Шабаны вы мае, Шабаны, дайце зараз я вас пацалую. Гэта будзе асаблівы пацалунак. Так асьцярожна дакранаюцца вуснамі да лба нябожчыка, так пачціва тыцкаюцца ў ражочак сьцяга. Так хрыстасуюцца, сустрэўшыся, малазнаёмыя між сабой людзі.
Гэта цяпер у Шабанах месьцяцца ўсе гэныя піраміды, гэта цяпер тут тырчыць самы высокі ва Ўсходняй Эўропе мячэт і гэта цяпер тут самая глыбокая станцыя падземкі; гэта цяпер сюды, у культурны цэнтар «Noаh’s Ballast» прыяжджаюць самыя сытыя мастакі з усяго сьвету; гэта цяпер тут цьвітуць самыя чырвоныя макі, якія, кажуць, больш за ўсё любяць расьці на костках безыменных герояў; гэта тут месьціцца Зялёны дом, штаб-кватэра Партыі экафашыстаў; і гэта тут пабудаваны самы дарагі ў Эўропе Масажны цэнтар з самай гарачай (і самай сьлізкай) саўнай. Гэта цяпер тут разьмешчаны амбасады Расеі, Нікарагуа, Эгіпту, Ічкерыі, Віетнаму, Рэспублікі Вольны Ноўгарад, Руанды і Незалежнай Выспы Зюльт. Цяпер тут селяцца не таму, што гэтае месца выбрала цябе, а таму, што ты па старой пляжнай звычцы адшукаў у распаленым горадзе куток, дзе можна ўтыркнуць парасон, парэзаць на кавалкі кавун і ні пра што ня думаць. Гэта цяпер. А тады пасярод Шабаноў п’яным бульдазэрыстам быў выкапаны агромністы, плыткі, платонаўскі катлаван, нібы пелька, прасечаная ў навакольнай сумесі бэтону і лёду. Вада ў катлаване была жоўтая, як у кубачку для пэндзляў. Ад катлавану ішла пара. Кожную восень і кожную вясну ў катлаване хтосьці тануў. Танулі мясцовыя, танулі чужынцы, танулі дзеці, танулі дарослыя. Танулі нават вадалазы, хаця іх ніхто пра гэта не прасіў. «Сал! Бэн! – клікалі тапельцы на сваёй яфэтычнай гаворцы, – Ён! Рош!», але клясавая перавага не ратавала, ніхто не наважваўся блізка падыходзіць да катлавану, бо ён пачынаўся зусім ня там, дзе канчаўся ягоны бераг. Хрэн яго ведае, дзе ён пачынаўся, гэты катлаван. Калі тапельцы ўсплывалі, то іх ніхто не вылоўліваў. Школьнікі абстрэльвалі тапельцаў зьмерзлымі грудкамі пяску, найвялікшым шыкам лічылася зладзіць абстрэл так, каб тапелец урэшце перавярнуўся на сьпіну. Тапельцы ўхіляліся, як маглі, але вакамер і трапнасьць стралкоў паляпшаліся з кожным годам, як і іхныя адзнакі па геамэтрыі і крэсьленьні. «Сал!» – і грудок трапляў у вуха. «Бэн!» – у бок. «Ён!» – зь віскатам, як куля ў грудзі. «Рошшш…» Тапельцы ўздыхалі і зноў ішлі на дно, ужо назаўжды. На сьвеце няма больш жорсткай істоты за нявіннае дзіця, у якога яшчэ ня вырасла мараль. Якое спачатку робіць, а потым думае. Думае, што б такога яшчэ сапсаваць. Акурат пасярэдзіне катлавану з вады вытыркалася нешта, падобнае да праваслаўнага крыжа, за гэты прадмет часта чапляліся тапельцы, калі ўсплывалі на паверхню, пакуль трапныя кідкі не прымушалі іх урэшце адшвартавацца. Там, у Шабанах, жылі мы, і жылі нашыя бацькі, там жылі нашыя сябры і нашыя ворагі, там жылі нашыя настаўнікі, там жылі нашыя інспэктары па справах непаўналетніх, і нашыя дактары-пэдыятры, і нашыя будучыя жонкі, і нашыя будучыя няспраўджаныя судзьдзі. Там жылі нашыя браты і сёстры. Маці з асуджаным выглядам вешалі нам на шыі ключы ад кватэраў – ці то як цагліны, ці то як амулеты. Бацькі вучылі нас плаваць у найбліжэйшым вадасховішчы. Нехта патануў, нехта застаўся. Там жылі Рош, Бэн, Ён і іхны сябра Сал, і ў Сала быў магнітафон, у Бэна пяцёрка па фізкультуры, Рош меў твар як у анёла, а ў Ёна была старэйшая сястра, якая спала зь ім у адным пакоі.
Выдадзены ў ХІХ стагодзьдзі «Słownik geografiсzny Królewstwa Polskiego i innych słowianskich krajów» выдае на запыт «Szabany» чатыры згадкі, амаль усе яны прыводзяць нас да іншых шабаноў, што месьцяцца ля ракі Дзісны – і толькі ў адным з апошніх тамоў знаходзім патрэбнае: Шабаны – ws. nad rz. Świsłoczą, pow. miński, w gm. Siennica, o 12 w. od Mińska, ma 16 osad; grunta szerkowo-gliniaste, urodzajne, łąki obfit. Зазіраньне ў чужыя слоўнікі дае наступныя вынікі: слэнгавае турэцкае слова «şaban» значыць «дурань».
Магчыма, яно зьявілася дзякуючы папулярнаму фільму сярэдзіны васьмідзясятых «Імігрант Шабан» («Gurbetçi Şaban»): пра тое, як наіўны вясковы мужык Шабан едзе на заробкі ў Нямеччыну. Па дарозе ў аўтобусе ён сустракае дзяўчыну, імя якой – Бахар… Апрача гэтага, ша’абан – назва восьмага месяца мусульманскага календара. На трасянцы «шабаны» – далёкая, пазбаўленая начных клюбаў, талеранцыі і мэтро мясцовасьць, дасьледаваньне якой зьвязанае з пэўнай рызыкай. Па-нямецку «schaben» – шкрабаць, церці, дзерці. Роднасныя словы з блізкім значэньнем сустракаем у гоцкай мове: skaban, у швэдзкай: skava, у літоўскай, якую празь яе некранутую старажытнасьць часта клічуць папрацаваць лінгвадэгустатарам: skabėti, рэзаць, сячы. Зрэшты, усе гэтыя нянаскія шабаны можна зьвесьці да простага лацінскага scabere. Ангельцы маюць свой абрад шабанаваньня: досыць згадаць вяршковае, духмянае to shave. Нават расейскія скапцы маюць з шабанамі аднолькавы корань, хай сабе і трохі падрэзаны.
Такім чынам, вёска. Магчыма, у вёсцы жылі нейкія скрабуны, якія скрэблі для ўсяго навакольля, і штодня ў Шабаны цягнуліся драбіны, да верху напоўненыя рознымі рэчамі, якія няблага было б аддаць трохі паскрэбці ў дасьведчаныя рукі. Скуру там, гузікі, дзеці, патэльні, грамафоны, маладую бульбу… Адзін стары вар’ят, які неўзабаве патануў у катлаване, распавядаў неяк Рошу, што ніякіх шабаноў да першай сусьветнай тут не было, проста безыменны хутар, пакуль дажджлівай восеньню 1918 году нямецкі атрад не заблукаў у ваколіцах Сеньніцы – прычынаю стала поўная непраходнасьць адзінай затопленай, ледзь угадванай пад тоўстым пластом гразі дарогі, па якой туды можна было трапіць (цяпер гэта паварот на Шабаны ў раёне супэрмаркету «Прастор»): «Was für eine scheußliche Slammbahn!» – усклікнуў ушчэнт мокры нямецкі ахвіцэр, на гражданцы – паэт-экспрэсіяніст, пазіраючы на тое, як на топкай дрыгве, што была пазначаная на трафейнай мапе як дарога, лопаюцца бурбалкі бруднай жоўтай пены. Зрэшты, гэтая вэрсія падаецца малаверагоднай. Наяўнасьць іншых населеных пунктаў і тэрыторый з назвай Шабаны (назва Шабаны з вытворнымі сустракаецца ад Атлянтыкі да Ўралу і сягае далей: у сібірскім сяле Шабаноўскае быў усталяваны ў 1924 годзе першы ў Савецкім Саюзе помнік Ільлічу, паселішча Шабаны маецца нават каля Пскову, а ў Францыі ё цэлы кантон Chabanais) дазваляе меркаваць, што, магчыма, нашая вёска раней месьцілася ня тут і потым проста пераехала з усім майном бліжэй да вялікага гораду, бо так было лягчэй пракарміцца – Менск заўсёды меў патрэбу ў спрытных шабанах-скрабунах.
Дарэчы, кантон Шабанэ даў у свой час назву самаму знакамітаму парыскаму публічнаму дому. І вуліцы, на якой той дом стаіць: 12 Rue Chabanais. Бардэль праіснаваў з 1878 па 1946 год, калі ўсе публічныя дамы ў Францыі былі зачыненыя. Заснавала яго ірляндка Мадам Келі, а стартавы капітал, кажуць, склаў каля двух мільёнаў франкаў. Сярод заўсёднікаў Le Chabanais былі Мапасан, ТулюзЛятрэк, які падарыў бардэлю шаснаццаць палотнаў, і будучы брытанскі кароль Эдвард VІІ, для якога тут нават быў абсталяваны асобны пакой – меднае бідэ з таго пакою набыў Сальвадор Далі, калі стаў багаты і знакаміты. Цяпер у будынку шматкватэрны дом, а ў доме – музэй бардэлю. У яго і сайт ёсьць, як, зрэшты, і ў Шабаноў Менскіх: а ў каго цяпер няма сайту, нават нябожчыкі і яшчэ ненароджаныя дзеці маюць уласныя інтэрнэт-старонкі. А яшчэ пафранцуску «chaban» – не хто іншы, як чабан. Што праўда, археалягічныя раскопкі ня выявілі ў нетрах шабаноўскай зямлі ні авечак, ні сабак, ні бурак, ні бурэкаў, ні буркатлівых горных рэчак – адны буракі.
Шабаны вы мае, Шабаны, дайце зараз я вас пацалую. О, як бы я хацеў мець іншае мінулае, іншую маладосьць. Нарадзіцца ў мястэчку, назва якога пачыналася б на Бад-. Ці сканчалася б: нарадзіцца мінулым летам у Марыенбадзе. Жыць з бацькамі ў сьціплай віле, побач з Томі і Анікай. Хадзіць у госьці, не баяцца, атрымліваць на Каляды ровар, ведаць на памяць малітвы, а не заклёны. Вучыць тое, да чаго ляжыць душа, а ня тое, ад чаго яна толькі ляжыць пластом. Вандраваць. За цябе ўсё ўжо зрабілі – раскашуй, крытыкуй, ганарыся прыналежнасьцю. Libertatem quam peperere maiores digne studeat servare posteritas. Што здабылі продкі, хай з гонарам нясуць нашчадкі. Мець столькі свабоды, каб несвабода вабіла, нібы страшная казка перад сном. Глядзець на вас вялікімі вачыма і паўтараць з павагай: «О шайсэ!..» Выконваць законы, не заўважаючы гэтага. Лічыць, што Шабаны – сталіца Сібіры. Жыць там, дзе можна паразумецца бяз слоўніка, ня ведаць асабіста ні Яфэта, ні Эзопа. Каб ня быць асуджаным зноў і зноў апісваць гэты катлаван, гэтых тапельцаў, гэтую чыгунку. Не, такое мінулае таксама можна прадаць, хто спрачаецца – але ці ня лепш быць пакупніком?
Там, дзе канчаліся Шабаны, пачыналася чыгунка. Яе начны грукат лепш за ўсё было чуваць у кватэры Роша; у кватэры Сала яна чулася як далёкі, бясьпечны звон недзе ня ў нашай, у суседняй вёсцы; Бэн часам прачынаўся на досьвітку ад яе гукаў – яму сьнілася, што камусьці вялікаму і нямому рвуць зубы; Ён жа зусім ня чуў чыгункі, бо жыў каля Магілёўскае шашы. У цёмны час з вакна восьмага паверху шаша выглядала як бясшумная чарада агнёў, якія рухаюцца па замкнёным коле – калі першы зьнікаў за лесам, то адразу ж зноў прыладжваўся ў хвасьце. Пасьля школы яны часта хадзілі на чыгунку, не задумваючыся пра тое, чым яна іх так вабіць. Гіпнатычная моц чыгункі была такая, што дзень лічыўся страчаным, калі ты не прыклаў вуха да яшчэ не астылых рэек, не запэцкаўся ў мазуце і ня скраў чагосьці жалезнага. Гэта была грузавая ветка «Калодзішчы-Міханавічы», пасажырскія цягнікі тут не хадзілі, толькі самотныя прывіды-дызэлі і брунатныя грузавыя саставы, якія стаялі ў Шабанах, бывала, па некалькі дзён, чакаючы ці то разгрузкі, ці то рамонту. Да шашы хадзіць баяліся: у народзе жыла вера ў дзядзьку на чорным «Масквічы», які спыняецца каля тых, хто ідзе па ўзбочыне, запрашае ў машыну – і ніхто ня можа адмовіцца, а потым дзядзька закатвае чалавечыну ў слоікі з-пад агуркоў і прадае на калгасным рынку. «Масквічоў» чорнага колеру на дарогах тады было не сустрэць, і гэта надавала вобразу дзядзькі асаблівую злавеснасьць. Казалі, неяк да дзядзькі ў машыну села цэлая апэратыўная група, накіраваная, каб яго злавіць – і зьнікла.
Зрэшты, аднойчы пасажырскі цягнік на чыгунцы ўсё ж зьявіўся. Стары, пафарбаваны ў цёмна-зялёны колер, як і ў кіно. З адмысловымі суставамі на колах, падобнымі да мазолістых локцяў, з забітымі вокнамі, з прагнілымі драўлянымі тамбурамі. Незвычайны – такі нельга было прапусьціць. На вагонах бялелі арлы ды свастыкі, ды чатырохзначныя нумары, ды літары гатычныя, нянаскія. Цягнік быў пусты, і навокал не было нікога відаць, толькі біліся і рыпелі на ветры адарваныя дзьверцы трансфарматарнай будкі, побач зь якой стаяў лякаматыў. Яны ўлезьлі ў адзін з вагонаў: Сал, за Салам Рош, за Рошам Бэн – Бэн! Бэн! – а потым Ён, якога на ўваходзе апанавала дзіўная паніка, і яго давялося ўцягваць за рукі. Усярэдзіне было брудна і пахла чалавечым дзярмом, у некаторых цёмных купэ стаялі лужыны, што й нядзіўна – праз вузкія прарэхі ў даху крапала вада. Пад нагамі храбусьцела шкло. Было відавочна, што вагон нікога нікуды не вазіў, што ягонае прызначэньне абмяжоўвалася выключна яго вонкавым выглядам. Высока падымаючы ногі і зазіраючы ў купэ, яны рушылі наперад па вузкім калідоры: Сал, за ім Рош, за Рошам Бэн і потым Ён. У апошнім купэ на паліцы ляжаў скручаны шынэль, а на ім – лыжная шапачка. Бэн нагой скінуў скрутак на падлогу. Нейкі час яны проста стаялі, убіраючы ў сябе паветра вагона, цяжка, шумна дыхаючы. Раптам унутры цягніка нешта бразнула, па ўсім саставе – і празь целы Сала, Роша, Бэна і Ёна – прайшла дзіўная, нейкая доўгая сутарга, састаў нібы нехта паддзеў лапатаю і прыўзьняў; вагон закалаціла, і Рош міжволі абапёрся на плячо Сала. Яны працягвалі стаяць, здранцьвелыя ад невядомых адчуваньняў. У шчыліне між дошак, якімі было закалочанае акно, мільганулі дрэвы.
Цягнік паволі браў разгон. Яны павярнулі да тамбуру, затупалі, хапаючыся за шурпатыя сьцены. Дзьверы вагона рытмічна грукалі, падскоквалі на падлозе бутэлечныя шкельцы. Праз каламутнае шкло дзьвярэй у тамбуры яны бачылі, як міма праплываюць дом Сала, дом Роша, дом Бэна, дом Ёна, які жыў найбліжэй ад шашы. Цягнік з намаляванымі крэйдай арламі і свастыкамі, зь нянаскімі літарамі і чатырохзначнымі нумарамі прамінаў рэдкі лясок, у якім пакаленьні шабаноў гулялі ў вайну. Сотні хлопчыкаў ляжалі там на моху, строга пазіраючы ў нізкае неба, марачы пра санітарак. Лясок усё радзеў; марудна, урачыста, рыхтык чайка, праплыў чорны «Масквіч» на ўзгорку, з задранай пысай. Сал скочыў першы – і нават здолеў прызямліцца на ногі, праўда, потым паваліўся, як гумовы гімнаст. Рош высунуў галаву – і адхіснуўся, схапіўшыся за ліпучыя парэнчы. Тады з-за ягонай сьпіны вылез Бэн – і пакаціўся па насыпе, галавой у чорныя хмызы. За ім скочыў Ён, упаўшы дужа няўдала – на азадак, у такой блізіні ад колаў, што Рошу падалося, нібы цягнік у апошні момант адштурхнуў Ёна сваім жалезным локцем, якім пракладваў сабе шлях наперад. Рош зноў высунуўся, выцягнуўшы шыю, каб зірнуць назад. Бэн, Ён і Сал стаялі каля насыпу, як прыдарожныя слупкі, галовы павернутыя ў адзін бок, нібы паказваючы цягніку кірунак. Рош яшчэ трохі паглядзеў на тое, што адбываецца ўнізе – а там мільгалі мокрыя чорныя і белыя каменьчыкі, падобныя на насыпаныя ў кучкі зьбітыя шахматныя фігуры, і час ад часу рваліся ўверх, прагнучы дастаць калі не галаву, то хаця б ногі Роша, нейкія лаўровыя вянкі. Рош пастаяў яшчэ трохі, уважліва вывучаючы складзены са стракатых прастакутнікаў краявід, і зачыніў дзьверы.
Дайце зараз я вас пацалую. Куды б я ні паехаў, куды б ні паляцеў, Шабаны сустракаліся мне па ўсім кантынэнце. У Бэрліне й Любляне, у Празе і Кёльне, у Львове і Парыжы, у Варшаве і Гамбургу, у Брусэлі і Рыме, у Грацы і Вільні я бачыў іх, яны паказваліся не адразу, паволі выпаўзаючы з-за сярэднявечных пабудоваў, з-за ўсіх гэтых замкаў і палацаў, цэркваў і фартэцый, заводаў і аэрапортаў, гатэляў і мастоў, з-за чыгункі, па якой ад мяне ўцякаў чарговы горад. Гэта цяпер Шабаны азначаюць перамогу над дыктатурай прасторы, тады яны значылі капітуляцыю перад стыхіяй, абдымкі ўсемагутнай лавіны зь вераю ў легендарнага сэнбэрнара. Той, хто трыццаць гадоў таму скідваў бомбы на шабаны, пэўне ж, праклінаў іхную хаатычную забудову ў ранішнім тумане, якая зь яе такой недвухсэнсоўнай вышынёй тым ня менш заўжды імкнецца пазбавіцца, адмовіцца ад адказнасьці – у шабанах цяжка вызначыць, які з аб’ектаў мае стратэгічнае значэньне, а які не, і лётчык, зрабіўшы колькі колаў, з лаянкай скідвае свой груз проста ў катлаван, у жоўтую ваду, у адлюстраваньне шабаноў, у іхнае люстэрка, якое толькі на імгненьне скалыхнецца і адразу ж супакоіцца. Шабаны немагчыма згвалціць, бо ніводзін гвалтаўнік ня знойдзе ў іх ні похвы, ні рота, ні ануса, нічога такога, што можна было прыняць за схоў; шабаны немагчыма апаганіць, бо як можна апаганіць люстэрка.
Як гіганцкія люстры, яны зьяўляліся ў прыцемках гэтых чужых гарадоў: Сал! – Бэн – Ён – Рош! – і вось яны як на далоні, з прэтэнзіяй на вечнасьць, велічныя, як трыюмфальныя аркі, і непахісныя, як часовае замірэньне. Бо малако ліецца, а служанка нахіляецца, а ў тварог ператвараюцца адно замерлыя гледачы. І калі я трапляю ў варшаўскія, гамбурскія або львоўскія шабаны, у мяне няма адчуваньня, што я ў сваёй стыхіі, што я апынуўся ў сваім дзяцінстве – толькі разгубленасьць, толькі дэзарыентацыя, толькі ногі становяцца мяккія, як тварог. Шабаны непадуладныя мапам, бо для іх ты сам – мапа, паводле якой яны, часам спыняючыся пад ліхтарамі, рухаюцца да цэнтру гораду.
Рош яшчэ ніколі дагэтуль не пакідаў Шабаноў. Тут было ўсё, што трэба для жыцьця: установы, якія выдаюць паперы, і ўстановы, якія іх прымаюць. Адсюль езьдзілі кудысьці аўтобусы, раз на гадзіну, па шашы, міма чародаў жыгулёў і масквічоў, і ў вачох кожнага пасажыра цьмяна зьзяў катлаван. Рош ведаў, што ў цягніках мусяць быць машыніст, правадніца і гарбата ў падшклянках. І няхай гэты цягнік быў незвычайны цягнік – тады тут мусілі быць незвычайны машыніст, незвычайная правадніца і незвычайная гарбата. Таму ён зноў пайшоў у самы канец, паглядзеў на шынэль, які ўсё гэтак жа валяўся на падлозе (лыжная шапачка зусім угрузла ў лужыне каля дзьвярэй і стала ўжо проста анучай), і, адчуваючы дзіўны спакой, пералез у наступны вагон. Гэты нічым не адрозьніваўся ад папярэдняга, хіба што наяўнасьцю замест шыняля й шапачкі нейкіх старых газэцін. Трэці вагон быў цяплейшы. Як толькі Рош прамінуў першае купэ, насустрач яму выйшла правадніца. Яна вохнула (потым Рош часта прыгадваў гэты гук, бо ў той момант ад яго па скуры забегалі прыемныя мурашкі) і чамусьці схапіла Роша за руку. Яна загаварыла, хутка-хутка, Рош не разумеў, што яна кажа, і таму сказаў: «Рош»; яна заківала. «Сал, Ён, Бэн!» – сказаў Рош звонка, азірнуўшыся на тамбур, і вагон, соладка выгнуўшыся, паўтарыў. Яна правяла яго за руку, як малога, у сярэдзіну вагона – там, у такім самым брудным, але сухім купэ сядзелі трое мужчын прыстойнага выгляду і пілі гарэлку, закусваючы батонам і каўбасой.
«Як там, да ветру хадзіць ня мокра?» – запытаўся ў правадніцы, усьміхнуўшыся, адзін з мужчын і падняўся. На ім адзіным быў пінжак, астатнія былі ў нейкіх шэрых сырых куртках.
«Вось», – прамовіла правадніца, паказала на Роша, адпусьціла яго і пляснулася на драўляную лаву.
«Давай сядай, – сказаў мужчына, які сядзеў каля акна. – Вып’еш з намі?»
«Ты што? Ён малы яшчэ», – сказала правадніца, кульнула кілішак і адрэзала сабе каўбасы, паклаўшы на калені тоўстую кардонную тэчку. Вочы яе сталі яшчэ дабрэйшыя, чым былі.
«Які твар у яго… – сказаў трэці мужчына, з барадою. – Дзіўны. Такія твары на дарозе не валяюцца. Слухай… Гэта ж тое, што трэба. Гэта ж… Гэта ж тое, што мы шукалі. Бля буду, тое».
«Ага. І маўчыць, як партызан», – сказаў той, што ў пінжаку, і пайшоў да тамбуру.
«Акурат партызаны нам і трэба. А гаварыць – як што, агучым, – сказаў барадаты. – Навошта гаварыць. Мне твар… Твар трэба… Менавіта такі. Я ў такіх рэчах спэц».
«Гэта точна, – адгукнуўся той, што сядзеў каля акна. – Дай каўбаскі, Жэнь. А хлопчык… ён таго – ён нармальны вабшчэ? А то нешта я за яго баюся».
«Ды нармальны, нармальны, – сказала правадніца. – Я ў яго спытала, як завуць, сказаў – Росьцік».
«Ты, Росьцік, ня бойся, калі што, – сказаў барадаты. – Мы цябе ня кінем, як на вакзале спынімся, маме патэлефануем, скажам, што ўсё ў парадку. І яшчэ камусьці патэлефануем. Аднаму добраму чалавеку, каб ён здох. Так што школа там і ўсё-такое – ты забудзь… Не хвалюйся, у сэньсе. Напішаш толькі нам сваё прозьвішча – і ўсё. Але папрацаваць давядзецца, гэта так, гэта не бяз гэтага…»
Нейкі час яны ехалі моўчкі. Рош зь цікавасьцю глядзеў у акно. Шабаны даўно скончыліся; па абодва бакі чыгункі быў лес, але неўзабаве і ён неяк згарнуўся і здрабнеў, зь лесу вырас белы мур, які размотваўся перад вачыма доўга, нібы рулён паперы. З другога боку было поле, пляскатае і чорнае. На такім Роша летась упершыню ў жыцьці прымусілі зьбіраць бульбу.
«Нашая гоп-кампанія на трох машынах да раніцы да месца не даедзе», – пазяхнуў той, які сядзеў каля акна. Усе астатнія таксама пачалі пазяхаць.
«Зразумела, што мы першыя будзем».
«Нічога, парэпэтуем якраз, – сказаў барадаты, які ня зводзіў вачэй з Рошавага твару. – Вось дык удача. Я галаву ламаю, дзе ўзяць, а яно само прыйшло. Пачуў бог мае малітвы, прасьці мяне юнацтва маё камсамольскае. Парэпэтуем, а, Росьцік? Расьціслаў? Як па бацьку цябе, га?»
«А ён наогул уцяміў ужо, хто мы? – спытаў той, што ля акна. – Жэнь, ты яму сказала?»
«Ня памятаю, – сказала правадніца, робячы Рошу бутэрброд. – На, ты ж галодны, Росьцік».
«Мы кіно здымаем, – сказаў той, што каля акна, і ў голасе ягоным нешта не пачулася ніякай гордасьці. – Ага. Кіно».
«Пра вайну і немцаў», – падаў голас мужчына ў пінжаку, які толькі што вярнуўся ў купэ.
«Ну і ня толькі, – сказаў барадаты. – Ты кіно глядзіш? Глядзіш, куды ты дзенешся. Дык вось, я рэжысёр, Алесь Іванавіч. А гэта…»
«Сал», – сказаў Рош, жуючы бутэрброд.
«А ты ведаеш, што такое кіно? – нахіліўся да Росьціка той, што сядзеў ля акна, і галава яго завісла над каленямі правадніцы. – Ведаеш? Ні хуя ты ня ведаеш, малы, што такое кіно…»
«Ціха, Бора», – сказала правадніца і адпіхнула галаву на месца.
«У нас няма кіно. І ня будзе», – сказаў раптам чалавек у пінжаку і заплакаў.
«Прыдуркі», – сказала правадніца і адным духам выпіла кілішак.
«Ты, Росьцік, не маўчы, – мякка сказаў Алесь Іванавіч. – Чуеш, я зь цябе зорку зраблю, Расьціслаў…»
«Сал, Бэн, – сказаў Рош. – Рош, Ён».
«Колькі, пытаешся, маіх фільмаў выйшла? – сказаў Алесь Іванавіч тым самым мяккім голасам. – Эх, Росьцік… А ніводнага. Ні-вод-на-га. Усе на паліцы ляжаць».
«Ну, не скажы, Алесь Іванавіч, – нахмурыўся чалавек у пінжаку, што хадзіў у прыбіральню, а цяпер жаваў бутэрброд. – А «Зоры…», а «Раманс?»
«Дык гэта ж не кіно… – з агідаю прамовіў Алесь Іванавіч. – Гэта ж так, шабашка… Агітпроп. Кампраміс. Кампрамат, за які ў будучым давядзецца адказваць… Дый якое гэта кіно наогул – усяго дзьве стужкі дзесяціхвілінныя».
Чалавек у пінжаку дажаваў каўбасу і паціснуў плячыма.
«Бо добрыя людзі, каб ім сесьці пасраць і ўвек не прасрацца, лічаць, што… – працягваў Алесь Іванавіч. – А… Не сасьпелі яны да майго кіно. Так, Расьціслаў. Кіно – гэта… О, кіно! Кіно – гэта такое спалучэньне вайны і немцаў, якое толькі ў пэўнай прапорцыі… Эх, Росьцік, ты мая зорка…»
«Глядзі, – сказала стомлена правадніца. – Ты – Росьцік, так? А ў фільме ты будзеш ніякі ня Росьцік…»
«Ні хуя ня Росьцік», – пацьвердзіў той, што сядзеў ля акна, наліў усім і паклаў ногі на суседнюю лаву.
«Ты будзеш Юзік, – сказала правадніца і пазяхнула. – Цябе ворагі будуць у вагон запіхваць, а ты лататы як дасі – у лес. Уцячэш і будзеш па лесе бадзяцца. Па балотах, як Рабінзон».
«Як палескі Рабінзон!» – важка прамовіў чалавек у пінжаку, падняў палец і стаў яго разглядваць. Яны выпілі яшчэ па адной. Чалавек ля акна нацягнуў на твар капюшон курткі. Правадніца спала. Разявіўшы рот, спаў Алесь Іванавіч з пакрыўджаным тварам. Хроп чалавек, які хадзіў да ветру. Рош асцярожна прыўзьняў капюшон з вачэй таго, хто сядзеў ля акна. «Твар у цябе, як у анёла», – прашаптаў той і заплюшчыў вочы. Рош пасядзеў зь імі яшчэ крыху, адчуваючы, як цяжэюць целы, навальваючыся на яго, сьціскаючы, выціскаючы з лаўкі. Потым ціха падняўся і выйшаў у калідор. Цягнік, бразгаючы, весела каціў празь лес. І калі ён прытармазіў на нейкім пераезьдзе, Рош саскочыў зь яго лёгка, нібы з ровара, зрабіў па інэрцыі некалькі крокаў наперад, спыніўся і агледзеўся. На шыі ў яго вісеў ключ, у небе вісела сонца, а на шлягбаўме мокрае павуціньне. А каля шлягбаўма стаяла дзяўчына і ўсьміхалася яму. І ніхто больш нікуды не сьпяшаўся.