За вакном праплывалі аблокі і ніхто ў кабінеце не звяртаў увагі на тое, што насамрэч адбываецца перад аблвыканкамам. А там збіраўся народ. Не, не на мітынг. У дабротных касцюмах яны ішлі на вялікую нараду. Шэф адвярнуўся ад акна ды запаліў. Зараз яму належыла ўдзельнічаць у з’ездзе Таварыства аховы помнікаў. Дэлегаты былі ўсе харошыя, адабраныя. Таварыства расло. На 50 помнікаў, пастаўленых на ўлік нёманскім гарвыканкамам, у горадзе было зарэгістравана 25000 сябраў арганізацыі. Гэта значыла па 500 “ахоўнікаў” на кожны стары будынак. Някепска!
— Праклятыя дзяржпланаўцы! Каб яны падавіліся сваёй каўбасой, – усклікнуў шэф да Ядвігі Антонаўны, якая ў той жа момант прадказальна залілася смехам. – Давесці аблвыканкаму два планы: па барацьбе з развалюхамі і па падвышэнні колькасці іх аматараў. Ажно смешна! Добра хоць вопыт, атрыманы на будоўлях сацыялізму, дае выкручвацца.
— Васілій Іванавіч, ды вам проста наканавана сёння выступіць добра і дамагчыся ўхвалы новага плана па зносе развалюх у імя расчышчэння горада. Каб на месцы развалін паставіць помнікі сучаснай эпосе! Прыгожыя і чысценькія!
Паседжанне, што пачалося літаральна праз пятнаццаць хвілін, сапраўды прайшло бліскуча. Старшыня выступаў натхнёна і пераканаўча. Ён казаў пра тое, што савецкая ўлада прыхіляецца перад помнікамі даўніны, і ўсё мацней пераймаецца аб ніх, ярасна ахоўвае. Гэтаму пляскалі. Ён распавядаў, што савецкі ўрад прыняў адмысловы закон. Але таксама падкрэсліў, і гэта было сустрэта асабліва гучнымі апладысментамі, што даўніна не павінна перашкаджаць узрошчваць новае. Яна не можа стаяць на шляху сацыялістычнай архітэктуры. Савецкія будаўнікі прапанавалі план па ўзвядзенні шалёнага аб’ёму тыпавога жытла ў звышсціслыя тэрміны. План і аб’ёмы, якія не маюць аналагаў у свеце. Таму, і гэта была кульмінацыяй выступу, зберагаючы помнікі, мы з радасцю мусім развітацца з затхлым мінулым.
— Так, – казаў шэф, – мы хацелі б захаваць больш. Але ці магчыма гэта? І якім коштам? Дамы, у якіх дзесяцігоддзямі не праводзіліся капітальныя рамонты, знаходзяцца ў аварыйным стане, знос – дзевяноста дзевяць адсоткаў. Эканамісты падлічылі: захаванне аднаго такога будынка пацягне столькі сродкаў, колькі будаўніцтва васьмі новых кватэр для шматдзетных сем’яў.
Адпіўшы вады, Васілій Іванавіч адчуў, што ўжо дасягнуў адзінства з залам.
— Канешне, – працягнуў ён, – калі жыхары гэтых дамоў вельмі хочуць жыць у іх, калі ім дарагія гэтыя будынкі як памяць, савецкая ўдала дасць магчымасць зрабіць капітальны рамонт за свой кошт. Але мы не дазволім прымусіць нас хадзіць у лапцях! Нельга дзеля добрых успамінаў адных ахвяраваць сямейным дабрабытам іншых. Бо гэтыя іншыя – камсамольцы, рабочыя, інтэлігенцыя. Ці асмеліцца нехта змарнаваць грошы, абяцаныя на будаўніцтва дзіцячага садка? Мы такога чалавека не пацерпім! Урэшце, гэта проста несправядліва. Таму, думаю, мы не мусім крывіць душою, не павінны імітаваць неэфектыўную дзейнасць. Менавіта мы – ахоўнікі, нават абаронцы спадчыны, мусім самі вырашыць гэтае пытанне. З усёй прынцыповасцю. Мы, надзеленыя даверам грамадства, павінны раз і назаўсёды прыняць цвёрдае рашэнне аб ачышчэнні горада.
Гэта быў трыўмф. Ідучы да кабінета, шэф паціраў далоні. Радзіма можа спаць спакойна.
Але ў кабінеце быў непрыемны сюрпрыз. Роберт ужо з паўгадзіны чакаў старшыню, седзячы ў мяккім гасцявым крэсле. Шэф трошкі здзівіўся – звычайна Роберт прыходзіў пад вечар. Тым не менш, ніводнага разу ён не заходзіў проста пабалакаць – заўсёды гэта былі важныя працоўныя пытанні. Шэф напружыўся.
— Ну што, калега, даўненька не заходзілі да нас. Ці ўсё ідзе па плане, ці вы задаволены?
— Дзякую, цяпер больш-менш у норме. Пагрузкі працягваюцца згодна з планам. Рабочыя дастаткова дурныя, каб не зразумець чым насамрэч займаюцца. Савецкі бок дэманструе правільны тып арганізацыі. За прамінулы тыдзень я яшчэ раз пераканаўся, што вы надзейныя партнёры. Зрэшты, вы ніколі і не давалі падстаў для сумненняў, – Роберт дзяжурна заўсміхаўся, але шэф зразумеў намёк.
— Яшчэ раз прашу вас прыняць мае прабачэнні за той выпадак з бракаванай цэглай. Мы тут за гэта ўжо ўсім, каму трэба, надралі зад. Я вельмі прашу вас зразумець спецыфіку мыслення нашых людзей.
— Сапраўды, спецыфіка... Лічыце, што гэтае пытанне мы даўно пакінулі ў спакоі. Тым больш, цэглу нам памянялі. Будуйце, калі ласка, самі сваю сацыялістычную будучыню з новай цэглы, – Роберт зарагатаў.
Гэта трошкі разрадзіла абстаноўку, і старшыня аблвыканкама нервова зарагатаў услед.
Ядвіга Антонаўна прынесла каву. Некалькі секунд партнёры зацята размешвалі цукар, рабілі павольныя глыткі, чагосьці чакаючы. Зрэшты, так і было. Першым пачаў Роберт:
— Наша прадпрыемства, зважаючы на паспяховае заканчэнне першай фазы вялікага праекту, вырашыла прасіць вас аб пашырэнні паставак. Разумею, гэты кабінет – не самае лепшае месца для падобных пытанняў. Умовы і кошты – усё гэта неабходна яшчэ раз прагаварыць у Маскве. Але ўсё ж, думаю, менавіта вы мусіце даведацца аб нашых намерах першым. Натуральна, у выпадку станоўчага рашэння і падпісання кантракта мы будзем гатовыя перадаць вам шчодрую падзяку. – Роберту падалося, што ўсе інтанацыі былі выбраныя ім вельмі правільна. Але гэта быў толькі пачатак.
— Ваша падзяка сапраўды вельмі добра намазваецца. Мы гэта цэнім і паспрабуем аказаць садзеянне. У мяне ёсць вельмі добрыя, правераныя сябры ў белакаменнай. Сто працэнтаў поспеху!
— Я іншага і не чакаў. Але яшчэ адно, самае галоўнае, што прывяло мяне да вас у такі нетыповы час.
— Слухаю вельмі ўважліва!
— Васілій Іванавіч, як вы разумееце, я не першы раз забяспечваю правядзенне падобных аперацый. Уласна кажучы, спецыфіка нашых з вамі адносін прадугледжвае поўную канфідэнцыяльнасць. Таму мае візіты ў Нёмане маюць не толькі фармальна-афіцыйны, але таксама схаваны характар. Буду шчыры, ашуканства я ні з вашага боку, ні з боку вашых вайскоўцаў цярпець не намераны.
Роберт казаў гэта ціха і спакойна, але старшыня ўціснуўся ў крэсла, правільна адчуўшы нядобрае.
— І вось, да майго вялікага здзіўлення высвятляецца, што нашыя спецслужбы на гэты раз спрацавалі лепш вашых. І я нават на хвіліну задумаўся, глупства гэта ці здрада… Спадзяюся, вы разумееце аб чым я?
— Ну што ж, калі вы пачалі казаць пра гэтае пытанне ўжо пасля таго, як прапанавалі пашырэнне супрацоўніцтва, мне падаецца, праблема, якая б яна ні была, мае рацыянальнае вырашэнне. Проста скажыце!
— Вы абсалютна правільна зразумелі. Урэшце я прыйшоў да высновы, што гаворка ідзе ўсяго толькі аб невялічкай недапрацоўцы КДБ. Гэты факт знойдзе адлюстраванне ў маёй справаздачы, і ўсё ж такі кіраўніцтва праекта прыняло рашэнне аказаць вам інфармацыйную дапамогу. У межах міжнароднага супрацоўніцтва, так бы мовіць. Толькі не хапайцеся за сэрца, пакуль няма падстаў казаць аб тым, што гэта насамрэч можа быць нечым сур’ёзным. І тым не менш. Некалькі нёманскіх гісторыкаў – дзеючыя і былыя супрацоўнікі краязнаўчага музея – пачалі назіранне за нашымі самазваламі. Цяпер у іх галовах пачалі нараджацца шкодныя пытанні. Пакуль гэтыя людзі яшчэ занадта захоплены патрыятычнымі ідэаламі, але хто ведае – цалкам магчыма, што ўжо заўтра яны пачнуць усур’ёз задумвацца над адказамі. І дзе гарантыя, што ў іх галовы не прыдуць адказы правільныя? На мінулым тыдні я скарыстаўся кантактамі і сустрэўся з некаторымі краязнаўцамі. Аднаго прыйшлося нейтралізаваць. – Ён дастаў адабраную ў забітага Валянціна Пятровіча тэчку. – Вось тэчка, якую я перахапіў у апошні момант перад адпраўкай у Маскву. Да каго яна магла б трапіць і як доказы даўніны вашага касцёла маглі б паўплываць на праект? Думаю, вы здагадаліся наколькі гэта крытычна.
— Бляць, я прашу прабачэння, вырвалася! – пабагравеўшы старшыня маментальна выйшаў з сябе. – Ну як так? А нашыя расп…, я прашу прабачэння, ізноў прамаргалі. Мне вельмі непрыемна гэта чуць, асабліва з вашых вуснаў. Ці можаце перадаць мне больш поўную інфармацыю? Я думаю, мы спачатку гэтае гняздо вычысцім, а потым разбярэмся хто тут і як працуе. – Ён устаў і пачаў прахажвацца ўзад і ўперад па кабінеце. – Ужо КДБ пераўтварылі ў бардак. У прамысловасці бардак, у гандлі – бардак і… Яшчэ вялікае пытанне хто менавіта з нас гніе. Агентурную сетку не могуць наладзіць сярод інтэлігенцыі пархатай!
— Гэта не сярод інтэлігенцыі, – Роберт дастаў з партфеля адзін звычайны аркуш паперы са спісам, азагалоўленым “Гісторыкі” і паклаў перад старшынёй. – Гэта значыць, і сярод яе таксама, але канкрэтна па гэтым выпадку мы інфармацыю атрымалі ад кантрабандыстаў. Калі інтэлігенцыя пачне абмяркоўваць на кухнях, вашыя хлопцы, канешне, адсочаць. Але ж каб не спазніцца! Так што – не карайце нікога. Пакуль будзем лічыць, што прафесійная ўдача аказалася на нашым баку.
— Я вам вельмі ўдзячны! Мы разбярэмся. Мы хутка разбярэмся. Дакладней, мы вельмі акуратна і элегантна разбярэмся. Можаце не сумнявацца.
— Такім чынам, больш не маю чаго вам паведаміць. Ці магу лічыць візіт завершаным?
— Бузумоўна! Дзякуй, дарагі Роберт. Адзінае што…Ведаеце, працуе ў нас адзін хлопец, таленавіты. І я з аднаго боку хацеў бы пазнаёміць вас з ім, а з іншага – каб у вашай прысутнасці ўвесці яго ў курс. Ён займаецца тым самым касцёлам.
Роберт трошкі паморшчыўся. Нічым добрым, як паказваў досвед, гэта не сканчалася. Але Васілій Іванавіч адразу здагадаўся пра што той думае.
— Па-першае, дарагі Роберт, хлопец і так ужо даволі шмат ведае. А па-другое, цяпер, калі мне прыйшлося вычысціць з нашых шэрагаў некалькі разявакаў, нам проста неабходна прыцягваць свежых людзей.
— Дык ён з мясцовых? Ці як?
— Божа ўпасі. Наш, савецкі чалавек. Амаль год у Нёмане. Вельмі надзейны таварыш – я знаёмы з ягоным бацькам. Акурат сёння запрасіў яго, сядзіць у суседнім кабінеце. Паклікаць?
— Ну добра, калі вы ўпэўнены.
Шэф узяў слухаўку:
— Ядвіга Антонаўна, запрасіце Данііла да нас!
Праз тры секунды ў дзверы пагрукаліся.