АЛЕСЬ СУЧОК (1916-1993)


Яго не стала раптоўна, хоць нічым не хварэў і не скардзіўся на хваробы. Жыць бы яму ды жыць… У той дзень, 27 жніўня 1993 года, калі паэт Алесь Сучок (Пётр Навумавіч Дабрыян) ляжаў на аперацыйным стале ў Слонімскай бальніцы, па тэлебачанні ўпершыню паказвалі пра яго дакументальны фільм, які падрыхтаваў Юрка Голуб на Гродзенскім тэлебачанні. Цудоўны фільм, шчыры і светлы, якім быў і сам Пятро Навумавіч. Ён паспеў папярэдзіць усіх сваіх сваякоў, сяброў, аднавяскоўцаў аб тым, што будуць “яго паказваць па тэлевізары”. Але больш за ўсё чакаў гэтай перадачы ён сам. Чакаў, але на жаль, так і не ўбачыў сябе на тэлеэкране. У гэты дзень паэта Алеся Сучка не стала.

Апусцела, асірацела хата ў вёсцы Азярніца на Слонімшчыне. У ёй шмат гадоў жыў гэты энергічны, рухавы, вясёлы і добры чалавек. Я часта гасцяваў у Пятра Навумавіча Дабрыяна. Ён шмат мне распавядаў пра гісторыю навакольных вёсак, пра лёсы яго аднавяскоўцаў. Бывала мы з ім ішлі да Бяздоннага возера, якое знаходзіцца побач з Азярніцай. “Люблю гэтыя мясціны, — казаў Пятро Навумавіч. — Памятаеш, як пісаў пра іх Уладзімір Караткевіч у сваім рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”: “Пад вечар мы прыйшлі з ім на бераг Бяздоннага возера пад Слонімам і тут вырашылі начаваць. Возера было ўсё празрыста-чырвонае, гладкае, як люстра. І лясы вакол яго былі таксама зялёна-аранжавыя…”.

Побач з Бяздонным возерам знаходзіцца ўнікальны старажытна-славянскі могільнік V-IX стагоддзяў. А недалёка — вёска Збочна, радзіма беларускага паэта, празаіка і дзіцячага драматурга Кандрата Лейкі (1860-1921). Гэтыя мясціны добра ведаў Алесь Сучок, бо амаль усё жыццё было звязана з імі.

Нарадзіўся Пётр Дабрыян 7 кастрычніка 1916 года ў вёсцы Ахматава Алатырскага раёна Чувашыі, дзе бацькі знаходзіліся ў бежанстве. У 1922 годзе разам з бацькамі вярнуўся дамоў у вёску Какошчычы Слонімскага павета. На радзіме пайшоў у першы клас Мяльканавіцкай польскай школы. Вясной 1932 года ўступіў у нелегальную піянерскую арганізацыю, а праз год яго выбіраюць сакратаром Слонімскага падпольнага райкама піянераў.

Аднойчы пасля вечарынкі ў вёсцы Мяльканавічы Пятро Дабрыян папрасіў застацца сваіх юных сяброў у хаце. “Нам патрэбна навучанне на беларускай мове, — палымяна казаў Пятро. — Трэба падрыхтаваць забастоўку вучняў, каб адкрыць такую школу…”.

Юныя змагары горача ўзяліся за справу. За некалькі тыдняў размножылі на шапірографе больш за дзвесце пракламацый. 16 студзеня 1934 года дзеці прыйшлі ў школу і заявілі дырэктару Вішнеўскаму, што жадаюць вучыцца на роднай мове. Для Вішнеўскага гэта быў гром з яснага неба. Ачомаўшыся ад нечаканасці, ён са злосці кінуў: “Ніколі гэтага не будзе!”. Тады шкоьнікі выйшлі на вуліцу і разгарнулі транспарант са словамі: ”Патрабуем школы на роднай мове!”. Больш за дзвесце вучняў прайшлі па вуліцах вёскі Мяльканавічы, раскідваючы лістоўкі з такім жа зместам.

Праз некаторы час Пятра Дабрыяна арыштавала паліцыя, а ў верасні 1935 года буржуазны акруговы суд прыгаварыў яго да чатырох гадоў турэмнага зняволення. Адбываў зняволенне ў Картуз-Бярозе.

Але да Картуз-Бярозы была яшчэ турма ў Слоніме. Там ён і пачаў пісаць свае першыя вершы. “Паперы і алоўка мець у камеры адміністрацыя не дазваляла. Але я ўхітрыўся… Пісаў алюмініевай лыжкай на сцяне…”, — распавядаў Пятро Навумавіч. А калі юнак выйшаў на волю, паціху адсылаў вершы ў Вільню. А каб схавацца ад праследаванняў, падпісваўся псеўданімам Андрэй ці Алесь Сучок.

У 1938 годзе віленскі часопіс “Шлях моладзі” упершыню змясціў яго верш “Я бачыў”. А праз год той жа часопіс друкуе новыя вершы Алеся Сучка “Зіма”, “Мне ахвота”, “Вясна, вясна, прыйдзі хутчэй”. У простай і непасрэднай форме, выкарыстоўваючы традыцыйныя вобразы вясны, сонца, вольнай птушкі, паэт услаўляў свабоду. Ён пісаў пра жыццё вясковага бедняка, пра сялянскага хлопца-бунтара, які сядзіць у турме. Герой твораў заходнебеларускага паэта быў моцны і рашучы чалавек, які верыў у сілы народа:

Мы здабудзем перамогу,

Бо за намі ўвесь народ.

Падымайма ўжо трывогу,

Смела пойдзем у паход.

Сёння вершы Алеся Сучка, напісаныя ў 1930-х гадах, маюць перш за ўсё літаратурна-гістарычную цікавасць. Іх агульны пафас — стваральны, сугучны нашым пераўтварэнням. Гэта вершы-заклікі, вершы-лозунгі. Паэт-змагар вучыўся майстэрству ў Валянціна Таўлая, Міхася Васілька, Максіма Танка, Анатоля Іверса і ў іншых паэтаў Заходняй Беларусі.

Перад Другой сусветнай вайной Пятро Дабрыян працаваў літработнікам слонімскай раённай газеты “Вольная праца”. З рэдакцыі яго прызвалі ў армію. Вайна захапіла юнака каля Гродна. Адтуль ён прабраўся на акупіраваную немцамі Слонімшчыну. Былыя падпольшчыкі і равеснікі Заходняй Беларусі шукалі адзін аднаго. Пятро Дабрыян скантактаваўся з сакратаром Слонімскага раённага падпольнага антыфашысцкага камітэта Феакцістам Міско. Ён, асуджаны на 12 гадоў судом Польшчы, уцёк з турмы горада Грудзёндза, калі гітлераўцы напалі на Савецкі Саюз. Гэта быў сапраўдны старэйшы сябра і дарадца.

У лютым 1942 года Пётр Дабрыян быў выбраны сакратаром моладзевай падпольнай антыфашысцкай арганізацыі Какошчыцкага падраёна. Але з адступленнем немцаў, яго забралі на фронт, давялося служыць у кавалерыйскім палку, дывізіёне баявога забяспячэння кавалерыйскай школы…

Дамоў Пятро Дабрыян вярнуўся вясной 1946 года. Працаваў на гаспадарцы, потым загадчыкам вясковага клуба, старшынёй сельскага савета, стрэлачнікам на станцыі Азярніца. Калі быў вольны час — пісаў вершы, дасылаў допісы пра вясковае жыццё ў мясцовы друк. Уладзімір Калеснік у кнізе “Сцягі і паходні” (Мн., 1965) адзначыў: “Мастацкая вартасць прыкметна паблекла ў смузе часу, але для гісторыі літаратуры такія рэчы, як, напрыклад, вершы Алеся Сучка (Пятра Навумавіча Дабрыяна), маюць сваё значэнне, іх нельга выкінуць, як слова з песні”.

Пятро Навумавіч Дабрыян быў вельмі актыўным чалавекам, ён паспяваў усюды: на пасяджэнне раённага літаб’яднання, на сустрэчы з вучнямі і настаўнікамі, да сяброў у госці, заўсёды шчыра адгукаўся на бяду, дапамагаў і справай, і словам. Ён прымаў актыўны ўдзел у рабоце раённага хору ветэранаў вайны і працы “Памяць”. А як ён хораша, цудоўна спяваў! Спяваў “Зорку Венеру” Максіма Багдановіча, “Цячэ і стогне Днепр шырокі…”, беларускія народныя песні. Я яго заўсёды прасіў, што-небудзь праспяваць. І ён спяваў з радасцю. Ён умеў чытаць свае вершы, чытаў, як артыст. Ён жыў музыкай, паэзіяй, у вершах была і засталася яго біяграфія, яго хваляванні, радасці і трывога:

Прайшоў я з мовай праз пакуты,

Праз дзікі здзек былых паноў.

Не раз кайданамі быў скуты,

Не раз цярпеў боль бізуноў.

Але ад мовы не адрокся:

Я з ёю сеяў і касіў…

Сваю любоў да роднай мовы

Заўжды у сэрцы я насіў.

Алесь Сучок ніколі не меціў у вялікія паэты, ды й пра гэта не думаў. Жывучы ў вёсцы, ён дасылаў свае творы ў раённы і абласны друк. І радаваўся кожнай публікацыі. Вершы яго друкаваліся таксама ў зборніках “Сцягі і паходні” (Мн., 1965), “Ростані волі” (Мн., 1990), “Золак над Шчарай” (Слонім, 1994). Яго бясхітрасныя радкі напоўнены шчырасцю, адкрытасцю і даверлівасцю:

Як жаўрука пачую спеў,

У захапленні стану:

Так прывітацца б з ім хацеў —

Рукою не дастану.

Калі мне бывала сумна і надакучвала гарадская мітусня, я ехаў да яго ў Азярніцу. Ён радаваўся сустрэчы. Ён любіў людзей і любіў жыць, яму заўсёды хацелася шчасця. Памятаю, у 1990-х гадах, калі быў дэфіцыт мэблі, ён, як ветэран вайны, купіў у вясковай краме для мяне кніжную шафу. Потым мы дваіх яе з крамы ледзьве прывалаклі дахаты Пятра Навумавіча. А калі прынеслі, то ён мне пажадаў, каб я напісаў і выдаў столькі добрых кніг, каб былі запоўненыя ўсе паліцы гэтай шафы. Тая азярніцкая мэбля і цяпер стаіць у маім пакоі гарадской кватэры. На яе паліцах месцяцца не толькі мае кнігі, але і кнігі іншых беларускіх пісьменнікаў і гісторыкаў.

Загрузка...