Не паспеў выйсці з-пад пругкага душу, як перада мной з’явіўся Станіслаў Пятровіч. Ягоны выгляд не абяцаў нічога добрага.
- Ці лічыш ты дні?— пытаецца ён і глядзіць на мяне пранізліва.
— Мне здаецца, да канца майго адпачынку яшчэ нямала дзён,— адказваю я.— Тым больш усё аплочана. Нават судовы выканаўца не зможа адправіць мяне адсюль раней тэрміну.
Ён усміхаецца.
— Хопіць жартаваць, мой родны,— гаворыць ён.— Я чалавек спакойны, але да пэўнай мяжы, калі ж мяне вывесці з цярпення, можа здарыцца непрадбачнае.
— Што ж можа здарыцца? — пытаюся я і працягваю абцірацца ручніком.
— Усё вельмі проста — вазьму і пазваню твайму Фалалееву. Хопіць мне не спаць па начах з-за цябе. Учора некуды махануў. Праўда, я быў спакойны. Не адзін усё ж такі...
Мне робіцца смешна.
— У цябе, Сганіслаў Пятровіч, ёсць нават свая служба бяспекі.
— Як у кожнай саліднай установе,— смяецца ён.
Я кладуся на ложак. Прыемная расслабленасць ва ўсім целе, а хутка чакае яшчэ больш прыемнае — у сталоўцы я ўбачу яе. Мне хочацца ўбачыць яе хутчэй. Увесь час я думаю толькі пра яе.
— Бачу, у цябе добры настрой,— гаворыць Станіслаў Пятровіч.— Ужо гэта няблага, а то прыехаў сюды, быццам з бальніцы для цяжкахворых збег.
Я дадаю:
— Псіхічнахворых...
— Я менавіта гэта меў на ўвазе.
— Дзякуй, Станіслаў Пятровіч.
— За мае словы ці за добры адпачынак?
— Як жа... За добрыя словы. Яны кожнаму прыемныя.
Я гляджу на гадзіннік. Хутка яна пойдзе ў сталоўку.
— У цябе што, спатканне?
— Можаце лічыць, што так. Спатканне. I мне хочацца на яго не спазніцца.
Я абдымаю яго за кароткую, тоўстую шыю.
— Давай больш не будзем займацца слоўным дуэлянцтвам,— кажу я ціха.— Сам усё выдатна разумею. Часу ў мяне мала, гэта так. Я прыму правільнае рашэнне, павер мне. Прабач, не магу растлумачыць усяго, што здарылася. Ты б зразумеў мяне...
Ягоны позірк адразу ж прасвятлеў.
— Ты таксама мяне зразумей. Давай вырашай хутчэй. Табе яшчэ доўга гуляць, ты ў самым росквіце.
— Усё будзе добра, павер.
— Ну і добра,— уздыхнуў ён.— Прапаную вечарам партыю ў шахматы, а цяпер бяжы туды, куды спяшаешся. Ажываеш на вачах. Як доктар, скажу, гэта нядрэнны сімптом.
— Як у анекдоце?
— Якім яшчэ анекдоце...
— Доктар прыходзіць да хворага, а той памёр. Доктар пытаецца ў родных: «Скажыце, хворы перад смерцю пацеў?» Тыя адказваюць: «Пацеў». Доктар узрадавана гаворыць: «Гэта вельмі добры сімптом».
Станіслаў Пятровіч усміхаецца.
— Уся розніца ў тым, што ты ў нас жывы і здаровы.
У сталоўцы я з нецярпеннем паглядваю на дзверы. У яе добры сон. Магла б і паспяшацца.
Вось яна з’яўляецца на парозе і адразу ж адшуквае мяне вачыма. Я ўсміхаюся ёй і п’ю гарачую каву. Потым я сустракаю яе ля ўвахода.
— Учора быў цудоўны вечар, яшчэ раз дзякуй табе. Я хутка заснула і раніцай праспала зарадку.
— А я прабег дзесяць кіламетраў,— адказваю я з гонарам школьніка.
— Ты ж у нас прафесіянал... Нічога, у нас шмат часу. Я спадзяюся аднойчы пабегчы разам з табой. Калі, вядома, хопіць сілы волі.
Шмат часу? Якога?..
— Гэта ў цябе шмат часу, а ў мяне яго амаль не застаецца,— кажу я.— Хутка я знікну адсюль, праз некалькі дзён.
Яна адыходзіць ад мяне на адзін крок.
— Як знікнеш? Ты ж нядаўна прыехаў...
— Я не адпачываць прыехаў. Я самы звычайны ўцякач. Проста тут мяне цяжка знайсці, хоць, павер, мяне шукаюць ужо даўно. 3 таго самага дня...
— Ты паедзеш і не прыедзеш больш у салон слухаць музыку? Ты знікнеш назаўсёды?..
Звычайная жыццёвая справа. Колькі разоў такое было ў кожнага...
Мне захацелася прыгарнуць яе да сябе, але я стрымаўся.
— Я не знікну назаўсёды... Калі ты, вядома, захочаш. А справа ж сапраўды звычайная. Колькі ў жыцці бывае сустрэч!
Некаторы час мы моўчкі ідзём уздоўж англійскага газона.
— Ты прабач...— гаворыць яна.— Гэта не мая справа, але, можа, я змагу табе дапамагчы хоць чым-небудзь. Я адразу зразумела, што ў цябе непрыемнасці. Калі б ты ўбачыў свой твар у самы першы дзень нашай сустрэчы... Мне зрабілася шкада цябе... Нечакана для сябе. Нейкі незнаёмы піжонскага выгляду малады чалавек, і раптам няшчасны твар... Такога спалучэння мне не даводзілася бачыць. I калі ты прыходзіў слухаць музыку, я старалася іграць як мага леней.
Здарылася... Што здарылася, чаму?! Аднекуль здалёк чуецца яе голас:
— Такое ўражанне, што цябе зараз няма побач.
Няма. Але дзе я?
16
Пасля першай трэніроўкі, адчуўшы цяжар ва ўсім целе, я папрасіў Фалалеева адпусціць мяне крыху раней і паехаў да цёткі. Тэлефона ў яе не было, і я не мог паведаміць пра свой прыезд. Прыпаркаваў машыну (сваю яшчэ не прыгнаў і ўзяў ключ у Стаса Пранузы), падняўся на другі паверх драўлянага дома на вуліцы Чарвякова. Дзверы адчыніла міленькая старая, узняла на мяне вочы, успляснула рукамі:
— Божухна, няўжо ты, Кастусь?! Даўно цябе не бачыла...
Я прайшоў у амаль мікраскапічны, утульны пакойчык.
— Заходжу да цябе, а ў вас пуста, ажно сэрца сціскаецца. Усё бачу перад сабой вас, вашы з Андрэйкам галасы чую. Не па сабе робіцца... А можа, ад таго, што дрэнна сябе адчуваю і хутка да сястрычкі пайду. Прыходзіць і мой час, Кастусь, прыходзіць. Яна маладая была і то... А я надоўга затрымалася.
Яна апусцілася на канапу, змахнула слязіну з вачэй. Вочы ў яе такія, як у маці. Калі я гляджу ў іх, мне робіцца не па сабе, быццам перада мной жывая маці.
— А я вярнуўся, цётка Наста, зусім вярнуўся.
— Пакінуў, значыцца, Маскву?
— Пакінуў. Буду гуляць у сваёй старой камандзе.
Яна ўзрадавана ўздыхнула.
— Вось і добра. Будзем часта бачыцца. Хопіць табе бадзяцца немаведама дзе. Вось толькі шкада, што з футболам сваім не развітваешся. Пайшоў бы працаваць, як усе людзі, завёў сям’ю...
Я сказаў, што ўсё ідзе да гэтага, але яшчэ не прыйшоў час, ды ён абавязкова прыйдзе. Яна пачаставала мяне дранікамі са смятанай, заварыла моцны чай.
— Цётка Наста, я на машыне. Давайце з’ездзім да мамы.
У мяне быў такі цяжар на сэрцы, што я адчуваў — лепш туды не ехаць аднаму.
— Паехалі,— згадзілася яна.— Добра, што ты яе не забываеш, а дзеці цяпер такія, што...— яна махнула рукой і зноў змахнула слязіну з маршчыністага твару.
Я вёў машыну па знаёмых вуліцах горада, а цётка Наста расказвала пра маці (у такія мінуты здавалася, што яна забывае пра яе смерць і гаворыць, як пра жывую). Яна ўспомніла, што ў маці яшчэ ў школьныя гады быў цудоўны сябар, ён, здавалася, суткамі не адыходзіў ад яе, усе лічылі, што з іх атрымаецца цудоўная пара, каб маці, калі ўжо вучылася ў інстытуце, не сустрэла бацькі... Я шмат разоў чуў ужо гэтую гісторыю ад цёткі Насты, і кожны раз яна называла бацьку «твайго».
— Твой, каб яго, так задурыў ёй галаву, што яна праз некалькі дзён заявіла мне: «Наста, я кахаю яго па-сапраўднаму, я разумею — гэта мой лёс». I вось што з усяго гэтага атрымалася.
Я гэтак, як і кожны раз матлянуў галавой у знак згоды, а цётка Наста паглыбілася ў нейкія свае патаемныя думкі і моўчкі паглядала на дарогу.
Мы наблізіліся да цэлага лесу помнікаў, агароджаў, а ў мяне перад вачыма ўсплыла чорная яма, якая назаўсёды праглынула самага дарагога чалавека. Ля помніка з барэльефам маці (які ў яе прыгожы твар, нават выбіты на камені!) квітнеюць ружы.
— Яна любіла кветкі гэтага колеру. Я ўвесь час высаджваю іх тут, — гаворыць цётка Наста.
Твар яе хмурнее.
— Пройдзе колькі часу, і ты будзеш сюды прыязджаць і да мяне. Толькі прыязджай, абавязкова.
Мы сядзім моўчкі на драўлянай лаўцы. Я гляджу на цётку Насту і лаўлю сябе на думцы, што не магу ўспомніць яе маладой. Той, некалі знаёмы твар знік пад густой сеткай зморшчын, засталіся на ім адны вочы. Я ўглядаюся ў іх, успамінаю маці і думаю, дзе мне ўзяць сілы для заўтрашняга матча? Усе будуць з цікавасцю назіраць за мной у новай якасці — супернікі, сябры па камандзе, Фалалееў, Васільеў, тысячы балельшчыкаў. Кожны з іх будзе рабіць свой вывад. Вядома, з рознымі мэтамі... I ў той жа час я адчуваю ў кожнай мышцы стому, хоць стомаю гэта не назавеш. Уражанне такое, што абыякавасць ахінула ўсё цела, і я ніяк не магу яе перамагчы. Але ёсць яшчэ вечар, ёсць ноч. Я папрасіў у Фалалеева дазволу пераначаваць дома, а не на спартыўнай базе, хоць гэта выключалася цалкам.
— Зразумейце, дома я адпачну як след, выключу тэлефон... Замкнуся на ўсе замкі...
— Ты гэта сур’ёзна, ты нічога не выдумляеш? — пытаецца Фалалееў і з недаверам паглядае на мяне.
— Слова гонару.
— Ніякіх сюрпрызаў не будзе?
— Можаш не сумнявацца,— адказваю я.— Для мяне заўтрашні матч, можа, самы адказны ў жыцці.
Ён задумаўся, потым сказаў, што ён задаволены маім настроем і разуменнем таго, што адбываецца, сказаў, што яшчэ ўчора, у час нашай размовы, яму здалося, што я цалкам не ўсведамляю апошнія падзеі ў маім жыцці.
— Амаль усё ўсведамляю, — адказаў я.— Толькі не разумею, хто і чаму націскае на клавішы.
— Выдумляеш, якія яшчэ клавішы?
— Ды гэта так... Вобразнае параўнанне.
Ягоны мозг імгненна пераварыў інфармацыю. Калі Фалалееў пачынае гаварыць, то незнаёмага чалавека спачатку можа і расчараваць. 3 гаворкай у яго не ўсё атрымліваецца, не балбатун, а вось мозг працуе, як электронная машына.
— Хто націскае на клавішы?! Я і сам не ведаю. Калі Вішнеўскі пайшоў, нечакана для ўсіх справы наладзіліся. Чаму? Ён што, горшы трэнер? Наадварот — мне да яго паўзці яшчэ дзесяткі гадоў. А потым нешта зламалася ў механізме. Сам не разумею што... Валімся з кожнай гульнёй, далей няма куды, і раптоўна сярод поўнай безнадзейнасці выйграём у моцнага суперніка, потым аддаём ачкі слабому.
— Няма каму забіваць,— адказаў я.— Цягнуць мяч да самых варот, а потым не ведаюць, што з ім рабіць.
Фалалееў на момант задумаўся.
— Гэта, як бы табе лепш растлумачыць, дэталі. Ёсць яшчэ нешта такое, што я не магу памацаць рукамі. Увесь час галоўная сутнасць нібыта выслізгвае. Хоць сёння лепш не гаварыць пра гэта. Сам хутка ўсё зразумееш і, снадзяюся, дапаможаш мне зразумець. А сёння можаш спаць, толькі, прашу цябе, без фокусаў. Раніцой сам заеду па цябе.
Я падзякаваў яму. Не хацелася перад гульнёй чуць роспыты сяброў і тым больш адказваць на іх. Дзіўна, але абыякавасць да ўсяго, што адбывалася, змянілася раптоўным спакоем. Я сядзеў перад тэлевізарам (відэамагнітафон застаўся ў Маскве), слухаў навіны, піў чай і думаў, што заўтра буду гуляць не горш, чым звычайна. Раптам у дзверы пазванілі. Хто б гэта мог быць? Я падумаў, адбылася памылка — нехта пераблытаў дзверы. Але памылкі не было. На парозе стаяў Ярэмчанка.
— Добры вечар,— паздароўкаўся ён.— Ты адзін?
— Адзін.
— Прабач, што без званка. Ішоў міма і не мог не зазірнуць.
Ён скінуў куртку. Я ўбачыў, ён яшчэ больш пастарэў, нават паменшыў у росце.
— Значыцца, вярнуўся...
— Вярнуўся, хоць і не планаваў. Тут такое адбылося, што...
Ён спыніў мяне:
— Разумею, табе непрыемна расказваць... I няма патрэбы. Я размаўляў па тэлефоне з Вішнеўскім, ён раіўся, як паступіць у гэтай сітуацыі з табой. Я падказаў рашэнне, якое было прынята...
— Дзякуй, Валерый Гаўрылавіч. Хоць усё гэта для мяне...
— Разумею. Я не ведаю, што там у цябе адбылося, як ты сеў за руль нецвярозы... Але хачу сказаць, што гэткія эксперыменты павінны быць выключаны назаўсёды. Ты нават яшчэ не ўсярэдзіне, а на самым пачатку шляху. Таму больш халоднага, цвярозага разліку. Інакш можна скаціцца ў такую яму, што не выберашся. Прыкладаў табе прыводзіць не буду, сам ведаеш не горш ад мяне. Некаторыя імёны мы забылі, быццам іх не было ніколі. А маглі застацца!
— Усіх забываюць,— махнуў я рукой.— I тых, хто не зваліўся з п’едэстала, і тых, хто зваліўся. Ва ўсіх адзін фініш...
Валерый Гаўрылавіч сказаў:
— Ты гэта кінь... Паглядзі на Фалалеева. Я, шчыра кажучы, ніколі не думаў, што ён праб’ецца ў трэнеры. Гуляў ён на добрую «чацвёрку», асаблівых зорак не хапаў, хоць у зборнай набываў неаднойчы. Поспех яму насустрач, скажам, як табе, не бег. А чалавек вучыўся, прыглядаўся і вось — старшы трэнер. А дзе ягоныя больш разумныя сябры? У лепшым выпадку ў футбольнай школе адбываюць. А многія наогул нідзе... Праўда, цяжка яму цяпер, але каму ў футболе лёгка?
Я спытаў:
— Што з камандай? Нядаўна гуляла як след, а цяпер быццам падмянілі. Я глядзеў некалькі апошніх матчаў.
Ярэмчанка задумаўся.
— Як бы табе сказаць... Вішнеўскі націскаў на атлетычную гульню, на так званы адкрыты футбол. У камандзе цаніліся больш бегуны, чым тэхнічныя ігракі. Многія, як ты сам ведаеш, таму і пайшлі ад нас. Фалалееў зразумеў, што на гэтым доўга не пратрымаешся. Атлетычны футбол гэта добра, але прыгожую тэхніку нічым не заменіш. Пачаў рабіць пераарыенціроўку. Многім не спадабалася. Не вытрымліваецца лінія гульні. З’явілася праблема «старыя» — «моладзь». I яшчэ адно... Фінансавая праблема...
Я здзівіўся:
— Яе раней не было.
— Раней шмат чаго не было. У нашым горадзе грашыма не раскідваюцца. Вішнеўскі гэта зразумеў і знік. Рэзерву са сваіх ігракоў няма, са стараны цяжка каго-небудзь добрага выхапіць без добрай фінансавай падпоркі. Многія незадаволены прэміяльнымі, іншым. Пачаліся спекуляцыі машынамі, таго-сяго прыхапілі.
— Я чуў.
— Яшчэ б не чуць... Супраць Пранузы ледзь крымінальную справу не завялі. Зусім з глузду з’ехаў. Машына прайшла шэсцьдзесят кіламетраў, а ён яе прадае. Трэцюю запар...
Я паціснуў плячыма.
— Ніколі мяне гэта праблема не цікавіла.
— Гэта пакуль... Па-першае, ты ўсё маеш, па-другое, ты адзін, без сям’і. I многае для цябе невядома...
Ён замаўчаў, відаць, усвядоміўшы, што размова ідзе не ў тым напрамку. Ён жа прыйшоў да мяне зусім для іншага.
Я заварыў чай, папрасіў прабачэння — больш у доме нічога няма. Але Ярэмчанка быццам не чуў маіх слоў.
— Паслухай, табе пашанцавала, што ты таленавіты і патрэбны футболу, — сказаў ён задумліва.— Натацыі табе, вядома, у апошнія дні надакучылі, і таму я не буду чытаць іх. Калі б не твой талент... Сам разумееш. Таму паспрабуў гуляць лепш, чым учора. Рэзервы ў цябе ёсць, сам гэта выдатна ведаеш. А для гэтага часова забудзь пра ўсё астатняе, акрамя футбола, для цябе нічога не павінна існаваць. Часова, вядома... Потым жыццё пойдзе сваім кругам.
Я ўздыхнуў.
— У мяне сапраўды нічога няма, акрамя футбола.
— Вось і добра. Значыцца, памылак ты больш не зробіш. Я ўпэўнены. А цяпер бывай. Заўтра буду на стадыёне.
— Хутка, можа, і напішуць.
Праз паўгадзіны мы аказваемся на дынамаўскай базе (непаўторны пах буцаў, мячоў). Цішыня ў калідоры, хлопцы яшчэ, відаць, адпачываюць. Заходжу ў пакой да Фалалеева. Усе трэнеры ў зборы.
— Вось і наш маскоўскі госць,— кажа Фалалееў.— А я ўжо з нецярпеннем паглядваў на гадзіннік. Як адпачыў?
— Нармальна.
— Будзеш гуляць пад сваім сёмым нумарам.
Мне паціскаюць руку начальнік каманды Сяргей Валасюк (яшчэ нядаўна ён быў варатаром) і другі трэнер Хведар Забела.
— А дзе я жыву? На дзвярах няма майго прозвішча,— кажу я.
— Разам з Пранузай у шостым пакоі,— гаворыць Фалалееў.— Ідзі размяшчайся. Праз гадзіну трэніроўка.
Я стукаюся ў шосты нумар і чую за дзвярыма голас Пранузы:
— Гаспадар на месцы.
Я ўваходжу, бачу Стаса, які выглядвае з-пад коўдры, кідаю сумку на суседні ложак.
— Вас прывезлі з персанальнай базы? — пазяхаючы, пытаецца Стас. I дадае: — Між іншым, ты вывеў з асноўнага саставу Саньку Картавенку. Ён быццам адчуваў небяспеку, што рухаецца на яго, хацеў перайсці ў «Чарнаморац», плоцяць там добра, а яму засталося мала — сезон, два, не больш. Трэба думаць пра чорныя дні. Эдгар угаварыў застацца, а цяпер, як маланка сярод яснага неба,— ты...
— Я не хацеў, усё атрымалася не па маёй віне. Да таго ж, як я ведаю, ён даўно не забівае.
Прануза сеў на ложку, пацягнуўся.
— Ага, не забівае... Прайшоў ягоны час, мой таксама вось-вось скончыцца,— ён пачаў апранацца.— Чаго з’явіўся? Розныя плёткі ходзяць, але мне хочацца пачуць ад цябе ўсё як ёсць.
Я махнуў рукой:
— Давай не будзем сёння пра гэта. Сустрэнемся у мяне, спакойна пагаворым.
— Дык сёння ж у цябе дэбютны матч, разумею... У мяне таксама нядаўна чорная паласа была. 3 выгляду надзейны быў чалавек, з Поўдня, вядома... Прычапіўся як банны ліст — прадай машыну, і ўсё тут, лічбу, вядома, добрую назваў. Прызнаюся, калі пачуў яе — сэрца не стрывала. Прадаў... А чалавек той на нечым праз некаторы час засыпаўся, страшэнна перапужаўся і назваў рэальную лічбу грошай, якую заплаціў мне,— ён раптам рассмяяўся,— але ж мяне на понт не возьмеш,— кажу, я такіх грошай не бачыў у жыцці, і ўсё тут. Атрымаў столькі, колькі было вызначана ў камісійным магазіне. Ды толькі ад іх, чырвонапагоннікаў, проста так не адчапіцца. Выкручвалі мяне, як маглі. Справа, кажуць, не ў табе, ты ахвяра, нас той чалавек цікавіць, так што гавары ўсю праўду, нічым ты пры гэтым не рызыкуеш.
— А ты што ў адказ? — пытаюся я і з цікавасцю гляджу на Стаса.
— Усё па-ранейшаму — не бачыў я такіх грошай. Тады яны за другіх хлопцаў узяліся — хто, калі і каму прадаваў машыны. А як іх не прадаваць, калі з заробкамі ў нас — дрэнь. Крыху папсавалі нервы, але ўсё скончылася ціха. Так што лёс маёй дваццацьчацвёркі невядомы, а я спакойна катаюся на «Жыгулях» — хутка, танна, надзейна. Ты сваю не здаў?
— Не, яна ў Маскве, на тым тыдні паеду. Трэба канчаткова пераязджаць...
— Канчаткова?! — здзівіўся Прануза.— Ды хто будзе цябе тут доўга трымаць? Ты ў зборнай, у цябе паездкі, у цябе ўсё! А ў нас што знойдзеш, акрамя эксперыментаў Фалалеева і нервовай абстаноўкі? Усё сцішыцца, і бяжы адсюль! Вярнуцца заўсёды паспееш.
— Гэта ад мяне не залежыць, Стас,— адказаў я.— Ёсць абставіны, калі за нас усё вырашаюць іншыя людзі.
— Магу з табой пагадзіцца, але не ва ўсім.
I тут у пакой зазірнуў Сяргей Валасюк:
— Вы тут, я гляджу, наладзілі дыспут...
- А ты не стой пад дзвярыма і не слухай,— выбухнуў Стас.— Ідзі лепш лізні Фалалеева ў адно месца.
Валасюк пачырванеў.
— Стас, я папрашу цябе трымаць сябе ў належных рамках. Мне гэта можа хутка надакучыць.
— А мне ўжо надакучыла,— адказаў Прануза.
I вось закруцілася звычная пружына — размінка, устаноўка на гульню (каманда-суперніца даволі цяжкая, на выездах гуляе ў асноўным у абароне, прабіцца да варот будзе цяжка, і таму самае галоўнае манеўранасць, стаіць задача выцягнуць іх са сваёй паловы поля), прыезд на стадыён (група футбольных фанатаў, як заўсёды, на месцы). Для большасці з іх невядома, што я вярнуўся ў каманду, у газетах няма ніводнага паведамлення, відаць, не могуць вырашыць, як што напісаць. Але вось гучыць па стадыёне: «Сёмы нумар — Канстанцін Паўловіч». 3 імгненне фанаты маўчаць, а нотым узрываюцца воклічамі.
Я ведаў, што мне зноў гуляць наперадзе са Стасам, а ён можа выкласці выдатны пас. Фалалееў вырашыў выпусціць у цэнтр Саньку Картавенку, выгляд у таго адразу павесялеў, ён глядзеў на мяне спакойна і нават дружалюбна.
— Успомні сёння ўрокі Ярэмчанкі,— параіў Прануза.— Штыкавая атака па левым краі.
— Я згодзен,— згадзіўся Картавенка.— Гэтага, думаю, яны ад нас не чакаюць.
— Вось і добра,— адказаў я.— Толькі кожны раз гэта нам не ўдасца. Раскусяць вельмі хутка... Трэба дзейнічаць на сто працэнтаў. Толькі ў тым выпадку, калі складзецца сапраўдная сітуацыя.
Пры гэтай размове Фалалееў не прысутнічаў, і Стас зазначыў, што мы пакажам сёння Эдгару, што такое сапраўдны, а не славуты адкрыты футбол, які ён увесь час прапагандаваў.
На першых мінутах гульні ў нас нічога не атрымлівалася. Метраў з трыццаці прабіў Картавенка, і мяч разануў па перакладзіпе. Быў яшчэ выпадак, калі я паспрабаваў прайсці цераз шчыльны натоўп і амаль прайшоў, але па варотах не далі прабіць. А тут і наогул здарылася непрадбачанае, у самы, здавалася б, спакойны момант, ля нашых варот праваліўся абаронца Козел, і нападаючы гасцей спакойна паслаў мяч пад перакладзіну. Я бачыў, якая грымаса прабегла па твары Фалалеева, ён нешта крычаў, бегаючы ўздоўж бегавой дарожкі (у той самы момант я ўпершыню падумаў, што ў яго не ўсё ў парадку з нервамі), адпусціў моцнае слова (ледзь не на ўвесь стадыён) Стас Прануза, а Картавенка, які быў у гэты момант разам са мной, прагаварыў: «Вось так заўсёды... Толькі пачнецца нешта больш-менш нармалыіае, і ўсё...»
Я тым часам прыглядаўся да свайго апекуна, магутнага хлопца з фігурай штангіста.
— Звярні на яго ўвагу,— кажу Картавенку.— Пастарайся пакорпацца дзе-небудзь зблізу, каб умяшаўся ён, а потым — пас мне.
— Зразумеў! — крыкнуў Картавенка і перамясціўся ў цэнтр.
Я пачаў заўважаць (раней гэтага збоку не было бачна), што ён крыху пацяжэў, няма ранейшай рэакцыі, хоць выдатна адчувае лінію гульні, бачыць поле.
— Прайграем,— заныў Стас.— Абавязкова прайграем...
— Чаму? — здзівіўся я.
— Ты паглядзі на твары хлопцаў. Поўная разгубленасць. Я ўжо вывучыў — калі з’яўляецца такі настрой, на полі няма чаго рабіць.
Фалалееў, чырвоны, усхваляваны, даволі блытана (як мне здалося пасля звыклых, ураўнаважаных слоў у гэткіх выпадках Васільева) падышоў да нас са Стасам.
— Вам час успомніць ранейшае. Я і Картавенку невыпадкова даў у дапамогу... Разумею, вы даўно не былі разам, але ж я бачу — амаль усё атрымліваецца. Патрэбны штыкавы праход, і яны будуць бяссільнымі.
Стас усміхнуўся.
— Мы пра гэты штык даўно самі ўспомнілі. Паспрабуем.
Фалалееў павярнуўся да мяне:
— Крыху дадай хугкасці!
У другім тайме мне проста шкада было глядзець на Саньку, які літаральна са скуры лез, каб прарвацца цераз абарону і выдаць мне пас. Ён цяжка дыхаў, твар пакрыўся чырвонымі плямамі. Ён выдатна разумеў, што сёння ў яго апошні шанц. На трыбунах крычалі: «Паўловіч, Паўловіч!» Недзе на дваццатай мінуце (я міжволі паглядаў на табло, час на якім мяняўся з незвычайнай сілай) Стас урэзаўся ў гушчыню натоўпу метраў за трыццаць ад варот і пачаў весці мяч быццам сярод слупоў, ён, праўда, ні на крок не рухаўся наперад, але і мяча не аддаваў, на дапамогу яму кінуўся Картавенка. Я зірнуў на свайго апекуна, якога таксама пацягнула да таго месца, дзе адбывалася нешта незразумелае. Вось ён, той самы момант. Стас аддае нарэшце пас Картавенку, прабягае некалькі метраў паперад і моцным ударам перапасоўвае мяч на левы край. Мне варта зрабіць некалькі метраў... Зрываюся з месца,мякка кранаюся мяча, які, падпарадкоўваючыся мне, мякка скача паперадзе. На сустрэчу са мной, ужо амаль у штрафной пляцоўцы ляціць цэнтральны нападаючы, але я абыходжу яго пры дапамозе самага звычайнага «дваравога» фінта — у мяне перавага, я на хуткасці, у мяне існуе мноства варыянтаў, каб абысці яго. Разгублены твар варатара, нечае дыханне ззаду. Трэба біць. Мяч ляціць у дальні вугал, мяне хапае за руку Санька Картавенка, б’е на плячы Прануза, нехта скочыў ззаду на плечы... Я быццам чую Юркавы словы: «Тарсіда раве, я забіваю!»
Потым атакі нашай каманды пайшлі адна за другой, Фалалееў увесь час зрываўся з месца, даваў нарады, арбітр сустрэчы нават памкнуўся зрабіць яму заўвагу, але ў гэты самы момант Санька Картавенка пушачным ударам паслаў мяч у вароты. Узарваўся ў адзіным парыве стадыён. Не, Саньку яшчэ рана спісваць у архіў, ён можа гуляць некалькі сезонаў, не менш. Я кажу пра гэта Фалалееву пасля разбору гульні, а ён не слухае мяне, гаворыць:
— Ты не падкачаў, хоць і адчувалася некаторая стрыманасць. Але гэта зразумела... Колькі часу не гуляў з хлопцамі, мне б і не варта было вынускаць цябе сёння, але не было іншага выйсця... Шкада, што настрой каманды ў наступным матчы не выкарыстаеш,— ён сціснуў кулакі.— Дагаворны матч... Павінны аддаць два ачкі, за мінулы сезон...
— Не хвалюйся,— кажу Фалалееву (калі мы адзін на адзін, то я дазваляю звяртацца да яго гэтак),— яшчэ час ёсць. Нават на другую частку чэмпіяната не перакацілі. Як-небудзь выпаўзем з чорнай дзіркі.
— Калі б так... Якія планы ў цябе?
— Не разумею.
— Я маю на ўвазе сённяшні вечар. Заўтра ж на зборы.
Я смяюся.
— Ты што, вырашыў апякаць мяне цэлымі суткамі?
Фалалееў уважліва глядзіць на мяне.
— Не крыўдуй, калі ласка,— гаворыць ён.— Я разумею твой настрой. А тут, у горадзе, цябе ведае кожны, шмат людзей. Пачнуцца запрашэнні ў госці, розныя прапановы...
— Не хвалюйся, я не стаў выпіваць у Маскве... Тая гісторыя, сам разумееш, асаблівая.
Ля аўтобуса вялікі натоўп балельшчыкаў. Хтосьці просіць аўтограф, хтосьці пытаецца, як я апынуўся ў Мінску, з якой нагоды.
Назаўтра аб гэтым напісалі ў справаздачах. 3 самай раніцы я пабег да кіёска. У газетах прагучала прыкладна тое, што Федэрацыя футбола вырашыла вярнуць іграка маскоўскага «Дынама» члена зборнай К. Паўловіча ў сувязі з яго не зусім правільнымі паводзінамі. Я адкінуў газеты ўбок: з такой фармуліроўкай можна пражыць больш-менш спакойна. У дванаццаць гадзін павінен быў прыйсці аўтобус, каб адвезці нас на спартыўную базу, а ў палове дванаццатай (і чаму толькі я раней не выйшаў на вуліцу падыхаць свежым паветрам?!) пазваніў бацька.
— Нічога не разумею, што адбылося? — пачуў я ў трубцы ягоны ўсхваляваны голас.
— Усё нармальна, у час гульні паслаў суддзю ў адно цёплае месца.
Голас бацькі нязвыкла жорсткі:
— Не хлусі. Расказвай усё як ёсць.
Я ўздыхнуў.
— Прабач, але гэта не тэлефонная размова. Зразумей адно — нічога страшнага не адбылося. Дарэчы, я забіў гол у апошняй сустрэчы.
— Ты сам ведаеш, што мяне твае галы асабліва не хвалююць.
— Прабач, тата, трэба ехаць на базу. Унізе чакае аўтобус. Хутка буду ў Маскве, абавязкова зазірну да цябе. Пагаворым.
— Толькі ж глядзі, абавязкова зайдзі да мяне.
Кароткія гудкі. Будзе яшчэ шмат тэлефонных званкоў, у гэтым я перакананы. Ад родных, знаёмых і малазнаёмых людзей. Лепш у гэтыя дні не падыходзіць да тэлефона.
Тым часам пацяклі самыя звычайныя дні, калі на самой справе ў жыцці не было нічога, акрамя футбола. У дагаворнай гульні нам трэба было забіць адзіны гол, і Фалалееў сказаў, каб гэта выканаў я, ён дадаў, што, як ён добра ведае, мне гэта не вельмі прыемна, але час у мяне цяпер такі, што трэба забіваць, забіваць, каб падтрымаць сваё імя. Я і сапраўды забіў гол і пастараўся зрабіць гэта, быццам усё адбывалася «па-сапраўднаму», і трыбуны віталі мяне горача і шчыра. I сапраўды гэты гол быў для мяне патрэбны, бо ў газетах напісалі, што я адразу, без раскачкі знайшоў сваё месца ў новым калектыве, гэта было прыемна, мяне віншавалі ў Белсавеце, сябры. Аднак праз некалькі дзён у мой пакой увайшоў Фалалееў, які трымаў у руцэ штотыднёвік «Футбол-хакей».
— Тут ёсць тое-сёе непрыемнае для цябе,— паведаміў ён.
— З’явіўся артыкул? — спытаў я.
— З’явіўся. Не вельмі каб страшны, але ўсё ж...
Я схапіў у яго з рук артыкул. Ён называўся «Левы крайні і іншыя». Размова ў ім ішла пра тое, што некаторыя спартыўныя зоркі, у тым ліку футбольныя, хакейныя, не вытрымліваюць выпрабавання славай, а добрыя дзядзькі са спартыўных таварыстваў дазваляюць ім літаральна ўсё. I далей: «Так, напрыклад, нападаючы маскоўскага «Дынама» і зборнай К. Паўловіч зрабіў наезд на чалавека, які ў выніку памёр. Невядома, якая віна ў гэтым футбаліста, бо звычайнага ў такіх выпадках раследавання праведзена не было (тут пытанне да нашых супрацоўнікаў унутраных спраў), ён нават не прайшоў медыцынскай экспертызы. Імкнучыся захаваць свайго падапечнага ад непрыемнасцей, яго пераводзяць у сярэдзіне сезона ў іншую каманду...» I далей — набор звычайных фраз пра неабходнасць узмацнення выхаваўчай работы ў камандах, строгай патрабавальнасці да кожнага іграка, незалежна ад таго, якія тытулы і званні той мае. Я вярнуў штотыднёвік Фалалееву.
— Ты не хвалюйся, магло быць горш. Ва ўсім адчуваецца, што ў карэспандэнта не хапіла фактаў.
Я крыва ўсміхнуўся.
— Так, фактаў сапраўды не хапіла... Але ёсць толькі адзін — я забіў чалавека, з’яўляюся ў такім выпадку забойцам, але працягваю сабе спакойна гуляць у футбол.
У пакой ускочыў усхваляваны Стас Прануза. Ён таксама трымаў у руках штотыднёвік.
— Ну і фраеры?! — закрычаў ён з парога.— Ды за такія абвінавачванні можна ў суд падаваць. Я б гэтага пісаку!..
— Усё забудзецца, хоць непрыемны момант ёсць,— сказаў Фалалееў.— Але бывалі ў жыцці некаторых нашых калег і не гэткія моманты. Ты павінен гуляць у футбол яшчэ лепш. Вось і ўсё...
Праз два тыдні зборная павінна была ехаць на адказны матч у ФРГ. На гульню мяне не выклікалі. Я зразумеў, што са складу зборнай мяне выкраслілі. Я сядзеў адзін у вялізнай кватэры, потым пазваніў Фалалееву:
— У нас ёсць некалькі дзён. Я хачу з’ездзіць у Маскву. Трэба перавезці астатнія рэчы, перагнаць машыну.
— Даю табе роўна два дні,— сказаў Фалалееў.
Я сеў у самалёт і апынуўся праз дзве гадзіны ля сваёй цяпер ужо былой кватэры. У паштовай скрыні знайшоў пісьмо. На вялікім лісце белай паперы некалькі радкоў: «Я шукала цябе, каб развітацца, але не знайшла. Бывай. Калі можаш, прабач. Вера».
17
Я працягваю думаць пра яе, уяўляць выраз яе вачэй. I гэта нягледзячы на тое, што мы бачымся па некалькі разоў на дзень, размаўляем, я слухаю, як яна іграе. Мы гуляем па старажытным парку, аглядаем мясцовасць, аднак я пачынаю хвалявацца, яна працягвае паўтараць, што я раптоўна аддаляюся ад яе, думаю аб нечым сваім, для яе невядомым. Я заўважаю, што яна ў гэткія моманты пачынае сумаваць, нават колер яе вачэй мяняецца. Мяне пранізліва мучыць адна і тая ж неадступная думка: засталося некалькі дзён, усяго толькі некалькі дзён. Сапраўды, як кажа Станіслаў Пятровіч, трэба рабіць вывады, прымаць рашэнні. Вярнуцца? Значыцца зноў глядзець у вочы Фалалееву, рабіць выгляд, што ты зрабіў памылку, не больш (калі мець на ўвазе ўцёкі, а не тое, у выніку чаго яны з’явіліся), кідацца ў бой за каманду, за сябе, а значыць, за яго, за Фалалеева, які зноў пасля некалькіх удалых галоў (яго нават пачалі называць адным з самых лепшых трэнераў) вісіць на валаску і можа апынуцца за бортам вялізнага, састарэлага карабля пад назвай «футбол».
Як быць?
— Ты зноў думаеш пра сваё,— гаворыць яна.— Але сёння я не буду крыўдаваць, павер мне. Я разумею, у цябе нешта здарылася...
Упершыню я цалую яе. Яна не адхіляецца. Гаворыць:
— Паслухай, а можа, я змагу дапамагчы табе?
— Не зможаш.
— Чаму?
— Ніхто не зможа. Толькі я сам...
Яна ўздыхае.
— Шкада... У мяне таксама быў непрыемны выпадак. Добра, што знайшоўся адзін чалавек.
— Табе можна пазайздросціць.
— Чаму ты не пытаешся, хто быў гэты чалавек?
— Прабач, але мне ўсё роўна,— нечакана для сябе адказваю я. Разумею, што ў гэтым выпадку мне абавязкова трэба папрасіць у яе прабачэння, але не магу: не знаходжу патрэбных слоў, ды адчуваю, што не хачу іх шукаць.
Яна адхіляецца ад мяне, глядзіць некуды ўбок.
— Нам лепш цяпер развітацца. У цябе дзіўны стан, у мяне таксама. Я ніяк не магу звыкнуцца з пераменамі ў тваім настроі...
Я адказваю:
— Няма нічога дзіўнага, я таксама не магу,— адказваю я і ведаю, што праз імгненне буду шкадаваць пра сказанае. але гэта быццам бы кажу не я, а нейкі іншы чалавек...
— Да пабачэння,— гаворыць яна і знікае.
А што, уласна кажучы, адбываецца, чаму я павінен расказваць ёй пра сябе, адкрываць патаемнае (у якім сам не магу разабрацца), адкуль яна ў рэшце рэшт узялася, чаму, навошта? Я застаюся адзін, вось і выдатна. Я прызвычаіўся быць адзін апошнім часам (які працягваецца вось ужо некалькі гадоў), адзіноцтва мяне не пужае, а, наадварот, часам прыносіць вялізнае задавальненне — я жыву сам па сабе, нікому няма да мяне справы, аднак і я сам магу быць спакойны, абыякавы да іншых людзей. Няхай яны сабе корпаюцца ў сваіх штодзённых справах, любяць, ненавідзяць, а мне на ўсё гэта напляваць, у мяне ёсць футбол, і мяне гэта цалкам задавальняе. А тут сустрэча ў доме адпачынку, я хаваюся ад Фалалеева, ад каманды. Ведаю, пройдзе нейкі час і я зноў буду думаць пра яе, гэтыя думкі ў апошнія дні неадступныя... Што мяне раззлавала? Пытанні: што здарылася, як табе дапамагчы? Можа, і так. Я ведаю, што здарылася, але і на сённяшні свой розум не разумею — чаму здарылася... Бо з самага пачатку, у той самы прыезд у Мінск усё пайшло нечакана добра. А можа, мне толькі так здавалася?
***
- Я ведаю, што ты заадно з імі, я ўпэўнены ў гэтым... Ты не мог не забіць гэты гол, не мог?! — Фалалееў з сілай прыцягнуў мяне да сябе, вочы яго выкаціліся з арбіт, губы дрыжалі, твар пачырванеў.
— У цябе дрэнна з нервамі, я табе даўно казаў! — сказаў я і падумаў, што я даўно, вось ужо некалькі месяцаў, калі паміж намі раптам пачалася паласа адчужэння, чакаў ад яго гэтых слоў, быў упэўнены, што яны абавязкова прагучаць, і дачакаўся. Калі б мне сказалі пра гэта на самым пачатку? Я мог бы адразу ўдарыць аўтара слоў, я не змог бы яго но ўдарыць. Стас Прануза (дарэчы, у нас з ім пачало нядрэнна атрымлівацца ўжо з першых гульняў) гаварыў, што я маю выдатную нянечку, амаль што Арыну Радзівонаўну ў выглядзе Фалалеева, што ён гатовы насіць мяне на руках, гэта заўважае ўся каманда. Я пасмяяўся — у мяне з Фалалеевым здаўна (ён тады яшчэ гуляў у камандзе) склаліся сяброўскія адносіны, аднак цяпер яны ўжо далёка не тыя, да таго ж ён, як Стас добра памятае, аднойчы добра дапамог мне. Што я мог яшчэ адказаць? Сапраўды, у камандзе я апынуўся на асаблівым становішчы. Па-першае, Фалалееву дужа быў патрэбны чалавек у пярэдняй лініі, які будзе забіваць або выдаваць пасы, па-другое, яму хацелася мець чалавека ў камандзе, з якім можна будзе размаўляць на любыя тэмы, раіцца шчыра і адкрыта. Калі я паехаў у Маскву, каб канчаткова выбрацца адтуль і перагнаць машыну, Фалалеева выклікалі ў Цэнтральны савет «Дынама» на нейкую нараду. У нас быў вольны вечар, і Фалалееў сказаў, што заедзе да мяне. Ён з’явіўся недзе каля васьмі вечара, стомлены, у нервовым стане. Усміхнуўся, сустрэўшыся з маім поглядам, растлумачыў:
— Тармазная вадкасць стрэсу паступова знікае...
— Якая яшчэ тармазная вадкасць? — здзівіўся я.
— Табе нядрэнна было б цікавіцца апошнімі дасягненнямі навукі, асабліва фізіялогіі. Аказваецца, у нашым мозгу існуе тармазная вадкасць стрэсу. Яна з’яўляецца своеасаблівым механізмам аўтастопа стрэсу. Калі гэтай вадкасці недастаткова, механізм спыняецца, хімічныя працэсы, што з’яўляюцца ў выніку нервовай узвінчанасці чалавека, распальваюцца з незвычайнай сілай... Вось у мяне гэтай вадкасці сёння не хапіла.
Ён дастаў цыгарэты, закурыў. Агледзеў сабраныя ў скрыні рэчы.
— Здаецца, я сам нядаўна пераязджаў з Масквы вось гэтак, як ты. Толькі сітуацыя была іншай — запрасілі ў «Спартак», наабяцалі шмат чаго, а потым два гады амаль што праседзеў у дублі. Вярнуўся дамоў і ў гэты ж сезон увайшоў у зборную.
— А ў мяне ўсё інакш,— сказаў я.— Калі ты хочаш сказаць, што я таксама магу вярнуцца ў зборную...
Ён уздыхнуў.
— Ды цябе з яе ніхто не выкрэсліваў. Ну, паехаў Мельнічэнка з «Дняпра»... Ды такіх, як ён, шмат, а ты ў нас адзін, дарагі мой. Не хачу цябе хваліць, ты сам усё добра ведаеш... Мне патрэбна твая дапамога. Як гэта ні грэшна, але я дзякую лёсу, што ты з’явіўся ў нас. Разумееш... Як бы табе лепш растлумачыць? Я ніколі не разлічваў на фартуну, ніколі не быў з тых, да каго поспех сам бег насустрач. Мяне нават хацелі выключыць з футбольнай школы моладзі. Трэнер сказаў, што з такімі данымі лепш заняцца барацьбой альбо цяжкай атлетыкай. Усё ў мяне ішло, як у вярблюда, за кошт уласнага гарба — і зборная, і гульня на працягу дзесяці гадоў у нашай камандзе, і ўсё астатняе. Я ведаю, што многія здзівіліся, калі пасля Вішнеўскага, вопытнага аса, які шмат пабачыў на сваім вяку, мне даручылі каманду. Я сам разумеў, які цяжар узваліў на свае плечы. I вось — з самага пачатку нічога не атрымліваецца. Не ведаю чаму, можа, я ў нечым памыляюся, можа, скажам так, матэрыял не той, а можа, я мала бадзяюся па кабінетах, каб выбіваць грошы, кватэры, дублёнкі, машыны, усё іншае, без чаго ніхто сёння не хоча гуляць у футбол... Не ведаю. Але выйсце трэба шукаць тэрмінова. Ты ведаеш, як ставяцца да цябе хлопцы, і старэйшыя, і моладзь, ты павінен дапамагчы... Думай пра лінію нападзення, прапануй што-небудзь дзейснае.
— Усё будзе нармальна, Эдгар. Толькі ты пастарайся стрымліваць сябе, хлопцы часта крыўдуюць. Мабілізуй сваю тармазную вадкасць.
Ён усміхнуўся.
— Разумею, але часта не магу падпарадкаваць сябе.
Цераз некалькі гульняў справы ў камандзе пайшлі больш-менш добра, наша тройка — Стас, Картавенка і я забівалі амаль у кожным матчы, мне нялёгка было браць лідэрства на сябе з-за шчыльнай апекі, і я пераключаў нагрузку на хлопцаў. У канцы сезона мы апынуліся на восьмым месцы (не хапіла аднаго ачка, каб увайсці ў шасцёрку), а на пачатку наступнага сезона (да гэтага былі сумныя тыдні адпачынку ў санаторыі) мяне наклікаў Фалалееў і сказаў, што пазванілі са спорткамітэта і запатрабавалі на мяне характарыстыку. Ён спытаў, у сувязі з чым, а яму адказалі, што ў сувязі са зборнай. Эдгар паказаў мне характарыстыку, паклаў руку на плячо:
— А ты мне не верыў...
Вечарам я пазваніў Пранузе, расказаў пра навіну.
— Гэта трэба адзначыць! — закрычаў радасна Стас.— Прашу заказваць добрую вячэру ў якім-небудзь прыстойным месцы.
- Ёсць толькі адно надзейнае месца — мая маленькая кватэра,— адказаў я.
- Так, кватэра сапраўды маленькая, я памятаю, як мы туды загналі цэлы кардэбалет,— засмяяўся Стас.— Можам зрабіць паўтор і на гэты ряз. Да таго ж кампашка змянілася ў лепшы бок — змена пакаленняў, як і ў нашай камандзе.
Аднак я папярэдзіў, што лепш за ўсё абысціся без гэтага — скрынка шампанскага і некалькі самых бліжэйшых сяброў. Стас быў супраць, ён сказаў, што такія вечары не для яго, яму надакучылі за ўсё жыццё мужчынскія твары на зборах, у паездках, і калі ўжо адпачываць, да таго ж з такой нагоды, дык адпачываць па-сапраўднаму.
— Добра, бяры дзяўчат, але толькі не для мяне.
— Я цябе не пазнаю, жывеш, як стары дзед, які расчараваўся ў жыцці,— здзівіўся Стас. — У маёй ёсць адна знаёмая. Выдатная дзяўчына. Праўда, да яе патрэбна адпаведны падыход, але ты ж чалавек, як кажуць, маскоўскага разліву. Ты справішся...
— Давай лепей не будзем пра гэта... А хто твая жонка?
Сам не ведаю, як у мяне вырваліся гэтыя словы. Стас адразу спахмурнеў, і тут я ўспомніў, што з жонкай ён жыве пад адным дахам. Гэта адзінае, што іх аб ядноўвае.
— Прабач, Стас, не крыўдуй...
Вечарам у маёй кватэры сабралася вясёлая кампанія — Санька Картавенка, Стас Прануза, былы ігрок нашай каманды, а цяпер даволі спраўны гандлёвы работнік Сяргей Рунец і некалькі дзяўчат, якіх «выпісаў» Стас. Дзяўчаты даволі хутка накрылі стол, расставілі ўсё як след, а Стас тым часам нашэптваў мне: «Выбірай любую, пакуль не позна». Я прашыпеў нешта накшталт таго, што не магу і не хачу нікога бачыць, а Рунец тут жа заўважыў: «Памятаю, і ў мяне было такое. Стомленасць, браце, вялікія фізічныя і маралыіыя нагрузкі, але потым, калі кінуў футбол, усё гэта прайшло. Нават жонка ўзрадавалася, не кажучы пра іншых». Я нічога не адказаў, а Рунец тым часам узняў бакал з шампанскім і сказаў, што ўсе мы прысутнічаем пры другім нараджэнні чалавека і футбаліста, якога нейкія цёмныя сілы і абставіны хацелі знішчыць, але нічога ў іх не атрымаецца, і наш сябра Кастусь Паўловіч зноў будзе блішчэць у зборнай. Мне ад гэтых слоў зрабілася не па сабе — фальшыва, штучна і непрыемна. Рунца было не пазнаць, некалі я ведаў яго зусім іншым чалавекам. Але прысутным ягоныя словы снадабаліся, усе дружна закрычалі: «Віват!», а Рунец уздыхнуў, перад тым як выпіць: «Сёння жыццё такое, нічога ў ім не зменіш. Кожнага з нас хочуць закапаць як мага глыбей...» Стас імгненна ап’янеў і пачаў танцаваць з даўгалыгай дзяўчынай.
— Якія з’явяцца праблемы, ты не саромся, звяртайся, - сказаў мне Сяргей.— Няма ніякіх праблем — мануфактура, іншае... У мяне да цябе час ад часу таксама могуць з’яўляцца просьбы. Невялічкія, але могуць...
Я не звярнуў асаблівай увагі на ягоныя словы, але сказаў:
— Ды ты ведаеш, мне не трэба нічога. Яшчэ ёсць такі-сякі запас, да таго ж, відаць, пачнуцца паездкі.
Санька махнуў рукой:
— У яго ўсё ў парадку. Гэта нам даводзіцца цяжкавата — ні паездак, ні нармальных прэміяльных. Эдгар лічыць, што сорамна хадзіць па начальстве і выпрошваць усё гэта. Вішнеўскі рабіў таксама нямнога, але ўсё ж такі...
Рунец зірнуў на Саньку, як на малое дзіця.
— А чаго тут здзіўляцца?! — сказаў я.
— Калі вы яшчэ пад стол хадзілі, я з Эдгарам пачынаў гуляць. Так, хлопец ён і тады быў цягавіты, заўсёды ведаў сваю мэту і пёрся да яе, як танк, але што, мой дарагі, зробіш са звілінамі ў галаве. Калі іх усяго тры-чатыры, цяжка разлічваць на што-небудзь. Не ведаю, якія ён дае вам устаноўкі на гульню, але тады ён двух слоў не мог аб’яднаць у сказ. Так што на што-небудзь нечаканае ад яго не разлічвайце.
— Кіньце вы, хлопцы! Эдгар нармальны чалавек. Са сваімі недахопамі, як кожны з нас, але неблагі,— зазначыў я.
Стас вярнуўся на сваё месца, зрабіў глыток шампанскага:
— Я цябе разумею... Ты амаль не залежыш ад Фалалеева, а вось ён цалкам залежыць ад цябе. Паклаўшы руку на сэрца, можна сказаць, што без цябе нас у пярэдняй лініі амаль не было б бачна. Узрост, браце, узрост. Таму Фалалееў носіцца з табой... А нам што? Хутка спектакль закончыцца, і мы з Санькам напоўнім гвардыю «былых людзей», нікому не натрэбных. Але з гэтым можна было б змірыцца, каб у кішэні звінела.
Я ўсміхнуўся.
— Думаю, што ў вашых кішэнях не так ужо і нуста.
Прапуза згадзіўся.
— Тое-сёе, праўдамі-няпраўдамі наскраблі, але жыццё вялікае, разлічваць нам у ім на што-небудзь значнае не даводзіцца... А гэты так званы адданы футболу чалавек Эдгар Фалалееў пра будучае не думае. Ты ўспомні навуковую брыгаду! Вядома, хціўцы былі, але жылі мы пры іх нядрэнна. Добрыя паездкі, валюта, прэміяльныя без роспісу ў ведамасцях. Я за сезон спакойна на машыну нагроб, а колькі апаратуры здаў у камісійны!
— Кіньце вы, хлопцы, пра набыткі,— занудзіўся Рунец.— А то дзяўчаты сумуюць. Трэба было кідацца не ў інстыгут фізкультуры, ваша «акадэмія» нічога не дае, а браць прыклад з мяне. Але нічога, і з вашай адукацыяй можна будзе добра ўладкавацца. А табе, Кастусь, няма чаго рабіць у Мінску. Засохнеш, як асенні ліст. Гані зноў у Маскву. Там — прастора, там — жыццё! Ды і на Фалалеева ты, калі будзеш у зборнай, сілы цалкам выкладваць не зможаш. Успомні мае словы. Не будзе ў цябе такой патрэбы, вось пабачыш.
Мы яшчэ доўга размаўлялі пра футбол, успаміналі самыя розныя гісторыі са свайго жыцця і з жыцця сяброў, пілі шампанскае, танцавалі, і я зусім забыўся пра Рунцовы словы. Але неўзабаве ўспомніў пра іх.
— Я прашу цябе, ты пазвані яму, абавязкова пазвані. У чалавека складаная сітуацыя, а ён столькі зрабіў для цябе ў жыцці.
Я быў на крок ад рашэння, я не мог яго не прыняць. Гэта апошні дзень. Цягнуць болей немагчыма. Я маўчаў.
— Чаму ты маўчыш? — спытаў Станіслаў Пятровіч.
— Не ведаю, што адказаць. Я пазваню. Абавязкова пазваню.
Мы зайшлі ў ягоны кабінет.
— Ты пакінь мяне аднаго.
Я нерашуча ўзяў у рукі тэлефонную трубку, набраў нумар. Жаночы голас спытаў:
— Вам каго?
— Фалалеева.
— Каманда на трэніроўцы. Ён разам з ёй.
Я выйшаў з кабінета Станіслава Пятровіча і пайшоў, не ведаючы, у які бок. У цяністай алеі я ўбачыў Галю.
— Добры дзень.
— Прывітанне.
Не самы лепшы выпадак для сустрэчы.
— Ты вельмі бледны сёння,— заўважыла яна.
— Шмат бегаў з раніцы. Ты прабач за ўчарашняе... Я гаварыў аб адным, думаў пра другое. Са мной час ад часу здараецца такое. Не звяртай увагі.
— Не трэба пра ўчарашняе. Хочаш паслухаць музыку?
— 3 задавальненнем.
Мы пайшлі ў гасціную, яна села за раяль. Пацяклі, пабеглі хвалі, мяне рванула паперад...
Не паспеў я прыступіць да трэніровак у складзе зборнай, як і ў ёй пачало адбывацца незразумелае. Старшы трэнер Мікалай Фёдаравіч Нікадзімаў (чалавек жорсткі, з уласнай думкай, сваім поглядам на сучасны футбол) счапіўся па незразумелых прычынах з кіраўніцтвам упраўлення футбола, Федэрацыяй, нейкім вялікім начальствам. Ён не мог набраць у каманду некалькі патрэбных ігракоў (сам ён прыехаў у зборную з Ленінграда, а ў каманду цягнулі з усіх сіл прадстаўнікоў маскоўскіх клубаў). Наперадзе былі адказныя матчы за ўдзел у Еўрапейскім чэмпіянаце. Калі я прыехаў, Нікадзімаў паглядзеў на мяне:
— На тваё шчасце, ты лічышся ў мяне амаль што масквічом...
Мы выехалі на некалькі сяброўскіх сустрэч, потым правялі ў Швецыі першы адборачны матч і ледзь выйгралі яго з лікам 2:1. Гол у гэтай сустрэчы быў забіты з маёй падачы, сам я два разы быў на крок ад поспеху. Калі вярнуўся дамоў, даведаўся, што наша каманда (яна павісла недзе ў сярэдзіне табліцы розыгрышу) прайграла два матчы запар, Фалалееў нерваваўся, ён амаль не глядзеў на мяне, калі я зайшоў да яго.
— Добра, што ты ў зборнай. Гэта поспех, я віншую цябе, але тут мне вельмі цяжка.
У наступнай сустрэчы з растаўчанамі (камандай цяжкай, малатэхнічнай) я рваўся з усіх сіл, але на дваццатай мінуце атрымаў траўму. Суддзя паказаў абаронцу, які яўна выбіў мяне з гульні, жоўтую картку, ды якая мне ад гэтага карысць?.. Некалькі тыдняў без гульні. Другі матч зборная праводзіла без мяне.
— Навошта табе гэта трэба?! — здзіўляўся Стас Прануза.— Для цябе ж сёння галоўнае — зборная. Будзеш ірвацца на два франты — загінеш.
Праз дзень пазваніў з Масквы Нікадзімаў:
— Не прапаноўваю ніякіх рэцэптаў, сам не маленькі,— заявіў ён.— Але рызыкаваць ты не маеш права. Цябе не хапала ў чарговым матчы, гэта заўважылі ўсе. А ты хапаеш траўму ў малазначным матчы ад нейкага правінцыяльнага калуна. Прашу задумацца над гэтым...
Фалалееў разумеў, што ў камандзе трэба рабіць нейкія значныя рэформы, але не ведаў, з чаго пачаць. Ды і з кім было працаваць? Трэба было мяняць амаль усю лінію абароны, адчуваліся правалы ў сярэдняй лініі, матч ад матча цяжэў Санька Картавенка, а тым часам лава запасных была амаль пустой. Варта было атрымаць траўму каму-небудзь з асноўнага саставу, як каманду немагчыма было пазнаць — раўназначнай замены нават пасрэдным ігракам не было. Усім было зразумела, што Вішнеўскі адчуваў сябе ў камандзе часовым чалавекам, ён не думаў пра заўтрашні дзень і выкарыстоўваў на поўную сілу тое, што было пад рукамі. Знік ён своечасова, па сутнасці, падставіўшы Фалалеева пад вялікія непрыемнасці. Эдгар часта раіўся са мной, але я не мог нічога падказаць. Мы ўступалі лепшым камандам у хуткасці, фізічнай падрыхтоўцы, а з сярэднімі, як казаў сам Фалалееў, елі адну кашу. Мы выйгравалі без бачных прычын, потым гэтак жа нечакана прайгравалі і ніяк не маглі прабіцца ў вышэйшыя радкі табліцы. Праз дзень у каманду прыязджалі начальнікі самага высокага рангу, адзін з іх нават сказаў, што без перабольшвання футбол з'яўляецца партыйным відам спорту. За гэтымі словамі вялікі сэнс, мы павінны заўсёды думаць пра гэта, калі выходзім на стадыён і глядзім на высокую трыбуну. На што Стас адказаў — трэба ўлічваць і наша набліжэнне да касы, дзе нас часам, а ў апошнія месяцы пастаянна, чакае расчараванне. Начальнік (па выглядзе вельмі хворы чалавек) запэўніў, што кіраўніцтва добра ведае пра праблемы каманды, неўзабаве будуць прыняты адпаведныя рашэнні, каб мы мелі дастойнае забеспячэнне. Фалалееў папрасіў, каб выступіў я. Я сядзеў і думаў пра тое, што сказаць. але ў галаве не было ніводнай разумнай думкі. Я успамінаў словы Нікадзімава пра зборную і думаў, што ён мае рацыю — калі я буду ў поўную сілу марнаваць сябе ў роднай камандзе, дзе побач няма ніводнага дастойнага напарніка, то прапішуся навечна ў бальніцы, а не на футбольным полі.
3 гэтымі думкамі, уласна кажучы, я ўзняўся са свайго месца і пачаў гаварыць пра тое, што ў каманды цяпер не самыя лепшыя часы, але нічога страшнага, усе мы ведаем нямала прыкладаў, калі гульня раптам не атрымлівалася на самых розных прычынах, галоўнае, у нас ёсць жаданне гуляць.
Фалалееў уважліва слухаў мяне (некалькі разоў я паглядзеў на яго), прадстаўнікі кіраўніцтва таксама слухалі, і толькі на тварах некаторых маіх сяброў (асабліва Стаса) блукала ўсмешка. Калі мы ў рэшце рэшт пазбавіліся ад гэтай даволі непрыемнай і напружанай сустрэчы, ён падышоў да мяне і павіншаваў:
— Малайчына! Ну проста сапраўдны залівала! Але на тваім месцы я б сказаў тое самае. Табе на ўсё напляваць, і гэта справядліва...
Я не адразу знайшоўся, што адказаць.
— Мы ж сапраўды можам згуляць як трэба. Толькі...
Стас засмяяўся.
— Увесь сакрэт і ёсць у гэтым «толькі»... Яны прыехалі да нас, пагутарылі і тут жа забылі пра свае абяцанні. А мы ж прафесіяналы і патрабуем да сябе прафесійных адносін.
Прыкладна з тыдзень я залечваў траўму і сачыў за гульнёй з лаўкі запасных. Мне часам даводзілася трымаць Фалалеева за руку, каб ён не выскокваў на поле. Эдгар нагадваў нацягнутую спружыну, пры кожным няўдалым праходзе нашых ігракоў па полі ён пачынаў нешта крычаць, размахваць рукамі.
— Спакойна, спакойна,— гаварыў я яму, але ён быццам не чуў мяне.
За тыдзень каманда рухалася па старой з выбоінамі дарозе — адна нічыя і пройгрыш. Неяк вечарам Фалалееў прыйшоў да мяне дужа засмучаны.
— Зноў дасталося ад кіраўніцтва... Як ты сябе адчуваеш?
— Нармальна. Урач сказаў, што выпусціць на наступную гульню.
— Я не нра гульню. Які ў цябе настрой?
Я са здзіўленнем паглядзеў на Эдгара.
— Нармальны настрой,— адказаў я.— Цяжка без гульні...
Ён уважліва паглядзеў на мяне.
— Я разумею, што цяжка... Сам неаднойчы бываў у тваёй шкуры. Але толькі без гульні ў якой камандзе ты сумуеш?
— Давай лепш не будзем пра гэта... Я ж футбаліст гэткі, як і ты. Калі гуляць, значыць, гуляць незалежна ад каманды, стадыёна, гледачоў...
Я вымавіў гэтыя словы і падумаў пра тое, што нарэшце навучыўся маніць без усялякага напружання.
Ён пайшоў...
У наступнай сустрэчы я нагадваў артыста балета, які старанна абыходзіў супернікаў з адной думкай: толькі б не траўма! Аднак, нягледзячы на гэта, з падачы Стаса я забіў адзіны гол у той сустрэчы. Пасля заканчэння сустрэчы, на традыцыйным разборы, Фалалееў аб’явіў адзнакі за матч (у мяне была адна з самых высокіх — чацвёрка).
— Дзякуючы Паўловічу, ягонаму выдатнаму ўдару, мы атрымалі каштоўныя два ачкі. Але я чакаў ад яго іншай гульні.
Я не пакрыўдзіўся на ягоныя словы і адразу ж пасля гульні кінуўся збіраць чамадан — мяне чакала цікавая паездка са зборнай у ФРГ тэрмінам на два тыдні. Калі мы развітваліся, вочы ў Фалалеева былі сумныя.
— Жадаю табе паспяхова выстуніць, — толькі і сказаў ён.
Ён пайшоў прэч, уцягнуўшы галаву ў плечы. Я не паклікаў яго.
***
У Гамбургу ліў дождж. Бюргераў не надта выцягнеш у такое надвор’е на футбол, нават калі на поле выходзіць любімая каманда. Мы штурхалі мяч па брудным, сырым полі, і за ўсім гэтым спектаклем, які нікому не быў патрэбны, назірала некалькі дзесяткаў гледачоў, відаць, адпетых фанатаў. У перапынку Нікадзімаў зазначыў:
— Я разумею, што вам цяжка, і не патрабую перамогі. Гэта першая наша сустрэча ў турнэ, працуйце на нічыю. Нічыя таксама будзе поспехам. Але не губляйце шанцаў... Галоўнае, біць па варотах. Самі разумееце, мяч слізкі.
Аднак не было ні добрых праходаў ля варот, ні, вядома, удараў. Аднойчы я прабіў з дальняй дыстанцыі, але мяч трапіў у перакладзіну.
У адзін з момантаў (недзе ў сярэдзіне другога тайма) супернікі ўварваліся ў нашу штрафную пляцоўку, абаронцы засталіся ззаду, але варатар выскачыў наперад і нагой выбіў мяч далёка ў поле. Вось і ўсе моманты сустрэчы. Стомленыя, падобныя на шахцёраў, мы паціснулі рукі супернікам, якія таксама былі бясконца шчаслівыя, што гэта непрыемнае выпрабаванне закончылася, і кінуліся хутчэй да раздзявалкі. Няўжо нас чакае гарачы душ! I тут мяне паклікаў Нікадзімаў:
— Тут да цябе наш дыпламат з генконсульства.
Я здзівіўся:
— Дыпламат? Вось каго не чакаў!.. У мяне, здаецца, няма знаёмых дыпламатаў у Гамбургу...
Перада мной стаяў незнаёмы чалавек (хударлявы, з сівымі скронямі).
— Слухаю вас,— няўпэўнена вымавіў я.
— Мы з вамі незнаёмыя,— начаў ён.— I сустракаемся не па маім жаданні.
Я збіраўся паслаць яго куды-небудзь, вельмі далёка, мог бы прыйсці, калі яму гэта вельмі трэба, і пасля таго, як я прыму душ, а значыцца, буду мець чалавечы выгляд. I тут з-за яго пляча на мяне зірнулі яе вочы. Вера!
— Добры дзень,— гаворыць яна даволі спакойна.— Мы вытрымалі ўсе гэтыя жахі дзеля цябе.
— Мне вельмі прыемна,— сказаў я.— Матч быў цяжкі...
Яе спадарожнік усміхаўся.
— Вера казала, што вы даўно знаёмыя... А я, прызнацца, не вялікі аматар футбола. Але не шкадую, што прыйшоў. Гэта сапраўдная справа сапраўдных мужчын...
Ён яшчэ гаварыў нешта, а я глядзеў на яе вочы, твар, такі знаёмы, але чамусьці чужы. Ва ўспамінах яна здавалася мне зусім іншай, блізкай (хоць і знаходзілася на невядомай адлегласці). Я гнаў ад сябе праўду, спрабаваў успомніць (хоць гэта не заўсёды ўдавалася) самыя прыемныя моманты нашага кахання (калі яно наогул было з яе боку).
— Дзякуй, што вы прыходзілі пахвалявацца за нас,— прамармытаў я сухім голасам.— Цяпер мне трэба ісці ў душ. Мне было прыемна бачыць цябе, Вера. I вас...
— Дзмітрый Сяргеевіч,— падказаў яе муж, але я не паўтарыў ягонага імя.
У яе вачах з’явілася трывога (а можа, мне толькі гэта здалося).
— Мы хочам запрасіць цябе ў госці. Мой муж супрацоўнік генконсульства, і я думаю...
— Тут няма ніякіх праблем, я перагавару з вашым старшым трэнерам. Як яго...
Я спыніў яго:
— Дзякуй, але ў нас насычаная праграма. Заўтра ад'язджаем адсюль раніцой, паслязаўтра зноў гульня.
Яе муж Дзмітрый Сяргеевіч з палёгкай усміхнуўся:
— Шкада, але нічога не зробіш.
— Бывайце, — яшчэ раз паўтарыў я і пайшоў са сваімі ў раздзявалку. Я ішоў і адчуваў яе позірк. Што са мной здарылася — не разумею. Падставіў твар пад гарачы струмень вады і спрабаваў уявіць Верын твар.
- Хто гэта быў? — спытаў Нікадзімаў у аўтобусе.
- Адзін знаёмы. Некалі разам пачыналі гуляць у футбол...
— Але ж ён выглядае намнога старэйшым ад цябе.
— Цяжкая работа...
Нікадзімаў нічога не адказаў. Я падумаў, што да яго,напэўна, дайшла гісторыя. Тая самая. Але якое гэта мае значэнне?!
Перад ад’ездам у нумары атэля пачуўся тэлефонны званок. Нехта з хлопцаў крыкнуў:
— Цябе, Кастусь... Жаночы голас.
— Пакіньце мяне аднаго ў нумары,— папрасіў я.
Потым, цераз імгненне, сказаў у трубку:
— Слухаю цябе.
— Ніколі не думала, што мы сустрэнемся вось гэтак...
— А чаго ты чакала?
— Іншага. Я ўвесь час думаю, успамінаю пра цябе. Я не магла паверыць, што калі-небудзь убачу цябе.
Нечакана для сябе я рассмяяўся.
— Не трэба быць акцёркай... Усё даўно скончылася. Ты сама гэта выдатна разумееш. А варушыць старое — самая дрэнная справа.
— Няўжо ты пра ўсё забыў?!
— Сам не чакаў, што забыў. Мне здаецца, што ніколі нічога не было наміж намі.
Кароткія гудкі. Я ведаў, што болей ужо не пачую яе голасу.
Не паспеў я, абвешаны набітымі сумкамі, уваліцца ў сваю кватэру, як пазваніў Стас. Праз наўгадзіны ён быў у мяне. На маё здзіўленне, ён пачаў не з разгляду рэчаў (я выканаў шмат ягоных заказаў).
— Эдгар зусім звар'яцеў,— паскардзіўся Стас і сеў у крэсла.
— Што здарылася?
— Вырашыў, што ўся справа ў пярэдняй лініі. Калі ты знік, ён адразу ж зрабіў вывад, што нас з Санькам на пачатку будучага сезона трэба спісваць.
Ён уздыхнуў.
— Пэўна, нас і сапраўды трэба аддаваць куды-небудзь у другую лігу або ў заводскую каманду...
Я паляпаў яго па плячы, паспрабаваў падтрымаць, але пасля гэтых слоў і мой настрой пагоршыўся. Што ні кажы, а Фалалееў дзейнічае правільна, калі адкінуць нашы сяброўскія адносіны са Стасам і Санькам.
— Ты перабольшваеш,— сказаў я.— Лепш паглядзі, што я табе нрывёз.
Ён пачаў перабіраць рэчы, уважліва разглядзеў магнітафон.
— Нядрэнна, але хутка мне не давядзецца карыстацца гэтым. Не па кішэні. Іншая паласа жыцця...
— Ну што ты?! Я аддаю табе па айчыннай цане, нават танней.
— Я не пра сённяшні дзень, Кастусь, а пра будучае. Яно ўяўляецца мне не вельмі прываблівым. Сам разумееш...
Я сеў насупраць яго.
— Калі сур’ёзна, дык можна падшукаць якую-небудзь неблагую каманду на Поўдні, там часта плоцяць, як у добрым прафесійным клубе.
Стас памаўчаў.
— Тут ёсць дзве цікавыя прапановы... Ад вельмі надзейных людзей, за добрыя прэміяльныя. Можна ўзяць столькі, колькі за ўвесь сезон не атрымаеш. Словам... Сам разумееш, нам асабліва губляць няма чаго.
— Здаць сустрэчу за грошы?!
Санька ўзняў на мяне вочы:
— А ты здагадлівы.
Чаго-чаго, а гэткай прапановы я ад яго не чакаў.
— Ніколі не ўдзельнічаў у гэтым і не цягне,— адрэзаў я і адышоў у куток пакоя.
Ён уздыхнуў.
— Цябе ніхто не прымушае. Мы з Санькам вырашылі... Варатар таксама падтрымаў. Ён амаль ужо спісаны, як і мы. Вырашылі табе выкласці ўсе карты. Ведаем, не прадасі. Стаўка высокая, і мы не можам адмовіцца. За дзве сустрэчы амаль па машыне... Гэтага нам не ўбачыць ніколі.
Ён замаўчаў, закурыў цыгарэту.
— Ты ўспомні... Прафесіяналы заўсёды збіраюць грошы, калі іх таварыш трапляе ў цяжкую сітуацыю.
— Гэта зусім іншае.
— Амаль тое ж самае... Ніхто ад гэтага не прайграе, а чатыры чалавекі будуць забяспечаны. Іх сем’і таксама.
Я ўважліва паглядзеў на яго.
— I як мы будзем сябе адчуваць пасля гэтага?
— Кінь сантыменты! Калі не хочаш.
— Па сутнасці мне ўсё роўна... Што ад мяне патрабуецца?
— У двух наступных матчах не забіваць галоў. Астатняе не твая справа.
Я лёг на канапу, зрабіў выгляд, што хачу спаць. Стас пайшоў. Я думаў пра сустрэчу з Верай. Нічога ў нашым жыцці няма вечнага. Ці мог я калі-небудзь падумаць, што я буду абыякавым да яе?
Пад гэтыя думкі я і заснуў.
А потым я пачуў тыя словы: «Ты заадно з імі... Ты не мог не забіць гол у гэтай сітуацыі, не мог. Я ніколі не мог падумаць, што ты здольны на здрадніцтва. Я не ведаў, хто ты на самой справе».
Прыбег Стас, прынёс грошы.
— Пайшоў адсюль разам з імі! Пайшоў прэч!
— Ты звар’яцеў, ты на самой справе звар’яцеў. Табе трэба да ўрача,— закрычаў збялелы Стас і знік.
Я ішоў пешшу па горадзе, не звяртаючы ўвагі на халодныя кроплі дажджу. Прыкладна праз гадзіну ўзяў таксі і памчаў на кватэру да Фалалеева. Спытаў у жонкі:
— Ён дома?
— Дома. Але... Як бы табе сказаць? Лепей не трэба да яго. Ён у дзіўным, вельмі дзіўным стане. Такім я яго ніколі не бачыла.
— Прабач, але мне ўсё роўна трэба яго ўбачыць,— сказаў я і прайшоў у пакой.
Фалалееў сядзеў у крэсле. Галава яго была апушчана, па твары цяклі слёзы.
— Падонкі, вакол адны падонкі! — гаварыў ён і глядзеў у нейкую нябачную кронку.
Я сеў побач. Ён раптам рэзка павярнуўся да мяне.
— Ты?! Ты змог прыйсці да мяне?.. Прыйсці пасля таго, як... Не, ты не чалавек, ты брудная жывёліна, без мазгоў і пачуццяў. Я ніколі, ніколі не разбіраўся ў людзях, мяне ашуквалі на кожным кроку.
Ён абхапіў галаву рукамі. Да мяне падышла Валянціна, ягоная жонка.
— Табе, Кастусь, лепей пайсці. Я казала, ён у кепскім стане.
Я надняўся і хутка пайшоў да дзвярэй. Зноў пранізлівы вецер, дождж. Мне не хапае паветра, я амаль бягу на вуліцах, бягу доўга, доўга... Я ведаю, куды мне трэба. Дамоў, а потым у аэрапорт, я павінен знікнуць, знікнуць назаўсёды.
***
Застаецца два дні да гульні, усяго два дні. Ад яе будзе залежыць лёс Фалалеева, лёс каманды. Мая галава наліваецца цяжарам, я ляжу вечарам у сваім пакоі, не магу паварушыцца... Станіслаў Пятровіч пазбягае сустрэчы са мной. Усё ясна — ён думае, што я шэрая, бязвольная амёба, якая не можа прыняць па-сапраўднаму мужчынскага рашэння. Я прыму яго, абавязкова, толькі сёння. Заўтра будзе позна. Я збягаю ўніз да дзяжурнай.
— Адчыніце кабінет Станіслава Пятровіча,— кажу я.— Тэрмінова трэба пазваніць...
Я рашуча набіраю нумар тэлефона.
— Добры вечар, вас турбуе Паўловіч,— кажу я дзяжурнай па спартыўнай гасцініцы.— Мне тэрмінова патрэбен Фалалееў...
— Ён папярэдзіў, што вы можаце пазваніць...
Цераз некалькі мінут чую ў трубцы голас Фалалеева:
— Слухаю, я слухаю цябе!
— Добры вечар, Эдгар, гэта я...
— Дзе ты, што з табой?
— Усё нармальна. Я хутка буду.
Я кідаю трубку, бягу ў свой нумар, збіраю рэчы. На парозе з'яўляецца Станіслаў Пятровіч.
— Вось і добра,— гаворыць ён.— А я амаль расчараваўся ў табе. Падумаў, што...
— Я пазваніў яму, мне трэба ехаць сёння.
— Я дам машыну. Праз гадзіну будзеш у камандзе.
Я кідаю спартыўную сумку ў машыну, гавару Станіславу Пятровічу:
— Я забягу. На адну хвіліну.
Заходжу ў пакой да Галі. Сустракаю яе запытальны позірк.
— Гэта ты?
— Я прыйшоў развітацца. Машына чакае, трэба тэрмінова ехаць. Вяртаюся ў каманду...
— Значыцца, ты знікаеш. Як і абяцаў...
— Ненадоўга. Я хутка пазваню табе, абавязкова.
Упершышо я цалую яе ў вусны.
Поціск рукі Станіслава Пятровіча, развітальныя словы:
— Я прыеду на матч. Мы прыйдзем разам з бацькам. Ты не падвядзі.
Машына зрываецца з месца.
Словы Веры: «Прабач, усё з-за мяне...»
Вясёлы твар Юркі: «У цябе ўсё наперадзе...»
Раве «тарсіда»...
Роўная стужка шашы, знаёмыя маскоўскія вуліцы, скурчаная фігура Фалалеева ля спартыўнай гасцініцы...
1986-1987