ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Карціна дзясятая

Санкт-Пецярбург. Калегія замежных спраў. Зноў граф Бястужаў-Румін і кіеўскі генерал-губернатар Лявонцьеў.


Бястужаў-Румін. Вось якую рэзалюцыю, генерал, меў я гонар атрымаць сёння ад урадавага сената па той справе, дзеля якой я прасіў вас затрымацца ў сталіцы. Спадзяюся, не сумавалі ў нас. Ды і рэзалюцыя, трэба сказаць, выйшла хутка, што даволі рэдка здараецца ў наш час. Так што маё прабачэнне за доўгую затрымку не спатрэбілася нават.

Лявонцьеў. Слухаю, граф.

Бястужаў-Румін. Паколькі справа з халопскімі бунтамі ў Крычаўскім старастве Вялікага Княства Літоўскага выйшла далёка за межы нашых з вамі паўнамоцтваў, урадавы сенат пастанавіў утварыць для расследавання змешаную расійска-польскую камісію. Месцам знаходжання камісіі вызначана прыгранічнае мястэчка Мглін. Вам, генерал, належыць паведаміць аб гэтым падчашаму літоўскаму, князю Радзівілу, каб вылучыў у камісію сваіх камісараў.

Лявонцьеў. Зразумела, граф. Але дазвольце запытаць. Якое распараджэнне выйшла з урадавага сената адносна самога Вашчылы?

Бястужаў-Румін. Калі ўсё-ткі высветліцца, што ён не падданы Яе Імператарскай Вялікасці, а паляк альбо іншай прыроды чалавек польскі, то, згодна з трактатам аб вечным міры паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, яго давядзецца выдаць князю Радзівілу. Тым часам, калі Вашчыла акажацца сапраўды нашым падданым, усё прыме іншы кірунак. У такім выпадку ён падпадзе пад суд Расійскай імперыі. Суда нам не пазбегнуць, дарма што злачынствы, якія ўчыніў Вашчыла, ні палітычных, ні эканамічных інтарэсаў нашай дзяржавы не закранаюць. Па тым жа трактаце аб вечным міры падобныя справы без пакарання, самі ведаеце, не застаюцца. Таму Вашчылу належыць даставіць з Кіева ў Мглін. Адказнасць за ахову і бяспеку трэба ўскласці на вельмі надзейнага чалавека. Каго вы параіце, генерал?

Лявонцьеў. Старадубскага палкоўніка Максімовіча.

Бястужаў-Румін. Тым больш што мястэчка Мглін, здаецца, знаходзіцца на тэрыторыі Старадубскага палка?

Лявонцьеў. Так.

Бястужаў-Румін. І яшчэ ўлічыце адно — стала вядома, што цяперашні бунт у Крычаўскім старастве падаўлены вельмі жорстка. Руская дзяржава не можа закрыць вочы на падобную жорсткасць, бо яна накіравана на праваслаўных людзей, што значыць, на блізкіх нам па крыві і па веры. Якраз гэта і трэба давесці ў ходзе расследавання да змешанай камісіі. У пісьме ж радзівілаўскім камісарам да літоўскага падчашага вам, генерал, неабходна сур’ёзна, не зважаючы на рэзкі тон, указаць уладальніку Крычаўскага стараства, што за ім даўно пражывае нямала беглых людзей з Расійскай імперыі і што ён патурае іхняму ўкрывацельству.

Лявонцьеў. Я пра гэта пісаў, ваша светласць.

Бястужаў-Румін. Не толькі вы, генерал. У другіх прыгранічных маёнтнасцях Вялікага Княства Літоўскага таксама назіраецца падобнае становішча, і там знаходзіцца шмат беглых з нашага боку. Дык вось у пісьме да падчашага вам трэба настойліва запатрабаваць вяртання іх у імперыю. Акрамя таго, варта ўжо цяпер пачаць захады, каб добраахвотна схіліць іх да гэтага. Сенат, як і трэба, ацаніў, генерал, ваш намер накіраваць у каралеўства свайго чалавека. Але самі ведаеце, Вашчыла цяпер, генерал, для падобнай місіі не падыходзіць.

Лявонцьеў. Зразумела. Давядзецца шукаць кагосьці іншага.

Бястужаў-Румін. І не аднаго.

Лявонцьеў. Падумаем, граф. Тым больш што ў прыграніччы праблема гэта мае і другі сэнс. Польскі бок, не пакідаючы займацца інтрыгамі супраць імперыі, часта скарыстоўвае былых нашых падданых у зламысных мэтах. Адтуль, з-за польскай граніцы, пачынаючы з часоў ілжэцароў, не перастаюць пранікаць цёмныя людзі. І з кожным годам усё больш і больш.

Бястужаў-Румін. Гэта вечная праблема граніцы, генерал. Наўрад ці ёсць якая магчымасць яе рашыць. Іншая справа — зменшыць вастрыню. Але добра, будзем лічыць, што такім чынам аб усім дамовіліся, генерал. Больш я вас не затрымліваю. Шчаслівай дарогі ў Кіеў.

Генерал-губернатар кланяецца графу, выходзіць.

Карціна адзінаццатая

Замак Гераніма Радзівіла ў Слуцку. У багатым пакоі чакае шляхціч Пішчык. Ля дзвярэй, з двух бакоў, стаіць княская стража. Адчыняюцца дзверы. Заходзіць Радзівіл. Пішчык падхопліваецца, схіляецца ў нізкім паклоне перад князем.


Пішчык. Яснавяльможны князь наш, я спяшаўся з Кіева, каб заспець вашу мосць у Крычаве альбо палкоўніка Пястрыцу. Давялося, не злазячы з сядла, імчаць сюды.

Радзівіл. А што мне было рабіць у Крычаве? Парадак у старастве наведзены. Бунтаўшчыкі атрымалі па заслугах. Хлопы зноў прыведзены да пакорлівасці. І не абяцаннямі, як раней, а сілай. Цяпер мне патрэбны завадатар. Галоўны забойца і падбунтоўшчык. Патрэбны Вашчыла, для якога прыдумана ўжо кара не менш страшная, чым для ягоных хаўруснікаў — Бочкі, Карпача і каніцкага атамана Ветра. Атрымаў сваё і саматэвіцкі поп.

Пішчык. Так, так, яснавяльможны князь!

Радзівіл. Але я атрымаў з Кіева ліст ад генерал-губернатара, што расійскі сенат выдаў загад аб стварэнні руска-польскай прыгранічнай камісіі па справе забойцы. З усяго відаць, у Санкт-Пецярбургу рашылі пагрэць рукі на пажары, які распаліў мярзотнік сілічоўскі войт. Там не супраць нават, каб раздзімаць затлелы пажар. Выдаць Вашчылу яны пакуль не збіраюцца. Наадварот, маюць намер распачаць вялікую цяганіну, выстаўляючы розныя нам прэтэнзіі. Што ў вас у Кіеве?

Пішчык. Асабіста я, яснавяльможны князь, і ротмістр Шленца рабілі ўсё, каб выканаць ваш строгі загад. Не шкадавалі грошы, не…

Радзівіл. Ну, тое, што вы не шкадуеце мае грошы, гэта я ведаю. Можаш не гаварыць. Ты мне, шаноўны шляхціч, скажы, чаго вы з ротмістрам дамагліся па маім загадзе?

Пішчык. Забойцу Вашчылу ў Кіеве моцна ахоўваюць, яснавяльможны князь. Нам са Шленцам, нягледзячы на вялікія намаганні, не ўдалося не толькі паймець размову, каб учыніць допыт, але і пабачыць яго рускія не дазволілі. Адмову сваю ў канцылярыі генерал-губернатара тлумачаць інструкцыямі, якія нібыта неабходна захоўваць з іхняга боку пры следстве.

Радзівіл. Следства ўсё-ткі вядзецца?

Пішчык. Ва ўсякім разе, выгляд, што яно сапраўды вядзецца, у Кіеве робяць, яснавяльможны князь.

Радзівіл. Цяпер гэтым заклапочаны не толькі ў Кіеве. Вы ж чулі, у рускай сталіцы надумалі стварыць змешаную камісію. І ўжо генерал-губернатар Лявонцьеў прапануе як найхутчэй прызначыць у яе камісараў. Я вось думаю цяпер аб гэтым. Але думаю таксама і пра тое, ці патрэбна мне такая камісія наогул? Што я мецьму з яе? Як мяркуеш, шляхціч?

Пішчык. Дык…

Радзівіл. Вось іменна — дык! За што я толькі плачу вам, гіцлям, са свае казны вялікія грошы? Лепей бы самі пашукалі іх у старастве — недзе ж Вашчыла схаваў нарабаванае ў жыдоў багацце. Дзеля гэтага ён таксама патрэбны мне, каб выдаў сховы. А што нягоднік выдасць, я не сумняваюся. У маіх лёхах і не такім развязвалі языкі. (Доўга ходзіць па пакоі, думае. Нарэшце зноў пачынае размову.) А што гавораць у Крычаве па маім ад’ездзе?

Пішчык. Я не дазволіў сабе нават пераначаваць там, адразу сюды.

Радзівіл. Ну ты, шляхціч, заўсёды добра служыў мне. Вось толькі нічога суцешлівага не прывёз. Мусіць, дарэмна я грошы даваў лішнія. Нябось, прапіліся там, па кіеўскіх карчмах? Ведаю я твайго Шленца. Вечна п’яны. Ну, што маўчыш?

Пішчык. Мы стараліся, яснавяльможны князь.

Радзівіл. Што мне з вашага старання!

Пішчык. Частка злотых пайшла на подкуп тамашніх абывацеляў.

Радзівіл. Ну і што?

Пішчык. Ну, калі раптам спатрэбіцца…

Радзівіл. Ды ўжо ж, відаць, і спатрэбіцца, шляхціч. Раз рускім даспадобы мой зацяты вораг, то мне таксама варта падумаць аб сваёй асобе. Літоўскі падчашы не такі чалавек, каб… Словам, да д’ябла тую камісію. Яшчэ невядома, дзеля чаго яна створана. Не дзеля аднаго таго ж, каб высветліць — мой падданы Вашчыла ці нейчы іншы? Як думаеш, шляхціч?

Пішчык. Ваш светлы розум, яснавяльможны князь…

Радзівіл. Дык мой светлы розум якраз і паказвае — да д’ябла тую камісію. Але і адмаўляць рускім не стану ў ёй. Сёння ж прызначу двух камісараў — спраўнага афіцэра і адмысловага пісца-юрыста. На ўсякі выпадак. А цяпер слухай, шляхціч. Вашчыла не павінен даехаць да Мгліна, каб трапіць на камісію. Няхай рускія кусаюць потым локці сабе. Яны мне падрыхтавалі пастку, а я не дамся, пся крэў. Каго вы там, у Кіеве, нанялі?

Пішчык. Надзейнага чалавека, яснавяльможны князь.

Радзівіл. На тым і спынімся. Збірайся ў дарогу, шаноўны шляхціч. Павязеш ліст мой да генерал-губернатара. Але паедзеш у Кіеў не праз Гомель, а зноў праз Крычаў. Даставіш палкоўніку мой найстражэйшы загад — працягваць пошукі Вашчылавага вывадка. На тэрыторыі стараства недзе хаваюцца яго сыны, асабліва мне патрэбен другі, малалетні. Не выключана таксама магчымасць, што яны паспелі следам за бацькам перабегчы граніцу. Там ужо ваш са Шленцам клопат. А палкоўніку Пястрыцу ў Крычаве скажы ад майго імя, каб перавярнуў усё ў старастве, а вывадак Вашчылаў дастаў.

Пішчык. Дзякуй за вялікі давер, яснавяльможны князь.

Шляхціч колькі разоў б’е паклоны, спяшаецца выйсці. Радзівіл змрочна глядзіць услед. Тады моцна пляскае ў далоні, кагосьці кліча гэтым.

Карціна дванаццатая

Камера Вашчылы ў Пячэрскай крэпасці. Усё тая ж абстаноўка, але вязень — у ланцугах ужо.

Забягае манах, усё роўна як шнарыць нечага моўчкі альбо пільнуе за парадкам перад тым, як камусьці ўвайсці сюды. І сапраўды — праз момант у камеру ў суправаджэнні прэм’ер-маёра Гарнастаева заходзіць генерал-губернатар Лявонцьеў.


Лявонцьеў. Шанаванне маё, гетман, шанаванне.

Вашчыла глядзіць спадылба на генерал-губернатара, але твар яго спакойны, поўны годнасці.

Што, не чакаў візіту?

Вашчыла. Добры дзень, пан генерал.

Лявонцьеў. А я вось прыйшоў паглядзець зноў на чалавека, які здолеў нарабіць шуму, як кажуць, на дзве дзяржавы. Што ён гэта, гетман, за нос нас вадзіў столькі? Я ўжо гатовы быў паверыць, што ты сама бяскрыўднасць і што шукаеш сваю былую радзіму, сяло Чамаданава Пачопскай сотні. А тут прыязджаю, паказанні твае чытаю. Аказваецца, не той ты, за каго выдаваў сябе.

Вашчыла (адчужана). Я ў гэтым прызнаўся. Добраахвотна. Але за маё згоднае прызнанне прашу, пан генерал, ласкі. Адпусціце майго чалавека.

Лявонцьеў. Не за сябе просіш — за дружбака? Можа, за вайсковага старшыню?

Вашчыла. За сотніка. Узялі вы яго дарэмна.

Лявонцьеў. Што значыць — дарэмна? Чалавек пранік да нас з чужой дзяржавы і гэта дарэмна, па-твойму?

Вашчыла. Я пра тое, што ніякай карысці вашай дзяржаве ад яго. Я нарабіў у старастве шкоды, я і адказваць мушу. З гэтым я і прызнанне даваў, каб яго адпусцілі. Уважце маю просьбу. Хопіць з вас аднаго мяне. Хоць я перад вамі таксама не вінаваты, а ён — тым больш.

Лявонцьеў. Гэта праўда, перад намі ты не вінаваты, але ж існуюць міждзяржаўныя адносіны. І тая дзяржава, дзе ўчынена злачынства, мае права патрабаваць выдачы вінаватага. Тое ж, аб чым мы размаўлялі мінулы раз, трэба выкінуць табе з галавы. У той справе ты нам больш не памочнік, бо дзяржаўны злачынца, кіраўнік паўстання, якое нанесла нашаму суседу, літоўскаму падчашаму, вялікія страты. Радзівіл да цябе мае прэтэнзіі — акрамя таго, што ты са сваімі людзьмі зруйнаваў ягоную маёнтнасць, яшчэ і многа людзей пабіў, жаўнераў таксама.

Вашчыла. Людзей я не забіваў. Гэта дарэмна. А што пра жаўнераў, дык на тое вайна, пан генерал. Яны забівалі нас, мы — іх.

Лявонцьеў. Па ўказу Яе Імператарскай Вялікасці створана прыгранічная руска-польская камісія. Яна займаецца тваёй справай. Гэта я павінен заявіць табе афіцыйна. Так што з-пад маёй улады ты неўзабаве вызвалішся.

Вашчыла. А сотнік мой?

Лявонцьеў. Сотнік сапраўды быццам бы ні пры чым тут, хоць, канечне, сышоў бы за сведку. Але ты праўду кажаш, шкоды ён нашай дзяржаве не нарабіў і патрабавання аб яго выдачы мы ад князя Радзівіла не маем. Так што на сотніка пакуль цалкам распасціраецца наша добрая воля. Але пра сотніка твайго пасля. Цікава мне ведаць, Вашчыла, чаго ты хацеў, бунтуючы супроць свайго ўладальніка стараства?

Вашчыла. Волі хацеў. Не было ўжо як пад князем жыць. Задушыў ён нас сваімі арандатарамі. Таму я і хацеў даць людзям волю.

Лявонцьеў. Ну, гэта ўсе вы, бунтаўшчыкі, так гаворыце. Сцяпан Разін у нас таксама ў граматах сваіх тое ж пісаў.

Вашчыла. Не чуў я пра такога.

Лявонцьеў. А дарэмна, а то б не пайшоў на злачынства, калі б ведаў, чым разінскі бунт скончыўся і як сам той злодзей скончыў. Значыць, і ты хацеў волю народу даць.

Вашчыла. Волю, пан генерал.

Лявонцьеў. А царом не хацеў стаць?

Вашчыла. Я бунтаваў людзей супроць Радзівіла. А каралём у нас — другі чалавек.

Лявонцьеў. Навошта ж тады называў сябе гетманам, унукам Багдана Хмяльніцкага?

Вашчыла. Я не называў так сябе, я ўжо гаварыў вось яму. (Ківае на прэм’ер-маёра Гарнастаева.) Я чалавек просты, звычайны войт, і ўсе пра гэта ў нашым краі ведалі. Навошта ў такім разе было мне выдаваць сябе за гетмана, ды яшчэ за Хмелевага ўнука? Не, пан генерал, гэта не ў нашых звычках выдаваць сябе пры ўсім народзе за кагосьці.

Лявонцьеў. Ну, а праўда, што ты хацеў рушыць свае атрады на Слуцк, дзе галоўная кватэра Радзівіла, нават на сталіцу Вялікага Княства Літоўскага? Ці многа пад табой войска было?

Вашчыла. Многа, пан генерал. Тысячы. І гарматы былі, і конніца была, усё, як трэба ў войску. А пра Слуцк, пра Вільню? Канечне, мы ведалі, дзе галоўныя князевы гнёзды, але ж у мяне не было вучоных палкоўнікаў, каб кіраваць такім паходам.

Лявонцьеў. Ну, добра, гэта стратэгія, бачу, сапраўды не па табе. Кажуць, што ты хадаком ад мужыкоў часта ў свайго князя быў? Суплікі насіў.

Вашчыла. І ў Слуцк, і ў Вільню, і ў Белую.

Лявонцьеў. Дзе гэта?

Вашчыла. За Бярэсцем.

Лявонцьеў. Гэта вы так у сябе Брэст-Літоўск завеце?

Вашчыла. Так.

Лявонцьеў. То раскажы мне пра свайго князя. Што ён за чалавек?

Вашчыла. Багаты і хцівы. Мы доўга ўсім стараствам прасілі яго зменшыць падаткі, прыслаць добрых арандатараў. А ён адно абяцаў, але ўсё горшых і горшых прысылаў. А тыя і для сябе народ абдзіраюць, і для князя. Таму мы і не вынеслі, за зброю ўзяліся.

Лявонцьеў. Ну, гэта зразумела. Але я не пра тое. Як князь жыве?

Вашчыла. Я з ім гарбату не піў. Праўда, калі хадзіў за хадака да яго, то размаўляць размаўляў. (Усміхнуўся.) Ідала ён за сябе ставіць перад палацам у Слуцку. Бадай, гэтым і заняты больш за ўсё, не да людзей яму.

Лявонцьеў. Якога ідала?

Вашчыла. Ну, статую. Чалавека, на сябе падобнага, з мармуру.

Лявонцьеў (таксама ўсміхаецца). А-а, вунь ты пра што!..

Вашчыла. Сядзіць цэлы дзень на гульбішчы ды пазірае, як масцеравыя высякаюць з яго на плошчы статую.

Лявонцьеў. Што ж, у князя свае забавы. На тое ён і князь. Ведае, мусіць, што чалавек не вечны на зямлі. Вось і клапоціцца пра будучае. Не баішся расплаты за бунт?

Вашчыла. Не, пан генерал. Мяне расплата цяпер не палохае. Быў ужо час на вашых харчах пра ўсё падумаць. Аб адным шкадую, што не раздзяліў лёс са сваім войскам, са сваімі войтамі ды сотнікамі. Усе яны пакараны ў Крычаве — каго на кол княскія жаўнеры пасадзілі, каго сабакамі зацкавалі, каго пад лёд на Сажы пусцілі… Гэта я дарэмна зрабіў, што ўцякаць кінуўся. З гарачкі гэта, не падумаўшы. Ды і надзея ў мяне спела — сабраць зноў па вясне войска… Гэтым і спакусіўся на ўцёк…

Лявонцьеў. Значыць, не ўтрымаўся б ад ранейшага, каб на волі застаўся?

Вашчыла. Там відаць было б.

Лявонцьеў. Вось што, гетман, раскажы ты ўсё пра крычаўскі бунт маёру, пакуль што да чаго. Як пачынаў бунт, што вы рабілі пры ім і чым скончылі. Князь твой пра сваю будучыню дбае, узводзячы помнік, а ты паклапаціся пра сябе. Няхай запіша манах за табой. Папера доўга жыве. Часам нават мёртвым даводзіцца апраўдвацца перад людзьмі. Ну, бывай, гетман.

Генерал-губернатар збіраецца выходзіць.

Вашчыла. А што са мной усё-ткі будзе, пан генерал?

Лявонцьеў. Хутчэй за ўсё давядзецца цябе выдаць пасля камісіі князю. Сам паказаў — ягоны ты падданы. А ў такім разе злачынцаў мы павінны перадаваць туды, дзе яны рабілі злачынства. Так у дагаворы запісана, гетман.

Вашчыла. А сотнік мой? Як вы маеце паступіць з ім?

Лявонцьеў. Ты лепей пра сябе думаў бы.

Вашчыла. Я ж спадзяваўся.

Лявонцьеў. Падумаем, урэшце, гетман, і пра сотніка.

Генерал-губернатар выходзіць.

Гарнастаеў. Ну што, Вашчыла. Не хацеў у царкве спавядацца, давай перада мной. Генерал мае рацыю — папера жыве даўжэй за чалавека.

Вашчыла (сумна). Наспавядаўся я перад вамі ўжо і без таго.

Гарнастаеў. Я вось пра што падумаў, Вашчыла, а што, сотнік твой — вернецца зноў у стараства, калі мы яго адпусцім? Ну, з той жа справай, пра якую генерал меў намер згаварыцца з табой?

Вашчыла. Угаворваць беглых рускіх, каб вярталіся назад сюды, у Расію?

Гарнастаеў. Так.

Вашчыла (думае, затым гаворыць, паціскаючы плячамі). Хіба што…

Карціна трынаццатая

Тая ж карчма ў Кіеве. Той жа карчмар і двое ранейшых — ротмістр Шленца і шляхціч Пішчык.


Шленца. Дык, кажаш, князь грошы шкадуе? А мы вось зараз за яго яснавяльможнае здароўе… (Бярэ штоф, каб наліць шляхцічу.)

Пішчык. Не, трэба дачакацца абывацеля. Ды і стаміўся я. Гэта ж столькі праскакаць. Ажно штаны баляць. Дзе той Крычаў, а тут ужо Кіеў.

Шленца. Як сабе знаеш, шляхціч, а я вось яшчэ глыну. (П’е.) Пакажы ліст князеў.

Пішчык. Не нашых вачэй гэта…

Шленца. Не дуры, шляхціч.

Пішчык дастае з-за пазухі скрутак, трохі трымае ў руках, а тады ўсё-ткі аддае. Шленца чытае.

Якое шляхецтва! Быццам брат да брата піша. Але ж ты не ўсё сказаў — князь піша, каб мы з табой ды са сваімі гусарамі суправаджалі забойцу Вашчылу на камісію ў Мглін.

Пішчык. Напэўна, гэта рускія павінны сказаць нам. Можа, ад іх згода патрэбна?

Шленца. Халера, пся крэў. Гэтак і да восені адсюль не выбрацца, з гэтай паганай Расіі.

Пішчык. Цыц! (Глядзіць на карчмара.) А вось і чалавек наш. (Паварочваецца да дзвярэй.)

У карчму заходзіць Чорны дзяцюк.

Шленца (да яго). Сядай, твая мосць, частуйся. (Налівае.) Шляхціч кажа, што ты ўжо гатовы памагчы нам?

Чорны дзяцюк. Была такая змова.

Шленца. Дык што скажаш, пся крэў? Можа, перадумаў?

Чорны дзяцюк. Справа прывычная.

Ротмістр смяецца.

Шленца. Што значыць — прывычная?

Пішчык. Не чапляйся да чалавека, ротмістр! (Пачынае браць на сябе размову.) Плата тая ж застаецца і сродкі тыя — нож ці атрута. Калі не здолееш тут, у Кіеве, то па дарозе, будзеш следаваць за канвоем да самага Мгліна, але справу зробіш!

Шленца. Так, пся крэў, а то я жартаваць не стану, халера. (Вымае з ножнаў шаблю напалавіну, ляскае ёю.) Раз — і галава далоў!

Чорны дзяцюк. Навошта пан лаецца?

Пішчык. Ты не звяртай увагі. Гэта ротмістр страху наганяе. Але слоў звычайна на вецер не кідае.

Чорны дзяцюк. Тое і я раблю.

Пішчык кідае перад Чорным дзецюком важкі мяшочак. Той хапае амаль на ляту.

Шленца. Абмыць трэба, значыць, шляхціч, такую важную справу. (Бярэцца за штоф.) Не шкадуй князевых грошай! Гэй, карчмар, нясі новаму чалавеку свайго тухлага селядца! Ды і нам са шляхцічам на зуб што-небудзь падкінь!

Чорны дзяцюк не мае намеру піць, ківае Пішчыку. Ссутулены, выходзіць.

(Як шкельца, ужо цвярозы.) Штосьці не падабаецца мне ён, твой памагаты, халера. Ой, не даспадобы! Прыйшоў, чырвонцы згроб і лататы. Нават паху сабачага пасля сябе не пакінуў. Глядзі, шляхціч, не шукаў бы ён нас. Што — нас? Князя яснавяльможнага! Хіба сам верыш такому?

Пішчык. На дарозе забойцы не валяюцца, ротмістр. А справу княскую трэба зрабіць. Што да даверу — дык тут я і сабе не дужа давяраю. Давядзецца, мой дабрадзею, папільнаваць — і тут, у Кіеве, і там, дзе гэта мецьме.

Шленца. Ну, за літоўскую стражу, шляхціч. Віват! (П’е.) А то ўжо чорт сёння з’яўляўся ўначы. Да д’ябла чорта!

Карціна чатырнаццатая

Турэмная камера ў Пячэрскай крэпасці. Заходзіць манах.


Манах (да Вашчылы). Сказана рыхтаваць цябе ў дарогу. Але там чалавек твой чакае. Дапусцілі.

Вашчыла. Пакліч.

Манах адчыняе дзверы, кліча сотніка Міколу.

Дзень добры, сотнік.

Сотнік. Дзень то добры, Васіль, вясна ўжо, лічы, на дварэ мінае.

Вашчыла. Мужыкі, нябось, адсеяліся ў нас?

Сотнік. Калі было каму.

Вашчыла (уздыхае). Сон бачыў сянні. Кідаліся ўсю ноч сабакі на мяне. Нібыта і я ў мядзведжай шкуры, як і войт Іван. Кажаш, у мядзведжую шкуру князь загадаў зашыць Карпача?

Сотнік. Сам я не бачыў гэтага, але сведкі ў Крычаве былі тады. Няйначай, праўда, войт. (Пасля маўчання.) Рускія мяне адпускаюць у стараства.

Вашчыла. Хвала Богу.

Сотнік. Ва ісціну, войт.

Вашчыла. Мартына ў сне бачыў таксама. Каб не здарылася што з ім. Якаў ужо дарослы, не страшна, а вось гэты… Скруха мая… Ды не дужа падбівай мужыкоў, каб вярталіся. Бо там пан, тут — барын. Што той, што гэты. Адна панская няволя. Гавары ўсім, што да позняга Спаса таксама аб’яўлюся ў старастве. Няхай не забываюць. Дый дарога на суд доўгая, а вось…

Сотнік (косіцца на манаха). Палякі ўсё чамусьці па корчмах шушукаюцца.

Вашчыла. Не разляцелася вараннё?

Сотнік. Крумкае.

Вашчыла. Крумкачы — на падаль.

Сотнік. Свят, свят, войт! (Махае рукой.) Дарога да Мгліна сапраўды доўгая. Гэта мне прэм’ер-маёр казаў, што цябе нібыта мусяць везці ажно ў Мглін. Да стараства адтуль рукой падаць.

Вашчыла. Вось і я думаю. Таму й гавары ўсім, што… (Маўчыць.) А хораша мы з табой спявалі, Мікола, той раз. Ажно манах вось пазайздросціў, чорная ў яго душа!.. Так і не зразумець — каму служыць, Госпаду Богу ці мамоне?

Манах. Мы — прыслужваем.

Вашчыла. Служыць альбо прыслужваць — адно і тое. Ці многа ж табе даюць за мяне?

Манах. Пабойся Бога, чалавеча. Дзе гэта знойдзеш, каб забойцу ды так вось утрымлівалі, акурат важную персону?

Вашчыла (паказвае на ланцугі). А гэта?

Манах. Путы цялесныя — не путы душэўныя. Сказана, у царкву перад дарогай звадзіць цябе.

Вашчыла. Перад смерцю памалюся ўжо. Недзе пасля.

Манах. Ведама, бязбожнік. А за хлеб-соль трэба дзякуй сказаць.

Вашчыла. Што ў гэтым разумееш, чарнец!.. (Да сотніка.) Я многа думаў, Мікола, якую мы памылку дапусцілі пад Крычавам, што нас разбілі. Трэба было ўсё ж паслаць Ветраў атрад на дрыбінскую дарогу, каб пераняць княскіх драгунаў з артылерыяй. Сам не дадумаўся, а сотнікі не падказалі, хоць і ведалі, што з Невеля ідзе асаджаным падмога.

Сотнік. Што цяпер успамінаць?

Вашчыла. Не, сотнік, не. Мне за ўсё адказваць — і перад паўстанцамі, і перад Богам. Праўда, з Богам мы неяк паразумеемся пасля. А вось мужыкі… Збіраў, абяцаў, што волі даб’ёмся, а зладзіць усё як трэба не здолеў. І ў Царковішчы не так усё выйшла. Пра гэта толькі і шкадую цяпер. Будзеш у Відуйцах — скажы Пёкле, няхай таксама не памінае ліхам, кахаў яе, адна ўцеха была пасля смерці жонкі.

Сотнік. Рана яшчэ, войт, адпяваць сябе.

Вашчыла. Ну, пра гэта адзін Бог ведае, сотнік. Я гэта, каб усё па-людску паспець. Але ідзі, у Кіеве не затрымлівайся, раз ужо так выйшла, што такую магчымасць далі табе. Сянні так, а заўтра можа іначай выйсці. Бывай, сотнік. (Устае з лаўкі, абдымае таварыша.) Сына майго глядзі, у крыўду не давай.

Манах выводзіць сотніка з камеры.

Карціна пятнаццатая

Карчма на дарозе. Тут ужо сядзіць за сталом Чорны дзяцюк.

Рускія стражнікі вядуць у ланцугах Вашчылу. У гэтай кампаніі — Шленца і Пішчык. Рускія стражнікі падводзяць Вашчылу да стала амаль на покуці, блізка да Чорнага дзецюка. Самі сядаюць за другі стол. За трэцім размяшчаюцца літоўскі ротмістр і шляхціч.


Шленца (крычыць карчмару). Гэй, кацап! Стаўляй на стол што ёсць! (Звяртаецца да стражнікаў.) І вы, паны рускія, не пагрэбуйце. Сядайце з намі, няма чаго чыніцца. У шляхціча грошай хапае, тым больш — у нашага яснавяльможнага князя.

Рускія колькі часу раздумваюць, тады сядаюць разам.

Вы пільнуйце, пся крэў, гэтага злачынцу (паказвае на Вашчылу), мацней пільнуйце, князь чакае не дачакаецца яго ў Слуцку. От пацеха будзе! Нават зоркі на небе захістаюцца ў жаху, халера!

Першы стражнік. Мы служым…

Другі стражнік. Ад нас не ўцячэ!

Першы стражнік. А што ён такое зрабіў, што гэткая пільнасць за ім спатрэбілася?

Шленца (хапаецца за шаблю). Я от!..

Пішчык (памяркоўна). Што робяць зладзеі? Рабуюць, забіваюць.

Першы стражнік. Але я чуў, што вязём мы яго нібыта, каб перадаць на граніцы ў Мгліне вашаму цару?

Шленца. Не крулю, а князю, літоўскаму падчашаму яснавяльможнаму Радзівілу Гераніму.

Другі стражнік. Што гэта — пад чашаю?

Шленца (са злосцю). Не пад чашай, пся крэў, а падчашы!

Другі стражнік. Дык хто вы — палякі ці як?

Пішчык. Літоўцы мы Рэчы Паспалітай.

Першы стражнік. Значыць, не хрысціяне?

Пішчык (пакрыўджана). Чаму раптам не хрысціяне? Я — праваслаўны шляхціч, ротмістр — католік.

Другі стражнік. Дык хто ж з вас нехрысць у Літве?

Шленца. Ат, не па тваім розуме гэта, кацап!.. Праваслаўны, католік, вуніят!.. Пі вось, пакуль даюць, пся крэў, а пан шляхціч не пашкадуе тым часам князевых злотых.

Другі стражнік. Выпіць — можна, чаму не выпіць, але няхай карчмар накорміць і ланцужніка.

Пішчык. Кормныя ж вам і на яго выдалі?

Першы стражнік. Выдалі-то выдалі, але ж кішэня ў майго таварыша дзіравая. Вось і выпала манетка са штаноў па дарозе. Цяпер ступай, знайдзі яе ў пыльным пяску. Не, паны палякі, вы ўжо, будзьце ласкавы, не пашкадуйце князевых злотаў і на яго.

Шленца. Ты, кацап, не прыдурвайся!

Першы стражнік. А што гэта ты, пан ротмістр, усё кацап ды кацап? Гэта абразліва ў нас.

Шленца. Эйш, пся крэў!

Першы стражнік. І гэта неяк па-сабачаму.

Пішчык (умешваецца). Добра, я заплачу. Здаецца, яшчэ пару злотых затрымалася ў кішэні. Але каб апошні раз, паны рускія.

Другі стражнік (махае рукой). Давай, гані, а там відна будзе.

Пішчык (да карчмара). Дай паесці злыдню! (Ківае галавой на Вашчылу.) Плачу і за яго, каб яму пуста! Толькі і ведаю, што на ўсякую свалату трачуся!

Шленца. А дзе твая шынкарка, шынкар? Хаваеш пенкну пані? А то ў Кіеве адну я ўпадабаў быў. О, вельмі пенкна і пакладзіста была, пся крэў.

Пішчык (смяецца). Пан ротмістр, я ўжо і не ведаю, на які рахунак адносіць твае заляцанні?

Шленца. Згінь, шляхціч!

У карчме робіцца шумна ад людской гаманы. Расчыняюцца дзверы, заходзіць абарваны чалавек з жабрацкай торбай і лірай. На твары ў яго — выпалены знак: няскончаная пятля, акурат запытальнік. Чалавек доўга стаіць незаўважаны, тады накіроўваецца да стала, за якім сёрбае з міскі звязанымі рукамі Вашчыла. Той падымае галаву, пазнае. Гэта — ягоны пісар Іван Бочка.

(Нарэшце заўважае вандроўніка). Куды прэш, быдла? Не бачыш хіба, што нельга? Не бачыш, што гэта злачынца? Ану — прэч, пся крэў!

Першы стражнік кідаецца стаць паміж пісарам і Вашчылам. Хапае пісара за грудзі. І раптам адхінаецца — чуе, як чалавек адно мармыча ды знявечаны паказвае язык у роце. Махае рукой.

Першы стражнік. Няхай сабе сядзе. Калека ён, шкоды не наробіць. Ні языка ў роце, ні мовы.

Пішчык. Калека ён, кажаш? (Доўга глядзіць на пісара.)

Першы стражнік. Без’языкі нават. (Зноў махае рукой — маўляў, што з яго ўзяць?) Чорт з ім, няхай сядае, шляхціч, дзе хоча!..

Пішчык пераводзіць позірк на Чорнага дзецюка, неўпрыкмет маргае.

Пішчык (да ротмістра і стражніка). Добра, няхай сядзе.

Застолле са Шленцам на чале зноў пачынае шумець. Пішчык раз-поразу кідае позірк на Чорнага дзецюка, але той нібыта нікога не заўважае і нікога не слухае.

Вашчыла (ціха). Пісар, ты?

Пісар ківае галавой, апускаецца на ўслон, насупраць Вашчылы.

На, еш. І маўчы. Я ведаю, што ў цябе язык адрэзалі княскія суддзі. Значыць, мала ад цябе цяпер толку. Хіба што… Ладна я буду гаварыць, пакуль шляхта ды стражнікі гуляюць, а ты ківай мне галавой ці вачамі паказвай. Лепш, канечне, вачамі, тады падобна будзе, што гэта я сам з сабой размаўляю.

Пісар плюскае вачамі.

Сотнік Мікола паслаў?

Пісар зноў плюскае вачамі.

Значыць, дабраўся да стараства ён?

Пісар плюскае вачамі.

(Як у адчаі.) Ах, пісар, пісар, як мне патрэбен твой цэлы язык! Раней была патрэба ў тваім гусіным пяры ды атраманце, а цяпер — жывое слова ад цябе чуць хочацца. Дзе мой сын Мартын? Мікола не гаварыў?

Пісар падае станоўчы знак.

Жывы?

Пісар плюскае вачамі.

Дзе ж ён цяпер, па-ранейшаму ў беладубраўскага папа?

Пісар адмоўна ківае галавой.

Але ў старастве?

Пісар круціць галавой.

А Якаў? Жывы?

Пісар пацвярджае.

Ну й за тое хвала Госпаду Богу. Хоць дзяцей княскім слугам не ўдалося высачыць. А шукаюць?

Пісар плюскае вачамі.

Што ж робіць сотнік?

Пісар не ведае, як растлумачыць.

Я хацеў спытаць… Зрэшты, што я хацеў спытаць — гэта… Без’языкаму чалавеку нельга на гэта адказаць. Вось што князь нарабіў: не толькі твар знявечыў, але і мовы пазбавіў. Мне ж тым часам многа, вельмі многа трэба распытаць у цябе. Ды не ведаю, як гэта зрабіць!.. Сотнік перадаваў што-небудзь?

Пісар адмоўна ківае галавой.

На словах загад даў?

Пісар плюскае вачамі.

Але ж якія тыя словы? Які той загад. Мне трэба ведаць.

Пісар спярша плюскае вачамі, тады адмоўна ківае галавой.

Гора наша, гора! Без языка пісар народны, без мовы — народ. Ну, а нашто ж ён усё-ткі паслаў цябе праз граніцу? Дарэчы, дзе ты яе пераходзіў? У Латаках?

Пісар адмоўна ківае галавой.

Нічога не разумею!.. Значыць, тут, супроць Хоцімска, перайшоў? Дык дзеля чаго ты ўсё-ткі прыйшоў сюды, ажно ў чужую краіну, пісар?

Пісар ставіць два пальцы на стол, перабірае імі, паказвае на Вашчылу.

Зразумела. Будзеш ісці ўслед за мной. Куды мяне павязуць, туды й ты пойдзеш. Выручаць сотнік не збіраецца мяне? Людзей падрыхтаваў? Ты адзін?

Пісар плюскае вачамі.

Дык ты адзін?

Пісар зноў плюскае вачамі.

Але якая карысць тады хадзіць табе за мной, хлопча? Я табе сам сказаў — вязуць мяне ў Мглін, гэта мястэчка за Старадубам, будзе там камісія разбіраць маю справу, каб перадаць пасля Радзівілу. Так што, калі ты за гэтым прыйшоў, то ідзі адсюль адразу ў Мглін, а мяне, дасць Бог, прывязуць. Калі маеш як перадаць сотніку, дай ведаць: войта моцна ахоўваюць. А цяпер ідзі, калі не галодны. Няварта табе тут затрымлівацца, у гэтай карчме. І не падыходзь да мяне больш без вялікай патрэбы. Пабачымся ў Мгліне, пісар. Ці ж многа там нашых засталося ў старастве?

Пісар плюскае вачамі, тады адмоўна ківае галавой.

Ладна, ідзі.

Пісар выходзіць.

Карціна шаснаццатая

Кірмаш у прыгранічным мястэчку. Шляхціч Пішчык і ротмістр Шленца шныраць паміж вазоў. Пішчык з вялікім плеценым кашом. Купляюць правізію. Шляхціч прыцэньваецца да пеўня.


Пішчык (абураны). Халера, гэта ж каб ведаў хто ў Польшчы, чым тут, у Масковіі, займаемся! Прыродны шляхціч курэй на кірмашы мацае!

Шленца. Але ж не ўвесь час нам, пся крэў, па шынках ацірацца. Кацапы гэтыя хоць і чысты народ, але клапы і ў іх ёсць. Так што мацай курэй, шляхціч, раз слугі пры сабе не маеш.

Пішчык. Нібыта ротмістр мае!..

Шленца. У ротмістра пакуль хоць гусары былі. Гэта рускім нечага ўздумалася не пусціць іх з намі, у Літву адаслаць. Нібыта з чатырма гусарамі мы сталіцу іхнюю захапілі б. Ну, а тым часам афіцэру княскай харонгі не да твару курэй мацаць. Да таго ж казной агульнай пан шляхціч загадвае. Мог бы маладзіцу якую наняць, каб тая на кірмаш схадзіла. Хоць бы гаспадыню нашу, дзе мы цяпер на пастоі.

Пішчык. Маладзіцы, пераспаўшы ноч з ротмістрам, нос дзяруць, прыродным шляхцічам памыкаюць.

Шленца. Не зайздросць, шляхціч, кожнаму сваё. Але дзе той гіцаль, пся крэў?

Пішчык. Не выйшла пара яшчэ, пан ротмістр. Я вось пра што думаю — ці не здагадваецца шаноўны пан, што нас знарок падоўгу ў дарозе затрымліваюць? Што б гэта значыла? Можа, рускія зноў штосьці задумалі?

Шленца. Кажуць, царыцу ў гэтым краі хутка чакаюць…

Пішчык. Іх не зразумець, гэтых рускіх! То крычаўскі бунтар Вашчыла іх цікавіць, то раптам царыца!

Шленца. А так і разумей, што я нездарма кажу — не бліжэй, як да Пакроваў нам тут вандраваць. Таму не даражыся, шляхціч, плаці за гэтага гусака (паказвае на пеўня), будзем сілы мацаваць.

Пішчык (смяецца). Хіба што! Ці ж пан ротмістр вытрымае?

Праз натоўп прабіраецца сюды Чорны дзяцюк.

А вось і ён!

Шленца. Чакаць прымушаеш, пся крэў! Не за тое плоцім!

Чорны дзяцюк (недаступна). Сам ведаю, за што мне паны грошы плацяць.

Пішчык. Дакладвай — аб чым Вашчыла з тым без’языкім размаўляў?

Чорны дзяцюк. Не ўсё зразумеў. Адзін жа — нямко. А гэты Вашчыла не дужа адкрываўся. Хітры вельмі.

Пішчык. Я адразу пазнаў яго — Вашчылаў пісар. Сын войта Бочкі. Дарэчы, у князевай школе ў Слуцку навучаўся разам з дзецьмі прыроднай шляхты.

Шленца. Навучыў на сваю галаву яснавяльможны князь! А ён замест таго, каб князю аддана служыць за ласку, да бунтаўшчыкоў падаўся, пся крэў. Чаму разам з бацькам на кол не пасадзілі гіцля?

Пішчык. Так яснавяльможны князь рашыў — няхай з таўром на твары па свеце бадзяецца, нагадвае іншым, што іх чакае, калі за зброю супроць князя схопяцца. Ну, а для чаго мову адабраў? Дык тут таксама зразумела. І песню не заспяваеш, і быліну не раскажаш. Так што з паўстання таго — адзін пшык.

Шленца. Але чаму ён тут, за мяжой, апынуўся?

Чорны дзяцюк. Я так зразумеў з размовы, што ён адтуль, са стараства, Вашчылавымі людзьмі падасланы.

Пішчык. І пра што яны гаварылі?

Чорны дзяцюк. Змова ў іх нейкая. Ці не збіраюцца яны адбіць па дарозе Вашчылу. Але цяжка было зразумець да канца. Адзін увесь час маўчыць, а другі невыразна пытае.

Шленца. Да князя далёка.

Пішчык. Тады палкоўніку ў Крычаў.

Шленца. Хто паедзе туды? Нам жа з табой не дазволена адлучацца.

Пішчык. Тады трэба самім рашаць. Але нябогу гэтага пакідаць жывым нельга.

Шленца. Халера! (Думае.) Давядзецца табе (звяртаецца да Чорнага дзецюка) і гэтым заняцца.

Чорны дзяцюк. Не ўжо, паны, пра гэта няхай вашы галовы баляць. Мяне вы змаўлялі на адну мокрую справу, за адну плацілі. Яе і пільнавацца буду.

Шленца. Шляхціч заплаціць табе і за гэта.

Чорны дзяцюк. Маё слова непарушнае.

Шленца. Што табе ўрэшце каштуе — дзе адна душа ў рай паляціць, там і другая? На тым свеце ўсё роўна давядзецца адказваць. Дык чаму тады не за двух?

Чорны дзяцюк. Гэта мне ўжо рашаць.

Пішчык. Дзе ён цяпер, той нямко?

Чорны дзяцюк. Яшчэ зранку падаўся па старадубскай дарозе.

Пішчык. У цябе ўсё гатова?

Чорны дзяцюк. Для Вашчылы?

Пішчык. Так.

Чорны дзяцюк. Ну, пра што ў вас таксама галовы няхай не баляць. Я сваю справу знаю.

Шленца. Але мог ужо за час, як рухаемся з Кіева, справіцца! Тады б і гэтай не ўзнікла!

Чорны дзяцюк. Самі бачыце, рускія ні на крок не адыходзяць.

Шленца. Ну, яны свой клопат маюць, а ты павінен пра свой дбаць.

Чорны дзяцюк. Я ўвесь час і дбаю.

Шленца. Але глядзі, калі што, пся крэў, ад маёй шаблі не ўхілішся!

Пішчык (да Чорнага дзецюка). Добра, ідзі.

Чорны дзяцюк адыходзіць.

Нічога не зробіш, ротмістр, давядзецца табе заняцца Вашчылавым пісарам. Сядай на каня і дагані яго ў ціхім месцы.

Шленца. Яшчэ гэтага мне не ставала, халера! Мог бы і сам, шляхціч!

Пішчык. Яно праўда, пан ротмістр, але мне неяк не з рукі гэта.

Шленца. Хочаш чыстымі мець рукі?

Пішчык. Грэх адзін — што твой, што мой. Аднолькава на тым свеце спытаюць.

Шленца. Рана сабраўся, шляхціч, на той свет.

Пішчык. Рана — не рана, але і пра гэта клапаціцца ўжо трэба. Свят, свят!

Карціна сямнаццатая

Княскі палац у Слуцку. На плошчы перад палацам дойліды высякаюць князю помнік. Падыходзіць Радзівіл. Глядзіць, тады лезе па сходках да сваёй галавы.


Радзівіл. Я сам! (Бярэ малаток, долата. Нешта папраўляе на мармуровым твары.) У мяне нос з гарбіной, а вы яго робіце як лыжу!

Дойлід. Мы па мадэлі, яснавяльможны князь.

Сапраўды, каля помніка стаіць зменшаная мадэль помніка.

Радзівіл (злуе). Па мадэлі, па мадэлі! Мадэль рабілі ў Фларэнцыі, а тут Слуцк! Тут я пры вас. Глядзіце вось на жывую мадэль і высякайце як трэба. Не мне ж за вас працаваць? А то нядоўга і ў лёхі трапіць!

Да статуі падыходзяць двое — афіцэр і цывільны, судзейскі.

(Спускаецца па сходцы ўніз. Нібыта пакрыўджаны. Да афіцэра і судзейскага.) Кажу лайдакам — у мяне нос з гарбіной, вось бачыце (паказвае на свой нос), а яны лыжу нейкую з яго робяць. Дармаеды, пся крэў! Пасаджу на ваду і хлеб — адразу згаворлівымі стануць!

Афіцэр і судзейскі маўчаць.

Гатовы ў дарогу, паны камісары?

Афіцэр. Так ёсць, яснавяльможны. (Схіляецца.)

Радзівіл. Але спяшацца таксама не варта. Мне пішуць з Расіі, што ў прыгранічныя палкі свае прыязджае імператрыца іхняя Лізаветка. Думаю, што там цяпер не да вас будзе, дарма што кіеўскі генерал у пісьмах прыспешвае ваш прыезд. Паедзеце праз Крычаў у Мглін. Там будзе засядаць камісія — з іхняга боку два камісары і з майго два. Выбраў вось вас.

Афіцэр. Дзякуй за давер, яснавяльможны.

Радзівіл. Справа ідзе пра перадачу Вашчылы ў мае рукі. Але хачу папярэдзіць паноў камісараў — не дужа ён патрэбны мне будзе тут пасля расследавання. Яны ж захочуць ад яго ведаць дакладна, што адбылося ў старастве. Відаць, сілічоўскі войт ужо і так наплявузгаў абы-чаго. Пэўна, што рускім таму карціць выставіць мяне крыважэрцам перад Еўропай. Маюцца ў іх і іншыя прэтэнзіі да мяне, нібыта я сілай трымаю беглых у сваіх маёнтнасцях. Не выдаю назад, як гэта змоўлена па дагаворы аб вечным міры. Але дапусціць гэтага нельга! У Расіі вы адшукаеце ротмістра Шленца і шляхціча Пішчыка. То мае верныя людзі. Перадасце на словах — ранейшы загад не адмяняю. Няхай кіруюцца ім.

Афіцэр. Так ёсць, яснавяльможны.

Радзівіл (да судзейскага). А вам загадваю выставіць рускім нашы прэтэнзіі — гэта яны правакавалі бунт у старастве. Таму трэба мець пры сабе інкрымінуючы матэрыял. Лепей за ўсё падрыхтаваць надзейнага сведку. Можна адсюль такога ўзяць, а то пашукаць у Крычаве, з ліку паўстанцаў. Сілай прымушаць не варта. Апынуўшыся за граніцай, зняволены можа даць любую нечаканасць. Абяцайце грошы. Гэты сродак мала калі не апраўдваў сябе. Да таго ж няхай палкоўнік Пястрыца адбярэ на месцы заложнікаў з сям’і таго, на кім спыніце ўвагу.

Судзейскі. Так, яснавяльможны.

Радзівіл. Ты, пан маёр, будзеш мець пасля вяртання ў Слуцк новы чын. Не пакіну без маёй княскай міласці і цябе. (Паварочвае галаву да судзейскага.) Вядома, калі ваша місія будзе мець поспех. А без гэтага можаце сюды не вяртацца.

Афіцэр. Слухаем, яснавяльможны. Мы вашы слугі.

Радзівіл. Яны вунь (паказвае на майстроў на рыштаваннях) таксама мае слугі, пся крэў, а нос на маёй мармуровай выяве даводзіцца самому папраўляць! (Зноў падымаецца па сходках, бярэ ў аднаго з дойлідаў малаток, долата, ляскае па мармуры. Тады нешта крычыць, спускаецца ўніз.) Халера, хоць ты зусім не адыходзь ад лайдакоў. Трэба ўсё-ткі выклікаць каменшчыкаў з Італіі. Дарэмна паспадзяваўся на сваіх. Колькі ні вучы — толку мала. (Да афіцэра.) Не выключана магчымасць, пан маёр, што былыя хаўруснікі Вашчылавы, якім удалося ўцячы, замысляць уратаваць свайго верхаводу. Такая пагроза таксама існуе, тым больш што дарогі праз граніцу ў Расію ім вядомыя. Таму ўсялякую падобную спробу неабходна прадухіліць. Калі ж справа сапраўды дойдзе да расследавання на камісіі, не саромцеся рускіх — чым болей выставіце прэтэнзій да іх, тым лепш для вашага князя. Але спадзяюся — Езус Хрыста не давядзе да гэтага. Перадайце пану палкоўніку ў Крычаве, каб не спыняў пошукі дзяцей бунтаўшчыка. Мне яны патрэбны, можа, найбольш, чым сам Вашчыла цяпер.

Афіцэр. Так ёсць, яснавяльможны князь!

Радзівіл. Ну, ступайце з богам.

Афіцэр і судзейскі кланяюцца, адыходзяць. Радзівіл зноў лезе па сходках да статуі.

(Крычыць.) Нос! Нос рабіце спярша, а тады ўсе астатнія члены!

Карціна васямнаццатая

Па дарозе ідзе Вашчылаў пісар. Сядае на абочыне, слухае, як у прыдарожным лесе спяваюць птушкі. Іграе на ліры. Нечакана з’яўляецца ротмістр Шленца.


Шленца. Далёка ж ты, пісар, зайшоў. Ледзьве дагнаў.

Пісар ускоквае.

Думаў, ніхто цябе не пазнае тут, пся крэў! Не, ад слуг нашага князя не так проста знікнуць. Але ж і распісалі цябе, пся крэў!

Пісар маўчыць.

Я ведаю, у цябе няма языка. Язык твой сабакі ў Крычаве з’елі. Але маўчы ды слухай. Гаварыць буду я, а ты пацвярджай мае словы ці адмаўляй. Галавой ківай, калі так — калі не. Зразумеў? Як з Вашчылам!

Пісар нерухома глядзіць на ротмістра.

Хто цябе накіраваў у Расію — Вашчылавы хаўруснікі?

Пісар адмоўна ківае галавой.

Значыць, сам зайшоў сюды, пся крэў? Ішоў сабе, ішоў ды вось тут і апынуўся? А чаго з Вашчылам сустрэчы шукаў?

Пісар не падае знак.

Так, выпадкам зайшоў у карчму?

Пісар ківае галавой.

Не лічы нас за дурняў, пісар! Нам вядома, пра што вы са сваім атаманам гаварылі. У нас і ў карчме вушы былі, дарма што самі выгляд рабілі, быццам не пазналі цябе, за калеку чужога палічылі. Ну, гавары, пся крэў, — змову задумалі? Вашчылу наважыліся вызваліць?

Пісар адмоўна ківае галавой, нешта мармыча, махае рукамі.

Так я табе і паверыў! (Дастае шаблю.) Не прызнаешся — уміг адсяку галаву. І на кол пасаджу, будзе як з тваім бацькам, войтам Бочкам. Ты ж таксама Бочка?

Пісар ківае галавой.

Але ж пакінуў цябе князь жывога на нашу галаву. Думаў, будзеш бадзяцца вось так па старастве, палохаць людзей сваім выглядам. Памыліўся яснавяльможны князь. Такім, як ты, мала язык адрэзаць, трэба яшчэ вочы выкалаць і вушы свінцом заліць. А то што гэтая вісельня? Другія змоўшчыкі ёсць з табой?

Пісар адмоўна ківае галавой.

Гавары тут, а то мы знойдзем месца для больш зручнага допыту. Там і без’языкі загаворыць! Дык ёсць дзе паблізу яшчэ злачынцы вашы?

Пісар адмоўна ківае галавой.

Не хочаш прызнавацца — рыхтуйся да смерці. Жывога я цябе адсюль не пушчу. Ну, пся крэў?

Пісар не рухаецца. Гэта яшчэ мацней выводзіць з раўнавагі ротмістра. Ён тупае нагамі, замахваецца шабляй. Бачыць, што пісар і цяпер не баіцца.

Добра, пся крэў, не хочаш хаўруснікаў выдаць, пагаворым пра іншае. Вашчыла многа золата нарабаваў?

Пісар паціскае плячыма. Спрабуе нешта мармытаць.

Ты мне язык свой паганы не паказвай. Схавай! А то яшчэ ўночы твая мярзотная пыса прысніцца! Дзе схаваў Вашчыла золата, пакажаш? Зараз вось пасаджу цябе на каня ззаду ды разам гайда за граніцу. А там ужо я цябе адпушчу, пся крэў! Жыві. Мне толькі золата Вашчылава трэба. Пакажаш?

Пісар не падае знаку.

Быдла, жыць не хочаш?

Пісар не адказвае.

Але ж не так ты ў гэту кацапію зайшоў? Нешта ж маеш за душой? Не верыш, што адпушчу? Дурань, мне ты не патрэбны. Мне важна забраць Вашчылава золата, а з ім жа я і ў Саксонскім курфюрстве знайду месца. Значыць, не хочаш па-чалавечы? Тады маліся! (Зноў палохае шабляй.)

Пісар паказвае штосьці рукамі, мармыча.

Ды не высоўвай ты свой недарэзак гэты, пся крэў! Не магу глядзець на яго!

Пісар адварочваецца ад ротмістра, ідзе прэч. Шленца даганяе, тыцкае ў грудзі шабляй.

Гульню задумаў са мной, пся крэў! Хаўруснікаў не выдаеш і золата не хочаш паказаць. Што ж, твой лёс быў у тваіх руках, пісар. Атрымлівай! (Сячэ пісара.)

Карціна дзевятнаццатая

Палкавая канцылярыя ў Старадубе. Тут палкоўнік Максімовіч. Стражнікі ўводзяць Вашчылу.


Максімовіч. А-а, гетман…

Першы стражнік. Пан старадубскі палкоўнік, дзяржаўны злачынца дастаўлены ў ваша карыстанне. Жывы і цэлы!

Максімовіч. Дзякуй за службу, сяржант. Па дарозе не здарылася непрадбачаных акалічнасцей?

Першы стражнік. Не, пан палкоўнік.

Максімовіч. А палякі, дзе палякі?

Першы стражнік. На ганку. Іх не пусціла сюды ваша варта.

Максімовіч. Няхай пастаяць. Яшчэ раз дзякуй за службу, сяржант. За матухнай імператрыцай служба так не застанецца. Будзеце адзначаны. А цяпер я напішу рапарт генералу, што падканвойнага прыняў асабіста. (Піша, затым аддае рапарт сяржанту.)

Абодва стражнікі выходзяць.

(Паварочваецца да Вашчылы.) Дай-тка паглядзець на цябе, гетман. Ды ты сядай. Прабач, што ад ланцугоў не магу вызваліць. Не паложана. На гэты конт строгія ўказанні маю з Санкт-Пецярбурга. Чуеш, і там пра цябе ведаюць. Нарабіў ты спраў, гетман.

Вашчыла. Чаму і вы называеце мяне гетманам?

Максімовіч. Сам жа, нябось, велічаў сябе так?

Вашчыла. Не, гэтага я не рабіў. Бо навошта было? Сам я чалавек просты, і выдаваць мне сябе за кагосьці іншага перад людзьмі было б сорамна.

Максімовіч. Гэта я к слову пра гетмана. Чуў, як генерал у Кіеве называў цябе.

Вашчыла. Ну, можа, генералу сорамна было важдацца з мужыком. Але за гетмана, а тым больш за ўнука Багданава я не выдаваў сябе.

Максімовіч. Вось што, гетман. Дазволь ужо і мне называць цябе так. Зараз цябе адвядуць у астрог. Там будзеш чакаць. Па-першае, князевы прадстаўнікі на камісію яшчэ не з’явіліся з Рэчы Паспалітай, нешта не вельмі спяшаюцца, а па-другое, мне цяпер няма часу. Да нас едзе з Санкт-Пецярбурга Яе Вялікасць Імператрыца Елізавета Пятроўна. Таму выступаю сёння з палком на сустрэчу. Ну, а ты, гетман, чакай. Нарабіў шуму на дзве дзяржавы — цяпер трывай. І яшчэ — твая сям’я таксама перайшла граніцу. Нявестка і сыны. Яны ў Почапе.

Вашчыла. Жывыя?

Максімовіч. Ім што! Думаю, што палякі не стануць патрабаваць іх ад нас, ды і адкуль ім уведаць пра гэта?

Вашчыла. Тут жа аціраюцца княскія слугі — ротмістр і шляхціч. Самі ведаеце, на ганку чакаюць. Усю дарогу з Кіева разам ехалі.

Максімовіч. Гэта з Кіева, а тут Старадуб. Тут мая ўлада, гетман. Не хочаш, каб выдалі мы цябе палякам?

Вашчыла. Я ўжо і сам не ведаю, пан палкоўнік, што лепей. Вы ж таксама, відаць, цяпер мяне на волю не пусціце?

Максімовіч. Ну, у нас застанешся хоць жывы. Астрогу табе, вядома, не пазбегнуць, але што астрог супроць смерці? Князь жа цябе не пашкадуе.

Вашчыла. Не пашкадуе.

Максімовіч. Вось бачыш, сам разумееш.

Вашчыла (уздыхае). Але я сам ужо шкадую, пан палкоўнік, што не раздзяліў лёс тады, у Крычаве, са сваімі войтамі ды сотнікамі. Нядобра гэта, не па-хрысціянску выйшла ў мяне.

Максімовіч. Чаму ж уцякаў?

Вашчыла. Была думка. Спадзяваўся, што тут, у Расіі, пра мяне ніхто не ўведае, атрымаю пашпарт на жыццё, а там відаць будзе.

Максімовіч. Нябось, зноў меў намер вярнуцца ў стараства?

Вашчыла. Замышляў, пан палкоўнік.

Максімовіч. Значыць, ты зацяты злачынца, гетман. Чаго ж дамагаешся?

Вашчыла. Волю трэба даць людзям.

Максімовіч. А што яны з воляй рабіць стануць?

Вашчыла. Воля — ёсць воля.

Максімовіч. Вось стаў бы сапраўды гетманам — пачаў бы сам заганяць мужыкоў у няволю. Гэтым усё і скончылася б тваё паўстанне. Бунт — страшная рэч, Вашчыла. Вынікі яго звычайна прадказаць нельга. А што не просіш за сыноў? Ды і ўнук у цябе з’явіўся.

Вашчыла. Нявестка якраз у вясну збіралася нарадзіць. За сыноў цяпер, відаць, трэба Бога прасіць.

Максімовіч. Бога? Што ж, Бога таксама. Каго ты з сыноў хочаш бачыць?

Вашчыла. Меншага, Мартына.

Максімовіч. Што ж, гетман, на волю я цябе, сам ведаеш, адпусціць не магу, на тое не мая палкоўніцкая ўлада, а вось сына ў Старадуб магу загадаць даставіць.

Вашчыла. І на тым дзякуй.

Максімовіч. А што сотнік твой, ну той, што ў Кіеве быў, чалавек надзейны? Сапраўды, з ім справу можна мець?

Вашчыла. Для мяне — надзейны.

Максімовіч. Для цябе… Бывай, гетман. Мне трэба спяшацца з палком. Але князь Радзівіл увесь час даводзіць, што ты нібыта золата многа нахапаў там?

Вашчыла. Якое золата, пан палкоўнік!.. Па ўсім старастве нядоімкавыя квіткі знішчыў, па якіх мужыкі павінны былі плаціць у князеву казну. Вось ён цяпер і падлічвае праз тое страты. Канечне, страты князю выйшлі вялікія. Нічога не скажаш. Але золата яго мы не бралі. Бо не было дзе. Па золата трэба было выступаць з войскам на Слуцк, а то і на Вільню, дзе родавыя гнёзды Радзівілаў. Крычаўскія землі Геранім атрымаў ад караля на час. Таксама, як у арэнду, дарма што здаваў сам іх ліхвярам.

Максімовіч. У нас яшчэ будзе час пагаварыць, гетман. Ды і на камісіі сёе-тое давядзецца табе расказаць. Так што бывай. А сына твайго скажу, каб прывезлі з Почапа.

Старадубскі палкоўнік пакідае памяшканне. Вашчыла набліжаецца да акна, глядзіць праз яго, як рушыць у паход мясцовы полк.

Карціна дваццатая

Турма ў Старадубе. Вашчыла з сынам Мартынам.


Вашчыла. Вось і пабачыліся, сынку. Можа, астатні раз…

Мартын. Тату, мне страшна.

Вашчыла. Цяпер табе няма чаго баяцца. Ад князя ты вызваліўся.

Мартын. За цябе мне страшна, тату.

Вашчыла. Усё ў ласцы Божай. Відаць, рускія яшчэ не рашылі, што са мной рабіць. Але я пакуль не разумею іх. Здаецца, іншы раз нібыта нават спачуваюць. Але такіх людзей, што стаяць за народ, нідзе, сынку, не шануюць. Ні там, у нас, у нашай зямлі, ні тут. Пакуль ім нейкая выгада ад мяне. Хоць ты яшчэ і малы, Мартынку, але слухай. Авось і ў тваім жыцці спатрэбіцца.

Мартын. Так, тату. Якаў прасіў перадаць табе, каб ты за нас не хваляваўся.

Вашчыла. Дзе ж вы цяпер жывяце?

Мартын. У аднаго почапскага дзядзькі. Нейкі Міколаў знаёмы.

Вашчыла. Дык ты бачыў сотніка?

Мартын. Ён нас і вывеў у Расію.

Вашчыла. Дзе ж ты быў датуль?

Мартын. Хаваўся ў папа.

Вашчыла. А Якаў?

Мартын. І Якаў з Анютай дзесь хаваліся. Нібыта ў Відуйцах. У тваёй жонкі. Нас звёў пасля сотнік.

Вашчыла. Яна мне не жонка яшчэ, сынку. Але магла стаць тваёй другой маці, каб усё склалася добра. Не пашанцавала нам, бо князь узяў верх.

Мартын. Мы думалі, што ты загінуў, пакуль не прыйшоў з Кіева сотнік.

Вашчыла. Ты сотніка слухайся.

Мартын. Ён кажа, што я таксама буду войтам.

Вашчыла. Думаеш, войтам быць лёгка? Заўсёды паміж князем і вясковым чалавекам трэба стаяць. Гэта як жорны, толькі і зважай, каб не расцерла, бы тое зярнятка. Але няхай, будзь войтам. А лепей за ўсё — будзь тым, кім станеш. І пра бацьку ніколі не забывай. Не кляні яго, сынку, што б пра яго ні гаварылі, што б праз яго табе ні выпала ў тваім сірочым жыцці. Вырасцеш — вяртайся ў стараства. Там нашы магілы — і дзедава, і бабчына. Схадзі ў Мурын Бор, пакланіся матчынай магіле. Прасі яе дараваць мне за ўсіх за вас. За вашы цяперашнія пакуты і за тыя, што будуць яшчэ.

Мартын. Добра, тату. (Туліцца да бацькі.) А мне можна з табой у мястэчка тое?

Вашчыла. Не, сынку. Ты павінен сцерагчыся злых людзей. Ды і не пусцяць цябе рускія туды. Як падрасцеш — трымайся добрых людзей. Куды яны — туды і табе трэба. Што пераказваў сотнік?

Мартын. Ён з Якавам больш гаварыў.

Вашчыла. Бо за малога цябе лічыць. Ты і ёсць малы. Сірата.

Мартын. У мяне ёсць ты, бацька. Чаму сірата? Пры жывым бацьку нават малы хлопчык не сірата. А я ж…

Вашчыла. Гэта я так, сынку. У вас жа там, у Почапе, усё ёсць? Ну, кормяць хоць? І не пад стражай вы? Жабраваць не даводзіцца?

Мартын. Не.

Вашчыла. То і добра. Тут, у Старадубе, царыцу рускую чакаюць. Усе занятыя гэтым клопатам. Але я яшчэ пагавару пра вас.

Мартын. Добра, татку.

Вашчыла. Пара табе, сынку, ісці. Час ужо.

Мартын пачынае плакаць.

(Суцяшае.) Не плач. Расці вялікі і дужы. (Цалуе Мартына, той кідаецца яму на шыю. Ляскаючы ланцугамі, Вашчыла так і нясе сына праз усю камеру да дзвярэй. Кліча.) Гэй, хто там? Вазьміце хлопца! (Застаецца ў турме адзін.)

Карціна дваццаць першая

Карчма ў Старадубе. Карчмар збіраецца несці ў турму вячэру. Заходзіць Чорны дзяцюк.


Чорны дзяцюк. Карчмар не есць тут свой абед?

Карчмар. Калі ўжо быў той абед! Вячэраць пара. У турму вось нясу.

Чорны дзяцюк. Каму ж, калі не тайна?

Карчмар. Прывезлі нейкага чалавека з Кіева. Вязуць у Мглін. Загадана насіць яму ў турму страву. А мне што, мне абы плацілі. Ну, а палкоўнік старадубскі, дзякаваць богу, пакуль плоціць спраўна. Скардзіцца грэх.

Чорны дзяцюк. Што за чалавек?

Карчмар. Не ведаю. Пра гэта маўчаць нават стражнікі. Але ў кайданах увесь час — і калі спіць, і калі так сядзіць. Моцна ахоўваецца. Відаць, важны дзяржаўны злачынца, раз гэтак строга абыходзяцца з ім.

Карчмар адварочваецца, каб узяць штосьці на паліцы. Чорны дзяцюк выхоплівае з-за пазухі атруту, сыпле ў міску.

А ты, добры чалавек, не ў час. Зачыняю я карчму. Няма каму быць тут з табой.

Чорны дзяцюк. Думаеш, красці стану?

Карчмар. Ну, як знаеш. Зрэшты, можаш і праўда пасядзець, пакуль не вярнуся. Адкуль жа ты сам? Здаецца, першы раз у нас?

Чорны дзяцюк. Прыйшоў аж здалёку паглядзець на матухну імператрыцу.

Карчмар. Так, у Старадубе становіцца людна. Я вунь пакоі рыхтую. Гандаль пойдзе.

Чорны дзяцюк. Налі віно, карчмар, пакуль яшчэ не пайшоў. Я застануся тут. Памяну грэшную душу.

Карчмар. Чыю?

Чорны дзяцюк. Гэ-э, памянуць каго заўсёды ёсць. Грэшнікаў на зямлі хапае. Даруй нам, Госпадзі!.. (П’е.)

У Старадубе тым часам зазванілі на цэрквах званы.

Голас за сцэнай (пад іх звон). Васіль Вашчыла, кіраўнік сялянскага паўстання на Магілёўшчыне, памёр у рускім горадзе Старадубе, у турме, дваццаць восьмага жніўня тысяча семсот сорак чацвёртага года. Радзівілаўскія камісары ажно тры разы прымушалі раскопваць ягоную магілу, не верачы да канца, што адважнага мсціўца за народныя пакуты не стала.

Следчая справа Вашчылы, якая вялася ў Кіеве, тым часам праляжала нікім не кранутая ў архіве былой Калегіі замежных спраў Расійскай імперыі дзвесце сорак гадоў. І вось мы цяпер упершыню перагарнулі яе, старонку за старонкай, аддаючы належнае паўстанцу. Да свяціцца яго імя!


Канец драмы

Загрузка...