Да славутых чамяроўцаў належыць і доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі нашай рэспублікі Андрэй Якаўлевіч Пракапчук.
Нарадзіўся Андрэй Пракапчук у 1896 годзе ў Чамярах, дзе і прайшло яго дзяцінства. Скончыў Слонімскую гарадскую вучэльню, пасля настаўніцкія курсы, якія знаходзіліся ў мястэчку Свянцяны Віленскай губерні.
Час на курсах прайшоў хутка, і неўзабаве Андрэй Пракапчук апынуўся ў Жыкморах Трокскага павета, дзе ўладкаваўся працаваць настаўнікам. У Жыкморскай школе было пяцігадовае навучанне, таму дасталіся яму пачатковыя класы. Школа была нішто сабе, і настаўнікі — людзі неблагія, акрамя загадчыка школы Лабанава. Гэта быў чарнасоценец, член "Саюза рускага народу", ён выпісваў чарнасоценную газету "Земшчина". Аднак працаваць Андрэю Пракапчуку загадчык не вельмі перашкаджаў, і клас яго быў не з горшых: калі школу правяраў інспектар народных вучэльняў, ён звярнуў на яго ўвагу і нават запрасіў настаўнік да сябе ў Трокі. У Троках, калі яны пазнаёміліся бліжэй, інспектар сказаў, што будзе рэкамендаваць Андрэя ў Пецярбург на Фрэбелеўскія курсы. Пракапчук, вядома, узрадаваўся, але на курсы не паехаў, бо пачалася Першая Сусветная вайна.
У жніўні 1914 года Андрэя Пракапчука прызвалі ў войска. Служыў салдатам у першай роце лейб-гвардыі Пецярбургскага палка, дакладней — яго запаснога батальёна. Неяк выпадкова вывіхнуў нагу і трапіў у шпіталь. А ў шпіталі сустрэў свайго земляка з Жыровічаў Аляксандра Станкевіча, які служыў фельчарам. Менавіта Станкевіч і павярнуў лёс Пракапчука да яго будучай прафесіі. Ён уладкаваў Андрэя ў шпіталь, а пасля параіў паступаць на курсы ротных фельчараў. Што і было зроблена.
Пасля курсаў Андрэй Якаўлевіч Пракапчук вяртаецца ў Беларусь. Пэўны час працуе настаўнікам на Нясвіжчыне. Разам з сябрамі арганізоўвае гурткі па ліквідацыі непісьменнасці, хаты-чытальні, рыхтуе спісы на падзел памешчыцкіх зямель...
Аднак нядоўга існавала савецкая ўлада на Нясвіжчыне. У лютым 1918 года яе займаюць войскі кайзераўскай Германіі. Пачынаюцца здзекі, рабункі, арышты. Быў схоплены і Андрэй Пракапчук. Яго адвезлі ў Нясвіж і кінулі ў вязніцу.
Праз некаторы час пасля неаднаразовых просьбаў і пісьмовых прашэнняў сялян розных вёсак, Андрэя Пракапчука адпускаюць пад каменданцкі нагляд.
Апынуўшыся на волі, Андрэй Якаўлевіч адразу заняўся падпольнай работай, пачаў гуртаваць надзейных людзей. Неўзабаве ён арганізаваў партызанскі атрад, які ў траўні 1918 года наладзіў сувязь з іншымі атрадамі.
У канцы лістапада 1918-га немцы пакінулі Нясвіж. Атрад Пракапчука заняў асноўныя гарадскія ўстановы. Зноў быў створаны рэвалюцыйны камітэт. Андрэя Пракапчука прызначаюць камісарам Нясвіжа.
У 1920 годзе наш зямляк паступае на медыцынскі факультэт Маскоўскага універсітэта. Яго адразу залічваюць на чацвёрты курс. У час вучобы Пракапчука абіраюць старастай групы. І быў ён не проста стараста: пісаў за ўсю групу гісторыі хвароб. У вольны час хадзіў на дзяжурствы ў другую гарадскую клініку Масквы, дзе вядучым хірургам быў доктар Вейсброд.
Неяк прывезлі парадзіху, якая ніяк не магла нарадзіць, чатыры дні праляжала на стале ў непрытомнасці. Вейсброд вырашыў рабіць кесарава сячэнне. Здавалася, усё будзе добра. Аднак дзіця праз дзве гадзіны памерла, а яшчэ праз некалькі гадзін памерла і маці...
На другі дзень, калі разбіралі гэты выпадак, Андрэй Пракапчук сказаў: "Не трэба было рабіць кесарава сячэнне. Я дастаў бы дзіця звычайным шляхам. Праўда, яно было б мёртвае, але затое жанчына засталася б жыць".
Вейсброд раз'юшыўся, раскрычаўся: маўляў, яйка курыцу вучыць. А пасля перавёў Пракапчука ў скурную больніцу да прафесара Мяшчэрскага.[4]
Германа Іванавіча Мяшчэрскага наш зямляк ужо ведаў, бо здаваў яму экзамен па дэрматалогіі. Адказваў, трэба прызнацца, кепска, на троечку. "Ну, што ж, пастаўце яму тройку. Дэрматолага з яго ўсё роўна не будзе", — сказаў тады свайму асістэнту прафесар.
Праз многа гадоў, калі працы Андрэя Пракапчука па дэрматалогіі былі прадстаўлены ў якасці дакладаў на міжнародным кангрэсе дэрматолагаў у Будапешце, наш зямляк, сустрэўшыся з Мяшчэрскім у Маскве, напомніў яму пра яго словы. Прафесар доўга смяяўся.
Але гэта было пазней. А тады чамяровец з пэўнай асцярогай узяўся за новую для сябе справу...
Работа з Мяшчэрскім ужо не ў якасці студэнта-практыканта, а лекара была для Пракапчука вялікай школай, навучыла самастойна думаць. Прафесар бачыў гэта, і, калі Пяцігорскай гразелякарні спатрэбіўся спецыяліст, парэкамендаваў яго.
Менавіта ў Пяцігорску пачалася дарога нашага чамяроўца ў навуку. Там ён пачаў ставіць доследы, якія павінны былі вызначыць, у прыватнасці, дозу ўжывання лекавай гразі.
Пра сваю работу ў Пяцігорску Пракапчук паведаміў у навуковым друку: "Русский вестник дерматологии" надрукаваў яго артыкул аб аміятрофіях, а часопіс "Курортное дело" змясціў артыкул "Лячэнне сіфілісу на каўказскіх мінеральных водах". Пасля гэтага яму прапанавалі пасаду лекара Мінводаў. Гэта была вялікая радасць для Андрэя Пракапчука. Праўда, праз некаторы час яго зноў выклікаюць у Маскву, і на Каўказ ён больш не вярнуўся. Справа ў тым, што ў Маскве старшыня ЦВК БССР Чарвякоў сабраў у беларускім прадстаўніцтве ўсіх беларусаў, якія вучыліся ў маскоўскіх ВНУ, і паведаміў, што беларускі народ кліча іх на радзіму ў Беларусь.
У 1927 годзе наш зямляк вяртаецца ў Менск і пачынае працаваць у Беларускім дзяржаўным універсітэце на медыцынскім факультэце намеснікам дэкана і старшым выкладчыкам кафедры. З гэтага ўніверсітэта быў камандзіраваны ў Парыж з навуковай мэтай удасканалення сваіх ведаў.
У Парыжы Пракапчук працаваў у шпіталі Святога Людовіка пад кіраўніцтвам прафесара Гужэро, практыкаваўся ў таленавітых французскіх вучоных і ў Пастэраўскім інстытуце.
Гэта быў надзвычай плённы час для доктара са Слонімшчыны. Ён атрымаў дыплом Сарбоны па спецыяльнасці гісталогія і яшчэ адзін дыплом, у якім было напісана, што "мусьё Пракапчук мае права загадваць сералагічнай лабараторыяй у Францыі і яе калоніях...".
Акрамя таго, ён надрукаваў у французскіх навуковых выданнях некалькі сваіх прац, у прыватнасці, у часопісе Гастона Міліяна быў змешчаны яго артыкул "Пігментная хвароба Шамберга". Французскія "Аналы дэрматалогіі" змясцілі яго працу "Псіхозы воцатнакіслага калія".
Калегі з Францыі, у прыватнасці Перэн, гаварылі Пракапчуку, што яго працы вартыя таго, каб на іх падставе абараніць дысертацыю, але ў Парыжы гэта будзе вельмі дорага каштаваць. "Раю вам, — гаварыў Перэн, — вярнуцца на радзіму і абараніць дысертацыю ў інстытуце акадэміка Паўлава".[5]
Пракапчук паслухаўся Перэна і напісаў пісьмо ў Ленінград. Адтуль атрымаў станоўчы адказ. У Ленінградзе нашаму земляку давялося працаваць пад кіраўніцтвам прафесара М. М. Анічкава ў Інстытуце эксперыментальнай медыцыны. Дапамагалі Пракапчуку не толькі прафесар Анічкаў, але і яго калегі. Дзякуючы ім беларускі юнак з Чамяроў пабываў і на славутых Паўлаўскіх серадах, быў прадстаўлены вялікаму вучонаму. Між іншым, менавіта акадэмік Паўлаў паспрыяў таму, што шэфам Пракапчука стаў прафесар Анічкаў.
У горадзе на Няве Андрэю Пракапчуку была прысуджана ступень доктара медыцыны. Тут ён атрымаў і званне прафесара.
Імя нашага земляка Андрэя Якаўлевіча Пракапчука здабыло сусветную славу. Ён з'яўляецца аўтарам больш як 200 навуковых прац, распрацаваў і ўкараніў у практыку метад лячэння чырвонай ваўчанкі акрыхінам. Адны назвы яго медыцынскіх прац гавораць аб шырыні і разнастайнасці прафесійнай дзейнасці нашага земляка. Гэта даследаванні “Бэта-выпраменьвальнікі ў дэрматалагічнай практыцы”, “Змяненні нервовых элементаў скуры трусоў пад уздзеяннем радыёактыўнага фосфара”, “Гнойныя захворванні скуры і іх папярэджанне”, “Клініка рэдкіх дэрматозаў” і многія іншыя.
Андрэй Пракапчук даследаваў гісторыю беларускай медыцыны. У матэрыяле “Да гісторыі вышэйшай медыцынскай адукацыі і навуковых медыцынскіх таварыстваў у Літве і Беларусі”, які быў апублікаваны ў “Сборнику научных работ” (Мн., 1959) ці не ён першы ў пасляваенны час расказаў пра Віленскае, Беластоцкае, Магілёўскае, Віцебскае медыцынскія таварыствы, сябры якіх працавалі па ўсёй Беларусі. У прыватнасці, наш зямляк згадвае: “Сябры Віленскага медыцынскага таварыства працавалі на ўсёй тэрыторыі Беларусі і Літвы. У 1820 годзе сярод яго сяброў быў інспектар Мінскай лячэбнай управы Бернгард, які ў 1818 годзе чытаў у Вільні даклад пра вядзьмака. З дактароў, якія працавалі ў Беларусі, у розны час сябрамі таварыства былі: Эразм Бразінскі з Пінска, Фрэдэрык Брандэнбург з Магілёва, Якаў Франк з Мінскай губерні, Карл Гібенталь з Віцебска, Восіп Ясінскі з Наваградка, Гаспар Клімковіч — доктар медыцыны і хірургіі з Мінска, Восіп Грабавіцкі з Гродна, Іван Беранд з Беластока, Францішак Пучкоўскі са Слоніма, Данііл Стаховіч — доктар медыцыны і інспектар Мінскай лячэбнай управы, доктар Казімір Харкоўскі з Нясвіжа, доктар Радкевіч са Слоніма, які прапанаваў лячэнне паліпаў носа едкімі рэчамі і які прачытаў даклад пра вядзьмака, Ян Астроўскі са Слоніма — дывізіённы доктар, Ян Козел з Мінска, Ігнат Булгак, Вільчынскі з Бабруйска, Грыневіч з Кобрына, Свідэрскі з Мінска, доктар медыцыны Ясінскі з Віцебска…”.[6] Пра ўсіх гэтых дактароў сёння трэба шукаць звесткі, пісаць кнігі. Дарэчы, пад кіраўніцтвам чамяроўскага доктара дваццаць пяць лекараў напісалі і абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі.
У 1944 годзе Андрэю Пракапчуку было прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі БССР. Да апошніх дзён свайго жыцця (памёр у 1970 годзе) наш зямляк працягваў навуковыя пошукі. Усе свае веды, жыццё і працу акадэмік аддаваў ахове здароўя чалавека.
Шчыра сябраваў Андрэй Пракапчук з многімі беларускімі пісьменнікамі, але найбольш з Янкам Купалам. Аднойчы доктару патэлефанавалі ў менскую клініку і паведамілі, што тэрмінова патрэбна яго кансультацыя: захварэў Янка Купала, ёсць падазрэнне на дэрматыт, бо трэці дзень паэт скардзіцца на тое, што ў яго баліць скура на твары, пячэ, ён не можа да яе дакрануцца. І тэмпература падскочыла — 38,9.
Некалькі дзён Андрэй Пракапчук літаральна не адыходзіў ад паэта, і, нарэшце, лячэнне дало свае вынікі. Янка Купала выздаравеў, павесялеў. Ад сэрца ў доктара адлягло. З таго часу Андрэй Якаўлевіч даволі часта бываў у доме песняра, там заўсёды было людна, збіралася літаратурная моладзь, гарачая, цікавая і разумная. І з Якубам Коласам ён пазнаёміўся ў Купалы, у яго гасцінным доме, дзе такой шчырай і ветлівай гаспадыняй была цётка Уладзя.
Збярогся да сёняшніх дзён чацвёрты том збору твораў Янкі Купалы, выдадзены ў 1940 годзе. На ім дарчы надпіс: "Дарагому прафесару, акадэміку А. Я. Пракапчуку на добрую памяць. Шчыра адданы Янка Купала. 21.04.1940 г., г. Мінск.".[7]
У кастрычніку 1940 года Янка Купала і Андрэй Пракапчук наведалі Гродна. Гэта, відаць, была іх апошняя сумесная паездка па роднай Беларусі. У 1942 годзе Янкі Купалы не стала. Гартаючы старыя падшыўкі газеты “Савецкая Беларусь”, я нечакана спыніўся на № 61 ад 2 ліпеня 1942 года. Стала неяк горка ад прачытаных радкоў: “Акадэмія навук Беларускай ССР страціла свайго старэйшага акадэміка, члена Прэзідыума Акадэміі, вялікага песняра беларускага народа, выдатнага беларускага асветніка Янку Купалу…”. А ўнізе подпісы — Якуб Колас, Кісялёў К.В., Пракапчук А.Я. і г.д. Так доктар са Слонімшчыны развітаўся са сваім дарагім сябрам Янкам Купалам.
Доктарам быў і родны брат Андрэя Пракапчука — Ілля Пракапчук (1905 — 1973). Нарадзіўся ён у Чамярах. Скончыў медыцынскі факультэт Другога Маскоўскага універсітэта і двухгадовыя курсы Чырвонай прафесуры. Працаваў ардынатарам клінікі нервовых хвароб медыцынскага факультэта Белдзяржуніверсітэта, асістэнтам кафедры нервовых хвароб Беларускага медыцынскага інстытута. Адначасова быў навуковым супрацоўнікам і вучоным сакратаром, пасля навуковым супрацоўнікам і намеснікам дырэктара Інстытута псіханеўралогіі АН БССР. У 1936 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю.
Калі пачалася вайна, наш зямляк быў прызначаны начальнікам вайсковага шпіталя, а потым — намеснікам начальніка ўпраўлення палявога эвакуацыйнага пункта савецкай арміі на Другім Беларускім фронце.
Пасля вайны Ілля Пракапчук працаваў галоўным лекарам Менскай другой гарадской клінічнай больніцы. Ён загадваў кафедрай нервовых хвароб Менскага медінстытута, вывучаў рэгулятарныя ўласцівасці гематаэнцэфалічнага бар’еру.