КАМЕНТАРЫІ

Надрукаваўшы балады, заснаваныя на беларускім фальклоры, Я. Баршчэўскі прыцягнуў увагу тагачаснае крытыкі да свае творчасці. Яму настойліва раяць не пісаць больш вершаваных твораў, а перадаваць пачутыя легенды і паданні прозаю. Так у пісьменніка з’явілася задума расказаць пра свой край, сваю Беларусь, каб абудзіць беларускае нацыянальнае жыццё. «Шляхціц Завальня» выходзіў невялікімі томікамі ў 1844–1846 гг. Выдаўцом першых трох томікаў быў Ян Эйнерлінг, а друкаваліся яны ў тыпаграфіі Караля Края. Апошні томік выдаваў сам Я. Баршчэўскі ў друкарні Пратца. Першы томік (раздзелы «Колькі слоў ад аўтара» — «Ваўкалак») цэнзар Ігнат Іваноўскі падпісаў у друк 9 верасня 1844 г.

Другі (раздзелы «Успаміны пра наведванне роднага краю» — «Куцця») — 22 лістапада 1844 г. Трэці (раздзелы «Думкі самотніка» — «Яснасць на небе») — 3 ліпеня 1845 г. Чацвёрты (раздзелы «Таварыш у падарожжы» — «Ад’езд») — 22 сакавіка 1846 г. Важнае значэнне ў структуры кнігі меў уступны артыкул Рамуальда Падбярэскага «Беларусь і Ян Баршчэўскі» — першы нарыс гісторыі новай беларускай літаратуры. Упершыню ў гісторыі нашага прыгожага пісьменства ішла гаворка пра беларускую літаратуру, вызначаны пэўныя крытэрыі гэтае літаратуры: «чыста народнаю» называецца літаратура на беларускай мове, а нацыянальнай — літаратура, якая закранае беларускія нацыянальныя праблемы, беларускае нацыянальнае жыццё. Нарыс Р. Падбярэскага — гэта і першая біяграфія Я. Баршчэўскага.

Загрузка...