Частка другая ХАДОЮ КАРАНЁЎ

У той год, калі мы сустрэліся, адусюль у Стамбуле, літаральна з кожнага пірацкага кіёску «CD-DVD-MP3» даносіўся нервовы голас Брэндана Флаўэрса, які то ўзыходзіў у фальцэт, то абрынаўся ў прыемны бас. Брэндан, расцягваючы галосныя, выводзіў свой гімн Crossfires, і іншай падказкі пра тое, калі дакладна гэта адбылося, — не будзе. Зрэшты, калі мы бачым у кіно інтэр’ер у стылістыцы канца 70-х (шмат каляровага пластыка, які з-за Кубрыка і Карбюзье стаў прыкметай well-fashioned interior і хуценька пайшоў з моды праз нейкія пяць год); калі на сценцы пакоя вісіць каляндар на 1980-ты год, а пры ўсім гэтым аднекуль з вуліцы чутно «Ламбаду», нам адразу ж становіцца зразумела, што перад намі сцэна для дзеянняў, якія разгарнуцца ў 1989-ым. Бо да 1989-га не было ліпкай, як танная пахлава, набытая на рагу ў Лалэлі, «Ламбады», а пасля 1989-га «Ламбады» зноў не было, бо надта ж прыелася з-за бясконцай ратацыі. Такім чынам, адзіная падказка пра год: Crossfires.

Я ляцеў дадому, асветлены паловай сонца, якое ніяк не магло закаціцца, сысці, супакоіцца само ды пакінуць у спакоі мяне. Гадзіна, другая, шостая, а захад, да якога я рухаўся, усё яшчэ ўтрымліваў прыкметы блізкай прысутнасці сонца, бо хуткасць, з якой мы рвалі нябёсы, не давала часу бегчы наперад. Мне не спалося з-за гэтага захраслага на палове шляху свяціла, мяне падкалочвала ад каламутнага летуцення, падобнага да таго, што я адчуваў у папярэднюю ноч, але з тым істотным адрозненнем, якое набывае вобраз, напрыклад, лялечнага трусіка, калі ён перамяшчаецца са сну пра дзяцінства ў начны навязлівы кашмар, у якім трусікі абступаюць цябе, і робіцца млосна ад іх неверагоднай колькасці, ад іх маўклівасці, ад іх змрочнага сімвалізму.

Думалася найперш пра яе ўслі (ousli), пра іх гарачыню, якую я так і не зведаў, але быў да таго гатовы лінгвістычна (я так лічыў), пра тое, як успыхнулі б яе ягадкі пры пацалунку (тады я яшчэ не ведаў, што ў гэтай мове ёсць такія прыгожыя пяшчотныя словы, як «ягадка» — словы, якія азначаюць не проста cheek, але hill of the cheek). Я спадзяваўся, што калі апынуся дома, сярод маёй шведскай мэблі, храмаванай кухоннай тэхнікі і канцэптуальных фотаздымкаў, калі зраблю сабе мілк-шэйк, вяроза пройдзе, і ўсё стане па-ранейшаму. Па нейкім дзіўным супадзенні, а, можа, і не супадзенні, бо падобнае здаралася не толькі са мной, — сутыкненне з гэтай краінай, што знаходзіцца там, дзе некалі была мая радзіма, не пакінула мне майго камфортнага мінулага і магчымасцяў выкарыстання яго прафесійных дасягненняў для далейшага заможнага быцця. Я застаўся без працы і без рэпутацыі. Пра тое, каб працягваць адносіны з аўкцыённымі дамамі нельга было нават марыць, акуратны ліст з прапановамі, накіраваны кіраўніцтву аднаго з іх, выліўся ў з’едлівую навіну, змешчаную наступным вечарам на іх сайце. У навіне без узгадвання прозвішча паведамлялася, што «містэр „МакДональдз“ „жадае займацца жывапісам“», пры гэтым, мяркуючы па каментах, усе ўжо выдатна распазнаюць менавіта мяне пад гэтай мянушкай. З другога боку, свет, адкрыты мне Настай, клікаў да нязведанага. Падобна да таго, як калі б я знайшоў у сябе ў шафе вялізны казачны свет. І, зазірнуўшы туды аднойчы, апынуўся адразу ў віры падзеяў, зразумеўшы, што я ў гэтым свеце — не апошняя асоба і гэты свет сканае без мяне. Зрэшты, кім я быў у ЗША? Звычайным лузерам без гісторыі, якому ў лепшым выпадку можна было спадзявацца калі-небудзь адкрыць уласную антыкварную краму. Там, у гэтай загадкавай Беларусі ці побач з ёй (у любой суаднесенасці!) я ператвараўся ў загадкавага прынца ў выгнанні. Прынца са страчаным каралеўствам ды зруйнаваным палацам, краіна якога забылася ў маркотным людажэрным сне, але ж як прыемна было цешыць сябе датычнасцю да яе гісторыі, да яе культуры! Як прыемна было адчуваць — не, не карані! Не карані! Аднак геральдыку, якая падмацоўвае твае гены! Як прыемна было, стоячы ў чарзе за кубачкам эспрэса ў «Старбаксе» — у шэрагу такіх жа аднолькавых (не па выглядзе, а па класавай прыналежнасці, бо ў ЗША рознасць у класах засталася хіба што ў самалётах — пры тым, што і «бізнес», і «эканом» ляцяць у адной махіне «Боінгу»), адчуваць уласную высакароднасць, выключнасць! Як прыемна было, трымаючы ў руках русальчаты папяровы кубачак з кавай, уяўляць посуд, з якога пілі мае продкі, ды інтэр’еры, у якіх яны бавілі час!

Ну і, да таго ж, Наста. Наста. Мая каралеўна. Мне трэба было расшукаць яе.

Першае, што я зрабіў, — загугліў арганізацыю «палякаў» у Бостане. «Палякі» трапілі ў сеткі Сеціва даволі хутка, некалькі мэйлаў, і я атрымаў стракатае запрашэнне на іх сход. Саюзу належаў урачысты будынак у стылі ўсходнебярэжнага класіцызму, у якім я з хваляваннем пазнаў прыкметы падабенства да экстэр’ераў Жукоўскага, дзядуліных баек ды майго клавесінна-рамантычнага ўяўлення пра страчанае каралеўства.

Мяне ветліва павіталі і, пільна аглядаючы новых сяброў, я адчуў лёгкую занепакоенасць: занадта яны былі падобнымі да звычайных амерыканцаў. Ніякіх адметнасцяў не было ні ў выразах твараў, ні ў вачах, ні ў тым, як яны былі апранутыя. Рухаліся спакойна ды ўзважана. Не мелі нічога агульнага з гіпертрафіраванай энергічнасцю Насты, яе імпэтам (менавіта тут я падсвядома зразумеў, што да самага скону буду шукаць рысы Насты ў любым напатканым беларусе і менавіта Настаю буду вымяраць яго «беларускасць»: падобны да Насты — значыць, беларус. Непадобны — трэба яшчэ памацаць, які ты там беларус!).

Да таго ж, сама атмасфера гэтай грамады, гэтага сходу, што адбываўся на састаўленых колам крэслах пад сцэнай, на якой самавіта месціўся раяль, больш нагадвала атмасферу гуртка аматараў тэатральнай самадзейнасці, чым тайны сход прадстаўнікоў спакутаванай нацыі, сама прыналежнасць да якой лічылася высакароднасцю. Яны сказалі, што павінны для пачатку спець, і на сцэну ўзышоў не менш самавіты за раяль дзядзечка, які пачаў граць і спяваць, а ўсе хорам яму падпявалі. Я намагаўся падцягваць, старанна ляпаў ротам, чакаючы, калі мяне ўжо перапоўніць адчуванне выбітнай нацыянальнай прыналежнасці.

Але адчуванне не йшло. Далей пачалося штосьці кшталту цырымоніі прыняцця ў «палякі», старэйшы запытаўся, адкуль я паходжу, і я распавёў пра Навагрудак, маёнтак, дзеда. Яны ўхвалілі мае карані і запыталі, ці я не з Вярбіцкіх. Я пацвердзіў, з Вярбіцкіх. Сакратар пачаў выпісваць мне цыдулку аб чалецтве ў «Boston’s union of Poles», а я ўсё ўслухоўваўся ў іх мову. Яна была падобнай да той мовы, якой спрабавала вучыць мяне Наста, але падобнай адно ў яе адрозненні ад ангельскай. Іх мова была цвыркатай ды шапаткой, як слова «pshimislovitsa» (не ведаю, што яно значыць і ці існуе такое слова наогул, вось захавалася з той сусрэчы…). І тады я вырашыў іх праверыць.

— Прабачце, калі ласка, за пытанне, — звярнуўся я да старэйшага. — Яно можа падацца дзіўным, але ж як на нашай мове завецца вось гэта? — я паказаў на ўласную lip.

— Warga, — адказала адразу некалькі галасоў.

Людзі навокал ветла заўсміхаліся: чалавек цікавіцца ўласнай мовай!

— Warga? — збянтэжана перапытаў я. — А ці ёсць яшчэ якія-небудзь словы?

— Usta, — крыкнулі ззаду.

— Usta, — паўтарыў старэйшы. І дадаў: — «Warga» means one lip, «usta» means two lips.

Я быў здзіўлены тым, што ў гэтай мове дзве вусны мелі асобнае слова, але куды больш я быў узрушаны абсалютным непадабенствам «warga», «usta» (яны вымаўлялі апошняе з моцным націскам на першы склад), да вуркатлівага слоўца, якому навучыла мяне Наста.

— Зноў прабачце за пытанне, але яно надта прынцыповае для мяне, — працягнуў я. — А ці ёсць у нашай мове нешта падобнае да «ousli»? Для абазначэння lips.

Талака сцішылася, усе напружана шукалі адказ. Урэшце кагосьці азарыла:

— Ды не «ўслі»! А «вусны»! «Вусны»?

Я пачырванеў, зразумеўшы ўласную памылку і шалёна заківаў: так, так! Вось гэтае слова!

— Дык гэта не па-польску! Тое па-беларуску! — растлумачыў мой выратавальнік.

Ён быў караценькі ды надта ўжо ружовенькі, як немаўлятка. Я быў гатовы яго расцалаваць.

— Адкуль ты ведаеш, Войцех? — запыталі ў яго.

— У мяне бацька з Біяластоку, а там так кажуць.

— А ці гэта азначае, што ў беларусаў уласная мова, уласнае камьюніці тут? — запытаўся я.

— Ну, кшталту таго, — адказалі суразмоўцы. — Але ж яны вельмі закрытыя, хлопча! Да іх проста так не трапіш!

Як бачна, мой шлях да Насты складаўся з памылак. Спачатку я памыліўся ў назве раёна Стамбулу, дзе праходзіла выстава Марка Шагала. Потым памыліўся, запрасіўшы яе ў Блакітную мячэць, намаляваўшы сілуэт, які мог быць распазнаны як Святая Сафія. У рэшце рэшт, у пошуках яе я памыліўся, прыняўшы палякаў за «палякаў» у пошуках беларусаў. І я не буду слухаць рэдактара, які працуе з гэтым тэкстам і кажа, што Наста не прыйшла, бо не жадала мяне бачыць, бо ён, Янка, рэдактар, быў у Стамбуле і памятае, што ад Святой Сафіі вельмі ж добра бачная блакітная мячэць, і калі б Наста сапраўды хацела мяне сустрэць, яна б зразумела маю памылку, не, не, Янка, не ўсе такія разумныя, як ты, там было шмат гандлёвых намётаў, з-за намётаў яна не здольная была, не здольная…

Карацей, я вярнуўся да сабе ў студыю з пасведчаннем паляка і пачаў араць сеціва ў пошуках Belarussians у Бостане. Тут была друзачка ад вялікай эмігранцкай арганізацыі беларусаў Амерыкі, якая пасля адной асабліва жудаснай для беларусаў ночы абвесціла сябе адзінай легітымнай уладай маёй краіны (Беларусі). Але на іх сайце не было ніякіх кантактаў, апроч адрэсы info@belarus.сom. На мой мэйл з дэтальным апісаннем сітуацыі і паходжання я атрымаў адказ ад mailing robot, у якім тлумачылася, што мой ліст прыняты да разгляду, аднак апошнім часам сайт некалькі разоў быў атакаваны хакерамі, а чальцы Рады падвергліся нападам невядомых. Таму яны са шкадаваннем канстатуюць, што не змогуць хутка выйсці са мной на сувязь. Аднак калі мой запыт не выклікае ў іх сумневу, яны самі мне патэлефануюць (дзе толькі, цікава, знойдуць нумар? Я даслаў і нумар!). Ад гэтага патыхала ўжо масонствам, таемнымі ложамі, карацей, гэта было бліжэй да майго ўяўлення пра краіну.

Праз сацыяльныя сеткі я выйшаў на бостанскага блогера з мянушкай Franachak, які старанна рабіў допісы па-ангельску, прэтэндуючы на статус native american. Ён апісваў сваё штодзённае жыццё, побыт ды працу ў краме для дваццаці фрэндаў, якія яго чыталі. У profile ён меў караценькае «born in Belarus», а блогі яго фрэндаў былі не кірылічнымі і ўтрымлівалі літарау «ў», па якой, як я зразумеў з Вікіпедыі, прасцей за ўсё ідэнтыфікаваць допіс на мове Насты. Я скантактаваўся з Франачкам, але ён не адказаў на мой скайп-запыт. Якімі close-minded былі гэтыя людзі! Як складана было праціснуцца ў іх кола! Я завёў эккаўнт, у якім падрабязна апісаў, дзе жыву, змясціў фота свайго дома, свайго пакою, апісаў свае зацікаўленасці ды дадаў, што з-за паходжання (я растлумачыў пра Навагрудак), цікаўлюся беларускай мовай і культурай. Я спадзяваўся, што гэта дапаможа мне ва ўсталяванні кантактаў, але я атрымаў два каменты, і ні ў адным з іх не было запрашэння пасябраваць. Першы — «Another set up! Who are you hunting? People from Rada?». Другі, кірылічны, аднак без літары «ў»: «Блядь, как заебала эта гэбня с её методами! Иди на хуй, товарищ маёр! Что, блядь, в Школе КГБ мове уже не учат. Или ты думаешь, тебя сам Зенон сейчас должен разыскать, чтобы языку научить?».

Аднойчы прыемным вясеннім вечарам, выходзячы са «Старбаксу», я напаткаў бялявага юнака з засяроджаным поглядам. Гэты погляд быў першым, што я заўважыў, і менавіта дзякуючы яму адчуў, зразумеў… Юнак змушана ўсміхнуўся і сказаў, што пазнаў мяне па фота ў маім прафайле. Што я, мабыць, Джон Вілаў. Я здзіўлена пацвердзіў, а ён растлумачыў, што ён — Франачак, я яму неяк пісаў, і вось, ён праходзіў побач, глядзіць, а ў кавярні сядзіць Джон Вілаў, той самы, які яго шукаў. Я здзівіўся такому тлумачэнню, бо ў кавярні немагчыма было сядзець, гэта быў Starbucks Stand з адзіным крэслам, якое, да таго ж, было занятае, але радасць ад таго, што мы сустрэліся, была большай за здзіўленне.

Франачак перш за ўсё спытаў, ці ёсць у мяне нейкі мэсадж да яго, і гэта таксама было дзіўна, я не зразумеў, што ён мае на ўвазе, але ён махнуў рукой і прапанаваў: «Праехалі». Мы хутка пасябравалі з ім, бо ён адчуў маю прагу да мовы. Менавіта Франачак быў чалавекам, які пазычыў мне вялікі Ангельска-беларускі моўны дапаможнік В. Вячоркі, лепшае, што было дагэтуль створана для агламоўнага вучня, які ні халеры не разумее на мове і нават не здольны чытаць кірыліцу. «Са-ро-ка на шы-бе-ніцы», — па складах чытаў я, засвойваючы правапіс. Больш за ўсё перашкаджалі літары «р», «а», «с», «і», «в», «к», якія ўласнай здрадніцкай прысутнасцю ў абедзвюх мовах імкнуліся павесці па падманнай сцежцы, вымусіць «снег» чытаць як «cher», што, дарэчы, камусьці можа падацца смешным.

Пра Вячорку Франачак расказваў вельмі шмат. Пра тое, які ён выбітны лінгвіст, як шмат зрабіў для мовы ды яе адраджэння, успамінаў нейкі выступ на тэлебачанні, з якога пачалося крушэнне Савецкага Саюза — прынамсі, у галовах беларусаў. Мова, вывучэнне яе, поўнілася для мяне прозвішчамі: я даведваўся пра Некрашэвіча, пра Тарашкевіча, пра Баршчэўскага, пра Міхневіча-Навічэнку, пра Рамзу, пра Пазьняка з Трусавым. Свет набываў новую геаграфію: я даведваўся пра такія месцы, як Прага, Гамбург, Вільня, Таронта, Велінгтан ды іх уплыў на беларушчыну. Яны ўсе казалі пра Атлантыду, праводзячы паралелі з нейкай патанулай краінай, якая ўнесла з сабой пад ваду ўласную культуру ды мову, але мне гэта паэтычнае параўнанне падавалася недасканалым. Беларускі свет хутчэй быў падобны да архіпелага, які ўтрымліваў патанулую Антлантыду (уласна тэрыторыя Беларусі з яе метафізічнай атсутнасцю для самой сябе), аднак утрымліваў і ўсе гэтыя гарады, у адным з каторых час ад часу пісаліся неверагодныя па прыгажосці кнігі, у другім — жыў Вінцук Вячорка і гэтак далей.


Заўвага рэдактара: Джон, пачытай кнігу Акудовіча «Архіпелаг Беларусь» ды пазбягай гэтага калейдаскопу відавочнасцяў, якімі стракаціць твой тэкст!

Адказ аўтара: Янка! Але той, хто спрабуе ўвайсці ў культуру без ведання кантэксту, толькі праз мову, праз артыкуляванне ўласнай суаднесенасці з гэтай культурай, асуджаны на такія паўторы! Бо ён вымушаны ненаўмысна напісаць усе тыя тэксты, якія былі напісаныя да яго, ці, як мінімум, сам дайсці да ўсіх тых думак, што вядомыя нават школьніку, бо выкладзеныя ў падручніках!


Ужо праз тры месяцы я быў здольны разумець (са слоўнікам, вядома ж!) навіны, якія з’яўляліся на сайтах. Так я даведаўся, што з ёй усё добра, што яна «на свабодзе», у «краіне, якая знаходзіцца побач з Радзімай». А больш мне нічога і не трэба было.

Я адразу зразумеў, што згадваць імя Насты ў размовах з любымі беларусамі бессэнсоўна: тыя, хто ведаюць яе, нічым не дапамогуць. Болей за тое, зробяцца падазронымі: чаму шукаеш? Што табе ад яе патрэбна? А што я адкажу? Распавяду пра нашае знаёмства ў Стамбуле?

Таму я расказваў адно пра ўласныя карані ды дзедаў маёнтак. Праз колькі часу атрымаў ліст з сакральнай скрыні info@belarus.сom. У лісце ад імя беларусаў Амерыкі выражалася падзяка за цікавасць да ўласных каранеў. Мне «ад усяго сэрца» жадалі поспехаў. «Ад усяго сэрца» ананімны аўтар пераклаў як «from all my heart», і гэта адразу вымусіла мяне ўзгадаць пра Франачка, які два дні таму «from all his heart» дзякаваў за кубачак макіята, ад якога з пачатку думаў быў адмовіцца. «Як твае суайчыннікі» было перакладзена тут — «how your fellow-countrymen», — нехта быў няздольны адрозніць «як» сцвярджальнае, якое перакладаецца «as…», «as your friend Belarussian» ад «як» пытальнага, якое сапраўды перакладаецца «how» — «how is your friend’s Belarussian?». Роўна ж тая хвароба была ў Франака. Калі наступным вечарам, пасля чарговай порцыі моўных тлумачэнняў ды ягоных адказаў на мае наіўныя пытанні (займаючыся па падручніках, я пазначаў «незразумелкі» на паперках), я запрасіў яго ў кавярню, асабліва падкрэсліў, што хачу аддзячыць кавай, «how his friend» «and from all my heart». Ён добра расчырванеўся, але на прамое пытанне, ці не ён накіраваў мне ліст ад беларусаў Амерыкі, адказаў упэўненым (дарэчы, занадта ўпэўненым, нават не перапытаў) — «не». А вось другое ўдакладненне вымусіла яго скапыціцца: я нахабна спытаў, ці не ўся арганізацыя беларусаў Амерыкі змяшчаецца ў ягонай френд-стужцы? Ён вельмі сумна патлумачыў, што нас сапраўды мала. Дакладней, беларусаў у ЗША даволі многа, аднак яны не зарганізаваныя і не маюць моцных сувязяў адно з адным у эміграцыі. Архіпелаг складаўся з надта ж маленькіх выспачак.

Я працягваў штудзіраваць мову. Нехта значна пазней зрабіў вельмі слушнае назіранне: мая прафесійная арыентацыя на рускае мастацтва не вымусіла мяне зацікавіцца рускай мовай. А карані, цікавасць да ўласнага роду (ён думаў, справа ў каранях!) прывялі да сапраўднай лінгвістычнай ліхаманкі! Праз год інтэнсіўных заняткаў я зразумеў, што Амерыка для мяне скончылася. Цікава, ці не тое ж адчуванне было ў майго дзеда, калі ён прымаў рашэнне з’язджаць з камуністычнай Польшчы сюды? Што краіна быццам паблякла ў параўнанні з тымі думкамі ды памкненнямі, якімі поўняцца грудзі? Ці адчуванне смяротнай небяспекі не давала ўсвядоміць усе гэтыя адценні пачуццяў, робячы асноўным матывам ад’езду смяротны страх, у якім патаналі ўсе астатнія эмоцыі?

Якім, дарэчы, шляхам ён ехаў? Ці не праз Стамбул? Адказаў на гэтыя пытанні ў мяне не было, як не было нікога, хто здольны быў бы мне дапамагчы. Але ж заставацца не было моцы: працы тут ў мяне няма, а заняткі мовай моцна абмежаваныя панаваннем навокал роднага лінгвістычнага асяродку. Выкарыстаць беларускую для хуткай самарыцянскай размовы з іншаземным турыстам не выпадала, я адчуваў сябе чалавекам, які вучыць мёртвую граматыку, кшталту старажытнагрэцкай. І я вырашыў ляцець. Ляцець да яе. У яе Вільню.

На гэтым этапе я здольны быў сфармуляваць простыя выразы, расказаць пра сябе, аднак жа ў моўным плане ўяўляў сабой дакладную кланаваную копію Франачка. Я пераняў яго маўленне, яго словы, яго манеры змякчэння зычных. Мне было цікава, наколькі, напрыклад, утварэнне фрыкатыўнага «г» дыхніцай уласціва ўсім беларусам, але ў мяне не было іншага чалавека, каб запытацца. Я быў на моўнай выспе, а ён з’яўляўся маім Пятніцай. Нават не, не так. Ён быў на моўнай выспе, а Пятніцай быў я! Я прапанаваў правесці сустрэчу некалькіх беларусаў з кола ягоных знаёмых, аднак ён, па-першае, спужаўся, па-другое, растлумачыў, што да бліжэйшага фрэнда са спісу ў яго стужцы ехаць 540 міль. Можа, і брахаў, не выключаю. У любым разе, яго павінна была цешыць сітуацыя наяўнасці ўласнага моўнага раба, які гаварыў яго словамі ды і размаўляць мог на гэтай мове выключна з ім. Часткова гэта было падобна да перададзенай настаўнікам кун-фу пэўнай школы рухаў, але мяне вельмі бянтэжыла, што мой настаўнік казаў «from all my heart» па-ангельску ды блытаў «how» з «as». Ніхто не мог гарантаваць, што ён не такі ж неахайны ў беларускай. Прынамсі, было непрыемна, што калі мы сустрэнемся з Настай, яна будзе размаўляць не са мной, але з моўным адлюстраваннем жывога ды наяўнага фізічна дзесьці хлопца. Гэта было як запрасіць трэцяга ў ложак.

І вось, калі «Боінг» выйшаў на старт, і для кагосьці ён ляцеў у Франкфурт, для кагосьці — у Парыж, а для мяне — у Вільню, Вільню; калі мяккае павелічэнне хуткасці павольна ўціскала мяне ў фатэль; калі мужчына побач адкінуўся назад ды нават не захроп — зароў, я адчуў, што вяртаюся дадому. Вільня сустрэла мяне маленькім начным аэрапортам, памеры ды цішыня якога здаваліся дзіўнымі пасля ўсіх тых шкляных тэрміналаў, дзе толькі на ліфце, які вядзе да цягніка на перасадку, трэба ўздымацца дзесяць хвілін. У таксоўцы я ўсё круціў галавой, шукаў у перадсвітальным прыцемку прыкметы блізкай жалезнай заслоны. Аднак тут, на адлегласці ўсяго дваццаці хвілінаў язды ад Беларусі, не было ні скіраваных у той бок балістычных ракет, ні танкаў, ні бясконцых, да небасхілу, шыхтоў вайсковых намётаў. Атлантыды не было бачна, як не было бачна на мапе СССР другога архіпелагу, апісанага знакамітым барадатым рускім (прозвішча я забыў).

Вільня апынулася дакладнай процівагай таго, што я сабе паспеў наўяўляць. Замест мілітарызаванай спужанай купіны цывілізаванасці ў ценю вялікіх памежных муроў, замест хакі, танэляў ды мядзведзяў, мяне сустрэла вытанчанае барока ружовага адцення, амытае персікавым святлом цудоўнага світанка. Недзе брахаў сабака. У празрыстай лужыне адлюстроўвалася блакітнае неба, немагчымае, не бачнае ў вялікіх гарадах. Па ходніках цырымонна ішла францісканская манашка. Чалавек у добрым гарадскім строі калоў дровы на падворку хаты, складзенай з пачарнелай ад часу цэглы. Па небе ляцеў самалёт, заўважны з такой відавочнай пранізлівасцю, з якой яго можна пабачыць толькі за межамі гораду. Самалёт пакідаў белы тлусты след, які чамусьці нагадваў пра дзяцінства. У траве ля цяністай ракі, у якую быў абгорнуты цэнтр горада, шамацелі люткі. З галавы не йшло: у японцаў лютка сімвалізуе шчасце, а ці шмат люткаў я пабачыў за ўсё жыццё ў Бостане? Хацелася жыць сто гадоў ці ехаць кудысьці, забыўшыся пра час, грошы ды іншыя другарадныя акалічнасці. Прыйшло менавіта тое пачуццё, якое я аднойчы ўжо адчуў побач з ёй. Так, так, я быў побач. Я гэта адчуваў.

Мяне з задавальненнем прынялі ў тутэйшай Акадэміі мастацтваў. Пасля кароткай аўдыенцыі жанчына-рэктар, асноўнай адметнасцю якой было тое, што яна нібы стрымлівала кожнае ўласнае слова, узважвала яго, аглядала з усіх бакоў ды толькі пасля гэтага дазваляла яму дайсці да маіх вушэй, прапанавала выкладаць курс па «чым заўгодна, акрамя расейскага жывапісу». Я не стаў удакладняць, чаму фармулёўка была такой дзіўнай: і так зразумела, што ў іх ужо ёсць выкладчык па гэтай спецыяльнасці.

«А што значыць гэтае параўнанне вас з Рональдам Макдональдам у „Нью-Йорк Таймс“?» — з вялікімі паўзамі паміж словамі запытала яна, і было бачна, што гэта не прычэпка, яна сапраўды не разумее. Я сканфузіўся, пачырванеў, і яна дапамагла, са здагадлівасцю пральнай машыны, з якой хтосьці паспрабаваў дазваніцца па міжгорадзе: «Мабыць, Рональд Макдональд у вашай культуры сімвалізуе паспяховасць ва ўласнай галіне»? Прамармытаўшы «штосьці кшталту таго», я атрымаў свае лекцыі разам з дазволам выкладаць па-ангельску.

У якасці жытла я абраў сабе двухузроўневую кватэрку побач з тым знакамітым домікам на Піліес, у сцену якога ўмантаваныя керамічныя імбрычкі (кожны, хто быў у Вільні, ведае гэты домік ды вузенькую віхлястую вулачку, якая за ім пачынаецца). Імбрыкі падаліся мне сімвалам чагосьці няяўна звязанага са Стамбулам, таму я адразу пагадзіўся з усімі ўмовамі, адной з якіх было не прыязджаць дадому на матацыкле. Збочыўшы на гэтую вуліцу, адразу апынаешся між двух высокіх муроў, утвораных суворымі бязвокімі дамамі, памеры неба над галавой сціскаюцца да маленькай шэрай палоскі, да якой, у выпадку чаго — не дацягнуцца, не даскочыць, хіба што — душой. Трэба мінаваць выкапнёвы востаў дагістарычнага «Фальксвагену», з якога час ужо прыбраў усе тканіны ды цягліцы, пакінуўшы выключна скамянелыя косткі; склад дроваў; гатэль, што палыхае раскошай; счарнелую ад часу будыніну, якая нагадвае ўжо загублены карыесам зуб; бясконцую сцену, ля якой хочацца каго-небудзь расстраляць ці быць расстраляным самому; у выніку вы апынецеся ля непрыкметнай сярэдневечнай хаціны, сценка якой будзе пазначана сумным анёлам, белым, як лядоўня: мы на месцы.

За цяжкой сярэдневечнай брамай (вось і зразумела, як мяне знайсці!), адчыняўся круглы панадворак, па якім ганарлівая, як пава, хадзіла стракатая курыца, асноўным колерам якой быў конскі бронзавы. Пад вечар на прыступках пад’езду з’яўляўся маўклівы мужчына з тварам філосафа і кубачкам кавы. Мужчына паліў, піў каву ды глядзеў на курыцу. Існаванне курыцы адразу рабілася абгрунтаваным. Калі да гэтага яна соўгалася па двары без усялякага сэнсу, цяпер яна шкрэбла лапамі, сакатала ды коўзалася ў пяску для таго, каб за ёй назіраў мужчына. Але большую частку дня курыца ўсё ж не мела аніякага апраўдання ўласнай нікчэмнасці.

Вядома ж, я паклапаціўся аб тым, каб у кватэры было два туалетныя пакоі. Першы — унізе: трэба прайсці па калідоры, мінаваць гардэробную, нырнуць у нішу направа ды апынешся ў авальным пакойчыку з нізкай шчарбатай столлю. Тут ёсць душавая кабінка, унітаз, маленькае вакенца ды нешта зусім недарэчнае: замкнёныя ды абклееныя шпалерамі дзверцы з каванай старажытнай зашчапкай. Чутно было, як за імі, на адлегласці, якую складае таўшчыня двюх дошак, носяцца машыны, тупаюць пешаходы, буркуюць галубы, галубы — якія, у адрозненне ад астатніх, чуюць, што ты тут, ды могуць палахліва схамянуцца, калі ты занадта рэзка пстрыкнеш, адкрываючы шампунь. Вядома ж, дзверцы выходзяць не на падворак, дзе адзінымі гукамі ёсць сакатанне курыцы ды сёрбанне кавы мужчынам, а вось куды?.. Аднойчы я паўгадзіны соўгаўся па лабірынце навакольных вузенькіх вулачак з мэтай раскрыцця «ўнітазнае таямніцы»: заўважыў выпадкова і не вачамі, а, хутчэй, вушамі, бо ў нейкі момант карціна гукавой рэчаіснасці супала з ужо чутым адтуль, знутры. Я пачаў даследаваць сцены дамоў і знайшоў прыхаваныя пад старой фарбай драўляныя дзверцы, форма якіх супадала: знайшоў, дарэчы, зусім не на тым доме і нават не з таго боку вулачкі, дзе шукаў. У агенцыі, якая дапамагла мне зняць кватэру, растлумачылі, што такі другі выхад — звычайная з’ява ў старажытнай архітэктуры, а што да яго прызначэння, дык яно празаічнае: у сямнаццатым стагоддзі ў Вільні ўнітазаў Roca не было нават у самых заможных дамах. А характар патрэбаў, якія напаткалі чалавека ў туалетным пакоі, збольшага адпавядаў сённяшняму. Таму бедныя людзі хадзілі да ветра, у драўляныя нужнікі на падворках, а заможныя маглі дазволіць асобны пакой у хаце, карысталіся, прабачце, гаршчкамі. А каб не трымаць смурод у хаце, выносілі іх праз спецыяльныя дзверы, не, не, каналізацыя тут з’явілася толькі ў мінулым стагоддзі! Я пажаліўся на тое, што дзверы не замкнёныя нічым, акрамя зашчапкі, што яны хістаюцца, калі на іх націснуць, і прапанаваў забіць іх з таго боку дошкамі. На што мне весела заўважылі, што каб не хісталася, лепей не ціснуць, а забіваць дошкамі яны не маюць права, бо гэта сапсуе гістарычны выгляд архітэктурнага помніка. Карацей, нічога ты тут не зробіш. Калі што, я магу забраць гэты ніжні туалет сабе, тым больш тут даволі холадна ўзімку і, да таго ж, я ўжо прызвычаіўся да знешніх гукаў, якія спачатку вельмі перашкаджалі дасягненню тых мэтаў, для якіх прызначаны гэты пакойчык. Другі туалет — наверсе. Ён абсталяваны ваннай, шафай, у якой можа змясціцца адразу дзесяць жаночых халатаў: на палічках гадавы запас духмяных пенак, крэмаў, скрабаў ды шампуняў — прыходзь і жыві. Кухня, гардэробная ды гасцёўня на першым паверсе, дзве спальні — на другім. Чаму я так падрабязна апісваю гэтае жытло? І сапраўды, чаму? Для каго?

На другі год вывучэння мовы і першы год жыцця ў Вільні, калі я стаў заўважаць ды выпраўляць нават памылкі, якія робіць беларуска-ангельскі Belazar, я вырашыў завесці котку. Назваў, вядома ж, Крысцінай. Вучыў склоны: «Крысціна, Крысціны, Крысціне, Крысціну». На другім месяцы суіснавання з кошкай, якая стала другой істотай, якая апраўдвала анталагічную нікчэмнасць штодзённых праменадаў курыцы па двары, высветлілася адна непрыемная дэталь. Крысціна апынулася не зусім дзяўчынкай. Я, мабыць, усё ж-такі памыліўся з полам, ці то ў котак ёсць уласцівасць яго змяняць, але літаральна на тым месцы, дзе зусім нядаўна нічога не было, з’явіліся два пухлявыя камячкі, якія падкрэслівалі прыкрую маскуліннасць кацяняці. Хутка пасля гэтага Крысціна пачаў дэманстраваць уласную маскуліннасць не толькі двума маўклівымі пухлявымі камячкамі, і ў такія дні менавіта маўклівасць была чымсьці, чаго я прагнуў больш за ўсе. Я вучыў склоны: «Крысцін, Крысціна, Крысціну, Крысціна» пакуль хтосьці не растлумачыў, што ў беларускай мове няма падвойнасці мужчынскага і жаночага радоў, імя Крысціна бывае толькі ў дзяўчат. Так, на моўным узроўні, кот застаўся Крысцінай з усімі наступствамі, якія галоўным чынам увасабляліся ў склонах.

Гладзячы Крысці, які вуркатаў, як ляскотка ў коле ровару (ровары былі тут, у Вільні, сапраўднай рэлігіяй!) ды даволі балюча падрапваў мяне сваімі драпежнымі кіпцюрамі, я думаў, што ёсць ува мне нейкая фундаментальная хіба, нейкая нягегласць, прыроджаная схільнасць да немагчыма дзікунскіх памылак: сітуацыя з Саўрасавым толькі высветліла яе — так, як высвятляе запаленая ў пакоі лямпа стол, ложак, мёртвае цела на ложку — але цела было б тут і без святла! Са святлом яго мярцвяцкасць толькі стала відавочнай. Я адчуваў гэтую хібу як элементарную адсутнасць шанцавання. Здавалася, вось трошкі, вось маленькі кавалачак удачы, ды ўсё атрымаецца. Здаецца, Настаў трусік (ці мой, мне адпісаны гісторыяй трусік?) трохі дапамог: з ім не было гучных наступстваў. Я не блытаў адно Гётэпе з другім.

Прайшоў яшчэ год. Мова засвойвалася, і на гэтым этапе цяжэй за ўсё было з чаргаваннямі. Тут сапраўды трэба было нарадзіцца беларусам, каб зразумець логіку, па якой у адным выпадку «г» змянялася на «з», а ў другім — не змянялася. Сяргей (не Сярзей жа!), мой новы беларускі сябра, гісторык ды цудоўны суразмоўца, тлумачыў: «Слухай музыку маўлення!» Слухаў, не атрымоўвалася. «Ну, даражэнькі, ты ж беларус! Узгадай! Пачуй, што кажуць твае гены», — раззлаваўся ён аднойчы, пасля таго, як я зноў не прачаргаваў. Гены маўчалі.

У Вільні было шмат беларусаў, і, у адрозненне ад тых беларусаў, якія жылі ў Бостане і паспелі набыць пэўны эмігранцкі лоск, на гэтых яшчэ былі бачныя свежыя апаліны ад камунікацыі з Радзімай. Адзін моцна, да скалананняў, заікаўся. Сяргей абяцаў расказаць як-небудзь пра абставіны, праз якія той набыў заіканне, але не расказаў, адзначыўшы, што мне спакайней будзе. Аднойчы я запытаў таго сам, але ён вымавіў адно слова: «Волечка…», далей запнуўся, а пасля ціха заплакаў, і я не ведаў, што хранічныя заікі заікаюцца нават тады, калі плачуць, што ў плача — плача цяжкага, які стаіць на самай мяжы з рыданнем, таксама ёсць рытм, і гэты рытм у небаракі быў такі ж паламаны, як і маўленне.

Другі — ціхі, замкнёны, з пявучай мовай, даўгімі валасамі ды вачыма, поўнымі неба, жыў у каморы без вокнаў, якая хавалася ў доме міласэрнасці, пераўтвораным у прытулак для пацярпелых з Беларусі. Пацярпелых было шмат, збольшага яны начавалі на спартыўных кілімах у канферэнц-зале, і іх было надта шкада, аднак гэтага, якому не знайшлося месца, шкада было асабліва, бо нешта ён там здзейсніў, і яго не прынялі ў грамаду. Жытло далі, але асобнае, як у ваўка.

Усе гэтыя людзі не мелі фобіі пераследу, яна ў іх яшчэ проста не паспела выпрацавацца, бо тут, у Вільні, быў сапраўдны прыфрантавы шпіталь, тут ачуньвалі тыя, па кім сітуацыя прайшлася найбольш жорстка, але каму ўсё ж такі ўдалося ўцячы (ці дамовіцца аб уцёках?). Замест падазронасці, закрытасці, тут панавала братэрства кшталту франтавога. Усе з усімі сябравалі і намагаліся дапамагчы. Была тут даволі вялікая талака з тых, хто эміграваў яшчэ да ўсіх тых дзікунстваў, праз якія прайшла Наста. Гэта былі добрыя, смяшлівыя людзі кшталту Сяргея, якія нікуды не імкнуліся, ніякую Беларусь не вывозілі і не адраджалі, але жылі ў ёй, тым больш, што беларускай гісторыі ў гэтым горадзе захавалася значна больш, чым слядоў гісторыі ўласна літоўскай.

Другая справа, што ўсе гэтыя шчырыя, здаровыя, не спужаныя, аседлыя беларусы з аўто ды маёмасцю як быццам трохі не мелі сэнсу ў жыцці. Таму, мабыць, і пілі. Але тыя, хто сэнс меў, таксама пілі. Сяргей неяк растлумачыў, што галоўны літоўскі алкагольны напой «999» з’яўляецца насамрэч напоем беларускім, бо ўзгаданы ў Караткевіча. А таму іх алкагалізм мае высакародную мэту — высмактаць увесь стратэгічны запас літоўскіх алкагольных напояў беларускага паходжання, каб атрымаць сімвалічную перамогу над гістарычнай несправядлівасцю.

Што я магу сказаць пра літоўцаў? Яны дзіўныя людзі! На іх тварах сур’ёзнасць, і яны амаль што не ўсміхаюцца. У размове з літоўцам складаецца ўражанне, што яны на чымсьці вельмі фундаментальна засяроджаныя. І яны б рады былі ўсміхнуцца, ветліва павітацца з табой, але іх непакоіць нейкая думка, ад якой не пазбавіцца, як не спрабуй. І вось у той момант, калі ты ўжо гатовы прыйсці да высновы, што жыхары гэтага гораду проста мізантропы, якім не ўласцівы нейкі душэўны зрух, спагада, суперажыванне (якое, здаецца, ляжыць у аснове любога мастацтва, у тым ліку — мастацтва жыцця), апынаецца, што ты проста штосьці неразгледзеў. Помню, як у першую, самую цяжкую з-за адзіноты ды адчування бессэнсоўнасці маёй справы зіму аднаго вечару ўсе дрэвы ў Вільні раптам расквеціліся папяровымі птушкамі: нейкі дзівак (я яго бачыў: сур’ёзны, занадта засяроджаны погляд!) хадзіў па горадзе з драбінкамі ды развешваў на галіны белых галубоў, буслоў ды чаек, вядома ж, чаек. У гэтым была такая простая кранальнасць, такая чалавечнасць, што чамусьці хацелася плакаць. Пануючым пачуццём была палёгка: я іх не зразумеў! Яны вытанчаныя ды прыгожыя, гэтыя суворыя, складаныя літоўцы!

І вось кожны раз, калі я бачыў, напрыклад, як трое падлеткаў б’юць дзеда ля тралейбуснага прыпынку, на якім чакаюць другога прышэсця засяроджаныя на ўласных думках волаты, і ніхто не заступіцца, бо ўсім усё роўна; калі назіраў, як бясплённа сядзяць на вуліцах жабракі; калі чуў чарговую прапанову вывучыць літоўскую мову ў адказ на спробу ўдакладніць, з чым гэтыя crepes у кавярні па-беларуску, ува мне нешта памірала. Аднак потым здаралася нешта невыбітнае, але такое прыгожае па сваёй сутнасці — ну як гэтая моладзевая пара, якая праходзіла хвіліну таму побач з кавярняй, у якой я ніяк не скончу гэты такі цяжкі для мяне тэкст, яны праходзілі ды раптам пачулі музыку, якая грала тут, у памяшканні, і гэта была Crossfires Брэндана Флаўэрса (сціплы, але балючы напамін пра іншы горад ды іншую гісторыю), дык вось хлопец вельмі далікатна абхапіў сваю сяброўку ды на хадзе яны зрабілі некалькі вытанчаных, адрэпетаваных «па» ў стылістыцы бі-бопу; два крокі ўбок, пераварот, два крокі назад — ды пабеглі наперад! Выключным было тое, што гэтыя двое не дамаўляліся спецыяльна, але зрабілі ўсё сінхронна, як на сцэне, быццам бы ў іх грала адна і тая ж музыка: бачна было, што гэта сапраўднае пачуццё, бачна па тым, якімі былі іх вочы — такое пачуццё здараецца толькі раз за ўсё жыццё і то не з усімі, і яны танчылі, яны дарылі сябе ды сваё шчасце, ім было не шкада. І ўсе навокал усміхаліся. Ну, як жа не любіць такі горад ды такіх людзей?

Час майго чакання, маіх пошукаў ішоў. Наваколле амаль што не змянялася: здаецца, чым старэйшы ўзрост мае любы горад, тым менш шанцаў пабачыць перамены ў ім цягам твайго кароткага жыцця. Занадта ж маленькі чалавечы век у параўнанні са стагоддзямі, якія адведзеныя мураваным дамам, сярэднявечнаму шчарбатаму бруку, па якім я хаджу штодня. Толькі камяні заўважаць, што на месцы, дзе некалі стаяў дом, цяпер нарасла кардонная Maxima, якая параджае людзей з аднолькавымі пластыкавымі пакетамі. Змяненне ландшафту адбывалася тут вельмі павольна і нават будоўлі цягнуліся пад наглядам клапатлівых кранаў гадамі, каб камяні паспелі пабачыць, адчуць, бо ў камянёў час ідзе вельмі павольна. Аднак у жніўні другога году жыцця ў Вільні адбыўся скандал. Курыца знікла. Так, знікла курыца, дарэчы знікла ў строгай адпаведнасці з законамі філасофскай суб’ект-аб’ектнасці — разам з мужчынам, які маўкліва паліў на прыступках. Я хадзіў па двары, намагаючыся знайсці якое-небудзь тлумачэнне феномену адсутнасці, але бачыў толькі скамянелыя кропачкі лайна, якое непазбежна пакідае пасля сябе любая прысутнасць. На дзвярах, якія некалі падпіраў уласнай спінай маўклівы суб’ект курынага існавання, вісела шматслоўная аб’ява па-літоўску, і ніводнага слова не пераклікалася ў ёй з тымі мовамі, якімі я цяпер валодаў. У сваіх спробах распазнаць у шчацінні літоўскіх літараў хоць які-небудзь рэлевантны для мяне сэнс, я наблізіўся да самых дзвярэй. І тут яны праваліліся ўнутр, і ў праёме апынуўся зухаваты, занадта шпаркі, каб не канфліктаваць з рэчаіснасцю, стары. Абставіны ўзросту на ягоным твары пасавалі перад абставінамі ягоных паводзінаў: яго складана было назваць дзядком, дзедам, дзядулем, хутчэй — другім «дз»: дзіваком. Дзівацтва не ведае ўзросту ды ператварае істоту любых гадоў у нешта пазаўзроставае.

Нос дзівака быў апрануты ў цяжкія акуляры, якія, у выніку сваёй масіўнасці, прэтэндавалі апроч аптычнай, яшчэ і на энерга- ды цеплазберагальную функцыі. Такімі акулярамі можна было накрывацца ўначы, як коўдрай. Ён хуценька выляцеў, аббег мяне вакол ды працягнуў мне сваю спрытненькую сухую пяцярню. Сказаў штосьці па-літоўску, мабыць, нейкае тлумачэнне пра курыцу ды таго астранома, што назіраў сузор’і яе рухаў. Я перапытаў па-ангельску, і акуляры просценька перайшоў на ангельскую, сказаўшы, што ён — палкоўнік, але пайшоў ужо са службы. Не жадаючы, каб суседзі мяне ўспрымалі як амерыканца, я падкрэсліў прыемнасць нашага знаёмства па-беларуску. «Хадземце хутчэй унутр!» — адрэагаваў ён на чысцюткай беларускай мове. «Вы беларус?» — захоплена перапытаў я. «Не, расеец! З Калугі», — катэгарычна ляпнуў ён, як быццам гэта вельмі натуральная з’ява — адстаўны расейкі colonel, які валодае ангельскай ды беларускай. Ён не палічыў уласнае паходжанне чымсьці вартым удакладнення, а замест гэтага зацягнуў мяне ў пакой, які ўсё яшчэ ўтрымліваў сляды папярэднікаў: вялікая клетка стаяла побач з ложкам, які суседнічаў з поўнай цыгарэтных недапалкаў попельніцай. Я запытаўся, дзе папярэднік, але той растлумачыў, з прыкметай ганарлівасці: «Я не палю!». «Іваноў», — прэзентаваў ён сябе (пазней следчы растлумачыў мне, што да чалавека, які называецца пры знаёмстве «Івановым», заўсёды трэба ставіцца з засцярогай, бо гэта настолькі распаўсюджанае ў Літве прозвішча, што не ўтрымлівае ў сабе ніякай адметнасці, як містэр Сміт у ангельскай, але ж я не ведаў). «Ян Вярбіцкі», — адгукнуўся я. Пасля Стамбулу я адчуваў сябе Вярбіцкім, не Вілаў. «А дзе твая дзяўчына?» — запытаўся ён. Я не здолеў нічога адказаць. Сапраўды, дзе мая дзяўчына?

«Дык ты адзін жывеш? Ніхто да цябе не прыходзіць?» — вельмі ж яго цікавіў мой сямейны статус. «А дзе вы так мову вывучылі»? — паспрабаваў я памяняць тэму, але ён ужо кудысьці збег, вярнуўся з пухірыстым зялёным сакваяжыкам, у якім былі малюнкі, яго малюнкі, ён іх зрабіў на флоце — шматслоўна тлумачыў ён — бо ён служыў на флоце, спачатку на флоце, а потым — не на флоце.

Ён вымаў акварэлі з марскімі тэмамі (чайкі, хвалі, камяні, скалы, зоркі, караблі) і з хуткасцю калейдаскопу тыкаў мне ў вочы, нібыта штосьці даказваючы. Мне было дзіўна, бо частка з іх была напісана даволі дасканала ды, здаецца, жанчынай (чуллівасць і празмерная ўзрушанасць у кожным каляровым дотыку паперы), іншыя сапраўды былі падобныя да малюнкаў самавука-марака (тут былі ваенныя лінкоры з эрэктыльна ўзнятымі гарматамі, пяшчотна быў схоплены сюжэт «Пуск ПЗРК-300 у святле поўні»), трэцюю групу складалі акварэлі, зробленыя дзіцячай ці падлеткавай рукой ды не адной — тут была цэлая выстава твораў мастацкай школы сярэдніх памераў (гэтых можна было вылучыць па празмерна рамантычных адносінах да мора, якое перадавалася некалькімі шырокімі каляровымі палосамі з градацыяй ад вохравага плыткаводдзя да ўльтрамарынавых глыбіняў з абавязковым ветразем на гарызонце, геаметрычнасць якога была сапсаваная некалькімі неасцярожнымі рухамі пэндзля). Мой хуткі да ўспрымання жывапісу позірк выхопліваў у гэтым мігаценні акуратна заштрыхаваныя падобнымі колерамі подпісы ў правым ніжнім кутку — усім пачаткоўцам так прыемна адчуваць сябе саўрасавымі: памеры ды працягласць плямаў былі розныя, а значыць, рознымі былі і подпісы. Я запытаўся: «Гэта не вашыя акварэлі, ці не так?». Ён аслупянеў, сунуў малюнкі ў сакваяжык, клацнуў зашчапкамі ды хуценька схаваў калекцыю некуды. Я паспрабаў высветліць, дзе ён усё ж вывучыў мову і навошта мне паказваў гэтыя малюнкі, бо склалася ўражанне, быццам ягоным планам было пачаць сяброўства, а мая нахабная адукаванасць гэты план сапсавала. Але дзівачок у акулярах на пытанні не адказваў.

«Хадземце на кухню», — прапанаваў ён мне. Не, мне не было боязна, бо не выглядаў ён на небяспечнага. «Хочаце цукру?» — прапанаваў на кухні, у якой было даволі цёмна, бо вокны былі завешаныя. Там, за фіранкамі, шугалі ластаўкі ды даносіліся па-летняму ўтульныя выкрыкі дзетак. Я здзівіўся: «Цукру?». «Цукру?» — пацвердзіў ён, гасцінна зняў вечку з цукарніцы і сам набраў паўнюткую лыжку белага пяску. Паўза зацягвалася, я пачаставаўся ягоным цукрам і не заўважыў у ім нічога адметнага. «Файна, скажы?» — задаволена варкатнуў гаспадар. Я не ведаў, што сказаць і пацвердзіў, што цукар смачны. «Чаго ў прыцемках сяджу?» — працягнуў ён размову хіба што з самім сабой, бо я нічога на гэты конт не пытаў. «А вось глядзі», — ён шчоўкнуў нейкай кнопкай і на шафіку запалілася гірлянда, якая файна б пасавала для прыдання святочнай атмасферы якому-небудзь оруэлаўскаму савецка-каляднаму інтэр’еру, аднак да Калядаў было далёка, а выказваць захапленне святлом ды каларыстыкай гірляндаў неяк няёмка.


Заўвага рэдактара (Я. П.): Джон, у СССР не святкаваліся Каляды, толькі Новы год, таму «савецка-калядны інтэр’ер» так не выглядае!.


Дзівак чакаў ад мяне ўхвалення, і я прамармытаў нешта пра адценне лямпачак, пра дзіўныя спалучэнні колераў. «Яна кітайская, — працягнуў тлумачэнні акуляры. — Раней такіх не рабілі. Паглядзіце, якія дробненькія лямпачкі!».

І тут здзіўленне ды няёмкасць дасягнулі той канцэнтрацыі, што мне зрабілася ніякавата. Я рушыў да дзвярэй, а ён скакаў за мной, як чорт, скакаў і ўсё спрабаваў пасябраваць. Тут, калі дзверы ўжо былі адчыненыя, дзівак зрабіў апошнюю недарэчнасць — ён уціснуў мне ў далонь склізкую бутэль гарэлкі «Russki Shtandar»: «За знаёмства!». Я пільна паглядзеў яму ў твар, толькі тут заўважыўшы асаблівасць ягонага позірку: вочы як быццам глядзелі не на свет, а былі сфакусаваныя на шкле акуляраў. Стары нібыта лавіў на іх унутранай паверхні адлюстраванні і менавіта адсюль чэрпаў уласныя ўяўленні аб тым, дзе жыве. Ён глядзеў на цябе і не бачыў. З іншага боку, ты мог утаропіцца ў ягоныя вочы і нічога не заўважыць у іх, бо яны скіраваныя выключна на паверхню шкла і непранікальныя звонку. Ад гэтага нечалавечага позірку зведзеных да носу вачэй я адчуў ледзяненне ў страўніку, жаданне хутчэй пайсці да сябе і вельмі-вельмі шчыльна зачыніць дзверы. Я ўжо ступіў колькі крокаў, калі ён раптам спыніў мяне: «Паслухай, калі да цябе прыйдзе твая сяброўка, калі ласачка, запрасі мяне. Я вельмі люблю з моладдзю пабалбатаць!». Я паціснуў плячыма ды развітаўся.

У свеце падворка Іваноў заняў тое месца, што раней займаў маўклівы мужчына. Часцяком сусед сядзеў на прыступках, глядзеў на шкло сваіх акуляраў ды хрумсцеў цукрам. Час ад часу я заспяваў яго за соўганнем па двары з той жа бессэнсоўнасцю, з якой да яго соўгалася курыца. Такім чынам, Іваноў замяніў абаіх.

Аднаго дня ён зрабіў яшчэ адну спробу пазнаёміцца. Вярнуўшыся дадому, я заўважыў суседа за няўдала раскладзеным мальбертам — ён рабіў выгляд, што спрабуе намаляваць адну з жывапісна раскудлачаных часам частак дому. Падсвядома я заўважыў, што адзінае, у чым ён дасягнуў поспехаў — дык гэта ў выцісканні алею на палітру. На палатне было пакінута некалькі нерашучых мазкоў, якія сведчылі толькі аб тым, што асоба, за іх адказная, ніколі не трымала ў руках пэндзля. «Я вось якраз хацеў пагутарыць з вамі пра мастацтва», — пачаў Іваноў, на галаве якога быў ужо абрынданы свежым кобальтам (яшчэ адна прыкмета непрывучанасці да жывапісных заняткаў) берэт. Я зрабіў грэблівы выраз твару і кінуў, што нічога пра мастацтва не ведаю і ніколі не цікавіўся.

Я апішу свой тыповы дзень тут. Я прачынаюся а восьмай гадзіне, да дзевяці соўгаюся па хаце, у дзевяць пятнаццаць выходжу, здароўкаюся з Івановым, які звычайна назірае за маім сыходам (можа, вядзе нейкі дзённік ці штосьці накшталт?), апынаюся на вулачцы, запоўненай турыстамі, ківаю анёлу, іду направа. Праходжу побач з вылепленым са снегу праваслаўным храмам ды кідаю якар у кавярні, масткі якой знаходзяцца над хуткай плынню (насупраць — помнік русалцы, вы не заблытаецеся). Тут я праводжу час да адзінаццаці: узімку, калі лавы над здранцвелым струмянём засцеленыя снегавымі пярынамі, мяне можна знайсці ўнутры з якім-небудзь са слоўнікаў, са сшыткам граматычных практыкаванняў. Я працую тут да адзінаццатай, і калі б мяне хтосьці спрабаваў знайсці, гэта лепшае месца і час. Пасля гэтага ў мяне пачынаюцца лекцыі, якія доўжацца па-рознаму, таму перайду адразу да шасці гадзінаў, калі кожны вечар я пачынаю свой мацыён, які праходзіць па адным і тым жа маршруце: па Піліес я ўздымаюся да бульвара Вакечу, пасля чаго скіроўваюся да цэнтру праз клубкі вулачак, прапітаных тутэйшым вэнджаным паветрам. Я памятаю, як намагаўся зразумець, што за дзіўны водар лунае тут штовечар, што за смалены прыпах ловяць ноздры, і толькі потым, пабачыўшы павойны дымок з труб, зразумеў, што тут топяць каміны, што амаль увесь цэнтр на драўняным паліве. На рагу Гедыміна і Вільняус я займаю месца ў кавярні, урослай у кнігарню і да васьмі вечара гляджу ў акварыюм заваконня.

Мае адносіны з Беларуссю тут, у Вільні, пазбавіліся галівудскай спрошчанасці. Радзіма, ці тое, што ад яе засталося, ці тое, што з ёй здарылася, ці тое, што яе зжэрла, — карацей, тая пачвара ды тая прыгажуня, якая звалася Беларуссю, была цяпер настолькі шчыльна побач, што нічога пэўнага ўжо не было бачна: так, плямы на скуры, неідэнтыфікаваная лагчына, далікатны выгін ды павольны ўздым грудзёў пры дыханні. Тут лавілася тэлевізія той дзяржавы, якая нарасла вакол маёнтка майго дзеда. Я разумеў не ўсё, што паказвалі там, бо час ад часу навіны чамусьці начытваліся не па-беларуску, а па-руску. У нейкім сэнсе, гэтая тэлевізія была падобнай да ўсёй тэлевізіі свету, усхваляючы неверагодную прыгажосць (ці захапляльную неахайнасць) нечага, што ў лепшым выпадку з’яўляецца таннай каляднай гірляндай, не вартай ніякай увагі псіхічна ўстойлівага гледача. Аднак з іншага боку, менавіта гэтая тэлевізія, пры пільным яе праглядзе, утрымлівала прыкметы той бездані, якая працягнулася па межах Беларусі і надзейна аддзяляла яе ад свету людзей. Не, гэта таксама былі людзі, ніякіх адрозненняў у колеры скуры, форме насоў ці памерах ілбоў. Нават надброўныя дугі былі звычайнымі. Але ж куды лепей было б, калі б ТВ-вешчуны былі салатавага адценню са шчупальцамі: гэта адразу б дазваляла разумець, што тут мы маем справу з нейкай выбітнай формай жыцця, ад якой не трэба чакаць павагі да нашых каштоўнасцяў ды светапогляду, усяго таго, што завецца чалавечнасцю.

У адзін з першых вечароў назірання за гэтай краінай праз тэлескоп «Беларусь-ТВ», калі я ўжо гатовы быў падзівіцца Настынаму ўспрыманню той рэчаіснасці, ад якой яна ў такой збянтэжанасці збегла, я натрапіў на жывадзёрны сюжэт, які прымусіў мяне ўсё зразумець і адчуць, бо ўспрымаўся праз мае ўласныя вочы: нават у пераказе я б не ўцяміў, у чым там быў цымес. Гэта быў караценькі расповед пра зверагадоўлю для вечаровых навін, ён ішоў адразу пасля паведамлення пра нафтаперапрацоўку і належаў у логіцы выпуску да аднаго з ім струменю навінаў — атрымання грошай.

Адразу адзначу, што зроблена ўсё было ў яркіх, аптымістычных колерах, ад якіх так хацелася жыць: свяціла сонца, па рыпучым снезе хадзіла апранутая ў навюткую ватоўку (Сяргей называе гэты тып адзення «Воркута», мабыць, па характары малюнка на ім) залатазубая жанчына, якая трашчала пра тое, якія файныя ў іх атрымаліся «экземпляры». Далей гледачу дэманстравалі клеткі, у якіх гулялі раскошныя, трапяткія норыцы. Камера спынялася на іх вусаценькіх мысках з паўкруглымі вушкамі, і ты адчуваў сябе шаснаццацігадовай прыхільніцай Брытні Спірз, асноўнае слова ў лексіконе якой гэта «adorable». У іх былі adorable выцягнутыя, гнуткія цельцы, adorable вочкі-кропачкі, adorable лапкі, якімі яны adorable чапляліся за пруты клетак. Цётачка брала звяркоў на рукі, песціла іх, гладзіла па бліскучай поўсці, і тыя ласціліся ды ўсё наравілі тыкнуць носам у камеру. Потым гэтая ж цётачка без усялякага пераходу апынулася ў нейкім памяшканні, яна працягвала гладзіць ды песціць бліскучую поўсць, але яна належала не жывой істоце — не, гэта была поўсць доўгага, да падлогі, футра, па ім ішлі шырокія праштабнаваныя палосы, і ў гэтых палосах яшчэ можна было пазнаць іх цельцы — была бачная шырыня, супастаўляльная са спінкай той істоты, якая хвіліну таму тыцкалася носам у камеру. Закальцаванасць двух дзеянняў, немагчымая, неміласэрная метанімічнасць, выклікала здранцвенне.

Далей нейкі чыноўнік з ведамства, ад чалавечых словаў у назве якога былі хіба шурпатыя абцінкі, злепленыя абы як («Бел-кооп-торг-нешта там»!) казаў пра «паказнікі», пра «перавыкананне плану па норыцах», пра тое, што дзякуючы «прыдбанню белай норыцы», прадпрыемству за год удалося павялічыць прыбытак да трох мільёнаў еўра. Паказалі белую норыцу — зноў яе трымала цётачка, зноў механічна песціла яе бачок, але аналогія з футрам, у якое праз год ператворыцца маленькая, трохі збянтэжаная, даверлівая істота, ужо працавала з успрыманнем: было бачна, што звярка жанчына трымае роўна так, як трымала б нежывую істоту. Так, для яе гэта было некалькі дэцыметраў (яны вымяралі футра гэтых краляў дэцыметрамі) грошай. І рабілася ніякавата за прыметнік «раскошныя», ужыты абзацам вышэй, побач з прыметнікам «трапяткія», бо бачыць «раскошу» ў поўсці жывой істоты можа толькі бяздушны кат, прабачце мяне, норыцы, прабачце, што пазайздросціў вашай прыгажосці, якую гэтая залатазубая цётачка за кадрам злупвала з вашых яшчэ не астылых цельцаў тымі ж рукамі, якімі песцілі вас…

Праз якую хвіліну пасля таго, як белую норыцу засадзілі ў яе камеру, залатазубая тыкала ў экран пукамі «апрацаваных» (так яна казала), падрыхтаваных для пашыву, шкурак белага, белага, белага колеру. А вочы міжволі глядзелі на яе гумавыя боты, ліпка счарнелыя знізу, счарнелыя ад таго, чым так складана, мабыць не запэцкаць гэтую чароўную беласць, бо чырвонае на белым гэта так балюча — я памятаў па колішнім сюжэце «Еўраньюз».

Справа была не ў тым, што ў Беларусі забівалі норыцаў — у Вільні яшчэ захоўвалася крама з натуральным футрам, вітрыну якой рэгулярна білі ці пэцкалі зялёнай фарбай абаронцы жывёлаў. Справа была нават не ў тым, што аб гэтым расказвалі па тэлебачанні без скалананняў ад жудасці і жалю. Галоўнай тут была інтанацыя. Тоеснасць жывога і мёртвага, якую выяўляла гэтая інтанацыя. Гэтае, курва, сонейка ды блакітныя нябесы. Гэтая ўпэўненасць у тым, што пануючая істота можа ўспрымаць слабую істоту як нафту, газ, вугаль: як крыніцу грошай. Але ж і проста: іх мыскі, вочкі, вусікі…. Футра, якое мяшалася з жывымі норыцамі, бо галоўнай была якасць ды мяккасць поўсці.

Побач з гэтай жудаснай, непасціжнай Беларуссю была яшчэ адна — тая, што ззяла ва ўспамінах віленскіх эмігрантаў ды паўставала ў сівых паданнях, якімі любіў закусваць напоі Сяргей. Каранацыя Міндоўга ў тым самым (маім!) Навагрудку. «Мы ім Міндоўга не аддамо!» — чырванеў Сяргей, ківаючы на старажытны інтэр’ер камяніцы, у якой звычайна пачыналіся яго развагі пра гісторыю: інтэр’ер належаў да эпохі, калі беларусы і жамойты (ці ліцвіны і жмуды — у мяне галава кругам ішла ад усіх гэтых разнастайных найменняў беларусаў: «палякі», «ліцвіны», «літоўцы», «рускія») жылі разам, але гэтыя Сяргеевы ківы азначалі, што пад «імі», каму мы не «аддамо» Міндоўга, ён разумеў сучасных літоўцаў, бо тыя казалі, што першага караля ВКЛ каранавалі на землях сучаснай Літвы.

За куфаль-другі піва (плаціў заўсёды я — гэта было маёй падзякай за ўрокі гісторыі), Сяргей шпігаваў легендамі хаця б пра таго таго ж Міндоўга, якія адмаўлялі ўсё напісанае на гэты конт у падручніках (і таму было цікава!): пасля таго, як ён пайшоў з жыцця, быў пасаджаны на каня, прыбраны ў каралеўскія адзенні, у золата і дыяманты, пасля чаго каню далі пайсці з мёртвым каралём. Такімі былі забабоны перуновых братоў, да якіх ён вярнуўся пасля таго, як прыняў каталіцызм для каранацыі. І ад гэтага відовішча высакароднага мерцвяка на кані адначасова робіцца жудасна і неяк лісліва, бо што за народ быў! Што за волаты! І вось, Сяргей, расплюхваючы піва па драўляным стале, распавядае пра велічнага нерухомага вершніка, конь якога йдзе на захад, у полымя, на цьмелае сонца, і ніхто з сялян не адважыцца падыйсці бліжэй, бо баяцца Міндоўга люта, і ў вачах Сяргея трапеча той барвовы заход… А як не ўзгадаць пра баравіковыя дубровы ды закінутыя сядзібы, пра плавучыя астравы ды мораныя дубы на глыбіні дваццаці метраў, якія файна бачныя праз чысцюткую ваду на Блакітных азёрах? Як не ўспомніць пра зоры ды купанне ў святле месяца, начное купанне галяком, калі вада цёплая, як сырадой? І, калі ўжо мы ўзгадалі пра ночы, — як не натхніцца расповедам пра распырсканае па нябёсах малако?

Тэарэтычна, усё гэта магчыма было і тут, у Літве. Бо тут таксама былі баравіковыя дубровы ды азёры, сок, які збіралі з дрэваў, сузор’і, пад якімі кахалі і паміралі мае продкі, шагалаўскія касыя платы ды драўляныя хаты. Нават Міндоўг тут быў, прычым у неверагодных колькасцях: помнік, назва вуліцы, магніцік на лядоўню. Аднак усе беларускія прыцягальнасці, змешчаныя па гэты бок ад памежнай бездані, пакідалі ўражанне музея. Тутэйшая дуброва пад Панявежысам, у якой мяне люта пажэрлі камары, як быццам не дацягвала, у ёй не хапала колеру, наяўнасці, субстанцыйнасці. Вымаючы з кедаў пасля маёй караценькай экспедыцыі галінкі ды былінкі з той дубровы, я не мог паверыць, што яны рэальныя: выглядала на пластыкавую падробку. Літоўскія лясы і мае ўяўленні пра лясы беларускія адрозніваліся гэтаксама, як насычаныя пейзажы Куінджы (прабач, Наста, што тлумачу на прыкладзе расейскага мастацтва!) адрозніваліся ад бляклых п’яных маляванак позняга Саўрасава.

Вежа Гедыміна, чырвоная ад увагі турыстаў да сябе, Святая Ганна выглядалі фэйкам, бо не патрабавалі ніякіх высілкаў для пошуку, авалодання ведамі. Беларусь, з яе гісторыяй і культурай, як быццам належала толькі інтэлектуалам. Да яе немагчыма было дакрануцца ніяк інакш, акрамя як ва ўспамінах тых людзей, якім яна балела. Літва прапаноўвала беларускую гісторыю ва ўжо расфасаваным выглядзе, аздобленым цэннікам ды этыкеткай (на літоўскай мове). Розніца паміж літоўскімі азёрамі і маёй марай хаця б раз пабачыць беларускія была прыкладна такая ж, як розніца паміж какосам, выпітым на спякотнай вуліцы Сілігуры пасля дваццаціхвілінных пошукаў хоць якой вадкасці, і какосавым сокам, набытым у гіпермаркеце ў Даўнтаўне.

І нават гэтымі норыцамі, міндоўгамі ды баравікамі не вычэрпвалася ўсё тое, што я адчуваў побач з Беларуссю. Яе «распаведзенасць», наяўнасць выключна ў выглядзе нечых успамінаў, урыўкавых разваг пра тое, што такое «радзіма» і што такое «Беларусь», надзялялі краіну неспалучальнымі рысамі, рабілі, напрыклад, той жа чыгуначны вакзал ці Нацыянальную бібліятэку самымі безгустоўнымі, але і самымі прыгожымі будынкамі чалавецтва. Бібліятэка? Ну як жа, помнік безгустоўнасці, помнік адсутнасці ўяўленняў аб прыгожым як такім — чуў я. Бібліятэка? Адзінае вартае захаплення ў архітэкурным абрысе гораду, чый гістарычны цэнтр зруйнаваны камуністамі, каб было, дзе паўстаць сталінскаму ампіру. Нічога пачварнага ў ёй няма ды і не можа быць, а што ёсць, дык гэта захапляльны выклік натуральнасці, законам прыроды: ўяві сабе надзвычайных, спелеалагічных памераў крышталь, які нарос пасярод роўнай, як талерка, паверхні, крышталь, бакі якога ўзімку ўпрыгожваюць снегавыя нарасты, нібы гэта не будынак, а Манблан. Уяві гэты цуд марозным днём, калі паветра празрыстае, як дыямент, і адчуеш падсвядомы пазыў спусціцца па ім на лыжах… Адно што калі па ім вечарамі запускаюць рэкламу аўтаномнага пажарнага верашчальніку, дык гэта і ёсць сучасная Беларусь.

Хтосьці, скаланаючыся ад нянавісці, распавядаў мне пра неверагодную чысціню на вуліцах, пра тое, што гэта нежывая чысціня, але ж чысціня хірургічнага пакою, другі праз дзень казаў, што адзінае, па чым баліць ягоная душа — гэта тая прыбранасць на вуліцах, тыя пабеленыя бардзюры ды пафарбаваныя камяні на ўскрайках лясоў. Адзін казаў, што ніколі-ніколі не вернецца, і назаўтра з’язджаў, і сувязь з ім, як заўсёды, знікала, і мы, па завядзёнцы, збіраліся ў доме міласэрнасці ды ўздымалі кілішкі грамадой. Другі ўсё ехаў, ужо заўтра, менавіта заўтра, на ранішнім цягніку, бо калі ў шэсць сорак на цягнік, ужо ў адзінаццаць будзеш у Менску («Хто ж цябе да Менску пусціць! На мяжы здымуць», — падказвалі побач), а яму хаця б пабачыць адзін раз тыя вежы на прывакзальнай, адным вокам, ну хай сабе здымуць, але ўсё роўна потым этапуюць у Менск, праз чыгунку, а там размеркавальнік побач, маленькі непрыкметны будынак на Дружнай, а адтуль вежы бачныя, і яшчэ кілішак, за вежы, і яшчэ, вежы, вежы, ажно да самага наступлення Менску тут, пасярод дому міласэрнасці, і калі яго выносяць, ён шэпча пра Менск. Як пасля гэтага не ўзрушыцца? Як не памкнуцца туды, нават калі ўсё, што там ёсць — касы будынак размеркавання ЗК?

Я не ведаю, ці сапраўды ўсё было настолькі непазбежна, што іх забіралі на мяжы. Камунікацыйнае знікненне тых, хто вяртаўся, магло быць абумоўлена зразумелым жаданнем абрубіць усе сувязі з віленскім асяродкам, выкрасліць эміграцыю з жыцця. Трэба ж разумець, што тыя, хто жыў тут, штодня блыталіся ў путах уласных страхаў, выдуманых ды невыдуманых жудасцяў, прымалі ўласныя начныя летуценні за рэальнасць: у большасці выпадкаў яны збеглі з краіны пасля нават не допыту, але ўласнага дапушчэння, што на допыт могуць выклікаць. Неасцярожнае інтэрв’ю, занадта смелы допіс у блогах — усё астатняе рабіла іх уласная падсвядомасць, якая выдумляла дэманаў, што жэрлі іх душы. Аднак жа было і іншае… Той, што да сутаргаў заікаўся. Ці той, што распавёў, як пасля затрымання ў тую самую ноч, калі было шмат чырвонага на белым снезе, яго і іншых распранулі ў закрацці, паставілі басанож на зледзянелы бетон ды доўга здымалі на відэа, і ніхто не ведае, што далей сталася з тым відэа, але сам факт яго існавання турбуе гэтаксама, як той сонечны сюжэт пра зверагадоўлю, турбуе на ўзроўні канфлікту з чалавечнасцю, вычварэння, якое робіцца нейкім маніякальным пачаткам суб’екта, які недзе побач пакладзены ў аснову існавання дзяржавы.

Аднак праз гэты смурод ды чарнату праглядала чысцюткае, незапэцканае жудасцю, некранутае дэманамі, і яно вабіла тым больш, чым больш страшныя расповеды я чуў: напрыклад, тая частка Менску ля праспекту Пераможцаў, тое ўзбярэжжа, якое ператварылася ў мой уласны вырай, да якога імкнулася птушка ўва мне падчас душэўных халадоў. Першапачаткова я пабачыў гэтае ўзбярэжжа з белым будынкам басейна на паштоўках савецкіх часоў, якія ўвалаклі з сабой эмігранты хвалі 1990-х: з тае пары нішто істотнае, вартае любові, там не змянілася. Перш за ўсё я кажу пра від на Траецкае, які адкрываўся з боку Свіслачы. Я не вельмі дакладна ўяўляю сабе, якога адценню там вада, я дамысліваю асветленасць і вецер, пах і гукі гораду, я ўяўляю сабе нават стамбульскіх чаек тут (не ведаю, ці ёсць яны ў Менску насамрэч). Але ж па начах мне сняцца сны, у якіх я іду ўздоўж узбярэжжа, там, дзе пад нагамі — загнаная ў трубы Няміга, і ў маёй далоні — яе палаючая далонь. Вядома ж, я падаў на візу і, вядома ж, атрымаў адмову, бо пашпарт у мяне амерыканскі.

Я шукаў яе, ах, як жа я шукаў яе! Яна патрэбная была мне не проста таму, што чалавек не можа адзін, чалавек існуе толькі тады, калі яму ёсць, каму сказаць пра сябе, і тым адрозніваецца ад жывёлы. Але тут было іншае: у пэўны момант Наста для мяне стала ўвасабленнем маёй новай існасці. Я выракся сваёй краіны, сваёй (ангельскай) мовы, я адмовіўся ад гісторыі, у якой Поўнач ваявала з Поўднем у імя гісторыі, у якой п’яны Пётр забіваў базільянскіх святароў у полацкай Святой Сафіі. Там у мяне ўжо не было каранёў, тут маёй сувяззю з каранямі была нават не мова, а Наста. Мова ж дапамагала выключна паразумецца з Настай, калі я яе знайду. Калі я яе знайду… Без Насты я быў чалавекам без краіны, без дома, без мовы, без мінулага, напаўбамжом. Без Насты было так пуста, як не было ніколі, і з гэтай пустатой суіснаваць было немагчыма.

Спачатку, калі я ўсё яшчэ верыў у моц супадзенняў, у тое, што Наста дзесьці зусім побач, у суседняй кавярні, на паралельнай вулачцы, і трэба толькі ў патрэбны момант павярнуць у вырашальным напрамку, каб яе напаткаць, я хадзіў дзённа і ночна. Пешшу я вывучыў усе раёны Вільні, ногі ператварыліся ў мае вочы, я мог пазнаць, дзе я — закрыўшы твар далонямі ды заціснуўшы вушы вялікімі пальцамі, проста па характары ўхілу паверхні. Я мог такім чынам адрозніць кульгавую Таўра ад роўнага, як прасавальная дошка, Гедымінаса. Час ад часу я знаходзіў яе. І паскараўся да бега, наганяючы чарговую спіну, і крычаў: «Наста!». Але адгукалася не Наста, а Расутэ, Даля, Ангеле ці Ірэна. І я зноў ішоў — ішоў пад дажджом, пад снегам, у сцюжу ды пекла — ішоў туды, куды дарэмнай надзеяй вабіла мяне сэрца, тое сэрца, якое падскоквала ў грудзях, калі ў павольным спакойным, як кіт, тралейбусе мільгаў падобны сілуэт, і я зноў бег ды не паспяваў на прыпынак, браў таксоўку, ехаў за ім, ускокваў туды, а там ужо не было таго сілуэта, таго крэмавага плашча ды знаёмага — да знямення, да здранцвення, профіля. Я ўпэўнены — дагэтуль упэўнены — і не пераконвайце мяне, не трэба! — я ўпэўнены ў тым, што бачыў яе аднойчы. Нюх, інтуіцыя — штосьці звышнатуральнае падштурхнула мяне паснедаць у Gusto на чыгуначным вакзале, месца, пагадзіцеся, даволі дзіўнае для таго, хто не плануе праз паўгадзіны з’ехаць некуды дастаткова далёка для таго, каб гэтая далечыня, у сукупнасці з немагчымасцю знайсці нармалёвую ежу ў цягніку, вымусіла есці менавіта тут. Я калупаў відэльцам мёртвы блін з вывернутымі вантробамі, праз раненні якога выцякала сунічная кроў, і ў гэты момант — хуценькая постаць прамільгнула побач, праз шкло, і прынцыповай была яе наўмысная пахіласць, чалавек, бы наўмысна, скажаў свой рост, валасы і значная частка твару былі схаваныя пад паркай. І тое, што яна скокнула ў вагон акурат у той момант, калі цягнік варухнуўся, скрыгочучы так, нібы стаяў без руху з моманту вынаходніцтва дызельнага рухавіка, толькі запэўнівала ў тым, што — яна, яна, бо каму яшчэ так хавацца? Я пабег — я за гэты час вывучыўся паскарацца, як спартовы аўтамабіль на светлафоры, нейкі час бегаў кожны вечар перад тым, як пайсці да сну, таму старт быў эфектны, з непрытомным крэслам, якое пачынала сваё чатырохногае падзенне, калі я яшчэ быў побач, а гарматна грукнула, калі ад грукату было чутно хіба што рэха. Дзеля таго, каб выціснуцца з гэтага невыносна доўгага, як няспраўны лімузін, Gusto на перон, патрэбна было праляцець праз усё правае крыло будынку, паднырнуць пад лесвіцу, прабегчы спачатку ўніз, потым — праз «Максіму» (зніжкі на арахіс ад трох да двух з паловай літаў), потым, распіхваючы «макісмалістаў», якія набралі арахісу сабе ў клункі, — наверх, праз хол, праз макет Вільні, праз эскалатар, праз прыціснутыя да сценак шкляныя дзверы, — каб пабачыць чырвоныя ліхтарыкі ззаду гэтага ліхаманца, што ўпёр яе ад мяне… Цягнік на Берлін, наступны прыпынак — у Польшчы, у Бзднах, самалет на Варшаву ў васемнаццаць, калі цягнік Бздны ўжо тры гадзіны як праедзе. Калі яна была тут, значыць, сюды і вернецца.

Я зноў праводзіў гадзіны, бадзяючыся на поўначы ад вакзалу — у месцах, дзе панавалі рускамоўныя падлеткі на старых, як парэшткі Савецкага Саюзу, БМВ і дзе толькі мой рашучы выгляд захаваў мне жыццё ды здароўе, бо за палову грошай, што былі ў мяне ў кішэні, тут не маглі, а павінны былі забіць. Я вывучаў населеныя кудлатымі, але вельмі прыязнымі нефармаламі сквоты і нават пераначаваў у адным, — тым, што знаходзіцца каля парка, над Акадэміяй мастацтваў. Мы палілі вогнішча, пелі Боба Марлі ды елі тушонку.

Я хадзіў па віленскіх прадмесцях і шукаў яе ў драўляных хатах літоўскіх сялян. Потым мяне працяла геніяльная, як мне падалося, думка аб тым, што Наста павінна была асесці на мяжы з Беларуссю, літаральна на мяжы, каб усё было тое ж, з розніцай у якіх сто метраў. Я вандраваў па дзіўных вёсках, рассечаных надвое памежжам, вёсках, у якіх быў толькі адзін касцёл, з літоўскага боку, у дзесяці кроках ад загароды. Падчас службы сяляне-беларусы збіраліся ля плоту пад вартай аўтаматчыкаў (каб не далі ўцёкаў!) ды старанна выводзілі польскія псалмы пад гукі літоўскага аргана. «Вітаю вас!» — крычаў я землякам. «Вітаем, хлопча», — адгукаліся адзінкі са здзіўленнем. Землякі былі шчарбатыя, у картузах ды ботах. Потым уступалі памежнікі, якія хуценька тлумачылі, што камунікацыя праз мяжу недапушчальная.

Я зразумеў, што выпадак не здольны злучыць нас. Даваць веру выпадку азначала ў той ці іншай ступені дапускаць, што і першы раз мы сустрэліся выпадкова, а не па наканаванасці (як лічыў я). І я распрацаваў спецаперацыю па яе пошуках. Склаў мапу з усіх прыдатных да жыцця гарадкоў Літвы і стаў выходныя за выходнымі правяраць іх па чарзе: мне пашанцавала, краіна была маленькая. Нічога. І тады я не адчуў, але зразумеў (адчуў я гэта, бадай, у першы год жыцця тут), што яе няма тут. Ні ў Вільні, ні ў Клайпедзе, ні ў Каўнасе. Яна не ў гэтай краіне. А дзе — невядома. Можа, у тым Берліне, а можа, — у тузіне гарадоў, што паселі на той сімвалічнай жэрдцы, якая вядзе з Вільні ў Берлін. Яна магла быць ва Украіне, у Польшчы, у Расеі, не, у Расеі дакладна — не. Няма ніякай магчымасці даведацца пра яе месцазнаходжанне. А таму немагчыма, каб мы сустрэліся. Немагчыма. І тады я вырашыў забыцца, выкрасліць з сэрца, вымусіць пайсці з мяне. Псіхалагічна гэта было падобна да спарону. Я прыпыніў яе жыццё ўва мне і, здаецца, прыпыніў і сваё ўласнае жыццё, бо адразу зрабілася незразумела, дзеля чаго, у імя чаго…

З Астай я сустрэўся, калі замаўляў вячэру ў сваёй улюбёнай кавярнякнігарні: там не разумелі па-беларуску, і я карыстаўся ангельскай (ці гэта не цуд: карыстацца ангельскай мовай?). Толькі беларуская надавала майму роднаму маўленню анёльнасць, нябёснасць. Нідзе больш у Інгліша не было такіх узнёслых арфаэпічных канатацыяў!). Я сціскаў у далонях «Чорную кнігу» Памука: Памук апынуўся неблагім пісьменнікам, а чытанне апынулася неблагім заняткам для катавання часу (менавіта так: мае налітыя адзінотай вечары больш нагадвалі катаванне часу, чым забойства!). «Чорная кніга» вабіла мяне тэмай пошукаў каханай, і я не хачу чуць пра тое, чым скончыліся гэтыя пошукі: літаратура тым і адрозніваецца ад жыцця (і ад фільмаў), што ў ёй зрэдку здараюцца хэпі-энды, яны тут кшталту праявы дрэннага густу. Сукупнасць англамоўнага Памука ў маіх далонях ды англамоўнай замовы вячэры падштурхнула Асту да спробы англамоўнай камунікацыі, яна спытала, ду ай спік інгліш і, пачуўшы станоўчы адказ, падсекла: «Does you will to teach me better English?». Я — выключна дзеля праверкі яе моўных здольнасцяў — запытаўся, як яе завуць. Я чакаў пачуць імя, адрэагаваць ветлівай заўвагай, што яе мова і так дасканалая, і такой сцежкай вярнуцца да свайго Памука, што паспеў ужо астыць. Але яна назвалася, і я забыўся пра «Чорную кнігу». «Аста, — перапытаў я. — А хіба ёсць такое імя?». Яна пакрыўджана растлумачыла, што гэтае імя вельмі распаўсюджанае сярод скандынаваў і з’яўляецца грэцкім па паходжанні, а пра падобныя імёны ніколі не чула. Мяне не цікавіла, што яно сігніфікуе, я чуў толькі тое, што адна адзіная літара адрознівае яе ад «Насты», гэта была Наста без «Н». Яна задала некалькі моўных пытанняў, якія толькі ўскосна маглі азначаць яе цікаўнасць да граматыкі і хутчэй сведчылі пра намер гаварыць на ангельскай як такой. Запытала: «How much years has you?» («у якім я ўзросце» і нават не так: «якая колькасць гадоў мяне мае»!), я адказаў, потым былі пытанні, як мяне завуць («told me your name?») і ці ёсць у мяне дзяўчына (you have a women for a sex?). Я падзякаваў за прадэманстраваны ўзровень і пачаў расповед пра яе тыповыя памылкі, у прыватнасці, голасам ды інтанацыяй бывалага лектара падаў уводзіны ў пастаноўку пытанняў. «We go to you?» — хутка прапанавала яна, і я не адразу зразумеў, што гэта ўжо не адпрацоўка пытанняў, а даволі канкрэтная прапанова, мабыць, яна пачувалася няёмка, дэманструючы сваю скалечанную ангельскую ў публічнай прасторы. Пад акампанемент маіх тлумачэнняў таго, якія памылкі былі зробленыя ў яе запрашэнні перамясціцца да мяне, мы апынуліся на шумным праспекце ды ўпёрліся ў бясконцы аўтамабільны корак, што нагадваў шкілет дагістарычнага змея, усе косткі якога (рознакаляровыя, модныя, але падпарадкаваныя адной логіцы руху ды стаяння), цягнуліся прэч ад цэнтру, пакідаючы паміж сабой столькі міжхрыбетнай прасторы, каб яе хапіла хіба на тое, каб праскочыць аднаму чалавеку. Трэба было праходзіць пільна, бо як толькі ў галаве змея, схаванай за рогам цьмянай вулачкі ўдалечыні, пачыналіся зрухі, яны хутка распаўсюджваліся на хрыбетнік: патрэба ірваць далей перанімалася вось гэтай канкрэтна «Хондай» касцянога колеру, якая адразу ж кідалася наперад, не зважаючы на твае ногі, зневажаючы іх. Мы пераправіліся на другі бераг захопленай зміем ракі, і ў першы раз у гэтым тэксце «мы» азначала нешта іншае, акрамя нас з Настай.

«No there! We not go there!» — перапыніла яна, калі я паспрабаваў пацягнуць яе праз запруджаную людзьмі пешаходную вулачку — найкарацейшы шлях да майго жытла. «Чаму не?» — здзівіўся я, але ў яе не было словаў, каб патлумачыць. Гэтыя зносіны вымагалі словаў, іх хранічна не хапала, а тыя, што былі, не разумеліся, а тыя, што разумеліся — разумеліся не так. Як, напрыклад, можна было зразумець яе тлумачэнне «we can be seen»? Хто нас мог пабачыць, і чаму яна гэтага баялася? Я заўважыў, як нервова яна пазяхае — прыкмета хвалявання яшчэ больш відавочная, чым чырваненне шчок ці бурчанне ў страўніку. Да таго ж, раз-пораз яна аглядалася, рухаючыся хуценька побач са мной, але не шчыльна побач, на адлегласці аднаго-двух крокаў, з перавышэннем дыстанцыі камфортнай знаёмасці да дыстанцыі «я яго не ведаю, вось толькі што сустрэла, паказваю, як прайсці ў бібліятэку». Усе гэтыя дзівацтвы вабілі, як вабіць таямніца, замкнёная скарбонка, выпадкова ды бясследна выдалены з пошты мэйл, у якім, канечне ж, былі самыя важныя ў тваім жыцці словы.

Яна зацягнула мяне ў неасветлены правулак шырынёй з бальнічны калідор. «Adress», — запытала яна з націскам не першы склад: я назваў, і яна пацягнула мяне праз тую Вільню, якой я яшчэ не бачыў. Гэтая Вільня была падобнай да Стамбулу, праз які аднойчы правалакла мяне Наста: завулкі, падворкі, занадта інтымныя, каб на іх можна было ўявіць турыста: бялізна на лінах, падлеткі, якія, згурбіўшыся, слухаюць «Рамштайн» з мабілаў, пакінутыя канапы, backstage рэальнасці. Я патаемна пазіраў на яе — пазнавальнай была яе мэтанакіраванасць, лёгкасць, нават рост ды постаць, але ж бракавала Настынай моцы ды энергіі ў кожным руху. Кажу ж, Наста без адной (можа — самай галоўнай, а можа — не!) літары.

Мы выпархнулі на адну з пешаходных магістраляў, і яна адыйшла ўбок, дазволіўшы чалавечай плыні рассекчы нашае «мы» на «м» і «ы», дзве незнаёмыя літары, праз нас ішлі людзі, гэта былі пераважна замежнікі, «z», «x», «l» паміж нашым «мы» («мzы» — дзіўная фігура маўлення), але вось і дом з імбрыкамі на Піліес, вось і бясконцая сцяна, вось і анёл, мой анёл — мы прашмыгнулі ў вароты, як два прусакі, узляцелі па сходах, і я замкнуў дзверы. «We with nobody?» — удакладніла яна і, пачуўшы станоўчы адказ, пазбаўляючы дыхання, хутка, прагна, неверагодна, немагчыма, клапатліва, не, як гэта? як можа? як можна? схапіла вуснамі, сваімі вуснамі, вуснамі, мае вусны ды пяшчотна абхапіла патыліцу, сплялася пальцамі ў валасах, трымаючы, трымаючы… Усё, што было далей… Як мы апынуліся ў гасцёўні, як пад намі ўтварылася канапа, як… Тут мне трохі не хапае маёй беларускай, я проста не ведаю выразаў, якія б стылістычна дакладна перадавалі б сітуацыю — у ангельскай ёсць файная форма I found myself: I found myself with her naked, found myself kissing her as we were kissing last time before the dead of the sun, яе скаланала ад дрыжыкаў, яе далоні былі халоднымі ды вільготнымі, яны разгублена вандравалі па маёй спіне, як быццам бы заблукаўшы, ці, можа, у пошуках выратавання, нейкай кнопкі, якая б усё зрабіла меней недарэчным — ператварыла яе ў Насту, а мяне — я не ведаю, каго яна бачыла ці жадала б пабачыць у маім абліччы. Неяк так атрымалася, што на мне ўжо не было сподняга, а яе ногі — ледзяныя, дрыготкія, трымцелі ад нервовага напружання, а паміж іх было пякуча ды вільготна (вільгаць непажаданага пацалунка), мы ж не ведалі адно аднога, не ведалі, што далей, і не жадалі (прынамсі — я), каб гэтае «далей» было, але «далей» наставала, як настае дзень пасля бяссонай ночы, як развідняе тады, калі ты, зняможаны, яшчэ спадзяешся на цемру, на тое, што яна дапаможа забыцца, і вось развіднела, і трэба жыць да вечара, жыць паловай сябе, паловай сваёй сутнасці — жыць, нягледзячы на тое, што быць у прытомнасці няма ніякай моцы, нягледзячы на тое, што кожная клетачка мозгу патрабуе сну, я разумеў, што гэта — не трэба, што так — не трэба, але ж што разуменне патрэбы можа зрабіць з астраноміяй дня і ночы, іх узаемнага чаргавання, і я не ведаў, што наставала — дзень ці ноч, бясконцая, бяссонная, непазбыўная ноч, і вось, калі я ў ачмурэнні хапаў дурнымі вуснамі ейныя смочкі, з сумессю гідлівасці ды жадання, вось у гэты немагчымы, вар’яцкі момант у дзверы пагрукалі. Яна выслізнула з-пад мяне ды па-змяінаму сыкнула: «Хто?». А я не ведаў, хто, я шукаў гузікі на маіх такіх доўгіх, немагчыма доўгіх, значна, здаецца, даўжэйшых за мае анучныя ногі, штанах, я зашпільваўся, я бег да дзвярэй, гатовы да таго, каб пабачыць там, у прывідзе вітальні, якая зрабілася непазнавальнай, Мікі Маўса ці Мобі ў касцюме касманаўта (кліп We all made of stars), я цягнуў на сябе дзверы, цягнуў, падрыхтаваны да ўсяго, але там стаяў толькі Іваноў, зухаваты дзядок Іваноў, акуляры якога цяпер былі падобныя да нейкай вычварнай прылады з фільму жахаў з удзелам Джоні Дэпа.

— Дзень добры, — бадзёра пачаў ён. — У цябе зараз дзяўчына.

Ён не запытваўся, ён сцвярджаў, і гэтае сцвярджэнне збольшага адпавядала рэчаіснасці, пры ўсёй яго немагчымасці, і я пацвердзіў, так, дзяўчына…

— Мы ж дамовіліся, сусед. Дамова ж была. Калі да цябе прыйдзе твая сяброўка, ты мяне пазнаёміш.

Я ліхаманкава ўспамінаў дамову.

— Я ж стары, — блазнаваў Іваноў. — Мне ж трэба з моладдзю абшчацца. Няўжо ў цябе няма павагі да старых?

Ён зрабіў крок у кватэру.

— Аднак мы зараз… — пачаў я.

— Ты абяцаў мне, Джон, — прысарамаціў ён мяне і зрабіў яшчэ адзін крок у пакой. — Як яе завуць?

Я паспрабаваў успомніць, як жа яе завуць, як завуць гэтыя ледзяныя рукі, гэтую плоскую спіну, пакрытую халодным потам жывёльнага жадання, спіну, якую я толькі што трымаў, як паднос, калі мае вусны… як жа, як, там была сувязь з тым, сувязь без літары…

— Джон, так суседзі не робяць, — ён паспрабаваў зрабіць яшчэ адзін крок і яшчэ, каб трапіць у пакой, але ж нейкі інстынкт, нейкая падсвядомая асцярожнасць, выхаваная размовамі з беларусамі, бараніла, змусіла спыніць яго, стаць на шляху: раптам, я ўзгадаў, як баязліва яна шарахалася ад мяне, як цягнула ў падваротні, прэч ад чужых вачэй.

Было штосьці ў гэтай дзяўчыне-таямніцы, што не прадугледжвала магчымасці трэцяга ў нашым крымінальным дуэце, не, не, нельга было пускаць, да таго ж, нельга было быць упэўненым, што яна апранулася, не, не…

— Прабачце, Іваноў, я… Мы…

— Джон! — дакорліва грымнуў ён, і я зразумеў, што мяне здзіўляе і нават пужае: небарака быў занадта ж рацыянальным для таго дзівака, якім ён паўстаў перада мной у нашае знаёмства: да таго ж, я не мог згадаць, калі, чорт!

Калі і як! Ён паспеў дазнацца, што недзе, у нейкай далёкай краіне, у нейкім не маім мінулым, мяне завуць ці звалі Джон — я ж яму казаў: «Ян»!

— Іваноў, я не магу вас пакуль што пазнаёміць. Ну ніяк. Немагчыма. Прабачце. Дзяўчына стамілася, — ён хмыкнуў, як быццам ведаў больш, чым мне б таго хацелася, і я пачаў выціскаць, выціскаць яго прэч, ступаючы з ветлівай усмешкай, наступаючы, замыкаючы дзверы, не зважаючы на апошнія словы (што ён там сказаў? «Хаця б адным вокам»?).

Дзверы былі зашчэпленыя — шчыльна ды надзейна, куды шчыльней ды надзейней за мае штаны, за маю кашулю, якая… Я йшоў да яе, яна сядзела, як школьніца перад экзаменатарам: акуратненькая, цнатлівая, з чырванню на шчаках і — пабачыўшы, што я адзін — хуценька выняла далоньку з-пад попкі, а ў далоньцы апынуліся скамячаныя майтачкі, чырвоненькія, нібы зробленыя з крывавага павуціння, выняла ды кінула побач, кінула побач, а не апранула — я, дарэчы, не магу ўявіць, як яна іх магла апрануць: гэтае апрананне з прадзяваннем ног, такіх раптоўна аголеных пад спадніцай, разбурыла б мае ўяўленні пра магчымае нават мацней, чым вось гэтая кароткая сцэнка з далонькай з-пад попкі і з апошнім бар’ерам, скамячаным у далоньцы… Тое, як яна нядбайна кінула майтачкі, азначала адно: яны нам яшчэ нейкі час не будуць патрэбныя, і што мы яшчэ вернемся да таго, што апаляе яе там, аб чым нават думаць… І я не мог зразумець, як можна — вось гэтага незнаёмага мне чалавека, як мы… Зрывістым голасам яна спытала, хто гэта быў, і я адказаў, што сусед, што за сусед, ну дзівак, ён тут побач, як завуць? Іваноў… Так, ён жыве тут, а чаго хацеў — пазнаёміцца (турбота, турбота на твары) — а што, ён яе ведае? Не, не ведае, і адразу ж пасля «не ведае» — зноў вусны, поўны рот вуснаў, скалананні, язык, які тыкаецца ў маё нёба і вось, калі так, шчыльна, амаль што нармальна, усё згодна з логікай наступлення ночы і, вядома ж, нецывілізавана быць у штанах, калі яе полымя ўжо ўпіраецца мне ў жывот, калі…

З таго, што здарылася далей у свядомасці засталіся яе хрыпаватыя пастагныванні ды яе недарэчнае хіхіканне, калі я… Калі… Яе далоні, якія страчвалі далікатнасць, спужанасць і вось ужо разлягліся на маіх ягадзіцах, абхапілі іх, па-гаспадарску драпалі ды настойліва цягнулі на сябе, углыб, заахвочваючы не шкадаваць, ёй не балюча, ёй прыемна, давай, глыбей, лютуй, запрашаю. Засталося тое, што калені яе ўзняліся над нашай бойкай, паўсталі вельмі пругка ды не паддаваліся, калі я налягаў, спрабуючы прыладзіцца пакамфортней — яны вымагалі нейкай дзіўнай выгнутасці, яна выпроствалася, вілася пада мной, а сагнутыя ногі трымаліся як апора, на якую… Засталося тое, як хутка яна знайшла патрэбныя словы ў ангельскай: мы не здолелі пазнаёміцца з дапамогай мовы, а вось тых ста словаў, якія нас аб’ядноўвалі, было дастаткова, каб рабіць тое, што рабілі. Словаў, якія дазваляюць фізічна наблізіцца — тузін: «ты», «я», «хутчэй», «павольней», «глыбей», «добра», «вельмі добра», «спыніся», «не спяшайся», «сюды», «туды», «прыемна», «давай», «набліжаюся», «ён!».

Потым было некалькі глыбокіх уздыхаў і зрабілася вельмі ціха. Мы зноў былі на адлегласці колькіх крокаў адно ад аднога, прыкрытыя фірмовым літоўскім пледам, пра вытворчасць, кошт, малюнак ды якасці якога я магу распавесці нашмат больш, чым пра тое, што адбылося той ноччу паміж дзвюма спужанымі істотамі. Мы маўчалі, трымаючыся за рукі, іх трэба было выцягваць, бо кожны з нас не жадаў аскандаліцца выпадковым крананнем другога сваёй запэцканай сокамі скурай. Яна запыталася, ці знойдзецца ў мяне шампанскае («have shampaign you»? — нешта ў яе засталося пра інверсію). Шампанскае знайшлося, постсесійны падарунак студэнтак, якія, мабыць, употай марылі пакаштаваць яго разам са мной і, не выключаю, прыкладна ў той жа сітуацыі, у якой мы цяпер церушылі фальгу ў чатыры рукі — тыя самыя рукі, якім больш не трэба было рабіць выгляд, нібы яны трымаюцца адна за адну з-за пяшчоты, якім знайшлася справа павесялей. Я стрэліў вечкай у столю, на ложак пырснула пеністая вадкасць, прыйшлося падхопліваць яе абкусанымі вуснамі, віно бясследна растала ў роце, ператварыўшыся ў шапаценне бурбалак, а яна запратэставала — не, так не можна, гэта ж шампэйн, патрэбныя келіхі, і прыйшлося, абкруціўшыся прасцінай, бегчы шукаць келіхі. Патрэбных не было: я знайшоў кантаваныя шклянкі пад віскі (яна зарагатала), простыя высокія сёрбалкі для «Кока-колы» (зноў рогат, але без пагарды: падобна да таго, што мы гулялі ў нейкую дзіцячую гульню, аднак я не разумеў правілаў, мне здавалася, што гэта — не тое, чаго вымагае момант…) ды два парцалянавая кубачкі з выявамі коцікаў. Урэшце, яна міласэрна пагадзілася на тыя першыя кантаваныя шклянкі з тоўстага шкла, сербанула пенных аблокаў ды паказала вялікі палец: «клас!». Я так і не зразумеў, ці то яна так ўхваляла шампанскае, ці то здзеквалася з формы шклянкі.

Я пільна разглядаў яе, літаральна жор вачамі, бо трэба ж было ведаць, з кім дайшоў да найвышэйшай блізкасці, і Аста была прыгожай, вельмі прыгожай. Выпешчаны твар, нос, формы ды прапорцыі якога былі падобныя да тых па-гогалеўску агромністых гіпсавых макетаў, якія мы малявалі ў каледжы на занятках па анатоміі. Вочы, якія нябесны скульптар выканаў у строгай адпаведнасці з рымскім канонам, вочы, у якіх на самым донцы плёскалася распаляючая, спакуслівая смарагдавая шалёнасць. Вейкі, якія хочацца называць словам з лексікону Караткевіча: «веі», «яе веі» — ці гэта не музыка? Шыя, даўжыня якой утварала разам з абрысамі плячэй па-рэнесанснаму прыгожы геаметрычны трохкутнік, далей — напамін пра лагчыну, якая ў сваю чаргу нагадвае пра пагоркі грудзей, пра якія можна толькі здагадвацца, марыць і ўспамінаць, бо ўсё, што ніжэй за ямку ў цяністага падножжа шыі, было надзейна схаванае пад коўдрай, якой яна ахінула сваю духмяную скуру, коўдрай, якая яшчэ колькі дзён будзе ўтрымліваць яе пах… Я прасякаўся пяшчотай да яе, пяшчотай ды ўзрушанасцю — пасля таго ўжо, як усё, што магло гэтую пяшчоту замацаваць на ўзроўні рухаў, на ўзроўні танца ўзаемадзеянняў, ужо адбылося і скончылася, я хацеў чытаць ёй санеты Шэкспіра — тыя, у якіх распавядаецца пра ружы так, што гэта яшчэ не выглядае кітчам, але ж яна згасіла мой пафас, заўважыўшы, што «любіць шампанскае» пасля «гэтага». І адразу ж віхурай закарагодзіліся думкі пра гэтае «гэтае», пра тое, калі, напрыклад, яна пакаштавала шампанскае ўпершыню і хто быў аўтарам гэтай напаўвампірскай па сваёй патаемнай сутнасці ініцыяцыі: гэта была яшчэ не рэўнасць, але ўжо і не спакой.

Яна прагна глытала феерверкавае шапаценне (піў і я, паступова адчуваючы, як цела робіцца працятым гэтым шапаценнем, замест рук, ног, жывата, галавы паўстаюць зіхоткія іскаркі, і нічога не хацелася пытаць, але ж розум са здзіўленнем заўважаў, як легкадумна яна адмахвалася ад маіх лянівых роспытаў: ці яна з Вільні, а кім яна працуе, а дзе ў Вільні жыве, гэта не важна, і гэта не важна, а гэта наогул не пра тое, важна ж тут, што «I love you», — яна сказала гэта проста, паміж двума глыткамі шампані, і я не паспеў прачуць, бо за хвіліну да таго мы высвятлялі, хто я па задыяку — у адказ на маё пытанне, ці была яна калі ў шлюбе; хвілінай пасля мы апынуліся перад высновай, што лепшыя куфлі пад shampaign выпускае «Вайсрой ды Бош», іх можна набыць у «Форум Пэлэсе», і мне лепей зрабіць гэта да нашага наступнага распівання шампані, ха, ха, ха!

Я магу дапусціць, што яна сапраўды верыла ўласнаму «I love you», бо адносіла каханне да праблематыкі шампанскага пасля сексу і гэтым жа яго абмяжоўвала. Але ж я набыў яе «I love you» па намінале і — рамантычны ёлупень — пачаў прышыблена думаць пра нязграбнасць майго лёсу. Гэта ж трэба было захапіцца нейкай Настай, кінуць дом і краіну, вывучыць беларускую мову, перафарматаваць уласную свядомасць, уцямяшыць сабе ў галаву беларускасць, каб скончыць новай разгубленасцю, якая цяпер патрабуе — чаго? Вывучэння літоўскай? Апгрэйда яе ангельскай? Моцна мне дапаможа веданне Сяргеевых баек, палова з якіх абражае яе літоўскія нацыянальныя пачуцці? Цяпер перавучваць тыя ж байкі на літоўскі лад?

Я нагадваў сабе чароўнага прынца, які прайшоў праз цяжкія выпрабаванні, забіў качку, выцягнуў з яе яйка, з яйка дастаў іголку, праз агонь і дрыгву прыскакаў да каралеўны і вось, выратаваўшы яе, зразумеў, ну, не ведаю… Што каралеўна насамрэч — хлопчык. Ці што каралеўна сядзіць на печы ў хаце, з якой пачалася вандроўка. Вядома ж, гэтай гісторыі бракавала напружанасці, жудасці ды прыгажосці, загадкавасці ды патаемнага святла: Аста была спакойнай, упэўненай у сабе, сытай коткай, найвялікшай праблемай якой з’яўляўся посуд, з якога яна піла шампанскае ў ложку. Аднак тут усё было проста і дасціпна, а, галоўнае, можна было пачынаць адразу, на хадзе, без звышчалавечых высілкаў па выманні адной душы і ўкладанні ў цела душы іншай, прывязанай да страчаных каранёў.

Паразважаўшы, можна было знайсці пэўныя паралелі ды паўторы, якія збольшага пацвярджалі наяўнасць шаблону, па якім кляпаўся мой лёс: дзяўчына з імем Наста навучыла мяне беларускай мове, дзяўчына з імем Аста прасіла дапамагчы ёй з мовай ангельскай. Зваротнасць, узаемаадлюстраванасць сітуацыі была відавочнай. Мне дапамаглі знайсці родную мову, цяпер патрабавалася дапамагчы авалодаць той мовай, якая некалі з’яўлялася роднай для мяне. Але дзіўней за ўсё было тое, што ўсе мае тыктанічныя зрухі, усё гэтае раставанне леднікоў ды замена мамантаў Купалам, ператварыліся ў пыл менш, чым за дзве гадзіны. Ці гэта не мой недарэчны лёс?

Аста тымчасам пачала разважаць, калі мы пабачымся ў наступны раз, і гэтая тэма мяне збянтэжыла: як «пабачымся»? Куды яна пойдзе? Навошта? Яна супакойвала: «гэта не важна!». Ёй трэба («I needed») зараз ісці, куды? «Не важна» — «not matter», «not important»! Гэты момант — калі яна апраналася, а я спрабаваў перашкодзіць ёй, прытуліць да сябе, пакласці, ахінуць, а вочы заўважалі, што яна адварочваецца спінай, а спіна ў яе мае (як высветлілася маім таршэрам) персікавы колер, што яна адварочваецца, каб апрануць на грудкі станік, што яна закрываецца ад мяне, бо жаданне схлынула і засталася сарамлівасць (ці тое было какецтва?), дык вось, гэты момант, калі я туліўся да яе, спрабаваў казаць нешта шэптам, з адценнем крыўды, бо ўжо было так адзін раз, што я адпусціў, даў пайсці і шкадаваў колькі год пасля… Момант, калі яна, у адказ на мае шэпты, пералічала назвы дзён тыдня («Цьюздзі, Венздзі, Фрайдзі — сустрэнемся ў Фрайдзі, бо да гэтага я буду занятая па вечарах!») — дык вось, гэтая сцэна — бадай што адзінае, вартае згадкі ў тэксце, усё астатняе толькі ўступ.

Гэта было дзвюма фартэпіяннымі санатамі, сыгранымі адначасова — яе лёгкае «скерца» з хуценькім высвятленнем ды ўдакладненнем планаў на вечар «Фрайдзі», і маё напоўненае болем «андантэ» — якое было ім толькі таму, што яна цяпер грала сваё бесчалавечае «скерца». Нават не дзве розныя санаты, а дзве часткі адной, бо матыў быў збольшага падобным (матыў развітання — у яе на тры дні пасля сексу, у мяне — назаўсёды пасля першага «ка» кахання), рознымі выяўляліся тэмп і настрой: так, гэта была адна саната, часткі якой склеіліся, заступілі адна на адну. Я яшчэ хапаўся за яе руку і цягнуў аглядаць жытло, бо ў мяне ж усё тут: у мяне нават два туалетныя пакоі (паўторам стамбульскага вопыту падавалася: калі мы не развітаемся зараз, калі дачакаемся світанку побач, усё назаўсёды будзе добра).

Яна крытычна агледзела ванны пакой, але заўважыла там зусім не тое, што мне б хацелася. «Гэта што, дзверы?» — запыталася яна. Я пацвердзіў, дзверы. «А куды вядуць?». На суседнюю вулачку. Не, вокнаў Іванова там няма. Яна пляснула ў ладкі. Што ж яна ўсё хавалася? Ад каго? «Паслухай, даражэнькі, ці можна я сыйду праз іх?» — фраза была пабудаваная амаль што без памылак. «Навошта?» — не мог зразумець я. «Не важна», — адмахнулася яна, скінула засаўку і пачала ціснуць на дзверы, і дзверы паддаваліся, шпалеры затрашчалі, з’язджаючы ў бок праёма — у мяне было адчуванне, што зараз увесь ванны пакой будзе высмактаны праз тую дзірку, якая ўтваралася пад яе ціскам, гэта было падобна да спробы выйсці ў адкрыты космас без скафандра. Я прытуліўся да яе пляча шчакой, прытуліўся ды абняў ззаду: навошта ты туды, у цемень, там жа няма мяне, няма нас, аднак Аста рагатала — вельмі яна была вясёлая… І дзверы ўсё не адчыняліся, трымаючыся на тых шпалерах, мабыць, з вуліцы гэта выглядала дзіўна: пробліскі святла праз заканапачаныя шчыліны, варушэнне ў дзвярах, якія стаялі маналітам апошнія пяцьдзесят год, а Аста ўжо разышлася, піхала тыя дзверы плячом, я спыніў яе, узяў манікюрныя нажніцы ды торкнуў імі ў шчыліну, нібы ў вока, нібы забіваючы кагосьці (я забіваў займеннік «мы» — у чарговы раз). Торкнуў ды павёў уніз і ўверх, дапамагаючы шпалерам (колькі ж пластоў тут было? За колькі стагоддзяў?) разысціся. Дзверца ўрэшце вывалілася і павісла на адной завесе: з таго боку ветліва віляў хвастом руды, няскладны, вулічны сабака, свет якога (вуліца з нязменнымі пахамі, нішамі, вугламі ды выступамі) толькі што пахіснуўся, прарываючыся чорнай дзіркай, у якой было цёпла, утульна ды жылі гуманоіды, адзін з якіх не хацеў, усё ніяк не хацеў даць волі, адпусціць, адарваць ад сябе другога. Ён, гэты гуманоід, парываўся пайсці следам, паўзці следам, але не, не, не. «Я прыйду праз сюды, — сказала яна на развітанне. — Чакай пятніца!». Я злавіў яе вусны сваімі вуснамі: на іх пераважаў прысмак шампанскага, які ён інтымны! — на хвіліну вярнулася ўсё — пяшчота, блізкасць, блізкасць, бо няма нічога больш непрыстойнага, чым шампанскае, разгарачанае жаночымі вуснамі, але яна невыносна хутка скрала іх у мяне, адарвала, сціснула ды аблізала (не тваё!), аднекуль прагучала «гудбай». І пачухала сабаку за вухам. Мы засталіся ўдвух з сабакам, а пасля я замкнуў дзверы, замкнуў, не пачаставаўшы прыгажуна нічым, таму што ўнутры ў мяне ўсё спынілася, спынілася — спынілася нават тое, што адказвала за жаль ды эмпатыю.

Я вярнуўся ў пакой, у якім толькі што гучала какафанічная саната нашага расстання: зараз ужо не было «скерца», толькі маё невыноснае «андантэ» пад акампанемент вітражнай гульні адлюстраванняў, што пакідаў на баках шклянак таршэр, які некалі надаваў яе спіне персікавы колер. На кантаванай шклянцы застаўся прывід яе вуснаў — бесцялесны, пазбаўлены чырвані, бо ўся памада засталася на мне: на шчаках, на кашулі, на штанах. Я лёг на ложак ды запоўз пад коўдру, прапітаную ёй: усё ўнутры фізічна патрабавала сціснутасці, сплеценасці, я быў упэўнены, што ніколі болей не засну, што буду ляжаць і думаць, як знайсці цяпер ужо яе, і чаму яна пайшла і вось, гэтыя думкі неяк трансфармаваліся ў шматкі шпалераў, якія калыхаў скразняк, я быў сам гэтымі шматкамі і скразняком, іх гульня была гіпнатычна дзіўнай, ці то не, я быў сабой ды тлумачыў нешта рыэлтарам у агенцыі, нешта накшталт таго, што мне прыйшлося раскудлачыць дзверы, бо трэба было вынесці гаршчок, а дзверы прыйшлося закалаціць, каб болей выпадковыя мае госці не псавалі інтэр’ер, які… І вось я бачыў, як рытмічна ўваходзяць цвікі ў драўніну — рытмічна, згодна з хуткасцю ўдараў: бух, бух, бух, ды не, гэта ж не цвікі, гэта ж нехта грукае ў дзверы, хіба што яна, яна вярнулася? Я вынырнуў з самых глыбіняў сну на паверхню — нават некуды вышэй за паверхню, прынамсі — у параўнанні з той «паверхняй», з якой асацыюецца штодзённасць. Перад вачамі яшчэ скокалі цені са сну, а цела ўжо рушыла ў ванную, але не, не ў гэтыя дзверы грукалі, не ў гэтыя… Я рушыў да ўваходу, дзівячыся абуджанай часткай свядомасці фатаграфічнаму падабенству рытма гэтых грукатаў на толькі што пацямнелы (аднак яшчэ памятны) сон: гэта было ўвасабленне сну ў гуках. Калі б дзе-небудзь стварылі музей сноў, гэты музей павінны быў бы складацца з гукаў, якія спалучаюць сон і рэчаіснасць, якія працуюць як танэль, што злучае гэтыя два светы. У гэтым пагрукванні — бух, бух, бух — я б пазнаў сон тае ночы ў драбнюткіх дэталях.

Я адчыніў дзверы: тут стаяў Іваноў, і чымсьці ён быў падобны да істоты, хутчэй прыналежнай да летуценнага свету сноў:

— Солькі мне! — віскатнуў ён і прабег паўз мяне, прабег і рушыў у пакоі, не спынены і няспынны, як пах ці радыяцыя.

Я не паспеў зразумець сваім загіпнатызаваным «бухамі» розумам, што адбылося, а ён ужо грукатаў у пакоі, дзе я раптоўна заснуў. Я пабег туды, бо спужаўся, ці не здарылася што з Івановым. Але не, не здарылася: Іваноў, здаецца, сапраўды шукаў «сольку». Запэўніўся ў тым, што «солькі» няма на маім ложку (ён мацаў коўдру!), ён з гікам «солькі! Мне толькі солькі!» пабег наверх: я чуў яго шпаркія ножкі, якія тупалі ў адным пакоі (гук адчыненай шафы!), перакачоўвалі ў другі. Ён праходзіўся па паліцах, штосьці з грукатам абрынаў, зазірнуў у другі ванны пакой і адтуль грымнуў шкляны выбух — тое была туалетная вада, хай ёй будзе добра ў тым раі, куды адлятаюць душы гвалтоўна забітых eau de toilette. Мне здаецца, ён абмацваў маю кватэру ўсімі сваімі канечнасцямі, і вось ужо зноў быў тут, унізе, абшнырваючы кожны сантыметр. Дзіўна, што ён не заўважыў, што на шляху да лесвіцы была кухня, ён жа яе абмінуў і пабег тады наверх. «Соль на кухні! На кухні!», — падказаў я, тыкаючы на палічку, дзе ў аднолькавых пірамідках утрымліваліся соль, цукар, папрыка ды чорны перац. Ён без следу ўдзячнасці (якая тут павінна быць падвойнай: і за соль, і за падказку, як яе знайсці) падхапіў сальнічку ды стаў здаваць назад, тварам да мяне, а вочкі шнырылі па сценах, яшчэ, здаецца, шукаў сваю «сольку». Ужо маючы ўсё, за чым зайшоў, хуценька сунуўся ў ванную на першым паверсе: не заходзіў, а зазірнуў праз шчыліну, адным вокам туды-сюды, як быццам бы сканаваў, ці можа тут быць больш смачная солька… «Я так, я проста рамонт хацеў глянуць, ага», — патлумачыў ён. Абадраных шпалераў ён ці не заўважыў, ці заўважыў, аднак не адрэагаваў. «Дзякуй па-суседску!» — адвесіў ён паклон, а за ім, там, дзе момант назад была галава і куды галава вярнулася па сканчэнні паклона, — вісеў гадзіннік, і размах стрэлак быў дзіўны, неверагодны, тая, што карацейшая, не дапаўзла па сваёй траекторыі палову абароту да нормы, так, вочы не падманвалі: пяць трыццаць раніцы.

— What the fuck? What time is it now? — скарыстаўся я ад здзіўлення ангельскай.

Навошта яму солька ў такую рань?

Ён няўпэўнена пасміхнуўся («супчыку наварыць. Я кожную раніцу раблю суп ра-та-туй!»). Я зразумеў, што маё ўчорашняе здзіўленне ягонай рацыянальнасцю было залішнім: так, ён паводзіў сябе з прыкметамі разумнасці, мог абгрунтава выказаць зацікаўленасць чымсьці, не быў апранутым у кайзераўскі шлем. Але сам харатар таго, што ён рабіў, быў вар’яцкім. Іваноў тымчасам зноў вярнуўся да блазнавання на сваю ўлюбёную тэму:

— Дзяўчына твая дзе? Абяцаў жа пазнаёміць!

— Сышла ўжо, — пахмурна абарваў я.

— Як сышла? Яна ж не выходзіла!

Па ўсім відаць, шпалераў ды патаемнага ходу ён усё ж не заўважыў.

— Іваноў, ідзіце спаць, — стомлена прапанаваў я яму.

— З сяброўкай пазнаёмь, нелюдзь! Дзе ты яе схаваў? Ёй жа абшчацца трэба! — гэтае з-за двярэй, у якасці жарту (жарты ў яго былі такія ж дзіўныя, як і сам).

Я вярнуўся ў ложак, у абдымкі араматычнага прывіду Асты — яна надзейна пасялілася ў коўдры, тая аўрападобная частка яе, якая належала ўсім насатым, аднак і не належала нікому (пазней я зразумеў, што ёсць жанчыны, уладанне якімі такое ж немагчымае, як уладанне пахамі). Я спрабаваў падхапіць тую ж псіхічную плынь, якая так удала завяла мяне ў глыбіні падсвядомасці, але ж з плыні збівалі акуляры Іванова: па законах фізікі той, хто сапсаваў табе жыццё двойчы, абавязкова зробіць гэта і ў трэці раз, і гэтая навязлівая думка непазбежна адносіла мяне на берагі бессані. У рэшце рэшт Іваноў зноў абверг законы ўспрымання сябе ж, бо не з’явіўся, можна было спаць.

Я прыйшоў на лекцыі напаўпразрысты ад недасыпу, блытаў Эдуара Мане з Клодам Мане, а Клода Мане блытаў з Бертай Марызо — у той час, як блытаць Берту Марызо можна выключна з Эдуарам Мане. Калі пасярод другой лекцыі за спінай грукнулі дзверы і пачулася цоканне абцасаў, сэрца прыпынілася, а Берта Марызо раптам ператварылася ў сяброўку Тулуза Латрэка з ліку легкадумных наведвальніц «Мулен Руж» — дзеля таго, каб падхапіць думку, якая ляцела ў бездань з ультрафіялетавым адценнем скандалу (хтосьці ўжо ўзняў пратэстна руку) мне трэба было толькі павярнуцца ды паглядзець, хто ж там цокае, так доўга, так невыносна доўга цокае да мяне, чые гэта настойлівыя ножкі, апранутыя… Але паварочвацца нельга, я ж на трыбуне, я ж прафесар, я не магу круціць галавой, адно знюхаўшы прысутнасць спадніцы побач, толькі вось узгадаць бы, што там я ляпнуў пра Марызо і што побач з Марызо рабіў алканаўт Латрэк? Я змоўк, і ўсталявалася паўза, яна расла ды разбухала, як флюс на надта ж далікатным месцы: у кодаксе гонару прафесараў трэба абавязкова прапісаць немагчымасць рабіць паўзы большыя за дзесяць секунд, нават абцасікі спыніліся, усвядоміўшы, што спынілі працэс мыслення, што прывялі да глабальнага катаклізму і — чорт з ім — я павярнуўся, гэта была не Аста, а Гедрэ Расічуне, метадыст, наконт часу для вуснага іспыту.

Я боўтаўся па горадзе, заходзіў у кавярні і зразумеў, што незваротнасць наступлення дня ў напаўсвядомым пасля кароткага сну стане мае і прыемны бок, бо яе блізніцай з’яўляецца незваротнасць наступлення ночы: вечарэла, прычым вечарэла без усялякіх маіх высілкаў, можна было проста сядзець у кнігакавярне (чакаць яе), глядзець на жыццё фаўны за вокнамі (чакаць яе), штосьці замаўляць (чакаць яе), а стрэлкі на гадзінніку рухаліся, і іх незалежнасць ад мяне была з’явай прыемнай. У рэшце рэшт, я апынуўся на парозе дома, у салодкім прадчуванні сну. Адамкнуўшы дзверы, я заўважыў адну непрыемную дэталь: мяне абкралі. Усё тут было перавёрнута дагары нагамі: нават гадзіннік, які лунаў за спінай, быў сарваны са сцяны. Змесціва гардэробнай шафы было вытрасена на падлогу, і асаблівы жаль працяў пры поглядзе на зімнюю куртку Jack and Jones, якая была раздзеленая на часткі, як парася ў вёсцы: вантробы сінтыпону былі складзены побач, капюшон — аддзелены ды пазбаўлены скальпу.

Вядома ж, як законапаслухмяны грамадзянін Штата Масачусетс, я не праходзіў далей вітальні і адразу набраў police. «I’m English spoken, please, send English spoken crew», — удакладніў я, спадзеючыся, што мая іншаземнасць паскорыць рэакцыю на выклік. Аднак не, не паскорыла, а запаволіла: англамоўных спецоў тут было, здаецца, двое на ўвесь горад. Праз сорак хвілін (добра яшчэ, што праз сорак!) прыбыла машына з двума румянымі афіцэрамі, якія адразу ж спыталі, што ў мяне скралі, і чаму я вымыў падлогу. Я растлумачыў, што падлогу не мыў (якія прадбачлівыя злодзеі — падзівіліся яны), і мы пайшлі складаць вопіс скрадзенага. Праз трыццаць хвілін карпатлівай працы ў вопіс патрапіў адзін кіліх (той, што ўтрымліваў напаўпразрысты след ад Астыных вуснаў) ды стары кампутар, на якім я правяраў пошту.

Кошт кампутара паліцэйскія даволі трапна вызначылі па таўшчыні яго дапатопных дратоў у 50 даляраў ЗША, кіліх у вопіс быў імі ўключаны як «glass glass» (шкляная шклянка). З прафесійна пастаўленым жалем (актор, які граў бы паліцэйскага ў падобнай мізансцэне для тэатра, мог бы больш натуральна сімуляваць спачуванне, чым было зроблена тут), адзін з іх патлумачыў, што, паколькі сума скрадзенага ды пашкоджанага не пераўзыходзіць 500 даляраў, падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы няма, і ніякіх следчых дзеянняў працэдурай не прадугледжана. І што мне трэба проста набыць новую куртку, прыбрацца ды ўспрыняць тое, што здарылася, як падставу для набыцця больш новага кампутара. Я спытаў, што шукалі злодзеі і ці не прыйдуць яшчэ раз. Другі паліцэйскі, чый акторскі талент быў больш яскравым, паклаў мне руку на плячо і запэўніў, што злодзеі ніколі не вяртаюцца («they never come back»). І што, калі сыходзіць са спісу зніклых рэчаў, адзінай мэтай узломшчыкаў было прыдбаць узоры генетычнага матэр’ялу, які застаўся на краях шклянкі, для генетычнага аналізу і супастаўлення ДНК (другі рагатнуў). «Але ж, — ён не стрымаў усмешкі, — паколькі вы не занятыя ў дзейнасці, якая кранае інтарэсы спецыяльных службаў ды дзяржаўнай бяспекі, вам гэтага можна не асцерагацца: звычайны хатні крадзёж. З тым толькі адрозненнем, што зроблена надта прафесійна — замок не пашкоджаны ды ўсе сляды прыбраныя». Ён адзначыў, што такое бывае: прафесіяналы адсочваюць замежнікаў ды бамбяць іх хаты мэтаскіравана, у спадзяванні, што агляд на месцы штосьці выкрые. «Don’t speak English loud», — параіў ён.

Яны пакінулі мяне знаёміцца са стандартнай формай адмовы ад узбуджэння справы на літоўскай (слоўнік не надта дапамагаў), а самі зайшлі «да суседа», бо раптам таму давялося пабачыць што. Сусед хутка з’явіўся разам з імі, ішоў няпэўна намацваючы нагамі зямлю перад сабой, а потым хутка і роўна сеў, не адрэагаваўшы на маё вітанне. «Ён ненармальны, — растлумачыў больш артыстычны з паліцыянтаў, кіўнуўшы на Іванова, які моўчкі разгойдваўся на маёй канапе. — У яго даведка, шызафрэнія другой ступені, але не буйны. Мы б паразмаўлялі з ім у яго, але гэты вар’ят там усе сценкі калам вымазаў, тоўстым такім слоем, а потым соллю пасыпаў… (Іваноў гікнуў: „Ра-та-туй“!) І надта ж там смярдзіць».

Суседа было не пазнаць. Ён нагадваў чалавека, які ўвайшоў у містычны транс (можа, у яго і быў транс, а тое, што ён зрабіў з хатай, выконвала ролю рытуала, які да гэтага трансу спрычыніўся). Так ці інакш, усе віды сувязі з ім былі страчаныя. Уражвала, як хутка ён перайшоў з прыцемак у поўную цемру.

«Ці бачылі вы штосьці сёння ўдзень?» — запытваўся менш артыстычны паліцыянт на літоўскай, на ангельскай і яшчэ на нейкай мове, дужа падобнай да беларускай. Гэты афіцэр, мабыць, з-за недахопу творчага складніку ва ўласнай натуры быў вымушаны граць ролю строгага дзядзькі. Іваноў працягваў разгойдвацца, не зважаючы на раздражняльнікі, пытанні ды штуршкі. Яго ўхапілі за галаву (глядзець на гэта было не вельмі прыемна, здаецца, хлопцы трохі выйшлі за рамкі паліцэйскііх канвенцыяў), ён сціх і вылупіўся перад сабой. «Можа, блазнуе?» — выказаў здагадку больш таленавіты на ангельскай (мабыць, думаў, што Іваноў ангельскую ўсё ж не разумее). Другі размахнуўся ды з усёй моцы ляснуў далонню па сківіцы старога, але не — не ўдарыў, рука замерла ў міліметры ад скуры. Іваноў не варухнуўся. «Не, такое не сімулюеш, — з долей павагі да чужога аўтызму сказаў паліцыянт. — Сапраўды крэйзі».

— Дык, можа, гэты тут і пасваволіў? — выказаў здагадку таленавіты.

— І крэкнуў гішпанскую «Mottura» з сакрэтам так, што замок працягвае працаваць? А пасля вымыў тут усё? Не гавары лухты!

Яны вырашылі, што трэба ўсё ж агледзець хату Іванова — раптам кампутар мой знойдзецца там — ды цягнулі запалкі, хто пойдзе. Пайсці прыйшлося больш таленавітаму, і ў гэтым мне пабачыўся нейкі касмічны закон. Калі ён вярнуўся, ад яго істотна смярдзела лайном: дзіўна, як Іваноў нарабіў такога, не запэцкаўшыся. У выніку яны забралі яго з сабой, а калі ўвечары наступнага дня сусед вярнуўся, ён быў ужо зусім іншым — увесь час усміхаўся, не разумеў ангельскую і дрэнна звязваў словы па-беларуску, а пра сябе расказваў, што ён працаваў балетмайстарам у Каўнасе.

Я зноў боўтаўся па горадзе ў пошуках дзяўчыны, толькі на гэты раз імя дзяўчыны было на адну літару карацейшым (можна здагадацца, што наступная, трэцяя, будзе звацца Стай). Мне чамусьці здавалася, што Аста не прыйдзе да мяне ў Friday, што яна кінула мяне назаўсёды, і адзіны шанец тут — фізічна знайсці яе, адарваць ад тых спраў, якімі яна заняла свае вечары і якія паставіла бар’ерам паміж намі, прадэманстраваць, што ёсць пачуцці больш сур’ёзныя, чым лянотная асалода ад хлябтання шампані пасля злучкі. На другі дзень я скасаваў заняткі і заняўся пошукамі сістэмна: зноў Вільня была падзеленая на квадраты, зноў я зігзагамі рушыў па знаёмых, ужо шмат разоў прачасаных вуліцах, візуальна кантралюючы адразу абодва бакі, пільна ўглядаючыся ў спіны, твары, вочы, ногі.

Я патрапіў на яе ў першы ж вечар, пасля таго, як прачасаў дзелавыя кварталы ды павольна рушыў праз цэнтр. Наша сустрэча была пацвярджэннем таго, што калі б Наста была ў Вільні, я б яе знайшоў: гэтая, другая, гэтая неда-Наста, рухалася да ўваходу ў кафедральны касцёл у побытавым натоўпе прагных веры, і было бачна, што тут мы маем справу з грамадой яшчэ больш шчыльнай, чым талака палякаў у Бостане: усе каталікі былі апранутыя ў строгія гарнітуры, валасы ў жанчын убраныя пад капялюшыкі ды шалькі, над прыходам панавала прыстойнасць і адмаўленне любой заганы, нават такой нязначнай, як, напрыклад, смех ці моцная эмоцыя кшталту радасці. Аста была апранутая ў шэрага колеру строй з ангельскай воўны, высокія (занадта высокія для гэтай пары году) боты пад даўгой (занадта даўгой) чорнай спадніцай — іх узаемапранікненне пакідала ўражанне пэўнай празмернасці, як быццам уладальнік хацеў падкрэсліць, што душыць уласную цялеснасць нават на ўзроўні адзення. Эх, якой прыгожай яна была! Як пасавала ёй строгая кашуля, зашпіленая на ўсе гузікі, да самага падбароддзя, каб Бог выпадкова не пабачыў нават сантыметру яе шыі!

На правай яе далоні дамінаваў шырачэзны, агромністы шлюбны пярсцёнак — яго памеры, здаецца, павінны былі адпудзіць усіх іншых самцоў (дзіўна, што яна яго здымала). Побач з ёй крочыў суворы і масіўны гарылоід: левая далонька Асты была зняволеная ў яго пад локцем, ён крыў яе ўласнай пяцярнёй, і нешта жывёльнае было ў гэтым руху, нешта, ад чаго ўва мне варухнуўся трапяткі ўспамін аб той ночы: мая поза, мая вывернутасць, яе калені і немагчымае, скандальнае ў дадзеным кантэксце дапушчэнне аб тым, як гэта адбываецца ў іх.

Трэба было бегчы ці праваліцца ў пекла, вось тут, на гэтым месцы, уніз, адразу ў зямныя нетры, абы не сутыкнуцца, але ж я апынуўся занадта побач з маршрутам натоўпу — яна ўзняла вочы і ўпёрлася ў той саляны слуп, у які ператварыўся я. Секунду мы глядзелі адно на аднога. Для мяне зноў гэта было «андантэ»: развітанне і прыкрасць, і боль, але ж ў яе вачах я пабачыў «скерца» шампанскага — яна смяялася, бо гэта ж так смешна: яна ідзе ў касцёл з мужам, а я застукаў! Яна ў шлюбе, а я й не ведаў! Ха-ха-ха! Потым яна заўважыла мой настрой, зразумела, адчула і зрабілася сур’ёзнай: кароткая сутарга па вуснах, яны надламаліся, іх куткі абрынуліся ўніз — я яе вельмі расчараваў, так гэта выглядала. Расчараваў уласнай сур’ёзнасцю, я што, на ёй жаніцца планаваў? Дык вось, ужо побач крочыць адзін шлюб, нельга на ёй жаніцца: яна не для гэтага, яна лёгкая і сатканая з паветра, як бурбалка ў шампанскім. У апошнюю дзесятую той секунды мы развіталіся — характар і нават колер яе позірку змяніўся, спахмурнеў, як неба ў надмагіллі сонца пасля таго, як свята заходу скончылася і настала проза ночы. Я зразумеў, што больш ніколі не пабачу таго персікавага адцення, якое набывала яе аголеная спіна ў святле майго таршэра. Дзесьці далёка з грукатам абрыналіся ў пыл бялюткія шматвежавыя замкі той сумеснай будучыні, якую я нам паспеў наўяўляць, руйнаваліся галерэі ды порцікі, ламаліся, як вясельны ажурны торт пад нажом, шпілі ды флюгеры: гэта было далёка, далёка, бо тут і цяпер рэальнымі былі выключна яе крокі да ўваходу ў касцёл, крокі і пільны позірк яе суджанага, які паспеў адчуць гэтую секунду, ужо матляў галавой у пошуках выкліку і адчуў мяне, і быў, здаецца, гатовы раздзерці мае цягліцы ўласнымі драпежнымі ікламі, але ж не, гэта падалося: яны ступілі ў будынак, адкуль ужо несліся анёльныя акорды аргану, і варожасць яго магутнай спіны была пераканаўчай кропкай у гісторыі нашага выпадковага спаткання і такога ж выпадковага развітання. Пасля такой кропкі ўсё недасказанае — у сметніцу.

Я памыліўся і пішу пра гэтую памылку ў такіх падрабязнасцях выключна таму, што калі гэты тэкст спрацуе так, як ён мае спрацаваць, чалавек, на якога накіравана кожнае беларускае слова з напісаных тут, меў бы на ўвазе маю здраду і прыняў мае прабачэнні яшчэ да таго, як што-небудзь вырашыць. «У тутэйшых каталікоў норавы горшыя, чым у ісламскіх фундаменталістаў, — рагатнуў Сяргей, калі я недастаткова агульна адказаў на ягонае пытанне, чаму такі маркотны. — Жанчыне пра affaire не прыходзіцца нават марыць, яна заручаная яшчэ з каталіцкага дзіцячага садка. Усё жыцце яна ходзіць з офісу, дзе працуюць браты і сёстры, — у касцёл, дзе тыя ж браты і сёстры ўхваляюць Бога, зіркаючы па баках, ці не аскандаліўся хто, праігнараваўшы вечаровы збор. Усё, што паміж касцёлам і офісам (хата, фітнес, спа), праходзіць пад такім пільным наглядам прыходу, што няма чаго і варушыцца, бо тут схапіць можа не толькі муж, але ж яшчэ тысяча ягоных братоў, якія побач штовечар пяюць псалмы па-літоўску. Пра тое, каб заляцацца да якога Гедымінаса з офісу, нават не думай — адразу ж даведаецца ўся грамада, а гадзінай пазней — яшчэ і ксёндз. І я нават не ведаю, што горш — калі ксёндз даведаецца, ці калі даведаецца муж. Таму такія іншаземныя небаракі, як ты, — адзінае выйсце. На мове ні паўслова, цымесу ўсяго гэтага не разумеюць, іх можна з загадкавым выглядам зацягнуць куды ў завуголле і там таропка выкарыстаць». (Маё сэрца маўчала). «Бадай, валакла цябе па падваротнях, каб не пабачыў ніхто, а ты думаў: якая яна загадкавая!» — ён падміргнуў, але ж хутка ягоная бадзёрасць паблякла, ды ён, мабыць, нешта ўзгадаўшы, безвыходна працягнуў з дзіўным вымаўленнем: «Все бабы — ссукі». Ён быў адзін, як і ўсе тыя беларусы, якіх я напаткаў у Вільні: мабыць, надта добра разумелі «цымес».

Аста была маёй памылкай, балотным агеньчыкам, які ледзь не зацягнуў мяне ў дрыгву пазашлюбных адносінаў з асобай, мову якой мне вучыць бы не спатрэбілася, бо вельмі ж няшмат чаго ў нас было сказаць на ёй адно адному. Як я мог з-за дурнушы выракчыся каранёў, адмовіцца ад уласнай культуры і радзімы? Няўжо ўсё святое ўва мне, усе вартыя памкненніі завязаныя на адносінах паміж поламі? Няўжо справа не ў даляглядзе з палатна Жукоўскага, не ў страчаным выраі, а выключна ў жаданні не быць адному ў тым узросце, у якім адным застаўся Сяргей? І што я за небарака, які не змог заўважыць пустазелле? Што за ёлупень, якому так хранічна не фарціць? З-за Насты я пачаў сваю вандроўку, з-за Асты ледзь яе не скончыў. Не хачу болей узгадваць пра яе! Не хачу ўспамінаць! Млосна!

Прайшло яшчэ паўгады, самай значнай падзеяй за гэты час стала замена шпалераў, якія надзейна схавалі пад сабой нават прывід дзвярэй: цяпер тут не засталося нават зашчапкі, якую я нахабна схаваў за палічкай, а на яе ўладкаваў вялікае люстэрка. Усё, як у жыцці: шукаеш выйсця, а бачыш выключна сваю дакучлівую ўсюдыісную пысу. Пагадзіцеся, цікава, куды завядуць гэтыя залепленыя дзверы напрыканцы гэтага сюжэту?

Мая паўсядзённасць стала нагадваць схімай ды адданасцю навуцы побыт тых манахаў картузіянцаў з Бярозы, пра якіх мне распавёў аднойчы Сяргей. Насельнікі кляштара прымалі зарок пустэльніцтва ды не маглі пабачыць нават далоняў тых людзей, якія прыносілі ім ежу: сістэма дзвярэй была пабудаваная такім чынам, каб не было ніякага кантакту з жывой істотай. Ці не копіяй маёй бесталковасці выглядае вычварнасць гісторыі: насельнікі сучаснае Бярозы, побач з якімі знаходзяцца парэшткі адзінага ва ўсходняй Еўропе картузіянскага кляштару (вельмі рэдкі помнік дойлідства і культуры!), лічаць, што іх мясціна празваная «Картуз-Бярозай» з-за таго, што некалі рускі людажэр Сувораў павесіў на тамтэйшую бярозу «картуз». Як яно так перакруцілася, як пераблыталася? Хто іх так загіпнатызаваў, якая прапаганда, якія ўласныя дурасць ды непісьменства?

І чаму я, Джон Вілаў, Ян Вярбіцкі, які блытае Blue Mosque з Hagia Sofia, а Насту — з яе абяздушнай гумавай копіяй, адчуваю сябе трапнай метафарай Беларусі? Чаму ў тым, як яна выракалася свабоды ды прыстойнасці, як год за годам, стагоддзе за стагоддзем абірала самы нядбайны шлях з усіх, я адчуваю ўвасабленне маёй уласнай няўклюднасці?

Яна, Беларусь, якая калісьці звалася Літвою, якая калісьці ўваходзіла ў ВКЛ ад мора да мора, а скончыла тым, што ВКЛ ператварылася для яе ў Рэч Паспалітую, дзе было занадта шмат дэмакратыі, а ў гэтага народа што ў 1991-м, што ў 1994-м, што раней, значна раней, не ладзілася з дэмакратыяй, бо кожны — шляхціч ды кожны — арыстакрат з liberum veto, і вось Рэч Паспалітую пілавалі адзін, два, тры разы і неяк так распілавалі, што зямля адышла да Расеі, у складзе якой гаротнічала ажно да самага 1917 года, і пасля мітусні з БНР зноў апынулася там жа, і потым быў 1991-ы, калі, здаецца, быў шанец, каб усе астатнія паўсталі, набылі годнасць, але ж тут скончылася так, як сканчалася ўсе гэтыя стагоддзі з 1385 года, нібы праклён нейкі на цэлым народзе.

Я, Джон Вілаў, англізаваны беларус, якога лічылі палякам, якога лічылі амерыканцам, які палову жыцця боўтаўся ў Бостане, маючы маёнтак пад Навагрудкам, а маёнтак тымчасам губляў моц, пакуль не знік зусім, як некалі ВКЛ, дык вось, я, фантастычны небарака, касмічны лузер, заяўляю аб тым, што павінен сімвалізаваць Беларусь у сусветнай культуры, бо бачу яе гаротныя памылкі ва ўласным штодзённым вопыце, і Саўрасаў — толькі вяршыня айсберга. Ніякага Мікіту Зноска не параўнаць са мной, Джонам Вілаў, у ступені беларускасці. «Пінская шляхта», «Людзі на балоце», «Знак бяды», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — усім гэтым творам ды іх героям бракуе таго даўбянізму, таго нешанцавання ды бесталковасці, што ўласцівыя мне, першаму сумленнаму герою беларускай літаратуры. Гэта я выдумаў шлюб Ягайлы ды Ядзвігі, гэта я прапанаваў права вета ў Сейме, гэта я прасраў паўстанне 1863-га года, гэта я даў задавіць уніяцтва — адзіную магчымую рэлігію для гэтых тэрыторыяў, гістарычна размешчаных на памежжы Рыму ды Масквы, гэта я пагадзіўся на зруйнаванне ды перабудову тых велічных храмаў і цывільных будынкаў, якія абуджалі лютую зайздрасць у камандзіраваных з Пецярбургу, Пецярбургу, які першае стагоддзе ўласнага існавання блякнуў у параўнанні з раскошай Полацку ці Вільні, гэта я нерухома глядзеў, як Мураўёў топіць Беларусь у крыві, гэта я вешаў шыльду з яго прозвішчам на будынак у Менску, гэта я дазваляў Сталіну ўзнагародзіць Савецкую Літву нашай беларускай сталіцай Вільняй, гэта я абраў Лукашэнку ў 1994-м ды моўчкі глядзеў на тое, як ён заяўляе аб уласных пераабраннях. Ну што, ці ведаю я гісторыю Беларусі? Здаецца, чалавека, які вывучыў усё тое, што адбывалася тут на працягу стагоддзяў, які ведае пра гэта не па падручніках, можна пазнаць па горычы, горычы, а не гонару (гонар — тое, што застаецца глыбей).

Пра тое, ці ведаю мову, ужо нават не пытаюся. Можна пабачыць, як скарацілася колькасць бездапаможных англамоўных словаў ды зваротаў да рэдактара ў гэтым тэксце. Мае сябры кажуць, што ад прыхільніка ТБМ мяне цяпер адрознівае хіба акцэнт, які я так і не змог пераадолець. Разам з горыччу за гісторыю мне адкрылася тая таямніца, пра якую казаў Сяргей, заклікаючы прыслухацца да генаў: каб спасцігнуць чаргаванні і канчаткі ў склонах, трэба было не тупіць у правілы і нормы, не далдоніць выключэнні, проста дазволіць мове гаварыць з сэрца. Я ўпэўнены ў тым, што маўленне закладзена ў нас так, як закладзена ўяўленне аб Поўдні ў тых птушак, што без усякай камунікацыі з продкамі ведаюць, куды трэба накіроўвацца ў сваю першую зіму, каб знайсці вырай: на ўзроўні чаргавання кампанентаў у ДНК. Можна на гэтае забыцца, але ж каб узгадаць дастаткова, каб загаварыла кроў.

Ян Вярбіцкі з-пад Навагрудку, Ян Вярбіцкі, які ведаў беларускую гісторыю і спасціг беларускую культуру — чым ён горшы за таго беларуса, які нарадзіўся ды ўсё жыццё пражыў у Менску? Які думае, што бел-чырвона-белы сцяг — прыкмета «бнф», а на беларускай мове размаўляе «апазіцыя»? Да таго ж, Наста, глядзі: усе выбітныя беларусы былі альбо не беларусамі па крыві, альбо частку жыцця пражылі ў Расеі, ці з’ехалі з краіны. Валянцін Акудовіч, які скончыў Літінстытут у Маскве, але ж напісаў такія важныя для нацыянальнага самавызначэння кніжкі, як «Код адсутнасці», стаў беларускім Платонам, з якога пачалася нацыянальная філасофская метафізіка. Максім Багдановіч, які значную частку жыцця пражыў у Расеі, перад тым, як стаць класікам беларускай паэзіі пачатку XX-га стагоддзя. Альгерд Бахарэвіч, які жыве ў Нямеччыне, Ігнат Дамейка, які стаў нацыянальным героем Чылі, Францыск Скарына, які нарадзіўся у Полацку, а сканаў у Празе, першая касманаўтка незалежнай Беларусі Алёна Шалаева, якая па паходжанні руская, а мову вывучыла ў сталым узросце — зусім як я.

Я ўсведамляю, што закаханы, і ў сваім імпэце, у сваёй гістэрычнай празе пабачыцца яшчэ б хаця раз занадта падобны да прафесіянала, які шукае людзей зусім не для пяшчоты, але ж, але ж… Я жыву ў Вільні ўжо некалькі год, уся тутэйшая дыяспара (а значыць — дыяспара Польшчы, Чэхіі ды Нямеччыны) ведае пра дзіўнага амерыканца, які вывучыў мову ды пасяліўся ў Вільні з нейкай таемнай, але ж, гледзячы па тым, як ён увесь свеціцца, вывучаючы мову, — высакароднай мэтай… Я зрабіў усё дзеля таго, каб мой расклад, маё штодзённае чаканне ў кнігакавярне, адрас майго жытла, былі вядомыя як мага большаму колу людзей, ды што там — калі б ты шукала, ты б мяне з лёгкасцю знайшла, Наста, Наста…

Што я раблю цяпер, калі практыкаванняў больш няма, калі заданні з падручнікаў па мове вывучаны на памяць? Я гляджу за вокны кавярні, дзе на вуліцы Віленскай усталяваны спусцісты выступ, які вымушае аўто запаволіцца, іх тут называюць «sleeping cop» («спячы паліцэйскі»). Я гляджу на бясконцую чаргу машын, якая рухаецца наперад як поршань у цыліндры праезджай часткі — рухаецца для таго, каб побач са мной запаволіцца, пераваліцца праз штучны пагорачак ды рушыць далей, у няіснасць: кожная з іх у маім уяўленні жыве толькі ў той момант, калі пад’язджае да гэтага выступу ды пераходзіць праз яго. Калі глядзець дастаткова доўга, адзінкі машын зліваюцца ў суцэльны струмень, і цікавым становіцца тое адчуванне руху з заміраннем пасярэдзіне, падобнае да графічнай выявы сардэчнага біцця: недзе б’ецца сэрца Вільні, і я гляджу на пульсавы рух у артэрыях. Маіх назіранняў дастаткова для таго, каб напісаць падручнік з класіфікацыяй розных спосабаў прайсці гэтую прыступку: я бачыў недарэчныя аварыі, калі адзін кіроўца тармазіў занадта рэзка, а другі не паспяваў заўважыць ды ўмазваўся так, што ўставаў колам капот. Я бачыў, як падляталі ды ляскаліся аб асфальт тыя, хто не заўважаў ды не прыпыняўся наогул. Аднойчы ўбачыў, як збілі пешахода на пераходзе за «sleeping cop», і мёртвы твар, дэфармаваны коламі цяжкага джыпу, твар, які вылупіўся адзіным захаваным у вачніцы вокам на тую частку маёй душы, аб існаванні якой чалавек звычайна даведваецца толькі перад уласнай смерцю, яшчэ доўгі час нагадваў пра тое, што нават тут, у руціне, здараюцца трагедыі. Але, Наста, так болей немагчыма, я не магу сядзець тут яшчэ год. Жыццё — надта ж кароткая трасца!

Таму давай адкінем усе гэтыя какецтвы ды недасказанасці, бо зразумела: цябе не будзе, я не дачакаюся, ты не з’явішся побач з гэтым «sleeping cop», матэр’ялы да біяграфіі якога я тут збіраю месяц за месяцам. Ты не прамільгнеш у натоўпе, не пагрукаеш у дзверы маёй хаты. Цуда не будзе. Бог, мой Бог, Бог беларуса, занадта скупы на тыя цуды, якіх чакаеш больш за ўсё ў жыцці. У дробязях, можа, калі і пашанцуе, ну кшталту маленькай чаргі да касы ў «МакДональдсе», а на большае патрэбны ўласныя высілкі, ды так, каб крывёю ды потам. Ты ці не даведалася пра мой лёс, ці празнала пра мой лёс, але ж не зразумела, што гэта лёс таго самага Яна Вярбіцкага, якога ты некалі заклікала да абуджэння. І што лёс гэты стаў «лёсам», а не «fate» — з-за цябе.

Дык зраблю апошняе з арсеналу залежнага ад мяне. Я прызначаю табе спатканне, Наста. Прызначаю праз часопіс, кожны нумар якога ты чытаеш без сумневу (сама пра гэта казала), прызначаю, ператвараючы гэты тэкст у нагоду для нашай сустрэчы. Я разумею, што рог Вільняўс ды Гедыміна — не самае лепшае месца для гэтага спаткання, бо навокал шмат выпадковых ды невыпадковых, зусім не выпадковых людзей — побач беларуская абмасада. Дык давай сустрэнемся ля дома пад балванамі, таго дому, дзе некалі была адна з рэдакцыяў «Нашай Нівы», дому, напітанага беларушчынай, дому, які чалавек выпадковы, не знаёмы з гісторыяй адраджэння, не адшукае, бо рэдакцыяў «Нашай нівы» ў Вільні — столькі ж, колькі «кватэр Адама Міцкевіча», бо, бадай, на кожным рагу ў таго была палюбоўніца з уласным мэбліраваным жытлом. Дом пад балванамі не пазначаны памятнай шыльдачкай «Нашай нівы» — іх нават пры саветах было больш, свядомыя літоўцы прыбралі, каб у несвядомых віленчукоў не ўзнікала пытання, чаму ў жамойцкай Вільні так шмат артэфактаў беларускай культуры (тут я загаварыў Сяргеем)! Там, на квадратным падворку, пад ценем каштанаў, ёсць кавярня CanCan — два мадальныя дзеясловы «магчы», пастаўленыя побач — ці не добры гэта знак?

Я буду чакаць цябе там кожны аўторак ад 17.00 да 18.00, пачынаючы з першага траўня, калі часопіс з’явіцца ў продажы ды ў Сеціве. Калі не можаш прыйсці, калі не жадаеш прыйсці — міргні зоркамі, загасі сонца ці падай яшчэ які знак. Я зразумею і кіну пошукі, кіну чаканне, буду жыць, як… Як жывуць тыя птушкі, якія ўзімку нікуды не лятуць, як тыя каўкі ды крумкачы, якія ў снежні прымярзаюць да счарнелых дрэваў ды надаюць уласнымі сілуэтамі зімоваму небу такую невыносную тугу. Я стану птушкай, зробленай з зімы, птушкай з ледзяным сэрцам.

І апошняе. Ты шмат казала мне пра вырай, дык вось, вырай гэта не твая Беларусь і нават не тая ўяўная беларушчына, якую ты песціш унутры сябе, седзячы зараз у якім-небудзь Штутгарце. Вырай для чалавека — не ўяўленні аб тым, які будзе пах на беразе Свіслачы, калі ты туды трапіш аднойчы, не мара пра цёплы вецер, які кране твае валасы ды падзьме ў твар прынесеным здалёк, з азёрных астравоў Камсы водарам квецені. Вырай — гэта не вежы вакзалу, не бібліятэка і нават не мова. Вырай — гэта не тое прывабнае, заселенае стыхіаліямі каралеўства, што паўстае ў апавяданнях Яна Баршчэўскага, ды не змрочныя фантазіі Ластоўскага. Вырай гэта нават не тое пачуццё, што падтшурхоўвае да вар’яцтва, да пераходу мяжы, каб пабачыць кусты бэзу з таго боку. Бо вырай, Наста, гэта не «дзе». І, вядома ж, не «калі». Больш за тое, для чалавека вырай гэта не «што». Вырай, мая каралеўна, саўладальніца маёнткаў, ад якіх засталіся выключна гурбы цэглы, парослыя лопухам, гаспадыня дэндрару, ад дрэваў якога засталіся выключна прывіды, ды ўладарка сажалак, якія ператварыліся ў багну — дык вось, вырай для чалавека гэта — «з кім». Які сэнс у Свіслачы, у водблісках сонца на чарапічных дахах Траецкага, калі ў маей далоні няма тваёй? Няма таго месца ня Зямлі, якое не ператварылася проста ў горад, ваду, выган, лес — без сэнсу і натхнення, калі побач няма цябе. Дэталі могуць змяняцца, горад можа быць больш ці менш вялікім, вада — больш ці менш чыстай ды безбярэжнай, луг — зялёным, лес — больш ці менш лісцевым, але ўсё — без плёну. Таму мой вырай — гэта адчуванне цяпла тваёй далоні ў маёй, вось і ўсё.

(Надрукавана ў часопісе беларускай культуры «Ахрэм» (ACHREM) № 5 за травень.)

Загрузка...