Сам гіперпераход нічым адметным не запомніўся: чатырнаццаць гадзін практычна поўнай нерухомасці ў супрацьперагрузачным кокане. «Эўдокс Кнідскі» выйшаў з гіперпрасторы за дзвесце тысяч кіламетраў ад Плутона. Карлікавая планета, якая складалася з замерзлага азоту, вадзянога лёду і сілікатаў, мела светла-карычневы са слабым адценнем жоўтага колер.

— Табе там не спадабаецца, Ратаўт! — упэўнена заявіў Усніч.

Касмадрома на Плутоне не было, таму спускацца давялося ў аварыйна-выратавальным модулі. Назваць тонкую абалонку з азоту, метану і монааксіду вугляроду, якія выпараліся з паверхневага лёду, атмасферай не паварочваўся язык, але яна дапамагла пагасіць хуткасць.

— Вось ты які, Ніфльхейм! — першае ўражанне ад Плутона ў капітана «Эўдокса Кнідскага» было правільным — суцэльны лёд і камень. — Мінус дзвесце дваццаць пяць градусаў па Цэльсію!

Сарва адчуў лёгкія дрыжыкі, хоць тэрмарэгулятар працаваў на максімальных абаротах.

— І дзе хто? — як кінуць вокам, цягнулася безжыццёвая раўніна, а інспектара павінны былі сустрэць: Усніч папярэдзіў начальніка міжнароднай навукова-даследчай станцыі «Венецыя Берні» яшчэ на пачатку манеўру тармажэння. Ніякага руху — ні праз пяць, ні праз дзесяць, ні праз пятнаццаць хвілін.

Праз паўгадзіны інспектар пачаў хвалявацца: акумулятарныя батарэі скафандра не вечныя, варта скончыцца энергіі — і пішы прапала. Сітуацыю пагаршала тое, што Сарва быў не ў стане самастойна вярнуцца на борт «Эўдокса Кнідскага», бо ў модулі адсутнічаў радыёперадатчык, а паводле загаду Усніча з апарата знялі ўсё, што магло яшчэ спатрэбіцца.

На шчасце, да сур'ёзнай праблемы не дайшло: праз трыццаць пяць хвілін чакання на гарызонце з'явілася аранжавая кропка, якая ў хуткім часе ператварылася ў васьміколавы ўсюдыход. З машыны выбраўся чалавек з нязвыкла велізарным ранцам за спінай. Паніжаная сіла прыцягнення дазваляла перацягваць і большы груз.

— Добры дзень, спадар інспектар! Намеснік начальніка станцыі Гірдут Сім. Выбачаюся за спазненне: умовы на Плутоне такія, што тэхніка не вытрымлівае! — калі прыгледзецца, можна было адрозніць свежыя сляды зваркі на корпусе. — Імкнёмся не пакідаць станцыю без вострай неабходнасці!.. Залазьце, хутка стане яшчэ халадней!

— Ды куды ўжо больш?

— Часам слупок апускаецца да двух кельвінаў!

— Як вы тут толькі працуеце? — жахнуўся Сарва, у думках перавёўшы тэмпературу ў граду­сы Цэльсія.

Каб патрапіць унутр усюдыхода, давялося прайсці праз своеасаблівы шлюз — невялікую камеру з цеплавымі нагнятальнікамі. У салоне было цёпла, і тэрмарэгулятар скафандра аўтаматычна знізіў энергаспажыванне.

— Тут недалёка! — усюдыход жвава крануўся з месца і на вялікай хуткасці рушыў наперад. Праца рухавіка і паказанні прыбораў не выклікалі боязі. Кіроўца з Сіма аказаўся нядрэнны. А вось суразмоўца...

— Вы не маглі б увесці мяне ў курс справы? — спытаў Сарва праз некалькі хвілін. Сім на­ват не зрабіў спробы завесці гутарку, хоць начальнік станцыі напэўна аддаў распараджэнне падзяліцца з інспектарам інфармацыяй.

— Распавядаць асабліва і няма пра што — забойства адбылося чацвёра сутак таму, уначы. Дарнал Сабута і Станка Кавецкі нешта не падзялілі і ўчынілі бойку, якая скончылася ўзаемным забойствам. Зменшчыкі знайшлі целы раніцай... Не разумею, навошта было выклікаць паліцэйскага інспектара, калі ўсё відавочна?

— Для афіцыйнага засведчання. Такі парадак!.. Скажыце, якімі былі адносіны паміж Сабутам і Кавецкім?

— Ніводзін з іх не меў матыву для забойства! — інтанацыя сведчыла пра абсалютную перакананасць ва ўласнай слушнасці. З гэтай прычыны Сарва не мог не спытаць:

— І на чым заснаваныя вашы словы?

— Сабута і Кавецкі былі сябрамі. Вельмі добрымі сябрамі! — Сім дадаў хуткасці. Выснова пра душэўны стан намесніка начальніка станцыі напрошвалася сама сабой — для гэтага не быў патрэбны і дыплом фізіягнаміста. Інспектар вырашыў вярнуцца да апытання пазней.

Астатак дарогі праехалі ў маўчанні.

Станцыя «Венецыя Берні» ўяўляла сабой россып укапаных у грунт паўсфер рознага дыяметру, вакол якіх пад вуглом у трыццаць пяць — сорак градусаў высілася мноства сонечных батарэй. Наколькі ведаў Сарва з даведкі, атрыманай на борце «Эўдокса Кнідскага», меўся ў навуковага персаналу і тэрмаядзерны рэактар.

Усюдыход заехаў у шлюзавую камеру: на станцыі клапаціліся пра захаванне цяпла, неабходнага дзеля таго, каб выжыць. Шлюзаванне не заняло шмат часу. У ангары інспектар зняў ска­фандр. І адразу адбілася штучная гравітацыя.

— Я пакажу вам жылы блок і праводжу да начальніка станцыі! — Сім павёў Сарву за сабой. Добразычлівасці ў намесніку не дадалося. Сіма відавочна раздражнялі зносіны з паліцэйскім.

Жылы блок не зрабіў уражання ні памерамі, ні аздобай. Інспектар злавіў сябе на думцы пра тое, што доўгае знаходжанне ў такім памяшканні можа негатыўным чынам адбіцца на псіхічным здароўі. Асабліва, улічваючы ледзяное пекла за сценамі «Венецыі Берні».

У адрозненні ад падначаленага, Крыштаф Неруш аказаўся куды больш камунікабельным.

— Згодна з заключэннем Якуба Даксы, нашага штатнага медыка, які праводзіў ускрыццё, смерць інжынера-геакрыёлага і біёлага наступіла з прычыны механічнай асфіксіі, якая суправаджалася комплексам з'яў, што пагражалі жыццю: шматлікімі ўдарамі ўнутраных органаў, пераломамі і пашкоджаннямі буйных крывяносных сасудаў.

— Гэта значыць, з такім наборам смяротных траўмаў яны задушылі адзін аднаго? — стыло шпацыравала па сэнсарным экране камп'ютара.

— Не ведаю, чаго Сабута і Кавецкі маглі не падзяліць, аднак іх нянавісць была моцнай. Бачылі б вы целы, спадар інспектар, на іх жывога месца няма!.. Жах!

— І ніхто не чуў, як яны біліся?

— З вашага дазволу я закуру!.. Пераборкі ва ўсіх памяшканнях тоўстыя, а дзверы зачыняюцца герметычна. Да таго ж лабараторыі падзеленыя.

— А відэакамеры?

— Колькасць персаналу невялікая, таму ўласнай службы бяспекі на станцыі няма. За парадак адказвае Сім — у яго кабінеце усталяваны дысплей, з якога ён можа сачыць за ўсім, што адбываецца на «Венецыі Берні».

— А ў момант забойства Сім дзе знаходзіўся?

— Спаў, вядома. Што яшчэ рабіць звычайнаму чалавеку ў тры гадзіны ночы?

— Хто-небудзь можа гэта пацвердзіць?

— Не думаю... А прычым тут мой намеснік?.. Ці не думаеце ж вы, спадар інспектар, што Сім мае нейкае дачыненне да забойства?

— Мой абавязак — праверыць усе версіі!.. Сім заўсёды такі нелюдзімы?

— Зусім не! Душа кампаніі! Проста ён вельмі цяжка перажывае смерць Кавецкага — Сім жанаты з сястрой біёлага.

У камп'ютар была ўнесена чарговая памета. У свой час Сарва склаў адмысловую табліцу, якая дазваляла хутка і дакладна намаляваць псіхалагічны партрэт любога чалавека. Дапамагала эканоміць час і дазваляла лёгка арыентавацца ў тыпах асобы.

— Скажыце, спадар Неруш, у вас ёсць версіі наконт таго, што магло заахвоціць Сабута і Ка­вецкага забіць адзін аднаго?.. Прашу вас, падумайце добра!

— Тут і думаць няма чаго: такіх сяброў яшчэ пашукаць трэба! — адмахнуўся начальнік станцыі, прыкурваючы новую цыгарэту ад недакурка.

— І ўсё ж такі?

— Не маглі яны пайсці на забойства! Выдатныя спецыялісты, добрыя таварышы! Ніякіх праблем з роднымі і блізкімі, ніякіх захворванняў.

— Стрэс?

— На «Венецыю Берні» набіраюць выключна стрэсаўстойлівых людзей. Іншым проста не прайсці тэсты!.. Запэўніваю вас, спадар інспектар: ні ў Сабута, ні ў Кавецкага не было прычын для забойства!

— Але яно здарылася!.. Магу я паглядзець запіс з камеры відэаназірання?

— Калі ласка! — начальнік станцыі павярнуў манітор да інспектара. — Я забраў запіс!

Відэазапіс святла не праліў — у нейкі момант інжынер-геакрыёлаг і біёлаг проста накінуліся адзін на аднаго. Біліся апантана, як быццам сышліся ў рукапашнай сутычцы з ворагам. З цяжкасцю верылася ў тое, што паміж мужчынамі існавала моцная сяброўская сувязь.

— Нібы разам звар'яцелі... Хто бачыў Сабута і Кавецкага апошнім?

— Я. Яны заходзілі ўзгадніць план працы на наступны месяц.

— А хіба план не быў зацверджаны на Зямлі? — здзівіўся інспектар, які быў у курсе таго, наколькі старанна рыхтуецца касмічная навуковая праграма.

— У нас тут свае нюансы. Час ад часу мы вымушаныя ўносіць карэктывы... Абодва знаходзіліся ў добрым настроі.

— Забойства не магло быць рытуальным?

Неруш папярхнуўся дымам і, здзіўлена ўтаропіўшыся на інспектара, спытаў:

— Вы сур'ёзна?

— Прафесія паліцэйскага мала падыходзіць да жартаў, спадар Неруш!.. Так ці не?

— Сапраўдныя навукоўцы — атэісты да мозгу касцей! Цалкам выключана!

— Што ж, давайце зірнем на целы!

Яны захоўваліся ў адным з тэхнічных боксаў пры тэмпературы, якая не дазваляла пачацца працэсу гніення. Інспектару хапіла ўсяго аднаго погляду для таго, каб зразумець, што станцыйны медык свой хлеб есць недарма.

— Занадта шмат курыце, спадар Неруш! — ад погляду Сарвы не схавалася дрыжанне пальцаў начальніка станцыі.

— Дрэнная звычка — паўтара-два пачкі ў дзень. Цяпер, самі разумееце, больш... Што я? На­ват Сім, які ніколі не браў у рот цыгарэты, і той закурыў!

Інспектар унёс новую інфармацыю ў памяць камп'ютара і папрасіў правесці яго на месца злачынства. Ісці давялося ў супрацьлеглы канец станцыі.

Дзверы былі апячатаныя, але Сарва не дазволіў Нерушу сарваць пластыкавую стужку.

— Адну хвіліну, спадар Неруш! Der Teufel steckt im Detail!

— Што, прабачце?

— Д'ябал хаваецца ў дэталях!.. Я павінен агледзець замок! — інспектар дастаў са свайго чамаданчыка вялікую лупу і ўзяўся за справу. — Хм... Нехта спрабаваў патрапіць у памяшканне!

— Адразу пасля забойства я загадаў здаць ключы.

— У каго яны меліся? — памылкі не было: замок сапраўды спрабавалі адамкнуць. Прычым рабіў гэта дылетант.

— У дзяжурнага па станцыі, прыбіральшчыка і Сіма, — Неруш зноў закурыў.

Сарва зрабіў некалькі здымкаў замка, пасля чаго апырскаў дзвярное палатно дактыласкапічным спрэем.

— Нічога! — знайсці адбіткі пальцаў не ўдалося. Кім бы ні з'яўляўся злачынец, пра ўласную бяспеку ён паклапаціўся. — Што ж, давядзецца ўсё агледзець!.. Працэс зацягнецца, так што вы, спадар Неруш, можаце вярнуцца да сваіх абавязкаў!

Начальнік станцыі кіўнуў, задыміў цыгарэтай і пайшоў, а інспектар пачаў абследаваць па­мяшканне. Сарва зусім не ўяўляў, што хоча знайсці.

Гадзіна за гадзінай — ад падлогі да столі.

Моцна стаміўшыся, інспектар апусціўся ў свабоднае крэсла. Аб прычынах забойства заставалася толькі здагадвацца. Позірк Сарвы блукаў па паліцах і сталах да таго часу, пакуль не наткнуўся на цыгарэтны пачак, які ляжаў за адной з камп'ютарных калонак. Штосьці на ўзроўні падсвядомасці прымусіла інспектара адкрыць пачак, выцягнуць адтуль цыгарэту і дакрануцца да яе сілікагелевым алоўкам.

У наступнае імгненне Сарва ўскочыў, ледзь не паваліўшы крэсла.

— Псілацын!

Адна за адной былі прааналізаваны і астатнія цыгарэты. Усе яны змяшчалі ў сабе псіхаактыўнае рэчыва-алкалоід 4-HO-DMT з сямейства трыптамінаў. Атрымаўшы магутны імпульс, мозг інспектара запрацаваў з падвоенай сілай. Псілацын, які атрымлівалі з галюцынагенных грыбоў, уплываў на норадрэналінавыя рэцэптары і выклікаў псіхатропнае атручэнне.

Сарва акуратна зняў з пачка адбіткі пальцаў і праз камунікатар адправіў іх у лабараторыю Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў з пазнакай «Вельмі тэрмінова!»

Час паміж адпраўленнем інфармацыйнага пакета і атрыманнем адказа на запыт інспектар правёў за апытаннем персаналу «Венецыі Берні».

— Сабута, Кавецкі, Неруш і Сім... Калі першых двух можна смела выкрасліць, то начальнік станцыі і яго намеснік... — Сарва скарыстаўся інтэркомам і выклікаў абодвух. — Спадары, я паклікаў вас для таго, каб паведаміць: у справу замяшана трэцяя асоба!

Рэакцыя Неруша і Сіма аказалася аднолькавай — здзіўленне.

— Аповед мой будзе доўгім, так што набярыцеся цярпення. Можаце закурыць!.. А дазвольце мне пачаставаць вас! — інспектар узяў злашчасны пачак са стала і працягнуў яго мужчынам, уважліва назіраючы за іх рэакцыяй.

Начальнік станцыі пацягнуўся да цыгарэт, а намеснік збялеў.

— Курэнне забівае! Асабліва, калі шматкроць перавысіць дозу. Ці не так, спадар Сім?

— Не разумею, пра што вы кажаце!

— Вы ж спецыяльна закурылі, каб мець легальную магчымасць падзяліцца цыгарэтамі са спадаром Нерушам!

— Што за трызненне?

— Вы не ў тым узросце, каб пачынаць курыць праз моду або для таго, каб не выбівацца з калектыву... Сабута і Кавецкі аказаліся выпадковымі ахвярамі. Забіць вы планавалі Неруша!.. Хочаце заняць месца начальніка станцыі?

— Ды вы звар'яцелі, спадар Сарва? Што вы такое кажаце?

— Psilocybe semilanceata — атрутны грыб. Ужыванне можа выклікаць галюцынацыі, наркатычнае трызненне і востры псіхоз з цягай да забойства або самагубства!

— Чортаў сышчык!

Сарва лёгка ўхіліўся ад хука справа і ўдарам у сківіцу збіў намесніка з ног. Астатняе было справай тэхнікі...


ЭЛІЗІУМ


Спектральны аналіз даў адназначны адказ: мемарыяльная шыльда з надпісам «Here men from the planet Earth first set foot upon the Moon, July 1969 A.D. We came in peace for all mankind» ніякага дачынення да місіі «Апалона-11» не мела.

— Фальшыўка! Застаецца толькі высветліць, каму і навошта спатрэбілася ўводзіць у зман Музей месячнай каланізацыі.

Інспектар Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў Ратаўт Сарва толькі ўзяў у рукі стыло, каб унесці ў памяць планшэтнага персанальнага камп'ютара новыя даныя, як тут падаў сігнал камунікатар. «Камісар Айнбунд», — адбілася на экране.

— Інспектар Сарва. Слухаю!

— Перадайце справу дэтэктыву Ладо. Праз гадзіну ён прыбудзе на «Джавані Рычолі». Самі ж адпраўляйцеся на Марс, у навуковы гарадок «Элізіум»! Вас забярэ «Вэй То».

Інспектар здзіўлена ўскінуў брыво — брыг адносіўся да эксперыментальнай серыі паліцэйскіх суднаў: гіперпрывад апошняй мадэлі дазваляў «Вэй То» скараціць час пераходу ўтрая. Расследаванне відавочна мела статус тэрміновага і вельмі важнага.

І Сарва меў рацыю.

— Забітыя акадэмікі Друсут Жаўноў і Мілек Таус, член-карэспандэнт Коіт Бабрук. Вы павінны як мага хутчэй знайсці і нейтралізаваць злачынцу!.. Інфармацыйны пакет я вам адправіў. Дакладвайце праз кожныя тры гадзіны! — камісар адключыўся.

Інспектар адкрыў файл. Навукоўцы з сусветным імем былі забітыя з прамежкам у дваццаць чатыры гадзіны трыма рознымі спосабамі: Жаўноў — ударам цяжкага тупога прадмета па галаве, Таус — загінуў у выніку пранікальнага штыкавога ранення ў вобласць сэрца, Ба­брук — ад механічнай асфіксіі. Сарва нахмурыўся: выбар ахвяр наводзіў на думку пра сабатаж і дыверсію. Улічваючы той факт, што з моманту апошняга забойства прайшло больш за восем гадзін, станавілася зразумелай спешка Айнбунда.

На «Элізіуме» мелася ўласная служба бяспекі, набраная з адстаўных вайскоўцаў і супрацоўнікаў спецслужбаў, аднак справіцца сваімі сіламі яна не здолела — адбілася зусім іншая спецыфіка.

Ладо прыбыў дакладна ў патрэбны час. Сарва ўвёў калегу ў курс справы, пасля чаго сабраў рэчы і заняў месца ў чоўне. З паскарэннем у 11 g апарат стартаваў на арбіту. Да часу прыбыцця інспектара разлік каардынат быў скончаны, і «Вэй То» нырнуў у гіперпрастору.

Падарожжа атрымалася кароткім: перыгелій Марса складаў восемсот дзесяць тысячных астранамічнай адзінкі. Брыг правёў манеўр тармажэння і завіс на арбіце. Не жадаючы губляць часу, інспектар перабраўся ў човен неадкладна пасля выхаду «Вэй То» з гіперпрасторы. Дысплэі дазвалялі сачыць за тым, што адбываецца звонку.

Аксід жалеза надаваў планеце чырванаватае адценне. Нават няўзброеным вокам можна было ўбачыць на паверхні светлыя вобласці, якія атрымалі назву мацерыкоў, і цёмныя ўчасткі — моры. Паўшар'і Марса даволі моцна адрозніваліся паводле характару: паўднёвае было густа ўсеянае кратарамі, чым нагадвала месячныя мацерыкі; большую частку паўночнага займалі адносна гладкія раўніны. Выразная мяжа паміж поўначчу і поўднем ды палярныя лядовыя шапкі дапаўнялі карціну.

Малая шчыльнасць атмасферы і невялікая хуткасць уваходу ў яе спрыялі бяспечнай пасадцы на Марс. Човен мякка крануўся апорамі керамічнага бетону, падняўшы пыл, які патрапіў на ўзлётна-пасадачную пляцоўку праз бар'ер з альфа-часціц нізкай энергіі. Крыніцы радыеактыўнага выпраменьвання стапрацэнтнай гарантыі не давалі: часціцы адрозніваліся занадта малымі памерамі.

Наколькі ведаў інспектар, сваё імя «Элізіум» атрымаў нездарма: гарадок з'яўляўся сапраўдным раем для навукоўцаў, паколькі такіх магчымасцяў самарэалізацыі перад імі не раскрывалася больш нідзе. Любы інтэлектуал лічыў за гонар быць запрошаным у «Элізіум».

У гарадок інспектара даставіў усюдыход службы бяспекі, а па завяршэнні працэдуры шлюзавання яго сустрэлі начальнік медыцынскай службы і начальнік аховы.

— Я — Дзірж Цінгулс, гэта — Сарыгоўт Гамалій, — мужчыны па чарзе паціснулі руку Сар­вы. — Камісар Айнбунд пазіцыянаваў вас як свайго найлепшага спецыяліста. Вы насамрэч такі прафесіянал?

— Аддаю перавагу пацвярджэнню рэнамэ справамі, а не словамі, спадар Цінгулс! — інспектар без цяжкасці вытрымаў пранізлівы погляд начальніка аховы.

— Што ж, паглядзім, на што вы здатныя, спадар Сарва!.. Аб'ект у нас рэжымны — вы павінны прайсці геномную дактыласкапію для атрымання часовага пропуска. Вашая ДНК будзе пераведзена ў лічбавы фармат і запісаная на сіліцэнавы камп'ютарны чып. Гэта дазволіць вам свабодна перасоўвацца па гарадку. Але доступ у звышсакрэтныя лабараторыі для вас будзе закрыты. Калі вам спатрэбіцца трапіць унутр, звярніцеся па дазвол да мяне. Адказ будзе атрыманы на працягу трох гадзін.

Беднасць мімікі і металічныя ноткі ў голасе рабілі начальніка аховы падобным да андроіда.

— Пропуск выдаецца на дваццаць чатыры гадзіны. Адлік часу пачынаецца з моманту актывацыі чыпа. Па заканчэнні тэрміну дзеяння пропуска трэба пакінуць гарадок або атрымаць новы пропуск з паўторам працэдуры геномнай ідэнтыфікацыі асобы. У пропуск убудаваны GPS-трэкер, які дазваляе адсочваць вашы перамяшчэнні і вызначаць дакладнае месцазнаходжанне. У выпадку разрыву нейронавай сеткі радыёчастотнай ідэнтыфікацыі, гэта значыць пры страце пропуска альбо парушэнні яго цэласнасці, ахоўная сістэма неадкладна падымае трывогу... Гэта што?

— Рабочы планшэт.

Мяркуючы па ўсім, Цінгулс атрымаў загад ва ўсім садзейнічаць расследаванню. У адваротным выпадку напэўна б правёў рэнтгенаскапію камп'ютара. З дапамогай стыла Сарва ўнёс у памяць не толькі новыя даныя, але і ўласныя сумненні: як пры такіх павышаных мерах бяспекі наогул маглі адбыцца забойствы?

— Спадар Гамалій, распачынайце! — начальнік медыцынскай службы падступіў да кампактнага прыбора, які да гэтага ляжаў на невысокай храміраванай калясцы. — Можаце задаваць пытанні, спадар Сарва!

Медык прымусіў інспектара закасаць рукаў і сунуць руку ў прыёмнік. Сарва адчуў слабы ўкол у вену.

— Я хацеў бы ведаць, пры якіх абставінах былі знойдзены целы.

— Калі ласка, намачыце слінай тампон!.. Дзякую!

— Жаўнова знайшоў спецыяліст па комплекснай уборцы памяшканняў праз чатыры з паловай гадзіны пасля забойства. Таўса хапіўся калега пасля таго, як акадэмік спазніўся на эксперымент з гамасферай. Педантычны Бабрук не з'явіўся на нараду ў кіраўніка навуковага гарадка.

— Атрымліваецца, у ніводным з трох выпадкаў ахоўная сістэма трывогі не падняла? — паказчыкі біялагічнай актыўнасці жывой і мёртвай плоці аднолькавымі не маглі быць апрыёры.

— Менавіта так. Па кожным выпадку было праведзена расследаванне, але ніякіх адхіленняў у рабоце пропускаў не выяўлена.

У планшэце з'явілася новая адзнака: дасканалай камп'ютарнай сістэмы не існавала. Тым больш што хакеры штодня ўдасканальвалі сваё майстэрства.

Ці не азначала тое, што аларм-сістэма не спрацавала, наступнае: забойца альбо яго саўдзельнік працуюць у тэхнічным аддзеле службы бяспекі?

— У ніводным з трох выпадкаў камеры відэаназірання, устаноўленыя на ўваходзе ў індывідуальных працоўных боксах, забойцу не зафіксавалі, хоць запіс вядзецца ў рэжыме «анлайн».

— Вы агледзелі відэакамеры?

— У першую чаргу. Спраўныя. Узламаныя не былі.

Гукавы зумер сігналізаваў аб тым, што 3D-прынтар пачаў работу. Начальнік медыцынскай службы ўважліва сачыў за ходам друку.

— З цэнтральнага пульта можна ўнесці карэктывы ў запіс?

— Мы праверылі і гэта, спадар Сарва. Аператары па-за падазрэннямі.

— Ніякіх тэхнічных збояў? Недазволеных падключэнняў?

— Ніякіх!

— У боксах відэакамеры ёсць?

— Нашы падапечныя высока цэняць прыватнасць даследаванняў, спадар Сарва.

— Вельмі сумная акалічнасць!.. Спадар Гамалій, ці выяўленыя пры аглядзе боксаў якія-небудзь анамаліі?

— Аніводнай! — зноў нагадаў пра сябе зумер. — Ваш пропуск гатовы!

Начальнік аховы паведаміў у дзяжурную часць код з дваццаці пяці знакаў, і праз хвіліну ярка-чырвоны колер мікраскапічнага святлодыёда на пластыкавай картцы змяніўся на зялёны.

— Сардэчна запрашаем у «Элізіум»! — усміхнуўся Гамалій, а Цінгулс прыклаў свой пропуск да сканера сістэмы бяспекі. Унутраныя створкі пачалі рассоўвацца.

Нягледзячы на тое, што ў інспектара не было падстаў для таго, каб усумніцца ў кампетэнтнасці падапечных начальніка аховы, ён папрасіў санкцыі азнаёміцца з відэазапісамі.

— Што вы там збіраецеся ўбачыць, спадар Сарва?

— Такі парадак, спадар Цінгулс!

Як і папярэджваў начальнік аховы, новай інфармацыі лічбавыя запісы не далі. Кантролер пацвердзіў іх аўтэнтычнасць. На ўсялякі выпадак Сарва папрасіў копіі. У практыцы інспектара мелася нямала выпадкаў, калі дэталі набывалі яснасць толькі пасля неаднаразовага прагляду.

Па дарозе да празектарскай Цінгулса выклікалі ў дзяжурную часць, так што ролю гіда давялося ўзяць на сябе Гамалію.

— Скажыце, спадар Гамалій, ці маюцца падставы для падазрэння забітых у здзяйсненні самагубства?

— Запэўніваю — абсалютна ніякіх!.. Навуковы персанал штомесяц праходзіць поўны медыцынскі агляд, які ўключае ацэначныя тэсты псіхасаматычнага стану. Мы абавязкова заўважылі б дэвіяцыі!

— У Жаўнова, Таўса і Бабрука былі ворагі?

— Ворагі ёсць у любога чалавека, які мае сацыяльную вагу, спадар Сарва! Пытанне толькі ў тым, ці гатовыя ворагі да прамога дзеяння... У кола маіх абавязкаў уваходзіць маніторынг псіхалагічнай атмасферы ў навуковым гарадку. Гарантую: людзей, гатовых на забойства калег, у «Элізіуме» няма!

— Ці дапускаеце вы магчымасць дыверсіі?

— З падобным пытаннем вам лепш звярнуцца да Дзіржа Нарыбутавіча, спадар Сарва!

— Абавязкова прыслухаюся да вашай парады!.. І ўсё ж такі?

— Чужому ў «Элізіум» не пракрасціся. Служба бяспекі свой хлеб есць недарма!

У планшэце з'явілася адзнака насупраць радка «ўкаранёны агент». Ужо на ўзлётна-пасадачнай пляцоўцы інспектар ацаніў верагоднасць пранікнення ўнутр навуковага гарадка як нулявую: подступы прыкрывалі батарэі рэйкатронаў, а ахоўны перыметр рабіў «Элізіум» падобным на непрыступную крэпасць.

Целы чакалі Сарву ў халадзільных камерах. Іх агляд з'яўляўся толькі данінай інструкцыі — заключэнні аб аўтапсіі былі прафесійна падрабязнымі. Знаёмства са справаздачамі заняла нейкі час. На жаль, праліць святло на злачынствы яны не здолелі. Да справаздач былі прымацаваныя фатаграфіі высокай якасці, якія пазбавілі інспектара ад неабходнасці здымкі.

— Я так разумею, па план «Элізіума» мне трэба звярнуцца да Цінгулса?

— Не злуйцеся на яго, спадар Сарва! Дзірж Нарыбутавіч проста робіць сваю працу. Такі груз адказнасці сагне любога... Я магу падзяліцца з вамі схемамі сектараў, у якіх адбыліся забойствы.

— Баюся, гэтага будзе недастаткова, спадар Гамалій. Не той выпадак, калі па частках можна зразумець цэлае!.. Лепш падкажыце, як мне прайсці ў службу бяспекі?

Начальнік аховы доўга не хацеў прадастаўляць неабходную інфармацыю. Толькі пагроза дакладу камісару Айнбунду прымусіла Цінгулса скарыстацца бесправадной персанальнай сеткай.

Ніякай сувязі паміж месцамі забойстваў не прасочвалася, таму інспектар вырашыў агле­дзець боксы. У тым, што старонні не мог здзейсніць забойства, Сарва пераканаўся, пакуль ішоў да працоўнага месца акадэміка Жаўнова. Камеры назірання, пасты аховы, складаная сістэма допуску, разнастайныя дэтэктары... Забойцу варта было шукаць сярод персаналу «Элізіума».

— Дзве тысячы чатырыста восемдзесят дзевяць чалавек. Я фізічна не паспею ўсіх апытаць! — хранометр бязлітасна адлічваў апошнія гадзіны. Інспектар не меў сумненняў у тым, што неўзабаве адбудзецца наступнае забойства.

Рабочы бокс уяўляў сабой невялікае памяшканне з дзвярыма, якія герметычна зачыняліся. Забойца мог трапіць унутр толькі з дазволу гаспадара бокса. Падобны варыянт быў магчымы выключна для першага забойства. Пасля смерці Жаўнова навукоўцаў, безумоўна, праінструктавалі супрацоўнікі службы бяспекі.

Слядоў узлому замок не меў. Сарва сарваў пластыкавую плёнку з галаграфічнай пячаткай службы бяспекі і ўвайшоў у бокс.

Абведзены флуарэсцэнтным маркерам контур цела размяшчаўся побач з крэслам каля працоўнага стала. Павароты давалі зразумець, што пасля смяротнага ўдару Жаўноў зваліўся на падлогу. Ужо адно палажэнне трупа казала пра многае:

— Забойцу акадэмік не чуў. Ці не ўспрымаў як забойцу...

Выцягнуўшы з чамаданчыка з інструментамі, без якіх не абыходзілася ніводнае расследаванне, газавы храматограф, Сарва апусціўся на калені і пачаў вадзіць па падлозе сілікагелевым алоўкам з надзеяй выявіць доказы.

Інспектар ніколі не забываў пра тое, што д'ябал хаваецца ў дробязях.

— Нічога... — гадзіна прайшла марна: бокс быў нібыта стэрыльна ачышчаны. Сарва праверыў і вентыляцыйную шахту, хоць яе шырыня не дазваляла пралезці па рукаве нават дзіцяці, не кажучы ўжо пра дарослага.

Ніякіх слядоў не ўдалося знайсці і ў боксах Таўса і Бабрука. Дакладваць камісару не было чаго.

— Прылады забойства знайшлі? — спытаў інспектар, вярнуўшыся ў модуль службы бяспекі. Можа, хоць тут атрымаецца выявіць зачэпку.

— Забойца панёс іх з сабой.

— І ніводзін з вашых прыбораў гэтага не зафіксаваў? — Сарву прымусілі здаць зброю яшчэ на ўваходзе.

— Не! — працадзіў Цінгулс, выдатна разумеючы, што гэта пракол яго як начальніка аховы. Інспектар не стаў завастраць на гэтым увагу — не выключана, што забойца мог выкарыстаць пакрыты цэлюлознай біялагічнай плёнкай грыбны міцэлій. Бакаў з вадой, дастатковай для растварэння вегетатыўнага цела, у «Элізіуме» хапала з лішкам.

— У вас ёсць здагадкі, хто стане наступнай ахвярай?

Начальнік аховы скрывіўся, як ад зубнога болю, і сказаў:

— Вобласці інтарэсаў акадэміка і члена-карэспандэнта ніяк не перасякаліся. Мы гэтак і не здолелі знайсці нічога, што звязвала б Жаўнова, Таўса і Бабрука.

— Вельмі кепска! — Сарву прыгнятала бяздзейнасць. Але што заставалася рабіць? Любы з дзвюх тысяч чатырохсот васьмідзесяці дзевяці чалавек мог стаць наступнай ахвярай. — Я хачу азнаёміцца з асабістымі справамі забітых, а вы, спадар Цінгулс, узмацніце меры бяспекі!

Інспектар вярнуўся ў выдзелены яму жылы блок і цяжка апусціўся на ложак. Ніць Арыядны ніяк не хацела ісці ў рукі. Вядома, можна было б зрабіць паўторнае апытанне патэнцыйных сведак, але наўрад ці падначаленыя Цінгулса нешта прапусцілі. Выраз «Чаканне смерці падобна» набываў злавесны сэнс.

За гадзіну да апошняга тэрміну Сарва пакінуў жылы блок з надзеяй апынуцца ў патрэбны момант у патрэбным месцы.

Не атрымалася.

— Спадар Сарва, новае забойства! — неўзабаве выйшаў на сувязь Гамалій.

— Хто? — інспектара раздзірала бяссільная лютасць. Ізноў аларм-сістэма не падала сігнал трывогі.

— Прафесар Нік Хеймніц. Сектар дэ-шэсць. Індывідуальны рабочы бокс нумар адзін-адзінтры.

Сарва вылаяўся і сарваўся з месца. Каля бокса сабраўся натоўп, у паветры вісеў незадаволены гул. Да прамога абвінавачвання службы бяспекі ў некампетэнтнасці яшчэ не дайшло, але гэта было толькі пытаннем часу.

— Прапусціце!.. Спадар Цінгулс, прашу вас забяспечыць мне ўмовы для працы! — па кіўку начальніка аховы супрацоўнікі службы бяспекі прыступілі да навядзення парадку. У боксе застаўся толькі інспектар.

Сарва апусціўся на калені і адкрыў чамаданчык з інструментамі. Чатыры гадзіны карпатлівага абследавання нічога не далі, што не магло не адбіцца на настроі Сарвы.

— Кажуць, забойствы — справа рук неалудзітаў, — сказаў начальнік медыцынскай служ­бы пасля таго, як санітары забралі ўпакаванае ў патолагаанатамічны мяшок на маланцы цела Хеймніца.

— Што, прабачце?

— Па навуковым гарадку цыркулююць чуткі, што ў «Элізіум» атрымалася пракрасціся аднаму ці нават некалькім сапернікам навукова-тэхнічнага прагрэсу. І цяпер яны ад слоў перайшлі да прамога дзеяння.

У словах Гамалія мелася пэўная рацыя, але... Ці не занадта прафесійна для дылетантаў?

— Кожны з забітых з'яўляўся кіраўніком навуковай школы. Ці не праз гэта іх забілі?

— У такім выпадку даводзіцца казаць пра дыверсанта, спадар Гамалій!.. Калі ласка, звяжыцеся са мной, калі будзе гатовае заключэнне!

— Абавязкова, спадар Сарва!

Застаўшыся сам-насам, інспектар апусціўся ў крэсла і задумаўся. Нешта не давала яму спакою. Але што?.. Страціўшы надзею адшукаць адказ, Сарва набраў крыві забітага ў пластыкавую прабірку для ўзораў і адправіўся да сябе для чарговага даклада камісару Айнбунду. Яшчэ ніколі расследаванне не было такім цяжкім.

— Што ж тут адбываецца? — фактаў катастрафічна не хапала.

— Спадар Сарва, можаце зайсці! — па сканчэнні дзвюх гадзін патэлефанаваў начальнік ме­дыцынскай службы.

— Дзякую! — азнаёміўшыся з заключэннем, інспектар сунуў аркушы ў папку. — Ці магу я скарыстацца вашым электронным мікраскопам?

— Так!

Растравы электронны мікраскоп дазваляў атрымліваць карціну паверхні аб'екта да адной дзясятай нанаметра. Сарва размазаў па прадметным століку фібрынавы згустак і ўключыў электронную гармату, сумешчаную з электроннымі лінзамі. Вынік збянтэжыў:

— Нанаробаты!

Гамалій наблізіўся да манітора, але словы скепсісу з яго вуснаў не зляцелі — Сарва не памыліўся.

— Экзэмпляр відавочна нежыццяздольны!.. Спадар Гамалій, ці не выкарыстоўвалі вы нанаробаты для лячэння прафесара Хеймніца?

— У гэтым не было неабходнасці — хапала і традыцыйных метадаў. Як і ў выпадку з Жаўновым, Таўсам і Бабрукам.

— Я хацеў бы зрабіць аналіз крыві забітых!

— Ваша права!

— І падрыхтуйце медыцынскія карты ўсіх чацвярых.

У крыві Жаўнова і Бабрука нанаробатаў не аказалася, а вось у Таўса інспектар выявіў прысутнасць іншародных цел. Версія начальніка медыцынскай службы не знайшла пацвярджэння. Забойствы былі падобнымі на прамысловы шпіянаж, што пацвярджалі і медыцынскія карты — ніводзін з чацвярых навукоўцаў лячэння з дапамогай нанаробатаў не праходзіў.

— Хто мае допуск да рэплікатараў? — інспектар ажывіўся быццам ганчак, які ўзяў след.

— Я і ўсе загадчыкі аддзяленнямі.

Не прамовіўшы больш ні слова, інспектар накіраваўся да начальніка аховы і запатрабаваў выдаць яму асабістыя справы медыкаў. Раздражненне Цінгулса абмежавалася толькі незадаволеным позіркам.

Сарва вярнуўся да сябе і паглыбіўся ў вывучэнне аркушаў сінтэтычнай паперы.

— У яго ж маецца доступ да архіва ДНК-дактыласкапіі! — бліжэй да поўначы рэбус быў раз­гаданы. Не хапала толькі аднаго, самага важнага элемента: адказу на пытанне аб матывацыі злачынцы.

У думках накідаўшы справаздачу камісару Айнбунду, інспектар выцягнуў камунікатар з намерам звязацца з начальнікам Дэпартамента. Гэта яго і выратавала: адлюстраваны ў сэнсарным экране водбліск прымусіў Сарву зваліцца на падлогу і перакаціцца пад прыкрыццё стала. Рука пацягнулася да пісталета, але схапіла толькі паветра.

Інспектар утаропіў позірк і абмёр: голем цалкам складаўся з нанаробатаў.

У наступнае імгненне на стол абрынуўся магутны ўдар, які разваліў яго напалам. Правая рука голема ўяўляла сабой бродакс — сякеру з шырокім трапецападобным палатном, прастакутнай бародкай і байком.

Сарва ледзь паспеў выбрацца.

Адчайны рывок у пошуках выратавання скончыўся нічым — стык паміж дзвярыма і сцяной аказаўся шчыльна залеплены нанаробатамі. Іх злучэнне было мацнейшым за зварное шво.

Сарва не мог дазволіць сабе кідацца ў паніку. Праз адсутнасць зброі не заставалася нічога іншага, як манеўраваць. Вось толькі наколькі хопіць сіл? Памяшканне малое, а рухі голема за­надта імклівыя...

Інспектар так і не зразумеў, у які момант у галаве нарадзілася выратавальная думка. Працягваючы ўхіляцца ад удараў, Сарва вырваў з кішэні пропуск і зламаў яго. Цераз вечнасць у дзверы забарабанілі.

— Дапамажыце! — інспектар адчуў, што пачынае задыхацца.

Палатно задрыжала ад націску, але ўсё ж такі выстаяла.

— Падрывайце! — звышвострае лязо распарола рукаў курткі і рассекла плоць. Боль асляпіў.

— Усе назад! — данёсся да Сарвы голас Цінгулса, пасля чаго загрукаталі стрэлы. Нанаробаты пачалі рухацца — адтуліны хутка зацягваліся. На шчасце, «разумны пыл» на рэплікацыю запраграмаваны не быў — дзвярное палатно павалілася на падлогу. Супрацоўнікі службы бяспекі неадкладна сканцэнтравалі агонь на големе. Асаблівай шкоды кулі яму не рабілі.

Начальнік аховы першым уварваўся ў жылы блок і, працягваючы націскаць на спускавы кручок, выштурхаў інспектара ў калідор, у рукі падначаленым. Супрацоўнікі рванулі прэч па калідоры.

Не звяртаючы ўвагі на шчыльны агонь, голем кінуўся даганяць.

— Вы... павінны... арыштаваць... Гама... лія! — рэальнасць паплыла. Інспектар з велізарнай цяжкасцю захоўваў свядомасць. Нанаробатам удалося параніць яго яшчэ двойчы. — І патрэбна... магутная... крыніца... электра... магнітнага... выпраменьвання!

Адзін з супрацоўнікаў паўтарыў распараджэнні Сарвы ў мікрафон гарнітуры, пасля чаго разам з напарнікам павялічыў хуткасць. Голем не адставаў.

Прафесійная падрыхтоўка падначаленых Цінгулса аказалася на вышыні — ім спатрэбілася ўсяго дзве з паловай хвіліны для таго, каб падрыхтавацца да сустрэчы з големам. Імпульснае напружанне генератара Маркса ў дваццаць мегавольт рассеяла яго ў пыл.

Супрацоўнікі службы бяспекі акуратна пасадзілі інспектара на падлогу каля сцяны і заняліся яго ранамі. Неўзабаве падаспеў і медык. Сарва быў рады пачуць, што парэзы несмяротныя.

— Гамалій!

— Не хвалюйцеся, спадар Сарва, начальнік медыцынскай службы арыштаваны! — да інспектара наблізіўся Цінгулс. — А цяпер я хацеў бы пачуць тлумачэнні!

Аповед Сарвы шмат часу не заняў.

— Я не магу зразумець аднаго — што прымусіла перспектыўнага вучонага забіваць сваіх калег?

— Усё вельмі проста, спадар Цінгулс! Сын Гамалія памёр ад множнай міеломы — раку касцявога мозгу, і начальнік медыцынскай службы не проста страціў веру ў навуку, а пачаў успрымаць яе ў якасці непасрэднай віноўніцы смерці Яніса. Гамалій помсціў... А мяне ён планаваў забіць таму, што я занадта блізка падабраўся да разгадкі. «Разумны пыл» перасоўваўся па вентыляцыі і кантраляваў камп'ютарныя сістэмы бяспекі. І калі б не выпадковасць...


КОШТ ПАМЫЛКІ


Прайшло ўжо амаль дзве гадзіны, як пасажырскі зоркалёт «Гераклід Пантыйскі» павінен быў стартаваць, а пасадку на рэйс Месяц—Марс да гэтага часу яшчэ не абвясцілі. З прычы­ны каранальнага выкіду масы ў напрамку чацвёртай планеты ад Сонца адзначаліся шматлікія парушэнні ў працы электраабсталявання зоркалётаў. Паводле папярэдніх разлікаў Службы кантролю касмічнай прасторы, рассейванне магнітнага воблака мусіла адбыцца праз шэсць з паловай гадзін.

У адрозненні ад іншых пасажыраў, якія проста забівалі час, інспектар Ратаўт Сарва вырашыў заняць чаканне карыснай справай. Складанне справаздач з'яўлялася адным з абавязкаў паліцэйскага. За панарамнымі вокнамі распасціралася бязмежная брудна-шэрая раўніна. Адзінай яркай плямай на ёй была будоўля чарговай калоніі. Рухі велізарных механізмаў выклікалі інтарэс выключна ў дзятвы.

Сарва адолеў траціну справаздачы, калі перыферычны зрок зафіксаваў змену ў пейзажы. Варта было павярнуць галаву, як у поле зроку трапіў сюррэалістычны агністы грыб, што імкліва вырастаў над будаўнічай пляцоўкай.

Дзеці завішчалі ад захаплення, у воклічах дарослых чуўся спалох і нават страх. Усе прыхіліліся да шкла, пакрытага шматслаёвай нанаструктурнай металакерамічнай плёнкай. Грыб ператварыўся ў шар, які праз некалькі імгненняў лопнуў, нібы мыльная бурбалка. Нябачная сіла зваліла будаўнічую тэхніку і параскідала людзей.

Забыўшыся на справаздачу, Сарва паспяшаўся ў пункт аховы касмадрома. Унутры панаваў сапраўдны вэрхал.

— Вы бачылі?

— Зараз жа пакіньце службовае памяшканне! — запатрабаваў адзін з супрацоўнікаў Служ­бы бяспекі, заступаючы інспектару дарогу. «Гарм Хорт», — значылася на бэйджы.

— Я — паліцэйскі! — Сарва прадэманстраваў супрацоўніку значок Дэпартамента.

— Сувязь з «Гіпархам Нікейскім» адсутнічае! — выгукнуў нехта. У наступнае імгненне пункт аховы апусцеў: усе супрацоўнікі, за выключэннем дзяжурнага афіцэра, кінуліся да тэхнічнага сектара.

Інспектар рушыў услед за супрацоўнікамі на будаўнічую пляцоўку, дзе маглі прыдацца яго веды і ўменні ў галіне медыцыны. Абслуговы персанал дапамог супрацоўнікам Службы бяспекі, медыкам і Сарву апрануцца ў скафандры, пасля чаго зборная каманда заняла месцы ва ўсюдыходах.

Здавалася, што прайшла вечнасць, перш чым вонкавыя створкі шлюзавай камеры нарэшце адчыніліся і шматтонныя машыны пакацілі да «Гіпарха Нікейскага». Дарогі ў яе традыцыйным разуменні не існавала, і ўсюдыходы рухаліся напрасткі, аб'язджаючы варонкі ад мікраметэарытаў і буйныя камяні.

Ужо на пад'ездзе да будаўнічай пляцоўкі Сарва зразумеў, што адбылася сур'ёзная аварыя з чалавечымі ахвярамі. Акрамя ўсяго іншага гэта азначала, што інспектару як афіцыйнаму прадстаўніку Дэпартамента трэба будзе затрымацца на спадарожніку Зямлі на нявызначаны час.

Адным з плюсоў вакууму з'яўлялася тое, што ў беспаветранай прасторы пажар распаўсюджвацца не мог. Таму ратавальнікі адразу ж распачалі пошукі тых, хто выжыў, і кінуліся аказваць ім медыцынскую дапамогу. Улічваючы тое, што за зорную экспансію даводзілася плаціць крывёй, у распараджэнні будаўнікоў мелася адмысловая тэхніка для раз­бору завалаў і ратавання людзей. Справіліся хутка: нізкая сіла прыцягнення і вялікая колькасць будаўнікоў дазволілі працаваць, не губляючы ні хвіліны. Як і меркаваў Сарва, без ахвяр не абышлося.

— Чатыры чалавекі з пятнаццатай будаўнічай брыгады, — сумна рэзюмаваў Хорт, — яшчэ шасцёра атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.

Некалькі хвілін на агульным канале сувязі панавала гнятлівае маўчанне. Першым яго адважыўся парушыць інспектар:

— Я павінен агледзець месца здарэння!

— Дазвольце яшчэ раз зірнуць на ваша пасведчанне, спадар э... — у мітусні начальнік аддзялення Службы бяспекі асаблівай увагі на спецыялізацыю Сарвы не звярнуў.

— Сарва. Інспектар Сарва.

— Дэпартамент пазаземных крымінальных расследаванняў... Перашкаджаць я вам не маю права, але суправаджаць павінен. Такія правілы!

Інспектар кіўнуў, прыхапіў з ўсюдыхода свой чамаданчык з інструментамі і накіраваўся да модуля, у якім адбыўся выбух. На месцы высветлілася, што ў разбураным ледзь не да падмурка шматсектарным модулі размяшчаўся ядзерны рэактар. На шчасце, будаўнікі толькі пачалі мантаж, а паліва планавалася прывезці праз чатыры тыдні. У адваротным выпадку наступствы маглі аказацца катастрафічнымі.

— Спадар Хорт, няхай вашы людзі ачэпяць месца здарэння!.. І папярэдзьце начальніка змены, каб ён увесь час знаходзіўся ў межах даступнасці! Мне трэба будзе задаць яму сякія-такія пытанні.

— Добра! — начальнік аддзела пачаў аддаваць распараджэнні па службовым канале.

Модуль нагадваў з'едзены карыесам гнілы зуб. Пад нагамі храбусцела корка з запечанага рэгаліту і кампазітных матэрыялаў. Разлічваць знайсці якія-небудзь сляды было неразумна: у модулі натапталі так, як быццам тут прайшоў статак сланоў. Тым не менш Сарва ўзброіўся магутнай лупай і пачаў агляд з гусенічнага робата на радыёкіраванні. У момант выбуху машына знаходзілася блізка ад эпіцэнтра, таму і ператварылася ў груду закуранага металалому, у якой з вялікай цяжкасцю ўгадвалася першапачатковая форма.

Агляду наводзіў на некаторыя высновы, аднак Сарва вырашыў не спяшацца: у прафесіі паліцэйскага дэтэктыва гэта было недарэчна. Інспектар выцягнуў газавы храматограф і пачаў вадзіць па робаце сілікагелевым алоўкам.

— Вадарод. Кісларод. Плацінавая чэрнь, — даныя аналізу прымусілі інспектара задумацца: прыбор не выявіў нават драбнюткіх часціц выбуховых рэчываў. — Зрэшты, гэта яшчэ ні пра што не кажа!

У практыцы Сарвы мелася нямала выпадкаў, калі злачынцы падыходзілі да справы па-сапраўднаму творча. За робатам прыйшла чарга варонкі — інспектар узяў некалькі проб гары ў вакуумную прабірку з намерам пазней прааналізаваць іх з дапамогай растравага электроннага мікраскопа.

Расколіны ў керамічным бетоне падмурка паказвалі на кірунак ударнай хвалі. Па іх глыбіні нескладана было разлічыць тратылавы эквівалент выбуху.

Сарва павольна рухаўся па спіралі і праз некаторы час дабраўся да двух балонаў. Дакладней, да таго, што ад іх засталося.

— Падобна на тое, што выбухнулі менавіта яны... — інспектар схіліўся над балонамі і выдаткаваў гадзіну на іх агляд, асаблівую ўвагу надаўшы вентылям. — Зноў плацінавая чэрнь! Спадар Хорт, калі ласка, запрасіце начальніка змены... І загадайце затрымаць усю пятнаццатую брыгаду да асобага распараджэння.

Хорт звярнуўся да падначаленых, а Сарва вярнуўся да балонаў, падсвядома адчуваючы, што адказ варта шукаць менавіта ў іх. Характар будаўнічых работ у калоніі выкарыстання вы­буховых рэчываў не прадугледжваў.

— Канш Мажуль, начальнік змены. Вы хацелі мяне бачыць?

— Так, спадар Мажуль! — інспектар машынальна кінуў погляд на манометр. Запас кіслароду пакуль не патрабаваў папаўнення. — Скажыце, калі ласка, ці добра вы ведалі загінулых?

— Па праўдзе кажучы, не. Пятнаццатая будаўнічая брыгада прыбыла з Тытана ўсяго два дні таму.

— Вы азнаёміліся з асабістымі справамі будаўнікоў? — Сарва дастаў з паясной сумкі планшэт і пачаў дакументаваць адказы Мажуля.

— Прагледзеў, — не стаў падманваць начальнік змены. — Працы на аб'екце шмат: на ўсё проста не хапае часу.

— Гэта значыць, ніякай упэўненасці ў тым, што ў складзе брыгады не магло аказацца асоб з псіхічнымі адхіленнямі або тых, хто прытрымліваецца радыкальных поглядаў, у вас няма, спа­дар Мажуль?

— Да чаго вы хіліце? — начальнік змены нахмурыўся. Пытанне інспектара яму відавочна не спадабалася, таму што ставіла пад сумнеў яго прафесійную прыдатнасць.

— У складзе брыгады мог апынуцца чалавек ці нават некалькі, якія маглі мець злы намер. Канкурэнцыю ніхто не адмяняў... Калі я правільна памятаю, «Гіпарх Нікейскі» належыць Злучаным Штатам Амерыкі?

— Так.

— Ворагаў у іх хапае.

— Медыкі не знайшлі на целах загінулых слядоў выбуховых рэчываў, спадар Сарва! — уключыўся ў размову Хорт. З таго, што ён не чуў паведамлення, інспектар зрабіў выснову: з начальнікам аддзела звязаліся па службовым канале.

— Тэрарыстычны акт аўтаматычна не азначае самагубства, спадар Хорт. Падарваць генератар маглі і іншыя рабочыя. У тым ліку і з паралельных брыгад... Спадар Мажуль, колькі ўсяго рабочых задзейнічана на пабудове калоніі?

— Больш за дзве тысячы чалавек. Дзве тысячы сто шэсцьдзясят дзевяць чалавек, калі быць зусім дакладным.

— Дзве тысячы сто шэсцьдзясят дзевяць патэнцыйных падазроных! — прыгнечана пакруціў галавой Хорт.

— А што магло выбухнуць, спадар Мажуль? — праігнараваўшы словы начальніка аддзела, спытаў інспектар.

— Гэта магло быць што заўгодна, спадар Сарва. Мы выкарыстоўваем вадарод, кісларод, бензол, спіртавыя лакі, сухі цырконій, метанол, дыэтылавы эфір і мноства іншых лёгкіх на загаранне рэчываў і вадкасцяў.

— Плацінавую чэрнь?

— Так, спадар Сарва. Плаціна, асабліва ў дробнадысперсным стане, з'яўляецца вельмі актыўным каталізатарам многіх хімічных рэакцый.

— Чым непасрэдна займалася пятнаццатая будаўнічая брыгада? — стыло пакідала на экра­не планшэта ўсё новыя адзнакі.

— Зварачныя работы тэрмічнага класа. У брыгады маецца восем робатаў, аснашчаных плазматронамі з кіслародам у якасці рабочага цела.

— Вы не выкарыстоўваеце электронныя пучкі, спадар Мажуль? У вакууме гэта было б больш рацыянальна!

— Спецыфіка праекта — ніякай электронна-прамянёвай зваркі. Зварачныя работы праводзяцца ў кіслародным асяроддзі: дыспетчар з дапамогай кампрэсара высокага ціску запаўняе адсек або сектар паветрам, пасля чаго робат прыступае да працы. Аператар пры гэтым знаходзіцца на адлегласці трох метраў ад яго, што выключае некарэктнае выкананне праграмы. Перад пачаткам змены робатаў аглядае інжынер-тэхнолаг — так што ні пра якое перапраграмаванне не можа ісці і гаворкі!

— Не трэба цалкам давяраць камп'ютарам, спадар Мажуль!

— Толькі не ў нашым выпадку, спадар Сарва! Кожны робат абсталяваны блакатарам — пры любым адхіленні ўсе сістэмы аўтаматычна адключаюцца.

Ад развіцця тэмы інспектар адмовіўся.

— Пры якой тэмпературы праводзіцца зварка?

— Дзесяць-пятнаццаць градусаў па Цэльсіі са знакам плюс.

— Плазматрон мог справакаваць выбух?

— Выключана! Канструкцыя надзейная, правераная часам.

— Што наконт іншых крыніц?

— Усе віды электрычнага абсталявання старанна ізаляваныя. Іншыя гарэлкі адсутнічаюць. Ніякіх крыніц адкрытага агню. Робат выраблены са сплаваў, якія не даюць іскру.

— Хто-небудзь з пятнаццатай брыгады курыў?

— Зварку праводзяць у скафандрах, спадар Сарва. Сам кісларод не гарыць і не выбухае.

— Ён толькі падтрымлівае гарэнне... Балоны з кіслародам мелі якую-небудзь адмысловую маркіроўку?

— Вядома! На іх былі нанесеныя ўсе знакі, прадугледжаныя інструкцыямі па тэхніцы бяспекі.

— Маркіроўку было лёгка прачытаць?

— Зблытаць кісларод і вадарод не маглі ні на газанапаўняльнай станцыі, ні падчас правядзення работ. Знакі прадубліраваныя колерам балонаў: вадарод — цёмна-зялёны, кісларод — блакітны. Дальтонікаў у аператары зварачных робатаў не бяруць. Выключэнняў ніякіх!

— Мне не дае спакою плацінавая чэрнь. Яна ж прымушае вадарод загарэцца?

— Парашок злучае вадарод з кіслародам пры хатняй тэмпературы, пазбаўляючы тым са­мым ад неабходнасці дадатковага падагрэву. Плацінавая чэрнь каштуе шмат, але лепшага каталізатара вадародных рэакцый няма.

— Тупік, спадар Сарва? — спытаў Хорт, убачыўшы выраз задуменнасці на твары інспектара.

Замест адказу Сарва пачаў мераць крокамі сектар і паўтараць:

— Вадарод. Кісларод. Плацінавая чэрнь.

Так працягвалася не менш за чвэрць гадзіны.

— Спадар Мажуль, а плацінавая чэрнь можа аказацца небяспечнай у прысутнасці кіслароду?

Начальнік змены адказаў не адразу:

— У выпадку, калі змясціць кісларод у кантэйнер з вадародам.

— Ці ў герметычны сектар? — сэрца інспектара забілася хутчэй. Падсвядомасць падказвала Сарву, што ён знаходзіцца на правільным шляху.

— Навошта камусьці ствараць вадародную атмасферу? Неабходнасці ў ёй няма.

— Калі толькі вадародная атмасфера не з'яўляецца звыклым асяроддзем...

— Брыгада з Тытана! — ахнуў начальнік аддзела.

— На Тытане азотна-вадародна-метанавая атмасфера, у якой струмень кіслароду злучыцца з навакольным вадародам, калі яго нагрэць у прысутнасці плацінавай чэрні. А струмень вадароду — не... У пятнаццатай брыгады быў жа першы працоўны дзень, спадар Мажуль?

— Так.

— Сіла звычкі: дыспетчар цалкам машынальна пачаў нагнятаць у сектар не кісларод, а вадарод, а аператар робата з абсалютнай упэўненасцю ў тым, што працуе ў бяспечным асяроддзі, уключыў плазматрон...


КСЕНАЦЫД


З арбіты Тытан выглядаў як мутна-аранжавы шар. Наяўнасць некалькіх слаёў вуглевадароднага смогу, якія ўтварыліся з прычыны фатолізу ў верхніх пластах атмасферы, не дазваляла назіраць паверхню другога паводле велічыні спадарожніка ў Сонечнай сістэме ў аптычным дыяпазоне. Зрэшты, глядзець там не было на што, бо Тытан прыкладна напалову складаўся з вадзянога лёду і напалову — са скальных парод. Спадарожнік Сатурна цікавіў навукоўцаў таму, што быў падобны на Зямлю на ранніх стадыях развіцця. Мелася і яшчэ адна прычына прысутнасці на Тытане людзей: запасы вуглевадародаў у мясцовых азёрах у некалькі разоў перавышалі агульныя запасы нафты і газу на Зямлі.

«Джардана Бруна» павольна збліжаўся з міжнароднай касмічнай станцыяй «Сатурні Луна», чаму інспектар Ратаўт Сарва быў невымоўна рады: камандзіроўка падыходзіла да канца. Радасць азмрочвала ўсведамленне таго, што злачынец пазбег пакарання: бортінжынер Монтвіл Хацілоўскі замест смерці абраў турэмнае зняволенне.

— Хутка будзеце дома! — усміхнуўся Ямант Сконец, камандзір станцыі.

— Прызнаюся вам, спадар Сконец, з усёй маёй любоўю да вандраванняў, часам яны вельмі стамляюць.

— Нічога не зробіш, спадар Сарва, — спецыфіка працы дэтэктыва!

Інспектар падхапіў няхітры багаж і ў суправаджэнні камандзіра станцыі накіраваўся да стыковачнага вузла. Перад унутранымі створкамі шлюзавай камеры падаў сігнал камунікатар.

Ніколькі не сумняваючыся ў тым, што прыйшло паведамленне ад камісара Айнбунда, Сарва дакрануўся да піктаграмы на сэнсарным экране.

— Чатырнаццаць гадзін таму знікла сувязь з субмарынай «Хрысціян Гюйгенс». Загадваю вам правесці расследаванне абставін радыёмаўчання.

Да паведамлення быў прымацаваны інфармацыйны пакет. «Хрысціян Гюйгенс» вёў пошук слядоў прэбіятычных злучэнняў у Моры Кракена, паралельна вывучаючы прылівы, берагавую лінію і эвапарыты — хімічныя ападкі, якія выпалі з перанасычаных раствораў. Пакет змяшчаў у сабе кароткія тактыка-тэхнічныя характарыстыкі субмарыны і спіс членаў экіпажа.

Пакуль інспектар знаёміўся з дасланай інфармацыяй, да Сконца прыйшоў радыст з тым, каб перадаць радыёграму.

— Падобна на тое, што развітанне адкладаецца на няпэўны час, спадар Сарва! Я атрымаў загад садзейнічаць вам у расследаванні!.. Што будзем шукаць?

— Субмарыну!.. Карта Мора Кракена ў вас знойдзецца?

— Безумоўна! — мужчыны вярнуліся на капітанскі мосцік, дзе камандзір станцыі вывеў на цэнтральны дысплэй аб'ёмную карту найбуйнейшага з мораў Тытана. Плошча вуглевадароднага мора, якое размяшчалася ў паўночным паўшар'і, складала прыкладна чатырыста тысяч квадратных кіламетраў, сярэдняя глыбіня даходзіла да ста шасцідзесяці метраў.

— Апошні раз «Хрысціян Гюйгенс» выходзіў на сувязь адсюль! — Сарва тыкнуў сты­лом у кропку на карце. Праграма імгненна вылучыла месца ядавіта-зялёным маркерам. — Улічваючы максімальную хуткасць руху субмарыны — тры з паловай метры ў секунду, — радыус раёна пошукаў складае каля ста пяцідзесяці кіламетраў. Нам спатрэбіцца актыўны ўльтрагукавы санар!.. Усю апаратуру з «Уюна» давядзецца зняць: патрэбна месца для балонаў з дыхальнай сумессю і пасажыра!

— Двух пасажыраў, спадар Сарва! Вопыту кіравання спецыяльнай тэхнікай у вас няма. Дый з пераходам на «Хрысціян Гюйгенс» могуць узнікнуць праблемы.

— Маеце рацыю! — не стаў спрачацца Сарва. — Да таго ж, субмарыну трэба будзе яшчэ падняць на паверхню.

— Я аддам у ваша распараджэнне, спадар Сарва, нашага тэхніка — аператара «Уюна» Мітку Каўруса.

На тое, каб вызваліць міні-субмарыну ад навуковага абсталявання, загрузіць у яе балоны і ўсталяваць санар, пайшло амаль дзве гадзіны. Яшчэ гадзіна была выдаткавана на пагрузку ахоўнай капсулы з «Уюном» у шматразовы транспартны човен. Яго канструкцыя забяспечвала здольнасць вытрымаць гіпергукавую хуткасць уваходжання ў атмасферу Тытана і гарантавала магчымасць максімальнага зніжэння над паверхняй Мора Кракена.

Калі падрыхтоўка была скончана, Сарва і Каўрус занялі месцы ў міні-субмарыне. На пасажыраў «Уюн» разлічаны не быў, і два чалавекі ў масіўных скафандрах змясціліся ўнутры з вялікай цяжкасцю. Асвятленне адсутнічала, так што давялося запасціся хемілюмінесцэнтнымі крыніцамі святла.

— Як толькі «Уюн» пагрузіцца, сувязь знікне. Так што, калі захочаце што-небудзь сказаць нам, давядзецца ўсплываць! Радыст будзе дзяжурыць пры перадатчыку круглыя суткі!.. Поспехаў!

— Дзякую, спадар Сконец!

Лёгкае страсенне корпуса і выкліканы гэтым кароткачасовы стан бязважкасці сведчылі на карысць таго, што човен адправіўся ў адысею.

За бяспеку спуску турбавацца было не варта: корпус чоўна серыі «Ламп» абараняла нанаструктурнае металакерамічнае пакрыццё. Пяць слаёў брані без цяжкасці спраўляліся з сонечным ветрам, касмічным ды сонечным выпраменьваннем і вытрымлівалі перагрузку ў пятнаццаць g.

Альтыметра ў міні-субмарыне не было, і Сарву не заставалася нічога іншага, як арыентавацца на ўласныя адчуванні. Да вышыні ў сто дваццаць кіламетраў ад паверхні мела месца моцная турбулентнасць. На васьмідзесяці яе змяніў поўны штыль, а ніжэй за шэсцьдзясят на­гадала пра сябе дыферэнцыяльнае кручэнне, якое падала з вышынёй. Тое, што човен трапіў у зону паміж шаснаццаццю і васьмю кіламетрамі — у разрэджаны пласт аблокаў, якія складаліся з сумесі вадкага метану з азотам, — пацвярджаў фарсіраваны рэжым работы тармазных рухавікоў.

Каля самай паверхні напрамак ветру, які да таго супадаў з кірункам кручэння спадарожніка, змяніўся, што стварыла спрыяльныя ўмовы для завісання над булёнам з этану, прапану, ме­тану, цыяніду вадароду, бутэну, бутану і ацэтылену. Як і было агаворана на станцыі, перад скіданнем капсулы адзін з пілотаў пастукаў па корпусе гаечным ключом. Удар ад сутыкнення з вадкасцю атрымаўся нямоцны, аднак напалохаць быў здольны.

— Як самаадчуванне, спадар Сарва? — пацікавіўся Каўрус пасля таго, як «Уюн» захістаўся на хвалях.

Адсек афарбаваўся ў сакавіты зялёны колер.

— Бывала і горш. Пачынайце!

Для таго, каб тэхнік мог кіраваць міні-субмарынай, інспектару давялося пацясніцца, хоць, здавалася, зрабіць гэта не ўяўлялася магчымым. Сарва вырашыў, што аптымальным будзе рух па спіралі без апускання. Такі спосаб дазваляў не толькі пашырыць маштаб пошуку, але і не перагружаў трохкілаватны тэрмагенератар Стырлінга. Ва ўмовах працы амаль у крыягенным асяроддзі Тытана лішняе цяпло генератара магло выклікаць з'яўленне і закіпанне кандэнсату.

Каўрус манеўраваў, Сарва перабіраў версіі. Сувязь з «Хрысціянам Гюйгенсам» магла абарвацца ў выніку мноства прычын, пачынаючы ад простай паломкі радыёперадатчыка і заканчваючы штормам.

Час расцягнуўся да бясконцасці. Інспектар ужо было падумаў, што курсіраванне ніколі не скончыцца, аднак тут тэхнік паведаміў:

— Ёсць адлюстраваны сігнал! Зюйд-зюйд-вест, дваццаць два кабельтавы!

На экране радара субмарына мела падабенства з семем сланечніка. Рухаўся «Хрысціян Гюйгенс» прама, на мінімальна магчымай хуткасці, і гэта нараджала надзею на тое, што нічога сур'ёзнага не адбылося.

— «Хрысціян Гюйгенс», адкажыце «Уюну»! — Каўрус перабраў усе радыёчастоты, але на ніводнай з іх субмарына не адказала. — «Хрысціян Гюйгенс», калі вы чуеце мяне, але не маеце магчымасці адказаць, падайце сігнал!

Некалькі хвілін нясцерпнага чакання скончыліся нічым.

— Іду на збліжэнне! — тэхнік дакрануўся да джойсціка, і міні-субмарына накіравалася насустрач «Хрысціяну Гюйгенсу». У хуткім часе на дысплэі, злучаным са знешняй відэакамерай, з'явілася цьмяная пляма. Каўрус змяніў рабочы рэжым асвятляльнай устаноўкі. Яркі прамень ударыў па корпусе, дазволіўшы разгледзець субмарыну ў дробных дэталях. — Пашкоджанняў корпуса не адзначаю!

«Уюн» павольна апісаў круг вакол «Хрысціяна Гюйгенса». Люкі капсул, дзе захоўваліся аварыйна-сігнальныя буі, былі задраены. Як і аварыйныя люкі — насавы і кармавы. Што б ні здарылася, экіпаж субмарыны па-ранейшаму знаходзіўся ўнутры.

У памяці Сарвы адразу ўсплылі ўспаміны. «Эрнст Юліус Эпік».

«Уюн» нагнаў субмарыну, і Каўрус з першай спробы зрабіў пасадку на корпус «Хрысціяна Гюйгенса»: тэлескапічныя электрамагнітныя захваты не далі магчымасці навукова-даследчаму судну сарвацца. Работа ювелірная — патрабавалася сумясціць люкі, каб герметычныя прысоскі патрапілі дакладна ў гнёзды. Адразу па заканчэнні стыкоўкі пачала адпампоўвацца вадкасць.

— Ціск выраўнаваны, спадар Сарва! Можам заходзіць!

Сказаць аказалася лягчэй, чым зрабіць: пакідаць міні-субмарыну трэба было нагамі наперад, цераз вузкі тэхнічны лаз, у прыцемках. Інспектар мімаволі пацешыўся таму, што не пакутуе на клаўстрафобію. Унізе гарэла толькі дзяжурнае асвятленне.

Першай дзіўнай асаблівасцю, з якой давялося сутыкнуцца Сарву і Каўрусу, з'яўлялася поўная адсутнасць кіслароду.

— Хм... Працуе! — каб пераканацца ў тым, што газааналізатар спраўны, тэхнік нават некалькі разоў энергічна страсянуў прыбор.

— Што з монааксідам вугляроду? — інспектар западозрыў пажар. Погляд машынальна скіраваўся па машынным аддзяленні ў пошуках слядоў агню.

— Норма, а вось узровень вуглякіслага газу проста зашкальвае!

— На «Хрысціяне Гюйгенсе» выкарыстоўваўся сухі лёд? — цвёрды дыяксід вугляро­ду ўжываўся ў навукова-даследчых работах для атрымання нізкіх тэмператур, падчас выпрабаванняў некаторых вузлоў і агрэгатаў.

— Не, спецыфіка эксперыментаў была зусім іншай.

Сарва выцягнуў свой планшэт і пачаў уносіць даныя. Як толькі скончыў, сказаў:

— Наперад!

Каб нічога не прапусціць, тэхнік і інспектар запалілі нашлемныя ліхтары. Ісці было лёгка: субмарына аказалася абсталявана генератарам штучнай гравітацыі. Не лішняе пры шматмесячнай вахце. А вось назваць праход прасторным не паварочваўся язык.

Машыннае аддзяленне займалі механізмы, без якіх «Хрысціян Гюйгенс» быў толькі грудай металалому.

— Будзьце ўважлівыя, спадар Каўрус. Der Teufel steckt im Detail!..

— Разумею, спадар Сарва! — тэхнік раз-пораз спыняўся, каб пераканацца ў спраўнасці абсталявання «Хрысціяна Гюйгенса». Ён жа першым і выявіў другое дзівацтва. — Чорт!

— Што? — інспектар рэзка павярнуўся. У прамень ліхтара патрапіла шэрая слізь, у якой былі выпэцканыя зацягнутыя ў пальчатку пальцы Каўруса. Да алеяў і змазкі яна не мела ніякага дачынення.

— Гэта што яшчэ за дрэнь такая? — тэхнік затрос рукой, спрабуючы стрэсці слізь, але халадцападобнае рэчыва трымалася моцна.

— Спакойна, спадар Каўрус! Ніякай небяспекі няма! — чым бы ні з'яўлялася слізь, тканіну скафандра яна не прапаліла.

Тэхнік супакоіўся, а інспектар узяў пробу слізі ў вакуумную прабірку, пасля чаго дазволіў Каўрусу выцерці руку. З дапамогай лупы Сарва пачаў разглядаць рэчыва, якое лужынкамі рознага памеру і кансістэнцыі пакрывала кажух паветранага кампрэсара.

— Дакладна арганіка!.. Падобная на вараную ў муканазальным сакрэце медузу, — інспектар зусім не адчуваў агіды: спецыфіка прафесіі накладвала свой адбітак на псіхіку. — Але адкуль біялагічныя ўзоры ў машынным аддзяленні?.. Спадар Каўрус, я папрашу вас паглядзець пад машынамі — магчыма, знойдзеце якую-небудзь тару!

— Нічога няма! — праз некалькі хвілін паведаміў тэхнік, і мужчыны рушылі далей. Перагародачныя дзверы ў сумежны адсек былі задраеныя, але не заблакіраваныя. Гэта магло служыць яшчэ адным доказам таго, што нічога надзвычайнага на борце не здарылася.

Ні ў жылых памяшканнях, ні ў складах, ні на камбузе, ні ў кают-кампаніі нікога не аказалася. Як і раней, ніякіх слядоў узгарання, уцечкі таксічных рэчываў або разгерметызацыі корпуса. Тэрмометр паніжэння тэмпературы не паказваў.

— Усё гэта вельмі дзіўна, спадар Сарва! Я дапускаю, што стыкоўку «Уюна» яны маглі і не заўважыць, але ж мы б'ём малаткамі па пераборцы праз кожныя дзесяць метраў! Мёртвага падняць можна!.. Дзе водгук?

— Я пакуль не гатовы даць адказ на ваша пытанне! — у адрозненне ад тэхніка, інспектар не меў права на сумнеў. Рабіць высновы можна будзе толькі пасля праверкі апошняга — насавога адсека, у якім размяшчаліся лабараторыі. — І тут слізь!

Сарва быў цалкам упэўнены ў тым, што ўзоры студзяністага рэчыва акажуцца ідэнтычнымі, і ўзяў яшчэ дзве пробы: адну — на камбузе, другую — на складзе расходных матэрыялаў для навуковага абсталявання.

Праходзячы міма прыбіральні, інспектар машынальна націснуў на ручку.

— Замкнёна знутры!

— Думаеце, там хто-небудзь ёсць, спадар Сарва?

— Не будзем выключаць такога варыянта! — інспектар пагрукаў малатком па дзвярах, а затым мужчыны разам ударылі ў палатно плячыма. Хліпкі замок вылецеў з гнязда.

На ўнітазе сядзеў чалавек.

Размяшчэнне цела і стан скурнага покрыва адназначна паказвалі на тое, што навуковец памёр ад асфіксіі.

— Дайце больш святла! — Каўрус уключыў ручны ліхтар, і Сарва схіліўся над целам. — Абтурацыйную асфіксію выключаю... кампрэсійную таксама... падазрэнне на рэфлекторную асфіксію і анаксію...

— Не зразумеў ніводнага вашага слова, спадар Сарва!

— Гэты чалавек не патануў, яго не павесілі, не задушылі, у яго дыхальныя шляхі не траплялі іншародныя прадметы, грудную клетку і жывот не заціскалі, дыхальныя адтуліны не забітыя. А вось пазбавіць паветра маглі. Не выключаны смяротны зыход і праз спазмы галасавой шчыліны ад раздражняльных рэчываў або ўздзеяння паніжанай тэмпературы. Больш дакладна можна будзе сказаць толькі пасля аўтапсіі... Зараз я сфатаграфую цела, і мы вернемся да пошукаў!

Дапаможныя адсекі і капітанскі мосцік падзяляла сховішча балонаў з вадкім кіслародам — аварыйны запас. Рэгенерацыя паветра на «Хрысціяне Гюйгенсе» ажыццяўлялася з дапамогай выкарыстання калоній цыянабактэрый і прымянення KO2 — надпераксіду калію. Балоны былі пакрытыя тоўстым слоем студзяністага рэчыва.

— Манометры паказваюць нуль! — сказаў Каўрус, калі прайшоў уздоўж стэлажа, які сягаў да самай столі. — Ушчыльнікі на ўсіх балонах пашкоджаны!

Сарва наблізіўся да стэлажа і ўзброіўся лупай. Тэхнік меў рацыю: балоны былі дэфармаваныя: у тоўстым метале зеўралі мікраскапічныя расколіны. І ўсе яны з'явіліся ў выніку вонкавага ўздзеяння.

— Не магу зразумець — навошта?

— Мяне, спадар Каўрус, больш цікавіць адказ на пытанне «як»!.. Прабіць у балоне з графенавым напыленнем дзірку магчыма толькі з дапамогай адмысловага абсталявання!.. У выпадку экстраннай неабходнасці ў кіслародзе дастаткова ўсяго толькі павярнуць вентыль... — інспектар зноў скарыстаўся лічбавым фотаапаратам.

У цэнтральным адсеку Сарва і Каўрус наткнуліся ажно на тры целы. Менавіта такія моманты інспектар больш за ўсё ненавідзеў у сваёй працы.

— Божухна! — прамень ручнога ліхтара дробна дрыжаў. Тэхнік аказаўся ўражлівай натурай. Інспектар відавочна падаўся яму цынікам — Сарва пачаў дзяжурны прафесійны агляд цел.

Каб вынесці вердыкт, спатрэбіліся тры чвэрці гадзіны:

— Асфіксія!.. У капітана глотка, насавая і ротавая поласці забітыя сліззю, — тое, як здрыгануўся Каўрус, не мог схаваць нават скафандр. — Патрэбны біяхімічны аналіз крыві. Хоць...

— Што «хоць», спадар Сарва?

— Усе прыкметы гіперкапніі — стану, выкліканага празмернай колькасцю вуглякіслага газу ў арганізме. Дыханне спынілася праз параліч нервовай сістэмы... Я павінен убачыць бартавы журнал! — інспектар кінуўся да камп'ютараў, але аказалася, што камандзір субмарыны вёў запісы на паперы. Прычым не сінтэтычнай, а звычайнай. Гэта з'яўлялася грубым парушэннем карабельнага статута.

У той час, як Сарва гартаў бартавы журнал, Каўрус праверыў працаздольнасць усіх сістэм «Хрысціяна Гюйгенса». Ніякіх няспраўнасцяў.

У поўнай цішыні прайшло некалькі хвілін.

— За мной! — інспектар нечакана ўскочыў і, схапіўшы бартавы журнал, літаральна пацягнуў тэхніка за сабой. Пры гэтым Сарва ігнараваў усе пытанні Каўруса. Праскочыўшы тэхнічны адсек, мужчыны трапілі ў лабараторны, застаўлены разнастайнай навукова-даследчай апаратурай так, што свабодным заставаўся толькі нешырокі праход да насавой дыферэнтнай цыстэрны.

Астатнія члены экіпажа знаходзіліся на працоўных месцах.

Тэхнік ад душы вылаяўся — надзеям сустрэць каго-небудзь жывога не наканавана было спраўдзіцца. Каўрусу не патрабавалася падказка Сарвы для таго, каб зразумець, ад чаго памерлі навукоўцы.

Інспектар закруціў галавой, а затым накіраваўся да аднаго з лабараторных сталоў, на якім у спецыяльных храміраваных зацісках быў пахаваны ледзяны керн. Шкляны каўпак, якім быў на­крыты ўзор, перасякала невялікая скразная расколіна.

— Цяпер вы растлумачыце, што адбываецца? — спытаў тэхнік, калі інспектар нарэшце адпусціў яго руку.

— Адказ мы знойдзем тут!.. Лёд падобны на дрэва: слаі, што знаходзяцца ніжэй, старэйшыя за тыя, што вышэй. Па іх, як па колцах дрэва, мы можам узнавіць бесперапынную і дэталёвую карціну геалагічных змяненняў у інтэрвале фарміравання керну... Бачыце гэтыя дробныя ўкрапіны? — тэхнік кіўнуў. Лёд нібы пасыпалі макам. — Калі верыць запісам капітана «Хрысціяна Гюйгенса», знойдзеныя на глыбіні адзінаццаці метраў арганізмы — гэта форма жыцця з альтэрнатыўнай біяхіміяй. Аблігатныя аэробы.

— Як вы сказалі?

— Аэробы. Ад спалучэння грэцкіх слоў αηρ — паветра і βιοζ — жыццё. Гэта арганізмы, якія маюць патрэбу ў вольным малекулярным кіслародзе для сінтэзу энергіі. А «аблігатны» азначае, што ім для клетачнага дыхання патрабуецца кісларод. У працэсе дыхання кісларод выкарыстоўваецца аблігатнымі аэробамі як канчатковы акцэптар электронаў. Аблігатныя арганізмы добра развіваюцца выключна пры вольным доступе кіслароду.

— І прычым тут аэробы?

— Вось гэта нам і трэба высветліць! — Сарва дастаў з чамаданчыка хірургічны нож і з яго дапамогай адкалупаў кавалачак ільду з двума зернямі аэробаў унутры. Пераканаўшыся ў тым, што чыстага покрыўнага шкла не знайсці, інспектар выцер адно з іх і змясціў узор на прадметны столік.

— А чаму б нам не скарыстацца данымі, атрыманымі экіпажам, спадар Сарва? — Каўрус стараўся не запэцкацца ў слізі, якая пакрывала не толькі гарызантальныя, але і вертыкальныя паверхні.

— Баюся, спатрэбіцца занадта шмат часу. Дазволю сабе перафразаваць вядомае выслоўе: эксперымент — лепшы настаўнік, — інспектар старанна працёр растравы электронны мікраскоп і пасля праверкі прыбора распачаў абследаванне.

Праз паўтары гадзіны высновы капітана «Хрысціяна Гюйгенса» пацвердзіліся.

— І як толькі гэтыя арганізмы здолелі выжыць на Тытане? — аб'ёмная мадэль аэробаў на дысплэі мімаволі прыкоўвала позірк. Элементы складваліся ў мудрагелістую мандалу.

— Нягледзячы на нізкія тэмпературы, крыявулканізм і высокі ціск, на Тытане існуе дастаткова падстаў для пачатку хімічнай эвалюцыі, спадар Каўрус. Апошні запіс адносіцца да часу размарозкі ўзору. Капітан піша, што агульная колькасць аэробаў перавышала тры сотні адзінак.

— А засталося толькі два тузіны, — на твары тэхніка пачало праступаць разуменне.

— Згодна з законам захавання масы, нішто не можа ўзнікнуць з нічога, і ніяк не можа тое, што ёсць, знішчыцца... Слізь не магла паўстаць з ніадкуль!.. Давядзецца паўтарыць вопыт!.. Спадар Каўрус, вы павінны сысці!

— Я не ваш падначалены, спадар Сарва! І нікуды не збіраюся сыходзіць!

— Гэта можа быць небяспечна для вашага жыцця!

— Не думаю, што вы б паставілі пад лішнюю рызыку ўласнае... Вам ад мяне так проста не адчапіцца!

— Добра! — кіўнуў інспектар, зразумеўшы, што спрачацца бессэнсоўна.

У якасці месца для эксперыменту быў абраны герметычны бокс з куленепрабівальным шклом і магутнымі выцяжкамі. Кіраванне маніпулятарам узяў на сябе Сарва. Цеплавы прамень за лічаныя імгненні падпаліў лёд, аднак ніякай рэакцыі не адбылося. Тады інспектар правёў комплексную лабараторную праверку аэробаў.

— Вы ўпэўненыя, што справа ў аэробах, спадар Сарва? — пацікавіўся тэхнік, убачыўшы, што інспектар чакаў зусім іншай рэакцыі.

Замест адказу Сарва зноў пачаў гартаць бартавы журнал, спужаўшыся, што прапусціў штосьці важнае. Нічога новага выціснуць з тэксту не ўдалося. Гэта прымусіла інспектара задумацца.

— Падобна на тое, што давядзецца прыслухацца да вашай рады, спадар Каўрус! — Сарва сеў за камп'ютар і ўвайшоў ва ўнутраную сетку «Хрысціяна Гюйгенса». Працаваць у тоўстых пальчатках было нязручна, таму інспектар скарыстаўся алоўкам.

— Ну што? — пацікавіўся Каўрус, калі Сарва адсунуў клавіятуру.

— Упэўнены, разгадка наўпрост звязана з чужой формай жыцця, але я ніяк не магу ўхапіцца за ніць Арыядны!.. Нечага не хапае. Аднаго, але вельмі важнага элемента!

— А з чаго вы ўвогуле вырашылі, спадар Сарва, што адказ варта шукаць менавіта ў гэтых вашых аэробах?

— Прадчуванне, спадар Каўрус!.. Падсвядомасці часам падуладна бачыць тое, што не можа ўбачыць розум! — інспектар наблізіўся да куленепрабівальнага шкла і прыціснуўся да яго шлемам.

— Ці не лічыце вы, спадар Сарва, што экіпаж «Хрысціяна Гюйгенса» забілі аэробы?

— Гэта ж космас, спадар Каўрус. Тут можа здарыцца ўсё, што заўгодна! — Сарва выклаў змесціва вакуумнай прабіркі на прадметны стол, затым зноў узяўся за мікраскоп. — Аднастайная бесструктурная маса... Маецца падабенства з карыяплазмай, але... Ні храмаціна, ні ядзерка, ні ўнутрыядзерных гранул, ні бялковага ядзернага матрыкса... Дзіўнае стварэнне!

Тэхнік зірнуў на дысплэй з-за пляча інспектара: ніякай сувязі паміж сліззю і аэробамі не назіралася.

— У такім выпадку адкуль узялася слізь?.. У бартавым журнале ніякіх згадак пра яе няма... — Сарва адчыніў дзверы бокса і зайшоў унутр. Аэробы не падавалі прыкмет жыцця, што яшчэ больш узмацняла асацыяцыю з макавымі зернямі. — Ці я памыліўся ў пабудове прычынна-выніковай мадэлі?

Інспектар у задуменні наблізіўся да лабараторнага стала і пасля некалькіх хвілін бясплённых разважанняў падаўся наперад. У наступнае імгненне аэробы з сілай ударылі ў пярэдні шчыток шлема, прымусіўшы Сарву інстынктыўна адскочыць, а Каўруса — вылаяцца.

— Ім патрэбен кісларод, — сказаў інспектар, калі сэрца перастала калаціцца аб рэбры. — То дамо яго ім!

Варта было слабаму струменю паветра патрапіць на зярняткі, як аэробы зведалі імклівую метамарфозу. Новае стварэнне захоўвала сваю форму нядоўга — вакуум прымусіў чужую форму жыцця ператварыцца ў слізь. Датчыкі зарэгістравалі рэзкі выкід дыяксіду вугляроду.

— Экспанентны рост выключна ў прысутнасці кіслароду... Мы знайшлі забойцу, спадар Каўрус!


НОВЫ БЕРМУДСКІ ТРОХВУГОЛЬНІК


Радыёграма з Зямлі на імя Ратаўта Сарвы, інспектара Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў, была атрымана, калі навукова-даследчы брыг «Абуль-Хасан Алі ібн Абдурахман ібн Юнус ас-Садафі аль-Місры» знаходзіўся за чатырыста тысяч кіламетраў ад Урана. У графе «адпраўшчык» значыўся інспектар Айнбунд.

— Прадпісваю вам накіравацца ў пояс Эджворта-Койпера, да цэнтаўра Хірон, дзе прыступіць да высвятлення абставін знікнення турыстычнага судна «Жан-Жак Русо». На месца вас даставіць яхта «Аякс». Дадатковыя інструкцыі атрымаеце ў Геда Дальніковіча, капітана «Аякса».

Загад да вяртання Сарва прыняў устойліва — за час службы ён даўно прывык да пастаянных раз'ездаў. Інспектар сабраў рэчы і па заканчэнні тармажэння надзеў скафандр, а затым прайшоў у шлюзавую камеру. Праз чвэрць гадзіны яхта састыкавалася з брыгам.

— Добры дзень, спадар Сарва! Дазвольце прадставіцца — Гед Дальніковіч. Мне даручана ўвесці вас у курс справы і аказаць садзейнічанне ў правядзенні расследавання. Прашу за мной!

Матрос, які суправаджаў капітана, пазначыў намер узяць багаж інспектара, аднак Сарва спыніў яго:

— Я сам!

Каюта, у якой пасялілі інспектара, аказалася прасторнай і раскошнай. Сарву яшчэ не даводзілася падарожнічаць у такіх выдатных умовах. Не хацелася і думаць пра тое, у колькі абыдзецца фрахт «Аякса» — яхта належала мільярдэру Яну Гартэлю.

— Спадар Гартэль падахвоціўся дапамагчы Дэпартаменту добраахвотна. — Быццам прачытаўшы думкі інспектара, сказаў Дальніковіч. — Справа ў тым, што на «Жан-Жаку Русо» ляцеў яго малодшы сын Рымша, які пасля трагічнай гібелі Якгінта, старэйшага сына, застаўся адзіным спадчыннікам.

— Раскажыце пра тое, што адбылося, спадар Дальніковіч! — Інспектар дастаў планшэтны персанальны камп'ютар і падрыхтаваўся рабіць пазнакі.

— Сувязь з «Жан-Жакам Русо» знікла каля трыццаці дзвюх гадзін таму. Пошук пры дапамозе радыётэлескопаў і радараў, якія генерыруюць спецыяльныя хвалі, што не рассейваюцца ў прасторы і дазваляюць ігнараваць доплераўскае зрушэнне частаты, нічога не даў. Навуковы зонд «Ра», які знаходзіўся ў раёне знікнення «Жан-Жака Русо», не знайшоў ані судна, ані абломкаў.

— Колькі чалавек было на борце «Жан-Жака Русо»?

— Сто трыццаць чатыры, плюс трыццаць дзевяць членаў экіпажа і абслуговага персаналу. Канчатковай кропкай турыстычнага маршруту значыўся Квавар — адзін з самых буйных транснептунавых аб'ектаў.

Сарва адкрыў Зорны атлас. Каменныя пароды і вадзяны лёд — не самае прыгожае месца Айкумены. Зрэшты, de gustibus non est disputandum.

— Сігналаў бедства «Жан-Жак Русо» не падаваў. Буйных астэроідаў, якія маглі б справакаваць аварыю, паблізу няма.

— Піраты?

— Рымшу суправаджалі ўзброеныя целаахоўнікі. Да таго ж «Жан-Жак Русо» праектаваўся з разлікам на актыўную абарону — у выпадку нападу піратаў экіпаж мог пратрымацца да прыбыцця дапамогі.

— Тэарэтычна. Сярод членаў экіпажа маглі апынуцца людзі, здольныя на выкраданне Рымшы Гартэля з мэтай атрымання выкупу. «Жан-Жака Русо» маглі сагнаць.

— Не думаю, спадар Сарва.

— Вось як?.. А дазвольце пацікавіцца, спадар Дальніковіч, адкуль у вас такая ўпэўненасць? — Інспектар адарваўся ад планшэтнага персанальнага камп'ютара і з недаверам паглядзеў на капітана.

— Раён цэнтаўра Хірона карыстаецца благой славай. «Жан-Жак Русо» — не першае судна, якое там прапала. Два месяцы таму бясследна знік брыг «Карл Янскі», год назад — грузавік «Майкл Фарадэй», да гэтага зніклі грузапасажырскі «Шарль Месье» і рабатызаваны бот далёкага пошуку «Нептун-Х». Ні ў адным з выпадкаў ратавальнікі нічога не выявілі. Ведаеце, як празвалі гэты раён? Новы Бермудскі трохвугольнік!

— І ведаючы пра гэта, спадар Гартэль усё ж дазволіў сыну адправіцца да Хірона?

— Рымша Гартэль — паўналетні. Да таго ж турыстычны маршрут пралягаў у баку ад Хірона.

— Тады як жа «Жан-Жак Русо» апынуўся побач з цэнтаўрам?

— Баюся, што не змагу адказаць на гэтае пытанне, спадар Сарва. Як мяркуецца, уся справа ў непаладках навігацыйнага абсталявання.

У планшэтным персанальным камп'ютары з'явілася новая адзнака — патрабаванні да бяспекі пасажырскіх судоў турыстычнага профілю былі драконаўскімі. Сарва зверыўся з Зорнымі атласам — чорных дзір вакол Хірона адзначана не было. Даныя аб іншых анамаліях адсутнічалі.

— Колькі часу нам спатрэбіцца, каб дабрацца да Хірона?

— На «Аяксе» ўсталяваны звышмагутны гіперпрывод апошняй мадэлі. З улікам часу, неабходнага на разлік каардынат, не болей за адзінаццаць гадзін.

— Дзякую за дапамогу!

— Звяртайцеся!

Час, які застаўся да пагружэння ў гіперпрастору, інспектар выдаткаваў на вывучэнне інфармацыі, якая тычылася Хірона. (2060) Хірон ставіўся да астэроідаў групы цэнтаўраў. Яго пэрыгелій знаходзіўся ўнутры арбіты Сатурна, а афеліі — непадалёк ад арбіты Урана. Хірон быў незвычайны тым, што валодаў комай, характэрнай для каметнага цела, аднак па памерах у пяцьдзясят тысяч разоў перавышаў сярэдні аб'ём камет, і быў больш суразмерны з вялікім астэроідам, да якіх яго першапачаткова і аднеслі. Шчыльнасць цел — к'юбівана, плуціна, астэроідаў, ледзяных груд — не дазваляла меркаваць, што «Жан-Жак Русо» мог з імі сутыкнуцца.

— Ніякай актыўнасці піратаў! — Сарва спецыяльна паслаў запыт у Дэпартамент. — Будзем разбірацца на месцы!

Сігнал абвесткі аб хуткім апусканні на «Аяксе» дублявалі — да інспектара прыйшоў адзін з членаў экіпажа. Сарва ўладкаваўся ў супрацьперагрузачным кокане і, не жадаючы губляць часу, заняў яго складаннем справаздачы аб папярэдняй справе і знаёмствам з Універсальнай энцыклапедыяй. Рух у гіперпрасторы нічым адметным не запамінаўся.

Праз дзесяць гадзін трыццаць хвілін «Аякс» прыбыў да Хірона. Цэнтаўр нагадваў шар, з'едзены ржой.

Сарва вырашыў прыняць Хірон у якасці кропкі адліку — перш-наперш інспектар праверыў яго пры дапамозе дыстанцыйна кіраваных ботаў, забяспечаных відэакамерамі з раздзяленнем матрыцы ў сто восемдзесят мегапікселяў. Дадаткова апараты неслі дэтэктары металу, цеплавізары, сканеры, а таксама ўльтрафіялетавыя і інфрачырвоныя спектрометры.

Пошук нічога не даў.

— Спадар Дальніковіч, хай «Аякс» пачынае рухацца па спіралі, якая пашыраецца. Загадайце, каб экіпаж неадкладна дакладваў аб любых адхіленнях у працы прыбораў. Der Teufel steckt im Detail!

— Не хвалюйцеся, спадар Сарва, Д'яблу ад нас не схавацца!

Пацяклі доўгія гадзіны пакутлівага чакання. Інспектара прыгнятала інертнасць, але іншага шляху знайсці «Жан-Жака Русо», акрамя пошуку ў наваколлях Хірона, не было. Перабраўшы ўсе патэнцыйныя версіі, Сарва пераключыўся на вывучэнне гісторыі астэроіда, спадзеючыся знайсці падказку ў дакументах касмічных агенцтваў і справаздачах місій. Як аказалася, у «новым бярмудскім трохвугольніку» зніклі яшчэ чатыры судны. Колькасць зніклых без вестак набліжалася да адзнакі ў тры сотні чалавек.

— Шкада, Старнэт недаступны.

Інспектар меркаваў, што Гартэль палічыць патрэбным нанесці яму візіт, аднак час ішоў, а мільярдэр не з'яўляўся.

— У спадара Гартэля — параліч левай паловы цела з прычыны перанесенага інфаркту міякарда, — патлумачыў Дальніковіч, калі Сарва звярнуўся да яго з пытаннем, — перасоўвацца самастойна ён не ў стане. Калі вы будзе патрэбны, спадар Сарва, вас запросяць.

Час ад часу інспектар уздымауся на верхнюю палубу, дзе была ўладкавана абсерваторыя, абсталяваная магутнымі радыётэлескопамі. Капрыз мільярдэра, але менавіта дзякуючы гэтаму капрызу да зыходу другіх сутак Сарва і выявіў зніклы «Жан-Жак Русо».

— А гэта што такое? — Увагу інспектара прыцягнуў дзіўны водбліск, які доўжыўся не даўжэй за імгненне. Здавалася, быццам абсалютны змрок побач з каметай нечакана ажыў. — Спадар Дальніковіч, мне патрэбен адзін з вашых ботаў!

— Добра, спадар Сарва, — данеслася з інтэркома. — Кажыце каардынаты!

«Аякс» удвая паменшыў хуткасць і выпусціў бот. Некалькі бясконца доўгіх хвілін тэлеметрыя транслявала толькі цемру, а затым карцінка пачала мяняцца — чарната павольна набывала абрысы, пакуль не ператварылася ў пляскаты авоід, які не меў нічога агульнага з творамі Прыроды.

— Гэта ж зніклы «Жан-Жак Русо»! — ахнуў капітан. — Што з ім сталася?

Каб распазнаць у гладкай, нібы паліраванай, аплыўшай тушы турыстычнае судна, патрабавалася задзейнічаць усе рэсурсы ўяўлення. Занадта ўжо моцным было адрозненне ад першапачатковай формы «Жан-Жака Русо».

— Прырода мудрагелістая, але не настолькі, каб стварыць дакладную копію «Жан-Жака Русо»!

Інспектар вымушана прызнаў, што капітан мае рацыю.

— Спадар Гартэль прыносіць прабачэнні за тое, што не можа з'явіцца асабіста для таго, каб засведчыць сваё шанаванне, — у рубцы кіравання з'явіўся адзін з целаахоўнікаў мільярдэра, — і выказвае шчырую падзяку, спадар Сарва! Ваша праца будзе ўзнагароджана!

— Перадайце гаспадару Гартэлю, што я абмяжуюся вуснай падзякай.

Па загадзе Дальніковіча яхта пачала тармажэнне з паралельным змяненнем курсу. На манеўр сышло больш за гадзіну. На працягу гэтага часу апаратура аналізу «Аякса» была нацэлена на авоід.

Вынікі ашаламілі — корпус «Жан-Жака Русо» падвергнуўся глыбокай прамяністай карозіі. У выніку магутнага імпульсу цалкам выпарыліся знешнія карабельныя надбудовы і механізмы, а асноўны і аварыйны ўваходныя люкі аказаліся залітаваныя, ілюмінатары, шчыліны прыбораў назірання, тэхнічныя адтуліны — шчыльна закаркаваны. Нягледзячы на тое, што абалонка была выраблена з тугаплаўкага металу, яна аплыла, нібы воск. Па характарыстыках метал набліжаўся да абсалютна чорнага цела — ні ў аднаго з прыбораў «Аякса» прабіць скарынку не атрымалася.

— Што будзем рабіць, спадар Сарва?

Інспектар адарваўся ад дысплэя з данымі, якія штосекундна змяняліся, і адказаў:

— Выкрываць. Час гуляе супраць нас — будзем зыходзіць з таго, што на борце ёсць жывыя і ім патрабуецца тэрміновая дапамога!

Гартэль відавочна прадбачыў нешта падобнае — у распараджэнні капітана аказаліся і неабходныя спецыялісты, і патрэбнае абсталяванне. Людзі знаходзіліся ў гатоўнасці — ужо праз трыццаць хвілін бот быў гатовы да выхаду.

Інспектар падахвоціўся ляцець з тэхнікамі.

На Гартэля працавалі лепшыя — у гэтым Сарва пераканаўся вельмі хутка. Бот паволь­на падплыў да «Жан-Жака Русо», і спецыялісты неадкладна ўзяліся за справу. Неўзабаве высветлілася, што патрапіць унутр судна не так проста — фулерытавыя наканечнікі бураў не вытрымлівалі, энергія ў акумулятарах з дыфтарыда ксенону расходавалася занадта хутка. Не ўзяла метал ані плазменная, ані лазерная рэзка.

— Калі і крыягенная не дапаможа, будзем узрываць! — паведаміў старшы каманды.

Скарынка толькі трохі паддалася вадкаму азоту. У якасці выбуховага рэчыва была абраная сумесь гексанітрагексаазаізавюрцытану і актагену. «Ultima ratio» спрацаваў як належна — накіраваны выбух прабіў у корпусе «Жан-Жака Русо» дзірку, прыдатную для праходу. Каб пазбегнуць разгерметызацыі турыстычнага судна тэхнікі выкарысталі сферу са звышмоцнага палімернага матэрыялу, ціск у якой раўняўся ціску паветра ў адсеках «Жан-Жака Русо».

Лічыльнік Гейгера павышэння радыяцыйнага фону не зафіксаваў, таму людзі Гартэля марудзіць не сталі — адзін за адным яны ступілі на борт турыстычнага судна. Насуперак чаканням, унутры «Жан-Жак Русо» цалкам не пацярпеў, калі не лічыць пашкоджання камунікацый, якія размяшчаліся ў непасрэднай блізкасці да ашалёўкі.

Ляцелі нездарма — са ста сямідзясяці трох пасажыраў «Жан-Жака Русо» выжыла сто сорак пяць чалавек. У тым ліку і Рымша Гартэль. Радасць мільярдэра не ведала межаў. Пасажыры «Жан-Жака Русо» са слязамі на вачах абдымалі тэхнікаў і абсыпалі іх падзякамі.

Па прычыне гібелі капітана, старэйшым афіцэрам на турыстычным судне застаўся першы памочнік. Яго інспектар і выклікаў першым для дачы паказанняў.

— Спадар Маркуш, раскажыце пра тое, як усё адбылося! — Каб не прапусціць ні адной дэталі, Сарва ўключыў лічбавы дыктафон.

— Мы стартавалі з Сатурна дзесяць дзён таму. Маршрут звыклы, даўным-даўно адпрацаваны. Усё ішло строга па плане да таго часу, пакуль «Жан-Жак Русо» не зблізіўся з Хіронам. Навігацыйная апаратура раптам нібы звар'яцела. Усе спробы ліквідаваць непаладкі ні да чаго не прывялі... У нейкі момант мы адчулі рэзкае павышэнне тэмпературы, за якім рушыла ўслед магутнае страсенне корпуса. Па часе гэта заняло не больш за дзве хвіліны... Сітуацыя заставалася пад кантролем да таго часу, пакуль не высветлілася, што мы ў пастцы...

— Паніка?

— Не без гэтага, спадар Сарва. Большая частка загінула з-за няўмення захоўваць кантроль над сваімі эмоцыямі і эгаізму... Мне прыйшлося ўзяць камандаванне на сябе і наводзіць на борце парадак... Некаторыя супакоіліся толькі пасля таго, як да іх былі ўжыты меры фізічнага ўздзеяння. На жаль, іншага выйсця, як застрэліць самага буянага пасажыра, які пагражаў бяспецы судна, у мяне не было...

Інспектар злавіў сябе на тым, што Маркушу яшчэ рана быць капітанам, паколькі ён прымаў неабходнасць занадта блізка да сэрца. Доўг капітана — не дапусціць на караблі бунту.

— Мы паспрабавалі падаць сігнал бедства, але перадатчыкі не працавалі... Іншыя спробы нагадаць пра сябе таксама не ўвянчаліся поспехам... Горш за ўсё было тое, што мы не маглi зразумець, што здарылася.

— «Жан-Жак Русо» трапіў пад накіраваны ядзерны ўдар, у выніку якога ашалёўка ператварылася ў аднастайную масу. Скарынка паралізавала працу абсталявання і ўсіх сістэм, з прычыны чаго судна ператварылася ў груду металалому. Вам невымоўна пашанцавала, спадар Мар­куш, што «Жан Жак Русо» заўважылі. Судна магло стаць брацкай магілай — скарынка экрануе любыя віды выпраменьвання.

Бледнасці на твары першага памочніка дадалося.

— Спецыялістам яшчэ трэба правесці поўны аналіз, але ўжо цяпер зразумела, што мы маем справу з выпраменьваннем, якое разбурае крышталічную структуру рэчыва, дробнячы яго да атамнага ўзроўню з наступнай рэкамбінацыяй малекул і буйнейшых адзінак. Ролю каталізатара выконвае пастаяннае магнітнае поле — электронны зарад на паверхні «ЖанЖака Русо» спрыяў інтэнсіфікацыі працэсу рэкамбінацыі.

— І адкуль узялося гэта выпраменьванне, спадар Сарва?.. Прыборы не адзначылі наяўнасці якіх-небудзь крыніц.

— Гэта нам і трэба высветліць.

Апытанне іншых сведак зацягнулася да глыбокай ночы. За выключэннем асобных дэталяў, паказанні цалкам супадалі.

— І што вы пра гэта ўсё думаеце, спадар Сарва? — пацікавіўся капітан, які вырашыў наведаць інспектара ў яго каюце.

— Мы павінны знайсці крыніцу, спадар Дальніковіч. У адваротным выпадку караблі будуць знікаць і далей. Вы можаце адсачыць маршрут руху «Жан-Жака Русо»?

— Думаю, што так, — пасля працяглай паўзы адказаў капітан, — але на гэта можа сысці некалькі дзён, а то і тыдняў.

— Пачынайце прама зараз!

Дальніковічу і ў галаву не прыйшло пярэчыць. Сарва разважыў правільна — не той чалавек Гартэль, каб не расплаціцца па абавязку. Мільярдэр узяў на сябе і клопат пра турыстаў — на покліч «Аякса» адгукнуліся караблі, якія знаходзіліся паблізу.

У велізарным багацці меліся і свае плюсы — праз чацвёра сутак штучны інтэлект яхты выдаў вынік.

— Няма неабходнасці выклікаць паліцэйскі крэйсер, спадар Сарва, — сказаў Дальніковіч, бачачы, што інспектар мае намер звязацца з Дэпартаментам. — Спадар Гартэль гатовы аддаць «Аякс» поўнасцю пад вашу ўладу.

— Ніхто не ведае, што нас чакае. Крыніцай выпраменьвання можа аказацца ўсё, што заўгодна.

— У рандэву адправяцца выключна добраахвотнікі, спадар Сарва. Камандуйце!

Разумна вырашыўшы, што залішняя рызыка можа толькі нашкодзіць, інспектар выслаў наперад два боты, а таксама загадаў задзейнічаць усе прыборы назірання і аналізу, якія меліся на «Аяксе».

— У выпадку найменшай небяспекі неадкладна адварочвайце, спадар Дальніковіч!

— На гэты конт можаце не хвалявацца, спадар Сарва. Я не дапушчу, каб хто-небудзь з маіх людзей пацярпеў.

Гартэль таксама падахвоціўся ляцець, хоць інспектар праз капітана і целаахоўнікаў спрабаваў адгаварыць яго пад падставай смяротнай небяспекі, якая патэнцыяльна магла пагражаць экіпажу «Аякса».

— Спадар Гартэль прасіў перадаць, што ён не прывык адступаць! — данёс да Сарвы словы мільярдэра Дальніковіч.

На шостыя суткі боты бесперашкодна дасягнулі арбіты Хірона. Інспектара ўсё мацней асільвалі сумневы ў правільнасці абранай тактыкі, аднак адмаўляцца ад пошуку ён не спяшаўся. І не памыліўся.

Варта было толькі першаму робату апусціцца на арбіту астэроіда, як раптам знікла тэлеметрыя.

— Машынам — стоп! — Закрычаў Дальніковіч. У наступнае імгненне ўключыліся насавыя тармазныя рухавікі. Інерцыі не назіралася, таму што хуткасць «Аякса» была невялікай. Другі бот, які рухаўся ў тысячы кіламетраў ззаду першага, спыніўся. — Максімальнае набліжэнне!

Кадры на цэнтральным дысплеі пачалі хутка мяняцца, пакуль увесь экран не заняў першы бот. Апарат ператварыўся ў запечаны антрацытавы шар.

— Хто-небудзь бачыць крыніцу? — інспектар беспаспяхова спрабаваў разглядзець на шэра-чорным фоне хоць нешта. — Спадар Дальніковіч, трэба разлічыць траекторыю!

Праз некалькі хвілін, якія здаліся вечнасцю, штучны інтэлект выдаў каардынаты.

Форма аб'екта паказвала на яго тэхнагенны характар.

— Ваенны зонд! — рэзюмаваў Сарва. — Калі мне не змяняе памяць, савецкі... Бачыце чырвоны сцяг з сярпом-молатам і абрэвіятуру «СССР»?


СПАЙК


Зіма ў Паўднёвым паўшар'і Марса выдалася як ніколі халоднай — тэмпература нават днём рэдка паднімалася вышэй за адзнаку ў дзвесце дзесяць кельвінаў. З неба раз-пораз сыпаў цвёрды дыяксід вугляроду, які разам з густым туманам над Раўнінай Элады зусім не надаваў прывабнасці нізіне ўдарнага паходжання.

Расследаванне гібелі прафесара Ждана Гідлеўскага было скончана — інспектар Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў Ратаўт Сарва закрыў ноўтбук і з задавальненнем адкінуўся на спінку крэсла, выцягнуўшы ногі, якія гудзелі. Для ўстанаўлення забойцы прыйшлося прыкласці нямала намаганняў — інжынер-фізік аказаўся на рэдкасць цямлівым і вынаходлівым злачынцам.

Аднак атрымаць асалоду ад заслужанага адпачынку інспектару не дазволілі — нагадаў пра сябе камунікатар, які знаходзіўся ў рэжыме вібрацыі. Па танальнасці Сарва заключыў, што прыйшло паведамленне ад камісара Айнбунда.

— Што і патрабавалася даказаць! — Падазраючы, што атрымае новы загад, інспектар дакрануўся да піктаграмы. І не памыліўся: — Вам прадпісваецца тэрмінова выехаць у раён Патэры Амфітрыты, на станцыю «Джавані Скіяпарэлі», і высветліць прычыны радыёмаўчання.

Да паведамлення былі прымацаваныя тэкставы дакумент у некалькі старонак і файл з аўдыязапісам. Сарва прабег вачыма па тэксце: персанал, характар работ у калоніі, план-схема, коды доступу, кароткія інструкцыі. Нашмат цікавейшым аказаўся аўдыяфайл. Як толькі інспектар націснуў на кнопку прайгравання, дынамік літаральна выбухнуў крыкамі, напоўненымі нянавісцю і злосцю. Крыкі разводзілі гукі ўдараў. Як мог зразумець Сарва, смяротных.

Запіс доўжыўся ўсяго чвэрць хвіліны, але прымушаў кроў стыць у жылах.

— Дзіўным у іх атрымаўся апошні сеанс сувязі! — Інспектар вывеў на дысплэй панарамную карту Раўніны Элады і хутка адшукаў шчытападобны вулкан. «Джавані Скіяпарэлі» размяшчаўся за дзвесце пяць кіламетраў ад «Веста Мелвіна Слайфера». — Не менш за дзесяць гадзін маршу.

Сарва накіраваўся да кіраўніка калоніі.

— Спадар Замосцін, мне патрэбны ўсюдыход, а таксама запас паліва, кіслароду, вады і харчавання з разліку на аднаго чалавека на пяць сутак.

— Усюдыход я вам дам, спадар Сарва. Пра паліва, кісларод, харчаванне і ваду таксама можаце не турбавацца. Але ці разумна будзе адпраўляцца да Патэры Амфітрыты ў адзіночку?.. Мікракратэры зімой вельмі небяспечныя.

— Космас наогул вельмі небяспечнае месца, спадар Замосцін.

— Вымушаны настойваць на тым, каб вы ўзялі з сабой чалавека, спадар Сарва. Усе нашы экіпажы складаюцца з двух-трох каланістаў. Я ніколі не дарую сабе, калі з вамі што-небудзь здарыцца!.. Неспакойна ў нас!

Памеркаваўшы, інспектар быў вымушаны прызнаць, што кіраўнік калоніі мае рацыю. Марс — не месца для безразважнай рызыкі.

— Добра, толькі падбярыце разумнага чалавека.

— Монтаўт Юдзін. Былы армейскі пілот. Магістр тэхнічных навук. Механік ад Бога.

— Перадайце яму, што мы выязджаем праз гадзіну.

Час, які заставаўся да выезду, Сарва выдаткаваў на вывучэнне плана-схемы і запамінанне кодаў. Зборы былі нядоўгімі — інспектар абыходзіўся мінімумам рэчаў. І не толькі ў камандзіроўках.

У прызначаную гадзіну Юдзін чакаў Сарву ў ангары, ужо апрануты ў скафандр.

— Рады знаёмству! — Поціск рукі былога армейскага пілота аказаўся моцным, а ўсмешка выклікала прыхільнасць. — Можам выязджаць.

Мужчыны занялі месцы ва ўсюдыходзе, і шматтонная машына мякка скранулася з месца. Працэдура шлюзавання заняла некалькі хвілін.

Знешні кругавы агляд забяспечвалі камеры відэаназірання, здольныя захоўваць працаздольнасць ва ўмовах агрэсіўнага асяроддзя і якія давалі высокую якасць відарыса. Вось толькі глядзець не было на што — наколькі хапала вачэй, цягнулася абсыпаная камянямі рознага памеру брудна-шэрая раўніна.

У хуткім часе Сарва пераканаўся, што пагадзіўшыся з прапазіцыяй кіраўніка калоніі, не пралічыўся: Юдзін па-майстэрску знаходзіў дарогу, вядучы ўсюдыход на максімальна магчымай ва ўмовах перасечанай мясцовасці хуткасці. Механіку нават не патрабавалася спраўджваць маршрут з сістэмай спадарожнікавай навігацыі. Каб не губляць часу, інспектар падключыўся да Старнэту і праз пошукавую сістэму сабраў усю даступную інфармацыю пра «Джавані Скіяпарэлі». Станцыя была абсталявана па апошнім слове тэхнікі і праектавалася для распрацовак аптымальнага спосабу тэрафармавання. Працавалі на ёй выключна вядучыя навукоўцы.

— Цяпер зразумела, чаму такая тэрміновасць. — Сам таго не заўважыўшы, Сарва выказаў свае думкі ўслых.

— Што, прабачце?

— Спадар Юдзін, як вы лічыце, што магло адбыцца на станцыі?

— Хутчэй за ўсё, справа ў нейкіх тэхнічных непаладках. Вулкан патухлы, зрухаў кары ў раёне Патэры Амфітрыты не назіраецца, рэльсатрон надзейна абараняе «Джавані Скіяпарэлі» ад мікраметэарытаў, каранальны выкід масы гасяць фурытавыя купалы, тэрарыстам незаўважанымі да станцыі не падабрацца...

— Верагоднасць таго, што абодва перадатчыкі адначасова зламаліся, імкнецца да нуля. Ёсць жа яшчэ Старнэт і механічная сігнальная сістэма. За «Джавані Скіяпарэлі» вядзецца кругласутачнае назіранне з арбіты.

— Небяспечнейшым за чалавечы фактар можа быць толькі фактар тэхнагенны, спадар Сарва.

Інспектар кіўнуў і, выцягнуўшы планшэтны персанальны камп'ютар з паясной сумкі, завёў новую справу. Звышмоцныя падвесныя рысоры памякчалі трасяніну.

Да станцыі дабраліся на дзве з паловай гадзіны раней, чым разлічваў Сарва — Юдзін трымаў рытм і не рабіў прыпынкаў. Патэрна Амфітрыта займала ўвесь гарызонт, але ў параўнанні з зямнымі горнымі пікамі не ішла, паколькі памерамі вулкан не выйшаў — яго вышыня складала больш за кіламетр семсот метраў, а нахіл схілаў не перавышаў аднаго градуса. Ніякіх прыкмет вулканічнай актыўнасці інспектар не выявіў. Герметычнасць купалаў парушаная не была.

— Усе антэны цэлыя, — Сарва загадаў Юдзіну спыніць усюдыход за тры кіламетры ад станцыі, каб разгледзець наваколлі «Джавані Скіяпарэлі» і саму станцыю ў лічбавы стэрэабінокль з дваццаціразовым аптычным трансфакатарам. — Актыўнасці не назіраю. Сляды вакол адсутнічаюць...

Апошняе патрабавала дадатковай праверкі — снегапад не спыняўся другія суткі.

— Вы ўзброеныя, спадар Юдзін?

— Безумоўна!

Не прайшло і паўтара месяца з таго часу, як на калонію «Рэнэ Жары-Дзелож» напалі піраты. Выключаць магчымасць паўтарэння атакі было нельга. Сарва пашкадаваў аб тым, што не валодае армейскім цеплавізарам, які дазваляў «бачыць» нават праз тоўсты метал і керамічны бетон.

— Паспрабуйце звязацца з імі, спадар Юдзін!

— «Джавані Скіяпарэлі», гэта — усюдыход «Марсаход-Чатыры»! Адказвайце! — На працягу наступных трыццаці хвілін механік безвынікова перабраў усе частоты, пасля чаго пачаў падаваць сігналы азбукай Морзэ пры дапамозе галагенных пражэктараў, якія былі ўсталяваныя на даху машыны.

Нічога.

— Не падобна на засаду, — інспектар задзейнічаў трансфакатар на максімальнае набліжэнне. — Піраты пастараліся б прывабіць нас унутр...

— Я б на іх месцы скарыстаўся рэльсатронам.

— Рэйкавым паскаральнікам мас яшчэ трэба ўмець карыстацца, спадар Юдзін. На вежы батарэі нікога няма... Уперад, толькі павольна! Калі што...

— Я ведаю, што неабходна рабіць у экстранных сітуацыях, спадар Сарва.

Праз дваццаць хвілін усюдыход спыніўся перад шлюзавай брамай. Ніякіх слядоў узлому яна не мела. Інспектар адкінуў ахоўны шчыток на панэлі доступу і ўвёў лічбалітарны код. Праз некалькі імгненняў створкі павольна папаўзлі ў бакі, што паказвала на тое, што абсталяванне абясточана не было. Унутраныя створкі таксама расчыніліся без праблем.

— На ўсялякі выпадак падрыхтуйце зброю, спадар Юдзін!

Просьба запазнілася: механік ужо дастаў пісталет.

Перш за ўсё Сарва ўключыў газааналізатар. Ніякіх старонніх прымешак у паветры прыбор не выявіў, тым не менш здымаць шлемы мужчыны не сталі. Святлодыёдныя лямпы працягвалі гарэць у дзяжурным рэжыме.

— Усё як звычайна. За выключэннем таго, што нас ніхто не сустракае. — Задуменна вымавіў інспектар.

— Яны не маглі не заўважыць нас. — Механік захоўваў спакой, аднак быў гатовы ў любы момант пусціць у ход зброю. Сам Сарва таксама не апускаў пісталета.

Са шлюзавай камеры мужчыны патрапілі ў доўгі калідор, па абодва бакі якога цягнуўся шэраг аднолькавых дзвярэй з нанесенай пад трафарэт маркіроўкай з лічбаў і літар лацінскага алфавіту. Надпісы больш заблытвалі. Калі б ні план-схема станцыі, Сарве і Юдзіну прыйшлося бы доўга блукаць па «Джавані Скіяпарэлі».

— Пачнём з агляду цэнтральнага адсека, кают-кампаніі і радыёрубкі.

Механік пярэчанняў не меў, і мужчыны пакрочылі па калідоры.

Інспектар машынальна рушыў поглядам па сценах і столі ў пошуках слядоў узгарання і знакаў ад куль і аскепкаў, але нічога такога не сустрэў. Падобна на тое, што ад версіі пра напад піратаў прыйдзецца адмовіцца. Тыя ніколі не дзейнічалі настолькі акуратна.

— Больш падобна на почырк спецслужбаў. — У камп'ютары з'явіліся новыя адзнакі.

Пошукі працягваліся нядоўга: ужо ў цэнтральным адсеку мужчыны наткнуліся на трупы.

— Крыві як на бойні... — нахмурыўшыся, рэзюмаваў Юдзін. Пісталет ішоў за поглядам механіка.

Пакрытыя страшнымі ранамі, мужчынскія і жаночыя целы ляжалі покатам, пасярод разбітай офіснай мэблі і разгромленага абсталявання.

— Будзьце на варце, спадар Юдзін!.. Ні адной агнястрэльнай раны, — інспектар схаваў пісталет і, узброіўшыся лічбавым фотаапаратам, пачаў рабіць здымкі, імкнучыся нічога не прапусціць. Дзвесце пяцьдзясят гігабайт памяці дазвалялі захаваць бойню ў дэталях. — Шматлікія гематомы ад удараў тупымі прадметамі... колатыя раны... ірваныя... рубленыя... рэзаныя... Хм, маюцца нават укушаныя...

Сарва спрабаваў рухацца так, каб не наступаць на рукі і ногі. Рабіць гэта было няпроста.

— Д'ябал! — Інспектар спыніўся і з цяжкасцю праштурхнуў захраснуўшы ў горле камяк.

— Што? — Юдзін нават не павярнуўся, працягваючы сачыць за цэнтральным адсекам.

— Гэтаму чалавеку перагрызлі горла, — Сарва схіліўся над целам.

— Вы хочаце сказаць «перарэзалі»?

— Не, спадар Юдзін. Менавіта перагрызлі, і зрабіла гэта жанчына! — Сляды крыві на зубах не пакідалі месца для сумненняў. Ды й прыкус характэрны. — Парэзы на твары пацярпелага відавочна пакінутыя доўгімі пазногцямі.

Інспектар пры дапамозе пінцэта змясціў кавалачкі скуры з цягліцавымі валокнамі ў вакуум­ную прабірку і пазначыў яе чорным маркерам.

— Не валодаючы іншай зброяй і не маючы магчымасці захоўваць вертыкальнае становішча цела з-за закрытага пералому абедзвюх ног, жанчына, напэўна, загрызла калегу...

— Гэта ж да якога стану трэба дайсці? Проста як дзікія звяры!

На працягу наступных паўтара гадзін Сарва аглядаў і фатаграфаваў трупы, уносіў даныя ў планшэтны персанальны камп'ютар і спрабаваў знайсці рацыянальнае тлумачэнне таму, што адбылося. Усё паказвала на тое, што навукоўцы ўступілі адзін з адным у рукапашную схватку.

— Нават смяротна параненыя яны спрабавалі забіваць... Псіхапраграмаванне?.. Наўрад ці — занадта складана нават для спецслужбаў. Бясконцае мноства разнастайных фактараў, ігнараванне любога з якіх разбурыць увесь план... Прымус?.. Не, хто-небудзь дакладна б адмовіўся... Масавае вар'яцтва?

— Кожны вар'яцее па-свойму! — Нагадаў механік. — А тут ва ўсіх аднолькавыя сімптомы. Наркотыкі?!

— Тэарэтычна магчыма, спадар Юдзін. Але каб увесь персанал за адзін раз прыняў наркатычны прэпарат?.. Не тыя гэта людзі! Я яшчэ магу дапусціць, адзін, два, тры чалавекі... Аднак каб два тузіны рознатыповых асоб, — інспектар адмоўна паматаў галавой.

— Іх маглі атруціць.

— Такога варыянту я б не стаў выключаць, спадар Юдзін... Трэба ўзяць кроў на аналіз!

Патрэбнай колькасці аднаразовых шпрыцаў у распараджэнні Сарвы не аказалася, таму мужчынам давялося адправіцца ў медыцынскі пункт. Дарога пралягала міма кают-кампаніі і радыёрубкі. У абодвух модулях ляжалі трупы са слядамі гвалту на целе.

— На вайне такога не сустракаў. — Прыгнечана паківаў галавой Юдзін, крануўшы падсумак з запаснымі абоймамі.

Абодва перадатчыкі былі разбітыя ўшчэнт.

— Спадзяюся, растравы электронны мікраскоп і астатняе абсталяванне ў іх у парадку!

Сарва правёў дзяжурны агляд цел і выдаткаваў чвэрць гадзіны на фатаграфаванне, пасля чаго мужчыны працягнулі рух.

Медыцынскі пункт размяшчаўся ў процілеглым канцы станцыі. Кроў была ўсюды: на падлозе, сценах і нават столі. Цёмна-карычневыя рагі ціснулі на псіхіку, і толькі прафесійная вытрымка дапамагала захаваць розум.

Замкі на шафах у медыцынскім пункце былі ўзламаныя, а біксы з хірургічнымі інструментамі пуставалі.

— Лепшай зброі не знайсці! — рэзюмаваў інспектар і выцягнуў пісталет.

— Думаеце, хто-небудзь яшчэ застаўся ў жывых, спадар Сарва?

— Будзем спадзявацца! — Сарва выграб з шафы ўсе герметычныя ўпакоўкі, а затым набраў пластыкавых прабірак. Біяхімічны аналіз крыві варта было зрабіць па ўсіх, без выключэння. Вельмі дарэчы прыйшоўся аўтаматычны настольны аналізатар.

Жывых знайсці не ўдалося — Сарва і Юдзін літаральна перавярнулі «Джавані Скіяпарэлі» ўверх дном, не робячы перапынкаў на прыём ежы. Кавалак не лез у горла.

Лабараторыя была разгромленая, але да радасці інспектара, мікраскоп не пацярпеў. Пераканаўшыся ў наяўнасці электрычнага току ў ланцугу, Сарва ўключыў біяхімічны аналізатар.

— З Богам!

Бачачы, што інспектар зусім не рэагуе на знешнія раздражняльнікі, механік узяў на сябе адказнасць за яго ахову. Юдзін не выключаў верагоднасці нападу з боку ацалелага альбо ацалелых. Экзашкілет скафандра дазваляў трымаць пісталет на вісу колькі хочаш.

Прайшло не менш за пяць гадзін, перш чым Сарва скончыў. Выпрабоўваць цярпенне Юдзіна інспектар не стаў.

— Усе параметры, за выключэннем поўнай адсутнасці трыптафану, больш-менш у норме... Трыптафан — гэта біялагічны прэкурсор, гэта значыць рэчыва, якое ўдзельнічае ў рэакцыі, якая прыводзіць да з'яўлення мэтавага рэчыва, сератаніну. А сератанін гуляе ролю нейрамедыятара ў цэнтральнай нервовай сістэме, палягчаючы рухальную актыўнасць, дзякуючы ўзмацненню сакрэцыі субстанцыі Р у канчатках сэнсарных нейронаў шляхам уздзеяння на іанатропныя і метабатропныя рэцэптары...

— Прабачце, вы не маглі б зрабіць зніжку на мой узровень інтэлекту, спадар Сарва?

— Вядома. Сератанін рэгулюе імпульсіўную цягу, агрэсіўнасць, трывогу і палавыя паводзіны, адыгрывае важную ролю ў працэсах згортвання крыві, удзельнічае ў кантролі тэрмарэгуляцыі, у рэгуляцыі судзінкавага тонусу, а таксама працэсаў сэнсарнага ўспрымання. Прыгнёт сератанінэргічнай сістэмы выклікае ўзбуджальны эфект і абумоўлівае растарможанасць у паводзінах...

— Што з вамі, спадар Сарва? — занепакоіўся механік, бачачы, што інспектар замер, утаропіўшы позірк у нікуды.

— Д'ябал! — праз некалькі імгненняў да інспектара вярнулася жвавасць. — Як жа я адразу не зразумеў?.. Дэфіцыт або інгібіраванне сератанінэргічнай перадачы з'яўляецца адным з фактараў фармавання дэпрэсіўных станаў, дакучлівых расстройстваў, цяжкіх формаў мігрэні, а яшчэ агрэсіі... Агрэсіі!

Сарва паваліўся ў крэсла і, скінуўшы пальчаткі, забарабаніў па клавішах, уводзячы новую дырэктыву.

— Так і ёсць: відавочныя сляды прымусовай актывацыі дафамінэргічных сістэм!.. Нейрамедыятараў агрэсіі!.. Але чым выклікана спыненне сінтэзу сератаніну? — інспектар адчуваў, што разгадка блізкая. — Паветрана-кропельны механізм перадачы інфекцыі?.. Кантактны?.. Гемакантактны?.. Ін'екцыя?.. Спадар Юдзін, мне патрэбна ваша дапамога!

— Усё, што ў маіх сілах, спадар Сарва!

Мужчыны распранулі некалькі трупаў, і інспектар пры дапамозе магутнай лупы пачаў паўторны, нашмат больш пільны агляд.

— Атрымліваецца, аліментарны?!.. Але што маглі есці ўсе? Харчовыя перавагі ў людзей розныя... Падобна на тое, спадар Юдзін, што вы маеце рацыю: персанал сапраўды атруцілі.

— І якім шляхам?

— Ямо мы рознае, але абыходзіцца не можам без аднаго...

— Вады!

— Так, спадар Юдзін! Вада з'яўляецца аптымальным спосабам заражэння для віду Homo sapiens. На «Джавані Скіяпарэлі» цэнтралізаваная сістэма падачы вады. Дастаткова інфіцыраваць рэзервуар... Cui bono? Cui prodest? Часам у расследаванні ўсталяванне матываў злачынца — ледзь ці не самая складаная частка... Матываў можа быць мноства: тут і дыверсія, і самагубства, і помста, і памылка... Хоць, апошняе я выключаю — занадта спецыфічнае рэчы­ва... Спадар Юдзін, мне зноў патрабуецца ваша дапамога!

— Я гатовы!

— Мы павінны знайсці любую зачэпку, здольную праліць святло на гэтае жахлівае злачынства. І пачнём мы з абследавання рэзервуара і аналізу вады.


РЭЗАНАНС


Рэзервуар з прайшоўшай шматразовы рэцыкл вадой знаходзіўся ў паўночным крыле «Джавані Скіяпарэлі». Перад тым, як увайсці ўнутр тэхнічнага памяшкання, Сарва ўважліва агледзеў замок, панэль доступу і стык паміж дзвярным палатном і сцяной.

— Ніякіх слядоў узлому. — Інспектар увёў код, які складаўся з шасці лічбаў, і дзверы расчыніліся. На першы погляд ні рэзервуар — таўстасценная цыстэрна аб'ёмам дзесяць тон, ні абсталяванне вонкавых пашкоджанняў не мелі, аднак прымаць гэта на веру інспектар не збіраўся. — Спадар Юдзін, як механіка я прашу вас падвергнуць самай дбайнай праверцы ўсе механізмы. А я пакуль вазьму пробу вады для аналізу.

— Добра! — Юдзін схаваў пісталет і ўзяўся за справу.

Інспектар забраўся на цыстэрну па прыстаўной металічнай лесвіцы і пасля агляду набраў код, разблакіраваўшы замкі люка. Для таго каб акунуць прабірку ў ваду, Сарва выкарыстаў тэлескапічную штангу, якую падабраў у лабараторыі. Пры поглядзе няўзброеным вокам старонніх прымешак не назіралася.

— Нейкі час я буду адсутнічаць, спадар Юдзін. Паспрабуйце нічога не прапусціць. Der Teufel steckt im Detail! Д'ябал крыецца ў дэталях!

На шляху да лабараторыі інспектар наткнуўся на мерцвяка, які адрозніваўся ад астатніх навукоўцаў тым, што быў апрануты ў скафандр. Беспарадак у амуніцыі і зблытаныя шлангі сістэмы забеспячэння жыццядзейнасці паказвалі на тое, што чалавек збіраўся ў жудаснай спешцы. На таблічцы, якая размяшчаецца на грудзях, значылася «Барыс Майнц».

— Накіроўвацца ён мог толькі да шлюзавай камеры. — Сарва сфатаграфаваў труп і зрабіў новыя адзнакі ў планшэтным персанальным камп'ютары.

Аснашчэнню станцыйнай лабараторыі мог пазайздросціць любы вядучы навукова-даследчы інстытут. Інспектара займала толькі тое абсталяванне, пры дапамозе якога можна было правесці комплексны аналіз вады. І зноў лёс усміхнуўся Сарву — прыборы не пацярпелі.

Гравіметрычны і нефеламетрычны аналізы, інфрачырвоная спектраскапія, цытраванне, фотаметрыя, іанаметрыя — нішто не выявіла слядоў заражэння.

— Ці я памыліўся ў пабудове прычынна-выніковай мадэлі, ці ж хімічны агент валодае здольнасцю поўнага растварэння ў вадзе... — для таго, каб цалкам выключыць памылку, Сарва праверыў вынікі двойчы. — Нічога... Спадар Юдзін, атрымалася што-небудзь выявіць?

— Нічым не магу вас парадаваць, спадар Сарва.

— Сумна.

— А што ў вас?

— Мне не ўдалося выявіць ні хімічнага, ні біялагічнага агента, які б выклікаў інгібіцыю сінтэзу сератаніну, спадар Юдзін... Чакаю вас у цэнтральным адсеку — неабходна прагледзець запісы з камер відэаназірання.

— Я не заўважыў ні адной.

— Запэўніваю вас — падобныя аб'екты ў абавязковым парадку абсталёўваюцца сістэмай відэаназірання. І нярэдка персанал ніхто не ставіць у вядомасць.

Як і меркаваў інспектар, здымка на «Джавані Скіяпарэлі» вялася. Праўда, не ва ўсіх памяшканнях. У рэзервуарным модулі камера відэаназірання мелася.

— Выдатна!

Тэчка з запісамі аказалася абаронена паролем, і Сарву прыйшлося прымяніць усе свае хакерскія ўменні. Вельмі дарэчы прыйшоўся партатыўны дэшыфратар падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння.

— Мяркуючы па стане трупаў, смерць наступіла каля дваццаці трох — дваццаці пяці гадзін таму, — інспектар уключыў рэжым зваротнага прайгравання запісу і паскорыў яго ў два, чатыры, а затым восем разоў. Праз чвэрць гадзіны Сарва ляпнуў па клавішы прабелу. На позірк Юдзіна ён адказаў: — Малюнак не мяняецца працяглы час.

— Я нічога не заўважыў.

Інспектар некалькі разоў прагнаў запіс наперад-назад і сказаў:

— Зроблена прафесійна, але недастаткова добра для таго, каб не заўважыць злепліванне... Цяпер паглядзім, хто меў доступ да базы даных «Джавані Скіяпарэлі»... — на дысплэі з'явіліся чатыры каляровых фатаграфіі. На адным са здымкаў быў Барыс Майнц. Сарва вярнуўся да трупа і абшукаў яго. Не знайшоўшы нічога цікавага, інспектар накіраваўся ў жылую ячэйку інжынера-геадэзіста. — Магчыма, я памыляюся...

Ячэйка развеяла ўсе сумневы — на падлозе чарнела пачварная клякса, што засталася ад вогнішча, а ўсе гарызантальныя паверхні пакрываў белаваты парашок, у якім Сарва прызнаў вогнетушыльны састаў. Абкуродымленым кавалкам металу мог быць толькі назапашвальнік на жорсткіх магнітных дысках.

— Дастатковай колькасці часу для таго, каб пазбавіцца ад доказаў, у Майнца не было, таму ён выдраў запамінальную прыладу і плюхнуў на яе этылавы спірт, — увагу Сарвы нечакана прыцягнула невялікая прабірка, што завалілася пад ложак. Ад полымя пластык дэфармаваўся, аднак герметычнасць захаваў. — Мяркуючы па ўсім, адкінула выбуховай хваляй... У лабараторыю!

Інспектар падвергнуў самотную кроплю вадкасці, якая цудам захавалася ўнутры прабіркі, хімічнаму аналізу.

— Quod erat demonstrandum!.. Засталося толькі высветліць, хто мог быць зацікаўлены ў гібелі «Джавані Скіяпарэлі».

Аднавіць даныя з пашкоджанага назапашвальніка аказалася справай нялёгкай — Сарва скарыстаўся USB-кішэняй і спецыялізаванай паліцэйскай праграмай-рэаніматарам.

— Майнца выкарыстала транснацыянальная карпарацыя «Тэраформ».

— Канкурэнтка «Міжнародных зялёных тэхналогій», якая выйграла тэндар на тэрафармаванне Марса і якой належаў «Джавані Скіяпарэлі»?

— Цалкам дакладна, спадар Юдзін! Майнца выкарыстоўвалі ўсляпую — інжынер-геадэзіст усвядоміў маштабы катастрофы, калі стала занадта позна. Іначай, пэўна, пастараўся б пакінуць станцыю да таго, як агент ператварыў персанал у прагных да крыві істот.

— Але навошта «Тэраформу» забіваць?

— Банальная помста, спадар Юдзін. Праект тэрафармавання Марса — прынадны кавалак, а канкурэнцыі ніхто не адмяняў.

— Божа, сорак два чалавекі! — жахнуўся механік.

— Калі гаворка заходзіць пра вялікія грошы, аб этычных нормах забываюць! — Сарва дастаў камунікатар і набраў паведамленне для інспектара Айнбунда.

— Чаму ж Майнц паспрабаваў знішчыць «жорсткі дыск»?

— Інжынер-геадэзіст баяўся адказнасці за зробленае і спадзяваўся на тое, што яму ўдасца выратавацца.

— Але не паспеў, паколькі яго нагнала адплата ў выглядзе ашалелых калег...

— Цалкам дакладна, спадар Юдзін! — Паведамленне было адпраўлена. — Майнц відавочна не чакаў, што ўсё так павернецца... Прапаную адпачыць — працы ў нас будзе яшчэ шмат.

Загрузка...