Нібы прамень сонечны

Эсэ


Шасцёра сыноў знакамітага князя вешчуна Ўсяслава Чарадзея ўзбагацілі радаводнае дрэва полацкай дынастыі Рагвалодавічаў шматлікімі атожылкамі. Нямала Чарадзеевых нашчадкаў увайшло ў гісторыю. Але найбольшую славу прынясуць Полацку пасля Ўсяслава не ваяры. Зрабіць гэта наканавана было ягонай унучцы, якую параўнаюць з арлом, што, «лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду і да ўсходу і, нібы прамень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую».

Дзяўчынцы, што нарадзілася ў сям'і князя Святаслава-Георгія і княгіні Сафіі, далі старажытнае полацкае імя Прадслава. Так звалі яшчэ бабулю ганарлівай Рагнеды. Паводле тагачаснага звычаю, атрыманае адразу па нараджэнні імя пасля хрышчэння магло змяніцца, але маленькая князёўна засталася Прадславаю.

Калі ў княжым хораме спраўлялі радзіны, невядома. У адной беларускай энцыклапедыі напісана - каля 1120 года, у другой - каля 1110-га, але абедзве даты вельмі прыблізныя. Параўнанне розных гістарычных дакументаў дазваляе толькі сказаць, што князь Святаслаў не мог наліць пад час той застоліцы хмельнага мёду свайму бацьку Ўсяславу. Чарадзей быў ужо ў лепшым свеце.

Князёўна з маленства чула паданні пра дзеда, пра Рагнеду-Гарыславу, што так і не скарылася Ўладзіміру Краснаму Сонейку, пра іншых славутых продкаў, чыё жыццё прайшло пад знакам адданасці Полацку. Пра іх апавядалі і запрошаныя бацькам настаўнікі - адукаваныя манахі, якія хутка навучылі Ўсяслававу ўнучку чытаць і пісаць. Падручнікамі служылі Святое Пісанне, жыціі святых...

Прыйдзе час, і сама яна зробіцца гераіняю жыція - апісання зямнога шляху і духоўных подзвігаў святога. Створыць яго ў канцы XII стагоддзя ў Полацку невядомы аўтар, манах ці ігумен аднаго з манастыроў. Найкаштоўнейшы помнік старажытнабеларускае літаратуры «Жыціе Еўфрасінні Полацкай» дойдзе да нас болей чым у сотні спісаў і будзе галоўнай крыніцаю біяграфічных звестак пра самую знакамітую палачанку.

Навука давалася Прадславе значна лягчэй, чым яе аднагодкам. Княжая дачка з малых гадоў вызначалася любасцю да кніжнага слова. У бацькоўскім доме апрача царкоўных кніг яна чытала «Ізборнікі» з выслоўямі і афарызмамі. «Александрыю» -перакладзены з грэцкае мовы раман аб подзвігах Аляксандра Македонскага, вострасюжэтную «Аповесць пра Акіра Прамудрага». З кожным годам кнігі, над якімі заседжвалася дзяўчынка ў сваёй святліцы, рабіліся больш глыбокімі і мудрымі.

Дзяцінства князёўны праходзіла, вядома, не толькі ў бацькавым хораме. Яе вабіла шматгалосае і шматмоўнае торжышча, дзе можна пачуць гусляра, убачыць выступленні «вясёлых людзей» - скамарохаў. На пасадзе Прадслава заходзіла да гандляроў і рамеснікаў. Пасля цесных курных хацін простага люду асабліва ўражвалі полацкія храмы і найперш Сафійскі сабор з яго дзівоснымі фрэскамі.

Ад карміліцы, нянек, ад маці яна чула абрадавыя песні, замовы і заклёны. У той час хрысціянска-паганскае дваяверства існавала на Полаччыне нават у княжым асяроддзі, значыцца, Прадслава добра ведала даўнейшых багоў. Яе юныя гады немагчыма ўявіць без гуканняў вясны, русалляў, купалляў і калядаў.

Дзяцінства тады было карацейшае, чым сёння. Мінулася княжай дачцэ дванаццаць гадоў - трэба збірацца замуж. Пагатоў, слава аб Прадславінай прыгажосці і розуме разнеслася «па ўсіх гарадах», і ў Полацак зачасцілі сваты.

Аднаго разу князь Святаслаў падняўся ў даччыну святліцу і загаварыў пра замужжа.

- Нявеста ты ўжо ў нас, князёўна.

- Гадамі - нявеста, - адказала Прадслава.

- Ці, можа, князі табе не па сэрцы?

- Не па сэрцы.

- Мо непрыгожыя?

- Прыгожыя, дык неразумныя.

- А калі і гожыя, і разумныя? - пытаўся князь.

- Дык душою слабыя.

- Забудзеш пра гэта сярод забаў і весялосці...

- Ведаю з кніг, што пасля забаў будзе... Першая забава - срэбралюбства. Чым болей багацця, тым сквапнейшае ды падлейшае робіцца любое стварэнне. Ад другой забавы абвісае цела, крывяцца косці, хвароба ў нутро запаўзае. Гэтая забава завецца дагаджэнне чэраву. Ад трэцяе забавы траціць чалавек нават слабы розум свой, забівае ў лютасці такога, як сам. Гэтая забава завецца блуд.

Князь глядзеў на дачку ўражана.

- Хіба ж няма ўцехі ў тым, каб княжычаў нарадзіць?

- Нараджаюцца княжычы, і ўсобіцы крывавыя між імі нараджаюцца, - сказала дзяўчынка.

- Што табе да мужчынскіх усобіц? Жыві за князем сваім, дзяцей гадуй.

- На меч упадзе мой князь, а дзяцей браты заб'юць.

- Дзе ж ты знойдзеш долю сваю, калі не за мужам?

- Ува мне доля мая.

- Як жа адна, без абароны мужавай жыць думаеш?

- Як трава без абароны расце...

- У каго ж розуму вучыцца будзеш, як не ў мужа?

- У кніг, што мудрасць сабралі, як пчолы мёд.

- Дзе ж сям'я твая будзе?

- Увесь свет - сям'я мая...

Так ці іначай адбывалася тая размова, але бацькі вырашылі выдаць Прадславу за сына нейкага багатага валадара. Княгіня Сафія рыхтавала пасаг, князь Святаслаў прыкідваў выгады ад шлюбу. Яны яшчэ не ведалі, што дачка цвёрда выбрала іншую пуцявіну.

«Святым Духам напоўніўся розум яе, - гаворыцца ў «Жыціі», - і сказала сабе: «Што будзе, калі надумае бацька аддаць мяне замуж? Калі здарыцца так, смутку гэтага свету нельга будзе пазбыцца!» І яшчэ сказала сабе: «Што ж паспелі роды нашыя, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула слава іхняя, быццам прах, горай за павуцінне. Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы моц мужчынскую, целы свае аддалі на пакуты, і паклалі галовы пад меч, а іншыя, хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але мячом духоўным адсеклі плоцкія асалоды - тых памятаюць на зямлі...»

Прадслава прыходзіць у манастыр.

Удава князя Рамана Ўсяславіча, якая была ігуменняй, выслухала пляменніцу і, гледзячы на яе хараство, скрозь слёзы прамовіла: «Дзіця! Як магу я такое ўчыніць! Твой бацька даведаецца і гнеў свой абрыне на маю галаву. Ды і маладая ты яшчэ векам несці цяжар манаскага жыцця. І як здолееш ты пакінуць княжанне і славу гэтага свету?»

Але князёўна дабілася свайго і пад імем Еўфрасінні таемна ад бацькоў прыняла пострыг, каб прысвяціць жыццё духоўнаму ўдасканаленню. Здарылася гэта найверагодней 25 верасня, у дзень святой Еўфрасінні Александрыйскай.

Князь Святаслаў ад гора рваў на галаве валасы, а княгіня Сафія галасіла па дачцэ, як на нябожчыцы. (Як бачым, сям'я будучай святой не вызначалася глыбокай вераю.) Гэта было першае і вельмі цяжкае выпрабаванне юнай Хрыстовай нявесты.

Паспрабуйма пакласці перад сабою таўшчэзныя тамы «Всемирной истории» ды энцыклапедый і знайсці ў Эўропе XII стагоддзя жанчыну, якую па адукаванасці і па зробленым дзеля асветы свайго народа можна паставіць побач з Еўфрасінняй. Не ведаю, што атрымаецца ў вас, а мяне такія пошукі пераканалі: Усяславава ўнучка ў той эпосе не мела роўных сабе і ў славянскім свеце, і на ўсім эўрапейскім кантыненце.

Яна не канчала ўніверсітэтаў. Па-першае, жанчын у сярэднявечныя ўніверсітэты не прымалі. Па-другое, калі Прадслава нарадзілася, у Эўропе, здаецца, была ўсяго адна альма-матэр - у Балоньі. У Парыжы і Оксфардзе яны адчыняцца пазней.

Еўфрасінніным універсітэтам была тагачасная літаратура. Сярод кніг, якія перакладалі і перапісвалі, прыехаўшы на ўсход славянства, візантыйскія святары ды іх мясцовыя паслядоўнікі, большасць складалі, вядома, царкоўныя творы. Але ў княжыя палацы і ў манастыры траплялі таксама кронікі, гістарычныя аповесці, прыродазнаўчыя трактаты.

Маладая манашка змагла цалкам аддацца кнігам. Апрача Бібліі, яна чытала творы рымскіх і візантыйскіх багасловаў, якіх называюць айцамі царквы. У полацкіх кнігазборах былі творы выдатнага хрысціянскага прапаведніка Іаана Залатавуснага, што вобразна выкрываў чалавечыя заганы і навучаў чытачоў дабрачыннасці. Той самай мэце служылі пацеркі - зборнікі кароткіх апавяданняў пра людзей, слаўных сваёй вераю. З іх старонак паўставаў фантастычны, поўны дзівосаў свет, дзе за людскія душы зацята змагаліся сілы дабра і зла. Пра будучыню гэтага свету і чалавечы лёс пасля смерці апавядала апакрыфічная кніга «Блуканне Багародзіцы па пакутах». Яшчэ за князем Ізяславам у Полацак маглі трапіць кнігі славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія, вядомыя па апісанні бібліятэкі Сафійскага сабора ў XVI стагоддзі.

Полацкая зямля прыняла хрысціянства да яго афіцыйнага падзелу на заходнюю і ўсходнюю плыні ў 1054 годзе. Хрысціўшыся паводле грэцкага абраду, нашы продкі не адчувалі варожасці і да вернікаў-лацінцаў. У часы Еўфрасінні ў Полацкім княстве пашыраліся жыціі рымскіх святых. Асаблівую папулярнасць меў жыццяпіс Аляксея, чалавека Божага. «Родам рымлянін» быў адзін з першых беларускіх святых Меркуры Смаленскі. Высакародны дух павагі да людзей іншае веры палачане захаваюць на працягу стагоддзяў.

Кожны адукаваны чалавек эпохі мусіў ведаць гісторыю свайго народа. Еўфрасіння вывучала Нестараву «Аповесць мінулых часоў», візантыйскія летапісы. «Кроніка Георгія Амартола», напрыклад, пачыналася ад стварэння свету, выкладала гісторыю вавілонскіх і пярсідскіх цароў, апавядала пра рымскіх і канстанцінопальскіх імператараў. Яе дапаўняла напісаная займальна і немудрагеліста «Кроніка Іаана Малалы». Яна знаёміла з антычнымі міфамі і падзеямі Траянскай вайны, з жыццяпісамі Ромула і Рэма. Гэтую кнігу можна назваць тагачасным бэстсэлерам, які ахвотна бралі ў рукі і свецкія, і духоўныя асобы. На старонках кронік змяшчаліся мініяцюры з сусветнай гісторыі - «Вывяржэнне Везувія», «Разбурэнне рымлянамі Ерусаліма»...

Еўфрасіння чытала так званыя «Шасцідзёны». Яны тлумачылі біблійны аповяд, як за шэсць дзён (адсюль назва) Бог стварыў неба, зямлю, свяцілы, расліны, жывых істот і чалавека. «Шасцідзёны» былі зводамі ўсіх вядомых візантыйскай навуцы звестак пра жывую і нежывую прыроду. Навуковы характар мела і кніга «Фізіялог». Тут гаворка ішла пераважна пра жывыя стварэнні, сярод якіх побач з добра знаёмымі чытачу звярамі і птушкамі сустракаліся даволі рэдкія ў Прыдзвінні кентаўры і сірэны або неўміручая птушка Фенікс. «Фізіялог» апавядаў пра звычкі нейкай істоты і даваў ім сімвалічнае тлумачэнне, абавязкова звязанае з хрысціянскім светапоглядам. Еўфрасіння магла, напрыклад, даведацца, што львіца нараджае нежывое дзіцянё, а потым, праз тры дні, бацька, дыхнуўшы на львяня, ажыўляе яго (намёк на ўваскрэсенне Хрыста).

Зямля ў тыя часы была плоская, над ёю падымалася складзенае з вады нябеснае скляпенне. Над гэтым небам існавала яшчэ адно - нябачнае, дзе адмысловыя анёлы кіравалі рухам свяцілаў. Такую карціну светабудовы прапаноўвала «Хрысціянская тапаграфія» Касмы Індыкаплова. Не трэба паблажліва ўсміхацца. Побач з уяўленнямі, што здаюцца нам наіўнымі, тыя кнігі сцвярджалі ідэі, да глыбокага разумення якіх мы з вамі, выбачайце, магчыма, яшчэ не дараслі. Чалавека яны называлі «мікракосмасам» (малым сусветам), прыроду - космасам з прыдомкам «макра». Два сусветы мусілі існаваць у адзінстве і суладнасці. На прыроду Еўфрасіння і яе сучаснікі глядзелі, як на велічны храм, дзе чалавек здзяйсняе сваё творчае служэнне.

Да рук князёўны-манашкі траплялі трактаты, што пярэчылі афіцыйным багаслоўскім поглядам. Візантыйскі філосаф і пісьменнік Міхаіл Псёл высмейваў веру ў дзівосы, даводзіў, што кожная з'ява прыроды мае натуральную прычыну. Ягоны вучань Іаан Італ лічыў матэрыю вечнай і сумняваўся ў пасмяротным існаванні душы. Па загадзе жанатага з цёткаю Еўфрасінні візантыйскага імператара Аляксея Комніна вучэнне гэтага філосафа аддаў анафеме царкоўны сабор. Полацкая кніжніца магла чытаць таксама працы Арыстоцеля і Платона, знаўцам якіх быў яе сучаснік, а мо і знаёмы, пісьменнік і царкоўны дзеяч Клімент Смаляціч.

Пражыўшы колькі гадоў у манастырскай слабодцы, князёўна - каб быць бліжэй да бібліятэкі - папрасіла ў полацкага епіскапа Іллі дазволу пасяліцца ў Сафійскім саборы. Там, у келлі-галубніцы, як паведамляе «Жыціе», яна «нача книгы писаци своими руками».

Працэс пісьма быў тады надзвычай складаны і марудны. Пісалі на пергамене ўставам - буйным і прамым, без нахілу, почыркам, у якім кожная літара аддзялялася ад суседняй. (Злітнае пісьмо з'явіцца толькі ў XV стагоддзі.) Каб тэкст хутчэй высыхаў, яго прысыпалі пяском. Атрамант рабілі з адмысловых гарэхаў, з адвару дубовай ці альховай кары, з жалезнай іржы, вішнёвага клею. Перапісчыку мала добра ведаць грамату - неабходна мець мастацкія здольнасці, бо пачатковыя літары і загалоўкі раздзелаў трэба аздабляць жывёльным ці раслінным арнаментам.

На маю думку, лепей за ўсіх гісторыкаў сказаў пра беларускіх майстроў гэтага мастацтва Максім Багдановіч:

На чыстым аркушу, прад вузенькім вакном,

Прыгожа літары выводзіць ён пяром,

Ўстаўляючы паміж іх чорнымі радамі

Чырвоную страку; усякімі цвятамі,

Рознакалёрнымі галоўкамі звяроў

І птах нявіданых, спляценнем завіткоў

Ён пакрашае скрозь - даволі ёсць знароўкі-

Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі,

І загалоўкі ўсе, -няма куды спяшыць!

Парой ён спыніцца, каб лепей завастрыць

Пяро гусінае, і гляне: светла сонца

Стаўпамі падае праз вузкае ваконца

І круціцца у іх прыгожы, лёгкі пыл,

Як сіняваты дым нявідзімых кадзіл,

Рой хмарачак плыве; шырокімі кругамі

У небе ластаўкі шыбаюць над крыжамі,

Як жар гарашчымі; а тут, каля вакна,

Малінаўка пяе і стукае жаўна.

І зноў ён схіліцца, застаўку зноў выводзіць

Няяркім серабром; нячутна дзень праходзіць...

Дадам да паэтавых слоў хіба адно: гэта была нялёгкая фізічная праца, і ёю займаліся толькі мужчыны. Перапісчык часта пісаў не на стале, а на далоні левай рукі, якую падпіраў локцем аб калена. І так - доўгія гадзіны, напружваючы зрок, не дазваляючы руцэ здрыгануцца. Ужо тое, што за такую цяжкую справу ўзялася маладая жанчына, было подзвігам.

Праца перапісчыкаў цанілася настолькі высока, што царква абяцала ім адпушчэнне шмат якіх грахоў. Існуе паданне, што адна-адзіная кніга выратавала манаха ад вечных пакутаў у пекле. Манах быў нібыта заўзяты грэшнік і на Божым судзе ні на што добрае не спадзяваўся. І вось, калі анёлы падлічылі перапісаныя чарнарызцам літары і ўчыненыя ім грахі, літар - о дзіва! - аказалася на адну болей, і шчаслівая душа ўзляцела ў рай.

Якія ж кнігі ад дзянніцы да першай вечаровай зоркі перапісвала Еўфрасіння ў сафійскай галубніцы? Святое Пісанне і творы айцоў царквы, пацерыкі і жыціі. Пяро асветніцы выводзіла радкі візантыйскіх кронік і Полацкага летапісу, папулярных тады зборнікаў афарызмаў. Яна пісала ўласныя творы - малітвы, павучанні, а яшчэ перакладала з грэцкае і з лацінскае моваў, вяла ліставанне з Візантыяй, а магчыма, і са сваімі суайчыннікамі і братамі па духу Кліментам Смаляцічам і Кірылам Тураўскім, славутым майстрам прамоўніцкае прозы, якога называлі другім Іаанам Залатавусным. Частка Еўфрасінніных кніг ішла на продаж, а атрыманыя грошы па яе просьбе раздавалі бедным.

Гледзячы ў хвіліны адпачынку на шырокую і нястрымную дзвінскую плынь, маладая манашка марыла пра час, калі перапіскаю кніг будуць займацца ў Полацку не адзінкі, а дзесяткі пісьменных людзей.

«Жыціе» апавядае, што аднойчы ў сне анёл узяў Еўфрасінню за руку і адвёў за дзве вярсты ад горада ў Сяльцо, дзе на беразе Палаты стаялі драўляная царква Спаса і мураваны храм-пахавальня полацкіх епіскапаў. На тым месцы нябесны госць прамовіў: «Тут належыць быць табе!»

Сон паўтарыўся тройчы.

Тае самае начы нешта падобнае снілася полацкаму епіскапу: анёл загадаў яму ўвесці рабу Божую Еўфрасінню ў Спасаўскую цэркаўку. Уладыка пачуў прароцтва пра богаабранасць князёўны, якую чакалі святое жыццё і царства нябеснае.

Паклікаўшы дзядзьку Еўфрасінні полацкага князя Барыса, яе бацьку Святаслава і знаных палачанаў, епіскап Ілля абвясціў чарніцы, што аддае ёй Сяльцо. Тая памалілася ў Сафійскім саборы і, узяўшы з сабою адну манашку, выправілася на паказанае анёлам месца.

У царкве Спаса яна звярнулася да Ўсявышняга з такімі словамі: «Ты, Госпадзе, даючы святым сваім апосталам запавет, наказаў не насіць з сабою нічога, акрамя посаха. Я ж, слухаючыся слова Твайго, прыйшла сюды, нічога не ўзяўшы, маючы ў сабе толькі слова Тваё... А з багацця ёсць у мяне адно гэтыя кнігі, з якіх мае ўцеху душа і ўзвесяляецца сэрца...»

У Сяльцы Еўфрасіння заснавала жаночы манастыр. Здарылася тое за жыццём Барыса Ўсяславіча, значыцца, не пазней 1128 года, калі князь памёр. Неўзабаве пры новай царкве Багародзіцы Чарадзеева ўнучка стварае яшчэ адзін манастыр - мужчынскі. Гэта зноў подзвіг: на пачатку XII стагоддзя такія цвярдыні Хрыстовага вучэння на ўсходнеславянскіх землях можна было злічыць па пальцах.

Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр без вялікага клопату знойдзе ў Полацку любы падарожнік. Ад Багародзіцкага ж аніякіх слядоў не захавалася. Праўда, тады была завядзёнка будаваць загарадныя жаночыя і мужчынскія манастыры ў блізкім суседстве, каб у выпадку небяспекі манахі баранілі абедзве Божыя цвярдыні. Таму гісторыкі мяркуюць, што манастыр Багародзіцы стаяў прыкладна на тым месцы, дзе пазней з'явіўся касцёл святога Ксаверыя, пра які нагадваюць цяпер сваёй назваю полацкія Ксаверыйскія могілкі.

У манастырах Еўфрасіння адчыніла майстэрні па перапісванні кніг - скрыпторыі. Адзін майстар рабіў тут каляровыя ініцыялы, другі - мініяцюры, трэці - пераплёты. Калі ўзнікала патрэба перапісаць кнігу хутчэй, яе дзялілі на колькі частак. Са скрыпторыяў кнігі разыходзіліся па ўсёй Полацкай зямлі і за яе межы.

Каб аздобіць полацкія храмы абразамі, Еўфрасіння стварыла таксама іканапісную майстэрню.

Людзей без навукі літаратура XII стагоддзя часта параўноўвала з бяскрылымі птушкамі: як такі птах не здольны падняцца ў неба, так і чалавек не дасягне без кніг «совершенна разума».

Дзеці ў тагачасных школах вучыліся чытанню, пісьму, «цыфіры» і царкоўным спевам. Першымі падручнікамі былі царкоўныя кнігі - Псалтыр, Часаслоў, Апостал. Авалоданне граматай ускладнялася тым, што рукапісныя кнігі не мелі знакаў прыпынку, словы і сказы часта зліваліся.

Спачатку трэба завучыць на памяць азбуку з цяжкімі назвамі літар - «аз», «букі», «ведзі», «глаголь»... Адначасова вучні выводзяць пісалам на бяросце або на дошчачках-васкоўках першыя літары. Потым бяруцца склады: «ведзі» - «аз» - «ва», «букі» - «он» - «бо»... Пасля гэтага засвойваюць цітлы - надрадковыя знакі ў выглядзе ламанае рыскі, якую ставяць над скарочанымі словамі ці над літарамі, што мелі лічбавае значэнне. Такія літары замянялі нашым продкам і арабскія і рымскія лічбы. «А» з цітлам, напрыклад, азначала «1», «и» - «8», «і» - «10». Справіўшыся за два-тры гады з гэтай прамудрасцю, дзеці заканчвалі першы цыкл навукі.

Так дзятва пачынала адольваць грамату і ў школах, адчыненых Еўфрасінняю. Аднак высокаадукаваная ігумення пашырыла межы звычайнае праграмы. Апрача царкоўнаславянскае юныя палачане вучылі грэцкую і лацінскую мовы, атрымлівалі веды па прыродазнаўстве і медыцыне, па навуцы красамоўства - рыторыцы. З найбольш здатнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі праводзіліся заняткі па паэтыцы. Падручнікам мог служыць трактат «Об образех», які (у тым ліку на прыкладах з гамераўскіх «Іліяды» і «Адысеі») даваў уяўленне пра алегорыі, гіпербалы, метафары. Вялікая ўвага надавалася гісторыі. Вучні мусілі ведаць радавод полацкай дынастыі, важныя падзеі з мінуўшчыны княства і ўсяго ўсходняга славянства.

Няраз урокі вяла сама маці-ігумення. «Юных, - чытаем у «Жыціі», - вучыла чысціні душэўнай і цялеснаму супакаенню, гавенню шчыраму, хадзе рахманай, голасу ціхмянаму, слову дабрачыннаму, ядзенню і піццю маўкліваму; пры старэйшых маўчаць, мудрых слухаць; да старэйшых - пакоры, да роўных і меншых - любові некрывадушнай; мала казаць, а болей разумець».

Аўтару «Жыція Еўфрасінні Полацкай», напэўна, пашчасціла быць сярод тых, хто атрымліваў ад яе выдатныя ўрокі красамоўства. Дзякуючы яму мы таксама маем магчымасць ацаніць літаратурны і прамоўніцкі талент асветніцы: «Вось сабрала вас, нібы птушанятаў, пад крылы свае і на пашу, нібы авечак, каб вы пасвіліся ў Божых наказах. А я з лёгкім сэрцам стараюся вучыць вас, бачачы плён вашае працы, і дождж вучэння на вас праліваю! Але ж вашыя нівы стаяць, не ўзыходзячы і не ўзрастаючы ўгору, а год завяршаецца, і лапата ляжыць на гумне. І баюся, што будзеце вы пустазеллем, і аддадуць вас агню непагаснаму. Пастарайцеся ж, дзеці мае, пазбегнуць яго, і зрабіцеся пшаніцаю чыстай, і змяліцеся ў жорнах уміронасцю, малітвамі і постам, каб чыстым хлебам прынесціся на трапезу Хрыстову!» Можна толькі захапляцца гэтай багатай вобразнасцю, яе празрыстасцю, блізкасцю метафар і параўнанняў да жыцця простага чалавека.

Памочніцамі і апораю Еўфрасінні былі сёстры: родная Гардзіслава (у манастве Еўдакія) і стрыечная Звеніслава (Еўпраксія).

За манастырскія сцены яны трапілі па-рознаму.

Маладая ігумення папрасіла бацьку прыслаць да яе малодшую сястру ў навучанне грамаце, а потым таемна пастрыгла здольную вучаніцу ў манашкі. Бацька прыехаў у Сяльцо, горка плачучы, абдымаў Гардзіславу і ніяк не хацеў аддаваць Богу другую сваю дачку. «Жыціе» захавала словы князя, якія сведчаць пра глыбіню ягонай роспачы: «Дзеці мае! Ці ж дзеля гэтага вас нарадзіў я, ці ж на тое ўзгадавала вас маці? Дзеля чаго шлюб вам рыхтаваў? Няўжо шлюбныя ўборы ператворацца ў гора маё?»

Звеніслава прыйшла да сястры сама і ахвяравала храму Спаса свой багаты пасаг з каштоўных камянёў і залатога начыння. Еўфрасіння і Еўпраксія былі асабліва блізкія між сабою - «яко едина душа въ двою телесу».

Сёстры заставаліся разам усё далейшае жыццё. Еўпраксію асветніца абрала спадарожніцаю, выпраўляючыся ў канцы зямнога шляху ў Ерусалім. Роднай сястры, пакідаючы Полацак, яна даручыла «ўладарыць і кіраваць абодвума манастырамі». Пазней тая, відаць, заняла месца ігуменні і працягвала асветніцкую дзейнасць сваёй настаўніцы.

Перад ад'ездам у Святую Зямлю Еўфрасіння насуперак волі бацькоў зрабіла Хрыстовымі нявестамі дачок свайго ўлюбёнага брата Вячаслава Вольгу і Кірыяну. Не трэба вінаваціць асветніцу ў неміласэрнасці. Такіх учынкаў вымагаў ад полацкай ігуменні клопат пра будучыню яе справы. «Жыціе» сцвярджае, што князёўна мела ад Бога дар: зірнуўшы на кагосьці, адразу бачыла, ці ёсць у ім дабрадзейны дух і ці можа гэты чалавек быць Хрыстовым абраннікам.

Цягам стагоддзяў заснаваны Еўфрасінняю Спасаўскі манастыр перажываў і ўзвышэнні, і поўны заняпад. У некаторых расейскіх аўтараў вы прачытаеце, нібыта чарніцы пакінулі свой прыстанак у дні Батыевага нашэсця. Аднак успомнім, што Беларусь гэтае навалы не зведала і ў ганебную залежнасць ад татараў ніколі не трапляла.

Забягаючы наперад, зазначу, што сапраўды цяжкія выпрабаванні напаткалі манастыр, калі Масковія распачала настойлівыя спробы захапіць беларускія землі. У 1563 годзе на Полацак насоўваліся орды Івана Жахлівага. Начутыя пра звярыную жорсткасць цара манашкі з плачам развіталіся са сваім домам. Яны ўжо не вярнуліся туды ні ў гады маскоўскае акупацыі, ні пасля выгнання захопнікаў у 1579 годзе каралём і вялікім князем літоўскім Стэфанам Баторыем, які перадаў Спасаўскі манастыр ордэну езуітаў.

У 1654 годзе Полацак зноў заняло расейскае войска. Праз два гады туды прыехаў цар Аляксей Міхайлавіч, які «ходил в Спасской монастырь, что бывал девичей монастырь благоверной великой княжны Евфросинии Полоцкой. Того ж месяца июля в 9 день было священие церкви Преображение Спасово».

Хутка горад паводле Андрусаўскага міру быў вернуты Рэчы Паспалітай. Вярнуліся ў манастыр і айцы-езуіты. Яны заставаліся тут гаспадарамі і пасля захопу Беларусі царызмам у канцы XVIII стагоддзя, да самага іх выгнання з Расейскай імперыі ў 1820 годзе. Да 1832 года манастыр належаў каталіцкаму ордэну піяраў, а потым царскія ўлады перадалі яго праваслаўным.

Адноўленую ў 1840-м Еўфрасіннеўскую Божую цвярдыню з прычыны яе старажытнасці прылічылі да першакласных расейскіх манастыроў. Пры ім стварылі жаночае вучылішча, многія выпускніцы якога сталі народнымі настаўніцамі.

У дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці захоўваецца акт абследавання Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, складзены 15 жніўня 1920 года полацкай камісіяй па ахове помнікаў старасветчыны і мастацтва: «Древняя церковь византийско-белорусского зодчества... находится под угрозой разрушения; купол в нескольких местах пробит осколками снарядов, вследствие чего внутрь проникает дождь и стенная живопись в некоторых местах повреждена... Самые дорогие и интересные в историко-археологическом отношении предметы, как-то: известный крест Евфросиньи, старинные иконы, ковчег с древними крестиками и т.д., в 1915 году были эвакуированы из Полоцка и находятся в настоящее время в Ростове, Ярославской губ., где они, может быть, частью расхищены, а частью портятся в ящиках... При осмотре маленькой часовни, построенной на холме в восточной стороне монастыря, в подвальном помещении обнаружена кладка из древних кирпичей вперемешку с новыми, заметны следы двустворчатых ниш. Почва холма имеет массу кирпичей и известки, так что следует предположить, что в этом холме могут быть обнаружены следы старинной церкви или усыпальницы полоцких князей. В этом холме, по рассказам монахинь, найдены два черепа: один с кинжалом в нем, а другой наполненный свинцом. В настоящее время сохранился лишь второй, который был осмотрен комиссией».

Зачынены бязбожнаю ўладай у 1928 годзе (тады ў ім налічвалася блізу 250 чарніц) манастыр аднавіў жыццё пад час нямецкае акупацыі. У паваенныя гады размешчаная паблізу вайсковая часць пачала браць з манашак... кватэрную плату. У 1954-м савецкая ўлада зноў павесіла свае пудовыя атэістычныя замкі, і сёстры мусілі выехаць у Жыровіцкі манастыр пад Слонімам. У Крыжаўзвіжанскім манастырскім саборы навакольныя жыхары парабілі хлявы.

Колькі чарніц адмовіліся пакінуць Полацак і назаўсёды пасяліліся ва ўспамінах майго дзяцінства. Маўклівыя, сухенькія, з нейкімі надзіва вялікімі вачыма, яны здаваліся нам істотамі з іншага, загадкавага, але чамусьці нястрашнага свету. Часам яны растулялі сурова падцятыя вусны і згадвалі якуюсьці маці Еўфрасінню і Бога, пра якога мы, хлапчукі, дакладна ведалі, што яго няма. Здавалася б, мы павінны былі дражніць гэтых істот у чорным адзенні ды здзекавацца з іх, аднак за маёй памяццю такога ніколі не здаралася. Без іх, як і без зруйнаванага потым Мікалаеўскага сабора, я не магу ўявіць Полацка канца пяцідзесятых - пачатку шасцідзесятых гадоў.

Не ведаю, як склаўся лёс тых трох ці чатырох паслядоўніц святой Еўфрасінні. Магчыма, іх вывезлі з горада пад прымусам. Магчыма, яны дажылі ў жыровіцкіх келлях да новага адраджэння Спасаўскага манастыра, што пачалося ў 1989 годзе.

Полацкае княства паспяхова адстойвала незалежнасць ад Кіева. Апроч палітычных і эканамічных выгодаў, гэта давала творчую свабоду дойлідам, жывапісцам, ювелірам, ад якіх ніхто не вымагаў абавязкова арыентавацца на кіеўскія ўзоры. Полацкая зямля - не толькі прарадзіма беларусаў, але і калыска беларускай культуры. Еўфрасіння была сярод рупных выхавальнікаў гэтага «дзіцяці». Нястомна збіраючы вакол сябе таленты, яна стала нашай першаю мецэнаткай.

Высокі ўзлёт полацкай школы дойлідства засведчыла стварэнне Спасаўскай, або Спаса-Праабражэнскай (цяпер яе часта не зусім правільна называюць Спаса-Еўфрасіннеўскай) царквы - неацэннага помніка сусветнай культуры.

З чым параўнаць яе бялюткае дзіва? З лілеяй у цёплай завоіне блізкай Палаты? З казачнай птушкаю на зялёным поплаве? З журботна светлай мелодыяй?.. А як выказаць словамі стан душы, якая тут нібыта выпростваецца і замірае, рыхтуючыся дакрануцца да Вечнасці?

А цяпер крыху фантазіі.

Бачыце ўжо немаладога станістага чалавека ў простай манаскай рызе, што ідзе сюды ад ракі скрозь смугу часу? Адкрыты абсівераны твар, сінія вочы з вугольчыкамі апантанасці, драбок будаўнічай рошчыны ў даўгіх жарых валасах. Пячатка вялікага клопату ляжыць на ўсім абліччы Іаана - полацкага манаха, кіраўніка арцелі муляраў, геніяльнага дойліда. Ён ужо збудаваў цэрквы Параскевы-Пятніцы ды Барыса і Глеба ў Бельчыцах. І вось стварае іншы, зусім непадобны да ранейшых храм.

Колькі разоў ён сніўся Іаану, змушаючы прахоплівацца сярод ночы і доўга глядзець у цямрэчу манастырскае келлі!

Паводле «Жыція» дойлід няраз чуў на досвітку таямнічы голас, што клікаў яго на будоўлю сабора ў гонар Спаса - Хрыста-выратавальніка. «І аднойчы падняўся ён, і прыйшоў да Еўфрасінні, і сказаў ёй: «Ці не ты, маці, пасылаеш па мяне?» А яна адказала: «Не». Але, падумаўшы, кажа яму шчасная тая жанчына: «Нават калі і не я цябе абуджаю, усё адно паслухай шчыра і ўважліва таго, хто кліча цябе на чын...» Пасля ж гэтага паставіла Еўфрасіння царкву мураваную святога Спаса, і збудавалі тую царкву за трыццаць тыдняў».

Заўтра храм вырвецца з павуціны рыштаванняў, як вылятае з вопрадня матылёк, і адкрыецца воку ва ўсёй сваёй прыгажосці. А пакуль Іаан яшчэ раз уважліва аглядае лёгка ўзнесены ў неба фасад, трох'ярусныя закамары з какошнікамі, купал-шалом. Заходняя сцяна таўсцейшая за астатнія. Па зробленых у ёй сходах дойлід падымаецца на хоры. Паабапал іх дзве вузенькія келлі: правая, калі стаць тварам да алтара, - Еўфрасінніна, левая - яе сястры Еўдакіі. Усярэдзіне царква здаецца значна вышэйшай, чым напраўду. Уражанне ўзмацняюць вузкія выцягнутыя вакенцы пад купалам.

Для Еўфрасінні і яе сучаснікаў храмы былі вобразамі і мадэлямі Сусвету. У іх увасабляліся ідэалы хараства і гармоніі. Калі палачане ўбачылі новы сабор без рыштаванняў, іх агарнулі пачуцці, сугучныя адчуванням візантыйца Міхаіла Псёла, які ў сваёй «Хранаграфіі» пісаў пра храмы: «Вока нельга адвесці не толькі ад невыказнай прыгажосці цэлага, з цудоўных частак сплеценага, але і ад кожнае часткі паасобку, і хоць ад іх можна атрымліваць асалоду бясконца, ніводнаю не ўдаецца налюбавацца дасхочу, бо позірк да сябе прыцягвае кожная...»

Вядомы расейскі гісторык Леанід Аляксееў называе будаўніцтва Спасаўскага сабора найбуйнейшаю падзеяй полацкага і ўсяго старажытнага ўсходнеславянскага дойлідства. Здарылася гэтая падзея недзе паміж 1152 і 1161 гадамі. Князёўна-ігумення была і фундатаркаю змураванага неверагодна хутка, за адзін будаўнічы сезон, храма, і дарадчыцай, натхняльніцай Іаана на творчы подзвіг.

«І асвяцілі царкву, - апавядае «Жыціе», - і была радасць вялікая ўсім хрысціянам. І сабраліся князі, і ўладарныя мужы, і інакі з інакінямі, і просты люд, і вялікае было свята, і святкавалі яго шмат дзён...»

Наватарскія архітэктурныя ідэі Іаана пашыраліся на радзіме і ў суседніх княствах. Напрыканцы XII стагоддзя полацкія дойліды ўзвялі ў Смаленску сабор архангела Міхаіла (узорам для яго была княжая царква, што стаяла ў Полацку на дзяцінцы) і гэтым заклалі асновы смаленскай архітэктурнай школы. Прыкладна ў той самы час палачане пабудавалі на Сінічай гары ў Ноўгарадзе царкву Пятра і Паўла.

Спасаўскаму сабору выпаў нялёгкі лёс. Два з паловаю стагоддзі ён належаў ордэну езуітаў і быў касцёлам. Вернуты ў 1832 годзе праваслаўным храм часткова перабудавалі. У выніку геніяльны твор Іаана істотна змяніў аблічча: на месцы пазакамарнага пакрыцця з'явіўся трохсхільны дах, шалом купала ператварыўся ў «цыбуліну»... Але і сёння цудоўна ўштукаваны ў наваколле храм нараджае надзвычай моцнае адчуванне завершанасці і суладдзя.

Зойдзем у сабор.

У чуйным паўзмроку глядзяць на нас са сцен і слупоў старажытныя вобразы. Адухоўленасць, багацце і вытанчанасць каларыту, свежасць вішнёвых, сініх, брунатных, блакітных, ружовых, зялёных колераў і адценняў... Асноведзь (фон) фрэсак у храме мела фіялетавае адценне. Як паказалі доследы, мастакі рабілі фарбы з настою паленых яловых шышак. У келлі ў ігуменні сцены былі цёмна-сінія са смарагдавым адлівам. Тут майстры карысталіся фарбаю з паленай косці.

Гэта адзіны ў Беларусі храм, дзе размалёўкі XII стагоддзя захаваліся амаль цалкам. Іхнюю заказчыцай таксама была Еўфрасіння. Цяпер большая іх частка закрытая познімі алейнымі фарбамі, а ў часы асветніцы фрэскі займалі ўсю саборную прастору. З вышыні купала бласлаўляў вернікаў Збавіцель. Шматфігурныя кампазіцыі чаргаваліся з аднафігурнымі. У келлі, дзе жыла ігумення, захавалася выява Дзевы Марыі, тонкія дасканалыя рысы якой нагадваюць найлепшыя грэцкія ўзоры.

Полацкія фрэскі ўражваюць псіхалагічнай глыбінёй, эмацыянальнасцю. Цяжка пазбыцца пачуцця, што перад намі не твары святых, а партрэты зямных людзей. Асабліва хвалююць жаночыя вобразы. На такое набліжэнне да рэальнасці не адважваліся ні кіеўскія, ні наўгародскія майстры.

Затрымаемся каля святой на паўночна-заходнім гранёным слупе, што падтрымлівае хоры. Твар з дугападобнымі бровамі і вочы намаляваны настолькі пранікнёна, з такой жыццёвай переканаўчасцю, што міжволі ўзнікае думка: гэтая жанчына жыла сярод нас. Дапытлівы цвёрды позірк глыбокіх вачэй выпрабоўвае, выклікае на роздум пра годнасць чалавека і сэнс ягонага існавання. Нядзіва, што гэтую фрэску называюць партрэтам Еўфрасінні Полацкай. У кожным разе на мастака не магла не ўплываць цялесная і духоўная прыгажосць асветніцы і яе сясцёр.

Апошнім часам з прычыны неспрыяльнага тэмпературнага рэжыму фрэскі хутка самараскрываліся і разбураліся. Колькі гадоў таму ў сабор прыйшлі мастакі-рэстаўратары. З'явілася надзея, што некалі мы ўбачым унікальныя размалёўкі ў іх спрадвечным харастве. Мо да таго часу і сам храм верне сабе першапачатковае аблічча. Праект яго аднаўлення архітэктары з «Белрэстаўрацыі» ўжо маюць.

З імем князёўны-ігуменні звязана і з'яўленне на нашай зямлі абраза Божае Маці, вядомага як Адзігітрыя Полацкая.

Каб упрыгожыць сабор у заснаваным ёю мужчынскім манастыры, Еўфрасіння паслала свайго слугу Міхаіла (магчыма, ігумена) да візантыйскага імператара Міхаіла Комніна і канстанцінопальскага патрыярха Хрысаверга. Пасланец вёз багатыя дарункі і грамату з просьбаю прыслаць абраз Багародзіцы Эфескай - адзін з трох, што яшчэ пры жыцці Дзевы Марыі намаляваў з яе першы хрысціянскі іканапісец апостал Лука. (З гэтае прычыны ён лічыўся ў сярэднявеччы апекуном мастакоў.)

Адпраўленыя імператарам у Эфес сто воінаў прынеслі абраз у Царгорад, адкуль пасля патрыярхавага багаславення ў саборы святой Сафіі рэліквію адаслалі Еўфрасінні. «А яна, - сканчвае аповяд пра гэтую падзею «Жыціе», - унёсшы абраз у царкву святой Багародзіцы, паставіла яго і аздобіла золатам і самацветамі і ўстанавіла насіць яго кожны аўторак па цэрквах».

Візантыйскі падарунак - самая ранняя Адзігітрыя (у перакладзе з грэцкае - Пуцяводная) на ўсходнеславянскіх землях. З такіх абразоў пачынаецца тое, што называюць мастацкай традыцыяй. Невыпадкова Адзігітрыю любілі маляваць беларускія іканапісцы розных стагоддзяў.

Наўрад у Полацак трапіў арыгінал старажытнага абраза. Сапраўды, навошта патрыярху багаслаўляць твор самога апостала? Трэба пагадзіцца з гісторыкамі, якія сцвярджаюць, што гэта была зробленая візантыйскімі майстрамі копія, прычым не з Эфескай, а з Царгародскай Адзігітрыі. Ёсць звесткі, што ў 1239 годзе яе ўрачыста перанеслі ва Ўваскрасенскую царкву горада Тарапца. Прычына шчодрага ахвяравання - вянчанне ў тым храме полацкай князёўны Параскевы з роду Рагвалодавічаў і князя Аляксандра Яраславіча, што неўзабаве атрымаў ганаровае найменне Неўскі. Паводле іншае версіі Полацкая Адзігітрыя трапіла ў Тарапец пад час Лівонскае вайны ў XVI стагоддзі разам з чарніцамі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, што ратаваліся ад «православнейшего» цара Івана Жахлівага.

У нашым стагоддзі рэліквія пераехала ў Рускі музей Санкт-Пецярбурга.

Адзігітрыя сёння «хаваецца» пад пазнейшымі фарбамі. Убачыць абраз, якому малілася Ўсяславава ўнучка, можна з дапамогаю электронна-аптычных прыбораў у інфрачырвоным святле. На фотаздымку - поўная спакойнай высакароднасці і чысціні святая са спагадлівым тварам і мяккай пяшчотаю ў шырока расплюшчаных вачах. Мо калі-небудзь іхні позірк зноў будзе сустракаць нас у адным з полацкіх храмаў?

Побач з імёнамі асветніцы Еўфрасінні і дойліда Іаана заўсёды ўзнікае трэцяе - Лазар Богша. Магчыма, у ягонай ювелірнай майстэрні юная Прадслава выбірала сабе аздобы, асцярожліва дакраналася да маленькіх тыгляў, захаплялася шматкалёрнымі эмалевымі абразкамі. Зрабіўшыся ігуменняй, яна замовіла слыннаму майстру крыж-каўчэг дзеля прысланых з Царгорада і Ерусаліма хрысціянскіх рэліквій. Такі важны заказ ювелір мусіў выконваць пад наглядам ігуменні, якая, відаць, была аўтаркаю эскіза святыні і зробленага на ёй вялікага надпісу.

Свой шэдэўр Богша стварыў у 1161 годзе. Думаю, што наша нацыянальная святыня вартая падрабязнага апісання.

Крыж шасціканцовы. Ягоная форма сімвалізуе Сусвет, створаны Богам, як вядома, за шэсць дзён. Аснова крыжа - кіпарысавае дрэва, з якога выраблялі асабліва важныя культавыя рэчы.

Рэліквія мае вышыню каля 52 сантыметраў; даўжыня верхняе папярэчкі - 14, ніжняе - 21, таўшчыня - 2,5. Зверху і знізу дрэва закрывала дваццаць адна залатая пластка з каштоўнымі камянямі, арнаментамі і дваццаццю эмалевымі абразкамі, якія нічым не саступаюць сусветна вядомым візантыйскім эмалям.

На верхніх канцах крыжа майстар змясціў паясныя выявы Хрыста, Багародзіцы і Іаана Папярэдніка. У цэнтры ніжняга перакрыжавання - чацвёра евангелістаў: Іаан, Лука, Марк і Мацвей, на канцах - архангелы Гаўрыіл і Міхаіл. Унізе - патроны (нябесныя апекуны) заказчыцы і яе бацькоў: святыя Еўфрасіння Александрыйская, Георгій і Сафія. На адвароце размешчаны выявы айцоў царквы Іаана Залатавуснага, Васіля Вялікага, Грыгорыя Багаслова, апосталаў Пятра і Паўла, а таксама святых Стэфана, Дзімітрыя і Панцялеймана. Над кожным абразком часткова грэцкімі, часткова славянскімі літарамі зроблены надпіс.

У сярэдзіне крыжа ў пяці квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кавалачкі крыжа Гасподняга з кроплямі Ісусавай крыві, драбок каменю ад дамавіны Багародзіцы, часткі мошчаў святых Стэфана і Панцялеймана ды кроў святога Дзімітрыя. З бакоў Богша абклаў дрэва дваццаццю срэбнымі з пазалотай пласткамі, а брыжы пярэдняга боку абвёў шнурком жомчугу.

Найкаштоўнейшымі з пакладзеных у гнёзды хрысціянскіх рэліквій з'яўляліся часцінкі Святога Дрэва - крыжа, на якім, ратуючы чалавецтва, сустрэў смерць Ісус Хрыстос. Паводле задумы найпадобнейшай Еўфрасінні гэтая святыня павінна была вечна «жыватварыць» душы палачанаў і ўсіх жыхароў роднай зямлі.

Крыж Еўфрасінні - яшчэ і каштоўны помнік нашага пісьменства. Кароткі дробны надпіс каля мошчаў святога Панцялеймана паведамляе імя майстра: «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченномоу Богъши, съделавъшемоу кръстъ сии цръкви святаго Спаса и Офросиньи». На пазалачоных пластках выбіты вялікі тэкст з цікавымі гістарычнымі звесткамі. На беларускую мову ён перакладаецца так: «У лета 6669 (1161) кладзе Еўфрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва святое бясцэннае, акова ж яго золата і срэбра, і камяні і перлы на 100 грыўняў, а да ... (пропуск) 40 грыўняў. І хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой жыватворнаю Тройцаю ды святымі айцамі... і хай напаткае яго доля Юды, які прадаў Хрыста. Хто ж насмеліцца ўчыніць такое... валадар або князь, або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Еўфрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі...»

У першай частцы тэксту паведамляецца кошт дарагіх металаў і камянёў, што пайшлі на аздабленне крыжа. 40 грыўняў - мабыць, атрыманая Богшам плата. Гэта вялікія на той час грошы: прыкладна столькі плацілі за 8000 локцяў (4000 метраў) драўлянай маставой або за паўтары ста лісіных шкур. Лазар быў заможны і асабіста свабодны чалавек. Магчыма, што Богша - яго другое імя, скарочаная форма ад Багуслаў.

Змешчаны на крыжы заклён, безумоўна, дзейнічаў на сучаснікаў Еўфрасінні, але страх перад Божаю карай быў не ўсемагутны. Недзе ў канцы XII стагоддзя рэліквію вывезлі з Полацка смаленскія князі. Захапіўшы ў 1514 годзе Смаленск, вялікі князь Васіль III забраў крыж з кафедральнага Ўспенскага сабора ў Маскву. Смаленцы, дарэчы, ужо мелі копію святыні.

Пад 1563 годам Ніканаўскі летапіс паведамляе: «Когда же боголюбезный царь и великий князь (Іван Жахлівы. - У.А.) мысля итти на отступников хрестьянския веры на безбожную Литву, бе же тогда в его царской казне крест Полоцкий украшен златом и каменнем драгим». У час аблогі горада цар спыняўся паблізу пакінутага чарніцамі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Магчыма, тады, просячы ў неба перамогі, Іван Жахлівы і наказаў пакласці святыню на яе ранейшае месца. Мог ён зрабіць гэта і трохі пазней - калі замольваў грахі пасля ўчыненых па ягоным загадзе ў Полацку крывавых злачынстваў.

З таго часу, як храм Спаса воляю караля Стэфана Баторыя перайшоў да езуітаў, палачане захоўвалі крыж у Сафійскім саборы, што з канца XVI стагоддзя быў вуніяцкім. Добра разумеючы ўплыў рэліквіі на вернікаў, айцы-езуіты распачалі судовы працэс, каб вярнуць крыж у Спасаўскую царкву. Галоўным іх аргументам стаў, між іншым, старажытны надпіс. Прайграўшы суд, яны паспрабавалі атрымаць крыж хітрасцю. Аднойчы, калі на свята Ўзвіжання рэліквію вынеслі на сярэдзіну храма, пасланец езуітаў падмяніў яе, паклаўшы на аналой падробку. Праўда, вернікі хутка заўважылі падлог, і далёка адысці ад сабора выкрадальнік не паспеў.

Калі ў 1812 годзе Полацак на колькі месяцаў трапіў у рукі да французаў, крыж захоўваўся ў сцяне Сафіі ў замураванай нішы.

Пасля аднаўлення праваслаўнага Спасаўскага сабора з'явілася магчымасць вярнуць святыню туды, дзе ёй пакланялася сама Еўфрасіння. Полацкі архіепіскап Васіль Лужынскі, збіраючы ахвяраванні на патрэбы епархіі, зрабіў з крыжам падарожжа ў Маскву і ў Пецярбург. У саборнай царкве Зімовага палаца шэдэўр Лазара Богшы аглядаў Мікалай I. Існавала небяспека, што крыж застанецца ў імператарскіх зборах, але тым разам надпіс-заклён, відаць, падзейнічаў.

23 траўня (ст. стылю) 1841 года хросны ход перанёс рэліквію з Сафійскага сабора ў храм Спаса. Крыж паклалі ў келлі, дзе асветніца пражыла свае апошнія гады.

У адным з беларускіх летапісаў - «Кроніцы Быхаўца» - ёсць згадка пра дачку полацкага князя Васіля Параскеву, якую абвясцілі ў Рыме святою пад імем Праксэды.

Князёўна нібыта пастрыглася ў манастыр Спаса над Палатой і сем гадоў перапісвала кнігі. Потым прыехала ў Рым і жыла, аддана служачы Богу. Там памерла і была пахаваная, прычым у яе гонар пабудавалі царкву. Некаторыя гісторыкі лічаць гэтае летапіснае апавяданне каталіцкаю версіяй жыццяпісу Еўфрасінні. Захаваліся звесткі пра крыж з надпісам, што ў ім ёсць частка святога дрэва, падараванага Праксэдзе рымскім папам Аляксандрам IV. Гэты крыж быў копіяй Богшавага твора. Цяпер ён знаходзіцца ў Яраслаўска-Растоўскім музеі-запаведніку.

І зноў мы пераносімся ў нашае стагоддзе. Гэтага вымагае вартая дэтэктыўнага рамана адысея крыжа ў гады савецкай улады. Пакуль раман не напісаны, прапаную аматарам дэтэктываў колькі наступных старонак.

У 1921 годзе крыж святой Еўфрасінні рэквізавалі бальшавікі. З-пад апекі духавенства ён трапіў пад чорнае крыло ОГПУ.

Напрыканцы дваццатых гадоў пачынаецца расправа з беларускай інтэлігенцыяй, раскручваецца махавік сталінскіх рэпрэсій. Тым трывожным часам былы прэм'ер БНР, а тады дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Вацлаў Ластоўскі ладзіць адмысловую экспедыцыю ў Полацак. Мэта - пошукі шэдэўра Лазара Богшы.

Крыж знайшоўся ў мясцовым фінаддзеле і быў перавезены ў Менск. Аднак наступ на беларускую культуру працягваўся. «Чыстка» ішла не толькі ў грамадстве, але і ў музейных сховішчах. Нацыянальныя скарбы вывозілі ў Расею або проста знішчалі. Зладзейства напачатку, чынілася пад выглядам эвакуацыі каштоўнасцяў далей ад дзяржаўнае мяжы. Страх перад «інтэрвенцыяй міжнароднай буржуазіі» нарадзіў ідэю перанесці сталіцу БССР у Магілеў, куды пачалі пераводзіць рэспубліканскія ўстановы. У 1929 годзе туды трапіў і крыж Еўфрасінні Полацкай. Матэрыялы, апублікаваныя доктарам Вітаўтам Тумашам у ню-ёркскім часопісе «Запісы Беларускага інстытута навукі й мастацтва», дазваляюць прасачыць хаду падзей.

21 лістапада супрацоўнік аддзела фельд'егерскай сувязі паўнамоцнага прадстаўніцтва ОГПУ па Беларускай вайсковай акрузе Лугаўцоў атрымаў ад начальства даверанасць «на право получения ценностей из Государственного Музея для отправки таковых в гор. Могилев».

Вацлаў Ластоўскі ўжо не працаваў дырэктарам музея, але нацыянальную рэліквію перадаваў фельд'егеру яшчэ за сваім подпісам: відаць, быў за яе асабіста адказны.

Цікава параўнаць складзены тады акт з вопісам крыжа, зробленым у канцы XIX стагоддзя сябрам рады Полацкага царкоўнага брацтва святаром Міхаілам Дуброўскім. Паводле яго з дваццаці эмалевых абразкоў на крыжы няма аднаго, а пяць - пашкоджаныя. У 1929 годзе тры выявы святых ужо выламаныя, а трынаццаць - папсаваныя. З усіх камянёў ацалелі два - аметыст і гранат. На месцы іншых засталіся пустыя гнёзды або з'явіліся кавалачкі рознакаляровага шкла. На верхняй папярэчыне не хапала двух кавалкаў золата і дрэва. «Ваяўнічыя атэісты» за лічаныя гады ўчынілі рэліквіі шкоду шматкроць большую за ўсе страты папярэдніх сямі з паловаю стагоддзяў.

На новым месцы крыж Еўфрасінні змясцілі ў музейную экспазіцыю, але наведнікі, асабліва жанчыны, перад святыняю маліліся і адбівалі паклоны. Напэўна, і з гэтай прычыны крыж перавезлі з музея ў былы зямельны банк, дзе ў 30-я гады мясціліся абкам і гаркам партыі. Будынак меў адмысловы пакой-сейф з масіўнымі кратамі на вокнах і браняванымі дзвярыма таўшчынёю 15 сантыметраў, за якімі былі яшчэ адны - кратаваныя. Менавіта там на пачатку вайны разам з іншымі найкаштоўнейшымі музейнымі экспанатамі ляжаў крыж Еўфрасінні Полацкай. Згодна з афіцыйнай версіяй якраз адтуль у 1941 годзе яго выкралі фашыстоўскія захопнікі. (У складзеным пасля вызвалення горада акце кошт крыжа ацэньваўся ў 6 мільёнаў рублёў.)

Але ці так было ў сапраўднасці?

Магілеў знаходзіўся за паўтысячы кіламетраў ад дзяржаўнае мяжы, і час дазваляў правесці эвакуацыю скарбаў. Так узнікла падазрэнне, што рэліквія паехала ў гады ваеннага ліхалецця на ўсход. Былы дырэктар магілеўскага музея І.Мігулін толькі спрыяў чуткам. Ён апавядаў, што ў чэрвені 1941-га трапіў у апалчэнне, але яму ўдалося вярнуцца ў горад і запатрабаваць у ваенкамаце транспарт дзеля вывазу музейных каштоўнасцяў. Транспарту ён не атрымаў і здолеў эвакуяваць толькі сябе і сям'ю.

У шасцідзесятыя гады Магілеўскі абласны музей звярнуўся з запытам пра рэліквію ў Эрмітаж. Адтуль прыйшоў адказ, што крыж Еўфрасінні Полацкай адразу па вайне прададзены на аўкцыёне ў Заходняй Эўропе ў калекцыю мільянераў Морганаў і цяпер у Ню-Ёрку. (Дадамо, што яшчэ ў трыццатыя гады ў газетах з'яўляліся звесткі, быццам бальшавікі меліся прадаць крыж у Швецыю.) Гэтая гісторыя прыцягнула ўвагу беларускіх вучоных Адама Мальдзіса і Георгія Штыхава. Яны пісалі, прабіваліся да рэспубліканскіх кіраўнікоў, аднак тых лёс нацыянальнай спадчыны не цікавіў.

Дырэктар магілеўскага музея І.Скварцоў запісаўся на прыём да начальніка абласнога ўпраўлення КДБ Дзямідава. Той паабяцаў заняцца справаю пры ўмове каманды з абкама. Хто і якую каманду даў «чэкісту» - загадка, бо таго неўзабаве перавялі ў іншы горад.

Вернемся да падзей вайны.

Бадай, усе, хто гутарыў з былым дырэктарам Мігуліным, адзначалі ў ягоных словах вялікую блытаніну. Часам ён сцвярджаў і зусім малаверагодныя рэчы. Напрыклад, калі казаў пра сваю службу ў апалчэнні, бо дырэктар быў інвалід: меў адну руку, прытым левую.

Калі верыць аднарукаму апалчэнцу, у будынку абкама ў гады нямецкае акупацыі стаяла вайсковая часць. Доўгі час на пакой-сейф за жалезнымі дзвярыма ніхто не зважаў, пакуль цікаўны салдат не дапяў па драбінах да закратаванага вакна і не ўбачыў за ім нешта бліскучае. Пасля гэтага немцы нібыта зрэзалі цяжкія дзверы аўтагенам, ашалелі ад ззяння золата і каштоўных камянёў і вывезлі ўсё немаведама куды.

Але сотні людзей могуць засведчыць, што старыя і зусім цэлыя браняваныя дзверы ў былым зямельным банку на вуліцы Міронава, 33 знялі толькі гадоў дзесяць таму, а другія, кратаваныя, па-ранейшаму на месцы. Значыцца, версія з акупантамі, узброенымі аўтагенам, здымаецца.

Бліжэйшымі да праўды выглядаюць успаміны старых магілеўцаў, што ў чэрвені 1941 года ў будынак банка зайшла група людзей у форме НКВД. Яны адчынілі пакой-сейф ключом, склалі каштоўнасці ў падрыхтаваныя загадзя мяхі і ад'ехалі ў невядомым кірунку. У такім разе крыж сапраўды пачаў падарожжа не на захад, а на ўсход, а потым мог таемна або адкрыта, на аўкцыёне, быць прададзены за мяжу.

Пакуль беларусы, як заўсёды, марудзілі ды валаводзіліся, рэліквію вырашыў пашукаць супрацоўнік Эрмітажа Бебут Шалкоўнікаў. Гэты прадпрымальны чалавек прыватна паехаў у ЗША, імкнуўся там пранікнуць у Морганаўскія зборы, але выявіў празмерны імпэт і трапіў на падазрэнне. У адзін цудоўны дзень да яго падышлі колькі маладзёнаў атлетычнага выгляду і ветліва прапанавалі ўгамавацца. У адваротным выпадку яны не гарантавалі вяртання дадому. На жаль, дадаць да маіх слоў спадар Шаўкоўнікаў нічога не можа, бо ўжо пакінуў гэты свет.

У сваёй кнізе «Таямніцы старажытных сховішчаў» Адам Мальдзіс прапанаваў яшчэ адну нітачку пошукаў: «Настаяцель царквы ў імя Еўфрасінні ў Полацку Міхаіл Кузьменка называў прозвішча другога мільянера - Ракфелера. Нібыта ў архіве Ракфелера працаваў у 1962 годзе прафесар-гісторык з эмігрантаў Уладзімір Скаралеці, які і бачыў там крыж».

Яшчэ больш заблытвае гісторыю існаванне копій святыні. Пра адну з іх - так званы крыж Параскевы Полацкай - мы ўжо ведаем. Але ж быў і дублікат, зроблены ў Смаленску, і езуіцкая падробка...

Пошукі крыжа працягнуў, апынуўшыся ў 1990 годзе ў ЗША, беларускі журналіст Алесь Лукашук. Між іншым, адзін дасведчаны чалавек перад ад'ездам параіў яму не лезці ў гэтую справу, каб не сапсаваць сабе падарожжа, а магчыма, і ўсяго жыцця. Тым не менш Алесь выявіў зайздросную энергію.

Яму ўдалося пагутарыць з экспертам Ракфелераўскага цэнтра ў Ню-Ёрку Оліў Брагозі, якая запэўніла, што крыжа Еўфрасінні Полацкай у іхняй мастацкай калекцыі няма і ніколі не было. З рэкамендацыі спадарыні Брагозі Алесь звярнуўся ў прыватнае ню-ёркскае агенцтва, што выдае каталог украдзеных твораў мастацтва. Аднак гэты каталог, як высветлілася, не ўлічвае твораў, што зніклі ў гады другой сусветнай вайны. Не абнадзеіла і меркаванне начальніка агенцтва: калі крыж у Злучаных Штатах у прыватным зборы, знайсці яго практычна немагчыма. Гэтаксама лічыць і адзін з нашых суайчыннікаў-эмігрантаў, які шмат гадоў сочыць за каталогамі «Сотбі» і «Крысці» - найбуйнейшых у свеце аўкцыёнаў па продажы мастацкіх твораў.

Супрацоўнікі ню-ёркскай фундацыі Морганаў на ўсе роспыты ветліва, але адмоўна хіталі галавой. Трапіўшы на экскурсію ў Федэральнае бюро расследаванняў, Алесь Лукашук выкарыстаў і гэтую магчымасць. У аддзеле экспертызы ласкава згадзіліся пашукаць звесткі пра беларускую рэліквію ў электроннай памяці сваіх камп'ютэраў. Тыя пра крыж нічога не ведалі.

Таямніца не давала спакою і Адаму Мальдзісу. Прыехаўшы ў 1990 годзе ў складзе беларускай дэлегацыі на сесію ААН, ён сустрэўся з супрацоўніцай Морганаўскай фундацыі спадарыняй Яўгеніяй Зазоўскай. «На маё пытанне, ці можна набыць або паглядзець каталог музейных фондаў, доктар Зазоўская адказала, што пра яго існаванне ёй невядома. Што знаходзіцца ў сутарэннях будынка - а там асноўнае багацце, - цалкам, бадай, невядома нікому», - запіша А. Мальдзіс у дзённіку.

Тамсама, у Ню-Ёрку, ён меў гаворку з Антонам Шукелайцем. У гады нямецкае акупацыі гэты ахвярны чалавек узначальваў Менскі гістарычна-мастацкі музей, што ў 1941-м не паспелі эвакуяваць. Ці не апынуўся крыж, як ходзяць чуткі, у Аўстраліі? Ці не разабралі яго, каб паасобку прадаць золата, срэбра і каштоўныя камяні з эмалямі?

Як мяркуе спадар Шукелайць, шэдэўр Лазара Богшы вывезлі ўсё ж спачатку на ўсход. Да яго даходзілі весткі, што крыж бачылі ў адным з маскоўскіх музеяў. Значыцца, калі рэліквія і трапіла на захад, дык праз Маскву. Версія пра разбор крыжа на часткі малаверагодная, бо кошт яго золата і камянёў параўнаўча невялікі. Галоўная вартасць крыжа для яго магчымых гаспадароў у тым, што гэта - высокамастацкі твор.

Ню-ёркскія пошукі завяршыліся ў кастрычніку 1990 года візітам у Морганаўскую фундацыю міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанкі. Ён перадаў запыт пра крыж Еўфрасінні Полацкай і растлумачыў, што гаворка ідзе пра нацыянальную святыню: «Калі б яе, няхай за выкуп, удалося вярнуць на Радзіму, у аэрапорце рэліквію сустракалі б дзесяткі тысяч беларусаў».

Калі прыйдзе дзень такой сустрэчы і ці прыйдзе наогул?

Праз пару месяцаў міністэрства атрымала афіцыйны адказ: у фундацыі Морганаў крыжа няма. Але ж у гэтага клана мільянераў ёсць прыватныя зборы, а за іх, як вынікае з прысланага дакумента, адміністрацыя не адказвае.

Магчыма, вы, шаноўны чытач, ведаеце пра лёс крыжа святой Еўфрасінні трохі болей. У такім разе звяртайцеся ў камісію па вяртанні нацыянальных каштоўнасцяў пры Беларускім фондзе культуры. Можна выходзіць і непасрэдна на Інтэрпол, што нядаўна таксама заняўся лёсам нашае святыні, зарэгістраваўшы яе пад нумарам 34-1130.

Апошнім часам у пошуках крыжа зроблена спроба выкарыстаць дапамогу вядомых экстрасэнсаў. Трое з іх, у тым ліку і сусветна знакамітая балгарка Ванга, упэўненыя, што крыж будзе раней ці пазней знойдзены.

Ігумення Еўфрасіння ніколі не губляла сувязяў са знешнім светам, была ягонай настаўніцай і суддзёй. Пад час высылкі Рагвалодавічаў у Візантыю Ўсяславава ўнучка заставалася адзінаю мо прадстаўніцай полацкай дынастыі на радзіме. Укрыўшыся за манастырскімі сценамі, яна была своеасаблівым сцягам змагання палачанаў за незалежнасць.

У гістарычна-археалагічным запаведніку ў Ноўгарадзе можна ўбачыць пячатку Еўфрасінні, знойдзеную там на Рурыкавым гарадзішчы. Пячатка пацвярджае вялікую ролю князёўны-ігуменні ў палітычным жыцці княства. Праз веча яна ўплывала на запрашэнне ў Полацак князёў і на прызначэнне епіскапаў, кандыдатуры якіх павінен быў ухваліць агульны сход месцічаў. Са згоды Еўфрасінні ў 1132 годзе горад скінуў кіеўскага стаўленіка і абвясціў князем роднага брата ігуменні: «Полочане же рекше: «лишается нас» и выгнаша Святополка, а Василка посадиша Святославича».

Надзеленая ясным розумам і моцнай воляю, асветніца не магла стаяць у баку ад падзей 1151 года, калі полацкае веча адмовіла ў даверы Рагвалоду-Васілю. Апальнага князя выслалі ў Менск і трымалі ў няволі, а на ягоным месцы валадарыў запрошаны адтуль Расціслаў Глебавіч. Сеўшы ў сталічным Полацку, ён раздаў удзельныя княствы сынам ды братам і вёў палітыку, выгодную найперш Менску. Веча вырашыла, што князь здрадзіў полацкім інтарэсам. Праз сем гадоў не без удзелу ігуменні палачане зноў захацелі бачыць на сваім пасадзе Рагвалода.

Пра гэта пад 1158 годам падрабязна апавядае Кіеўскі летапіс:

«Вялікі мяцеж быў тады ў горадзе сярод палачанаў, бо шмат хто хацеў Рагвалода. Ледзьве ўгамаваў людзей Расціслаў, адарыў шмат каго падарункамі, прыводзіў іх крыж цалаваць, а сам пайшоў з Усеваладам і з Валадаром і з усімі братамі на Рагвалода пад Друцк. Рагвалод жа зачыніўся ў горадзе. І біліся моцна, і шмат з абодвух бакоў палегла. Дручане ж вельмі дакаралі братоў. І замірыліся Расціслаў з Рагвалодам, і цалавалі крыж адзін аднаму, і аддалі воласці Рагвалоду. І вярнуўся Расціслаў з братамі дамоў.

Таго ж лета ўчынілі змову палачане супроць князя свайго Расціслава Глебавіча, і пераступілі праз крыжацалаванне, і паслалі пакрыёма да Рагвалода Барысавіча ў Друцк, кажучы яму: «Саграшылі мы перад Богам і перад табою, княжа наш, што пайшлі супроць цябе, і багацце ўсё тваё і твае дружыны парабавалі... Калі ж ты не прыпомніш нам усё тое... і крыж нам пацалуеш, то мы людзі твае, а ты наш князь. Расціслава ж схопім і аддамо табе ў рукі, і што захочаш, тое яму ўчыніш». І Рагвалод прысягнуў палачанам на крыжы».

Замах на Расціслава прызначылі на дзень святога Пятра. Князя запрасілі на братчыну (пачостку) каля царквы старой Багародзіцы. Аднак папярэджаны некім Расціслаў надзеў пад святочны ўбор кальчугу і захапіў з сабою моцную ахову. Наступнага дня ягоных прыхільнікаў пазбівалі на вечы, а сам князь з дружынаю ўцёк і «многа зла створи волости Полотьской, воюя и скоты, и челядь».

Усобіцы працягваліся з пераменным поспехам. Вялікія ахвяры прынесла ў 1162 годзе бітва полацкага Рагвалода з менскім Валадаром. Рагвалод марна спрабаваў пачаць сечу ўдзень. Менскае войска, большасць у якім складала літва, напала на палачанаў сярод ночы, што і вырашыла лёс перамогі. Шмат ваяроў палегла, яшчэ болей трапіла ў палон. Рагвалод ведаў, што Полацак не даруе яму, і туды ўжо не вярнуўся.

На полацкі пасад сеў Еўфрасіннін пляменнік Усяслаў Васількавіч. Ён мог толькі зайздросціць славе і магутнасці свайго аднайменніка Чарадзея. Менскі князь Валадар сабраў сілы і ў 1167 годзе разбіў Усяслава. Веча прызнала пераможцу, але ўтрымацца ў сталіцы Полацкае зямлі ён не здолеў.

Паспрыяць Усяславу ўзяліся сваякі - віцебскі князь Давыд і смаленскі Раман. Спачатку на беразе Дзвіны сышліся дружыны Валадара і Давыда. Уначы ўсхадзіўся вецер, несупынна білі перуны. Літоўскія паганцы з Валадаравага войска ўгледзелі ў гэтым гнеў свайго вярхоўнага бога Пяркунаса і разбегліся па лясах. Тым разам вяртанне полацкага князя на пасад абышлося без крыві.

Еўфрасіння заўсёды прымала нягоды роднае зямлі блізка да сэрца. «Жыціе» кажа, што яна не хацела нікога бачыць ворагамі: «ни князя со князем, ни бояри с боярином, ни служанина со служанином - но всех хотяше имети, яко едину душю». Князёўна-ігумення дапамагла Ўсяславу II прыцішыць міжусобныя спрэчкі Рагвалодавічаў. У канцы яго валадарання шэсць полацкіх князёў разам хадзілі на Друцк і выгналі адтуль смаленскага стаўленіка.

Міратворчыя клопаты Еўфрасінні адлюстраваліся ў царкоўных спевах, створаных у яе гонар у XII стагоддзі: «Князем сродником друг на друга дерзающе подъяти мечь возбранила еси, яко оружие обоюдоостро словесем божим устрашающем...»

Што нагадвае нам наказ асветніцы? Так, заклік аўтара «Слова пра паход Ігаравы»:

Яраславе і ўнукі вы ўсе Ўсяслава!

Апусціце ўжо сцягі свае,

Пахавайце мячы пашчарбаны, бо слава

Ужо дзедава вас не спаўе!

Таму і нарадзілася ў гісторыкаў думка, што невядомы геніяльны паэт і знакамітая палачанка - людзі аднаго кола і блізкіх перакананняў, магчыма, нават знаёмыя. Між іншым, яшчэ ў мінулым стагоддзі няраз выказвалася меркаванне, што стваральнік «Слова» быў ураджэнцам ці жыхаром Полацкага княства. Нездарма ж так добра ведаў ён нашу гісторыю, падзеі якой згадаў у шасці абзацах свайго неўміручага твора. Нездарма прысвяціў узнёслыя словы Ўсяславу Чарадзею.

На схіле жыцця Еўфрасіння вырашыла здзейсніць духоўны подзвіг паломніцтва ў Святую Зямлю. Брат Вячаслаў з іншымі сваякамі і ўсе палачане сабраліся ў Спасаўскім манастыры і прасілі ігуменню не пакідаць іх, але тая яшчэ раз паказала свой рашучы характар. «Не пакінуць вас хачу, а памаліцца за сябе і за вас», - сказала яна землякам на развітанне.

У той час у далёкія вандраванні - каб запабегчы бездарожжа - выпраўляліся зазвычай на пачатку зімы або раннім летам. Выехаўшы з Полацка неўзабаве па Калядах, увесну можна было дапясці межаў Візантыі. Пасля свята Хрыстовага нараджэння вырушылі ў дарогу і полацкія паломнікі.

Еўфрасінню суправаджалі стрыечныя сястра Еўпраксія і брат Давыд. Спярша падарожнікі, напэўна, ехалі па рэках на санях, а потым - то сухазем'ем, то вадою, пераадольваючы за дзень 30-40 вёрстаў. Паўсюль ва ўсходнеславянскіх княствах славутую палачанку чакаў гасцінны прыём. На сваім шляху яна сустрэлася з імператарам Мануілам Комнінам, які ішоў вайною на вуграў (венграў). Кесар прыняў сваячку вельмі прыязна і «з вялікай пашанаю паслаў яе ў Царгорад». Там паломнікі наведалі сабор святой Сафіі, набылі залатое кадзіла, дарагія фіміямы і іншыя неабходныя ў Святых Мясцінах рэчы і, атрымаўшы ад патрыярха багаславенне, паехалі далей.

Сустрэча Еўфрасінні з імператарам Мануілам ставіць пад сумненне агульнапрынятую дату паломніцтва і смерці святой (1173). Гэты візантыйскі кесар апошні раз ваяваў з вуграмі ў 1167 годзе, прычым выйшаў у паход на Вялікдзень, 8 красавіка. Прыкладна тады ягонае дзяржавы дасягнулі і полацкія паломнікі. Еўфрасінніных пляменніц Вольгу і Кірыяну перад ад'ездам ігуменні пастрыгаў у манастыр уладыка Дыянісій, які стаў полацкім епіскапам пасля 1166 года. На аснове гэтых фактаў годам смерці святой Еўфрасінні можна лічыць 1167-мы.

У канцы красавіка ігумення і яе спадарожнікі прыйшлі да ерусалімскіх муроў. Еўфрасіння паслала слугу Міхаіла да патрыярха прасіць, каб ёй адчынілі браму, праз якую з боку Элеонскае гары калісьці ўвайшоў у горад у Вербную нядзелю Ісус Хрыстос. Цяжкасцяў з дазволам не ўзнікала. Ерусалім належаў крыжакам, а валадарыў у ім кароль Амальрых I. Ён таксама даводзіўся полацкай князёўне сваяком - праз жонку французскага караля Генрыха І Ганну, якая была дачкою Яраслава Мудрага і ўнучкаю Рагнеды Рагвалодаўны.

Еўфрасіння шчыра малілася і кадзіла з залатой кадзільніцы дарагімі фіміямамі каля труны Гасподняй. Пасяліўшыся ў манастыры святой Багародзіцы, асветніца прыходзіла да труны тры дні запар. На трэці дзень яна пакінула там кадзільніцу і іншыя залатыя дарункі і папрасіла Ўсявышняга, каб дазволіў ёй памерці ў святым горадзе, дзе адбылося збаўленне чалавечага роду.

У хуткім часе Еўфрасіння захварэла. Яна ўжо не змагла сама схадзіць на раку Іярдан, дзе хрысціўся Сын Божы, і паслала туды брата з сястрою і слугаў. Тыя прынеслі гаспадыні іярданскае вады, і паломніца, падняўшыся з ложа, напілася і акрапіла сябе ёю, а потым зноў легла, просячы Госпада ўзяць да сябе яе душу.

«Жыціе» апавядае, што нябесны Валадар паслаў да Еўфрасінні анёла, які паведаміў, што малітвы пачутыя і на небе ўжо чакаюць сустрэчы з ёю. На дваццаць чацвёрты дзень хваробы яна пачула блізкі скон, паклікала святара і, паспавядаўшыся і прыняўшы прычасце, аддала сваю душу Ўсявышняму.

Зямное жыццё асветніцы завяршылася.

«Давыд же и Евпраксия и с прочими спряташа тело ея честно». Пахаваўшы Еўфрасінню ў Феадосіевым манастыры святой Багародзіцы ў Ерусаліме, паломнікі павезлі журботную вестку ў Полацак.

Гісторыя мошчаў святой Еўфрасінні - іх зварот на Бацькаўшчыну, блуканні па пакутах у гады «ваяўнічага атэізму» і канчатковае вяртанне ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр - бадай, не менш цікавая, чым само жыццё асветніцы.

Неўзабаве пасля смерці полацкай паломніцы Святой Зямлі пачалі пагражаць магаметане. У 1187 годзе, рыхтуючыся да прыступу Ерусаліма, султан Саладзін за выкуп дазволіў хрысціянам пакінуць горад разам са сваімі рэліквіямі.

Як велізарны скарб усходнеславянскія манахі везлі з сабою раку (своеасаблівы куфар, дзе захоўваюцца святыя мошчы) з нятленнымі астанкамі Еўфрасінні.

Калі верыць паданню, манахі меліся перанесці святыню адразу ў Полацак, але гэтаму перашкодзіла адвечная варажнеча кіеўскіх і полацкіх князёў. Мошчы паклалі ў дальніх пячорах кіеўскага Пячорскага манастыра ў падземным храме Звеставання Найсвяцейшай Багародзіцы, дзе рэліквіі давялося спачываць больш за сем стагоддзяў. На радзіме грымелі войны, занепадаў і зноў адраджаўся Спасаўскі манастыр, а тут панаваў вечны спакой. Вечка срэбнай ракі было адчынена і прымацавана да сцяны, астанкі найпадобнейшай Еўфрасінні - закрытыя покрывам; у галовах вісеў абраз святой і гарэла непагасная лампадка.

Першыя спробы перанесці мошчы заступніцы Беларусі ў родны горад адбыліся ў цараванне імператара Аляксандра II. Пра гэта хадайнічалі жыхары Полацка, потым, у 1864 годзе, ад імя насельніцтва трынаццаці воласцяў Полацкага павета і, ведама ж, са сваімі, бясконца далёкімі ад хрысціянскай дабрачыннасці мэтамі - душыцель нацыянальна-вызваленчага паўстання Кастуся Каліноўскага граф Мураўёў-вешальнік. Пасля трэцяга хадайніцтва полацкага епіскапа Савы ў 1871 годзе ў Спасаўскі манастыр была ўрачыста перанесена малая частачка мошчаў - сярэдні палец правай рукі.

Наступныя просьбы Пецярбург нязменна адхіляў, а за Аляксандрам III палачанам наогул забаранілі звяртацца з гэтай прычыны ў вышэйшыя інстанцыі. Духоўная і свецкая ўлады царскае Расеі былі супраць вяртання рэліквіі, бо ведалі, што паводле векавой традыцыі Еўфрасінню Полацкую шанавалі як сваю святую і прыхільнікі гвалтоўна скасаванай Вуніі. Насмеліўся на аўгусцейшы дазвол толькі Мікалай II.

У красавіку 1910 года Кіеў развітваўся з полацкай князёўнаю.

На другі дзень Вялікадня ў падземным храме Звеставання прайшло ўсяночнае набажэнства. Назаўтра святыню пераклалі ў новую кіпарысавую раку і вынеслі да тысяч багамольцаў. Жыхары горада запоўнілі вуліцы і схілы пагоркаў, галубцы і дахі дамоў. Уздоўж дарогі з Лаўры да Дняпра стаялі вайсковыя шыхты.

Мошчы і асобы, якія іх суправаджалі, падарожнічалі на трох дзяржаўных параходах. У насавой частцы аздобленага кветкамі, маем і сцягамі флагмана флатыліі стаяла капліца з люстранымі вокнамі, абапал яе - дзве залатыя харугвы. Раку з мошчамі паставілі пад балдахінам на карме сляпуча белага карабля.

Флатылія з мошчамі прайшла па Дняпры ад Кіева да Воршы 695 вёрстаў, паўсюль сустраканая сціжмамі вернікаў. Асабліва маляўніча яна выглядала ўначы, калі на берагах, ля самае вады, гарэлі зыркія вогнішчы, параходы мігцелі агеньчыкамі сотняў свечак, якія адбіваліся ў люстрах капліцы, а на макаўцы фок-слямгі флагманскага карабля ззяў крыж.

З Воршы да Полацка мошчы святой везлі сухазем'ем. Пра яе сустрэчу ў родным горадзе прэса пісала: «Преподобная мать, княжна Евфросиния вернулась! Вернулась при звоне колоколов, при торжественном пении пасхальных стихир; по пути, усыпанному руками юных полочанок зеленью и весенними цветами, среди коленопреклоненных тысяч народа... Встреча святых мощей произошла в двух верстах от города, за Витебской заставой, у железнодорожного виадука, где была устроена увитая зеленью и украшенная национальными флагами сень с возвышением. В небесной лазури пели жаворонки. У сени были разбиты палатки, куда прибыл из Полоцка высокопреосвященный митрополит Флавиан с своей духовной свитой и облачился в полное парадное светлое облачение. Сюда же прибыли заблаговременно ее величество королева Эллинов Ольга и великая княгиня Елизавета Федоровна, и пришли из окрестных деревенских церквей крестные ходы с хоругвиями, образами и хорами певчих. Около трех часов дня от градского Николаевского собора, собравшись и устроившись на корпусном плацу, пред историческим величественным памятником событий 1812 года, двинулся и крестный ход от всех полоцких церквей и монастырей с многочисленным духовенством во главе с четырьмя епископами и в сопровождении великого князя Константина Константиновича, генералитета, всех гражданских властей... Кадеты полоцкого кадетского корпуса с своим корпусным знаменем, которое нес августейший знаменщик сын великого князя Олег Константинович, с хором и музыкой вышли еще раньше и прошли сем верст от города к селу Струни, где находится древний храм и лагерь кадетского корпуса; там кадеты встретили святыню и сопровождали ее до места встречи.

Народ и богомольцы-паломники расположились живописными группами на окрестных полях. На полотне железной дороги стоял санитарный поезд, украшенный флагами, с многочисленной нарядной публикой. Наступило общее затишье. Но вот вдали показалось облако пыли, с колоколен полоцких церквей раздался отдаленный трезвон колоколов. Митрополит и духовенство взошли под сень на помост. Митрополиту поднесли драгоценный, со святыми мощами крест преподобной Евфросинии. Все замерло на миг. Наконец стали доноситься звуки «Коль славен» кадетского музыкального хора, и вдали показался белый, серебряной парчи балдахин, весь украшенный цветами, и под ним носилки, несомые духовенством, и на них рака со святыми мощами, покрытыми великокняжеским покрывалом из малинового бархата, отороченного горностаями. Вся многотысячная толпа богомольцев и народа опустилась на колени...»

Пад перазвон усіх гарадскіх званоў рэліквію змясцілі спачатку ў кафедральным Мікалаеўскім саборы. 22 траўня па дарозе да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ўрачыстая працэсія расцягнулася на дзве вярсты.

Аб тым, якое значэнне надавалі пераносу мошчаў святой Еўфрасінні царскія ўлады, сведчыць удзел у хросным ходзе вялікага князя Канстанціна, які прадстаўляў самога імператара, каралевы Грэцыі Вольгі Канстанцінаўны і вялікай княгіні Елізаветы Фёдараўны, роднай сястры царыцы.

23 траўня 1910 года, у дзень памяці святой, яе нятленныя астанкі вярнуліся ў Сафійскі сабор. Іх чакала абкладзеная срэбрам кіпарысавая рака, зробленая ў візантыйскім стылі на ахвяраванні вернікаў. Рака каштавала велізарныя на той час грошы - 12 тысяч рублёў.

Звычайна мошчы святых выяўляюць цудадзейную сілу. Пра адно з дзівосаў расказаў 25 траўня ў «Полоцком листке» старэйшы лекар кадэцкага корпуса доктар медыцыны А. Мансветаў.

У Спасаўскім манастыры жыла чарніца, якая хварэла на верад страўніка і праз цяжкія нутраныя крывацечы і крывавыя ваніты так знясілела, што ўжо амаль не падымалася з ложка. Доктар страціў усякую надзею выратаваць хворую: цела было ў пролежнях, а боль сунімалі наркотыкамі. Калі ў манастыр прыбылі астанкі Еўфрасінні, іх спачатку паставілі ва Ўзвіжанскім саборы. Па ўсяночнай вернікі ўтварылі да рэліквіі даўжэзную чаргу. Манастырскія сёстры, выконваючы просьбу хворай, прывялі яе ў храм і ўзнялі на памост, дзе яна прыхінулася да мошчаў і пацалавала святой Еўфрасінні руку. Пасля гэтага манашка адчула такі прыліў сіл, што здолела падняцца і ісці без чужой дапамогі. У чарговы візіт доктар Мансветаў сустрэў пацыентку на двары і не даў веры вачам: учарашняя хворая падбегла да яго з радаснаю ўсмешкаю на вуснах. Лекар прызнаецца, што ў гэтым выпадку сустрэўся са з'яваю, якая пераходзіць межы людскога разумення.

Манастырская кроніка тых часоў, на жаль, не захавалася. Магчыма, Еўфрасіння працягвала чыніць дзівосы, але ўжо з няўмольнасцю навальнічнае хмары насоўвалася іншая эпоха.

XX стагоддзе наканавала святыні не спакой, а пакуты. Пасля бальшавіцкага перавароту 1917 года, калі пачалася бязлітасная вайна супроць рэлігіі, святыя мясціны і рэліквіі зазналі на сабе варварства і здзекі новае ўлады. Драма не абмінула і Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

Люты 1919-га. Народны камісарыят юстыцыі РСФСР выдае пастанову аб арганізаваным ускрыцці мошчаў цудатворцаў па ўсёй краіне. Выкананне бязбожнага рашэння затрымліваецца толькі з прычыны грамадзянскай вайны.

У 1922 годзе ў Полацку адбылося злачыннае ўскрыццё дамавіны з мошчамі святой Еўфрасінні. (Першы раз іх ускрылі ў красавіку 1920-га ў Аўраміеўскім манастыры г. Растова Яраслаўскай губерні, куды святыню эвакуявалі ў гады сусветнай вайны.) У фондах Полацкага гістарычна-археалагічнага запаведніка захаваліся дакументы, што распавядаюць пра гэтае блюзнерства.


Протокол

вскрытия и освидетельствования мощей Евфросинии комиссией, выделенной согласно постановлению Полоцкого уездисполкома, утвержденному губисполкомом, состоявшегося 13 мая 1922 г. в гор. Полоцке в Спасо-Евфросиньевском монастыре.

Присутствовали: от уезд. исполкома т. Хомяков, от укома т. Лейман, от Союза Молодежи т. Пискунов, от женотдела т. Барановская, от уездздрава доктор Ленский, ученый-археолог Гейнис, представители красноармейских частей и представители духовенства - священники Черепнин, Покровский, игуменья Елена, казначей общины Ксунина Лариса, монахини, представители верующих, городского населения и крестьян.

В 14 час. коллективно, в присутствии вышеперечисленных и членов комиссии уездисполкома т. Ткачева, начальника и военкома 43-х полоцких ком. курсов т. Фабрыциуса, военкома 41-го полка т. Дмитриева, представителя губотдела юстиции т. Шефкуна, члена губисполкома т. Григорьева, представителя губполитуправления т. Секса, врачей: Ленского, Христенсена, Лундберга, ученого-археолога Дейниса, игуменьи и монахинь монастыря, последние приступили к освобождению мощей от облачения.

По наружному виду в гробу лежит нечто имеющее форму человека. По снятии застежек и схимьи, изготовленной в 1910 г., обнажается другая одежда - мантия. Фигура лежит в голубом шелковом ваточнике, видны сложенные накрест руки в красных ватных перчатках. Ноги обуты в красные шелковые туфли. Голова завернута - сначала ватный чехол розово-полосатого шелка, затем парчовый колпак и красно-шелковый чехол.

Под снятой одеждой находится хитон, шелковый, лилового цвета. Вся фигура обложена - по заявлению монахинь, во избежание тряски при перевозке - парчовыми скуфьями и разными частями церковных одежд. По снятии шелковой сорочки найдена записка современного происхождения, подписанная иереем Клавдием. Кроме того, найдены четки (янтарные), по заявлению монахинь, привезенные с мощами из Иерусалима. Из-под сорочки обнажается костяк, завернутый в шелковые лоскуты. Череп без волос вплотную приложен к туловищу, но с ним не связан. Грудная клетка изломана, кое-где на остатках ребер сохранились заплесневшие и мумифицировавшиеся части мышечной ткани и кожи. Часть ребер провалилась внутрь и подперта каким-то материалом, по развертывании оказавшимся частями парчовых облачений. На реплику одного из присутствующих «Развязывайте скорее» монахиня Неонила заявляет: «Не торопитесь, вас больше ждали», другая заявляет: «Тут ничего нет, одне косточки». Священник Пестман, оттиснутый присутствующими в сторону, настаивает на своем праве быть впереди и удовлетворяется.


Заключение врачебно-научной экспертизы

Доктор Христенсен устанавливает, что череп отделен от туловища вследствие разрушения связочного аппарата; разрушения связочного аппарата - от тления. В середине череп пустой. Лицевая сторона черепа замазана какой-то мастикой давнего происхождения в области глаз, век и верхней челюсти, по предположению врачей - с целью туалета, дабы сгладить неприятное впечатление и придать форму лицу. Больше мастики нигде не замечается. На грудной клетке местами покрытая плесенью незначительно высохшая кожа. На суставах сухожилия мумифицировались и связывают некоторые суставы. По мнению врачебной экспертизы, все кости принадлежат одному трупу: волос нигде нет. Зубы имеются лишь только в верхней челюсти. Труп мумифицировался вследствие благоприятных почвенных условий. Давность мумифицированного трупа установить невозможно, но науке известно, что при благоприятных почвенных условиях трупы сохраняются от 10 до 1000 лет, постепенно подвергаясь разрушению. С указанным мнением согласны и вполне солидарны врачи Лянсберг, Калашников и Ленский.

Ученый-археолог Дейнис считает, что труп плохо сохранился, так как он видел и более хорошо сохранившиеся мумии египетского происхождения. Возможно, что последние более сохранились вследствие искусственной мумификации, тогда как этот труп подвергался мумификации почвенной.

Крест, одетый на костях, недавнего происхождения; в разные моменты произведены фотографические снимки фотографами Берментом и Соловейчиком.


Подписи председателя и членов комиссии

Текст записки Иерея Клавдия, найденной при вскрытии «мощей» Евфросинии Полоцкой.

Ея рубашка без нужды от тела не отнимается, кроме когда потребуется отнятие частиц ее тела, только тогда развернуть ея. А для просушки тела не нужно развертывать, так как воздух пройдет сквозь ея.

Мы не дерзали никогда раскрывать святое тело преподобной матери нашей Ефросинии, только тогда, когда свидетельствовали ея.


Иерей Клавдий

Пасля ўскрыцця мошчы адправілі на атэістычную выставу ў Маскву, адтуль - у Віцебск, дзе іх дэманстравалі ў краязнаўчым музеі. За год да гэтага ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры рэквізавалі ўсе каштоўнасці і сярод іх срэбная рака вагою 40 пудоў, у якой ляжала святыня.

У нямецкую акупацыю, калі былі зноў адчынены храмы і адноўлены манастыры, віцябляне перанеслі нятленныя астанкі з музея ў Свята-Пакроўскую царкву. У кастрычніку 1943 года яны вярнуліся ў Полацак. Рабілася гэта з дазволу і з дапамогаю акупацыйных уладаў, якія, вядома, мелі свой разлік.

Непасрэдны ўдзельнік тых падзей пісьменнік і дзеяч паваеннай беларускай эміграцыі Юрка Віцьбіч у сваёй выдадзенай у Ню-Ёрку ў 1975 годзе кнізе «Мы дойдзем!» прыгадваў:

«Позьнім вечарам зь Віцебска ў Полацак прыйшоў вагон з мошчамі сьв. Еўфрасіньні. Нягледзячы на каменданцкую гадзіну, калі жыхарам забаранялася выходзіць на вуліцу, камендант Полацка дазволіў двум сьвятарам і чатыром міранам, паміж імі быў і я, праводзіць мошчы з чыгуначнай станцыі ў сабор сьв. Сафіі.

Ужо была ноч, калі мы зь цяжкасьцямі ўсклалі старадаўнюю дубовую дамавіну-калоду на засланую дыванамі фурманку.

Наперадзе і ззаду нас ішло па двое нямецкіх салдатаў, якія ці то сачылі за намі, каб мы не зрабілі нейкай дывэрсіі, ці то ахоўвалі нас ад сустрэчных немцаў. Мы йшлі за фурманкай і сьпявалі сьціхіру: «Весяліся, манастыр Спасаў, і сьветла лікуй, зямля Полацкая».

Наступным днём адбылося перанясеньне мошчаў з Сафійскага сабору ў царкву Спаса... Фронт быў за 36 кілямэтраў ад Полацку на станцыі Дрэтунь. Таму спачатку камендант дазволіў, каб працэсія складалася з пару дзесяткаў асобаў, пазьней пагадзіўся на больш. Замест шматлікіх сьвятароў, ішлі ў сваіх пасхальных рызах толькі айцы Антоній і Мадэст. Невялічкі дзявочы хор Сафійскага сабору сьпяваў «Сёньня сьвятло красуецца старажытны горад Полацак».

Вернікаў, нават у паўразбураным вайной Полацку, сабралася больш, чым меркавалася, між імі ішлі я і мая маці, якая час ад часу шаптала:

- Дазволіў Гасподзь і мне грэшнай спадарожнічаць Табе, слаўная маці нашая Еўфрасіньня...

Калі мы падышлі да манастыра, у каторым не званілі званы, бо іх разьбілі бальшавікі, то пабачылі, што па старадаўняму звычаю дарожку да царквы Спаса выслалі льняною тканінаю, а насустрач нам выйшлі манашкі Еўпраксія і Леаніла. Іх падтрымлівалі пад рукі, а яны зь сьлязьмі галасілі:

- Дамоў варочаешся, нашая маці ігуменьня. Дзякуем Табе, Госпадзі Ісусе Хрысьце, што даў нам дажыць да гэтага радаваньня...»

З таго часу мошчы святой Еўфрасінні спачываюць у Спасаўскім храме.

Палачане прызналі сваю асветніцу святой яшчэ восем стагоддзяў таму. Аўтар «Жыція» скончыў яго натхнёным хваласпевам: «Якою мовай, братове, уславіць мне светлую памяць найблажэннейшай нявесты Хрыстовай Еўфрасінні! Была яна памочніца пакрыўджаным, зажураным суцяшэннем, распранутым адзенне, хворым наведанне, ці, проста кажучы, - для ўсіх была ўсім. Еўфрасіння сэрца сваё ўспакойвала Божаю мудрасцю. Еўфрасіння - незвядальная кветка райскага саду. Еўфрасіння - арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду да ўсходу, нібы прамень сонечны, прасвятліўшы зямлю Полацкую. Тым жа, братове, пахваляецца Селунь аб святым Дзімітрыі, а Вышгарад - пакутнікамі Барысам і Глебам; я ж пахваляюся: шчасны ты, горадзе Полацку, што ўзрасціў парастак такі - найпадобнейшую Еўфрасінню».

Да паловы XVI стагоддзя Полацак быў галоўным духоўным цэнтрам беларускіх земляў. Адсюль шанаванне князёўны-ігуменні пашыралася па ўсёй Беларусі. Паступова святая Еўфрасіння стала ў свядомасці вернікаў нябеснаю заступніцай - патронкаю не толькі Полацка, але і ўсёй Бацькаўшчыны. На гэтую ролю прэтэндавалі і іншыя святыя - Казімір (сын караля і вялікага князя літоўскага Казіміра IV), Параскева Полацкая, Андрэй Баболя (закатаваны ў 1657 годзе царскімі казакамі ў Беларусі каталіцкі місіянер). Народная памяць зрабіла свой беспамылковы выбар.

Расейская праваслаўная царква не спяшалася шырока прызнаваць найпадобнейшую Еўфрасінню, бо ёй пакланяліся вуніяты. Варожасцю царскіх улад да Вуніі, якая захоўвала нацыянальную самабытнасць беларусаў, тлумачыцца, пэўна, і знікненне створанага ў 1839 годзе мастаком Токаравым родам з Бешанковічаў абраза Еўфрасінні, прызначанага для полацкага Сафійскага сабора. На абразе святая была намаляваная на поўны рост, у левай руцэ трымала крыж, а праваю паказвала на карону і мантыю - знакі княскае ўлады.

Сёння, акрамя шматлікіх праваслаўных абразоў полацкай падзвіжніцы, яе выявы можна ўбачыць на размалёўках падземнай царквы Звеставання ў Кіева-Пячорскай лаўры, на фрэсках кіеўскага Ўладзімірскага сабора (аўтар В. Васняцоў).

На пачатку нашага стагоддзя ў друку прамільгнулі звесткі, што полацкая князёўна была кананізаваная папам Грыгорыем Х на другім Ліёнскім саборы ў 1274 годзе. Гэты факт не пацвярджаецца дакументальна, але паводле даўняе традыцыі Еўфрасінню прызнае святою і каталіцкая царква. У сучасных літургічных выданнях для католікаў усходняга абраду (вуніятаў) яна ўпісаная ў календары на сваім месцы.

Такім чынам, сёння найпадобнейшую Еўфрасінню Полацкую разам з праваслаўнымі беларусамі глыбока шануюць іхнія браты-католікі. Патронка Беларусі дае духоўную падтрымку і нашым суайчыннікам далёка за межамі Бацькаўшчыны.

Першым беларускім праваслаўным храмам у Паўночнай Амерыцы стала царква Еўфрасінні Полацкай у канадскім горадзе Таронта. Набажэнства ў ёй упершыню адбылося 25 сакавіка 1950 года, у дзень абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Будзеце ў Лондане, таксама зможаце наведаць беларускую царкву святой Еўфрасінні.

Ведаюць пра Еўфрасінню Полацкую і ў гарадку Саўт-Рывер, паблізу Ню-Ёрка. Царква збудаваная тут беларускімі эмігрантамі ў гонар свае заступніцы, стаіць на ўзвышшы каля магістралі. Штонядзелі і на святы з блізкага і далёкага наваколля сюды з'язджаюцца старыя, маладыя і зусім малыя беларусы, каб шчыра памаліцца, пачуць роднае слова і адчуць сябе часцінкаю Бацькаўшчыны. Іканастас і мазаікавы абраз найпадобнейшай Еўфрасінні зрабіў для гэтага храма спадар Алег Махнюк, святар і таленавіты мастак.

Не так даўно мне давялося вадзіць па Полацку спевака з Ню-Ёрка Багдана Андрусішына, або проста Данчыка, і яго маці, спадарыню Юлю. Пакуль мая жонка гатавала да сустрэчы амерыканскіх беларусаў полацкія дранікі з душамі, мы на заканчэнне экскурсіі завіталі ў Спасаўскую царкву.

Да вячэрні было яшчэ далёка, аднак, даведаўшыся, што госці са Злучаных Штатаў, стараста царкоўнае рады Таццяна Храпавіцкая дазволіла і агледзець храм, і падняцца ў келлю князёўны-ігуменні. Ну а пасля таго, як стараста пачула пра царкву нашай святой каля Ню-Ёрка, госці атрымалі ў падарунак вялізны пакунак прасвірак.

Сёння паміж католікамі і праваслаўнымі ў Беларусі часам узнікаюць непаразуменні, і агульная для гэтых канфесій святая - Еўфрасіння Полацкая як бы заклікана паяднаць іх, прынесці ўсім мір, згоду і ўзаемапавагу. У сцверджанай рымскім папам «Малітве за Беларускі народ» гаворыцца: «Цябе, Прачыстая Багародзіца і наша нябесная Маці, просім: прычыніся за намі, а ты, святая Еўфрасіння Полацкая - патронка Беларусі, ды ўсе святыя заступнікі Беларускага народу, апякуйцеся намі, каб мы сталіся народам святым, што выконвае волю Божую і сваё пасланство, каб прычыніліся да агульнага дабра тут, на зямлі, а ў прошлым жыцці атрымалі вечнае шчасце, і Табе, прадвечнаму Валадару, прыносілі славу, чэсць і паклон на векі вечныя. Амін».

Еўфрасіння высока ўзнялася над сваёй эпохай. Яе прыклад натхняў Францішка Скарыну, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага... За гэта бальшавіцкая ўлада аддзячыла ёй поўнай мераю. Да самага нядаўняга часу пра яе не было аніякіх згадак ні ў музейных экспазіцыях, ні ў падручніках. Маўчыць пра яе пяцітомная акадэмічная «Гісторыя БССР». Калі я быў студэнтам гістфака, загадчык кафедры гісторыі Беларусі вядомы фальсіфікатар нашай мінуўшчыны Лаўрэнці Абэцэдарскі (ён жа - аўтар школьнага падручніка) з прафесарскай кафедры абзываў асветніцу цемрашалкай.

Бальшавікам не падабалася сацыяльнае паходжанне ўнучкі Ўсяслава Чарадзея. Не падабалася яе асветніцтва, што пярэчыла міфу пра адвечную забітасць беларусаў, якія да так званага «Вялікага Кастрычніка» і лямпачкі Ільіча мусілі быць спрэс галодныя і непісьменныя. Галоўным жа грахом полацкае князёўны была яе святасць.

Часы мяняюцца. Дваццаць гадоў таму «ветэраны партыі» за аповесць «Прадслава» бэсцілі ў газетах пісьменніцу Вольгу Іпатаву. У 1974 годзе, распісваючыся ў гістарычным невуцтве, з трыбуны пленума палохаў тых, хто асмельваўся пісаць пра асветніцу нешта станоўчае, сакратар рэспубліканскага аддзялення КПСС Пётр Машэраў.

Праз дваццаць гадоў ніхто, апрача спецыялістаў, мо і не ўспомніць, хто такі Машэраў, а зорка Еўфрасінні на небасхіле народнай памяці будзе ззяць усё ярчэй і ярчэй. Беларускія гісторыкі, пісьменнікі, мастакі ўжо нямала зрабілі, каб сарваць са святога імя зняважлівыя налепкі. Наогул жа літаратура пра жыццё і подзвігі Еўфрасінні налічвае блізу дзвюх сотняў назваў на беларускай, лацінскай, польскай, нямецкай, ангельскай, украінскай, царкоўнаславянскай, расейскай ды іншых мовах. Колькасць кніг і артыкулаў няўхільна расце. На маім стале ляжыць толькі што атрыманы з ЗША часопіс з публікацыяй пра лёс мошчаў святой. Часопіс, дарэчы, называецца «Полацак», а выходзіць ён па-беларуску ў амерыканскім горадзе Кліўлендзе, дзе ёсць беларускі культурны цэнтр - зноў жа пад назваю «Полацак».

Пералік літаратурных твораў, прысвечаных святой Еўфрасінні, дойліду Іаану, Лазару Богшу, заняў бы добрую старонку.

Патронка Беларусі служыць нашаму адраджэнню. Найлепей пра гэта, па-мойму, сказана ў паэме Дануты Бічэль-Загнетавай «Еўфрасіння Полацкая»:

Сілай духоўнай узвысіла Полацк высока.

Тым, хто імкнуўся да кнігі,

свяціла, бы зорка...

Мове, адзінай дзяржаве

шчэ толькі злучацца -

свет нас прымаў як народ

па адной палачанцы.

Як маладзік, узышла, засвяцілася шчыра

па-над вайной,

рассявальніцай цемры на шлях.

Унучка змаганца асветніцкі выбрала вырай.

Павандравала...

Як маладзік, узышла...

Сталыя, моладзь!

Да слова пара падключацца

з поўнай напругай!

Даволі ўзаемных абраз!

Зверым душу па натхняльніцы,

па палачанцы!

Душы ўздымае духоўна

жаночы абраз.

Сярод свецкіх партрэтаў святой вылучаюцца палотны жывапісцаў Аляксея Марачкіна і Нінэль Шчаснай, графічныя аркушы Арлена Кашкурэвіча. У тэхніцы габелена вобраз Еўфрасінні стварыў Сымон Свістуновіч. Яе імя ўзнікае ў памяці, калі бачыш адухоўленыя скульптуры старажытных палачанак Алеся Шатэрніка.

Набліжаецца, напэўна, і той дзень, калі ў Полацку - на Верхнім замку ці паблізу Спасаўскага манастыра - з'явіцца помнік асветніцы.

Рэжысёр Вольга Моракава зняла пра Еўфрасінню дакументальнае кінаэсэ, а калі верыць газетным публікацыям, студыя «Беларусьфільм» нарэшце сабралася стварыць мастацкую кінастужку.

У дні святкавання 1125-годдзя Полацка адбылася сімвалічная падзея. Пад скляпеннямі Сафійскага сабора, дзе калісьці знайшла прытулак юная Еўфрасіння, у выкананні Наталлі Сярогінай гучалі спевы, напісаныя ў гонар асветніцы восем стагоддзяў таму.

Придете, любомудрении,

песнями богокрасными воспоимо достохвалнии

в смирении Ефросинии всечеснеи...

Прыйдзіце, любамудрыя, у храм найпадобнейшай. Пакланіцеся яе мошчам, паглядзіце ў яе вочы на фрэсцы. Падыміцеся ў келлю святой, дзе так узнёсла думаецца пра вечнасць Хараства, пра чалавечае прызначэнне на гэтай зямлі.

1991

Загрузка...