— Не хвалюйся. Я цябе прашу. I выгляду не паказвай. Сёння ў яго вялікае свята. I нават два. Не ведаю, якое большае.

Андрэй запытальна паглядзеў на мяне. Праз зморшчыны, якія рассеклі абедзве шчакі, я імгненна ўбачыў ранейшы, хлапечы позірк брата.

— Ты думаеш...

— Упэўнены. Ты сам пераканаешся.

Ён стомлена махнуў рукой:

— Пайшлі. Дарогі назад няма.

На старамодным ліфце мы падняліся на шосты паверх, я націснуў на кнопку званка.

Адчыніла Ларыса. Яна яшчэ больш распаўнела. Святочны пірог з румянымі шчокамі.

— Кастусь! Нарэшце... Усе, акрамя вас, прыйшлі.

I тут, мусіць, яе позірк сутыкнуўся з позіркам Андрэя.

Яна яшчэ больш пачырванела, запрасіла нас праходзіць. Пачуўшы галасы, у прыхожую выйшаў бацька — сівыя валасы тырчаць у розныя бакі, з-пад белай кашулі выпірае вялікі жывот — сапраўдны адуванчык. Я чмокнуў яго ў шчаку, уручыў букет кветак. Аднак бацька быццам не звярнуўна мяне ніякай увагі. Ва ўсе вочы ён утароплена глядзеў на Андрэя. Той пераступаў з нагі на нагу і не мог нічога вымавіць.

— Новы нападаючы нашай каманды — Андрэй Паўловіч,— зменціў я нейкае глупства, але яно прайшло незаўважаным.

Бацька моцна прыціснуў да сябе Андрэя, праслязіўся:

— Якім ты стаў! Цябе не пазнаць... Дзякуй, нарэшце прыехаў да мяне, вялікі дзякуй.

Я вырашыў, што лепш за ўсё пакінуць іх на некалькі хвілін (больш не атрымаецца) адных, узяў пад руку Веру з аднаго боку, Наталлю — з другога і прайшоў у гасціную. Трэба аддаць належнае бацькавай жонцы: яна трымала кватэру ў добрым стане, без залішніх выкрунтас,усё даволі сціпла, але з густам. Рэчы дзейнічаюць на нервы, як гэта часта бывае, у кватэрах людзей, якія маюць лішнія грошы і не ведаюць, куды іх траціць. Як толькі мы ўвайшлі, я адразу адчуў на сабе дзесяткі позіркаў. Рэспектабельныя, салідныя людзі адразу ж адчулі ўва мне чалавека ці не з іншага свету, а мо з іншай сонечнай сістэмы, што нечакана завітаў да іх. Iх пажылыя, акуратныя дамы з прычоскамі ад лепшых майстроў упіліся вострымі позіркамі ў Веру і Наталлю (глядзіце, думайце што хочаце, але такімі вы сябе нават успомніць не можаце!). I тут следам імкліва з’явіліся бацька з Андрэем. Ён абняў нас з Андрэем за плечы, прадставіў:

— Прашу, дарагія сябры, прыняць у нашу таварыскую кампанію вось гэтых маладых людзей. Гэта мае сыны Кастусь і Андрэй Паўловічы.

Ён гаварыў яшчэ нейкія словы пра тое, кім мы з’яўляемся, гэты эпізод зацягваўся, я нецярпліва паглядаў на бацьку, маўляў, канчай хутчэй сваю прамову, новае адзенне рыпіць на мне, я адчуваю сябе новым крэслам, на якое ўпершыню селі. Нарэшце бацька адпускае нас, усе займаюць месцы за сталом. Вера гаворыць мне, што гэтыя людзі, і мой бацька ў тым ліку, павінны служыць для мяне прыкладам, у іх спакойныя, упэўненыя твары, яны літаральна ўсяго дасягнулі ў жыцці і нават старасць іх не страшыць.

Я нічога не адказаў, у мяне прачнуўся страшэнны апетыт, і сусед па стале з цікавасцю паглядаў, як я кідаў у «топку» бясконцую колькасць біфштэксаў, заліўных, бутэрбродаў з ікрой.

— Я разумею, у вас вялікія фізічныя нагрузкі, арганізм патрабуе аднаўлення энергіі. I таму лічу, для разрадкі, зняцця стрэсаў не пашкодзіць крыху каньяку...

Я гэтак жа па-змоўніцку шапнуў яму:

— Я б з радасцю, але ў нас пастаянны допінг-кантроль. Правяраюць амаль кожны дзень, і калі што, дык...

— Цяжкое ў вас жыццё,— уздыхнуў сусед.— Ды і ў нас таксама нялёгкае, я, напрыклад, старшыня таварыства барацьбы за цвярозасць, аднак час ад часу не магу сабе адмовіць, сярод харошых людзей, вядома.

Тым часам гаварылі бясконцыя тосты ў гонар новага члена-карэспандэнта, гаварылі разумна, доўга, сумна, і мне здалося — прамоўцаў ніхто, акрамя бацькі, не слухае.

У перапынку, калі госці выйшлі перакурыць у бацькаў кабінет (ён быў нават большы ад гасцінай), вучоныя мужы абступілі мяне і пачалі закідваць пытаннямі пра паездкі, матчы, розных ігракоў. Я старанна адказваў. Дзякуючы мне ў бацькі была вольная мінута, і ён не адыходзіў ад Андрэя. Вера стаяла побач і разам з усімі слухала мяне. Я час ад часу паглядаў на яе. Апошнія дні я не мог пазбавіцца адной думкі, гнаў яе прэч, але дарэмна. Мне прыемна было думаць, уяўляць, як аднойчы (у самы бліжэйшы час) яна пераступіць парог маёй кватэры і нікуды ніколі больш не пойдзе з яе.

Перад тым як зноў сесці за стол, бацька падышоў да мяне, ціха спытаў:

— Хто гэта з табой?

— Адна знаёмая.

— Калі ты прывёў яе да мяне, я думаю, чалавек яна невыпадковы.

— Правільна думаеш. Лічы — мая нявеста.

Бацька задумаўся.

— Яна мне падабаецца, густ у цябе нядрэнны. Але ці не занадта прыгожая?

Калі мы ехалі назад, Андрэй раптам уздыхнуў:

— Добра, што ты выцягнуў мяне да яго. Ён сапраўды непазнавальна змяніўся.

Я адвёз яго з жонкай да сябе, а мы з Верай паехалі да яе (бацькі былі на дачы). Засынаючы, яна пацалавала мяне ў шчаку і спытала:

— Твой бацька нічога не пытаўся пра мяне?

— Ён сказаў, што ты мне падыходзіш. Толькі празмерна прыгожая, але я спадзяюся, што гэта не перашкода.

Яна ціха засмяялася і нічога не адказала.

8

Я закрываю вочы і быццам адчуваю дотык яе вуснаў. Прайшло імгненне. Яе няма побач, яна далёка ад мяне.

I справа не толькі ў адлегласці...

Я заўсёды адчуваў, што паміж намі нібыта існуе нябачная, але даволі шчыльная сцяна. Часам (гэта адбывалася не так ужо і рэдка) мне здавалася, што сцяна знікае. Тады, калі мы працяглы час былі разам. Потым... Потым пачыналіся зборы, паездкі, матчы — дні выцягваліся ў адзін доўгі дзень з кароткімі перапынкамі на адпачынак. Самалёты, цягнікі, аўтобусы... Ад усяго гэтага заставалася страшэнная стомленасць, і ніякія працяглыя масажы, лазні не маглі яе зняць.

У канцы аднаго з сезонаў я быў дабіты проста ўшчэнт. 3 кожнай гульнёй расла абыякавасць да ўсяго. Мне былі да лямпачкі вынікі матчаў, прэміяльныя, тое, што пішуць пра мяне і маю каманду. Неяк я расказаў пра сваё самаадчуванне Ярэмчанку, ён прысутнічаў на адным з матчаў, у якім я дзейнічаў, як запраграміраваны робат, не больш.

— Звычайная з’ява,— спакойна заявіў ён.— Ты стаміўся, і не толькі фізічна. Твая псіхіка, мусіць, занадта тонкая... Патрэбны нейкія змены, добры адпачынак. Актыўны, але без футбола.

Я з цяжкасцю дацягнуў апошнія гульні. У адной з іх, калі абаронца моцна ўдарыў мяне па назе, хоць мяч быў ужо далёка, я не стрываў і кінуўся ў сапраўдную бойку, пасля якой хлопцы гаварылі, што я нагадваў раз’юшанага хакейнага профі.

У рэшце рэшт я апынуўся ў сваёй кватэры. Цішыня, спакой, наперадзе цэлы месяц адпачынку, у кішэні дзве пуцёўкі ў Прыбалтыку — для мяне і Веры.

— У цябе жудасны выгляд. Ты схуднеў — скура ды косці, пад вачыма цьмяныя кругі,— Вера жаласліва паглядзела на мяне. Яе позірк нагадаў у гэты момант позірк маёй маці.— Доўга ты гэтак не працягнеш.

Я засмяяўся.

— А я не чалавек, я — оман (успомніў фільм з такой назвай пра чалавека-д’ябла). Я буду гуляць у футбол да глыбокай старасці. Табе гэта не падабаецца?

— Разумееш, ёсць у людзей іншае, не менш цікавае жыццё.

— Я іншага жыцця не ведаю і пакуль што не хачу ведаць. Я хачу аднаго — бачыць мора і цябе.

Раніцой я літаральна ўварваўся ў машыну, націснуў на газ — свабода, поўная свабода на цэлы месяц. Мы праехалі па шырокіх маскоўскіх вуліцах і нарэшце апынуліся на Мінскай шашы. Па дарозе ў Юрмалу я проста не мог не заехаць дамоў, не пабываць на могілках, дзе пахаваная маці.

У моманты добрага настрою я рабіўся надзвычай гаваркі, і той дзень не быў выключэннем. Я пераскокваў з тэмы на тэму, гаварыў пра тое, чаго чакаю ад новага сезона (далёкага, што пачнецца вясной). Ужо ў самым пачатку Вера здалася мне нейкай адчужанай, быццам знаходзілася недзе далёка ад мяне. Я спытаў яе, у чым справа? Яна адказала, што сама не разумее сябе, проста такі настрой. У Юрмале мы цэлымі днямі гулялі ў вялікі тэніс, па вечарах сядзелі ва ўтульным бары. Часам Вера была вясёлай, усміхалася мне па-ранейшаму, потым раптоўна аддалялася, пачынала паглыбляцца ў чытанне кніжак, магла чытаць іх цэлымі днямі, забывала пра мяне. Я пакідаў яе адну і праводзіў час на корце з маладымі людзьмі, якія таксама былі масквічамі. Часам я злаваў на яе, аднак увесь час стрымліваў сябе, пераконваў, што справа зусім не ў ёй, а ў маёй стомленасці, яна не можа не раздражняць яе.

У цэлым жа, калі адкінуць унутраны дыскамфорт, я адпачыў добра. Вера таксама вярнулася ў Маскву ў добрым настроі, шкадавала, што я зноў знікаю на працяглы час — зборы, потым трэніровачнае турнэ за мяжу.

Калі прыкладна цераз месяц я вырваўся літаральна на некалькі дзён у Маскву і пазваніў ёй, то не адчуў у яе голасе звыклай радасці.

— Ты прыехаў? Нам трэба пагаварыць з табой, Паўлік. Чым хутчэй, тым лепш.

Што магло здарыцца? Балючая думка працяла мяне наскрозь.

— Я зараз заеду па цябе,— адказаў я глухім голасам.

— Не трэба, я прыеду сама.

Праз паўгадзіны яна з явілася на парозе, звыкла падставіла шчаку для пацалунка і хуценька прайшла ў пакой. Я паставіў на стол бутэльку шампанскага, паўднёвую гародніну.

— Як ты? — спытала яна, аднак я зразумеў, што адказваць мне не трэба.

— Нармальна,— буркнуў я даволі холадна.

— Як звычайна?

— Ыгы, новы віток спіралі. Не горшы і не лепшы ад іншых.

— А ў мяне ёсць змены, Кастусь,— яна зрабіла невялікі глыток шампанскага.

— Спадзяюся, прыемныя.

— Як бы табе сказаць... Я сама яшчэ не разумею. Справа ў тым, што я выходжу замуж.

— Нічога не разумею,— я так і бухнуўся ў крэсла.

— Я і сама не разумею. Мы пазнаёміліся ў гасцях у маёй сяброўкі. Ён правёў мяне, не падумай, без усяго, як джэнтльмен. Расказваў, што па прафесіі дыпламат, Доўгі час працаваў за мяжой, пасля апошняй трохгадовай камадзіроўкі у Афрыку развёўся з жонкай. Цяпер становішча не з лепшых. Ёсць магчымасць паехаць у добрую еўрапейскую краіну, але ён нежанаты, і шанц можна згубіць назаўсёды, у іх складанай сістэме такое нярэдка здараецца.

— Так, цікавы чалавек твой дыпламат. Сапраўдны паляўнічы,— даволі спакойна вымавіў я.

Яна не звярнула ўвагі на мае словы.

— Потым ён пазваніў, запрасіў на спектакль у Вялікі тэатр. Я не адмовілася... Сама не ведаю чаму. Потым мы яшчэ сустрэліся... Без усяго, Паўлік, ты не падумай нічога, чалавек ён спакойны, да таго ж яму далёка за сорак. Вось тады ён і прапанаваў мне стаць ягонай жонкай. Дзіўна, але я адразу згадзілася. Ты не крыўдуй, Паўлік, так будзе лепш і для мяне, і для цябе таксама. Я ўпэўнена.

— Ды не называй ты мяне гэтым ідыёцкім імем! — раптам выкрыкнуў я не сваім голасам.

Кроў ударыла мне ў галаву. Я сказаў ёй некалькі крыўдных слоў, сам не памятаю якіх.

— Ты ўспомні, я прашу цябе... Я ж гаварыла, каб ты не крыўдаваў, калі што-небудзь здарыцца паміж намі, і каб не разлічваў на мяне. У цябе другое жыццё, у цябе будучае, а ў мяне яго няма. Я хутка зраблюся старой, нікому не патрэбнай жанчынай, і ты будзеш успамінаць пра мяне з усмешкай.

Яна дапіла шампанскае.

— Я табе за многае ўдзячная... Бывай. Яшчэ раз прашу — паспрабуй, пастарайся не крыўдаваць на мяне.

За ёй зачыніліся дзверы. Я толькі цяпер зразумеў, што адбылося — яна пайшла назаўсёды. Я кінуўся за ёй па лесвіцы. На двары нікога не было. Я ўскочыў у машыну і быццам сляпы памчаў па горадзе. Не ведаю, колькі часу я круціўся па маскоўскіх вуліцах... Потым спыніўся ля дома Юркі Булдыкі. 3 кватэры лілася музыка, гэты пракляты цяжкі рок, нечыя галасы. На парозе з явіўся Юрка.

— Які нечаканы госць! Даўно ты не заглядваў да мяне!

— Зайсці можна? — пахмурна спытаў я.

— Вядома! Заходзь, заходзь, не пашкадуеш. Дарэчы, што з табой?

— Ды так... Усё нармальна.

Я зайшоў. На мяне здзіўлена глядзелі хлопцы і некалькі размаляваных дзяўчат. Я зразумеў, што нечакана парушыў кампанію.

— Прабачце, я на некалькі хвілін...

— Знаёмцеся, гэта наш...— пачаў Юрка.

— А я адразу пазнаў,— сказаў нейкі хлопец і пачау трэсці маю руку.

— Дай лепш выпіць,— папрасіў я, і Юрка з недаверам паглядзеў на мяне.

— Выпіць? Табе?! Ну і ну! — прабурчаў ён і наліў поўны фужэр шампанскага.— Ты ж не п’еш...

— Сёння п’ю. Атрымаў спецыяльны дазвол...

Я асушыў фужэр, потым другі, трэці. Закурыў цыгарэту... Юрка адразу выхапіў яе ў мяне.

— Гэтую не трэба... Я дам другую, фірменную, ад гэтай табе будзе дрэнна.

Я зразумеў, у чым справа, але мне было на ўсё напляваць. Няхай яны кураць усё, што хочуць, нават гашыш... Ад шампанскага не было ніякай лёгкасці. Галава празрыстая, як ранішняе паветра, гучна грукае сэрца, перакрываюцца ўсе гукі ў пакоі.

Юрка выцягнуў мяне ў кухню:

— Што здарылася?

— Вера пайшла. Выходзіць замуж за дыпламата.

— Вось дурань... 3-за яе? Ды ты радуйся. Гэта ж сапраўднае пазбаўленне. А я думаў, нешта сур’ёзнае.

— Я і радуюся,— адказаў я і нават паспрабаваў усміхнуцца. Праз імгненне я збег уніз па лесвіцы і зноў апынуўся адзін у машыне. Я імчаў на ёй немаведама куды і колькі часу. Потым перада мной мільганулі жудасныя вочы старога (пасля таго імгнення ягоныя вочы заўсёды перада мной). Як ён апынуўся на праезджай частцы дарогі?! Я націскаю з усіх сіл на тармазы, аднак машына рвецца наперад. Мне хочацца крычаць ад роспачы на ўвесь свет, але голасу няма. Я выцягваю з-пад колаў яго лёгкае цела... Дзе бальніца, куды ехаць?! Вакол гараць ліхтары, едуць нейкія машыны, я адзін сярод усяго гэтага...

Нарэшце з’яўляюцца белыя халаты, незнаёмыя, устрывожаныя твары...

9

Дзіўны стан — нічога мяне не кранае, нічога не датычыць, ні пра што не думаецца. Я ляжу на ложку (не сплю ўжо даўно) і баюся адкрыць вочы — раптам ужо трэба ўставаць, а значыць, трэба бегчы на свой традыцыйны крос (і думаць пра яго не хочацца) альбо ісці ў сталоўку. Вакол мяне неаглядная пустэча, яна не толькінаўкола, але і ў маёй душы. Стан такі, быццам я намёр, жывымі засталіся толькі некаторыя нязначныя кавалкі мозгу (у адной амерыканскай кніжцы чытаў, што так адбываецца па самой справе — чалавек канчаткова памірае яшчэ пасля сваёй смерці некалькі дзён, ён можа нават бачыць сваё ўласнае пахаванне). Яны ляніва фіксуюць мой стан, які цяжка як-небудзь назваць... Некалькі імгненняў я працягваю нерухома ляжаць на ложку, потым пачынаю даваць сабе каманды: «Ты павінен устаць, павінен бегчы ўздоўж ракі, табе гэта падабаецца, ты не павінен губляць формы, калі на самой справе не разлічваеш паставіць на сваім жыцці вялізны крыж...» На гэтыя пустыя каманды (якія аказваюцца бяссільнымі што-небудзь змяніць), мой мозг (а можа, тыя самыя апошнія жывыя яго кавалкі) адказвае смешачкамі, я таксама пачынаю смяяцца, і не маўкліва, а на ўвесь голас...

А можа, я звар’яцеў? Відаць, прыкладна так і здараецца — кожны чалавек, які не па сваёй волі прыбывае ў псіхіятрычную бальніцу, лічыць, што адбылася памылка, ён больш нармальны ад усіх здаровых людзей, проста ўрачы нешта пераблыталі, але ён абавязкова дакажа (ёсць жа сярод псіхіятраў нармальныя людзі!), што ён пе псіх і яго абавязкова адсюль выпусцяць, ён дакажа, што проста зразумеў нешта самае галоўнае ў жыцці, чаго іншыя ніколі не змогуць зразумець...

Гэтая думка працінае мяне наскрозь, я падскокваю на ложку і толькі цяпер заўважаю, што ўвесь пакрыўся потам, быццам пераадолеў вялізную па працягласці дыстанцыю. Я падстаўляю твар пад халодны струмень вады, абціраюся шурпатым ручніком, нацягваю спартыўны касцюм... I толькі потым здагадваюся паглядзець на гадзіннік. На ім палова пятай. 3 уздыхам валюся на ложак. Можа, я наогул не спаў усю ноч, а ўвесь час думаў пра Веру, пра розныя эпізоды, што былі звязаны толькі з ёй. Я ўспамінаў і яе нядаўні званок, цяпер ужо ў мой горад, у яе быў стомлены голас, яна гаварыла, што знайшла тое, да чаго імкнулася, поўны спакой, утульнае жыццё на Захадзе, калі не трэба думаць пра грошы, адзенне, яшчэ нешта, што заўсёды азмрочвае жыццё кожнага чалавека з тых, з кім яна жыла побач. Я перарывістым голасам павіншаваў яе і тут раптоўна пачуў нечаканае. Яна паскардзілася, ёй не хапае адзінага — кахання. Я сказаў, што ніколі не чуў ад яе такога банальнага, нязвыклага для яе дый для мяне таксама слова.

— Дзівак ты, Паўлік,— упікнула яна.— Я ж кахала цябе...

Я пачуў, як яна ўсхліпвае, потым — кароткія тэлефонныя гудкі.

Недзе побач за таўшчэзнай замкавай сцяной чуюцца цяжкія крокі. Зноў нейкая галюцынацыя. Каму прыйдзе ў галаву бадзяцца ў такую рань? Раптоўна дзверы ў мой пакой адчыніліся, я напружваюся, быццам збіраюся адбівацца ад няпрошанага госця, і бачу постаць Станіслава Пятровіча.

— Ты глядзі, ён яшчэ спіць,— абураецца сябра і запальвае ў пакоі святло.

Я сяджу перад ім на ложку ў спартыўным касцюме.

— А што я павінен рабіць?

— Ага, ужо апрануўся,— уздыхае ён.— Надвор’е цудоўнае, для рыбалкі лепшага не прыдумаеш.

Толькі цяпер я ўспамінаю, што сёння з раніцы ў нас запланавана рыбалка.

— Як бачыш, я амаль што гатовы, вось толькі куртку...

— Пачакай, пачакай,— ён садзіцца побач.— Выгляд у цябе такі, быццам ты не спаў усю ноч. Не захварэў?

— Здаровы, як д’ябал,— я ляпаю сябе па грудзях і спрабую ўсміхнуцца.— А вось спаў сапраўды не скажаш каб добра.

— Нічога, на рацэ ўсё як рукой здыме. Рака, браце, гэта непаўторая рэч. Ты хутка сам пераканаешся.

Я апранаю світэр, куртку і іду следам за Станіславам Пятровічам па маўклівым начным замку. Рыбалка і на самой справе не будзе залішняй. Звычайна (хоць гэта здараецца вельмі рэдка), я раблюся на ёй спакойным, мне падабаецца доўга-доўга сачыць за тым, што адбываецца наўкола, і, вядома, самае прыемнае, калі ты раптам выцягваеш рыбу. Надвор’е сапраўды спакойнае, ураўнаважанае, здаецца, ты чуеш павольнае дыханне дрэў. Мы спускаемся па крутым беразе да ракі. Яе паверхня нагадвае шкло, ніводнай хвалі. Станіслаў Пятровіч садзіцца ў лодку, я — следам за ім.

— На,— ён працягвае мне вуду, шэптам растлумачвае, як трэба яе трымаць, я не пярэчу, гэта працэдура паўтараецца кожны раз. Ён садзіцца за вёслы, і мы бясшумна плывём па рацэ. Вершаліны старых дрэў адлюстроўваюцца ў вадзе. Ні гуку.— Клёў будзе выдатным, я перакананы, а потым я прыгатую смачную юшку,— гэтак жа ціха гаворыць ён.— Можа, нават парушым сухі закон. Як урач скажу табе, што ў разумных памерах гэта не пашкодзіць.

— Не ведаю, аднак пасля я заўсёды адчуваю дзіўную няўпэўненасць.

Ён усміхаецца.

— Гэта ад таго, што тваё жыццё такое...

I тут жа спыняе гамонку, вырашыўшы, відаць, што сёння лепш за ўсё не працягваць старой тэмы. Так, у нашай справе толькі дурні альбо празмерна маладыя могуць адчуваць сябе ўпэўненымі. Сёння ты ў зеніце славы, а заўтра пра цябе ніхто не ўспомніць. Ты залежыш ад многага: траўмаў, сімпатый альбо антыпатый трэнера, ад таго, наколькі пойдзе гульня, што таксама з’яўляецца складаным, амаль што стыхійным працэсам...

Але цяпер я — іншы. Я пераконваю сябе, што ў мяне ўсё выдатна, трэба, як любіла гаварыць Вера, жыць адным імгненнем, бо невядома, якім будзе наступнае. I наогул, ці будзе яно, жыццё чалавека такое хуткаплыннае, а маё сённяшняе — проста казачнае, наўкола такая прыгажосць... Але чаму я гляджу на ўсё абыякава, чаму не магу пазбавіцца адчужанасці ад усяго свету.

Мы сядзім у ціхім месцы ўжо другую гадзіну, клёву няма, аднак Станіслаў Пятровіч спакойны.

— Тут сапраўднае царства карасёў, колькі я навыцягваў іх у гэтых мясцінах за сваё жыццё! Ты ведаеш, я для многіх людзей здаюся дзіваком, які пахаваў сябе ў вёсцы... А я перакананы — ваша жыццё ў вялізных, шумных гарадах — памылка, самая сапраўдная памылка. Вы не жывяце, а ўвесь час круціцеся ў нейкім страшным, тлумным калаўроце... Губляеце цэлыя дні на тое, з чым вясковы чалавек упраўляецца за гадзіну-дзве. Астатні час ён мае магчымасць назіраць прыроду, слухаць яе, гутарыць з ёю... Яго жыццё натуральнае, суладнае з прыродай... А прыроды ў нашым жыцці застаецца зусім нямнога. Але мы што... Наступным пакаленням давядзецца намнога горш... Калі яны наогул будуць...

Я са здзіўленнем гляджу на Станіслава Пятровіча.

— Гэта ў якім сэнсе?

— Усё вельмі проста... Сучасная тэхніка літаральна з’ядае паветра, зямлю, ваду... Я прачытаў нядаўна. Кожную мінуту, уяві сабе, на зямлі знішчаецца дваццаць гектараў лесу... За апошнія паўтара стагоддзя ў прыроднае асяроддзе трапіла больш шасці мільярдаў тон жалеза. Біясфера поўніцца свінцом і кадміем... Падлічана, што ўжо ў першыя дзесяцігоддзі дваццаць першага стагоддзя на нашай планеце амаль нельга будзе жыць. Калі чалавецтва не зрушыць з небяспечнага шляху, то яму застанецца самае большае пяцьдзесят, семдзесят гадоў!

— Цяпер я разумею, чаму вы схаваліся ў сваёй вёсцы і не хочаце чуць пра горад... Але нам з вамі часу хопіць.

Ён з усмешкай паглядае на мяне.

— Ты самы звычайны прадстаўнік эгаістычнага пакалення... Так што дыхай, пакуль ёсць магчымасць. Наогул кожны чалавек павінен сёння імкнуцца жыць на прыродзе... Горад ператварыўся ў пачварную машыну, якая знішчае ўсё цудоўнае, у тым ліку самога чалавека...

Ён торгае за вуду. Але чарвяк на кручку некрануты.

— Вырашана, перасяляюся да вас, ствараю першую калгасную каманду ў вышэйшай лізе... База мне падабаецца. Варта толькі вызваліць замак ад вашых пацыентаў і пабудаваць добры стадыён. Мне падабаецца — трэнер трэніруе сваіх выхаванцаў з былога графскага кабінета. Добрая ідэя, га?

Аднак мой жарт яўна не ўдаецца. Наадварот... Станіслаў Пятровіч паглядае на мяне нядобра.

— Я б на тваім месцы не жартаваў,— гаворыць ён жорстка,— часу застаецца нямнога. Ты думай, думай... Ад таго, як ты вырашыш, многае залежыць...

— Можа, хопіць пра гэта?

— Не хопіць! Ты, можа, думаеш, што ўсё адбудзецца, як у той раз?! Цяпер цябе ніхто не пашкадуе, зразумей — ніхто! Гэта будзе твой апошні зрыў... Ужо не той узрост, дый за табой гоняцца нядрэнныя хлопцы.

Ён расхваляваўся, твар пакрыўся чырвонымі плямамі. Я раззлаваўся, памкнуўся пайсці ад яго, мне захацелася кінуць вуды, але вакол была вада і незвычайны спакой. Мы замоўклі на некалькі мінут. I тут яму нарэшце пашанцавала — на кручку загойдаўся вялікі вугор. Спачатку я нават адхіснуўся ўбок — ён нагадваў змяю. Здавалася, што ў Станіслава Пятровіча заняло дыханне. Вочы яго расшырыліся, абедзвюма рукамі ён учапіўся за вугра.

— Вось гэта цуд! — нарэшце вымавіў ён.— Рэдкі госць у нашых мясцінах. Па законе яго трэба выпусціць, але парушу парадак дзеля цябе. Такую юшку згатуем! Не паспеў, браце, знікнуць у Атлантычным акіяне, дастаўся нам, а больш за ўсё табе, Кастусь, на шчасце... Яны жывуць у нашых рэках прыкладна да васьмі гадоў, а потым плывуць праз Атлантычны акіян, у Саргасава мора...

— Некалі чуў такое, але думаў, што ўсё гэта байкі для дзетак...

— Якія байкі?! Вось што значыць яе вялікасць Прырода! 3 Саргасавага мора яны больш ніколі не вяртаюцца... На казачна вялізных глыбінях пакідаюць ікру і гінуць...

— А потым што? Як да нас зноў трапляюць?

— Лічынкі пры дапамозе цячэння Гальфстрым плывуць да рэк і азёраў Еўропы, плывуць каля трох гадоў, растуць, і зноў гісторыя паўтараецца. Вучоныя высветлілі гэта толькі ў дваццатых гадах нашага стагоддзя. Але тайну гэтак і не раскрылі...

Мне раптам шкада зрабілася вугра, які бездапаможна боўтаўся ў лодцы.

— Давай адпусцім яго, няхай плыве сабе ў Саргасава мора...

Станіслаў Пятровіч здзіўлена паглядзеў на мяне. Чаго-чаго, а сантыментаў ад мяне ён не чакаў.

— Сапраўды, не будзем парушаць закон прыроды...

Я ўзяў слізкага вугра ў рукі і выпусціў у ваду. Ён тут жа знік у глыбіні. Нават у яго ёсць свая мэта, свой уласны лёс. А ў мяне?

10

Калі я пачуў гэтыя словы — пра свой лёс, мэту ў жыцці?.. У той дзень, калі ўсё, здавалася, было страчана. Я апамятаўся ў бальніцы, мяне прывялі ў невялічкі пакой незнаёмыя людзі.

— Супакойцеся,— сказаў адзін з іх.— На вас твару няма, супакойцеся.

Мне далі нечага выпіць, здаецца, мінералкі.

— Я пазнаў вас... Не ведаю, чым дапамагчы, хутка тут будзе інспектар міліцыі, прабачце, але такі парадак, я нічога не магу змяніць, прабачце...

Я нарэшце разгледзеў яго — маладжавы чалавек, гадоў пад сорак.

— Вазьміце вось гэта, супакойцеся,— ён працягнуў мне шклянку з вадой.

Я адчуў у роце нешта гаркаватае.

— Вы выпілі? — зноў падаў ён голас.

— Не... Прабачце... Крыху шампанскага, яшчэ нешта, але нямнога.

У ягоных вачах трывога.

— Кепска, вельмі кепска... Чым жа дапамагчы вам?

Да мяне пачынае даходзіць сэнс ягоных слоў. Што рабіць?

— Дзе тэлефон? Тут ёсць тэлефон?

— Калі ласка,— ён працягвае мне апарат.

— Дзякуй.

Набіраю нумар тэлефона трэнера нашай каманды.

Чую яго голас.

— Гэта я, Паўловіч...

— Слухаю цябе. Ты адкуль?

Я набіраю паветра ў лёгкія.

— Як бы лепей сказаць... Трапіў у благую гісторыю... Ехаў на машыне... Стары выскачыў з аўтобуса і пачаў перабягаць дарогу... Не з таго боку. Я ціскануў на тармазы, але не дапамагло...

— Гэтага яшчэ не хапала... Дзе ты знаходзішся?

Я гляджу на ўрача. Пытаюся ў яго:

— Які ваш адрас?

Ён называе.

— Я ў бальніцы...

Трэнер слухае адрас, потым пытаецца:

— Што са старым?

— Пакуль не ведаю...

— Каб цябе! Зараз я буду...

Я ўспамінаю збянтэжанасць урача.

— Тут выклікалі міліцыю.

— Пастой... Ты сам прывёз старога ў бальніцу?

— Сам.

— Добра. Я пастараюся быць як мага хутчэй.

У мяне крыху адлягло ад сэрца.

— 3 кім вы размаўлялі? — пытаецца ўрач.

— Са старшым трэнерам «Дынама».

У яго вачах на імгненне з’яўляецца захапленне.

— Сам Васільеў да нас прыедзе?!

Відаць, футбольны фанат.

Але адразу ж ён, пэўна, успамінае пра сітуацыю і гаворыць зусім спакойна:

— Гэта добра, што ён прыедзе. Такі аўтарытэт...

Я на імгненне закрываю вочы. Перада мной — вочы старога... I тут у пакой уваходзіць лейтэнант міліцыі.

3 цікавасцю разглядае мяне, дастае з планшэта паперы.

Я напружана ўглядаюся ў ягоны твар — цікава, што на ім, знявага да мяне, абыякавасць або простая цікавасць?

— Імя, прозвішча...

Так, на гэтым твары цяжка што-небудзь прачытаць, шэрая пляма з маленькімі вочкамі, мне ўсё адно, мяне самога трэба ратаваць ад нейкага стаўбняку — не магу пават пашавяліцца.

Чужым голасам я называю сваё імя, прозвішча. Лейтэнант з цікавасцю глядзіць на мяне, гаворыць:

— А я спачатку падумаў, ці не здалося?.. Цяпер вось убачыў вас зблізку, але не ў лепшай, прабачце, сітуацыі... А як гэта вы не забілі той мяч?!

— Які яшчэ мяч?

— У гульні з «Барселонай». Літаральна з дзесяці метраў...

— Абаронца падставіў нагу, мяч змяніў кірунак.

— Па тэлебачанні гэта не бачна.

— Дый каментатары не ўсё бачаць, але адразу ж пачынаюць нас абвінавачваць ва ўсіх смяротных грахах...

Я адчуваю, як у мяне паступова адлягае ад сэрца. Твару робіцца не так ужо горача, не макрэюць далоні.

Лейтэнант змаўкае і зноў напружана разглядае мой твар.

— У вас чырвоны твар... Выпівалі?

— Крыху шампанскага.

Што я магу яму яшчэ сказаць, што?!

— Непрыемная гісторыя. Трэба будзе з’ездзіць на медыцынскую экспертызу... У якім месцы ўсё адбылося?

Я прыкладна называю месца здарэння, а ў маім мозгу пануе адна думка — хутчэй бы прыехаў Васільеў, яшчэ некалькі мінут, і будзе позна.

На дапамогу мне прыходзіць урач.

— Таварыш лейтэнант, давайце пачакаем. Сюды выехаў старшы трэнер «Дынама» Васільеў. Будзе праз колькі часу... А потым ужо экспертыза,— гаворыць ён і паглядае на гадзіннік.

— Некалькі мінут можна і пачакаць,— згаджаецца лейтэнант.— Але яго прыезд нічога не зменіць...

У пакоі цішыня, адно — гучна калоціцца ў грудзях маё сэрца.

Міліцыянер вельмі нагадваў свайго калегу з гісторыі з машынай. Я толькі-толькі атрымаў яе, не паспеў пакатацца як след...

— Развітвайся! У наступным сезоне будзе другая,— сказаў мне Юрка.— Цяпер яны ў цане. Дваццаць штук зверху...

Я згадзіўся. Юрка ўзяўся ўсё арганізаваць. Мы ехалі ў машыне. Юрка быў за рулём.

— Добра ідзе. Звер, а не машына... Хочаш сам праехаць?

— Вопыту малавата,— адказаў я.

Але Юрка спыніў машыну, выйшаў і паказаў мне на месца шафёра. Машына мякка кранулася з месца.

— Ды ў цябе выдатна атрымліваецца,— сказаў Юрка.

Яго падтрымаў Чэрчанка:

— Можна ўдзельнічаць у гонках... Але транспарт будзе ў іншых руках...

— Васільеў будзе вымушаны яшчэ адну выдаць...

— Прашу цябе, не нагадвай пры мне гэтае імя,— сказаў Чэрчанка.— Замест таго каб пайсці да міністра выбіваць грошы, ён з нас душу выбівае. Ён, бачыце, не можа прасіць, яму няёмка... А што мне з ягонай сціпласці?!

— Дык мы ж і так нямала атрымліваем,— сказаў я.

Юрка рассмяяўся.

— Паглядзіце на наіўнага чалавека... Ды гэта ж слёзы! Ведаеш, колькі ў нармальных камандах атрымліваюць? Па пяць-шэсць соцень за выйгрыш. Сезон — і вось гэткая штуковіна стаіць пад тваімі вокнамі.

— Пабачыў я шмат розных настаўнікаў,— сказаў Юрка,— сваіх і залётных... Але ніхто гэтак не лез у душу, у асабістае жыццё, ніхто гэтак не кантраляваў.

Чэрчанка махнуў рукой.

— Чалавек — машына... Хутка сапсуецца!

Мы пад’ехалі да невысокага дома.

— Тут,— сказаў Юрка.

Чэрчанка дастаў з кішэні паперку.

— Так, быццам адрас правільны...

— Дрэнна, што схапілі майго чалавека... Не было ніякіх праблем. Жалезны быў чалавек...

Ён выйшаў з машыны і знік за агароджай.

— Некалькі разоў праводзім аперацыю, а мандраж, павер, не знікае,— сказаў Юрка.— Сам не ведаю чаму. На сённяшні дзень справа звычайная... Аднойчы... Такое пачалося! Я тады тачку здаў. Яшчэ некалькі хлопцаў з каманды. Якраз пасля сезона. Узялі перакупшчыка. Ён маўчаў да апошняга... Але потым пакупнік трапіў за краты. Зусім па іншай справе. Менты яму наабяцалі: «Будзеш казаць праўду, застанешся на волі...» Ён і назваў маё прозвішча... Шмат разоў пераступаў я парог вельмі непрыемных кабінетаў, дзе мяне сустракалі людзі ў пагонах...

Падышоў Чэрчанка.

— Усё па плану... Нас чакаюць ля магазіна. Чалавек сам падышоў. Надзейны. Бываў тут неаднойчы...

Машына памчала па вулачцы.

Цераз некаторы час я стаяў побач з вусатым, цемнаскурым чалавекам. Юрка і Чэрчанка назіралі за намі збоку. Юрка падміргнуў мне: «Поўны парадак!»

Вусаты адчыніў дыпламат.

— Як дамовіліся,— сказаў ён з прыкметным акцэнтам.— Дваццаць зверху.

Пачкі грошай пасыпаліся ў маю спартыўную сумку.

— Шчасліва даехаць,— сказаў я вусатаму.

— Дзякуй,— адказаў той.

Вусаты падышоў да машыны, спакойна сеў за руль. Мая былая «Волга» кранулася з месца.

Праз некалькі мінут мы апынуліся ў таксі. Перада мной стаяла сумка. Ехалі моўчкі. Шафёр увесь час паглядваў на маіх сяброў. Раптам Юрка нахіліўся да мяне.

— Дай сумку! — скамандаваў ён рэзка.

Я працягнуў яму сумку. Юрка схіліўся над ёй. Разарваў адзін пачак грошай, потым другі, трэці. Твар Юркі наліваўся крывёй. 3 сумкі пасыпаліся белыя аркушы паперы. Юрка затрос па плячы шафёра:

— Хлопец, гані да паста ДАІ. Бліжэйшага!

— Не разумею, у чым справа...

— Ты не пытайся. Гані, гані! — амаль заенчыў Юрка.

Мінут праз пяць таксі спынілася ля паста ДАІ. Каля машыны стаяў маладзенькі сяржант. Юрка сунуў шафёру пяцёрку:

— Свабодны...

Ён першы падскочыў да сяржанта:

— Таварыш сяржант... Мы з «Дынама».

Сяржант заўсміхаўся:

— Маглі б не прадстаўляцца.

— Вось якая справа... Трэба тэрмінова дагнаць машыну. Транзітны нумар «20—ОІ МО».

— Што здарылася? — спытаў сяржант.

— IIра гэта потым.

Я разгублена глядзеў на Чэрчанку. Твар Юркі быў спакойны.

Мы ўскочылі ў машыну.

— Кірунак? — спытаў сяржант.

— Ён паехаў направа ад аўтамагазіна,— сказаў Юрка.

Сяржант узяў у рукі мікрафон рацыі:

— Тэрмінова шукаю аўтамабіль «Волга». Нумар «20-01 МО». Пясочнага колеру.

Машына неслася па вуліцах горада. Сяржант уключыў «мігалку», і перад намі разыходзіліся другія машыны, запальвалася зялёнае святло светафора.

Маўчанне. Нарэшце пачулася:

— Пясочная «Волга» «20-01 МО» знаходзіцца ў раёне аўтазавода Ленінскага камсамола. Што рабіць?

— Затрымайце яе. Я зараз буду,— адказаў сяржант.

Ён паглядзеў на Юрку:

— А што здарылася?

Юрка ўздыхнуў:

— Дробязь. Таварыш ад’язджае. Забыў яму перадаць адну рэч, — ён паглядзеў на Чэрчанку. Той усміхнуўся.

— Мы маглі доўга не ўбачыцца.

Машына стаяла ля паста ДАІ. Міліцыянер разглядаў дакументы і нецярпліва паглядаў на дарогу. Жэстыкулюючы рукамі, вусаты нешта растлумачваў яму.

Мы пад’ехалі. Юрка першым падбег да вусатага.

— Вось і добра, што сустрэліся,— сказаў ён.— А то мы вельмі хваляваліся.

Вусаты зрабіў крок назад. Падышлі мы.

— Што здарылася? — спытаў міліцыянер у сяржанта.— Дакументы ў парадку.

— Нічога,— адказаў сяржант.— Чым яшчэ магу вам дапамагчы?

— Усё ў парадку, дзякуй,— сказаў Юрка.

— Вы свабодны,— сказаў другі міліцыянер вусатаму.

Той, апусціўшы галаву, пакрочыў да машыны.

— Ты не хвалюйся, дарагі,— сказаў яму Юрка.— Я сяду за руль. У мяне таксама няблага атрымліваецца.

Вусаты апынуўся на заднім сядзенні паміж мной і Чэрчанкам.

— Прывітанне, сука,— прахрыпеў Чэрчанка і моцна сціснуў руку вусатаму.— Думаў, сеў за руль — і да пабачэння...

— Што здарылася? — нарэшце спытаў вусаты.

— Вялікі, а ў лялькі гуляеш. Непрыгожа...

Вусаты здзівіўся:

— Дарагі, якая лялька? Што гаворыш?!

Чэрчанка сказаў мне:

— Дай яму сумку. Няхай паглядзіць.

Я працягнуў вусатаму спартыўную сумку. Праз імгненне той ледзь чутна сказаў:

— Не я. Паверце, не я. Мяне ашукалі.

— Мы табе не верым, але справа не ў гэтым. Сам разумееш, што ты наш госць і мы не хлапчукі.

Вусаты ўмольна паглядзеў на мяне:

— Не хацеў я... Але я гатовы... Грошы ёсць.

— Вось цяпер добра,— сказаў Юрка.— Паважаю і нават люблю разумных людзей.

Машына спынілася.

— Далёка не паедзем. Давай грошы!

Вусаты дастаў дыпламат, расшпіліў яго, пачаў сыпаць пачкі ў маю спартыўную сумку.

— Можаце праверыць,— сказаў ён.

— Але гэта не ўсё,— Юрка паляпаў вусатага па плячы.— Ты заслужыў пакарання. Давай адну штуку зверху за маральную траўму.

Вусаты зноў палез у дыпламат. Працягнуў пачак Юрку.

Як даўно гэта было?! I як цяпер марудна цягнецца час... I вось дзверы рэзка расчыняюцца. На парозе з’яўляецца Васільеў. Не звяртаючы ўвагі на прысутных, ён амаль падбягае да мяне.

— Нічога не разумею... Ты выпіў?!

Я моўчкі гляджу на яго.

— Чаму маўчыш, язык праглынуў?!

I тут ён быццам бы ўпершыню заўважае ўрача і міліцыянера. Гаворыць:

— Прабачце, але пакіньце нас на хвіліну ўдвух.

Міліцыянер памкнуўся нешта сказаць, але ўрач літаральна за руку вывеў яго з пакоя.

— Прабачце, Вадзім Міхайлавіч, так здарылася...

— Ніколі не мог падумаць... Што вось так, без прычыны ўзяў і выпіў.

— Была прычына... Дзяўчына. Я сёння бачыў яе ў апошні раз... Потым... Сам не разумею, як атрымалася.

Ён уздыхнуў.

— У апошні раз... Гэта ж выдатна, тым больш у тваім узросце, калі, павер, рана думаць пра што-небудзь, акрамя футбола...

— Там было зусім іншае...

Ён паклау руку на мае плячо:

— Ды не калаціся, вазьмі сябе ў рукі... Сам пасля будзеш над гэтым смяяцца. У твае гады... Павер, гэта не што іншае, як спорт. Ды і сапраўднага чалавека ў тваёй якасці знайсці амаль немагчыма. Сам памятаю, хто нам на шыю кідаецца, калі мы... Між іншым, цяпер не гэта самае галоўнае. Трэба выцягваць цябе, а потым пагаворым як след... Што табе сказаў міліцыянер?

— Звычайнае... Трэба збірацца на экспертызу, а потым,— я махнуў рукой.

Ён задумліва паглядзеў некуды ўбок.

— Дапускаць экспертызы нельга... Што з падбітым?

— Не ведаю...

Я закрыў вочы і зноў убачыў перад сабой твар старога.

Васільеў падсеў да тэлефона, набраў нумар.

— Хоць бы ён быў дома або на рабоце... Інакш будзе позна, вельмі позна... Ало! Іван Васільевіч. Так, гэта я. Дзякуй богу, што знайшоў цябе... Ды так, адзін мой хлопец, ты яго ведаеш, Паўловіч, трапіў у непрыемную гісторыю. Толькі ты можаш дапамагчы...

Ён коратка пераказаў усё, што ведаў, потым прыкрыў трубку рукой, сказаў:

— Сабярыся і адказвай на мае пытанні...

Я яшчэ раз пракруціў у сваёй памяці ўсю гісторыю, Васільеў задаваў пытанні і пераказваў мае адказы нябачнаму Івану Васільевічу. Так, стары выбег з-за аўтобуса, я нічога не мог зрабіць... Сведкаў не было, мажліва, нейкія прахожыя і шафёр аўтобуса... Нумара я не памятаю, таму што павёз старога ў бальніцу...

— Тут адна акалічнасць...— працягвае Васільеў,— з бальніцы выклікалі міліцыю, лейтэнант побач, за дзвярыма... Я разумею, але экспертызы не павінна быць, зрабі гэта, калі ласка, і для мяне, і для футбола... Разумееш, ён у нейкім дзіўным трансе, раней з ім нічога падобнага не было.

Ён прыкрыў трубку далонню.

— Цягні сюды лейтэнанта, хутчэй...

Я паклікаў лейтэнанта, той з’едліва зірнуў на мяне:

— Гаварылі на хвілінку... Быццам у мяне няма іншых спраў.

Калі ён увайшоў у пакой, Васільеў працягнуў яму трубку:

— Гэта вас, вазьміце.

Лейтэнант узяў трубку і змяніўся на вачах. Ён выцягнууся, быццам стаяу недзе у ганаровай вахце, адказваў коратка і дакладна:

— Так, слухаю, разумею. Усё будзе зроблена.

Перадаў трубку Васільеву і неяк дзіўна паглядзеў на мяне:

— Вось і ўсё скончана. Загад начальства.

Ён выйшаў з пакоя і ў дзвярах сутыкнуўся з урачом.

Васільеў буркнуў:

— Табе пашанцавала, ты ўявіць не можаш, як табе пашанцавала, што я знайшоў гэтага чалавека. Аднак наперадзе ў нас непрыемная для цябе размова.

— Ясна...

Мне зноў стала ўсё абыякава.

— Як там наш хворы? — папытаў Васільеў у доктара.

Той гаворыць, што пакуль цяжка адказаць на гэтае пытанне канчаткова. Стары ў даволі цяжкім стане.

— Пайшлі,— кажа Васільеў і падштурхоўвае мяне да дзвярэй. Я хачу падзякаваць урача за добрыя адносіны, але не знаходжу ў сваёй пустой галаве патрэбныя словы і проста моцна паціскаю яму руку.

— Калі ласка, зрабіце ўсё, каб ён выжыў,— просіць Васільеў.

— Дужа непрыемная гісторыя...

Мы спыняемся каля машын.

— Вось дык задача... Тваю машыну нельга пакідаць тут,— задумваецца Васільеў.— I за руль табе нельга садзіцца. Зноў што-небудзь здарыцца. Давай ключы...

Ён садзіцца за руль маёй машыны, я — побач.

— Там многа крыві,—кажу я і паказваю на задняе сядзенне.

Васільеў вядзе машыну моўчкі.

— Дзіцячы сад,— гаворыць ён нарэшце,— робіцеся зоркамі, а ў галаве — мазгі дзіцячыя. Пра гэта мала хто падазрае, толькі мы, трэнеры, сапраўдныя вашы нянькі... Вось адно такое імгненне можа паставіць крыж на ўсім тваім жыцці, на ўсіх маіх намаганнях. А ты ж патрэбны камандзе, патрэбны зборнай. Заўсёды памятай пра гэта, нават калі ад цябе ідзе твая сяброўка... Уяві сабе, ты не знайшоў мяне, а я ў сваю чаргу — начальніка з дзяржінспекцыі...

— Дзякуй, Вадзім Міхайлавіч...

Мы моўчкі ехалі па горадзе. Дзе яна цяпер? Відаць, сядзіць у свайго дыпламата, расказвае, што ўсё ў парадку, са мной пакончана (калі яна наогул расказала яму пра мяне, як некалі мне пра свайго фрэнда). Усё скончана, я ніколі яе не ўбачу, ніколі... Я сціскаю скроні далонямі.

Як пазбавіцца ад гэтага болю, як?!

— Паставім тваю машыну ў мяне, назаўтра я папрашу знаёмага механіка, ён прывядзе яе ў парадак. Потым на таксі мы вернемся па маю машыну. Табе не грэх крыху праветрыцца,— раіць Васільеў і працягвае мне пачак цыгарэт.— Зацягніся некалькі разоў, тым, хто не курыць, дапамагае...

Я бяру ў рукі цыгарэту чорнага колеру з залатым фільтрам, зацягваюся. Сапраўды ў галаве з’яўляецца нейкая лёгкасць.

— Я вось тут чытаю табе натацыю, а сам успамінаю сябе. Ведаеш, і ў мяне прыкладна ў тваім узросце таксама адна гісторыя была незразумелая для мяне сённяшняга ды і для таго маладога футбаліста таксама... У адной спартыўнай гасцініцы была адміністратарка... Я, як толькі ўбачыў яе, адразу адчуў вось тут, у грудзях, нешта незразумелае... Пачаў хадзіць вакол, нарэшце асмеліўся, завёў размову... А яна гаворыць, ты ж яшчэ зусім хлапчук, а мне за трыццаць, у мяне дачка, муж, дастаткова самых розных жыццёвых праблем, і я не бачу цябе ў сваім жыцці, зразумей гэта і супакойся... Я слухаю яе і гляджу ў яе вочы — дзіўнага колеру, вялікія...

Ён замаўчаў на імгненне.

— Потым пачалася сапраўдная хвароба. Штодня, штоімгненна на трэніроўцы, на гульні, у час адпачынку я думаў пра яе. Калі выдаваўся вольны час, браў білет і імчаў у яе горад... Паміж намі нічога не было дый не магло быць. Яна не з ліку тых жанчын, якіх можна было захапіць чым-небудзь. Усё гэта працягвалася некалькі гадоў. Спрабаваў нейкім чынам вызваліцца ад думак пра яе. Нічога не дапамагала — ні сустрэчы з дзяўчатамі, якія былі намнога маладзейшыя, ні сябры... Павер, такое ў жыцці са мной было толькі аднойчы, і нават з будучай жонкай, а я кахаў яе, усё было інакш. Я ўвесь час міжволі параўноўваў яе са сваёй знаёмай адміністратаркай і не мог параўнаць. Ужо колькі гадоў прайшло, а я, павер, думаю часта пра яе і на душы робіцца цёпла...

Я са здзіўленнем паглядзеў на Васільева, які ўвесь час здаваўся мне, як і многім іншым ягоным падапечным, чалавекам даволі жорсткім, халаднаватым.

— Так што я цябе разумею, але ніякія асабістыя перажыванні не павінны адбівацца на галоўным. А на сённяшні дзень для цябе няма нічога больш важнага, чым футбол. Ты згодзен?

— Ага.

Мы паставілі машыну, потым вярнуліся ў бальніцу, а цераз некаторы час я заўважыў, што мы спыніліся ля дома Васільева.

— Вось што... Я цябе сёння нікуды не адпушчу. Застанешся начаваць у мяне.

Мы сядзелі разам з Васільевым і яго жонкай, пілі духмяны чай, а потым я апынуўся ў ложку. Сон не ішоў, я адчуваў, як грукаціць сэрца ў грудзях. А можа, яна нахлусіла, можа, у нечым пакрыўдзілася на мяне, вось і прыдумала ўсю гісторыю. Можа, вырашыла праверыць мяне, паглядзець, якой будзе мая рэакцыя на яе словы?! Трэба раніцай абавязкова пазваніць ёй, няхай я буду выглядаць хлапчуком, але ўсё роўна пазваню...

Раніцай я не пазваніў. На трэніроўцы я ледзь пераступаў нагамі, і Васільеў сказаў мне:

— На сёння для цябе хопіць. Каціся дамоў і адпачывай. Толькі не гэтак, як учора. Дамовіліся?

У адказ я махнуў галавой. Дома я залёг ля відэамагнітафона і ўвесь час чакаў, што яна пазвоніць, я верыў, што гэты званок абавязкова будзе, але тэлефон маўчаў як зачараваны. Толькі позна вечарам я пачуў у трубцы голас Булдыкі:

— Што з табой здарылася? На трэніроўцы ты нагадваў чалавека, якому адзінаму на зямлі ўдалося ўцячы з могілак і вярнуцца да жывых людзей.

— Пайшоў ты са сваімі параўнаннямі!

— Таварыш клапоціцца, а ты пасылаеш! Няўжо з-за гэтай? Ты вось што, давай пад’язджай да мяне. Будуць цікавыя людзі, абяцаю, яны цябе супакояць.

Я адмовіўся. Не хацелася нікога бачыць. Ніводнага чалавека на зямлі, акрамя яе. Але яна не пазваніла.

I не пазвоніць ужо ніколі.

Дзіўна, але я сам не пазнаваў сябе. Усе мае думкі таўкліся наўкруг аднаго... Дзякуй Васільеву, на трэніроўках ён рабіў выгляд, што не заўважае, што я раблю ўсё на чвэрць сілы. Праўда, праз некалькі дзён ён сказаў:

— Хопіць! Наперадзе адказная гульня. Гы патрэбен мне ў сваёй звычайнай форме.

— Я пастараюся...

I была тая адказная гульня. Я адчуваў, ногі мае цяжкія, цела не падпарадкоўваецца, я не магу сачыць за тым, што адбываецца на полі. Але потым мяне працяла адна думка — а што, калі яна знаходзіцца цяпер на стадыёне, разам са сваім дыпламатам, прывяла, каб паказаць яму крэціна, якім памылкова захаплялася. I вось ён, нікчэмны ігрок, ледзь цягае па полі ногі... Добра, зараз я пакажу табе, на што я здольны, глядзі! У цэнтры поля я атрымліваю пас ад Юркі (з-за гэтых дакладных, своечасовых пасаў яго, па сутнасці, і трымаюць у камандзе!), перада мной некалькі абаронцаў, мне трэба абавязкова прайсці іх. Дапаможа толькі мой любімы дрыблінг, я перакідваю на вялікай хуткасці мяч з нагі на нагу, праслізгваю паміж імі і адчуваю цяпер іхняе гарачае дыханне ззаду! Позна, цяпер ужо позна. Я аказваюся перад варотамі з правага краю, варатар кідаецца ў бліжэйшы вугал, а я мякка пасылаю мяч у дальні вугал. Гол! Стадыённая тарсіда раве, мяне адбымаюць хлопцы. Ад гэтай гульні, па сутнасці, залежыць, ці быць нам на прызавым месцы, а значыць, ці ўдзельнічаць потым у вядомым еўрапейскім турніры і яшчэ вельмі, вельмі многае. Тбіліская каманда, з якой мы гуляем, таксама рвецца на адно з першых месцаў. Сапраўдная дуэль! Ты глядзі, я дапамагу сваёй камандзе атрымаць перамогу. У мяне няма іншага выйсця, хоць тут, на стадыёне, сярод супернікаў, дзесяткаў тысяч балельшчыкаў, перад вачыма мільёнаў тэлегледачоў, я павінен быць пераможцам. Хоць бы тут... Потым гэтае адчуванне знікне, але — цяпер...

У канцы першага тайма нашы абаронцы праглядзелі верхавы ўдар галавой нападаючага тбілісцаў. Лік робіцца роўным. Некалькі разоў я атрымліваў нядрэнныя перадачы, але прабіцца да варот не змог, адзін раз ударыў здалёк. Варатар з цяжкасцю, але ўзяў мяч. У перапынку Васільеў стараўся выглядаць спакойным. Ён даў звычайную ўстаноўку на далейшую гульню, сказаў, што праз цэнтр поля нам больш не прабіцца, таму трэба дзейнічаць па краях, у поўную сілу скарыстоўваць доўгія перадачы.

Ён падышоў да мяне, падзякаваў за гол.

— Я не спадзяваўся ўбачыць цябе сёння ў форме, нават думаў пра замену. Дзякуй... Я прашу цябе, патрэбны яшчэ галы, яшчэ, выкладзіся, калі зможаш.

— Пастараюся,— паабяцаў я. Адчуваў я сябе не вельмі добра, я разумеў — гэта проста ўдача ці нейкая незразумелая, невытлумачальная бліскавіца сярод шэрага неба майго настрою, але ці знайду я сілы на паўтор?

— Ты гуляй усярэдзіне, крыху наперадзе,— параіў Вадзім Міхайлавіч Булдыку,— працуй на Кастуся. Патрэбны вытанчаны, нечаканы пас на адрыве...

— Добра, добра, Вадзім Міхайлавіч,— адказаў Стас, а мне сказаў: — Не разумею, як ты мог праскочыць іх. Нешта неверагоднае. Ты дзіўны чалавек... Спачатку поўзаў па полі, нібыта жук, а потым — як узляцеў — сапраўдны выбух...

Я перапыніў яго:

— Паслухай... Далей зробім так... Я перамяшчаюся ў цэнтр, мяняюся з Гайдуком...

— Не разумею,— гаворыць Стас.— Трэнер жа сказаў ісці па краях, навошта ты ў цэнтры...

— Гэта на некалькі мінут, за мной пацягнецца, абавязкова пацягнецца Гурцышвілі, бачыў, ён не адыходзіць ад мяне ні на крок. Потым, у час контратакі, я раблю страшэнны рывок па левым краі, ты будзеш сачыць за мной і своечасова аддасі пас... Галоўнае, адарвацца ад яго. Я буду берагчы сілы на рывок.

Я невыпадкова сказаў гэта. Я добра ведаў Гурцышвілі, вельмі тонкага абаронцу, лепшага прэферансіста сярод футбалістаў, своеасаблівага чэмпіёна краіны. Ён разлічвае любую сітуацыю да дробязей, заўсёды ўважлівы. Так проста яго не абвесці вакол пальца. Толькі б мне хапіла сілы, толькі б хапіла. Калі яна не тут, на стадыёне, то, значыцца, ля тэлевізара. Не ведаю чаму, але я ўпэўнены — яна глядзіць.

У пачатку другога тайма ў нас нічога не атрымлівалася, тбіліскія хлопцы не давалі вырвацца з нашай паловы поля, увесь час ціснулі на нашы вароты. Я туды-сюды матляўся ў цэнтры поля, побач быў Гурцышвілі. Потым адбылося тое, на што я нават разлічваць не мог. Пасля масіраванай, працяглай атакі наш варатар далёка-далёка выбівае мяч, паўабаронца перакідвае яго Стасу. Я заўважаю ягоны жэст — імчы наперад — і бягу спачатку па цэнтры поля, а потым, набіраючы хуткасць, перамяшчаюся на левы край. Гурцышвілі заўважае мой манеўр і вяртаецца на сваё месца, аднак я ўжо далёка, атрымліваю пас Булдыкі і паўдугой набліжаюся да варот, вось яны зусім блізка, трэба тэрмінова аддаваць пас Гайдуку, ён адкрыты ў самым цэнтры, я разумею гэта, але я павінен забіць сам, толькі сам... 3 левай нагі пасылаю мяч пад перакладзіну. Няўжо гол! На мае плечы навальваюцца Стас, Гайдук... Я бачу, як падскокваюць з лаўкі запасных Васільеў, другі трэнер, масажыст...

Калі вяртаемся ў раздзявалку, я ледзьве трымаюся на нагах. Мяне абдымае Васільеў.

— Вось бачыш, усё прайшло, ты ўзяў сябе ў рукі... Футбол лепшае наша лякарства.

Я ўключаю гарачы душ, потым халодны, зноў стаю пад гарачым... Сёння я перамог яе, перамог яе дыпламата, перамог сябе... Я думаю пра гэта, але ніякай радасці не адчуваю.

Назаўтра ў газетных справаздачах напісалі, што я зрабіў у матчы немагчымае; мне пазваніў Васільеў, працытаваў некалькі вытрымак з газет, спытаў, як я сябе адчуваю. Я сказаў, што ўсё нармальна, ляжу і чытаю. На самой справе я сядзеў ля акна, глядзеў на халодныя будынкі ўдалечыні і стараўся ні пра што не думаць. Пазваніў яшчэ Юрка, сказаў, што дзякуючы мне ў яго з'явілася другое дыханне, ён зноў адчувае сябе маладым, яму хочацца проста гуляць у футбол. Я ў сваю чаргу сказаў, што, каб не ён, я б ніколі не забіў гэтыя галы, яму трэба не апускаць рукі, а заўсёды верыць, што ён сапраўдны майстар, якіх у нас нямнога. Юрка прапанаваў праехацца куды-небудзь «у грамадскае месца, дзе шмат дзяўчат, святла і музыкі», але я адмовіўся. Не было ніякага жадання. Потым я доўга хадзіў ля тэлефона, але той маўчаў. Я не здзіўляўся. Я ведаў, яна не пазвоніць.

11

Здаецца, я праспаў усё на свеце — зарадку, сняданак. Пасля позняй юшкі я спаў як забіты, бачыў нейкія ўрыўкі кароткіх сноў, у якіх абавязкова прысутнічаў Станіслаў Пятровіч, чуў ягоныя бясконцыя расказы пра рыбалку, прачынаўся, зноў засынаў... Калі раскрыў вочы, то ўбачыў, што на вуліцы дождж, у акно задзімае вецер. Я з галавой залез над коўдру, але сну ўжо не было. 3 неахвотай пагаліўся і, нацягнуўшы спартыўны касцюм, пайшоў у сталоўку. У ёй было пуста, усе паспелі паснедаць. Праўда, афіцыянтка заўважыла мяне і пабегла накрываць. Я падзякаваў, сказаў, што няма ніякага апетыту, і папрасіў некалькі шклянак моцнага чаю. Без ахвогы выпіў чай,пайшоў да сябе. Нейкія людзі (я не заўважаў раней іх) паглядаюць на мяне, аб нечым гавораць. Учора Станіслаў Пятровіч гаварыў, што яны нават прасілі наладзіць сустрэчу са мной, але ён, малайчына, адказаў, што я атрымаў траўму і прыехаў усяго на некалькі дзён, каб крыху адпачыць, ачуняць. А, між іншым, мне ёсць што расказаць... Можна ўявіць, як выцягнуліся б ад здзіўлення іхнія твары...

3 салона даносіцца музыка. Мабыць, грае тая дзяўчына з ганарлівым позіркам? Я заходжу ў гасціную, ціха зачыняю за сабой дзверы. Яна адрываецца ад раяля, паглядае на мяне.

— На вуліцы зноў дождж,— кажу я, быццам прашу ў яе прабачэння.

— Дождж,— уздыхае яна.— Вечны дождж.

Некалькі імгненняў яна сядзіць нерухома, потым зноў пачынае іграць.

— Вам падабаецца? — пытаецца яна. Кароткі позірк, ледзьве прыкметная даверлівая ўсмешка.

— Падабаецца.

— Мне — таксама. Гэта Гайдн.

Добра, што мы адны ў гасцінай. Ціш-цішыня ў душы. Я заплюшчваю вочы, і мне здаецца, некуды імчу па начной шашы. Мне ўсё роўна, што там наперадзе чакае мяне, мне прыемна ехаць, вось і ўсё... Ехаць, ехаць.

— Можа, хочаце паслухаць што-небудзь сучаснае? — яе голас гучыць аднекуль здалёк.

— Калі ласка...

Мне здаецца, яна ўзрадавалася свайму адзінаму слухачу. Яшчэ некаторы час мы сядзім удваіх, потым заходзіць нейкая пажылая парачка. Яна кончыла іграць, глядзіць на мяне.

— Ведаеце што, пойдзем вып'ем кавы. Тут добра гатуюць,— прапанаваў я.

— 3 задавальненнем,— згаджаецца яна.

— Шкада,— уздыхае незнаёмы стары.— Вы цудоўна іграеце, мы прыйшлі паслухаць.

Ён, як мне здаецца, непрыязна глядзіць на мяне.

— Прабачце, але канцэрт закончаны,— кажу я.

У маленькім кафетэрыі нікога няма.

— Вы дарэмна пакрыўдзілі старога,— гаворыць яна і маленькімі глыткамі адпівае каву.

— Шкадую,— пагаджаюся з заўвагай.— Але я меў на ўвазе зусім іншае...

— Думалі пра сябе?

— У нейкім сэнсе... Усім ім падавай станоўчыя эмоцыі, ім напляваць, колькі яны каштуюць на самой справе.

У яе вачах непрыхаваны сум.

— Мне казалі, вы той самы Паўловіч, хоць, паверце, я футболам не захапляюся, але чула. Сама не ведаю, з якой нагоды і калі, але чула.

Мне не хочацца працягваць гэту размову.

— Прабачце, не ведаю вашага імя...

— Галіна.

— Дык вось, Галіна, давайце не будзем сёння пра футбол. Паверце, няма ніякага настрою. Ды сёння я не футбаліст... Наогул не ведаю, хто я. Проста будзем піць каву, і вы расказвайце мне пра музыку. Я ў ёй поўны прафан. Спрабую нешта зразумець, але нічога не атрымліваецца. Нагадваю гарылу, якую толькі-толькі зацягнулі ў канцэртную залу з джунгляў.

Яна ўсміхаецца.

— Не трэба хлусіць, бачыла, як вы слухалі... Чалавек без адчування не можа так слухаць.

— Дзякуй,— адказваю я і гляджу на яе рукі — танклявыя, з доўгімі нервовымі пальцамі.

Яна пачынае расказваць пра сябе: зрабіла памылку — выбрала музыку ў якасці прафесіі, цяпер, праз многа гадоў, стала ясна, што не дасягнула мэты, нечага не хапае, а шляху назад няма. Адно выйсце — пайсці выкладчыцай у музычную школу або яшчэ куды-небудзь. Я ўсміхаюся: ёй добра, у яе ёсць прафесія, а вось у мяне няма літаральна нічога, і далейшая дарога патанула ў тумане.

Мы п’ём каву, слухаем музыку, і раптоўна ў мяне з’яўляецца нечакая ідэя.

— Сумна тут, давайце з’ездзім у Маскву, павячэраем дзе-небудзь.

Яна ўскідвае бровы:

— У Маскву?! На вуліцы дождж, дый на чым ехаць?

— Я ўсё бяру на сябе. Вы згодны?

Галя паціскае плечукамі.

— Хоць і нечакана, але...

Я разумею, трэба ісці ў атаку.

— Вось і добра,— кажу я.— Паўгадзіны на падрыхтоўку, а я паклапачуся пра машыну.

Яна ўздыхае:

— Ад вас так проста не адчапіцца.

Я бягу да Станіслава Пятровіча. Выгляд у яго нечакана пахмурны.

— Дзе цябе носіць? Я заходзіў некалькі разоў... Ты разумееш, што да матча застаецца зусім нямнога.

Чамусьці я зусім забыў пра яго ўчора. Усё юшка...

Супакойваю яго, кажу, што ўсё выдатна помню (хоць некалькі гадзін думка пра матч ніводнага разу не наведала мяне), пройдзе яшчэ колькі часу, і я вымушаны буду прыняць якое-небудзь рашэнне, так што няхай ён не хвалюецца. Вочы ў Станіслава Пятровіча цяплеюць. Трэба цяпер ставіць перад ім задачу.

— Паслухай, мне тэрмінова, на адзін вечар, трэба паехаць у Маскву, на вуліцы дождж, да электрычкі я не дабяруся... Толькі ў адзін бок, вярнуся адтуль сам гэтым жа вечарам.

— Дзіўна... Твая паездка, спадзяюся, звязана з тваім рашэннем?

— Як табе сказаць?..— Я адчуваю, ён заганяе мяне ў куток.— Можна сказаць, што так... У майго даўняга сябра, ты выдатна ведаеш яго прозвішча — Захар’ін,— дзень нараджэння. Я проста не магу не павіншаваць яго. Там будуць нашы. Мне будзе прыемна сустрэцца з імі.

Ён цяжка ўздымаецца з-за стала.

— Ну што зробіш з табой? Калі думаеш ехаць?

— Праз паўгадзіны.

— Добра, машына будзе каля цэнтральнага ўвахода.

— Дзякуй, Станіслаў Пятровіч!

Я цалую яго ў гарачую, мяккую шчаку, хутка пераапранаюся, стукаюся ў пакой да Галі. Яна адчыняе дзверы:

— Я гатовая.

Коратка выкладваю свой план: чорная «Волга» будзе чакаць яе ля варот дома адпачынку. Я буду ў машыне. Гэта так, на ўсялякі выпадак. Станіслаў Пятровіч павінен бачыць, што я паехаў у Маскву адзін.

— Добра,— адказвае яна.

— Вазьмі парасон.

Машына на месцы.

— Добры дзень,— кажу я шафёру і ўважліва гляджу на яго. Прадасць ён мяне Станіславу Пягровічу ці не?

— Добры дзень,— з усмешкай адказвае шафёр.— Курс на сталіцу?

— Туды, але ёсць адна акалічнасць.

— Якая?

— Ля варот мы пачакаем яшчэ аднаго чалавека. Нядоўга, некалькі мінут. Толькі, разумееш, Станіслаў Пятровіч не павінен ведаць, з кім я паехаў у Маскву.

I тут нечакана для мяне шафёр пачынае рагатаць:

— А ён і так здагадаўся...

— Якім чынам?

— Выклікаў мяне, папрасіў, каб я адвёз аднаго вядомага майстра футбола ў Маскву, а потым задумаўся і дадаў, што, відаць, не толькі яго.

— Адкуль ён мог?!

— Вы блага ведаеце Станіслава Пятровіча... Ён на хвіліну задумаўся, а потым сказаў: «Нешта ён падоўгу праседжвае ў музычнай гасцінай каля адной прыгожай дзяўчыны...»

Тут ужо рассмяяўся я.

— Мне здаецца, Сіменон спісваў свайго Мегрэ з твайго шэфа.

Праз нейкую мінуту Галя абтрэсвае парасон, садзіцца на задняе сядзенне машыны, я — побач. I вось ужо перад намі вячэрняя дажджлівая дарога.

— Праз наўгадзіны будзем у Маскве,— гаворыць шафёр, і я заўважаю, што ён прыглядаецца да Галі.

Яна сядзіць у самым кутку, далёка ад мяне, але раптам падсоўваецца бліжэй. Гаворыць ціха:

— Дзякуй табе, я вельмі люблю дарогу.

— Я таксама.

Куды мы едзем з ёй, навошта? Я зноў хачу ўцячы ад сябе, але ці магчыма? I пры чым тут яна?..

12

Я пераканаўся, многія дні з майго жыцця (як, відаць, і з жыцця другіх людзей), знікаюць, быццам іх не было ніколі, а некаторыя застаюцца, жывуць, як старонкі кнігі (хоць часам і вельмі старой), і варта адгарнуць адну з іх, як перад табой раптоўна, неўпрыцям з’яўляюцца, ажываюць усе падзеі таго ці іншага дня да дробязей.

Я памятаю, тады таксама ліў дождж і была незвычайна цяжкая гульня з «Лакаматывам» (на трыбунах сядзела ўсяго некалькі чалавек). Усе мы былі брудныя, мокрыя, і, я ўпэўнены, кожны думаў не пра вынік матча, а пра тое, калі ён у рэшце рэшт скончыцца. I вось — фінальны свісток. Як дзікі чалавек я з незвычайнаю радасцю дарваўся да гарачага душа і з паўгадзіпы, не менш, стаяў пад ім. Хацелася паехаць дамоў і зваліцца ў ложак. Я ўскочыў у машыну і паўсонны каціў па вячэрняй Маскве. На сэрцы яшчэ ляжаў, не знікаў ніяк цяжар пасля нядаўняй гісторыі з Верай, са старым. Я працягваў суцяшаць сябе, што пройдзе нямнога часу і мы зноў абавязкова сустрэнемся з ёй, няхай нават і не так, як гэта здаралася раней, а ў якасці старых сяброў, якім прыемна сустрэцца... На гэтую думку напаўзала другая. Спачатку марудна, але потым усё больш упэўнена яна завалодала мною. Не, так не бывае, яна нічога не адчувае да таго чалавека, яна памятае мяне, думае пра мяне, не можа ж яна столькі часу выдатна выконваць ролю, хоць крыху і незвычайную, але ўсё ж такі (я быў упэўнены ў гэтым) закаханай жанчыны. I таму яна павінна (колькі разоў я чытаў пра гэта ў кніжках, даволі сур'ёзных і не зусім) расчаравацца ў ім і развітацца. I вось тады...

Гэтыя думкі (і яшчэ многія іншыя) не давалі спакою, мяняліся, збіваліся, ад іх цяжэла галава, трывожна рабілася на душы. У той вечар пасля цяжкога матча ў мяне нават не было сіл дацягнуцца да ложка, ад стомленасці адступілі звычайныя думкі, якія пастаянна круціліся ў галаве. Я заснуў у крэсле ля відэамагнітафона. Тэлефонныя званкі здаліся мне далёкімі пазыўнымі таямнічай радыёстанцыі. Некалькі разоў яны змаўкалі, узнікалі зноў, але я так і не мог адкрыць вочы. Нарэшце я дацягнуўся рукой да трубкі і пачуў голас Васільева:

— Што з табой здарылася? Званю мінут пятнаццаць...

— Прабачце, Вадзім Міхайлавіч. Нешта падобнае на летаргічны сон.

— Спадзяюся, ты прачнуўся.

— Вы ж разбудзілі.

— Дык вось збірайся і тэрмінова прыязджай да мяне. Ёсць непрыемная вестка. Але прашу цябе не хвалявацца.

— Што здарылася?

— Я ўжо сказаў — збірайся і не пазней чым праз паўгадзіны каб быў у мяне.

Я не марудзячы кінуўся да машыны. Няўжо стары? Я ехаў да Васільева і гнаў ад сябе страшную думку.

Я падняўся на восьмы паверх, дзе жыў Васільеў. Бягом — не мог дачакацца ліфта. Ён сустрэў мяне ля дзвярэй, жорсткім тонам загадаў распрануцца, запрасіў у пакой.

— Здарылася тое, чаго я не чакаў.

— Што-небудзь са старым?

— Памёр. Але гэта не ўсё. Ягоныя родзічы, а сярод іх аказаўся сярэдняга памеру начальнік, пачалі высвятляць усе абставіны гэтай справы. У міліцыі ім растлумачылі, што трагічная сітуацыя адбылася па віне старога. Але яны не супакоіліся...

Ен, відаць, заўважыў, як я ўвесь сцяўся.

— Ты не хвалюйся. Гэтым справе не дапаможаш. Трэба нам разам думаць, як жыць далей...

Я цяжка апусціўся ў крэсла. Васільеў пачаў расказваць, што родзічы старога (у гэты момант перада мной зноў з’явіліся ягоныя вочы) пачалі высвятляць, хто збіў іх бацьку і дзядулю, міліцыя колькі магла не выдавала мяне, тлумачачы, што ўсё адбылося па віне старога і футбаліст Паўловіч ні ў чым не вінаваты. Тады яны пабеглі ў бальніцу ў пошуках акта медыцынскай экспертызы. Акта экспертызы не аказалася. Паводле слоў Васільева гэта сапраўдны козыр у іхніх руках.

— А толькі што мне пазваніў родзіч старога, той самы начальнiк сярэдняга памеру, ён патрабуе сапраўднага расследавання абставін няшчаснага выпадку і ўжо напісаў пісьмы ў некалькі газет.

— Усё ясна... Прабачце, Вадзім Міхайлавіч, што гэтак падвёў вас. Я ж і на самой справе вінаваты. Нічога не зменіш...

Ён ускочыў з крэсла:

— Што ты вярзеш?! Калі б не твая сітуацыя, я не стаў бы ўмешвацца. Відаць, ты мяне дрэнна ведаеш... Да таго ж стары на самой справе вінаваты. Які д’ябал вымусіў яго выбягаць не з таго боку... А пра словы: «Я вінаваты» пастарайся забыць назаўсёды. Вакол цябе шмат людзей, у іх могуць быць таксама непрыемнасці. Усе яны сцвярджаюць, што ты быў абсалютпа цвярозы, таму экспертыза і не адбылася. У тым ліку міліцыянер-інспектар... Так што не ўсё згублена. Думаю, усё скончыцца нармальна. Але ты павінен трымацца, не расслабляцца ні на міг...

— Добра, буду трымацца,— сказаў я.— Але ўсё роўна я вінаваты, і ад гэтага мне не пазбавіцца.

Я выйшаў ад Васільева, сеў за руль машыны і падумаў, куды б мне паехаць? Я ўявіў сваю пустую кватэру і вырашыў — толькі не да сябе. Неўпрыцям пад’ехаў да Юркавага дома. Ён са здзіўленнем паглядзеў на мяне.

— Стары, ды на табе няма твару...

— Не толькі твару,— уздыхнуў я.

Я зайшоў у пакой, абвeшаны карцінамі (Юрка набываў іх дзе толькі мог), сеў за стол.

— Есці хочаш?

Я адмоўна махнуў рукой.

— Якая там яда? Жыць не хочацца.

— Ды кінь ты. Яшчэ малады, вось і кідаешся гэткімі словамі. А наогул ты не падабаешся мне апошнім часам.

— Не толькі табе...

— Давай з’ездзім куды-небудзь. У мяне таксама кепскі настрой. Думаю, гэта апошні мой сезон. Васільеў пачаў неяк дзіўна паглядаць на мяне... Я ведаю ягоны позірк. Выкінуць куды-небудзь у першую лігу. У лепшым выпадку. А што потым?!

— Нас усіх гэта чакае.

— Вядома, чакае, але табе лёгка разважаць. У цябе наперадзе ўсё жыццё, футбольнае ў тым ліку...

Я злосна зарагатаў. Падумаць толькі, «наперадзе ўсё жыццё». Калі б толькі ён мог здагадацца пра мой стан!

— Давай памаўчым. У душу быццам наплявалі...

— Ты ўсё з-за Веры?

— Каб толькі з-за яе! Ёсць яшчэ некаторыя абставіны. Але, павер, мне не хочацца пра гэта ўспамінаць.

Юрка ўзняў рукі ўгару:

— Прабач, я больш не буду. Сам не люблю, калі лезуць некуды ў самую сярэдзіну з непатрэбнымі пытаннямі. Дык што, паедзем?

— Куды?

— Пасядзім дзе-небудзь, надвор'е гэтаму, на мой погляд, спрыяе.

— Толькі не ў рэстаран. Не магу сёння бачыць нікога. Адчуваеш сябе як на арэне цырка.

— Ёсць яшчэ некалькі дамоў, дзе нас прымуць як самых дарагіх гасцей. Тым больш некалькі дзён не будзе матчаў. Часу адпачыць хопіць.

— Піць не хочацца... Нават падумаць пра пітво не магу.

— А ты нічога не думай. Не хочаш — не пі. А жаночая кампанія табе не пашкодзіць.

— Добра, паехалі. Не магу адзін сядзець дома.

— Ты за рулём?

— За рулём.

— Ну, нічога, машыну можна будзе пакінуць да заўтра.

Хутка мы анынуліся на вуліцы Хо Шы Міна, у кватэры Юркавага сябра Сяргея Дагурава. Я і раней чуў ад Булдыкі пра яго як пра вядомага балетнага адміністратара. У кватэры, абстаўленай у арабскім стылі (Дагураў доўгі час працаваў у Егіпце), гучала музыка, сядзелі па розных кутках госці. Сярод іх — некалькі танклявых маладых дзяўчат. Дагураў абвясціў, што да яго на агеньчык зазірнулі лепшыя прадстаўнікі футбола, гэта прыемна асабліва сёння, пасля прыгожых перамог дынамаўскай каманды, у чым, паводле ягоных слоў, была немалая наша заслуга: мая і Юркі. У мяне ў руках аказаўся бакал з нейкім кактэйлем, але ад аднаго толькі паху мяне ледзь не пачало ванітаваць. Я паставіў яго на стол. Успомнілася бальніца, пытанне ўрача: «Вы выпівалі?»

Да мяне падышла дзяўчына з доўгімі нагамі. Усе быццам з часопіса мод.

— Ведаеце, тут так сумна. Усё адны і тыя ж размовы. Надакучыла. Добра, што ёсць свежыя людзі... Якія, спадзяюся, любяць патанцаваць, а не толькі сядзець і піць.

— Я наогул не п’ю,— адказаў я.

— Цікава,— здзівілася яна.— Першы раз у жыцці сустракаю падобнага чалавека.

Мы танцавалі з ёй некалькі танцаў запар, потым мяне адазваў Юрка, шапнуў, што я дарэмна звярнуў увагу на даўганогую, у яе даўняя, трывалая сувязь з гаспадаром кватэры, той звярнуў увагу, што я не адыходжу ад ягонай пасіі, яму гэта не падабаецца, ёсць жа яшчэ дзве, не горшыя. Я паслаў Юрку да д’ябла, сказаў, што мяне наогул ніхто тут не цікавіць, інакш і быць не можа, у мяне не той настрой, а дзяўчына (я нават не ведаў яе імя) сама мяне выбрала.

Я ўзяў цыгарэту, выйшаў на балкон, закурыў. У твар прыемна ўдарылі пругкія струмені халоднага паветра.

Раптам я адчуў дотык рукі на сваім плячы. Перада мной стаяла дзяўчына.

— Тут холадна, ты не змерзнеш?..

— Я б з задавальненнем апынуўся цяпер сярод белага снегу...

— У цябе кепскі настрой?

Можна надумаць, табе шкада мяне?

Яна адказала спакойна:

— Шкада. I яшчэ. У цябе адзінага ў нашай камнаніі чалавечы твар. Калі хочаш, паедзем адсюль разам.

Я пагладзіў яе па валасах.

— Дзякуй, але ты мне не дапаможаш. Я паеду адзін.

— Куды?

— Сам не ведаю.

Незаўважаным выслізнуў з кватэры. 3 палёгкай ускочыў у машыну і ўявіць сабе не мог, што ніколі больш у жыцці не ўбачу Юркі. Не ўбачу жывога.

Назаўтра ў тэлефоннай трубцы я пачуў глухі (быццам нежывы) голас Васільева:

— Ты бачыў учора Булдыку?

— Бачыў.

Ён уздыхнуў і адпусціў моцнае слова.

— Адно за другім... Проста нейкі жах. Дык вось, яго больш няма.

Нешта скаланулася ў тым баку, дзе сэрца.

— Прабачце, як няма?

— Вельмі проста. Не тэлефошіая размова. Прыязджай на «Дынама». Збярэцца ўся каманда.

— Што здарылася?

— Усё. Я сказаў ясна — не патэлефоне.

Навошта я сеў у той момант за руль машыны?! Мне здавалася, я не даеду да стадыёна. У вачах мільгацелі дамы, прахожыя, я ледзь бачыў колер на святлафорах. Што магло здарыцца з ім? Бойка? Але ж кампанія там была вельмі прыстойная. Так мне ва ўсялякім выпадку здалося, ды і Юрка нармалыіы, спакойны чалавек, які пражыў немалое жыццё, і, нягледзячы на гарачы характар, не палез бы абы-куды. Званок Васільева здаваўся мне не больш чым памылкай. Можа, мне трэба было застацца там, нічога не здарылася б...

Калі я прыехаў, усе нашы былі ў зборы. Васільеў нервова хадзіў па трэнерскай. Вочы пачырванелі, твар — счарнелы.

— Дык ты бачыў яго ўчора?— спытаў Васільеў.

— Бачыў. У адной кампаніі, мы разам зайшлі туды, але я прабыў літаральна некалькі мінут і паехаў дамоў.

Тут ён паглядзеў на мяне з недаверам, але толькі на адно імгненне.

— Ага... А потым усё і здарылася. Ён пайшоў адтуль з адной дзяўчынай. Выклікалі ліфт, дзверы расчыніліся, але ліфт не прыйшоў... Ён, відаць, стаяў спіной да дзвярэй і не бачыў, куды ступіў... Дзяўчына следам за ім. Восьмы паверх... Мне пазванілі раніцой. Вось і ўсё...

Ен сціснуў скроні далонямі.

Раптам я ўбачыў, які ў яго стары твар. Шмат зморшчын, набрынялыя мяшкі пад вачыма. Юрка... Ён ніколі не будзе ўжо старым, маладым таксама. Ніхто не пачуе ягонага голасу. I ўсё з-за мяне. Ён бы не трапіў у тую кампанію, у пракляты ліфт, ён бы спакойна сядзеў дома і сёння быў бы разам з усімі на трэніроўцы. У мяне перасмягла ў роце, кроў ударыла ў галаву.

Васільеў падышоў да мяне.

— Бяда адна не прыходзіць... Усё збіраецца разам. Доктар... Я не мог падумаць... Быццам харошы чалавек. 3 ім было дамоўлена, але калі прыйшлі... Карэспандэнт, яшчэ нехта, сказаў, што ты выпіў. Гэтага, вядома, ніхто не зможа даказаць, але пачалося такое...— ён уздыхнуў.— Трэба паведаміць яго былой жонцы, бацькам, паклапаціцца, каб пахаванне прайшло як след... Нічога не зменіш у гэтай гісторыі, чалавека няма...

Не памятаю, што было далей. Нехта падыходзіў да мяне, распытваў, дзе мы былі з Юркам. Я адказваў, але не чуў свайго ўласнага голасу, потым я прагна курыў у калідоры, і зноў усё адбывалася па-за маёй свядомасцю. Потым мы пешшу ішлі з хлопцамі па вуліцах Масквы, яны ўспаміналі Юрку, а я больш маўчаў. Гадзіны, відаць, праз дзве я апынуўся ў сваёй кватэры. Навошта я пайшоў ад яго? Чаму мяне некуды панесла? Мог жа я, а не ён праваліцца ў шахту ліфта, і цяпер бы не было нічога. Гэта думка здалася асабліва прывабнай, яна ахінула мяне з нейкай лёгкасцю... Пра што гэта я? Чаму, чаму праклятая думка прыйшла ў маю паўпустую галаву і надзейна заняла ў ёй усё месца?

Я лёг на канапу... Столь перада мной пабітая сотнямі трэшчын, як стары чалавечы твар. Я адзін... Зусім адзін. Але ж павінен хто-небудзь быць побач, хоць адзін чалавек. Як захацелася мне ў той момант (як гэта было некалі Ў дзяцінстве — далёкім, незвычайным) прыпасці да грудзей маці, слухаць, як б’ецца яе сэрца (я ў гэткія моманты гаварыў: «Яно ў цябе здаровае, матуля, б’ецца роўна, нібыта гадзіннік»).

Я чую яе дыханне, як словы: «Супакойся, сынок, супакойся. Усё абыдзецца, вось пабачыш». Але яе няма, яе не можа быць. Ніколі!

А хто ёсць? Нікога побач... Мне захацелася ў гэты момант прабегчы на вялізнай хуткасці ўздоўж перапоўненых трыбун, міма дзесяткаў тысяч твараў і закрычаць на ўвесь голас: «Мне дрэнна, мне страшна, я зусім адзін!»I вось я закрываю вочы, мне здаецца, што я бягу і крычу. I аднолькавыя твары робяцца раптам рознымі, я углядаюся ў вочы, я крычу праз роўныя прамежкі часу, а ў адказ — урач у белым халаце: «Ён быў п’яны, я бачыў!», міліцыянер: «Мяне вымусілі сказаць няпраўду!», Васільеў: «Я ішоў на рызыку не дзеля яго, а дзеля футбола...»

А што такое ваш футбол? Гульня? Гульня ў што?.. Усё зводзіцца да аднаго: яны забілі альбо не забілі, выйгралі ці, наадварот, прайгралі. Мы для вас робаты, машыны, не больш, вам напляваць на тое, што робіцца ў нашых душах...

Я адкрываю вочы, абліваючыся халодным потам, зноў свідрую позіркам столь, адчуваю сябе вельмі старым чалавекам, а многім старым людзям, як кажуць, не хочацца жыць, яны ўсё бачылі на сваім вяку, і таму ім проста развітацца з жыццём. Што чакае мяне ў бліжэйшыя дні? Пахаванне Юркі, пачуццё віны перад ім... Незакончаная гісторыя з бальніцай. У лепшым выпадку — дыскваліфікацыя. Навошта чакаць гэтага? Я падыходжу да акна. Далёка ўнізе ідзе жыццё незнаёмых людзей. Яны некуды спяшаюцца, у іх ёсць планы, ёсць мэта ў жыцці. Проста перада мной лужына, з вышыні яна маленькая, маленькая. Вакол шэры асфальт... Чым не шахта ліфта? Глыбіня прыкладна тая ж. 3 мяне хопіць, адно імгненне лёту, і цябе няма — у адным замежным часопісе я вычытаў, што самазабойцы не далятаюць да зямлі жывымі. Смерць наступае ў палёце ад разрыву сэрца. Амаль што смерць птушкі. Я стаўлю нагу на акно, у мяне круціцца ў галаве... I раптам нейкая сіла адштурхоўвае мяне да канапы. Толькі не гэта, толькі не гэта. Я накрываюся з галавой. Мне хочацца схавацца — ад акна, ад сябе самога.

Перад вачыма — невялічкая лужына далёка ўнізе над акном і сцены шахты, вельмі вузкай шахты, якая вядзе да яе...

13

— Сама здзіўляюся, чаму я паехала сюды з табой. Нешта неверагоднае.

— Не задумвайся, паехала, і добра.

— Ты гэтак лічыш?

— Так.

Мы сядзім у паўзацемненым кутку ў рэстаране «Савецкі». Я любіў гэта месца і столік на дваіх. Калі мы зайшлі ў рэстаран, швейцар кінуўся да мяне з абдымкамі:

— А мы нядаўна ўспаміналі цябе. Добра, што ты зноў выплыў на паверхню. Той-сёй лічыў, што табе крышка пасля таго, як вярнуўся да сябе. А я ўвесь час быў на тваім баку. I наогул той пісака, на мой погляд, страшэнны падлюка! Даўнавата ты ў нас не быў...

— Паездкі, справы... Не хапае часу, хоць я без вас таксама засумаваў.

— Вось і выдатна.

Мы прайшлі ў залу разам з метрдатэлем Парфірычам. Ён чамусьці паглядаў на мяне з некаторай заклапочанасцю, і я падумаў, можа, нейкія чуткі дайшлі да яго (у рэстаране часта бываюць футбалісты), але потым супакоіўся, успомніў, што ён некалькі гадоў назад узяў у мяне пэўную суму грошай. Я і забыў пра іх...

— На сваё старое месца? — спытаў Парфірыч.

— Вядома,— сказаў я і падміргнуў Галі.

— Чакайце! — ён кінуўся да майго любімага століка, за якім сядзелі нейкія людзі.

— Няўжо ён іх згоніць?— спытала Галя.

— Не згоніць, а папросіць выслабаніць столік. Такая ў яго пасада.

— Няёмка.

— Не звяртай увагі.

I вось мы сядзім за столікам, за якім некалі была побач Вера (лепш не ўспамінаць пра гэта). Галя маленькімі глыткамі адпівае шампанскае, гаворыць:

— Адкуль яны ўсе цябе ведаюць? Дзіўна, але ад нашага століка амаль пе адыходзіць афіцыянт, проста нейкі замежны сервіс.

Я ўсміхаюся, сапраўды Парфірыч пастараўся.

— Некалі я любіў бываць тут. Даўно гэта было, Галя, у маладосці.

— А ты што, стары?

— Адчуванпе старасці альбо маладосці, як любіць паўтараць мой бацька, не залежыць ад узросту, усё залежыць ад унутранага стану чалавека. Менавіта там, далёка ўнутры я адчуваю сябе старым чалавекам (і тут я лаўлю сябе на думцы: «Што гэта я ёй расказваю, навошта?).

Відаць, я раптоўна змоўк, чым здзівіў Галю.

Яна ўскінула на мяне вочы (я нават здрыгануўся, якія яны вялікія і празрыстыя):

— Чаму ты замаўчаў, цябе нешта засмуціла?

— Ды так... Гавару табе сумнае нешта, а мы, наколькі я разумею, прыехалі сюды адпачыць?

Яна сказала, што ёй цікава мяне слухаць, таму што яна зусім яшчэ нядаўна адчувала нешта падобнае, калі раптам усё, уключаючы музыку, перастала яе цікавіць, здавалася, ад гэтага адчування будзе немагчыма калі-небудзь пазбавіцца, але потым усё нечакана сцішылася ў душы, зноў пачалі хваляваць здаўна знаёмыя рэчы.

— У мяне чамусь ніяк не праходзіць. I можа не скончыцца ніколі,— раптоўна выпаліў я, а потым дадаў рашуча: — Пайшлі танцаваць. Людзі наўкол, між тым, адчуваюць сябе нядрэнна. Я зайздрошчу ім.

Танцавала яна лёгка, з сапраўдным адчуваннем рытму. Я ўслых пашкадаваў, што не ўмею так. Яна сказала:

— Цікава, я ўяўляла вас зусім іншымі. Мне здавалася, спартсмены, асабліва прадстаўнікі такіх відаў, як твой, нейкія, як бы табе сказаць...

— Гавары проста — крэціны з адной звілінай у галаве.

— Не зусім так, але нешта падобнае. Аднойчы я ў метро чула размову маладых хлопцаў са спартыўнымі сумкамі на плячах. Не пераказаць...

Я сказаў:

— Прабач, але і твае музыканты такое могуць адмачыць! Футбалісты побач з імі часам выглядаюць паказальнымі гімназістамі з правінцыяльнага гарадка.

Яна зрабіла выгляд, што не пачула маіх слоў, пачала есці карэйку, якую тут выдатна гатавалі. Я адчуў, што на душы робіцца лягчэй. Шкада толькі, што на непрацяглы тэрмін, на нейкую гадзіну-дзве, потым вернецца ранейшае, і ад яго не пазбавіцца.

— У цябе засмучоны выгляд, можа, ты шкадуеш, што прыехаў сюды са мной?

— Наадварот, у мяне зараз нармалыіы настрой, быццам зваліўся нейкі цяжар.

— А можа, ты ўсё гэта прыдумаў? Павер, бывае так — у чалавека ў прынцыпе ўсё нармальна, але ён раптам стамляецца і пачынае ўсё ўскладняць... З’яўляецца шмат праблем, якія не даюць радавацца жыццю...

Я міжволі ўсміхнуўся.

— Ты разважаеш, як псіхолаг з нашай каманды. Ён часта прыходзіць з падобнымі размовамі. I тут пачынаецца... Нам трэба трымаць сябе ў руках у самыя складаныя моманты жыцця і гульні, трэба вучыцца пераконваць сябе ў тым ці іншым, трэба паляпшаць настрой, трэба захоўваць нервы... Мы глядзім на яго, слухаем, і нам, павер, бывае смешна. Самі ведаем яго даўно, розныя падрабязнасці з уласнага жыцця псіхолага і бачым, што сам ён не можа як след перамагчы розныя нягоды. Жыве шмат гадоў з нялюбай жонкай, пастаянна матляецца ў другі горад, дзе яго чакае любімая жанчына. I яшчэ шмат іншага. I з выгляду ён чалавек первовы, набрынялыя мяшкі пад вачыма ўвесь час уздрыгваюць, рукі трасуцца. Але вось вучыць нас і верыць, што зможа дапамагчы...

Потым я дадаў:

— Прабач, я не хацеў цябе пакрыўдзіць... Я нічога не прыдумаў для сябе, на сённяшні дзень я сапраўды не ведаю, хто я ёсць, чым буду займацца заўтра, яшчэ праз дзень...

Яна нічога не адказала. А я раптоўна ўспомніў адзін вечар за гэтым самым столікам, побач хадзіў той самы Парфірыч. Настрой у мяне быў выдатны — я забіў у апошніх матчах некалькі галоў, мы выйгравалі, і Вера сказала мне ў той вечар, што адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслівай. Яна не любіла такіх слоў і ніколі не збіралася мне іх гаварыць, але не змагла іх стрымаць. Мы танцавалі, і я спотайкі цалаваў яе. Як даўно і як нядаўна тое было!

Побач апынуўся Парфірыч.

— У вас усё ў парадку?

— Афіцыянт вельмі часта падыходзіць. На наш столік звяртаюць увагу,— адказаў я.— Скажы яму, каб не мітусіўся перад вачыма.

I тут Парфірыч нахіліўся да мяне:

— Ты не падумай, я памятаю пра грошы... Некалькі разоў я прыносіў іх, але ты не заходзіў. Я бываў на матчах, насіў грошы ў кішэні, але ж да вас прабіцца, як да якога-небудзь прэзідэнта. А нядаўна замяніў машыну, а часы не тыя. Навару амаль ніякага няма.

- Ды кінь ты гэта, Парфірыч... Мне ў бліжэйшы час не спатрэбяцца.

- Вось і дзякуй, а то я падумаў, ты заехаў спецыяльна, і месца сабе не знаходжу... Што яшчэ трэба?

— Фірменныя цыгарэты ёсць?

- Ты пачаў курыць? — на ягоным твары здзіўленне.Звычайна ў гэтым рэстаране нават у кампаніі я толькі еў.

— Чамусьці пацягнула. У вас так прыемна.

— Тады трымай. 3 майго асабістага фонду. Падарунак,— ён працягнуў пачак фірменных цыгарэт.

Мы выпілі, і я прагна зацягнуўся. 3 непрывычкі зашумела ў галаве. Мяне пацягнула выгаварыцца, першы паказчык таго, што я выпіў. Я пачаў расказваць пра тое, якіх людзей сустракаў у гэтым рэстаране, як аднойчы тут на маіх вачах счапілася нейкая кампанія з артыстамі вядомага цыганскага тэатра, мы не маглі не ўмяшацца і ледзьве не трапілі ў міліцыю разам з усімі, але нас імгненна пазналі, і мы зніклі незаўважна, дзякуючы намаганням усё таго ж Парфірыча. Яшчэ я паказаў на дзяўчат за суседнімі столікамі...

I тут у яе вачах бліснулі свавольныя агеньчыкі. Я зразумеў — перабраў у сваіх гісторыях.

— Ну й успаміны!..— Яна не схавала насмешкі. Але, відаць, убачыўшы маю разгубленасць, памякчэла: — Раскажы лепш пра сябе, пра сваё жыццё. Не ведаю чаму, але мне хочацца ведаць пра цябе ўсё.

Я паглядзеў у яе вочы. Недзе глыбока, далёка ў іх... Прывабны паўзмрок, таямнічы паўзмрок... Што я мог расказаць ёй? Пра якое жыццё? Тое, што было пасля Веры. Як спрабаваў забыць яе, шукаў выпадковых сустрэч, потым паводзіў сябе як сарамлівы хлапчук. Я не мог уявіць на яе месцы другую... Я маўчаў, курыў і глядзеў некуды міма яе вачэй, я не мог нічога сказаць.

— Прабач,— сказаў я нарэшце,— занесла... Давай лепш вып'ем шампанскага. Пасля яго не так страшна...

Яна робіць маленькі глыток.

— Ты зараз нагадваеш мне хлапчука. А спачатку здаваўся нейкім самаўпэўненым піжонам. Цяпер ты зусім іншы... Хоць не, я зразумела гэта яшчэ тады, як ты раптам прыйшоў слухаць музыку. I твой твар... Нечаканасць. Я ледзь не збілася.

Падскочыў Парфірыч:

— Косця, хлопцы з аркестра пазналі цябе. Пытаюцца, што сыграць, бясплатна, вядома. Падарунак табе...

Я задумаўся і паглядзеў на Галю.

— Калі можна, «Шэрбургскія парасоны». Некалі ў іх гэта выдатна атрымлівалася.

- Добра, я ім скажу. Толькі яны даўно не выконвалі гэтую мелодыю.

Ён гэтак жа хуценька знік.

- Я таксама люблю гэтую мелодыю,— сказала Галя.

Некалькі хвілін музыкі не было, але вось яна... Спачатку нясмелая, потым усё больш упэўненая. Успомнілі! У здзіўленых наведвальнікаў закруціліся галовы. Цяпер у модзе іншыя мелодыі. Гэтую любіла маці. Мы танцавалі з Галяй, і хлопцы з аркестра ківалі нам галовамі.

— Гэты танец ты выконваў, як на конкурсе,— заўважыла Галя, калі мы ішлі праз залу.

Нейкі чалавек з прыпушчанымі вусамі паглядзеў на мяне. Не ведаю чаму, але я адвёў свой позірк убок. Верагоднасць сустрэчы з кім-небудзь са старых знаёмых у гэтым рэстаране была вялікая, але гэты позірк... Ён усё ж такі здаўся мне знаёмым. Мы селі за столік, і тут вусацік падышоў да мяне. Ён звярнуўся да Галі:

— Прабачце, але я хачу выклікаць вашага сябра на кароткую размову.

Гэта мяне развесяліла.

— Паслухай, ты... Не ведаю, як там цябе... Ідзі хутчэй прэч адсюль, пакуль табе не дапамаглі!

Ён уздыхнуў.

— Бачыце, як ён размаўляе са старымі сябрамі. А некалі... Некалі было многае, толькі Канстанцін Паўлавіч забыў. Нешта з ім здарылася, а можа, са мной...

Я паглядзеў па яго больш уважліва — дзікунскія вусы, якія закрываюць рот, старая куртка, пацёртыя джынсы. I раптам — вочы.

— Божухна! Сяргей Дагураў!

Ён схіліўся да мяне і працягнуў руку.

— Нарэшце мяне пазналі. Я, вядома, змяніўся, але не настолькі, каб...

Той самы Сяргей Дагураў, у якога мы апошні раз былі разам з Юркам. Я сказаў:

— Прабач, Галя, гэта мой даўні сябра. Я выйду з ім на хвіліну.

Мы пакінулі залу рэстарана. Ад Сяргея несла гарэлкай. Я ўспомніў яго ранейшага — сапраўдны плейбой, на кожным слове машыны, вялікі тэніс, самыя прыгожыя дзяўчаты Масквы...

— А ты нічога сабе выглядаеш, і на футбольным полі, і тут. Малайчына, ты вытрымаў усё... У адрозненне ад мяне.

Я яшчэ раз паглядзеў на яго ўважліва, спытаў:

Што з табой здарылася?

— Нічога асаблівага, не фарціць апошнім часам, усё пайшло дагары нагамі...

I тут я ўспомніў, што ніколі не ведаў, чым ён займаецца, дзе працуе.

— Але нічога, хутка, я гэта адчуваю выдатна, усё зменіцца ў лепшы бок... Памятаю я той пракляты вечар, калі вы прыехалі з Юркам. Ён сказаў, што табе вельмі дрэнна, а ён, магу табе сказаць шчыра, паважаў цябе за талент. Ён папрасіў мяне, каб я развесяліў цябе, наколькі гэта магчыма... А потым?! Нават і сёння, калі столькі часу прайшло, не верыцца, што яго больш няма.

— Не верыцца,— пагадзіўся я.

Навошта я сустрэў яго ў гэты вечар?

— А ты малайчына, выпаўз тады на паверхню, хоць у гэта ніхто больш не верыў, і я таксама. Думаў, закапалі цябе навечна... А цяпер усё выдатна — зноў зборная, паездкі. I напляваць, што ты не ў Маскве. У вас добрая каманда, хоць нечага самага галоўнага ёй не хапае.

Я з сумам паглядзеў у бок залы. Ён перахапіў мой позірк.

— Разумею, дзяўчына чакае. Да таго ж нязвыклая для нашых мясцін, некранутая... Мне проста было прыемна цябе бачыць. I не звяртай увагі, што я так выглядаю. Не фарціла апошнім часам, зусім не фарціла, але хутка гэта скончыцца. Я сам адчуваю, засталося чакаць нямнога...

Нечага ён недагаворваў. Я спытаў:

— Якія ў цябе праблемы?

— На сённяшні вечар?

— Вядома.

Ён паціснуў плячамі. Не, у ім нічога не засталося ад таго хлопца, якога я шмат разоў бачыў з Юркам.

— Як бы табе сказаць... Для поўнага шчасця на сённяшні вечар не больш чым паўсотні. У наступны раз, а мы сустрэнемся абавязкова, я табе вярну.

Я працягнуў яму грошы. Ягоныя вочы ўспыхнулі радасцю.

— Дзякуй, стары... Юрка невыпадкова гаварыў, што ты добры хлопец.

— Бывай.

Я хутка вярнуўся да стала.

— Цябе так доўга не было.

— Не мог пакінуць яго адразу. Многае некалі звязвала, а калі гаварыць канкрэтна, то агульны сябра. Яго больш няма.

— Што з ім здарылася?

Я зрабіў глыток шампанскага.

— Загінуў... Можна сказаць, каб не я...

Я замаўчаў і паглядзеў у бок аркестра. Нейкія тоўстыя, лысыя людзі танцавалі са сваімі сяброўкамі. Яе гарачая далонь лягла на маю руку.

— Прабач, што я спытала цябе. Табе непрыемна ўспамінаць...

— Непрыемна... Мне было дрэнна ў той вечар, вельмі дрэнна. Паехаў да яго, ён вырашыў мне дапамагчы развеяцца, мы заехалі да гэтага былога піжона...

— Непрыемны тып.

— Ты б убачыла яго некалькі гадоў назад! Дык вось... Мне кампанія не спадабалася, я паехаў, а сябар мой застаўся. А потым — ліфт, шахта, смерць...

Мне раптам захацелася пайсці хутчэй з рэстарана, яна быццам бы адчула мой настрой.

— Ведаеш, нам трэба ехаць. Позна ўжо... Дый на вуліцы свежае паветра.

— Добра, паехалі...

Мы знайшлі таксі і праз нейкіх дзесяць мінут кацілі з Масквы да дома адпачынку.

— Дзякуй табе за цудоўны вечар,— сказала яна.— Мне спадабалася.

— Які цудоўны?!. Нагаварыў абы-чаго.

Яна засмяялася.

— Бывае, а мне сапраўды было прыемна.

Калі мы прыехалі і ўвайшлі ў пусты, сонны замак, я прапанаваў:

— Зойдзем да мяне.

Сам не ведаю, як у мяне вырваліся гэтыя словы.

I адчуў дотык яе гарачай рукі.

— Не трэба. Прыходзь лепей заўтра слухаць музыку.

— Прабач, гэта ў мяне вырвалася міжволі. Добрай ночы.

Я быў удзячны ёй за яе адмову...

14

Ноч навальваецца нечакана, за вокнамі шчыльная шэрая сцяна дажджу. Я пільна гляджу ў цемру, быццам што-небудзь убачу ў ёй. Цемра бясконцая, як космас. Яна аб’ядноўваецца з цемрай тае начы, якая мяне душыла насля пахавання Юркі (твар ягоны быў спакойны, малады. У жыцці ён ніколі гэтак ме выглядаў). Я знаходзіўся ў маленькім пакойчыку з абдрапанымі сценамі, на жалезным ложку. Побач — ваенная форма, лейтэнанцкія пагоны на гімнасцёрцы. У вушах усё яшчэ гучалі словы Васільева:

— Каб выратаваць цябе, трэба строгае пакаранне. Арышт... Ні больш ні менш. Ты афіцэр і павінен адказваць за ўсё па-афіцэрску...

Так, я ж на самой справе афіцэр. Памятаю, як ля варот вайсковай часці ўнутраных спраў, куды мяне своечасова схавалі, хадзіў прадстаўнік арміі і пытаўся ва ўсіх, каго толькі сустракаў, ці не служыць у гэтай часці Кастусь Паўловіч, але папярэджаныя людзі толькі здзіўляліся, маўляў, упершыню чуем. Спробы армейскага клуба забраць мяне ў свае рады закончыліся правалам. Я застаўся дынамаўцам, і тут не абышлося без прыгод (ваенкома, які парушыў нейкі парадак па маім прызыве, тэрмінова адправілі на пенсію). I вось каля мяне афіцэрская форма, я ўглядаюся ў задушлівую цемру і думаю, калі я і сапраўдны афіцэр, то чаму ў мяне няма нічога афіцэрскага пад рукой?..

— Мы схаваем цябе на гаўптвахце, пакуль сціхне. Ніякі карэспандэнт цябе не знойдзе,— кажа Васільеў.— Ты ведаеш, цяпер ім далі гэткую волю, што ніхто не хоча з імі звязвацца. Пісака ўвесь час тырчыць у Цэнтральным савеце, распытвае пра цябе, але дрэннага ніхто сказаць не можа. Пісьмо і словы ўрача нічога яму не дадуць. Я ўпэўнены. Ніхто нічога не дакажа.

— Мне на гэта напляваць...

Ён моцна страсянуў мяне за плячо.

— Што ты гаворыш?! Вазьмі сябе ў рукі.

— Надакучыла браць сябе ў рукі. Увесь час чую адно і тое ж — вазьмі сябе ў рукі. А калі я не хачу?

Выгляд у Васільева стаў крыху разгублены.

— Дзіўна, я ўвесь час лічыў, што ты сур’ёзны чалавек, выдатна ведаеш, чаго хочаш. Я з табой, як мне здаецца, гавару нармальным тонам, а ты... Зразумей, у жыцці будзе нямала момантаў, калі захочацца апусціць рукі. Калі гэта здараецца ў старасці — чорт з ім, можна апускаць... Але цяпер, у тваім становішчы, калі наперадзе вялікая дарога ў спорце, у жыцці, калі ты лічышся амаль што першым нумарам... Не, гэта недаравальна, я прашу цябе, зразумей гэта як мага хутчэй.

Я прамаўчаў. Я не меў права псаваць ягоны настрой.

I вось — бясконцая, касмічная цемра. Крокі вартавога за дзвярыма. Вечарам ён прынёс мне вялізны кавалак мяса.

— У вашай канторы так усіх кормяць? — спытау яў сяржанта.

Той усміхнуўся:

— Вас загадана карміць, як на зборах. Начальства папярэдзілі, што трэба зберагчы вашы сілы, іначай з іх здымуць галовы.

Усю ноч да самай раніцы я гнаў думкі пра Веру. А можа, усё ж такі варта было пазваніць ёй, можа, у яе яшчэ нічога не было ці наогул не атрымалася з тым дыпламатам? Можа, яна звоніць мне, а я тут...

Раніцой, калі я, як палонны, хадзіў на двары ў гімнасцёрцы без рамяня, мяне паклікаў дзяжурны:

— Вас тэрмінова да тэлефона.

— Хто?

— Ваш бацька. Начальства загадала паклікаць вас да тэлефона.

Я прайшоў у дзяжурны пакой, узяў у рукі трубку.

— Што з табой здарылася?

У бацькі надзіва ўсхваляваны голас.

— Усё нармальна.

— Я ўчора вечарам выпадкова ўключыў тэлевізар і са свайго кабінета пачуў, што ты не ўдзельнічаеш у гульні (тады я яшчэ не ведаў, што бацька мой балельшчык). Захварэў?

— Як табе сказаць...

— Я званіў у «Дынама», мне сказалі, што ў цябе ваенныя зборы.

Я ўздыхнуў вальней.

— Табе правільна сказалі, тата. У мяне ваенныя зборы,— я падміргнуў дзяжурнаму.— Ты ж ведаеш, што я афіцэр унутраных войск. У нас таксама бываюць зборы...

— У самым разгары сезона. Дзіўна... I калі гэта скончыцца?

— Як загадае начальства. Думаю, нядоўга.

Бацька замоўк. Відаць, ацэньваў сітуацыю.

— Я прашу цябе аб адным. Ты не знікай, звані мне. Апошнім часам не вельмі добра сябе адчуваю. Нейкая страшэнная стомленасць...

— Добра, я пазваню ў бліжэйшы час. Ты беражы сябе.

Я паклаў трубку.

— Бацькі ўсе аднолькавыя,— задуменна сказаў дзяжурны.— Нават тут знайшоў. Дарэчы, вам прывезлі спартыўную форму. Адміністратар каманды. Вось сумка. Можаце трэніравацца. У нашай часці нядрэнны стадыён, спартыўная зала. Ёсць футбольныя мячы.

— Дзякуй, але сёння аніякага жадання. Праходжу акліматызацыю ў вашых апартаментах. А заўтра, відаць, пачну.

Я ўзяў сумку з формай і паплёўся ў свой нумар.

Добра, што скончылася ноч, добра... Я лёг і спрабаваў ні пра што не думаць. Шчыра кажучы, унутры ўсё даўно амярцвела, мяне не цікавіла, чым скончыцца ўся гэта гісторыя. Мне не хацелася гуляць у футбол, не хацелася нікога бачыць. Я ляжаў і пераконваў сябе, што ўсё ў маім жыцці нармальна, я нікога не бачу, ніхто не бачыць мяне, мне добра тут, я адпачываю, і таму маё сэрца больш не скача шалёна ў грудзях... Есці я адмовіўся. I днём, і вечарам. Нішто не лезла ў горла. Прыбег усхваляваны дзяжурны:

— Чаму вы адмаўляецеся ад ежы? Наш повар спецыяльна гатуе яе для вас. Ён, можа, і страціў кваліфікацыю, тут не рэстаран, вядома, але ўсё прыстойна.

— Сістэма ёгаў,— адказаў я ўпэўнена,— няма нагрузкі, значыцца, не патрэбны лішнія калорыі. Я ляжу, адпачываю, і есці мне не хочацца.

Дзяжурны падышоў бліжэй:

— А гэта не галадоўка?!

— Вы, таварыш капітан, начыталіся артыкулаў пра ірландскіх барацьбітоў. У мяне няма прычыны аб’яўляць галадоўку, я не хачу здзівіць вашу гаўптвахту. Мне проста не хочацца есці. У вас бывае такое?

— Шчыра кажучы, не магу прыпомніць выпадку, каб я не хацеў есці.

— Вам пашанцавала. Трэба было заняцца як след спортам. Калі чалавек увесь час хоча есці, гэта сведчыць пра тое, што ягоны арганізм працуе, як машына.

— Праўда? — на твары капітана з'явілася ўсмешка.

— Абсалютная. I жанчыны вам, вядома, таксама падабаюцца.

— Яшчэ як!

— Вы маглі б стаць сапраўдным прафесіяналам,— запэўніў я.— У вас усё для гэтага ёсць. Але нам патрэбна таксама і моцныя, маладыя генералы. Жадаю вам дасягнуць гэтага.

Капітан засмяяўся.

— Не чакаў, што сустрэну тут вас.

— Няма нічога дзіўнага. Я таксама не чакаў. Яшчэ ўчора. А сёння я рады адчуваць сябо членам вашай афіцэрскай сям’і.

— А як вы лічыце?.. У нас не самае горшае жыццё?

— У вас проста выдатнае жыццё. Пра такое можна толькі марыць.

— Вось і я кажу, што мне пашанцавала. Кормяць, форму даюць, і ніякіх вытворчых планаў — ні трактароў, ні галоў...

— Прыемна гаманіць з чалавекам, які валодае сапраўдным пачуццём гумару.

Мне здавалася, не пройдзе і хвіліны, як я плюну ў ягоны самаўпэўнены твар. А можа, нават стукну. Кароткі ўзмах рабром далоні (нас вучылі гэтаму неяк на агульнафізічнай падрыхтоўцы), і цела шчаслівага ўладальніка пагонаў, будзе ляжаць пасярод майго нумара.

— Дзіўна,— між тым гаварыў капітан.— Яшчэ некалькі дзён назад я марыў узяць у вас аўтограф для сына, а сёння вы мой падначалены. Я магу вас пакараць, магу накрычаць на вас.

— Жыццё тым і цікавае, што поўнае нечаканасцей. А цяпер, прабачце, капітан, я хачу адпачыць. Самі разумееце — сістэма ёгаў.

— Разумею, разумею,— сказаў ён і закрыў за сабой дзверы.

Я лёг і пачаў успамінаць сваё ранейшае жыццё, тое самае, што скончылася некалькі дзён назад, пакуль я ўпэўнена ішоў да гэтай гаўптвахты. Я здаваўся сабе звярком, над якім хтосьці нябачны праводзіў свой эксперымент, запланаваны, разлічаны да дробязей. Мяне вялі ў адзін бок, потым у другі, а я ішоў, не заўважаючы, што з’яўляюся нечым накшталт драўлянага чалавечка з лялечнага тэатра. Ішоў і вось цяпер апынуўся тут, на гэтым жорсткім ложку, у гімнасцёрцы з лейтэнанцкімі пагонамі. Але эксперымент не скончыўся, ён, вядома, будзе працягвацца, толькі немаведама колькі і да якога выніку ён прывядзе мяне. Што наперадзе? Дыскваліфікацыя... Тады якая — назаўсёды альбо кароткатэрміновая? А можа, яшчэ горш — давядзецца змяніць гэты даволі ўтульны пакой на нешта іншае, маленькае, з кратамі на вокнах?! Я думаю пра гэта абсалютна спакойна, быццам я сам раблюся аўтарам эксперыменту, а звярок, мышаня ці трус, нехта іншы, той, да каго я не маю амаль ніякіх адносін, пачуццяў. Мне прыемна думаць пра гэта пад шэрай салдацкай коўдрай, я абсалютна спакойны, думкі мае цякуць павольна ў невядомым кірунку, і мяне зусім не цікавіць у якім. Я не ведаю, колькі гэтак прайшло часу, можа, многа, а можа, і не. Я пераскокваў з адной думкі на другую, а потым пачуў крокі за дзвярыма. На парозе з’явілася постаць Васільева і дзяржтрэнера «Дынама» па футболе Малыгіна.

— Зірні, ён добра тут уладкаваўся,— сказаў Васільеў, і мне здалося, што ён спрабуе ўсміхнуцца.

Я сеў на ложку, прыгладзіў валасы.

— Амаль як на зборах. Праўда, умовы не тыя і вартавы за дзвярыма, але нічога, затое можна нармальна адпачываць.

Васільеў прысеў побач.

— А чаму ў цябе няма апетыту?

— Усё проста, Вадзім Міхайлавіч. Як у вольнай птушкі, якая раптоўна апынулася ў клетцы, прапаў голас.

Малыгін таксама сеў на абшарпаны табурэт.

— Па-першае, ты, мой дарагі, не птушка, а па-другое, знаходзішся не ў клетцы. Пакуль мы ўсе ногі пазбівалі па тваёй віне, ты тут гасцюеш і не ведаеш, колькі непрыемнасцей усім нам падкінуў.

— Даруйце, калі зможаце.

Малыгін ляпнуў сабе па назе, павярнуўся да Васільева:

— Ну ты паглядзі, ён паводзіць сябе, як пакрыўджаная дзяўчына.

Васільеў ускінуў на яго вочы:

— Міхаіл Сямёнавіч, давайце цяпер пра іншае... Тое, дзеля чаго мы прыйшлі сюды. У яго, паверце, былі не самыя лепшыя гадзіны ў жыцці ў апошнія дні. Я вам гаварыў...

— У мяне таксама,— адказаў Малыгін коратка.

Некалі ён трэніраваў «Дынама» потым, пасля чарговага правалу (як гэта звычайна здараецца з трэнерамі), шмат павандраваў па краіне, а цяпер, на старасці гадоў, атрымаў больш-менш спакойную пасаду дзяржтрэнера «Дынама». У таварыстве не забылі яго колішніх заслуг.

— Як я разумею, вы прыйшлі судзіць мяне. Але чаму вас двое? Тут ёсць трэці — капітан. Паклічце яго, атрымаецца тройка. Усё адбудзецца ў лепшых традыцыях.

Васільеў прыкусіў ніжнюю губу. Зараз скажа што-небудзь рэзкае ў адказ на мае словы (гэты жэст добра вядомы ў камандзе, звычайна ён не абяцаў нічога добрага).

Але першы пачаў Малыгін:

— Цяпер я добра разумею, як пастаўлена выхаваўчая работа ў вашай камандзе, Вадзім Міхайлавіч. Не трэба ніякіх праверак, экземплярчык перад памі. Той журналіст мае рацыю — зорная хвароба.

Васільеў падняўся з ложка.

— Сямёныч, калі мы прыйшлі сюды разам, то давайце разам гаварыць пра справу. Здаецца, мы так дамаўляліся?

Малыгін уважліва паглядзеў на Васільева.

— Што ж, давайце пра справу,— сказаў ён ледзь чутна.— А справы нашы, малады чалавек, не вельмі добрыя. Пра ўсю гэту гісторыю пайшла пагалоска, дакацілася яна і да начальства. А начальства не хоча пераходзіць у разрад радавых людзей, дзякуючы такім малойцам, як вы...

Васільеў у знак згоды кіўнуў галавой.

— Сапраўды, пагалоска пакацілася, як лавіна з гары... Начальства ў разгубленасці. Мы ўчора доўга сядзелі ў спорткамітэце. Калі б каманда не ішла так добра, то і мне, і іншым давялося б шукаць сабе месца пад сонцам далёка ад сталіцы. Але ў цэлым усё скончылася амаль што нармальна. Учора было прынята рашэнне...

I тут Васільеў уважліва паглядзеў на мяне. Ад маёй нядаўняй абыякавасці нічога не засталося. Кроў ударыла у галаву, узмакрэлі рукі. У позірку Васільева я не прачытаў нічога прыемнага, ён наогул ніколі не мог схаваць сваіх пачуццяў. Усё было напісана на ягоным твары, як у перадавым артыкуле газеты: ясна і проста.

— Дыскваліфікацыя?— вырвалася ў мяне.

— Гэта было б вельмі простае рашэнне, хоць учора адзін чалавек катэгарычна выказаўся за яго.— Васільеў задуменна паглядзеў некуды ўбок.— Але страціць цябе для футбола ў разгары формы было б, на мой погляд, неабдумана, тым больш што абвінавачванні ў твой адрас носяць маральны характар. Хваліць цябе сёння няёмка, але ты патрэбны і зборнай, і нашай камандзе, і нашаму футболу ў цэлым. У цябе наперадзе спартыўнае жыццё. Ты яшчэ многае зможаш зрабіць. Я не ведаю, як вырашаць са зборнай... Пытанне на сённяшні дзень адкрытае, а вось з нашым клубам давядзецца развітацца. Я не хачу сказаць, што назаўсёды, але на нейкі пэўны час, пакуль сціхнуць размовы вакол твайго імя...

Тут ужо з ложка ўскочыў я.

— Развітацца?! У якім гэта сэнсе?.. Якая-небудзь другая ліга?

Малыгін усміхнуўся.

— Гарачы чалавек... Успамінаю сябе ў тваім узросце... Размова ідзе пра тое, як табе дапамагчы, зразумей ты гэта, і ніхто не збіраецца цябе выкідваць у другую лігу, адкуль ты можаш ніколі не вярнуцца. Усяго толькі камандзіроўка ў свой родны клуб. Твой старшы трэнер доўга змагаўся супраць гэтага рашэння, але і ён у рэшце рэшт зразумеў, што лепшага выйсця ў той сітуацыі, якая склалася, проста не можа быць. Цяжка ўявіць пярэднюю лінію «Дынама» без цябе, але нічога не зробіш.

— Так, Кастусь, на жаль, іншага рашэння быць не можа. Заўтра ты будзеш на волі... Пытанне ўзгоднена з Федэрацыяй футбола, кіраўніцтвам спорткамітэта. Праз некалькі дзён выйдзеш на поле ў складзе сваёй роднай каманды,— сказаў Васільеў.

Адразу ўявіў твары сяброў па камандзе, тых самых, якія праводзілі мяне ў Маскву,— Фалалеева, Ярэмчанкі... Сваю пустую, вялізную кватэру...

— А калі я адмоўлюся,— ледзь вымавіў я перасмяглымі вуснамі.— Давайце ў любую іншую каманду, але толькі не ў сваю.

— Немагчыма,— сумна ўздыхнуў Васільеў.— Па-першае, ёсць рашэнне. Яно звязана з тым, што я збіраюся абавязкова перавесці цябе назад. Прасцей будзе забраць цябе з «Дынама». Ды і для грамадскасці не будзе асаблівых пытанняў — часова адкамандзіраваны ў сваю родную каманду, якой, дарэчы, даводзіцца ў гэтыя дні, як ты сам выдатна ведаеш, нялёгка. Я размаўляў учора з Фалалеевым, ён з радасцю сустрэў гэтую навіну. Усяго па тэлефоне я растлумачваць не стаў, сказаў толькі, што так склаліся абставіны.

Я сціснуў скроні далонямі:

— Баюся, вам давядзецца сілком упіхваць мяне ў вагон.

— Ды вы паглядзіце на яго?! — амаль выкрыкнуў Малыгін. — Ты ж забіў чалавека, пазбавіў яго самага дарагога, што толькі можа быць. I за гэта цябе не судзяць, а адпраўляюць у родную каманду. I ўсяго. Ды ты павінен у нагах валяцца, дзякаваць за такі зыход!

Я нічога не адказаў.

- Сямёнавіч, пачакайце мяне там,— напрасіў Васільеў спакойна і паказаў Малыгіну на дзверы.

— Дзякуй, я і сам хацеў пайсці, каб не прысутнічаць пры гэтай непрыемнай размове,— адказаў той і бразнуў дзвярыма.

Васільеў зноў сеў побач.

— Дарэмна ты так, Косця. Усё складваецца для цябе не трагічна. Падумай сам...

— Я ўсё разумею, але... Нейкая чорная паласа ў жыцці. Ніводнага прасвету няма. Як гэта вытрымаць?!

— Вытрымаеш. Заўтра цябе выпусцяць адсюль, паедзем на трэніроўку, потым выйдзеш на свой апошні матч у складзе нашай каманды. I спакойна паедзеш у Мінск. Паспрабуй узважыць усё без асаблівых эмоцый і сам зразумееш, што лепш не прыдумаць. Не выключна, з’явіцца артыкул у газеце, у якім дастанецца ўсім нам: і табе, і мне, і кіраўніцтву таварыства. Часы цяпер такія, што барзапісцы шукаюць супраць вашага брата розныя сенсацыі. Але і пасля гэтага нічога страшнага не здарыцца. На Захадзе нават плацяць вялікія грошы, каб чыё імя з’явілася ў нейкай скандальнай хроніцы. Прапусціш некалькі матчаў у складзе зборнай, а потым возьмуць, сам ведаеш, што табе на сённяшні дзень няма замены.

Я ўздыхнуў на поўныя грудзі, але паветра ўсё роўна не хапала. Ён яшчэ доўга гаварыў пра тое, што мне абавязкова трэба падумаць пра сваё асабістае жыццё. У Мінску, на яго погляд, лягчэй будзе знайсці дзяўчыну для сэрца, гэта, што ні кажы, не Масква, дзе асабліва да нашага брата спартсмена чапляюцца не самыя лепшыя прадстаўніцы жаночага полу, вунь колькі лёсаў у многіх спартсменаў не склалася па-сапраўднаму менавіта з-за гэтага.

— Паеду ў вёску і вазьму жанчыну адтуль, няхай яшчэ адзін раз маё прозвішча будзе ва ўсіх на вуснах, зноў-такі дзеля славы,— падсумаваў яго размову я.

Ён правёў далонню па маёй галаве, сказаў, што я чалавек неспакойны, трэба мяняцца, вунь пакрыўдзіў Малыгіна, які змагаўся за мяне як леў, нават цяжка чакаць ад яго было такога спрыту. Я выціснуў з сябе словы пра тое, што пагарачыўся, ён сам можа ўявіць, у якім стане я цяпер знаходжуся, папрасіў за ўсё прабачэння.

— Тады да заўтра,— развітаўся Васільеў.— Спадзяюся, заўтра ты з’явішся на трэніроўку ў добрым настроі. Пастарайся як след выспацца, у цябе чорныя кругі пад вачыма.

Ён паціснуў мне руку і знік. Я лёг на рыпучы ложак. Так, нехта працягвае кіраваць мной, быццам марыянеткай у лялячным тэатры, мне здаецца, я не залежу ад сябе, а цалкам падпарадкоўваюся волі гэтага нябачнага чалавека з жалезнай воляй. У мяне не застаецца ні волі, ні сіл. Учора мне зайздросцілі многія людзі, яны любілі разважаць пра мае поспехі (іх болей, чым няўдач). Ад гэтага жыцця не застаецца нічога, і ад мяне таксама. Цяпер адно — забыцца пра ўсё і гуляць, гуляць у футбол з новай сілай, гуляць так, як я яшчэ ніколі не гуляў. Але як зрабіць гэта, як пазбавіцца ад цяжару, які бесперапынна цісне на душу?

Галоўнае, паспрабаваць заснуць. Я заплюшчваю вочы. 3 усіх бакоў на мяне наступае шчыльная сцяна, я іду па нейкай сцежцы і амаль нічога не бачу. Адно — чыесьці чую галасы. Я іду на іх, але з кожным крокам яны аддаляюцца ад мяне. Я спрабую крычаць, але голас не можа вырвацца на волю.

I потым, праз некалькі дзён пасля трызнення (а можа, я наогул не спаў у тую ноч), туман не знік. Ён ахутаў трэніроўку (хлопцы глядзелі на мяне дзіўнавата: відаць, навіна дайшла і да іх), і апошнюю гульню ў складзе маскоўскага «Дынама» (я не мог прыпомніць, пры якіх абставінах забіў гол), і той дзень, калі збіраў свае рэчы ў кватэры, і тыя хвіліны, калі ехаў на вакзал.

Дома я крыху ачуняў, прыбраў у запыленай кватэры і пачаў кідацца па ёй з кута ў кут, як звер, які шукае выйсця на волю. Аднак вакол былі сцены, знаёмыя з дзяцінства рэчы (усё ў кватэры засталося так, як было пры жыцці маці), але і гэта не супакойвала, а наадварот.

I раптам зазваніў тэлефон. Я пачуў голас Фалалеева (ён у тым сезоне прыняў каманду, стаў старшым трэнерам, і адразу ж у яго пачаліся зрывы):

— Добры дзень, малады чалавек. Дазвольце павіншаваць вас з вяртаннем на родную зямлю!

У яго радасны голас, відаць, і сапраўды Васільеў нічога не расказаў яму па тэлефоне. Хоць цяжка наверыць. Занадта ўжо незвычайны выпадак: ігрок (да таго ж член зборнай краіны) пераводзіцца ў другі клуб у сярэдзіне сезона...

— Можна абысціся і без віншаванняў, Эдгар Фёдаравіч,— адказаў я даволі суха.

— Як хочаш. Пры сустрэчы хоць ты растлумач мне, у чым справа, чым гэта мы абавязаны старэйшаму маскоўскаму дынамаўскаму брату за такі нечаканы падарунак, як ты. А калі пераезд для цябе не вельмі радасны, даруй. Апошні гол у Маскве ты забіў проста выдатна. Уяўляю, з якім жалем развітваўся з табой Васільеў.

Пасля абеду (я выйшаў у суседні рэстаран і нечакана для сябе паеў з вялікім апетытам) у дзверы пазванілі. На парозе стаяў Фалалееў. У руцэ ён трымаў бутэльку шампанскага і нейкі скрутак.

— Вырашыў праведаць, пагаварыць аб жыцці. Тэлефон не адказваў, і я вырашыў з’явіцца нечакана для цябе.

— Мяне не было дома.

Фалалееў зайшоў да мяне, аглядзеўся па баках.

— Даўно я не быў у цябе. Пуста... Гэтак жа пуста, як і раней. Я спадзяваўся, у Маскве ты знойдзеш...

Я ўздыхнуў.

— Не знайшоў.

Міжволі паглядзеў на сцяну. На ёй — Верын партрэт. Яна павесіла яго сама ў наш апошні прыезд у Мінск.

Цяпер яна далёка, цяпер яна невядома дзе. Застаўся партрэт. I больш нічога.

Фалалееў сеў у крэсла, разліў шампанскае ў бакалы, сказаў некалькі слоў пра тое, што родны клуб застаецца родным на ўсё жыццё, гэта ён зразумеў на ўласнай шкуры, і таму ён рады майму вяртанню ў каманду, якая выхавала мяне. Зрабіў яшчэ невялічкі глыток і сказаў:

— А цяпер выкладвай...

— Вось гэтак адразу? — спытаў я і паставіў бакал на стол. Піць не хацелася.

— А ты як думаў?! Часу на раскачку ў нас няма. Я павінен ведаць усё да дробязей... Некаторыя чуткі дайшлі, але яны абрывачныя. Васільеў па тэлефоне не стаў расказваць нічога падрабязна. Паабяцаў, што ты сам усё раскажаш. Яшчэ ён папярэдзіў, што днямі ў друку з'явіцца паведамленне аб рашэнні Федэрацыі футбола. Фармуліроўка будзе даволі мяккай...

Я нечакана для сябе рассмяяўся.

— У друку можа з'явіцца і нешта іншае...

Я паглядзеў на Фалалеева. Ва ўсім яго абліччы — чаканне. Мне не адвярцецца. Трэба расказаць усё як ёсць...

Потым я застаюся адзін. I доўга сяджу ля акна. Маці любіла па вечарах глядзець на вокны. Яна гаварыла, што там, за чужымі вокнамі — чужое жыццё, чужыя радасці, перажыванні. Бацька ўсміхаўся, зазначаў, што яна, відаць, употай піша вершы, як рабіла гэта ў маладосці. Маці пра вершы ўспамінаць не любіла, бацька гаварыў, што аднойчы яна спаліла некалькі тоўстых сшыткаў, і ён да гэтага часу перажывае, што не мог спыніць яе. Калі ён пайшоў, маці вечарамі сядзела ля акна, глядзела некуды і гаварыла, што клапоціцца за яго, як ён адчувае сябе ў новых абставінах... Ён заўсёды заставаўся для яе дарослым дзіцем, яна лічыла яго слабым чалавекам і таму больш шкадавала, чым ненавідзела, хоць момантамі раптам пачынала гаварыць пра яго нядобрыя, нязвыклыя для нас з Андрэем словы. Часам яна сядзела моўчкі ля акна, і шкло здавалася мне вялікім экранам тэлевізара, за якім яна бачыць, абавязкова бачыць бацьку, глядзіць, як ён працуе, ходзіць... Цяпер я ў поўнай адзіноце гляджу за тое ж самае акно. Я не ведаю, як склалася жыццё тых людзей, што жывуць за вокнамі ў дамах насупраць, яны нічога не ведаюць пра маці, мяне. Гарыць святло, аднак вокны абыякавыя адзін ад аднаго, і людзі за імі жывуць быццам бы ў вялізнай, халоднай пустыні.

Раптам я ўспамінаю, што даўно не званіў Андрэй, нічога не ведаю пра ягоныя справы. Ён мне, вядома, назвоньвае, але застаць мяне ў былой маскоўскай кватэры (як гэта дзіўна гучыць — «былой»?!) практычна немагчыма. Я заказаў тэрміновую размову з ім, неўзабаве пачуў у трубцы голас ягонай жонкі, якая сказала, што ў іх усё нармальна, Андрэй на вучэннях, навін практычна ніякіх. Калі яна пацікавілася маімі справамі, я не ведаў, што ёй адказаць, сказаў, што заўтра ў мяне пачынаюцца зборы перад чарговай гульнёй (ледзьве не вырвалася ў складзе мінскага «Дынама»), а потым я абавязкова пазваню брату. Маё маўчанне здалося мне самому смешным, бо назаўтра пасля гульні (альбо яшчэ раней у час трансляцыі матча) ён пачуе, што Кастусь Паўловіч выйшаў на гульню ў складзе іншай каманды, а можа, прагучаць (ці хутчэй за ўсё будуць падрабязна апісаны) прычына, па якіх ён вярнуўся са сталіцы ў свой родны горад... Пра гэта даведаецца бацька, ягоны брат Станіслаў Пятровіч, яшчэ вялізная колькасць людзей... Андрэй будзе перажываць па-сапраўднаму. Калі навіна дакоціцца да Веры (не паспела ж яна яшчэ з’ехаць за мяжу), то і ёй... Хоць лепш не трэба думаць пра гэта. Дрэнна, што яна падумае — усё адбылося з-за яе, бо раней ішло роўна, як па адпаліраваным лёдзе; каціся сабе да славы, радуйся жыццю... Мне захацелася выглядаць перад ёй абыякавым да таго, што здарылася.

Назаўтра я склаў рэчы ў спартыўную сумку, успомніў, што многае пакінуў у Маскве, трэба будзе перавозіць рэчы яшчэ некалькі разоў, і пачаў паглядаць на гадзіннік. Праз паўгадзіны, як абяцаў Фалалееў, падкоціць дынамаўскі аўтобус. I трэба будзе ехаць на сваю першую трэніроўку. Жадання няма ніякага, галава цяжкая, мышцы вялыя. Але я паспеў яшчэ прыбраць у кватэры (цётка апошнім часам хварэе і, відаць, рэдка бывае тут), пагаліцца і прыняць больш-менш прыстойны выгляд, бо ведаў, з якім нецярпеннем едуць сюды сябры па камандзе, і тыя «зялёныя», якія паспелі ў ёй з’явіцца за час маёй адсутнасці.

Роўна ў адзінаццаць я спускаюся ўніз. На рагу дома ўжо стаіць блакітны дынамаўскі аўтобус (успамінаю, з якой асалодай я ўваходзіў у яго першы раз у жыцці). Калі я ўскочыў у яго, Фалалееў (ён сядзеў на першым сядзенні), сказаў:

— А вось і Кастусь. Спадзяюся, прадстаўляць не трэба?

— Не трэба,— адразу ж адгукнуўся Стас Прануза.— Сядай, я трымаю месца для цябе...

Я сеў побач з ім. Адчуванне такое, што я нікуды не знікаў на цэлых тры гады.

— Выглядаеш ты някепска,— сказаў Стас, калі аўтобус крануўся.— Па выглядзе можна меркаваць, у цябе ўсё ў парадку, а тут...

— Што тут?— спытаў я.

— Сам убачыш,— адказаў ён.— У нашай, браце, старане няма грошай. Гуляем на энтузіязме. Ні табе паездак, ні шыша... Ты думаеш, Вішнеўскі выпадкова з’ехаў? Зразумеў, на энтузіязме далёка не выскачыш. Патрэбна матэрыяльная аснова, а яе няма... I выйсця няма, трэба думаць пра апошнія дзянькі ў камандзе. А ты ў нас малады, хоць павіншаваць з вяртаннем я цябе не магу. Будзе адна мана.

— А я і не прашу віншаванняў. Будзем гуляць разам, як некалі. I ўсё.

Стас уважліва паглядзеў на мяне, нічога не адказаў.

15

Я апрануў новы спартыўны касцюм. Падумаў, што яшчэ вельмі рана, яна спіць насля ўчарашняй прагулкі у Маскву. 3 думкай пра яе я прачнуўся, думка была прыемная, мне не хацелася адганяць яе прэч... Адчуванне было такое, што не было ніякіх непрыемных успамінаў. У грудзях раптоўна пасялілася цеплыня.

За апошнія гады я не ўспомніў ніводмай дзяўчыны,акрамя Веры (праўда, думкі пра яе паступова пачалі адыходзіць у мінулае). Манахам я, вядома, не стаў, але кароткатэрміновыя сустрэчы з выпадковымі дзяўчатамі радасці не прыносілі. Адна з дзяўчат сказала мне, што спорт наогул не прыносіць карысці, калі меркаваць па мне. I наогул можна падумаць, што я стары чалавек... У адказ я прамармытаў нешта пра тое, што нам лепш не карыстацца такім словам, як каханне, таму што яно азначае зусім іншае. Яна адарыла мяне дзіўным позіркам і сказала, што я нагадваю ёй чалавека з іншага стагоддзя, якога толькі-толькі выпусцілі з якога-небудзь пятага класа гімназіі. Стас Прануза, які заўсёды быў побач, рассмяяўся і сказаў, што на мяне гэткім чынам падзейнічала Масква, бо да пераезду туды я быў нармальным чалавекам і глядзеў на многія рэчы проста і ясна, а можа (тут ужо нічога нельга зразумець), гэта вынік уздзеяння заходняга свету, які я шмат разоў пабачыў. Я сказаў, што нам лепш за ўсё закончыць гэтую не патрэбную нікому дыскусію, а той дзяўчыне не пакінуў нумара тэлефона. Калі яна спытала, чаму я не хачу яе бачыць, я адказаў, што яна сама не хоча гэтага, ёй усё роўна з кім сустракацца, і лічыць гэткія сустрэчы каханнем. Яна назвала мяне дзіваком і знікла назаўсёды з майго жыцця, хоць, на праўдзе кажучы, яна ніколі ў ім і не з’яўлялася. I вось раптам думкі пра Галю... Я праходжу каля яе дзвярэй — цішыня. I наогул дом адпачынку яшчэ спіць. Набіраю хуткасць і адчуваю, як пакрываюся потам — учарашняе шампанскае і цыгарэты. Калі я і з’яўлюся перад Фалалеевым, то з такімі вячэрнімі трэніроўкамі мне няма чаго будзе рабіць на полі... За надвесным мостам пачынаю бегчы лёгка і прыемна, лёгкія поўняцца пахам дажджу, ад зямлі ўздымаецца празрысты туман.

Загрузка...