Я, бакаляр у навуках вызваленых Лаўрын Баршчэўскі, пачынаю кроніку сваю лета ад нараджэння Сына Божага 1439 месяца жніўня ў дзень святога Варфаламея, маючы ў сэрцы сваім надзею, што пачуюць слабы голас мой у славутым месце Віцебскім над Дзвіною, дзе я ўроджаны і ўскормлены есмь. А пішу я не дзеля славы і падзякі, бо, думаючы пра ўдзячнасць чалавечую, прыгадваю нейкую жабрачку, што падклала апошнюю вязку дроў у вогнішча, узышоў на якое пакутнік Ян Гус. Пішу дзеля таго, каб ведалі свайчакі і адназемцы мае, што не выракся я роднае зямлі і тыя, што пайшлі разам са мною біцца за Божую справу і ваявалі многія леты і склалі на чужыне галовы свае, таксама бацькоўскае зямлі не выракліся і вялікую тугу па ёй мелі.
У трывозе сэрца маё, бо паўдзённы вецер прынёс да нас чорную смерць, і невідочныя стрэлы яе паразілі ўжо мастака Джакома, што распісваў капліцу святой Магдалены, і збройніка Федэрыга з сынам і трыма чаляднікамі, і шаноўны князь Гвальдоні, пад магутным крылом якога знайшоў я пяць летаў таму прыстанак, загадаў учора зачыніць браму і паставіць на муры варту, каб на палёт стралы не падыходзіла да замка аніводная жывая душа.
Раней ці пазней, пішацца ў прыпавесцях Саламонавых, ідзе чалавек у дом свой вечны, а сузор'і трэцюю ноч вяшчуюць благое і, калі наканавана мне ў гэтыя дні скончыць зямны шлях мой, няхай той, да чыіх рук трапіць гэты манускрыпт, паспрыяе, каб дапяў ён да роднага места майго над Дзвіною, званаю таксама на даўнейшых мапах Рубонам. Дзеля гэтага раблю я адпаведныя прыпіскі лацінаю, а таксама мовамі валоскаю, нямецкаю, чэшскаю, польскаю і гэбрайскаю, якія спасціглі мой розум і мае вусны. Самую ж кроніку сэрца і розум мае загадваюць пісаць моваю, з якою пусціла мяне на свет маці, і малю Ўсявышняга, каб дазволіў давесці немудрагелістае апавяданне маё да астатняга слова.
Няхай жа будзе вам вядома, што нарадзіўся я ва ўстаноўлены Богам і прыродаю час у тое лета, калі вада ў Дзвіне зноў змяшалася з крывёю і гаспадар наш Вітаўт адабраў места Віцебскае ў стрыечніка свайго Свідрыгайлы. А праз дзве зімы быў у нашай зямлі такі голад, што людзі жывіліся лісцём, елі наўе* і ішлі ў лясы на разарванне дзікім звярам; тады забрала неба маці маю, якую не забываюся я памінаць у малітвах штодзённых.
* Мерцвякоў.
Бацька мой быў ганчар Арцём з Прабойнай вуліцы, і, калі споўнілася мне восем летаў, аддаў ён мяне ў вучэнне пры царкве Іаана Багаслова, і манахі дзівіліся з мае рупнасці да кніжнае навукі. А калі споўнілася мне дванаццаць летаў, паралюшная Агата з Задзвіння напрарочыла мне смерць у далёкай старане не ад старасці, і не ад хваробы, і не ад сцюдзёнага жалеза ў сечы, а ад агню, і таму пешчу я ў сэрцы сваім спадзяванне, што абміне мяне чорная смерць і не скончыцца цяпер існаванне маё зямное.
Бацька ж мой нябожчык, дарма што простага звання і невялікай навукі, чалавек быў любамудры і, круцячы каменны свой кружар, любіў паўтараць, што людзі - быццам тая гліна: нарадзілася малое, і пачалі яго, як гліну на кружары, абгладжваць і выцягваць, наперш бацькі, што жыццё яму далі, а затым і іншыя людзі; адзін самую драбніцу дадасць, другі - болей, а трэці - столькі, што пасля яго гаршчок ужо сушыць можна і ў печ на абпал ставіць. А таксама і іншае казаў мой бацька, бо пра ўсё на свеце меў ён сваю адмысловую думку, і дзе-небудзь у Гішпаніі і ў многіх іншых краінах хрысціянскіх надзелі б яму за гэта на галаву каўпак папяровы з д'ябламі і падняўся б ён чорным дымам у неба; дзякаваць Богу, Віцебск наш не ў Гішпаніі, а ў Вялікім Княстве.
У тое ж лета, як гаспадар наш Вітаўт і кароль Ягайла каля вёскі, званае Грунвальд, а па-нашаму - Зялёны Гай, пабілі тэўтонаў і радасць была вялікая ў нашым месце і ва ўсёй дзяржаве нашай, быў ужо я памагаты бацьку майму ў майстэрні, гліну вымешваў, перадзіраў яе на тарках ды прывучаўся круціць кружар, стаўбункі ды латушкі выштукоўваючы. Дні складваліся ў месяцы, месяцы ў гады, і агортваў мяне почасту чорны смутак: не баяўся я работы, ды баяўся, што так вакол кружара жыццё маё і абернецца, а прасіў я ва ўсявышняга інакшае долі, бо жыла ў сэрцы маім, быццам птах дзівосны ў клетцы, любасць нязводная да кніжнае навукі, і не адзін дубец зламаў бацька на спіне маёй, калі засынаў я над кружарам, праседзеўшы ноч у Багдана-перапісчыка ў келлі. Жылі ж мы з бацькам са свайго мазаля; вялікаму князю падатак заплоціш, царкве дзесяціну, а яшчэ ардыншчыну з сярэбшчынай, вось і голы, як бізун.
А калі мінула мне шаснаццаць летаў, даў мне Бог, акрамя кніг Багданавых, яшчэ адну радасць. Імя ёй было Міхаліна, і цяпер нават, калі ляжаць паміж мною і той парой незлічоныя вёрсты і дні і не ведаю я, ці жыве Міхаліна на свеце, прыходзіць яна ў сны мае і змушае мацней біцца сэрца, бо не было ў мяне большага шчасця, чым стаяць з ёю ў садку над Віцьбаю да самае дзянніцы. І паслаў бацька ў Спасаў дзень сватоў да Сцяпана-кушняра, ды вынесла ім Міхаліна са слязамі на вейках гарбуз; не хачу, сказаў Сцяпан, з галаштанцамі радніцца, і была ў словах ягоных праўда, бо на яго восем чаляднікаў спіну гнулі, але праўда гэтая была горшая за крыўду.
Міхаліну ж, каб не прычынілася якое ліха, аддалі скора за злотніка Міколу, і, як уведаў я пра гэта, стала ў мяне ўваччу, як ясачка мая ў вясельную ноч другога разувае, ласкі ягоныя прымаючы, і нічога, апрача гэтага, вочы мае не бачылі. Выйшаў я на бераг за замкам, дзе самыя віры, і благую думку на камені пад алешынай задумаў. Да граху было, як да цёмнай вады, але пачуў я нейкі голас таемны. Няўжо ты, Лаўрын, голас гэты казаў, дзеля таго дасюль па зямлі хадзіў, каб кругі па рацэ пайшлі і рыба з цябе наедак мела? Ходзіш па зямлі, дык пакінь па сабе не адно гаршкі, што ад любога каменя на чарапкі разляцяцца. І акрыяла душа мая, бо прыняў я голас як знак, што зменіцца жыццё маё.
І не зманіў той голас.
Лета ад нараджэння Сына Божага 1413 у месяц красавік прыйшлі па Дзвіне велікакняжыя стругі і ладдзі з войскам і почтам* і прысталі да берага проці Альгердавага замка. І спяшалі з двух бакоў насустрач ім людзі лацінскае веры і людзі нашай дзедаўскай веры са сваімі мошчамі і харугвамі. І пабачыў я гаспадара нашага Вітаўта, што трымаў пад сваёй рукою дзяржаву ад мора да мора; былі на ім латы з сабалінаю накідкаю і шалом з пяром паўлінавым, і меў гаспадар наш бараду, быццам срэбра, сівую, а веку меў болей за шэсцьдзесят летаў, але відаць было, што не кожны яшчэ малады рыцар патрапіць яго з сядла выбіць. І пабачыў я разам з людам паспалітым места Віцебскага таго нашай крыві воя, што тры леты таму ў Грунвальдскай сечы ўваткнуў у гарляк тэўтонскаму магістру рацішча і адправіў душу ягоную ў пекла, а паказаў мне таго воя бацька мой, бо быў і ён у векапомнае сечы і меў напамінкам пра яе шнар безвалосы на галаве і не меў левага вуха. І была пагудка, што разам з княжымі людзьмі едзе муж вучоны Геранім Пражскі, пасланы ў нашу зямлю вялікім бязбожнікам Янам Гусам, якому паводле ўказу папы рымскага спявалі анафему ва ўсіх цэрквах Чэшскае зямлі.
* Світаю.
Гаспадар жа наш Вітаўт на дзвінскім беразе лагадней на лацінцаў-аднавернікаў пазіраў і галавою ім ківаў ласкава. І прычынілася тады такое, што многія людзі хрысціцца пачалі, а біскупа віленскага ажно перасмыкнула, нібыта ён карэц палыновага адвару выпіў. Выступіў з княжага почту муж паважны ў карзне нетутэйшага крою і перад людам паспалітым лікам чатыры ці пяць тысяч мужчын, жанчын і дзяцей укленчыў і людзей нашай старой веры назваў добрымі хрысціянамі, а святыні нашыя назваў праўдзівымі святынямі; імя ж гэтаму мужу было Геранім.
Успамінайце настаўнікаў вашых, вучыў апостал Павел, і часта ўспамінаю я Гераніма, бо, калі раўнаваць чалавека з глінаю на кружары, бачыць Бог, быў ён добры ганчар. Жыццё чалавечае мінулася з таго дня, як казаў ён нам казань сваю першую, я ж і цяпер яе чую, быццам зноў у храме Іаана Багаслова з бацькам маім стаю.
Нашаю моваю казаў ён, і хоць перакручваў на свой капыл словы, не смяяўся ніхто, бо словы тыя былі, як зярняты, і надышла пара, калі прараслі яны ў душах, і закаласіліся; і не смяяўся ніхто, бо казань тая была, як бура над дзвінскаю плынню, і надышла пара, калі закінула бура гэтая многіх свайчакоў маіх далёка ад родных агменяў.
З усіх турботаў роду чалавечага самы вялікі клопат - аб Радзіме. Дзеля прышласці яе аддаюць людзі маетнасць і жывот свой і жывуць шчасліва, а пасля смерці славяць нашчадкі іхнія імёны. Так казаў вучоны чэх, і голас ягоны бунтаваў сэрцы, а вочы ягоныя над гарбатым носам гарэлі, як у юрода Апанаса з Заручаўя, але не шалам свяціліся яны, а вялікім розумам. Той жа, хто жыве салодка, пазбавіцца і жыцця і імені. І казаў ён, браты-беларусіны! Чэхі і настаўнік наш Гус вераць, што ў ліхую часіну мячы вашы падымуцца супраць ворагаў разам з нашымі мячамі.
І яшчэ казаў ён, што ўладараць над зямлёй ягонаю немцы, і чыняць уціскі вялікія, і мкнуцца зрабіць, каб чэхі і думалі, і гаварылі па-тэўтонску, бо лягчэй тады будзе адбіраць набытак іхні. І казаў ён, што многія чэхі гавораць ужо напалову па-свойму, а напалову па-нямецку. І казаў ён, што ўладары павінны гаварыць з народам на ягонай мове. І казаў ён: самае вялікае злачынства перад Богам не тое, калі чалавека жыцця пазбаўляюць, а тое, калі цэлы народ з душою ягонай разлучыць хочуць. І казаў ён: сёння над маім народам смерць, нібыта каршун у небе, кружляе, а ёсць уладары - хочуць, каб і беларусінаў на свеце не было, каб дзеці вашыя мовы свае выракліся і на магілы продкаў сваіх плявалі. І казаў ён: хіба не бачыце, як рымская зараза на вашай зямлі расце? І казаў: з аднаго мы з вамі кораня, дык будзьма разам за праўду стаяць, каб на зямлі жыць!
Да самага лета, пакуль вада ў Дзвіне не апала, казаў Геранім свае казані, і лацінцам насуперак адпусціў паводле наскага звычаю бараду, і не галіў танзуры, і адмовіўся ад апраткі клірыка, насіў жа такую, як у нас носяць. І кожны раз у царкве Багаслова людзей збіралася столькі, што пеўню не было куды дзюбнуць, і круціліся між імі віжы і асочнікі з касцёла францысканаў, бо не шанаваў вучоны чэх святароў сваіх лацінскіх і выкрываў нястомна грахі іхнія. І пачулі мы, што ў Чэшскай зямлі б'юць манахі на плошчах у барабаны і прадаюць ілжывыя святыні і адпушчэнні грахоў, і той нават можа купіць сабе адпушчэнне, хто мае пажадлівасць да Маці Божай, і той, хто сабраўся забіць, таксама купляе гэта д'яблава адпушчэнне і забівае бліжняга свайго. Святыя ж айцы ходзяць у дамы распусты да выляжанак, а адзін прайграўся ў косці і цераз усю Прагу бег дахаты ў чым Бог яго на свет пусціў. Дый не дзіва, што такое дзеецца, бо сам рымскі намеснік святога Пётры* быў некалі на моры расколам, а цяпер чыніць смертазабойствы і творыць грэх пралюбадзейства з манашкамі і з жонкаю брата свайго. Нездарма круціліся ў храме віжы лацінскія, але і нашым чарнарызцам былі Геранімавы словы не ялеем на сэрца, бо прамаўляў ён, што ня можна збіраць царкве дзесяціну, таму што запавечыў Збавіцель апосталам не мець у пасах ні золата, ні срэбра, ні медзі, а жыць у беднасці; кожны жа ведае, у якой злыбедзе нашыя чарнарызцы жывуць.
* У той час рымскім папам быў Ян XXIII (Балтазар Коса), які выславіўся сваёй распустаю і злачынствамі.
Дзівіліся людзі места Віцебскага з розуму і вучонасці Геранімавай, і сам гаспадар наш Вітаўт літасціва яго слухаў, а птах той дзівосны, у жалезную клетку ў маіх грудзях замкнёны, усё мацней крыламі біў і на волю прасіўся. І, прычакаўшы аднойчы магістра Гераніма на цвінтары, скінуў я магерку і, не спытаўшы рады бацькавае, сказаў, што хачу спасцігнуць розныя навукі, каб прасвятліць розум свой, а таксама дзеля асветы адназемцаў маіх; горка цяпер сэрцу майму, што не дало мне неба спраўдзіць словы мае, бо няма мне дарогі дадому, пакуль кідаюць там у цэлі і судзяць тых, хто чынам і словам сваім славіў імя пакутніка Гуса.
Сказаў магістр Геранім на словы мае, што дагодныя яны Богу, і наказаў вучыць мову лацінскую, бо ў Чэхах і ў іншых землях, сваёй навукаю знакамітых, вучацца шкаляры на лаціне, і назваў мне манаха з віцебскіх францысканаў, што па ягонай, Геранімавай, волі і па сваёй ахвоце будзе вучыць мяне мове гэтай.
Лета ж наступнага, пасля святых Калядаў, памінаючы добрым словам бацьку майго Арцёма, які заплакаў і абняў мяне, даўшы сваё блаславенне, і з якім ужо не даў мне Бог зноў перабачыцца, і манаха Марку, які навучаў мяне лаціне, пакінуў я роднае места маё Віцебскае разам з купцом Алехнам. Вёз Алехна ў Чэшскую зямлю гарнастаі і куны, а таксама замкі і бабровы струмень, і праз два месяцы, трыкроць адбіўшыся па дарозе ад ліхіх людзей, прыйшлі мы ў Прагу, дзе знайшоў я магістра Гераніма, як і было некалі між намі казана, і прыняў ён мяне міласціва і пасяліў у бурсу, званую Ерусалім, фундаваная ж яна была каралеваю Ядвігаю дзеля шкаляроў з Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.
Жылося мне ў бурсе так уежна, што почасту рабіў я лыжку з хлеба, з'ядаў гарох, а потым лыжкаю і прыкусваў, але радавалася сэрца маё, бо вучыў я сем навук вызваленых у славутай аlma mater Пражскай, што завецца таксама Каралінеум, і многія прамудрасці адкрыліся розуму майму на лекцыях і ў доўгія гадзіны над кнігамі, калі былі суразмоўцамі маімі Арыстоцель і Платон і іншыя мужы мудрасці вялікай, а таксама на дыспутах і ў разважных гутарках з магістрам Амбражам з Пльзеня, які адарыў мяне сваёй увагаю і браў на вежу сачыць зоры. Ад яго ўведаў я шмат аб руху нябесных свяцілаў і, апрача астатняга, пачуў ад яго пра камень філасофскі, які простыя металы ў золата пераварочвае, і любую хваробу лекуе, і вечную маладосць дорыць; тыя ж людзі, што шукаюць гэты камень, завуцца чарнадзеі, або алхімікі, і магістр Амбраж быў з гэтых людзей.
А ў Чэхах было неспакойна, і на вуліцах пражскіх і дзеці і людзі паважанага веку крычалі святарам: «У сак, мнісе, у сак!», і на вачах маіх разарвалі на рынку манахаў, што за сходную цану прапаноўвалі салому асла, на якім Ісус ехаў у Ерусалім, слёзы Марыі Магдалены, а таксама малако Багародзіцы і промні Віфлеемскае зоркі, што паказвала шлях вешчунам. І хадзіў я разам з іншымі шкалярамі па месце Пражскім у сціжме людзей, а наперадзе нас ішла выляжанка, усяму месту вядомая, і была яна ва ўборы папы рымскага і на пацеху народу раздавала ахвотнікам паперкі, званыя індульгенцыямі. І трывожна было ў сэрцах нашых, бо даходзілі чуткі, што судзіць будзе Рым заступніка чэхаў Гуса і сябра ягонага найадданейшага, а майго дабрачынца Гераніма, у доме якога заўсёды мог я тою парою насыціць голад мой...*
* У гэтым месцы пергамент абгарэў і тэкст нечытэльны.
...а вялі яго туды паўз вогнішча, з кніг, ягонаю рукою напісаных, складзенае, і ўзышоў ён на сваю Галгофу вогненную з мужнасцю вялікай. Калі дагарэлі дровы, знайшлі сэрца ягонае жывое і білі яго кіямі, а затым насадзілі на пожаг і засмажылі асобна. Прах жа ягоны, каб не засталося на зямлі магілы і не было куды людзям збірацца памінаць заступніка свайго, кінулі ў раку, а на агнішчы закапалі асла, што належаў нейкаму кардыналу, і зрабілі гэта, каб напалохаць людзей кепскім паветрам, але, бачыць Бог, спудлавалі яны, бо стаяў бы там большы смурод не ад няшчаснага стварэння Божага, а ад ягонага гаспадара. Вялікі жа князь наш Вітаўт, каб абараніць пакутніка Гуса, паслаў на сабор у Канстанс мітрапаліта свайго з біскупамі, ды спазнілася пасольства ягонае і вярнулася ў смутку.
На наступнае лета вытрымаў я экзамен, і ахрышчаны быў ў бакаляры, і надзеў шапку бакалярскую кантовую і карзно з чырвонаю на рукавах аблямоўкаю, але не было радасці ў сэрцы маім, бо таго ж лета схапілі слугі папскія дабрачынца майго Гераніма і паставілі ў вежы на калоду і ногі прыкавалі цяжкімі кайданамі да калоды, а рукі да жалезных кольцаў у столі. Вісеў ён там многа дзён, і рукі і ногі ягоныя былі ў язвах гнойных, і пахіснулася вера ягоная, і выракся ён публічна вучэння настаўніка свайго Гуса, але Збавіцель у сваёй міласэрнасці даў яму сілы, і адмовіўся ён ад адрачэння, прыняўшы смерць у агні на тым самым месцы, дзе і нявінны Гус. Вялікая журба была тады ў Чэхах і ў іншых краінах, і ведаю я, што многія людзі ў месце Віцебскім, і ў Полацку, і ў Вільні таксама журбу чулі ў сэрцах сваіх, бо ведалі, што стаяў магістр Геранім калісьці перад людам віцебскім на каленях і вялікую ласку меў да народа нашага.
Няхай жа будзе вам вядома, што ў смутныя тыя часы прызваў мяне магістр Амбраж і абвясціў, што наблізіўся ён да таямніцы філасофскага каменя, званага яшчэ вялікі магістэрый, але век ягоны і сілы вымагаюць, каб узяў ён вучня, бо іначай пайсці можа праца рук ягоных тунна. І загарэлася сэрца маё, як сухая былінка, бо даўно ўжо перачытваў я пакрыёма кнігу вялікага чарнадзея Зосімы, і ведаў многія формулы, і спасцігаў таямніцы магніту і бурштыну. І ўвёў мяне магістр Амбраж у сутарэнне пад домам сваім, дзе быў куб перагонны, і горан, і ўсё, што трэба на доследы. Удвух пайшлі мы да цёмнага і невядомага праз яшчэ больш цёмнае і невядомае і датыкаліся ў доследах сваіх да чорных сіл хаосу і ў апантанасці сваёй прыраўноўвалі Хрыста да вялікага магістэрыя і вялікі магістэрый да Сына Божага, і, аддаўшыся роспачы, няраз здзіралі да крыві рукі аб каменныя сцены прыстанку нашага.
Два леты жылі мы, чужаючыся людзей, а на трэцяе лета замуравалі сябе, і ежу з вадою падавалі нам цераз атвор, і не ведалі мы, што чыніцца ў месце Пражскім і на ўсёй Чэшскай зямлі. Але ў адзін з дзён быў пасланы нам знак, і ўбачылі мы на сцяне крывавую пляму, і, калі пахолак прынёс нам хлеб, парушыў я прысягу сваю і насуперак волі настаўнікавай загаварыў з пахолкам. І ўведалі мы, што Рым абвясціў чэхаў ерэтыкамі, і падняліся яны з імем Гуса супроць папы і няправедных уладаў, і бяруць места за местам. І сказаў магістр Амбраж на гэта, што няма нічога вышэй як ісціна, а ісціна ёсць вялікі магістэрый, усё ж астатняе - марнасць марнасцяў, і розум мой гатовы быў пагадзіцца з ягонымі словамі, ды не згадзілася сэрца маё. Тады ўзвысіў настаўнік голас і вінаваціў мяне ў адступе ад прысягі і аблілося сэрца маё горыччу, але пакінуў я настаўніка, бо чуў у душы голас Геранімаў, што клікаў адназемцаў маіх узняць у ліхую гадзіну мячы свае разам з братамі-чэхамі. Было гэта ў лета, калі забраў Гасподзь душу старога караля Вацлава і не прызналі чэхі спадкаемца ягонага рудога Зыгмунда-імператара.
Тады ў месце Пражскім крышылі храмы і нішчылі абразы і стоды царкоўныя, а таксама выколвалі ім вочы і адсякалі насы, кажучы пры гэтым: калі ты бог або святы, адбараніся сам, і мы ўверуем у цябе. Тады ж сабраліся чэхі на гару, званую Табар і збудавалі места новае, і не было дагэтуль такіх ні ў якой зямлі, бо багаты ў месце гэтым дзяліў ежу сваю з бедным, а хто прыходзіў туды з грашыма, апускаў іх у бочку, што стаяла дзеля гэтага на плошчы. Не было там таксама крадзяжоў, і не бавіў ніхто часу ў гультайстве, і ва ўсіх, як у апосталаў, было адно сэрца і адна воля, бо кожны дбаў найперш аб выратаванні душы сваёй. І вучылі там чытаць і пісаць па чэшскае Бібліі, і не трымаліся пастоў, і не верылі ў чысцец. Не пілі ж у месце Табары нічога, апрача вады, як гаспадар наш Вітаўт, і было гэта мне даспадобы, бо няма нічога агіднейшага за чалавека, што ад віна губляе розум свой, але няхай даруе мне Ўсявышні, усё ж праглася мне зрэдку прамачыць нутро сваё добрым кухлем чорнага чэшскага піва. І слухаў я там святара, які вучыў, што прыйдзе хутка царства справядлівасці і не будзе на зямлі караля і валадароў, не будзе паншчыны і падаткаў, і людзі будуць жыць, як браты і сёстры. Два месяцы жыў я ў тым месце і бачыў, што думкі жыхароў ягоных і справы іхнія дагодныя Збавіцелю, бо ўсе людзі народжаныя роўнымі між сабою, і почасту сніў я места сваё роднае Віцебскае, нібы места Табар, і цешылі гэтыя сны душу маю; маліўся ж я паводле гусіцкага абраду.
Кароль Зыгмунд у тую пару прывёў войска незлічонае, і нечуваныя здзекі чыніла яно над гусітамі. Каля Кутнай Гары кідалі іх у капальні і за кароткі час кінулі туды шаснаццаць соцень мужчын і жанчын, так што нават каты валіліся на зямлю ад стомы. Секлі рыцары дзецям і немаўлятам рукі і ногі, а мацярок іхніх гналі перад сабою і падвешвалі за персі, мёртвых жа мужчын клалі на жанчын, кажучы: злучайцеся і размнажайцеся. Паганцы ніколі не здзекаваліся так з целаў хрысціянскіх, як яны, і не прамінула неба паслаць ім кару за страшныя грахі іхнія, і разбілі гусіты войска рудога Зыгмунда на Віткавай гары, і тады ўзяў я ўпершыню зброю ў рукі свае.
І выправілі гусіты пасольства вялікае да гаспадара нашага Вітаўта, аддаючы яму карону чэшскую і чакаючы падмогі ад братоў сваіх па крыві. Богу ж было дагодна, каб у пасольстве гэтым ехаў і я, і радасць вялікая жыла ў сэрцы маім, бо меў я надзею пабачыць бацьку і места Віцебскае і прынесці адназемцам слова праўды...*
* Тут у рукапісе няма дзвюх старонак.
...Вітаўт не сам, а паслаў сыноўца свайго князя Жыкгімонта Карыбутавіча з рушэннем, і прыйшлі мы ў месяцы траўні ў Прагу, і прызналі чэхі князя Жыкгімонта валадаром; было гэта ў лета 1422. Беларусінаў прыйшло ў тым войску лікам да пяці тысяч, і ўсе біліся мужна, і многія заручыліся там з зямлёю. Не магу я сказаць пра кожнага, а таму скажу тут пра тых, хто пайшоў са мною з места Віцебскага, каб дзеці і ўнукі іхнія паміналі свайчакоў добрым словам у размовах і думках сваіх.
Быў з намі Якуб-мечнік, а прозвішчам Жаробка, бо еў, як пяць добрых кметаў, і сам князь падзівіцца прыходзіў на Якуба ў паходзе нашым. Але і ў сечы выславіўся Жаробка не горай, чым ля катлоў кухарскіх, і забраў яго Жыкгімонт сабе на шчасце ў ахову сваю княжую. Часта прыгадваю я Якуба-мечніка, бо дзіўнаю была смерць ягоная. Адмовіўся ён перад днём сваім вячэраць, а калі прыступіліся да яго з роспытамі, бо большае гэта было дзіва, чым калі б Барысавы камяні па Дзвіне паплылі, прызнаўся Жаробка, што ўзяла яго за сэрца туга невыказная і хоча ён песню ўзгадаць, якую маці яму на сон спявала, калі малы быў, і, як узгадае ён песню тую, так і туга адкаснецца, і есці ён зноў захоча. Многія тады ад слоў Якубавых бакі сабе рвалі і кпінкі з яго строілі. Назаўтра ж ішло войска па чэшскім мястэчку, князь Жыкгімонт з аховаю наперадзе ехаў, і, як выкіравалі на плошчу, гакнула з касцёла рушніца варожая. Якуб князя захінуць ірвануўся, проста паміж вачэй куля яму і ўвайшла, там, дзе бровы на пераноссі зрасліся. А са званіцы касцельнае арганістага сцягнулі, прызнаўся на прэнгу, што далі яму ксяндзы кулю срэбную асвячоную з пісьмёнамі і намовілі пагубіць князя беларусінскага, дакляруючы за гэта царства нябеснае. Ці паспеў хоць тую песню матчыну Якуб успомніць, пакуль душа не адляцела?
Быў там і халоп нявольны баярына Завішы Цімошка Гром, празваны так за дурную звычку, якую не буду я тут узгадваць, але воін харобры; няраз з адной паліцаю ішоў на рыцара і перамогу меў над многімі. Сустрэў жа пагібель сваю Цімошка ў сечы векапомнай пад Маляшовым. Мы ў дзень той стаялі на гары, і, калі спешыліся ворагі нашы і рынулі на прыступ, гетман наш Ян Жыжка, які і безвач бачыў лепей, чым трое відушчых, махнуў рукой, і пакаціліся долу вазы цяжкія, каменнем наладаваныя, а калі пабеглі рыцары, ударылі ім у спіну гарматкі-тарасніцы, і паляцела ў пагоню конніца. Паўтары тысячы паноў і людзей моцных места Пражскага маліліся тады астатні раз богу свайму. Адзін жа з іх, чалавек небаязлівы і немалой сілы, распалавініў Цімошкаву галаву, як гарбуз, але сам перажыў Грома адно на міг, бо не паспеў ён узняць меч, як закіпела сэрца ягонае на маёй суліцы. Было гэта ў лета, калі забрала адважнага Жыжку чорная смерць і мы назвалі сябе сіротамі.
Пасля Маляшова ваявалі мы разам з чэхамі яшчэ дзесяць летаў і няраз білі і гналі, як парасятаў, самыя адборныя раці, і няраз адно рыпенне баявых вазоў і хваласпеў наш, што дагодны быў небу, змушалі ворагаў паказваць нам свае спіны. Так доўга ваявалі мы ў Чэшскай зямлі, што з'явіліся паміж нас такія, што забываліся мовы сваёй, і вучыў іх я, што няможна чалавеку забываць, хто ён ёсць і з якога ён народа, бо за пашану да свайго будуць ганараваць нас людзі з іншых краёў, бязродных жа ніхто не ўшануе. І вучыў я іх, што нельга выракацца тае мовы, з якой ты на свет прыйшоў, бо пусціш у душу мову чужую, і душа твая зменіцца, і не станеш ужо тым, кім на раду табе напісана, а гэта грэх вялікі перад усім светам, бо не скажаш тады свайго слова запаветнага і не зробіш тое, што пасланы ты на зямлі зрабіць. Так казаў я, і многія слухалі мяне, бо ведалі, што спасціг я кніжную мудрасць, але быў сярод іх простым воінам і еў і піў разам з імі.
Былі ж і такія, што казалі: поле наша пустуе, а мы чужыя нівы баронім і не шкадуем жывата свайго за праўду чужую. І казаў я ім, што няма на свеце чужой праўды, ні чэшскай няма, ні беларусінскай, ні літоўскай, а ёсць адна праўда на ўсіх. І, калі пайшоў князь Жыкгімонт Карыбутавіч з Чэхаў, многія адназемцы мае пайшлі з ім, а многія засталіся і, прыняўшы веру гусіцкую, біліся за справу Божую і за тое, каб места дзівоснае Табар, дзе людзі сябе братамі і сёстрамі называюць, на зямлі стаяла.
З Вялікага ж Княства даходзілі да нас весткі сумныя вельмі. Крывёю былі залітыя нівы нашыя, бо, як сышоў у магілу гаспадар наш Вітаўт, пачалася звада крывавая між князем Свідрыгайлам і князем Жыкгімонтам Кейстутавічам. Места ж Віцебскае адчыніла браму перад Свідрыгайлам і прызнала яго за князя свайго, бо заўсёды хіліўся ён да нашай дзедаўскай веры, дарма што ўзяў у хаўруснікі сабе лівонцаў і конніцу татарскую. І звёў князь Свідрыгайла ў Віцебску падрахункі з людзьмі Жыкгімонтавымі: князя Міхала Альшанскага загадаў ён пасадзіць у мех і кінуць у палонку, а князя Сымона Альшанскага загадаў скінуць у Дзвіну з Замкавае гары. У нашым жа месце Смаленску ўзялі мітрапаліта Герасіма, і спаліў яго князь Свідрыгайла ў Віцебску на вялікім камені пад замкам, бо трымаў Герасім перавет на яго. Ваявалі князі зацята, дзелячы ўладу над краем, зямля ж наша і люд яе мелі з гэтага няшчасце і рабункі несканчоныя бедных двароў сваіх.
Не сказаў яшчэ я, што паміж тымі, хто прыняў веру гусіцкую, быў свайчак і пагодак мой чаляднік бондара Міхея з Багародзіцкай вуліцы Юрка Батыніч, празваны Жаркім, бо рабіўся ён у сечы апантаны, і цэп ягоны, жалезам акуты, расколваў ворагам нашым галовы, не раўнуючы як лесавыя гарэхі. Пабраўся Юрка з чэшкаю Марыяй, і нарадзіўся ў іх сын, ахрышчаны на ўспамін пра Гуса-пакутніка Янкам. Калі ж вярнуліся мы з паходу ў польскія землі, уведаў Юрка, што наляцелі аднаго разу тэўтоны, і захапілі ў полі жанчын з дзецьмі, і над жанчынамі гвалт чынілі, а потым выразалі ім персі і рвалі дзідамі ўлонні, дзяцей жа і сярод іх Янку малога з залацістымі валосікамі кінулі ў агонь. З тае пары замаўчаў Юрка і маўчаў тры леты, робячы на цапільне страшнага цэпа свайго зацінкі, і была кожная напамінкам пра чорную душу ворага Хрыстовага, якога адправіў Юрка ў апраметную; набралася ж зацінак такіх больш за сотню. Маліў ён неба, каб хутчэй дало яму сустрэцца з жонкаю і сынам, але наканавана яму было помсціцца да самай бітвы на праклятым полі Ліпанскім, а была бітва гэтая ў лета ад нараджэння Сына Божага 1434.
Стаялі мы на тым полі тры дні і тры ночы, акурат у пару, калі вясна з летам абдымаюцца, і салоўкі цёхкалі, і такая навокал лагода была, нібы хацеў сказаць Збавіцель людзям, каб не забівалі адно аднаго, а нараджалі дзяцей і аралі зямлю. Але не маглі мы апусціць мячы і цапы свае, і кожны з нас паспавядаўся і прычасціўся, а паны ўсё не адважваліся напасці на нас, хоць і было войска іхняе большае трыкроць.
Не мелі мы страху ў сэрцах, ды страшнейшая за страх была паняверка, бо бачылі мы, як дужэюць з кожным годам ворагі нашы і ў самім месцы Табары з'явіліся ўжо сярод братоў і сясцёр жабракі і людзі, што паслі чэрава сваё ў раскошы. Прысніў жа я перад сечаю сон дзівосны, нібыта ляжу на гарачым каменні пад сонцам, ад спёкі канаючы, і бачу раку перад сабою ў зялёных берагах, да Дзвіны падобную, але не магу яе дапасці, каб смагу наталіць, і зразумеў я, што благі то знак.
А ў дзень пасля тае ночы, калі перайшло сонца на трэцюю гадзіну, разамкнулася кола вазоў панскіх, і сталі вазы іхнія баявыя шыхтавацца па адзінаццаць у рад, і налічылі мы радоў больш за пяць дзесяткаў. Былі ж вазы панскія, як папаўзлі на наш пагорак, да вялізнае вужакі падобныя, і на галаве вужака гэтая мела джалаў дзесяткі, а былі то тарасніцы і бамбарды. Бачыў я, як забіла ядром жанчыну, што мела ў чрэве сваім, але паспелі дзіця яе перахрысціць, каб трапіла душа ягоная на неба. Калі ж развеяўся дым ад стрэлаў, пабеглі нападнікі, і, адкінуўшы вазовыя шчыты, кінуліся мы ў пагоню, і, здавалася, блізка ўжо была перамога, але ўдарыла з засады конніца панская і, здратаваўшы пагоню, наляцела на табар наш. Дарэмна чакалі мы падмогі, бо гетман Чапек, пад рукою якога былі коннікі табарыцкія, пакінуў нас на вырак лёсу. А следам за рыцарамі пайшлі на прыступ найміты-кнехты, і тады забраў Збавіцель душу Юркі Жаркага, і душу чэха Мікулаша, і душу паляка Франака, што ваявалі на возе нашым.
Зямля ў той дзень стамілася піць кроў чалавечую, і стаяла цёмная кроў ў кожным следзе ад конскага капыта. А перад заходам сонца прайшлі ланцужна па полі Ліпанскім кнехты, і дабівалі яны даўгімі мячамі параненых, а наперадзе ішла з касою сама смерць у сталёвым панцыры. Багатым было жніво яе, бо болей за дзесяць тысяч вояў божых засталіся навекі на тым полі, і няхай будзе вам вядома, што было паміж імі беларусінаў лікам да пяцісот. Мне ж дадзена была сіла стрымаць крык у грудзях, калі ўкалоў мяне найміт мячом у калена, і прыняў ён мяне за мёртвага, хоць быў я адно паранены ў ногі. Ляжаў я ўначы на тым полі страшным, і крумкачы пільнавалі мяне, каб выпіць вочы мае, але адзін добры чэх простага звання ўратаваў мяне і загаіў мае раны; зваўся ён Марцінам, і часта малюся я за душу ягоную.
Разлучыўся з душою ў той сечы і Аўдзей Гуцька несвіжанін. Быў ён чалавек вясёлы, штукар і гудошнік, дастаць мог з магеркі галубку, а з пустой торбы вытрасці зайца жывога, прыслоўе ж меў улюбёнае - а каб цябе ў раі камары таўклі. Затрымцелі ў грудзях ягоных дзве стралы зубчастыя, што ні выцягнуць, ні вырваць няможна, і, калі глядзелі ўжо вочы Аўдзеевы ў неба, пабачылі мы апошнюю штуку ягоную: выпырхнула з Гуцькавай запазухі ў небясную сінечу галубка, як снег белая. Была ж галубка гэтая, быццам праўда наша, якая датуль жыць будзе, пакуль хоць адзін вой за яе ваюе, хоць адно сэрца чалавечае да яе любасць мае.
Было гэта пяць летаў таму, а ў мінулую ноч зноў убачыў я смерць у панцыры, што ішла наперадзе кнехтаў, і сон гэты, як і сузор'і, паказвае на благое. Але dum sріrо, sреrо*, і пешчу я надзею, што спраўдзіцца прароцтва старой Агаты з Задзвіння і не зачэпіць мяне крылом сваім чорная смерць. Калі ж станецца так, аброкся я пакінуць славутага князя Гвальдоні, сардэчна аддзячыўшы яму, і ісці ў места Страсбург, бо дайшлі да нас чуткі, нібыта атабарыўся ў месце гэтым вучоны немец Ёган Гутэнберг, што вымысліў варштат дзеля перапісвання кніг без пёраў і атраманту. Калі праўдзівая гэта пагудка, падамся я да яго ў навуку, бо не пагас яшчэ ў душы маёй лятунак паслужыць асвеце люду нашага паспалітага.
* Пакуль жыву, спадзяюся (лац.).
Калі ж наканавана мне скончыць хутка зямны шлях мой, няхай дойдзе кроніка гэтая да бацькоўскае зямлі, каб не згубіліся ў бязмежным моры часу жыццё маё і жыцці адназемцаў маіх, што ваявалі ў далёкіх землях за Божую праўду, бо кожная справа чалавечая мусіць застацца ў памяці наступнікаў нашых дзеля прыкладу і ўспаміну.
З гэтым сканчваю кроніку сваю і аддаю яе ў рукі Таго, хто ўладарыць над светам.
1986