13



Даніілу было кепска. Роберту – млосна. Шэф жа проста злаваўся. Данііл не мог дараваць сабе ўдзел у падобных авантурах. Ён праклінаў дзень, калі прыехаў у гэты памежны Нёман, і калі атрымаў незвычайнае заданне. Роберту было млосна, таму што хацелася вырвацца дадому, як мага хутчэй скончыць аперацыю, узяўшы ад гэтых усходніх дзікуноў тое, за што ўжо заплочаныя бельгійскія грошы. Васілію Іванавічу – бо лепш бы ён да гэтай пары служыў разам з Даніілавым бацькам у Чалябінску, чым з гэтымі ўсімі ідыётамі звязвацца… Ён перадаў робертавы спіс у праваахоўныя органы. Наступным днём мусілі распачацца арышты.

Позна ўвечары Таццяну абудзіў званок. Тэлефон, які толькі тыдзень таму паставілі ў бацькоўскую кватэру, надрываўся і палохаў. У слухаўцы зашабуршэў знаёмы, але непазнавальны голас. Ён абыйшоўся без прывітанняў і прадстаўленняў:

— Мне важна каб вы ведалі. Заўтра ў восем гадзін раніцы яны пачнуць рушыць касцёл. Усе праекты ўзгодненыя. Прыедуць экскаватары і цэлы атрад бульдозераў. Вырашылі абыйсціся без выбухоўкі, адной толькі цяжкай тэхнікай. Я проста хачу, каб вы ведалі гэта, і каб… Проста гэта ваш апошні шанец убачыць горад такім, якім ён насамрэч ёсць.

Голас абарваўся, і ў слухаўцы засталіся адно кароткія гудкі. Шок прайшоў, засталося цвёрдае ўсведамленне неабходнасці тэрмінова нешта зрабіць, паспрабаваць выратаваць сітуацыю. Як была ў хатнім адзенні, Таццяна адправілася па знаёмых адрасах. Пайшла да сяброў – гісторыкаў. Сем чалавек. Людзі, якія любілі гэты горад, і якія гатовыя былі даць апошні бой знішчальнікам яго духа.

Сябры прыкінулі сілы: старая чыйгосьці дзядзькі “Волга” – яе можна ўжыць для пераследу самазвалаў са старой цэглай. Тры паляўнічыя стрэльбы – можна напалохаць ахову і рабочых. Ды нават пасур’ёзней – імі можна даць сапраўдны бой. Тым больш, у старым нёманскім музеі ў сховішчы ляжалі яшчэ дзве вінтоўкі, на якіх у свой час адмыслова не спілілі байкі. Увесь гэты арсенал а шостай раніцы быў сабраны ў адной кватэры. Яны сядзелі, палілі і прыдумлялі план. Некаторыя з калег ужо даўно ўліліся ў шэрагі кантрабандыстаў, ведалі як у выпадку паразы можна перайсці мяжу ды схавацца ад пераследу. Пытанне палягала ў тым, ці здолеюць яны перашкодзіць дэмантажу храма. Гэта было, бадай, сумніўна. Урэшце вырашылі прабрацца ў двор нёманскага СМУ і паспрабаваць пашкодзіць рухавікі цяжкай тэхнікі.

Некалькі чалавек рынуліся туды. На жаль, аперацыя была не надта ўдалай. Яны паспелі пашкодзіць усяго толькі шэсць самазвалаў. Але потым першыя кіроўцы, якія прыйшлі на працу, заспелі абаронцаў спадчыны ды паднялі трывогу. Аднаго гісторыка схапілі і перадалі ўчастковаму міліцыянеру. Астатнія паспяхова збеглі. Большасць тэхнікі па-ранейшаму заставалася працаздольнай. Цяпер трэба было назіраць што будзе далей, чакаць зручнага моманту, каб выхапіць ініцыятыву ды нанесці апошні ўдар.

Васілія Іванавіча абудзілі вельмі рана. Прайшло паведамленне, што нехта прабраўся ў аўтапарк і паспеў пашкодзіць некалькі машын, якія сёння ад раніцы мусілі перавозіць зламаныя будматэрыялы ў месца перадачы іх польскаму кантрагенту. Шэф адразу загадаў падняць роту ўнутраных войск і выставіць яе ў ачапленне плошчы, дзе неўзабаве мела пачацца разборка. Так гэта напэўна зберажэ іх ад далейшага процідзеяння. Ён загадаў праінфармаваць салдат аб магчымых атаках і правакацыях з боку артадаксальнай каталіцкай моладзі, падбухторанай Ватыканам. Сам жа Васілій Іванавіч выдатна разумеў кім насамрэч з’яўляліся шкоднікі, якія напалі на аўтапарк. Музейшчыкі, краязнаўцы, аматары даўніны і мастацтва – вось хто перашкаджаў рабіць справу саюзнага значэння, ад якой наўпрост залежыў эканамічны дабрабыт усіх грамадзян.

Убачыўшы шчыльнае ачапленне на ранішняй плошчы, Таццяна вырашыла змяніць план. Безсэнсоўна было б спрабаваць абараняць касцёл вось так, нешматлікімі сіламі супраць усёй гэтай герастратавай махіны. Яны пакінулі двух чалавек назіраць за падзеямі здалёк, з бліжэйшага ўзгорку, а самі затаіліся на выездзе з горада.

Роўна без дзесяці восем раніцы, калі жыхары Нёмана яшчэ нават не паспелі пачаць працоўны дзень, на цэнтральную плошчу выехалі чатыры экскаватары, два пад’ёмныя краны з люлькамі, цэлы шэраг самазвалаў і чамусьці нават адзін БМП. Люлькі з двума рабочымі ў кожнай хутка ўзнесліся да касцельнага шпіля. Яны хуценька адчапілі крыж і сталі збіваць дахоўку. Спорылася. Звонку справа нагадвала здзіранне скуры з толькі што забітай хатняй скаціны.

Тым часам іншыя рабочыя, не чакаючы, пачалі скалываць цагліны, што тырчалі з вялікай шчыліны ў бакавым фасадзе. Іншыя выламалі дзверы і сталі разбіраць край сцяны. Адразу пайшла пагрузка гэтых частак у пад’ехаўшы самазвал. Рабочыя выстраіліся ланцужком і хутка-хутка складвалі цагліны ў кузаў. Акуратна, як мага кампактней. Касцёл відавочна паддаваўся. Сілы былі такімі няроўнымі, што рабочыя маглі б скончыць разборку калі не да абеду, дык да вечара напэўна.

І вось ужо ад’ехала першая машына. Другая, закапціўшы, рынулася з месца праз хвіліну. Трэцяя неўзабаве загрукатала па гарадскім бруку, услед за першымі, за мост, праз раку Кронан, у бок савецка-польскай мяжы. Гісторыкі-назіральнікі пабеглі да тэлефонаў-аўтаматаў перадаць убачанае сябрам на выездзе.

Машыны пакідалі плошчу адна за адной. Васілій Іванавіч, Роберт і Данііл стаялі на маленькай адлегласці ад аб’екта і назіралі за разборкай. Рацыя шэфа перадавала яму справаздачы аб кожным этапе аперацыі. Да дзевяці пятнаццаці раніцы ўсё ішло спакойна і без адхіленняў ад плану. Аднак усе знаходзіліся ў напружанні. Міліцыя не абнадзейвала: нікога з краязнаўцаў-бунтаўшчыкоў не аказалася раніцай дома. Усе сямёра зніклі ў невядомым накірунку. Данііл асабліва хваляваўся за Таццяну – ці паспела яна збегчы, ці збіраецца прыняць нейкія меры супраць знішчэння помніка? Не дарма ж ён тэлефанаваў ёй увечары…

Раптам Васілій Іванавіч ажывіўся. Па рацыі яму перадалі аб знікненні гружанай машыны. Адна з аператыўных версій – напад невядомых. Шэф вырашыў дзейнічаць неадкладна:

— Давайце ўсе ў наступны самазвал. Паедзем, будзем разбірацца, – загадаў ён калегам, а сам праз тую ж рацыю сказаў міліцыянтам суправаждаць іх на пэўнай адлегласці да месца перагрузкі.

Самазвал ехаў на максімальнай хуткасці, прытармажваючы толькі на самых крутых паваротах. Над галавамі ўвышыні праносіліся верталёты. І вось на адным з паваротаў услед за машынай рушыла старая “Волга”. Гэта былі сапраўды яны. За рулём – сама Таццяна, на задніх месцах – два ўзброеныя хлопцы. Легкавік некалькі разоў зрабіў даволі небяспечныя манёўры, спрабуючы прыціснуць самазвал да збочыны. Хлопец злева пульнуў з вінтоўкі па калёсах. Ён не трапіў, але кіроўца моцна спужаўся і прытармазіў. З “Волгі” выбеглі трое абаронцаў. Насустрач ім з кабіны выскачылі разрушыцелі. Але абаронцы відавочна не разлічылі свае сілы. У той жа момант побач затармазіла міліцэйская машына. Далей усё развівалася імгненна. Пачалася перастрэлка.

Сапраўднай перастрэлкай дадзеную сітуацыю назваць было цяжкавата – кулі не свісцелі над галавамі адна за адной. Што маглі супрацьпаставіць міліцыянтам і старшыні аблвыканкама двое хлопцаў са старымі музейнымі вінтоўкамі ды маладая жанчына з паляўнічай стрэльбай? Літаральна некалькі стрэлаў спатрэбілася абаронцам, каб вычэрпаць баявы запас. Таццяна яшчэ рвалася ўсім сэрацам у бой, яна дастала вялікі дзедаўскі нож, але ўжо было зразумела, што гэта канец. Шэф, Данііл і Роберт выйшлі з прыкрыцця:

— Гэй, таварышы! Не трэба страляць, у нас яшчэ ёсць магчымасць вырашыць усё мірным шляхам, – паспрабаваў падмануць яе Васілій Іванавіч.

Услед за імі падкрадаліся міліцыянты. Абаронцы маўчалі. Таццяна кінула нож і падняла рукі ўгару. Яны падыйшлі яшчэ бліжэй. Адзін з міліцыянтаў схапіў жанчыну, іншыя сталі насупраць гісторыкаў, не даючы ім зварухнуцца. Шэф вынуў з-пад пінжака ўласны пісталет і накіраваў яго на безабаронную цяпер жанчыну. Зрабіў ён гэта прафесійна, як сапраўдны супрацоўнік савецкіх спецслужбаў. Ён здаваўся спакойным і ўпэўненым. Сапраўды, адна ці дзве машыны не даехалі да месца прызначэння, але ж галоўны ачаг супраціўлення лакалізаваны, засталося толькі знішчыць яго.

— Вось і ўсё, спадарыня Таццяна. Ваша песенка спета. Больш не будзеце чыніць нам шкодніцтвы, здзеквацца з савецкай улады ды народу. Яшчэ трэба будзе паглядзець на якую краіну вы працавалі! Гістарычную спадчыну ім уратаваць захацелася. Савецкая ўлада лепш за вас ведае што трэба нашым людзям! А патрэбныя ім не развалюхі, не старыя сараі, а электрычнасць, калійныя ўгнаенні і цяжкое машынабудаванне! Але што тут тлумачыць? Час на тлумачэнні ў нас з вамі быў. Вы ім не скарысталіся. Злачынцаў не ўгаворваюць. І я нават радуюся, што ў момант прадухілення вашага разбойнага нападу, у час затрымання вы аказалі законнай уладзе ўзброенае супраціўленне, – з гэтымі словамі старшыня перадзёрнуў затвор.

Таццяна маўчала, маўчала адначасова ад страху і ад нянавісці да гэтага чалавека. І ад крыўды, што так мала яны паспелі зрабіць, дазволілі знішчыць ладны кавалак Нёмана. І што яшчэ бог ведае што будзе знішчана. Ды і касцёл не ўратавалі. Там, на цэнтральнай плошчы, ён у гэтыя хвіліны маўкліва паддаецца варварам, растае пад націскам крышаноў, долатаў і рыдлёвак бравых савецкіх рабочых. Касцёл, які адзін толькі і рабіў гэты Нёман Нёманам, цяпер памірае, а без яго – без таго горада, які ўсе яны так любілі – ці ёсць сэнс жыць самім?

Данііл глядзеў на яе, не верачы ў рэальнасць таго, што адбывалася. І раптам нешта з ім адбылося, раптам прыйшло ўсведамленне татальнай, неверагоднай няправільнасці, нячэснасці, несправядлівасці. А за гэтай думкай-маланкай мільганула наступная, што адной з прычын няправільнасці сталі ягоныя дзеянні, што ён таксама спрычыніўся да адчаю гэтай жанчыны, да касцёльнай цэглы, наваленай грудай у кузаў самазвала, і да гэтага пісталета, дула якога цяпер глядзела ёй проста ў твар. І апошняе, пра што ён падумаў, было тое, што вось зараз – той момант, калі ўсё яшчэ можна змяніць, і што калі гэты момант будзе ўпушчаны, і пісталет стрэліць, то ён стрэліць і па ім таксама.

Нечакана для шэфа, Данііл кінуўся на руку з пісталетам, закрыў яе сабою. Пачалася барацьба. Васілій Іванавіч, які канешне ж някепска валодаў спецыяльнымі прыёмамі, разгубіўся і страціў ініцыятыву. Міліцыянеры, якія трымалі Таццяну ды іншых краязнаўцаў, апешылі. Адзін Роберт праявіў імгненную рэакцыю і з вялікай сілай штурхануў Данііла ўбок, спрабуючы збіць з ног. І сапраўды, той паляцеў на капот міліцэйскага УАЗа. Але ж паляцеў ужо не безабаронным, а з узведзеным пісталетам старшыні ў правай руцэ. Неяк рэфлекторна, не ўключаючы розум, ён накіраваў пісталет у бок праціўнікаў і не цэлячыся, амаль не гледзячы ў іх, націснуў курок. Стрэл аказаўся нечакана гучным, ён аглушаны і ашарашаны націснуў яшчэ раз. Але штосьці заклініла.

Дзясятай долі наступнай секунды хапіла Васілію Іванавічу каб прыйсці ў сябе ды адтрэніраваным ударам нагі выбіць у Данііла пісталет, а потым паваліць яго на зямлю, пад колы машыны. Адзін з міліцыянтаў адпусціў Таццяну і кінуўся дапамагаць старшыні. Другі падбег да Роберта, які яшчэ стаяў, але трымаўся рукою за шыю, а адтуль пад вялікім напорам лілася кроў. Міліцыянт паспеў прытрымаць яго ў момант падзення. Трэці міліцыянт пабег у машыну да рацыі.

Скарыстаўшыся гэтым, Таццяна з хлопцамі пабеглі да сваёй “Волгі”. Што за цуд! Яна не паспела нават заглохнуць – настолькі ўсё імгненна адбывалася. Зароў матор, і машына знікла за дрэвамі.

Тым часам на месцы кароткага бою пачалася немінуючая расправа. Васілій Іванавіч біў нагамі Данііла. Біў моцна, са злосцю, з крыўдай за тое, што расчараваўся, што памыліўся ў гэтым маладым чалавеку, што не разгледзеў у ім настолькі слабага выканаўцу і здрадніка. Шэф біў доўга, бо крыўда была вялікай. Увесь скрываўлены Данііл не думаў не тое што абараняцца, нават не закрываўся. Ён наогул пачаў губляць прытомнасць.

Нарэшце шэф спыніўся. Ён адскочыў на пару крокаў, падняў з зямлі свой пісталет, яшчэ раз перадзёрнуў яго і стаў над Даніілам. Запанавала цішыня, толькі міліцыянт у машыне раз пораз удакладняў ці блізка ўжо хуткая, і ці ўдалося верталётчыкам угледзець “Волгу” з уцекачамі. Ім не ўдавалася, і таму міліцыянт запытваўся зноў і зноў. Роберт ляжаў ды слабеў.

— Сука! Адшчапенец! Прадаў і радзіму, і справу, і мяне. І бацьку свайго таксама прадаў. Без суда і следства зараз грохну, – працэдзіў Васілій Іванавіч аддыхаўшыся.

Ён прыцэліўся, і тут у другі раз здарылася нечаканае. Раптам шэф з міліцыянерамі выразна пачулі лязгат вінтовачных затвораў, і з-за елак да іх выйшаў цэлы атрад кантрабандыстаў. Усе ў імпартных блакітных джынсах і скураных куртках.

— А ну прыбяры пісцік! – крыкнуў галоўны з іх. – І ты, у фуражцы, вылазь з машыны, каб я рукі бачыў!

Рэшткі свядомасці Данііла не ўспрынялі нечаканых выратавальнікаў як частку рэальнасці. Яму нават здалося, што менавіта так пачынаецца перадсмяротнае трызненне. Аднак не. Кантрабандысты, сярод якіх таксама ёсць шмат былых гісторыкаў, ведалі сітуацыю, ведалі па якіх шляхах ездзяць самазвалы, на якіх платформах яны разгружаюцца. Звычайна яны не ўмешваліся, бо кожны мусіць займацца сваёй справай. У іх – цыгарэты і гарэлка, у іншых – культурныя каштоўнасці і нафта. Кожнаму сваё. Але гэта быў той выпадак, калі забойства мусіла адбыцца на іх тэрыторыі.

Кантрабандысты падхапілі паўпрытомнага Данііла Міхайлавіча, доўга неслі па лясных тропах, потым пагрузілі ў легкавы аўтамабіль і кудысьці павезлі. Прэч з гэтага лесу, з гэтага горада, з гэтай краіны. Савецкі чалавек, які толькі што перастаў быць такім, пераносіўся далёка, туды, дзе зусім іншае жыццё, і час бяжыць інакш.

Машына пятляла і трэслася, раз-пораз спынялася, глушыла рухавік і стаяла так у лясной цішы. Данііл засынаў, прачынаўся, ён сніў Таццяну, Нёман, шэфа з пісталетам… Прачынаючыся, спрабаваў сам сабе нешта патлумачыць, а потым засынаў ізноў. Машына ехала ўсю рэшту дня, а потым і ўначы. Калі ён канчаткова апрытомнеў, яны ўжо ва ўсю імчалі па Польшчы. Куды ён едзе было абсалютна незразумела, але гэта яго зараз і не турбавала. Проста моцна хацелася пажыць інакш.

Тым часам Роберт, якога везлі ў бальніцу, паміраў. Машына трэслася па савецкай гравійцы. Згубіўшы празмерна крыві, ён ужо не мог размаўляць. Недзе ў глыбіні свядомасці засталася здольнасць да разважання, але і гэтая нітачка паступова танчэла. Ён таксама адчуваў, што выпраўляецца ў нейкі іншы свет, дзя яшчэ не бывала яго вандроўная душа. Архітэктура якога стылю там будзе? Помнікі якіх часоў і якая вышыня саборных шпіляў? На якіх мовах будуць размаўляць турысты ў музеях? І ці спатрэбіцца там яго адукацыя, яго фотаальбомы і веды па культурнай антрапалогіі? Ці ацэняць там працу, якой ён прысвяціў апошнія гады? А ўласна што ён рабіў? За еўрапейскія грошы набываў, ачышчаў і перадаваў сапраўдную старажытнасць тым, хто мае найбольшую патрэбу ў культурных каштоўнасцях. На ўсіх еўрапейскіх мовах гэта называлі захаваннем і прымнажэннем. Але як гэта назавуць там, куды ён зараз выпраўляўся, Роберт пакуль не ведаў. Страшна не было. Было цікава, бо заўсёды цікава там, дзе яшчэ нічога не разумееш.



Загрузка...