы,
Пасля віну сваю за словамі хавае.
Антыгона
Ці больш жадаеш ты, чымся забіць мяне?
Крэонт
Нічога больш. То ўсё, чаго жадаю.
Антыгона
Чаму ж яшчэ марудзіш? Словы ўсе твае
Мне прыкрыя і будуць прыкрымі заўсёды.
Дый і табе таксама я зрабіла прыкрасць.
Але ж чым я магла б здабыць такую славу,
Якую здабыла я, брата пахаваўшы?
(Да хору.)
Вы ўсе згадзіліся б, што я зрабіла добра,
Калі б не скоўваў страх вам вуснаў гэтак.
Крэонт
Так думаеш з усіх кадмейцаў[39] ты адна. Антыгона
Такія ж думкі ў іх — але перад табой маўчаць.
Крэонт
Не сорамна табе не быць з усімі разам?
Антыгона
Я не саромлюся аддаць пашану брату.
Крэонт
Ці ж братам той не быў,
хто ў бойцы з ім загінуў?
Антыгона
I ён мой брат: бацькі адныя ў нас.
Крэонт
А гэтага ж чаму зняважыла ты так?
Антыгона
Не будзе так казаць нябожчык Этэокл.
Крэонт
Ты ж кепскага шануеш гэтаксама, як яго.
Антыгона
То быў не раб яго, той,
што загінуў — родны брат.
Крэонт
Радзіму нішчыў той, другі — абараняў.
Антыгона
А смерць для ўсіх адны законы мае.
Крэонт
Дык нельга ж добрага з нядобрым параўноўваць.
Антыгона (паказваючы на зямлю)
Хто ведае, якія думкі там пра гэта?
Крэонт
Не можа вораг сябрам быць і пасля смерці.
Антыгона
Мой лёс — любіць абодвух.
Не нянавісць — лёс мой...
Крэонт (паказваючы на зямлю)
Ідзі ж туды і там любі, як хочаш.
Пакуль жыву — жанчына ўладу мець не будзе!
З палаца выводзяць Ісмэну.
Карыфей
Тут вось перад дзвярыма Ісмэна стаіць.
Шчыра любячы брата, яна слёзы лье.
Над брывамі ў яе хмара смутку ляжыць,
I чырвоны ўвесь твар;
Па прыгожых шчаках яе слёзы цякуць.
Крэонт (да Ісмэны)
Ты, што, ў мой дом,
як быццам гадзіна, запоўзшы,
Таемна кроў маю піла, а я не бачыў,
Што дзве бяды й пагібелі гадую трону.
Ты шчыра мне скажы, ці прызнаешся ў тым,
Што разам з ёю труп хавала, альбо ты
Дасі прысягу, што не ведаеш нічога?
Iсмэна
Калі яна, тады і я рабіла. Разам
Рабілі справу мы — адказ нясём абедзве.
Антыгона
Няпраўда ж гэта ўсё. Ты не хацела,
I я не прыняла твайго ўдзелу ў гэтым.
Iсмэна
Сястрычка бедная мая, мне раздзяліць
Не сорамна пакуты, што ты панясеш.
Антыгона
Чыя была то справа — ведаюць Аід[40] ды цені.
Я ж не люблю таго, хто любіць толькі словам.
Iсмэна
Сястрычка, родная, дай разам мне з табою
Памерці — і нябожчыку пашану тым аддаць.
Антыгона
Са мной ты не памрэш. Чаго не дакранулася —
Сваім ты не лічы! Адна памру я толькі.
Iсмэна
Якое мне жыццё ўжо будзе без цябе?
Антыгона
Крэонта запытай — аб ім ты клопат мела.
Iсмэна
Чаму ж з мяне смяешся? Ў тым няма ж карысці.
Антыгона
Калі з цябе смяюся — я сама нясу пакуту.
Iсмэна
Чым я цяпер магла б уцеху даць табе?
Антыгона
Дбай пра сябе. Твайму збаўленню не зайздрошчу.
Iсмэна
Ох, гора мне! Няўжо твой лёс не падзялю?
Антыгона
Ты ж выбрала жыццё, а я абрала смерць.
Iсмэна
Але ж усіх маіх не ведала ты думак.
Антыгона
Адно здаецца добрым мне, а іншае табе...
Iсмэна
Але ж у нас абедзвюх роўная віна.
Антыгона
Адважнай будзь. Жыві, а я... я ўжо даўно
Памерла. I памерлым я карысна толькі.
Крэонт
Як бачу, звар’яцелі дзве: адна цяпер,
Другая ж гэткаю была ад нараджэння.
Iсмэна
У тых, пакуту хто нясе, ўладар, іх розум
Не гэткі ўжо, як быў раней: знікае ён.
Крэонт
Як у цябе. Ты ж з дрэннымі рабіла ліха.
Iсмэна
Што мне ў жыцці адной, калі яе не будзе?
Крэонт
Аб ёй ты не кажы, памерла ўжо яна.
Iсмэна
Няўжо нявестку сынавую ты заб’еш?
Крэонт
Зямельку каб араць, палёў ты знойдзеш шмат.
Iсмэна
Не знойдзеш ты суладдзя, што было між імі.
Крэонт
Я дрэннай жонкі сыну не хачу майму.
Антыгона
О мілы Геман, бацька зневажае як цябе!
Крэонт
Абрыдла мне ўжо ты з тваім каханнем разам.
Карыфей
Няўжо разлучыш з ёю сына ты свайго?
Крэонт
Магіла, смерць — вось хто разлучыць іх!
Карыфей
Прысуд твой — бачу я — каб ёй ісці на смерць?
Крэонт
I твой, і мой. Марудзіць досыць! Гэй вы, слугі!
Ў палац адвесці іх! I там, у гінейкеі[41],
Трымаць іх пільна і нідзе іх не пускаць,
Бо уцякаюць нават смелыя, калі
Канец жыцця ўжо бачаць прад сабой.
Варта адводзіць Антыгону і Ісмэну ў палац, праз левыя дзверы. Крэонт панура сядае на каменную лаву.
Xор
Страфа першая
Шчаслівыя людзі, ў якіх прайшло без бед жыццё!
Але калі твой род багі пакараюць,
Беды ўсялякія прыйдуць на ўсе твае пакалені.
Так налятаюць хвалі марскія
У час страшэнных бур,
Якія йдуць з фракійскімі вятрамі.
З падводнай глыбіні пясок
Нясецца чорны. Скалы
Пры беразе і стогнуць, і гудуць.
Антыстрафа першая
Я ж бачу: ў Лабдакідаў дом бяда ідзе за бядою,
Спрадвеку йдуць ад продкаў яны да нашчадкаў.
I ўнукаў дзеду не вызваліць, бо ярасць багоў
Іх гоніць, гоніць без канца.
Апошні корань у Эдыпавым быў родзе,
Над ім заззялі быццам промні сонца.
I зноў крывавы серп падземных
Багоў яго знішчае —
Шаленства ў словах, як і ў думках.
Страфа другая
Якая моц людзей магла б
Моц тваю зламаць, Зевес?
Над ёю нават сон — нядужны ўладца,
I месяцы, што няўтомна
Бягуць. Не ведаеш старасці ты
I ў ясным бляску Алімпа пануеш.
Ну, а над намі — адзін закон;
Ён быў, ён ёсць, ён будзе;
Ў жыцці чалавека няма
Нічога пэўнага, апроч няшчасцяў.
Антыстрафа другая
Прывабная надзея ўсё-ткі
Шмат якім людзям дае уцеху
I шмат каму маной бывае ў іх жаданнях палкіх.
Вядзе людзей, якім нішто не бачна,
I раптам іх у полымя кідае.
Так слова мудрае калісьці хтось сказаў:
Чый розум бог вядзе ў бяду,
Таму дабром заўсёды ліха
Здавацца будзе. Без бяды
Такі нядоўгі час жыць можа.
З боку горада ўваходзіць Геман.
Карыфей
Вось і Геман ідзе. У сямейцы тваёй
Ён адзіны сынок. Ці ж бядуе аб тым,
Лёс які будзе ,мець нявеста яго,
Антыгона, якую ён шчыра кахаў?
Крэонт
Мы зараз будзем ведаць лепей, чым прарокі.
(Да Гемана.)
Мой сын, ці ты ідзеш на бацьку злы, бо чуў
Прысуд яго рашучы аб тваёй нявесце,
Альбо табе я буду дарагі заўсёды?
Геман
Я твой, о бацька: ты парады мне даеш
Карысныя — заўсёды іх выконваць буду.
Пакуль мяне вядзеш ты добра, я не стану
Лічыць каханне даражэйшым за цябе.
Крэонт
Так, сын мой, трэба й думаць, і лічыць
Усё ніжэй за меркаванне бацькі.
I вось чаму дзяцей мы паслухмяных любім,
(Калі ў сям’і такіх мы маем) — то ж яны
Ідуць супроць бацькоўскіх ворагаў, а сябра
Яны шануюць так, як бацька сам.
Што ж нам сказаць аб тым, хто нарадзіў
Дзяцей благіх? Ён нарадзіў бяду
Сабе і вечны смех для ворагаў сваіх.
Так і цяпер, мой сын, ты розуму не страць
Дзеля жанчыны, што дае табе пацеху.
Бо ведай, што, калі благая жонка ў хаце,
Халоднымі табе яе абдоймы будуць,
Бо дрэнны друг — найгоршая бяда.
З пагардаю, як ворага, адкінь яе:
Няхай другіх сабе шукае пад зямлёй.
Адкрыта я пры ёй засведчыў, што яна
Адна з усіх пайшла супроць загаду.
Прад грамадзянамі не буду брахуном,
Але заб’ю яе! Няхай Зевеса кліча
Сямейнага. Бо родным я калі дазволю
Ісці супроць мяне — тым больш чужыя пойдуць.
Калі хто будзе ў хаце ўласнай добры —
Ў дзяржаўных справах той карысць нам прынясе.
А хто пачне пераступаць законы
Альбо надумаецца йсці супроць цароў,
Таму ніколі я не дам пашаны.
Каго народ абраў, таму ты паслухмяны будзь.
У справах усялякіх — добрых, дрэнных —
Такі, скажу я смела, будзе добра й сам
Другімі кіраваць, і слухаць кіраўніцтва.
I ў час страшэннай бітвы цвёрды будзе ён,
Сябрам сваім паплечнік добры і праўдзівы.
За безуладдзе ж горшага няма няшчасця:
Яно дзяржавы губіць і руйнуе хаты
Дашчэнту, і паплечнікаў у бітве
На ўцёкі гоніць. I, наадварот, ратуе
Заўсёды паслухмянства тых, хто паслухмяны.
Дык вось чаму законы трэба бараніць.
Жанчыне ж нельга нам ніколі паддавацца —
Калі ўжо трэба, лепш загіну ад мужчыны,
Чым каб казалі, што жанчыне паддаюся.
Карыфей
Калі яшчэ ў старога розум не загінуў,
Здаецца мне, што ўсё разумна ты казаў.
Геман
Даюць багі ўсім людзям, бацька мой,—
Рэч лепшую за ўсё, што толькі ў свеце ёсць.
Не здолеў бы я й здолець не хацеў бы
Давесці, што няправільна ты ўсё казаў.
Але ж і ў іншых думка добрая быць можа:
Лягчэй магу я за цябе разведаць,
Што кажуць і каго ганьбуюць людзі.
А простаму народу жудасны твой позірк —
Не скажа ён таго, чаго не любіш ты.
Я ж непрыкметна чуць ўсё магу, што кажуць.
Шкадуе гэтаую дзяўчыну ўвесь народ,
Бо менш за ўсіх жанчын павінна згінуць,
Ліхую смерць панесці дзеля справы слаўнай.
Што брата роднага, які ў баі загінуў,
Непахаванага, яна не захацела
Пакінуць птушкам ды сабакам злым —
Хіба ж яна вянка не варта залатога?
Такая гутарка таемная ідзе.
А для мяне няма нічога даражэй
За тое, каб усё шчасліва йшло ў цябе.
Бо для дзяцей ёсць слава — бацькаў дабрабыт.
Ты не насі ў душы такога меркавання,
Што толькі тое правільна, што кажаш ты.
Бо той, хто думае, што ён адзін разумны,
Што словам ён найлепш валодае, што ён
Адзін велікадушны — брахуном пустым
Аказваецца потым у жыцці сапраўдным.
Бо нават мудрацу не сорамна ніколі
Вучыцца шмат чаму й не быць занадта ўпартым.
Струмень бурлівы так мілуе тыя дрэвы,
Якія гнуцца перад ім, а тыя,
Што не згінаюцца — з карэннем вырывае.
Як ветразей не хоча скласці і марак
Прад бурай, карабель яна перавярне —
I будзе на кілі марак той выплываць.
Не будзь жа ўпарты, бацька: свой прысуд змяні,
Бо калі я, малодшы, думку мець сваю
Магу — кажу я, што вышэй за іншых толькі той,
Хто будзе поўны мудрасці заўсёды.
Калі ж не так (бо мала гэткіх ёсць людзей),
Дык слухаць трэба тых, хто раіць добра.
Карыфей
Калі, ўладар, ён мудра кажа, слухайся яго,
А ты — яго. Абодва добра вы казалі.
Крэонт
Я ўжо стары. Няўжо вучыцца буду
Я розуму ад гэткіх дзецюкоў?
Геман
Вучыся толькі праўдзе ты! Калі ж я малады,
Глядзі не на гады мае, але на справы.
Крэонт
Злачынцаў шанаваць — твая такая справа?
Геман
Злачынцаў шанаваць не стаў бы я прасіць.
Крэонт
I гэтую злачынцай ты не лічыш?
Геман
Увесь народ фіванскі гэтага не лічыць.
Крэонт
Ці можа мне народ загадваць, як рабіць?
Геман
Цяпер вось ты сказаў, як малады дзяцюк.
Крэонт
Ці я, ці іншы хто тут мае ўладу?
Геман
Належаць горад і не можа аднаму.
Крэонт
Уласнасць ён таго, хто ўладу мае.
Геман
Як добра быў бы ты ў пустыні ўладаром!
Крэонт
Ну, за жанчыну ты, як бачу, добра б’ешся...
Геман
Калі жанчына — гэта ты. Я дбаю пра цябе.
Крэонт
Нягоднік! З бацькам ты спрачаешся праз гэта?
Геман
Бо ж бачу я, як робіш ты няслушна.
Крэонт
Ці ўсё ж няслушна — ўладу шанаваць сваю?
Геман
То не пашана ўладзе, то багам знявага.
Крэонт
Жанчыны раб, які ты брыдкі мне!
Геман
Ганебных спраў затое я рабом не буду.
Крэонт
Ты ў кожным слове толькі й думаеш аб ёй...
Геман
I пра цябе, і пра сябе, і пра багоў.
Крэонт
Жанчыны раб! Мяне не збаламуціш!
Геман
Жадаеш сам казаць, а слухаць не жадаеш?
Крэонт
Яе жывую ты не будзеш жонкай мець.
Геман
Калі памрэ яна, памрэ яшчэ й другі.
Крэонт
Ты да таго дайшоў, што пагражаеш мне?
Геман
То не пагроза, то адказ на неразважнасць.
Крэонт
На гора ўласнае мяне навучыш ты,
Бо, неразважны сам, мяне вучыць ты хочаш.
Геман
Сказаў бы я, каб бацькам ты маім не быў,
Што розуму не маеш ты зусім.
Крэонт
Ах так? Даю прысягу я Алімпам, ведай,
Што не на радасць ганіш ты мяне.
Гэй, варта, гэй! Прывесці тую пошасць —
Няхай у жаніха памрэ тут прад вачыма!
Геман
Не будзе гэтага! Перад вачыма
Маімі не памрэ яна, але й ніколі
Ужо не ўбачыш ты мяне сваймі вачыма.
Шалей між тымі, хто твае шаленствы любіць!
(Адыходзіць)
Карыфей
Пайшоў ён, уладар мой, хутка, раззлаваны.
Гнеў юнакоў такіх бывае небяспечны.
Крэонт
Няхай! Няхай сябе ён лічыць больш за чалавека:
Ад смерці ўсё-ткі ён не збавіць іх.
Карыфей
Няўжо ты думаеш забіць дзяўчат абедзвюх?
Крэонт
Не, не! Ты кажаш слушна. Тую, што да трупа
Не датыкалася, не буду я караць.
Карыфей
Якім жа чынам хочаш ты яе забіць?
Крэонт
Я павяду яе глухою сцежкай,
Яе ў пячоры камяністай я схаваю,
Харчоў ёй трохі дам, каб не было граху,
Каб горад наш забойства не зрабіў.
Няхай Аіду моліцца там — аднаго
Яго спаміж багоў яна шануе —
Каб ёя яе ад смерці збавіў, ці,
Калі не збавіць ён — няхай спазнае,
Што бога пекла так не трэба шанаваць.
Ідзе ў палац.
Xор
Страфа
Непераможны Эрот[42],
Эрот — над усімі ўладар,
На шчочках дзяўчыны прыгожай
ты спіш так прыгожа!
За мора нясешся і ў хаты сялян уваходзіш,
Нікому знайсці ад цябе немагчыма ратунку:
ні богу,
Ні чалавеку смяротнаму —
ўсіх ты шалець прымушаеш.
Антыстрафа
Думкі людзей справядлівых
Ты хіліш да зла, да злачынстваў.
Вось і цяпер узняў ты разлад спаміж родных.
Позірк дзяўчыны прыгожай, што з вочак
Прывабных зіхціць, за законы багоў мацнейшы,
Бо Афрадыта[43], багіня магутная, бавіцца ўсімі.
З палаца варта выводзіць Антыгону.
Карыфей
Што я бачу? I я ўжо забыцца гатоў
На законы, і слёз не магу я стрымаць,
Што струменнем, патокам ліюцца з вачэй.
Антыгона ідзе не ў дом жаніха,
А ў апошнюю вечную хату.
Страфа першая
Антыгона
О, грамадзяне зямлі бацькоў, гладзіце: іду я
Шляхам апошнім сваім.
Сонейка промні апошнія бачу,
Больш не спаткаюся з ім. Вадзе Аід мяне жывую
Да Ахэронта[44]-ракі.
Шлюбу ў жыцці я не ведала,
Песень вясельных сабе я не чула ніколі —
Шлюб буду мець з Ахэронтам.
Карыфей
Але ж славы вянок маеш вечны ты,
I сыходзіш з ім ты ў дамавіну сваю.
Не хвароба цяжкая згубіла цябе,
Не згубіў цябе меч. Ды стварыла закон
Ты сабе, і ў падземнае царства адна
Між жанчын ты, жывая, сыходзіш.
Антыстрафа першая
Чула я: згінула ў жалю Фрыгійская чужаземка[45] —
Там, на вяршыні Сіпіла.
Быццам магутны павей,
Апанаваў яе камень. Ёсць чутка такая:
Льюцца дажджом на яе,
Буры катуюць няспынна, і вечна
Плача яна і слязьмі палівае каменне.
Гэткую ж смерць мне рыхтуюць багі.
Карыфей
Ад багоў нарадзілася вечных яна;
Мы ж — смяротныя ўсе і смяротных сыны.
Але вось пра цябе будуць чуткі хадзіць —
Што і ты да багіні падобнай была,
Як жыццём, так і смерцю сваёй.
Страфа другая
Антыгона
Гора! Смяюцца з мяне! Вы, багі мае родныя,
Што ж абражаюць мяне
Перад смерцю маёй?
Горад мой родны,
Народ мой вялікі!
Хвалі крыніцы Дыркейскай[46]!
Гай Фіванскіх багоў[47]!
Будзьце за сведак вы мне.
Не плачуць па мне, не судзілі мяне.
Іду ў падзямелле страшэннае —
Там і памру ў незвычайнай магіле.
Гора мне беднай!
Я не нябожчыца, я й не жывая,
Я не з памерлымі, я й не з жывымі!
Хор
Занадта смелай ты была:
Дзіця, наважылася ты
Замах на вечнае зрабіць.
Твой лёс страшэнны — бацькаў лёс.
Антыстрафа другая
Антыгона
Ты дакрануўся да раны балючай маёй
I пра вядомы лёс бацькі ўзгадаў.
Пра тое няшчасце,
Што гоніць усцяж
Род Лабдакідаў вялікі.
Ложак ганебны
Беднае маці маёй!
Мужам ёй бацька ў няведанні стаў:
Сын яе — бацька мой — там з ёй ляжаў.
Ад іх нарадзілася, бедная, я.
Вось і іду пад праклёнам багоў
і без шлюбу да іх.
Бедны мой брат,
Што шлюб так пракляты зрабіў:
Ты ўжо й памёр, і жывую мяне забіваеш!
Xор
Нябожчыкаў любіць — святая справа,
Але ж і той, хто ўладу мае,
Павінен тую ўладу бараніць.
Праз гордасць ты сваю загінеш.
З палаца выходзіць Крэонт.
Антыгона
Плачу не чую, родных не бачу,
Песень вясельных няма.
Так вось іду я
Шляхам апошнім сваім.
Я, нешчаслівая, сонейка ззяння
не ўбачу ўжо болей.
Плакаць не будуць аб долі маёй
Людзі, якіх я любіла.
Крэонт (выходзячы з палаца)
Вы ведаеце, што калі б было карысна
Стагнаць і плакаць, каб адрочыць смерць —
Дык хто ж тады б калі стагнаць спыніўся?
(Да варты)
Хутчэй — як я сказаў — яе адвесці
Ў глыбокую пячору. Там яе
Адну пакінуць. I няхай вось там яна
Ці памірае, ці жыве й шукае жаніха.
А я сябе не зганьбіў смерцю той дзяўчыны
Я толькі ад жыцця з людзьмі яе адсунуў.
Антыгона
Мой дол, пакой дзявочы мой і хата
Падземная ды вечная мая! Іду
Да вас я, родныя. Вас там, якіх
Загінула у ліку незлічоным,
Багіня Персэфона[48] прытуліла.
Цяпер і я іду да вас, нядобрай смерцю
Памерлая раней, чым скончыла жыццё.
Але я спадзяюся, што, калі прыйду
Да вас, прыйду я мілаю для ўсіх —
I для цябе, мой бацька, для цябе, матуля.
I для цябе, браток мой родны Этэокл.
Бацькі мае, калі памерлі вы,
Я ўласнымі рукамі вас абмыла,
Вас апранула і зрабіла узліянні.
Цяпер жа, Палінік, за тое, што цябе
Я пахаваць хацела, гэтак плоцяць мне.
Але за тое, што табе ўздала
Пашану я, мяне хваліць разумны будзе.
Мой родны брат! Што гэткім чынам я цябе
Ушанавала — бачыць грэх у тым адзін Крэонт:
То для яго страшэннае злачынства.
I вось цяпер вядзе мяне ён гвалтам
На смерць. Не зведала я шлюбу, песень
Не чула я вясельных, мужа я не мела,
Не гадавала і не мела я дзяцей.
Іду ў дол да памерлых я, жывая,
Няшчасная, адна, без тых, каго люблю.
Які ўсё ж я закон багоў пераступіла?
Ці ж трэба мне, няшчаснай, на багоў яшчэ
Надзею мець? Каго ж я абаронцам
Магу назваць між іх сваім? То ж я,
Зрабіўшы справу добрую, злачынцай стала.
Дык вось багі што лічаць добрым! Калі так,
Дык трэба ж мне згадзіцца, што нясу
Пакуту я за грэх свой сапраўды.
Калі ж на вас ляжыць віна, жадаю
Цярпець не больш, чым я цярплю бязвінна.
Карыфей
Той жа імпэт супраціву яшчэ
У душы яе моцны й цяпер.
Крэонт
Што ж, пасля вы, якія вядзеце яе,
Слёзы будзеце ліць за маруднасць сваю.
Антыгона
Гэтым словам мяне пасылаюць на смерць.
Як цярплю я, як цяжка на сэрцы!
Крэонт
Суцяшаць я не буду цябе, што змяню
Над табою прысуд свой ранейшы.
Антыгона
О зямелька Фіванская, горад бацькоў!
О багі мае родныя!
Паміраю. За што? Без віны.
Паглядзіце, фіванскія ўсе ўладары:
Я, апошняя з царскай сям’і,
Ад каго і як цяжка цярплю!
І за што? — Што любіла багоў
Ды законы багоў шанавала.
Хор
Страфа першая
Змяніла й Даная[49] святло нябёс
На цемру мядзянае вежы.
Замкнулі, схавалі яе
Ў магільным пакоі.
Яна ж была слаўнага роду дзіця
I мела сыночка ад Зеўса,
Які да яе ўсё прыходзіў дажджом залатым.
Але страшэнную нейкую сілу
Лёс мае над намі.
Вызваліць нас ад яго не можа нішто —
Ні меч, ні багацце, ні вежа,
Ні чорны, між хваль, карабель.
Антыстрафа першая
Дрыанта[50] запальчывы сын,
Гедона ўладар —
I ён быў таксама ў няволі.
За кпіны і злосць яго Дыяніс
Замкнуў у каменнай турме.
Шаленства страшэнную моц выяўляў ён.
Быў ён пакараны вар’яцтвам
За тое, што з бога смяяўся,
Вакханак-жанчын прыпыняў,
гасіў вакхічны агонь,
На музаў злаваўся, што граюць на флейтах.
Страфа другая
Антыстрафа другая
У час выканання стасіма варта павольна вядзе Антыгону прэч.
Уваходзіць Тырэсій, якога вядзе хлопчык.
Тырэсій
Уладцы Фіваў! Мы адной прыйшлі дарогай,
Глядзеў жа з двух адзін. Бо ж у сляпых
Дарога тая, што пакажа правадыр.
Крэонт
Што новага, стары Тырэсій мой?
Тырэсій
Скажу, скажу, а ты слухмяны будзь прароку.
Крэонт
Заўсёды я твае парады слухаў.
Тырэсій
I горадам праз гэта добра кіраваў.
Крэонт
Магу засведчыць, што ты мне дапамагаў.
Тырэсій
I зноў па ўскрайку бездані ты ходзіш.
Крэонт
Чаму? Я ўвесь дрыжу прад словамі тваімі.
Тырэсій
Дык слухай аб прыкметах, што я бачыў:
На старадаўнім месцы варажбы я сеў,
Дзе птахі чараўнічыя злятаюцца ў мяне.
I чую птахаў крык я, невядомы мне —
Яны крычалі крыкам злым, злавесна-дзікім.
Я чуў, як кіпцюрамі аднаго адзін ірвуць
Крывавымі. I моцна крыламі яны шумелі,
I страх мяне схапіў. Хацеў ахвяру я
Тады на вогненным прынесці алтары.
Але агонь ахвяр не браў. Тлушч сцёгнаў
Растапліваўся і на попел капаў.
Той тлушч чадзіў і пырскаў угару;
Жоўць разлілася, сцёгны агалелі
Ўжо цалкам, бо на іх больш тлушчу не было.
I я ад гэтага дазнаўся хлапчука,
Што не дала прароцтваў мне ахвяра —
Бо ён вядзе мяне, як я вяду другіх.
Бяду спазнае горад ад твайго прысуду.
Бо паразносілі сабакі й птушкі ўсюды,
Па ўсіх ахвярніках ды вогнішчах у нас
Няшчаснага Эдыпавага сына цела,
I ўжо ад нас багі прыняць не хочуць
Алтарных модлаў ды спалення сцёгнаў.
I крыку яснага прарочы птах не дасць,
Бо сыты ён крывёю мерцвяка.
Падумай жа пра гэта, мой сынок!
Рабіць памылкі — лёс агульны ўсіх людзей.
Але разумны і шчаслівы будзе той,
Які няўмольным, трапіўшы ў бяду,
Не застаецца й выправіць імкнецца зло.
Аб неразумнасці упартасць сведчыць.
Памерламу ты саступі і не катуй
Таго, хто згінуў. Ці ж памерлага забіць
Другі раз... можа быць якая слава ў тым?
Жадаючы дабра табе, казаў я добра.
А як прыемна ад таго вучыцца,
Хто добрыя, карысныя дае парады!
Крэонт
Стары, стары, страляеце вы ўсе, бы ў мэту,
Ў мяне, ды йшчэ прароцтвамі мяне злавіць
Вы хочаце. Ужо даўно мяне, нібыта
Тавар карысны, прадалі ужо свае.
Што ж, нажывайцеся, электр сардыйскі[55]:
Сабе вы набывайце, калі хочаце,
I золата індыйскае. Але ж таго
Не пахаваеце ў магіле вы ніколі.
Хаця б Зевесавы арлы, труп разарваўшы,
Здабычу палажылі аж пад трон яму —
Я пахаваць злачынцу і тады не дам.
Граху не боязна мне, бо добра ўжо вядома,
Што чалавек не здолее зняважыць бога.
А ты, стары Тырэсій, памятай вось што:
Ганебна гінуць нават мудрацы,
Калі, жадаючы карысці, словы
Ганебныя ў прыгожай форме кажуць нам.
Тырэсій
Бяда! Ці ведае хто між людзей, ці разумее?..
Крэонт
Пра што ты? Што сказаць ты хочаш?
Тырэсій
Наколькі лепш разважнасць за багацце.
Крэонт
Наколькі, думаю, горш — неразважнасць.
Тырэсій
На гэтую хваробу й хворы ты цяпер.
Крэонт
Знявагай даць адказ прароку не хачу я.
Тырэсій
А ўжо зняважыў ты мяне, калі сказаў,
Што непраўдзівыя прароцтвы я раблю.
Крэонт
Да грошай надта хцівыя прарокі ўсе.
Тырэсій
А ўсе тыраны — да ганебнае карысці.
Крэонт
Ці разумееш ты, што кажаш гэта ўладару?
Тырэсій
Вядома ж. Гэтаму даў гораду ратунак
Ты толькі з дапамогаю маёй.
Крэонт
Прарок ты мудры, толькі любіш ты няпраўды.
Тырэсій
Прымусіш ты мяне сказаць, што ў глыбіні
Душы маёй ляжыць дагэтуль нерухома.
Крэонт
Ну што, паруш. Але не для карысці.
Тырэсій
Дык добра ж. Пра твой лёс я раскажу табе.
Крэонт
Але душы маёй не купіш ты ніколі!
Тырэсій
Дык добра ж ведай, што яшчэ нямнога колаў
Імклівыя калёсы сонца прабягуць,
Як сам ты аддасі памерлым узамен,
Таго, хто з родных самы дарагі табе —
За тое, што душу жывую кінуў
Ты пад зямлю, ганебна ў доле пахаваўшы.
Вось цела на зямлі трымаеш ты — Аіда
Уласнасць; труп няшчасны, без пашаны
Належнай целу, без хаўтур пачэсных.
Не маеш права на яго ні ты,
Ані багі зямныя. А прычына — ў тваім гвалце.
Бязлітасныя, страшныя Эрыніі[56] —
Аіду і багам пакорныя, за гэта
Ужо чакаюць, каб за ўсе злачынствы
Такую ж самую табе даць кару.
Няўжо ж, падумай, я падкуплены кажу
Ўсё гэтае? Ужо чакаць нядоўга —
Ў тваім палацы стогны чутны будуць
Мужчын, жанчын, і гарады варожыя
Усе паўстануць, дзе кавалкі трупу
Пранеслі ці сабакі, ці звяры якія,
Ці птах які драпежны — пах нядобры
Разносячы па вогнішчах усюды.
Ты выклікаў мой гнеў — і ў гневе стрэлы,
Бы той стралок, пусціў табе я ў сэрца:
Ад жару іх не уцячы табе.
(Да хлопчыка)
Вядзі дамоў мяне, дзіця! Хай злосць сваю
Ён вылівае на малодшых за мяне.
Няхай навучыцца ён спакайней казаць
I думкі лепшыя мець, чым цяпер.
Яны выходзяць.
Карыфей
О цар! Пайшоў прарок, страшэнныя прароцтвы
Нам даўшы. Ведаю ж я добра, што з пары,
Як валасы мае сівымі сталі з чорных,
Хлусні прарок ніколі не казаў.
Крэонт
Згаджаюся і сам, і страх бярэ мяне.
Мне цяжка саступіць. Калі ж спрачацца буду,
Магу сябе страшэнна загубіць.
Карыфей
Разважны будзь, Менойкаў сын, Крэонт!
Крэонт
Што ж мне рабіць? Кажы. Пакорлівы я стану.
Карыфей
Дзяўчыну выведзі з падземнай хаты.
Непахаванага ты пахавай.
Крэонт
Дык думаеш і раіш саступіць?
Карыфей
Хутчэй — як толькі можаш. Хутка наганяюць
Людзей благіх Эрыніі, пасланніцы багоў.
Крэонт
Бяда мне! Цяжка мне рабіць, што не ляжыць
На сэрцы. Толькі ж не магу спрачацца з лёсам.
Карыфей
Цяпер рабі ўсё сам, не даручай нікому.
Крэонт
Пайду я зараз жа. Хутчэй ідзіце, слугі,
І тыя, хто са мной, і тыя, хто ў палацы.
Сякеры — ў рукі, і да ўзгорку йдзіце хутка.
Я й сам пайду, прысуд свой скасаваўшы;
Сам вузел я звязаў, я ж сам і развяжу.
Бо ўсё ж баюся, ці найлепш не будзе.
Жыццё нам скончыць пад законамі багоў.
Ён і слугі выходзяць і ідуць у бок поля.
Хор
Страфа першая
Вакх шматіменны, слава кадмейскай дзяўчыны[57],
Зеўса грымотнага сын,
Слаўнай Італіі бог,
Шануюць цябе ў Элеўсіне —
Народы збіраюцца там адусюль
На раўнінах багіні Дэметры[58].
Вакх, вакханак айчына,
Фівы — айчына й твая.
Ты там жывеш, там празрысты
Струмень Ісмэна[59] цячэ,
А людзі — насенне дракона.
Антыстрафа першая
Над двухгаловай гарой[60] дым чырвоны ўвесь час
Бачыць цябе. Карыкійскія німфы[61]
Там карагоды водзяць свае,
I чутны крыніцы кастальскае[62] шэпты.
Павоем прыбраныя ўзгоркі
Нісейскага горнага краю[63]
I бераг, зялёны ад лоз вінаграду,
Да нас пасылаюць цябе.
I з песняй святою,
I поўная ўцехі,
На вуліцы Фіў ты ўваходзіш.
Страфа другая
Больш за ўсе гарады шануеш ты Фівы,
Быццам маці сваю — што забіў
Страшнай маланкаю Зеўс.
Горад наш родны цяпер
Цяжка так хворы ляжыць.
Прыйдзі, каб ачысціць яго,
З Парнаскай гары, ці праз мора,
Праз шумныя хвалі пратокі.
Антыстрафа другая
Га, правадыр палаючых зор і начных
Песень ды клічаў святых.
Роднае Зеўса дзіця!
З’явіся, ўладар, і няхай
Прыйдуць з табой і вакханкі,
Якія ў шаленстве святым
Цэлую ноч карагодзяць
I славяць вялікага Вакха!
Ад поля ідзе Вястун, Крэонтаў слуга.
Вястун
Насельнікі сцен Кадма й Амфіёна[64],
Не трэба ні хваліць, ні ганьбіць нам жыцця,
Пакуль яшчэ жыве на свеце чалавек.
Бо так заўжды здараецца, што лёс
Няшчасных падымае і, наадварот,
Шчаслівага бязлітасна скідае ўніз.
Смяротныя не ведаюць, што з імі будзе.
Раней я думку меў: які Крэонт шчаслівы! —
Ад ворагаў зямлю Кадмееву ён збавіў
I ўладу ўсю над краем ён сабе забраў,
I дзецьмі добрымі цвіце яго сям’я.
Ды знікла ўміг усё! Бо калі радасці
Не мае чалавек, тады ўжо не лічу,
Што ён жыве. Ён — толькі труп жывы.
Багацце май ў хаце, май уладу,
Тырана веліч — ды, калі не знойдзеш
Ва ўсім тым радасці, не даў бы я
За гэта ўсё і нават ценю дыму.
Карыфей
Якая здарылася новая бяда
З царом Крэонтам? Што за вестку ты прынёс?
Вястун
Памёр ён. А жывы — прычына смерці.
Карыфей
Дык хто ж памёр? I хто забіў? Кажы хутчэй!
Вястун
Загінуў Геман — ад уласнае рукі.
Карыфей
Як — ад уласнай? Бацькавае ці сваёй?
Вястун
Сам ад сябе, пракляўшы бацьку за забойства.
Карыфей
Прарок, прарок! Як слушна ты казаў!
Вястун
Ды калі так, падумаць трэба ўжо аб іншым.
З палаца выходзіць Эўрыдыка.
Карыфей
Няшчасную тут бачу Эўрыдыку я,
Крэонта жонку: йдзе яна з палаца,
Пра сына штось пачуўшы, ці то выпадкова...
Эўрыдыка
Я чула, грамадзяне, вашу гутарку.
Ішла з палаца я — у храм Палады[65] грознай,
Каб ёй малітвы палкія свае прынесці.
I вось — калі здымала засаўку, каб дзверы
Палаца адчыніць — пачула я размову
Пра гора нашае сям’і. Ад страху
Упала ніцма я і страціла прытомнасць.
Нявольніцы мяне на рукі падхапілі.
Але скажыце зноў, пра што была гаворка?
Скажыце мне, бо ўжо я шмат цярпела.
Вястун
Царыца дарагая, я ўсё бачыў сам
I не скажу нічога, што было б няпраўдай.
Навошта б стаў я пацяшаць цябе, а потым
Ты ўбачыла б, што я табе маніў?
А праўда, яна простая заўжды.
Вось як усё было: ішоў я з тваім мужам
На ўзгорак той, дзе йшчэ ляжаў труп Палінікаў,
Бязлітасна сабакамі парваны.
I, памаліўшыся Гекаце[66] ды Плутону[67],
Каб міласціва кінулі свой гнеў,
Зрабілі мы святое узліянне
I на галінках свежых падпалілі
Ўсё тое, што ад трупа засталося.
Курган высокі з роднае зямелькі
Насыпалі мы, а пасля пайшлі мы
Да шлюбнага каменнага пакою
Аіда, дзе была нявеста — Антыгона.
...Яшчэ здалёк пачуў адзін з нас стогны
Няціхія, што несліся з пячоры:
Пра тое сказана было Крэонту.
Усё бліжэй ён падыходзіў, і злавесны,
I слёзны крык насустрач далятаў...
Тады з жалосным енкам ён загаласіў:
«Няшчасны я! Ці ж я прарок? Няўжо абраў
Я самы цяжкі шлях з усіх шляхоў маіх?
Я чую сына крык свайго! Бяжыце, слугі,
Хутчэй туды і, камень адваліўшы
Ад падзямелля, у пячору паглядзіце —
Ці Геманаў то крык, ці то багоў мана?»
Зрабілі мы, як загадаў нам цар —
Ён быў у роспачы: убачылі мы іх
Абоіх у глыбі пячоры. На пятлі,
З адзежы зробленай, накінутай на шыю,
Яна павесілася. Ля яе ляжаў,
Трымаючы яе ў сваіх абдоймах Геман.
I плакаў ён аб гібелі свае нявесты,
I аб прысудзе бацькі ды гаротным шлюбе.
Убачыўшы яго, Крэонт з жалосным крыкам
I стогнам кінуўся наперад да яго
I крыкнуў так: «Няшчасны! Што ж зрабіў ты?
Што ты хацеў зрабіць? Як розум страціў ты?
Выходзь, дзіця! Багамі заклінаю — выйдзі!»
Зірнуўшы на Крэонта дзікімі вачыма,
З пагардаю на твары, без адказу
Сын выцягнуў двухвостры меч на бацьку,
Але яго не ўдарыў: кінуўся наўцёкі той.
Тады звярнуў няшчасны на сябе свой гнеў
I кінуўся на востры меч грудзьмі.
Але, пакуль прытомнасці не страціў,
Аслаблаю рукой дзяўчыну абдымаў.
Ён дыхаў цяжка, і струмень крывавы
На шчокі бледныя дзяўчыны ліўся.
Так, труп ляжыць ля трупа. Ён, няшчасны,
Ў Аідавым жытле зрабіў сабе вяселле.
Ён паказаў усім, што неразважнасць
Прыносіць найвялікшую бяду.
Эўрыдыка моўчкі ідзе да палаца.
Карыфей
Як ты глядзіш на гэтае? Пайшла жанчына,
Ні добрых слоў, ні дрэнных не сказаўшы.
Вястун
I сам дзіўлюся я. Але й надзею маю,
Што, пра бяду пачуўшы сына, прад усімі
Яна не хоча плакаць, а ўжо дома
Яна стагнаць пачне, з прыслужніцамі разам —
Аплакваць разам з імі хатнюю бяду:
Занадта мудрая яна, каб рабіць дрэнна.
Карыфей
Не ведаю, але здаецца мне,
Што небяспечна надта цяжкае маўчанне,
Як і вялікі ды шалёны крык.
Вястун
Пайду ў палац — даведацца, ці не схавала
У сэрцы хворым штось таемнае яна.
Бо праўду кажаш ты: нядобры знак,
Калі занадта цяжка хтось маўчыць.
Ідзе ў палац.
З боку поля ідзе Крэонт з целам Гемана на руках.
Карыфей
А вось сам уладар: ён нясе на руках
Сынаў труп, што выразна паказвае ўсім —
Калі праўду казаць — што злачынства зрабіў
Не чужы хтось, а бацька сам родны яго.
Страфа першая
Крэонт
Грэх неразважнага розуму,
Згубная ўпартасць!
Вось вам — забойца й забіты;
Бацька ды сын.
Гора прынеслі прысуды мае.
Сын мой, ты ранняю смерцю памёр, малады.
Сын мой! Дзіця!
Памёр ты, загінуў
Не праз сваю неразважнасць,
А праз маю...
Карыфей
Ох, позна ўбачыў праўду ты!
Крэонт
Гора мне!
Так, я убачыў яе: у галаве маёй
Бог памуціў цяжка розум тады
I на шлях неразумнасці кінуў мяне.
Гора! Ён знішчыў мне радасць жыцця;
Цяжка мне, цяжка! Не бачу ніякай
Мэты памкненняў жыццёвых...
З палаца ідзе Вястун.
Вястун
Здаецца, уладар, апроч адной бяды,
Ты маеш новую. Вось на руках — адна,
А дома хутка ўбачыш ты другую.
Крэонт
Што ж можа быць няшчасней за няшчасці?
Вястун
Памерла жонка, маці гэтага вось цела:
Гаротная, яна мячом сябе забіла.
Антыстрафа першая
Крэонт
Цяжка мне, цяжка:
Смерць неўблагальная,
Што ж ты мяне, што ж ты губіш?
Веснік бязлітасны
Новай бяды, што ты кажаш?
Я ўжо загінуў, мяне ты дабіў.
Што кажаш? Аб смерці якой новай кажаш?
Цяжка мне, цяжка!
Аб смерці няшчаснай жонкі маёй —
Няўжо ж ты за сынам пайшла?
З палаца выносяць цела Эўрыдыкі.
Карыфей
Ты можаш бачыць — вось яна, перад табой.
Антыстрафа другая
Крэонт
Ох, цяжка!
Вось бачу я, гаротны, новую бяду.
Якая ж смерць мяне яшчэ чакае?
Вось на руках сваіх трымаю сына труп —
Няшчасны я, перад сабою я труп жонкі бачу.
Ох, жонка бедная! Ох, бедны сыне мой!
Вястун
Ля алтара яна, гаротная,
Закрыла вочы. Плакала ж даўней
Аб слаўнай смерці Мегарэя[68], што раней памёр;
Таксама і па ім. Ды клікала ў канцы
Ўсе беды на цябе, бо ты дзіця забіў.
Страфа другая
Крэонт
Цяжка мне, цяжка!——
Ад страху дрыжу я. Чаму ж аніхто
Мяне не забіў двухвострым мячом?
Мне цяжка, гаротнаму, цяжка:
Не бачу ад гора збавення.
Вястун
Нябожчыца цябе лічыла вінаватым
У смерці двух сыноў — таго і гэтага.
Крэонт
Якім жа спосабам яна сябе забіла?
Вястун
Рукой уласнай сябе ў сэрца ўдарыла,
Пачуўшы аб няшчаснай смерці сына.
Крэонт
Гора! З смяротных ніхто
Не вінаваты ў гэтым — адзін толькі я.
Я цябе... я загубіў цябе — праўду,
Праўду я толькі кажу. Слугі, слугі,
Прэч адвядзіце мяне, адвядзіце хутчэй:
Я нежывы ўжо, я скончыў жыццё.
Карыфей
Ты добра раіш, калі ёсць дабро ў бядзе;
Найлепшая бяда — найкарацейшая.
Антыстрафа другая
Крэонт
З’явіся, з’явіся,
Лёс мой апошні. Дай мне астатні
Дзень мой. З’явіся, з’явіся —
Каб я не бачыў,
Наступнага дня!
Карыфей
Яшчэ наступіць гэтае. Пра тое ўжо
Багі падумаюць. А мы павінны думаць
Аб тым, што трэба нам рабіць цяпер.
Крэонт
Дык я ж малю аб тым, чаго цяпер жадаю.
Карыфей
Маленні кінь цяпер. Няма збавення
Ад бед, якія лёс каму прызначыў.
Крэонт
Прэч адвядзіце мяне, неразумнага.
Сын мой, цябе мімаволі забіў я.
Забіў і цябе, дарагая. Як цяжка мне!
Куды, да каго мне звярнуцца?
Усё, што я маю цяпер, усё — гэта трупы.
На галаву мне лёс невыносны зваліўся.
Усе павольна ідуць да палаца, слугі нясуць Геманава цела.
Карыфей
Мудрым быць — неабходны, найпершы за ўсё
Дзеля шчасця варунак. Законы багоў
Шанаваць мы павінны таксама.
Словы гордыя толькі вялікія кары
Нам прынясуць і навучаць быць мудрым
Запозна.
Хор пакідае сцэну.
442 г. да н.э.