6

Чацвёрты і пяты класы вучацца ў новым драўляным доме, насупраць якога, цераз плошчу, стаіць пастарунак.

Выхавацелька чацвёртага класа — пані Мар’я, або кіроўнічыха, як называюць яе вучні, — увайшла пасля пераменкі ў клас з вялікім пачкам чырванабокіх яблыкаў.

— Лісты кляновыя прынеслі? — спыталася яна.

— Прынеслі! Во якія! Во! — загаманілі вучні.

— А-ёй, навошта гэтак шмат? Я ж казала па два-тры, не больш.

Пані Мар’я гаворыць па-польску чыста, не так калечана, як пан Цаба.

— Але нічога, дзеці, — кажа яна. — Зробім так: кожная парта атрымае адно яблыка, паложыць некалькі лістоў, а на іх зверху — яблыка. Праўда, на кляновыя лісты яблыкі не падаюць, бо на клёнах яны не растуць, але гэта таксама нічога: гэта вельмі нагадвае восень, яе хараство. Дык пачынаем, дзеці. Не спяшайцеся. I кожны няхай памятае: хто нарысуе лепш, — з’есць яблыка, а хто палянуецца, — будзе есці лісты.

Сказала і засмяялася, а клас — за ёю. Якая яна добрая, вясёлая! Зусім не такая, як муж яе, пан кіроўнік, — нейкі маўклівы і нават страшнаваты. Дзяўчаткі дык тыя гавораць «наша Мар’я», як быццам яны любяць яе больш за хлопцаў. I ўсё падлашчваюцца, усё шчабечуць: «проша пані» ды «проша пані»!..

Як толькі ў класе ўсталявалася цішыня, пані Мар’я села за стол і дастала з шуфляды класны журнал. I вось гартае яго і нешта запісвае.

А Данік, які сядзіць на першай парце, насупраць стала, малюе, а сам усё глядзіць на кіроўнічыху, — то крадком цікне спадылба, а то, калі яна не бачыць гэтага, пазірае адкрыта.

Сёння дваццатае верасня. А Даніку здаецца, што толькі ўчора поп адслужыў ім у царкве малебен на добры пачатак школьнага года. Вучыцца весела, час ідзе хутка. Чаму ж, аднак, сёння яму не рысуецца?

Толькі і глядзеў бы, здаецца, на пані Мар’ю… Чаму? Найбольш, мусіць, за тое, што яна чытала ім пазаўчора.

Пазаўчора яна прынесла на ўрок польскай мовы маленькую кніжку і сказала: «Сёння мы прачытаем апавяданне выдатнага польскага пісьменніка Генрыха Сянкевіча пад назвай „Янка-музыка“».

За чатыры гады Данік — нават у пана Цабы, а найбольш дык сам, з кніжак, — навучыўся ўжо разумець па-польску амаль усё. Зрэшты, чытаючы, пані Мар’я растлумачвала ім паасобныя словы. I ўсё зразумела для іх, хоць у школе амаль адны беларускія дзеці з мястэчка і з навакольных вёсак. Дзеці яўрэйскіх крамнікаў, краўцоў, анучнікаў і кавалёў таксама лепш, чым па-польску, гавораць на беларускай мове. Вучняў-палякаў — зусім няшмат: сынкі і дачушкі «ўжэнднікаў» і паліцэйскіх, сем чалавек на ўвесь вялікі клас.

Усё зразумела Даніку яшчэ і таму, што ў апавяданні, якое чытала ім настаўніца, гаварылася пра такіх жа, як ён, дзяцей вясковай беднаты. Янка-музыка — польскі хлопец-пастушок, таксама сірата, а маці — батрачка, якіх недзе там, у Польшчы, называюць «каморніцамі». Музыка — гэта мянушка Янкі. Для яго ўсё іграла, — і лес, калі ён шуміць і звініць галасамі птушак, і луг, дзе ноччу кумкаюць жабы і крычаць драчы, і вёска, калі яна вясновай ноччу спявае-гамоніць спачатку дзявочымі песнямі, а потым — пераклічкаю пеўняў… Рэха іграла таксама. Ігралі на ветры нават і рагі вялікага сахарá[28], якім малы Янка растрасаў гной на панскім полі.

— Малец, устань!

Данік прахапіўся ад задумы і ўстаў.

— Ты чаму не рысуеш?

— Я рысую.

— Ну дык сядай і рысуй.

Так, рысаваць трэба ўсё ж такі лепш. «Спачатку лёгенька алоўкам, а тады пойдуць фарбы», — успамінае Сівы словы настаўніцы. Хлопец глядзіць на яблыка, на кляновыя лісты.

Як яны хораша жаўцеюць на іхнім клёне перад хатай! Непрыкметна адчэпліваюцца хвосцікам ад галінкі і асядаюць у бясшумным палёце, лажацца на пясок і на траву. Добра збіраць іх у пучкі, — маме, хлеб пячы, — добра ўглядацца на іх далікатныя жылкі або шалахцець па іх босымі нагамі… А яблыкі!.. Улетку Данік часта спаў у садку каля хаты, пад іхняй адзінай яблыняй белы наліў. З вечара ён доўга не мог заснуць, бо ўсё прыслухоўваўся, як яблыкі ападаюць у мяккую, глыбокую траву, як яны на ляту торкаюць, непакояць лісты і галінкі. Часта ён уставаў з-пад коўдры і, стоячы на каленях, мацаў навокал рукамі ў халоднай расе. Знойдзеш-абмацаеш яблык і ўвап’ешся зубамі ў кіславата-салодкую смакату!..

Той польскі хлопчык Янка-музыка і сам захацеў іграць. Змайстраваў сабе скрыпку з гонціны, начапіў драцяныя струны. Ды яна не хацела іграць так, як тая, што іграла ў карчме або ў панскім двары. I Янка вырашыў украсці сапраўдную скрыпку — у панскага лёкая. Яго злавілі. Нядошлага хлопчыка-сірату панскі суд у гміне прысудзіў да пакарання розгамі. Біў музыку гмінны вартаўнік, дурнаваты Стах, такі самы, відаць, як той Васіль, што трымаў калісьці Даніка, пакуль Палуянаў Павел ударыў яго кіем па галаве.

Пані Мар’я нешта ўсё піша ў журнале. Доўгія чорныя вейкі яе зусім прыкрылі вочы. Яна не бачыць Даніка, і вось ён зноў глядзіць на настаўніцу.

Янка-музыка крычаў: «Ма-ту-ля!» I пані Мар’я, чытаючы, неяк дзіўна вымаўляла гэтае слова. Тройчы. За першым разам яна сказала яго, потым спынілася і, заплюшчыўшы вочы, устрасянула галавой. А ўжо за трэцім разам у вачах яе паказаліся слёзы… Так, ён убачыў гэта, бо ён сядзіць якраз перад сталом…

Доўгія чорныя вейкі настаўніцы нечакана прыпадымаюцца. Вялікія карыя вочы яе глядзяць у шэрыя, ужо спалоханыя, вочы Даніка.

— Малец!

Сівы ўстае і чырванее. Ужо не толькі яна, а ўвесь клас — ён адчувае гэта — глядзіць на яго.

— Што ты зрабіў, пакажы!

Данік падае настаўніцы сшытак.

— Ну, вядома. Усе ўжо малююць, а Малец… Я пажартавала, што гультаі будуць есці лісты, — іх мы, магчыма, і на калені паставім. Як табе гэта падабаецца? Трэба рабіць, а ты сядзіш ды думаеш пра нябесныя мігдалы[29]

Пад смех усяго класа Данік садзіцца і пачынае маляваць. Ён кладзе, як і трэба, спачатку светла-жоўтую фарбу, дадаўшы да яе крышку зялёнай… Ды вось не клеіцца штосьці, не так выходзіць, як хочацца… Данікаў сусед па парце — Санька Сурновіч, хлопец з мястэчка. Яны ўжо трохі пасябравалі. У Санькі выходзіць зусім інакш. Бачыш, як захапіўся, — і галаву схіліў, і шчаку падпёр языком…

— Добжэ, Сурновіч, добжэ, — гаворыць пані Мар’я. Яна ўжо стаіць каля Санькі; схілілася над ім, усперлася рукой на парту. — Ты толькі, Сурновіч, лягчэй, не так рэзка. I не спяшайся. Дай мне пэндзаль. Падсунься трошкі.

Яна падсела да Санькі і ўжо малюе сама.

— Вось так, вось так, — прыгаворвае. — Што ж, прыйдзе час, наш Аляксандр Сурновіч будзе — хто ведае? — можа, Янам Матэйкам…

Усе смяюцца, а Санька шморгае носам і сарамліва апускае галаву.

— Ян Матэйка, дзеці, — гаворыць настаўніца, — гэта быў такі польскі мастак. Слаўны мастак, на ўвесь свет. Ну, а ты што тут робіш, задуманы? Пакажы.

Данік падае ёй свой сшытак, кладучы яго на Санькава месца.

— О, што гэта — аладка з хвосцікам?

Усе смяюцца, а пані Мар’я бярэ ў Даніка яго пэндзлік, набірае чырвонай фарбы і пачынае папраўляць яго няшчаснае яблыка.

Ах, і чаму ж яна не сядзіць побач з ім, а з Санькам?! Данік глядзіць на белую, маленькую руку настаўніцы, потым крадком цікуе на мілы, прыгожы твар яе, абапал якога звісаюць чорныя кучаравыя пасмы коратка, «пад польку», астрыжаных валасоў. I ў душу яго само чамусьці просіцца слова «матуля», пачутае ад яе пазаўчора…

— Вось так, вось так, — прыгаворвае пані Мар’я, малюючы, — і трэба, Малец, не глядзець, не марыць, а рабіць сваё…

Не, ніколі, відаць, яна не палюбіць яго так, як Янку-музыку! I ніколі не сядзе побач з ім, Данікам, і не пахваліць яго так, як Саньку!..

Загрузка...