Рабенькі Янка Цівунок, якога за кірпаты нос празвалі Лычыкам, стаіць каля стала, спінаю да акна, і, як заведзены, расказвае вызубраны ўрок па гісторыі Польшчы.
Сакавіцкае сонца свеціць Янку ў патыліцу, і Даніку відаць, як вушы Лычыка, нейкія круглыя і адтапыраныя, прасвечваюцца, нібы яны з ружовай паперы.
— …Калі туркі напалі на Аўстрыю, — гаворыць Янка, — аўстрыйскі цэсаж[34] папрасіў польскага круля[35] Яна Трэцяга Сабескага: «Прыйдзі і выратуй нашу Аўстрыю». Храбры круль Ян Трэці Сабескі сабраў сваё гераічнае войска і 12 верасня 1683 года пад Венай, сталіцай Аўстрыі…
— Досць! Досць, матолак![36] — перабівае яго панна Рузя. Яна не стаіць каля печы, а ходзіць па класе, залажыўшы назад рукі. — Што я казала табе? Не тарахці, як папугай, а гавары сваімі словамі. Ну!
— Храбры круль Ян Трэці Сабескі сабраў сваё гераічнае войска і 12 верасня…
— Матка боская! — зноў спыняе яго панна Рузя. — Ну, сабраў, ну, прыйшоў, ну, разбіў!.. Конь ты божы! Ды гавары ты, нарэшце, сваімі словамі!
Янка маўчыць, толькі вушы яго ружавеюць яшчэ больш. Запалку, здаецца, падсунь — успыхне.
— Далей! — загадвае яму панна Рузя. — Расказвай, ці спадабалася гэта аўстрыйскаму цэсажу?
— Аўстрыйскаму цэсажу гэта не спадабалася, — гаворыць Янка ўжо «сваімі словамі». Потым раптам хлопец збіваецца з польскай на беларускую мову: — і тады ён… Тады…
— Досць! — зноў перабівае яго настаўніца. — «I тады ён… Тады…» — крывіць яна. — Што за «тады» і што за «ён»? Што ён зрабіў, сустракаючы Яна Сабескага, і што зрабіў Ян Сабескі? Па-польску гавары!
Янка маўчыць. Ён апусціў галаву і, здаецца, занаравіўся зусім. Ну, хоць бы вочы ўзняў! Тады заўважыў бы, як Данік Малец, стараючыся, каб не прыкмеціла настаўніца, паказвае яму, што зрабіў Ян Сабескі. Раз, другі раз, трэці раз паказаў… і вось, нарэшце, Лычык цікнуў на клас спадылба і здагадаўся.
— Тады круль Ян Сабескі, — пачаў ён, — падкруціў свой вус…
Клас грымнуў смехам.
— Ціха, драні! — старалася перакрычаць усіх панна Рузя. А потым, калі вучні сціхлі, яна, паглядзеўшы на Янку, сказала: — Сядай, матолак! Не буду я тут з табою надрываць свае лёгкія. Хто адкажа?
Узнялося некалькі рук. Асабліва — адна, з другой парты, старалася дастаць найдалей, — ледзь не да самага твару настаўніцы.
— Бэндзіньскі, — сказала панна Рузя.
Чэсік апусціў сваю доўгую руку, устаў і бойка загаварыў:
— Калі наш храбры круль Ян Трэці Сабескі разбіў туркаў пад Венай, ён уязджаў у Вену на чале сваіх непераможных гусараў. Аўстрыйскаму цэсажу не спадабалася, што гэта не ён, а наш круль Ян Трэці Сабескі перамог туркаў, і ён не хацеў зняць капялюш перад нашым крулем. Ян Трэці Сабескі падняў руку, каб падкруціць свой вус, а аўстрыяк падумаў, што ён падносіць руку да капелюша, і тады ўжо ён схапіўся за свой капялюш. А потым…
— Старчы[37], Бэндзіньскі, сядай! — усміхнулася настаўніца.
Яна падсела да стала і выняла з чорнай сумачкі свой тоўсты блакнот. Нават і не прыўстаючы, з першай парты Данік бачыў, як яна адгарнула старонку на літару Б і напісала вялікае пяць. Пасля адгарнула старонку на літару Ц, падумала трохі і паставіла, таксама вялікае, мінус тры.
— Ну, хто далей? — спыталася, гледзячы на клас.
Ды тут у дзверы з настаўніцкай нехта пастукаў і спытаўся:
— Можна?
Клас падхапіўся і не застыў, як звычайна, у маўклівым прывітанні, а загудзеў на трыццаць шэсць галасоў.
«А-а-а! О-о-о!» — чуваць было ў гэтым нястрымным гуле дзіцячай радасці.
— Ціша! — перакрычала іх панна Рузя. — Сядайце! Дзень добры, пані Анджэеўска! Прашу прайсці далей.
Пані Мар’я — у цёплым паліто і футравай шапачцы — стаяла каля дзвярэй і ўсміхалася. Такая бледная яшчэ, з пазападаўшымі вачыма…
— Я — толькі зірну на іх разочак. Можна, панна Рузя?
I вось, выйшаўшы ад дзвярэй за стол, дзе так прывыклі бачыць яе чацверакласнікі, пані Мар’я памаўчала, апусціўшы вочы, а потым паглядзела на клас і сумна ўсміхнулася.
— Дзеці, — сказала яна, і голас яе задрыжаў. — Мілыя дзеці, я вельмі рада, што вы яшчэ ўсе памятаеце мяне. Я так хацела б адказаць вам сэрцам за сэрца… Ужо цяпер, адразу, але… Ну што ж, мне не ўдасца прыйсці ў школу, відаць, да самай вясны…
Клас ахнуў зноў, і зноў панна Рузя перакрычала яго, супакоіла.
— Я пацяшаю сябе тым… — пачала пані Мар’я, але голас яе зноў задрыжаў. — Ды што там пацяшацца: у маі ўбачымся зноў. — Яна ўсміхнулася. — Жадаю вам поспехаў, дзеці! Будзьце здаровы!
Кіроўнічыха неяк вельмі ж павольна выйшла з класа.
Панна Рузя пайшла праводзіць яе на вуліцу. А дзеці кінуліся да акон. Не ведаючы, што зрабіць і што сказаць, каб пані Мар’я зразумела іх, яны крычалі ў вокны і махалі рукамі.
А Данік, дык ён узлез з каленьмі на падаконнік і — як у той незабыўны дзень, калі на тратуары перад школай галасіла цётка, — узяўся рукой за раму фортачкі. Вось-вось, здаецца, крыкне. Але крычаць ён не мог…
Пані Мар’я ўзышла на прыгорачак перад школай, азірнулася, памахала рукой і пайшла. На сярэдзіне плошчы азірнулася зноў, зноў памахала. Данік уздрыгнуў — ледзь прыкметна і для самога сябе. Хлопцу здалося, што памахала яна толькі яму, апошні раз і — назаўсёды…
I раптам вочы Сівага пацяплелі ад слёз. Ды не, ён не заплача цяпер. Нягледзячы нават на тое, што ён — другі раз пасля арышту Міколы Кужалевіча — зноў адчуў, зноў зразумеў, як гэта цяжка, калі ты застаешся… Ну, не адзін… не сірата… А ўсё ж, як гэта цяжка і горка!..