5

Ідзі, ідзі, калі б ты жыў на Якуба Коласа, ты б ужо быў дома. Вядома, што назвы вуліц маюць на людзей, якія жывуць на іх, дзіўны, містычны ўплыў. Назву сваёй вуліцы не выбіраеш – зь ёй нараджаешся і паміраеш. Яе можна ненавідзець, можна абурацца, пратэставаць, зьбіраць подпісы за перайменаваньне – але калі ты жывеш на Леніна, то Ленін жыве ў табе. Часам мы цешым сябе думкай, што здольныя паўплываць на тапаніміку. Слабыя, убогія духам, сьмешныя, мы лічым, што калі назавем свае вуліцы імёнамі сапраўдных герояў ці вернем ім старадаўнія назвы, то зьменіцца навакольле і зьменімся мы самі. Час зразумець, што ні гераічнае мінулае, ні проста нейкае мінулае нам не пасуе, мы яго не заслугоўваем. Навесіць паўсюль новых шыльдаў – яшчэ ня значыць стаць вартым імёнаў, якія на іх напісаныя. Таму лепш прызвычаіцца да таго, што нам далі, ня рыпацца і прыгледзецца да аб’едкаў, якія кінула нам улада. Гэтыя назвы даўно ўжо ня маюць сэнсу, ніхто ня памятае, чаму вуліцы называюцца так, а не інакш, засталіся толькі гукі, дыфузныя працоўныя выкрыкі, зь якіх можа атрымацца ўсё што заўгодна.

Гэтаксама як мову, паводле акадэміка Мара, можна зьвесьці да чатырох першасных элемэнтаў – так і Шабаны складаліся з чатырох галоўных вуліц: Ротмістрава (Рош), Сяліцкага (Сал), Бачылы (Бэн) і вуліцы, якая так і называлася: Шабаны. Ротмістрава і Сяліцкага, пачынаючыся ад Партызанскага праспэкту, агіналі раён з захаду і ўсходу, на поўдні іх злучала паміж сабой вуліца Шабаны. Вуліца Бачылы дзяліла ўсё гэтае ўтварэньне на дзьве часткі і была своеасаблівай мяжой паміж старымі і новымі Шабанамі.

Вуліца Ротмістрава – назва даволі мілагучная і не стварае праблем пры ўспрыманьні яе замежнікамі. Rotmistrowstraße або Rote-Мistrow-street магла б існаваць ня толькі ў Шабанах. Самое слова «Ротмістрава», здаецца, мусіла б настройваць на вайсковы лад, бо «ротмістар» – гэта нешта трошкі польскае, але перадусім белагвардзейскае, з раньняга, кранальнага дзяцінства зь яго героямі грамадзянскай вайны і суворай каляровай герархіяй. У тых каляровых баталіях я заўжды быў на баку белых, а пазьней – фрыцаў. Можа, таму, што тагачасная прапаганда, сама таго не ўсьведамляючы, рабіла сваіх анёламі, супэрмэнамі, паўбагамі, а ўсё чалавечае заставалася на долю ворагаў? Супэрмэны хутка надакучваюць, пагуляў і выкінуў, а чалавечае, злое ляжыць у табе тонамі, ты – бяздонная бочка чалавечасьці, і цябе да яе цягне інстынктыўна.

Ротмістар стаіць прыкладна тамсама, дзе і паручнік, на пару з тым легендарным есавулам, які кінуў каня, бо прыстрэліць не паднялась рука. Такім чынам, вуліца Ротмістрава мелася стаць наглядным дапаможнікам да ўрокаў ПВП у старэйшай школе. Глядзі ў акно, натхняйся, зараджай, страляй. Ябош, як казалі ў Шабанах. Ці – эстэцкі варыянт: ейбож (ад ей-боже). Мелася, але ня стала. Чамусьці чуецца ў ёй нешта гастранамічнае, але не рэстараннае, а хутчэй сталоўскае: бо тут ёсьць рот і міса, а што яшчэ трэба – калі галодны, можна браць зь місы нават рукамі, так нават смачней. Магчыма, гэта салдацкая сталоўка. Ці турэмная. Рот. Міса. Страва? Трава. Мясам у такіх сталовых ня кормяць.

Як і належыць есавулу, паручніку, фэльдфэбэлю ці дзеншчыку, господін Ротмістровъ меў густыя вусы: сьціплая даніна адначасова Будзённаму і мужчынскай будзённасьці. Потым да вусоў дадаліся акуляры, у выглядзе зьявілася нешта адміральскае, Ротмістраў на сваіх позьніх фота глядзіць у іх, нібы ў пэрыскоп субмарыны ў пошуках чарговага «Вільгельма Густлафа». Хаця сам ён быў танкіст – але якая розьніца, у чым плаваць. Былы волскі плытнік Ротмістраў паўсюль пачуваўся, як рыба ў вадзе.

Невядома, што было водападзелам у жыцьці Ротмістрава для яго самога. Магчыма, той момант, калі ён быў у канцы трыццатых выключаны з партыі і над ім навісла пагроза арышту – ды ўсё абышлося. Але для нас самая важная дата ў ягоным жыцьці – 3 ліпеня 1944 году. Менавіта з гэтага дня пачынаецца шабаноўскі пэрыяд яго жыцьця. Пятая гвардзейская танкавая армія пад кіраўніцтвам атамана Ротмістрава бярэ Менск. Напярэдадні генэрал атрымаў прачуханца ад Стаўкі: «Стаўка незадаволеная маруднымі і нерашучымі дзеяньнямі 5-й танкавай арміі і зьвязвае гэта з дрэнным кіраўніцтвам з боку тав. Ротмістрава… патрабуе імклівых і рашучых дзеяньняў…» І Ротмістраў, які цудоўна ведаў, чым пагражае такая незадаволенасьць, вырашыў кінуць да ног Стаўкі сталіцу советской Белоруссіі. Хутчэй за ўсё ні сам Ротмістраў, ні ягоныя танкісты вёску Шабаны так і не наведалі, Менск яны бралі з поўначы і паўночнага ўсходу. Узялі і пакацілі далей, на Вільню. Там у Ротмістрава не атрымалася рашучых дзеяньняў, і камандуючы фронтам Чарняхоўскі зьняў яго з пасады. Але было ўжо позна… Менск быў асуджаны, хай сабе і праз сорак гадоў, прыняць дзіўнае мяно на свае абноўленыя мапы.

Што было да Менску? Усялякія гераічныя ўчынкі, кшталту здушэньня паўстаньняў і ўдзелу ў розных інтэрвэнцыях. Ротмістраў браў Кранштат, удзельнічаў у дурным савецкім паходзе на Польшчу і ў той ганебнай вайне 1940-га, калі Сталін спрабаваў паставіць на калені Фінляндыю, каравуліў у засадзе са сваімі танкамі Літву і Беларусь, каб не ўцяклі. У першыя дні вайны, якая прынясе яму славу вызваліцеля Менску, Ротмістраў будзе бадзяцца па беларускіх і літоўскіх лясах, выходзячы з акружэньня, а празь некалькі месяцаў ледзь ня трапіць пад трыбунал з фармулёўкай «за баязьлівасьць». Пасьля вайны нейкі час ён камандаваў бранятанкавымі часьцямі савецкіх акупацыйных войскаў у Нямеччыне, стаў маршалам, выкладаў у вайсковай акадэміі і…

І пісаў кніжкі. Так сталася, што Бачыла – не адзіны пісьменьнік, увекавечаны ў Шабанах. Ротмістраў таксама – господін літератор. Я зайздрошчу гэтым назвам, такое можа дазволіць сабе толькі сапраўдны забойца. «Час і танкі». Адзіны ягоны скарб. Толькі гэта і было ў яго. Калі часу было мала, танкаў хапала зь лішкам. І наадварот. Не, сам не забіваў. Ну, хіба трошачкі. Забіваюць танкі, танкісты заўсёды страляюць у паветра. Ці вось яшчэ ягоная кніжка – «Сталёвая гвардыя». Нічога сабе. Проста капітанул Карнэліў Зэля Кадрану нейкі, а не савецкі маршал. У гэтым сэнсе Ротмістраў пасуе Шабанам: холадам, фактурай, ляскатам, смуродам, машынным алеем на сваіх рымскіх арлах… Цікава, колькі б яму спатрэбілася танкаў, каб зьнішчыць Шабаны? Нуль цэлых адна дзясятая? Адна гусеніца? Раз прамой наводкай – і няма вёскі.

Танкіст, вусач, маскаль, камуніст, вызваліцель – што яшчэ трэба, каб тваім імем назвалі вуліцу ў Менску? Толькі памерці. З гэтым была праблема. У гонар жывых вуліцы не называюць. Чакаць давялося доўга. Ротмістраў усё жыў і жыў, а вуліца заставалася безыменнай. Але што паробіш, у Сьвятога Маразму цярпеньня паболей, чым у простага чалавека. Вёска Шабаны перастала існаваць, зьявіўся мікрараён. Вось табе гатовы Маўзалейчык. Памерламу надоечы ў Маскве барыну якраз будзе па чыну, падумалі ў Менску. Не праспэкт жа ягоным імем называць.

Загрузка...