Дзея другая

Абстаноўка тая ж. У пакоі — Кацярына Карпаўна, маёр Козлікаў і людзі з пахавальнага бюро. Пасярод пакоя — труна.


Маёр Козлікаў (паказвае на труну). Што гэта такое?

Чалавек у чорным. Труна.

Маёр Козлікаў. Я сам бачу, што труна. Для каго?

Чалавек у чорным. Для… (Глядзіць у паперку.) Для маёра Караната Каранатавіча Козлікава.

Маёр Козлікаў (разгублена). Але ж я не заказваў.

Чалавек у чорным. Вам і не трэба заказваць. Даволі таго, што сёння раніцою ў загсе выпісана даведка аб тым, што маёр Козлікаў памёр. Усе астатнія клопаты па яго пахаванні ўзяло на сябе наша кааператыўнае бюро.

Маёр Козлікаў (аглядае труну). Мля, якраз на мяне.

Чалавек у чорным (з гонарам). У нас на кожнага кліента сабраны дадзеныя яшчэ пры жыцці. Неўзабаве вам пададуць касцюм, тапачкі, вянкі. Прабіваецца месца на могілках, ля былога загадчыка гандлёвай базы Хапуковіча.

Маёр Козлікаў. Дазвольце спытаць, а чаму ля Хапуковіча?

Чалавек у чорным. Па-першае, нам стала вядома, што маёр Козлікаў і Хапуковіч былі закадычнымі сябрамі. Па-другое, мы заўсёды стараемся класці работнікаў міліцыі побач з работнікамі гандлю. Так сказаць, родныя душы.

Маёр Козлікаў. Ля Хапуковіча, гэтага злодзея, не хачу ляжаць.

Чалавек у чорным. Паверце мне: пакойнікам усё роўна. І пры чым тут вы?

Маёр Козлікаў. А пры тым, што маёр Козлікаў — перад вамі. Я — жывы.

Чалавек у чорным. Прабачце, у вас ёсць дакумент, што вы — жывы?

Маёр Козлікаў (шарыць па кішэнях, потым схамянаецца, крычыць). Які яшчэ дакумент, мля?.. Вы што, аслеплі? Не бачыце мяне?..

Чалавек у чорным (спакойна). Значыць, няма. А вось у нас ёсць даведка аб тым, што маёр Козлікаў — памёр. (Паказвае паперу.) І мы пахаваем яго!

Маёр Козлікаў (выхоплівае пісталет, крычыць не сваім голасам). Во-он!.. Перастраляю, як сабак!


Людзі з пахавальнага бюро кідаюцца да дзвярэй.


З труной, мля, вон!


Людзі з пахавальнага бюро вяртаюцца, мітусяцца ля труны, нялоўка падымаюць яе. Ніяк не могуць трапіць у дзверы. Труна выкоўзваецца з рук. Кацярына Карпаўна, якая нерухома ляжала на дыване, падымаецца, кавыляе да маёра Козлікава і падае яму ў ногі.


Кацярына Карпаўна (стогне). Каранат… Сынок…

Маёр Козлікаў. Табе, матка, чаго?

Кацярына Карпаўна. Па-а-міра-а-ю…

Маёр Козлікаў. Ну і памірай сабе на здароўе.

Кацярына Карпаўна. Труну пакінь. Як жа без труны?..

Маёр Козлікаў (людзям з пахавальнага бюро). Адставіць!


Чалавек у чорным няўцямна пераглядваецца са сваім напарнікам, не ведаючы, што рабіць. Маёр Козлікаў шыпіць.


Пастаўце труну і ўбірайцеся, мля, к чарцям!


Людзі з пахавальнага бюро ставяць труну і подбегам, на дыбачках, пакідаюць пакой.


(Услед.) Ідыёты!

Кацярына Карпаўна (маёру Козлікаву). Дзякуй, сынок, за труну! Харошая, прасторная…

Маёр Козлікаў (адпускаецца). Ну што ты, матка, мне для цябе нічога не шкада.

Кацярына Карпаўна. Можна, я памалюся напаследак?

Маёр Козлікаў. Маліся. Не зацягвай толькі.

Кацярына Карпаўна. Не, я самую драбязочку.


Кацярына Карпаўна тупае ў кут, становіцца на калені і пачынае прычытаць, а маёр Козлікаў прыступае да выпіўкі.


Ой, Божа ж мой, Божа, за што ж Ты мяне пакараў — усю сіланьку забраў? Да я ж свой век гаравала, да я ж век старалася і будавалася, а цяпер уся мая сіланька прапала — дымам пайшла… Ды дзе ж мне прытуліцца, ды дзе ж мне нагрэцца, бо чужая хатка такая, як свякроўка ліхая. І чужая печ халодная. Ох, долечка мая непагодная!

Маёр Козлікаў (падыходзіць да Кацярыны Карпаўны). Матка, ты гэтымі сваімі малітвамі толькі душу мне вярэдзіш. (Падымае яе, праводзіць да пасцелі.) Ляж во і думай, што табе трэба зрабіць.


Кацярына Карпаўна паслухмяна ўкладваецца на канапу, адварочваецца да сцяны. У пакой заглядвае Фяўроння Захараўна.


Фяўроння Захараўна (маёру Козлікаву). Сабачка наш заснуў. Такі міленькі. Лапкі пад галаву. Роцік раскрыў і залаты зуб выставіў. Ідзі палю… (Раптам заўважае труну, крычыць.) А-а-а-а!.. (Спаўзае на зямлю, траціць прытомнасць.)

Маёр Козлікаў (кідаецца да Фяўронні Захараўны, трасе яе, б'е па шчоках). Фяўроння?.. Фяўроння?! Фяўронюшка…

Фяўроння Захараўна (расплюшчвае вочы, слабым голасам). А-а?.. (Паказвае на труну.)

Маёр Козлікаў. Гэта — для маткі. Для маткі труна!

Фяўроння Захараўна. Млосна… Прыбяры з вачэй.

Маёр Козлікаў. А, умомант. (Адстаўляе труну да сцяны, накрывае настольнікам.)

Фяўроння Захараўна. Дай мне вады!


Маёр Козлікаў заместа вады падае ў шклянцы самагонку. Фяўроння Захараўна робіць некалькі глыткоў, плюецца.


Я ў цябе прасіла вады, а не самагонкі. Ты разумееш, што такое вада?

Маёр Козлікаў. Прабач, вады дык вады. (Падае Фяўронні Захараўне ваду.)

Фяўроння Захараўна (п'е, крыху супакойваецца). Як старая?

Маёр Козлікаў. Амаль што ўсё.

Фяўроння Захараўна. Што яшчэ за «амаль»?

Маёр Козлікаў. Адыходную малітву толькі што адспявала. Дажывае апошнія хвілінкі. (Да Кацярыны Карпаўны.) Матка, ты як там?

Кацярына Карпаўна. Трохі адпусціла… Даруй, сынок, але лепей мне, лепей… На жаль.

Фяўроння Захараўна. Ой, людзі…

Маёр Козлікаў (абдымае Фяўронню Захараўну). Гэта цудоўна, што ёй лепш.

Фяўроння Захараўна. Каранат?

Маёр Козлікаў. А тое, што ўсім перад канцом становіцца лепш. Хіба не чула?

Фяўроння Захараўна (маёру Козлікаву). Праводзь мяне ў спальню.

Маёр Козлікаў. Ага, пакінем яе. Хай памірае спакойна.

Фяўроння Захараўна (ля дзвярэй у спальню). Цішэй, не грукай. Сабачка спіць.


Маёр Козлікаў і Фяўроння Захараўна знікаюць у другім пакоі. Чуваць лёгкі стук у дзверы. З'яўляецца дзед Язэп.


Дзед Язэп. Дзень добры ў хату. Дзверы насцеж — гаспадар дома?

Кацярына Карпаўна. Дома, дома. Праходзь бліжэй.

Дзед Язэп (здзіўляецца). А ты, Карпаўна, яшчэ не ў санаторыі?

Кацярына Карпаўна (уздыхае). Санаторыя мне адна ўжо. (Дрыжачымі пальцамі павольна развязвае вузельчык на шыі і працягвае Язэпу скрутак.) На, вазьмі.

Дзед Язэп. Што гэта?

Кацярына Карпаўна. На мае хаўтуры.

Дзед Язэп. Ды я першы лягу. Не вазьму.

Кацярына Карпаўна. Язэп, я ж цябе ў жыцці і не так шмат прасіла.

Дзед Язэп. Не-не, нізавошта. У цябе сын во які харошы. У санаторыю адпраўляе. Начальнік… Куды ж мне патыкацца?

Кацярына Карпаўна. Сын-то ў мяне нічога, а вот нявестка… (Уздыхае.) Пахавайце мяне на вясковых могілках, ля мужа майго Караната. (Голасам, на які нельга не адклікнуцца.) Суседзе Язэп, гэта мая апошняя просьба. (Працягвае зноўку вузельчык.)

Дзед Язэп (паціскае плячыма, але вузельчык бярэ). Мне што. Кішэню не адарве.


Заходзіць маёр Козлікаў.


Маёр Козлікаў. Ба, у нас узброены госць.

Дзед Язэп. Я, Каранатавіч, наконт сабакі, што прапаў. Такі ўчэпісты быў, і як у ваду…

Маёр Козлікаў. Ніякіх сабак, пакуль з хросным не дзербалызнем! (Нацэджвае з самагоннага апарата і падае дзеду Язэпу шклянку самагонкі.)

Дзед Язэп (адмаўляецца). Які з мяне піток? Паўчаркі ды пад масток.

Маёр Козлікаў. Хочаш са мной справу мець — пі!


Выпіваюць.


Дзед Язэп (ставіць шклянку, кхекае). Харошае зелле!

Маёр Козлікаў. У мяне ўсе харошае: і гарэлка, і жонка…

Дзед Язэп. І самі вы, Каранатавіч, харошы. Матку во ў санаторыю адпраўляеце.

Маёр Козлікаў (няўцямна). Якую санаторыю? (Глядзіць на закрытую настольнікам труну, схамянаецца.) А-а, усе там будзем.

Дзед Язэп (успрымае па-свойму). Не, мне туды дарога закрыта.

Маёр Козлікаў. Загрыміш, дзед, як піць даць. Гэта я, маёр Козлікаў, табе гарантую!

Дзед Язэп. Вот дзякуй!

Маёр Козлікаў. Чаго дзякаваць? Я б усіх туды пасля назначэння пенсіі адправіў, каб воля мая была.

Дзед Язэп. Во гэта — дзяржаўны чалавек.


Убягае сяржант Дзюба.


Сяржант Дзюба. Таварыш маёр, надзвычайная сітуацыя!

Маёр Козлікаў. Дзедаву сабаку знайшоў?

Сяржант Дзюба (заўважае дзеда Язэпа, мярцвее). Ні… Ніяк не-е-е… т-т-таварыш маёр.

Маёр Козлікаў. Дык чым ты займаўся, мля?.. Я з цябе скуру спушчу!


Сяржант Дзюба хоча нешта сказаць, але заместа слоў з яго рота вылятаюць нейкія невыразныя гукі.


(Да сяржанта Дзюбы.) Што там у цябе за сітуацыя?

Сяржант Дзюба. З-за-быўся, т-та-варыш маёр. (Трэ лоб.)

Маёр Козлікаў (плюе). Цьфу ты! Панабіралі ў органы асталопаў…

Дзед Язэп (да маёра Козлікава). Каранатавіч, чуў, што заморскага сабачку прыдбалі. А я ж да іх такі цікаўны. Каб глянуць на яго.

Маёр Козлікаў. Ён спіць.

Дзед Язэп. Я ціхенька, на дыбачках.

Маёр Козлікаў. Ну, глянь.

Сяржант Дзюба (горача пратэстуе). Таварыш маёр, ніяк нельга гэтага рабіць. Пасля ўсіх траўм, што перанёс Пан Фокс, з'яўленне любога пабочнага можа быць для яго катас… катакл… катастрафіч…

Маёр Козлікаў (выручае). Катастрафічным. (Да дзеда Язэпа.) Сяржант мае рацыю. Не будзем рызыкаваць. Вось праз тыдзень прыходзь, хросны, і глядзі, колькі ў душу ўлезе.

Дзед Язэп. Каранатавіч, вы ж ведаеце, як «лёгка» мне, старому, да горада дабрацца? Я нічога не буду гаварыць. Толькі зірну адным вокам на заморскага сабаку.

Маёр Козлікаў. Хіба што адным вокам.

Сяржант Дзюба. У сабакі таксама вочы ёсць!

Дзед Язэп. Дык ён жа спіць. Вочы закрытыя.

Сяржант Дзюба. Любы неасцярожны рух, і вочы сабакі могуць адкрыцца.

Маёр Козлікаў (згаджаецца). Так, могуць. Нельга, дзед.

Дзед Язэп. А я не пайду ў пакой. Я праз шчыліну ў дзвярах пагляджу на заморскі цуд.

Маёр Козлікаў. Праз шчыліну?

Дзед Язэп. Ага, праз яе самую.

Сяржант Дзюба. Таварыш маёр, я б не раіў. Сабака можа ўнюхаць.

Маёр Козлікаў. Праз шчыліну хай гляне.

Сяржант Дзюба (заступае дзверы). Для сабакі смяртэльна небяспечна.

Маёр Козлікаў. Адступіся, сяржант! Мне нават прыемна казычацца ў жываце, што так прагне мой хросны пабачыць тое, што ён ніколі не бачыў — майго заморскага сабачку. (Дзеду Язэпу.) Толькі, дзед, мля, асцярожна! Захад ёсць Захад!


Сяржант Дзюба вымушаны адступіць. Дзед Язэп становіцца на калені і прыпадае вокам да шчыліны ў дзвярах. У маёра Козлікава заўважаецца нецярплівасць. Маёр Козлікаў не вытрымлівае.


Ну як, дзед? Харошы заморскі звер?

Дзед Язэп. Задзяры мяне каршун, калі гэта — не мой сабака!

Маёр Козлікаў. Дзед, што за ахінею ты нясеш? Гэты сабака — з Амерыкі. Так, сяржант Дзюба?

Сяржант Дзюба. Т-так.

Маёр Козлікаў. У нас на яго і папера ёсць. Пашпарт.

Дзед Язэп (адчыняе дзверы, кліча). Тузік, ка мне!


Сабака кідаецца да дзеда Язэпа. Радасна вішчыць. Дзед Язэп абводзіць пераможным позіркам маёра Козлікава і сяржанта Дзюбу.


Вот вам і ўвесь пашпарт!


Маёр Козлікаў упіваецца вачыма ў сяржанта Дзюбу. Сяржант Дзюба ціснецца да дзвярэй.


Маёр Козлікаў (бярэ сяржанта Дзюбу за грудзі). Ты дзе, мля, падчапіў гэтага «бегемота»?

Сяржант Дзюба. Дык з Амерыкі, т-таварыш маёр…

Дзед Язэп. Каранатавіч, не слухайце, чысты беларус.

Маёр Козлікаў (сяржанту Дзюбе). Разжалую ў радавыя, сукін сын.


У пакой улятае раз'ятраная Фяўроння Захараўна.


Фяўроння Захараўна (накідваецца на маёра Козлікава). Што ў цябе тут за кірмаш? Я ж прасіла даць сабачку паспаць… І чаму ён у руках гэтага дзеда?

Маёр Козлікаў (вінавата). Бач, ён сцвярджае, што гэта — яго сабака.

Фяўроння Захараўна. Глупства. Што ён вярзе? Як яго? Фокс! Хау ду ю ду?


Сабака брэша. Дзед Язэп засоўвае сабаку ў рот палец і мацае зубы. На твары — недаўменне.


(Спалохана.) Каранат, што ён робіць? Там жа зуб!

Маёр Козлікаў. Дзед, ты што гэта, мля?

Дзед Язэп (разгублена, убок). Што за чорт? Зубы ўсе на месцы. (Перадае сабаку Фяўронні Захараўне.) Прабачце, але гэта — не мой сабака.

Маёр Козлікаў. Ес, ай эм Фокс!

Фяўроння Захараўна (здзекліва). «Не мой». Яшчэ чаго захацеў?

Маёр Козлікаў. Запомні, дзед: такі сабака — адзін на ўсю Рэспубліку Беларусь, мля!


Фяўроння Захараўна выводзіць сабаку ў спальню. Маёр Козлікаў налівае ў шклянкі самагонку, падае шклянку дзеду Язэпу.


Дзербалызнем, дзед, па другой! За майго сабаку!

Дзед Язэп (махае рукамі). Не-не. Замнога будзе. Яшчэ траплю ў вашу ўстанову.

Маёр Козлікаў (хлопае дзеда Язэпа па плячы). Там — я начальнік. Ёсць каго браць без цябе.

Дзед Язэп. Вот каб старшыню нашага, Абцугайлу, у выцвярэзнік.

Сяржант Дзюба. Таварыш маёр, успомніў сітуацыю. Дазвольце далажыць?

Маёр Козлікаў. Не дазваляю. (Да дзеда Язэпа.) Кажаш, закладвае Абцугайла?

Дзед Язэп. Локча, як свіння, і звярэе.

Маёр Козлікаў. «Нядобры» чалавек.

Дзед Язэп. Толькі і звання таго, што чалавек. Як воўк. Каб крылы былі, дык і птушак бы пахапаў!.. Са мной во было. Занядужаў. Ды так, што вады не мог прынесці. А кароўка, бедная, у хляве стаіць, рыкае, мучаецца. Прыязджаюць людзі нейкія і кажуць: «Прадай, дзед, кароўку». Я ім і гавару: «Калі не на мяса — забірайце». А назаўтра з'яўляецца ў хату Абцугайла. Ніколі не хадзіў, а то ўласнай персонай. «Прадаў, дзед, карову чужакам?» — «Прадаў». — «А ты ведаеш, што тым самым сарваў план па пастаўках мяса дзяржаве?» — «Не», — гавару. «Ну, дык да смерці будзеш ведаць цяпер: накладваю на цябе санкцыю — забараняю карыстацца канём і газам!»

Маёр Козлікаў. Ды ён, мля, у вас путчыст!

Дзед Язэп. Ого, хвашыст які!.. Ага, значыцца, у той жа дзень і забралі ў мяне газавы балон. А ў мяне, як на тое, з-за хваробы гэтай, гастрыту праклятага, і дроў ні палкі. Сяджу на печы і чаю не маю на чым падагрэць. Не ідзе ніхто. Баяцца. Папярэдзіў, гад: хто прыхінецца да дзеда, на таго таксама — штраф і санкцыю.

Маёр Козлікаў (з захапленнем). Вот гэта — дысцыпліна! (Спахопліваецца.) А дзе райвыканком?

Дзед Язэп. І пісаў, і хадзіў. А толку? Яны гэтага ката ўсхваляюць і медалі вешаюць.

Маёр Козлікаў. Я гэтага вашага Абцугайлу — у парашок!

Сяржант Дзюба (не вытрымлівае). Дазвольце сказаць, таварыш маёр? Надзвычайная сітуацыя!

Маёр Козлікаў (на сяржанта Дзюбу). Пайшоў вон, мля!


Сяржант Дзюба знікае.


(Дзеду Язэпу.) Я гэтага вашага Абцугайлу… сатру ў парашок.

Дзед Язэп. Ого, яго голымі рукамі не возьмеш.

Маёр Козлікаў. Я ўсё магу. Ты чуў, дзед, як я голымі рукамі танк узяў?

Дзед Язэп (разгублена). Не.

Маёр Козлікаў (пачынае расказ). Быў я тады радавым. Стаю на пасту, а мне па рацыі перадаюць: узбунтаваўся экіпаж танкавай часці. Захапілі танк з поўным боезапасам і пруць на горад: на жанчын, дзяцей, старых. І ніхто гэты танк спыніць не можа. Маўляў, на вас апошняя надзея, радавы Козлікаў… Я — на матацыкл і за танкам. Даганяю. Зрываю брызент з каляскі, пераскокваю на поўным ходзе на танк і закрываю брызентам глядзельныя шчыліны. Торкнуўся, мля, як сляпое кацяня і застыў. Стукаю ў браню: «Вылязай, рабяткі, прыехалі!» Адкуль ні вазьміся — начальства, рэпарцёры. Адхапіў медаль, гадзіннік імянны і павышэнне па службе.

Дзед Язэп. Я дзве вайны прайшоў. Усяго хлябнуў. Але каб танкі браць — не. (Нечакана.) Каранатавіч, а сёння б вы маглі на танку?

Маёр Козлікаў. Сёння, дзед, я сам, як танк! Сёння перада мной расступіся ўсе!


Расчыняюцца дзверы. Уваходзіць чалавек у чорным. У руках яго — цёмны касцюм.


Чалавек у чорным. Касцюм для пакойніка Козлікава. (Вешае касцюм на крэсла.)

Маёр Козлікаў (збянтэжана). Я… Мне… не трэба.

Чалавек у чорным. Вас не задавальняе? Паверце, пры сённяшнім дэфіцыце — гэта лепшае, што мы маглі падшукаць для пакойніка такога рангу.

Дзед Язэп. Каранатавіч, даюць — бярыце!

Маёр Козлікаў (чалавеку ў чорным праз зубы). Дзякуй, можаш быць свабодным.


Чалавек у чорным злёгку ківае галавой і знікае.


Дзед Язэп. Вось што значыць быць вялікім начальнікам. Абслугоўванне прама на даму. (Непасрэдна да маёра Козлікава.) А чаго ён вас, Каранатавіч, называе пакойнікам?

Маёр Козлікаў. Псеўданім.

Дзед Язэп. А, для канспірацыі.

Маёр Козлікаў. Дзед, у цябе яшчэ пытанні ёсць?

Дзед Язэп. Пасунуся ўжо. (Устае, ідзе да дзвярэй.) Пра сабаку майго, Каранатавіч, не забудзьце! (Знікае).


Маёр Козлікаў падлятае да тэлефона, набірае нумар.


Маёр Козлікаў (у трубку). Загс? Свінні, алкашы, мля. Спыніце з трунамі, касцюмамі, а не — усе вы ў мяне будзеце там! (Перапытвае раптам.) Гэта не загс? А што? Медвыцвярэзнік?.. (Кідае трубку.) Сувязістаў, мля, перастраляць.


З'яўляецца сяржант Дзюба.


Сяржант Дзюба. Надзвычайная сітуацыя, таварыш маёр.

Маёр Козлікаў (узрываецца). Што там яшчэ, мля, за «сітуацыя»?

Сяржант Дзюба. Старшыня калгаса «Новы шлях» Абцугайла даставіў у медвыцвярэзнік механізатара сваёй гаспадаркі Хлебнікава.

Маёр Козлікаў. І з-за гэтага падымаць вэрхал? (Плюецца.) Мля, калі нашы работнікі кацялком пачнуць шурупіць, а не мяккім месцам… І добра, што даставіў, сяржант. План лягчэй пойдзе. Пабольш бы нам такіх памочнікаў, як Абцугайла.

Сяржант Дзюба. Асмелюся далажыць, таварыш маёр, што механізатар Хлебнікаў не п'яны.

Маёр Козлікаў (іранічна). Толькі выпіўшы.

Сяржант Дзюба. Ніяк не. Цвярозы, як шкельца. Старшыня Абцугайла, таварыш маёр, у нецвярозым стане.

Маёр Козлікаў. Што значыць «у нецвярозым стане»? Канкрэтней!

Сяржант Дзюба. Надраўся ў сцельку, таварыш маёр.

Маёр Козлікаў. Маладзец. Пазнаю почырк. І як жа ты, сяржант, паступіў?

Сяржант Дзюба. Заарыштаваў абодвух, таварыш маёр. Да высвятлення абставін.

Маёр Козлікаў. Як, мля? Пасадзіў Абцугайлу? Майго лепшага сябра?

Сяржант Дзюба (разгублена). Таварыш маёр, вы ж самі казалі, што Абцугайлу — у парашок!

Маёр Козлікаў (ледзь стрымліваецца). Ты-ы, бязмен, мля, неданосак, мля, старшыню Абцугайлу неадкладна ж вызваліць і папрасіць прабачэння.

Сяржант Дзюба. Ёсць!.. А як жа з Хлебнікавым быць, таварыш маёр?

Маёр Козлікаў. Затрымаць Хлебнікава і скласці акт.

Сяржант Дзюба. Але ж ён — не п'яны…

Маёр Козлікаў. Не п'яны, дык напаі, мля…

Сяржант Дзюба. Ёсць напаіць! (Знікае.)


Маёр Козлікаў зноў прыступае да выпіўкі. Кацярына Карпаўна моліцца.


Кацярына Карпаўна…І прашу Цябе, Божанька, не пакідай сына майго, Каранатку. Харошы ён у мяне, вучоны, талковы, павагу вялікую мае ў начальства. Надзея мая, зярнятка маё!..


Маёр Козлікаў слухае малітву Кацярыны Карпаўны і пачынае плакаць. З'яўляецца Фяўроння Захараўна.


Фяўроння Захараўна (ківае на Кацярыну Карпаўну). Як яна?

Маёр Козлікаў (плача). Рыхтуецца.

Фяўроння Захараўна. Нешта ж доўга.

Маёр Козлікаў. Такі рытуал. (Пускае слязу.)

Кацярына Карпаўна (моліцца)…І нявестку маю, Божанька, не пакідай. І добрая яна бывае. І за сынам глядзіць. Дай ёй, Божанька, здароўя. Я ёй усё дарую!..

Фяўроння Захараўна. Зрабіла б сапраўды падарунак хутчэй, а то цягне валынку.

Маёр Козлікаў (абдымае Фяўронню Захараўну). Пачакай трохі, дарагая.

Фяўроння Захараўна. Я не магу больш чакаць. (Да залы.) Людзі! Надаела. Ванітуе. Кішкі пераварочвае ад шамкання, шоргання яе… Ой, не ведаю, што гавару. Пэўна, дрэнна гавару. Даруйце. Я сама хутчэй кончуся. (Плача.)

Маёр Козлікаў. Супакойся. Самагонкі хочаш?

Фяўроння Захараўна. Я пажыць хачу. Хачу, як усе нармальныя людзі, трымаць сабак у кватэры.

Маёр Козлікаў (прытульвае жонку). Фяўроннюшка! Лапка!.. Маці сказала, што памрэ — значыць, памрэ! Ты ж яе ведаеш — безадказная старая… А сабаку яшчэ аднаго возьмем. Аўчарку. Такую — гарр-гарр-гарр!.. О, мля.

Фяўроння Захараўна (выцірае слёзы). Ой, ці ўжывуцца яны?

Маёр Козлікаў. Абсалютная гармонія. У начальніка міліцыі такі ж састаў дома, мля.

Фяўроння Захараўна. Ага, я неяк бачыла іх на шпацыры. Сімпатычная пара.


Кацярына Карпаўна войкае і падае на бок, маёр Козлікаў падбягае да яе.


Маёр Козлікаў. Матка, ты чаго?

Кацярына Карпаўна (стогне). А-а, па-мі-ра-аю!

Маёр Козлікаў. Не памірай, матка! Пажыві яшчэ!

Фяўроння Захараўна (маёру Козлікаву). Ты што цяўпеш? Апомніся, Каранат!

Маёр Козлікаў (спахопліваецца). Хаця… рабі, матка, як хочаш. Як табе лепш.

Кацярына Карпаўна. Ты, ужо, сынок, глядзі тут…

Маёр Козлікаў. Буду глядзець.

Кацярына Карпаўна. Запросіш на пахаванне маіх суседзяў з Цельпухоўкі: Лёню, Антосю, Мар'яна, Ціхана, Івана. Язэпа не забудзь.

Маёр Козлікаў. Не забуду.

Кацярына Карпаўна. Ты запішы, сынок!

Маёр Козлікаў (водзіць пальцам па далоні). Запісана.

Кацярына Карпаўна. Грошай не шкадуй. Хай людзі памянуць добрым словам…

Фяўроння Захараўна. Кацярына Карпаўна, родненькая, даражэнькая, не хвалюйцеся. Справім памінкі багатыя і помнік мармуровы на магілцы паставім.

Маёр Козлікаў. Матка, я табе кожны дзень на магілку буду свежыя кветкі прыносіць.


У Кацярыны Карпаўны па шчацэ сцякае сляза. Твар яе як бы застывае.


(Паўшэптам.) Адыходзіць…

Фяўроння Захараўна (прыкладае палец да вуснаў). Ціха. Не спалохай!


У пакоі — доўгая цішыня чакання. Раптам за дзвярыма чуваць грукат. Паказваецца сяржант Дзюба.


Сяржант Дзюба (ад парога, моцна). Таварыш маёр, надзвычайная сітуацыя!..

Маёр Козлікаў (праз зубы). З-зат-кніся!..

Кацярына Карпаўна (варушыцца). Сынок, спытай яго, ці знайшоў сабаку дзеда Язэпа?

Маёр Козлікаў. Матка, ты гэта… Не звяртай увагі. Адключайся. Я разбяруся. Сабаку з-пад зямлі дастанем. (Падступае да сяржанта Дзюбы.) Вон, мля!..


Сяржант Дзюба ўцякае.


Фяўроння Захараўна (у роспачы). У нас не кватэра, а прахадны двор. Дзе ж тут дадуць старой памерці?

Маёр Козлікаў. Я замкну дзверы. (Шчоўкае ключом.) Цяпер ніхто ні нагой.

Фяўроння Захараўна. Глянь, як там матка.

Маёр Козлікаў (узіраецца ў твар Кацярыны Карпаўны). Вочы закрытыя, амаль не дыхае…

Фяўроння Захараўна. Гэта душа развітваецца з целам. Памаўчым.


Маёр Козлікаў і Фяўроння Захараўна садзяцца побач. Маўчаць. У пакоі такая цішыня, што калі б муха ляцела, то было б чутно.

Раптам звоніць тэлефон. Раз, другі, трэці. Ніхто да яго не падыходзіць.


Кацярына Карпаўна (варушыцца). Сынок, нехта звоніць. Паслухай!


Фяўроння Захараўна абхоплівае рукамі галаву. Маёр Козлікаў, як тыгр, падскочыў да тэлефона.


Маёр Козлікаў (у трубку). Які вам, мля, рэстаран?! Перавешаю, перастраляю, сабак!

Кацярына Карпаўна (стогне). Божачкі, панаторкалі ціліфонаў, званкоў усялякіх — памерці не дадуць!

Фяўроння Захараўна (з кулакамі накідваецца на маёра Козлікава). Паразіт… Што ж ты нарабіў? Колькі раз прасіла, каб перанёс тэлефон у калідор?

Маёр Козлікаў (апраўдваецца). Хто ж думаў, што ён зазвоніць у такі адказны момант?

Фяўроння Захараўна. Ты не думаеш, дык я за цябе падумаю. (Вырывае тэлефонную вілку з разеткі.) Во табе!.. (Апускаецца ў крэсла, плача.) Божа, і чаму ў свеце такая несправядлівасць? Гэта ж людзі мруць штодзень, як мухі. І якія людзі! Вунь Хапуковіч, загадчык базы, такі мужчына — кроў з малаком! У пяцьдзесят год адыходны марш сыгралі.

Маёр Козлікаў. Каб менш краў, даўжэй бы жыў.

Фяўроння Захараўна. Пісьменнікі паміраюць у маладым вяку, таксісты, а нашу старую ніякая халера не возьме.

Кацярына Карпаўна (стогне). Ва-ды-ы…


Маёр Козлікаў хапае шклянку, кідаецца па ваду.


Фяўроння Захараўна (перапыняе маёра Козлікава). Куды? Не смець!

Маёр Козлікаў (вяртаецца з пустой шклянкай). Матка, кіпячонай вады няма, а сырая табе зашкодзіць. Пачакай трохі!

Кацярына Карпаўна. Вады!.. Пі-іць… Вады!


Маёр Козлікаў заторквае вушы. Просьбы аб вадзе ўсё цішэй, пакуль, нарэшце, не змаўкаюць зусім. Кацярына Карпаўна не падае больш прыкмет жыцця. Маёр Козлікаў на дыбачках набліжаецца да яе, прыкладвае вуха да грудзей.


Фяўроння Захараўна (нецярпліва). Ну, што там?

Маёр Козлікаў (устае, уздыхае). Усё!

Фяўроння Захараўна (з недаверам). А ты добра паглядзеў?

Маёр Козлікаў. Не дыхае. (П'е самагонку, плача.)


Фяўроння Захараўна асцярожна набліжаецца да Кацярыны Карпаўны, на хвілінку моўчкі застывае перад ёй, а потым, як птушка, пырхае да шафы, дастае чорную хусцінку і павязвае галаву. Глядзіць у люстэрка, крывіцца, зрывае хусцінку. Падбірае тэлефон, уторквае вілку ў разетку, набірае нумар.


Фяўроння Захараўна (у трубку). Універмаг?.. Зіна, ты?.. (Плача.) Ой, не гавары! Такая бяда!.. Свякроўка… Ага, толькі што… Магла б жыць яшчэ ды жыць… Зінуля, я чаго званю? Можа, якая хусцінка ў вас завалялася на такі выпадак?.. Са срэбнымі блёсткамі пойдзе… Ага, забягу! І табе, Каранат, трэба нешта жалобнае апрануць. (Азіраецца, прыкмячае касцюм у крэсле.) Во касцюм! Якраз пад пахаванне! Адзень!

Маёр Козлікаў (ад касцюма, як ад агню). Гэта — не мой касцюм.

Фяўроння Захараўна. А чый?

Маёр Козлікаў. Не ведаю.

Фяўроння Захараўна (рашуча). Раз у нас, значыць, наш! Апранай!


Маёр Козлікаў неахвотна пераапранаецца. Касцюм сядзіць на ім як уліты. Фяўроння Захараўна хуценька набірае другі нумар.


Ізольда?! Я?! (Галосіць у трубку.) Свякроўка!.. Пяць хвілін назад… Сэрца ад жалю становіцца. Можа, у цябе ёсць таблеткі якія ці каплі?.. Не, я сама забягу.

Маёр Козлікаў (налівае ў шклянку самагонку). За ўпакой яе душы. (Выпівае.)

Фяўроння Захараўна (уражана). Каранат, ты сам не мог купіць такі касцюм. У цябе завялася палюбоўніца.

Маёр Козлікаў (іранічна). Кааператыўная.

Фяўроння Захараўна. Каранат, я ад цябе не чакала такой подласці. (Плача па-сапраўднаму.)


У дзверы моцна грукае нагой Лада. Маёр Козлікаў адчыняе.


Лада (з парога). Ма… Паплыла?

Фяўроння Захараўна (плаксіва). У нас, Лада, гора. Баба памерла. (Закрывае твар рукамі, плечы ўздрыгваюць.)

Лада. Ма, ты ж чакала яе смерці. Ты ж спяваць павінна. (Падыходзіць да Кацярыны Карпаўны, злёгку качаецца на нагах.) Ой, якая ж ёй лафа! Як я ёй зайздрошчу! Хай бы мяне пачакала. Я б з ёй — за кампанію!

Фяўроння Захараўна. Доча, так нельга гаварыць.

Лада. Усё, ма, можна. (Рэзка.) Продкі, ганіце пяць кускоў!


Маёр Козлікаў глядзіць на Фяўронню Захараўну, тая — на яго.


Што анямелі?

Маёр Козлікаў. Пакойніца ў хаце. Як не сорамна, мля?

Лада (ціха, але выразна). Мне сорамна?! (Паказвае пальцам сабе ў грудзі.) За што? Сорамна вам. Я б на вашым месцы згарэла з сораму. Вырадзілі дачку, а цяпер двое такіх ілбоў не могуць яе пракарміць.

Маёр Козлікаў. Мы — не мільянеры, каб раскідвацца сотнямі.

Фяўроння Захараўна. Лада, нашто табе столькі?

Лада. На кулон. Хачу залаты кулон!

Фяўроння Захараўна. У цябе ўжо ёсць залаты ланцужок. Дачка, мы не можам…

Лада. Не можаце, дык не трэба было раджаць мяне на гэты праціўны свет. А цяпер мне як быць? Ісці красці?.. А вы потым будзеце сваімі сабакамі лавіць родную дачку. Я думаю, чаго гэта мае продкі так улеглі ў сабакаводства?

Маёр Козлікаў (праз зубы). Замаўчы!

Лада (іранічна). Што-о?.. Вы сёння яшчэ не чулі майго голасу. Зараз я напомню! (Кудлаціць валасы, кладзецца на падлогу, б'е нагамі, крычыць.) Хціўцы!.. Здраднікі!.. Хачу залаты кулон!.. Памру!


Маёр Козлікаў і Фяўроння Захараўна мітусяцца каля Лады.


Маёр Козлікаў. Лада!

Фяўроння Захараўна. Доча!.. Зараз дадзім!.. Зараз…


Фяўроння Захараўна кідаецца да Кацярыны Карпаўны, абмацвае яе, ірве кофту. Лада спакваля супакойваецца, пачынае з цікавасцю сачыць за дзеяннямі маці.


(З істэрыкай адскоквае ад Кацярыны Карпаўны.) Людзі!.. Няма!.. Абманула!..

Маёр Козлікаў. Хто абмануў?.. Чаго няма?..

Фяўроння Захараўна. Грошай у старой няма.

Маёр Козлікаў. Во, мля, не можа быць.


Маёр Козлікаў і Фяўроння Захараўна тармосяць Кацярыну Карпаўну. Яна… войкае і ўстае. Фяўроння Захараўна моўчкі спаўзае на падлогу.


Кацярына Карпаўна. Дзе я? На тым свеце?

Маёр Козлікаў. Пакуль на гэтым, матка. Дзе грошы?

Кацярына Карпаўна. Якія грошы? А… Даруй, сынок… Божачкі, гэта ж я цябе забылася папярэдзіць. Во галава… Гэта ж я грошы на сваё пахаванне дзеду Язэпу аддала.

Маёр Козлікаў. Дзякуй, матка.

Фяўроння Захараўна (прыходзіць у сябе). Во, я так і думала: нездарма валацуга стары, злодзей гэты прыцёгся. Сабака яму? Унюхаў грошы і вымантажыў у старой.

Кацярына Карпаўна. Ён не браў. Я ледзь упрасіла.

Лада (ускліквае). Брава, баба! Здорава ты іх накалола!


З'яўляецца сяржант Дзюба.


Сяржант Дзюба. Таварыш маёр, надзвычайная сітуацыя! Старшыня Абцугайла вызвалены, але сваім ходам не можа рухацца. Дазвольце ўзяць машыну!

Маёр Козлікаў. Потым. Сяржант, дастаў зараз жа сюды дзеда Язэпа. Жывога ці мёртвага, мля!

Сяржант Дзюба. Ёсць! (Пакідае пакой.)

Лада. Можа, я не валаку, чаму баба павінна абавязкова аддаць канцы. Хай пажыве яшчэ. Што яна бачыла? У вёсцы, як крот, акапалася са свіннямі, курамі. У нас — таксама: і за няньку, і за лыжкамыйку, і за прыбіральшчыцу. Не, не дуба даваць трэба бабе, а пажыць, як сапраўднай «гёрл»: на курорт з'ездзіць, у кабак схадзіць, на відзікі. Магу арганізаваць, мазе?

Фяўроння Захараўна. Каранат, яна здзекуецца з нас.

Лада. Пяць кускоў на бочку! Лічу да трох! Раз… два…

Маёр Козлікаў. Замаўчы!

Лада. Баця, маўчаць якраз трэба табе. (Дастае газету, падае маёру Козлікаву.) На, чытай! Тут пра цябе напісана!.. Чао!


Лада знікае.


Маёр Козлікаў (чытае). «На працягу ўсіх сваіх свядомых гадоў Каранат Каранатавіч зарэкамендаваў сябе цудоўным работнікам. Не баяўся глядзець смерці ў твар. Прынцыповы да мозгу касцей, таварыскі. Ён карыстаўся вялікім аўтарытэтам у былых камуністаў раёна. Будучы ў апошнія гады на такім адказным месцы па барацьбе з п'янствам і алкагалізмам, як начальнік медвыцвярэзніка, ён заўсёды выконваў і перавыконваў план!..» (Задаволена.) Правільна, мля, пішуць. Справядліва. Ні разу я план не заваліў. Колькі чалавек даведзена было, столькі і прапускаў праз медвыцвярэзнік.

Фяўроння Захараўна (вырывае газету, глядзіць, войкае). Божа, чаго ты радуешся, дурань. Гэта ж некралог на цябе! У чорнай рамцы.

Маёр Козлікаў. Мля, не можа быць.

Фяўроння Захараўна. Пратры вочы, калі заліў. (Чытае.) «З вялікім жалем паведамляем, што на пяцьдзесят першым годзе жыцця трагічна загінуў маёр міліцыі Каранат Каранатавіч Козлікаў…»

Маёр Козлікаў. Во, мля… Усё з-за паскуднай даведкі ў загсе.

Фяўроння Захараўна. Што яшчэ за даведка?

Маёр Козлікаў. Узяў даведку аб сваёй быццам бы смерці, каб матку ў дом састарэлых сплавіць. А яны, бач, куды павярнулі, сабакі. Я ім галовы паскручваю, мля.

Фяўроння Захараўна. Ты спачатку пра сваю галаву падумай. Звані тэрмінова на работу, што ўсё ў газеце — не так. Што ты — жывы!

Маёр Козлікаў (набірае нумар). Алё, міліцыя? Гэта я… Маёр Козлікаў… Я, я — маёр!.. Ды жывы я! Мля, не! (У трубцы піпіканне. Разгублена.) Не прызнаюць. Кажуць, што я памёр. На вянок сабралі ўжо.

Фяўроння Захараўна. Дзе ж прызнаюць? Столькі ўліў.

Маёр Козлікаў. Дык я ж заўсёды такую норму бяру. Павінны былі прывыкнуць, мля… Давядзецца цягнуцца цяпер самому.

Фяўроння Захараўна. Куды? Назюзюкаўся, як бобік, і ён — пойдзе.

Маёр Козлікаў. А як быць?

Фяўроння Захараўна. Абвяржэнне ў рэдакцыю «Вячоркі» трэба даць. Маўляў, выйшла памылка. Памёр не ты, а твая матка. Тым больш што ініцыялы ў вас аднолькавыя.

Маёр Козлікаў. Гэта разумна!.. (Спахопліваецца.) Але ж матка — жывая. Ды яна сёння і не памрэ ўжо.


Фяўроння Захараўна бярэ вяроўку і робіць з яе пятлю. Працягвае маёру Козлікаву. Той бярэ вяроўку, няўцямна глядзіць на жонку. Фяўроння Захараўна ківае на Кацярыну Карпаўну. Маёр Козлікаў пачынае разумець, што ад яго хочуць.


Ты што-о?! Думаеш, я апошні чалавек, падонак, фашыст? Ты думаеш, я буду, як эсэсавец, вешаць родную матку?! (Накідвае пятлю на шыю Фяўронні Захараўне.) Ды хутчэй, мля, я цябе задаўлю, падлу! (Спрабуе паддушыць.)

Фяўроння Захараўна (вывіжоўваецца, скідвае пятлю). Вешайся сам, прыдурак, калі не хочаш, каб матка. Другога выйсця ў цябе няма.


Фяўроння Захараўна бяжыць у другі пакой і закрываецца там. Маёр Козлікаў стаіць з вяроўкай пасярод хаты.

З'яўляецца чалавек у чорным.


Чалавек у чорным. Тапкі белыя для пакойніка Козлікава. (Кладзе на крэсла.)


Нічога не гаворачы, маёр Козлікаў бярэ тапкі і адзін за другім запускае іх у чалавека ў чорным. Той спрытна ўхіляецца і знікае.


Маёр Козлікаў. Мля, буду страляць без папярэджання. (Падымае тапак, прымярае.) Мля, якраз на маю нагу!..


Маёр Козлікаў ідзе да Кацярыны Карпаўны і моўчкі кладзе перад ёй вяроўку.


Кацярына Карпаўна (глядзіць). Вяроўка? (Бярэ ў рукі.) Тая самая вяроўка, на якой я кароўку на пасту вадзіла, а пасля Ладу, унучаньку, гушкала. І зноў вярнулася да мяне вяроўка. І чаго ж яе прынёс, сынок?! Кароўкі няма, Лада вырасла… (Мацае вяроўку.) Пятля?! Як для вісельніка?! Не, гэта няпраўда. Гэта — сон. Гэта проста страшны, жудасны сон. Божанька, зрабі так, каб ён хутчэй скончыўся.


Кацярына Карпаўна спрабуе надзець вяроўку сабе на шыю, але ў гэты момант у пакой з енкам убягае Фяўроння Захараўна.


Фяўроння Захараўна (Істэрычна). А-а… А-а!..

Маёр Козлікаў. Што з табой?


Фяўроння Захараўна крычыць яшчэ мацней. Маёр Козлікаў трасе яе за плечы.


Што-о?..

Фяўроння Захараўна. С-са-саба-чка…

Маёр Козлікаў. Што сабачка? Гавары, мля!


Фяўроння Захараўна заходзіцца ад плачу.


Сабачка здох?

Фяўроння Захараўна. Не-е-е…

Маёр Козлікаў. Захварэў?

Фяўроння Захараўна. Не-е-е…

Маёр Козлікаў. Уцёк?

Фяўроння Захараўна. Не-е…

Маёр Козлікаў. Дык што тады? Гавары, мля. Я загадваю!

Фяўроння Захараўна. З-з-зуб…

Маёр Козлікаў. Сабака ўкусіў зубам?

Фяўроння Захараўна. Ой, не. З-зуб згубіў.

Маёр Козлікаў (плюе). Цьфу, не было бяды большай. Уставім новы. Будуць, мля, два залатыя зубы!

Фяўроння Захараўна. З-залаты з-зуб з-згу-біў!

Маёр Козлікаў. Во, мля! (Кідаецца шукаць зуб.)


Маёр Козлікаў і Фяўроння Захараўна поўзаюць па падлозе, заглядваюць ва ўсе куткі. З'яўляецца Лада. У яе на шнурку, які на шыі, матляецца залаты зуб сабакі.


Лада. Продкі, што шукаеце?

Маёр Козлікаў. Адстань!

Фяўроння Захараўна. Не перашкаджай!

Лада. Продкі, як мой залаты кулон? (Паказвае ім залаты зуб на шнурку.)


Маёр Козлікаў і Фяўроння Захараўна падымаюць галовы, устаўляюцца на залаты зуб, які паказвае Лада. Першай не вытрымлівае Фяўроння Захараўна. Яна кідаецца да Лады. Лада ўцякае ад маці. Маёр Козлікаў устае, стомлена павісае на стале. Падыходзіць Кацярына Карпаўна.


Кацярына Карпаўна. Сынок, не магу ніяк памерці, прабач…

Маёр Козлікаў. Не можаш, дык кладзіся ў труну жывой. (Вывалаквае труну на сярэдзіну пакоя.)

Кацярына Карпаўна. Можа б, ты са свайго рэвальверта падстрэліў мяне, сынок?

Маёр Козлікаў. Ну што ты, матка? Дадумалася. Хочаш роднага сына забойцам зрабіць? Залазь во!

Кацярына Карпаўна. Ой, не ўмею я. За ўсё жыцце ўсяму навучылася. А вось паміраць — не.

Маёр Козлікаў. Што тут умець? Глядзі, матка! (Забіраецца ў труну, складвае рукі, заплюшчвае вочы.)

Кацярына Карпаўна. Сынок, Каранатушка! Адумайся. Што ты робіш? Я сама!


У гэты момант дзверы ў пакой адчыняюцца. З'яўляюцца сяржант Дзюба і дзед Язэп.


Сяржант Дзюба (не заўважаючы маёра Козлікава, рапартуе). Таварыш маёр, загад вы… (Раптам бачыць маёра Козлікава ў труне.) Таварыш маёр! (Паўзе да яго на каленках.) Т-таварыш маёр! (Плача.) На каго ж вы мяне кінулі?! Што ж я без вас рабіць буду?..

Маёр Козлікаў (на сяржанта). Цыц!.. Гарэлкі сюды!

Сяржант Дзюба (як бы не чуе). Карміцель наш!

Маёр Козлікаў (грозна). Гарэлкі, бязмен, мля…

Сяржант Дзюба (усхопліваецца). Й-ёсць гарэлкі! (Падае бутэльку і шклянку.)


Маёр Козлікаў налівае ў шклянку гарэлку і выпівае прама ў труне.


Маёр Козлікаў (дзеду Язэпу). А ты, дзед, прахвост. (Іншым тонам.) Здаць матчыны грошы, мля!

Кацярына Карпаўна. Сынок, я зраблю, як ты хочаш. Я лягу ў труну, памру зараз жа. Толькі хай грошы будуць у Язэпа.

Маёр Козлікаў (дзеду Язэпу). Грошы!

Дзед Язэп (у роздуме). Карпаўна, аддаць?

Маёр Козлікаў (спрабуе вылезці з труны, але набраўся настолькі, што не можа). За зневажэнне асобы — пад суд!

Дзед Язэп. «Асоба».

Маёр Козлікаў. Я — маёр Козлікаў. Каранат Каранатавіч, ад слова «каранаваны»…

Дзед Язэп. Правільна. Каранаваны…


У пакой убягае Фяўроння Захараўна.


Фяўроння Захараўна (працягвае ў руцэ шнурок з залатым зубам). Знайшоўся! Праглынуць хацела, падла. З горла ледзь выдрала…


Да дзеда Язэпа падбягае сабачка, вішчыць.


Дзед Язэп (лашчыць сабаку). Тузік! Гэта ж мой Тузік. І зуба наперадзе няма. Якраз у тым месцы.


Маёр Козлікаў скрыгоча зубамі і пераварочваецца ў труне. Сяржант Дзюба паўзком дае цягу да дзвярэй. Трымаючыся за шыю, уваходзіць Лада.


(Да Кацярыны Карпаўны.) Хадзем, Карпаўна… У вёску! Табе тут больш нечага рабіць.

Лада. Забярыце і мяне. Інакш я такое зраблю, увесь раён уздрыгнецца. Уставай, ба… Ба!.. Ты што? (Тармосіць старую.)


Кацярына Карпаўна маўчыць. Дзед Язэп кранае яе і раптам змяняецца ў твары.


Дзед Язэп. Не тармасі яе… Няўжо не бачыш?


З'яўляецца чалавек у чорным.


Чалавек у чорным. Вянок для нябожчыка Козлікава.

Загрузка...