ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Карціна першая

Кіеўская губернская канцылярыя. За сталом — генерал-губернатар Лявонцьеў. Насупраць, але трохі збоку, стаіць з паперамі для даклада прэм’ер-маёр Гарнастаеў.


Гарнастаеў. І яшчэ, ваша вышэйшасць (падае генерал-губернатару чарговую паперу), складзены пашпарт на імя перабежчыка з-за польскай граніцы Васіля Вашчылы. Чакае вашага подпісу.

Генерал-губернатар бярэ аркуш, хоча напісаць від на жыхарства, але нечага задумваецца, кладзе на край стала.

Лявонцьеў. Што ён за чалавек?

Гарнастаеў (бярэ другі аркуш). Згодна з допытам, які ўчынены на Цімошынскім фарпосце, Васіль Вашчыла, сын Мацея, даў наступныя паказанні сяржанту Сафронаву: гадоў ад нараджэння яму пяцьдзясят чатыры; нарадзіўся ў Старадубскім палку Почапскай сотні ў сяле Чамаданаве, дзе бацька яго і маці жыхарства мелі і там памерлі, а браты яго, Мацей, Яфрэм і Сямён, таксама Мацеевы дзеці, у сяле Бунушава за Бунчыковым таварышам Аляксандрам Карэцкім і цяпер жывуць. За польскую граніцу перайшоў гадоў дзевятнаццаць таму назад і жыў там за князем Радзівілам у Падданстве на Крычаўшчыне, у сяле Сілічы па сёлетні, семсот сорак чацвёрты год.

Лявонцьеў. Што яго змусіла зноў перакінуцца ў Расію?

Гарнастаеў. Тлумачыць, што жыць у старастве стала цяжка, не хоча заставацца больш на чужой старане.

Лявонцьеў. Цяпер не хоча, а тады хацеў! Дзе ён цяпер, гэты Вашчыла?

Гарнастаеў. Трымаем у Пячэрскай турме.

Лявонцьеў. Вось што, прэм’ер-маёр, мне хочацца самому паглядзець на гэтага чалавека. Пагаварыць з ім. Справа ў тым, што за князем Радзівілам у Крычаўскім старастве шмат падданых Яе Імператарскай Вялікасці. Гэта дакладна вядома. Але ўсе яны беглыя з Расійскай імперыі. Па загаду Калегіі замежных спраў нам належыць пачаць перамовы з польскімі ўладамі, каб вярнуць адтуль расійскіх падданых. Думаю, што гэты Вашчыла многае ведае і з яго слоў можна шмат высветліць. Магчыма, што якраз з яго дапамогай нам удасца схіліць некаторых добраахвотна перайсці ў Расію.

Гарнастаеў. Калі вашай вышэйшасці будзе прыстойна дапытаць перабежчыка?

Лявонцьеў. Марудзіць не стану. Самі разумееце, справа дзяржаўная. Граф Бястужаў-Румін ужо каторы месяц запытанні шле. Я, прызнацца, доўга раздумваў, як падступіцца да гэтай справы, з якога боку, але цяпер… раз гэты Вашчыла ў нас, можа, сапраўды самы зручны выпадак настаў. Пашліце, прэм’ер-маёр, рэйтара ў турму, няхай даставіць перабежчыка.

Гарнастаеў. Будзе зроблена, ваша вышэйшасць.

У пакой у суправаджэнні рэйтара заходзіць Васіль Вашчыла. Генерал-губернатар доўга глядзіць на яго.

Лявонцьеў. Значыць, не захацеў жыць за граніцай?

Вашчыла. Так.

Лявонцьеў. А чаму тады бегаў туды, у Польшчу?

Вашчыла апускае галаву.

Гэта добра, што вярнуўся на радзіму. Але скажы мне — ты не раскольнік?

Вашчыла. Не, я праваслаўны.

Лявонцьеў. Ну, гэта вядома, што праваслаўны. Я пытаюся — не раскольнік?

Вашчыла. Не, я правільнай веры.

Лявонцьеў. А іншыя людзі з нашай імперыі, што перайшлі жыць за мяжу, раскольнікі?

Вашчыла. Раскольнікі сярод іх таксама ёсць. Але ў Крычаўскім старастве, дзе мы жывём за князем Радзівілам, а раней — за яго маткай Ганнай Радзівіліхай, амаль скрозь усе правільнай веры. Старавераў, можна сказаць, у нас не дужа любяць. Тыя ўсё сваім гуртам неяк. Але таксама трэба сказаць — асядаюць больш пад Гомлем і далей туды, ажно пад Латгалію.

Лявонцьеў. У каталіцкую веру не пераходзяць?

Вашчыла. Мы трымаемся сваёй, але апошні час пачынаюць расказваць пра сваю рэлігію ўніяцкія святары.

Лявонцьеў. Матухна імператрыца, Елізавета Пятроўна, якая ў нас цяпер правіць, хацела б, каб былыя падданыя нашага царства зноў вярнуліся ў Расію. Што іх трымае там?

Вашчыла. У кожнага свая прычына.

Лявонцьеў. Ну, а ў цябе, якая прычына была ў цябе? Што ты шукаў там, у Польшчы?

Вашчыла. Волю.

Лявонцьеў. А тут, у Расіі, няма яе?

Вашчыла маўчыць.

А мог бы ты вярнуцца назад у Польшчу?

Вашчыла доўга глядзіць на генерал-губернатара.

Вашчыла. Навошта мне будзе вяртацца, ваша светласць, калі я адтуль уцёк?

Лявонцьеў. Гэта мы з табой ведаем, што ты ўцёк. А можна зрабіць выгляд, што ты нікуды не адлучаўся са сваёй вёскі. Як яна хоць завецца?

Вашчыла. Сілічы. Гэта адразу за граніцай. За фарпостам у Латаках.

Лявонцьеў. Ну вось, зробіш выгляд, што ездзіў да знаёмых у суседнюю вёску. Дарэчы, чым ты займаўся ў старастве? Якую маёмасць меў?

Вашчыла. Войтам быў у Сілічах.

Лявонцьеў. Значыць, панам быў?

Вашчыла. Я чалавек выбраны.

Лявонцьеў. І што ж здарылася, што не захацеў войтам служыць?

Вашчыла. Не стала жыцця за князем. Люты. Арандатараў разбэсціў. Ліхвярам патурае. Ат, ці мала што!..

Лявонцьеў. У мяне вось тут гатовы на цябе пашпарт для пражывання ў межах Расійскай імперыі. Вось ён, ляжыць. Але цяпер бачу, што птушка да нас з-за польскай мяжы заляцела няпростая. (Бярэцца за кутас, торгае.)

Чуецца званок. Заходзіць прэм’ер-маёр Гарнастаеў.

Пакажыце мне пратакол допыту з Цімошынскага фарпоста. Хачу пазнаёміцца.

Гарнастаеў дастае з папкі аркуш, падае генерал-губернатару. Той чытае.

Тут нідзе не пазначана, што ты быў войтам?

Вашчыла. Мяне пра гэта не пыталі.

Лявонцьеў. Мог сам сказаць.

Вашчыла. Дык…

Лявонцьеў (да Гарнастаева). Вы можаце ісці, прэм’ер-маёр. І вы — таксама, рэйтар.

Рэйтар стаяў праз усю размову генерал-губернатара з Вашчылам ля дзвярэй.

Наколькі я пачаў разумець, ты не пра ўсё расказаў сяржанту Сафронаву на фарпосце. Але мы справу да канца даследуем. Цяпер… пра тваё вяртанне ў Польшчу. Ці змог бы ты, вярнуўшыся туды, дапамагчы нам угаварыць былых падданых Яе Імператарскай Вялікасці перайсці зноў у Расію?

Вашчыла. Не ведаю.

Лявонцьеў. А ты падумай, войт.

Генерал-губернатар зноў торгае за кутас. Заходзяць прэм’ер-маёр і рэйтар.

У крэпасць. (Ківае галавой на Вашчылу.) Але няхай там не чыняць войту лішніх перашкод.

Вашчыла з рэйтарам выходзяць.

А вы, Іван Раманавіч, падрыхтуйце ліст у Калегію замежных спраў адразу на імя графа Бястужава-Руміна. Здаецца мне, што гэтага Вашчылу можна будзе скарыстаць у той справе, пра якую клапоціцца калегія.

Гарнастаеў. Згаджаецца?

Лявонцьеў. Будзем дамагацца. Але, як я зразумеў, чагосьці баіцца. Ці не стаіць за ім віна, можа, у бунце цяперашнім замешаны, бо нездарма гэтак насцярожваецца, калі схіляеш да вяртання. Ва ўсякім разе, такога жадання ў ім пакуль не відаць. Значыць, трэба дадаткова высветліць, што ён за чалавек! Нутром чую, ёсць нейкая загадка. Перадайце, Іван Раманавіч, загад у крэпасць — перавесці нашага госця, сілічоўскага войта, у лепшую камеру, прыставіць да нагляду разумнага манаха. Не можа быць, каб чалавек не адгукнуўся на ласку. А вы, прэм’ер-маёр, тым часам пашліце ганца ў Старадуб да палкоўніка Максімовіча. Дзе Вашчыла паказвае, што нарадзіўся?

Гарнастаеў. У сяле Чамаданава Почапскай сотні.

Лявонцьеў. Ну вось, няхай сотнік почапскі гэтым і зоймецца. Можна нават адразу даручэнне маім загадам аддаць туды. Мы ж тут будзем спадзявацца пакуль на манаха. Падбярыце такога сярод пячэрскай браціі, такога, хто ўжо аказваў нам падобныя паслугі і ў крэпасці свой чалавек. Ды не дужа нявольце самога Вашчылу. Асабліва карміце добра. Паразуменне часцей за ўсё праз страўнік да людзей прыходзіць. Няхай адчуе, што ў нас у ім сапраўды патрэба.

Карціна другая

Вашчыла ў камеры Пячэрскай крэпасці. Ходзіць па камеры. Спыняецца каля сцяны, стукае ў адчаі па ёй кулаком і доўга стаіць так, апусціўшы галаву.


Вашчыла. Дзе вы, мае баявыя сябры? Відаць, быў я кепскі атаман, раз апынуўся тут, у Кіеве, і не ведаю, што цяпер робіцца ў Крычаве. І ці правыя вы ўвогуле, бо князь Радзівіл нікому не даруе. Я добра ведаю яго. Усе мы добра ведаем яго. І ці ўсё мы зрабілі так, як трэба? А галоўнае, чаму здарылася, што княская конніца напала знянацку? Значыць, нехта прадаў нас? Хтосьці прывёў князевых слуг у Царковішча па нашых знясіленых слядах?

Вашчыла адхінаецца ад сцяны, падыходзіць да лаўкі, што стаіць пры другой сцяне, кладзецца.


Праз успамін узнікае на другім краі сцэны хата ў Царковішчы, паўстанцкі штаб. Тут Вашчылавы паплечнікі па паўстанні — войты: Іван Карпач, Стась Бочка. Пісар паўстання, Стасеў сын Іван Бочка, сотнік Мікола. На тапчане, што паміж сцяной і печкай, спіць падлетак, Вашчылаў сын Мартын. Вашчыла сядзіць за сталом, ашчаперыўшы галаву, цяжка думае. Нарэшце страсае з сябе клопат, усё роўна як насланнё, гаворыць.


Вашчыла. Што будзем далей рабіць, войты? Бітва за Крычаў нашым войскам сянні ганебна прайграна… Гэта ўжо й малому ясна!..

Карпач. Твая праўда, войт, — прайграна. Цяпер зноў нам да Крычава няскора падступіцца.

Бочка. Але мы сваю сілу таксама паказалі. Запомніць князь, што з намі не так сабе мерацца.

Вашчыла. Я ажно да ўчарашняга дня спадзяваўся ў душы, што да крычаўскіх харугваў не паспее падысці артылерыя з Невеля. Але дарэмна. Яна вось і вырашыла ўсё на карысць князя. Дарэчы, а колькі ў нас засталося гармат?

Карпач. Ніводнай, войт. Усе пакінуты там, пад Крычавам.

Вашчыла. А ці палічыў хто паўстанцаў? Колькі вас пасля бітвы засталося?

Бочка. Многа, войт. Асабліва — конных. Пешыя ці то адсталі, ці то разбегліся. Аднак людзей яшчэ хапае.

Вашчыла. Дзе ж яны ўсе размесцяцца тут, у Царковішчы? Хат жа небагата.

Бочка. Частка тут, а іншым — у Семенаўку загадана перайсці. Трэба спадзявацца, што і па іншых вёсках нашыя заначуюць.

Вашчыла. Да раніцы няхай спяць… Усё-такі што будзем рабіць заўтра, войты, як паўстанцы прачнуцца? Наступаць на Крычаў без гармат ужо нельга.

Карпач. Трэба дачакацца вясны. Заўтра адступім на край стараства, хоць бы за Бесядзь альбо нават у тваю воласць, войт, каб апынуцца бліжэй да рускай граніцы, ну і перачакаем астатак зімы, а там разводдзе, вясна. І цяпер ужо снег ледзьве трымае каня. Так што князь не стане пасылаць па бездарожжы наўздагон свае харугвы. Ды і пашкуматаны яны за гэты час моцна. Ну, а па сухіх дарогах, пасеяўшы сядзібы, зноў можна будзе рушыць на Крычаў, на першае адсюль князева логава, а там, дасць Бог, і на Слуцк некалі павернем свае атрады.

Бочка. І на Вільню.

Вашчыла. І на Белую, за Бярэсце. Вас, войты, толькі паслухаць!.. Але ж сянні, трэба прызнаць, мы разбіты!.. Князевы харугвы аказаліся мацнейшымі за наша сялянскае войска.

Карпач. Не карай сябе, войт! Ці першы раз мужыкам даводзіцца трапляць у такое становішча. Гэта ты малады, ну, калі не па гадах, дык па вайсковаму прыкладу, а я ўжо з Радзівіламі барукаюся даўно. І з маткай гэтага Гераніма дужаўся, цяпер вось з ім выпала.

Вашчыла. Але ж дзед мой Пацей нездарма гаварыў — раніца мудрэй за вечар. Ідзіце па хатах, войты, кладзіцеся спаць. Ты ж, сотнік Мікола, паглядзі на пасты. А мы з Іванам (ківае на пісара) станем кумекаць тут, што да чаго, відаць, новыя адозвы ўжо зранку трэба па валасцях пасылаць.

Карпач. Разумна рассудзіў, войт, — адозвы край патрэбны цяпер. А пасылаць сапраўды не шкодзіць. Дый позна ўжо. Вунь Мартын твой ужо, няйначай, каторы сон сніць. (Смяецца, гледзячы на тапчан.)

Войты разыходзяцца. Вашчыла з пісарам застаюцца ў хаце адны. Іван Бочка дастае з мяшэчка бутэльку з чарнілам, разгортвае з палатнянага шкумата гусінае пяро. Кладзе на стол скруткі паперы. Але да Вашчылы не паспявае падсесці. Раптам на дварэ чуюцца крыкі і стрэлы.

Вашчыла. Што гэта?

Пісар. Няйначай, напіліся мужыкі… А мо пасварыліся…

Вашчыла слухае шум, той усё расце.

Вашчыла. Не, гэта штосьці іншае, пісар. І не п’янка, і не сварка. Глянь-тка на вуліцу!

Але пісар не паспявае выйсці з хаты. Уросхрыст расчыняюцца дзверы, цераз парог пераскоквае сотнік Мікола.

Сотнік. Здрада, войт! Драгуны ў вёсцы! Сякуць шаблямі нашых!

Вашчыла. Дзе Бочка? Дзе стары Іван?

Сотнік. Драгунамі схоплены!

Вашчыла. А іншыя, дзе ўсе нашы?

Сотнік. На вуліцы паніка! Але нашы ўсё яшчэ б’юцца, дарма што драгуны напалі на вёску знянацку. Лічы, усе спалі.

Вашчыла. Адкуль яны ўзяліся, драгуны?

Сотнік. Не ведаю…

Вашчыла нейкі час пакутліва маўчыць.

Вашчыла. Будзі, Мікола, сына майго. Сядайце на коні, няхай ён возьме майго каня на стайні, і ратуйцеся. Ты цяпер будзеш адказваць мне за сына. Схавай у надзейным месцы. У старастве, трэба думаць, знойдзецца недзе надзейны куток? Знайдзі такое месца, да магілы буду ўдзячны, Мікола!

Адчыняюцца дзверы. На парозе з’яўляюцца княскія драгуны. Вашчыла выхоплівае з-за пояса пістолю, страляе ў аднаго драгуна. Той падае. Другі драгун кідаецца назад. Сотнік Мікола зачыняе за ім дзверы.

(Да сотніка.) Будзі сына!

Мартын ужо ад стрэлу прачнуўся і працірае рукамі вочы.

Мартын. Тату!..

Вашчыла (кідаецца да яго). Уцякай, сынку. Вось з Міколам! У нас тут, здаецца, новая бяда. (Зноў да сотніка.) Не затрымлівайся, Мікола, бяры Мартына. А я на вуліцу, да войска!

За акном чуюцца стрэлы. Хтосьці зноў спрабуе адчыніць дзверы ў хату, але Вашчыла страляе па іх з другой пістолі. Страляе туды і пісар Бочка. Сотнік выбівае нагой акно, цягне за сабой праз яго Вашчылавага сына. Бітва ў Царковішчы паступова заціхае…


У камеры Пячэрскай турмы на лаўцы ляжыць Вашчыла. Ужо світанак. Чуюцца званы Кіева-Пячэрскай лаўры.

У камеру заходзіць манах. Ён нясе шайку з вадой. Будзіць Вашчылу.


Манах. Прачынайся, замежны госць, прачынайся. Чуеш, ужо звоняць да ютрані ў нашай лаўры.

Вашчыла падхопліваецца, бачыць незнаёмага чалавека ў камеры.

Вашчыла. Хто ты?

Манах. Тутэйшы, з лаўры. На паслугі пастаўлены да цябе. Умывайся, вось шайка з вадой стаіць. А тады прынясу паесці. Не забудзь лоб перад сняданкам перахрысціць. А можа, пара ўжо і да споведзі?

Вашчыла пачынае мыць над шайкаю твар, грудзі.

Вашчыла. Спавядацца мне пакуль няма ў чым. Грахоў яшчэ не паспеў нарабіць, каб спавядацца ў іх.

Манах. Усе мы — грэшнікі. Грэшныя перад Богам нават тыя, што і не здагадваюцца пра гэта.

Вашчыла. Які ж гэта грэшнік, калі не ведае, што грэшны.

Манах. Усе мы грэшныя. Усім нам ёсць у чым спавядацца. Нават гасподнія шляхі невядомы, а нашы…

Вашчыла. Нічога, ойча. Споведзь пачакае. А вось памаліцца Богу не лішне будзе. Шкада, што позна разбудзіў. А то б у гэту ютрань і памаліўся. Ёсць за каго ў мяне маліцца.

Манах. А за сябе?

Вашчыла. Што з таго, каб маліцца толькі за сябе!..

Манах (сядае на лаўку, на якой спаў Вашчыла). Я спытаю дазволу ў генерала, каб табе маліцца разам з браціяй.

Вашчыла. Не варты я такога дазволу.

Манах. Усе мы грэшныя, брат мой. Але, бачу, важная персона ты. І камеру табе памянялі на лепшую, і наглядчыка адмянілі — папрасілі мяне вось, Божага чалавека, памагаць.

Вашчыла. Чаму раптам цябе?

Манах. Нашы тут, у крэпасці, часта розныя паслугі аказваюць. Арыштантам таксама. Вось і мяне папрасілі сёння пахадзіць за табой. Дык я прыйшоў і рады не магу даць сабе — што ты за чалавек?

Вашчыла (смяецца). Я ўжо сказаў, ойча, хто я — і тады, як перайшоў граніцу сюды, і ўчора, на допыце ў губернскай канцылярыі. Ты спытай лепей пра мяне ў генерала.

Манах. Да генерала мне далёка, да Бога высока.

Вашчыла. Табе, ойча?

Манах (нібыта не чуе). То калі ў храм пойдзем? Тут ужо каторы дзень спрабуе да цябе чалавек трапіць.

Вашчыла. Хто? Здаецца, знаёмых у мяне ў Кіеве няма, каб хто папрасіўся?

Манах. Не ведаю хто, аднак калі ішоў сюды, то сустрэў чалавека, нават чырвонцамі знушчаў.

Вашчыла. А ты?

Манах. Сюды, у крэпасць, нельга. Можа, па дарозе ў храм вокам кінеш на яго?

Вашчыла. Можна й кінуць, як ты кажаш, ойча.

Манах. А на споведзь?

Вашчыла. Сам жа чуеш, няма мне ў чым спавядацца пакуль.

Манах. Што сказаць таму чалавеку?

Вашчыла. Тое і скажы, ойча, што паспрабую па дарозе ў храм кінуць вокам на яго, раз сюды не пускаюць. А чаму? Што, мяне злачынцам трымаюць? Я ж сам перайшоў граніцу, сам здаўся ў Латаках. Адсюль колісь пайшоў на польскі рубеж, сюды і вярнуўся. Чалавек, ойча, шукае, дзе лепей, дзе меней прыгнёту. А ён, аказваецца, паўсюль.

Манах. Дык чаму ад аднаго прыгнёту шукаюць другога?

Вашчыла. Я кажу — некалі збег у Польшчу, цяпер назад прыйшоў, у Расію.

Манах. Нашых, праваслаўных, многа там?

Вашчыла. Лічы, усе, каго я ведаю ў Крычаўскім старастве. Католікаў мала.

Манах. А што, у старастве вашым і праўда адны беглыя адсюль?

Вашчыла. Ёсць, канечне, і беглыя, як я вось, а то ўсё карэннае насельніцтва. Тамашнія людзі, якія спрадвеку ў мясцовых вёсках жывуць. Нарадзіліся ў іх і жывуць.

Манах. Эхма!.. Нездарма кажуць — скрозь жывуць людзі. Дык што, ісці па сняданак ці на малітву ўжо пойдзем?

Вашчыла. Манахі твае, нябось, ужо адстаялі ютрань?

Манах. Маліцца ніколі не позна, дарэчы, таксама, як ежу ўжываць.

Вашчыла. Хадзем, ойча, хадзем на малітву, хоць, здаецца, хапіла б перажагнаць лоб і тут, у гэтай палаце. (Водзіць рукой, паказваючы на столь.)

Карціна трэцяя

Губернская канцылярыя. Да генерал-губернатара Лявонцьева ў кабінет заходзіць старадубскі палкоўнік Максімовіч. Генерал выходзіць з-за стала, паціскае руку.


Лявонцьеў. Рад бачыць вас, Фёдар Андрэевіч, і не палічыце за вялікую турботу, што спешна выклікаў у Кіеў. Служба, палкоўнік. А ў Старадубе, відаць, цяпер хораша?

Максімовіч. Што можа быць, ваша вышэйшасць, лепей за Кіеў. Нездарма кажуць — маці гарадоў нашых. Незразумела толькі, чаму маці, не бацька?

Лявонцьеў. Ну, ведаеце, Фёдар Андрэевіч!.. Не нам старыя кнігі перайначваць.

Максімовіч. Слухаю вас, пан генерал!

Лявонцьеў. Праз два дні еду ў сталіцу, палкоўнік. І справы там ёсць, і… Словам, еду нібыта па ўласным пачыне. Але галоўная задача вось у чым, дарагі палкоўнік. Нас мае намер наведаць тут матухна імператрыца. Яе Вялікасць Елізавета Пятроўна. І першы па дарозе з Санкт-Пецярбурга ваш полк. Самі ведаеце, што з гэтага вынікае. Так што праз два дні пасля вашага ад’езду з Кіева па дарозе ў сталіцу буду рабіць агляд Старадубскаму палку.

Максімовіч. Гэта дакладна, ваша вышэйшасць, што імператрыца збіраецца да нас?

Лявонцьеў. Лічыце, дакладна, палкоўнік, але вам належыць ведаць пакуль адно — па дарозе ў сталіцу заеду ў Старадуб, зраблю агляд палка.

Максімовіч. Слухаю, ваша вышэйшасць.

Лявонцьеў. Не падаць жа нам у гразь перад матухнай імператрыцай, а, палкоўнік?

Максімовіч. Гэта так.

Лявонцьеў. Ды вы сядайце, Фёдар Андрэевіч. Адчувайце вольна ў кабінеце, ну, што дома. (Сядае ў крэсла, запрашае рукой старадубскага палкоўніка.) Як вы разумееце, пэўнасць аб наведанні імператрыцай нашых земляў будзе толькі пасля маёй паездкі ў Санкт-Пецярбурт. Але да вас, палкоўнік, тым часам з’явілася тут, у Кіеве, яшчэ адна справа. Нават гэта не дакладна, што з’явілася яна ў Кіеве, хутчэй за ўсё — узнікла тут, а з’явілася ў сталіцы. Словам, сутнасць вось у чым. Дзявятага лютага капітан Папоў з Цімошынскага фарпоста пісьмова данёс, што шостага чысла граніцу перайшоў і здаўся на Латакоўскім фарпосце хтосьці Вашчыла Васіль. Цяпер ён тут, у Кіеве. Учора я размаўляў з ім. І яшчэ ўчора ён тлумачыў, што з’яўляецца падданым Расійскай імперыі, а ў Польшчу перайшоў нібыта дзевятнаццаць гадоў назад і ўвесь час жыў у Крычаўскім старастве за князем Радзівілам. Таму ўчора ж у мяне з’явілася думка — ці нельга змусіць яго вярнуцца назад у Польшчу, з тым, каб падбіваць былых нашых падданых вяртацца ў Расію. Чалавек ён, як я зразумеў, уплывовы там, войт. Тым больш што з Замежнай калегіі загад на тое сапраўды паступіў нам. Перабежчык сцвярджае, што нарадзіўся ён у Почапскай сотні, у сяле Чамаданаве. Але сёння ў Кіеў ад князя Радзівіла з’явіліся ганцы — ротмістр па імені Шленца і шляхціч пры ім, Пішчык.

Максімовіч. Здаецца, я ўжо бачыў іх, калі ішоў да вас, і ротмістра, і гэтага шляхціча. Пры іх чатыры гусары.

Лявонцьеў. Радзівілавы ганцы патрабуюць выдачы Вашчылы, даводзяць, што той нарабіў у Польшчы вялікія крыўды.

Лявонцьеў. У лісце, які прывезлі да мяне Радзівілавы ганцы, напісана шмат. Там, у Крычаўскім старастве, адбыўся вялікі бунт. І Вашчыла нібыта ўзначаліў яго. Зрэшты я дам прачытаць вам князеў ліст. І калі яно так, як піша князь, то гэтым павінна заняцца таксама Калегія замежных спраў. Прызнацца, я і сам штосьці падазраваў у ім, гэтым Вашчылу. Нават зрабіў сякія-такія захады. Паставіў сваіх людзей сачыць за ім. Хто ў нас сотнікам у Почапе?

Максімовіч. Іван Тубчыц.

Лявонцьеў (успомніў). Так, Тубчыц. Яму і належыць высветліць усе акалічнасці, што датычаць Вашчылы. Няхай сотнік сам наведаецца ў сяло Чамаданава і ўдакладніць паказанні перабежчыка. Калі сапраўды ён былы падданы расійскі, то гаворка з палякамі павінна весціся па-іншаму. Па дамоўленасці з польскімі ўладамі яны павінны самі вяртаць нам такіх перабежчыкаў, а не хаваць іх у сваіх землях. Словам, у Санкт-Пецярбургу я данясу аб пісьме князя Радзівіла графу Бястужаву-Руміну. Але пакуль вярнуся ў Кіеў, звесткі аб Вашчылу павінны ляжаць вось тут, на стале. Зразумела, Фёдар Андрэевіч?

Максімовіч. Так, пан генерал.

Лявонцьеў. Тады з Богам, палкоўнік. Паклон мой шаноўнай Ксені Апалінараўне. Як яна? Нябось, па-ранейшаму штогод па наследніку раджае?

Максімовіч. Дзякуй, ваша светласць. Ёсць такое. А вы ў сталіцу з супругай? Вельмі рады будзем сустрэць яе ў Старадубе. (Устае, паціскае працягнутую генералам руку, ідзе да дзвярэй.)

Лявонцьеў (наўздагон). З усімі матэрыяламі аб Вашчылу, якія мы маем, пазнаёмцеся ў прэм’ер-маёра Гарнастаева.

Максімовіч. Слухаю, пан генерал.

Карціна чацвёртая

Царква ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Ютрань ужо закончылася. Але яшчэ гараць свечкі, ходзіць поп. Укленчыўшы перад алтаром, стаяць Вашчыла і знаёмы Манах. Вашчыла часта жагнаецца, шэпча малітву. Аддае належнае Богу і манах. Да іх падыходзіць чалавек у армяку, галава яго накрыта башлыком. Чалавек укленчвае побач з Вашчылам. Той працягвае маліцца, нейкі час не зважае на новага чалавека. Тады паварочвае галаву — гэта сотнік Мікола.


Сотнік. Ціха, Васіль!..

Вашчыла. Гэта ты хацеў мяне бачыць! Даўно ў Кіеве?

Сотнік. Ды ўжо каторы дзень.

Вашчыла. Што з маім сынам Мартынам?

Сотнік. Не хвалюйся. У надзейным месцы. Я яго даручыў беладубраўскаму папу ў Студзянцы.

Вашчыла азіраецца на манаха, які спрабуе пачуць гаворку.

Вашчыла. Як ты апынуўся тут?

Сотнік. Ды я даўно іду па тваіх слядах. Лічы, ад самай раніцы, калі ты быў на Латакоўскім фарпосце.

Вашчыла. Расказвай, а то ці давядзецца ў больш зручным месцы апынуцца. Расказвай так, каб гэты не ўсё зразумеў. (Ківае на манаха.)

Сотнік. У Крычаве адбыўся суд над нашымі паўстанцамі. Прыязджаў са Слуцка Радзівіл. Івана Карпача зашылі ў мядзведжую шкуру, зацкавалі сабакамі… Стася Бочку пасадзілі на кол… Закатавана многа нашых, вельмі многа, Васіль…

Вашчыла. А што са Стасевым сынам, пісарам?

Сотнік. Яго знявечылі, выразаўшы язык, выпалілі на твары пятлю і прагналі з Крычава. Цяпер недзе бадзяецца, небарака.

Вашчыла ўздыхае.

Манах. Што ж, замежны госць, Богу Богава, а кесару кесарава. Хадзем, бо нас спахопяцца ў крэпасці.

Вашчыла не спяшаецца, нейкі час стаіць на каленях у здранцвенні.

Вашчыла (да сотніка). Куды ж ты цяпер?

Сотнік. Буду недзе побач. Дасць Бог, выручым. А там…

Вашчыла. Мусіць, мяне нядобра ўспамінаюць у старастве?

Сотнік. Як і належыць… Хто як. Але сянні бачыў у Кіеве, ля канцылярыі, генерал-губернатара, Радзівілавых ганцоў. Няйначай, нешта ўнюхалі. Пільнуйся, а па мне не клапаціся.

Вашчыла. Беражы сына, калі што, не давай у крыўду. Ты цяпер адказваеш за яго. Ведай гэта, Мікола. Бывай.

Сотнік. У мяне з сабой грошы. Я падкуплю каго трэба. Не сумуй, Васіль, можа, абыдзецца. Шкада вось, што Радзівілавы ганцы тут.

Вашчыла. Бывай і сам беражыся. (Устае, ідзе следам за манахам да выхаду з царквы.)

Карціна пятая

Губернская канцылярыя. У пакоі — прэм’ер-маёр Гарнастаеў, ротмістр Шленца, шляхціч Пішчык.


Шленца. Пан маёр, я яшчэ раз настойліва патрабую ад вашай міласці выдаць рабаўніка і забойцу Вашчылу!

Гарнастаеў. Справа з гэтым чалавекам, якога вы называеце рабаўніком і забойцам, высвятляецца, пан ротмістр. Нам яшчэ пакуль невядомы шматлікія акалічнасці, што датычаць яго. Калі Вашчыла сапраўды быў падданы Яе Вялікасці Імператрыцы ўсерасійскай, то па ранейшым дагаворы з Рэччу Паспалітай аб вечным міры мы не павінны выдаваць такіх вам. Наадварот, яго вышэйшасць генерал-губернатар даручыў мне перадаць праз вас князю Радзівілу, што ён незаконна трымае ў сваім старастве нашых падданых.

Шленца. Вашчыла не расійскі падданы, нарадзіўся ён у Крычаўскім старастве і, па нашых звестках, заўсёды жыў там. Таму маем права патрабаваць ад расійскіх улад перадаць яго нам. Мы пад сваім канвоем адвязём яго ў Рэч Паспалітую. Вы не маеце падстаў затрымліваць забойцу, лютага ворага нашага літасцівага князя, падчашага літоўскага.

Гарнастаеў. Які ён вораг князя? Самі кажаце, што бунтаваў халопаў супраць мясцовых арандатараў.

Шленца. Ягоным разбоем моцна парушаны эканамічныя інтарэсы нашага яснавяльможнага князя!

Пішчык (дастае даўно складзеную паперу, пачынае тлумачыць па ёй). Праз хлопскі бунт у княскай казне ўжо цяпер не хапае шэсць мільёнаў злотых. Гэта так, пан маёр. Да таго ж усё стараства прыйшло ў заняпад. То страты на будучыя гады. На потым. Усяго ж Вашчылам нарабавана каля дзесяці мільёнаў. Цяпер нам загадана выявіць, дзе схаваў гэткае багацце злодзей, куды вывез. У часе бунту, які цягнуўся не адзін год, таксама забіта многа дастойных людзей у старастве, у тым ліку каля пятнаццаці жыдоў-арандатараў, а самі шаноўныя браты Іцкавічы, на каго князь заўсёды спадзяваўся, зусім зніклі. Ні ў княстве няма іх, ні ў Кароне, ні нават у Еўропе слядоў не знаходзяць. Ды і жаўнераў, нашых літоўскіх жаўнераў, шмат палегла ў сутычках з Вашчылавым быдлам.

Гарнастаеў. Добра, пан шляхціч. Я ўпаўнаважаны прыняць ад вас такую скаргу. Мы дададзім яе да следчай справы. Што яшчэ ў вас?

Пішчык. Бунтаўшчык квапіўся таксама на чужое імя — выдаваў сябе за гетмана, за ўнука Багдана Хмяльніцкага. Ён — самазванец!

Гарнастаеў. Я так разумею, што вы дамагаецеся ад нас вочнай стаўкі з Вашчылам?

Пішчык. Так, ваша міласць.

Гарнастаеў. Але і ў гэтым я мушу адмовіць вам, паны палякі. Затое мы маем магчымасць наладзіць такую сустрэчу яшчэ з адным бунтаўшчыком, якога мы затрымалі. (Рэйтару.) Прывядзіце.

У пакой пад аховай уводзяць сотніка Міколу. Ён знясілены ад допытаў, ледзь трымаецца на нагах.

(Да Шленца і Пішчыка.) Вам вядомы гэты чалавек?

Радзівілавы ганцы адмоўна ківаюць галовамі.

Можаце задаваць пытанні.

Шленца (глядзіць на прэм’ер-маёра). Хто гэта?

Гарнастаеў. Затрыманы пры спробе наладзіць сувязь з Вашчылам. Мы таксама не ведаем, хто гэта. Таму і дазволілі вам паглядзець на яго. А калі і вам невядомы, то… Пан рэйтар, забярыце яго.

Шленца. Не, пачакайце, пан маёр (Да сотніка Міколы.) Хто ты естэсь, пся крэў?

Сотнік. Сам ты пся крэў!

Шленца. Ну, ну, быдла! Аддайце нам яго, пан маёр. Мы хутка яму развяжам язык!

Гарнастаеў. Хацеў бы я паглядзець, як гэта ў вас атрымаецца. Прынамсі, у нас ён увесь час маўчыць. Ані слова ні пра сябе, ні пра Вашчылу. Што ж да выдачы яго вам, то існуе прычына, па якой і ў гэтым вымушаны адмовіць (Зноў падае знак, каб сотніка вывелі.)

Шленца. Але мы са свайго боку павінны заявіць вам, ваша міласць, што не пакінем Кіева, пакуль не даможамся свайго.

Карціна шостая

Турма ў Пячэрскай крэпасці. Камера Вашчылы. Той сядзіць на лаўцы. Заходзіць прэм’ер-маёр Гарнастаеў.


Гарнастаеў. Прыйшоў паглядзець, як цябе ўтрымліваюць тут, гетман.

Вашчыла са здзіўленнем глядзіць на Гарнастаева.

У тваёй справе адкрыліся новыя акалічнасці. Аказваецца, ты не той, за каго выдаеш сябе перад намі. Выходзіць, што ты бунтаваў халопаў у Крычаўскім старастве. Хіба не так?

Вашчыла. Адкуль гэта вядома?

Гарнастаеў. Думаеш, калі ты сядзіш тут у поўнай бяспецы, дык мы там, у сваёй канцылярыі, сядзім склаўшы рукі? Дарэчы, намі ўзяты твой паплечнік. Хто ён?

Вашчыла маўчыць.

На цябе ад палякаў паступіла скарга, што ты мільёны нарабаваў у старастве і шмат нявінных людзей пабіў, сам уцёк да нас за граніцу, каб пазбегнуць суда. Так што запірацца не раю. Асобу, такім чынам, мы тваю высветлілі. Застаецца толькі сабраць астатнія звесткі, ці праўда, напрыклад, што ты былы расійскі падданы. Ганцы, што знаходзяцца тут ад князя Радзівіла, патрабуюць тваёй выдачы. Скажы, што гэта за чалавек, што падыходзіў да цябе ў царкве?

Вашчыла. Я не ведаю. Ці мала хто ў царкве да алтара падыходзіць. Маліліся разам.

Гарнастаеў. І шапталіся, як змоўшчыкі. Аб чым ішла мова? Як нам вядома, шапталіся вы паміж сабой пра нейкія страшныя пакаранні.

Вашчыла. Ні пра якія пакаранні мы не гаварылі. Манах ваш хлусіць. Гэта яму здалося.

Гарнастаеў. О, пан гетман, пан войт. Мы да цябе няблага ставімся, нават паважаем, калі хочаш ведаць, аднак жа… доўгае запіранне можа вывесці з раўнавагі хоць каго. Хіба табе ў нас дрэнна? Таму я заклікаю цябе да паразумення.

Вашчыла. Скажыце, пан маёр, чаму вы мяне называеце гетманам?

Гарнастаеў. Ты ж сам выдаваў сябе за гетмана ў Польшчы! Нават за ўнука Багдана Хмяльніцкага.

Вашчыла. Мне б і ў галаву ніколі не прыйшло называць сябе ўнукам Багдана!..

Гарнастаеў. А гетманам?

Вашчыла. І гетманам таксама. Мяне заўсёды ведалі як Вашчылу, сілічоўскага войта. А вы!.. Пабойцеся Бога! Хто гэта вам нагаварыць мог?

Гарнастаеў. Раскажы — што адбылося ў Крычаўскім старастве? Не так жа ты сабе ўцякаў адтуль?

Вашчыла. Не ведаю. Чуў ад людзей, што сяляне нібыта бунтаваліся супроць князя. Але гэта далей ад нас, пад Крычавам.

Гарнастаеў. Прытвараешся. Ды ладна. Часу ў нас якраз цяпер хапае. Генерал у ад’ездзе. Палякі таксама пачакаюць. Фанабэрыі менш будзе. А ты падумай. Знойдзеш што сказаць, дай знаць у канцылярыю яго вышэйшасці. Значыць, не ведаеш і хто той чалавек, з якім шушукаўся ў царкве?

Вашчыла. Не.

Прэм’ер-маёр выходзіць.

(Гаворыць сам сабе.) О, сотнік, даруй мне за ўсё. І за тыя пакуты, якія могуць цябе напаткаць. Толькі цяпер я да канца зразумеў, што павінен быў застацца ў старастве, раздзяліць агульны лёс наш!..

Ужо настае вечар, і ў лаўры зноў звоняць званы. У камеру заходзіць манах.

Манах. Для споведзі час яшчэ не настаў? Тады хадзем на малітву.

Вашчыла. Я намаліўся ўжо. Дык хто ты — чарнец ці звычайны віжун?

Манах. Кожны мае свой грэх.

Вашчыла. Ну я няхай сабе. А навошта ты выдаў майго чалавека?

Манах уздыхае, ціха выходзіць з камеры.

Карціна сёмая

Санкт-Пецярбург. Калегія замежных спраў. У кабінеце — граф Бястужаў-Румін. Заходзіць генерал Лявонцьеў.


Бястужаў-Румін. Рад бачыць вас, генерал. Калі мне далажылі, што вы просіце аўдыенцыі, я трохі здзівіўся, бо толькі што атрымаў данясенне з Кіева. Але пасля падумаў — матухна імператрыца збіраецца ж да вас у Кіеў. Відаць, гэтая падзея і змусіла вас сабрацца ў дарогу?

Лявонцьеў. У сталіцы заўсёды багата спраў. Шкада, што рэдка маем магчымасць наведвацца сюды. Што ж да майго данашэння…

Бястужаў-Румін. Значыць, аб’явіўся ў Кіеве чалавек, які раптам зацікавіў дзве дзяржавы? Не ведаю, як у вас, а ў Замежнай калегіі падобных спраў звычайна хапае, генерал. Праўда, з Вашчылам асаблівы выпадак. Выходзіць, мы затрымліваем у сябе чалавека, які нарабіў у суседнім каралеўстве многа чорных спраў. Акрамя вашага данашэння ў калегію паступілі лісты непасрэдна ад князя Радзівіла, літоўскага падчашага. Праўда, для нас нечаканым бунт у Крычаўскім старастве не быў. Збольшага мы ведаем, што адбываецца ў сумесных з намі землях. Такі наш занятак, генерал, каб ведаць, што робіцца вакол нашай дзяржавы. Да таго ж і паслу нашаму ў Варшаве зроблена запытанне пра Вашчылу, палякі даюць зразумець, што падазраваюць наша ўмяшанне ў крычаўскі бунт. Але няхай. З вашага данашэння, генерал, вынікае, што вы нават мелі намер выкарыстаць Вашчылу ў сваіх мэтах. Што ж, задума была цікавая. Нікуды няварта, што палякі збіраюць у сябе ўвесь наш раскол, прымаюць беглых і гэтым парушаюць былую дамоўленасць паміж дзяржавамі на вечным міры. Заўтра я ўвайду з запытаннем па гэтай справе ва ўрадавы сенат. Мяркую, вы не надта спяшаецеся ў Кіеў?

Лявонцьеў. Трэба, граф, трэба.

Бястужаў-Румін. І ўсё ж давядзецца трохі затрымацца. Наведаеце мяне зноў у калегіі, можа, нават заўтра. А цяпер — не затрымліваю вас, генерал. Рады быў сустрэцца. Усё-такі даўнія знаёмыя. Бывайце.

Развітваюцца.

Карціна восьмая

Кіеў. Карчма. За сталом — ротмістр Шленца і шляхціч Пішчык. За лядай — сонны Карчмар.


Шленца. Рускія, бачыш, кляшчом учапіліся за Вашчылу. Наўрад ці выдадуць. Мусіць, тут ветлівых княскіх лістоў да генерал-губернатара мала.

Пішчык. Але пра гэта няхай думае князь. Мы робім усё, на што здольныя. Большага пакуль не ўдаецца. Неабходна, відаць, выклікаць надворнага князя палкоўніка Пястрыцу. Ён цяпер у Крычаве, спраўляе крывавы пір.

Шленца. Вось ты, шляхціч, і збірайся ў Крычаў.

Пішчык. А калі ўжо няма палкоўніка ў Крычаве?

Шленца. Паедзеш у Слуцк. Да самога князя. А таго чалавека, якога ты падкупіў… Дарэчы, хто ён? Я ж таксама павінен пэўна ведаць, раз тут застаюся.

Пішчык. Пакажу.

Шленца. Думаю, што ён нам не спатрэбіцца. Бо невядома, якія далейшыя загады паступяць ад князя. Так што дарэмна грошы на чортведама каго трацім!.. Многа ўжо заплаціў?

Пішчык. Даволі. Але не ўсе. На ланцугу такім чынам трымаю.

Шленца. Астатнія злоты аддасі мне. Прасі яшчэ ў князя. Няхай не шкадуе. На яго ж трацім.

Пішчык. Яснавяльможны не шкадуе.

Шленца. Гэй, карчмар, нясі нам зноў гарэлкі з перцам!

Карчмар нясе штоф.

Карчмар. Учора тут ваша войска прыходзіла, паны палякі. Гусары. Учатырох. Дык таксама няблага жлукцяць. Відаць, і яны запівалі штосьці? Здзелку ці гешэфт?

Шленца. Што табе да гэтага, пся крэў! Мы грошы табе плоцім? Плоцім! Ты і не сунься, быдла, куды не просяць!

Карціна дзявятая

Зноў Вашчылава камера ў Пячэрскай крэпасці. Вашчыла стукае кулаком у дзверы. Заходзіць манах.


Манах. Не сядзіцца аднаму?

Вашчыла. Вядзі, ойча, да губернатара.

Манах. Эйш, чаго захацеў? Па-першае, генерал-губернатара няма ў Кіеве, па-другое, па горадзе цябе вадзіць вось так, як стаіш, забаронена. Для цябе гэта небяспечна. Крый бог, палякі ўбачаць!.. Каго паклікаць?

Вашчыла. Ну, гэтага… пана прэм’ер-маёра, што неяк прыходзіў сюды.

Манах. Маёра? Можна. Гэта можна. (Выходзіць.)

Вашчыла застаецца адзін. Ходзіць па камеры. Праз нейкі час ляскаюць дзверы. Гэта — прэм’ер-маёр Гарнастаеў.

Гарнастаеў. Што, надумаў нарэшце, гетман?

Вашчыла. Мне трэба пабачыцца з тым чалавекам, якога вы схапілі ў лаўры.

Гарнастаеў. Дык хто ж ён усё-ткі? Знаёмы твой?

Вашчыла. Пагавару з ім, тады скажу.

Гарнастаеў. Што ж, гэта можна. Хоць, вядома, інструкцыяй забараняецца. На ўсё ёсць правілы, гетман. А раптам змовіцеся?

Вашчыла. Не да змоў цяпер нам. Дый пра што можна змовіцца, калі ў няволі.

Гарнастаеў. У няволі якраз і выспяваюць змовы. Але ладна, я парушу інструкцыю. Толькі дзеля нашай павагі да цябе, гетман. Зразумей, расійскія ўлады да цябе нічога не маюць. Проста трэба ведаць пра ўсё, каб вырашыць з табой. Калі верыць палякам, то…

Вашчыла. Даліся вам, пан маёр, палякі!..

Гарнастаеў. Адна ўмова — сустрэча павінна адбывацца ў прысутнасці нашага чалавека.

Вашчыла. Вывіжоўшчыка? Манаха гэтага?

Гарнастаеў. Так.

Вашчыла. Няхай, раз іначай нельга.

Прэм’ер-маёр выходзіць. У камеру заходзіць манах, прыносіць вячэру.

Манах. Падмацуйся, чалавеча.

Вашчыла. О Госпадзі, яшчэ і гэта!

Манах чамусьці смяецца з Вашчылавых слоў, праўда, па-манаску, усё роўна як употай, змушана. Ставіць ежу на стол. Канвойны прыводзіць сотніка Міколу.

Сотнік. І гэты шпег тут?

Вашчыла. Цяпер нам ужо без лішняга вуха і чужога вока не абысціся, сотнік. Такая наша доля. Значыць, і ты зняволены?

Сотнік (нібыта не чуе Вашчылу). А ў Кіеве нават манахі ў наглядчыках?

Манах. Прыслужваем.

Вашчыла (да сотніка). Нябось, галодны?

Манах. І біты, і галодны.

Вашчыла. Гэта праз мяне.

Сотнік пачаў есці.

(Нейкі час моўчкі глядзіць на свайго таварыша.) У рускіх многа крыміналу на мяне. Відаць, палякі стараюцца.

Сотнік. Бачыў я тут ротмістра Шленца і шляхціча Пішчыка.

Вашчыла. А-а, вунь што!.. Ды ніякай. Рашыў я, Мікола, ва ўсім прызнацца. Можа, цябе гэтым уратую. Манах вось прыстаўлены, каб слухаць нас. Таму не палохайся. Я ўсё прадумаў. Але не дае мне спакою думка — што здарылася ў Царковішчы? Як гэта выйшла, што княскія драгуны паспелі туды, лічы, адразу за намі, пасля бойкі пад Крычавам?

Сотнік. Мусіць, сапраўды хтосьці навёў на нас.

Вашчыла. Я ўсё думаю — ці ўсё мы тады зрабілі як трэба?

Сотнік. Што ўжо цяпер думаць!..

Вашчыла. А я вось думаю, сотнік. Выходзіць, падняў мужыкоў на змаганне, а толку даць не здолеў, нібыта дарэмна ўсё — і кроў, і пакуты, і надзеі. Вось папрасіў, каб прывялі цябе. Маўчаць больш не мае сэнсу. Да таго ж мы не ворагі Рускай дзяржаве, Мікола.

Сотнік. Калі не ворагі, то чаму нас трымаюць?

Вашчыла. Мяне, напрыклад, палякі патрабуюць выдаць, а пра цябе пакуль ніхто не ведае. Не скора, мусіць, народ наш зноў падымецца за волю, раз мала хто ўцалеў там…

Сотнік. Мала, войт.

Вашчыла. Мне б зноў на Сож, на Бесядзь…

Сотнік. Забудзь пакуль.

Сядзяць моўчкі.

Давай, Васіль, заспяваем нашу песню!

Пяюць.

Манах. Дзіва, але гэта наша, украінская. Толькі словы трохі перайначаны.

Вашчыла. Яна і наша, беларуская. І ў твайго народа, і ў нашага адны пакуты праз усё жыццё. Няйначай, у старыя часы казакі Налівайкі занеслі да нас гэту песню. Ці ж маеш, чарнец, чым пісаць? Справа такая, што трэба засведчыць.

Манах выходзіць, прыносіць пісьмовыя прылады, паперу.

Сотнік. А ты, Васіль, добра падумаў, што збіраешся прызнавацца?

Вашчыла. Падумаў, сотнік. Пішы, чарнец. Нарадзіўся не тут я, у Малой Расіі. Нарадзіўся ў беларускай зямлі, у вёсцы Лобжа, што ў Крычаўскім старастве, і жыў потым за князем Радзівілам. Адкуль прыйшлі ў тую зямлю дзед мой Пацей ды бабуля Ганнуша, дакладна не ведаю. Бацька казаў, што нібыта паходзяць сапраўды з тутэйшага маларасійскага сяла Чамаданава. З Лобжы дзед мой і бацька Мацей перайшлі жыць у Мсціслаўскім ваяводстве ў маёнтнасць шляхціча Святкоўскага ў вёску Мурын Бор. Старыя ўсе нашы хутка памерлі, застаўся я з братамі — Мацеем, Яфрэмам ды Сямёнам жыць пры маці Марыне. Але і з Мурынага Бора сям’і давялося перабрацца ў тым жа Крычаўскім старастве ў другое месца, у Сілічы. Там і прайшло ў асноўным жыццё. У Сілічах стаў войтам. Прозвішча Вашчыла маю не дзедава і не бацькава, як яны пісаліся, не ведаю. Жыву Вашчылам. Ёсць у мяне дарослы сын Якаў з жонкаю і малалетні Мартын. Мне пяцьдзясят чатыры гады. Жонка таксама памерла. Так што ўсё маё засталося ў Крычаўскім старастве, жыў за князем Радзівілам, якога не здолеў перамагчы. Аб гэтым вельмі шкадую і дакараю сябе. Жыдоў у часе паўстання не забіваў. Гэта дарэмна на мяне гавораць. Здаралася, што ратаваў. Іншая справа, што за ўсім прасачыць не хапала магчымасці. Можа, хто і пацярпеў ад гневу людскога. Мы толькі хацелі прагнаць арандатараў з нашай зямлі. А браты Іцкавічы зніклі са стараства яшчэ перад паўстаннем. Думаю, што іх недзе перанялі на дарозе чавускія цыганы. Казалі мне пра гэта мужыкі. Там, каля Чавусаў, што паміж Магілёвам і Мсціславам, цыганскае баронства здаўна. Няйначай, цыганы і паквапіліся на жыдоўскае багацце, нарабаванае ў часе арандатарства. Іцкавічы былі хцівыя ліхвяры, рабавалі людзей, не маючы сораму за душой, але мае паўстанцы не чапалі іх. Мы толькі хацелі, каб князь замяніў іх. Радзівіл лічыць мяне сваім ворагам. Што ж, ворагам я князю стаў, гэта праўда, бо стаяў за вясковы народ і за крычаўскую рамесную беднату, не раз хадзіў з людскімі скаргамі да князёў у Слуцк, нават у Белую. Ажно пакуль цярпенне не скончылася.

Манах. Усё?

Вашчыла. Так.

Манах. Ну, а пра паўстанне?

Вашчыла. Гэта — іншая гісторыя. Ад мяне пакуль патрабавалі сказаць, хто ды адкуль.

Манах. Пастаў сваё прозвішча.

Вашчыла. Не навучаны грамаце.

Гасне святло. Чуецца тая ж песня, што і нядаўна.

Загрузка...