Адказаў няма на пытанні,
Hi — важных i мудрых высноў…
Настала пара развітання
З надзеяй сустрэцца ізноў.
Я і ў няволі вольны быў,
Бо верыў, што збавенне прыйдзе,—
Каго хацеў, таго лтобіў,
A ненавісных ненавідзеў.
Ішоў у замець след у след,
Як ходзяць толькі лесарубы,
I быў ca мной уласны свет
Круты, бязлітасны i грубы.
Так існаваў я з году ў год,
Складаў то оды, то праклёны,
То быў мой свет, як чорны лёд,
А то — блакітны i зялёны.
Сабе не здраджваў я нідзе,
Бо верыў, што збавенне будзе,
Не для мяне, дык для людзей,
Што мараць кожны дзень аб цудзе.
Я не чарсцвеў i не грубеў,
Не прыстасоўваўся ніколі,
Бо верны толькі сам сабе
I у няволі, i на волі.
Можа, гэта апошняе лета
Каля ціхай празрыстай вады,
Можа, ў жніўні ці ў студзені Лета
I мяне паглыне назаўжды.
Застануцца пажоўклыя кніжкі,
Што, магчыма, ніхто не чытаў,
Што маўчаць, як пустыя кілішкі
Ці як звон, што званіць перастаў.
Можа, заўтра, а можа, i сёння
У трывозе ці ў ціхай журбе
На зялёным i росным улонні
Прачытаю самога сябе
I даверліваму чалавеку,
Забароны зламаўшы мяжу,
Пра сябе, як гісторыю веку,
Да драбніцы ўсё раскажу,
Бо, да памяці вечна прыкуты,
Што спакою дасюль не дае,
Прыгадаю чужыя пакуты
I пра радасці ўспомню свае.
Ix майму пакаленню хапала:
Сем стагоддзяў за семдзесят год
Мы прайшлі. Дзе нага не ступала,
Узнімаўся i падаў народ.
У прамовы хісталася вера,
Калі ўсё засланяла хвала,
Бо звінела на пласе сякера
I дарога да скону вяла.
Ну а я, не спакушаны лёсам,
Праз ружовы не ўбачыў туман
За усмешкамі горкія слёзы
I пусты патэтычны падман.
За асобай знікалі асобы,
Хоць «у-р-р-а-а!» не сціхала ўвушшу,
А пакуты вышэйшае пробы
Навылет праціналі душу.
За калючым напружаным дротам
Я да болю спазнаў усяго,
Але быў неразлучны з народам
I часцінкаю кроўнай яго.
Сёння б мне нарадзіцца нанова,
Але ўжо не сляпым i глухім,
Каб С У М Л Е Н Н Е — адзінае слова
Засталося пашчадкам маім.
Цяпер калек амаль што не відно,
Яны нібыта канулі на дно,
Адолеўшы нягоды ўсе i здзекі,
Але жывуць, як i жылі даўно,
На свеце непрыкметныя калекі.
Сляпыя лепей за відушчых бачаць,
Што i сябры i несябры ix значаць,
Ім зразумелы ўвесь складаны свет.
Яны не скардзяцца, не плачуць,
A пакідаюць свой прыкметны след.
Калекі ёсць з нагамі i з рукамі,
З нястомнымі даўгімі языкамі
I з каршучынай сілай зроку,
Што прабіваюцца наперад кулакамі,
Каб не застацца ззаду або збоку.
У ix энергіі на цэлы генератар,
Бо кожны з ix салодкага аматар
I горкага ніколі не мінае —
Глытае ўсё, нібыта алігатар,
І жыць яму нішто не замінае.
О, колькі ж вас, укормленых калек,
Нагадаваў наш неспакойны век?
З душой бетоннаю i без душы,
Сабе на радасць, некаму на здзек,
Калі камандуюць: «Трымай, ламі, душы!»
A самі выдаюць казённыя прамовы
Пра дасягненні i пра росквіт мовы,
Ад кожнае хваробы маюць лекі,
Але відно — прыём у ix не новы…
Пара на пенсію, таварышы калекі!
Мы, напэўна, адзіныя ў свеце
Што забылі, як маці завуць.
Так i нас ацураюцца дзеці
I спакойна свой век дажывуць.
Разбяруць яны ўсё да асновы,
Не забудуць каня закілзаць,
Толькі роднае матчына слова
Не захочуць у спадчыну ўзяць.
Хто ж знявечыў i памяць, i слова,
Немаце забяспечыў размах?
Паўстагоддзя сумленне i мову
Адымалі знявага i страх.
У душы не загояцца болькі,
Бо ідзе наша мова на звод.
Так насельніцтвам зробімся толькі,
Калі з моваю знікне народ.
Сіле розуму не трэба.
Знай адно: ламі, крышы,
Здабывай кавалак хлеба
I — нічога для душы.
Каб дужэць i моц не траціць,
Каб ніхто не перамог,
Дужы нават бацьку з маці
Скруціць у барані рог.
Дужы шмат не разважае,
Толькі слухае загад,
Толькі тых i паважае,
Хто выплочвае аклад.
Бачылі аднойчы сведкі,
Як дубінкай ён трасе,
Нa магілах топча кветкі
I таго, хто ix нясе.
Ён лютуе безупынку,
Ён штурмуе на хаду.
Мы ж яму далі дубінку
Самі на сваю бяду.
Спрачаюцца, хвалююцца, крычаць
Хлапцы за мову, за лясы i рэкі,
А вось славутасці маўчаць —
Hi бэ ні мэ ні ку-ка-рэ-ку.
Баяцца дэмакратыі яны,
Таму ў палоне змрочнага настрою,
Бо званні, прэміі i ардэны
Ім даставаліся ў пару застою.
Ix прывучылі так галасаваць,
I пляскаць у далоні па заданню,
I кожнаму ўсміхацца, i ўставаць,
Што лепш ніхто не плясне i не ўстане.
Ha ix — амаль што вечнасці пячаць,
A ім усё чагосьці мала.
Хлапцы за мову, зa лясы крычаць,
Але маўчаць зацята аксакалы.
Нас павучаюць: «Ленін сам стаяў
Па шклянку чаю ў сталоўцы,
Усім пакрыўджаным спрыяў
I сірат гладзіў па галоўцы.
Таму ў Правадыра вучыцеся усе
Спагадзе, ласцы i ў чарзе стаянню
I прывыкайце пакрысе
Нястачы ўсе ўспрымаць без хвалявання».
У чэргах паўстагоддзя мы стаім,
Прывычныя да хамства i абразы,
I толькі з ідэолагам сваім
Нe стрэліся у чэргах аніразу.
Чым ён харчуецца штодня?
Паветрам, пэўна, ці вадою з крана?
А сыты ж сам, i кормная радня
Яму цытаткі спісвае старанна,
Каб павучаць усіх натхнёным сказам,
Пад'еўшы балыка i пірага…
Пакуль ён з намі ў хвост не стане разам,
Ніколі ў нас не кончыцца чарга.
Здаецца, гэта — страшны сон:
Піяна i крашчэнда
Пяюць харысты ва ўнісон
Астатні опус Бэндэ.
Гучаць суладна галасы,
I за салістам тэму
Вядуць адны, адны басы:
«Хутчэй лаві нацдэма».
Відаць, з архіва прывалок
Ім дырыжор пахмуры
I, кроў адмыўшы, даў знарок
Старонкі партытуры.
Мы ачунялі пакрысе,
I ведаюць нямногія,
Як калаціліся усе
Ад той тэрміналогіі.
Ды зноў задягваюць басы:
«Нацдэмы», «змовы», «зборышчы»,
I падбірае ж галасы
Той самадзейны хор яшчэ.
Які ж зацяты дырыжор
На нотах ставіў галачку,
Каб заспявалі «до-мінор»,
Прыняўшы ў Бэндэ палачку.
A прачытаўшы перад сном
Вячэрнюю газету,
Узніклі краты за акном
I Бэндэ з таго свету.
Не трэба мне набыткаў мець
Hi мала i ні многа,
Баюся толькі анямець
З увішнай дапамогай.
Хто ж дырыжор? Каму служыць
Наняўся ён нанова?
Відаць, за крэселца дрыжыдь
У час п е р а б у д о в ы.
Колькі вас загінула, скажыце,
Дзе вас пахавалі i калі?
Не ў стаптаным беларускім жыце,
A ў чужой знявечанай зямлі.
Колькі вас, яшчэ не цалаваных,
Не спазнаўшых радасці ў жыцці,
Заціскала вогненныя раны
I дамоў не здолела прыйсці?
Што дала ў трынаццатым стагоддзі
Тая непатрэбная вайна?
Вамі ў кожным жудасным паходзе
Сплочана крывавая цана.
Што i ад каго вы адстаялі?
Дзе вы свой закончылі паход?
Многія сабе заваявалі
Помнікі у васемнаццаць год.
I цяпер у апусцелай хаце
Праклінае кожны дзень вайны
I глядзіць заплаканая маці
Не на сына, а на ардэны.
…На чало жалобнай Беларусі
З жалем пазіраю ўсё часцей.
Хоць не веру ў Бога, а малюся
Я за ўсіх унукаў i дзяцей.
Мы развучыліся смяяцца
I паважаць саміх сябе,
Адданыя нялёгкай працы
I непатрэбнай «барацьбе».
За што я толькі не змагаўся?
За новы быт i за калгас,
Не сумняваўся, не вагаўся,
Бо ясна ўсё было для нас.
Заўжды было адзінадушша
Ад Брэста i да Калымы,
Ды толькі, што такое душы,
Не ведалі з маленства мы.
А нешта горача смылела,
Сумненні мучылі спярша,
Пакуль не зразумеў нясмела,
Што ные ўсё-такі душа,
Што ёсць спагада i сумленне,
Што жорсткасць «барацьбы» міне.
Пакуль я думаў, на калені
Цішком паставілі мяне
I так аблыталі хлуснёю,
Так апаганілі душу,
Што ўжо лічылася віною,
Калі нічога не схлушу.
Найбольшы грэшнік i злачынец
Трапляе ў пекла толькі раз,
А я аж двойчы без прычыны
Прайшоў яго ў кароткі час.
Нас болей пеклам не пужаюць
У час сумлення i падзей,
Нібыта нават паважаюць
Бядою мечаных людзей.
Ваўчыца
Знайшлі ваўчынае лагло.
Брахаў сабака як наняты,
Хоць i ваўчыцы не было,
Вішчалі толькі ваўчаняты.
Ix скідалі ў каляны мех,
Перавярнулі ўсю бярлогу.
Паехалі. I свежы снег
Замёў да раніцы дарогу.
A ў поўнач у канцы сяла,
За хатай пад вярбой пахілай,
Завея лютая гула
I жаласна ваўчыца выла.
Стагнала нема поч у ноч
Ад болю, стомы i марозу,
I падалі з гарачых воч
На ледзяную сцежку слёзы.
Ад сцюжы заінела поўсць,
Як абручы, тырчалі скабы,
У горле клекатала злосць,
Скрываўленыя нылі лапы.
Нацятая, нібы струна,
Паўзла туды, дзе ваўчаняты,
Ды ўдарыла святло з акна,
I выбег паляўнічы з хаты.
Пераляцеўшы цераз плот,
Імчалася ў хмызняк ваўчыца,
Але жакан i буйны шрот
Яе дагналі за крыніцай.
Яна ляжала да пары,
Пакуль не адгула віхура…
I доўга у глухім двары
На плоце вымярзала шкура.
Вясёлая мама
Вялізная колькасць сірот пры жывых бацьках
(па статыстыцы — 100 тысяч штогод,
95 працэнтаў ад агульнай колькасці сірот).
«Литературная Россия», 1988. № 6
У лесе на аўтобусным прьшынку
Забыла маці сонную дзяўчынку
I з'ехала сама у белы свет.
Завеяў пыл яе няцвёрды след.
Дзяўчынка недзе доўгімі начамі
У дзіцячым доме цягнецца да мамы.
Ёй часам хлусяць добрыя суседзі:
«Не плач. Яна вось-вось прыедзе».
Чакае. Але мамы ўсё няма.
Мінула восень, адгула зіма,
I за вясною прашумела лета.
Ей хлусядь: «Мабыць, не дастаць білета,
А можа, захварэла не на жарты,
Таму чакай, а бедаваць не варта».
Дачка чакае, як дзівоснай явы,
I спіць спакойна на руках Дзяржавы.
А мама недзе у бязладдзі шэрым
Гуляе зноў з чарговым кавалерам,
А потым хлапчука або дзяўчынку
Забудзе на глухім лясным прыпынку.
Няўжо i праўда — варта павучыцца
Такой вясёлай маме у ваўчыцы.
Стварылі нам усе умовы,
Каб адвучыць ад роднай мовы.
Мы паступова ўсе нямеем —
Hi думаць, ні спяваць не ўмеем
На мове Коласа з Купалам,
Бо пераконваюць з запалам
Зацятыя функцыянеры,
Што можна лёгка жыць без веры
У запаветы Скарыны,
Бо мы — Бязродныя сыны,
Што i адной хапае мовы.
Навошта ж нам тлуміць галовы?
А дзе, якія ў нас вытокі,
Не варта лішняе марокі,
Бо ёсць адзін дэвіз: «Наперад!»
Але баліць душа, як верад,
Што робім, крок, а два — назад
I не выконваем загад.
А нам патрэбны не загады,
А больш увагі i спагады,
Душы i чыстага сумлення,
Ад чынадралаў вызвалення,
Каб беды ўсе перамаглі
Сыны Савецкае зямлі.
З. С. Пазняку
Намаўчаліся з кляпам у роце,
Зацягнулі папружкі тужэй.
Чынадрал на ранейшай рабоце
Марыць, як бы ўтрымацца даўжэй.
Бюракратаў ад сёл да сталіцы
Не адзін распладзіўся мільён,
А да ix i сілком не прабіцца
Пфаз глухі сакратарак заслон.
Нехта ганьбу з паклёпамі строчыць,
I складае даносы ў тамы,
I атрутаю пырскае ў вочы,
Каб нічога не ўбачылі мы.
Ix нямала яшчэ на пасадах,
Бо наўкол сваякі i радня,
Задаволеных, сытых i радых,
Што вяртушкамі верцяць штодня.
За галоснасць, за праўду з сумленнем
Даражэй анічога няма.
паставім хлусню на калені —
Дэмакратыя ўкленчыць сама.
Усё ты ведаеш, усё ты разумееш,
Што можна, а што нельга i чаму,
Ты слова кожнае прасееш i правееш,
Бо ўсё табе вядома аднаму.
Не тая опера, у п'есе многа солі,
A ў вершы аптымізму не стае.
Адказныя інструкцыі на столі
Запісаны, як ісціны твае.
Хоць сам не ведаеш ніводнай ноты
I нават да верлібра не дарос,
A крэсліш бездакорныя работы
I учыняеш аўтарам разнос.
Ды раптам нечакана стала млосна,
Аж сківіцу звярнуў направа боль,
Калі загаварылі пра галоснасць,
А ты дасюль усё глядзіш на столь.
О, колькі голых каралёў
Жыве i ходзіць паміж намі,
I ўсе ў кальчугах з медалёў,
З пасадамі i з ардэнамі.
I кабінеты, i чыны
Ім дасталіся ў час нягоды,
За ix трымаюцца яны,
Хоць голыя заўсёды.
Hi гармонікам, ні песняю
Нас не радуе ніхто,
Толькі дзед, што носіць пенсію,
Часам стукне у акно.
Зіркне, як шчарбаты месяц,
Нешта схлусіць пра калгас
I прапаў, бо кожны месяц
Ён прыходзіць толькі раз.
Нешта шыеш, нешта пораш
Ды куплены хлеб жуеш,
Гучна з радзівам гаворыш
I пытанні задаеш,
А яно i не адкажа —
Ўсё гаворыць пра Каір,
Пра жніво, здабыткі нашы
Ды пра барацьбу за мір.
Ломіць крыж у непагоду,
Хоць ты літасці малі…
Мы ж змагаемся заўсёды,
A рабіць няма калі.
Я няўвагу прабачаю
I што песня ў ix адна,
Але ўсё ж не выключаю
Рэпрадуктар давідна,
Нават сплю i прыкмячаю,
Быццам дома не адна.
Дажываю век з бядою,
З ёю ўстану, лягу спаць,
А прачнуся — зноў надоі,
Зноў касьба i сенажаць,
Зноў пра парыхтоўкі мяса
I гаворыць, i пяе,
Дзе, чаго, якім калгасам
I чаму не дастае.
Слухаю i ўсё дзіўлюся
На світанні i ўначы:
Нас ніхто ж у Беларусі
Жаць i сеяць не вучыў,
Самі сеялі i жалі,
Мелі плуг, касу i цэп,
I таму нас паважалі
За вяндліну i за хлеб.
Мы ж заўсёды шчыравалі
Ад відна i да цямна,
Злыдням спуску не давалi,
А цяпер чыя віна,
Што ўсяго адзін гаруе,
Ды i той часцей з калек,
Але ім штодня кіруе
Аж трынаццаць чалавек.
Хтось крычыць: «Ары па снезе,
Не чакай сухой вясны»,
Бо крыкун у крэсла лезе,
Дзе высокія чыны.
Потым сам жа акт падпіша,
Што насенне звёў мароз,
Што яшчэ на полі мышы
З'елі жыта i авёс.
Ну а сам, бы кормнік, сыты
Рады, што з калгаса ўцёк,
I заместа світкі — світу
За сабою прывалок.
Так вось думаю штодзённа
I ўздыхаю пакрысе
Ды чакаю паштальёна —
Можа, радасць прынясе
Ад дзяцей, што збеглі з дому
I даўно кіруюць мной,
I бяскормніцу, вядома,
Я лічу сваёй віной,
Бо дзяцей не прывучыла
На загоне шчыраваць…
Ноччу вёска як магіла,
Нават плачу не чуваць.
За вокнамі — снег,
I — лясы, i лясы,
У замеці знікла дарога…
Я думаю часта,
Што ў нашы часы
Да Ісціны так, як да Бога,
Ніяк не прабіцца,
Ніяк не дайсці,
Ніяк не паставіць хлусню на калені.
Адзіны ратунак
У нашым Жыцці —
Забытая Праўда, Любоў i Сумленне.
За вокнамі снег, i — лясы, i лясы,
I нехта блукае ўначы недалечка,
Гукае, i ледзьве чуваць галасы,
А я на змярканні запальваю свечку.
Мне семдзесят пяць,
А здаецца, учора
Мне людзі прысвоілі
Тытул селькора,
Я ў вецер i ў стынь
Прабіваўся па снезе,
Каб лямпу хутчэй
Засвяціць у лікбезе.
Да поўначы там
Засядалі камбеды,
I «Мы — не рабы»,—
Паўтаралі кабеты,
А потым у Менску
На беразе рэчкі
Вясной бушавалі
Студэнцкія спрэчкі.
Мы вершы чыталі
З агульнае згоды,
Ды пільна за намі
Сачылі сексоты,
Каб нас паздаваць
У калматыя лапы,
Што рукі круцілі
I гналі ў этапы.
Я верыў, што будуць
Не вечна нягоды,
Што Праўду здабудзем,
I ўжо назаўсёды.
Дажыў, дачакаўся
Жаданае волі,
Каб гора не ведаў
Ніхто i ніколі.
Мае жураўлі
Узнімаюцца клінам,
А я ix прашу:
«Пачакайце хві-лі-ну!»
Мне сніўся страшны суд.
О, як падсудных многа —
Святых i праведных
I грэшных пазнаю,
I перад мудрым i суровым Богам
I я навыцяжку стаю.
Ён перагортвае мае дасье
I робіць на палях паметкі.
Калоціць страх, калі усе
З'явіліся пакрыўджаныя сведкі.
Былы хлапчук стаў барадатым дзедам
I сведчыць, што ў пару пякельных зім
Я сто гадоў назад сваім абедам
Не здагадаўся падзяліцца з ім.
I следчы колішні, хоць выгнаны з пасады,
Гатоў згнаіць усіх да аднаго,
Бо праз мяне за «превышенье» ўлады
На гэты свет адправілі яго.
Глытаюць зарубежныя таблеткі,
Бо смеласці i моцы не стае,
Упартыя разгневаныя сведкі —
Даўнейшыя каханыя мае,
Амаль шкілеты колішніх дзяўчынак
Даводзяць Богу, што мая віна
У тым, што ўзяў надоўга адпачынак
I жонкаю не стала ні адна.
А каб тады яны мяне засеклі
I ўбачылі, як ноччу павялі
I у якім я апынуўся пекле,
Такога б кавалера праклялі.
А вось дрыжыць ссівелы выпівоха,
Над ім гайдаюцца i неба, i Зямля.
Ён папракае i мяне i Бога,
Што на пахмелку не далі рубля.
Юнак абвінавачвае ў няўвазе,
Бо не пусціў «у паэтычны клан».
Я запісаць прашу, што ў кожным сказе
Ён — безнадзейны графаман.
Прашу, нарэшце, злітавацца: «Божа,
Я з пекла выскачыў, дык пеклам не карай,
А твой прысуд, магчыма, дапаможа
I мне пуцёўку выпрасіць у рай».
Хвалююся, i веру, i не веру —
Прысуд падпісаны. Малі ці не малі…
Ды раптам нехта адчыняе дзверы.
Прачнуўся. О, як добра на Зямлі!
Я быў, i неаднойчы, на тым свеце
I не праліў ніводнае слязы,
Калі мяне адвозілі ў карэце
Рэаніматары аж тры разы.
I аніяк не вымаліць ратунку
Амаль што на смяротным рубяжы.
Як ні круці — выцягвайся у струнку
I нерухома дзень i ноч ляжы.
Не ўпэўнены, жывы ці нежывы я,
Вяду з кашчаваю каргою доўгі торг
I прад'яўляю на жыццё правы я,
Яна ж ласкава запрашае ў морг.
А я ўпінаюся, кажу: «Чакаюць дзеці
Даўно мяне ў пакойчыку пустым»—
I пераконваю, што i на гэтым свеце
Ніколечкі не горай, чым на тым.
А смерць дае прывабную параду,
Што буду я ляжаць, нібыта туз,
I што мяне па трэцяму разраду
Ў каміннай залі адпяе Саюз.
Маю анкету ўзяўшы за аснову,
Адолеўшы начальніцкі цяжар,
На паніхідзе па паперцы слова
Прамовіць кансультант ці сакратар.
Не, любая кашчавая, не трэба
Агітаваць. I як ты ні хвалі
Той свет. Замест спакою неба
Мне даспадобы неспакой Зямлі.
I не тлумі мне болей галаву:
Я тройчы паміраў — аднойчы пажыву.
На скрыжаванні раніцы i ночы
Не аціхае неадольны боль
I зноў пакуты новыя прарочыць
I на старыя раны сыпле соль.
Пякельны боль маланкаю забліскаў,
Гатовы скінуць з вышыні ў пралёт.
Не ўратавацца мне, бо самы блізкі
Прабіць гатовы сэрца навылет.
Непагодныя дні. Hi прасвету, ні сонца,
Толькі вецер гудзе i гудзе увушшу,
I пякельным туманам нябачаны стронцый
Раз'ядае істоту маю i душу.
Я ніколькі наступнай вайны не баюся,
Не, у атамным пекле Зямля не згарыць,
Не дрыжу перад будучай бойкай у скрусе,
Бо ніхто i нікога не зможа скарыць.
Хоць не будзе вайны, не ўзарвуцца ракеты,
А жыццё не ўратуе ніхто i нідзе:
Смерць ідзе па Зямлі, выбіраючы мэты
У паветры, на сушы, у мёртвай вадзе.
Мы патруцім сябе радыяцыяй, газам,
Выесць вочы i душы настылыя дым.
Смерць нячутна ідзе, каб не згінулі разам,
A знікалі павольна адзін за адным.
У нябыт адыходзяць счарнелыя пушчы,
Самагубствам канчаюць маржы i кіты.
Акіяны i рэкі дзівак невідушчы
Вынішчае ў прыпадку сваёй слепаты.
За мільёны гадоў не здалелі скалечыць
Так Зямлю, як яе пакалечылі мы.
I сябе i яе давялі да галечы,
А яна ўсё маўчыць, як цярплівы нямы.
А каб мела язык, як яна б закрычала:
«Пашкадуйце, няшчасныя, хоць бы сябе.
Ці не бачыце вы, што «вучонасці» джала
I бяздумная пыха ўсё жывое заб'е.
Знікнуць людзі i рэкі, салавей адспявае,
I, магчыма, з галактык убачаць здаля,
Як павольна плыве, у Сусвеце нямая,
У адвечнай жалобе пустая Зямля».
Уратуйце Зямлю, апантаныя людзі.
Можа, шчасце хоць вашым прапраўнукам будзе!
Не падглядай праз шчыліну ў дзвярах
Мае расчараванні i пакуты.
Ад позірку твайго калоціць страх,
Добразычлівец мой з абліччам Юды.
Мяне ты больш ужо не прадасі
За грош, за срэбранік, за паўчырвонца.
Як ні старайся, рады не дасі
I ў змроку не схаваешся ад сонца.
Я ведаю — не адзінокі ты,
Увішны i актыўны ўсюды.
Здаецца некаму, што ты святы,
Добразычлівец мой з абліччам Юды.
Твае лісты прапахлі лесам
I пылам жытняе красы,
Крутое рошчыны замесам
I кропляю скупой слязы.
А я паміж радкоў чытаю,
Чаго не папісала ты,
Бо я не той i ты не тая,
Адны ранейшыя — лісты
З далёкай нашай маладосці,
З тае вясны, з тае зімы,
Калі не крыўды i ні злосці
Яшчэ не разумелі мы.
Пытальнікі, шматкроп'і, кропкі,
Паперы колішняй памер
I почырк дробны i таропкі
Мяне хвалююць i цяпер.
Лісты, сатлелыя на зломах,
Сyxi, збялелы васілёк
I слабы пах лясоў знаёмых
Хвалююць i цяпер здалёк.
Гартаю ў апусцелай хаце
З лістамі даўнія гады,
I нельга дараваць, што страціў
Твой адрас i твае сляды.
Куды, каму цяпер напішаш
Даўно запознены адказ?
I надалёка тая ціша,
Калі ніхто не ўспомніць нас.
Дарога, быццам з алебастры,
У лёгкай шэрані сады,
На шыбах — папараць i астры,
A ў небе — месяц малады,
Аздоблены ружовым кругам
У цёмна-сіняй цішыні,
У мітульзе, за дальнім лугам,
Гараць халодныя агні.
То прывідным, то воўчым вокам
Знікаюць, каб ізноў зайграць,
То знічкай упадуць звысоку,
То ў стылым снезе дагараць.
Такая бездань нада мною,
Сузор'і неба замялі…
Мне ўсё здаецца навіною,
А я — пясчынка на Зямлі.
Дагарае захад, дагарае,
Зелянее на лугах туман,
Дзе ж ты, азавіся, дарагая,—
Даўняя надзея i падман.
Нашыя дарогі разышліся
На мяжы сумлення i маны.
Дзе ж ты, дарагая, азавіся
З прывіднай далёкай даўніны.
Нас ніхто ніколі не пачуе,
Мы знікаем, як начны туман.
Дагарае захад, i хачу я
Хоць у сне убачыць тонкі стан.
Юнаю, іскрыстаю прысніся
I мяне ні ў чым не дакарай.
Калі ж ты жывая, азавіся,
Каб было каму сказаць «Бывай».
Позні мой вечар, як ціхая восень:
Долу злятаюць лісты.
Гэта — пара i жніва, i дакосін
Каля апошняй вярсты.
Сонца заходзіць, плыве павуціна,
Ціха i пуста ў палях,
I на змярканні журбой жураўлінай
Млечны гайдаецца Шлях.
Дзе мая радасць? Дзе маё гора?
Дзе мая папараць-кветка цвіце?
Можа, калісьці, а можа, учора
Звяла яна на апошняй вярсце.
Не адшукаў яе, не дачакаўся.
Падаюць восенню зоры часцей.
Як ні гукаю, не дагукаўся
Шчасця свайго на апошняй вярсце.
За ноч пасівела зямля
I шэрань лугі прысаліла,
А сосны здаюцца здаля
Укрытыя срэбраным пылам.
Нбыта яшчэ нe зіма,
А далеч у ціхай трывозе,
I восень выходзіць сама
Па гулкай настылай дарозе.
Настала чакання пара,
Спавітае сэрца ў кунегу,
Запахла пад вечар з двара
Іскрынкамі першага снегу.
Нябачная легла мяжа
На стыку сустрэч i расстанняў,
Павольна знікае імжа,
I снег на світанні растане,
Нa сцежках лісты зашумяць
Самотных дубоў i акацый,
А мне б перайсці цераз гаць
I новай вясны дачакацца.
Усе мы трошачкі артысты,
I роля ў кожнага свая.
То абы-як, а то ўрачыста
Іграў сябе самога я.
З усіх няма цяжэйшай ролі,
Бо не хапае з неба зор
I не падказвае ніколі
Жыццё — суровы рэжысёр.
Кім толькі я не быў на сцэне,
Каго я толькі не іграў?
То быў узнёслы летуценнік,
То ўваскрасаў, то паміраў,
Рамэо быў, Шыльёнскім вязнем,
Адолець Гамлета хацеў,
Ды, збіўшыся на першым сказе,
У апраметную зляцеў,
I зала адказала свістам
Нa непрадбачаны правал.
Відаць, заўсёды быць статыстам
Мой горкі лёс ці ідэал.
Ніхто не заўважаў старання
Да зморы i да забыцця,
Калі гайдаўся я на грані
Сапраўднай смерці i жыцця.
Іграў я ўмела, то няўмела,
Бывалі спады i напал,
Пакуль душа не пасівела
I не наблізіўся фінал.
Знялі фанерныя калоны,
Скруцілі заднікі ў рулон.
Вось-вось апусціцца заслона…
I я выходжу на паклон.
Калі б перапісаць на чыставік
Маё жыццё i ўнесці карэктывы,
Магчыма, мой наступнік ці двайнік
Лічыў бы, што ён вольны i шчаслівы.
Закрэсліваю тыдні i гады,
A ў ix — недаравальныя пралікі,
I пакідаюць у душы сляды
Маленькі грэх i грэх вялікі.
Хоць сам знарок ніколі не грашыў,
I грэшных думак не было ніколі,
А страт маіх i час не заглушыў
I мне дасюль папрокам вочы коле.
Я распінаю кожны дзень сябе,
Гатовы пасадзіць душу за краты,
Бо памяць неадольная дзяўбе,
Што сам перад сабою вінаваты.
Я здатны захапляцца навіной,
Часова ўзняцца нават на узвышша,
З пралікамі змірыцца i з віной,
А вось жыццё ніхто не перапіша.
Я адзін каля вогнішча ў полі,
Толькі іскры мігцяць i мігцяць,
То знікаюць у дыме паволі,
То да зор таямнічых ляцяць.
Я адзін. Толькі вецер трывожна
У ракітніку голым гудзе,
Можа, ў полі зблудзіў падарожны
I дарогу не знойдзе нідзе.
Я гукаю, i доўгае рэха
У асенняе поле плыве,
То замоўкне, то зноў нa пацеху
Азавецца самотнай саве.
Я адзін каля вогнішча ноччу,
Толькі ўласны гайдаецца цень.
Я на зоры гляджу i прарочу
Ясны ранак i сонечны дзень.
У кожнага — адзіная дарога
Ад метрыкі да некралога,
A паміж імі, як заўжды,—
Хвіліны радасці i горычы гады,
Раскаяння імгненні, раздарожжы
I захапленне: «Свет такі прыгожы!»
Хвіліна за хвілінай — час бяжыць,
I як ні цяжка, але трэба жыць:
Стаяць у чэргах, з хлебам ці без хлеба,
I жыць, пакуль i ты камусьці трэба.