Добры дзень, Андрэй і Куліна!
У першых радках свайго пісьма саабшчаю вам, што мы жывыя і здаровыя, чаго і вам жадаем. Пісьмо ваша палучылі, за што дзякуй, а таксама, што не забываецеся на нас і завяце ў вёску, каб прыехалі ў гэтае лета. На гэта скажу, што не ведаю, бо адпачынак мне даюць заўсёды ўвосень: летам у мяне ў горадзе самая работа.
Толькі вы як бы адгадалі мае думкі: стары я станаўлюся і ўсё больш і больш пачынаю думаць пра нашу вёску, а як успомню, што там, дзе стаяла мая хата, чужы двор і чужая гаспадарка, дык і кажу сабе: дурны ты, дурны, чаго ты са свайго гнязда сарваўся, чаго пайшоў у белы свет як у капейку!
І старая мая на тое, каб назад вярнуцца, даўно падбівае. А вы ведаеце, што калі сам хочаш вярнуцца ды яшчэ калі жонка за тое голас падае, дык тут і думаць няма чаго.
Грошай трохі мы сабралі; каб купіць халупу, хопіць, а там, як кажуць, бог бацька; рукі ёсць, горб таксама, можна і новую хату паставіць.
Быў тут Піліпаў хлапечык у нас - такі дзівак, грошы, яшчэ студэнтам пазычаныя, прынёс. Даўно гэта было, а не забыўся. Я не пра грошы кажу, грошай тых старымі якіх пяцьдзесят рублёў, а толькі прыемна, калі чалавек харошы, ды яшчэ з тваіх мясцін. Я і не ведаў, што ён пасля інстытута ў нас у раёне ляснічым працуе. Вось гэта добра, што вярнуўся дамоў.
У мяне да цябе, Андрэй, мужчынская просьба. Як тады гэты Піліпаў хлапечык быў, пасаромеўся я слова сказаць, каб ён мяне, калі што якое, лесніком дзе прыстроіў. Скажы цяпер яму. Скажы, што я чалавек ціхі, любіцельскі: у лесе, можна сказаць, гадаваўся - і лес люблю. А то во і вы пішаце, што як пілараму ў нас паставілі, дык многа лесу без пары і толку на глум ідзе... Ён чалавек, я думаю, хоць малады, а з душой і павінен зразумець.
Навін у нас асаблівых няма. Хлопец наш малодшы служыць у арміі, астаўся яму служыць адзін год. А больш навін у нас ніякіх няма.
Адпішыце нам, а мы, як ад вас пісьмо палучым, адразу адпішам.
Бывайце здаровы.
Ігнат