ТРЫВОЖНЫ СВІТАНАК


Хлопчыка назвалі Стасем — як бацьку. Сын — першынец! — з’явіўся ў сям’і беларускага паэта і журналіста Станіслава Пятровіча Шушкевіча 15 снежня 1934 года.

У драўляным дамку на ціхай мінскай ускраіне, дзе толькі зрэдчас разганялі курэй вазы ехаўшых пад чаркаю з кірмашу сялян, прагучалі традыцыйныя для такой падзеі тосты. Немаўляці і ягоным бацькам зычылі доўгага жыцця і шчаслівага лёсу. Каб заўжды радасна і заможна жылося пад гэтым дахам, куды на агеньчык да вясёлага, кампанейскага гаспадара і гасціннай, ветлай гаспадыні так любілі зазіраць шматлікія сябры — пераважна гэткія ж маладыя літаратары.

Але тосты, як і ўвогуле размовы ў іх даўнім таварыскім коле, на той час ужо страчвалі пакрысе ранейшую акрыленасць і непасрэднасць. I ўсё часцей нават у звыклых пажаданнях адчуваўся нейкі новы, трывожны сэнс. Бы то гучала патаемная малітва: каб не зачапіла, каб злітавалася, каб згінула ўрэшце тая жахлівая пачвара, драпежнае дыханне якой кожны, здавалася, ужо адчуваў за сваёй спінай.

І ўжо не адна ахвяра была на страшным рахунку. I хто ведае, каму наканавана стаць наступнай...

* * *

На дварэ — глыбокая ноч.

Даўно разышліся госці, спарадкаваны посуд, соладка заснуў у калысцы віноўнік урачыстасці, а яны, Стась і Алена, усё сядзяць ля стала і сцішана гутараць. Што ні кажы, а іх жыццё пайшло цяпер на новы круг, і, як часта здараецца ў такіх выпадках, чарадой набеглі ўспаміны.

— А памятаеш, як сустрэліся ў інстытуце?

— А то не... Адразу ўсіх кавалераў адпудзіў!

Пасмяяліся. Але ж і сапраўды было, як у старых раманах,— «з першага погляду». Так і хадзіў за сваёй каханай па пятах, не адпускаючы ні на крок, увесь час, пакуль вучыліся разам у Беларускім педінстытуце. Калі зблізіліся, то высветлілася, што і ў лёсах, і ў захапленнях — шмат агульнага, сугучнага. Пачынаючы з таго, што і ён, і яна выраслі ў вялікіх сем’ях, дзе кавалак хлеба ніколі не даваўся без мазаля, але сэнс жыцця, перш за ўсё дзякуючы бацькам, зусім не зводзіўся да прымітыўных клопатаў пра сытыя страўнікі.

Іх цяперашняе жытло прыдбаў у свой час бацька Алены, Людвік Антонавіч. Ведама ж, не харомы — вось гэты пакойчык, дзе яны вядуць гаворку, ды яшчэ кухня і спальня,— але і такі набытак каштаваў Людвіку Антонавічу нямала. Хоць і захоўваў ён атрыманае ў 1913 годзе аж з Санкт-Пецярбурга, з дэпартамента герольдыі царскага сената, пасведчанне аб тым, што з’яўляецца патомным дваранінам, але папера тая магла хіба што цешыць самалюбства, бо ўвогуле іх, Раманоўскіх, род вёўся ад прыгонных сялян і ніколі не ведаў вяльможных раскошаў. Сам жа Людвік Антонавіч мусіў зарабляць капейчыну нялёгкай працай чыгуначнага правадніка, а пазней, калі пагоршала са здароўем, і ўвогуле стаў рабіць у лазні. Да рэвалюцыі ягоная пасада на чыгунцы называлася даволі гучна — обер-кандуктар, і жонка Францішка надзвычай тым ганарылася. Дарэчы, нарадзілася ў іх ні многа ні мала — трынаццаць дзяцей! I каб яны выбіліся ў людзі, займелі добрую працу, трэба было найперш, ахвяруючы многім, даць малым належную адукацыю. Здольная, кемлівая Алена скончыла спачатку сямігадовую школу, потым — тэхнікум, а крыху панастаўнічаўшы на вёсцы, паступіла ў інстытут. Тут яна хутка вылучылася першымі літаратурнымі поспехамі, а таксама бліскучым веданнем польскай мовы (культура суседняй краіны ўвогуле была адным з вялікіх яе захапленняў). Праз нейкі час дзяўчыне даверылі нават чытаць лекцыі па польскай літаратуры малодшым студэнтам. А пазней, пасля інстытута, узялі на Беларускае радыё — весці перадачы па-польску. Ну, і, вядома ж, як даўно было дамоўлена, атрымаўшы дыпломы, пажаніліся са Стасем.

То быў увогуле багаты на падзеі год. Іх імёны загучалі ў літаратурным асяродку. Убачыў свет першы зборнік Стасевых вершаў. А яна, ужо чакаючы дзіця, пабывала на Першым з’сздзе савецкіх пісьменнікаў у Маскве. Бачылася нават з Крупскай, паказвала ёй свае кніжкі. Але цяпер усе творчыя дасягненні адступілі перад гэтай доўгачаканай падзеяй — нарадзіўся сын!



— Пацяплее — давай з’ездзім са Стаськам у Шчытоміравічы, да маіх...

Алена згодна кіўнула мужу. Ведама ж, хочацца, каб усе сваякі хутчэй пабачылі нашчадка.

Там, у вёсцы, што ў дзесяці кіламетрах ад Мінска, жыў Пятро Іосіфавіч, мужаў бацька. Алена паспела ўжо добра пасябраваць са свёкрам — разумным, дасціпным селянінам. У ягоных вялікіх, натруджаных руках часта можна было бачыць старыя, дарэвалюцыйныя календары, газеты з вершамі Коласа, Купалы. Усё гэта старанна захоўвалася шмат гадоў, з таго часу, як Пятро Іосіфавіч упершыню быў зачараваны простымі і мілагучнымі радкамі, складзенымі на роднай, «сялянскай», мове. Ён вельмі хацеў, каб сын стаў адукаваным чалавекам. Урэшце, Стася не трэба было цягнуць у навуку за вушы: той сам з ахвотай карпеў пры газнічцы над кніжкамі, потым падаўся на вучобу ў Мінск і таксама, як


і ягоная будучая жонка, не пазбег салодкай спакусы ўласных літаратурных спроб.

Сталіца сустрэла хлопца сапраўдным віраваннем маладога творчага жыцця. Хутка з’явілася шмат сяброў — пераважна гэткіх жа сялянскіх сыноў, што, паклаўшы ў торбачку бохан хлеба ды некалькі аркушаў з наіўнымі рыфмаванымі радкамі, рушылі ў сталічны горад, каб здабыць веды, а мо — чым чорт не жартуе! — і паэтычную славу.

То быў час прастадушнай юначай веры ў гучныя лозунгі «новага жыцця», абвешчаныя партыяй бальшавікоў. Усталяваўшы сваю жалезную ўладу на каласальных абсягах ад Палесся да Камчаткі, партыя паабяцала пабудаваць тут нябачаны ў гісторыі зямны рай для мільёнаў і мільёнаў людзей, для дзесяткаў народаў. I замардаванаму вайной, галечай, разрухай простаму люду так хацелася, каб гэты цуд збыўся! Здавалася, ягоныя абрысы паўстаюць ужо на гарызонце — і ахоплены рамантычным імпэтам літаратурны маладняк 1920-ых гадоў спаборнічаў ва ўзнёслым рыфмаванні сваіх шчырых ілюзій.

Радасць мая звоніць

Словам маладым

Ад сялянскіх гоняў,

Ад сялянскіх ніў.

Ад дуброў шумлівых,

Ад вясковых хат,

Дзе жыцця імклівы

Крочыць новы лад.

Так напісаў ён, паэт-пачатковец, восем гадоў назад, у 1926-ым.

«Крочыць новы лад». I ў рамантычным ап’яненні яшчэ не заўважаўся злавесны, драпежны поступ пачвары, якая неўзабаве распачне свой крыважэрны баль, раз-пораз выдзіраючы са знаёмага асяродка новыя і новыя ахвяры.

...Здалося, рыпнулі веснічкі. Яны абодва на хвіліну сціхлі, прыслухоўваючыся. Не, нікога.

За акном — глухая, чорная ноч. I зіма — сцюдзёная, лютая. Але ў хатцы цёпла, утульна, і бесклапотна пасопвае ў калысцы маленькі чалавечак — іх крывінка.

* * *

Лейтэнант дзяржбяспекі дзюбнуў пяром у чарніліцу (ох, чарніла ўжо ледзь-ледзь на донцы, столькі пісаць даводзіцца — проста катарга!) і хуценька закончыў чарговую службовую паперу:

«Я... разгледзеўшы следчую справу... знайшоў, што літаратурны супрацоўнік газеты «Звязда» Шушкевіч Станіслаў Пятровіч з’яўляецца актыўным удзельнікам контррэвалюцыйнай фашысцкай арганізацыі, выкрытай у Мінску. А таму пастанавіў: Шушкевіча С. П. ... арыштаваць і ў кватэры зрабіць вобыск».

Ага, пра дату ледзь не забыўся. Так, пазначаем: «1936 г., 14 лістапада».

Ну, вось, цяпер засталося толькі завізаваць у начальніка аддзела ды ў пракуратуры. А за гэтым справа не стане — можна не сумнявацца. План па выкрыццю ворагаў народа ўсім выконваць трэба, інакш нядоўга і самім загрымець да чорта на рогі — за страту рэвалюцыйнай пільнасці...

* * *

Цень пачвары ахінуў усю агромністую дзяржаву. Але і ў гэтым змроку зіхацелі іскрынкі творчага розуму, неардынарнасці, таленту. I яны прыводзілі пачвару ў шаленства. Ёй патрэбна была суцэльная цемра. У гэтай цемры ўлада пачвары будзе непадзельнай і вечнай.

* * *

...Стасік прачнуўся ад грукату і чужых галасоў. У пакоі былі нейкія незнаёмыя дзядзькі. Чаму гэта яны без дазволу бяруць таткавы кніжкі?

Малы пратэпаў па падлозе і з цікаўнасцю дакрануўся да бліскучай скураной цацкі на рамяні аднаго з дзядзькоў. Той адскочыў, бы ўджалены, рэзка крутнуўся, ліхаманкава расшпільваючы кабуру,— перакошаны твар, вылупленыя вочы...

Убачыўшы, што перад ім дзіця, з палёгкай выцер раптоўна ўзмакрэлы лоб і сіпла растлумачыў здзіўленым таварышам:

— Фу, ты, ч-черт — думал, нападение... Хозяйка, ну-ка, убери своего постреленка!

Стасік, бы шукаючы паратунку, зірнуў на тату. У таго быў нейкі зусім незнаёмы твар — стары і шэры.

* * *

Змрочны калідор Мінскай турмы НКУС. Гулкае рэха крокаў. Яго вядуць на чарговы допыт. Які гэта па ліку? Пятнаццаты? Дваццаты? І што цяпер — раніца ці вечар? У галаве звініць ад невыноснай стомы, думкі блытаюцца...

Следчы паволі ўздымае ад папер азызлы твар, на якім паспела прабіцца шчацінне, машынальна трэ чырвоныя, бы ў труса, вочы. Ён таксама страшэнна стаміўся, мабыць, ужо каторую гадзіну запар працуючы на гэтым шалёным канвееры...

— Мінулы раз вы назвалі не ўсіх сваіх знаёмых,— манатонна пачынае следчы.— Успамінайце лепей...

I раптам, не даслухаўшы, рэзка:

— А пра сваякоў у Польшчы забыліся?!

Пытанні пачынаюць сыпацца гарохам:

— Хто ўцягнуў вас у контррэвалюцыйную арганізацыю?

— Дзе праходзілі вашыя зборышчы?

— Якую антысавецкую работу праводзілі асабіста вы?

Праз нейкі час, адкінуўшы усе цырымоніі, чалавечак з трусінымі вачыма крычыць ужо так, што напінаюцца сінія жылы на шыі:

— Ты ў мяне зараз загаворыш, шпіёнская морда!

* * *

Калі набягалі думкі пра Алену і Стаську, хацелася ўскочыць з нараў і што ёсць моцы біць, біць, біць у ненавісныя жалезныя дзверы камеры! Родны дом быў зусім побач, усяго за некалькі кварталаў ад гэтага страшнага будынка ў цэнтры Мінска, але адсюль дадому не вяртаўся ўжо амаль ніхто...

У Мінскай турме НКУС яго пратрымаюць амаль цэлы год — столькі працягнецца следства. Спатрэбіцца шмат часу, каб зламаць волю невінаватых людзей, катаваннямі і шантажом дамагчыся ад іх «прызнанняў» у фантастычных злачынствах. Матэрыялы крымінальнай справы, па якой будуць «праходзіць» яшчэ 12 чалавек — пераважна ягоных калег-літаратараў, ледзьве ўтоўпяцца ў тры пульхныя тамы. Пад пяром следчага іх таварыская кампанія ператворыцца ў «ячэйку падпольнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі», сумесныя вечарынкі — у «контррэвалюцыйныя зборышчы», а канфіскаваныя падчас вобыскаў паэтычныя кніжкі — у «нацдэмаўскую літаратуру».

* * *

...Трусіныя вочы зноў утаропіліся на яго:

— Вы былі членам ЛКСМБ?

— Так, быў.

— Па якіх прычынах выбылі?

— Быў выключаны за абарону сына кулака Улашчыка — імя не памятаю — які працаваў тады сакратаром кніжнай палаты... Улашчык хацеў купляць кнігі для падшэфнай вёскі не толькі на рускай мове, але і на беларускай. I я ў гэтым яго падтрымаў.

— Вы сустракаліся потым з Улашчыкам?

— Летам 1936 года выпадкова сустрэўся з ім на вуліцы, у нас была кароткая гутарка...

— Так, зразумела...

Следчы старанна зарыпеў пяром. До-обрыя факты! Заступаўся за класавага ворага, патураў ягоным нацыяналістычным замашкам, вербаваў у якасці агента... Сёння — «ураджайны» дзень!

* * *

Пасля заканчэння папярэдняга следства, азнаёміўшыся з матэрыяламі, Шушкевіч адмовіцца ставіць свой подпіс. Але гэта нічога не зменіць. Ягоны лёс быў прадвырашаны яшчэ тады, як лейтэнант дзяржбяспекі дзюбнуў ручкай у чарніліцу, складаючы пастанову аб арышце.

* * *

3 абвінаваўчага заключэння ад 15 верасня 1937 года:

«Абвінавачваемыя па гэтай справе з’яўляюцца ўдзельнікамі адной з ячэек падпольнай контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі Беларусі, уваходзячай у склад аб’яднанага антысавецкага падполля. Нацыянал-фашысцкая арганізацыя ставіла перад сабой у якасці канчатковай задачы аддзяленне БССР ад Савецкага Саюза і ператварэнне Беларускай Рэспублікі ў буржуазную дзяржаву пад пратэктаратам Польшчы, праводзіла актыўную шпіёнскую і дыверсійна-тэрарыстычную работу... Ўдзельнікі нацыянал-фашысцкай арганізацыі... стварылі ў асяродку контррэвалюцыйна настроеных пісьменнікаў, удзельнічаўшых раней у нацыянал-дэмакратычным руху, падпольную контррэвалюцыйную ячэйку... сістэматычна ладзілі контррэвалюцыйныя нарады на кватэрах... абмяркоўвалі пытанне аб арганізаванай барацьбе супраць кіраўнікоў КП(б)Б, Савецкага Урада метадам тэрору».

3 прыгавора спецыяльнай судовай калегіі Вярхоўнага Суда БССР ад 4—5 кастрычніка 1937 года:

«...С. П. Шушкевіча — у якасці пакарання пазбавіць волі ў папраўча-працоўных лагерах тэрмінам на 8 гадоў, усіх асуджаных пазбавіць выбарчых правоў пасля адбыцця пакарання тэрмінам на 5 гадоў».

* * *

Трывожна дрэмле начны Мінск. Яна добра ведае — там, за прычыненымі аканіцамі дамоў, нават у сне людзей не адпускае ліпучы страх, і то адзін, то другі прахопліваецца ў халодным поце, пачуўшы любы гук на двары: няўжо ідуць па мяне?

Алена перахварэла ўжо гэтым страхам, выплакала, здаецца, усе слёзы ў скамечаную падушку. Дома спіць пад бабчыным наглядам Стаська, а яна з сяброўкай шыбуе ўздоўж трамвайных рэек на чыгуначны вакзал. Усе трамваі ўжо даўно прагрукалі коламі ў дэпо, шлях няблізкі, але ісці трэба. Яны цяпер — сяброўкі па няшчасцю: у абедзвюх мужы асуджаны, і ў любую з гэтых начэй вязняў могуць адправіць у Сібір. Хоць бы на хвілінку ўбачыць родны твар, прыціснуцца да грудзей!..

Сёння іх паход будзе дарэмным. I заўтра, і паслязаўтра... Так будзе доўжыцца два месяцы. Аднойчы сяброўка адмовіцца ісці: не стане моцы... А яна менавіта ў тую ноч убачыць ля арыштанцкага вагона свайго Стася і паспее перадаць яму клунак з цёплай вопраткай.

Праз шмат часу, атрымаўшы ліст з Сібіры, яна даведаецца, што муж сяброўкі замерз у тым сцюдзёным зімовым вагоне, а яго, Стася, уратавала менавіта тая цёплая вопратка.

Ён цудам ацалее і ў гулагаўскім пекле, вернецца на Беларусь у 1947 годзе. Ды ненадоўга. У жніўні 1949-га — паўторны арышт. Прысуд Асобай нарады пры МДБ БССР: ссылка. За «старыя грахі». I зноў — Сібір. Толькі пасля смерці Сталіна, у 1954-ым, прэзідыум Вярхоўнага Суда БССР канстатуе: «Як бачна з матэрыялаў справы, папярэдняе і судовае следства праведзены павярхоўна, неаб’ектыўна, без праверкі. Прысуд вынесены пры адсутнасці дастатковых доказаў». I рэзюмуе: «Прысуд... адмяніць... за недаказанасцю складу злачынства». А канчаткова справядлівасць будзе адноўлена толькі ў 1975-ым, калі той самы Вярхоўны Суд прыйдзе да высновы аб поўнай адсутнасці ў ягоных дзеяннях складу злачынства. Але і потым, калі Станіслаў Пятровіч зноў стане друкаваць свае вершы, у біяграфічных даведках пра аўтара рэдактары доўга яшчэ будуць ужываць цынічны «эўфемізм»: «У 1937—1956 гг. працаваў у геалагічных экспедыцыях у Сібіры». Яны, рэдактары, патыліцай будуць адчуваць: жахлівая пачвара, што ператрушчыла столькі лёсаў, зусім не згінула, яна затоена дыхае недзе побач...

* * *

Стасік круціўся ля маці, торгаў за рукаў: яму хацелася пагуляць, падурэць і было дзіўна, што маці, якая звычайна ахвотна адгукалася, сядзіць цяпер нерухома і застылым позіркам глядзіць на газетны аркуш.

А ў яе бы ўсё скамянела ў душы. I сапраўды, бяда адна не ходзіць. Сённяшні брудны, поўны лаянкі фельетон пра яе, жонку «ворага народа»,— гэта таксама прысуд. На працы цяпер, вядома ж, не ўтрымацца. I добра, калі скончыцца толькі гэтым...

Так яно і сталася: неўзабаве звольнілі. Праўда, перад тым далі «шанц»: устань на сходзе і пры ўсіх закляймуй мужа-злачынцу — мо, неяк і абыдзецца.

Яна з гневам адмовілася... І потым, калі даводзілася запаўняць бясконцыя анкеты, не ўтойвала, а наадварот, з нейкім унутраным выклікам пазначала, што з’яўляецца жонкай асуджанага.

Неўзабаве — новы ўдар: выключылі з камсамола. А гэта яшчэ адна «пляма» ў анкеце, убачыўшы якую ніводзін начальнік не рызыкне браць на працу. Калі галасавалі за выключэнне, яна па вачах бачыла: хто-ніхто спачувае, але страшэнна баіцца мовіць хоць слоўца ў абарону. Затое аж заходзіўся ад выкрывальніцкага пафасу адзін малады, аднак ужо заўважаны «наверсе» за сваю адданасць паэт. Відаць, ён добра ведаў, дзеля чаго так шчыруе,— у хуткім часе ягоныя вершы, зусім не адметныя літаратурным бляскам, але «ідэйна вытрыманыя» з’явяцца нават у школьных хрэстаматыях. Дарэчы, і той гнюсны фельетон напісаў таксама калега-пісьменнік, які некалі па-дружбацку паляпваў яе мужа па плячы...

Што ж, яны свайго дамагліся — паказалі жонцы «ворага народа» дзе ракі зімуюць. Цяпер у хаце ні капейчыны, акрамя ж яе — трое галодных ратоў, малы ды старыя бацькі. (Людвік Антонавіч, бацька, цяжка захварэўшы, неўзабаве памрэ...)

Накінула хустку, рушыла да двярэй.

— Куды, дачушка?

— У дзяржбяспеку.

— Што ты, апамятайся!

Але яна зрабіла па-свойму. Чын з НКУС аж падняўся міжволі з крэсла, калі жанчына, што папрасілася на прыём, раптам выпаліла:

— Арыштуйце і мяне! Жыць няма за што, усе ад нас адвярнуліся... Бярыце, арыштоўвайце!

Вынік быў нечаканы. У хуткім часе ёй дазволілі выкладаць у школе.

Трэба было неяк жыць, гадаваць Стасіка. Пакрысе пачала вучыць з ім літары. Хлопчык, хоць і рос непаседам, адразу быў прыліп да буквара. I к чатыром гадам ужо чытаў па-сапраўднаму. У іх хаце заўжды размаўлялі па-беларуску, але з матчынай дапамогай Стасік неўзабаве пачаў як семкі лускаць і рускія і польскія тэксты. Поспехі ўнука ў польскай мове асабліва цешылі каталічку-бабулю, якая цішком пачала заахвочваць яго да вывучэння малітваў. Справа ішла пры задаволенасці абодвух бакоў, бо за вывучаны «ўрок» выдавалася шчодрая ўзнагарода: пяць капеек, за якія па суседству, у заводскай сталоўцы, можна было пачаставацца шклянкай казачна смачнага кісялю, што з’яўлялася непараўнальнай асалодай для кожнага хлапчука з іх вуліцы.

А яшчэ — цяпер ён мог сам пісаць лісты бацьку ў Сібір. Шлях у іх быў, відаць, доўгі і цярністы, пільныя цэнзары прыдзірліва вывучалі, ці няма якой крамолы ў няроўных дзіцячых радках... У адным з адказаў бацька распавёў пра гэта вершамі:

У таежную глуш ты прыслаў мне пісьмо,

Яно доўга шукала мяне і блукала,

На ім надпісаў шмат, і пячатак каймо,

І канверцік чужая рука разарвала.

Кожны ліст ад таты адгукаўся ў сэрцы адначасова і радасцю, і болем.

Радасцю — ад таго, што ён жывы і спадзяецца рана ці позна вярнуцца дадому. Болем — ад таго, што невядома, колькі яшчэ давядзецца чакаць той хвіліны.

«Дарагі мой сын!

Моцна засумаваў я па табе, так як ніколі засумаваў. Днём і ноччу цяжкія думы прыходзяць у галаву. Вясна ідзе, усё ажывае, усё радуецца, а ў мяне на сэрцы восень. Да гэтага часу яшчэ не разгледжана мая заява і мая справа ў пракуратуры СССР... Заява на чарзе да перагляду. А калі перагледзяць, дык сам не ведаю.

Апошняе пісьмо, якое ты датаваў 23 студзеня, атрымаў я ў лютым. За пісьмо моцна, моцна дзякую. Пару дзён таму атрымаў кнігі (2 бандэролі). За іх і слоў не знаходжу для падзякі Моцна абрадаваўся і адразу, як толькі вярнуўся з работы, да позняй начы сядзеў над імі.

...У мяне дык зусім няма ніякіх навін. Кожны новы дзень нічым не розніцца ад папярэдняга. Толькі адно ў мяне і засталося — гэта ўспаміны пра цябе.

Дарагі мой сын, адно памятай, што калі не хопіць у мяне сіл перамагчы вялікую несправядлівасць, калі не прыйдзецца цябе ўбачыць, калі не хопіць сіл даказаць, што я не заслужыў гэтай кары, якая звалілася на мяне, дык памятай, што я быў і застаюся чэсным савецкім грамадзянінам...

Родны мой, харошы!

Цалую цябе тысячу разоў, моцна, моцна.

Твой тата Стах.

28.ІІІ.1940 г.»

* * *

3 заявы зняволенага Шушкевіча С. П. у прэзідыум Вярхоўнага Суда БССР ад 23 кастрычніка 1940 года: «...Я не вінаваты. Паклёп стаў падставай для суровага, несправядлівага прысуду... Былі парушаны нават самыя элементарныя законы аб судовым ладзе. Частка абвінавачванняў была пабудавана на маіх вымушаных паказаннях. Прашу перагледзець маю справу, я не вінаваты».

3 заключэння старшыні Вярхоўнага Суда БССР ад 2 чэрвеня 1941 года:

«...скаргі зняволеных пакінуць без наступстваў».

* * *

Аднойчы ў нядзелю бабуля ўрачыста абвясціла: ідзём у парк Горкага!

Стасік быў на сёмым небе. I раптам...

— Вайна!

Дарослыя, скамянеўшы, слухалі металічны голас з талеркі рэпрадуктара.

* * *

Усё наўкол гарэла. У небе над Мінскам вылі самалёты з крыжамі на крылах. Па вуліцы з клункамі цягнуліся жанчыны, дзеці, старыя. Трэба было неяк ратавацца і ім. Хуценька кінулі тое-сёе ў торбы. Алена трывожна азірнулася: а куды ж падзелася маці?

Але старая Францішка ўжо з’явілася на парозе, дзелавіта далажыла:

— Дзверы ў хляве адчыніла. Калі загарыцца, то хай хоць парсюк уратуецца.

— Ой, ды хіба тут да парсюка?! Спяшацца трэба. Людзі кажуць, лепей за ўсё кіраваць на Барысаў...

Стась між тым моўчкі адобрыў бабулін учынак: жвавы, хітраваты парсюк з’яўляўся агульным любімцам, і ягоная пагібель у лютым полымі сапраўды была б зусім недарэчы.

Ідучы па вуліцы, маці з бабуляй раз-пораз прыспешвалі Стася і малодшую Ірынку. Малым жа было чамусьці зусім не страшна, а нават цікава назіраць за ўсім тым вэрхалам, што рабіўся наўкол...

Прайшлі на Ўсход кіламетраў, мо, трыццаць. I раптам па ланцужку бежанцаў пранеслася:

— Дэсант! Немцы выкінулі наперадзе дэсант і перарэзалі шлях. Трэба вяртацца!

Як ні дзіўна, але сярод папялішчаў яны ўбачылі на сваёй роднай Сляпянскай зусім ацалелыя дом і хлеў. Побач у зарасніку чулася лянівае рохканне. Бабуля пашыбавала туды і пераможна выцягнула за вушы абсалютна жывога і здаровага парсюка.

Стась жа, без дазволу збегаўшы ў разведку, далажыў маці: ніякіх немцаў пакуль што не бачна, толькі нейкія людзі цягнуць, што трапіла пад руку, з разбітых складаў.

— Можа, і я злётаю чаго прынясу?

Маці не вытрымала:

— Я табе зараз злётаю!..

Стась, аднак, трохі счакаўшы, усё адно выслізнуў цішком з дому, але неўзабаве вярнуўся расчараваны. Ў разбітых складах ужо толькі гуляў горкі ад дыму вецер...

* * *

Страх прыйшоў пазней.

Будынак у канцы іх вуліцы, дзе раней быў радыёзавод, занялі немцы. Паставілі ахову, кулямёты. Злосна брахалі аўчаркі. Пайшла чутка, што там размясцілі нейкую сакрэтную эсэсаўскую часць з лабараторыяй. Па ўсім відаць, пачуваліся новыя гаспадары будынка не зусім спакойна. Асабліва калі на горад пачалі налятаць савецкія самалёты. Тады кулямётчыкі шалёна лупілі ў белы свет як у капейку. Аднойчы падчас налёту Стась неўпрыкмет ад дарослых выпаўз з выкапанай у садзе ямы, дзе яны хаваліся ад бомбаў, і выглянуў на вуліцу. Яе перабягала нейкая раскудлачаная, відаць, страціўшая ад страху розум жанчына. I раптам ударыў кулямёт з таго канца вуліцы... Жанчына снопам павалілася ў пыл.

То было ўпершыню, калі на ягоных вачах забілі чалавека. I кашуля імгненна прыліпла да спіны: гэтаксама ж могуць і маці, і Ірынку, і мяне...

А падчас чарговага налёту бомба разарвалася літаральна ў двух-трох дзесятках крокаў ад іх ямы. Яшчэ б трохі, і... Ад вялізнай варонкі агідна патыхала пахам смерці.

На зіму Стася выправілі ў вёску да дзеда — там спакайней ды і кубелец паўнейшы, а тут, у згалелым горадзе, хоць бы меншую, Ірынку, неяк пракарміць... Сустрэча са сваякамі была, праўду кажучы. трохі азмрочана — Стась нечакана знаравіўся, калі баба Верка плесканула ў ночвы вады з чыгунка, наважыўшыся трохі апаласнуць хлопца з дарогі. Ці то вада падалася занадта гарачай, ці яшчэ які чорт падаткнуў, але закапрызіў так, што аж даў лататы ў лес. У выніку ж ганебна загруз па грудзі ў вялізнай гурбе, дзе і быў неўзабаве злоўлены. Дзед з бабай, як ні дзіўна, не сталі сварыцца, і таму было яшчэ больш сорамна. Ён усяляк стараўся загладзіць віну, і недарэчны інцыдэнт хутка забыўся. А баба Верка — другая дзедава жонка (першая, Ружана, памёрла зусім маладой) — аказалася пры бліжэйшым знаёмстве на дзіва добрай, клапатлівай жанчынай. I хутка ўжо не заўважалася, як страшэнна знявечаны нямецкім асколкам яе твар,— бачыліся толькі заўжды цёплыя, спагадлівыя вочы. Асабліва ж хораша было сядзець вечарамі ля гарачай печы і слухаць, як дзед Пятро з натхненнем, лепей, чым некалі артысты па радыё, дэкламуе, амаль не зазіраючы ў пажоўклы дарэвалюцыйны каляндар, Коласаву «Новую зямлю». Стась ужо ведаў, што пасля слоў «Мой родны кут, як ты мне мілы!..» дзед, хутчэй за ўсё, глыбока ўздыхне і на хвіліну змоўкне — мусіць, зноў згадае пра сваіх сыноў, Стасевых дзядзькаў, якіх ваенная віхура вырвала з роднага гнязда, кінула ў прамерзлыя акопы, пад чужынскія кулі... Доўга будзе чакаць дзед Пятро звестак з фронта, ды толькі стануцца яны страшнымі, чорнымі. I да скону жыцця не адступяць пакутлівыя думкі пра тое, што, можа, нават непрыбраныя, на пацеху груганам, ляжаць недзе костачкі ягоных дарагіх хлопчыкаў... Паміраючы ў 1954-ым, ён цвёрда загадае, каб адшукалі святара і пахаванне зрабілі па поўным праваслаўным абрадзе — мо, тады хоць на тым свеце знойдзе спакой ягоная збалелая душа...

А пакуль што дзед Пятро старанна дэкламуе Стасю Коласавы вершы, і абодвум ім добра, утульна.

Вясной, калі надыдзе час вяртацца ў Мінск, развітвацца з дзедам будзе вельмі шкада.

* * *

Вароты адчыніліся, і з-за калючага дроту на вуліцу пачаў выпаўзаць натоўп вязняў, абапал якога крочылі ахоўнікі з бліскучымі кароткімі «шмайсерамі».

Стась заўважыў у натоўпе матчыну постаць, вужом праслізнуў між ахоўнікаў і хуценька перадаў у яе рукі гарачы яшчэ чыгунок з дранікамі.

Сюды, у лагер на вуліцы Шырокай, маці трапіла, нават не ведаючы як след за што — па нейкім выпадковым, недарэчным падазрэнні...

Штодня бабка смажыла з апошніх прыпасаў дранікі, складала ў гліняны чыгунок і, перахрысціўшы Стася, выпраўляла яго на Шырокую. Заставалася толькі цікаваць момант, калі вязняў павядуць на працу ці з працы...

Звычайна авантура ўдавалася. Толькі аднойчы ахоўнік схапіў яго за каўнер ды даў такога кухталя, што чыгунок ляснуўся вобзем і дранікі засталіся ў вулічным пыле...

А месяцы праз два здарыўся цуд: маці вызвалілі. Расказвала, што выпадкова натрапіла на таго немца, які яе арыштоўваў.

— Паночак, даражэнькі, адпусціце да дзетак, я ж зусім невінаватая!

Прасіла, бадай, без усялякай надзеі, але ў таго, відаць, нешта варухнулася ў душы. Можа, успомніў, якімі вачыма глядзелі Стась і Ірынка, як забіраюць матулю?..

То быў найшчаслівейшы дзень, калі яна вярнулася. Але нацярпецца і нагледзецца ім давядзецца яшчэ ўсялякага...

Недалёка ад іх хаты, побач з Камароўкай, гітлераўцы ўсталявалі шыбеніцы. Там каралі смерцю партызан і падпольшчыкаў, зганяючы на жахлівае відовішча жыхароў навакольных вуліц. Аднойчы на былым радыёзаводзе нешта вухнула. Гітлераўскія салдаты імгненна ачапілі ўсю Сляпянскую, пачалася аблава на дыверсантаў. І гора было любому падазронаму, што трапіцца на вочы...

Гэткім жа неадступным, пакутлівым, як і страх, быў тады для многіх голад. Іх сям’ю яшчэ ратавала гаспадарка: садок, градкі, парсючок, а галоўнае — каза. Бабуля на яе малілася ў самым літаральным сэнсе. Пасвіць жа рагатую карміцельку найчасцей даводзілася Стасю. Абавязак гэты далёка не заўсёды выклікаў захапленне, асабліва калі хлопцы клікалі пагуляць. Аднойчы так пасварыўся з сястрой — каму весці казу на пашу,— што са злосці шпурнуў у малую каменем. Дзякуй Богу, не трапіў... Але сумленне ўсё адно грызла, і вечарам Стась сам раскаяўся перад маці. Бо ўвогуле з сястрычкай ён шчыра сябраваў і часта браў з сабой на гульні, хоць малая няўклюда іншым разам была толькі замінішчам у хлапечых забавах.

Гулялі ж, як і ў ранейшыя часы, у даганялкі, жмуркі, «пікара». Мабыць, падчас такіх дзіцячых зборышчаў і сталі яны добрымі таварышамі з чорнавалосым Гарыкам Шыфрыным. У гэтага хлопчыка, нават калі ён смяяўся, не згасаў у вачах нейкі дарослы сум. Шмат хто з ягоных сваякоў загінуў у Мінскім гета. А іх сям’ю выратавала тое, што маці была армянкай і некалі запісала малых у свой пашпарт. Але суседзі ўсё адно стараліся трымацца ад іх далей, бо добра ведалі: калі акупацыйная ўлада разнюхаё што да чаго, то за дружбу з сям’ёй яўрэя, які да таго ж ваюе ў Чырвонай Арміі, па галоўцы не пагладзяць...

У Стасеву хату Гарык заходзіў першы раз баязліва сцяўшыся: а раптам дарослыя закрычаць, прагоняць? Але цётка Алена наліла і Стасю, і яму па кубку казінага малака, дала па лусце хлеба. Асмеліўшыся, хлапчук стаў аглядаць хату. Больш за ўсё яго ўразіў велізарны стары раяль. Так і не дапяўшы, як яго маглі зацягнуць праз такія маленькія дзверы, Гарык зрабіў адзіна верагодную выснову: напачатку, мусіць, паставілі раяль, а потым ужо вакол яго зрабілі сцены і столь.

А яшчэ Стась паказаў яму свае кнігі. Гэта былі толькі рэшткі бацькавай бібліятэкі — тое, што не забралі і не спалілі тыя людзі, што прыходзілі арыштоуваць яго ў 1936-ым. Але і ацалелыя кнігі падаваліся сапраўдным багаццем. Асабліва ганарыўся Стась дзесяццю тамамі «Малой Советской Энциклопедии». Мог гадзінамі чытаць усё запар, пачынаючы наўгад з любой старонкі, і часам нават маці ставіў у тупік экзатычнымі малавядомымі тэрмінамі. Праўда, Чэхаў і Талстой пакуль што выглядалі нецікавымі, сумнаватымі — да іх чарга дойдзе пазней.

3 тае пары Гарык ужо без боязі завітваў да сябра. Цікава было гартаць са Стасем кніжкі, седзячы на цёплай, утульнай печы. А вяршыняй шчасця было, калі на развітанне цётка Алена давала скварчыну. (Гарыкава маці толькі зрэдку магла купіць на Камароўцы шматок сала і заўсёды рэзала на драбнюткія кавалачкі — глытнеш і не заўважыш.) Хлопец бег з пачастункам дахаты, у пакойчык, дзе на дзевяці квадратных метрах туліліся яшчэ маці, брат і сястра, і тады ў іх сям’і было сапраўднае свята.

А потым надышоў дзень, які святкавала ўся вуліца.

Немцы беглі з горада. Яшчэ біў іхні кулямёт са старога касцёла, што стаяў непадалёк, ля каталіцкіх могілак, але ўжо было зразумела: ідзе вызваленне!

I сапраўды: у хуткім часе па суседняй Савецкай вуліцы прагрымеў гусеніцамі першы танк з зоркаю на вежы.

Хлапчукі адразу ж сталі шастаць па пакінутых немцамі будынках. Стась, вядома ж, не адставаў ад іншых. Асабліва цікава было, калі ў адным месцы згледзелі партрэт Гітлера, вывалаклі на двор і сталі спаборнічаць: хто трапіць фюрэру ў вока? Білі, між іншым, не толькі з рагатак: найбольш увішныя паспелі разжыцца сур’ёзнымі трафеямі — накшталт ракетніцы ці нават пісталета. Зрашаціўшы партрэт, сталі лупіць па знойдзеных тут жа гляках са спіртам. Апошняя акалічнасць, праўда, прыйшлася недаспадобы савецкім салдатам, што з’явіліся неўзабаве... Урэшце, жыхары Сляпянскай, відаць, знайшлі чым пачаставаць вызваліцеляў і вечарам на вуліцы было весела: смех, звон чарак, пераборы гармоніка... Пад кашлатым клёнам насупраць Стасевага дома стаяў танк: яго схавалі пад шаты для маскіроўкі на выпадак налёту. I не дарэмна: крыху ачомаўшыся, фашысты пачалі раз’юшана бамбіць страчаны горад, ператварыўшы яго на некалькі дзён у суцэльнае пекла. Тысячы мінчан, здолеўшых перажыць тры гады акупацыі, загінулі менавіта ў тыя дні. Армады бамбавозаў найчасцей наляталі пад покрывам цемры, таму Стась разам са сваімі хадзіў начаваць за горад. I проста не верылася вачам, калі штораніцы сярод бясконцых дымных руін і папялішчаў (здавалася, у Мінску не засталося ўжо каменя на камені) яны зноў знаходзілі свой зусім цалюткі дамок! Бабуля чарговы раз горача дзякавала Богу, які пасля столькіх выпрабаванняў вырашыў, мусіць, нарэшце злітавацца над іх сям'ёй. Фронт каціўся ўсё далей на захад, і неўзабаве бамбёжкі сціхлі. Мінск стаў пакрысе вяртацца да паўзабытага ўжо мірнага жыцця.

I трэба было збірацца ў школу.


ШКОЛА


— Хлопцы, давайце ў футбол! Дзе вароты будуць?

У якасці варотаў аднадушна выбралі пралёт нечага паркана.

Да першага ўрока яшчэ пяць хвілін — процьма часу! — і як тут не скарыстаць магчымасць, каб атрымаць невялічкі зарад бадзёрасці перад доўгім сядзеннем ў цесным класе! Тым больш што пад ногі трапіла выдатная бляшанка з-пад тушонкі.

Стась кінуў у траву процівагазную сумку з падручнікамі (сапраўдны, куплёны партфель меў у іх класе, здаецца, толькі адзін хлопец — сын дацэнта) і з задавальненнем далучыўся да ігракоў.

— Го-о-ол!

Бляшанка гучна бразнулася аб штыкетнік, на двары заліўся брэхам сабака, а яны, падхапіўшы сумкі, стрымгалоў панесліся ў школу.

Засопшыся, уляцелі ў клас разам са званком. Стась з пачуццём перавагі паглядзеў на купку хлопцаў, што ліхаманкава спісвалі з нечага сшытка хатняе заданне. У яго такіх праблем няма, таму і можна бесклапотна паганяць лішнюю хвіліну тую бляшанку. «Энцыклапедычныя веды!» — як сказаў напаўжартам хтосьці з настаўнікаў. А калі сур’ёзна, то прачытаныя падчас вайны амаль ад вокладкі да вокладкі дзесяць тамоў «Малой Советской Энциклопедии» ды іншыя кнігі сапраўды далі адчувальную фору. Рабіць тыя хатнія заданні, над якімі іншыя б’юцца як галавой аб сцяну, для яго — бы семкі лускаць. Ды і вершы напамяць, здаецца, самі сабой завучваюцца — дастаткова раз-другі прабегчы вачыма па радках...

Праўда, як высветлілася, любы медаль мае і ад-юваротны бок. Стась засвоіў гэтую класічную ісціну, атрымаўшы неяк пасля заняткаў пару добрых кухталёў. Тое, што ён бездакорна («з інтанацыяй», як любяць казаць настаўнікі) прадэкламаваў напамяць велізарны лермантаўскі верш «Смерць паэта», які больш ніхто з класа так і не адолеў,— гэта зайздроснікі, можа, яшчэ і даравалі б, але тая акалічнасць, што ён з пераможным выглядам працытаваў яшчэ і мудрагелісты эпіграф, ужо ніяк не магла сысці з рук.

Увогуле рэй у класе вялі даволі крутыя, хлопцы. (Дарэчы, тады савецкая педагогіка спавядала прынцып асобнага навучання хлапчукоў і дзяўчынак — іх 13-ая школа была выключна «мужчынскай».) Стась, які дзякуючы хатняй падрыхтоўцы амаль адразу быў залічаны аж у чацвёрты клас, аказаўся там самым малодшым. Многія ж з-за вайны мусілі сесці за парты з вялікім спазненнем. Хто-ніхто паспеў ужо зведаць і партызанскае жыццё, раней за вучнёўскую ручку патрымаць у руках вінтоўку. Воўка Рубежын, напрыклад, выводзіў у лес яўрэйскія сем’і з гета... Засмаліўшы дзе-небудзь у патаемным месцы самакруткі, старэйшыя хлопцы любілі важна распавесці пра свае гераічныя партызанскія будні. I, безумоўна, звысоку пазіралі на такую «малечу», як Стасік. Але і ён закусіў губу: хай пабачаць, што «малеча» таксама нечага вартая! Неўзабаве прыйшлі салодкія хвіліны рэваншу, калі тыя бамбізы, многім з якіх навука давалася туга, усё часцей пачалі прасіць, каб ён даў спісаць задачку ці практыкаванне...

Так, лідэрства ў вучобе ўдалося заваяваць даволі хутка і лёгка. Але тая лёгкасць утойвала і небяспеку... Школа праз нейкі час здалася занадта сумнай установай, бо настаўнікі часцяком распавядалі на ўроках пра тое, што ён і так ужо добра ведаў, пра што даўно прачытаў сам.

— Хопіць, у наступны клас не пайду — буду на друкара вучыцца! — агарошыў ён неяк маці.

Чакаў абурэння, падрыхтаваў ужо аргументы (вялікі ж хлопец, адзіны мужчына ў сям’і, а ўсё матчын хлеб есць), але тая, як ні дзіўна, толькі паціснула плячыма:

— Добра, заўтра пойдзем уладкоўвацца...

У друкарскай вучэльні іх уважліва выслухалі, а потым сівы дзядзька, відаць, старэйшы, разгладзіўшы вусы, разважна сказаў:

— Ведаеш, хлопец, мы цябе за мілую душу возьмем. Але ўмова такая: напачатку сем класаў скончы. Малапісьменных друкароў нам не трэба. Так што чакаем з атэстатам. Вучыся, хлопец!

Толькі праз шмат гадоў Стась даведаецца: напярэдадні маці збегала ў вучэльню: дапамажыце ўкласці сыну розум — няўжо ж ні на што іншае, як у друкарні

свінцом дыхаць, ён не варты? Здольны ж хлопец, толькі вось ад рук адбіўся...

Сівы дзядзька, праз чые рукі прайшоў, відаць, не адзін дзесятак падшыванцаў, не пакрыўдзіўся за шчырасць. Згодна кіўнуў галавой:

— Усё, кабета, уладкуем як мае быць...

* * *

У пранізліва-блакітнай марской прасторы плывуць вялікія белыя параходы. Залатым вадаспадам льюцца промні шчодрага паўднёвага сонца. I бронзавая ад загару дзятва з радаснымі клічамі бяжыць насустрач ласкавым хвалям...

Стасю здалося, быццам ён ужо бачыць усё гэта на ўласныя вочы. Але тут цётка-рэдактарка раптам перапыніла паэтычны расказ пра чарнаморскае ўзбярэжжа і строга бліснула акулярамі:

— Дарэчы, ледзь не забылася спытацца: а як у цябе зараз з вучобай? Спадзяюся, усё добра, як і раней?

Сэрца ёкнула. Сказаць шчыра? Тады — бывайце, блакітныя хвалі і белыя параходы!

Ён апусціў вочы і выціснуў:

— Ага... Як і раней...

— Ну, тады добра. Ідзі, хай маці збірае валізку.

Усю дарогу ад Дома друку дахаты яго грызла сумленне. Згадваліся тыя шматлікія ўчынкі апошняга часу, якія зусім не гарманіравалі з правіламі паводзін савецкага школьніка і тым больш не пасавалі юнаму карэспандэнту рэспубліканскай піянерскай газеты.

Складаць заметкі ў газету яму сапраўды падабалася (разгортваеш нумар, а там буйнымі літарамі — «Стасик ШУШКЕВИЧ, деткор»). А вось з вучобай, шчыра кажучы, справы пайшлі зусім наперакасяк. Першапачатковы імпэт неўпрыкмет згас (бадай, якраз таму, што многае давалася занадта лёгка) — і раптам аказалася, што ў жыцці ёсць шмат цікавейшых для хлапчука заняткаў. Напрыклад, калі добра дапячы настаўніцу, яна загадае выйсці з класа, і ты разам з такімі ж свавольнікамі будзеш зухавата ганяць дзе-небудзь у зацішным месцейку ў футбол на зайздрасць тым, хто застаўся карпець над нуднай дыктоўкай.

Апошнім жа разам іх кампанія сцягнула вогнетушыцель і, вырашыўшы пагуляць у «партызанскую засаду», стала падпільноўваць, стаіўшыся на даху двухпавярховай будыніны, якога-небудзь выпадковага прахожага. Добра, што неўзабаве так ніхто і не з’явіўся, таму чырвоны балон, які карцела хутчэй пусціць у справу, скарысталі для «святочнага салюту».

Без сумнення — каб у рэдакцыі піянерскай газеты ведалі б хоць пра дзесятую частку ягоных «подзвігаў», не бачыць яму ганаровай пуцёўкі ў «Артэк» як уласных вушэй.

Стась яшчэ раз згадаў ганебную хвілінў, калі салгаў цётцы-рэдактарцы, і даў сабе страшную клятву — стаць узорным савецкім піянерам.

* * *

А потым былі два месяцы казкі. Першы раз ехаў па сапраўднай чыгунцы. Першы раз убачыў Маскву — Красную плошчу, метро... I нарэшце упершыню — мора!

Акрамя паўднёвай экзотыкі, там чакаў яшчэ адзін цуд.

То быў хлеб. Горы, горы хлеба! Духмяныя лусты ляжалі ў хлебніцах на кожным стале: бяры — не хачу.

Дома маці заўжды танютка наразала атрыманы па картцы бохан і выдавала па лустачцы, кожная з якіх, здавалася, прасвечвалася наскрозь. Хлебныя карткі адменяць толькі праз год...

Згадаўшы пра дом, пра маці, ён зноў адчуў сорам: колькі нерваў каштавалі ёй апошнім часам сынавы свавольствы, дрэнныя адзнакі! I вось цяпер ён тут есць ад пуза, а яны там кожную скібку лічаць...

Два месяцы ў «Артэку» прымусілі шмат пра што перадумаць. Вярнуўшыся дадому, Стась сур’ёзна, па-даросламу заявіў:

— Ведаеш, мама, я вырашыў стаць іншым чалавекам.

Вядома, ператварыцца ў стопрацэнтна ўзорнага савецкага піянера яму, як і любому нармальнаму хлапчуку, было не пад сілу — такія існавалі толькі на плакатах. Але з вучобай, ва ўсякім разе, праблем з тае пары практычна не ўзнікала.

* * *

Распавядае Станіслава Міхайлаўна ПЕТРУШКЕВІЧ, былая настаўніца 13-ай мінскай школы:

— Быў Стась дзіцем няпростым. У якім сэнсе? Вельмі шмат энергіі, якой пастаянна патрэбна было нейкае выйсце. Іншым разам яна скіроўвалася і не туды, куды трэба. Памятаю, у шостым класе з-за нечага з Абрамам Затурэнскім моцна пабіўся, аж да крыві... Потым, аднак, яны сталі сябрамі, вельмі блізкімі. I дагэтуль сябруюць.

Стась прагна цікавіўся ўсім — шмат чытаў звыш школьнай праграмы, музыкай захапіўся... Наколькі памятаю, вельмі падабалася яму старажытная гісторыя, міфалогія. Часта браў таксама ў школьнай бібліятэцы прыгодніцкую літаратуру (асабліва Джэка Лондана любіў), свабодна чытаў кнігі на польскай мове. Выдатна пісаў сачыненні — настаўнікі заўжды іх ставілі ў прыклад. Але, безумоўна, найбольшыя здольнасці — асабліва гэта стала бачна ў старэйшых класах — выявіліся ў яго да фізікі і матэматыкі.

3 цягам часу я заўважыла, што ў ягоным характары адбываюцца рэзкія змены,— стаў больш стрыманым, сур’ёзным, адказным за свае ўчынкі. Працаваць з ім у старэйшых класах для настаўнікаў было адно задавальненне. Стаў сярод аднакласнікаў сапраўдным лідэрам, ягонае слова заўжды гучала аўтарытэтна, з яго стараліся браць прыклад.

У нашай школе вучыліся толькі хлопцы, таму на вечарыны запрашалі дзяўчат з суседніх школ. Стась танцаваў то з адной, то з другой, але, здаецца, нікога не вылучаў. Думаю, сардэчныя справы яго тады не надта цікавілі. Нават з выпускнога балю, адкуль усе разыходзіліся парамі, ён пайшоў адзін...

Калі стаў студэнтам, школу не забываў. Мы, шчыра кажучы, часта яго эксплуатавалі — прасілі то разеткі адрамантаваць, то факультатыўныя заняткі правесці.

Даведаўшыся, што наш Стась выбраны Старшынёй Вярхоўнага Савста, я і парадавалася, і ўздыхнула... Вельмі ужо няўдзячную ношу ўзяў ён на сябе. Што ні кажыце, а палітыка большай часткай робіцца бруднымі рукамі. А ён — іншы. Цяжка яму там...

* * *

— Ну, давай, кавалер, прымервай!

Стась накінуў паліто, старанна зашпіліў на ўсе гузікі. Маці, прыдзірліва агледзеўшы яго, засталася задаволеная сваёй работай. Можа, трохі і свабаднавата пашыта, але ж яно і лепей — навырост. Хто ведае, калі ўдасца справіць наступную абнову... Ды і гэты твор яе кравецкага майстэрства абновай можна было лічыць даволі ўмоўна: зыходным матэрыялам паслужыў прыдбаны на таўкучцы шынель (да таго ж — жаночы). Урэшце гэтая акалічнасць сына, здаецца, не бянтэжыла. Зірнуўшы ў люстэрка, Стась пераканаўся, што дзякуючы тытанічным матчыным намаганням пра паходжанне паліто наўрад ці хто здагадаецца і ўвогуле ён будзе выглядаць цяпер сярод сяброў-шасцікласнікаў сапраўдным зухам. Пра абновы з крамы амаль ніхто з іх тады і не марыў. Насілі найчасцей тое, што даставалася ад старэйшых,— перашытыя гімнасцёркі, замытыя да няпэўнага колеру світкі, лапленыя-пералапленыя штаны. У непагадзь шыкавалі звычайна ў бурках з нацягнутымі на іх чунямі — так называлі самаробныя галёшы, змайстраваныя са старых аўтамабільных камер.

I калі малодшая, Ірынка, магла яшчэ іншым разам закапрызіць, каб ёй нешта купілі, то Стасю ўжо не трэба было тлумачыць, якой цаной даецца маці кожная капейчына. Яна разрывалася адразу на трох працах. Гэта — не лічачы хатняй гаспадаркі. Ды яшчэ з яе здароўем, што стала зусім нікуды не вартае пасля жахлівага запалення лёгкіх... Урэшце, і здаровай, моцнай кабеце не ўсякая праца па плячы — патрэбна цвёрдая і спрактыкаваная мужчынская рука.

Неўпрыкмет Стась вучыўся ад дзядзькоў-суседзяў як след увіхацца з сякерай, малатком ды іншым хатнім інструментам.

Аднойчы давялося натачыць сякеру на самотную працу — аслабаняць садок ад знішчаных лютым марозам яблынь. Хоць дрэвы былі ўжо мёртвыя, усё адно здавалася, бы замахваешся на жывую істоту.

Калі ж з нагоды святочнага дня хатняя рада выносіла прысуд якой-небудзь курыцы — рука і ўвогуле не падымалася. Саромеючыся, што палічаць «слабаком», мусіў, аднак, бегчы па дапамогу да суседа. Затое прыемна было браць рэванш у іншых мужчынскіх справах. Калі ў кагосьці, напрыклад, узнікалі праблемы з электрычнасцю, то звычайна беглі ўжо да Стася: ягонае захапленне электратэхнікай (днямі мог карпець з настаўнікам у школьнай фізічнай лабараторыі) зрабіла хлопца першым аўтарытэтам у гэтай справе на ўсёй вуліцы. У вачах жа сястрычкі яганы аўтарытэт уздымецца аж да казачных вышыняў, калі на навагодняй елцы заззяе ўласнаручна зробленая Стасем электрагірлянда.

* * *

Распавядае сястра — Ірына Мікалаеўна ПУПЛІКАВА:

— Жылі мы тады, вядома, сціпла, па сённяшніх мерках — проста бедна, але ж не галадалі. I па каўбасу ў краму не хадзілі — свая гаспадарка выручала. Стась быў у сям’і за мужчыну, на ім усё трымалася. Маці, бывала, захварэе — перажываем, але за адно я спакойная: усё ў доме і на двары будае дагледжана, як звычайна. Акрамя іншага, Стась налаўчыўся проста дзівосна квасіць капусту, гуркі саліць. Дарэчы, і праз шмат гадоў, ужо прафесарам, ён гэтым сваім майстэрствам будзе ўсіх гасцей у захапленне прыводзіць. А пабачылі б, як ён звычайны селядзец разрабляе,— проста віртуозна, я так ніколі не здолею!

Калі муж ці сын у кватэры паліцу да сцяны прыладкуе,— міжволі касавуруся, ці не зваліцца часам на галаву, калі ж гэта Стасева работа,— упэўнена: зроблена навечна. Ён ва ўсіх справах такі — надзейны.

Памятаю, аднойчы маме зрабілася надта дрэнна. Лякарства мы мелі напагатове, трэба было тэрмінова ўкол зрабіць. Я не змагла — рукі калаціліся. А Стась — змог, хоць сам трымаў той шпрыц, мусіць, упершыню ў жыцці. Маці ў апошнія свае гады цяжка хварэла. Ён, калі спатрэбілася, кожны вечар прыязджаў (жыў тады ўжо асобна), даглядаў як мог. I бабулю ў свой час — таксама. Абедзьве яны на Стасевых руках і памерлі...

Хапіла на ягоную долю ўсяго — і працы да сёмага поту, і ліха ўсякага. Таму і заходзіцца ў мяне зараз ад крыўды сэрца, калі чую, як у Вярхоўным Савеце сёй-той з дэпутатаў «ад сахі» абразліва кідае ў ягоны бок: маўляў, адкуль табе сапраўднае жыццё ведаць — прафесар, «белая костка», з маленства толькі па гладкім асфальце ходзіш!

* * *

На вялікім перапынку для дзятвы наставаў момант узнагароды за доўгае карпенне над падручнікамі і сшыткамі. Настаўніца Станіслава Міхайлаўна прыносіла ў клас бясплатны казённы сняданак — лустачкі хлеба і цукеркі-«падушачкі». Згаладалыя шкаляры дружна накідваліся на пачастунак. Здавалася праз хвіліну не застанецца ні крошкі... 3 іх апетытам, вядома, струшчыць усё дашчэнту і сапраўды б нічога не каштавала. Каб не тая строгая дамоўленасць, парушальнік якой меў усе шанцы атрымаць пасля ўрокаў па шыі...

— Станіслава Міхайлаўна, мы ўжо наеліся. А тут вось трохі яшчэ засталося...

Яны ўсе як адзін па-дзіцячаму любілі гэту зграбную маладую жанчыну з доўгай касой, заўжды ласкавую, добразычлівую і вясёлую — праўда, ва ўсмешцы яе не-не ды і заўважаўся нейкі прытоены сум. Ведалі: адна гадуе дваіх дзяцей. Для іх і прызначалася тая рэшта «падушачак», таму і вялася штодзённа няхітрая гульня пад назвай «мы ўжо наеліся».

Ніхто не ведаў, дзе яе муж. У тыя гады пра такія рэчы лічылі за лепшае не распытваць. Ужо хто-хто, а Стась разумеў гэта выдатна...

Пасля кожнай школьнай вечарыны хлопцы гуртам падыходзілі да яе:

— Мы вас правядзём, Станіслава Міхайлаўна, а то цёмна ўжо...

Аднойчы завіталі да яе дадому, каб павіншаваць з 8 Сакавіка. Падарунак прынеслі. Стась першы заўважыў у канцы двара гару сукаватых калодак.

— Станіслава Міхайлаўна, дзе тут у вас піла ды сякера?

Праз нейкую гадзіну пад павеццю ляжаў акуратны штабель пасечаных дроў.

Іх дружба захаваецца на доўгія гады. Стась стане завадатарам штогадовых сустрэч былых аднакласнікаў, на якіх нязменнай ганаровай госцяй будзе любімая настаўніца. I з цягам часу ўсё выразней стане адчувацца, як зрадніла іх тая ўжо далёкая пара, калі так многа значыла падзяліцца акрайчыкам хлеба.

* * *

Але памыляецца той, хто думае, што запомніліся ім тыя гады толькі жахамі вайны ды рэпрэсій, галёшамі-чунямі ды марай пра лішні акраец.

Былі ж і святы! I адзначалі іх тады, здаецца, нават цікавей, весялей, чым зараз, калі многія проста набіраюцца гарэлкі як свіння гразі. Відаць, тады была іншая, падсвядомая прага — перш за ўсё адысці душой, спаўна адчуць асалоду кожнага светлага моманту, каб потым успамін пра яго саграваў падчас новай доўгай паласы цяжкіх, багатых на нягоды будняў.

Стасю і Ірынцы асабліва падабаліся тыя святы, якія даводзілася адзначаць цішком, «канспіратыўна», бо савецкай уладай яны, мякка кажучы, не заахвочваліся — «рэлігійныя перажыткі»! Ражство, напрыклад, ці Вялікдзень. Пад Вялікдзень жанчыны з асаблівым імпэтам скрэблі падлогу, ганак, чысцютка вымяталі двор. Стась тым часам бяліў яблыні. Пераапрануўшыся ва ўсё святочнае, маці з бабуляй на вачах маладзелі, святлелі тварам. А фантастычны водар спечаных імі булак прымушаў штохвілінна глытаць слінкі ў чаканні таго запаветнага імгнення, калі бы між іншым прагучыць:

— Ну, што, дзеці, бадай, час ужо і за стол...

На Ражство бабка любіла наладжваць урачыстыя рэлігійныя спевы. Стась акампаніраваў ёй на акардэоне. Іншым разам трохі свавольнічаў: падпяваючы, неўпрыкмет зменіць мелодыю на якую-небудзь іншую, мажорную, і бабуля міжволі таксама пачынае падладжвацца пад яе, пакуль не спахопіцца:

— Ах, ты, недавярак!..

Усё гэта рабілася, безумоўна, жартам. А ўвогуле Стась бездакорна схопліваў на слых любы матыў. Здольнасці перадаліся, відаць, ад маці, якая у маладосці добра іграла на раялі, часта і з ахвотай спявала. Потым, праўда, такія хвіліны здараліся ўсё радзей і радзей... Напачатку Стась асвоіў акардэон самавукам: час ад часу яму дазваляў пакарыстацца запаветным інструментам сябар — Ігар Грышын. (Цікава пераплятаюцца людскія лёсы: праз шмат гадоў Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Шушкевіч уручыць прафесару Грышыну Дзяржаўную прэмію рэспублікі.) Потым стаў займацца ў музычным гуртку Палаца піянераў. Між іншым, навучыўся зусім няблага іграць і на домры, балалайцы, гітары, мандаліне... Ну, а калі дзякуючы маці займеў уласны новенькі акардэон, то стаў надзвычай папулярнай асобай на суседскіх вечарынках і вяселлях. Ды і ў школьнай самадзейнасці таксама. Акрамя таго, праз нейкі час упадабаў там і ролю канферансье. Хіба ж не прыемна пад агульны рогат адкалоць са сцэны дасціпны жарт, за які з урока адразу б вытурылі ў тры шыі?..

Праўду кажучы, залішне востры язык падводзіў іншым часам і на занятках. Але такі ўжо характар — не мог утрымацца, асабліва калі ў класе, здавалася, аж мухі ад суму дохлі ці пачынаў лютаваць хтосьці з нелюбімых настаўнікаў. А такія, што і казаць, былі. Узяць тую ж хімічку. Хоць і ганарылася яна сваім ордэнам, атрыманым «за заслугі ў камуністычным выхаванні падрастаючага пакалення», але выкладала надзвычай нудна, нецікава ды і ўвогуле была крыклівай, як гандляркі на суседняй Камароўцы.

—...Запомніце, дзеці: бяспечную руднічную лямпу вынайшаў англійскі навуковец Гэмфры Дэві...

Стась узнімае руку:

— Прабачце, Ганна Натанаўна, а я нядаўна ў газеце прачытаў, што гэтую лямпу вынайшаў наш суайчыннік Іван Падкавыркін...

Нямая сцэна. У хімічкі бялее твар. I паспрабуй не спалохайся, калі апошнім часам пад кіраўніцтвам Іосіфа Вісарыёнавіча разгарнулася, як вядома, бязлітасная барацьба супраць «бязродных касмапалітаў» і «нізкапаклонства перад Захадам» — цяпер у аналах айчыннай гісторыі старанна адшукваюцца забытыя імёны тых, хто, як высвятляецца, раней за славутых іншаземцаў выказаў тую ці іншую геніяльную навукова-тэхнічную ідэю... Можа, і прыярытэт Дэві ўжо абвержаны, а яна яшчэ не ведае? Які жах!

— Добра, Стась, дзякую, не выключана, што ты маеш рацыю. Я зазірну ў найноўшыя даведнікі. А пакуль што, дзеці, давайце называць гэтую рэч не «лямпа Дэві», а проста — «руднічная».

Потым, праз шмат гадоў, стане трохі сорамна ад успаміну пра той жарт. Бо крыклівая хімічка, якой баяліся многія вучні, сама, калі ўдумацца, была прыціснута штодзённым страхам: сказаўшы на ўроку нешта «не тое», «ідэалагічна шкоднае», яна, нягледзячы на свой ордэн, магла як двойчы два трапіць туды, адкуль мала хто вяртаўся...

* * *

Ягоны бацька вярнуўся.

Калі яго арыштавалі, Стасю не было яшчэ і трох гадоў, і, вядома ж, дзіцячая памяць практычна нічога з тае пары не захавала. Ён уяўляў бацьку, бадай, толькі па фотакартцы, што неяк ацалела падчас вобыскаў у 1936-ым. Са здымка глядзеў прыгожы малады мужчына: адкрыты твар, ніводнай зморшчынкі. I цяпер, падчас сустрэчы праз дзесяць гадоў, углядаючыся ў бацькава аблічча, лёгка было зразумець, колькі ліха паспеў сербануць гэты чалавек...

Дзесяць гадоў — вялікі, вельмі вялікі тэрмін. Тым больш — у сібірскай няволі, калі не ведаеш, ці наканавана вярнуцца ў свой край, ці пашанцуе ўвогуле ўбачыць заўтрашні світанак. А жыццё ёсць жыццё, і пакуль дыхаеш, хочацца цяпла і спагады...

— Ты ўжо вялікі, Стах. Ты павінен усё зразумець як след...

3 Сібіры бацька вярнуўся з другой жонкай — Кацярынай, якая ўжо чакала дзіця. Аселі яны пад Мінскам, у Данілавічах. Бацька стаў настаўнічаць у вясковай школе. Але праз пару гадоў людзі з той самай установы, адна назва якой наводзіла жах, знойдуць яго і там. Відаць, настане ўжо дэфіцыт на новых «ворагаў» — пойдуць «па другім крузе». I хоць Асобая нарада пры МДБ БССР не зможа інкрымінаваць былому вязню нічога, акрамя тых «злачынстваў», за якія ён ужо адседзеў, яго зноў сашлюць у Сібір — «згодна з дырэктывай № 66241СС». Стась зноў будзе перапісвацца, слаць бандэролі з кнігамі ды газетамі. А ад бацькі, акрамя лістоў, будуць прыходзіць час ад часу нават грашовыя пераводы — і як толькі выкройваў тыя рублі?

Іх сяброўства працягнецца да канца бацькавых дзён. Лёс увогуле зблізіць гэтыя дзве сям’і. Стась добра пазнаёміцца з Кацярынай Аляксееўнай, яе дзецьмі, дапаможа у свой час аднаму з іх, Лёньку, які ні на адной працы не мог доўга ўтрымацца, знайсці нарэшце справу па душы, стаць паважаным чалавекам...

I потым, калі Станіслава Пятровіча не стане, яны будуць працягваць штогод збірацца ўсе разам 19 лютага — у дзень ягонага нараджэння. Будуць згадваць лагодна-сумную ўсмешку і словы, што ён не раз паўтараў:

— Ну што ж ты зробіш, калі жыццё ў нас так склалася...

* * *

— Вось, мама, збылася твая мара, любуйся!

Стась расчыніў маленькі футлярчык, і яна асцярожна ўзяла ў рукі сярэбраны дыск медаля... Сапраўды, гэта была перш за ўсё яе, матчына, мара. «Старайся, сынок,— не аднойчы даводзіла яна,— бо без медаля наўрад ці куды паступіш. На экзаменах усё зробяць, каб «зрэзаць». Ты ж ведаеш, якая на нас пячатка...»

Медаль адкрываў дарогу у інстытут ці універсітэт без экзаменаў.

Яны яшчэ не ведалі, што радавацца рана...


ВЫБАР ПУЦЯВІНЫ


«Куды пайсці вучыцца».

Летам 1951-га Стась стаў надзвычай старанным чытачом усіх аб’яў пад гэтай рубрыкай. Вось і цяпер спыніўся, пачаў вывучаць тэкст на шматку паперы, прымацаваным да дзвярэй гарадской тэлефоннай станцыі.

«Маскоўскі інстытут сувязі аб’яўляе прыём абітурыентаў для навучання па спецыяльнасцях...»

I тут з калонкі стандартнага казённага тэксту позірк выхапіў слова, ад якога аж закружылася галава.

«Тэлебачанне»!

Гэтае слова гучала як заклінанне, як пароль, што адчыняе браму ў таямнічы, фантастычны свет. Няўжо і сапраўды ёсць месца. дзе звычайнага смяротнага са школьным атэстатам могуць ператварыць ва ўсемагутнага мага блакітнага экрана?

Дадому шыбаваў амаль што подбегам.

— Мама, еду ў Маскву!

Маці, толькі зірнуўшы на яго — расчырванелы, узбуджаны твар, бліскучыя вочы,— адразу зразумела: пярэчыць — марна.

Сталіца сустрэла зусім па Ільфу і Пятрову — адразу ж згадаўся іранічны пасаж з «Дванаццаці крэслаў», што пачынаецца фразай «У Маскве любяць замыкаць дзверы»...

Парадны ўваход у будынак інстытута быў зачынены — мяркуючы па ўсім, «усур’ёз і надоўга». Каб адшукаць прыёмную камісію, давялося прабірацца праз брудны, засмечаны двор. Пасярод яго Стась спыніўся, абвёў позіркам аблупленыя, неахайныя сцены, перасмыкнуўся ад нейкіх падазроных водараў і... хуценька рушыў назад.

Намаляваная фантазіяй рамантычная казка была бязлітасна, ушчэнт разбурана. Не, сярод гэтага смецця і смуроду не могуць вучыць на чараўнікоў... Ды і ўвогуле, пасля гадзін блукання ў вар’яцкім тлуме велізарнага горада родная мінская ўскраіна — утульны дамок, матчыны спагадлівыя вочы, нават надакучлівае казінае мэканне на двары — усё гэта здалося раптам запаветным кавалачкам так неразважліва пакінутага раю. Дадому, хутчэй дадому!

Пазней ён не аднойчы пасмяецца над той сваёй залішняй уражлівасцю юнага правінцыяла. Але тады выбар быў зроблены. I заставаўся варыянт, які ўжо даўно і грунтоўна абмяркоўвалі з маці і настаўнікамі: універсітэт, фізмат.

Настаўнікі, даючы такую параду, зыходзілі з элементарнай логікі: трэба выбіраць навукі, да якіх у цябе, мы ж бачым, найбольшыя здольнасці. Маці не аднойчы паўтарала тое самае, але, як высветлілася, мела яшчэ і іншае, патаемнае меркаванне. Аднойчы яна наважылася і выказала гэта ўслых: ты, маўляў, ужо дарослы, сын, і нам трэба пагаварыць адкрыта. Ведаеш жа, як скалечылі лёс твайму бацьку. I колькі такіх, каго сцёрлі ў лагерны пыл за вершы, за гістарычныя нарысы, за слова ў абарону роднай мовы! А дакладныя навукі ёсць дакладныя: строгая формула — зусім не тое, што вольная паэтычная метафара, да формулы так лёгка не прычэпішся, не прыпляцеш крамольны сэнс.

* * *

— Ну як вам яшчэ растлумачыць?..— Рэктар ужо стаміўся ад шматлікіх празрыстых намёкаў, што ніяк не даходзілі да хлопца, які, набычыўшыся, сядзеў у ягоным кабінеце.— Разумееце, справа не ў тым, які ў вас атэстат. Атэстат выдатны, ніхто не спрачаецца. Але ж...

Ён абарваў фразу, аднак Стась усё прачытаў у ягоных вачах. Кроў прыліла да твару...

* * *

«Сын за бацьку не адказвае».

Праз слёзы, што засцілалі вочы, ён горка ўсміхнуўся, згадаўшы гэты сталінскі выраз, які на кожным кроку цытаваўся партыйнымі прапагандыстамі: пабачце, маўляў, які ён чалавечны, гуманны, наш вялікі правадыр — нават патомкам ворагаў народа дае шанц стаць упоравень з іншымі, уліцца ў шэрагі свядомых будаўнікоў новага грамадства!

Сёння ён на сабе адчуў, чаго варта гэтая фраза. Яму адкрыта далі зразумець: ты — з кляймом, а таму ведай сваё месца, не сунься куды не належыць...


I як сказаць пра гэта маці — яна была такая шчаслівая, калі ён атрымаў сярэбраны медаль, што абяцаў «зялёнае святло» на шляху ў студэнцтва! Хіба мала выпала ўжо на яе долю бязлітасных, здзеклівых удараў?

Стась спыніўся, трохі пастаяў, нешта ўзважваючы ў думках, і закусіўшы губу, пашыбаваў назад, да ўвахода ва універсітэцкі корпус.

Рэктар ад нечаканасці аж перасмыкнуўся. Здаецца ж, усё сказана, кропкі над «і» расстаўлены. Але гэты ўпарты вялікалобы хлопец зноў, набычыўшыся, стаіць на парозе:

— Вы не можаце мяне не залічыць, чуеце?!

I тут... Можа, варухнулася нарэшце спагада ў душы сівога універсітэцкага начальніка, а можа, проста не захацеў гучнага скандалу. Гэты ўпарціна, здаецца, на ўсё гатовы, а ў яго, рэктара, і сапраўды няма ніякіх фармальных падстаў, каб адмаўляць у залічэнні, ёсць толькі ліпучы страх: а раптам у адзін цудоўны дзень выклічуць туды і ўкрадлівым голасам спытаюць — ці не прытупілася ў вас, шаноўны, класавая пільнасць?..

Як там ні было б, але першага верасня 1951 года Стась бы на крылах ляцеў на першую лекцыю ва універсітэт. У кішэні старога паліто (таго самага, перашытага з шыняля) ляжаў запаветны студэнцкі білет.

* * *

Распавядае былы аднакурснік Станіслава Шушкевіча — Андрэй Маркавіч ГАНЧАРЭНКА:

— Паступіўшы ва універсітэт пасля вясковай школы, я напачатку трохі, як цяпер модна казаць, «камплексаваў» у кампаніі студэнтаў-гараджан: можа, пасмейваюцца паціху за спінай з «цельпукаватага селяніна»? Дружба са Стасем Шушкевічам дапамагла адчуць сябе больш свабодна, упэўнена. Я ўбачыў, што жыве ён у звычайнай драўлянай хаце — мо, нават горшай, чым у майго бацькі. Але, безумоўна, не гэта было галоўнае. Стась адразу падкупляў сваёй шчырасцю, адкрытасцю.

Пра тое, што ягоны бацька быў рэпрэсіраваНы, я даведаўся шмат пазней. Толькі тады зразумеў, як, мабыць, цяжка было часам у сябра на сэрцы, колькі незаслужаных крыўдаў даводзілася яму трываць... Але ён ніколі не скардзіўся, не замыкаўся ў сабе, наадварот, нярэдка падтрымліваў іншых сваёй добразычлівасцю і аптымізмам.

За што я паважаю яго з тае пары і дагэтуль? Перш за ўсё — за надзейнасць. Ніколі не падвядзе, не «прадасць». Калі ўжо ёсць нейкая дамова, калі даверыш нейкі сакрэт — можаш спадзявацца як на самога сябе. Не памятаю выпадку, каб ён не стрымаў слова.

Іншая справа, што ён, бывала, занадта паддаваўся эмоцыям. Гэта і зараз здараецца. Слухаю ягоныя цяперашнія выступленні — і іншым разам думаю: вось тут варта было б стрымацца, выказацца больш дыпламатычна, хітрэй, калі хочаце, каб лішні раз не даць падставу для атакі апанентам... Але ён заўсёды шчыры і імкнецца казаць што думае.

Ведаю выпадкі, калі хто-кольвечы са старых знаёмых звяртаўся да яго з нейкай асабістай просьбай, калі Шушкевіч стаў ужо Старшынёю Вярхоўнага Савета. Здавалася б, толькі накруці «вяртушку» — хто ж адмовіць вышэйшай дзяржаўнай асобе? Але, калі ён, Шушкевіч, адчувае, што пры гэтым хоць на кроплю перавысіць свае паўнамоцтвы, пераступіць нейкія этычныя нормы,— адразу ж адказвае: прабач, дружа, я гэтага зрабіць не змагу, я не цар і не Бог... За шмат гадоў я цвёрда ўпэўніўся: гэта гранічна сумленны чалавек. Таму і «нязручны» ён для многіх наменклатурных дзеячаў, што прызвычаіліся спрытна ўладкоўваць у сваім коле асабістыя справы.

* * *

«Далоў казу!»

Стась яшчэ раз прыдзірліва агледзеў старанна намаляваны ім плакат — здаецца, атрымалася няблага! — і прымацаваў свой твор на бачным месцы, каб бунтарскі лозунг адразу кідаўся ў вочы.

Аднакурснікі былі частымі гасцямі ў ягонай хаце, і Стась іншым разам трохі саромеўся, калі падчас чарговага іх візіту (асабліва калі завітвалі і дзяўчаты) пад вокнамі пачыналася гучнае мэканне неразумнай жывёліны. Цяпер, калі што, можна аджартавацца... Ну, а жарты ягоныя сябры разумеюць.

Курс увогуле быў невялікі — крыху болей за сорак чалавек. Кожны навідавоку, і хутка высветлілася, хто ёсць хто, з кім варта і з кім не варта мець справу.

Былі і такія, што, акрамя падручнікаў ды канспектаў, нічога вакол сябе, здавалася, не бачылі. Звычайна яны заставаліся ў аўдыторыі нават тады, калі грамада вырашала дружна збегчы ў кіно перад чарговай сумнай лекцыяй нелюбімага выкладчыка. Як ні дзіўна, але час пакажа, што амаль ніхто з тых узорных студэнтаў не здолее зрабіць сабе імя ў навуцы — калі праз шмат гадоў курс будзе збірацца на традыцыйныя сустрэчы, то высветліцца, што найбольшых поспехаў дасягнулі якраз тыя, для каго выдатная адзнака ў залікоўцы не была самамэтай, хто жыў тады натуральным, паўнакроўным маладым жыццём — з вечарынкамі, свавольствамі, пацалункамі ў начным скверы...

* * *

Так, усё гэта было і тады, хоць моладзь 1990-ых, начытаўшыся сучаснай гістарычнай публіцыстыкі, можа зрабіць выснову, што ўвесь народ у гады сталінскага кіравання толькі і рабіў што стагнаў дзень ды ноч пад ярмом таталітарызму. Дарэчы, і крыўдзяцца на сучасную публіцыстыку чытачы сталага ўзросту найчасцей не таму, што шануюць сталіншчыну,— яны шануюць успаміны пра сваю маладосць, калі, насуперак бесчалавечным законам Сістэмы, людзі ўмудраліся заставацца людзьмі, і бескарысліва сябравалі, і ад душы пелі добрыя прыгожыя песні, і па-сапраўднаму кахалі... Так, былі шматлікія сходы і мітынгі, дзе ўсе мусілі завучана паўтараць партыйныя лозунгі дня,— але і пад каўпаком Сістэмы бруілася непадуладнае ёй, натуральнае чалавечае жыццё.

* * *

А потым быў дзень, калі вялікі партрэт вусатага чалавека, што тры дзесяцігоддзі непадзельна ўладарыў агромністай краінай, з'явіўся ва ўсіх газетах у тлустай чорнай рамцы. Іх, студэнтаў, гуртам павялі на мінскую плошчу, дзе ўзвышаўся цыклапічных памераў помнік,— аддаць жалобную даніну адышоўшаму ў нябыт правадыру. «Ну, цяпер чакай новай вайны...»,— шапталіся ў натоўпе цёткі, выціраючы хусцінкамі пачырванелыя вочы. Хто-ніхто плакаў зусім натуральна — урэшце, бадай, не столькі ад тугі па Сталіну, колькі ад трывогі і страху: што ж цяпер будзе?.. Папярэднія дзесяцігоддзі міжволі выпрацавалі перакананне: што ні адбываецца ў гэтай краіне — усё да горшага.

Ніхто яшчэ не ведае, што будзе XX з’езд КПСС, дзе адзін з былых паплечнікаў Сталіна — Мікіта Хрушчоў — адважыцца сказаць хоць долю страшнай праўды пра чорныя справы «крамлёўскага горца», труну з целам якога аднойчы пад покрывам ночы цішком вынесуць з маўзалея і, апусціўшы ў магільную яму, наглуха зальюць бетонам... I трохі вальней стане дыхаць, і пакрысе, са скрыгатам, асцярожна пачнуць адпускацца асобныя гайкі адмыслова, з д’ябальскай вытанчанасцю і каласальным запасам трываласці, сканструяванай правадыром Сістэмы.

У 1954-ым Стась у складзе дэлегацыі пабывае ў Кіеве на грандыёзных урачыстасцях, прысвечаных 300-годдзю ўз’яднання Украіны з Расіяй. Двума ж гадамі раней яго лічылі занадта «нядобранадзейным» для такіх важных афіцыйных мерапрыемстваў. Тады Шушкевіча, аднаго з лепшых мотаспартсменаў універсітэта, адхілілі ад удзелу ў вялікім, гучна разрэкламаваным мотапрабегу Кіеў — Масква, зноў, як і падчас паступлення ва універсітэт, даўшы зразумець: ты — з кляймом, ведай сваё месца!

Пакрысе загойваліся душэўныя раны ад ранейшых крыўдаў. Прыемна кружыў галаву хмель студэнцкага жыцця — вясёлага, шумнага, свавольнага. Стась часцяком зазіраў на «агеньчык» да сяброў у старую інтэрнацкую будыніну, а яны, у сваю чаргу, хутка сталі сваімі людзьмі ў доміку на Сляпянскай. А калі ён прыдбаў фотаапарат, домік ператварыўся ў сапраўдны філіял фотаатэлье: які студэнт не скарыстае магчымасць бясплатна «шчоўкнуцца» на памяць.

* * *

Грошы на фотакамеру Стась зарабіў падчас сваіх першых студэнцкіх канікулаў. Сорамна было б днямі грэць жывот на пляжы, а потым прасіць у маці капейчыну на свае патрэбы. Хлопец наняўся працаваць у Батанічны сад: вазіў туды ў бочцы ваду і паліваў расліны, за што плацілі дваццаць рублёў у месяц.

Потым прымножыў свой капітал, уладкаваўшыся акардэаністам у піянерскі лагер.

3 цягам часу ён прызвычаіўся спалучаць з працай і вучобу. Пасля лекцый спяшаўся ў сваю былую школу, дзе стаў кіраваць аркестрам народных інструментаў. Потым атрымаў прапанову весці заняткі па электратэхніцы ў суседняй 12-ай школе. У той час, дарэчы, хлопцы ўжо зноў сталі вучыцца ў школах разам з дзяўчатамі. Першы раз завітаўшы ў адзін са старэйшых класаў, Стась адчуў сябе трохі ніякавата: за партамі, цікаўна страляючы вачыма, сядзелі практычна ягоныя равеснікі — плячыстыя дзецюкі ды квітнеючыя прыгажуні. Школьнае кіраўніцтва таксама напачатку крыху хвалявалася: ці не сядуць тыя пераросткі на шыю юнаму выкладчыку? Але трывога сталася дарэмнай: Стась здолеў усталяваць такі стыль узаемаадносін, калі іх прастата, таварыскасць не пераходзіць у панібрацтва. Галоўнае ж — нават сухую тэорыю ён выкладаў проста, даходліва, міжволі захопліваючы ўвагу нават адпетых класных гультаёў. I адразу ж дэманстраваў сувязь тэорыі з практыкай: глядзіце, як рамантуецца сапсаваная разетка, як можна сваімі рукамі змайстраваць лепшую, чым куплёная, электрагірлянду для навагодняй елкі...

* * *

Восенню 1952-га Стасю давялося асабліва пашчыраваць: узяўся абсталяваць ва універсітэце радыёвузел. 3 гэтай нагоды яго аслабанілі ад паездкі на «бульбу», аддалі ў поўнае распараджэнне пакойчык у будынку хімічнага факультэта. Сядзеў там днямі і начамі ў клубах дыму ад паяльніка... Не справішся ў тэрмін — тады ж ад сораму хоць скрозь зямлю праваліся!

У прызначаны час радыёвузел падаў голас, які гучным рэхам разнёсся па калідорах універсітэцкіх карпусоў і інтэрнатаў. Праўда, «сур'ёзнае» радыёвяшчанне, аб якім марылі ў парткаме і камітэце камсамола, наладзіць тады так і не ўдалося, але затое музыку круцілі на ўсю моц, што, дарэчы, зусім задавальняла большасць студэнтаў... Ну, а Стась стаў у альма-матэр яшчэ больш вядомай фігурай.

Вельмі дарэчы сталася і музычная вывучка. Што за вечарынка без Стася Шушкевіча, які гэтак «урэзаць» можа на акардэоне, што ногі самі ў скокі просяцца! Ну, а калі раскажа — прычым з абсалютна каменным выразам твару — анекдот ці выдасць экспромтам эпіграму на кагосьці з кампаніі, то мінімум пяць хвілін усе навокал ад смеху аж поўзаць будуць. Хіба што акрамя самога «героя» эпіграмы — той, бывала, і надзімаўся, бо жарты ў Стася часцяком атрымліваліся такія, пра якія кажуць: не ў брыво, а ў вока. Як там ні было б, але адно са з’едлівых рыфмаваных двухрадкоўеў прынесла, як паказаў час, канкрэтную выхаваўчую карысць: самалюбства сакурсніка, які залішне любіў зазіраць у пляшку, было так закранута, што ён «на злосць ўсім» узяў ды і «завязаў» з сумніцельным захапленнем.

А ўвогуле пілі няшмат. Весялосці, імпэту хапала і без штучнага «падагрэву». Пасля вечарынкі часцяком выходзілі прагуляцца па праспекце. Стась і тут не мог стрымацца, каб не паджартаваць з якога-небудзь занадта сур’ёзнага прахожага, хоць заўсёды добра адчуваў тую мяжу, за якой пачынаецца ўжо звычайнае хамства...

3 надыходам жа чарговай сесіі станавілася не да жартачкаў. Стась быў далёкі ад кагорты «зубрылаў», што не прапускалі ніводнай лекцыі і старанна вялі канспекты па ўсіх дысцыплінах. Шмат што даводзілася навёрстваць перад самымі ўжо экзаменамі. Тады крукам сядзеў над кнігамі ў «Ленінцы», аж пакуль не выганяла з чытальнай залы паўсонная бібліятэкарка. Дзякуй Богу, выручала, як і ў школе, учэпістая памяць. Таму хоць у круглых выдатніках і не хадзіў, але меў у выкладчыкаў сталую рэпутацыю моцнага студэнта.

* * *

Шчыра кажучы, далёка не ўсе выкладчыкі самі маглі пахваліцца рэпутацыяй моцных, Універсітэцкая эліта была ледзь ці не дашчэнту выбіта рэпрэсіямі ды вайной, таму месца за кафедрай нярэдка займалі пасрэдныя, шэрыя, нашпігаваныя прымітыўнымі догмамі людзі. Стаўленне да іх лекцый было, зразумела, адпаведнае.

Але іх курсу пашанцавала. У сярэдзіне 1950-ых на дапамогу беларускай навуцы Масква накіравала групу тытулаваных, масцітых фізікаў і матэматыкаў: акадэмікаў Сеўчанку, Сцяпанава, Ельяшэвіча... Акрамя ўсяго іншага, яны сталі чытаць лекцыі ў Беларускім універсітэце. Прыкмячалі найбольш здольных студэнтаў, працавалі з імі асабліва «шчыльна» — рыхтавалі сваю будучую змену. Сярод тых, каго адразу заўважылі, быў і Станіслаў Шушксвіч. Яму прапанавалі пайсці ў аспірантуру. Доўга не думаючы, згадзіўся. На той час ён сур’ёзна захапіўся новай, для большасці экзатычнай тады галіною фізікі — радыёспектраскапіяй. Шэфства над аспірантам Шушкевічам узяў адзін з самых знакамітых «варагаў» — акадэмік Ельяшэвіч. Стажыроўка ж праходзіла ў Фізічным інстытуце Акадэміі навук СССР, у «вотчыне» славутага Прохарава — таго самага, што стане потым Нобелеўскім лаўрэатам.

Карацей кажучы, на настаўнікаў грэх было скардзіцца. Цяжкасці ўзнікалі іншыя. Чыноўнікі ад навукі, у чыіх руках былі ўсе сродкі і рэсурсы, не выяўлялі, мякка кажучы, асаблівай шчодрасці ў адносінах да новай галіны фізікі: чорт яго ведае, ці атрымаецца яшчэ тут нешта людскае, а справаздачу ж за кожны рубель трымаць давядзецца...

У пакоі, дзе Шушксвіч працаваў звычайна разам са сваім калегам Патаповічам, практычна ўся «матэрыяльна-тэхнічная база» складалася са сціплага століка ды пары хісткіх зэдлікаў. 3 нічога, можна сказаць, з паветра здолелі сканструяваць адносна прыстойны радыёспектрометр, які дазволіў ужо весці сякія-такія даследаванні, хоць, безумоўна, па мерках тагачаснай

заходняй навукі гэта было чысцейшай вады саматужніцтва...

Можна было, вядома, і на той саматужнай «базе» скляпаць сяк-так навукападобную дысертацыю (хто-ніхто з калегаў, дарэчы, без асаблівых згрызот сумлення менавіта так і рабіў), але да прафанацыі душа не ляжала.

I ўсё ж гады аспірантуры не прайшлі марна: назапашаны тут навуковы капітал добра спрацуе праз колькі часу, калі з’явіцца магчымасць весці справу ў саліднай, прыстойна абсталяванай лабараторыі,— з маланкавай хуткасцю будуць напісаны і кандыдацкая, і доктарская дысертацыі.

* * *

Ну, а тады, у 1959-ым, калі паўстала пытанне, як быць далей, у ролі змея-спакушальніка выступіў адзін знаёмы, што кіраваў лабараторыяй ў спецыяльным канструктарскім бюро прыладабудавання на Мінскім радыёзаводзе (тым самым, з якога вырасла сучаснае аб’яднанне «Гарызонт»):

— Ну, што, не надакучыла яшчэ там усялякай схаластыкай займацца? Гайда да нас — тут жа, зірні, канкрэтная, жывая справа!

Наконт схаластыкі прагучала, вядома, напаўжартам: тэарэтычная падрыхтоўка Шушкевіча была якраз вельмі патрэбна лабараторыі, дзе працавалі добрыя, вопытныя практыкі, якім, аднак, бракавала фундаментальных навуковых ведаў. Новы супрацоўнік удала дапоўніў гэту «каманду». Калі трэба, і сам браў у рукі паяльнік, але найбольш дапамагалі ягоныя ідэі, тлумачэнні, калі чарговая распрацоўка заводзіла ў «цёмны лес» складаных паняццяў сучаснай фізікі. Быў выпадак: адзін з калегаў чыста эмпірычным шляхам зрабіў надзіва добрую вымяральную сістэму. Праўда, растлумачыць як след прынцып яе дзеяння так і не мог. Шушкевіч расклаў яму па палічках тэарэтычны бок справы, той хутка схапіў сутнасць — і ў выніку сумеснымі намаганнямі здолелі зрабіць сістэму яшчэ больш эфектыўнай, дасканалай. Самым жа, бадай, удалым дзецішчам лабараторыі стаў у тыя гады селектыўны ўзмацняльнік ТОР «А» — прыбор з характарыстыкамі на ўзроўні тагачасных сусветных стандартаў. Ён пратрымаўся ў серыйнай вытворчасці больш за два дзесяцігоддзі і быў жаданым набыткам для любой фізічнай лабараторыі — і ў Саюзе, і ў іншых краінах СЭУ.

* * *

Маладога супрацоўніка хвалілі, прадказвалі яму на радыёзаводзе выдатную кар’еру. Здавалася б, і сапраўды ад дабра дабра не шукаюць.

Але... Адна размова зрабіла пераварот у жыццёвых планах. Гэта была гутарка з загадчыкам кафедры ядзернай фізікі Беларускага універсітэта Аляксандрам Пісарэўскім, бліскуча адукаваным чалавекам, які незадоўга да таго разам з трыма калегамі прыехаў у Мінск з Ленінграда і адразу ж узняў работу кафедры на якасна новы ўзровень. Ён лёгка жангліраваў у гутарцы такімі тэрмінамі, як «шматканальны аналіз», «дыскрымінатар», «амплітудная селекцыя», што гучалі для Станіслава загадкава. экзатычна. А ён жа з маладой самаўпэўненасцю лічыў, што ўжо сабаку з’еў у электроніцы! Закранутае самалюбства адыграла, бадай, не апошнюю ролю — Шушкевіч згадзіўся на прапанову Пісарэўскага пайсці на кафедру ядзернай фізікі.

На гэтай кафедры пройдуць амаль што тры дзесяцігоддзі ягонага далейшага жыцця. Так, не толькі навуковай дзейнасці, але і проста жыцця, бо кафедра стане нечым значна большым, чым звычайнае месца працы. Тут ён набудзе выдатных новых сяброў і нажыве зацятых нядобразычліўцаў, тут пакутліва пераасэнсуе шмат якія са сваіх поглядаў і напаткае сапраўднае каханне... Адсюль, крута змяніўшы на шостым дзесятку гадоў свой жыццёвы курс, ён рызыкне зрабіць крок у вір вялікай палітыкі.


КАФЕДРА


На парозе кабінета з’явіўся мажны мужчына са скураным партфелем.

Шушкевіч узняў галаву ад папер: цікава, якія ж уражанні ў шаноўнага правяральшчыка з райкама партыі пасля экскурсіі па кафедры?

— Што ж, Станіслаў Станістававіч, лабараторыя ў вас выдатная, кадры, адчуваецца, кампетэнтныя. Але... Вы бачылі насценгазету на калідоры?

Шушкевіч паціснуў плячыма:

— Бачыў, ну і што?

— Ну, як вам сказаць... Там жа зусім не адлюстроўвасцца сучасны палітычны момант. I вас, прабачце, у карыкатурным выглядзе намалявалі...

Шушкевіч заўсміхаўся:

— Вы ў нас чалавек новы... Разумееце, тут, на кафедры, завядзёнка такая — у жартоўным стылі газету рабіць. Мінулы раз нават рэктара падобным чынам намалявалі, і ён зусім не пакрыўдзіўся. А чаму я павінен?

Мужчына з партфелем хвіліну нешта напружана асэнсоўваў.

— Ну, ведаеце, насценны друк — гэта ўсё ж важны ідэалагічны сродак, а ў вас — суцэльнае «ха-ха». Хіба ж пашкодзіў бы перадавы артыкул пра рашэнні апошняга пленума ЦК?

— Добра, пастараемся ўлічыць вашыя заўвагі,— кіўнуў Шушкевіч, каб хутчэй закончыць размову, працяг якой уяўляўся малапрадукцыйным...

* * *

«Развёў там, бач, дэмакратыю!»

Гэтая неадабральная рэпліка чулася неаднойчы, калі з той ці іншай нагоды асобу загадчыка універсітэцкай кафедры ядзернай фізікі завочна абмяркоўвалі ў апа- ратных колах. Зашпіленых на ўсе гузікі, закамплексаваных чыноўнікаў з партыйнай іерархіі проста шакіравалі тыя вольныя парадкі, што бытавалі «ў Шушкевіча». Хіба ж можна, каб любы зялёны навічок, учарашні аспірант, паводзіў сябе з начальствам як роўня? Есць таксама звесткі, што супрацоўнікі па парадзе загадчыка нейкага Карнегі чытаюць... Ды яшчэ, кажуць, ён, Шушкевіч, з падначаленымі за горад на пікнікі ездзіць, тосты ўздымае, футбольны мяч на паляне ганяе ў адных, прабачце, трусах... А ўсе гэтыя карыкатуры, жартачкі падазроныя! Што і казаць: запушчана кафедра ў ідэалагічным плане, ой як запушчана...

I ўсё ж партыйныя функцыянеры мусілі глядзець скрозь пальцы на ўсе гэтыя ліберальныя штукарствы, зважаючы на бліскучую рэпутацыю Шушкевіча як навукоўца і выкладчыка.

Прыйшоўшы ў 1961-ым на пасаду старшага інжынера ў лабараторыю пры кафедры («з месячным выпрабавальным тэрмінам» — зазначалася ў загадзе рэктара), ён упэўнена браў прыступку за прыступкай. Хутка абараніў кандыдацкую дысертацыю, праз некалькі гадоў — доктарскую. У працоўнай кніжцы адзін за адным з’яўляліся запісы аб службовых павышэннях: галоўны інжынер, загадчык сектара лабараторыі, дацэнт, прафесар і нарэшце — загадчык кафедры. 3 году ў год доўжыўся спіс ягоных навуковых прац, вынаходніцтваў.

Лабараторыя стала для Шушкевіча ўлюбёным дзецішчам. Добра памятаў свой ранейшы аспіранцкі пакойчык з адным сталом ды парай зэдлікаў: падступацца з такім «узбраеннем» да складаных праблем сучаснай фізікі — тое самае, што з шабляй кідацца на танк. Тут, ва універсітэце, была ўжо значна больш грунтоўная база, але ён імкнуўся скарыстаць любую магчымасць, каб аснасціць лабараторыю яшчэ больш сучасным начыннем. Вядома, заходні ўзровень заставаўся недасягальным, аднак тым не менш... Яшчэ тады, калі айчынны друк мусіў расшыфроўваць для простых смяротных сэнс таямнічай абрэвіятуры «ЭВМ», тут, на кафедры, студэнты былі ўжо «на ты» з гэтай тэхнікай (вядома ж, вельмі грувасткай і недасканалай па сённяшніх мерках).

Кладучы руку на сэрца, варта зазначыць, што станаўленню кафедры прыкметна спрыялі шматлікія заказы, звязаныя з ваеннымі патрэбамі. Ужо на што на што, а на гэтую справу савецкая дзяржава грошай не шкадавала. Ліха ж без дабра, як кажуць, не бывае. Тыя заказы дапамаглі не толькі абзавесціся прыстойным абсталяваннсм і мець нядрэнны дадатковы заробак, але і рабіць значныя навукова-даследчыя прарывы, якія прыносілі карысць не аднаму ваенна-прамысловаму комплексу. Па сутнасці, ішло стварэнне цэлага новага класа радыёспектраскапічнай апаратуры.

Кандыдацкая дысертацыя Шушкевіча таксама была «закрытай», скіраванай на абаронныя мэты. Задача — калі тлумачыць вельмі спрошчана — выглядала так: трэба неяк навучыцца выяўляць, ці ёсць на ўзбраенні гіпатэтычнага праціўніка пэўныя тэхнічныя «штучкі», якія нічога не выпраменьваюць, і таму іх не засячэш традыцыйнымі сродкамі... Праз колькі гадоў Шушкевіч выпадкова даведаецца: аналагічную задачу паставілі тады паралельна і перад групай навукоўцаў з аднаго харкаўскага інстытута. Харкаўчане ў выніку здаліся: немагчыма, невыканальна!

Ён гэту задачу вырашыў.

Доктарская дысертацыя, па сутнасці, стала працягам, развіццём кандыдацкай. Натуральна, таксама лічылася сакрэтнай. Потым Сымон Саламонавіч Герштэйн — добра вядомы ў фізічных колах, сапраўды сусветнага ўзроўню навуковец, якому падчас абароны гэтай дысертацыі была даручана роля апанента Шушкевіча,— паўжартам-паўсур'ёзна бурчэў:

— Ну вось, цяпер з-за цябе мяне за мяжу не выпускаюць...

Шушкевічу даводзілася парыраваць у той самай танальнасці:

— Прабачце, але гэта, бадай, не з-за мяне, а з-за вашага паходжання.

(Калега, яўрэй па нацыянальнасці, не крыўдзіўся — ён разумеў гумар. Хоць гэта быў гумар, да якога ў тыя часы надзвычай дапасоўвалася перафразаваная вастрасловамі прыказка: «У кожным жарце ёсць доля жарту».)

Дарэчы, доктарскую Шушкевіч вырашыў абараняць у Маскве. Бо ў родных пенатах, хутчэй за ўсё, давялося б зноў схліснуцца з тымі людзьмі, з якімі ён не надта ладзіў.

Пасрэднасць заўсёды агрэсіўная. У тыя ж гады сама Сістэма стварала на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах, не выключаючы навуковай, надзвычай спажыўную глебу для разрастання шэрасці, умацоўвала дух стагнацыі. Утвараліся цэлыя навуковыя кланы з тых, для каго галоўным было камфортна спачываць на лаўрах, стрыгчы купоны з заслуг заўчарашняга дня. Таго ж, хто адважваўся ісці не ў нагу, браўся церабіць у той ці іншай навуковай галіне новы, адметны шлях, пачыналі дзяўбсці дружна і бязлітасна: выскачкі нам не патрэбны!

Меўся цэлы арсенал выпрабаваных прыёмаў супраць «надта ўвішных». Напрыклад, на пасяджэнні экспертнай камісіі забараніць публікацыю той ці іншай работы, аб’явіўшы яе сакрэтнай. Там, маўляў, ёсць звесткі, раскрыццё якіх нанясе шкоду інтарэсам дзяржавы. Так што лепш пакладзём ваш шэдэўр у надзейны сейф і зачынім на ключ — далей ад варожага вока...

Такім чынам неаднойчы рабілі падножку і супрацоўнікам кафедры ядзернай фізікі. Кожны раз гэта балюча закранала і самалюбства Шушкевіча. Прыгожы выраз пра тое, што за чужыя працы ён перажываў як за свае, тут не зусім дарэчы, бо жорсткага падзелу на «тваё» і «маё» на кафедры проста не існавала. Праца сучаснага навукоўца-фізіка ўвогуле мала нагадвае легенду пра Ньютанаў яблык. Перш за ўсё гэта, мовячы па-спартыўнаму, камандная гульня, гэта сумесныя мазгавыя атакі, гэта гіганцкія аб’ёмы калектыўных даследаванняў, калі канчатковы вынік непрыкметна выкрышталізоўваецца падчас шматдзённых руцінных намаганняў. Большасць сваіх прац Шушкевіч зрабіў у сааўтарстве з калегамі. Дзясяткі маладых навукоўцаў пад ягоным кіраўніцтвам падрыхтавалі і абаранілі дысертацыі. Таму няцяжка было зразумець эмоцыі загадчыка кафедры, калі супраць кагосьці з ягоных супрацоўнікаў зноў выкарыстоўвалі недазволены прыём...

Аднойчы цярпенне лопнула. Але ён не стаў учыняць скандал, вырашыў правучыць нядобразычліўцаў іначай: узяў ды і падсунуў экспертнай камісіі аўтарскую заяўку, якой да таго часу ўжо далі «зялёнае святло» ў Маскве. Гэта была праца зусім іншых людзей, але ён выдаў яе за плён намаганняў сваіх супрацоўнікаў, назваўшы да таго ж менавіта тыя прозвішчы, што выклікалі сапраўдную алергію ў аднаго з самых актыўных дзеячаў экспертнай камісіі.

Той імгненна клюнуў на прынаду і, узяўшы слова, доўга і імпэтна даказваў, што даваць гэтай працы ход — недапушчальна.

Шушкевіч цярпліва выслухаў і... выклаў на стол станоўчае заключэнне Дзяржкамвынаходніцтва. У палымянага выступоўца імгненна адвісла сківіца...

Праўда, неўзабаве ён ачомаўся і ў парткам універсітэта пайшла гнеўная папера: маўляў, прафесар Шушкевіч расперазаўся да такой ступені, што спрабаваў дэстабілізаваць работу экспертнай камісіі шляхам гнюснай правакацыі... Шуму было шмат, але ў рэктараце палічылі за лепшае замяць скандал: занадта ўжо анекдатычным выглядала становішча, у якое трапілі шаноўныя эксперты.

* * *

Ну, а ў 1970-ым, абараняючы доктарскую ў адным з прэстыжных маскоўскіх інстытутаў, ён, на сваё шчасце, меў справу з людзьмі зусім іншага складу і маштабу. Гэта было, без перавелічэння, цэлае сузор’е навуковых знакамітасцяў сусветнага рангу, у тым ліку і два Нобелеўскія лаўрэаты. Адзін з членаў савета задаў на пасяджэнні аж дваццаць шэсць пытанняў! Карацей, патураць мінскаму калегу тут ніхто не збіраўся — «дапытвалі» бязлітасна. Але ў выніку мусілі пераканацца: перад імі — цвёрды арэшак.

Ужо выходзячы з залы, дзе праходзіла пасяджэнне савета, ён пачуў краем вуха нечую сцішаную рэпліку:

— Але ж спакой у гэтага маладога чалавека проста алімпійскі...

Адкуль было ведаць сівым акадэмікам, што, хвалюючыся перад сустрэчай з імі, як хлапчук, ён упершыню ў жыцці глынуў паўтаблеткі супакойваючага сродку — мепрабамату. Падзейнічала шалёна! Свядомасць працавала дакладна, пытанні схопліваліся імгненна, адказы гучалі ўпэўнена і энергічна — але ўражанне было такое, што усё гэта робіць нехта другі, да каго табе няма асаблівай справы...

* * *

Між іншым, доктарская дысертацыя была напісана ў неверагодна кароткі тэрмін — за чатыры з паловай месяцы. Ну, «напісана» — гэта, можа, і залішне гучнае слова. Скажам больш сціпла — «аформлена», бо асноўныя напрацоўкі ўжо меліся. I усё адно — праца была проста катаржная. Здаецца, яшчэ ніколі ў жыцці не даводзілася заганяць сябе ў такія суровыя рамкі. Ён наўмысна ўскладніў задачу, бо ўвогуле меў у распараджэнні паўгода. Але першапачаткова разлічаную норму — дзесяць старонак тэксту штодзённа — вырашыў зрабіць яшчэ больш жорсткай. Няма чаго лынды біць, даражэнькі,— сказаў сам сабе,— пятнаццаць старонак штодня, і не менш!

Такой прадукцыйнасцю рэдкі пісьменнік пахваліцца. Гэта ж быў не белетрыстычны, а складаны навуковы тэкст, нашпігаваны безліччу формул і мудрагелістых вузкаспецыяльных тэрмінаў. Але, хоць іншым разам пад вечар пачыналі ўжо плысці кругі перад вачыма, запланаваны тэмп вытрымліваўся амаль што бездакорна.

Паставіўшы апошнюю кропку, падышоў да акна і, здаецца, упершыню заўважыў, што на дварэ ўжо май, ззяе сонца і зелянеюць дрэвы. I ўвогуле — жыццё цудоўнае і дзівоснае!

Ён сабраў рукзак і махнуў з сябрам (добра, калі ёсць сябар з аўтамабілем!) у фантастычна бестурботнае і хвацкае падарожжа: акуратныя, зялёныя прыбалтыйскія гарадкі з вастрыямі касцельных вежаў, мілым акцэнтам ветлівых людзей і духмянай кавай ва ўтульных падвальчыках-кавярнях; Калінінград, дзе так і не сцерліся рысы ранейшага Кёнігсберга; залатыя цыбуліны-купалы пскоўскіх і наўгародскіх храмаў...

I ўжо нейкім неверагодным сном здаваліся месяцы знясільваючай працы, тэмп якой быў прадыктаваны не самымі ўдалымі жыццёвымі абставінамі. А пачалося з таго, што двума гадамі раней Шушкевіч атрымаў прэстыжную прапанову — стаць прарэктарам па навукова-даследчай рабоце ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце. Не вельмі хацелася развітвацца з універсітэтам, з кафедрай, дзе ён працаваў тады загадчыкам сектара лабараторыі, але новая перспектыва выглядала вельмі заманлівай — па-першае, сур’ёзнае павышэнне, па-другое, абяцаюць самыя спрыяльныя ўмовы для асабістай навуковай працы, кватэру... Узважыў — і згадзіўся. Напачатку ўсё на новым месцы ішло як мае быць. Але чым далей, тым усё больш напружанымі станавіліся адносіны з рэктарам «радыётэха». Гэты ўладны, наравісты чалавек не цярпеў пярэчанняў, імкнуўся жорстка дыктаваць сваю волю. Ў выпадку з Шушкевічам каса наскочыла на камень. Пасля шэрагу сур’ёзных сутычак, пагаварыўшы па-мужчынску з вока на вока, прыйшлі да высновы, што паразумецца наўрад ці змогуць, суіснаваць жа пад адным інстытуцкім дахам як той кот з сабакам — толькі абодвум на шкоду. Дамовіліся разысціся мірна: Шушкевіч звальняецца, але перад тым атрымлівае паўгадавы творчы водпуск, каб напісаць нарэшце шматпакутную дысертацыю, да якой (між іншым, і з-за ўсёй гэтай калатні таксама) рукі так і не даходзілі...

Абодва сваё слова стрымалі.

Шушкевіч, датэрмінова скончыўшы дысертацыю, паспеў яшчэ трохі і адпачыць.

У верасні 1969-га ён вярнуўся ў альма-матэр, на родную кафедру ядзернай фізікі. Праз нейкі час яго выберуць загадчыкам.

* * *

Будзе, праўда, яшчэ адзін крытычны момант, калі Шушкевіч ледзь не надумае пакінуць не толькі кафедру, але і Мінск.

Прымчацца ганцы аж са Львова, прапануюць высокую пасаду ў навукова-даследчым інстытуце, паабяцаюць шыкоўную кватэру ў цэнтры горада, каля Замкавай гары...

Іх візіт быў невыпадковы. Львавяне прачулі, што вядомы мінскі навуковец (яны даўно марылі пра такога спецыяліста!) застаўся фактычна без даху над галавой, пакінуўшы трохпакаёвую кватэру пасля разводу былой жонцы...

3 Алай, хімікам па адукацыі, ён пазнаёміўся ў свой час таксама на кафедры. У 1963-ім пажаніліся, у 1964-ым нарадзілася дачка, якую ў гонар ягонай маці назвалі Алёнкай. Але сумеснае жыццё, на жаль, не склалася. I вось у 1972-ім аформілі развод. Ён не перашкодзіць, аднак, захаваць прыстойныя, добразычлівыя стасункі.

Дачка ж увогуле застанецца ягоным блізкім, верным сябрам.

Алена скончыць музычнае вучылішча, кансерваторыю, аспірантуру, пачне выкладаць у Мінскім інстытуце культуры... Яна заўжды будзе адчуваць шчырую бацькаву ўвагу і падтрымку — і адказваць яму гэткай жа шчырай любоўю і разуменнем.

А тады ён усё ж адмовіўся ад спакушальнай прапановы львавян. Перайшоў жыць ва універсітэцкі інтэрнат. Жартаваў: «Я, мусіць, адзіны ў свеце прафесар, што жыве ў інтэрнаце». Праз год атрымаў двухпакаёўку ў доме па вуліцы Адоеўскага. Тут давядзецца пражыць амаль два дзесяцігоддзі, у тым ліку два гады — ужо працуючы Старшынёй Вярхоўнага Савета. Заняўшы гэтую пасаду, Шушкевіч катэгарычна адмовіцца ад прапанаванай яму раскошнай загараднай рэзідэнцыі. Хоць да таго часу ў кватэрцы на Адоеўскага стане даволі цесна: ён будзе жыць тут з другой жонкай і сынам.


Знаёмства з Ірынай Сіманенка, дачкой вайскоўца, таксама адбудзецца ва універсітэцкіх сценах. У 1976-ым, скончыўшы вучобу і атрымаўшы дыплом фізіка, яна стане Ірынай Шушкевіч. У 1984-ым народзіцца Стасік... I толькі праз дзесяць гадоў, калі падыдзе чарга, сям'я перабярэцца ў чатырохпакаёўку. Знойдуцца, дарэчы, дэпутаты, якія папракнуць Шушкевіча нават гэтым. Ён не стрымаецца, адкажа аднаму саноўнаму парламентарыю: «Прабачце, але такую кватэру, як у мяне зараз, вы мелі ўжо шмат-шмат гадоў таму...» Тады ж нехта з нядобразычліўцаў пусціць плётку, быцца Старшыня Вярхоўнага Савета патаемна будуе сабе шыкоўны палац у Польшчы. Давядзецца зазначыць у адным з тэлеінтэрв’ю: «Нідзе я нічога не будую, а ў накірунку да Польшчы, каля Негарэлага, у мяне на унівсрсітэцкай пляцоўцы ёсць чатыры з паловай соткі зямлі. I ўжо калі нехта хоча праверыць, што не пяць — дык, калі ласка, я запрашаю. I там у мяне ёсць дамок, у якім я вельмі добра сябе адчуваю і які збудаваў пераважна сваімі рукамі, з дапамогай сяброў».

Сапраўды, атрымаўшы ў 1986 годзе лапік зямлі ў садова-агародніцкім таварыстве, ён вырашыў абысціся без паслуг шабашнікаў. Сам прыдумаў праект дачнага дамка, сам і стаў яго ажыццяўляць. Як толькі выпадала вольная часіна, клаў у багажнік сваіх «Жыгулёў», купленых двума гадамі раней, усе неабходныя цяслярскія прычындалы і кіраваў у бок Негарэлага. Набыты калісьці спрыт у абыходжанні з інструментам стаўся тут вельмі дарэчы. Працаваў з сапраўднай асалодай, адпачываючы душою ад усіх гарадскіх клопатаў.

Пазней, калі стане ўжо Старшынёй Вярхоўнага Савета, «дачную» тэму дашчэнту зашмальцуюць журналісты. 3 публікацыі ў публікацыю будуць качаваць замілаваныя вохі ды ахі: уяўляеце, кіраўнік дзяржавы сам габлюе дошкі!

А ён пры кожнай магчымасці будзе з яшчэ большым задавальненнем з’язджаць сюды, у прыгожы ціхі куток, дзе можна хоць ненадоўга спачыць ад бясконцых палітычных боек, падчас якіх хто-ніхто з апанентаў не грэбуе самымі непрыгожымі сродкамі. I прыдумаюць жа — «палац у Польшчы»!

* * *

У яго заўжды было шмат сяброў, але хапала і непрыяцеляў.

Распавядае загадчыца лабараторыі Інстытута ядзерных праблем пры Белдзяржуніверсітэце Ірына Якаўлеўна ДУБОЎСКАЯ:

— Я ў свой час трапіла на кафедру ядзернай фізікі менавіта дзякуючы Шушкевічу: жанчыну не вельмі хацелі браць, але ён дамогся...

I адразу ж заўважыла ў адносінах да яго выразную палярызацыю. Адны — шчыра паважалі, захапляліся ім, іншыя ж не ўтойвалі сваіх антыпатый. На самой кафедры большасць складалі, безумоўна, ягоныя прыхільнікі, калектыў у нас быў увогуле дружны, згуртаваны. А вось на факультэцкім, універсітэцкім узроўнях хапала тых, хто глядзеў на Шушкевіча скасавурана...

Ён не мог цярпець пустой балбатні, дылетанцтва. Вышэй за ўсё ставіў прафесіяналізм. Сам працаваў вельмі шмат і таго ж патрабаваў ад іншых. Так, ён практыкаваў дэмакратычны, разняволены стыль узаемаадносін. Але часам мог і ўзарвацца, нагаварыць рэзкасцяў... Ягоная катэгарычнасць не ўсім была па нутру. Хто-ніхто надоўга затойваў крыўду, а то і дробна помсціў пры зручнай нагодзе...

I яшчэ. Шушкевіч страшэнна ненавідзеў усялякія хітрыкі, махінацыі. Калі даведваўся, напрыклад, што хтосьці паквапіўся на казённае дабро,— гэта прыводзіла яго ў сапраўдную лютасць. Сам ён у гэтых адносінах выглядаў сапраўды крыштальна — не пабаюся такога гучнага слова. Хоць іншы на ягоным месцы, каб

захацеў, мог бы добра пагрэць рукі. Кафедра ж была багатай: дарагое абсталяванне, тэлевізары, халадзільнікі — усё што хочаш. Заказы буйныя, мільёны рублёў штогод праз кафедру пракручваліся... Я ўпэўнена — да ягоных рук ніводная казённая капейка не прыліпла. Мы, напэўна, здзівіліся б, даведаўшыся, што Шушкевіч знёс дадому з кафедры хаця б нейкі часопіс...

* * *

Урэшце, аднаму спецыфічнаму віду дробнага зладзейства на кафедры ніяк не маглі даць рады. Раз за разам таямніча знікалі экземпляры падручніка «Асновы радыёэлектронікі», напісанага Шушкевічам сумесна з М. Яфімчыкам. Кніга, дзе таямніцы складанай навукі былі выкладзены фенаменальна проста, лапідарна і паслядоўна, лічылася сярод студэнтаў фізфака бестселерам N° 1. Нават адпеты прагульшчык, адолеўшы гэты на дзіва кампактны падручнік (пад адной вокладкай, на 16 друкаваных аркушах,— праграма чатырох семестраў!), мог потым адказваць на экзамене бы рэпу секчы. У бібліятэцы ж на ўсіх экземпляраў не хапала...

У 1986 годзе «Асновы радыёэлектронікі» выйшлі другім, перапрацаваным і дапоўненым выданнем. Аўтары атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі. Сам жа падручнік быў добра вядомы і за межамі рэспублікі. Масква афіцыйна рэкамендавала яго для навучання ўсіх будучых фізікаў на тэрыторыі Савецкага Саюза.

Дарэчы, удасканаліць падручнік дапамаглі і самі студэнты. Умовы былі ўзаемавыгадныя: за кожную недакладнасць, друкарскую памылку, знойдзеную ў першым выданні, адзнака на экзамене павышалася на бал. Эфект атрымаўся цудоўны... Але ж, вядома, галоўную працу выканалі самі аўтары. У выніку, захаваўшы ранейшы аб'ём, падручнік увабраў у сябе шмат дадатковага матэрыялу, стаў яшчэ больш лаканічным і зразумелым.

* * *

— Я ніколі не патрабую, каб студэнты акуратна наведвалі мае лекцыі. Хто зможа адолець курс самастойна — калі ласка. Так што хочаце — хадзіце, хочаце — не. Мяне цікавіць толькі канчатковы вынік — якія веды прадэманструеце на экзамене.

Прыкладна так пачынаў Шушкевіч першую лекцыю напачатку чарговага навучальнага года.

Кожны, хто быў студэнтам, ведае: ёсць выкладчыкі, якія пільна сочаць, хто як ходзіць на іх лекцыі, і потым, на экзамене, даюць добрага пытлю тым, чые фізіяноміі на працягу семестра мільгалі ў аўдыторыі не надта часта. Іншым разам толькі гэтая акалічнасць ды яшчэ страх перад дэканацкай праверкай, пасля якой можна як двойчы два застацца без стыпендыі, дапамагаюць стварыць кволы «кворум» на лекцыях нелюбімага, сумнага прафесара.

У Шушкевіча ніколі не было патрэбы змагацца за ўвагу да сябе такімі вось рэпрэсіўнымі сродкамі. Калі шчыра, то, даючы «індульгенцыю» прагульшчыкам, ён добра ведаў, што ёю мала хто пакарыстаецца.

На лекцыях Шушкевіча сухая матэрыя пачынала пульсаваць, пералівацца шматколернасцю жывых фарбаў. Пра складаныя рэчы ён гаварыў не толькі проста, але і сапраўды артыстычна. Студэнты хадзілі «на Шушкевіча», як эстэты ходзяць у тэатр на любімага акцёра.

Ва універсітэце не памятаюць выпадку, каб хтосьці са студэнтаў быў выключаны па ягонай ініцыятыве за непаспяховасць. Ён неаднойчы казаў іншым выкладчыкам: «Калі вы выганяеце студэнта,— значыць, дрэнна вучылі».

* * *

Распавядае дацэнт кафедры ядзернай фізікі БДУ Ганна Максімаўна ЗАЙЦАВА:

— Ён стварыў такую кафедру, што потым спатрэбілася вельмі шмат часу, каб яе разваліць. Выдатны арганізатар. Прыклаў каласальныя высілкі, каб мы мелі самае сучаснас лабараторнае абсталяванне. Увесь час падштурхоўваў нас, не даваў спыняцца. Цяпер бачым: як толькі у 1986-ым Шушкевіч перайшоў на пасаду прарэктара універсітэта,— пачалася дэградацыя кафедры. Ён па-ранейшаму лічыўся загадчыкам, працягваў чытаць лекцыі, але столькі часу, як раней, удзяляць кафедры ўжо не мог. Шкада, што не паклапаціўся як след пра добрую замену...

Так, іншым разам яго падводзіла залішняя імпульсіўнасць. Бывалі выпадкі нейкай бравады: вы кажаце так, а я вазьму ды і зраблю наадварот. Потым сам прызнаваўся: гэтае рашэнне было памылкай... Мы з ім часта спрачаліся. Упарты, але злосці ні на кога доўга не трымае.

А ўвогуле я яго даўно ведаю. Некалі вучыліся разам ва універсітэце, толькі на розных курсах. Ён вылучаўся, у першую чаргу, сваім уменнем дасціпна жартаваць, быць душой кампаніі. I на кафедры такім самым заставаўся. Калі адпачываем — усе рабочыя праблемы ўбок. Часта ўсёй грамадой за горад ездзілі. Калі Шушкевіч шашлыкі падсмажыць — пальчыкі абліжаш. А ў сябе дома заўжды частаваў капустай, гуркамі ўласнага прыгатавання — таксама ўсе елі так, што аж за вушамі трашчала. Анекдоты расказвае проста артыстычна. Прычым кожны раз новыя, «барадатых» ад яго ніколі не чулі. I гумарыстычную насценгазсту, «Антысмехатрон» на кафедры проста прымушаў нас рэгулярна выпускаць, кажучы напаўжартам: «Інакш — звольню!». Хтосьці з унівсрсітэцкага начальства нават зазначыў аднойчы з іроніяй: «Асноўны від дзейнасці кафедры ядзернай фізікі — гэта насценны друк». На розыгрышы Шушкевіч ніколі не крыўдзіўся, гэта ў нас традыцыя была.

Дзякуй Богу, гумар дапамагаў нам трымацца ўбаку ад таго маразму, што захлістваў краіну. Патрабавалася, напрыклад, каб мы рэгулярна вывучалі працы класікаў марксізму-ленінізму. Ну што — збяромся, чаю разам пап’ём, складзём патрэбную справаздачу «наверх»... I калі гарбачоўская антыалкагольная кампанія пачалася і ў некаторых арганізацыях начальства прымушала ледзь ці не ўсіх пагалоўна ў таварыства цвярозасці запісвацца, на кафедры толькі пажартавалі з гэтай нагоды.

Мы не з’яўляліся нейкімі дысідэнтамі, проста было здаровае непрыняцце абсурду, маразму.

* * *

Калі казаць шчыра, то ён стараўся ўвогуле як мага меней думаць пра палітыку, пра Сістэму. Ёсць мора працы, якая табе падабаецца, ёсць процьма сяброў, з якімі можна весела адпачываць,— што яшчэ трэба?

I потым, хіба не прыгожа, не высакародна выглядае сама Ідэя — каб ніхто не быў прыніжаным, прыгнечаным, выкінутым на ўзбочыну? Можа, краіне, дзе задумалі гэтую ідэю рэалізаваць, проста не шанцуе на правадыроў?

Так, дарэчы, меркаваў і ягоны бацька. Чалавек, што два дзесяцігоддзі прабыў у сібірскай няволі, тым не менш працягваў лічыць, што сталінізм — гэта толькі выродлівы выкідыш той Ідэі, якая сама па сабе здольная нарадзіць сапраўды светлую будучыню. Менавіта па перакананнях, а не дзеля кар’еры — якая магла быць у той час кар’ера ў чалавека з такой анкетай? — Станіслаў Пятровіч ужо ў сталым узросце, у 1965 годзе, уступіў у камуністычную партыю.

Станіслаў неаднойчы бываў ў ягонай кватэрцы па Горным завулку, якую бацька атрымаў ад Саюза пісьменнікаў пасля вяртання з Сібіры, калі стаў працаваць у газеце «Літаратура і мастацтва». Шушкевіч-старэйшы распавядаў пра тое, што давялося перажыць: як па чацвёра-пяцёра сутак блукаў па дрымучай тайзе, начаваў пад заснежанымі піхтамі, правальваўся ў сцюдзёную ваду, пад першы енісейскі лёд... Але бацька быў упэўнены, што ва ўсіх ягоных пакутах вінаватыя толькі тыя асобна ўзятыя нягоднікі, што сказілі Ідэю дзеля сваіх карыслівых, драпежных мэтаў.

3 гэткім жа перакананнем памерла і Станіславава маці.

I ён таксама доўгі час успрымаў маразм Сістэмы толькі як маразм яе кіраўнікоў.

* * *

Між тым заставацца зусім убаку ад так званага «грамадска-палітычнага жыцця» не мог тады ніхто. Ужо нават каб цябе зацвердзілі дацэнтам кафедры, трэба было атрымаць станоўчыя рэзалюцыі на адпаведных паперах ад раённага партыйнага начальства. Калі зацвярджалі загадчыкам кафедры, прарэктарам, ранг «дазваляльнікаў» быў яшчэ вышэйшы. I ўвогуле, прарэктару тады па ўсіх канонах ніяк не выпадала заставацца па-за шэрагамі КПСС.

У 1967 годзе Шушкевіч напісаў заяву аб ўступленні ў камуністычную партыю. Ён не рваўся туды,— многія аднагодкі, каб забяспечыць кар’еру, зрабілі гэта куды раней,— але і не адмаўляўся. Вырашыў для сябе: што б там, у вышэйшых сферах, ні рабілася, а я буду сумленным камуністам.

Ён выйдзе з партыі ў чэрвені 1990-га,— пераканаўшыся, што ўсе ілюзіі рухнулі. Зробіць гэта, у адрозненне ад многіх іншых, без усялякіх «шумавых эфектаў». Проста занясе заяву ў парткам і пойдзе ў чарговы адпачынак.

* * *

Адзін з балючых удараў па ягонай наіўнай веры ў Ідэю быў атрыманы яшчэ ў тыя часы, якія потым назавуць застойнымі.

Як вядома, навукоўцаў прымалі тады ў КПСС строга па «ліміту» — каб у партыі захоўвалася патрэбная прапорцыя паміж прадстаўнікамі рабочага класу, якія не вельмі туды імкнуліся, але, па тэорыі, з’яўляліся партыйным ядром, і інтэлігенцыяй, прадстаўнікам якой без партбілета нечага было і марыць пра павышэнне па службе, але якую, згодна з той жа тэорыяй, лічылі не надта надзейнай грамадскай праслойкай.

Прыняць у партыю па атрыманаму нарэшце доўгачаканаму «ліміту» вырашылі маладога, перспектыўнага дацэнта Яноўскага. Усе належныя паперы пайшлі на зацвярджэнне ў райкам. І раптам адтуль ледзяным тонам паведамляюць: кандыдатура недастойная! Як высветлілася, райкам атрымаў з «органаў» інфармацыю, што некалі, яшчэ ў 1932 годзе, бацька Яноўскага адмаўляўся ўступіць у калгас. Уступіў, але не адразу. Праявіў, карацей кажучы, несвядомасць...

Усе спробы пераканаць партыйных чыноўнікаў сталіся дарэмнымі. Урэшце, хто-ніхто з іх нават спачуваў напаўголаса: верым, маўляў, што чалавек сумленны, але ж... з такімі плямамі ў біяграфіі прымаць катэгарычна забаронена. Пасля безвыніковых размоў у кабінетах з партрэтамі Ільіча Шушкевіч адчуў пякучы сорам і расчараванне...

Праз нейкі час на той самай падставе хацелі забараніць паездку Яноўскага на Кубу. Тут ужо Шушкевіч не стрымаў абурэння, пайшоў напралом.

Паездку дазволілі. Але гэта было не надта вялікім суцяшэннем.

* * *

А потым прагрымеў чарнобыльскі выбух.

Шушкевіча як спецыяліста ў галіне ядзернай фізікі ўключылі ў склад створанай у рэспубліцы камісіі, што даследавала наступствы катастрофы.

Наступствы былі страшныя. Патрабаваліся тэрміновыя і маштабныя захады, каб ратаваць мільёны людзей ад смертаносных нуклідаў, што нябачным ліўнем абрынуліся на беларускую зямлю. А дзеля гэтага патрабавалася перш за ўсё ўголас сказаць поўную праўду аб небяспецы.

Але якраз гэтага не хацела рабіць ні маскоўскае, ні мінскае вышэйшае кіраўніцтва. Сістэма, пабудаваная на хлусні, і на гэты раз засталася вернай сабе. «Нічога страшнага!» — такі быў лейтматыў афіцыйных паведамленняў у сродках масавай інфармацыі. Данныя аб маштабах трагедыі часткова ўтойваліся, часткова фальсіфікаваліся. Пільныя цэнзары строга сачылі, каб у друк не трапіла нічога «лішняга». Тым жа, хто, разумеючы ступень бяды, спрабаваў біць у званы, бесцырымонна затыкалі рот, выкручвалі рукі. Шушкевіча, які настойліва дамагаўся, каб былі абнародаваны сапраўдныя даныя аб выніках катастрофы, проста выкраслілі са спісу членаў камісіі...

Што маглі, рабілі на кафедры. Тады, летам 1986-га, ніводзін супрацоўнік не пайшоў у адпачынак. Арганізавалі праверку прадуктаў на радыеактыўнае забруджванне. Сюды з сумкамі і авоськамі прыходзілі людзі з усяго Мінска. Яшчэ раней, у першыя дні мая, па загаду Шушксвіча на кафедры быў створаны пункт, дзе кожны жадаючы мог праверыць, ці не «наглытаўся» ён радыеактыўнага ёду.

Прачуўшы пра гэта, яго выклікалі ў гаркам партыі.

— Што за самадзейнасць вы там развялі?! Неадкладна спыніце!

Ён не падпарадкаваўся. Сказаў першаму сакратару гаркама Уладзіміру Галко: можа, у палітычных праблемах вы і вялікі знаўца, што ж да радыелагічных — дазвольце ўжо мне вас адукаваць... Насуперак усяму Шушкевіч арганізаваў на кафедры навучанне спецыялістаў метадам прафілактыкі радыёактыўнай небяспекі. У цэлым шэрагу арганізацый і ўстаноў дзякуючы супрацоўнікам кафедры ядзернай фізікі запрацавала дарагая апаратура, прызначаная для гэтых мэтаў і паспеўшая ўжо зарасці пылам... Не шкадавалі, аддавалі ў карыстанне і адпаведныя прыборы з кафедры. Шушкевіч рабіў усё што мог. Але што значылі ягоныя высілкі ў маштабах рэспублікі! Мільёны беларусаў, ні аб чым не падазраючы, працягвалі падстаўляць сябе пад бязлітасны абстрэл радыяцыі. Праз год-другі гэта агукнецца нябачаным раней усплескам хвароб.

Сістэма ўчыніла яшчэ адно жахлівае, цынічнае злачынства.

Цяпер ён выразна разумеў: справа — не ў кіраўніках, справа — менавіта ў Сістэме.

Гэта быў час пакутлівага пераасэнсавання ранейшых поглядаў, час развітання з ілюзіямі.

Між тым абвешчаная Гарбачовым палітыка перабудовы, нягледзячы на сваю палавіністасць, непаслядоўнасць, пакрысе ўсё ж стварала глебу для першых кволых парасткаў дэмакратыі. На мітынгах, у газетных артыкулах публічна загучалі думкі, якія год-два назад можна было выказаць хіба што напаўголаса на кухні, ды і то толькі надзейнаму сябру. Нешматлікі, але дзёрзкі атрад тых, хто загарэўся ідэямі рэфарматарства, распачаў цяжкі бой з магутным войскам кансерватыўнай наменклатуры. Кожны дадатковы «штык» быў для рэфарматараў на вагу золата. Заставацца простым назіральнікам не выпадала...

I калі калегі прапанавалі Шушкевічу стаць кандыдатам у народныя дэпутаты СССР — ён згадзіўся.

3 гэтай хвіліны пачнецца ягоны палітычны лёс.


ГАРАЧЫ КРАСАВІК


— А што, Станіслаў, калі вылучым кандыдатам цябе?

Напачатку ён падумаў, што калегі жартуюць. Але тыя сталі даводзіць на поўным сур’ёзе: няўжо, маўляў, так і будзем варон лічыць, між тым як апаратчыкі мандат за мандатам да сваіх рук прыбіраюць? Трэба ж супраціўляцца, ствараць альтэрнатыву! Няхай у дэпутаты праб’ецца хоць невялікая група людзей, не звязаных наменклатурнай кругавой парукай, і то кансерватарам цяжэй будзе правіць на з’ездзе ў Маскве свой баль...

— Карацей, ты толькі не адмаўляйся, калі мы на сходзе тваё прозвішча назавём, і усё будзе выдатна. Ва універсітэце цябе ведаюць і падтрымаюць. Ты здольны перамагчы!

* * *

Тады, вясною 1989-га, выбары ў вышэйшы орган дзяржаўнай улады СССР упершыню праводзіліся па новаму, «перабудовачнаму» закону. Дэклараваўшы палітыку дэмакратызацыі, Гарбачоў не мог ужо трымацца за ўсталяваную Сталіным адыёзную выбарчую сістэму, якая толькі груба імітавала народнае волевыяўленне: безальтэрнатыўныя кандыдаты, папярэдне вызначаныя партыйнымі камітэтамі, аўтаматычна станавіліся «народнымі выбраннікамі» і гэтаксама аўтаматычна галасавалі за ўсе патрэбныя кіруючай эліце рашэнні...

Новы закон упершыню ў савецкай гісторыі зрабіў перадвыбарную барацьбу рэальнасцю. Разам з тым, як і ўся палітыка Гарбачова, ён выглядаў непаслядоўна, палавініста. Партыі надта ж не хацелася выпускаць лейцы са сваіх рук. Трэцяя частка дэпутацкіх мандатаў была адразу зарэзервавана за прадстаўнікамі КПСС, камсамола і іншых паслухмяных «кіруючай і накіроўваючай» грамадскіх арганізацый. Выбары дэпутатаў у гэтых арганізацыях ператварыліся ў большасці выпадкаў у знаёмы да болю фарс: за каго загадана, за тых і галасуем... Дзеля справядлівасці трэба зазначыць, што для адводу вачэй выбралі і каго-кольвечы з людзей, далёкіх ад наменклатурнага істэблішменту (такім чынам, напрыклад, сталі народнымі дэпутатамі краіны зорка беларускай літаратуры Васіль Быкаў, нашыя вядомыя мастакі Уладзімір Стальмашонак і Міхась Савіцкі, з якімі Шушкевіч потым будзе актыўна кантактаваць падчас дэпутацкай работы). I ўсё ж за кошт выбараў ад грамадскіх арганізацый перш за ўсё забяспечыла сабе бестурботнае атрыманне мандатаў ладная кагорта апаратных бонзаў.

Але і гэтага здавалася замала. Заставаліся ж яшчэ і выбары па тэрытарыяльных акругах. Практычна ў кожнай з іх, імкнучыся і тут працягнуць як мага болей «сваіх», партыйныя камітэты сталі нахабна, безапеляцыйна дыктаваць уласную волю. Самыя беспардонныя метады пайшлі ў ход, каб «заваліць» няўгодных кандыдатаў. Іх шантажавалі, бамбілі ў паслухмяным партыі друку і ўжо зусім бессаромна палівалі брудам у ананімных улётках. А калі і гэта не дапамагала — наладжвалі натуральнае цкаванне на так званых акруговых перадвыбарных сходах. Гэты хітры інстытут быў дальнабачна прадугледжаны наменклатурнымі стратэгамі ў тым самым законе. Канчатковы вердыкт — хто з кандыдатаў дастойны рэгістрацыі, а хто не — выносіўся менавіта на такіх сходах, дзе часцяком вяло рэй магутнае апаратнае лобі, запраграмаванае на бязлітасную расправу з «выскачкамі»-дэмакратамі.

Гэтую брудную методыку добра спазнаў на сабе і Шушкевіч. Ён рызыкне выпрабаваць свой шанц пасля таго, як на першым этапе выбараў у ягонай акрузе з трэскам праваліцца навязаная «зверху» кандыдатура першага сакратара гаркама партыі Уладзіміра Галко. Выбаршчыкі выразна дадуць зразумець, што не жадаюць заставацца пакорлівымі авечкамі...

Такім чынам, выбары належала ладзіць занава. Вось тады калегі і наважыліся прапанаваць кандыдатуру Шушкевіча. Прапанова прагучала на універсітэцкім сходзе 7 красавіка. Былі названы і іншыя імёны, але ў выніку тайнага галасавання Шушкевіч прыкметна апярэдзіў астатніх прэтэндэнтаў, у тым ліку лідэра Беларускага народнага фронту Зянона Пазьняка.

Да гэтага Шушкевіч мала ведаў пра Народны фронт, а на пытанне аб стаўленні да ягонай праграмы і ўвогуле мусіў толькі развесці рукамі, шчыра прызнаўшыся:

— А я з ёй проста незнаёмы...,

Гэта было, па-першае, вынікам той магутнай інфармацыйнай блакады, якую наладзілі вакол толькі што створанага нацыянальна-дэмакратычнага руху тагачасныя партыйныя босы Беларусі, па-другое ж, праца на кафедры «з’ядала» практычна ўвесь час...

Разам з тым сход паказаў: ва універсітэце ў Пазьняка ўжо даволі шмат прыхільнікаў, знаёмых з ідэямі руху па мітынгах і саматужных пракламацыях.

Назаўтра раніцай Шушкевіч знойдзе на сваім рабочым стале ксеракопію праграмы БНФ. I прыйдзе да высновы, што працэнтаў на дзевяноста пяць падзяляе яе палажэнні. Пераход да цывілізаванай рыначнай эканомікі, дэмакратычнага дзяржаўнага ладу, адраджэнне нацыянальнага духу, гістарычнай спадчыны беларусаў — усе гэтыя мэты былі сугучныя ягоным ўласным поглядам. Праўда, пэўныя тэзісы здаліся занадта спрошчанымі і катэгарычнымі, адчуваўся дылетантызм складальнікаў праграмы ў шэрагу пытанняў — напрыклад, тых, што тычыліся рэфармавання вышэйшай школы (ужо пра што пра што, а пра гэтую сферу прафесар Шушкевіч мог меркаваць кампетэнтна).

I усё ж галоўным ідэям БНФ ён шчыра аддаў тады свае сімпатыі, пра што неаднойчы казаў падчас наступных публічных выступленняў. Гэта дало яму перадвыбарную падтрымку з боку сяброў Народнага фронту.

Пазней стасункі з БНФ стануць больш складанымі. У адных выпадках проста разыдуцца асобныя погляды, найчасцей жа сама кіруючая пасада ў беларускім парламенце пачне прымушаць Шушкевіча да манеўравання дзеля кампрамісу ва ўпартым, пагражаючым канчатковым расколам процістаянні палярных дэпутацкіх груповак. Гэта дасць апазіцыі падставы для шматлікіх крыўдаў, абвінавачванняў у «здрадзе ідэалам»...

Але пакуль што Шушкевіч пра гэтыя будучыя цяжкасці нават не падазрае. Пакуль што ідзе барацьба за мандат народнага дэпутата СССР.

* * *

На акруговым перадвыбарным сходзе акрамя ягонай разглядалі яшчэ шаснаццаць кандыдатур. Пакінулі ў спісе для рэгістрацыі толькі шэсць. Выразна адчувалася, што сход імкнуцца весці па добра адрэпеціраванаму сцэнарыю. I ўсё ж Шушкевіч здолеў прарвацца ў лік тых шасцярых.

Каму-кольвечы гэта вельмі не спадабаецца. Праз нейкі час жыхары акругі пачнуць знаходзіць у сваіх паштовых скрынях улёткі, дзе прафесар Шушкевіч будзе абвінавачвацца ледзь ці не ва ўсіх смяротных грахах. Самая бязглуздая сітуацыя — калі замест таго, каб выкладаць перад выбаршчыкамі свае праграмныя ідэі, ты мусіш даводзіць, што не з’яўляешся зладзюгам з вялікай дарогі...

Падчас адной з такіх сустрэч, калі на Шушкевіча агрэсіўна насела купка крыклівых «выкрывальнікаў», раптам падала голас жанчына — як высветлілася, простая працаўніца друкарні:

Загрузка...