— Дружа, ты геній! Каб ты ведаў, які кавалак працы зараз адолеў!

Юрась асьцярожна вызваліўся з абдоймаў.

— Гэта мог зрабіць для вас любы антыквар.

— А нам любога ня трэба! – Янчын захіхікаў, але абарваў сьмех і амаль строга дадаў.

— Цяпер прафесар патлумачыць вам тое-сёе. Дасьць, так бы мовіць, агульны накірунак.

Зьміцер Патапавіч наставіў на нас свае акуляры-лінзы, нібыта сумняваўся, што мы можам нешта зразумець з ягоных слоў, і загаварыў гэткім жа занудным, як усё ягонае аблічча, голасам.

— Высновы мае носяць пакуль гіпатэтычны характар. Дык вось... Перад намі доказ таго, што стэрэатыпы наконт прагрэсу – усяго толькі ілюзія. Нашыя продкі валодалі такімі сакрэтамі тэхнікі, якія нам толькі сьняцца. Нічога новага, панове, мы не вынаходзім. Толькі ўспамінаем тое, што было добра вядома прашчурам. Гэтыя гадзіньнікі маюць сакрэт, які пакуль я раслумачыць не магу.

Прафесар паставіў на маленькі столік насупраць гадзіньніка «Чорны Ганс» звычайную шклянку, перамераў рулеткай адлегласьць, пасунуў шклянку на пару міліметраў, яшчэ... Нешта пакруціў унутры гадзіньніка. Металічны званар падняў свой молат і ўдарыў у звон… Гук быў нечакана пранізьлівы, непрыемны, аж зубы занылі… Званар ударыў яшчэ раз, яшчэ… Раптам шклянка на стале пачала тонка вібрыраваць.

— Вось так, — прафесар пераможна абвёў усіх паглядам, нібыта давёў складаную тэарэму.

— Ну і што? — сярдзіта прагаварыў Янчын.

Прафесар зьдзекліва зірнуў на Віталя скрозь свае лінзы.

— Для вас, можа, і нічога дзіўнага, а вось для навукоўца – надзвычай. Вось што пра гэтыя гадзіньнікі гаворыцца ў адным старажытным дакуменьце... – Прафесар дастаў з кішэні зашмальцаваны, складзены ўчацьвёра аркушык, падобны да ліста ад колішняй каханай, які носяць пры сабе і перачытваюць, настальгуючы. Зьміцер Патапавіч разгарнуў ліст і зачытаў: «І які б сасуд, шкляны, або парцалянавы, ні паставіць у іх кола, ён будзе разьбіты іх голасам».

— Ну, гэта казкі... – пракаментаваў Юрась. Прафесар, аднак, не зазлаваў, толькі ўсьмешка зрабілася пагардлівай.

— Запэўніваю вас, што гэта абсалютна магчыма. Я бачу ў гэтых механізмах мноства прыстасаваньняў для рэгуляцыі вышыні гука, утварэньня рознага віду вібрацыяў. Гэта ўсё роўна як аркестр з невядомых нам інструментаў. Вялікія сьпевакі маглі голасам шклянку разьбіць... Шаляпін, Каруза... Вось такая наша задача – каб гадзіньнікі і сёньня маглі разьбіваць шкло.

Янчын шумна ўзрадваўся.

— І праўда, якая рэклама! Турысты валам папруць, каб паглядзець на такі фокус!

— А дапаможа нам спадар Юрась, які адладзіць старажытныя механізмы, і шаноўная Ганна, — бялявы псіхіятр адвесіў мне галантны паклон. — За гэтыя дні мне ўдалося здабыць тое-сёе па гісторыі Старавежска і асобе Бернацоні. Ды яшчэ Лілія Пятроўна перадала дакументы і кнігі, якія зьбіраў яе муж. Мы папросім вас, Ганна, як мага хутчэй прагледзець паперы і вылучыць усё, што тычыцца незвычайных падзей у Старавежску і вакол гадзіньнікаў. І – пачынайце пісаць свой тэкст. Ігар праводзіць вас у кабінет.

Чарнявы ахоўнік ветліва паказаў на дзьверы ў другім канцы майстэрні. На парозе я азірнулася. Юрась стаяў на каленях перад гадзіньнікам з драўляным грыфонам, разглядаючы яго нутро... Я ўспомніла, як былы муж ня так даўно стаяў на каленях перада мной…

Пакой, які мусіў часова стацца маім кабінетам, быў шыкоўны. Кампутар з выхадам у сусьветнае сеціва, паліцы, застаўленыя энцыклапедыямі і даведачнай літаратурай на любы густ, на стале – таксама папяровая гара. Што значыць – вялікія грошы! Пры адным паглядзе на стос ксеракопіяў і рукапісаў у мяне затахкала сэрца, нібыта я дагнала сарваны ветрам капялюш. Людвісараўскі летапіс у польскім перакладзе! Арыгінал ужо два стагоддзі лічыўся зьніклым, і нават ягоны пераклад, зроблены напрыканцы 18 стагоддзя варшаўскім археографам, які жадаў, каб каштоўны гістарычны дакумент належаў выключна польскай гісторыі, быў рэдкасьцю. Прынамсі, старавежскія краязнаўцы расказвалі мне пра кнігу, дзе напісана пра іхні горад шмат цудаў, як пра міф.

Пра Старавежск у летапісе сапраўды згадвалася часта. Праўда, складаўся гэты летапіс ужо ў 16 стагоддзі, і тое, што было раней, перадавалася па чутках. Першая згадка тычылася таго, што ў 1423 годзе на горад абрынулася «Божая кара», і палова месьцічаў вымерла ад пошасьці. Я ўспомніла гравюру, што вісела ў мяне дома. Што ж, у гэты час подобнае адбывалася па ўсёй Еўропе... Старавежск так і не акрыяў пасьля бяды. Хаця перад Вялікай Пошасьцю супернічаў з самымі магутнымі гарадамі сьвету і фактычна ўяўляў з сябе дзяржаву ў дзяржаве – быў час, калі кроілася карта кантыненту, больш магутныя ўладары падміналі пад сябе маленькія вольныя княствы, і наадварот, князі, якія адчулі моц, аддзяляліся ад сюзерэнаў, утвараліся ліліпуцкія каралеўствы і новыя імперыі... Шанец даваўся кожнаму.

Старавежск гістарычна, відаць, быў асуджаны стаць часткай вялікай дзяржавы. Але ж месьцічы, якія жылі ў багатым вольным горадзе, напэўна, пра гэта ня ведалі, і наўрад паверылі б, каб хто пачаў ім тлумачыць. Цікава, што вольнасьць і моц Старавежска палягалі не на ганарлівасьці ўдзельнага князя, які бярэцца «ў рожкі» з больш магутнымі. Горад уяўляў з сябе нешта падобнае да арыстакратычнай рэспублікі — самая плённая для гандлёвага места ўлада. Але з сярэдзіны 15 стагоддзя пачаў пераходзіць з рук у рукі ўлюбёнцаў Вялікага князя. Ну а ў Рэчы Паспалітай, а пасьля — Расейскай імперыі гісторыкі амаль перастаюць згадваць пра заняпалае мястэчка і ягоную былую славу.

Знайшлася і легенда пра ратушу.

Прыйшла ў горад Сьмерць. А каб ніхто яе не пазнаў, прыняла аблічча прыгожай дзяўчыны з валасамі, як золата. І ўсе, хто бачыў яе, беглі за ёй «няістава» і паміралі, і вялікі «лупеж», здабычу залатавалосая сьмерць сабрала ў Старавежску. І толькі апоўначы заходзіла яна адпачыць у вежу. Роўна на адну хвіліну, пакуль б’е звон на царкоўнай званіцы. Тады паставілі ў вежу дванаццаць «дзыгароў», гадзіньнікаў, якія маглі гучаць, як царкоўны звон. І, як толькі сьмерць у чарговы раз зайшла на адпачынак, «з апостальскім блаславеньнем» пачалі яны званіць адзін за другім, і са сьмерцю «шаленства вялікае ўчынілася», і ня ведала яна, калі праміне апоўнач, і не магла выйсьці, пакуль гадзіньнікі б’юць. Уваход у вежу з малітваю і асьвячэньнем замуравалі.

Легенду гэтую чула я і раней, хаця з меншымі падрабязнасьцямі. Нейкім пракаветным жахам веяла ад яе... Былі тут некаторыя дэталі, што не стасаваліся з адцягненым палётам народнай фантазіі. Залатыя валасы сьмерці, «дзыгары», якія існавалі, як высьветлілася, цалкам рэальна... Ня варта забывацца, што ратуша – гэта сімвал волі, магдэборгскага права... Менскую ратушу зьнесьлі па асабістым загадзе расейскага цара Мікалая І менавіта для таго, каб не нагадвала гараджанам пра былыя вольнасьці і незалежнасьць...

Рэальна існаваў і Баркуноў славуты продак, соцкі Баркун. Ён прыехаў у Старавежск разам з войтам са сьмешным прозьвішчам Рожа, якога прызначыў кіраваць горадам вялікі князь. Было гэта адразу пасьля Вялікай Пошасьці. Я хуценька пачала накідваць для артыкулу Аркадзеў радавод, не шкадуючы рамантычных адценьняў. Дадавала і зьвесткі з Аркадзевай біяграфіі, клапатліва раздрукаванай у некалькіх асобніках – мецэнат і фінансавы геній. Што ж, сьвятая справа – сказаць добрае слова пра нябожчыка. Трэба ж такому здарыцца: толькі сустрэліся праз адзінаццаць гадоў – і некралог пішу. Бедны Аркадзь. Юрася падтрымліваў, мне дапамогу абяцаў. Дый так, лічы, дапамог, хоць вось у такіх трагічных абставінах – столькі грошай зараблю, жыву на ўсім гатовым у нечувана шыкоўных умовах... Я ўспомніла, колькі разоў Аркадзь, калі быў старастам нашага курсу, дапамагаў мне хаваць «сачкаваньне» з лекцыяў, як частаваў мяне на кожным перапынку булачкамі – пакуль я не зьвязалася з Юрасём... І ў маім тэксьце зьявіўся яшчэ адзін вытанчаны эпітэт пра высакароднага мецэната.

А вось наступная папка змусіла мяне ўздрыгнуць. Гэта быў перакладзены на сучасную нямецкую мову стос пратаколаў Пражскай інквізіцыі 1437 году. Судовая справа Гервасі Луіджы Бернацоні, абвінавачанага шматлікімі сьведкамі ў вядзьмарстве. Уладальнік гадзіньнікаў!

Я ніколі раней падобных дакументаў не чытала. Нават у гістарычных раманах кшталту «Тыля Уленшпігеля» «садысцкія» старонкі прагортвала. Што ж, праца ёсьць праца... Але ўжо праз дваццаць хвілінаў я ледзь не самлела. Паказаньні сьведкаў нагадалі блёкат. Хаця падсудны нікога не назваў сваім сьмяротным ворагам – гэта быў адзіны спосаб адвесьці чыесьці паказаньні, — але жывёльная нянавісьць, магчыма, спароджаная страхам, лучылася з кожнага слова. Ня дзіва – сьведкі, відаць, шчыра верылі, што няшчасны лекар можа адным паглядам аддаваць чалавека ва ўладу нячыстага. Нават на суд яго прывялі з чорнай павязкай на вачах.

«Мы, суддзі і радцы, уважаючы вынікі працэсу, які вядзецца супраць цябе, Гервасі Бернацоні, лекарскага званьня, фларэнціец, які жыве ў Празе, прыйшлі да высновы, што маецца дастаткова доказаў таго, што ты займаўся валхваваньнем і чараўніцтвам, і супраціўнымі Богу чарамі, з дапамогай вядзьмарскіх машынаў змушаў людзей слугаваць сабе і Д’яблу і быў верным наступцам ерэсіярха Яна Гуса, праклятага Сьвятой Царквою. Мы маем таксама сьведчаньні, што пятнаццаць год таму ты, Гервасі Бернацоні, быў абвінавачаны ў валхваваньні і вядзьмарстве сьвятой інквізіцыяй горада Фларэнцыі, але ўцёк ад расьсьледваньня і справядлівага суда. Таму ўладай, дадзенай нам Госпадам, пастанаўляем, каб аддаць цябе допыту пад катаваньнем. Мы абвяшчаем і пастанаўляем, што ты мусіш быць катаваны сёньня ж, у тры гадзіны папоўдні».

Пратаколы фіксавалі ўсё з вар’яцкай падрабязнасьцю. Гэтак жа, як будзе рабіцца на нашай зямлі праз пяцьсот гадоў. Перад допытам падсуднаму тры дні давалі толькі сьвятую ваду з кропляй воску ад грамнічнай сьвечкі. Потым распранулі і агледзелі яго цела ў пошуку знакаў д’ябла, якія надзялялі ведзьмакоў моцай вытрываць катаваньні. Мніхам падаліся падазронымі некалькі плямак на плячах, і іх адразу праверылі распаленым жалезам. Лекар адчуў боль, і падазрэньні наконт плямак былі прызнаныя беспадстаўнымі. Потым падсуднага пагалілі – лічылася, што праз валасы д’ябал таксама падтрымлівае сувязь з ахвярамі. Каб пазбавіцца валасоў да самых каранёў, галаву аблілі сьпіртам і падпалілі. Потым паклалі пад пахі і на сьпіну падсуднага кавалачкі серы і таксама падпалілі. Потым кат зьвязаў яму рукі за сьпіной вяроўкай і падвесіў яго за тую вяроўку да столі... Гэта у славянаў называлася «дыба». А паколькі на ўсе ўгаворы лекар «няістава ўпарціўся», каты прывязалі да яго ног чыгунныя грузы і пакінулі вісець на выкручаных руках да вечара... Але, мабыць, досыць... Пытаньні кшталту «Ці прызнаеш ты, Гервасі Бернацоні, што ў трэцюю ноч пасьля Вялікадня праляцеў у вялікім чорным гаршку над домам шаноўнага купца пана Гамулкі, і ад таго ў пані Гамулкавай пачаліся заўчасныя роды, і нарадзіла яна чарнявае д’ябалятка, падобнае да цябе» перамяжаліся цытатамі з Бібліі («чыя душа схіляецца да магаў і валхвоў, і з імі блудзіць, супраць таго хачу я ўзьняць меч свой і нізрынуць са статку народа свайго»). А таксама дэталямі пра вывернутыя суставы, струменьчыкі крыві з-пад пазногцяў раструшчаных пальцаў і стогны катаванага. Ад якога, аднак, не дабіліся ні слова прызнаньня віны. Як несумненная праява д’ябальскага ўплыву было адзначана, што катаваны не крычаў і ня плакаў, толькі «стагнаў, падобна зьверу».

Гэты Бернацоні быў, відаць, магутнай асобай. Пра Яна Гуса, свайго колішняга патрона, ды Гераніма Пражскага, спаленага вучня Гуса, паўтараў – «Яны былі Божыя людзі». Уяўляю, як лютавалі каты. Звычайныя, перапалоханыя людцы, якія шчыра верылі, гэтак жа, як іх пасьлядоўнікі наступных стагоддзяў, што робяць сьвятую справу і адзінаборнічаюць не са спакутаваным зьняможаным вязьнем, а з магутным таемным ворагам. У камеру да Бернацоні манахі заходзілі абавязкова па некалькі чалавек, прычым сьпінай уперад, мелі пры сабе соль, асьвечаную ў вербную нядзелю, і штохвілі хрысьціліся і чыталі малітвы.

Бернацоні спалілі толькі праз год ад пачатку працэсу. Ён так і не раскаяўся.

Я прагартала свае выпіскі. Самае цікавае для мяне тычылася паказаньняў сакратара Бернацоні, нейкага Энрыке, які, «паглядзеўшы на прылады для ўразумленьня», цалкам прызнаў і сваю віну, і свайго гаспадара, і нагаварыў столькі, што вогнішча мусіла распаліцца ад аднаго Божага гневу. Асабліва пра «д’ябальскія машыны, якія пан па-блюзьнерску прыпадобніў апосталам», і якія «званілі голасам д’ябальскім», і пан вазіў іх за сабою паўсюль, а потым згубіў па волі Божай у далёкім барбарскім горадзе.

Напэўна, гэта і былі старавежскія гадзіньнікі. Энрыке сьцьвярджаў, што гаспадар-вядзьмак нікога да тых машынаў не дапускаў, наладжваў іх сам. Ставіў у кола, «апосталамі называючы», і такім чынам утвараў «уваход у чысьцец», і адтуль вылятала нячыстая сіла, якая крышыла ўсё навокал. У тыя моманты пан загадваў усім, хто быў у доме, закладваць у вушы васковыя шарыкі. Але ўсё роўна «туга на душы» змушала ліць сьлёзы раскайваньня. Бернацоні некалькі разоў загадваў свайму сакратару садзіцца між гадзіньнікаў, але той кожны раз губляў прытомнасьць ад іх «д’ябальскага звону».

Сакратара прыгаварылі толькі да пажыцьцёвага заключэньня. Па сьвятах ён мусіў «хадзіць у тыя дамы, дзе грашыў, і бічаваць сябе», а таксама бічаваць сябе перад уваходам у кожны храм, і насіць на адзежы нашытыя «шафранавыя крыжы» на знак свайго ведзьмакоўскага мінулага.

Я ня надта верыла ў злавесную сілу лекаравай механічнай калекцыі. Яшчэ нядаўна на вуліцах Еўропы мінакоў ахоплівала масавая істэрыя ад відовішча страшнай прылады – парасону, або жанчыны ў нагавіцах. Ну а паравоз або аўтамабіль увогуле маглі напалохаць да сьмерці. Лекар проста апярэджваў свой час. Вядома, фокус з сасудамі, якія самі па сабе разьлятаюцца на кавалкі, мог напалохаць каго заўгодна. Хаця ці так ужо гэта неверагодна? Мая сяброўка, самавітая сямейная кабета (у адрозьненьне ад мяне), жонка ваеннага і маці дваіх сыночкаў-мацакоў, расказвала, як яе малодшанькі любіў у дзяцінстве барабаніць. Стукаў аднойчы палачкай па стале, на якім красавалася ваза, купленая гаспадарамі падчас службы ў Чэхіі, стукаў, стукаў... А ваза раптам і разьляцеліся на драбнюткія кавалачкі – як рассыпалася! «Рэзананс...», — тлумачыла сяброўка, падрослы сынок якой барабаніць ужо ў самадзейным рок-гурце.

Я адсунула паперы і зьняможана апусьціла галаву на стол. Чаму людзі такія лютыя адно да аднаго... Як мне цяпер пазбавіцца ад жахлівых карцінаў, што разьдзіраюць уяўленьне? Відовішчы сярэднявечнай інквізіцыі зьмяняліся сюжэтамі з сутарэньняў НКВД. Ян Гус, Геранім Пражскі... Беларускія паэты Алесь Дудар, Валерый Маракоў, Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка... Пяцьсот гадоў – і ўсё тое ж: ахвяра курчыцца ў невыноснай пакуце, каты нязмушана абедаюць у суседнім пакоі... Нават катаваньні не зьмяніліся. Божа, будзь літасьцівы да майго розуму... Мне здавалася, падыму галаву – а нада мной, як на малюнку Гойі, грувасьцяцца пачвары мінулага...

— Ну што, Ганначка, начыталіся?

Псіхолаг Макс стаяў проста за маёй сьпіной і белазуба ўсьміхаўся. Вось ёлуп, павінен жа разумець згодна сваёй прафесіі, што нельга гэтак да людзей падкрадацца, бы кадук апоўдні... Макс, аднак, згасіў мой гнеў тым, што паставіў перада мной кубак кавы і спакусны бутэрброд. Я раптам адчула, што страшэнна галодная – гадзінаў пяць, мусіць, прамінула!

— Сілкуйцеся... Я ведаю, дакументы ня з простых. Дазвольце, прысяду?

Шэрыя вочы псіхолага глядзелі вельмі сур’ёзна і даверліва.

— Цікава, якія сны вам сьняцца? Напэўна, часта бачыцца мора?

— Чаму вы так вырашылі? – зьдзівілася я, адпіваючы каву, зусім някепска звараную.

— Мора – сімвал ініцыяцыі асобы, жаданьне прыняць сябе такім, якім ёсьць, даведацца пра сябе ўсё, і боязь гэтага. Мне здаецца, у вас яшчэ шмат ад падлетка, Ганна. Пошукі месца ў жыцьці...

Напэўна, гэта былі крыўдныя словы, але Макс прамаўляў так шчыра, мякка... Я толькі буркнула:

— Апошнім часам не запамінаю сваіх сноў. Помню толькі, што сьніцца вежа. Але калі вы зараз пачнеце мне тлумачыць, што, паводле Фрэйда вежа — фалічны сімвал, то...

Макс бесклапотна засьмяяўся. Цікава, ён маладзей за мяне ці равесьнік? Прынамсі, Юрась выглядаў старэй за яго гадоў на пяць.

Я патроху супакойвалася. Матава-ружовыя сьцены, са столі струменіць роўнае зыркае сьвятло, ціхенька гудзе кампутар, на інтэрнэтаўскім сайце б’ецца сьмешнае маленькае сэрцайка нейкай рэкламы... «Цісьні сюды!» Ад сярэднявечча – далей не прыдумаеш. Нават ня верылася, што гэтыя сьцены захоўвалі памяць аб трох стагоддзях. Я распавяла Максу аб вычытаным і яшчэ раз адчула ягонае нявыказанае зьдзіўленьне – чаму гэта я пры сваіх уменьнях сяджу бяз працы. Відаць, ён усё-ткі някепскі псіхолаг, калі не выказвае сваё зьдзіўленьне ўслых. Толькі з павагай пракаментаваў.

— Сёньня вам павінны прысьніцца горы. Сімвал жыцьцёвага посьпеху.

Цікава, напэўна, жыць са сьпецыялістам па псіхалогіі. У іх сем’ях бываюць сваркі ці не?


Юрась абдымаў гадзіньнік з караблём… Выглядала гэта сьмешнавата, нібыта ён зьбіраўся з ім таньчыць. Насамрэч, вядома, Юрась спрабаваў замацаваць унутры нейкую дэтальку... Відаць, гэта ўдалося, бо калі ён адыйшоўся, гадзіньнік раптам ажыў... Жоўты пляскаты металічны карабель на ім зварухнуўся, загайдаўся, і пачуўся звон... Пранізьлівы, журботны... Непрыемны голас у гэтых гадзіньнікаў. Ня дзіва, што ў іх нядобрая слава. Але на тварах прафесара і Макса было напісанае замілаваньне, нібыта яны слухалі салаўіны сьпеў.

Рэстаўратар стамлёна правёў рукой па твары.

— Ну вось і ўсё... Адкуль можна патэлефанаваць? Мне тэрмінова...

Макс паслужліва прапанаваў свой сотавы, і Юрась ледзь ня подбегам рушыў за дзьверы. Я зразумела, каму ён будзе званіць... І, гледзячы ў прыгорбленую сьпіну рэстаўратара, што зьнікала за дзьвярыма, нарэшце прызналася самой сабе, прызналася тужліва, з раскайваньнем, чаму так лёгка згадзілася сюды паехаць.

І яшчэ раз згадала пра гэта ўвечары, калі былы муж запрасіў мяне на шпацыр. Вядома, яму спатрэбіўся «доктар Ватсан», каб выказаць свае гіпотэзы.

— Ня думаю, што міліцыя разгадае, хто забіў Аркадзя. Бачыш – я нібыта галоўны сьведка, а мяне ні разу больш ня выклікалі… Зьехаць сюды дазволілі. Ясна, што за забойствам Аркадзя – вялізныя грошы. Я ня веру, што гэта — Калыванаў, гэта было б занадта проста. Дорыць калекцыю Лілі, дый Аркадзь перад ім саломай слаўся, — разважаў Юрась. А цяжкі туман, якому не хапала халоднае моцы стаць шэраньню, плыў у прыцемку над кустамі, заблытваўся ў голым гольлі дрэваў, і нібыта сачыў за намі тысячамі сівых вачэй. Прынамсі, мне ўвесь час хацелася азірнуцца. А можа, тут ёсьць прывіды? Цікава, што за людзі хадзілі некалькі сотняў гадоў таму па гэтых дарожках, і ці былі яны шчасьлівей за нас?

— Гадзіньнікі, вядома, незвычайныя, — працягваў думку мой былы муж, нібыта сам сябе пераконваў. — Але хіба настолькі, каб дзеля іх забіваць? А што ў Калыванава аказаліся ўсе астатнія гадзіньнікі з вежы, мяне не зьдзівіла – яго пасланец тады закупіў усе лоты, выстаўленыя ў Варшаве, ад куфэрка да фамільных партрэтаў. Нават частку сапраўднага вежавага гадзіньніка – цыферблат у два чалавечыя росты! Новы маёнтак ля Закапанэ абстаўляе «пад старажытнасьць», але з мясцовым каларытам. Чарговы магнацкі закуп. Да таго ж, Аркадзь мусіў разумець, што сам усе гадзіньнікі выкупіць ня здолее. Дарма, што яны без каштоўных аздобаў, але лік – на мільёны ідзе.

— А ці не падазрона, што да гадзіньнікаў запрасілі не абы-каго, а прафесара? – заўважыла я, змушаючы сябе не глядзець на Юрасёў твар, падсьвечаны нізкімі ліхтарамі. У такой падсьветцы выразна бачыліся шнары, паходжаньне якіх я цяпер ведала.

— Які там прафесар! – уздыхнуў былы муж. — Я пытаўся ў Янчына... Сапраўды, калісьці дзед быў «сьвяцілам», але даўно «зьехаў з розуму» і лекцыяў не чытае. Здаецца, нешта падобнае да вечнага рухавіка вынаходзіў. У тонкасьцях розных там працэсараў ці эквалайзераў разьбіраецца, як павук у павуце, жыве тут «з падачы» Янчына ўжо колькі гадоў, у перапынках між «дурдомамі». Зладзіў Калыванаву адмысловую сігналізацыю... Праўда, здаецца, у механіцы я лепей за прафесара разьбіраюся...

Я не схавала іроніі.

— У акадэмікі цэліш?

Юрась не пакрыўдзіўся.

— Я проста адчуваю старажытныя рэчы... Нібыта бачу, як іх рабіў стары майстра. А гэтыя гадзіньнікі не аднаго ўладальніка памянялі. Іх спрабавалі рэстаўраваць, пазамянялі дэталі... Карпусы перарабілі. Усё роўна што пазлы рассыпалі. Тут інтуіцыя патрэбная, каб аднавіць, як было.

Мы ішлі па прывідных прысадах у тумане, падзеленым ліхтарамі на сьветлыя і цёмныя плямы, і размаўлялі, як і калісьці. Гэткая сустрэча даўніх, патрапаных жыцьцём сяброў, якая ні да чаго не абавязвае, не становіцца ні працягам, ні ўтварэньнем новых адносінаў, а проста – прыемная настальгія, усё роўна як пагартаць запылены альбом з фотаздымкамі...

— Яна некалькі разоў была амаль вызваленая! – гэта Юрась расказваў пра Стэлу – пачаў сам, я, вядома, не пыталася. Відаць было, што ён увогуле пра свае праблемы ня звык размаўляць. Таму я проста моўчкі слухала, апусьціўшы вочы і баючыся спудзіць гэтак патрэбны яму момант шчырасьці.

— Я ня ведаю, адкуль яна брала тое дзярмо... Наркотыкі... Клялася, што – усё, больш ніколі... І сачыў я за ёй, нават замыкаў... А прыйду пасьля працы – у яе ўжо вочы блішчаць гэткім вадзяністым, ненатуральным бляскам, і зрэнкі – з макавінку... А яна такая даверлівая, такая таленавітая... Вось – пакінуў яе адну, цяпер не магу... Хвалююся... Можа, варта было б паспрабаваць яе сюды прывезьці? І грошы тэрмінова трэба – дамовіўся з адным лекарам, пакладзе яе на месяц у сваю клініку, нейкі новы апарат вынайшаў для ачышчэньня крыві... Як усё далёка... Мае мары, глабальныя клопаты – пра лёс Беларусі, матчыну мову, ратаваньне гістарычнай праўды... Госпадзе, а я ж гатовы быў жыцьцё аддаць за такія сьмешныя і непатрэбныя большасьці рэчы, як мова – нібыта праз маю сьмерць людзі пачалі б разумець, што яна прыўкрасная і адзіная... Або каб крыж Еўфрасіньні Полацкай вярнуўся на Беларусь – сапраўдны, а не адноўлены... Нібыта не вядома, што ён дзесьці ў сховішчах Расіі... А цяпер мяне хвалюе толькі адно – што я адказваю за чыюсьці бедную хворую душу, і не магу яе ўратаваць... Можа, маё «прыватнае» існаваньне і правільнае? Чаго б я быў варты, калі б вёў да волі свой народ і забываўся, што мая любая жанчына застаецца рабыняй? Тым больш расчараваўся я ў палітычных гульнях, пабачыўшы зблізку... Прыгожыя лозунгі не гарантуюць сумленьня. А калі я ратаваў старую рэч, вяртаў яе з часткай нашай гісторыі – гэта быў мой унёсак... Але занадта часта я адчуваю сябе здрайцам...

Калі мы наблізіліся да маёнтку, які ў прыцемку здаваўся пагрозьліва змрочным, нібыта патрывожаны ад векавога сну зачараваны волат, Юрась раптам пацалаваў маю руку.

— Дзякуй...

— За што? – прашаптала я.

— За тое, што слухала. За тваё ўважлівае маўчаньне – яно часам больш дарагое, чым пустыя словы шкадобы і парады. За тое, што пасьля ўсяго, што я з табою зрабіў, ты яшчэ не ненавідзіш мяне...

І пайшоў у свой часовы пакой, няшчасны, трывожны, чужы... Госпадзе, ён усё яшчэ дакарае сябе за нашу юначую гульню ў шлюб... А я?..


— Ты звар’яцеў, лекар! – Лаўрын Рожа злосна расхаджваў па пакоі з белай ружай над уваходам. – Гэта, магчыма, у тваёй Фларэнцыі паненку можна прывалачы за валасы на свой ложак. Але ў нашай дзяржаве за гэта караюць горлам!

Бернацоні сядзеў у крэсьле з высокай драўлянай сьпінкай, скрыжаваўшы на грудзях рукі, зьнізаныя каштоўнымі пярсьцёнкамі, і спакойна пазіраў на новага войта.

— Я не зрабіў гэтай дзяўчыне нічога кепскага. Наадварот – выратаваў жыцьцё. Але яна была ў шалёным карагодзе, яе розум пашкоджаны. Магчыма, яна дасюль апантаная.

— Дык нашто яна табе?— выкрыкнуў Рожа, спыніўшыся проста перад італьянцам. – Зараз жа адышлі яе прэч, у кляштар!

Ад крыку Рожы, здавалася, усхадзілася нават вада ў шклянцы на стале. Але Бернацоні і брывом не зварухнуў.

— Гаспадар даў мне даручэньне... Ведаеш, якое... Прывесьці гэты горад да пакоры. Любым спосабам! Любым! Разумееш, Рожа? Дзеля вялікай мэты, якую раскрыў перада мною Вялікі князь, можна пераступіць шмат. І я буду служыць яму, што б для гэтага ні спатрэбілася. Я бачыў сваю любую Італію, якая ляжыць на скрыжаваньні сьвету, разьбітая на дробныя аскалёпкі пыхай яе князёў. Кожны горад імкнецца да вольнасьці, кожны князёк хоча стаць каралём... А ворагі прыходзяць і нішчаць краіну па частачках, не сустракаючы супраціву. Больш за тое – заўсёды знаходзяць памагатых у суседніх гарадах... Дзічэюць розумы, чарсьцьвеюць сэрцы... У Італіі пакуль няма вялікага чалавека, які аб’яднаў бы яе, зьмясіў, як цеста, у адзін кавалак, з якога атрымаецца хлеб – няхай сьпечаны на крыві і сьлязах. Вам, ліцьвінам, пашанцавала.

— А пры чым тут Ляскевічава дзеўка? – Рожа наблізіўся да лекара ўшчыльную, перайшоў на даверлівы шэпт.—Ну паслухай... Мы адзін аднаго ня першы год ведаем. Табе што, гэтак раптам закарцела жаночай плоці?

Бернацоні халодна засьмяяўся.

—Я даўно ўжо зацугляў свайго Амура, і юр ніколі не заглушыць ува мне голасу розуму. Проста гэтая кволая, хворая дзяўчына валодае моцай, якую я ня мог знайсьці і ў дужых мужчынах. Яна дапамагае мне... у маіх досьледах.

— Адладжваць твае чортавы гадзіньнікі? – крыва пасьміхнуўся Рожа. – Я чуў, што для спраў цемры патрабуецца чыстая душа цнатліўкі. Ніколі не разумеў, чаму князь паблажлівы да чараўнікоў.

Бернацоні рэзка ўзьняўся.

— Я не чараўнік, Рожа. Я табе ўжо колькі гаварыў. Я – хрысьціянін, проста Бог даў мне болей клёку і ведаў, чым табе. І на дзяўчыне я выпрабоўваю адвар, які, можа, выратуе аднойчы і твой розум ад шаленства. Мае гадзіньнікі ахвяраў не выбіраюць, як не выбірае паводка. Таму не пашкодзіць мець ад іх... супрацьяддзе.

Твар Рожы перакрывіла застарэлая нянавісьць, але войт стрымаўся.

— Добра. Князь загадаў мне быць з табой у лучнасьці і слухацца тваіх парадаў. Я абвяшчу, што дзяўчыны ў вежы няма. А ты паклапаціся, каб мае словы сталіся праўдай. Мяне ня тычыцца, як ты гэта зробіш. Тут глыбокія лёхі, у камінах можна распаліць вялікі агонь. Калі цела пасячы...

Бернацоні бліснуў вачыма.

— Я не хачу забіваць яе!

Рожа сьціснуў сківіцы.

— А я больш за ўсё хацеў бы паднесьці паходню да твайго вогнішча, вядзьмак, бо з-за цябе рызыкую сваім вечным выратаваньнем. Тое, што ты зрабіў гэтаму гораду, ня можа быць іншым, як справай цемры. І толькі дзеля свайго князя я трываю... Але маё цярпеньне ня вечнае. Дзяўчыны ў вежы – няма! Ты зразумеў?

Сказаў, нібыта абрынуў магільную пліту – і выйшаў.

...Анэту пабудзіў нечы зьдзеклівы сьмех проста над вухам. Яна расплюшчыла вочы і ўскрыкнула: над ёй схіліўся нечы звыродлівы твар. Запалыя шчокі, пакрытыя цёмнай шчэцьцю, рот, ашчэраны ў дзікай усьмешцы, глыбокія вочы... Але не насьмешныя, а хутчэй тужлівыя...

— Хе-хе-хе...

Анэта ўскочыла, прыкрываючыся коўдрай.

— Хто вы?

Мужчына ў дзіўнай стракатай адзежы адышоўся ад ложку, але застаўся з нізка схіленай сьпіной, сагнутай абаранкам.

— Прывітаньне, дзяўчына, якая танчыла са сьмерцю... Хе-хе-хе... А ты сьмелая, белагаловая...

— Хіба можа чагосьці баяцца той, хто таньчыў са сьмерцю? – Анэта ганарыста зірнула на госьця. – Але хто вы?

Прыхадзень, усё гэтак жа не разгінаючыся, галава амаль ля каленяў, дзіўнай падскокваючай хадой прайшоўся ўправа, улева, пазіраючы на дзяўчыну.

— Хто я? Адказаць на гэтае пытаньне ня так проста, паненка. Кожны з нас у гэтым сьвеце мае шмат лічынаў. Бачыла, як на карнавале: зараз ты – кароль, праз імгненьне – блазан, а пасьля – сама сьмерць... І твая лічына падае ў куфар разам з пунсовай спадніцай акрабаткі і бізуном дзеля зьмірэньня плоці... Я – ніхто, мая панна, і таму я магу быць усім. Хе-хе-хе...

Анэта глядзела на худы твар госьця, на якім, нібыта хвалі, мяняўся выраз. Што ён – плача? Сьмяецца? Гневаецца? Што азначае ягонае прыйсьце? Нягледзячы на ганарыстыя словы, страх мімаволі запаўзаў у сэрца, варушыўся вострай ільдзінкай...

— Цябе прыслаў пан Бернацоні?

— Бернацоні? – насьмешна перапытаў незнаёмец. – Не, мая даражэнькая. Твой гаспадар толькі думае, што яго вядзьмарства ўсёўладнае... Але й за ім ёсьць незаўважныя вочы і вушы. Як за кожным, хто мае хоць маленькую – але ўладу. Цяпер ад мяне засталося мала, паненка. Я – сьмех, вочы і вушы ўладароў. Але што ўладары – без мяне? Хе-хе-хе!

Анэта гнеўна зірнула на прыхадня.

— Пан Бернацоні не гаспадар мне. Я – вольная шляхцянка!

— Хіба? – іранічна прагаварыў госьць. — І ты можаш ісьці, куды хочаш? Баюся, што цябе няма больш, чым мяне, ясная паненка.

Вусны дзяўчыны здрыгануліся, нібыта яна стрымлівала плач.

— Калі прыедзе новы войт, я папрашу ў яго абароны!

— Хе-хе-хе! Новы войт ужо прыехаў. Думаю, ён наўрад ці дапаможа табе. Хіба ты ня служыш разам з ведзьмаком-лекарам ягонаму цёмнаму гаспадару? Іншаму князю?

Вочы госьця спадылба пільна ўглядаліся ў вочы дзяўчыны. Тая з годнасьцю сустрэла ягоны пагляд.

— Я ніколі ня буду служыць цемры. Хутчэй памру.

— Што ж, магчыма, табе давядзецца адказаць за свае словы, паненка... Магчыма...

Нешта падобнае да шкадаваньня мільганула ў цёмных вачах мужчыны, ён адвярнуўся... Сьпіна ягоная ўсё гэтак жа была сагнутая ў крук, і Анэта зразумела, што ён і ня можа яе выпрастаць. Дзяўчыне падалося, што незнаёмец зараз зьнікне гэтак жа таямніча, як і зьявіўся. І яна назаўсёды застанецца ў гэтым пакоі са схаваным дошкамі вакном, ва ўладзе страшнага лекара. Анэта адкінула пострах і схапіла прыхадня за кашчавую руку.

— Паслухайце... Малю вас імем Госпада нашага, Ісуса Хрыста... Дапамажыце мне выйсьці адсюль. Я магла б адправіцца ў кляштар... Усё роўна мае блізкія памерлі. Я буду маліцца за вас усё жыцьцё!

Раптам за дзьвярыма пачуліся крокі. Нехта набліжаўся да дзьвярэй пакою, у якім была замкнутая Анэта. Нечакана сагнуты ў крук незнаёмец спрытна падскочыў, як каціны цар Варгун, прыладкаваўся на невялікім выступе над скляпеністымі дзьвярыма, нібыта пачварная скульптура, і прыклаў да тонкіх вуснаў палец на знак маўчаньня. Анэта лягла на ложак і заплюшчыла вочы. У дзьвярах павярнуўся ключ... Марцэля прынесла сьняданак. Анэта не зварухнулася, пакуль тая ставіла на стол прынесенае. Імгненьні, пакуль рыкуньня чагосьці чакала – магчыма, хацела ўпэўніцца, што дзяўчына сьпіць, – падаліся вечнасьцю... Нарэшце Марцэля нешта прасіпела скрозь зубы і выйшла. Зноў бразнуў замок. Незнаёмец лёгка саскочыў на падлогу, абапершыся аб яе рукамі, нібыта сапраўды каціны цар.

— Хе-хе-хе... Ну і кабета... Яна падобная да Марэны... Яе варта, як пудзіла Марэны-сьмертухны, утапіць у першай лужыне за вёскай. А ты, паненка, падобная да Ядзеркі... Чула – ёсьць такія марскія каралеўны, з залатымі валасамі, ідуць – перад імі коціцца дыяментавая раса. Мая дзяўчына таксама была падобная да Ядзеркі. І таксама замест расы былі сьлёзы.

— Ляскевічы ня плачуць! – прамовіла Анэта. Але прыхадзень працягваў, як ня чуючы.

— Калісьці мая сьпіна не была сагнутая ў кола, паненка. І мяне кахала самая лепшая дзяўчына ў сьвеце. Але ў яе мелася сямёра братоў. А спадчына на ўсіх – адна! Па законе сястры вылучаецца чацьвёртая частка спадчыны ў пасаг, незалежна ад таго, колькі братоў. Уяўляеш, як пабяднелі б яны? Агата мусіла заставацца старой дзеўкай... Але каб ня здрада пахолка – мы зьехалі б, і нас абвянчалі б, і... Хе-хе-хе! Маю сьпіну ламалі цэлы год, паненка... Цэлы год я штохвілі маліў аб сьмерці. Цяпер магу сказаць, што і я таньчыў з кашчавай. Чаму яна выпусьціла маю руку? Ня ведаю... Але мне ўсё яшчэ часам здаецца, што я скачу ў яе карагодзе.

— Ты дапаможаш мне? – з надзеяй спытала Анэта.

Дзіўны госьць толькі ашчэрыўся ў вар’яцкай усьмешцы.

— Як можна дапамагчы таму, хто так блізка пазнаёміўся са сьмерцю? Ты просіш волі... А ты ведаеш, што такое воля? Сабака, які ліжа сьляды свайго гаспадара, лічыць сябе вольным... І пакусае кожнага, хто вызваліць яго ад гаспадаровай палкі... Дзе твая воля, паненка? Цябе няма.

Госьць дастаў нейкую прыладу, спрытна павярнуў у замку і – высьлізнуў з пакою. Анэта глядзела на зноў зачыненыя дзьверы, і роспач сьціскала яе ў сваіх халодных абдоймах.

— Адпусьціце мяне! Адчыніце!

Анэта стукала ў дзьверы, ня чуючы ўласнага крыку.

— Я хачу дадому!


l l l

—Я хачу дадому!

Пранізьлівы жаночы крык змусіў мяне падскочыць на ложку.

Нейкі час я здранцьвела сядзела, прыслухоўваючыся да шуму ў калідоры. Нарэшце падышла да дзьвярэй, асьцярожна прыадчыніла... Прыгажуня з чорнымі валасамі, раскіданымі, нібыта ў іх жыў ветрык, раздражнёна тузала Юрася за рукаў швэдара. Твар мужчыны ня быў ані ўгневаны, ані раззлаваны... Проста сумны і безнадзейны, як водбліск ліхтара ў восеньскай лужыне.

— Ну што ты маўчыш, як стод!

Ён усё-ткі прывёз сюды жонку...

Я зачыніла дзьверы і прытулілася да іх. Што я мушу рабіць? Выйсьці, мірыць, суцяшаць? Ніколі ня лезу ў чужыя справы. Але Юрася было так шкада...

— Пані, я магу вам дапамагчы? – голас Макса гучэў і жыцьцярадасна, і спачувальна, і даверліва... Я з палёгкай уздыхнула. Няхай прафесіяналы займаюцца сваёй справай. А я магу зноў застацца ў сваёй ракавінцы.

Але падчас сьняданку аніхто не сказаў бы, што з кабетай вытанчанай прыгажосьці нешта ня так. Кармілі нас цяпер не ў шыкоўнай гаспадарскай гасьцёўні, а ў пакоі для абслугі на першым паверсе, за шэрымі пластыкавымі столікамі. Я апынулася побач са Стэлай і Юрасём. Гаворка за сталом лунала, як матылёк. Стэла ветліва ўсьміхалася, дасьціпна падавала рэплікі... Яна была бездакорнай... Напачатку я мімаволі кідала пагляд на доўгія рукавы ейнай чорнай сукенкі, элегантна-артыстычнай, і з жахам уяўляла на белай, далікатнай скуры сьляды ўколаў... Але хутка я на гэтыя асацыяцыі забылася. Ёсьць людзі, якіх мне лёгка прызнаць больш значнымі за сябе. Яны, не заўважаючы, ператвараюць прастору ў мільёны таненькіх павуцінак, што сыходзяцца на іх. Талент, якім я не валодаю. А Стэла – валодала напоўніцу. Калі яна глядзела на мяне, у яе вачах не было й ценю злосьці або паблажлівасьці... Можа, хіба трохі адчуджанасьці. Я гадала, ці ведае яна, што Юрась калісьці называўся маім мужам...

А пасьля я ішла калідорам і пачула, як нехта весела сьмяецца. Перад адным з эркерных вокнаў мелася невялікая круглая гасьцёўня, нібыта альтанка – шырокая канапа, часопісны столік, пальмы. Добрае месца для спатканьняў... Юрась і Стэла стаялі на канапе на каленях, Юрась быў распрануты да пояса, а жонка старанна малявала на яго целе складаны тонкі ўзор. Рэстаўратар перашкаджаў, намагаючыся пацалаваць руку, што трымала пэндзлік. Бесклапотны сьмех нібыта ахутваў пару празрыстым павуціньнем пяшчоты. Я застыла, схаваная прыцемкам калідору, і маё сэрца нечакана для мяне разьбівалася на маленькія аскалёпкі, нібыта тонкі лёд, па якім цяжка крочыць мінак. Няўжо я такая зайздросная да чужога шчасьця? Тым больш ведаю, наколькі яно ў гэтых людзей крохкае і хвіліннае, як жыцьцё заблукалай у хату сьняжынкі.

Ты марыш пра шчасьце, якога здабыць не ўдалося?

Упалі гады на зямлю, як пустое калосьсе...

І што засталося? Паперы ня вартыя вершы?

І вечная прага быць першым. І вера: «Я першы...»

А потым я стаяла на пляцы Старавежску, перад адноўленай ратушай, нібыта з дысьнееўскага мульціка – белая, бліскучая, з новенькімі пластыкавымі вокнамі і чырвонай металачарапіцай, і Пётр Піліпавіч Калейка, былы настаўнік гісторыі, крычаў на мяне, зрываючы голас:

— Як вам ня сорамна! Вы – і на баку тых, хто нявечыць адзінае, што засталося ад нашай гісторыі! Былое начальства хаця не руйнавала, гібеў паціху будынак у чаканьні лепшых часоў. А Баркун ваш загадаў нават падмурак разабраць і наноў, з нейкай сінтэтыкі скласьці. А тут кожны каменьчык – каштоўнасьць! А можа, вам гэта падабаецца, як боўдзілам з райвыканкаму? «Прыгожанька»?

Калейка тыцнуў кавенькай у напрамку вежы, туды, дзе над дзьвярыма красаваўся ўсімі фарбамі Баркуноў герб.

— Ганьба! Ды за такое забіць мала! І з музея ваш гаспадар усё забраў – за капейкі... Крамы для турыстаў будуюць, рэстараны... Апошнюю капліцу ўчора зьнесьлі. Планіроўку пляца незваротна парушылі. Дзе могілкі мо тысячу гадоў – падземны гараж... Падлеткі чарапамі ў футбол гуляюць. Людзі гінулі, каб гэты горад абараніць! А ён сам пад ногі кладзецца. Баркуны, Калыванавы... Гэтай навалачы адно трэба – грошы зарабіць. Баркуноў у гэтым горадзе ніхто добрым словам не згадае. Дзед гэтага вашага багацея Аркадзя пасьпеў яшчэ да вайны ворагаў народу навыкрываць. Дырэктар школы, сумленьнік, беларус шчыры, з-за яго ў Сібіры згінуў. А цяпер унучок сваіх дабротаў Старавежску дадаў, хай Бог яму на тым сьвеце даруе. Не хачу з вамі больш размаўляць! Самі шукайце зьвестак для ілжывых артыкулаў.

І пакульгаў у сваім доўгім шэрым паліто, у капелюшы з абвіслымі брыламі, расьсякаючы вільготнае паветра, нібыта патрапаны ў бурах, але ўсё яшчэ ваяўнічы карабель...

— Мы проста робім сваю працу,— пераконваў мяне і сябе прыгнечаны Юрась, пакуль мы вярталіся назад у маёнтак. – Аркадзь, вядома, учыніў сапраўднае барбарства. Калі б я ведаў, умяшаўся б... А я ўпёрся ў свае справы. Ведаю, не апраўданьне... Але... я ж як у акварыуме жыву, прапускаю праз сябе ўсё тую ж ваду, у якой меней і меней кіслароду. Аркадзь запэўніваў, што будоўлю выдатныя замежныя сьпецыялісты вядуць. Я веру, ён лічыў, што робіцца як найлепей.

Я моўчкі глядзела, як за вакном машыны мільгаюць голыя дрэвы, нібыта пакараныя грэшнікі. А я ж думала, што за сьвятую справу ўзялася... Што Аркадзь сапраўды гораду дапамог... Як жа цяпер быць? Артыкул перапісваць? Ад працы адмовіцца? Ну... можа, ня так усё страшна, як дзед на плошчы крычаў? Усё-ткі... турыстычны бізнэс... Пабагацее мястэчка... Я сама сабой пагарджала за баязьлівыя думкі й спробу схавацца ад патрэбы прымаць непрыемныя рашэньні. Адвыкла я ад такога максімалізму. Вось Калейка і ягоныя аднадумцы – захавалі былую зацятасьць... А можа, да сьмерці Аркадзя і датычныя тыя, хто лічыў ягонае абыходжаньне з гісторыяй злачынствам?

— Чытаў я адзін беларускі дэтэктыў, у якім забіваюць вучонага за тое, што меў намер напісаць кнігу з выкрыцьцём народнай беларускай міфалогіі, — змрочна азваўся на маю гіпотэзу Юрась. — Але ў жыцьці забіваюць з-за таго, што скраў бутэльку гарэлкі, падрапаў аўто, не пазычыў грошы... А вось з-за разбуранай вежы ці зьнішчанага кургана – нават пысу не наб’юць.

А ў былым уладаньні Людвісараў Стэла, такая чужародная ў чорным строі на фоне лагодна-ружовых сьценаў калідору, зусім не падобная на тую вытанчаную кабету, з якой я размаўляла за сьняданкам, і на гарэзную мастачку з гасьцёўні перад эркерным вакном, чагосьці лаялася на Янчына. І Віталь, пачырванеўшы, спрабаваў схавацца за дзьвярыма свайго пакою.

— Ты ж быў яго сябруком! Ты ведаеш, што мне трэба!

І Юрась зноў кінуўся супакойваць, угаворваць, пакутваць... А я зноў глядзела ў вакно, на голыя дрэвы і кволы сьнег, і хацелася неадкладна зьехаць. Схавацца, адасобіцца, каб нічога ня бачыць і ня чуць... Што я тут раблю? Навошта сюды прыехала?

Ды дзеля грошай, даражэнькая... Прызнайся нарэшце самой сабе, што проста прадалася. Месяц працы – за цэлы год бесклапотнага існаваньня...

— Не чапайце мяне! Пусьціце!

Голас Стэлы зрываўся, як струны скрыпкі, якая цэлы век праляжала ў нейкіх лёхах.

Вар’ятоўня! Але ж я нічога не зьмяню... Хутчэй зрабіць тое, што ад мяне патрабуецца... Тысяча даляраў на дне валізы, мой аванс – чым не падстава для цярплівасьці?

Але цярплівасьці мне заўсёды бракавала...

І нараніцу я ўзялася за паперы, як рупная гаспадыня за пустазельле – толькі шамацелі... Баркунова біяграфія ўзьнікала на дысплеі кампутара, як палац з мармуровымі калонамі. Я супакойвала сваё сумленьне тым, што нічога не напісала пра «выдатную рэстаўрацыю»... Што ж, колькі людзей лічылі сябе сумленнымі толькі таму, што прамаўчалі, не далучыліся да агульнага гарланьня ўхвалаў. Вось толькі час іхняга маўчаньня не пачуў.

Затым радок за радком высноўвалася стракатая гісторыя Старавежску з ягонымі легендамі... А вось што тычыцца калекцыі гадзіньнікаў, тут зразумела не да канца...

Я ўявіла тую эпоху. Позьняе сярэднявечча. На самым парозе Адраджэньня... Пошасьць, спусташыўшы амаль усю Еўропу, пазбавіла чалавека страху сьмерці, якім была напоўнена сьвядомасьць ранейшых пакаленьняў. Нядаўна я была на рыцарскім фэсьце, моладзь узнаўляла старажытныя танцы... Сярод іх «танец сьмерці». Прыгожы. Павольны... Адзін за адным танцоры выходзяць з кола... Павінна ўяўляцца, што жывыя ў гэтым танцы чаргуюцца з мерцьвякамі... Але чароўныя дамы і рыцары ў пашытых з парцьераў касьцюмах, з мабільнымі тэлефонамі ў кішэнях задаволена ўсьміхаліся, відаць, ня надта ўдумваючыся ў застрашлівы сэнс танцавальных фігураў. А між тым калісьці гэтыя скокі былі абавязковым і нялёгкім рытуалам. Чалавек прывучаўся жыць са сваёй сьмерцю. Адчуваць побач з сабой агіднага мерцьвяка, у якога ў любое імгненьне ператворыцца сам. «Кожны вучыцца танцаваць гэты танец. Непазьбежны для мужчынаў і жанчын гэты лёс. Сьмерць не шкадуе ні вялікіх, ні малых», — са змрочнай іроніяй пісаў сярэднявечны тэолаг Герсан. Ён налічыў дваццаць пяць асобаў у гэтым танцы... Кароль, блазан, мніх, высакародная дама, купец, рыцар, шкаляр, лекар, біскуп, самадайка...

— Проста мы вельмі мала ведаем пра псіхічныя захворваньні, — патлумачыў мне Макс, які заявіўся ў мой кабінет з нязьменным кубкам кавы. – Я перакананы – яны заразныя... Як грып. Яшчэ прыхільніцы Вакха бегалі па вуліцах Афінаў і Рыма ў сьвятарным шале, яны маглі разадраць на кавалкі мінака... Гэтак і абышліся з Арфеем, дарэчы.

— Міфічным сьпеваком?

— Ну чаму ж міфічным... — Макс даверліва паклаў сваю руку на маю. — У кожнага міфа – рэальная падбіўка.

Што ён, заляцацца да мяне ўздумаў? Я без асаблівай далікатнасьці прыбрала руку. Макс не паказаў крыўды, нават трохі адсунуўся і нязмушана працягваў:

— Арфей быў рэальнай асобай, пасьлядоўнікам культу Апалона, паганскім сьвятаром... Культы Апалона і Вакха-Дыяніса не тое што варагавалі, але былі двумя процілегласьцямі. Апаланічнае натхненьне —дыянісійскі шал... Прасьветлены сакральны роздум – і інстынктыўная жарсьць... У сярэднявеччы эпідэміі псіхічных захворваньняў ахоплівалі ня тое што тысячы – сотні тысяч людзей, цэлыя гарады. У 1374 годзе ў італьянскім горадзе Аквісграна скакалі ўсе: і старыя, і дзеці, і цяжарныя жанчыны. Тыя, хто таньчыў, мелі аднолькавыя відзежы – напрыклад, сьвятых, або раскрытае, як сіняя брама, неба... Зьяўлялася агіда да чырвонага колеру, да вострых прадметаў... Гэтая манія распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе, дайшла да Кёльна, Страсбурга, Меца... Тыя, хто выжыў у скоках, ішлі да магілы сьвятога Віта, па ацаленьне... А манія падарожжаў! У 1212 годзе маленькі пастушок з Вандому абвесьціў, што да яго зьявіўся Бог. Малеча зьвёў за сабой у крыжовы паход 30 тысячаў дарослых мужчынаў! А манія прароцтва сярод дзяцей! Уяўляеце – стрыгункі па восем-дзевяць гадоў сотнямі прарокуюць і прамаўляюць такія паэтычныя і ўзьнёслыя словы, што даступныя рэдкаму філосафу. А эпідэмія флагелянтаў – натоўп, які крочыць па вуліцах і зьбівае сябе бізунамі! Дзень, два, месяц! А паляваньне на ведзьмаў – яно ж ня проста так узьнікла. Тысячы жанчын вар’яцелі на тым, што адчувалі зносіны з нячыстай сілай. І ў падмурку ўсяго – страх... Страх сьмерці...

— Усё, хопіць... — я нават кубак адставіла. – Добра, што мы не ў сярэднявеччы жывем.

— Вы так думаеце? – Макс весела прыжмурыў шэрыя вочы. – Чалавек не зьмяніўся ад таго часу, як адкусіў ад вядомага яблыка. Што з ім адбывалася – тое і адбываецца, толькі ў іншым выглядзе. Хіба не нагадваюць сярэднявечныя эпідэміі харэі паводзіны натоўпу дзе-небудзь на рокерскім фестывалі? А ўспомніце канцэрты «Бітлзаў», або якой «Аббы»... Ці палітычныя мітынгі... Уключыце сёньня тэлевізар – і перад вамі вынікі масавых псіхозаў.

— І, магчыма, іх прычыны, — падала я рэпліку, рашуча падымаючыся з крэсла. — Прабачце, я стамілася...

Юрась і прафесар стаялі перад гадзіньнікам з драўлянымі фігуркамі Адама і Евы і чагосьці напружана чакалі. Замест яблыка Ева працягвала свайму нехлямяжаму мужу, загорнутаму ў вінаградную галінку з гіганцкімі лістамі, металічны кубак... Такі вялікі ў параўнаньні з маленькай фігуркай Евы, што ў рэальнасьці мог раздушыць яе. Раптам з кубка выбліснула зьмяя...

— Боммм...

Мужчыны пераможна заўсьміхаліся, я нават пазайздросьціла, што ня маю дачыненьня да іх перамогі.

Макс абняў за плечы дасьледчыкаў.

— Самы час паведаміць — Пётр Апанасавіч тэлефанаваў са Швейцарыі, прасіў перадаць – за кожны адрамантаваны гадзіньнік вам прэмія па пяцьсот даляраў!

— Дзякую... — ніякавата прамовіў Юрась, а прафесар расплыўся ва ўсьмешцы.

— Прывітаньне Пятру Апанасавічу! Гэта вялікі чалавек, сябры! Вялікі! За ім – будучыня! Каб вы ведалі...

— Прафесар, мы ж дамаўляліся... — дакорліва прамовіў Макс, і стары дзівак сумеўся і паслухмяна замоўк.

Гадзіньнік працягваў цікаць, гучна, натужна, нібыта яго жалезнае сэрца пераадольвала з кожным ударам супраціў пяці з паловай стагоддзяў...

— Усяго чатыры гадзіньнікі засталіся няспраўныя! – радаваўся Макс. — Заўтра будуць гатовыя ўсе дэталі, што вы, Юрась, заказалі... І замену вяроўкам з авечых кішак прывязуць... Не сумнявайцеся – ня горш будуць!

Але Юрась сумна ўздыхнуў.

— Нешта «затармазіў» я з рамонтам...

— А што здарылася? – захваляваўся Макс.

— У майго маладога калегі цікавая тэорыя, — крыху раўнівым голасам прамовіў прафесар.

— Ну якая там тэорыя... – прамовіў Юрась. – Проста я зразумеў, што кожны гадзіньнік біў як бы на сваёй ноце, яны – як музычная гамма, ад самага нізкага да самага высокага гуку. Але мацаваньні пятнаццатага стагоддзя засталіся толькі ў трох гадзіньніках. Калі б мне ведаць, у якой пасьлядоўнасьці яны стаялі, – я б мог вылічыць, як было зладжана ў астатніх...

Макс захваляваўся.

— Зараз я распараджуся, каб прывезьлі яшчэ якія дакументы... Усё, што можна, што тычыцца гадзіньнікаў таго часу...

І зьбег. Прафесар пасунуўся за ім, мармычучы нешта незадаволена.

Я наблізілася да Юрася, які моўчкі, неяк тужліва ўглядаўся ў фігуркі Адама і Евы. Я заўважыла, што ў чарнавалосай Еве, з доўгімі, раскіданымі, нібы ад ветру, валасамі было нейкае падабенства са Стэлай... Цікава, чаму яна сёньня так ціха сядзіць у сваім пакоі? Можа, выпрасіла... «дозу»?

Я абвяла вачыма пакой – што тут было пры колішніх гаспадарах? Памяшканьне для прыслугі? Збройня? А можа, катавальня? Вунь якая скляпеністая столь, вакенцы – маленькія, у самым версе, праз такія не ўцячэш... Апошні з Людвісараў, які жыў тут, быў паўстанцам Каліноўскага, а пасьля зьняволеньня звар’яцеў. Ці не таму гэтыя таўшчэзныя сьцены працятыя вар’яцтвам, і нават з-пад сучаснай акрылавай фарбы нібыта цягне пахам плесьні, буцьвеньня, застарэлага жаху і тугі? Захворваньні душы заразныя... Можа быць, і Юрась...? Я загаварыла на больш цікавую тэму, пастараўшыся, каб мой голас гучаў як мага больш па-дзелавому.

— Паслухай, гадзіньнікі і ў летапісе, і ў пражскіх пратаколах параўноўваюцца з апосталамі. Мусіць, таму, што іх дванаццаць. Продкі шмат значэньня надавалі магіі лічбаў. Яшчэ падобна, што гадзіньнікі лекар ставіў у кола. Можа, паспрабаваць суаднесьці іх з імёнамі апосталаў? Тады і здагадаемся, як былі расстаўленыя.

Юрась уздрыгнуў і адвёў позірк ад фігуркі Евы, што таксама, як і Адам, была цнатліва захутаная ў расфарбаваныя зялёным вінаградныя лісты.

— А гэта вельмі падобна на праўду! Ты малайчына, Анэта. Сапраўды, на гадзіньніках столькі рознай сімволікі...

Я прыгледзелася да чарнавалосай драўлянай фігуркі.

— Паслухай, а чаму ў руках Евы – кубак са зьмяёй? Можа, гэта мусіць нешта азначаць?

Юрась задумаўся.

— Зьмяя – зразумела, з біблейскай легенды... А кубак – можа, пацір, сімвал страчанай чысьціні? Або жаночага пачатку?

Я з жалем пабачыла, што вочы майго былога мужа яшчэ ня страцілі сусьветнай тугі, таму загаварыла амаль насьмешна.

— Ты ж захапляўся старажытнай міфалогіяй... Ну, напруж мазгі – кубак са зьмяёй... Нешта з алхіміі? Знак золата? Іртуці?

Юрась страсянуў галавой.

— Чакай... Неяк жа я рэстаўраваў абраз... Там было такое... Ну так, кубак са зьмяёй – сімвал апостала Іаана! Ты разумееш – апостал Ян! А ты ж казала – Бернацоні называў гадзіньнікі імёнамі апосталаў!

Я ўзрушылася, атрымаўшы нечаканае пацьвярджэньне свайго інтэлектуальнага бляску.

— А так было ў традыцыі. Кожны звон храма меў сваё імя, атрыманае ад сьвятара падчас абраду асьвячэньня. У пачатку 18 стагоддзя ў менскі марыінскі касьцёл з Каралеўца прывезьлі звон, які меў нават імя і прозьвішча — Ян Салагуб, такі вялізны, што не маглі ўсьцягнуць на вежу. З яго адлілі два званы, адзін назвалі Якуб — у гонар біскупа Якуба Дадэркі. А ў касьцёле сьвятога Роха на Залатой горцы меліся званы Леанард, Стэфан і Браніслава...

— Адкуль ты ведаеш? – зьдзівіўся Юрась.

— Ды пісала неяк артыкул пра рэстаўрацыю старога гораду... А ў мяне ж памяць «стэнаграфічная»...

Юрась падышоў бліжэй да гадзіньніка, прыгледзеўся да паціру ў руках Евы.

— Значыць, імя гэтага гадзіньніка — Ян... Трэба тэрмінова знайсьці які міфалагічны слоўнік, паглядзець сімвалы іншых апосталаў...

Слоўнік мы знайшлі на паліцы ў маім часовым «кабінеце», нават старонкі былі яшчэ склееныя – ня мелася ў гэтым доме тых, хто хацеў бы даведацца, што такое Гадэс або Ураборас. Дапамагала і кніга Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», якую мы з Юрасём ведалі ледзь не на памяць. Ненавіджу тых, хто спрабуе прадставіць нашага вялікага рамантыка слабавольным п’яніцам. Вы напішыце столькі, колькі ён, без наяўнасьці, акрамя таленту, сталёвай волі! А ўтрымайце столькі энцыклапедычных зьвестак у прапітых мазгах! Як там у Пушкіна... «Врете, он и низок не так, как вы...»

Карабель са скрыжаванымі мачтамі аказаўся знакам апостала Тадэвуша.

А вось пакуль мы здагадаліся, што на гадзіньніку са Сьвятым Сямействам сімвалам апостала зьяўляецца піла, што прыхінулася ля Сьвятога Іосіфа як знак ягонай цясьлярскай справы – давялося добра памучыцца... Добра, што піла была пазалочанай і надта выразна зроблена для другараднай дэталі. Калі нашыя здагадкі дакладныя, гэты гадзіньнік называўся Якуб Алфееў.

Пад нагамі Сьмерці, якая адсякала галаву цару Іраду, былі пазалочаныя выявы трох нажоў – адзін пад двума; яны сімвалізавалі апостала Баўтрамея.

Месяц і сонца плылі па бляшаным шчыце, яго падзяляла напалам высокая дзіда, унізе якой быў трохкутнік... Мы вырашылі, што ён падобны да плотніцкага вугольніка і разам з дзідай паказвае на апостала Фаму, Тамаша, які не паверыў у Божае Уваскрэсеньне, пакуль ня сунуў пальцы ў ягоную рану.

Крыж, абвіты ружамі і абкружаны анёлкамі, мы доўга не маглі вытлумачыць. Пакуль не атаясамілі два кругі ўнізе з боханамі хлеба. Крыж і два боханы паказвалі на апостала Піліпа.

Затое выявы трох ракавінак пад нагамі Чорнага Рыцара кідаліся ў вочы адразу: дзіўнае спалучэньне, пры чым да Рыцара ракавінкі? Праўда, пасьля мне прыйшло ў галаву, што сярэднявечны чалавек бачыў бы тут логіку: рыцар – пілігрым Крыжовага Паходу, такіх пазнавалі па ракавінках, прымацаваных да капелюша... А ў апостальскай сімволіцы тры ракавінкі азначалі Якуба Зеведзеева.

Каб зразумець сімволіку званара, ня трэба было лезьці ў энцыклапедыі. Звон, у які мусіў біць маленькі званар, быў упрыгожаны знакам “Х”. Касы крыж, сімвал Андрэя Першазванага.

Грыфон вартаваў тры кашалькі, якія мы адразу палічылі за бутоны кветак. Прывітаньне ад апостала Мацея, які, як вядома, быў мытарам...

Льва я вытлумачыла як знак евангеліста Марка, але Юрась запэўніў мяне, што Марк ня быў сярод дванаццаці апосталаў... Драўляны леў, пагрозна ўзьняўшы рэшткі шырокай лапы, вартаваў кнігу і рыбу, сімвалы апостала Сымона....

Скульптура анёла з трубой была вельмі пашкоджаная. З цяжкасьцю разумелася, што два незразумелыя кручкі, што віселі на колцы на фоне пазалочанага воблака – гэта рэшткі ад двух ключоў апостала Пятра.

Нарэшце застаўся апошні гадзіньнік. Можна было і не аглядаць яго. Выразаная з дрэва кашчавая фігура ў расе, з нізка нахіленай галавой і скрыжаванымі на грудзях рукамі, стаяла на рассыпаных манетах... Юда-Здраднік.

— Уладальнік не хацеў, каб сімвалы адразу чыталіся,— зазначыў Юрась. – Галоўныя аздобы – зусім іншыя... Але мы малайцы! Аркадзь быў бы шчасьлівы! Хаця... Я веру, што зараз ён бачыць нас і радуецца.

Мой былы муж нават стаў падобны да ранейшага юнака, у вачах заскакалі гарэзьлівыя агеньчыкі. Ён чынна пакланіўся гадзіньніку:

— Вітаем вас, пане Якуб! Даруйце, што дасюль ня змог даць рады вашае гаспадарцы... Але ваша цэвачнае колца, якое самым падступным чынам трэснула напалам, заўтра ж будзе верна і старанна служыць вам. Гэта абяцаю я, пан Юрый Дамагурскі, майстар гадзіньнікавы, і ўсялякай антыкварнай справы знаўца…

А далей, пад мой рогат, падышоў да наступнага экспанату:

— О, вельмішаноўны Ян, дазвольце заўважыць, што пані Ева, якой вы даверылі пачэсную справу трымаць ваш сьвяты сымболь, пацір з мудрай зьмяёю, самым непрыстойным чынам згубіла палову аднаго з вінаградных лістоў, што хаваюць ад пажадлівых вачэй ейную спакусную, хаця й выразаную з дрэва, плоць… Вядома, асоба гэткага паважнага ўзросту, як вельмішаноўная пані, наўрад учыніла гэтак па легкадумнасьці, хутчэй на цноты шаноўнай пані сягнуў нейкі зламысьнік, безэцнік і блудзяга. Але не турбуйцеся, шаноўны пан Яне, я, антыкварыятных спраў майстра, самым далікатным чынам і ня бавячыся прыкрыю цудоўныя калені пані Евы адрапараваным вінаградным лістом…

Я радасна ўключылася ў гульню, але дзьверы расчыніліся, і ў пакой увайшоў Макс.

— Прыемна чуць ваш сьмех, сябры! Зрабілі чарговае адкрыцьцё, праўда?

Я была ўжо гатовая падзяліцца «апостальскімі зьвесткамі», але Юрась чамусьці пасьпяшаўся сьцьвердзіць:

— Нешта вымалёўваецца, але мы пакуль не гатовыя выказацца канкрэтна. Трэба дадумаць, сфармуляваць…

Я разгубілася. Ну што ж, калі Юрась пакуль гаварыць ня хоча, відаць, варта памаўчаць і мне… Макс быў сапраўдным прафесіяналам – ягоная ўсьмешка нястраціла шчырасьці. Хіба цень раздражненьня мільганула ў вачах.

— Што ж, працуйце… Будзем чакаць. Пётр Апанасавіч вернецца праз два тыдні, яму і раскажаце… Тады і Ліля Пятроўна прыедзе – палюбавацца на калекцыю.

Калі я ішла ў свой пакой, убачыла ў канцы калідора, перад вакном, постаць у чорным… Стэла нешта хутка малявала на аркушы паперы, замацаваным на маленькім эцюдніку. Я ціха наблізілася… Гэта быў малюнак пастэльлю. Прысады, што нагадвалі сівых вядзьмарак з ускудлачанымі валасамі, шэраг мармуровых калонаў, што падпіралі неба… Незвычайныя колеравыя спалучэньні, адметны густ… Рука мастачкі вадзіла па паперы каляровай крэйдай упэўнена і рэзка, нібыта сьцірала нейкую павуціну, што схавала іншы, цудоўны і прыўкрасны, сьвет… Я незаўважанай паціху сышла ў пакой. Пачула яшчэ за сьпіной ціхі пяшчотны голас Юрася, які зьвяртаўся не да мяне:

— Ну як ты, Зорачка?

Правільна, Стэла перакладаецца як «зорка»… У мяне нават рэўнасьці больш не было. Нельга ж раўнаваць да зоркі! Тым больш калі ты сама – шкельца, здольнае толькі люстраваць…

Але вытанчаныя параўнаньні мне ў галаву не прыйшлі, калі я ўвечары зайшла ў пакой з невялікім басейнам – трэба ж было скарыстацца з шыкоўнасьцяў дому, — і ўбачыла Стэлу на падлозе ля душа, у самым куце. Юрасёва «зорка» сядзела, закінуўшы галаву, і яе дробна трэсла... Вочы страшна запалі, на твары блішчэлі кроплі поту, нібыта яна толькі што ўцякала ад уласнай сьмерці... Я разгубілася:

— Стэла! Вам нядобра? Паклікаць Юрася?

Вочы жанчыны спыніліся на мне, але мяне яна ня бачыла.

— Аркаша! Дай мне гэта! Аркаша! Ну хоць адну! Сволач, я ж ведаю, што ты хочаш! Але сьпярша – дозу... Ну хоць адну! Юрась адпрацуе... Ён у нас добры…

Гэты хрыплы голас было немагчыма слухаць. Я патрэсла Стэлу за худое плячо:

— Я не Аркаша... Я – Ганна Барэцкая. Памятаеце мяне? Пастарайцеся ўстаць... Я правяду вас да вашага пакою.

Стэла апусьціла галаву, нібыта паламаная лялька, здавалася, побач упалі нябачныя ніткі, за якія вадзіў яе злосны лялькавод. Прасьцей за ўсё было паклікаць ахоўнікаў або Юрася... Але мне не хацелася, каб гэтую жанчыну ўбачылі ў такім прыніжэньні. Магчыма, ёй было ўсё роўна... Але я не хацела з гэтым зьмірыцца. Кінула на нейкі пуфік прыхоплены з сабой пухнаты ружовы рушнік і пакет з гумавымі пантофлямі і нязграбна падхапіла Юрасёву жонку пад пахі... Якой яна была худзенькай і лёгкай, нібыта лясная птушка...

Больш за ўсё я баялася, што яна пачне адбівацца і крычаць. Але Стэла паслухмяна ішла, і нават спрабавала гэта рабіць без маёй дапамогі. Юрася ў пакоі не было. Гадзіньнікі рамантуе... Я ўсадзіла Стэлу на канапу... А што цяпер? Я чытала пра паводзіны наркаманаў... Стэла, відаць, адчула маю боязь і падняла вочы – я з палёгкай убачыла, што сьвядомасьць хоць трохі вярнулася да яе.

— Дзякую... Вы ня бойцеся... Зараз – гэта не найгоршае...

Я патроху пачала адыходзіць да дзьвярэй – магчыма, мне яшчэ ўдасца паплаваць у басейне да вячэры...

— Чым вам яшчэ дапамагчы?

— Мне мог дапамагчы толькі адзін чалавек... Калі было зусім дрэнна – ён зьяўляўся, нібыта адчуваў... Яго больш няма... Хаця часам мне самой хацелася забіць яго…

Голас Стэлы гучаў гэтак санліва, быццам вось-вось перарвецца. Але мне раптам зрабілася горача ад здагадкі:

— Вы пра Аркадзя Баркуна? Гэта яго вы клікалі?

Стэла паспрабавала прыгладзіць рукой растрапаныя валасы, але непаслухмяныя пальцы толькі зблытвалі чорныя пасмачкі.

— Так, Аркадзь Баркун... Добразычлівы такі сябар... Багаты... Душэўны... – голас Стэлы гучаў горкай іроніяй.—А Юрась зусім не разьбіраецца ў людзях, яго толькі лянівы не падмане. Хто-хто, а вы ж павінны гэта ведаць, Ганна... Дурань ён, Юрась... З самай горшай разнавіднасьці – старанных дурняў. Вось і прыліпае да яго ўсялякая навалач. Хаця мне грэх асуджаць – на маім шляху навалачы траплялася яшчэ больш... Мне было шаснаццаць, а бацькаваму сябруку, вядомаму мастаку – за сорак... Ён прапанаваў дапамагчы «адчыніць браму натхненьня». І зрабіў мне першы ўкол з «натхненьнем»... А потым пацягнуў у ложак. А я доўга яшчэ верыла, што гэтак раблюся вялікай мастачкай! Але вы мяне шкадаваць ня ўздумайце – вам недасяжныя тыя вяршыні і тыя глыбіні, якія адкрыліся мне! Я нізавошта не адмовілася б ад гэтага спазнаньня! – на твары Стэлы раптам загарэлася хворая чырвань, вочы фанатычна заблішчэлі, голас узвысіўся. — Ведаеце, я – Ева, якая дарэмна працягвае надкусаны яблык спалоханаму Адаму... Як на карціне Сьвятаслава Рэрыха... Вы любіце Рэрыха-малодшага, дарэчы? Я дык люблю больш, чым старэйшага, Мікалая, той у сваіх карцінах хаваў веды за абрысамі гор і аблокаў. А Сьвятаслаў выказваецца адкрыта, няхай наіўна, дзесьці – мовай кічу. Але яго пасланьні ўцямныя і канкрэтныя! Ня трэба баяцца адкусіць ад яблыка! Ня трэба баяцца волі!

Раптам твар Стэлы стаў шэры, як мокры гіпс. Яна млява махнула рукой у бок дзьвярэй.

— Ідзіце... Зараз пачнецца ня вельмі эстэтычнае відовішча...

З мяне было досыць. Я бегма рушыла ў падвал, дзе ля гадзіньніка з таемным імем Піліп завіхаліся Юрась і пан прафесар. Рэстаўратар толькі зірнуў на мяне, на мой зьбянтэжаны твар, і адразу пабег да сваёй «зорачкі».

Я ўстрывожана гадала, ці ведаў Юрась, хто даваў Стэле наркотыкі? Ён жа казаў мне, што ня ведае. Але калі яна трызьніла пры мне, напэўна ж, здаралася і пры мужы. Для чаго Баркун гэта рабіў? Няўжо быў гэтым... Як яго... Дылерам? Дыгерам? Не падобна... Са спачуваньня? Але ж ён зьяўляўся ў тыя моманты, калі Стэла, паводле словаў Юрася, была амаль гатовая «завязаць»… Хутчэй, проста хацеў мацней прылучыць да сябе даверлівага сябрука. Юрась браўся за любую працу, каб зарабіць грошы дзеля ратаваньня жонкі... Ну вылечылася б Стэла, зажылі б яны больш-менш шчасьліва, нарадзілі дзіця, і Юрась пасылаў бы да пана Хута ўсялякія сумніўныя заказы і сумніўных кліентаў... Падобна, што Баркун яшчэ і пэўную плату з прыгажуні браў... Так бы мовіць, «натурай». Я ўспомніла круглае, аптымістычнае Аркадзева аблічча, яго чырвоныя, тлустыя вусны, і мне зрабілася нядобра... Нібыта адчыніла ўлюбёны куфэрак з упрыгожваньнямі, а там – пачварны павук. А калі Юрась гэта ведаў, ці ня мог ён сам пакараць сябра? Служыў у арміі, значыць, страляць навучыўся... Ці заплаціў за нечы стрэл?..

Невыносна так думаць... Я накінула на сябе куртку і, забыўшыся на вячэру, пабегла з дому, патлумачыўшы чарняваму ахоўніку Ігару, што стамілася і хачу прагуляцца. Дзіўнаваты пагляд Ігара ў мой бок вытлумачыўся, калі я выскачыла за паслужліва расчыненыя перада мной дзьверы. Халодны дождж, аздоблены шматкамі паміраючага сьнегу, абняў мяне, здавалася, са шчырай радасьцю – відаць, і не спадзяваўся, што нейкая істота ў такую шарую гадзіну захоча падзяліцца з ім сваім цяплом. Зараз жа са мной зьвёў знаёмства і вецер – магчыма, ён лічыў гэта пацалункамі, але атрымаліся сапраўдныя поўхі, ад якіх мае шчокі зьнямелі. Я падняла каўнер сваёй куртачкі і хуткім крокам пайшла між белых плямаў ліхтароў, абы далей, абы ніхто ня бачыў...

Чамусьці я зварочвала на сьцяжынкі, па якіх мы з Юрасём не хадзілі – нібыта не хацела сустракацца з ягонымі сьлядамі... Вярэдзіла раздражненьне – ну навошта ён зноў зьявіўся ў маім жыцьці! Дапамагчы захацеў... Правільна Стэла сказала – старанны дурань... Хутчэй, хутчэй скончыць сваю працу – і выбірацца адсюль! Засталося ўсяго нічога – сфатаграфаваць гадзіньнікі, расставіўшы па крузе. А быў у іх нейкі сакрэт ці не, і які – ну каму справа праз пяцьсот гадоў! Я ўжо ня тая дзяўчынка, што гатовая была адразу ж ехаць у глухую вёску, спрачацца, угаворваць, дашуквацца – бо там мог захавацца ліст расстралянага паэта... Цяпер я працую на людзей, якім нашая гісторыя – толькі дыванок пад дзьвярыма рэсьпектабельнай фірмы... Калісьці я з пенай на вуснах даказвала, што ніколі не напішу таго, што ня думаю, што ў мяне ёсьць прынцыпы і духоўныя каштоўнасьці... А вось зараз напісала дваццаць старонак пра тое, якім высакародным мецэнатам быў чалавек, які зруйнаваў старажытную вежу і даваў наркотыкі жонцы сябра... А Юрась? Наколькі зьмяніўся ён? На што ён здольны сёньня? Вось яшчэ нядаўна я думала пра яго з жалем, з нейкім хваляваньнем, а варта было западозрыць у злачынстве – і я ўнутрана аддзяліла сябе ад яго, здрадзіла яму... Не кахала я нікога ў жыцьці, і мусіць, гэтага і не адбудзецца. Не валодаю я такім талентам... Каб – «і ложа, і пошасьць адны на дваіх»...

У прыцемку нешта бялела. Я зразумела, што дабрыла да калонаў, якія засталіся ад зруйнаванай часткі палаца. Спатыкаючыся аб камяні і карэньне, я пайшла да гэтых сьведкаў былой славы маёнтка... За калонамі сьвятлела нешта, падобнае да маленькага храму. Альтанка! Таксама з калонамі, толькі меншымі, а галоўнае – з дахам! Самотны ліхтар асьвятляў яе прывідным, сьляпым сьвятлом. Круглая, нібыта куфэрак, і нават рэшткі сьценаў ёсьць – між калонамі калісьці былі вітражы... Я паднялася па разваленых прыступках, ледзь ня ўпаўшы. Сховішча ад ветру і дажджу ненадзейнае, але ўсё-ткі – абарона... Цікава, хто сядзеў у гэтай альтанцы пару стагоддзяў таму? Мне не было на што прысесьці, я проста прыхінулася да адной з калонаў і паспрабавала ўслухацца ў сябе...

—Бомммм!...

Што гэта? Гук даносіўся з боку дому. Нібыта сотні маленькіх званоў гралі п’есу звар’яцелага музыкі. Гэта ж гадзіньнікі! Юрась амаль усе адладзіў... А гадзіньнікі ўсё білі і білі, і нават тут, у альтанцы, за сьцяной ветру і дажджу, ад гэтага звону рабілася невымоўна тужліва, нібыта дзесьці ты пакінуў дарагое, апошняе, і калі неадкладна не паімчышся туды, яно зьнікне, ужо зьнікае, і ўсё астатняе жыцьцё станецца пустым, як мёртвы вулей...

Гадзіньнікі змоўклі... Але з дому пачуўся жудасны крык – ці чалавека, ці зьвера... Я яшчэ шчыльней прыціснулася да халоднай калоны. Крыкі паўтараліся праз роўны прамежак... Ды што ж гэта такое? Здавалася, прайшла вечнасьць, пакуль яны сьціхлі... Я асьцярожна рушыла ў бок дому... І якраз пасьпела ўбачыць, як ахоўнікі і Макс садзяць у джып прафесара Зьміцера Патапавіча. Прафесар рухаўся, як лялька, я толькі заўважыла, як у сьвятле ліхтара бліснулі яго акуляры... Джып зьехаў, і вакол запанавала жудасная цішыня... Толькі дождж барабаніў па блясе перад пад’ездам, ды калацілася маё сэрца, як маятнік сапсаванага гадзіньніка...

З дзьвярэй майго пакою выходзіць тонкая постаць, захутаная ў чорны шаўковы халацік з чырвонымі драконамі. Стэла шукала мяне? Што здарылася?

— Проста мне стала страшна... – ціха патлумачыла мастачка, прытрымліваючы на грудзях крысо халата. — Гэты жахлівы звон... Юрась некуды пабег...

Стэла выглядала напружанай. Зрэнкі яе вачэй былі так павялічаныя, што вочы здаваліся чорнымі. Старажытныя рымлянкі сьпецыяльна для гэтага капалі сабе ў вочы аканіт, сок шалею, або красаўкі. Напэўна, лічылі, што гэта дадае ім таямнічасьці. У мяне ж – пакідала адчуваньне хворасьці.

— Ну дык заходзьце да мяне, — запрасіла я. Але ў канцы калідору пачуўся голас Юрася.

— Стэла! Ну чаму ты выйшла з пакою?

Мастачка раздражнёна скрывілася, але пакорліва пайшла да мужа.

Што яго зараз чакае – істэрыка або... чарговы сеанс бодзі-арту? Каб трохі перавесьці думкі на іншы лад, я зьбегала ў вестыбюль, да шкляных шафаў, набітых ілюстраванымі часопісамі. Хапанула стос з самага верху... Самы час пачаць знаёміцца з бульварнай, чыста жаночай, прэсай. Ляжала ў ложку, гартала стракатыя, бліскучыя старонкі... Мяне настолькі ня тычыўся сьвет, які з іх паўставаў – касьметыка, панчохі, практыкаваньні для фігуры – што нават вярталася іронія... Раптам я замёрла: дзесьці я бачыла гэтую мадэльку з нагамі даўжэй за восеньскі вечар, абцягнутымі панчохамі ў чорную сетачку, у гарэзнай спадніцы ня больш за ліст гарлачыка, у капялюшыку і паласатым мужчынскім гальштуку на голае цела... Ды гэта ж Ліля! Баркунова ўдава! Вось табе маеш... Баркун жаніўся на мадэльцы... Ну, прынамсі, падобна, што ён не памыліўся так, як Юрась.

Хаця хто сказаў, што каханьне, няхай з прымешкам горычы і безнадзейнасьці, гэта памылка?


Мілавіца зьзяла над цёмным вострым абрысам храму, нібыта ап’янелы бойкаю вой пусьціў стралу ў неба, і яна прарвала чорны аксаміт смугі, за якой палае вечны блакітны агонь. Зусім не падобны на згубны агонь, падораны сьмяротным... У водблісках паходні, якую трымаў Богуш, твары людзей здаваліся злавесна змрочнымі, нібыта гэта была чарга да Харонавай пераправы, калі гнеў, сьлёзы, як і колішняя весялосьць, ужо нават не ўспамінаюцца. Але Богуш ня верыў, што душы апошніх старавежцаў сталіся збуцьвелай лістотай, што сьпяшаецца схавацца пад халодным сьнегам часу.

— Панове рада, мы павінны ісьці на вежу! Гэта наш горад, нашая вольнасьць. Няўжо шляхта дапусьціць, каб прышлыя гвалтавалі яе нявестаў і дачок! Мы нападзем зьнянацку і раскідаем гэтых бенкартаў, як шалупіньне, і вернем наш маястат!

— І ўсе загінем, — падаў голас руды маладзён з перавязанай хусткай шчакой. – І дзеля чаго? Ведама, ты за нявесту хочаш адпомсьціць. Але ж войт сказаў – яе там няма! І я яму веру.

— І я веру! – адгукнуўся стары шляхціц у жупане, аздобленым палыселым лісіным футрам, з мячом, дзяржальна якога ўпрыгожвалі дыяменты, вялікія, як вока сарны, за кожны з якіх гаспадар мог набыць тузін сабаліных футраў. – Ня стане Лаўрын спагадаць італійскаму нехрысьцю. Мы з Рожай побач пад Грунвальдам біліся. Гэта – рыцар!

— Пан Рожа можа й ня ведаць, што Бернацоні паланіў Анэту! – запярэчыў Богуш, і яго вочы — нават у цьмяным сьвятле паходні было відаць — запалалі гневам. – Слова гонару – я бачыў Анэту ў вакне вежы! Заўтра ж я прарвуся туды з мячом і здабуду праўду з іхніх паганых вуснаў! Рушым! Нас ня так ужо мала – тут мо з паўсотні, а калі сабраць усіх, хто можа зброю трымаць — сотні дзьве набярэм...

— Ты думаеш, усе, хто застаўся жывы, пойдуць за табой? – іранічна спытаў стары шляхціц. – Памыляешся. Паглядзі – у горад зьязджаюцца новыя насельнікі. Едуць майстры, едуць купцы... Пустыя дамы ачышчаюцца ад пошасьці і сустракаюць новых гаспадароў. Калі мы ўсчнем новую бойку, што станецца? Зноў пустэча? Ты забыўся, што на Старавежск у любы дзень могуць напасьці татары, што ноўгарадскі князь ужо дасылаў сваіх выведнікаў... Кажуць, у пушчы бачылі іх атрад. Вычэкваюць, як каршукі. Хто абароніць горад, калі ўнутры яго пераб’юцца? Не займайся пашчаваньнем, звадай, Радчыц... Радуйся, што Бог зьлітаваўся над табою і даў перажыць пошасьць...

— А ці тая пошасьць не з дапамогі паганага лекара пачалася? – гнеўна ўскрыкнуў Богуш.

Шляхта загула...

— Праўда, як прыехаў паганец – адразу шалёны карагод затаньчыў... Без ведзьмака не абыйшлося...

— Ну дык што, панове рада, — адчайна спытаў Богуш, — мы пойдзем на вежу?

— Не... – прагучаў сумны голас, і ўсе ўражана змоўклі. Бурмістр – пан Варава Ляскевіч, падышоў да Радчыца, паклаў яму на плячо цяжкую, натружаную ў шматлікіх бойках, руку. – Прабач, сыне... Так, я быў бы рады назваць цябе сынам, — голас старога рыцара здрыгануўся. – Але, відаць, ужо ня станецца... Ты так і не навучыўся думаць, што вынікае з тваіх дзеяў. Не заўсёды першае парываньне –лепшае! Я веру Лаўрыну Рожы. Я таксама быў на Грунвальдзе. І, калі Лаўрын прысягае... Маю дачку паклікаў да сябе Гасподзь. Таму ня варта дабіваць горад, Богуш. Мы павінны застацца жывыя і ў свой час прыйсьці на сойм, і каб нашыя зноў патрапілі ў раду і там змагаліся за вольнасьць гораду.

Паны ўхвальна зашумелі, ня слухаючы больш адчайных заклікаў маладога рыцара.

— Панове рада... Вашая вольнасьць... Ваш гонар... Слова маё... Анэта жывая! Анэта ў вежы!

Мілавіца абыякава зьзяла над цёмнымі вострымі дахамі места, не зважаючы на рэдкія агні ўнізе, якімі людзі спрабавалі адваяваць у начы кавалачак свайго жыцьця.

— Вядома, паненка ў вежы... Хе-хе-хе... Дзе ж ёй яшчэ быць?

Госьць падышоў так ціха, нібыта не на чалавечых нагах. Старавежцы рассунуліся ўбок, прапускаючы ў кола, асьветленае паходняй, скурчаную хударлявую постаць.

— Ты бачыў яе? – голас Радчыца гучаў амаль умольна.

— Бачыў. Лекар трымае яе ў малым пакоі па левую руку ад соймавай залы.

Таму, хто абрынуты ў цень, прыемна часам стацца каменьчыкам, ад якога ідуць вялікія кругі па вадзе. Карэйва, выскаліўшыся, слухаў крыкі вакол.

— Значыць, Рожа зманіў мне? – сурова спытаў Ляскевіч. Карэйва пакруціў галавой.

— Хе-хе-хе... Войт нічога ня ведае. Бо дзяўчына – апантаная.

Пры апошніх словах блазна людзі ўстрывожана змоўклі.

— Ты маніш! – Радчыц сунуў камусьці сваю паходню і схапіўся за дзяржальна мяча. – Ты маніш, як сапсаваны варган!

— Хе-хе-хе! – у сьмеху Карэйвы гучала пагроза. – Не забывайся, вельмішаноўны, я – рыцар. І шляхецтва мяне аніхто не пазбаўляў. І хаця твая сьпіна прамейшая за маю, меч я выхопліваю хутчэй, чымся ты, смаркач.

— Пан Радчыц, ахалонь! – стары шляхцюк адсунуў Богуша ад прыхадня. – Кажы, як ёсьць, блазан!

Карэйва агледзеў цёмныя твары старавежцаў, на якіх скакалі чырвоныя адбіткі полымя.

— Бачыў я дзяўчыну, якая таньчыла ў шалёным карагодзе і выжыла. Яна ўжо не такая, якой вы памятаеце яе. Лекар вылечыў ейнае цела, каб зрабіць дапаможніцай у сваіх вядзьмарствах. І войта не прасіце... Хто ведае, магчыма, лекар ператварае дзяўчыну ў котку ці ў птушку... Загадае пан Лаўрын абшукаць пакоі – а дзяўчыны няма... Хе-хе-хе... Супраць лекара войт без дазволу Вялікага князя ня пойдзе. Вырашайце самі, што будзеце рабіць, панове... Я – сказаў...

Цёмная постаць зьнікла ў начы.

— Хто пойдзе са мной раніцою на вежу? — закрычаў Богуш.

— Я, вядома... — пан Варава стаў побач з маладым рыцарам. – Хто з намі?

Азвалася з дзясятак шляхціцаў. Але большасьць не хацела біцца за апантаную. У кожнага меліся свае памерлыя, свае дарагія, што не маглі ачомацца ад хваробы... А змагацца з чарамі – справа сьвятароў. Зорка Мілавіца сыпала халоднае блакітнае сяйво на невялікую купку людзей, што не хацелі разлучацца са сьмерцю. Пан Варава сумна абвёў іх вачыма. Самыя лепшыя і сумленныя... Гэта значыць, што хутка на іхняй зямлі такіх застанецца яшчэ менш.

— Дзякую, панове... Як разьвіднее, мы пойдзем на пляц і станем патрабаваць ад Рожы аддаць маю дачку і пакараць лекара. А калі ён не паслухае... Нам застанецца слаўна памерці.

Богуш сурова зьвёў бровы і падняў да Мілавіцы вочы, гэткія ж сінія, як яе сьвятло, нібыта заклікаючы ў сьведкі.

— Я абяцаю, пан Варава, што войту давядзецца прыслухацца да нашых словаў. Любым коштам! Але прашу пачакаць яшчэ дзень.

— Што ты задумаў? –спытаў пан Варава. Але Радчыц толькі ўпарта бліснуў вачыма.

— Праз дзень, на досьвітку, мы зьбярэмся тут і вернем сваю вольнасьць!

Малады рыцар рэзка павярнуўся і сышоў. Мілавіца глядзела яму ўсьлед.


— Іх будзе тры тузіны... Ня больш...

Дзьве постаці шапталіся ля вакна вежы. У прывідным сьвятле далёкіх зорак відаць было толькі, што адзін з суразмоўцаў – каржакаваты, вялікі, другі – сагнуты ў крук.

— Нашто ты гэта зрабіў?

— Тс-тс-тс... Забыўся, што табе сказаў Вялікі князь?

— У мяне памяць не адбіла. Я мушу выконваць усё, што ты кажаш. Але я не разумею...

— Хе-хе-хе... Нашто табе ўсё ведаць і разумець, войт... Для гэтага ёсьць я... Сьмешны, бяскрыўдны, усюдыісны... Князю не патрэбныя ведзьмакі, якіх усе ненавідзяць, Лаўрын. Князь хоча стаць каралём, яму трэба літасьць папы... А Бернацоні, калі ты ня ведаеш, уцёк у Прагу з Італіі, бо яго абвінавацілі ў чараўніцтве. Герэтыкі і валхвы, нават калі яны саслужылі сваю службу, мусяць сысьці ў цемру, ня плямячы сьветлы воблік уладара. Няхай бунтоўнікі ўвойдуць у вежу... Хе-хе-хе... Няхай заб’юць лекара... А твае людзі заб’юць іх.

Каржакаватая постаць адхінулася ўбок.

— Я ведаю многіх старавежцаў... Гэта слаўныя рыцары...

— Хе-хе-хе! Кожнаму быў дадзены выбар! Тыя, што прыдуць – самі абралі сьмерць і шлях здрады. Гнілы зуб варта вырваць. Князь наш створыць вялікае і моцнае каралеўства, на вякі. А я – князеў няварты слуга... Каб ня ён – я зьнік бы, скалечаны, абрабаваны, бяз сэнсу ў жыцьці... Ты пахіснуўся ў вернасьці сваёй, Рожа?

— Хутчэй згіну.

На нейкі час запанавала цішыня, нібыта двое прыслухоўваліся, ці ноч пакорліва паглынула прамоўленыя словы, ці не ператварыліся тыя словы ў нешта асобнае, жывое і агіднае, як вужакі...

— А што рабіць з дзеўкай, калі лекар яе не заб’е?

— Хе-хе-хе... Ты аддасі яе мне...

Каржакаватая постаць пагрозна варухнулася. Шэпат ледзь не ператварыўся ў крык.

— Ах, ты юрлівая пачвара...

— Ціха, ціха... – зашаптаў прыгорблены. – Нікому ня дам забіць небараку. І сам не пакрыўджу. Я адвязу яе ў Вільню, у кляштар. І маетнасьць паненкі не замай! Князь апякуецца сіротамі...


Анэта ў каторы раз чытала псалом... «Акрапішы мя ісопам, і ачышчуся, амыешы мя, і пачэ сьнега ўбялюся... Ваздаждзь мі радасьць выратаваньня Твайго і духам Уладарным сьцьвердзі мяне... Навучу беззаконныя шляхом тваім, і нечасьцівыя да цябе зьвернуцца...»

Промні кволага лістападаўскага сонца, што прабіваліся скрозь шчыліны між дошак, якія захіналі вакно, ледзь маглі асьвятліць стары пергамен. Буквіцы, выведзеныя дзесьці ў кляштары нясьпешнай рукою мніха, яшчэ зьзялі барвай і пазалотай, нібыта восеньская лістота. Анэта не хацела думаць, што пройдуць гады, а можа, вякі, і гэтыя фарбы паблякнуць, выцьвітуць, як тая лістота, і сьвятая кніга таксама ператворыцца ў пыл... Страшна было пра гэта думаць... Але сьмерць усё яшчэ таньчыла навокал, і нагадвала – няма нічога вечнага на зямлі... Словы, што ты прамаўляеш – застануцца. А вусны, якімі ты іх прамаўляла, літары, па якіх сьлізгалі твае вочы, ты сама, гэтая вежа, гэты горад ператворацца ў пыл. Як усе, каго любіла...

У траўні яны з Богушам змовіліся і ўцяклі ў лес на таемнае сьвяткаваньне Клескуна. Сьвятар заклікаў на казані ў царкве супраць таго, каб гараджане хадзілі на паганскія сьвяты. І бацька забараняў. Але Анэта і Богуш былі такія маладыя, гэта здавалася гарэзнаю гульнёй, якую ўсемагутны Гасподзь прабачыць... Калі Анэта была малая, нянька расказвала ёй пра Клескуна, вясёлага і разгульнага хлапца, ён жыў калісьці на небе і вадзіў месяц, седзячы на ім вершкі. То сьветлым бокам паверне яго, то цёмным... Але неяк адлучыўся Кляскун да каханай дзяўчыны, і Пярун абрынуў яго за гэта на зямлю... Толькі адбітак твару юнака на Месяцы можна разгледзець...

Як было дамоўлена, Анэта вылезла праз вакно, і яны з Богушам пабеглі, выбіраючы непрыкметныя сьцежкі, зважаючы наводдаль у яркім сьвятле поўні самотныя постаці, што гэтак жа, хаваючыся, кіраваліся да лесу. Блакітнае сяйво залівала гольле соснаў і высокую траву... І, вядома, менавіта Богушу надзелі на галаву вянок з травеньскіх кветак, і ён на цэлую ноч стаў Клескуном, і ніводная дзяўчына не магла яму, павадыру Месяца, у гэтую ноч адмовіць... Але Богуш глядзеў толькі на Анэту. Яны круціліся ў карагодзе, і ня мела значэньня, хто ты – князь або халоп, хрышчаны ў імя Сьвятога Духа або паганец, і сьпявалі: «Кляскун, Кляскун, клясь, клясь...»

Сяйво месяца і водар зёлак, зоры ў траве ці раса... Сплятаюцца рукі, зьліваюцца цені... І сплятаецца побач у траве кубло залатых зьмей... Ці ня стаў шалёны карагод сьмерці расплатай за той, у травеньскім лесе? Як пасьля лаялі іх, блазьнюкоў, бацькі – не ўдалося схаваць свой учынак. Анэта два тыдні прасядзела дома, пад замком, у малітвах... Акрапі мя ісопам, і ачышчуся... Як расплаціўся за свае легкадумныя паводзіны Богуш – Анэта ніколі не распытвала. Але, мусіць, яму давялося горай, чым ёй. Сама яна шчыра пакаялася, і з жахам уяўляла, як незваротна для яе магло скончыцца баляваньне на паганскім сьвяце, і каму служаць насамрэч падчас гэткіх ігрышчаў... Яна старалася не ўспамінаць пра тую чмуту... Толькі часам, начамі, водар далёкай травеньскай начы ўзгадваўся салодкай грахоўнай трывогай...

Цяпер у Анэты хаця б ёсьць на памяць адбітак твару прыўкраснага юнака на Месяцы...

Дзьверы пакою расчыніліся. Лекар захінаўся ў зялёны плашч, падбіты сабаліным футрам, нібыта яму было холадна. Анэце раптам зрабілася страшна – бо госьць глядзеў кудысьці праз яе, нібыта яна была празрыстым кавалкам лёду.

— У гэтым горадзе больш нельга заставацца,— Бернацоні падціснуў вусны, і Анэта раптам зразумела, што ён устрывожаны і ўсхваляваны, як ніколі. – Зоркі паўсталі так, што прарокуюць няшчасьце, агонь, боль...

— Дык адпусьці мяне! – дзяўчына не пракрычала гэтыя словы, а прашаптала, і яны нібыта адразу бясьсіла ўпалі на падлогу, як мокры сьнег.

— Вакол мяне скача сьмерць... – горка прамовіў Бернацоні, зноў зьвяртаючыся нібыта да самога сябе. – Я ператварыў яе ў сваю служку, пасадзіў на ланцуг, як злога сабаку, і яна здабывала мне патрэбнае... А можа, гэта яна трымала мяне на ланцугу? Колькі можна беспакарана слугаваць сьмерці? Пераступі праз тысячы тысячаў наўцоў – і аб нейкага, тысяча першага, спатыкнешся. Я загадаю спакоўваць мае гадзіньнікі, донна. Дзякуючы табе, яны больш ніколі ня схібяць. Ты паедзеш са мной.

— Куды? Навошта? – Анэта адчувала, што пачынае дробна дрыжэць, быццам шклянка на стале ад бою гадзіньніка, і, шукаючы дапамогі вышэйшых сілаў, паклала руку на раскрытае Евангельле.

— У вялікі сьвет, маленькая дзікунка... Да вялікіх ведаў.

— Я не паеду, — Анэта намагалася, каб у голасе не прагучала й ценю боязі. – Ты страшны, акрутны чалавек, лекар... Ты зьнішчыў волю майго гораду. Ты зьнішчыў маю волю...

Бернацоні сумна ўсьміхнуўся.

— Воля, воля... Ты зноў гаворыш пра тое, чаго ня ведаеш. Успомні абарончыя валы вакол твайго гораду... Магутныя, высокія... А ты ведаеш, хто іх насыпаў? Каго магістрат гвалтам пасылаў на «валовую работу»? Бедакоў, што не маглі выплаціць «падымнае», непачцівых жанчын, што пайшлі ў самадайкі, калі іх дзеці з голаду пухлі, лёзных людзей, свавольных рамесьнікаў... Прыйдзе жабрак у вашае слаўнае места – а яго «на вал», капай зямлю пад дажджом ды бізуном цівуна... Запярэчыць шавец або рымар супроць цэхавога майстра – на вал... Як ты думаеш, для гэтых людзей твой Старавежск таксама – вольны горад?

Анэта разгублена маўчала. Бернацоні лёгка прайшоўся па пакоі, нібыта лемпард.

— Воля... Скуль ты можаш ведаць пра волю, жывучы ў гэтым забытым Госпадам куце... Тут цябе адно што заб’юць, як апантаную. А ты можаш мне яшчэ дапамагчы.

— Я не хачу дапамагаць табе ў тваіх чарах! – запярэчыла Анэта.

— Зноў ты пра чараўніцтва, маленькая дзікунка... – раздражнёна сказаў Бернацоні. — Мне патрэбны адвар, які я яшчэ ня склаў да канца. Мая праца ня скончаная, і твая таксама. Я выведу цябе адсюль незаўважна. Рыхтуйся...

— Я застануся!

Але дзьверы ўжо зачыніліся.


Я сядзела, бясьсіла апусьціўшы галаву на стол, завалены паперамі. Тахканьне адрэстаўраваных Юрасём гадзіньнікаў у суседнім пакоі малявала ў маёй беднай галаве выразную карціну: хвілі падаюць жалезнымі кроплямі на каменную падлогу, падскокваюць, коцяцца, сутыкаюцца, як більярдныя шары, і вось ужо ўся падлога засыпаная імі, бліскучая звонкая гара вырастае да столі, вось-вось засыпле мяне халодным важкім цяжарам... Так і ў беднага прафесара мазгі «паехалі»... Як патлумачыў за сьняданкам Макс, чарговае абвастрэньне шызафрэніі. А цяпер са мной нядобрае...

Псіхічныя захворваньні сапраўды заразныя...

— Што з Вамі, дарагая паненка?

У голасе Макса, здавалася, гучала непадробная трывога... Гэта было нашмат лепш, чым ягоны звычайна бадзёры тон. Я падняла галаву, правяла далоньмі па твары, сьціраючы начныя жахі. І нечакана загаварыла пра тое, што аніяк не хацела з некім абмяркоўваць.

— Скажыце, гэта праўда, што калі сны паўтараюцца, гэта прыкмета шызафрэніі?

Калі Макс і зьдзівіўся, то змог гэта не паказаць. Ён прысеў побач на офіснае шэрае крэсла і іранічна ўсьміхнуўся.

— Калі б вы ведалі, колькі ў кожным з нас таго, што ўрачы ў розны час лічылі сімптомамі шызафрэніі, вы б зьдзівіліся. Людзі проста палохаюцца ўсяго, на іх погляд, незвычайнага, асабліва што тычыцца ўласных адчуваньняў. А ёсьць такая зьява, як галюцыянацыі ў зусім здаровых – напрыклад, калі прачынаешся... Расплюшчваеш вочы, а ўзоры на шпалерах ажываюць, ці бачыш у іх чыесьці абліччы... Я, дарэчы, часта сьню адны і тыя ж сюжэты. Праўда, калі верыць Юнгу ды ягоным пасьлядоўнікам, то тых сюжэтаў усяго некалькі на калектыўную падсьвядомасьць чалавецтва.

Макс прыязна паглядаў на мяне, пакручваючыся ў крэсьле. Позірк шэрых вачэй з доўгімі вейкамі то гарэзны, то даверлівы... Сьветлыя валасы ўкладзеныя ў мастацкім непарадку з дапамогай геля. Шэры гольф, сьветлы пінжак, нагавіцы з акуратна выпрасаванымі стрэлачкамі... Стыльны мужчына. Разумны і іранічны. Мімаволі ўспомніўся Юрась з ягонымі працёртымі на локцях швэдарамі, вечнымі джынсамі і няшчаснасьцю. Як добра, што былы муж так і застанецца для мяне былым... Разам з усімі сваймі жыцьцёвымі няўдачамі.

— Ганна, прабачце за нахабства, але што за сны вы бачыце?

Макс, не дачакаўшыся ад мяне дабраахвотнага працягу спавяданьня, падахвочваў да шчырасьці. Што ж, ён, відаць, не такое чуў...

— Сьніцца сярэднявечча... Нібыта я – дзяўчына, якую замкнулі ў вежы. Але ўсё так сьцерта... Як у кепскім фільме. Танныя дэкарацыі, танная рамантыка... А момантамі – рэальна, аж да жаху. Памятаю, у маіх снах ёсьць блазан з сагнутай сьпінай... Ён увесь час сьмяецца. Злая жанчына з цёмным, сухім тварам... Прыгожы рыцар, якога да мяне не пускаюць. А яшчэ нейкі ці то доктар, ці то астролаг у цёмным... Часам гэта ўсё прывязваецца да рэальнасьці – доктар здаецца мне тым самым Бернацоні, якому належалі гадзіньнікі... Вежа –Старавежскай ратушай... Праўда, апошнім часам забываю, што сьніла... Толькі ўражаньне застаецца – змрочная готыка. Прачынаюся ўся змучаная...

Я змоўкла, баючыся падняць вочы на пана псіхолага. Ягоны вясёлы сьмех змусіў мяне падняць вочы. Макс нахіліўся да мяне.

— Вашыя сны – проста падарунак... для падручніка па псіхааналітыцы. Такія... тыповыя. Дакладней – архетыповыя. Ня буду нагрувашчваць вас тэрмінамі, але, скажам, блазан падобны да Трыкстэра, аднаго з архетыпаў, апісаных Юнгам. Ён увесьчасна крыўляецца, ня добры і ня злы, але можа парадзіць, дапамагчы... Ці ўчыніць брыду. Так?

Я моўчкі кіўнула галавой. Макс усьміхнуўся і працягваў.

— Доктар у чорным – безумоўна, гэта Персона... Тая частка вашай асобы, якую вы лічыце галоўнай, і якая насамрэч – вашыя забабоны, ваша нязьдзейсьненае славалюбства, жаданьне добра выглядаць у вачах іншых... Ён вамі камандуе, вы – у ягонай уладзе, хочаце вызваліцца, але вам не хапае моцы... Так?

Я засьпяшалася сказаць самае патаемнае, што мяне мучыла.

— Ну калі я не звар’яцела... Можа, я ўспамінаю нешта... з мінулага жыцьця?

Макс загаварыў нечакана сярдзіта.

— Ну не чакаў ад вас такога... Адразу выкіньце падобны блёкат з галавы. Рэінкарнацыя... Душа паслухмянага баабаба перасяляецца ў крэветку. Як вы можаце ў такое верыць? Вось жа на вас срэбны крыжык... Вы хрысьціянка?

Я вінавата апусьціла галаву.

— Хрысьціянка... Але мне страшна... Я не разумею, што са мной адбываецца...

— Тое, што з усімі, хто доўга хаваецца ад сваіх праблемаў, — гэтак жа сярдзіта сказаў Макс.— Гэтыя праблемы знаходзяць іншую форму, каб дастукацца да сьвядомасьці. У вашым выпадку – праз сны. У іх непазнавальна зьмяняецца знаёмая рэальнасьць, сінтэзуецца з некалькіх вобразаў – адзін. Вы бачыце сябе замкнёнай у вежы... Гэта з-за артыкула пра вежу ў вас пачаліся непрыемнасьці? Прабачце, але мне тое-сёе пра Вас расказваў пан Янчын.

— Так...

— І ў жыцьці вы не знайшлі годнага выйсьця з сітуацыі. Вось вам і сімволіка... Вечарам прыходзьце да мяне ў кабінет, гэта на другім паверсе. Пагаворым, падумаем... Ігар, наш ахоўнік, правядзе да мяне.

На другі паверх пасьля ўрачыстага абеду ў дзень прыезду мы ніколі не хадзілі. Нашае месца – у былых пакоях для прыслугі. Але нават з-за цікаўнасьці патрапіць на «панскі паверх» да «псіха» ісьці не зьбіраюся. Вось скончу сваю працу – і дахаты... Хай Юрась адзін важдаецца... Цікава, ён праўда, як сказаў мне за сьняданкам «чалавек небясьпечнай прафесіі» Ігар, паехаў разам са Стэлай у царкву на нядзельную службу? Такі вернік стаў... Што ж, няхай Гасподзь дапаможа ім абодвум... І мне б не пашкодзіла паехаць з імі. Калі я апошні раз была ў царкве? На Вялікдзень, мусіць. Ня дзіва, што цемра сабралася на душы...

Так, вырашым апошнюю загадку. Няхай Аркадзь выявіўся цынічным нягоднікам, але – кінуць працу, адмовіцца ад грошай? Калісьці я б так і зрабіла, нават з-за адной зьнявечанай вежы. Але цяпер не знаходзіла ў сабе стрыжня, які б утрымаў мяне ад жаданьня схіліцца перад абставінамі. Хаця мне ўсё менш падабалася, што гаспадары цікавіліся адно досьледамі з гадзіньнікамі, тым, што я пра іх перакладала, перапытвалі, прысьпешвалі, кантралявалі, а пра Аркадзя нібыта й забыліся.

Я расклала на стале паперы з запісамі. Мы маем дванаццаць гадзіньнікаў. Кожны названы ў імя аднаго з дванаццаці апосталаў. У якой чарговасьці звычайна згадваюцца вучні Госпада? Так, як іх паклікаў Гасподзь? Першымі былі Пётр і яго брат Андрэй, рыбары... Пасьля – зноў браты, Якуб Зевядзееў і Ян. Потым – Піліп, Баўтрамей, Тамаш, мытар Мацей, Якуб Алфееў, Тадэвуш, Сымон, і апошні – Юда... Ці магла быць іншая чарговасьць? Я яшчэ раз прайшлася па інтэрнэтаўскіх сайтах, трапляючы то на форум прыхільнікаў готыкі, то да акварыумістаў: «Мая залатая рыбка ляжыць на баку, вочы вырачыліся, а хвосьцік падкурчаны...» І нарэшце на сайце аматараў эзатэрыкі напаткала табліцу, дзе кожны апостал зьвязваўся з пэўным знакам Задыяку. Чарговасьць была трохі іншай... Пётр – Авен, Андрэй – Цяля, Якуб Зевядзееў – Блізнюкі, Ян – Рак, Тамаш — Леў, Якуб Алфееў – Дзева, Піліп – Вагі, Баўтрамей – Скарпіён, Мацей – Стралец, Сымон – Казярог, Тадэвуш – Вадалей, Юда – Рыбы... Да таго ж усё ўвязвалася са стыхіямі, рэчывамі, колерамі, каштоўнымі камянямі... Гэта, вядома, блюзьнерства. Асабліва для сярэднявечнага хрысьціяніна. Што было важней для Бернацоні – слова Сьвятога Пісаньня або астралогія? Я ўявіла лекара... Падобным да таго, чорнага лекара маіх сноў. Пранізьлівы погляд чорных вачэй, строгія вусны... Амаль Калыванаўскае аблічча! Уявіла, як ён зацята паводзіўся падчас допытаў інквізіцыі... Сярэднявечная Прага – горад магаў. Лекар на той час абавязкова мусіў быць і астролагам. Як там у вершы Максіма Багдановіча:

«Скарына, доктар лекарскіх навук,

У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры.

Яны спрыяюць! Час! З рухавых рук

Скарыны п’е адвар пан земскі пісар хворы».

А Бернацоні быў не шараговы лекар… Значыць, і вядомы астролаг. І наш Вялікі князь напэўна зацікавіўся ўменьнем пражскага італьянца чытаць зоры. Таму, калі ўжо Бернацоні даў гадзіньнікам імёны апосталаў, мог прывязаць іх і да знакаў задыяку...

Бразнулі дзьверы. Юрась зайшоў у мой кабінет. Сінія вочы з-пад прамых броваў глядзелі проста, адкрыта… Не, ня можа быць, каб гэты чалавек быў забойцам! Дамагурскі маніць ня ўмеў. Калі б сапраўды давялося ўчыніць сьмяротны грэх – спакутваўся б, як Радзівон Раскольнікаў... Хаця нешта яго вярэдзіць... Але ж зараз, наколькі я яго ведаю, ён мне пра гэта раскажа.

— Табе шмат засталося працы? — ён чакаў адказу з незразумелай мне трывогай.

— Лічы, скончыла! – пераможна заявіла я і распавяла пра сваю задыякальную гіпотэзу. Юрась кіўнуў галавой, але неяк без асаблівага энтузіязму.

— Так і было... Ты малайчына! Ведаеш, Стэлу адправіў дадому... Сама папрасілася. Нават згадзілася ў клініку заўтра ж пайсьці. Я быў заплаціў грошы за першы курс лячэньня, маці адвядзе яе... І цябе добра было б дадому адправіць...

Я раздражнёна глядзела на ягоную схіленую галаву з цёмным вожыкам, прысыпаным на скронях сівізной, на сашчэпленыя рукі са зьбітымі на костачках пальцамі – механік...

— Я не бандэроль, каб мяне адпраўляць.

Юрась падышоў да дзьвярэй, чамусьці зазірнуў за іх – што, думае, нібыта нас падслухоўваюць? – і ціха прагаварыў.

— Ведаеш, што Зьміцера Патапавіча ўчора забралі ў клініку?

— Ведаю. Чарговы прыпадак шызы. Ну і што?

Дамагурскі трывожна ўздыхнуў.

— Прафесар усё казаў, што блізкі да разгадкі, што пан Калыванаў будзе задаволены, нёс нейкую ахінею пра сусьветны парадак, які без Калыванава прападае... Дарэчы, я даўно заўважыў, што ні прафесар, ні гэты лялечны Макс мне шмат чаго не расказваюць... Я адрамантаваў амаль усе гадзіньнікі. Дык вось, Зьміцер Патапавіч і вырашыў, што ўжо можна праводзіць эксьперымент. Прыйшоў сюды ўвечары, сам, нікому нічога не сказаўшы, паставіў гадзіньнікі на бой, вакол сябе шклянкі, чаркі... Тут, у падвале, яго і знайшлі. Мне гэта не падабаецца. Не для добрай справы Бернацоні ладзіў свае д’ябальскія машыны.

Я паціснула плячыма.

— Гукі ад іх непрыемныя... Але ж не здаровы чалавек ад іх звар’яцеў. Не перабольшвай.

Юрась зноў панурыўся.

— Ведаеш, дай мне твой сьпіс, як гадзіньнікі расстаўляць...

Я расьсьмяялася.

— Хочаш за Зьміцерам Патапавічам адправіцца?

Але былы муж жарту не падтрымаў, узяў з маіх рук аркуш і пайшоў корпацца ў старадаўніх жалязяках.

У маім так званым кабінеце вокнаў ня мелася, і ад таго мне ўвесь час мроіўся позьні вечар і прыцемак стомы і безнадзейнасьці... Таму ў сьветлым калідоры маёнтку – лістападаўскае сонца было нечакана шчодрым, як скупеча перад сьмерцю, — я ледзь не засьмяялася ад радасьці. Воля! Макс таксама радасна ўсьміхнуўся, беручы тэчку з маім артыкулам і дыскету.

— Цяпер справа за лепшымі дызайнерамі! Я зараз жа адашлю гэты тэкст Ліліі Пятроўне, думаю, яна пачытае, ня бавячыся... Так што пачакайце з ад’ездам да заўтра – можа, будуць якія заўвагі. Дарэчы, тая літаратура, што вы карысталіся... Вы пакінулі апошнія пераклады ўрыўкаў, што тычацца Старавежску, Бернацоні і гадзіньнікаў?

— Так. Усё ў асобным файле, і раздрукоўкі ёсьць.

— Тады адпачывайце, дарагая! А ўвечары ўсё-ткі зайдзіце... Пагаворым. Паверце, я някепскі сьпецыяліст!

Макс на імгненьне прыабняў мяне за плечы і пайшоў, пакінуўшы на памяць пах дарагой парфумы... Відаць, і з кліентаў бярэ дорага... А тут – халява. Але я ўсё-ткі не зьбіралася ёю карыстацца. Калі мне захочацца да споведзі, я лепш у царкву пайду.

Я ніколі не вызначалася ахайнасьцю, таму за два тыдні мой пакойчык змог дастаткова да мяне прыстасавацца. Цікава, якая-небудзь пакаёўка альбо лёкай, якія жылі тут у даўнейшыя часы, мелі права вось гэтак кінуць мокрую куртку на крэсла ці загрувасьціць паперамі стол? Я скідвала ў сумку рэчы, разважаючы, ці зьняць мне па вяртаньні ў сталіцу новую кватэру, ці заплаціць ранейшай гаспадыні, ці можа – калі раптам заплоцяць больш, чым абяцалі – выкупіць які катух? Можна грошай дапазычыць. Маці аддала б назапашанае, цётка... А я на сталую працу пайду... У якое-небудзь задрыпанае перакладчыцкае бюро, дзе не паглядзяць, што ў мяне няма лінгвістычнай адукацыі.

Я пачала намацваць канверт з запаветнай тысячай, па-стараславянску, здаецца, «цьмой», гэта ж трэба – цьма грошай! – але мая цьма кудысьці завалілася. Што ж, сама вінаватая... Напхала рэчы абы-як. Я вывальвала па частках зьмесьціва сумкі, паўтараючы постмадэрновы верш расейскага паэта Вазьнясенскага: «Матьматьматьматьма...» Нарэшце ўсе мае рэчы апынуліся на ложку. Куды ж я падзела канверт? Больш-менш цярпліва перагледзела ўсё — пустую сумку, рэчы, пакой... Са мной гэта ня можа здарыцца – колькі разоў даводзілася паўтараць сабе гэтую фразу. Памятаю, на занятках ізастудыі ў доме культуры майго мястэчка мы рабілі выцінанкі. Я можа цэлы месяц выразала з чорнай паперы карункавы ўзор – русалкі, водарасьці, рыбкі. Заставалася гэтую прыгажосьць прыклеіць на сьветлы фон. Кіраўнічка раздала нам слоікі, быццам са сьмятанай – адмысловы клей... І папярэдзіла, што ў адным са слоікаў можа быць фарба. Як мы сьмяяліся над магчымым няўдачнікам! Як гэта пераблытаць фарбу і клей! Пакуль я, прамазваючы ў каторы раз сваю выцінанку непаслухмяным белым рэчывам, не ўсьвядоміла, што сьмяяцца зараз будуць з мяне...

Пакамечаная, спэцканая выцінанка апынулася ў сьметніцы. У ізастудыю я больш не хадзіла.

Цяпер, падобна, мне заставалася зрабіць выгляд, што ніякага авансу я не атрымлівала. Уяўленьне малявала неверагодныя карціны маёй нягегласьці, у якія адразу ж верылася. Я выпадкова выкідваю канверт з тысячай даляраў. Я перахоўваю яго некуды і забываюся куды... Разявака...

У дзьверы пастукалі. Ну што вам трэба? Мяне няма... Юрась за дзьвярыма вымавіў:

— Анэта! Выходзь, трэба перамовіцца... Ну калі ласка...

Гэты, падобна, не адчэпіцца. Я адчыніла дзьверы. Юрась толькі зірнуў на мой твар:

— Што здарылася?!

З мяне ніколі ня выйдзе ані сьвецкая дама, ані самавітая чыноўніца. Я чытала пра нейкага малюска, у якога ўсе вантробы звонку. Гэтак жа і ўсе мае эмоцыі. Ня надта эстэтычна. Але я пастаралася прамовіць як мага больш весела – што, напэўна, выглядала вартым жалю:

— Ды вось, сунула кудысьці свой аванс... Не магу знайсьці.

Юрась уважліва паглядзеў на мяне і неўразумела перапытаў:

— Ты што, прыцягнула сюды грошы, якія табе заплаціла Ліля?

— А куды мне было іх падзець? – раззлавалася я. – У чужой кватэры пакінуць? І ўвогуле я пра гэта не задумвалася.

Дамагурскі пастараўся схаваць неадабральнае зьдзіўленьне – урэшце, сам такі! — і захацеў падрабязнасьцяў... Калі апошні раз бачыла канверт, хто да мяне заходзіў, ці зачыняла дзьверы... Твар ягоны ўсё змрачнеў і змрачнеў.

— Прабач, мне трэба патэлефанаваць...

І пабег некуды. Я ледзь не заплакала ад крыўды – і на ягоную няўвагу, і на сябе, і на лёс... Кінулася на ложак, накрыты коўдрай з белага атласу, і пачала шкадаваць сябе. Ня ведаю, колькі часу мне ўдалося аддавацца гэтаму плённаму занятку, здаецца, спынілася на думцы пра ўтульную хацінку могілкавага вартаўніка, як магчымае месца працы, — але раптам дзьверы бяз стуку расшугнуліся, і ў пакой уваліўся Юрась. Былы муж, напяты, як быццам яго нехта зьбіраўся ўдарыць, глядзеў у падлогу.

— Не перажывай, Ганна. Грошы табе вернуцца ў бліжэйшы час. Убачымся заўтра, а пакуль выкінь гэта з галавы. Усё, да пабачэньня.

Я нічога не разумела.

— Ты што, зьязджаеш?

Юрась па-ранейшаму глядзеў у падлогу.

— Трэба ў Менск падскочыць. А ты ідзі, павячэрай. Павер, усё будзе добра. Гэта проста... непаразуменьне.

І пайшоў. Я ў разгубленасьці сядзела на ложку. Юрась што, ведае, куды падзеліся мае грошы? Чаму ён вяртаецца ў Менск? Раптам мне стала горача ад раптоўнай здагадкі. Стэла! Яна ж аднойчы выходзіла з майго пакою. Жанчына, у якой дзьве асобы – цёмная і сьветлая... Так, яна магла ўзяць канверт. І, відаць, падобнае здараецца ня першы раз. Вось прыкрасьць…

Мы вячэралі ў маленькім пакоі з эркерным вакном. Макс, якому Юрась, відаць, нешта патлумачыў, выбраў для мяне з рэпертуару сваіх усьмешак самую зычлівую. Я абвяла вачыма кампанію. Ахоўнікі, чарнявы Ігар і руды Анатоль, у аднолькавых брунатных швэдарах, елі моўчкі, ні на кога ня гледзячы. Трэці ахоўнік, таўстун, нібыта барэц сумо, відаць, быў «у каравуле». Я ведала, што ў доме ёсьць яшчэ людзі — дзьве пакаёўкі, немаладыя кабеты, падобныя да настаўніц, шафёр, які прывёз нас сюды, прылізаны хлопец з тонкімі чорнымі вусікамі, як у артыста нямога кіно Макса Ліндэра. Яшчэ нейкі мужык, нібыта адстаўны ваенны, сачыў, каб лямпачкі гарэлі, і карціны віселі на сваіх цьвіках... Нехта гатаваў нам есьці, мыў бялізну... Толькі цяпер я пачала ўсьведамляць, як гэта складана – мець маёнтак. Як там «Літоўская гаспадыня» раіла: «Кожны з лёкаяў і слуг мусіць выконваць пэўную частку работы. Напрыклад, адзін адказвае за буфет... Другі лёкай мусіць прыбіраць пакоі, падмятаць і наглянцоўваць падлогу. Калі ў доме госьці, кожны гасьцявы апартамент даручыце аднаму з чалядзінцаў...» Карацей, мы былі «ахмістрыні, дзеўкі і чэлядзь у фальварку». Але ў абслугі таксама мелася свая іерархія, і «ніжэйшы» яе клас харчаваўся ад нас асобна. І ў гэтым доме відавочна не ўхвалялася «балбатня». Мае спробы загаварыць з кімсьці з «персаналу» на больш асабістыя, чым брудны накоўдранік, тэмы выклікалі толькі ветлівую ўсьмешку. Цяпер паводзіны шафёра, які падчас драматычнай сцэны між Юрасём і Стэлай ды расповеду Янчына трымаўся нібыта будысцкія малпачкі – «Ня бачу, ня чую, не гавару» — падаваліся мне цалкам адпаведнымі. Абслуга была вышкаленая. Магу паспрачацца на сваю рудую касу – усе, за выключэньнем, мабыць, аховы, ад якой патрабаваліся зусім іншыя якасьці, — з вышэйшай адукацыяй і веданьнем моваў.

Пасьля вячэры Макс зноў запрасіў да сябе на сеанс халяўнай псіхатэрапіі. Але я і так ужо перад ім занадта навыяўлялася...

Я блукала па цёмных прысадах Людвісараўскага парку, расплёхваючы нагамі позьнюю восень, што ўвасобілася ў куламесу збуцьвелай лістоты, бруду і мокрага сьнегу, і адчувала сябе рачной плоткай, якую міласэрныя дзеткі выпусьцілі ў сіняе мора. Нібыта і вады багата, і ежы... А няма ў маёй крыві пякучай солі, да якой звыклі ўсе тамтэйшыя... Хаця я мушу Юрасю быць удзячнай. Дзе б яшчэ такую выгодную працу знайшла? Пры ўспаміне пра Юрася мне зрабілася неяк тужліва. Я не сумнявалася, што ён верне мне грошы. Пазычыць, свае аддасьць, але верне. А што, калі ягоная «зорачка» іх патраціла? А ёй жа на лячэньне трэба... Абыдуся я бяз тых грошай, калі што... Скажу – пачакаю, пакуль пабагацее...

Я кіравалася да альтанкі з калонамі. Але з прыцемку да мяне выплыў сьветлы сілуэт. Макс, у белым стыльным паліто, трымаў над сабой вялізны парасон, які ў сьвятле ліхтароў здаваўся срэбраным.

— Вы заўсёды блукаеце пад даджом без парасону?

Я неахвотна спынілася.

— Які гэта дождж? Хутчэй, вільготны туман. Я і не заўважыла...

Макс галантна захінуў мяне ад драбнюткіх, як камарыны подых, кропель.

— А вы так і не прыйшлі да мяне на прыём... Ну што ж, добраахвотнасьць тут – сьвятое. У мяне для вас добрыя навіны. Лілія Пятроўна прачытала ваш артыкул. Ёй усё спадабалася, ёсьць толькі некалькі нязначных правак. Паглядзіце, каля вашага камп’ютара тэчка... Дарэчы, а чаму вы пра гадзіньнікі напісалі так сьцісла?

— Сьцісла?! – абурылася я, – ды ў мяне пра гэтыя гадзіньнікі дзесяць старонак!

Макс неяк надта шчыра засьмяяўся, беручы мяне пад руку і скіроўваючы ў бок дома.

— Вы ўсё цудоўна зрабілі! Проста калі ў старажытнай рэчы схаваны нейкі сакрэт, гэта заўсёды прыцягвае турыстаў. А ў Ліліі Пятроўны і Пятра Апанасавіча вялікія планы наконт турызму. Прафесар, шкада, не пасьпеў разабрацца... Вось вы б і напісалі ўсё, што думаеце. Няхай домыслы. Хіба Юрый не расказваў вам нічога наконт сваіх здагадак пра сакрэты гадзіньнікаў?

Я асьцярожна вызвалілася ад далікатнага дотыку «псіха».

— Думаю, пра важданьні Дамагурскага з механізмамі вы ведаеце больш за мяне. Я ўсё роўна ў гэтым нічога не разумею.

— Ну можа, наш майстар фантазіраваў пры вас, распавядаў пра старажытныя таямніцы?

Я пачала злавацца.

— А вы спытайце ў яго самога. Цікаюць вашыя гадзіньнікі, фігуркі рухаюцца... Што вам яшчэ трэба? Казкі ўсё гэта – пра шклянкі, якія разьбіваюцца.

Мы падыходзілі да мармуровых скульптураў, што выстраіліся ўздоўж дарогі. Антычныя героі кепска вытрымалі бойку з часам. Скульптар быў не настолькі таленавіты, каб бязрукія, безгаловыя паставы захавалі паважнасьць. Праўда, было гэтай паважнасьці тут усё роўна непараўнальна больш, чым яе мелася ў гіпсавых скульптурах піянераў і фізкультурнікаў у парку майго роднага мястэчка. Хаця – калі пашанцуе прастаяць тым фізкультурнікам яшчэ сто гадоў, невядома, з якім пачуцьцём будуць глядзець на іх нашыя нашчадкі? Можа, таксама з настальгіяй і павагай?

Мы параўняліся з пустым п’едэсталам, на якім засталіся толькі мармуровыя ступакі ў сандалях. Макс спыніўся.

— Пра што вы думаеце пры гэтым відовішчы?

— Гэта нейкі тэст? – азвалася я.

— Ну хутчэй асабістая цікаўнасьць.

Я ўгледзелася ў зьнявечаны мармур.

—Я думаю пра тое, што мы – аднадзёнкі, людзі сьвету аднаразовага посуду і аднаразовай культуры. Продкі, шматкроць болей вартыя за нас, аддавалі жыцьцё, каб здабыць глыток волі. А іх абылгалі і забылі. Думаю пра тое, што так і не напісала кніжку гістарычных эсэ, як зьбіралася. Пра старавежскую ратушу, з якой Баркун зрабіў тое ж, што тутэйшыя барбары – з гэтым помнікам. І пра тое, што ад нас не застанецца нават такога п’едэсталу.

— Нішто сабе! – Макс іранічна пакруціў галавою. — Рамантыка ды заклапочанасьць глабальнымі праблемамі найчасьцей ужываюцца з інфантыльнасьцю і няздольнасьцю вырашаць праблемы прыватныя.

— Гэта мой дыягназ? – холадна спытала я.

— Гэта вашая недасьведчанасьць, — усьміхнуўся Макс. – Ну куды вы выйшлі з-пад парасону? А скульптуры гэтыя колішні гаспадар маёнтка, апошні з магнатаў Людвісараў, загадаў паставіць у гонар сябе самога. Усе статуі мелі ягоны твар. Вось такі... рымскі цэзар з-пад Старавежска.

— Гэты чалавек, якія б ні меў сьмешныя слабасьці, браў удзел у паўстаньні, рызыкаваў жыцьцём... Ня дзеля сябе – яны, інсургенты Каліноўскага, ведалі, што іх справа безнадзейная. Дзеля годнасьці, гістарычнай справядлівасьці, дзеля волі...

— Вось вы якая пасіянарная,— спакойна прамовіў Макс.—Але воля – гэта толькі мара. Вы ўсьвядоміць ня можаце, наколькі чалавек зьняволены сам у сабе. І вызваліцца ад сябе вельмі цяжка. — Макс гаварыў без насьмешкі, нават з сумам. – Я ведаю гэта на ўласным прыкладзе. Мая маці працавала прыбіральшчыцай у школе, у якой я вучыўся. Мне заставалася альбо змусіць усіх паважаць мяне праз агрэсію, праз дзёрзкасьць, або зьмірыцца, стаць вечнай «шасьцёркай»...

— І які шлях вы абралі?

— Я пачаў вывучаць свае страхі і зьнішчаць іх адзін за другім. Загаварыць на роўных з багатым хлопчыкам... Заваяваць самую прыгожую дзяўчынку... Адказаць вясёлым жартам на крыўдную дражнілку... Я сам сябе зрабіў, адбіваючы па кавалку ад панцыра, у які закаваў мяне лёс. І я ведаю, што гэта магчыма, хоць і вельмі цяжка. Перастаньце ж і вы баяцца самой сябе сапраўднай. Дайце сабе волю.

Макс пяшчотна дакрануўся да майго пляча. Срэбны парасон над намі быў падобны да альтанкі для рамантычных спатканьняў... А чаму б і не? Я не сьвятая... Хаця выхаваньне ў сям’і, дзе ніколі не было мужчынаў – маці, бабуля і я (мужчыны лічыліся нечым варожым і непатрэбным) адбілася... Маланкавы шлюб з Юрасём яшчэ больш умацаваў перакананьне ў ненадзейнасьці «двухногіх пеўняў бяз пер’яў» і патрэбу ў «сур’ёзных адносінах». Ня дзіва, што сур’ёзных адносінаў не атрымлівалася. Раман з малавядомым паэтам доўжыўся пяць гадоў... Паэт патрабаваў рыбных страваў і цішыні, калі прыходзіць натхненьне. А потым сышоў да кабеты, якая выганяла яго пісаць натхнёныя вершы на кухню. Мастак-марыніст пратрымаўся са мною год. Паміж мастаком і паэтам быў яшчэ паляк, які прыехаў сюды вывучаць беларускую філалогію. Я нават пасялілася разам з ім у інтэрнаце... Можа, і дарэмна ня зьехала з тым Гжэсем у Польшчу? Хаця ня так ён ужо і ўгаворваў. Мусіць, ня мог дараваць маёй упартасьці наконт беларускай прыналежнасьці Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага ды іншых гістарычных персонаў, зацятая спрэчка наконт якіх сталася для нас гэтаксама звыклай, як вячэра. А навошта зьвязваць жыцьцё з чалавекам, які забясьпечыць штодзённыя прафесійныя дыскусіі дома, дзе хочацца ня толькі ногі, але і душу ўсунуць у мяккія цёплыя пантофлі? Ну а цяпер, падобна, маім чарговым «захапленьнем» можа стаць псіхатэрапеўт...

Макс прысунуўся бліжэй, так што я амаль чула, як стукае ягонае сэрца... Роўна яно стукала... Я ўсёй сваёй ненармальна эмацыйнай істотай адчувала ўнутраны спакой майго спадарожніка, нібыта вялізны лядзяш. Ён жа насамрэч мною зусім не зацікаўлены, як удае! Навошта я яму патрэбна? Псіхатэрапеўт схіліўся блізка-блізка... Зараз я адчую дотык яго вуснаў... Не! Я адштурхнула «псіха» і рашуча выйшла з-пад парасону ў мокры туман.

— Прабачце, але я хачу як найхутчэй дапрацаваць свой артыкул...

Макс ня выказаў незадавальненьня і не спрабаваў мяне затрымаць.

— Што ж, ухваляю... Лілія Пятроўна будзе вам удзячная.

І ўжо калі я бегма адправілася ў бок сядзібы, крыкнуў усьлед:

— А каб пра сны не забывацца, трэба іх запісваць. Як толькі прачынаешся!

Але гэтай ноччу мае сны былі, відаць, такія журботныя, што ад іх у памяці засталося толькі адчуваньне невыпраўнай страты...

А нараніцу зноў выпаў сьнег. Белы, пухнаты, ён больш не зьбіраўся раставаць і выпускаць на волю пераможаную чарнату зямлі і гальля. Ды яшчэ соннае лістападаўскае сонца час ад часу вызірала з-за кволых хмараў, нібыта пан, праязджаючы паўз нішчымную вёску, кідаў праз вакно карэты, завешанае фіранкамі, жменькі дробных манетаў.

Я апошні раз прайшла праз майстэрню са старымі гадзіньнікамі. Яны зноў маўчалі, спыненыя воляй іх цяперашніх уладароў, і ў гэтым маўчаньні была пагроза. Рыцары сьмерці... Зайшла ў кабінет, які два тыдні быў маім. Заўвагі, што пакінула мне Баркунова ўдава, тычыліся толькі тэксту пра гадзіньнікі. Дакладней, падрабязьней... Пераклады даць асобна, слова ў слова. Ну што яны да гэтага антыкварыяту прычапіліся? Я і так напісала ўсё, што ведала. Перачытала яшчэ раз свой тэкст... Сусальнага золата на партрэце Баркуна хапала, і я суцешыла разварушанае сумленьне тым, што, па-першае, пра мёртвых – або добра, або нічога, і, па другое, наконт аднаўленьня вежы я выказалася дастаткова лаканічна. Ну вось і ўсё... Я сабрала паперы. Але не пасьпела сысьці, як зьявіўся Юрась. Замест прывітаньня ён працягнуў мне цяжкі каньверт:

— Вось твая тысяча, Анэта. Прабач, калі ласка, што давялося хвалявацца. Я ж казаў – гэта непаразуменьне.

Я моўчкі глядзела на былога мужа. Нешта зьявілася ў яго твары такое...

— Што адбылося?

Юрась, здаецца, паспрабаваў усьміхнуцца. Але прыкідвацца ён ніколі ня ўмеў.

— Пасьля як-небудзь раскажу...

І памкнуўся сыходзіць. Я заступіла яму дарогу.

— Пачакай... Мне ня вельмі патрэбныя зараз такія вялікія грошы... Можа, пазычыць? Стэле на лячэньне...

Аблічча Юрася дзіўна перасмыкнула.

— Дзякуй... Ты – лепшая ў сьвеце... Але нам пакуль хапае.

— Нядобра са Стэлай? – здагадалася я. – Яна дзе, у клініцы?

— У рэанімацыі, — глуха адказаў Юрась.

Аказваецца, мастачка, раптоўна пабагацеўшы, адразу ж кінулася набываць «натхненьне»... І, вядома, «перанатхнялася». Яе пасьпелі завезьці ў бальніцу, але ляжыць у коме. Юрася да яе нават не пусьцілі. Толькі праз шкляную перагародку пабачыў Стэлу пад кропельніцай.

— Званіў Янчын, казаў, прывязе цуда-лекі, клініка – пад кантролем Калыванава, так што ўсё, што магчыма, зробяць... Стан небясьпечны, але пакуль яна ў той клініцы – будуць ратаваць. Нейкі новы ачышчальнік крыві ёй уводзяць. Лекі дарагія, дактары таксама... Усе мае зьберажэньні... Бацькоўскія... Я ж думаў сёньня зьязджаць... Усё роўна больш, відаць, нічога ня вынайду. А тут... Гэтыя людзі – без сантыментаў. Перастану на іх працаваць– аддадуць Стэлу ў шараговую бальніцу... Праклятая праца...

— Чаму? – зьдзівілася я. – Ты ж заўсёды радаваўся, калі ўдавалася вярнуць да жыцьця старажытныя рэчы, тым больш – гэта частка нашай гісторыі. І ўсяго адзін гадзіньнік засталося адрэстаўраваць...

— Ды хіба гэта рэстаўрацыя? – з горыччу ўсклікнуў Юрась. — Мне ж не даюць аднавіць разьбу, дзівосныя аздобы... Галоўнае – каб гадзіньнікі маглі разьбіваць шклянкі ды чаркі на пацеху турыстам. Глупства нейкае... Ведаеш, гэта ж я знайшоў Зьміцера Патапавіча, калі... калі ён захварэў. І я падабраў дакумент, які ён згубіў. Дакумент на нямецкай мове. Я не магу расчытаць...

Юрась працягнуў мне складзены ў чатыры столкі аркушык, пажаўцелы на згінах. Я разгарнула... Ксеракс ліста, пісанага, відаць, пяром на пергаменьце. Гэта адсюль прафесар у дзень нашага прыезду зачытваў фразу наконт шкляных сасудаў... Старажытнанямецкая мова, літары, нібыта востраверхія каптурыкі гномаў. Палову словаў не разьбяру. Але подпіс зразумелы: «Гервасі Бернацоні».

— Падобна, пятнаццатае стагоддзе! Каб перакласьці, трэба да знаўцаў схадзіць. Але чаму ж ты мне раней не паказаў? Я б, можа, дадала нешта ў свой артыкул!

Юрась нахмурыўся.

— Ведаеш, ня трэба, каб ведалі, што гэты ліст у мяне. Проста… па старым сяброўстве… перакладзі яго, калі ласка. Я табе патэлефаную заўтра ўвечары.

— Лепей дні праз тры, — удакладніла я. — Магу не пасьпець...

Юрась моўчкі кіўнуў галавой і паглядзеў на мяне сінім тужлівым позіркам, нібыта разьвітваўся назаўсёды.

— Бывай, Анэта. І прашу цябе – ніколі сюды не вяртайся. І з гэтымі людзьмі больш ня зьвязвайся. Нізавошта. Што б табе ні абяцалі, чуеш? Я ўжо сам... сёрбаць буду.

І пайшоў, не патлумачыўшы свае дзіўныя перасьцярогі. Ды што чакаць ад чалавека, у якога жонка памірае?

Плату я атрымала «з накрыўкай» – паўтары тысячы. Плюс аванс... Але радасьці не было. Гэтыя грошы датычныя да бяды са Стэлай... Гэта былі грошы за дамову з сумленьнем, да іх быццам прыліпла мая мана. Прытым, як ні дзіўна, я так і не зразумела галоўны сэнс маёй працы. Бо тое, дзеля чаго мяне наймалі – хутчэй выдаць кніжачку памяці Аркадзя Баркуна – нібыта гаспадароў перастала цікавіць. На мае роспыты, калі я ўбачу выдадзеную кніжачку, хто яе афармляе, у якой друкарні будуць друкаваць – гучалі няўцямныя адгаворкі. І зараз, ад’язджаючы, я раптам зразумела, што гэтая кніжачка ніколі ня будзе выдадзеная.

Загрузка...