Раўці рухавіком і сэрцам
Гэта ўжо другі матацыкл, які я купіў у Шанхаі. Першы адабралі мянты – я і праехацца на ім не паспеў. Але я, здаецца, ужо перажыў гэтую трагедыю.
Даўным-даўно ў маёй галаве засела адна авантура – перасекчы Кітай на матацыкле. Варта адзначыць, што пасведчання кіроўцы і дакументаў на байк у мяне няма. Да таго ж я не ўмею ім кіраваць, але, думаю, навучуся вельмі хутка.
Цяпер пада мной 125-кубовая Honda. Задні стоп не гарыць, са скрынкі перадач падцякае алей. Мяркуючы па прабегу, матацыкл ужо пражыў тры жыцці. Я збіраюся падарыць яму чацвёртае. Ланцуг, счапленне, сумкі, тросікі, зарадка для GPS – я цэлымі днямі цёгаюся з байкам па майстэрнях, каб падрыхтаваць яго да стомнага кідка.
Наперадзе тры тысячы кіламетраў па дарогах мясцовага значэння. На кітайскіх аўтабанах забаронена ездзіць на матацыклах, і за гэтым строга сочаць, таму прыйдзецца даверыцца функцыяналу Google Maps.
Апошні месяц я правёў у Шанхаі. Высыпаўся, выгульваўся пасля сцюдзёнай Манголіі. Большую частку часу я кантаваўся ў свайго сябра Сярогі, рускага скейтара з Благавешчанска, які вучыць тут кітайскую мову. Менавіта з яго дапамогай я здабыў абодва матацыклы. Астатні час я займаўся здабычай шмацця і падрыхтоўчымі гонкамі на скутары па начным Шанхаі.
Неяк проста на хаду, на выездзе з тунэлю, з майго транспартнага сродку адляцела дэталь, якая адказвае за мацаванне задняга тармазнога дыска, і я ледзьве не ўляцеў у бетонны плот кітайскай ваеннай часткі. Гэта быў трывожны сігнальчык. Скутар я адрамантаваў з дапамогай сваіх матузкоў. Менавіта ў той момант я быў вельмі гатовы перасекчы Кітай.
І яшчэ адна навіна. Рэдакцыя часопіса 34mag.net выслала мне на дапамогу штурмана Вольгу Палевікову. Менавіта яна падчас мотапрабегу будзе сачыць за мапай і не даваць нашаму «эндура» пайсці ў няправільным кірунку.
Усе кропкі над «і» расстаўленыя. На баку матацыкла красуецца свежае лога 34mag.net – трыбуны, з якой я вяшчаю. І вось мы ўжо ў дарозе.
Надвор’е стаіць халоднае. Я еду ў двух парах падштанікаў, састрыжаных тыдзень таму ў H&M, парачцы тышотак, байцы і куртцы. Шанхай – першы па колькасці насельніцтва горад у свеце, таму выбірацца з яго можна паўдня.
Першае правіла матацыкліста-нелегала: не высоўвайся на скрыжаванні, пакуль там гарыць чырвонае святло. Кітайскія паліцаі звычайна пасвяцца менавіта там. Лепш спыніся за сотню метраў і ўважліва сачы за тым, што адбываецца.
Другое правіла матацыкліста-нелегала: калі ты вылез на скрыжаванне і бачыш, што да цябе шыбуе палісмен, урубай перадачу і выціскай ручку газу, пакуль ён не страціць цябе з поля зроку. Кітайскія вартавыя парадку не глядзяць амерыканскіх баевікоў, таму наўрад ці наладзяць за табой пагоню. Калі ж яны ўсё-такі вырашаць дагнаць цябе, не пстрыкай дзюбай – заязджай ва ўсе магчымыя падваротні. Часцей за ўсё мясцовыя палісмены не вельмі бойкія, і праз пару паваротаў яны ад цябе адвянуць.
У першы дзень з-за дажджу ў нас атрымліваецца праехаць усяго пару соцень кіламетраў. Але насамрэч гэта нядрэнны вынік. Яшчэ да ад’езду адзін вельмі дасведчаны чалавек, у якога шлем каштуе даражэй, чым мой матацыкл, раіў мне зрабіць пробны выезд «на якія-небудзь сто кіламетраў», каб зразумець, як гэта. Высветлілася, што гэта досыць займальна.
Прамоклыя, мы заязджаем у нейкае невялічкае мястэчка, зарульваем на паркінг пад шматпавярховікам і адразу накіроўваемся на дах, каб паставіць палатку. Тэхнічны паверх аказваецца цалкам у нашым распараджэнні, мы ўсталёўваем намёт і адпраўляем дэвайсы на зарадку. Што характэрна, тэхнічны паверх зачыняецца на замок знутры.
Ноччу я стаю на даху дваццацівасьміпавярховага дома і думаю пра тое, як усё неверагодна складаецца, перабіраю ў галаве факты. Паўтара года таму я ўпершыню задумаўся пра тое, каб пракаціцца па Кітаі на матацыкле, – тады гэта здавалася палётам на Марс. Два месяцы таму ў мяне не было ніякай магчымасці купіць матацыкл, але я выйграў фотаконкурс, і прызавых грошай хапіла на патрапаны апарат. Я купіў старэнькі Suzuki, і маю мару адабралі тутэйшыя мянты літаральна праз два дні пасля набыцця. Сябры перавялі мне грошай на новы байк, і – ёп вашу маць! – вось я стаю на даху пасярод Кітая! А недзе на сто метраў ніжэй, у нетрах гэтага вулля, на паркоўцы астывае мой стальны конь.
Яшчэ тыдзень таму я не здагадваўся, дзе ў матацыкле ручка счаплення, а тормаз блытаў са скрынкай перадач. Цяпер я збіраюся выціснуць з сябе ўсё, раўці рухавіком і сэрцам.
Хочацца надзець процівагаз
Раніцай наступнага дня мы доўга не можам адарвацца ад спальнікаў – думаем, што дождж яшчэ грукоча па даху. Але гэта шуміць труба, побач з якой мы спім. Сёння пачынаецца восьмы месяц майго падарожжа.
Вецер свішча ў вушах, за бортам +18 ºС. Мы падбіраемся да першых горных участкаў. Уздоўж дарогі пачынаюць з’яўляцца маленькія кітайскія вёсачкі. Мы праязджаем той самы Кітай, які малююць на рэпрадукцыях. Старыя апрацоўваюць зямлю матыкамі, хтосьці цягне колы, хтосьці гуляе ў маджонг. Я бачу выдатныя фотакадры ледзь не праз кожныя сто метраў, але чамусьці прапускаю іх усе. Так за цэлы дзень мы ні разу не спыняемся.
Перад ад’ездам я наладзіў зарадку нашага тэлефона з GPS ад акумулятара байка, але току не хапае і навігатар павольна разраджаецца. Штурману нашага карабля даводзіцца адключаць GPS на доўгіх прамых дыстанцыях. Google Maps часам заводзяць нас у такую глуш, дзе яшчэ не ступала нага беларуса.
На гарызонце час ад часу мільгаюць іскры салютаў. Кітайцы пачынаюць святкаваць Новы год. Я вяду матацыкл па начных звілістых дарогах і прымаю гэтае свята на свой рахунак. Хочацца спяваць і танцаваць.
Але раптам свята заканчваецца – у матацыкле згарае свечка запальвання. Конь хутка губляе хуткасць. Мы спыняемся пасярод начной трасы.
Гарачы рухавік стомлена патрэсквае. Здаецца, пяцьсот метраў таму мы бачылі вясковую майстэрню.
Замена свечкі – плёвая справа, але мы рана радуемся. Праз пару дзясяткаў кіламетраў у баку канчаецца бензін – так, у маім матацыкле няма бензадатчыка. Куды цяпер штурхаць жалеза, не ясна. Я спыняю маладога кітайскага рабочага і жэстамі тлумачу яму прычыну свайго гора. Ён саджае мяне на свой электрычны скутар, і разам мы едзем на бліжэйшую запраўку. Каралева бензакалонкі згаджаецца адліць бензіну беднаму замежніку, але за тару ў выглядзе садовай палівачкі просіць заклад. У кішэнях я не знаходжу нічога каштоўнага, і майму кітайскаму бро прыходзіцца пакінуць тут сваю мабілу.
Мы зноў у дарозе, ужо дзесяць гадзін. Я жудасна стаміўся. У пошуках начлегу збочваем на кожную горную сцяжыну. Чарговы паварот не прыносіць вынікаў, а спрабуючы вярнуцца на галоўную дарогу, я не спраўляюся з кіраваннем – і матацыкл завальваецца на бок. Мяне добра прыціскае да камянёў, і толькі дзякуючы Волінай дапамозе мне ўдаецца выбрацца з-пад завалу. Ура! Маё першае падзенне! Хуткасць пры падзенні была кіламетраў пяць за гадзіну, таму абыходзімся лёгкім спалохам.
Праз пару кіламетраў знаходзім запраўку з вялікімі кустамі на заднім двары. Матацыкл прыпаркаваны, палатка ўсталяваная. Гэта быў добры дзень.
Трэцяе правіла матацыкліста-нелегала: калі ў цябе мала грошай, запраўка – выдатнае месца для начлегу на трасе. Часцей за ўсё на кітайскіх запраўках ёсць зацішны куток для палаткі, прыдатная крама, прыбіральня, рукамыйнік, кіпень і разеткі для зарадкі гаджэтаў. А калі ты вандруеш па хайўэях, часта можна сустрэць і халяўны Wi-Fi.
Раніцай я высвятляю, што ўчарашняе падзенне не прайшло бясследна – распаленая выхлапная труба праплавіла велізарную дзірку ў бакавой сумцы. Разам з сумкай адышлі ў гісторыю мае суперлёгкія красоўкі, купленыя на апошнія грошы яшчэ ў Арменіі. Я латаю дзірку на сумцы кавалкам пеннага кілімка, паддаю алею ў рухавік і заліваю поўны бак саляры.
Цэлы дзень мы імчымся міма велізарных заводаў – адзін цэх змяняе іншы. Краявіды сумныя. Людзі-морлакі цэлымі вёскамі займаюцца зборам другаснай сыравіны. Часам у нос б’юць такія пахі, што хочацца надзець процівагаз. Мы абганяем высокія трубы заводаў, знясіленыя грузавікі, стосы пакрышак, бутэлек і памерлых мапедаў.
Толькі пад вечар пейзаж нарэшце мяняецца. Мы зноў уязджаем у горы, перад нашымі вачыма расплёскваюцца велізарныя плантацыі мандарынавых дрэваў. У адным з такіх гаёў мы ўладкоўваемся на начлег. Шкада, што ўраджай ужо сабралі. Прыходзіцца задавольвацца рэдкімі самотнымі мандарынкамі, якія засталіся ў тыле.
Я палю ў дзень каля пятнаццаці літраў бензіну. Акрамя таго, даводзіцца ўвесь час падліваць алей. Ямо мы ў асноўным усякую лухту з заправак. Але часам спыняемся ў кафэхах і заказваем «сіхоньшы дзідань міфан» – рыс з таматамі і яйкам. Яго ўсюды гатуюць па-рознаму, але заўсёды амаль бяспечна для жыцця.
На наступны дзень Google Maps зноў выдаюць нумар. Кіламетраў пяцьдзясят мы гонім па вясковых дарожках, спрабуючы аб’ехаць плацёжны пункт на асноўнай трасе. На танюсенькай закінутай сцяжынцы нам трапляецца мініяцюрны будысцкі манастыр. Дзякуючы старэчы Мао будысцкіх манастыроў у Кітаі засталося няшмат. А дзякуючы «капіталістычнаму камунізму» Паднябеснай нават тыя, што засталіся, ператварыліся ў турыстычныя мекі.
Нікому не раю трапіць на Вялікі кітайскі мур або ў Імператарскія сады – гэта дорага і небяспечна для жыцця. На сцяне вас проста затопчуць мільёны вандроўных кітайцаў.
На ўваходзе ў манастыр няма касы – гэта добры знак. Пункцірная сцяжынка віецца крута ўгору. Праз паўгадзіны мы аказваемся ў маленькім селішчы манахаў. Алтар па-хатняму абстаўлены навагоднімі пачастункамі. Крыху далей віднеецца калумбарый з прахам манахаў. Пры жаданні можна забраць парачку манахаў з сабой. Гэтае месца абыякавае да астатняга свету.
Асфальт робіцца слізкім
Мне падабаецца ездзіць па вясковых дарогах. З-за рэзкіх паваротаў разагнацца вышэй за трэцюю перадачу не атрымліваецца, затое вакол да халеры сюрпрызаў: замест разметкі – акуратна раскіданыя камяні памерам з мікрахвалёўку, замест ляжачых паліцэйскіх – сонныя буйвалы. Так, зачапіўшыся за нейкую херню, я вырываю тросік адометра, які застывае на лічбе 7777.
Бесперапынна, гадзіну за гадзінай, мы прарываемся на поўдзень. Робіцца так цёпла, што я здымаю куртку. А першай гадзіне ночы мы дабіраемся да Ганьчжоў. Горад абдымае пустая падсветленая шаша. У такія моманты я грэбліва стаўлюся да правілаў дарожнага руху і прытрымліваюся максімальна магчымай хуткасці.
Ехаць у горад і шукаць які-небудзь дах няма ніякага жадання, і мы вырашаем рушыць на ўскраіну. Я збочваю на грунтавую дарогу і павольна паўзу ўверх па схіле. Толькі я паспяваю пацешыцца таму, што дзень прайшоў без паломак, як нечакана задняе кола выдае непрыстойнае «пшшшшш!». Мы за дваццаць метраў ад запланаванага месца начлегу.
Нетаропка прабіраемся на нейкае калгаснае поле. Дзесьці ўдалечыні грыміць салют. Воля, здаецца, набралася досведу і цяпер самастойна ставіць намёт. Кожны дзень я арганізоўваю для яе іспыт – гэтым вечарам яна спраўляецца на цвёрдую сямёрку. Я паркую байк шчыльна да палаткі, і мы завальваемся спаць.
Матацыклетныя багі мяне берагуць: калі конь і ломіцца, то рамонтная майстэрня з нейкай дзіўнай прычыны заўсёды знаходзіцца не далей, чым за кіламетр. Пакуль Воля здае экзамен па зборцы палаткі, я паспяваю зматацца ў суседнюю вёску і за дзве з паловай хвіліны заляпіць кола. Кітаец проста выкручвае ніпель і залівае ўнутр адмысловы клей. Праз імгненне моцык ужо гатовы да бою.
Я забіраю Волю з калгаснага поля, і мы накіроўваемся на запраўку. Глядзець на кітайскую локшыну з упаковак я ўжо не магу, але выбару няма. На запраўцы не знаходзіцца чайніка, таму працаўнік станцыі вядзе мяне да сябе дамоў, дзе стаіць бойлер з гарачай вадой.
Не паспяваем мы ад’ехаць ад запраўкі – як зноў паломка! Ад вялікай вагі задняй сумкі ломіцца багажнік. З незразумелых прычын я зноў знаходжу рамонтную майстэрню праз трыста метраў ад месца паломкі. Стары дзед у гіганцкіх акулярах прымаецца варыць метал, не адкручваючы багажнік ад матацыкла. Заадно ён спаліць мне пластыкавы молдынг і праплавіць дзірку ў абіўцы сядзення. Шчыра кажучы, калі б я трымаў электрод левай нагой, то сто пудоў заварыў бы не горш. З упэўненасцю ў тым, што багажнік адваліцца праз пару кіламетраў, мы выпраўляемся далей.
Да гэтага дня мне здавалася, што мы едзем па горах, але гэта былі бугаркі. Цяпер мы паднімаемся на сапраўдны перавал, на якім у мяне закладвае вушы. На вышыні пачынаецца дождж. Асфальт робіцца слізкім. Я ўмомант прамакаю і замярзаю. Наперадзе за нейкім грузавіком утвараецца вялікая чарга з машын. Нашаму каню не хапае магутнасці, каб зрабіць упэўнены абгон уверх, і я вымушаны цягнуцца напрыканцы калоны. Шкло шлема пакрываецца кроплямі, што рэзка пагаршае агляд.
Нарэшце пачынаецца спуск, і недзе наперадзе перад намі грузавік злятае з трасы. Яшчэ некалькі сотняў метраў, і мы заязджаем у туман. Робіцца ўсё цікавей! Я ўжо не адчуваю рук і ног, вада са шлема сцякае мне пад куртку. Пры блакаванні задняга кола матацыкл упэўнена ляціць наперад, як ні ў чым не бывала. А перавалы ідуць адзін за адным.
Нарэшце з’яўляецца выратавальная запраўка. Я злажу з байка і не магу паверыць сваім вачам – Воля быццам у аўтобусе ўсю дарогу ехала, на ёй няма ні кроплі вады. Я сядаю на бардзюр, каб выціснуць шкарпэткі і паразважаць пра несправядлівасць свету. Пакуль я займаюся гэтым мужчынскім заняткам, Воля ўгаворвае работнікаў запраўкі дазволіць нам заначаваць у іх на кухні. Яна паражае іх напавал – гэта ўсё пявучая кітайская з Google Translate. Мы раскідваем спальнікі пад казённай лядоўняй. Воля сыходзіць катаваць запраўшчыкаў размовамі пра душ, а я залажу ў спальнік і адрубаюся.
Вадкая галодная багна
Да выспы Хайнань застаецца каля васьмісот кіламетраў. Калі пазл складзецца, праз два дні мы будзем збіваць какосы з пальмаў.
Мы гонім па вясковай сцежцы, і раптам дарога рэзка сыходзіць кудысьці ўверх. Ухіл настолькі круты, што байк не можа выцягнуць нас дваіх. Я высаджваю штурмана на ўзбочыне і на першай перадачы спрабую запаўзці на вяршыню. З-за моцнага ўхілу некалькі ўчасткаў я праязджаю на заднім коле. Нарэшце дарога становіцца спадзістай і рэзка канчаецца. Проста ўпіраецца ў скалу. Далей толькі альпінісцкай звязкай або на паветраным шары. Выбару няма – прыходзіцца аб’язджаць.
Аб'язны шлях аказваецца яшчэ больш цікавым. У выніку моцных дажджоў апоўзень накрывае дарогу паўметровымі пластом гліны. Участак на некалькі кіламетраў ператвараецца ў вадкую галодную багну. Колы матацыкла пагружаюцца ў глейкую жыжку. Наперадзе ўжо тырчаць некалькі закапаных па дах аўтамабіляў.
«Ад вінта!» – крычу я, капітан карабля. «Давай, курносы!» – падхоплівае штурман. Каманда рвецца ў бой і праз сто метраў па вушы закопваецца ў лайно. Усё! Мы скарысталіся з бясплатнай паслугі экспрэс-пахавання ад кітайскіх дарог. Зямля ўсмоктвае наш матор. Маёй волатаўскай сілы не хапае, каб зрушыць каня нават на міліметр. Да ўсяго, у парыве запалу, я рву дзедаўскую зварку і задняя сумка разам з багажнікам безжыццёва павісае на апошнім балце.
Мы яшчэ доўга корпаемся ў гэтым балоце, але, як у любой галівудскай гісторыі, дабро перамагае. З падпаленым счапленнем і пластамі бруду на ўсіх частках цела мы вырываемся з палону.
У галаве гучыць рык матора – я ўжо нічога не цямлю. У гэты дзень мы праязджаем яшчэ шэсцьсот кіламетраў. У нейкім маленькім гарадку нам на вочы трапляецца гатэль. А чаму б і не схадзіць у душ упершыню за тыдзень, га? І мы заязджаем на рэсэпшн проста на матацыкле. Гэты эфектны жэст, зрэшты, нікога не здзіўляе.
За дваццаць хвілін перагавораў скідваем паўкошту з самага таннага нумара. Нядрэнны пакой з чыстымі просцінамі дастаецца нам усяго за сем даляраў.
Я ўпершыню з пачатку прабегу разглядаю сябе ў люстэрка. Аказваецца, у мяне на шыі красуецца смачны пласт бруду. Я тру яго мачалкай што ёсць моцы, але марна. Затое з гэтай плямай у мяне выгляд страшэнны.
І вось пачынаецца апошні дзень шляху – да выспы каля двухсот кіламетраў. Цёпла, я лячу наперад у адной майцы. Воля віскоча – ёй вельмі падабаюцца пальмы.
За кіламетраў сто да ўзбярэжжа з байка злятае ланцуг. Да рамонтнай майстэрні, як заўжды, каля ста метраў. Майстар пытаецца, ці не хачу я памяняць заадно і шасцярэнькі. Я згаджаюся з яго прапановай, не падазраючы, што гэта фатальная памылка. І вось мы ўжо купляем білет на паром з нейкім левым пратэрмінаваным нумарам ды імчымся па хвалях праз Паўднёва-Кітайскае мора. Дзесьці ўдалечыні віднеюцца цьмяныя агні прыбярэжных гарадоў. У плэеры пераможна гучыць Blockhead – Insomniac Olympics.
Раптам я адчуваю неверагодны прыліў сілаў, быццам я магу ўсё, што захачу. Нібы я адзін на вяршыні невядомай гары – перамога сябе над сабой. Хочацца смяяцца ўголас і скакаць па палубе. Я ведаю, што наперадзе яшчэ шмат вяршынь. Яны ўжо віднеюцца на гарызонце. Я ведаю, што буду караскацца на кожную з іх і не спынюся ні перад чым. Рыса маладосці – бітвы з ветракамі, з каструляй на галаве.
Раніцай мы выязджаем на самы поўдзень выспы ў горад Санья. Для матацыклістаў тут невялікі бонус – няма плацёжных пунктаў на хайўэях, а значыць, праезд свабодны. Хайўэі ў Кітаі выдатнай якасці, таму на іх можна смела выціснуць максімум з матацыкла. Нават з такога, як наш.
Я спыняюся на запраўцы за сто кіламетраў да горада, каб ачысціць шкло шлема ад машкары. Воля тым часам знаходзіць халяўны Wi-Fi і звязваецца з нашым шанхайскім сябрам Сярогам. Аказваецца, гэты аферыст цяпер не толькі на Хайнані, але і непасрэдна ў горадзе Санья. Мы сустракаем Сярогу і яго сяброўку Юлю проста на ўзбярэжжы. Шанхайскія разбойнікі зноў у зборы. Так пачынаецца бестурботнае астраўное жыццё.
Праз дзень наш любы «эндура» ломіцца назаўжды. Гэта адбываецца як у кіно – прама падчас руху з жудасным трэскам задні тормаз разам з шасцярнёй рассыпаецца па асфальце, як канфеці. Воля вішчыць, я цудам выязджаю з транспартнай плыні.
Віной усяму дрэнна закручаныя балты на шасцярні, якую я памяняў без асаблівай патрэбы падчас апошняй пракачкі. Ніхто ў горадзе не бярэцца за рамонт матацыкла – ён занадта стары і рэдкі. Знайсці дэталі на яго фактычна немагчыма, ды яшчэ і Новы год пачынаецца – кітайцы сыходзяць у месячны запой.
Шчыра кажучы, рабіць у Саньі абсалютна няма чаго. Гэта тыповы дарагі турыстычны гарадок. Мы бадзяемся па пляжах, лазім па дахах, трасём какосавыя пальмы, тырым віно і займаемся іншымі глупствамі. Большую частку часу мы жывём у кемпінгу. Але пару разоў нам удаецца прабрацца ў порт і заначаваць на дарагіх яхтах з бясплатнымі напоямі.
Урэшце я дару наш байк наступнаму механіку, да якога звяртаюся па дапамогу. Мы з Воляй дабіраемся стопам да Хайкоў і бяром паром на мацярык. Там ужо тусуюцца Сярога з Юляй, якія выбіраюць цывілізаваныя спосабы перамяшчэння. У Сярогі, Юлі і Волі квіткі да Шанхая, іх цягнік будзе праз пару гадзін.
Нейкім цудам мне ўдаецца праскочыць у вагон разам з сябрамі – квіткі правяраюць ва ўсіх, акрамя мяне. Нам па дарозе яшчэ пару сотняў кіламетраў. А чацвёртай гадзіне ночы я выходжу на маленькай вясковай станцыі. Сябры махаюць мне з асветленых вокнаў вагона. Я махаю ім. Цягнік кранаецца і ўцякае. У поўнай цемры я застаюся стаяць на насыпе. Усё. Цяпер я адзін.
Раптам я адчуваю такую пустэчу, цяжар і боль унутры. Адчуваю тое, што мы называем сапраўднай свабодай. Мы жывём гэтым ідэалам, гатовыя біцца за яго і спрачацца да пены на вуснах. А высвятляецца, што свабода – гэта край. Ад свабоды ты раптам губляеш сябе, і лепей, каб у гэты момант ты не ехаў на матацыкле.
Адсутнасць патрэб і прыхільнасцяў – гэта тое, што характарызуе вольнага чалавека. Калі раскручваць гэтую думку далей, свабодны чалавек – той, хто абыходзіцца малым, наборам з першай ступені піраміды Маслоў. Ён жыве ўнутры свайго свету і не мае сувязяў з вонкавым. Абсалютная свабода мяжуе з вар’яцтвам. Сустрэўшыся з ёй тварам да твару, ты або добраахвотна знікаеш без вестак, або перастаеш спяваць ёй песні.
Свабода – гэта ідэал для слабакоў.