І, гледзячы з вакна шыкоўнага «джыпа» на высокі бетонны плот, які ўсё аддаляўся, аддаляўся, я не хацела думаць ні пра таямніцы, ні пра людзей, якія засталіся за ім… Але не магла пазбавіцца ад трывогі.


За гарадской сьцяной закрычала сава, нібыта праклінала змрочны лістападаўскі золак. Адразу ж у муры расчыніліся малыя непрыкметныя варотцы, для віжоў і позьніх гасьцей. Для бясьпекі яны былі выкаваныя з суцэльнага жалеза і зробленыя так высока, што даводзілася апускаць лесьвіцу. Малады рыцар саскочыў на драўляны памост па той бок варотцаў.

— Хвала Госпаду, панове! Сёньня мы пераможам!

Дзясяткі два ўзброеных людзей, што чакалі яго вяртаньня, ухвальна адгукнуліся. Але іх прыветныя крыкі змоўклі... Усьлед за рыцарам з праёму ў сьцяне паказаўся барадаты вой у дзіўным востраканцовым шаломе, з двухбаковай сякерай, падобнай да Перуновага посаху. Прыхадзень выскаліў рэдкія зубы ва ўсьмешцы, што мусіла азначаць прывітаньне. За ім з варотцаў выбраўся яшчэ адзін у такім жа шлеме, яго русявая барада была даўжынёй у локаць... Потым яшчэ... Яшчэ... Чужынцы адзін за адным выпаўзалі з праёму ў сьцяне, нібыта іх спараджала пекла.

— Богуш, хто гэта? – гнеўна спытаў стары рыцар.

Маладзён горда выпрастаўся.

— Гэта ноўгарадцы. Яны дапамогуць нам прагнаць войска Вялікага князя.

— Што ты нарабіў, дурны, несьвядомы блазьнюк! – горка прагаварыў стары рыцар. – Вось цяпер – канец волі Старавежска... Няма больш нашага гораду...

Але малады толькі паціснуў плячыма.

— Вялікі князь з татарамі хаўрусаваў, з крыжакамі, а русічы ўсё ж – адзінаверцы.

— Не время балакать. Побъем псов неверных! – раўнуў правадыр русічаў, узьняўшы сваю сякеру. Чужацкія воі адказалі радасным крыкам. Богуш дастаў меч.

— Да вежы! У імя сьвятога Юр’я!

— Здрада! Ганьба! — крычаў сівы старавежац, але яго ніхто ня чуў.


Рожа страсянуў Карэйву за грудзі:

— Глядзі, што з тваёй хітрасьці сталася! Ноўгарадцы ў горадзе!

Блазан скрывіў бледныя вусны ва ўсьмешцы.

— Хіба першы раз ты б’ешся супраць іх?

— Ня першы... Але я не хачу, каб – апошні, – глуха прамовіў Рожа. – Іх ня тры тузіны... Яны ўжо на плошчы! Чуеш? Можа, даць знак ваярам, што ў засоцы за цэркваю?

З вокнаў даносіўся гул апантанай бойкі. Крыкі болю, крыкі нянавісьці, лязгат зброі — мова, на якой размаўляе ў часы сваёй весялосьці Сьмерць. Блазан паматаў галавой, званочкі на ягонай шапцы азваліся недарэчна бадзёра.

— Няхай усё ідзе як замысьлена. Хай увойдуць у вежу. А мы рушым лёхамі...

— Лёхамі? Куды?– разгубіўся войт.

— Хе-хе-хе... — загайдаўся Карэйва, і званочкі таксама засьмяяліся. — Ідзі за мной, пан Лаўрын... Мне ўсе таемствы гэтага будынку ў Вільні яшчэ ператлумачылі. Кляйнодам Карэйваў клянуся – праз гадзіну павядзеш сваё войска на прыхадняў, і зьнікнуць яны разам са здрайцамі-бунтаўнікамі ў пекле, толькі ключыкі ў вогненнае мора аддадуць. Хе-хе-хе...

Лекараў сакратар Энрыке нешта горача тлумачыў Анэце на італійскай мове і цягнуў у залу з гадзіньнікамі. Дзяўчына зайшла і скамянела ад зьдзіўленьня: у цэнтры залы стаяў, укленчыўшы, лекар. Ён нізка апусьціў галаву, і, падобна, маліўся. Анэта глядзела на ягоную прыгорбленую сьпіну і не магла паверыць, што гэта – той самы ўладны чараўнік, якога ўсе так баяліся. Але калі Бернацоні ўзьняўся з каленяў і павярнуўся да дзяўчыны, на яго твары не было адчаю. Толькі рашучасьць.

— Будзь побач, донна. Я ня ведаю, што тут адбываецца, чыя злая воля стаіць на перашкодзе – але, павер, я змагу абараніць нас.

І прамовіў горка:

— Прасьвятая Дзева, колькі разоў я даваў сабе слова, што гэтыя гадзіньнікі будуць маўчаць...

— Чаму на плошчы бойка? На горад напалі? – Анэта не хацела паказваць боязі, але голас дрыжэў.

— Ноўгарадцы, — коратка адказаў Бернацоні. – Віжы пра іх даносілі. Іх прыслалі на вывед. Атрад невялікі, мо сотня. Сьвержань былі разрабавалі, у Валатоўні двух чалавек пабілі. Так, зграя падлаедаў. Але яны патрапілі за гарадскія сьцены, у іх ёсьць у горадзе хаўрусьнікі...

— Шукай у сваім войску! Сярод старавежцаў здрайцаў няма, – запярэчыла Анэта. – А чаму ты ня ўзброены, чаму – ня там, дзе б’юцца? Нашыя рыцары ніколі не адседжваліся!

— Мая зброя – пры мне... – няўважна адказаў лекар, аглядаючыся па баках. – Добра, што не пасьпелі ўкласьці гадзіньнікі ў скрынкі.

Зьнізу даносілася гарланьне чужынцаў: «Бей! Бей! Не пускай! Давай!»

Бернацоні ўладна крыкнуў:

— Анэта! Адчыняй шыбы! Хутчэй! І дзьверы расчыні!

Лескевічанцы не аднойчы даводзілася быць разам са сваім горадам у аблозе, калі на мурах патрэбная дапамога ўсіх – жанчын, старых, дзяцей. Яна звычна, не перапытваючы і не марудзячы, кінулася выконваць загад, на першы погляд бязглузды – у расчыненыя вокны маглі паляцець стрэлы. Але падчас бойкі словы тых, хто кіруе абаронай, ня важацца. І не ўспамінаюцца старыя крыўды. Калі выбіраць між войскам Вялікага князя і атрадам ноўгарадцаў – дык лепей князь... Анэта ведала, што ейны бацька сказаў бы менавіта так.

— Усё гатова...

Бернацоні паправіў стрэлку на кожным з гадзіньнікаў, размаўляючы з імі, як з жывымі.

— Вы першы, гаспадар мой Пятро... Вы – другі, гаспадар Андрэй... Трэцяе слова за вамі, гаспадар Якубе...

Цяпер усе гадзіньнікі паказвалі розны час. Лекар адчыніў драўляны куфар і асьцярожна дастаў круглую шкляную пасудзіну. Анэта толькі цяпер заўважыла, што падлога размаляваная крэйдай – ад гадзіньніка да гадзіньніка ішлі роўныя лініі, перасякаючыся ў падабенства зоркі. Бернацоні беражліва паставіў свой шар у кропку, дзе сустракаліся яны ўсе. Потым асьцярожна апусьціў у шкляны шар невялікі паўмесяц са срэбра, нібыта русалчын серп.

— Пакуль гадзіньнікі павернутыя ад нас, тут, у сярэдзіне – самае бясьпечнае месца. І не варушыцеся, пакуль гадзіньнікі ня змоўкнуць.

Лекар стаяў, зьбялелы і суровы. Энрыке пасьпешліва штосьці засоўваў у вушы, мармычучы малітвы. Анэту пачало калаціць ад прадчуваньня небясьпекі... Яна разумела, што зараз зробіцца сьведкай магутнага чараўніцтва. Ці не загубіць гэта яе душу? Каго, з якіх нетраў выклікае на дапамогу лекар? Бернацоні, відаць, зразумеў яе боязь:

— Выкінь з галавы ўсе думкі пра вядзьмарства, маленькая дзікунка... Гэта ўсяго толькі зброя... Праўда, магутная, сьмяртэльная зброя... Страшнейшая за грэчаскі агонь. Бо б’е не па целах – па розумах. І не разьбірае, хто – вораг, хто – сябар.

— Дык усё-ткі з-за цябе – карагод сьмерці? Ты панішчыў наш горад?—закрычала ў жаху Анэта.

— Я зрабіў тое, што павінен быў зрабіць... — спакойна адказаў Бернацоні. – Голас маіх гадзіньнікаў можа толькі прысьпешыць тых, каго нянавісьць або страх прывялі да мяжы з шаленствам. Тысячы людзей топяцца... Кагосьці з іх саштурхнулі ў ваду... Нехта з саштурхнутых ня ўмеў плаваць... Чалавек можа толькі крыху, на паўкрока, дапамагаць Божай волі. Я таксама дапамагаю Божай волі. Ціха! Пачынаецца! Вітаю цябе, пані Сьмерць!

Анёл з цёмным драўляным тварам на адным з гадзіньнікаў паднёс да вуснаў пазалочаную трубу, срэбныя аблокі за ім зварухнуліся.

Звонкія тужлівыя ўдары... Другі гадзіньнік... Трэці... Удары, нібыта й ня надта гучныя – звон на званіцы царквы біў куды мацней – нібыта сыпаліся ў адзін жалезны куфар. Анэце здалося, нібыта ўсё вакол яе дробна дрыжыць, на нейкі момант яна перастала чуць – толькі гэтае дробнае дрыжэньне ды ўдары ўласнага сэрца. Хацела зрушыцца, уцячы – але цела нібыта трапіла ў густы мёд.

— Госпадзе, выратуй! Прасьвятая Багародзіца, памажы! Сьвяты Юры, паратуй! Сьвяты Юры, паратуй!

Анэта ўсьвядоміла, што яе вусны зноў пачынаюць выкрыкваць малітву шалёнага карагоду. Рукі зьледзянелі – нібыта за іх зноў ухапіліся вар’яты-сьмяротнікі... Раптам срэбны серп у шкляной сферы зварухнуўся і пасунуўся ўправа. Яшчэ, яшчэ... Павольна, потым усё хутчэй закруціўся, нібы трэска трапіла ў вір. Вочы Бернацоні гарэлі перамогай адчаю – лекар сьвяткаваў, нібыта паранены вой, якога ішлі зьняволіць, а ён у апошні момант падмануў ворагаў – загнаў сабе пад рэбры асколак, здавалася, ужо бескарыснага, бясьсілага мяча...

Вось чарга дайшла да апошняга гадзіньніка. Фігура сьмерці на ім прыўзьняла складзеныя ў малітве рукі, нібыта рыхтавалася ўдарыць нябачным мечам у манеты, што былі рассыпаныя пад яе нагамі... Трыццаць залатых манетаў.

— Анэ-эта!

Дзяўчына ўпала на калені... Яна вар’яцее!

— Анэта! Гэта я, Богуш! Я прывёў войска вызваліць цябе! Дзе ты, Анэта? Адзавіся!

Голас гучаў побач, дзесьці ў будынку.

Гэта ня сон... Чараўнік падмануў яе! На ратушу напалі ня ворагі, гэта ідуць свае, старавежцы! Богуш жывы! Але зараз ён страціць розум... З ім здарыцца тое, што з тысячамі іншых...

З яе нібыта ўпалі ланцугі. Дзяўчына маланкава кінулася да сферы, у якой круціўся срэбны паўмесяц, узьняла і з сілай кінула яе аб каменную падлогу. Аскалёпкі пырснулі срэбным дажджом. Лекар гнеўна закрычаў, але Анэта ўжо бегла па калідоры ратушы, выкрыкваючы імя, якое не наважвалася паўтараць нават у думках, каб не вярэдзіць боль.

Яна падбегла да вінтавой лесьвіцы, зьнізу па прыступках рыўцом падняўся рыцар... Яе рыцар... Ён схапіў яе ў абдоймы.

На хвілю для іх перастала існаваць усё.

— Я ведаў, што ты жывая... Што я вызвалю цябе... Ніякія чары нас ня спыняць. Ты ведаеш, хвілю таму мне падалося, што настала вогненная ноч! Я нават забыўся, хто я...

За сьпінай рыцара навісьлі цені. Анэта спалохана адхіснулася.

— Богуш! Русічы!

Рыцар пагладзіў дзяўчыну па залатых валасах рукою, на якой запяклася чужая кроў.

— Ня бойся, яны – нашы хаўрусьнікі.

Анэта неўразумела глядзела на барадатых людзей у востраверхіх шлемах.

— Хаўрусьнікі? Дык гэта – тваё войска, Радчыц?

Багуслаў нахмурыўся.

— Ня горшае за іншыя. Старавежцаў засталося мала... І ня ўсе, хто выжыў, захавалі мужнасьць воя. Чаму б ноўгарадцам не памагчы нам выгнаць войска Вялікага князя? А ты схуднела, любая... Змучылася... Пакажы, дзе лекар! Я заб’ю яго!

Анэта глядзела на Багуслава, і боль разрываў ейнае сэрца.

— Богуш, пачакай! Каму будзе належаць горад пасьля таго, як твае хаўрусьнікі пагоняць княскае войска?

Багуслаў нахмурыўся.

— І ты, як твой бацька... Пасьля будзем думаць. Галоўнае – перамагчы! Дзе лекар?

— Пан Радчыц! Яго д’ябальскія скрынкі – там, у зале! – азваўся адзін з вояў. – А лекар, відаць, зьбег.

— Знойдзем падлюку. Пайшлі, Анэта...

Богуш ласкава паклаў руку ёй на плячо. Але дзяўчына ў жаху глядзела на аднаго з чужынцаў, які засоўваў за пояс адабраны ў кагосьці меч, упрыгожаны дыяментамі, вялікімі, як вочы сарны... Анэта разгледзела на лязе выбіты малюнак – вершнік на кані... Герб Старавежску... Што робіцца ў яе горадзе! Дабро і зло перамешваюцца ў страшным віры часу, але ўсё-ткі ня робяцца адным, як ня робяцца адным вада і воск. Вялікі князь прыслаў лекара з ягонымі д’ябальскімі машынамі, каб той дапамог прывесьці горад да пакоры... Богуш прывёў ноўгарадцаў, каб выгнаць лекара... Хтосьці са старавежцаў стаў на бок Богуша, другія, мабыць, б’юцца побач з воямі Вялікага князя супраць ноўгарадцаў... І ў выніку – свае забіваюць сваіх. Няўжо гэта з-за яе, Анэты? Госпадзе, як зразумець, дзе – праўда?

І дзяўчына раптам адштурхнула свайго жаніха і кінулася ўніз па лесьвіцы. У гэтае імгненьне з плошчы данёсься магутны крык:

— Сьвяты Юры! Бі, бі! Сьвяты Юры!

Войска Вялікага Князя выйшла з засокі.

— З вежы анікога не выпускаць! – крычаў голас Лаўрына Рожы. – Здрайцаў і ведзьмакоў не шкадаваць!

Над Старавежскам зноў поўз горкі дым, нібыта ён ніколі ўжо ня сыдзе з гэтага гораду.


Я зьезьдзіла да маці — нарэшце магла дазволіць сабе прыстойныя гасьцінцы. І хаця дармовыя ўрокі пра тое, як трэба жыць, і за каго мне лепш выйсьці замуж, былі горш, чым колішнія ўрокі палітычнай эканомікі, але пры кожным поглядзе на сьсівелыя матчыны валасы ў мяне сьціскалася сэрца ад невыпраўнага пачуцьця вінаватасьці, і я адцягвала ад’езд. Можа, і праўда – кінуць той горад, дзе я так і не навучылася выжываць, перабрацца сюды, папрасіцца ў раённую газету...

Не, невыносна вярнуцца няўдачніцай. Дый маці сама па-ранейшаму мела планы наконт пераезду – колькі сябе памятаю, яшчэ бабуля была жывая, доўжылася гульня ў абмен нашай кватэркі ў самотным двухпавярховым панэльным доме сярод бульбяных «сотак»... Шукаліся па аб’явах варыянты. Ды не ў сталіцы ці якім абласным горадзе – а паэкзатычней... Напрыклад, у малдаўскім Ціраспалі, або ва ўкраінскім Нікалаеве. Справа заканчвалася матчынай паездкай – паглядзець кватэру. Але на месцы абавязкова выяўляўся нейкі недахоп – побач заводская труба, або аэрапорт, ці дом крыва збудаваны... Я здагадвалася, што мы ніколі нікуды не пераедзем. Але ў нас заўсёды была надзея на Вялікія Зьмены ў жыцьці.

Можа, таму я і не люблю цяпер ніякіх планаваньняў.

Пасьля таго, як былая аднакласьніца прыйшла да мяне з бутэлькай «чарніла» аднавіць колішняе сяброўства і прадэманстравала ў ветлай усьмешцы залаты зуб, і пачала распавядаць пра лупцоўкі мужа, і як на танцах у клубе парнулі Аньчынаму хлапцу пад скабы шылам, я вырашыла, што час зьязджаць...

І ў чарговы раз дала сабе слова – знайсьці добрую працу, набыць у Менску вялікую кватэру, перавезьці туды маму...

І ўжо калі мы чакалі аўтобуса на прыпынку пад перакошанай, паіржавелай шыльдай, на якой яшчэ красаваліся парэшткі мінулагодняй улёткі з кавалачкам глянцавай фізіяноміі раённага кандыдата ў дэпутаты, — адна ўсьмешка, як ад Чэшырскага ката, — маці прамовіла:

— Ты, відаць, закахалася...

Я разгубілася. Чаму яна так вырашыла?

— Не пярэч, хіба я ня бачу... Закахалася па вушы. І, як заўсёды, няўдала. Ды плюнь ты на яго, хто б ён ні быў! Знойдзеш лепшага. А то ўздыхае, пераймаецца... Шкода глядзець.

Я пачала абурана тлумачыць, што ўсё ня так, але, бразгаючы іржавым начыньнем, падышоў аўтобус.

А ўвечары патэлефанаваў Юрась. Увесь устрывожаны – дзе я падзелася? Было няёмка – я ж забылася на яго паперчыну са старанямецкім тэкстам. Нічога, заўтра ж перакладу... Пра тое, што адбываецца ў Людвісарава, з Юрася аказалася выцягнуць гэтак жа лёгка, як адабраць у райтвелера сваю пальчатку. «Нармальна», «Працую» – і ўсё...

— Паслухай, а ў якой бальніцы ляжыць Стэла? Можа, наведаць?

Юрась, здаецца, узрадваўся і ўсхваляваўся ад маіх словаў – дзівак, ня мог сам папрасіць. Назву клінікі я чула ў нейкай рэкламе – «Медсервісцэнтр «Гіпакрат». Будынак на ўскраіне, ля нядаўна заснаванай «рэзервацыі для багацеяў» – пасёлка шыкоўных катэджаў.

З трубкі ўжо хвіліны тры пішчэлі сігналы, нібыта ўся тэлефонная сетка спрабавала дакрычацца да маёй сьвядомасьці. Але сьвядомасьць была замкнутая на філасофскім пытаньні, справакаваным матчыным «прагнозам» пра мой эмацыйны стан: «Чым ёсьць мае адчуваньні да Юрася?» Вінегрэт выключны: шкадоба, цікавасьць, некаторая рэўнасьць (так, так, прызнайся ж), раздражненьне, трывога... Бог ведае, што яшчэ... Толькі не каханьне! Не, ніяк не каханьне! Як там у Стэндаля: перыяд крышталізацыі, голая галінка, апушчаная ў саляны раствор, абрастае цудоўнымі ўпрыгожваньнямі... Гэтак мусіць адбывацца з вобразам каханага. Паколькі я Юрася не крышталізую, няма неадольнага жаданьня бегчы да яго, быць побач, то...

Проста хворае ўяўленьне – мне ўсё трызьніцца, нібыта ён топіцца ў нейкай багне... Сам жа туды ўскочыў. Ды яшчэ мяне цягнуў...

Ды якая мне справа да чужога мужа? Жыла неяк без яго адзінаццаць гадоў, і амаль не ўспамінала.

А тут яшчэ пазваніў былы аднакурсьнік, які цяпер працаваў у заняпалай беларускай газетцы, і прапанаваў працу... Відаць, справы былі ў іх зусім дрэнь – бо мяне меркавалася заманіць на пасаду не шараговага журналіста, а адразу – адказнага сакратара. Зарплата невялічкая...

— Затое ўсе творы твае выдрукуем! – горача абяцаў аднакурсьнік. – Зробім з цябе вядомую пісьменьніцу! Карыстайся момантам...

Бедная літаратура, калі пісьменьнікаў можна рабіць з такога... матэрыялу. А відаць жа, робяць.

Але я абяцала падумаць.

А пакуль паехала адведаць «зорачку»-Стэлу. Будынак клінікі ўвесь у чорным люстраным шкле, нібыта ўваход у іншае вымярэньне. Здавалася, праз гэтае шкло можна прайсьці, як праз пералівістую, пругкую плёнку, і апынуцца ў сваім мінулым, дзе няма цяперашняга болю... Але ў гэтых сьценах панаваў боль. Боль і страх працялі сьветлыя чысьцюткія калідоры, струменілі з галагенавых сьвяцільнікаў, выпаўзалі нябачнымі смаўжамі з палатаў, абсталяваных па апошнім слове...

Да Стэлы Дамагурскай мяне не пусьцілі. Рэанімацыя, цяжкі стан... Пост нумар чатыры. Але я ўявіла, што мне ня будзе чаго распавесьці ўсхваляванаму Юрасю, акрым сухіх словаў рэгістратаркі... І пяцьдзясят даляраў Баркуновай удавы знайшлі сабе лепшую гаспадыню. Я заўсёды дзіўлюся – як у мяне прачынаюцца дзелавыя здольнасьці, калі трэба вырашыць чужую справу.... І наколькі я разгублена пачуваюся, калі трэба вырашыць сваю. Неяк на першым курсе мы з сяброўкай з дзіўным імем Пелагея стаялі ў чарзе па нейкую касьметыку – я яшчэ засьпела эпоху чэргаў. Ахвотных было як маку, пачалі пагаворваць, што на ўсіх ня хопіць...

— А ты памаліся, папрасі Бога, каб табе хапіла тушы і памады! – шчыра параіла Пелагея. – Я заўсёды так раблю...

Я ўявіла, як зьвяртаюся да Госпада з просьбаю пра памаду... І мне стала так сорамна! Ну здароўя прасіць... Цярплівасьці... Мудрасьці... А то – пушачку замежнай памады! І ўвогуле, дзеля такой нявартай рэчы я губляю свой час, злуюся, кідаю цень на душу... Карацей, сышла я з чаргі. Так і жыву... Чэргі абыходзячы.

Маладзенькая медсястра, спакушаная маёй паўсотняй, дала мне белы халат і шапачку і нават прымусіла начапіць марлевую павязку. У калідоры я ўсьвядоміла, чым усё-ткі адрозьніваецца прыватная клініка ад дзяржаўнай. Не чысьцінёй і абсталяваньнем, а... пахам. Відаць, тут сьпецыяльна ўжывалі вохкія мыйныя сродкі, таму што ў калідоры пахла хвояй. Я ўспомніла свае знаходжаньні ў бальніцы, вялізныя скураныя пантофлі, падобныя да раздушаных чарапах, з накрэмзаным алейнай фарбай нумарам аддзяленьня... Фланэлевы халацік «эканамічнага колеру»... Смурод хлоркі і бальнічнай ежы... Фу.

— Ну вось, пост нумар чатыры... – прашаптала мне мая спадарожніца. – Заходзіць ні ў якім разе нельга. Туды, акрым галоўнага ўрача і медсястры, прымацаванай да паста, нікога не пускаюць. Паглядзіце праз шкло на вашую сваячку... І пойдзем, пакуль ніхто не заўважыў.

Стэла ляжала на ложку, падобным да прылады для катаваньня. Антураж быў адпаведны... Сюрэалістычны. Трубкі, па якіх у яе вены пералівалася нейкая празрыстая вадкасьць... Страшны «гармонік», падобны да пачварна разрослай дзіцячай цацкі, рытмічна сьціскаўся і распростваўся, ад яго ішоў гумавы шланг да маскі, што закрывала твар хворай... Штучныя лёгкія, здагадалася я. Збоку на экране беглі ламаныя лініі.

...Чорныя валасы, раскіданыя па падушцы, пакінуў ветрык... Але больш за ўсё мяне ўразіла рука Стэлы, у якую была ўторкнутая голка кропельніцы. Скура пажаўцелая, а пальцы нават з сінізной... Пазногці счарнелі...

— Кома, – прашаптала медсястра. – Такія, бывае, гадамі ляжаць. Адзін наш доктар лічыць, што яны ўсё чуюць, прымушае размаўляць, як з прытомнымі. А навошта? – Медсястра скрывіла сімпатычны тварык, на хвілю прыпадобніўшыся мульцяшнаму Трусіку. –Такіх хворых ведаеце, як персанал заве? «Гародніна!».

Што ж, я дапамагчы нічым не магу.

Унізе, у калідоры, што выходзіў у вестыбюль, я прысела ў самым цёмным куточку, каб трохі супакоіцца і пачакаць медсястрычку, якая, відаць, пачувала, што ня цалкам адпрацавала свой ганарар і намовілася прынесьці мне карысныя брашуркі пра наркаманію і яе наступствы, непрытомныя станы і падобныя сумныя рэчы.

У калідорах не было шматлюдна, але адчувалася звыклая працоўная мітусьня. Удалечыні мільгалі фігуры ў белых халатах, нешта стукала.

— Цябе што, на чацьвёрты пост прызначаюць, Кацярына? – пачуліся ціхія галасы з-за прыадчыненых дзьвярэй побач, за якімі лілася вада і бразгалі невядомыя прылады.

— Не, на пяты.

— А-а, тады добра...

— А што такое?

— На чацьвёртым пагана...

— Хворая зусім безнадзейная?

— Ды ўжо ж... Безнадзейней не бывае, – голас панізіўся да шэпту. – Мёртвая яна.

— Што?!!

— Ціха... Дакладна кажу – труп прывезьлі з бальніцы хуткай дапамогі. Прыгожая такая дзеўка, з чорнымі валасамі. Наркаманка, ад перадазіроўкі загнулася. Фармалін ёй у вены напампавалі. А электроніка з суседнім боксам спараная.

— І навошта гэта?

— А ты меней пытайся... Камусьці трэба, каб гэтая дзеўка лічылася жывой. І ў мяне моцныя падазрэньні, што трэба гэта чалавечку не апошняму ў нашым паскудным сьвеце. Хто на чацьвёртым пасту сядзіць – трайная аплата. За маўчаньне. Але я кажу – ня трэба мне дармовых грошай, лепей у гнілыя справы ня лезьці. Так што будуць прапаноўваць на чацьвёрты – адкручвайся. Толькі выгляду не падавай, быццам нешта ведаеш. А то і ў нашай клініцы не адратуюць.

— А ты адкуль дазналася?

— Антонаўна, дай ёй Бог здароўя, папярэдзіла.

У калідоры пачуліся лёгкія крокі майго правадыра па медыцынскім пекле, уцялесьненага ў асобе сімпатычнай медсястрычкі.

У маёй улюбёнай маленечкай кавярні, падобнай да куфра для перлінаў, замест перлінаў знаходзілася некалькі высокіх крэслаў, столік-палічка, тэлевізар пад стольлю й бармэн Жэня, які выдатна рыхтаваў каву па-турэцку. Жэня нават «касіў» пад турка, па-пірацку павязваючы галаву чырвонай хусткай і апранаючы кашулі з пальмамі. Але ад гэтага бармэн — дабрадушная паўнаватая фізіяномія, вейкі сьветлыя, нібы выгарэлі,— нагадваў англійскага півавара. Джэк Ячменнае Зерне.

Тут быў утульны прыцемак, сьпіртное не прадавалася, а бармэн прызнаваў толькі лацінаамерыканскую музыку (хаця лагічней было б – турэцкую), і тэлевізар на поўную гучнасьць не ўключаў . «Ай-йа-рррыба-йа-ррыба... Ё но сой марынэра, сой капітан...» Я не марак, я капітан —сьцьвярджаў невядомы лацінас, супадаючы ў памкненьні адпавядаць сваёй выдуманай, прысьнёнай Персоне з усім нашым грэшным сьветам... Толькі такія няўдачнікі, як я, могуць нудзець на адваротнае, здымаючы з сябе званьне й лішнюю адказнасьць.

Як я і спадзявалася, у кавярні, акрым мяне, не было нікога. Па тэлевізары ішоў нейкі бразільскі серыял, перабіваючы задушэўнымі дыялогамі браваду самазванага капітана. Я няўважна паглядала на экран, дзе чарговая Анна-Марыя высьвятляла з чарговым Маркам-Антоніем, што з імі было да страты памяці, і хто падмяніў іх дзіця, і дзе сапраўдны запавет багатага дзядзькі-плантатара. Я піла сваю каву, моцную, нібыта кроў цмока, глядзела ў шурпатую, стылізаваную пад старую драўніну, сьцяну і спрабавала супакоіцца. Але на вочы ўвесьчасна наварочваліся сьлёзы. Я ўспамінала, як тонкія рукі мастачкі луналі над карцінай, якая выпроствала свае фарбы з першароднага белага хаасу. Як я вяла амаль непрытомную Стэлу з душа, а потым яна мне расказвала пра карціны Рэрыхаў. І як яна малявала на целе Юрася казачныя ўзоры, нібыта хацела ператварыць яго ў казачнага героя, Юрась цалаваў яе, а я, незаўважаная, назірала і страшэнна раўнавала... Бедная Стэла... А яшчэ ў грудзях маіх варушыўся халодны страх. Я, здаецца, магла адказаць на пытаньне з размовы медсясьцёр – навошта ўтойвалі, што Стэла памерла. Каб Юрась працягваў думаць, што жонку трэба ратаваць, і працягваў працу над д’ябальскімі гадзіньнікамі. Час ад часу прывязуць яго, пакажуць відовішча за шкляной перагародкай... Няўжо мой былы муж такі «незаменны кадр»? Я ўспомніла словы Калыванава пра тое, што «нашыя самародкі ўсіх замежных у лапці абуюць». Што ж, магчыма, Юрась быў для гаспадароў нечым накшталт бабкі-шаптухі, да якой зьвяртаюцца пасьля таго, як дыпламаваныя дактары аказаліся бясьсілымі. Я паведамлю яму пра Стэлу... Ён, вядома, адразу кіне працу і пачне гараваць. Ды яшчэ разборкі з гаспадарамі ўчыніць. Але я ня думаю, што людзі, якія здольныя на падобныя «інсцэніроўкі», яго так проста адпусьцяць. Знойдуць іншыя «спосабы ўзьдзеяньня». Выходзіць, лепей маўчаць...

«Вы яшчэ варыце бялізну? Значыць, мы ідзем да вас!» — аптымістычна заблагаў тэлевізар.

Па расейскай праграме пачаліся навіны. «Алігарх Пётр Калыванаў балатуецца на пост губернатара», — абвясьціў дыктар у прыемных інтэлігенцкіх акулярах з тонкай аправай, за якімі хаваліся маленькія нядобрыя вочы. – «Калыванаў — вядомы мецэнат, у яго перадвыбарчай праграме шмат увагі ўдзелена сацыяльнаму боку. Але ягоны праціўнік, вядомы пісьменьнік Васіль Засенін, паводле папярэдніх апытаньняў, карыстаецца ў насельніцтва вобласьці нашмат большай папулярнасьцю».

Калыванаў усьміхаўся на адкрыцьці нейкай дабрачыннай бальніцы, ягоны супернік прамаўляў нешта пра вялікую рускую нацыю перад купкай вельмі сур’ёзных людзей працоўнага выгляду.

Мяне перасмыкнула. Мецэнаты... Калекцыянеры... І яшчэ на Беларусі кавалак ухапіць хочуць. А Стэла ляжыць пад страшнымі апаратамі, і душа яе беспрытульная, можа, б’ецца ў белыя сьцены мецэнацкай клінікі, як заблукалы матыль...

Чаму столькі клопатаў вакол старых гадзіньнікаў? Няўжо іх сярэднявечныя таямніцы нечага вартыя сёньня? З-за чаго пакутуе Юрась? Я адчувала, што разгадка ад мяне блізка, літаральна пад носам. Я прыжмурыла вочы і пастаралася прыпомніць свае сны, у якіх часта зьяўляліся гадзіньнікі. Усплывалі нейкія адрывістыя малюнкі. Гадзіньнікі стаяць у коле... Лекар гаворыць: «Гэта зброя»... Можа, дарэмна я не прыслухалася да парады псіхатэрапеўта Макса і не запісала сваіх сноў? А ў рэальным жыцьці трэба было б яшчэ пашукаць дакументаў...

А ліст, што папрасіў мяне перакласьці Юрась! Як я магла забыць! Неадкладна адшукаць маю былую выкладчыцу Галіну Сьцяпанаўну...

Калі я разьвітвалася з бармэнам, той падарыў мне спачувальны позірк.

— Што, спадарыня, «прадынамілі» вас ? Не сумуйце, такая красуня не павінна сумаваць. Каханьне мусіць даваць насалоду абаім, іначай яно ня вартае кубачка кавы.

Я злосна ляпнула дзьвярыма кавярні. Якая яму справа...

Галіна Сьцяпанаўна, як і колісь, па-еўрапейску падцягнутая, у старасьвецкім сарафане і блузцы, з кароткай стрыжкай, толькі яшчэ больш сьсівелая, сустрэла мяне строга.

— Рада бачыць вас, Ганна Іванаўна. Даўно не заходзілі. Год... восем, мусіць?

Погляд праз акуляры быў надта афіцыйны. Галіна Сьцяпанаўна мела права сердаваць. У свой час я цэлы год хадзіла на ейныя курсы, а патрапіць туды было нялёгка. Галіна Сьцяпанаўна — перакладчыцкі «ас», часта езьдзіла за мяжу, займалася мастацкім перакладам. Я аказалася здольнай вучаніцай і, дзякуючы Галіне Сьцяпанаўне ўдзельнічала ў конкурсе, і апынулася на студэнцкіх курсах у маленькім нямецкім гарадку пад Берлінам. Год у Нямеччыне мог стаць вызначальным для ўсяго майго жыцьця... Але я вярнулася, дала нырца ў журналістыку і на нямеччыну забылася.

Убачыўшы ліст, Галіна Сьцяпанаўна памякчэла. Усё-ткі прафесійны інтарэс.

— Цікавы дакумент. Надзвычай цікавы. Дарэчы, скапіраваны з арыгіналу, які захоўваецца ў Берлінскім гістарычным архіве. Пазнаю куточак іхняга штампу. Кажаце, працуеце над кнігай? Выдатна... Але баюся, што дакладна перакласьці мне будзе цяжка. Пятнаццатае стагоддзе, дыялект...

Я ўпрасіла Галіну Сьцяпанаўну, як магла, паспрабаваць перакласьці зараз жа, ну хоць збольшага... Нават зрабіла спробу прапанаваць ганарар – але мая былая выкладчыца толькі кінула на мяне суровы погляд і пачала здымаць з паліцаў слоўнікі... Відаць, нешта ў маім выглядзе сьведчыла наконт «справы жыцьця і сьмерці».

Дзесьці праз гадзіну на аркушыку паперы быў запісаны тэкст, перасыпаны шматлікімі пытаньнямі і пададзенымі ў дужках варыянтамі словаў.

— Чым так перакладаць, дык лепей ня брацца... – абуралася Галіна Сьцяпанаўна. – Гэта абсалютна непрафесійна! – былая выкладчыца ня стала менш патрабавальнай да сябе. Але прачытала, што атрымалася.

«Яго высокасьці курфюсту Фрыдрыху ІV Нюрнбергскаму... Вартыя найвялікшага захапленьня справы (дзеяньні?) Вашай сьветласьці... і жалю высілкі (злачынствы? учынкі?) вашых ворагаў... Я, доктар Бернацоні, які скончыў Падуанскую акадэмію з найвышэйшымі ўхваламі прафесароў, абазнаны ў лекарскіх навуках, і навуцы чытаць (прадказваць?) зоры, і ў механіцы, здольны рабіць усялякія механізмы і штукарствы(?)... дзеля карысьці сьвятлейшых асобаў... знаходжуся ў нястачы й заняпадзе, бязвінна перасьледуемы ганіцелямі і паклёпы церпячы... Валодаю, па Божае літасьці, сакрэтам, як мудраму абараніцца ад шматлікіх ворагаў, прыводзячы іх да шаленства, наканаванага ім іх грахамі (лёсам?)... Калі Яго высокасьць курфюст дасьць згоду вылучыць мне штогадовае ўтрыманьне ў дзьвесьце дукатаў, і ахвяруе дзеля вырабу (стварэньня?) маіх дзівосных (нетутэйшых?) механізмаў яшчэ тры тысячы дукатаў, праз два гады я буду мець гонар паказаць, як дзейнічаюць (ходзяць?) мае машыны, якія пачнуць адлічваць час сьмерці для ворагаў Яго высокасьці... Машыны мае многа дзівосаў (вытвараюць?) Які б сасуд, шкляны або парцалянавы ні паставіць у іх кола, ён будзе разьбіты іх голасам. І гэтак станецца са злымі намерамі. Я падару майму пану ўладу над тысячамі (паганцаў?), і ніхто ня зможа зайсьці ў замак, дзе будуць працаваць мае машыны, бо яго будзе цягнуць да сябе... (танец? карагод?) Застаюся ў чаканьні Вашага найлітасьцівага рашэньня...

Гервасі Луіджы Бернацоні, доктар».

— А гэта досыць тыповы тэкст для таго часу, — задумліва пракаментавала Галіна Сьцяпанаўна. Заўважыўшы маё зьдзіўленьне, патлумачыла: – Такіх вынаходнікаў у Еўропе было пры кожным двары... Леанарда да Вінчы на працу наймаўся, таксама дадаваў «прэс-рэліз»: «У мяне ёсьць планы мастоў, вельмі лёгкіх і трывалых, надта прыдатных да пераносу... Я знайшоў спосабы, як зруйнаваць любую крэпасьць або іншае ўмацаваньне, калі, яно, вядома, не збудаванае на скале... У мяне ёсьць чарцяжы для вырабу гарматаў, надта зручных і лёгкіх у транспарціроўцы, з дапамогай якіх можна раскідваць маленькія камяні падобна граду... Я магу стварыць катапульту, балісту ці іншую машыну зьдзіўляючай моцы...» і гэтак далей. Прапаноўваў своеасаблівыя правобразы танкаў, верталётаў, падводных лодак...

— І што, Леанарда праўда ўсё гэта рабіў? – спытала я.

— Ніводзін уладар яму не паверыў. І аўтару гэтага ліста, я думаю, адмовілі...

На разьвітаньне Галіна Сьцяпанаўна ўручыла мне новую праграмку сваіх курсаў.

— Хоць на сустрэчу з нямецкімі паэтамі прыдзіце... Калісьці ж цікавіліся.

І, уздыхнуўшы, парушыла еўрапейскую этыку ня лезьці ў чужыя прыватныя справы.

— Такой сур’ёзнай дзяўчынай вы былі, Ганна. Разумею, маладосьць, эмоцыі, пачуцьці... Але галаву губляць нельга. Калі, вядома, у ёй усё-ткі прысутнічае нейкі інтэлект.

Мая ўстрывожанасьць, пэўна, за літоўскую вярсту відаць...

Тым больш атрыманыя зьвесткі спакою не дадалі.

А ўвечары патэлефанаваў Юрась.

— Ну як там Стэла?

Я сабралася з духам і дала цалкам праўдзівы адказ.

— Падобна, яна ў тым стане, што і была...

Юрась памаўчаў і задаў другое, ня менш крызіснае, пытаньне.

— А ліст ты пераклала?

Мне зноў давялося напружвацца.

— Пераклала... Але я б хацела расказаць пра гэта пры асабістай сустрэчы.

Юрась зноў памаўчаў, але, калі загаварыў, голас ягоны гучаў зусім спакойна.

— А я б не хацеў, каб ты зноў сутыкалася з гэтымі людзьмі.

Я запэўніла, што маю сказаць нешта важнае.

— Ну, хіба на нейтральнай тэрыторыі? – няўпэўнена прамовіў Юрась.— Назаўтра я папрасіўся ехаць у Старавежск, глядзець, як гадзіньнікі ў ратушы разьмяшчаюцца. Пастараюся там застацца адзін. Я ня маю аніякага права цябе турбаваць... Але калі б ты пад’ехала на ранішнім аўтобусе...Там новая кавярня ёсьць, насупраць вежы, з нейкай гатычнай назвай...

— Я прыеду.

Сказала – і сама зьдзівілася.

Таямніца выглядала небясьпечна, быццам іржавы іспанскі бот. Як дзейнічалі гадзіньнікі Бернацоні? Разьбівалі розум, нібы шклянку? Быў у старажытным Мецы звон, з дапамогай якога каралі асуджаных. Прывязвалі да слупа на пляцоўцы званіцы, разгойдвалі доўгай вяроўкай язык звону... На дзясятым удары асуджаны страчваў слых, на сотым – у яго лілася з вушэй кроў. Дзьвесьце ўдараў – і чалавек назаўсёды ператвараўся ў «гародніну», як сказала б медсястрычка з клінікі «Гіпакрат». А яшчэ адзін звон, у іспанскім мястэчку Гарда, называлі «тарантэлай». Бо калі ён званіў, усім карцела прытанцоўваць. У старажытных кельтаў паэты-сьпевакі, філіды, лічыліся магамі, нават з маленства праходзілі дванаццацігадовае навучаньне ў закрытых школах... Іспыт на званьне майстра – выканаць тры песьні: адну, ад якой плачуць, другую, ад якой сьмяюцца, трэцюю – якая ўганяе ў сон. Была і адмысловая песьня-праклён, гламдзікін. Каму яе сьпяюць – у таго на твары выскокваюць тры рознакаляровыя болькі – ганьбы, сораму і абразы. А далей – сьмерць...

Я зноў і зноў спрабавала ўспомніць нешта са сваіх сноў. Відаць жа, што мая падсьвядомасьць у «змрокавым стане» больш пасьпяхова разгадвала загадкі. Нібыта я і чорны лекар стаялі ў цэнтры кола... Але гэта, бадай, усё, што мне ўдалося прыпомніць.


...Анэта пазірае праз іржавыя краты на вялікакняскі суд, і ёй здаецца, што гэта не яна замкнёная ў клетку, а панове суддзі, а яна проста наблізілася, каб разгледзець іх... Біскуп паклаў руку на сэрца, нібыта моліцца... А можа, слухае, ці ёсьць яно ў яго, сэрца? Войт Лаўрын Рожа сядзіць такі змрочны, быццам яго прызначылі кіраваць могільнікам. Затое соцкі Баркун пераможна пазірае вакол, не прыбіраючы рукі з дзяржальна мяча, нібыта чакае нападу. Магчыма, на гэтым мячы – кроў старога Ляскевіча і маладога Радчыца, зьмяшаная з крывёю чужынцаў...

— Я буду сьведчыць супроць цябе, — цёмны твар Марцэлі – побач, па той бок кратаў. Анэта ўздрыгвае – ці ня першы раз яна чуе, як Марцэля размаўляе? Дзяўчына доўгі час думала, што старая – нямко.

— Чаму ты так са мной? – ціха прамаўляе Анэта. – Я не зрабіла табе нічога благога...

Марцэля глядзіць на дзяўчыну амаль абыякава – у яе вачах няма радасьці, як у вачах гаспадыні, што выполвае гожыя валошкі са сваёй грады. Толькі пэўнасьць, што так трэба рабіць.

— Ваш род мусіць згінуць.

— Чаму?

Старая нейкі час моўчкі варушыць вузкімі вуснамі, нібыта словы прыліплі да іх.

— Я была жрыцай.

— Што? – Анэта яшчэ ня страціла здольнасьці зьдзіўляцца.

Марцэля жорстка крывіць вусны.

— Нашае капішча месьцілася за дзьве вярсты адсюль. І малады Ляскевіч прыносіў Лялі галубоў і маладзенькіх авечак, і іншыя дарункі, якія належыць дарыць багіні каханьня. Лель яго звалі... Лель блакітнавокі...

Анэта здагадваецца, пра якія дары гаворыць Марцэля, і ня можа ўявіць бацьку побач з аголенай маладой дзяўчынай – магчыма, гэтай жа Марцэляй, — а вакол скача карагод, і грае шалёная музыка, і гудуць абцягнутыя ваўчынай скурай барабаны... Не, гэта немагчыма... Бацька – шчыры хрысьціянін...

— Яго звабіла твая маці. Ён ахрысьціўся і прадаў старых багоў. І прывёў на нашае капішча, пра якое ведалі толькі абранцы, хрысьціянскіх вояў... Я была зусім дзяўчынкай, і мяне пашкадавалі. Ахрысьцілі... Далі іншае імя... І Ляскевіч узяў мяне ў свой дом прыслугай. А я была жрыцай! Я служыла толькі багам!

Твар жанчыны перакрывіўся нянавісьцю. Анэта ўсьвядоміла, што Марцэля не такая ўжо старая... А тая працягвала шаптаць, нібыта мінулагодні трысьнёг варушыўся пад сіверам.

— Багі не даруюць. Яны пакаралі тваю маці... Яны – ня я, бо іх воля праяўляецца ў зёлках, насычае іх жыцьцядайнай або сьмяротнай моцай. Я магла лёгка згасіць і тваё слабенькае жыцьцё – але волі багоў на гэта не было. Я сышла з вашага дому далей ад спакусы. А цяпер — усё будзе давершана.

Марцэля паклала руку на вялізны крыж, што вісеў на яе высахлых грудзях.

— Сёньня я для ўсіх – праўдзівая хрысьціянка, а ты – вядзьмарка! Запомні ж маё сапраўднае імя – і паўтарай яго, калі будзеш паміраць доўга і пакутліва: Марэна! Я – Марэна!

Апантаную дзяўчыну войт хацеў адправіць у кляштар. Але біскуп запярэчыў. Ён прыехаў адтуль, дзе з ведзьмакамі размаўлялі толькі на мове агню і жалеза. У зале войтаўскага дому, бяз белай ружы над уваходам, зусім не было відаць старавежцаў, якія ведалі б Анэту і заступіліся. Тыя, што ацалелі ад пошасьці і шалу, і не пайшлі на вежу разам з ноўгарадцамі, цяпер сядзелі па дамах, дзякуючы Госпаду за цуд, за падараваныя гады ў гэтым ня лепшым са сьветаў, але не страшнейшым за сьмерць. Паміж горшым і яшчэ горшым заўсёды зьяўляецца маленечкі сьветлы пасак выбару, які дазваляе прымірыцца з сабой і сьветам. Не знайшлося рыцара, які б пайшоў дзеля вядзьмаркі на Божы суд – на рысталішча да сьмяротнага сыходу...

Але прысутныя былі ліцьвіны, і ў іхнім звычаі ня значылася смажаніна з чалавечыны. Хай прыедзе з Наваградку мітрапаліт, ён і рассудзіць... Біскуп зразумеў, што лепей саступіць. Але ня ў тым, што прыслужніца шатану застанецца жыць і паганіць сваім дыханьнем Божы сьвет. Як без ачышчальнага агню прывесьці грэшную душу на суд да Госпада?

Княскі блазан Карэйва прапанаваў іншае... Замураваць вядзьмарку разам з д’ябальскімі гадзіньнікамі ў вежы. Некаторыя казалі – лепей было б дзеўцы проста адсячы галаву і пахаваць асобна ад цела — каб не перакінулася мёртвая вядзьмарка ў вурдалака.

Вежа паслужыла зброяй нячысьціка. Зьбеглы лекар ператварыў пачэсную ратушу ў котлішча злой сілы, у саміх мурах пасяліў сваё чараўніцтва – не адчысьціш. Хто з добрых хрысьціянаў насьмеліцца рызыкаваць там сваёй вечнай душой? Праклятая вежа... Над ёй больш не лунаў сьцяг вольнага гораду, зачыненыя шыбы запячаталі знакамі сьвятога крыжа. Дзьверы заклалі цэглай і таксама накрэсьлілі крыжы. Ніхто болей, акрым начных ценяў, ня мусіў заходзіць сюды, дзе ў скляпеньні спачывалі д’ябальскія гадзіньнікі Бернацоні, а побач – замураваная жыўцом маладая залатавалосая вядзьмарка.

Цемра... Акрапі мя ісопам, і ачышчуся... Цішыня...

Сьмерць, так доўга ты бегла за мной... Цяпер, калі ты ня пудзіла, а жаданая госьця, сядзіш наводдаль, не сьпяшаешся, і нават у адсутнасьці сьвятла я бачу тваю ўсьмешку.

Калі доўга ўглядацца ў цемру, у ёй пачынаюць варушыцца шэрыя зьмеі... Залацістыя зьмеі... Чырвоныя зьмеі... Кубло, падобнае да таго, на Клескуновым сьвяце. Здаецца, нібыта водбліскі пякельнага агню трапляюць сюды. Вось гэтыя водбліскі ўсё ярчэй... Ярчэй... Нібыта ў каменную яміну падымаецца самое пекла...

Са студні высунулася рука, якая трымала паходню. Потым паказаўся звыродлівы насьмешны твар. Княскі блазан Карэйва спрытна выскачыў з каменнай яміны.

— Ну, як, ці лягчэй было паміраць другі раз, Ядзерка?

Анэта, якая сядзела, скурчыўшыся, на халоднай падлозе, прамовіла, як у сьне:

— Я ня ведаю, ці я памерла... Ці жывая...

— Хе-хе-хе! – затросься блазан ад невясёлага сьмеху. — Што ёсьць жыцьцё, і што ёсьць сьмерць? Хвост і галава адной зьмяі. Я таксама калісьці памёр для людзей. Калі паміраеш для сьвету – набываеш волю, Ядзерка. Таму выбірай. Я магу адвезьці цябе ў Кракаў. Няма каму пазнаць цябе, ты набудзеш новае імя, станеш вольнай і багатай і забудзешся на карагоды сьмерці. У маіх сілах зрабіць гэта для цябе – у памяць пра маё ўласнае страчанае каханьне. Ёсьць і другі шлях – уваскрэснуць у Госпадзе... Калі захочаш, я адвязу цябе ў кляштар, Анэта, як ты колісь прасіла.

Дзяўчына павольна ўзьнялася.

— Я выбіраю шлях да Госпада.

Бывай, Старавежск, слаўнае вольнае места... Цябе больш няма... І мяне няма.

Я ніколі не вярнуся сюды.


Ратуша з яркім чырвоным дахам стаяла пасярод прыцярушанага сьнегам пляцу, як на каляднай паштоўцы, і здавалася, нібыта з будынку зараз выйдуць «красналюдкі», гномы ў чырвоных шапачках ды весела запяюць на тырольскі манер...

Але ля вежы спыніліся тры «іншамаркі», урачыстыя, нібыта шаўковы цыліндр ды фрак лорда віктарыянскай эпохі – ані драпінкі на бліскучай паверхні, трымайся на адлегласьці, плябей. І сапраўды – ля спакусных машын не круцілася нават усюдыісная старавежская малеча.

Я стаяла на ганку нядаўна збудаванай кавярні, адной з тых, што мусілі абслугоўваць будучы натоўп турыстаў, і з-за абліцаванай шэрым каменем калоны назірала за гасьцямі, што кіраваліся ў вежу. Калыванаў вёў пад ручку ўдаву Баркуна, захутаную ў чорнае футра, аздобленае белымі хвосьцікамі ня ведаю ўжо якой жывёлінкі. Квадратны Янчын, як заўсёды, энергічна размахваў рукамі, і нават здалёк быў чуцён ягоны нізкі голас. Элегантны Макс у белай дублёнцы... Вядома, былі й ахоўнікі вяльможных асобаў, усё тыя ж Ігар і Анатоль. Іхняе прызначэньне было відаць нават таму, хто першы раз іх бачыў, як адразу пазнаецца сьмяротнае прызначэньне зброі. А вось і Юрась... У нехлямяжай куртцы з паднятым каўняром, у сьветлай вязанай шапцы... Зусім інакшы сярод кампаніі. Небясьпечна інакшы. У мяне зашчыміла ў грудзях. Юрась затрымаўся перад уваходам у вежу, агледзеў пляц... Мяне ён убачыць ня мог, але падалося, што ягоны позірк запыніўся там, дзе я стаяла.

А мястэчка нібыта вымерла. Ніхто не пракладваў сьлед па белым покрыве, нібыта баяўся зганьбіць ягоную чысьціню. Над дахамі ўздымаліся раўнютка ў шэрае неба слупы дыму, і яго непаўторны пах вяртаў у местачковае дзяцінства.

А я не любіла сваё дзяцінства. Яно толькі лічыцца «залатой парой». Можа, у каго так і ёсьць... Але насамрэч дзеці – істоты такія жорсткія, што часам назаўсёды пазбаўляюць адно аднаго самага галоўнага, што трэба для шчасьця – пачуцьця абароненасьці й самапавагі. Таму я здушыла настальгію, разьвярнулася і тузанула дзьверы пад шыльдаю з намаляванай дзідай. На дзіду, як матылёк на шпільку, было насаджанае чыёсьці сэрца, а пад ёй красаваўся надпіс гатычнымі літарамі: «Верны Рыцар».

Краіна бязьлітасных дам.

У кавярні таксама анікога. Інтэр’ер тыповы: абшытыя цёмным дрэвам сьцены, люстэркі, прыцемак... Пры жаданьні я магла ўявіць, што зноў апынулася ў маёй улюбёнай менскай кавярні. Толькі бармэн больш худы за Жэньку-пірата і бяз хусткі на галаве, замест лацінаамерыканскіх рытмаў нахабныя расейскія старлеткі выводзілі «Ой, люлі мае люлі...», а наведнікаў чакала некалькі драўляных столікаў з карункавымі абрусамі і штучнымі фіялкамі ў белых пластыкавых вазачках. Ды яшчэ – заяўка на еўрапейскасьць – сьвечкі ў шкляных круглых падсьвечніках. Бармэн нават не паленаваўся запаліць сьвечку на маім століку... Відаць, засумаваў у адзіноце ды бяз справы. Я замовіла адразу два кубкі кавы і ўселася так, каб назіраць праз вакно за вежай. Нарэшце дзьверы пад рознакаляровым бліскучым гербам расчыніліся... Адна з постацяў аддзялілася ад групы і рушыла ў бок кавярні. Астатнія селі ў машыны і зьехалі. Юрась ішоў сюды.

— Дзякуй, Анэта, што прыехала... Я таго ня варты, — Юрась прыветна ўсьміхаўся, але я проста фізічна адчула, які ён унутрана напяты. Аблічча выснажанае, між прамых броваў зьявілася ўпартая зморшчынка, позірк сініх вачэй цьвёрды і нейкі адчайны... Як у камікадзэ. Ну і параўнаньні лезуць у галаву...

Вогненны карузьлік у шкляным падсьвечніку гарэзна падскокваў, нібыта намагаўся выскачыць са свайго васкова-шклянога палону і выклікаць на дапамогу цэлае вогненнае войска. Я моўчкі паклала на столік ліст Бернацоні і аркушык з перакладам. Юрась гэтак жа моўчкі прачытаў. Твар ягоны быў каменны. Мяне нават закранула – няўжо не зьдзівіўся? Але ў любым выпадку мой былы муж вырашыў не выяўляць свае пачуцьці. Ён працягнуў мне назад паперкі.

— Схавай і забудзься.

Гэта што, я дарэмна турбавала Галіну Сьцяпанаўну?

— Паслухай, мне й так наша сустрэча нагадвае сустрэчу Шцірліца з жонкай у кавярні «Элефант», не хапае толькі адпаведнай музыкі.

— Дарэчы пра жонак... — неяк ненатуральна лёгка прагаварыў Юрась, ня зважыўшы на маё абурэньне. — Як там Стэла?

Божа, што рабіць? Я так і ня вырашыла, як будзе мудрэй... Змаўчаць? Намякнуць на праўду? Маё няпэўнае мыканьне Юрась расцаніў, як кепскія навіны пра здароўе жонкі.

— Трэба мне найхутчэй адсюль выбірацца. Самому прасачыць, як там і што... – зазначыў рэстаўратар. – Але зараз вось – тапчуся на месцы... Я адчуваю, дзе якое колца было, як нацягваліся вяроўкі... Там – драпінка, там – цёмная плямка... Фігурка нахіленая... Усё роўна як малюнак па фрагментах дамалёўваю. Але гаспадары не здаволяцца, пакуль гэтыя клятыя гадзіньнікі не пачнуць разьбіваць шклянкі, як п’яны афіцыянт. Нешта ўжо атрымліваецца... Рэзананс моцны. Ды не хапае чагосьці, што мусіла зьядноўваць усе гадзіньнікі. Яны вельмі геаметрычна вывераныя, дэталі знаходзяцца на пэўных лініях прасторы, перасякаюцца, вымагаюць чарговасьцяў... Мне засталося зусім трошкі, каб адгадаць загадку... А цяпер ня ведаю, ці маю права яе раскрываць? А раптам гадзіньнікі сапраўды – небясьпечная зброя?

Я задумалася. Ці варта надаваць такое значэньне сакрэту лекара? Гэта ўсяго толькі легенды. Ведзьмакі таго часу, нацершыся аканітавай мазьзю, шчыра верылі, што лётаюць...

Агеньчык сьвечкі быў такі слабы, што люстраваўся ў кубках ледзь заўважнай сьветлай кропкай... Але часам дастаткова адной сьветлай кропкі, каб выйсьці на шлях. У мяне пакуль такой не было. Усё здавалася нерэальным. Гэтае мястэчка, за волю якога гінулі пакаленьні, магчыма, і маіх продкаў... У якім гібелі продкі, што выжылі ў бязьлітасным часе, нібыта сухія травінкі, не зачэпленыя касой, зрэзаўшай гонкія сакавітыя сьцябліны... Нерэальным быў сёньняшні халодны дзень – быццам прыхінаешся шчакой да зацягнутай бруднай шэраньню шыбы чужога вакна... І гэтая кавярня, падобная да правінцыйнага альбому, у якім выразаны з паштоўкі калядны зайчык суседзіць з рэпрадукцыяй Хруцкага... І чалавек насупраць, сумны і напяты, як рука воя на дзяржальні мяча... Вось заплюшчу вочы, усё зьнікне, і я прачнуся ў сваёй часовай кватэры з белымі ў брунатныя пасачкі шпалерамі, з копіямі старажытных гравюраў...

— Ты моцна кахаеш Стэлу? – дурное жаночае пытаньне, за якое я адразу пачала сябе дакараць. Але Юрась, памаўчаўшы, адказаў з горкім спакоем.

— Усяго было... І каханьня, і шкадобы.... А галоўнае, мабыць – пачуцьця віны...

Я не магла змаўчаць.

— Перастань, ну ў чым твая віна?

Юрась сур’ёзна, тужліва паглядзеў на мяне.

— Думаю, што ня мог ні пры якіх абставінах – а яны часам былі, як кіпень, — кінуць Стэлу, бо памятаў, што кінуў цябе. Я мусіў сплаціць грэх... Дасюль не да канца разумею, чаму ў нас з табой так усё атрымалася?

Я адвяла вочы.

— Вядома, спраўдзілася наша агульная легкадумнасьць ды юначы эгаізм... Але акрамя таго... Успомні, хто былі мы, калі пазнаёміліся? Я – дзяўчынка з правінцыйнага мястэчка, для якой вялізная праблема, прабач, набыць калготкі. Ты – «хлопчык-мажор», са сталічнай элітнай сям’і, багаты, стыльны... Мог апельсінамі падлогу засыпаць. А я больш за ўсё на сьвеце ненавідзела становішча Папялушкі. Я ж чытала табе свае вершы. «Мне нічога ад моцных ня трэба, хай гуляюць ва ўладу па-царску...» Карацей, мы бедныя, але гордыя... А ты, паводле тэрміналогіі маёй сям’і, буржуй... Чалавек іншага кола.

Мой былы муж разгублена правёў рукой на цёмных непаслухмяных валасах – гэты жэст у яго застаўся яшчэ ад таго часу, калі насіў доўгія кудлы.

— Я пра гэта не задумваўся... Ты ж такая... незалежная, прыгожая... Я да цябе падысьці не наважваўся.

— Падыйшоў жа...

Юрась апусьціў галаву, нібыта сабраўся падставіць яе пад рытуальную жменьку попелу.

— Божа, якія я ідыёт...

Я ўздыхнула.

— Давай ужо праўдзіва – якія мы абодва ідыёты. І хопіць настальгіі. Усе гэтыя Калыванавы, вядома, навалач, але ня будзем перабольшваць. Гадзіньнікі сёньня ў якасьці зброі – так, цацкі... Ну будуць гаспадары забаўляцца, палохаць гасьцей. Не ўсе ж гатовыя вар’яты, як прафесар. Зрабі выгляд, што ні аб чым не здагадваешся, адрамантуй – і ўцякай...

Юрась задумаўся.

— Слухай, ты ведаеш, дзе жыве краязнавец Калейка? Можа, ён распавядзе падрабязнасьці, як знайшлі гадзіньнікі...

Мястэчка ў нечым было падобнае да таго, у якім вырасла я – гэтак жа падзялялася на раён старых хацінак і «элітную зону», дзе збудавалі некалькі двухпавярховых «хмарачосаў». Толькі мелася ў Старавежску і тое, чаго не хапала ў мястэчку маім. Маё вырасла паўсотні гадоў таму дзеля прытулку нафтавікоў, якія шчыравалі на зараз мёртвым заводзе – бетонныя муміі труб, бязвокія пачвары будынкаў, ашчэраныя іржавай арматурай... А тут гісторыя выпроствалася з-пад зямлі камянямі са стараславянскай вязьзю, рэшткамі цаглянай агароджы, мармуровымі прыступкамі, што вялі на засьнежаны падмурак... Досьвед сотняў пакаленьняў нібыта люстраваўся ў тварах месьцічаў, якіх мы сустракалі па дарозе, праступаў з-пад іх рысаў простай мудрасьцю часу. Мне нават падалося, што, каб нарадзілася я тут, не саромелася б свайго правінцыйнага паходжаньня, не было б у мяне «агіды глухамані», якую апісваў японец Акутагава. Калі на заходзе сонца раптам схопіць цябе за горла невымоўная туга, скруціць душу, як мокрую хустку – і трэба зараз жа бегчы адсюль туды, дзе сапраўднае жыцьцё, вырвацца, атрасаючы з сябе санлівую цішу, перавітую дымкамі з комінаў, аздобленую рэдкім сабачым брэхам. Калі далёкі сьвісток цягніка – усё роўна што пляма сьвятла наверсе, якую бачыць тапелец. А тут, у Старавежску, была самадастатковасьць, цэнтр, няхай ён урос у зямлю, як гэтая старая капліца, толькі верхні ярус з абламаным крыжам цямнее над сумётамі...

Зьвілістая рэчка падзяляла горад напалам, намыўшы за тысячы гадоў высокія адхоны. Дом Пятра Піліпавіча Калейкі аказаўся дзесьці ўнізе, над рэчкай, да яго трэба было спускацца пакручастай сьцяжынкай. Мае абцасы падступна сьлізгалі, я ліхаманкава хапалася за голае вецьце лазьняку, якое сіратліва тырчэла з-пад сьнегу. Юрась, які спускаўся наперадзе, нясьмела працягнуў мне руку. Нясьмела – таму што памятаў, на якую водпаведзь мог нарвацца. Гэта мае сяброўкі, калі мы прыехалі ў нямецкі універсітэцкі гарадок, дзівіліся, чаму прыстаўленыя да нашай групы хлопцы-гіды не кідаюцца дапамагаць замежным дзеўчынёхам несьці цяжкія сумкі, расчыняць дзьверы... А я заўсёды ведала, што нармальная феміністка такія знакі ўвагі лічыць за абразу, падкрэсьлены напамін пра сваю другаснасьць, як слабейшага полу. «Сама-сама-сама!».

Дурніца...

Юрась дапамог мне спусьціцца, беражліва падтрымліваючы на сьлізкіх месцах. Але пры гэтым пазіраў некуды ўбок. І я ведала, пра каго — ягоныя думкі. І не насьмельвалася нешта прамовіць, адчуваючы віну, нібыта нават дотыкам да яго рукі адбіраю нешта ў памерлай... Якая для яго – жывая. Адбіраю, бо мне нечакана прыемны гэты выпадковы дотык... Якая я нягодніца!

Мае экзістэнцыйныя выкладкі засталіся пры мне, Юрась, вядома, нічога не заўважыў... Затое нас заўважыў Пётр Піліпавіч Калейка. Ён моўчкі стаяў за варотцамі, умудраючыся ў сваёй ватоўцы, велізарных валёнках і шапцы-аблавушцы выглядаць праўдзівым арыстакратам. Вусны, па-старэчы бляклыя, строга падціснутыя. Глядзіць з-пад насупленых сівых броваў, як на якіх акупантаў.

Ня хутка апынуліся мы, не прабачаныя, але пераведзеныя са статусу злачынцаў у статус падазраваемых, у хаце Пятра Піліпавіча і займелі гонар пад незадаволенае ціканьне «ходзікаў» з гірай-шышкай сузіраць старыя фотаздымкі, на якіх ратуша была яшчэ ў сапраўдным змрочным абліччы.

— Гадзіньнікі знайшліся глыбока ў лёхах... – апавядаў Калейка, раскладаючы фотаздымкі, нібыта пасьянс, на белай цыраце з выявамі брунатных самавараў і бублікаў, што засьцілала круглы старасьвецкі стол. –Час быў стракаты. То немцы наступаюць, то расейцы, то бальшавікі... Як зграі ваўчыныя – прабягуць, паабкусваюць усё, што можна... Сёньня аднаго ставяць да сьценкі, ягоны ідэйны вораг радуецца. Заўтра вешаюць таго, хто ўчора радаваўся. І вось яны, ляжаць побач, на заараных могілках. Урэшце палякі прыйшлі, усходнія крэсы ўмацоўваць. Палова мястэчка акаталічаная. Па-польску намагаюцца «пшэкаць», на праваслаўных суседзяў – з пагардай: «Мужыччэ». Вось палякі й пачалі вежу абшукваць. Нейкі дурань данёс, што там бальшавікі зброю схавалі. Мой бацька яшчэ падлеткам бачыў... Разламалі падлогу, адразу думалі – труны ўнізе... Потым разабраліся: гадзіньнікі. Стаялі ўкруг, страшныя, счарнелыя, нібыта спавядальні. Вежа – на ўзгорку, лёхі сухія, вось і ацалелі. У 39-м, калі саветы прыйшлі, польскі паручнік тыя гадзіньнікі забраў, на калёсы – і зьвёз, як толькі страляніна ўсчалася. Адзін толькі гадзіньнік пакінуў – яго Баркун, дзед вашага Аркадзя, прыўлашчыў, пакой камбеду прыкрасіць. На тым гадзіньніку сьмерць каралю галаву адсякала. Здаецца, унуку той гадзіньнік перайшоў... Бо наведваў мяне і той унук... Таксама пра гадзіньнікі распытваўся. Ды яшчэ радавод свой удакладняў.

— Дык ягоны ж продак быў тутэйшым рыцарам, соцкім яшчэ ў 15 стагоддзі! – прадэманстравала я сваю эрудыцыю. Пётр Піліпавіч суха засьмяяўся.

— «Рыцар!» Паслугачы і каты яны былі з пакаленьня ў пакаленьне, у 19 стагоддзі адзін з Баркуноў паўстанцаў Каліноўскага вешаў. Род занепадаў, як Богам пакараны. Дзіва што Баркун стаў старшынёй бядняцкага камітэту – шчанюком яшчэ быў, але ўжо гарлапан, якіх мала. Так я вашаму Аркадзю і сказаў. Ён толькі дзьвярыма ляснуў і пайшоў, як мыла зьеўшы.

— А ці не заўважылі ў тых лёхах, калі гадзіньнікі знайшлі, чагосьці яшчэ, няхай нязначнай, дзіўнай рэчы? – настойліва спытаў Юрась. – Успомніце, калі ласка...

Калейка паціснуў плячыма.

— Ну каб я сам там прысутнічаў, дык нешта, можа, і згадаў бы. Але я тады яшчэ на сьвет не нарадзіўся. Вось студню бачыў, калі аднойчы ў маленстве залез у тыя лёхі. Атрымаў пасьля ўдома лупцоўкі добрай. А, яшчэ бацька казаў, срэбны сярпок знайшоўся...

— Які сярпок? – напружана перапытаў Юрась.

— Ну Бог яго ведае... Скрутак ля гадзіньнікаў валяўся, бацька дамоў цішком забраў. У скрутку й быў срэбны сярпок ды пабітае шкло. Звычайнае шкло, празрыстыя аскалёпачкі... Ад вазы нейкай, мусіць. Гэты сярпок потым маці ў вайну на авёс выменяла. І добра... Не хацелася б мець у доме нейкую рэч з праклятай вежы...

— А чаму яна праклятая? Няўжо вы верыце, што ў ёй сапраўды была замураваная сьмерць? – не выцерпела я.

Калейка памаўчаў, падціснуўшы вусны.

— Сьмерць з гэтай вежы сапраўды не вылазіць. У вайну там двух партызанаў расстралялі... У рэвалюцыю аднаго пана замкнулі, галоднай сьмерцю замардавалі... Пан, праўда, люты быў, жыў, нібыта прыгон ніхто не адмяняў – дзяўчатак вясковых у прыслугі наймаў, запалохваў, гвалціў... А ёсьць і яшчэ нешта, даўнейшае.

Калейка павагаўся, ягоныя вочы падазрона прайшліся па нашых тварах.

— Вось...

Стары дастаў яшчэ нейкую папку. Я ўбачыла знаёмыя гравюры, а таксама некалькі новых. Былы настаўнік беражліва ўзяў адну з іх у рукі.

— Каму ні расказваў з гісторыкаў, на сьмех мяне падымаюць. Маўляў, не было такога на Беларусі... А я ўпэўнены – тут гэта адбывалася, вакол нашай ратушы. Параўнайце – той самы будынак, што й на фотаздымках!

На гравюры быў тыповы матыў 15 стагоддзя – танец сьмерці. Узяўшыся за рукі, падскоквалі ў вычварным танцы малады мніх, дзяўчына ў шляхецкім строі, немалады таўстун са сьмешна вырачанымі вачыма і шкілет. Над каржакаватай вежай — сонца і месяц, зьяднаныя ў адзін абыякавы твар, расколаты напалам.

...Раскрыліся ізноў зямлі глухія нетры.

І блазан, і кароль – у скокі сьмерці – кроч!

Шалёны карагод кругі кругамі мерыць.

І ўсьмешкі ўсё шырэй, бяздоньней погляд воч.

І біскуп, і рабін, і вулічная дзеўка —

Ня выдзерці з рукі скалелую руку –

Імчаць за кругам круг. Сатлелыя павекі

Ня скрыюць ад вачэй пустых – апошні круг.

Нябачны барабан прысьпешвае кружэньне.

Кашчавы дырыжор з бліскучаю касой

Свой аглядае баль. Ні жалю, ні ўзрушэньня.

Такі вось насамрэч на могілках спакой.

Раптам Юрась рэзка выпрастаўся на жорскім драўляным крэсьле, нібыта яго хтось ударыў па сьпіне. Вочы сталіся зусім адсутнымі...

— Што з табой?

Рэстаўратар нейкі час усё гэтак жа пазіраў у невядомую далеч, а потым пачаў неяк пасьпешліва развітвацца з гаспадаром. Я таксама з няёмкасьцю ўзьнялася. Калейка схаваў гравюры, фотадымкі і ўзьняў выцьвілыя, але ўсё яшчэ вострыя вочы на госьця, што мармытаў падзякі...

— Дзіўлюся я з вас... Гісторыя – гэта ня стос фотаздымкаў, якія можна тасаваць, укладаць у рамачкі, спальваць... Гісторыя можа забіваць і ўваскрашаць. А вы з ёю, як з уласным нататнікам... Упісаў нешта, выкрасьліў...– Пётр Піліпавіч сумна ўздыхнуў. — Вось, нешта тут вынюхалі, будзеце выкарыстоўваць... Ды можа, гэта вас выкарыстоўваюць нейкія непадуладныя вам сілы, перастаўляюць, як пешак, па клетачках? А гуляеце вы з такімі фігурамі, што вас неадменна зьядуць. Ну Бог вам суддзя... І не забудзьцеся, Ганна, як абяцалі – артыкул пра вяртаньне плошчы спрадвечнай планіроўкі! Сам у газету занясу!

Юрась ішоў па засьнежанай сьцежцы, пахмура гледзячы сабе пад ногі, і я не наважвалася парушыць маўчаньне. Праз гадзіну я буду ехаць у аўтобусе, які адвязе мяне да звыклага жыцьця. А Юрась вернецца ў Людвісарава, за высокі бетонны плот. Дзень паволі паміраў, і сьцьвердзіць ягоную сьмерць сьпяшаўся мароз. Сьнег парыпваў пад нагамі, але ня жаласна, не гарэзна, я неяк трывожна... Нібыта ў нашыя сьляды наступаў яшчэ нехта нябачны...

На падыходзе да царквы, звычайнай мураванкі з сінім какошнікам, з тых, што ўзводзіліся на нашае зямлі пасьля здушэньня паўстаньня 1863 году ледзь ня ў кожнай вёсцы, Юрась рэзка спыніўся.

— Я зразумеў, як Бернацоні выкарыстоўваў свае гадзіньнікі.

У голасе майго былога мужа ня чулася радасьці. Над царквою кружлялі вароны, нібыта ўзьляцелі іржавыя крыжы з забытых могілак.

Юрась зачарпнуў шорсткага, як пясок, сьнегу і працёр ім твар у гарачцы.

— Вось і ўсё... Але ведаеш... Гэта страшна. Калі тое, што мне ўяўляецца, хоць трохі праўда... Паспрабую тэрмінова перавезьці Стэлу ў іншую бальніцу! Яна ж – закладніца ў іх... А я не магу ім усё расказаць... І ёю рызыкаваць не магу... Раней у такіх абставінах кулю ў лоб сабе пускалі, даруй, Госпадзе...

У яго адрывістых словах былі такія адчай і пакута, што я наважылася.

— Паслухай... Я ня ўсё табе паведаміла...

І расказала Юрасю пра Стэлу.

Ён выслухаў мой няўпэўнены і блытаны, нібыта вязаньне са спушчанымі петлямі, аповед з застылым выразам твару. Толькі сьціснуў далоні ў кулакі, аж костачкі зьбялелі. Я думала, што ён мне не паверыць. А калі раптам паверыць... Па-першае, людзі маюць уласьцівасьць ненавідзець тых, хто паведаміў благое. У старадаўнасьці ганца маглі й на палю пасадзіць... А па-другое – гора, сьлёзы... Я мусіла ўтрымаць былога мужа ад цалкам зразумелых сутычак з гаспадарамі. На пэўны момант мне падалося, што мае трывогі спраўдзяцца – Юрась страшэнна зьбялеў і прагаварыў скрозь зубы:

— Сволачы...

Ён даволі доўга стаяў і маўчаў, утаропіўшыся ў сьнег. Здавалася, у белай паверхні зараз зьявіцца яміна ад яго позірку... А ўжо я ледзь вытрымлівала пад цяжарам маўчаньня. Не хапала яшчэ зарумзаць самой, калі трэба дапамагчы чалавеку не выказваць гора. Але Юрасю, відаць, удалося здушыць пачуцьці, ён адрывіста ўздыхнуў і падняў галаву..

— Прабач... Мне ўсё-ткі ня вельмі лёгка пасьля такой навіны... Хаця – якая там навіна. Ведаеш, я... адчуваў, вось ужо тыдзень адчуваў, што Стэлы няма. Між намі заўсёды цягнулася нейкая тонкая нітка. І вось – парвалася... Пустэча. Стэла... Але я ўжо столькі раз яе хаваў, аплакваў, разьвітваўся... Адгараваў сваё, мабыць... Усё, пайшлі на станцыю.

Аўтамабіль колеру мокрага асфальту спыніўся проста ля нас.

— Ну што, Юрачка, адпачыў, падумаў? Цяпер, я ўпэўнены, справа пойдзе на лад. Прывітаньне, Анэта! Не забываеш сябра ў цяжкую хвіліну? Малайчына!

Янчын з заўсёднай шумнай прыветнасьцю быў тут дарэчы гэтак жа, як рознакаляровыя паветраныя шарыкі на пахаваньні. Ён ляпаў Юрася па плячы.

— Ну, ну, не сумуй... Паставім на ногі тваю Стэлу. Хутка яшчэ нейкія «прасунутыя» лекі на ёй паспрабуюць. А хочаш, зьезьдзім заўтра ў бальніцу, паглядзіш на нябогу нашую...

Я глядзела на смуглявы твар Янчына, на ягоную спачувальную ўсьмешку. І не магла паверыць, што гэты чалавек датычны да страшнай містыфікацыі. Баялася, што Юрась сарвецца. Але рэстаўратар моўчкі стаяў з застылым тварам. Янчын усё не змаўкаў.

— Слухай, ты ўжо ведаеш, як працавалі гадзіньнікі? Галава ў цябе сьветлая, здагадаўся?

Юрась расьціснуў зьбялелыя вусны.

— Ведаю.

Госпадзе, ён нават маніць ня стаў!

— Вось малайчына! – Янчын зірнуў на мяне, нібыта заклікаючы ў сьвед-кі. – Я заўсёды казаў, што вы ўдвух – сіла.

Ён відавочна думаў, што Юрась раіўся са мною наконт сакрэтаў механізму.

— Але, сябры мае, ёсьць адна акалічнасьць, пра якую вам варта задумацца...

Я зьдзівілася: смуглявы блазан, комік-буф некуды падзеўся. Цяпер Янчын глядзеў строга, нават жорстка.

— Слухайце мяне ўважліва, сябры. Фокус са шклянкамі, якія разьбіваюцца – гэта далёка ня ўсё, што калісьці маглі гэтыя механізмы. Я ведаю, вы абодва – патрыёты... А вы калі-небудзь задумваліся, што за чалавек – гэты Калыванаў? Мы яго церпім, таму што супрацоўніцтва з ягонай фінансавай імперыяй прыносіць нашай дзяржаве карысьць. Тут, у чужой краіне, ён паводзіць сябе сьціпла, намагаецца трымацца ў рамках закону, ні з кім не сварыцца... Але насамрэч драпежнік. Не зьдзіўлюся, калі высьветліцца, што менавіта ён стаіць за сьмерцю няшчаснага Аркадзя... Гэта ж ён Баркуну мадэльку падсунуў са свайго агенцтва, калі Баркун пачаў у сілу ўбірацца. Лілька й сачыла за Аркадзем, і пра ягоныя здагадкі наконт гадзіньнікаў усё дакладвала, і на распродаж у Польшчы Калыванава навяла. Аркадзь, хай даруе ён мне на тым сьвеце, алею ў галаве меў мала, пра гадзіньнікі і шклянкі прачытаў – і вырашыў, што гэта атракцыён, якім яму дазволена будзе турыстаў забаўляць. А гэта ўсё роўна што бензапілою галіцца. Вось Калыванаў – той ведае, як падобныя сакрэты выкарыстоўваць.

Мы з Юрасём ашаломлена глядзелі на былога выкладчыка, спрабуючы зразумець ягоную метамарфозу. А ён гаварыў, як загадваў.

— Падумай сам, Юры, ну хіба можна такому чалавеку, чужынцу, аддаваць сакрэты нашай зямлі? Будзе нейкі канкрэтны плён ад старых гадзіньнікаў, не – гэта здабытак нашай дзяржавы! Як вы ўжо зразумелі, я выконваю тут пэўныя абавязкі...

Мы з Юрасём абмяняліся позіркамі: Янчын – шпіён пры Калыванаве! Вось дык навіна!

— Я чалавек прамы. І скажу прама. Вы не павінны выдаваць сакрэт гадзіньнікаў гэтаму магнату. Ты, Юрась, скажаш яму, што нічога не атрымліваецца, ператаміўся... У маіх сілах выцягнуць цябе адсюль.

— А далей што? – суха спытаў Юрась.

— Далей ты раскажаш усё, што ведаеш, нам... сваім...

Па абліччы Юрася нельга было вызначыць, што ён думае.

— Па-першае, Віталь, ты дарэмна пераканаўся, што Анэта хоць на дробачку ў нешта пасьвечаная. Я заўсёды лічыў, што жанчыны ў тэхніцы не разьбіраюцца, а Анэта тут проста тыповы прыклад. Я папрасіў яе прыехаць, каб яна пераклала для мяне адну паперку... Шкада, але й Анэце яна аказалася не пад сілу.

— Якую паперку?—жыва перапытаў Янчын.

— Аддай... – загадаў мне Юрась, і я паслухмяна працягнула Янчыну аркушык з тэкстам ліста Бернацоні.

— Бачыце, гэта я ў архівах Баркуна знайшоў... на старанямецкай мове, — спакойна патлумачыў Юрась. – А па-другое, мне не зразумела, для чаго вам... «сваім»... сакрэт скокаў сьмерці? Вы што, дэманстрантаў зьбіраецеся гэтак разганяць?

Янчын рагатнуў.

— Здагадаўся, значыць, наконт скокаў... Дэманстрантаў, кажаш? А выдатная была б карцінка для замежных журналістаў... Але занадта экзатычная. Не, сябра, сакрэту Бернацоні – калі, вядома, ён ня міф, а нечага варты, і нашыя вучоныя змогуць яго «закілзаць» – ёсьць прымяненьне цалкам карыснае... Напрыклад, для змаганьня з міжнародным тэрарызмам. У гэтай справе любая дапамога –выратаваныя бязьвінныя жыцьці! Папрацуй на высакародную справу – і зоймеш пачэснае месца ў грамадстве. На дзяржаўную працу цябе, як я разумею, не спакусіш... А вось сваю рэстаўрацыйную фірму будзеш мець.

Юрась не зьмяніўся ані рысачкай.

— Дзякую... Але куды мне – на пачэснае месца ў грамадстве... Я, падобна, прыроджаны маргінал.

Янчын раздзьмуў ноздры, як драпежны зьвер.

— Ня раю гуляць у незачэпу. Ты, хлопча, нават не разумееш, у якую гісторыю патрапіў.

— У мяне свая гісторыя, Віталь, – спакойна адказаў Юрась. – І краіна ў мяне – свая... Хоць называецца гэтак жа, як твая, але – інакшая.

Янчын пачаў злавацца.

— Такія веды ўсё роўна што бомба з гадзіньнікавым механізмам, і на які час прызначаны выбух – ты ня ведаеш. Я табе адзіна магчымае выратаваньне прапаную! Ты што, думаеш – незаменны? Ня ты – знойдуцца іншыя разумнікі, усё разгадаюць. Толькі шкада, час страціцца.

Юрась задумліва глядзеў удалеч, дзе над шэрымі дахамі Старавежску, так і ня зьведаўшымі высакародную чырвань дахоўкі, згасала вечаровае неба.

— Вось і зноў напаткаў мяне мой лёс... Я думаў – на водмель вынесла... Водарасьцямі абрастаю... А тут – рабі, калі ласка, чарговы экзістэнцыйны выбар. Ну што ж, паваюем. Чыста па-беларуску – адмаўчымся.

Спакойны іранічны голас Юрася раззлаваў Янчына.

— Не адмаўчышся, хлопча. Сядай у машыну. Паехалі.

Юрась не зварухнуўся.

— Ну!

Мой былы муж павярнуўся да мяне.

— Паехалі ў Менск, Анэта... Нешта нецікавыя мне іхнія гульні...

І рушыў, не азіраючыся. Янчын нешта крычаў усьлед...

Але адысьці далёка мы не пасьпелі. Яшчэ адна машына, белы джып, абагнала нас, прытармазіла.

— Ня ўмеюць на гэтай зямлі абыходзіцца з творчымі людзьмі, – Макс, як заўсёды, гаварыў даверліва і спачувальна. – Не зьвяртайце ўвагу, сябры... Віталь у нас чалавек гарачы, грубаваты...

Юрась непрыветна пазіраў на элегантнага псіхолага. Белая дублёнка ў колер джыпу і паляўнічая скураная шапачка Макса ў спалучэньні з выцьвілай зялёнай Юрасёвай курткай вытворчасьці фабрыкі «Сьвітанак» маглі быць ілюстрацыяй да артыкулу пра сацыяльны падзел грамадства. Такія артыкулы я калісьці пякла, як блінцы, падсьвядома верачы, што пасьля прачытаньня маіх палемічных тэкстаў бедныя пабагацеюць, а багатыя перапоўняцца спачуваньнем аж па залатыя ланцугі.

— Я больш на вас не працую, – змрочна паведаміў Юрась псіхолагу. Мне стала страшна. Але Макс толькі сьветла ўсьміхнуўся і падміргнуў мне. Маўляў, таленты ўсе капрызьлівыя...

— Дазвольце, дарагі Юрась, сказаць Вам пару цікавых слоўцаў...

Макс узяў рэстаўратара пад руку і адвёў убок, туды, дзе з-пад сьнегу высоўваўся іржавы пагнуты крыж. Я з боязьзю назірала за размовай. Раптам Юрась рэзка нахіліўся, як перагнуўся напалам... І пачуўся ягоны рогат. Рэстаўратар аж заходзіўся. Нават сеў у сьнег. Суразмоўца нейкі час разгублена стаяў над ім, потым рушыў да машыны. Твар Макса крывіўся сапраўднай злосьцю. На мяне псіхолаг нават не зірнуў. Я кінулася да былога мужа... Ён сядзеў у сьнезе і сьмяяўся. Знайшоў час для істэрыкі.

— Ты ведаеш, Анэта, Макс таксама... – прагаварыў Юрась, намагаючыся супакоіцца.

— Што таксама? – неўразумела перапытала я.

— Таксама шпіён... Толькі, здаецца, расейскі, – скрозь сьмех прагаварыў Юрась. – Угаворваў мяне перайсьці пад ягонае крыло...

— А ты што? – дрыжачым ад нядобрых прадчуваньняў голасам спытала я.

— А я застаюся на гэтай зямлі, як вежа – у пушчы, або караблі на водмелях рэк, перасохлых даўно. Я тут, як у амфары сьпее віно. Вякі, як аблокі, над намі сплылі. Я ў белым маўчаньні праданай зямлі, — выразна прадэкламаваў рэстаўратар.

— Паслухай, цяпер ня час іграць у піянера-героя, — з трывогаю прагаварыла я. — Ну што ты іх злуеш?

— А я іх не злую, – раптам вельмі жорстка адказаў Юрась. – Я імі пагарджаю.

О, Госпадзе... Я пазнала ўласьцівую былому мужу зацятасьць. Калі ён рабіўся вось такім, то можна было чакаць любых, самых небясьпечных, учынкаў. Лепей бы я яму нічога не расказвала... Я ў разгубленасьці тапталася на сьцежцы, Юрась сядзеў у сумёце, Стэла дзесьці ляжала ў бальнічнай палаце, а Старавежску было на ўсіх нас напляваць, ён быў старым, скалечаным і зьнявераным, і імкліва захутваўся ў змрочны зімовы вечар, як у пацерты плед.

Хутчэй бы прачнуцца... Я гатовая была зноў апынуцца ў сваіх начных жахах. Але гэта была рэальнасьць. У сьвятле фараў, на фоне зімовага пейзажу яны пазіралі на нас з рознай ступеньню злосьці – Ліля, Калыванаў, Янчын, Макс... За нашымі сьпінамі стаялі ахоўнікі. Магчыма на іхніх тварах таксама была злосьць. Але наўрад – прафесіяналы не злуюцца. Можа быць, дзейсныя асобы, раз у кожнага – свой інтарэс, перагрызуцца, і ўпарты рэстаўратар не дастанецца нікому? Але раптам я зразумела, што ўсе гэтыя асобы ведаюць падбіўкі адно аднога, іх гэта задавальняе, усе гуляюць у адну гульню... Вядома, ня супраць абыграць – але гульня ў іх адна... Танец сьмерці, дзе мы ўсе трымаемся за рукі з нябожчыкамі...

— Вось паганец, – адрывіста прамовіла Баркунова ўдава на адрас Юра-ся. – Аддзячыў, называецца, за маю дабрыню. Грошы заплацілі – рабі!

— Досыць з вас маёй працы. А старажытным сакрэтам месца там жа, дзе й старажытнай пошасьці, – змрочна прагаварыў аблеплены сьнегам Юрась. – Вунь пачалі могілкі раскопваць, на якіх памерлых ад халеры хавалі дзьвесьце гадоў таму... І халера вярнулася. Гэтая зямля і так нацярпелася ад усялякіх эксьперыментаў. Яшчэ адзін бізун вам патрэбны дзеля ейнага ўтаймаваньня? Ня я вам яго дам.

— Малады чалавек, я чакаць ня звык, – кінуў сваё слова Калыванаў. — Вы праўда ведаеце сакрэт гадзіньнікаў?

— Ведаю.

— Колькі вам за яго заплаціць?

Юрась паматаў галавой.

— Тут не аўкцыён. Сказаў жа – мая праца скончаная.

Мне зрабілася па-сапраўднаму страшна. Я ня вытрымала і тузанула яго за рукаў.

— Ды раскажы ім, што ведаеш! Падумаеш, іржавыя цацкі! Няхай яны свае шклянкі лопаюць – ну якую «псіхатропную зброю» мог прыдумаць сярэднявечны блюзьнер! Любы рок-канцэрт куды большую сілу мае. Куды там звону супраць ударнай устаноўкі!

Але Юрась толькі прагаварыў.

— Анэта, а ты ідзі на станцыю. Праз паўгадзіны, здаецца, апошні аўтобус.

Я ў разгубленасьці абвяла ўсіх вачыма і трохі адступіла ўбок... Сусьвет патроху расколваўся на маленькія кавалачкі, якія ссоўваліся і складаліся ў іншы вітраж... Я з жахам усьведамляла, што зноў унутрана адчуджаюся ад Юрася, як тады, калі паверыла, што ён мог забіць Баркуна. Так, напэўна, здараецца, калі нехта з блізкіх захворвае невылечнай заразнай хваробай, а твая любоў не настолькі моцная, каб перамагчы інстынкт самазахаваньня. Але няўжо мне дадуць сысьці? Макс, у адказ на мае думкі, запытальна прамовіў.

— А вось яны ўдвух хадзілі да старога звадыяра, што на нас усё ў суд падае за перабудову вежы. Можа, ён што цікавае распавёў?

Юрась адказваць не зьбіраўся... Хіба ён не разумее, што яны пацягнуцца і да старога, пачнуць дапытваць? Давядзецца ратаваць усіх самой... Я пастаралася здушыць панічнае жаданьне ўцячы, схавацца ў сваю ўяўную ракавінку і ніколі больш з яе не высоўвацца... І, намагаючыся гаварыць спакойна, распавяла пра візіт да Калейкі. Па расчараваных тварах я зразумела, што маё паведамленьне нічога для іх ня значыла. Чаму яны не запхнуць нас у машыны? Няўжо баяцца сьведкаў? Сапраўды, да вечару Старавежск ажыў. Там-сям у прыцемку рухаліся сілуэты месьцічаў. Некалькі кабетаў з правінцыйнай цікаўнасьцю назіралі за нашай падазронай групай, асьветленай фарамі машынаў, з-за плотаў сваіх двароў. А Юрась, гэта, відаць, адчувалі ўсе, быў гатовы ўчыніць сапраўдны «канцэрт»... Ці ўсё яшчэ спадзяюцца, што ён зьмірыцца? Юрась зірнуў на мяне і зноў — сваё.

— Анэта, я ж сказаў, ідзі на станцыю... – і патлумачыў прысутным. – Яна насамрэч нічога ня ведае. Хопіць з вас адной Стэлы... У якасьці майго гаранта.

Голас Юрася здрыгануўся. Я ўсьвядоміла, што ён намагаецца схаваць, што ведае пра сьмерць жонкі – відаць, каб не пашкодзіць мне. Пры імені памерлай твар Баркуновай удавы перакрывіўся.

— З мяне тваёй Стэлы ўжо даўно хапае. Вось табе мазгоў заўсёды не хапала за сваёй сьцервай усачыць. Дзе твае прынцыпы былі, калі твая сучка за дозу...

Калыванаў паклаў руку на плячо зьнерваванай удаве.

— Лілька, сьціхні.

Вось як, Ліля Пятроўна была ў курсе мужніных авантураў? А Юрась, здаецца, не. Ён недаўменна глядзеў на Лілю, чый гожы твар нібыта пастарэў ад прыхаванай нянавісьці.

— Хіба ня ведаеш, што твая наркотка да Аркадзя бегала? Яна для яго, разумееш, «Шарман, шарман!», а я – падсьцілка. Сволачы вы ўсе! Адразу скарыстаеце, а пасьля...

Раптам Калыванаў рэзка сьціснуў удаве горла... Мадэлька захрыпела, пачала хапацца за руку, што яе душыла... Магнат, задаволены выхаваўчым эфектам, адпусьціў істэрычную кабету. Ліля Пятроўна змоўкла, не выказваючы абурэньня, толькі пацірала шыю. На твары яе больш не было нянавісьці, толькі страх.

— З кабетамі адны клопаты, – даверліва прагаварыў магнат, зьвяртаючыся да Юрася.

— Яшчэ раз гавару – Анэта павінна паехаць дадому... – упарта паўтарыў Юрась.

— Я не магу цябе пакінуць... – дрыжачым голасам прагаварыла я. Але Юрась супакаяльна ўсьміхнуўся.

— Ды не хвалюйся. Нічога са мной ня здарыцца... А я вярнуся і адразу пазваню табе. І... прабач.

Я ў разгубленасьці азірнулася. Я сыду, і для мяне гэты жах скончыцца... Вядома, Юрасю лепей, калі побач ня будзе новай закладніцы. Ён хоча, каб я сышла... Толькі б адпусьцілі! Маўчаньне прысутных здавалася багнай, у якую я апускаюся ўсё глыбей, глыбей...

— Калі Анэта сыдзе... абяцаю паводзіць сябе... разумна, – раптам сказаў Юрась, гледзячы сабе пад ногі.

— Вось і выдатна... – узрадваўся Янчын. – Думаю, у такім разе з шаноўнай Ганнай мы можам разьвітацца. Я гэтую дзяўчыну ведаю. З ёю ніякіх клопатаў не прадбачыцца. Праўда, Ганначка?

Я кіўнула галавою. Якія там клопаты... «Скандальная журналістка» даўно ператварылася ў смоўжыка. А можа, й заўсёды была ім, проста нейкі час мела магчымасьць бясьпечна паказваць сьвету рожкі?

Юрась памахаў мне рукой і рушыў да машыны.

— Дазвольце, праводжу? – зноў далікатна-ветліва зьвярнуўся да мяне Макс і нават паспрабаваў узяць мяне пад локаць.

— Дзякую, ня варта... – дрыжачым голасам прамовіла я і пашпацыравала па сьцежцы. Здаецца, ніхто за мной ня гнаўся. Адыйшоўшы на больш- менш бясьпечную адлегласьць, я азірнулася. Машыны вырульвалі ў бок Людвісарава, сьвятло фар высьвечвала дарожкі на сьнежным покрыве... Усё далей, далей... Раптам маё сэрца сьціснула такая туга, што я ледзь не заплакала...

«Сам вінаваты, сам вінаваты...» – як заклён, паўтарала я ўсю дарогу да станцыі. І потым, калі за вакном аўтобуса замільгалі начныя агеньчыкі, чыё прызначэньне – абуджаць у падарожных тугу і раптоўнае жаданьне апынуцца вось там, дзе прыветна сьвеціцца чыёсьці вакно, я не знаходзіла ўжо патрэбных слоў, каб апраўдацца.


Балея падымалася са дна студні, нібыта поўня выплывала з цемры... Сястра Агапа з цяжкасьцю круціла калаўрот, і ланцуг зьвяно за зьвяном клаўся на цёмнае, бліскучае ад вільгаці і дотыкаў жалеза бервяно... Што ж, пакуты толькі дадаюць бляску трывушчым душам.

Ваду маглі насіць маладзейшыя сёстры... Яны з радасьцю прынялі б гэтае паслуханьне замест шанаванай імі сястры Агапы, але тая заўсёды адгаворвала матушку настаяцельніцу: хто сказаў, што нам павінна ў гэтым жыцьці быць лёгка?

Над крыжам манастырскага храму кружлялі вароны. А галубоў даўно не відаць... Ня зносяць галубы, боскія птушкі, кроў і жалеза, і злосьць людскую... А апошняга сталася ў сьвеце так шмат, што перахліствае за сьцены манастыра, дзе павінна быць адно ціхае маленьне...

Сястра Агапа падхапіла балею за дужку і паставіла на траву. Сэрца калацілася, як спудзіўшыся, што трэба працягваць зямны шлях. Манашка перахрысьцілася... Гасподзь сам адмерае, колькі таго шляху засталося прайсьці. Слабасьці цела – не прычына, каб заўчасна спыняцца на адпачынак.

А ў браму манастыра зноў грукалі, і зноў чуліся нечыя сярдзітыя воклічы. Раней ля дзьвярэй кляштара вісеў звон. Госьць мусіў пазваніць у яго і пакорліва чакаць... Даўно абарвалі звон, дый драўляная брама абпаленая. На самым версе яе вось ужо месяц тырчэў абломак татарскай стралы, і сястры Агапе ўвесь час рабілася ніякавата пры поглядзе на тую стралу, нібыта брама была жывою істотаю, якой балюча.

У манастыр зноў прывезьлі параненых вояў. Што паробіш, калі ў спаленым, разрабаваным горадзе адзіны прытулак – жаночы манастыр.... Да таго ж манашкі былі добрымі зельніцамі, самай лепшай – сястра Агапа. Шчырая малітва і сіла роднае зямлі, увасобленая ў зёлках, ратавалі тут многіх. Для гасьцей мелася асобнае памяшканьне, з кельлямі больш вялікімі, чым у сьвятых сясьцёр.

Параненых было шасьцёра, трое – рымскай веры. Адбіраць па веры не выпадала. Маладзенькі хлопчык, якому крывая татарская шабля ўспарола жывот, ужо ня мог гаварыць, толькі таненька енчыў... Гэтаму парог таго сьвету ўжо рушніком накрыты. Сьветлавалосы вой з доўгімі вусамі сьціскаў левай рукой тое, што засталося ад правай... Што ж, левай рукою таксама можна біцца. Калі будзе Божая воля, гэты застанецца жыць.

Астатніх сястра Агапа не пасьпела агледзець. Малады рыцар, гожы, як казачны каралевіч, у багатым, спэцканым пылам і чужой крывёй строі, пакланіўся старой манашцы пачціва, але з годнасьцю, загаварыў па-польску.

— Пані добрая лекарка, мне казалі. Вы мусіце паглядзець майго бацьку. Калі дапаможаце, ваш манастыр разбагацее. Мой бацька – пан Баляслаў Радчыньскі, падчашы ягонай вялікасьці Казіміра Ягелончыка.

Сястра Агапа моўчкі схіліла галаву.

— На ўсё Божая воля, пане. Золатам ня купіш і адно здаровае вока.

Падчашы ляжаў на насілках, на якіх яго і прынесьлі. Шырокія мяккія насілкі з аксамітным падушкамі падаліся гасьцям больш зручнымі, чым каменны ложак кельлі. Смуглявы твар старога воя, спаласаваны шнарамі, быў усё яшчэ прыгожы. Валасы сьсівелі, але ўгадвалася, што калісьці былі яны цёмныя, густыя... Сястра Агапа асьцярожна паклала вузкую сухую даланю на лоб хворага... Гарачка...

Адзін са слуг беражліва адхінуў край коўдры: на грудзях пана ляжала ануча, набрынялая крывёй. Дыханьне хрыпла вырывалася з грудзей параненага...

— Калі гэта здарылася? – ціха спытала манашка.

— Трэцяга дня...

Сястра Агапа моўчкі паківала галавою. Позна... Усё невыпраўна позна...

Раптам рыцар расплюшчыў вочы, бліснула іх невыцьвілая сінізна, і прагаварыў:

— Ня плач, Анэта, а то жабы ў пакоі разьвядуцца...

І паспрабаваў усьміхнуцца.

— Бачыш, я ўжо так блізка да брамы сьмерці, што нават не зьдзіўляюся нашай сустрэчы...

Манашка нахіліла галаву.

— Маё імя сястра Агапа.

— Кінь... Калісьці я гаварыў, што пазнаў бы цябе, нават калі б ты пераўтварылася ў воблака ці птушку... Ды хоць бы – і ў старую манашку.

Паміраючы рыцар і Божая нявеста глядзелі адзін на аднаго, угадваючы за скалечанымі часам рысамі сьветлыя воблікі юнацтва і мілосьці. Сонца цягнулася да іх ласкавымі промнямі скрозь рознакаляровы вітраж з выявай візантыйскага крыжа... У промнях бесклапотна таньчылі пылінкі.

— Ты зьмяніў імя, Богуш... Ты зьмяніў веру...

Паранены заплюшчыў вочы.

— Што такое імя? Стужка ў валасах, сёньня – залатая, заўтра – срэбная, а пазаўтраму яе накруціць на кашчавы палец сьмерць... Рыцар... мусіць заваёўваць славу... І адно моцны... заваюе яе. Высокую пасаду ў гэтай дзяржаве... можа заняць толькі... адзінаверац вялікага князя.

Рыцар стаміўся, гаворачы, і нібыта задрамаў. Сястра Агапа агледзела яго рану. Што ж, можна хаця б паспрабаваць аблегчыць боль. Накласьці мазь... Вось так... А на краі раны, дзе ўжо счарнела, лісты арнікі...

— Не старайся, Анэта, мяне ўжо чакае архангел... Я думаю, што рыцара павінен сустракаць архангел з мечам, рыцар Божага войска... Мне нават здаецца, што я бачу водбліскі ягонага мяча.

Рыцар глядзеў на схіленую галаву манашкі, накрытую чорным покрывам.

— З-за цябе, Анэта, не магу з чыстым сэрцам на Божы суд ісьці... Трэба ўсе крыўды на гэтым сьвеце пакідаць. А я прабачыць не магу, што ты ў вежы мяне адштурхнула. Я ў такім вары апынуўся... Рушыў, не разьбіраючы нічога. Пакуль мяне не паклалі чужыя мячы... Што цябе прысудзілі замураваць у вежы, я праз месяц даведаўся, калі ад ранаў ачуняў. Я дасюль лічу, што, каб не ўцякла ты, мог бы цябе выратаваць! І мы былі б шчасьлівыя!

— Ты прывёў у горад ворагаў...—прагаварыла сястра Агапа.

— Ворагаў? Сёньня ноўгарадцы – нашыя лепшыя сябры. Можа быць, заўтра яны зноў стануць ворагамі... Якая розьніца? Я думаў, што ты не засталася са мной, бо чортавы лекар сапраўды цябе счараваў.

Нейкі час панавала маўчаньне, толькі словы малітвы зьляталі з вуснаў манашкі, як галубінае пер’е, падхопленае ветрам.

— Нахіліся... – папрасіў рыцар. Сястра Агапа паслухмяна наблізілася.

— Паслухай, ты ведаеш сакрэт лекаравых гадзіньнікаў, праўда? Яны ў вежы стаяць, так?

Вочы Богуша хваравіта блішчэлі.

Сястра Агапа адхіснулася.

— Навошта яны табе?

— Гэта – моц... Сіла... Яна патрэбная сёньня нашай дзяржаве... Ты магла б навучыць нас, як карыстацца гэтымі гадзіньнікамі? Калі б татараў або шведаў прымусіць таньчыць у сьмяротным танцы!

Манашка рэзка ўзьнялася, перахрысьцілася.

— Што ты гаворыш, Богуш? Выратуй Гасподзь душу тваю... Ты трызьніш.

Пан Баляслаў зайшоўся ў пакутлівым кашлі, на ягоных вуснах паказалася кроў. Малады Радчыньскі забег у пакой.

— Пане бацька, знайшлі дамініканскага мніха! Ён прыме тваю споведзь.

Рыцар зірнуў на манашку і прахрыпеў.

— Ну што, Анэта, можа, сустрэнемся там?

Яна схапіла яго руку – хаця ў параненага была гарачка, рука халодная, нібыта ільдзяная – сьціснула... І ён сьціснуў яе даланю... Як у скоках сьмерці... Цела старога воя пакутліва выпіналася, прабітыя грудзі хапалі паветра...

У кельлю зайшоў мніх, падазрона азіраючыся на абразы схізматыкаў. Усе, акрым сына, пакінулі паміраючага.

Сястра Агапа горача малілася перад алтаром, асьветленым толькі дрогкім агеньчыкам лампады.

...Акрапі мя ісопам, і ачышчуся...

Маладая чарнабровая манашка ўкленчыла побач, дачакалася, пакуль старэйшая скончыць малітву, і паведаміла:

— Падчашы памёр... А сын яго вас шукае. Кажа – нешта вы павінны яму расказаць, паводле бацькава запавету... Вы памерлага рыцара ведалі, сястра Агапа?

Старая манашка ўзьнялася, перахрысьцілася... Яе твар са сьлядамі былой гожасьці быў суровы.

Скокі сьмерці ня скончацца ніколі. Над гэтай зямлёю вечна будзе ляцець пачварны карагод, дзе ўсе трымаюць адзін аднаго за рукі, і нікому не даюць высьлізнуць, вызваліцца, застацца на лапіку жыцьця...

— Скажы маладому рыцару, што я дала абет затворніцтва і маўчаньня. Адгэтуль мае словы будуць толькі тыя, што я сэрцам прамоўлю да Госпада. І бачыць я жадаю толькі Госпада, калі ўдастоюся спазнаць яго духоўнымі вачыма. Амін.

Маладая манашка з боязьзю паглядзела на суразмоўніцу, схілілася ў зямным паклоне і сышла.

Назаўтра кельлю ў сутарэньнях заклалі цэглай, пакінуўшы толькі адтуліну, каб падаваць затворніцы ежу.

Праз маленькае акенца кельлі, пад самай стольлю бачыўся сіні-сіні лапік неба і краёчак белага воблака, нібыта краёчак сьцягу на вежы вольнага места.

Гадзіньнікі, чорныя рыцары сьмерці, моўчкі стаялі ў сутарэньнях... Яны чакалі, калі спатрэбяцца новаму ўладару, дастаткова сьмеламу, каб прызваць на дапамогу сьмерць.


За вакном сьвяцілася маленькая злая зорка, як ваўчынае вока. Няўжо я спала? Зірнула на гадзіньнік... Другая ночы. Але на сон забудзься. І не рабі выгляд, што зможаш вярнуцца да звычайнага жыцьця. Як там Юрась? Я спрабавала ўпэўніць сябе, што ён зьмірыўся – а што застаецца яму рабіць? Усё роўна раскажа, і адладзіць...

Але каго я падманваю? Юрась ніколі не зважаў на разумныя, цалкам зразумелыя доказы. Ён жа зацяты... Ён жа да апошняга будзе трымацца...

Я ўпершыню адчувала гэткі боль, нібыта душа разрывалася ад тугі... А я думала, што горш, чым тады, калі сыходзіла з агульнарэдакцыйнага сходу, мне ніколі ўжо ня будзе.

А што, калі я больш яго ня ўбачу, Юрася? Як мне жыць з гэтым?

Я села на ложку і захуталася ў коўдру... Але было ўсё роўна холадна. Так холадна і самотна, нібыта я на скрыжаваньні восеньскіх вятроў, і забылася, дзе мой дом.

...Што з ім зараз, з Юрасём?...

Пытаньне нібыта сталася асобнай жывой, надакучлівай істотай, якая бязьлітасна кусала і джаліла сьвядомасьць.

Сьвет фараў прабегся па сьцяне, нібыта прамільгнуў анёл, не пажадаўшы затрымацца і суцешыць.

Добра, уявім, я засталася... Сядзела б зараз з Юрасём у Людвісарава... Сапраўды, яшчэ горай яму зрабіла б.

Пайсьці па дапамогу? Ха-ха-ха! Куды? Да Бэтмана і Робіна? Хіба толькі мульцяшныя супермэны і могуць умяшацца...

Але я не магу так больш! Ракавінка, у якой я пражыла столькі гадоў, трэскалася знутры ад выбухаў майго болю.

Хаця пасьля гэтай – праз адзінаццаць гадоў, – сустрэчы, ну што між намі было? Дотык рук... Юрась, вядома, адчувае віну перада мной – ён жа заўсёды бярэ на сябе ўсю віну. Я пэўная, што ён бы з радасьцю аддаў за мяне жыцьцё. Але пра каханьне да мяне, я думаю, і размова не ідзе. Юрась мае з-за каго пакутваць. А няўжо вось гэта, што я зараз адчуваю, і ёсьць каханьнем? Якое ж яно... няўмольнае... балючае... Быццам нехта ўдарыў мяне па вачах промнем чароўнага ліхтара, і я з містычным жахам убачыла нейкі ланцуг – ці шаўковую вяроўку, як уяўляюць японцы, — якая нечакана прывязала мяне да другога чалавека, міма маёй волі. І кожная спроба аддаліцца – толькі боль...

Я падышла да вакна, загарнуўшыся ў коўдру. Засьнежаны двор, на белым асфальце ў сьвятле ліхтара – дзьве чорныя палоскі ад колаў машыны... Пагляд мімаволі скіраваўся да гарызонту, маленькі кавалачак якога, пасечаны сілуэтамі дрэў, праглядаўся між сьпінамі суседніх дамоў. Юрась дзесьці там... далёка... У цемры... Чаму я – тут? Мне трэба да яго! Не да таго, забаўнага юнака, майго выпадковага мужа, а да гэтага – сталага мужчыны, які зьведаў гора і жарсьць, і змог захаваць у сабе таямнічы агонь, які калісьці й прывабіў мяне... Які змушае яго зараз кідацца з дзідай на вялізны вятрак... Рыцар сумнага аблічча...

Што з ім зараз?...

Дон Кіхота нават звычайныя пастухі білі палкамі...

Я таксама думала, што магу змагацца з ветракамі. Але, аднойчы ўпаўшы з бязьлітаснага нежывога крыла, страціла веру ў тое, што можна спыніць нават найвялікшымі ахвярамі гэтую махіну, раскручаную мільёнамі самалюбстваў, якая перамолвае лёсы людзей і дзяржаў, каханьне і годнасьць, розум і веру ў аднолькавую вязкую масу, прыдатную, каб ляпіць паслухмянае, зручнае грамадства. Не, сапраўдная барацьба вядзецца не на пляцах, а ў табе самім. А я заўсёды ўцякала ад сваіх праблем. Таму і сны не запамінаюцца, якія гэтыя ж праблемы ставяць. Зараз з памяці нібыта спаўзала сетка... Як наяве, убачыла ўсьмешку Юрася, яго непакорлівую чупрыну, сіні ўпарты пагляд з-пад прамых броваў, шнары на шчацэ, абдрапаныя жалезным нутром гадзіньнікаў пальцы... І як ён кланяўся перад гэтымі гадзіньнікамі і зьвяртаўся да іх з жартоўнымі словамі...

Пане Ян з Адамам і Евай...

І тут жа ўсплылі ўбачаныя ў сьне тыя ж выразаныя з дрэва Адам і Ева з кубкам і зьмяёй. Яшчэ не пашкоджаныя часам, у яркасьці фарбаў і пазалоце...

Гадзіньнікі стаяць у коле...

Лекар у чорным падыходзіць да іх...

Данс макабрэ... Фігуры сьмерці... Баркун, Стэла, Юрась – адзін за адным выходзяць з кола...

Не, толькі не Юрась!

Ну ўспамінай жа!

Я гатовая была раскалоць галаву аб сьцяну, абы дастаць адтуль непаслухмяныя вобразы.

Ад напружаньня сьвет паплыў вакол у чырвоным тумане...

І я ўспомніла.

Засталося скамечыць адзінаццаць пражытых гадоў, як чарнавік. Ён ня варты й аднога правільнага звонкага радка.

І я зрабіла ўчынак, які аніяк нельга было вытлумачыць логікай, але мне – маёй новай сутнасьці – зразумелы. Падышла да люстэрка і рашуча абрэзала сваю рудую касу. Коратка, на самай патыліцы. Ускудлаціла рукой валасы... І праз знаёмыя рысы ў люстэрку нарэшце вызірнула даўно забытае дзяўчо з процьмай ілюзій і здольнасьцю да ўчынкаў, невытлумачальных логікай. За вакном разьвіднела... Дзень зазіраў у маё вакно шэрым хворым тварам, на якім не мелася спачуваньня.

Тэлефон Лілі Пятроўны быў на візітоўцы.

Я сказала ўсяго некалькі словаў...

Праз дваццаць хвілінаў ля майго пад’езду стаяла машына. Перад тым, як выходзіць з кватэры, я прыхапіла з сабой канверт з далярамі.

Кіроўца, незнаёмы мне лысы мужчына, падобны да млынара, сядзеў моўчкі, глядзеў толькі на дарогу. І мне было не да размоваў. Яшчэ і яшчэ раз я пракручвала ў галаве вобразы, убачаныя ў снах... Я не спрабавала зразумець, адкуль яны прыйшлі... Калі гэта – усяго толькі мая хваравітая фантазія, блёкат, то... ну што ж, я ўсё роўна апынуся побач з Юрасём. Мой страх кудысьці зьнік, нібыта я перайшла мяжу, за якой нішто ня мае значэньня, акрым таго, што ў сэрцы.

Рассунуліся бетонныя вароты... Дзьве каменныя багіні, абуджаныя ранішнім сонцам, зімовым, позьнім і халодным, праводзілі мяне белымі сьляпымі вачыма. Ave, Людвісарава, morituri te salutant...

Яны ўжо чакалі мяне – Янчын, Макс, Ліля. Апошняя, як я цяпер ведала, прадстаўляла інтарэсы Калыванава.

— Ну што ён, наш майстра, табе расказваў? – накінулася на мяне былая мадэлька. Пад вачыма ў яе цямнелі кругі – перажывае... Гаспадарова даручэньне блага выконваецца. А гаспадар, відаць, прысьпешвае. Але мяне цікавіла адно.

— Дзе Юрый Дамагурскі?

Янчын па-сяброўску паклаў руку мне на плячо.

— А вось Ганначка, як старому сябруку, мне ўсё і раскажа, а потым мы наведаем Юрася... Ты такая малайчына, што наважылася дапамагчы...

Макс белазуба ўсьміхнуўся.

— Ну чаму ж менавіта вам раскажа, дарагі Віталь... Я, як прафесійны псіхолаг...

— Сьціхніце! – Ліля так раўнула, што калі ў гэтым доме жыў дамавік, ён мусіў схавацца пад печку. – Перастаньце ірваць коўдру на сябе, або ніхто нічога не пачуе... Дый ці ёсьць яшчэ што чуць?

Баркунова ўдава (ці, можа, забойца?) сумніўна зірнула на мяне. Я страсянула падстрыжанымі валасамі, нібыта скідала апошнія рэшткі сумненьня.

— Я тлумачыла... Я не магу нічога расказаць. У тэхніцы не разьбіраюся. Толькі пакажу, што запомніла, на гадзіньніках. Але найперш хачу бачыць Юрася!

Усе трое перазірнуліся. Бязмоўная рада ворагаў-хаўрусьнікаў...

— Дык пойдзем хутчэй, пакуль ёсьць каго пытацца! – прысьпешыў усіх Янчын.

Ахоўнік, падобны да барца сумо, паслужліва бег перад намі і адчыняў дзьверы. Вось і знаёмы калідор да майстэрні... Я павольна спускалася па прыступках у паўцемры. Праз расчыненыя дзьверы бачылася мірная карціна. Гадзіньнікі, расстаўленыя ўздоўж сьцяны, більярдны стол... Утульны агонь у каміне... Знаёмыя грамідлы Ігар і Анатоль сядзяць на вінтавых крэслах, ядуць сьвежыя вішні (самая магнацкая ежа ўзімку) і пстрыкаюць костачкамі ў нябачную мішэнь.

Пры нашым зьяўленьні Ігар і Анатоль паслухмяна ўскочылі... Я паглядзела налева і ўбачыла іхнюю мішэнь... У мяне перахапіла дыханьне. У куце тварам да сьцяны стаяў аголены да пояса Юрась, нізка нахіліўшы галаву. Яго ўзьнятыя рукі былі прыкаваны наручнікамі да нейкай трубы, а на сьпіне вугалем намаляваныя кругі. Відаць, у «мішэнь» трапляла нешта больш небясьпечнае за вішнёвыя костачкі, бо сьпіна Юрася была ў парэзах і апёках.

— Што... што вы робіце... – толькі і змагла прамармытаць я.

Юрась павярнуў, наколькі мог, галаву, аблізаў скусаныя перасохлыя вусны.

— Ды вось, гуляем у сьвятога Себасьцьяна.

Голас яго гучаў глухавата, але спакойна, нават з іроніяй. Ён яшчэ жартаваў!

— Вылюдкі!

Я кінулася да «Себасьцьяна». У вушах маіх шумела кроў, і я не адразу ўсьвядоміла, што Юрась настойліва мяне дапытвае.

— Навошта ты сюды прыехала? Ты што, здурэла, Анэта? Я ж прасіў...

Нечая моцная рука адцягнула мяне на сярэдзіну пакою. Макс пазіраў усё гэтак жа прыязна, хіба толькі на дне яго шэрых вачэй успыхвалі падазроныя агеньчыкі, як у ваўкалака.

— Ганначка, мы ўсе чакаем... Давайце папрацуем. Заўтра сорак дзён па Аркадзю Баркуну, у імя яго памяці мы павінны аднавіць старажытную карцінку.

Каб я не была ў такім жаху і гневе, засьмяялася б, мусіць. Успомніў леташнюю байку...

— Вызваліце рэстаўратара!

Янчын грэбліва скрывіў тлустыя вусны.

— Пасьпеецца... Не заслужыў ён добрых адносінаў, ёлуп упарты. Давай, Анэта, паказвай... Мы ўсе дапаможам. Што ён з гадзіньнікамі рабіў?

Юрась тузануўся ў сваім куце.

— Яна нічога ня ведае! Адпусьціце яе. Яна ня мае ні да мяне, ні да гадзіньнікаў ніякага дачыненьня. Зусім староньні чалавек.

Але на яго крыкі ніхто ня зважыў. Толькі Янчын шырока ўсьміхнуўся.

— Адхрышчваецца наш майстра ад сваіх пачуцьцяў. Ведаеш, Ганначка, мы тут учора яму адну ампулку ўкалолі... Ён столькі цікавага пра адносіны да цябе расказаў. Раман цэлы! Так што пашчыруй дзеля сваго рыцара. – і чамусьці дакорліва дадаў.— Та-ак... Рамантычную гісторыю распавёў... І гэта замест таго, каб расказаць пра тое, пра што пыталіся.

— Цэнзура сьвядомасьці можа быць вельмі моцнай! – адразу пакрыўджана азваўся Макс, які, відаць, у словах Янчына ўчуў папрок на свой адрас. – Дарэчы, другая ампулка таксама не спрацавала.

Янчын, у чый гарод на гэты раз, відаць, ляцеў каменьчык, зьбіраўся быў сказаць нешта зьедлівае, але Ліля злосна крыкнула:

— Лухта вашая хімія! Не з таго пачалі, толькі час страцілі. «Вой, ды каб жа бяз бачных пашкоджаньняў...» Калыванаў з такімі прыдуркамі – дзядоўскімі метадамі, і ні разу ня схібіў. Адразу б мяне паслухалі. Давай, як цябе там, Анэта, паказвай, а то твайго рыцара сама пачну на кавалкі рэзаць. І пачну з «кавалка» самага інтымнага і дарагога.

Я абвяла вачыма пакой, спрабуючы засяродзіцца. Мне цяпер спатрэбяцца ўсе мае сілы. Позірк спыняўся на дэталях, якія не хацелася асэнсоўваць. На паверхні більярднага стала – плямы засохлай крыві... Абрыўкі правадоў... Нейкія жалезныя штыры... На падлозе – пустыя шпрыцы. І – я не памылілася – супрацьгаз.

Так, ночка ў Юрася выдалася нялёгкая.

Але, падобна, у ягоных катаў – таксама.

Як ён пакуль яшчэ трывае? Па прысутных бачна, што яны часова страцілі надзею разгаварыць майго зацятага былога мужа. Стаміліся... Часова... Каты таксама людзі, ім трэба адпачыць, забавіцца... Каб потым, з новымі сіламі – зноў за працу... Тым больш час працуе на іх, адбіраючы ў ахвяры сілы.

Але вочы тых, хто глядзеў на мяне, рабіліся ўсё менш і менш падобныя да звычайных чалавечых вачэй, і ўзгадваліся назвы тыпу «Зазірні ў вочы лемуру»...

Страху не засталося. Толькі гнеў і пагарда.

— Прыбярыце більярдны стол.

Ахоўнікі кінуліся выконваць, ледзь не зьбіваючы адзін аднаго з ног. Месца хапае... Майстэрня вялікая. Як школьны стадыён. Кола сьмерці лепей зладзіць вось там, падалей ад дзьвярэй...

Я агледзела падлогу. Там-сям яшчэ былі бачныя лініі крэйдай, якія крэсьліў Юрась. Што ж, думаю, я змагу паўтарыць.

Так... Заарыентавацца па баках сьвету. Задыяк... Лініі, па якіх паляціць сьмерць... Цяпер гадзіньнікі... Ахоўнікі і Янчын з Максам уладкавалі кожнага рыцара сьмерці на ягонае месца. Я паправіла стрэлкі на гадзіньніках. На кожным свой час. Свой парадкавы нумар. Гадзіньнікі паўсталі гэтак жа, як вякі таму, і падрыхтаваліся да бітвы цемры з цемрай. Юрась, відаць, пачынаў верыць, што ў мяне ёсьць нейкія веды, таму што стаў крычаць, каб я нічога не расказвала... Я ня бачыла, што з ім зрабілі, відаць, ударылі ў жывот, бо крыкі зьмяніліся хрыплымі ўздыхамі-стогнамі...

Так, цяпер адна, але надзвычай важная, папраўка... Для нас з Юрасём – жыцьцёва важная...

Я загадала павярнуць гадзіньнікі цыферблатамі вонкі. Калі мае сны хоць у нечым – праўда, то цяпер сьмерць будзе не сыходзіць з кола гадзіньнікаў, а застанецца каля іх... Магчыма, прыхопіць і нас з Юрасём. Але ж – забярэ і іншых, датычных да таямніцы. Юрась гатовы зьнікнуць разам з гэтай таямніцай. Што ж, цяпер гатовая і я таксама.

Дамагурскі, відаць, паступова здагадваўся, што я раблю, бо прахрыпеў толькі:

— Асьцярожна, Анэта... – і змоўк.

Як казаў Артэга-і-Гасэт, хто не спазнаў, як праймаюць дрыжыкі перад пагрозай часу, той не заглыбляўся ніколі ў нетры лёсу і толькі дакранаўся яго пяшчотнай абалонкі. Фраза, якую мы з парадыйнай велягурыстасьцю паўтаралі перад тым, як зайсьці ў кабінет здаваць іспыт.

Пяшчотная абалонка лёсу крывавіла. Час наблізіўся ўшчыльную, нібыта гіганцкі гадзіньнік, і нахіліўся над намі вялізным цыферблатам з адной стрэлкай...

— Мне патрэбна вялікая круглая ваза з простага шкла. Чым бліжэй да формы шара, тым лепей. Можа, акварыум.

Яны зноў забегалі, замітусіліся, і хутка перада мной стала некалькі круглых вазаў, з якіх толькі што няўважна высыпалі па-мастацку выкладзеныя ракавінкі, сухія кветкі, штучныя перлінкі, каралавыя галінкі ды іншую дызайнерскую лузгу. Я выбрала вазу, якая падыходзіла па памерах, і паставіла ў цэнтр, там, дзе сыходзіліся ўсе лініі (быццам постмадэрновая метафара адсечанай галавы прарока).

— Ёсьць у гэтым доме срэбны прадмет, падобны да сярпа? Нож, відэлец, лыжка, урэшце?

Сталовыя прыборы звонкай гарой ляглі на стол, нібыта здабыча банды злодзеяў, што вярнулася з вандроўкі па гаспадарскіх буфетах. Вось гэтая лыжка для кавы, доўгая, выгнутая, бадай, падыдзе найлепш. Я асьцярожна апусьціла яе ў вазу... Засталося завесьці гадзіньнікі.

Вось адзін пачаў тахкаць... Другі... Трэці... Дванаццаць жалезных вершнікаў сьмерці. Здавалася, нават паветра пачало зьвінець... Бом-м-м... Гэта падаў голас апостал Пётр. Пачаў біць другі гадзіньнік... Трэці...

— Глядзіце, лыжка зварухнулася! – ускрыкнула Ліля Пятроўна. Усе, як я і спадзявалася, згрувасьціліся вакол вазы, у якой сапраўды пачала вібрыраваць, паўзьці, і вось ужо – паволі круціцца срэбная лыжка, нібыта трэска ў віры.

Вось загаварыў апошні гадзіньнік, Юда. Кашчавая фігура ў расе на ім падняла складзеныя далоні ўгору, нібыта заклікала з нябёсаў пакараньне на грэшныя галовы.

Раптам адна з вазаў, якія мне не спатрэбіліся, разьляцелася на кавалачкі. Людзі, што стаялі ў коле гадзіньнікаў, пачалі віншаваць адзін аднаго... Яны не зьвярнулі ўвагі, што разьбітая ваза стаяла ня ў коле, як мусіла быць паводле пісьма лекара, а па-за колам... Але іх сьвядомасьць, відаць, патроху муцілася... Як і мая. Я паволі адступала да Юрася, адчуваючы інстынктыўна, што толькі там выратаваньне... Бліжэй... Бліжэй... Вось я ўжо побач з ім... А пакой нібыта гайдаецца... І звон... У вушах, у галаве, і нібыта душа ў такт з ударамі сьціскаецца і пульсуе...

Я ўсё-ткі гэта зрабіла. Запусьціла старажытную машыну сьмерці.

— Прыхініся да мяне! Чуеш, Анэта! Сюды, за мяне хавайся!

Голас крычаў зусім побач, але я не разумела сэнсу словаў. Шалёная, дзікая сіла цягнула мяне некуды... Пасьля я ўсьвядоміла, як добра, што Юрась быў прыкаваны наручнікамі. Хаця, можа, на яго, такога моцнага, і сіла гадзіньнікаў не падзейнічала б. Яна – для слабых, ахопленых прагай сьмерці...

Юрась прыціснуў мяне да сьцяны ўсім целам. Але я ўсё ірвалася, мяне зацягваў вір... І толькі дотык да вуснаў вярнуў сьвядомасьць. Юрась цалаваў мяне, нібыта хацеў у пацалунку аддаць усё сваё жыцьцё... І гэтая сіла аказалася мацнейшай за вар’яцкі вір. Цяпер для мяне існаваў толькі мужчына побач, яго гарачыя вусны, біцьцё яго сэрца, яго дыханьне... Я ўчапілася за Юрася, нібыта тапелец.

Ня ведаю, колькі мы так прастаялі. Час перастаў існаваць. Нарэшце я зразумела, што вакол – цішыня... Гадзіньнікі змоўклі. Толькі нейкі дзіўны рытмічны шоргат і глухія выкрыкі. Я асьцярожна адхінулася ад Юрася, вызірнула з-за яго пляча. Ногі мае падагнуліся ад убачанага... Юрась таксама паглядзеў назад і здрыгануўся:

— Прасьвятая Багародзіца...

Ніколі не забудуся таго відовішча. Нават цяпер, варта мне заплюшчыць вочы, я магу аднавіць яго ў дэталях. Сашчэпленыя рукі, вочы, якія нібыта глядзяць унутр чэрапа, выскаленыя твары... Шалёны карагод вярнуўся. Цяпер для тых, хто скакаў у ім, ня мела значэньня, хто каму служыць, хто над кім уладарыць. З вуснаў, што ня ведалі словаў малітваў, зрывалася нешта дзікае, падобнае на «Гу! Гу!»

— Як зьняць наручнікі? – задыхаючыся, спытала я ў Юрася. Той, усё яшчэ ня могучы адарвацца вачыма ад вар’яцкага відовішча, прамармытаў.

— Ключы дзесьці павінны быць... Можа, вунь там, на століку...

Дасюль не разумею, як мне ўдавалася нешта кеміць, дзейнічаць... Усё рабілася, як у сьне, калі самыя неверагодныя, жахлівыя рэчы здаюцца натуральнымі. Пераадольваючы паветра, як дрыгву, я наблізілася да століка, на якім тыя, што гэтай ноччу ламалі волю непакорлівага майстра, расклалі свой немудрагелісты сьняданак. Кававарка, кубкі з недапітай кавай, талерка з вішнямі, лусьцікі з вяндлінай, бутэлькі з мінеральнай вадой, пачкі цыгарэтаў... Мне адразу ўспомніліся пратаколы допытаў інквізіцыі, дзе ў апісаньні працэсу катаваньня ўвесьчасныя ўстаўкі пра тое, што каты зрабілі перапынак на «перакус». Сярод пералічаных мірных прадметаў валяліся іншага кшталту атрыбуты «вечарынкі»: ампулы і нераспакаваныя шпрыцы, металёвая штука, у якой я ўгадала электрашокер, яшчэ адна пара наручнікаў... На шчасьце, былі і ключы.

Я адамкнула наручнікі. Юрась пахіснуўся і ўпаў. Але прыўзьняўся, страсянуў галавой.

— Вады...

Я бегма прынесла яму бутэльку мінералкі. Юрась прагна адпіў, рэшткі выліў сабе проста на галаву. Абцёр твар і з цяжкасьцю ўстаў на ногі. Дзякуй Богу, здаецца, можа ісьці... У куце я падабрала скамечаны Юрасёў швэдар. Курткі вісяць унізе...

— Давай хутчэй адсюль! – я пацягнула Юрася за руку ў бок дзьвярэй, стараючыся не глядзець на шалёны карагод.

Юрась быў памкнуўся за мною, але ў дзьвярах затрымаўся, абапёршыся аб сьцяну рукой, упрыгожанай, паўзьверх старых шнараў, цэлай калекцыяй новых.

— Не, я не магу так сысьці.

— Што ты тут забыўся? – зьнервавана спытала я.

— Разумееш, калі тое, што тычыцца гадзіньнікаў, праўда... А я думаю, што гэта праўда... То гэтыя людзі будуць бегчы, пакуль не памруць.

— І... што?

— Я не магу гэтага дапусьціць.

Я разгублена спынілася, гледзячы на выснажаны твар Дамагурскага, і з адчаем зразумела, што мае пярэчаньні ня будуць мець моцы. Але ўсё-ткі паспрабавала.

— Адкуль ты ведаеш, што яны памруць? Набегаюцца, паваляцца, адляжацца... Мне дык увогуле здаецца, што яны кожнае імгненьне могуць апрытомнець. Што тады з намі будзе? Урэшце, яны з табой такое выраблялі... Чаму ты павінен пра іх клапаціцца?

Але Юрась зацяўся.

— Я павінен гэта спыніць.

О, Божа...

— Як толькі ты гэта спыніш, танец сьмерці пачнецца для нас.

Дамагурскі ўпарта зьвёў бровы.

— Я не магу дапусьціць, каб яны памерлі.

— Паслухай... – Я пакутліва шукала выйсьця. – Ну давай хаця б пачакаем, пакуль яны... ня змогуць нас перасьледваць.

Рэстаўратар задумаўся.

— А... колькі часу павінна прайсьці?

Я пастаралася гаварыць упэўнена, нібыта ведаю.

— Ну марафонскі забег колькі доўжыцца? Гадзінаў пяць? Шэсьць? Праўда, гэтыя, у карагодзе, бягуць дужа хутка... Але, думаю, за гадзіну з імі нічога ня здарыцца. У такіх... анармальных станах арганізм набывае надзвычайныя ўласьцівасьці. Праз гадзіну можна паспрабаваць... Затое яны нейкі час будуць недзеяздольныя, і мы зможам зьехаць. Хаця нагадаю, што сярэднявечныя танцы сьмерці тым і вылучаліся, што шаленцаў ня мог спыніць ніхто, ніякая сіла. І... што ты будзеш рабіць з таямніцай? Ці ты дарэмна тут геройстваваў, і ўсё роўна гэтай навалачы ўсё аддасі?

Юрась яшчэ раз зірнуў на карагод, што круціўся ў акружэньні цёмных пачвараў, якія нібыта зьдзекліва назіралі за шаленцамі, рашуча сказаў:

— Пайшлі... Я ведаю, што рабіць.

Мы падняліся на “панскі паверх”. Юрась кіраваўся ў пакоі з Калыванаўскімі калекцыямі, толькі крыху пахістваўся, ідучы. Я ледзь пасьпявала за ім са старым швэдарам у руках. Праўда, апынуўшыся ля канапы, засланай белым мехам, Дамагурскі ўсё-ткі вырашыў дазволіць сабе выйсьці з ваярскага стаіцызму і паваліўся. Я ледзь пасьпела падхапіць яго, каб зноў ня ўпаў на падлогу, і дапамагла ўлегчыся на канапу.

— Нічога... Я зараз ... – гэта Дамагурскі яшчэ спрабаваў пераканаць мяне й сябе, што ён у парадку. Ашалець...

Я пашнырыла па пакоі – тут Калыванаў, відаць, бавіў дольчэ фа ньентэ, гадзіны цудоўнага нічога-не-рабленьня, з дапамогай, акрым усяго іншага, шыкоўнай каробкі з нямецкім шакаладам і калекцыйных каньякоў. Ад каньяку Юрась адмовіўся. Бог яго ведае, што за гадасьць у вены паролі, ад адной – сьвядомасьць адключаецца, ад другой – цягліцы ірве, нібыта абцугамі, аж суставы выкручвае, невядома, як яно з алкаголем спалучыцца? Лепей выкарыстаць як антысептык...

Адкаркаваў чорную матавую бутэльку з залатымі літарамі, падняў і... выліў сабе на зраненую сьпіну.

Блазьнюк!

Хвіліны, выйграныя намі ў лёсу, цягнуліся цэлае жыцьцё. Дэкарацыі адметныя. Пусты дом, набіты шыкоўнымі рэчамі – здавалася, патрасі яго, загрукае, як куфэрак, набіты косткамі. У сутарэньнях круцілася шалёнае кола, і цікалі сярэднявечныя гадзіньнікі.

Юрась пацягнуў мяне за руку і змусіў прылегчы побач. Зусім блізка апынуліся яго сінія вочы, абведзеныя цёмнымі кругамі стомы.

— Адкуль ты даведалася сакрэт гадзіньнікаў, малая?

— Прысьніла... – абставіны, у якіх мы знаходзіліся, былі такімі фантастычнымі, што мой фантастычны адказ Юрася цалкам задаволіў.

— Чаму ты прыехала?

Я іранічна прыўзьняла бровы.

— Здагадайся з трох разоў.

Ён, відаць, здагадаўся з першага. Таму што зноў пацалаваў мяне. Прысмак сьмерці надае пацалункам асаблівую моц. Калісьці я любіла вадзіць сваіх кавалераў падчас першага спатканьня на старыя гарадскія могілкі. Выпрабаваньне вытрымлівалі ня ўсе. Дамагурскі, у прынцыпе, таксама... Заявіў мне, што цалавацца над чужою магілай – грэх, і зьвёў у суседні скверык... Які, па-сутнасьці, таксама быў калісьці часткай могілак.

Госпадзе, што мы нарабілі адзінаццаць гадоў таму... Нас чакала нашае каханьне, быццам шыкоўны сьвяточны торт. А мы, як несьвядомыя малечы, напярэдадні сьвята прабраліся ў гасьцёўню і адхапілі па неахайнаму кавалачку з крэмавымі кветкамі, безнадзейна сапсаваўшы ўрачыстасьць.

— Прабач мне, Анэта... – пакутліва прагаварыў Юрась. – Мушу прызнацца – гэта ж я з-за свайго эгаізму ўцягнуў цябе ў гэтую справу. Разумееш, убачыў цябе на кірмашы... Вось і закарцела неяк знайсьці падставу для наступных сустрэчаў. Хоць права ніякага ня меў у тваё жыцьцё вяртацца. Не магу сабе дараваць...

Я ўявіла, а што, калі б ён сапраўды не прыйшоў у маю хату... І ня зьведала б я страху і болю апошніх дзён, і было б у мяне ўсё ціха і спакойна... І мяне аж скаланула ад такога ўяўленьня. Я пагладзіла мужчыну па няголенай шчацэ са шнарамі і прамовіла словы, якія, была перакананая, не прамоўлю ніколі і нікому:

— А навошта мне жыць без цябе?

Бомм... Шкло ў шафах тонка задрыжэла. Гадзіньнікі працягвалі старанна лічыць час, і ў іх галасах мне чулася злавесная радасьць.

Юрась з цяжкасьцю ўстаў, нацягнуў швэдар і рушыў да сьцяны, упрыгожанай барвовым пухнатым кілімам, на якім была разьвешаная старажытная зброя – нібыта пакінутая пасьля бойкі на залітым крывёй лузе. Павагаўшыся, Дамагурскі зьняў з мацаваньняў алебарду, такую самую, як у картачнага крыжовага валета. Начышчанае лязо блішчэла, як новенькае. Але, па маім перакананьні, метал, які адбіраў жыцьці, ніколі ня будзе выглядаць звычайна. Лязо алебарды люстравала тыя стагоддзі, калі яно было зброяй сьмерці. І Юрась выглядаў, як сапраўдны рыцар... Апошні рыцар...

— Пайшлі ў майстэрню...

...Яны ўсё яшчэ беглі па коле, на вуснах — белая пена, хрыплыя галасы рытмічна выкрыкваюць нешта... Юрась падышоў да аднаго з гадзіньнікаў, моўчкі паглядзеў у ягоны па-вар’яцку абыякавы масянжовы твар і з усяе сілы ўдарыў па ім алебардай.

Ніколі яшчэ антыкварыят не зьнішчаўся з такой апантанасьцю. Юрась валіў гадзіньнікі на падлогу, як сьмяротных ворагаў, адцягваў убок, разьбіваў іх жалезныя вантробы... Я таксама дапамагала, як магла, узяўшы нейкі малаток. Дэталі пырскалі ва ўсе бакі, як дождж Апакаліпсісу. Ірваліся вяроўкі з авечых кішак... Каціліся званы, нібыта адсечаныя галовы... Хутка ціканьне сьціхла. А карагод усё таньчыў. Я старалася не глядзець... Гэта было занадта жахліва... Але дэталі ўразаліся ў памяць. Ліля згубіла адзін туфель, на босай назе парвалася чорная ажурная панчоха, і мільгала яркай плямай ружовая пятка. Правае вока Макса чамусьці наліліся крывёю... Шчокі тоўстага ахоўніка трасуцца, нібыта кашалёк у скупой руцэ...

— Што рабіць? – крыкнуў мне Юрась. – Як іх спыніць?

Я разгублена паціснула плячыма. Калі лунатыка раптоўна пабудзіць, ён можа й памерці...

Раптам Юрась наважыўся і з усяе моцы штурхануў таўстуна... Літаральна павіс на ім. А той нібыта не заўважае. Валачэ за сабой нечаканую перашкоду, як мядзьведзь, у якога ўчапіўся малады хорт. Урэшце Юрасю ўдалося паваліць апантанага. Нейкі час таўстуна цягнулі за сабой іншыя, але рух запавольваўся. Людзі падалі, але іх ногі працягвалі танец, вусны нешта выкрыквалі...

Юрась пераступіў праз целы, узяў шкляны шар і бразнуў аб падлогу, як выпітую страмянную чарку.

— Усё... Дзякую за гасьціннасьць.

На разьвітаньне я дастала з кішэні джынсаў канверт з грашыма і сыпанула скамечаныя зялёныя паперкі на пабітыя гадзіньнікі.

Юрась зусім выбіўся з сілаў. Я ледзь змагла давесьці яго да прыпынку... Але я ўжо ведала, што ніколі не пакіну гэтага чалавека. І гора, і пошасьць, і ложак – усё напалам...

Гора хапала — пахаваньне Стэлы. Юрась усё-ткі кахаў яе... Мне давялося ўзяць на сябе шмат клопатаў. Тым больш, што Юрасю рабілася блага, асабліва па начах, ён крычаў ад болю, трызьніў... Відаць, наступствы тых «ампулак», што яму ўкалолі падчас допыту ў Людвісарава.

Цень Стэлы не стаяў між намі. Я проста часам адчувала, нібыта яна сумна назірае збоку, і яе цёмныя вочы блішчаць у начной шыбе ня рэўнасьцю або злосьцю, а лагодным спачуваньнем. Яна быццам разам са мной трывожылася за Юрася, як калісьці ён трывожыўся за яе. І дапамагала мне чакаць яго...

Я чакала яго ўвесь вечар... Гэта мусіў быць асаблівы вечар. Мы дамовіліся, што калі пройдзе сорак дзён пасьля сьмерці Стэлы, ён перабярэцца жыць да мяне назусім.

Я сядзела ля вакна ўсю ноч, і прамень фар кожнага выпадковага аўтамабілю нібыта разразаў маё сэрца на дзьве палавінкі, а рыпеньне сьнегу пад нагамі рэдкіх мінакоў здавалася землятрусам. Юрась не прыйшоў. Раніцай я пачала шукаць яго... Ніхто ня ведаў, куды ён падзеўся. Ягоная маці паведаміла, што ён сапраўды сабраў увечары рэчы і пайшоў да мяне («знайшоў жа, да каго, хіба мала на ягоны век хапіла няўдаліц», – чыталася ў заплаканых вачах маці).

Сваякі зьвярнуліся ў міліцыю... Але Дамагурскага так і не знайшлі, як не знайшлі забойцу Аркадзя. Я спрабавала ў адчайных пошуках выйсьці на гаспадароў Людвісарава, але дарэмна. Калыванаў зьехаў, даходзілі чуткі, нібыта ў Расіі яго спрабуюць засудзіць за грашовыя махінацыі. Баркунова ўдава таксама зьнікла, ня зладзіўшы ані саракавінаў па забітым мужы, ані музея яго імя. Рэстаранчыкі і крамы на пляцы Старавежску абслугоўваюць дальнабойшчыкаў, а вежа стаіць пустая, пазірае сьляпымі вокнамі-вачніцамі, як паднятая з саркафагу мумія. Колькі я блукала вакол Людвісарава, спрабуючы нешта даведацца... Але там цяпер заўсёды цёмна і бязлюдна, нібы ў пустым склепе. Юрась зьнік бясьсьледна.

Я дасюль яго чакаю.

Дарэчы, вярнулася ў журналістыку. Працую ў выданьні, якое то зачыняць, то яно зноў адкрыецца пад іншай назвай. Але пасьля гісторыі з гадзіньнікамі я перастала чагосьці баяцца.

Загрузка...