— Ды каго вы слухаеце, людзі, яны ж самі прымушалі мяне вось гэтымі рукамі тую хлусню друкаваць!

«Выкрывальнікі» неяк адразу панурылі галовы, прыкусілі языкі.

А ўвогуле ўсе гэтыя недазволеныя прыёмы выклікалі ў яго нешта накшталт здаровай спартыўнай злосці: не, браткі, не на таго натрапілі!..

Шушкевіч удала набіраў ачкі падчас стыхійных, спантанных сустрэч, якіх было ў тыя дні багата. Хутка знайсці кантакт з суразмоўцамі, закрануць нерв іх інтарэсаў — гэтае ўменне далі яму гады працы ў студэнцкай аўдыторыі. Пазбягаў доўгіх нудных маналогаў, імкнуўся вылучыць галоўнае ў канкрэтным выпадку пытанне і энергічна, доказна выкласці свае погляды на гэты конт, скарыстаўшы не больш за дзесяць-пятнаццаць хвілін. Потым абавязкова пераводзіў сустрэчу ў рэжым дыялогу, лаканічна, упэўнена адказваючы на пытанні. I такім чынам выгадна вылучаўся на фоне тых кандыдатаў, што ператваралі свае сустрэчы ў сумныя акадэмічныя лекцыі.

Яму не давялося адмыслова шукаць давераных асоб — людзі, знаёмыя і незнаёмыя, самі пачалі прапаноўваць свае паслугі.

Удалося раз-другі прарвацца з тэзісамі перадвыбарнай праграмы ў друк, аднойчы — нават на тэлебачанне. Журналісты, што спрыялі гэтаму, даволі сур’ёзна рызыкавалі: кампартыя яшчэ надзейна трымала прэсу пад жалезнай пятой. Пераказваючы адзін з тэзісаў Шушкевіча у газетным артыкуле, ягоны аўтар палічыць за лепшае прышпіліць для страхоўкі няшчырую рэпліку: «Ці не занадта радыкальна, ці не перагіб?». Гаворка ж ішла ўсяго толькі аб прапанове Шушкевіча даць грамадзянам СССР права свабодна выязджаць за мяжу... Тады і такой «крамольнай» думцы цяжка было прабіцца праз цэнзарскія фільтры.

Вельмі дапамаглі ў тыя дні калегі — іншым разам хадзілі агітаваць за Шушкевіча ледзь ці не ўсёй кафедрай. Іх таксама захапіў азарт гэтай напружанай, драматычнай барацьбы.

Пасля двух тураў галасавання прарэктар Белдзяржуніверсітэта Станіслаў Шушкевіч стаў народным дэпутатам краіны.

* * *

Ён быў абраны ад Беларусі, бадай, адным з апошніх. У большасці акруг барацьба закончылася раней, і ў Мінску паспелі ўжо нават правесці дэпутацкую нараду, якая ператварылася ў непрыхаваны партыйны інструктаж — як сябе паводзіць і за што галасаваць беларускім выбраннікам у Маскве на з’ездзе. Рэй вялі вядомыя выхаванцы КПБ — Анатоль Малафееў, Мікалай Дземянцей... Яны лічылі сваю ролю «камісараў» самой па сабе зразумелай, не падлягаючай ніякаму сумненню. Шушкевіча паспрабавалі далучыць да такіх рэгулярных інструктажоў ужо ў Маскве. Ён адрэагаваў наўмысна рэзка — каб адразу адчапіліся:

— Ведаеце, я ў гэтых вашых харавых спевах удзельнічаць не збіраюся.

3 дзесятак ці трохі болей прадстаўнікоў беларускай дэпутацыі (а налічвалася ў ёй 96 чалавек) занялі гэткую ж пазіцыю. Сярод іх — малады мінчанін, будучы лідэр Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі Аляксандр Дабравольскі, гомельскі рабочы Віктар Карніенка, доктарка з Магілёўшчыны Зоя Ткачова, знакаміты беларускі навуковец Аляксандр Сцепаненка... Там, у Маскве, Шушкевіч добра пазнаёміцца і з дэпутатам Мікалаем Ігнатовічам, у якім убачыць прынцыповага чалавека, выдатнага прафесіянала следчай справы і якога потым прапануе на пасаду Генеральнага пракурора Беларусі. На жаль, лёс адвядзе Ігнатовічу кароткі век...

Гэтая невялічкая група стане рэзка кантраставаць з паслухмяна-кансерватыўнай большасцю дэпутатаў ад Беларусі, якія будуць дысцыплінавана галасаваць згодна з чарговай устаноўкай «камісараў».

Сюжэт выбараў на ўсім абсягу Саюза развіваўся падобна, таму і ў складзе іншых дэпутацый дэмакраты апынуліся ў прыкметнай меншасці. Каб сабраць сілы ў кулак, яны аб’ядналіся ў Міжрэгіянальную групу. Увайшоў у яе і Станіслаў Шушкевіч.

«Міжрэгіяналы» распачалі надзвычай няроўны бой. Але яны адразу ж заваявалі сімпатыі мільёнаў і мільёнаў людзей, што неадрыўна сачылі за першымі з’ездаўскімі дэбатамі па тэлсбачанні. Думку грамадскасці тады ўжо цяжка было ігнараваць. Кансерватары пачнуць здаваць асобныя пазіцыі, ахвяраваць найбольш адыёзнымі догмамі.

I хоць прынятая ў чэрвені 1989 года выніковая пастанова Першага з’езда народных дэпутатаў СССР была яшчэ шчодра нашпігавана замшэлымі тэзісамі, дэмакратам, тым не менш, удалося ўклініць туды шэраг ідэй, за якія яшчэ зусім незадоўга да таго дысідэнтаў саджалі ў лагеры і ізалявалі ў «псіхушках»,— аб неабходнасці радыкальнай эканамічнай рэформы, прыняцця новай Канстытуцыі, дакладнага размежавання функцый паміж КПСС і дзяржаўнымі органамі, ліквідацыі незаконных прывілей кіруючай эліты. Цяпер у гэтых ідэях не бачна нічога рэвалюцыйнага, а КПСС і ўвогуле сышла ў нябыт, але тады...

На наступных з’ездах паўстала пытанне аб пераглядзе сумна вядомага 6-га артыкула Канстытуцыі, гвалтоўна замацаваўшага ў свой час кіруючую ролю КПСС; упершыню прагучала праўда пра злачынную змову Сталіна і Гітлера, у выніку якой савецкія войскі акупіравалі Балтыю; былі афіцыйна асуджаны афганская авантура, крывавая расправа савецкіх дэсантнікаў над мірнымі жыхарамі Тбілісі...

На той час толькі сказаць пра гэта на ўсю краіну значыла вельмі многа. Але хмель галоснасці пачне пакрысе выветрывацца. Усё выразней будзе бачна, што з’езд народных дэпутатаў — грувасткая, няўклюдная, інертная структура, створаная Гарбачовым найперш для імітацыі, а не для ажыццяўлення дэмакратычных перамен,— проста не ў стане на справе вывесці велізарную краіну з гістарычнага тупіка. У рэспубліках пачнуць усё больш сур’ёзна задумвацца аб пошуках уласнага, самастойнага выйсця. Стануць імкліва набіраць моц нацыянальна арыентаваныя палітычныя плыні. Гарбачоў не здолее знайсці з імі кампраміс, і гэта паскорыць фінал ягонай палітычнай кар’еры.

Шушкевіч жа, упэўніўшыся ў неэфектыўнасці дэпутацкіх намаганняў на саюзным узроўні, разам з тым адчуе, можа, у нейкай ступені і падсвядома: у бліжэйшы час найбольш важныя для беларусаў праблемы будуць вырашацца менавіта ў самой рэспубліцы.

Яшчэ дзейнічаў стары, абраны па вядомаму фарсаваму сцэнарыю склад Вярхоўнага Савета Беларусі. Шушкевіч, карыстаючыся правам саюзнага дэпутата, пачаў наведваць пасяджэнні сесій, падключыўся да дэбатаў, што тычыліся, у прыватнасці, закона аб мовах, шляхоў вырашэння чарнобыльскай праблемы. Якраз па гэтых пытаннях, да гонару таго Вярхоўнага Савета, былі ў выніку прыняты даволі прагрэсіўныя рашэнні.

Алё стала відавочна, што на тым рэсурс старога дэпутацкага корпуса вычарпаны. Урэшце, сыходзіў і тэрмін ягоных паўнамоцтваў.

Надзеі ўскладалі на новы парламент. Час пакажа, аднак, што і туды праб’ецца магутная кагорта «старой гвардыі». I Шушкевіч яшчэ хлебане з гэтым парламентам ліха.

Але тады быў час надзей. Шушкевіч, які паспытаў ужо смак вялікай палітыкі, цвёрда наважыўся змагацца за мандат народнага дэпутата Беларусі.

* * *

Вясной 1990-га выбары на Беларусі таксама праводзіліся па новаму закону. Урэшце, ён мала чым адрозніваўся па духу ад адпаведнага саюзнага. Нягледзячы на намаганні Шушкевіча і ягоных аднадумцаў, якія, скарыстоўваючы статус народнага дэпутата СССР, актыўна змагаліся на пасяджэннях беларускага парламента і ў друку за прагрэсіўны варыянт рэспубліканскага закону, наменклатура і тут здолела пакінуць для сябе хітрыя пралазы (у прыватнасці, велізарную квоту для дэпутатаў ад кампартыі і лаяльных да яе грамадскіх арганізацый, тыя ж акруговыя сходы). Перыпетыі перадвыбарнай барацьбы таксама вельмі нагадвалі мінулагоднія: ва ўсіх акругах партапарат імкнуўся любым чынам праштурхнуць «сваіх» і адсеяць «нязручных» кандыдатаў.

Натуральна, што намер Шушкевіча паспаборнічаць за месца ў беларускім парламенце не выклікаў у апаратных колах вялікага энтузіязму. Хто-кольвечы, інтымна ўзяўшы яго ў калідоры пад ручку, спрабаваў напачатку ушчуваць мякка, «па-сяброўску»: ну нашто вам, шаноўны Станіслаў Станіслававіч, яшчэ адзін мандат — хіба мала прасторы для дзейнасці на саюзным узроўні?

Але спружына падзей ужо раскручвалася. Да Шушкевіча звярнуліся прадстаўнікі мінскага завода «Дармаш»: мы вас добра ведаем, падтрымліваем вашую палітычную пазіцыю, гатовы вылучыць у кандыдаты ад імя свайго калектыву. Ён згадзіўся.

На гэты раз акруга была значна меншая, чым годам раней: ужо не дзвесце, а толькі каля трыццаці тысяч выбаршчыкаў. Фактычна яна акаляла дом, у якім жыў Шушкевіч. Яго тут ведалі амаль усе (асабліва пасля тэлетрансляцый са з’езда народных дэпутатаў СССР), ды і ён паспеў пазнаёміцца са многімі, сустракаючыся па дарозе ва універсітэт, стоячы ў агульнай чарзе ў прадуктовай краме.

I цяпер, падчас новай выбарчай кампаніі, выступаючы то ў клубе, то ў «чырвоным кутку» домакіраўніцтва, то ў рабочым інтэрнаце, Шушкевіч кожны раз бачыў шмат знаёмых твараў, адчуваў, што для большасці аўдыторыі ён ужо «наш чалавек». Не было патрэбы ў доўгіх прэамбулах, сустрэчы хутка пераходзілі ў рэчышча ажыўленага, вольнага ад усялякіх «пратакольных» фармальнасцяў дыялогу.

Шмат гаварылі пра Чарнобыль. 3 праблемы да таго часу ўжо ўдалося амаль што цалкам сарваць камуфляж сакрэтнасці. Ва ўсёй жахлівасці адкрыліся і маштабы трагедыі, і маштабы цынічнай ілжы «правадыроў». Але Сістэма працягвала злачынна марудзіць. У бюракратычным балоце адзін за адным патаналі праекты барацьбы з радыяцыйнай навалай, між тым як рахунак яе ахвяр множыўся з кожным днём.

Калі казаць шчыра, то гэтую балючую тэму актыўна эксплуатавалі тады многія кандыдаты ў дэпутаты. Але хто-кольвечы ствараў сабе імідж толькі на красамоўных філіпіках па адрасу высокіх уладаў ды на легкадумных папулісцкіх абяцанках (якія гэтак жа лёгка забудуцца пасля атрымання запаветнага мандата).

Кожнае ж слова Шушкевіча было сто разоў узважана, грунтоўна падмацавана глыбокім, да драбніц, веданнем самой праблемы і звязаных з ёй закулісных гульняў у высокіх сферах. У яго быў ужо вопыт змагання супраць высмактанай з пальца ва ўгоду кіруючай вярхушцы канцэпцыі маскоўскага акадэміка Ільіна, згодна з якой умераныя «порцыі» нуклідаў выглядалі ледзь ці не дабратворнымі для здароўя... Шмат часу і нерваў было патрачана таксама на пасяджэннях «чарнобыльскай» камісіі саюзнага з’езда народных дэпутатаў, аднак надзеі на тое, што Масква прыме эфектыўную праграму барацьбы з наступствамі катастрофы, сталіся марнымі — у адказ найчасцей гучала цынічнае: «Няма грошай!». Заставалася спадзявацца толькі на ўласныя сілы, на дзейсныя захады новага беларускага парламента. Увайшоўшы ў ягоны склад, Шушкевіч не забудзецца на дадзеныя выбаршчыкам абяцанні, хоць праз некалькі гадоў, калі рэспубліку ахопіць жорсткі энергетычны крызіс, Старшыні Вярхоўнага Савета давядзецца загаварыць на надзвычай няўдзячную ва ўмовах чарнобыльскага сіндрому тэму — пра магчымае будаўніцтва на Беларусі атамнай станцыі (вядома ж, з непараўнальна больш надзейнымі, чым у Чарнобылі, рэактарамі новага пакалення). I зноў у ягоны бок паляцяць камяні абвінавачванняў у «здрадзе», у тым, што ён, маўляў, у свой час толькі нажываў на чарнобыльскай праблеме перадвыбарны капітал. I зноў давядзецца адчуць, наколькі цяжэй быць кіраўніком, чым знаходзіцца ў апазіцыі...

Тады, у 1990-ым, яму, напрыклад, здавалася, што можна адным махам скасаваць шматлікія прывілеі кіруючай эліты. Натуральна, што падчас перадвыбарных сустрэч гэтую пазіцыю кандыдата горача падтрымлівала тая абсалютная большасць аудыторыі, якая ніколі ў жыцці не каштавала далікатэсаў з апаратных спецразмеркавальнікаў. Праз пару гадоў Шушкевіч пераканаецца, што быў тады ў пэўным сэнсе ідэалістам, мяркуючы, што з заганнай, амаральнай з’явай удалося б справіцца нейкім адным суровым дэкрэтам... Сістэма прывілей паўстане ў выглядзе міфічнай гідры, у якой замест кожнай адсечанай галавы вырастаюць дзве. Уладу маючыя прадэманструюць фантастычны спрыт у церабленні новых і новых хітрых шляхоў да смачнейшага кавалка грамадскага пірага. I, што самае прыкрае, хто-ніхто з колішніх палымяных крытыкаў прывілей, атрымаўшы дзяржаўнае крэсла, імгненна адкіне ранейшы выкрывальніцкі пафас і з вялікім задавальненнем прыладкуецца ля той самай кармушкі.

Увогуле ж для наступу на старыя парадкі знойдзецца не надта шмат сілаў. «Дзякуючы» вытанчанай сістэме адсеву ў беларускі парламент трапіць толькі невялікая група дэмакратаў. Іх ідэі, прапановы сутыкнуцца з зацятым супраціўленнем той большасці, якая не пажадае ніякіх карэнных пераменаў,— бо гэтым людзям зусім нядрэнна жылося і ў ранейшыя часы. Разам з тым у дэмакратычнай апазіцыі будуць здаваць нервы, яна пачне раз-пораз збівацца на залішнія эмоцыі, пракламаваць занадта жорсткія, катэгарычныя лозунгі. Шушкевіч, заняўшы ў парламенце кіруючую пасаду, апынецца ў надзвычай няўдзячнай сітуацыі...

Але вясною 1990-га, ён па ўласнай волі выбіраў далейшы лёс. Зноў жа асабіва ўдала складваліся стыхійныя, імправізаваныя сустрэчы з выбаршчыкамі, што адбываліся ў тыя дні ледзь ці не на кожным кроку. Калі ты стаіш не на трыбуне, а проста на тратуары, калі кожны суразмоўца бачыць выраз тваіх вачэй,— фальш у іх прачытаюць імгненна. Але і шчырасць — таксама.

Людзі павераць Шушкевічу. Яны прагаласуюць за яго. На жаль, не ўсе ідэі ягонай кандыдацкай праграмы пачнуць увасабляцца ў жыццё так хутка, як уяўлялася. I не таму, што ён да іх ахаладзее... Неаднойчы згадаецца добра знаёмы тэхнічны тэрмін — «супраціўленне матэрыялаў». Матэрыялы, закладзеныя ў канструкцыю Сістэмы, акажуцца нсверагодна ўстойлівымі. А ісці на таран — не заўжды найлепшае выйсце з сітуацыі.

* * *

Пачатак першай сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі новага склікання быў запланаваны на май 1990-га. Вынікі выбараў паказалі: дэмакратаў у ягоным складзе нягуста. Гэтыя людзі адразу адчулі: ім трэба як мага шчыльней групавацца. Усё сведчыла пра тое, што партакратыя наважылася з першых хвілін весці рэй па добра адпрацаванаму за дзесяцігоддзі сцэнарыю: апарат рыхтуе патрэбныя рашэнні, а галасаванне — ужо справа тэхнікі. Праўда, партыя не магла ўжо так бесцырымонна, непрыхавана, як раней, дыктаваць сваю волю ў вырашэнні дзяржаўных спраў. Таму Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Мікалай Дземянцей — былы сакратар камуністычнай партыі рэспублікі, якога цэнтральны яе камітэт незадоўга перад тым «кінуў на новы адказны ўчастак»,— пачаў напярэдадні першай сесіі цішком перапампоўваць у свой апарат выпрабаваныя кадры з ліку партыйных чыноўнікаў. На свет Божы выцягнулі прапахлыя нафталінам «ідэі» з куфэрка дзядулі Сталіна. Пайшла, напрыклад, гаворка пра «савет старэйшын», які, маўляў, будзе мудра расстаўляць усе кропкі над «і», калі дэпутаты пра нешта занадта заспрачаюцца.

Шушкевіч з’едліва пракаменціраваў у інтэрв’ю газеце «Знамя юностн»:

— Ну што гэта за старэйшыны такія — сівыя дзяды з бародамі?

А яшчэ сказаў адкрытым тэкстам:

— Уладу фактычна атрымлівае апарат, а не выбраныя дэпутаты... У нас утварылася цэлая плеяда кіраўнікоў, чый галоўны прынцып кіраўніцтва — гэта абсалютная падначаленасць зверху данізу. Улічваючы, што партыйныя, дзяржаўныя і гаспадарчыя кіраўнікі складаюць большасць у цяперашнім Вярхоўным Савеце Беларусі, ёсць верагоднасць, што гэтыя метады кіраўніцтва могуць узяць верх...

Ён усё ж змякчыў выказванне гэтым асцярожным «ёсць верагоднасць». Пазней і ўвогуле не аднойчы давядзецца падшукваць у адносінах да дэпутацкай большасці гранічна дыпламатычныя фармулёўкі. Стаўшы Старшынёй, ён будзе старацца зрабіць максімум магчымага, маючы справу з тым парламентам, які ёсць.

Тут трэба ўлічыць яшчэ і спецыфіку ягонага амплуа: не даючы вышэйшай службовай асобе дзяржавы вялікіх уладных паўнамоцтваў, закон адначасова адвёў ёй няўдзячную ролю спікера...

На жаль, спадзяванні на тое, што ўдасца перайначыць мысленне людзей, звыклых кіраваць старымі метадамі, акажуцца перабольшанымі. Шушкевіч ускладніць стасункі з апазіцыяй і ў той самы час не стане «сваім» для парламенцкай большасці. Настойліва заклікаючы падчас жорсткіх палітычных баталій да згоды, ён раз-пораз будзе апынацца між двух жоранаў.

* * *

Напярэдадні ж першай сесіі дэмакратычна настроеныя дэпутаты абвясцілі сябе ініцыятыўнай групай і «выбілі» для сваіх пасяджэнняў пакой у будынку Вярхоўнага Савета. Назва групы, у якую увайшоў і Шушкевіч, гучала дастаткова абстрактна, але ўсім было зразумела: гэта менавіта тая купка «бунтаўнікоў», што кідае выклік сцэнарыю партакратаў. Яна пачала распрацоўваць сваю тактыку дзеянняў на сесіі.

* * *

I, трэба сказаць, дэмакраты падрыхтаваліся даволі ўдала. Іх праціўнікі былі злёгку ашаломлены нечакана магутным наступам.

Не адчуваючы гарачых сімпатый да кіраўніка парламента Мікалая Дземянцея, апазіцыйная плынь дэпутатаў разумела, аднак, што «зваліць» яго пакуль ім не пад сілу. Таму скіравала намаганні на тое, каб прадстаўнік дэмакратычных поглядаў заняў крэсла першага намесніка Старшыні. Стаўка была зроблена на Шушкевіча.

Большасць, трохі ашалелая ад атрыманых удараў, вырашыла пакуль не лезці на ражон і ахвяраваць гэтым крэслам. Тым больш што Шушкевіч на фоне самых імпэтных дэмакратаў выглядаў даволі памяркоўнай фігурай. I нават спрабаваў трохі супыніць тых, хто клеіў камуністам занадта ўжо бязлітасныя ярлыкі...

Для Шушкевіча ж стала поўнай нечаканасцю, што выбар у гэтай сітуацыі выпадзе менавіта на яго. Напачатку запратэставаў, маўляў, лічыць неэтычным згаджацца на ролю «правай рукі» чалавека, з якім даволі рэзка разыходзішся ў поглядах.

Яго пераканалі: так трэба, іншай кандыдатуры, якая б дапамагла бакам разысціся з мірам, не зацягваць пятлю канфрантацыі з першых жа дзён працы новага парламента, проста няма.

Шушкевіч, дарэчы, здолее пабудаваць свае адносіны з Дземянцеем так, што і значна пазней, калі першы стане Старшынёй Вярхоўнага Савета, а другі — радавым дэпутатам, яны пры сустрэчах не будуць адварочвацца адзін ад аднаго. Адкрыта выказваючы сваю нязгоду ў многіх сітуацыях, першы намеснік тым не менш ніколі не пойдзе на крокі, якія ў прастамоўі характарызуюцца выразам «падкласці свінню». Да таго ж, ён зробіць для сябе выснову, што Дземянцей — зусім не такая адыёзная, карыкатурная асоба, якой малявала яго апазіцыйная прэса, асабліва акцэнтуючы ўвагу на хібах у вымаўленні і граматыцы.

Шушкевіч не адчуе у ім той апантанасці, таго цынізму, з якімі змагаліся за свае «карытныя» інтарэсы іншыя прадстаўнікі партакратычнага клану. Мікалай Іванавіч, падобна, шчыра верыў, што засвоеныя ім з маленства лозунгі сапраўды скіраваны на карысць народа і што ён, Дземянцей, выконваючы волю партыі, служыць святой справе.

* * *

Ідэолагам Сістэмы ўдалося, дарэчы, упэўніць мноства простых працаўнікоў, што казарменны «рай», у якім яны існуюць,— найлепшы ў свеце варыянт пабудовы грамадства. Глядзіце: на «гнілым» Захадзе людзі пакутуюць ад беспрацоўя, ад росту цэнаў,— а ў нас жа гэтага няма. Ты заўжды можаш разлічваць на бляшанку таннай кількі і куфаль таннага піва...

Рэзкае пагаршэнне эканамічнага стану краіны прымусіла саюзны ўрад Паўлава з 1 красавіка 1991 года падняць большасць цэнаў адразу прыкладна ўдвая. Гэта выклікала ў тады яшчэ адзіным Саюзе сапраўдны сацыяльны выбух. I — што было вялікай нечаканасцю — эпіцэнтр яго прыйшоўся менавіта на заўжды ціхую, пакорлівую Беларусь. Дзесяткі тысяч мінскіх пралетарыяў, кінуўшы працу, змрочнымі калонамі, у зашмальцаваных робах і пудовых чаравіках, рушылі, паралізаваўшы рух гарадскога транспарту, да будынка Вярхоўнага Савета. Чуліся абураныя галасы:

— Што ж гэта робіцца — учора абед у заводскай сталоўцы рубель · каштаваў, а сёння і ў два не ўкладзешся!

Праз пару гадоў, калі за такі самы абед давядзецца плаціць тысячы, тыя цэны пададуцца проста легендарнымі. I людзі будуць даставаць з кішэняў пачкі купюр ужо без аніякіх эмоцый...

Але тады эмоцыі ў калонах нагадвалі зарад навальнічных хмараў.

Неяк так атрымалася, што на той момант Шушкевіч застаўся на «гаспадарцы» за старэйшага.

Да яго ўбег хтосьці з начальнікаў, адказных за грамадскі парадак:

— Што рабіць? Разганяць?

Натоўп за вокнамі гудзеў, як растрывожаны вулей. Гледзячы на яго, асаблівай утульнасці, мякка кажучы, зведваць не даводзілася...

Ён адарваў позірк ад акна і сказаў:

— Не. Разганяць не будзем. Я пайду туды.

Няма сэнсу пераказваць тыя спантанныя, імпульсіўныя дыялогі, што адбыліся тады на плошчы перад Домам урада. Вядома ж, сітуацыя была зусім адрозная ад той, калі па прадуманай схеме выкладаеш чарговую тэму перад студэнтамі, якія старанна канспектуюць твае думкі. Але, мабыць, галоўнае заключалася не столькі нават у канкрэтных словах, колькі ў самім учынку: дзяржаўны кіраўнік выйшаў насустрач разгневанаму натоўпу — выйшаў не ў ачапленні міліцыянтаў з дубінкамі, а проста так, на свой страх і рызыку... I ўдалося дасягнуць прынцыповай дамовы: кіраўніцтва рэспублікі пачне дыялог з лідэрамі бунтуючага люду — страйкавым камітэтам, а пакуль што трэба захоўваць спакой і не зрывацца на стыхійныя дзеянні.

Перамовы са страйкамам праходзілі цяжка, нервова.

Кіраўніцтва Беларусі аператыўна прыняло рашэнні, якія дазволілі трохі у межах сціплых магчымасцяў і без таго дзіравага бюджэту змякчыць цэнавы ўдар, падтрымаць людзей матэрыяльна.

Між тым прастоі на многіх прадпрыемствах нанеслі новыя разбуральныя ўдары па рэспубліканскай эканоміцы. Страты ад таго, што нейкі час быў практычна паралізаваны шэраг індустрыяльных гігантаў — напрыклад Мінскі трактарны завод, выліліся ў мільёны і мільёны рублёў. Працяг страйкаў толькі тужэй зацягнуў бы пятлю крызіснай сітуацыі.

Але страйкамаўцы не аслаблялі свой прэсінг, пагражаючы зноў узняць народ на дыбы.

Шушкевіч зрабіў выснову, што сярод прадстаўнікоў таго боку ёсць людзі, для якіх важна перш за ўсё скарыстаць сітуацыю на карысць уласным палітычным амбіцыям. Яны не столькі імкнуцца да сапраўднага дыялогу, да разумнага кампрамісу, колькі спрабуюць душыць відавочна нерэальнымі, ультыматыўнымі патрабаваннямі, іграючы на эмоцыях узбуджанай масы, каб зарабіць арэол гераічных змагароў за яе інтарэсы. Гэтыя жарты з агнём маглі скончыцца сапраўднай трагедыяй.

I тады Шушкевіч фактычна ўзяў на сябе ролю маланкаадвода. У той час, калі іншыя кіраўнікі рэспублікі ў большасці сваёй лічылі за лепшае адседжвацца за тоўстымі сценамі адміністрацыйных будынкаў, за міліцэйскімі кардонамі, ён зноў і зноў ідзе да людзей, звяртаецца да іх разважнага сэнсу праз сродкі масавай інфармацыі, не пазбягаючы, калі трэба, і даволі жорсткіх, калючых фармулёвак. Разам з тым, імкнецца скарыстаць любы шанц для кампрамісу.

У адным з ягоных інтэрв’ю тых дзён прарвецца сапраўды спавядальная фраза:

— У мяне такое адчуванне цяпер, быццам я нясу цяжкі выбухованебяспечны груз па няроўнай дарозе. Мне нельга спатыкнуцца.

Далёка не ўсе яго тады зразумелі. У тыя дні Шушкевічу давялося пачуць з натоўпу і гнеўныя воклічы накшталт «перараджэнец!», «прадаўся апарату!». А аднойчы яго проста «падставілі», наўмысна скажона перадаўшы ўзбуджаным людзям на плошчы сэнс сказанага ім падчас чарговага дыялогу са страйкамаўцамі...

Але ён да канца выканаў добраахвотна ўзятую на сябе няўдзячную ролю. Вялікага паўторнага ўсплеску страйкаў удалося не дапусціць. Вядома, гэта была не выключна ягоная заслуга, і усё ж...

Тыя падзеі часова знізяць палітычны рэйтынг Шушкевіча. Але праз нейкі час шмат хто пераасэнсуе, пачне па-новаму ўспрымаць тыя аргумснты, што настойліва паўтараў ён у красавіку— маі 1991-га. Многім стане зразумела, што вырашаць сацыяльныя, палітычныя праблемы барыкадным шляхам — сапраўды не лепшы варыянт. Гэта паспрабавалі ўжо аднойчы зрабіць бальшавікі. Ды і ў нашыя дні барыкаднае мысленне спарадзіла крывавыя трагедыі не ў адной былой рэспубліцы СССР.

* * *

Утрымліваючы людзей ад стыхійнага бунту, ён разам з тым выразна разумеў справядлівасць іх патрабаванняў наконт неабходнасці радыкальных эканамічных і палітычных рэформаў. Народ, у прыватнасці, рашуча запатрабаваў ліквідацыі партыйных органаў на прадпрыемствах, у войску, міліцыі, КДБ. У Шушкевіча ў тыя месяцы хутка раставалі апошнія надзеі на тое, што кампартыя адчуе ўсё ж выклік часу, добраахвотна падзеліцца хоць часткай узурпаванай некалі ўлады. Прыкрасць і расчараванне прынёс удзел у рабоце XXXI з’езда КПБ у снежні 1990-га. Дэлегатам абралі Шушкевіча рабочыя — у піку парткамаўскім кандыдатам. Ён пайшоў на з’езд з наіўнай надзеяй дастукацца да свядомасці тых, хто мёртвай хваткай учапіўся за ржавыя, дыскрэдытаваныя догмы. Купку прагрэсіўна настроеных дэлегатаў там проста задзяўблі...

Згасалі і ілюзіі наконт таго, што можна неяк зварыць кашу з Цэнтрам, з Гарбачовым, які таксама ўпарта чапляўся за старое, не жадаючы пасля атрымання прэзідэнцкага крэсла пакінуць пасаду генеральнага сакратара ЦК КПСС, даць больш волі рэспублікам.

Сваёй упартасцю Сістэма сама капала сабе яму.

I усяго праз некалькі месяцаў на адной шостай частцы зямной сушы, якая амаль што сем дзесяцігоддзяў пазначалася на картах свету ружовай фарбай і размашыстай абрэвіятурай «СССР», адбудуцца такія падзеі, што ўразяць свет не менш, чым фантастычная перамога бальшавікоў у 1917-ым.


БЕЛАВЕЖСКАЯ ПУШЧА


...Хвіліна чакання — і вось на тым канцы тэлефоннага дроту, за тысячу кіламетраў ад Белавежы, слухаўку зняў Гарбачоў.

Калі вырашалі, хто з траіх патэлефануе ў Маскву, Ельцын і Краўчук ледзь ці не ў адзін голас сказалі яму, Шушкевічу: давай, маўляў, табе прасцей — ты ж заўсёды размаўляў з Гарбачовым так шчыра. Прагучала гэта нават з нейкімі жартаўлівымі ноткамі, бы гаворка ішла аб запрашэнні на сумеснае паляванне. Цікава, яны сапраўды адчуваюць сябе гэтак спакойна ці то зайздроснае ўменне валодаць сабою?

Урэшце, як ні дзіўна, сам ён зусім не хваляваўся. Роўным, будзённым тонам давёў Гарбачову сэнс сумеснага рашэння. На афіцыйнай мове толькі што падпісанага кіраўнікамі трох рэспублік «Пагаднення аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў» гэта гучала так: «...канстатуем, што Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». I напрыканцы «Аформлена ў горадзе Мінску 8 снежня 1991 года ў трох экземплярах кожны на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах, прычым тры тэксты маюць аднолькавую сілу».

Мінск згадалі ў тэксце ці то па інерцыі, ці то для большай важкасці — хто там надта ведае пра тыя Віскулі, беларускую ўрадавую рэзідэнцыю, схаваную ў нетрах Белавежы? Ды і ва ўсіх газетных публікацыях напярэдадні сустрэчы яна фігуравала менавіта як «мінская». Зрэшты, якраз жаданне вызваліцца з-пад жорсткага журналісцкага прэсінгу стала далёка не апошнім матывам, каб аблюбаваць гэты ўтульны двухпавярховы дамок сярод хвойнага гушчару за тры з гакам сотні кіламетраў ад беларускай сталіцы.

Праўда, Ельцын, прыляцеўшы ў Мінск раней за Краўчука, мусіў-такі правесці досыць часу перад мікрафонамі. Але ягоная публічная заява наконт таго, што дні «трохбаковых кансультацый» могуць стаць гістарычнымі, наўрад ці выклікала фурор: больш дэвальваванага эпітэта, чым «гістарычны», у лексіконе айчынных кіраўнікоў, бадай, і не знойдзеш... Ды і сам тэрмін «трохбаковыя кансультацыі» бы акрэсліваў нейкія нябачныя межы, далей якіх вынікі сустрэчы сягнуць не маглі. Беларуская «Народная газета» прагназавала іх так: «Сустрэча ў Мінску з’явіцца генеральнай рэпетыцыяй новай сустрэчы ў вярхах — 4 + 1, якая ўжо ў панядзелак адкрыецца ў Маскве. Тады да кіраўнікоў славянскіх дзяржаў далучацца прэзідэнт Казахстана Н.Назарбаеў і саюзны прэзідэнт М.Гарбачоў. Без папярэдняй сустрэчы і прапрацоўкі пазіцый у Мінску было б цяжка скласці прадуктыўны дыялог Украіны з Цэнтрам у Маскве».

Панядзелак — гэта заўтра, 9 снежня. Журналісты яшчэ не ведаюць, што ніякай сустрэчы «4 + 1» не будзе.

Усё вырашана, масты спалены. I ў гэтую хвіліну прэзідэнт Савецкага Саюза выслухоўвае па тэлефоне рэзюме «трохбаковых кансультацый»: «...Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне... Аформлена ў горадзе Мінску... тры тэксты маюць аднолькавую сілу».

Маюць сілу? Няўжо і сапраўды вось гэтыя росчыркі пяра здольныя падвесці рысу пад амаль што сямідзесяцігадовай гісторыяй каласальнай звышдзяржавы, моц якой прымушала скаланацца ўвесь астатні свет?

* * *

Адступленне. Аўтарскі «допыт»

(люты 1993 года)

— Ці было ў вас тады адчуванне, што Цэнтру кінуты надзвычай рызыкоўны выклік, наступствы якога могуць быць непрадказальнымі, можа, нават трагічнымі для Вашага лёсу? Усё ж Гарбачоў быў і Вярхоўным Галоўнакамандуючым, увогуле ўсе так званыя сілавыя структуры падпарадкоўваліся менавіта яму. Дастаткова было загадаць, і...

— Ведаеце, калі шчыра, то я не лічыў Гарбачова настолькі моцнай — у сэнсе рашучасці — асобай, каб ён быў здольны на такія дзеянні, такія контркрокі. Яму заўсёды шанцавала, і даволі-такі лагоднымі захадамі ён шмат чаго дамагаўся. А тут трэба было праявіць сталінскі характар... Гэта не ў яго натуры, ён усё ж палітык іншага складу, і, нягледзячы ні на што, па-чалавечы я паважаю яго і сёння.

Мяркую, што намераў ужыць грубую сілу ў Гарбачова тады не было — ва ўсякім разе, падчас той тэлефоннай гаворкі я нават намёкаў такіх не адчуў. Хоць, скажу шчыра, пэўныя прэвентыўныя крокі там, у Белавежы, мы зрабілі.

Не, я маю на ўвазе не тую лухту, якую потым пачалі несці асобныя журналісты: быццам там, у пушчы, вакол рэзідэнцыі, ледзь ці не дывізія акапалася... Была звычайная ахова, як і належыць пры сустрэчах такога рангу.

Я ж хачу сказаць пра іншае. Пра інфармаванне сусветнай супольнасці аб нашых рашэннях. I перш за ўсё — званок Бушу. То была, скажу шчыра, ініцыятыва Ельцына. Сам я пра гэта, мусіць, і не падумаў бы... Толькі потым разважыў, што такі крок зусім не пашкодзіў — ці мала што... Тут трэба аддаць належнае палітычнаму вопыту Барыса Мікалаевіча. Хутчэй за ўсё, гэта была ягоная, як кажуць, хатняя загатоўка...

Карацей, мы дамовіліся: Ельцын тэлефануе Бушу, я — Гарбачову. Дарэчы, тэхнічнаму ўзбраенню расійскай дэлегацыі ў Віскулях можна было пазайздросціць. Мы, напрыклад, друкавалі тэксты дакументаў на звычайнай машынцы, а ў іх — суцэльная электроніка... I калі дайшла справа да тэлефонных перамоў, то Ельцына з Амерыкай звязалі імгненна. Я толькі яшчэ з думкамі збіраўся — як размову з Гарбачовым распачаць,— а ўжо чую: Барыс Мікалаевіч дыялог вядзе і Козыраў яму з англійскай перакладае. Прынамсі, гэта мне задачу аблегчыла. Калі Гарбачоў, выслухаўшы, запытаўся — дарэчы, то быў першы выпадак, калі ён звяртаўся да мяне па тэлефоне на «вы», раней увесь час гучала «ты» — дык вось, калі Гарбачоў запытаўся, а ці ўпэўнены мы, што замежжа нас зразумее,— я адказаў: так, з Бушам, напрыклад, перагутарылі ўжо... Міхаіл Сяргеевіч потым не раз публічна выказваў крыўду: маўляў, амерыканскаму прэзідэнту патэлефанавалі раней, чым мне. А тады... Тады я адчуў, што на тым канцы тэлефоннай лініі — нешта накшталт гогалеўскай нямой сцэны.

— Хто-ніхто сцвярджае, што Гарбачоў выказаў тады жаданне неадкладна вылецець у Беларуеь і сустрэцца з «белавежскай тройкай», каб неяк уладкаваць справу... 3-за гэтага, маўляў, нават ад'езд Ельцына і Краўчука на пэўны час адклалі

— Не, гэтая версія недакладная. Гарбачова мы там не чакалі. Чакалі Назарбаева. Хацелі, каб пад белавежскім пагадненнем быў і ягоны подпіс. Як вы ведаеце, казахстанскі прэзідэнт якраз у той дзень вылецеў у Маскву: назаўтра планавалася наша сумесная сустрэча з Гарбачовым. У нас была сувязь з самалётам Назарбаева. Сам я з ім перамовы не вёў, але ведаю, што той быў праінфармаваны аб белавежскай сустрэчы і абяцаў далучыцца да яе.

Нашы службы ўжо і паветраны калідор забяспечылі, каб ягоны лайнер мог бесперашкодна прызямліцца на адным з вайсковых аэрадромаў непадалёк ад Белавежы. Знайшлі казахстанскі сцяг, каб сустрэць па пратаколу. Тым часам паступалі новыя паведамленні: Назарбаеў прызямліўся ў Маскве... праз паўгадзіны вылятае... вылет трохі адсоўвасцца, надта доўга запраўляюць самалёт... I нарэшце: не чакайце... Магу толькі версіі будаваць, чаму ён так і не наважыўся. Хутчэй за ўсё, адыграла сваю ролю заўсёдная, скажам так, асцярожнасць казахстанскага прэзідэнта, які лічыць за лепшае рабіць свой выбар тады, калі зыход той ці іншай палітычнай калізіі ўжо прадвызначаны...

Тое ж, што пагадненне падпісалі напачатку толькі Расія, Украіна і Беларусь, адразу дало журналістам падставу ахрысціць СНД «саюзам славянскіх дзяржаў». Вярнуўшыся ў Мінск, я на першай жа прэс-канферэнцыі рашуча запярэчыў супраць такога азначэння. Мы зусім не збіраліся проціпастаўляць сябе неславянскім рэспублікам былога Саюза. Дарэчы, пазней, у Алма-Аце, з боку іх лідэраў адчувалася напачатку пэўная крыўда і спатрэбіліся намаганні, каб яе пераадолець, перш чым пад пагадненнем з'явіліся новыя подпісы.

— Давайце вернемся ў Віскулі. Белавежскія дакументы датаваны 8 снежня, але ж вы сабраліся там яшчэ вечарам 7-га. Вы адразу ж, без доўгіх ваганняў, дамовіліся «разваліць», як кажуць Вашыя палітычныя апаненты, Саюз?

— Не! Мы адразу ж дамовіліся стварыць новую Садружнасць. I гэта катэгарычна важная розніца! Саюз ужо быў разбураны. Па сутнасці, ягоныя перспектывы перакрэслілі якраз тыя, хто ўпарта імкнуўся захаваць любой цаной моцную імперскую структуру.

* * *

Так, адразу ж пасля паражэння путчу ў жніўні 1991-га і наступнай забароны КПСС гіганцкая дзяржава, груба і адвольна скроеная ў свой час па лякалах бальшавіцкай «нацыянальнай палітыкі», пагрозліва затрашчала ледзь ці не па ўсіх сваіх швах, што раней былі жорстка змацаваны магутнасцю таталітарнай партыйна-дзяржаўнай улады Цэнтра.

«Працэс пайшоў».

Цяпер гэтае ўлюбёнае заклінанне Гарбачова, якім ён доўга імкнуўся пераканаць усіх, што перабудова рухаецца акурат па ягонай задуме, у жаданым рэчышчы адзінага «сацыялістычнага выбару» ўсіх народаў СССР,— цяпер гэтае заклінанне цытавалі з непрыхаваным сарказмам. Газетныя каментатары іранічна канстатавалі: хутка, відаць, рэальныя ўладанні прэзідэнта краіны абмяжуюцца тэрыторыяй Крамля.

I сапраўды, лаяльных да Цэнтра «суб’ектаў федэрацыі» ўсё меншала і меншала...

Прыбалтыка яшчэ да путчу стала лічыцца адрэзанай лустай. На ўпартых літоўцаў, латышоў і эстонцаў, падобна было, махнулі ўжо рукой нават самыя зацятыя адэпты імперскай дактрыны. Студзеньская ж 1991 года спроба запалохаць Вільнюс танкамі і дэсантнікамі не прынесла Маскве нічога, акрамя ганьбы і сусветнага скандалу, а кроў невінаватых ахвяр толькі пашырыла адчужэнне і яшчэ адной плямай лягла на рэпутацыю Гарбачова.

Кроў мірных жыхароў, што сканалі пад ударамі сапёрных лапатак дэсантнікаў, добра запомнілі і ў Тбілісі... А па суседству кроў цякла ўжо рэкамі: армяне і азербайджанцы бязлітасна знішчалі адзін аднаго ў вайне за Нагорны Карабах, і абедзве былыя «рэспублікі-сястры» слалі чорныя праклёны бездапаможнаму, разгубленаму, не здолеўшаму папярэдзіць бойню Цэнтру.

Захвалявалася Малдова... Ну, а Украіна пасля жніўня 1991-га і зусім стала на дыбкі. Там аб’явілі рэферэндум аб незалежнасці і пра рашучы разрыў з Саюзам гаварылі ўжо адкрытым тэкстам.

Гарбачоў вярнуўся пасля фароскага зняволення ў сапраўды іншую краіну. Урэшце, у прэзідэнта СССР заставаліся надзейныя, на яго думку, плацдармы. Адным з іх уяўлялася Беларусь.

На фоне амаль што татальнага бунту «ўскраін» (ды ці толькі «ўскраін» — Расія, выбраўшы сваім прэзідэнтам Ельцына, таксама паказала нораў!) Беларусь здавалася асабліва рахманай. І дзівам тое зусім не выглядала. Рэспубліканскія начальнікі даўно ўжо заслужылі ў Крамлі рэпутацыю самых надзейных, адданых хлопцаў, якія ў блін разаб’юцца, але найузорнейшым чынам выканаюць любую дырэктыву «адтуль». Урэшце, лічыла Масква, і ўвесь народ там такі: хоць вяроўкі з яго ві — не пікне...

Вядома ж, хвалі жнівеньскіх падзей дакаціліся і да гэтай ціхай затокі. Шакіраваная правалам маскоўскага путчу, камуністычна-наменклатурная большасць Вярхоўнага Савета Беларусі пад магутным націскам малалікай, але бліскуча скарыстаўшай момант апазіцыі мусіла, як у благім сне, міжволі падняць рукі, галасуючы за наданне Дэкларацыі аб суверэнітэце рэспублікі статуса канстытуцыйнага закона, а таксама за часовае прыпыненне дзейнасці КПБ-КПСС. Закіданы камянямі жорсткіх абвінавачванняў з боку той самай апазіцыі, капітуляваў парламенцкі спікер — былы сакратар ЦК кампартыі Мікалай Дземянцей.

У выніку нервовай, з мноствам закулісных перыпетый, барацьбы дэпутацкіх плыняў Вярхоўны Савет Беларусі ўзначаліў намеснік Старшыні — Станіслаў Шушкевіч.

Урэшце, гэта наўрад ці выклікала ў Крамлі асаблівую трывогу, хоць пазіцыя Шушкевіча на мінулых з’ездах народных дэпутатаў СССР давала ўсе падставы лічыць яго, карыстаючыся тэрміналогіяй Гарбачова, адным з «так званых дэмакратаў».

За «перабудовачныя» гады Цэнтр упэўніўся: жорны беларускай наменклатурнай улады па-ранейшаму спраўна трушчаць кволыя зярняткі дэмакратыі. I ўся гэтая «суверэнізацыя» Беларусі падавалася не болей чым бутафорыяй.

* * *

«Ён так нічога і не зразумеў!»

3 кожным чарговым пасяджэннем Дзяржсавета ў Крамлі Шушкевіч усё ўмацоўваўся ў гэтай выснове: Гарбачоў сапраўды не ўсведамляе, што краіна пасля путчу стала зусім іншай. Кіраўнікоў рэспублік ён збіраў толькі для таго, каб чарговы раз навязаць сваю ідэю фікс: маўляў, мы, таварышы, павінны ўдыхнуць другое жыццё ў нова-агароўскі працэс, перапынены жнівеньскімі падзеямі, і дамагчыся заключэння новага Саюзнага дагавора. Усе ж пярэчанні наконт таго, што праект дагавора, нягледзячы на касметычныя карэктывы, па-ранейшаму захоўвае імперскую мадэль супердзяржавы, Гарбачоў адмятаў, што называецца, з парога.

Вяртаючыся ў Мінск, Шушкевіч мусіў раз за разам выносіць на суд беларускіх парламентарыяў прапанаваныя прэзідэнтам СССР варыянты фармулёвак Саюзнага дагавора, нязменна шытыя, аднак, аднымі і тымі ж белымі ніткамі. Безумоўна, апазіцыя адразу разбівала гэтыя фармулёўкі ў пух. Рыкашэтам трапляла і самому Шушкевічу. I паспрабуй тут дакажы, што напярэдадні ў Маскве ці Нова-Агарове даводзіў Гарбачову тое ж самае, ды толькі ўсё — як гарохам аб сценку. Урэшце, нават незаслужаныя папрокі варта было стрываць, каб наступным разам сказаць на Дзяржсавеце: вось бачыце, Міхаіл Сяргеевіч, не толькі мне, а і шмат каму ў Вярхоўным Савеце Беларусі вашыя прапановы не надта даспадобы...

То былі вельмі нялёгкія дні. Апазіцыя беларускага парламента, апанаваная падазрэннямі, выступіла 23 лістапада з жорсткай заявай у друку: «Выклікае здзіўленне, што Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі сп. С. Шушкевіч... не маючы на тое адпаведных паўнамоцтваў ад парламента рэспублікі, спяшаецца абмяркоўваць і, напэўна, нават парафіраваць праект Саюзнага дагавора... Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь папярэджвае Старшыню Вярхоўнага Савета сп. Шушкевіча, што падпісанне любога дагавора, які ліквідуе ці абмяжуе поўны суверэнітэт рэспублікі... можа быць расцэнена выключна як антыканстытуцыйны акт і дзяржаўная здрада Рэспубліцы Беларусь з усімі адпаведнымі наступствамі».

Пра такія сітуацыі звычайна кажуць: між двух жоранаў. Бо Гарбачоў са свайго боку з упартасцю, вартай лепшага прымянення, дамагаўся, каб «працэс пайшоў» у патрэбным яму кірунку.

Але чым далей, тым выразней станавілася бачна, што ідзе гэты працэс хіба што ў поўны тупік. Прэзідэнт СССР быў здольны ператасоўваць толькі адну і тую ж зашмальцаваную калоду сваіх старых ідэй.

Тым часам Шушкевіч пакрысе асвойваўся ў кампаніі кіраўнікоў рэспублік, да якой далучыўся пазней за астатніх. Усё часцей — асабліва калі збор быў не ў Крамлі, а ў Нова-Агарове, дзе абстаноўка выглядала больш нязмушанай — завязваліся размовы тэт-а-тэт. Адчуў, што гарбачоўская «непрабівальнасць» паступова ўзмацняе «крамолу», падштурхоўвае найбольш рашучых рэспубліканскіх лідэраў да пошукаў нейкага альтэрнатыўнага выйсця. У ягоныя рукі «выпадкова» трапіў цікавы дакумент: яшчэ ў лютым быў патаемна накіданы праект утварэння «канфедэрацыі чатырох» — Расіі, Украіны, Беларусі і Казахстана — з перспектывай далучэння іншых рэспублік «старога» Саюза. Аўтарства праекта, безумоўна, не афішавалася, ды і сам тэкст меў хаджэнне толькі ў надзейным вузкім коле. Што менавіта перашкодзіла рэалізаваць задуму тады, у лютым, ён, Шушкевіч, мог толькі здагадвацца...

А цяпер на дварэ стаяў лістапад, і падчас адной крамлёўскай размовы з Ельцыным ўзнікла думка: а што, калі неўзабаве ўзяць ды сустрэцца на Беларусі, каб вальней ды грунтоўней абмеркаваць разам сітуацыю? Трохі пазней, у Нова-Агарове, дамовіліся ўжо больш канкрэтна.

Дарэчы, ўбачыць Ельцына ў Мінску хацела і кіраўніцтва беларускага ўрада. «Суверэнізацыя» дзвюх рэспублік пачала жахліва блытаць, а то і рваць ніці традыцыйных гаспадарчых узаемадачыненняў між Беларуссю і Расіяй. Выйсце бачылася, у прыватнасці, у заключэнні двухбаковага пагаднення аб прынцыпах гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Украінская ж тэма ў тыя дні не сыходзіла з першых старонак газет. Рэспубліка, што дагэтуль славілася кансерватыўным, замшэлым камуністычным кіраўніцтвам, раптоўна «пайшла ўразнос», ахопленая парывам да поўнай незалежнасці... Былы сакратар ЦК кампартыі Украіны Краўчук, цалкам аддаўшыся змаганню за пасаду прэзідэнта, проста ігнараваў усе гарбачоўскія захады ды і самі пасяджэнні Дзяржсавета. А грунтоўна пагутарыць з ім хацелася... Дык калі таму так не даспадобы Масква, можа, якраз і сустрэцца ўтрох у Мінску?

Згода была атрымана хутка. Пасля гэтага Шушкевіч, размаўляючы па тэлефоне з Ельцыным, паўжартам запытаўся: можа, тады і Міхаіла Сяргеевіча запрасіць на Беларусь, каб сапраўды «саміт» атрымаўся? «Ну, не, з ім я ўжо досыць нагутарыўся!» — пачулася ў адказ.

Пра тое, што ў Мінск прылятае і Краўчук, журналісты даведаліся літаральна за пару дзён да падзеі. Увогуле Шушкевіч стараўся як мага меней афішаваць падрыхтоўку да сустрэчы. Але апазіцыя ўсё адно ўсчала шум: ну, вось, «вялікія браты» злятаюцца на «міжсабойчык», а беларускі бок, ведама ж, будзе толькі зазіраць ім ў рот.

* * *

Ельцынскі Ту прызямліўся ў аэрапорце «Мінск-2» у 9 гадзін 25 хвілін 7 снежня. Хлеб-соль, іншыя пратакольныя атрыбуты — і вось картэж лімузінаў імчыць у горад.

Імчыць — гэта, дарэчы, не дзеля прыгожага слоўца сказана. Барыс Мікалаевіч бы ілюструе сваёй асобай крылатую гогалеўскую фразу — «и какой же русский не любит быстрой езды!» Што ж, калі госцю так падабаецца...

А ўвогуле Шушкевіч, аўтааматар са стажам, аддае на дарозе перавагу іншаму прынцыпу: цішэй едзеш — далей будзеш... I гаворка іх з самага пачатку бы адлюстравала гэтую розніцу натур. Ельцын адразу ж даў зразумець, што ён і ягоная «каманда» — у самым баявым настроі. Трэба секчы гордзіеў вузел, безнадзейна заблытаны Гарбачовым, неабходна моцная альтэрнатыва няўклюдна прыхарошваемай імперскай канцэпцыі Саюзнага дагавора. Добра, заўважаў ягоны субяседнік, але ці можна спадзявацца, што Краўчук увогуле пойдзе на нейкую форму аб’яднання нашых рэспублік? А калі ён катэгарычна запярэчыць?

Гэта нагадвала дзелавую гульню на тэму «Як зацікавіць украінскага прэзідэнта?» Ягоны самалёт прыбываў у аэрапорт праз некалькі гадзін. (Дарэчы, у першыя ж хвіліны пасля прызямлення Краўчук яскрава прадэманструе сваю пазіцыю перад прэсай, адказваючы на пытанне, ці не ўгавораць-такі Украіну ўступіць у Саюз: «Ніхто нікога не можа ўгаварыць... Калі можна ўгаварыць Краўчука, то нельга ўгаварыць украінскі народ».)

А тым часам Авальную залу Вярхоўнага Савета Беларусі запаўнялі дэпутаты, урадавыя асобы, журналісты. Сцішана каменціравалі змену ў інтэр’еры: там, дзе раней быў бюст Леніна, цяпер застаўся толькі п’едэстал. Веянне часу — ці проста каб не раздражняць Барыса Мікалаевіча?

Сустрэча з расійскім прэзідэнтам пачалася ў адзінаццаць гадзін.

Напачатку выступлення той нагадаў аб агульных каранях Расіі і Беларусі, блізкасці моў і нават назваў рэспублік, неабходнасці ўмацоўваць і развіваць узаемавыгадныя стасункі ў сённяшніх няпростых умовах.

Усё гэта былі правільныя, але ж агульныя словы. Зала чакала...

Голас Ельцына зазвінеў металічнымі ноткамі.

— Адышла ў нябыт спроба аднаўлення Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у ленінскай інтэрпрэтацыі!..

Хто-ніхто міжволі скіраваў позірк на пусты п’едэстал.

...Рэспублікі адмовіліся добраахвотна дэлегаваць Цэнтру такі аб’ём паўнамоцтваў, які ён ад іх запатрабуе. Сёння церпяць няўдачу і «паўфедэрацыя», і «паўканфедэрацыя»... Такія гульні нельга весці бясконца. Усіх палохае наяўнасць Цэнтра і яго магчымае адраджэнне. Удзельнікаў перамоў становіцца ўсё менш. Калі так будзе працягвацца, за стол перамоў не будзе каму сесці, нават нягледзячы на тое, што ў дзяржаў ёсць узаемная зацікаўленасць і ўзаемнае прыцягненне... А гэта дастатковая падстава для садружнасці нашых дзяржаў, тым больш, што ў нас ёсць воля стварыць менавіта такі тып адносін... Галоўнае — не патрабаваць адзін ад аднаго немагчымага ў дадзены момант.

Апошнія словы «падрэсорылі» ўсю тыраду. Ельцын бы спахапіўся, што занадта адкрыта выкладае намеры. А так — можна лічыць, што ён у звычайнай сваёй манеры правёў яшчэ адну псіхалагічную атаку на пазіцыю Гарбачова: рабі, маўляў, высновы, пакуль не позна.

Крыху пазней, адказваючы на пытанні, Ельцын стараўся абыходзіцца і ўвогуле дыпламатычнымі фармулёўкамі. Калі пацікавіліся магчымымі рашэннямі лідэраў трох рэспублік, адказаў даволі няпэўна: «У нас будзе не менш чатырох-пяці варыянтаў».

Рэшту часу да прылёту Краўчука занялі афіцыйныя мерапрыемствы, дзеля якіх, згодна з версіяй для прэсы, і прыбыў сюды маскоўскі госць. Ельцын і Шушкевіч абмяняліся ратыфікацыйнымі граматамі ў сувязі з дагаворам паміж Расіяй і Беларуссю, падпісалі пагадненне аб прынцыпах гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў. Расійская дэлегацыя ўсклала вянок да абеліска Перамогі на аднайменнай мінскай плошчы. За цырымоніяй з цікаўнасцю назірала даволі шматлюднае кола сталічных жыхароў: не кожны дзень выпадае пабачыць «жывога Ельцына». Вакол яго тады яшчэ ярка ззяў арэол жнівеньскай славы, калі, стоячы на танкавай вежы, расійскі лідэр патэтычна клікаў масквічоў на змаганне з путчыстамі. Тыя кадры ўбачыла на тэлеэкранах уся краіна. Пройдзе яшчэ нямала часу, перш чым жнівеньскія падзеі згубяць першапачатковую чорна-белую трактоўку і шмат кім пачнуць пераасэнсоўвацца, а сам Барыс Мікалаевіч атрымае не адзін балючы ўдар па рэпутацыі героя-дэмакрата...

А тады, 7 снежня, у Ельцына выдаўся пасля афіцыйных мерапрыемстваў невялікі «тайм-аўт», і ён накіраваўся ва ўрадавую рэзідэнцыю ў Заслаўе, што паблізу ад Мінска.

Шушкевіч жа тым часам спяшаўся зноў у аэрапорт «Мінск-2», дзе вось-вось павінен быў прызямліцца самалёт украінскага прэзідэнта.

Краўчук, выслухаўшы прапановы, адразу ж прадэманстраваў дзелавы настрой: нашто гуму цягнуць, Станіслаў Станіслававіч, — вось наш самалёт «на ўсіх парах», месцаў хопіць, сядайце разам са сваімі памочнікамі ды і махнем адразу на Брэстчыну, а Барыс Мікалаевіч дагоніць...

Побач стаяў і беларускі Як-40, але сапраўды: нашто марнаваць час ды адмаўляцца ад магчымасці лішніх паўгадзіны пагутарыць з Краўчуком на борце ягонага лайнера па дарозе ў Віскулі?

Атакавалі журналісты, давялося ахвяраваць колькі хвілін. Краўчук нагадаў пра вынікі нядаўняга рэферэндуму на Украіне: 31 мільён чалавек, 90,3 працэнта выбаршчыкаў выказаліся за самастойнасць і незалежнасць украінскай дзяржавы. Трохі «прайшоўся» наконт Міхаіла Сяргеевіча, намякнуўшы, што няварта таму валіць з хворай галавы на здаровую, вінавацячы Украіну за свае ўласныя палітычныя правалы. I рэзюмаваў: «...Усе ў душы разумеюць, што гэты Саюз ужо асуджаны».

Не пазбег журналісцкай цікаўнасці і гаспадар сустрэчы. Адказваючы на пытанне аб яе магчымых выніках, зазначыў:

— Гэтыя дні павінны пакласці канец тым маніпуляцыям, што робяцца... Я спадзяюся, што першае слова наконт гэтага будзе сказана на Беларусі.

* * *

Адступленне. Аўтарскі «допыт»

(люты 1993 года)

— Ці прадбачылі Вы напярэдадні, што сустрэча ў Віскулях можа завяршыцца менавіта такімі радыкальнымі рашэннямі: вынесці бязлітасны «прысуд» старому Саюзу і ўтварыць Садружнасць трох дзяржаў, пакінуўшы Гарбачова «па-за гульнёй»?

— Калі зусім шчыра, то я на такое не разлічваў, дакладней — не спадзяваўся. Безумоўна, адчуваў, што Ельцын гатовы да самых рашучых крокаў у гэтым кірунку. Але ж вы памятаеце, якое рэха даносілі тады сродкі масавай інфармацыі з Украіны: толькі канчатковае аддзяленне, толькі поўная самастойнасць! I чакаць ад Краўчука той пазіцыі, якую ён у рэшце рэшт заняў у Віскулях, я, прабачце, не мог. Гэта было для мяне нечаканасцю. Гэта змяніла ўвесь падыход да справы.

— Цяпер хто-ніхто з палітыкаў і газетных каментатараў сцвярджае: Шушкевіч, маўляў, толькі воляй абставін апынуўся ў кампаніі двух зацятых праціўнікаў Гарбачова, якія даўно марылі яму «насаліць», і мусіў падпарадкавацца іх націску...

— Нагадаю: да таго часу я толькі тры месяцы быў на пасадзе Старшыні Вярхоўнага Савета. Безумоўна, у сэнсе палітычнага вопыту ні з Ельцыным, ні з Краўчуком цягацца не мог. I адчуваў, што трохі не «дарос», каб такія крокі прапаноўваць. Я абмежаваўся б, напэўна, меншымі вынікамі. Ну, а тыя два прэзідэнты прадэманстравалі гатоўнасць ісці далей. Так што — скажу шчыра — рашучасцю сваёй яны тады мяне пераўзыходзілі. Хоць чыста лагічна перад сустрэчай я выводзіў тую ж выснову: далей цягнуць немагчыма... I ўжо дарогай у Віскулі адчуў: адным камюніке, адной канстатацыяй сваіх поглядаў на сітуацыю мы не абмяжуемся.

— Вы не баяліся абвінавачванняў у змоўніцтве, у вераломстве, якія ў рэшце рэшт абрынуліся з вуснаў палымяных змагароў за аднаўленне «адзінага і магутнага» Савецкага Саюза?

— Не, у мяне было адчуванне, што мы маем маральнае права на такія рашэнні, што мы робім адзіна магчымыя ў такіх варунках захады, каб захаваць цывілізаваныя кантакты паміж нашымі краінамі, перавесці іх гістарычныя сувязі на новую, сапраўды справядлівую падставу. Сёння ад многіх чуеш: СНД сябе не апраўдала! Але хто можа сцвярджаць, што без СНД было б лепей, што мы не дакаціліся б да югаслаўскага варыянту распаду унітарнай дзяржавы?

— І што, сапраўды, там, у Віскулях, вы фармулявалі дакументы экспромтам, маючы перад сабой толькі чысты стос паперы? Няўжо ў Ельцына, напрыклад, не было нейкіх папярэдне падрыхтаваных «шпаргалак»?

— Калі што і было, то я, ва ўсякім разе, гэтага не прыкмеціў і дагэтуль веру, што ўсё фармулявалася менавіта там, у Віскулях. Хіба што тэзіс аб дэнансацыі Саюзнага дагавора 1922 года быў падрыхтаваны расійскай дэлегацыяй загадзя. Я гэта адчуў па выказванні расійскага дзяржсакратара Генадзя Бурбуліса адразу ж, калі пачаўся наш дыялог.

— Дарэчы, ёсць версія, што менавіта Бурбуліс, якога нядобразычліўцы ахрысцілі «шэрым кардыналам» Ельцына, стаў галоўным ідэйным натхніцелем белавежскага пагаднення — маўляў, усё рабілася ледзь ці не пад ягоную дыктоўку.

— Такія выказванні проста зневажаюць Ельцына як магутную, неардынарную палітычную фігуру. У Віскулях жа з поўным напружаннем працавалі ўсе тры дэлегацыі. Вядома, Бурбуліс — філосаф па адукацыі, чалавек вострага, нестандартнага мыслення — актыўна ўдзельнічаў у вызначэнні, так бы мовіць, сэнсавага калідора нашых рашэнняў, а пасля ўжо ідэі «абрасталі» юрыдычна абгрунтаванымі, адточанымі фармулёўкамі.

Тут, дарэчы, я асабліва адзначыў бы ролю Сяргея Шахрая. Увогуле ў Віскулях сабралася тады даволі шмат тых, каго я ўжо добра ведаў па сумеснай дзейнасці ў складзе дэмакратычнай плыні з’езда народных дэпутатаў СССР — Міжрэгіянальнай групы. У нас быў немалы вопыт сумеснай выпрацоўкі рашэнняў, якія, дарэчы, нярэдка ўяўлялі сабою менавіта альтэрнатыву лініі Гарбачова.

* * *

У поўным складзе дэлегацыі сабраліся ў віскулёўскай рэзідэнцыі вечарам 7 снежня. Апошняй, ужо зацемна, прыехала расійская. За вячэрай гаварылі аб усім, акрамя таго, дзеля чаго сюды з’ехаліся. Хоць, бадай, кожны ўжо выразна адчуваў: пачынаецца падзея, рэха якой прагучыць сапраўдным выбухам не толькі ў Крамлі, але і ва ўсім свеце.

Між тым абслуга ўрадавай рэзідэнцыі звыкла забяспечвала традыцыйную праграму прыёму высокіх гасцей. За мінулыя гады іх тут перабывала досыць. Кіраўнікі БССР любілі здзівіць «важных птушак» з Масквы ці з-за мяжы казачнай патрыярхальнай веліччу гэтага запаведнага кутка Беларусі: векавыя дрэвы, волаты-зубры, неверагодны, першабытны спакой дрэмлючай прыроды... Мусіць, гэткім жа непахісным здаваўся і той лад рэчаў, за які не аднойчы ўздымалі келіхі ў гэтай рэзідэнцыі яе ранейшыя гаспадары і госці. I, вядома ж, нікому з іх нават у благім сне не магло прымроіцца, што некалі менавіта тут збяруцца людзі, якія наважацца паставіць кропку ў гісторыі непераможнай, непахіснай, як падавалася, супердзяржавы.

А знешне ўсё выглядала напачатку зусім як у ранейшыя часы. Адмыслова дастаўлены з Мінска шэф-кухар шчыраваў над апетытнымі стравамі, якія потым увішна падхоплівалі афіцыянткі, і ўжо былі акуратна складзены камплекты паляўнічай амуніцыі: ну хто ж, трапіўшы ў Белавежу, адмовіцца ад спакусы ўласнаручна заваліць лютага клыкастага дзіка? Ды яшчэ надвор’е як па заказу: марозік бадзёрыць кроў, ні адна галінка не калыхнецца ды ззяе цнатлівай беллю снег пад агромністай поўняй...

Егераў, аднак, чакала лёгкае расчараванне. Шушкевіч (а ён, дарэчы, сам тут быў упершыню) увогуле, як высветлілася, не аматар цэліць у нешта жывое з дубальтоўкі («Ведаеце, толькі аднойчы, у 1954 годзе, падстрэліў нейкую качку, дык і дагэтуль не ўцямлю, нашто я гэта зрабіў...»). Катэгарычна адмовіўся ад палявання і Ельцын. У рэшце рэшт колькі энтузіястаў усё ж назбіралася і традыцыя парушана не была. (Назаўтра, калі на сняданак было пададзена мясное, астатнія паўжартам-паўсур’ёзна цікавіліся: а ці не з вашай, панове, дзічыны?)

Большасці ж тым вечарам было зусім не да палявання. Сумесная мазгавая атака ішла да глыбокай ночы. Пасля таго як лідэры паразумеліся ў галоўным, іх «каманды» адпрацоўвалі чарнавыя варыянты дакументаў.

Раніцай 8 снежня справу ўзяла ў свае рукі шасцёрка кіраўнікоў: ад Расіі — Ельцын і Бурбуліс, ад Украіны — Краўчук і прэм’ер Фокін, ад Беларусі — Шушкевіч і Старшыня Савета Міністраў Кебіч. Выбралі найбольшае ў рэзідэнцыі памяшканне — більярдную залу на першым паверсе. Туды хуценька зацягнулі чатыры сталы, саставілі іх у «карэ», накрылі абрусам. Адсунутыя ўбок більярдныя сталы таксама аказаліся дарэчы: на іх раскладвалі розныя «дапаможныя» паперы, чарнавікі... Па суседству, за дзвярыма, ля якіх застылі двое мажных ахоўнікаў, знаходзіліся астатнія члены дэлегацый. Раз-пораз даводзілася запрашаць у більярдную залу то Гайдара, то Шахрая, то беларускага міністра замежных спраў Краўчанку, то яшчэ кагосьці: трэба яшчэ падумаць вось над гэтым абзацам, абмазгаваць вось гэтую фармулёўку — падключайцеся да справы... Лісты паперы з накідамі тэкстаў качавалі міма ахоўнікаў то туды, то сюды. Афіцыянткі ледзь паспявалі падносіць каву і мінералку. У рэшце рэшт у більярдную залу праплыў паднос з кілішкамі малдаўскага каньяку. Гэта было тады, калі «шасцёрка» адчула: галоўныя, ключавыя думкі, можна лічыць, ужо адчаканены па ўсіх канонах. «Што ж, мы, бадай, і сапраўды заслужылі нешта трохі мацнейшае за каву!» — усміхнуўся хтосьці. Вядома, дозы выглядалі зусім сімвалічнымі: наперадзе чакаў яшчэ кавалак працы. (Потым, дарэчы, «алкагольны» аспект белавежскай сустрэчы стане адной з улюбёных тэм для найбольш зацятых нядобразычліўцаў: маўляў, трэба было няйначай як у сцельку набрацца, каб гэткае сатварыць!)

Тым часам па калідорах рэзідэнцыі, апасліва касавурачыся на ахоўнікаў, нецярпліва кружылі некалькі цудам трапіўшых сюды з Мінска журналістаў. Прафесійны нюх падказваў: будзе нешта так-о-о-е!.. Адзін з іх крадком зазірнуў праз нечае плячо ў толькі што аддрукаваную машыністкай паперчыну: «Саюз ССР... спыняе сваё існаванне». Аж дух заняло: нічога сабе «заявачкі»!

Між тым у фае перад більярднай залай адчулася нейкае ажыўленне. Доўгі стол аздобілі мініяцюрнымі дзяржаўнымі сцяжкамі трох краін. Журналісты імгненна занялі пазіцыі побач і літаральна свідравалі поглядамі дзверы більярднай залы.

Вось яны нарэшце расчыняюцца. Першы выходзіць Ельцын, за ім — астатняя пяцёрка. Садзяцца за стол і ставяць подпісы пад галоўным дакументам сустрэчы. Спахапіўшыся, мінскі газетчык фіксуе для гісторыі час падзеі — 14 гадзін 17 хвілін 8 снежня 1991 года.

Праз колькі часу кіраўнікі трох дзяржаў падымуцца на другі паверх, у апартаменты Ельцына, і Шушкевіч патэлефануе Гарбачову...

* * *

У свой час ён, Шушкевіч, тады яшчэ проста прафесар-фізік, перажыў перыяд сапраўднага, шчырага захаплення новым савецкім лідэрам, фігура якога так кантраставала з абліччам ягоных крамлёўскіх папярэднікаў — знясіленых старэчымі хваробамі людзей, што адзін за адным сыходзілі ў магілу на пачатку 1980-ых: Брэжнеў, Андропаў, Чарненка...

У красавіку 1985-га ў цяжкой, гнятучай, бы наскрозь прасякнутай тым могілкавым пахам атмасферы жыцця велізарнай краіны выразна адчуліся свежыя павевы. Газетчыкі, праўда, хутка зашмальцуюць да брыдоты метафару «красавіцкі вецер перамен», ды і самі перамены набудуць у вачах многіх жахлівы, катастрафічны выгляд, але тады, на самым пачатку, утапічныя лозунгі перабудовы, рэфармавання камуністычнай сістэмы сапраўды заваражылі, ап’янілі — перш за ўсё інтэлігенцыю — салодкай мрояй пра новы, «гуманны» сацыялізм.

Ды што там казаць, калі пасля эпохі панавання «крамлёўскіх дзядоў» сапраўдны фурор рабіла ўжо адно тое, што новы генеральны сакратар ЦК КПСС гаворыць без паперкі і без рызыкі згубіць пры гэтым штучную сківіцу!

Пройдзе даволі шмат часу, перш чым прамовы Гарбачова пачнуць выклікаць у савецкіх грамадзян напачатку лёгкае, а затым усё нарастаючае раздражненне, бо з удасканаленнем ягонага красамоўства справы ў падначаленай яму дзяржаве будуць ісці ўсё горай і горай...

Шушкевіч жа ўпершыню зірнуў на Гарбачова іншымі вачыма пасля жахлівых дзён вясны 1986-га, калі чарнобыльскі выбух абсыпаў Беларусь смяротным радыеактыўным попелам. Генсек ЦК КПСС, безумоўна, быў да драбніц інфармаваны аб жудасных маштабах трагедыі. Але мужнасці сказаць усю праўду так і не знайшоў: выступаючы неўзабаве па Цэнтральным тэлебачанні, настойліва даводзіў, што ніякай небяспекі, можна лічыць, няма... Ужо каго-каго, а фізіка-ядзершчыка Шушкевіча такія заявы ўвесці ў зман не маглі. Ён выдатна ўяўляў, што здарылася на справе, як добра ведаў і тое, што многія наступствы можна было прадухіліць элементарнымі экстранымі захадамі (каб людзі, напрыклад, пілі для прафілактыкі ёд, які абараняе ад нуклідаў шчытападобную залозу, ушчыльнілі вокны і дзверы, па магчымасці не выходзілі на вуліцу). I грунтоўныя, падрабязныя інструкцыі на гэты конт меліся ва ўсіх штабах грамадзянскай абароны. Аднак час быў злачынна змарнаваны, бо там, на камуністычна-дзяржаўным Алімпе, найперш захваляваліся не пра лёс мільёнаў ахвяр чарнобыльскага выбуху, а, як заўсёды, пра імідж Сістэмы, пры якой, згодна са шматгадовай афіцыйнай міфалогіяй, ніякіх катастроф проста быць не можа...

Менавіта тады, у першыя дні, людзей зноў прынеслі ў ахвяру традыцыйнай Вялікай Хлусні. I беларускія, украінскія, расійскія дзеці бесклапотна корпаліся ў пяску, размахвалі чырвонымі сцяжкамі, седзячы на таткавых плячах падчас першамайскіх дэманстрацый (дні стаялі такія цёплыя, пагодлівыя, і ўсіх так цягнула на вуліцу!), а на іх усё сыпаўся і сыпаўся нябачны радыеактыўны пыл, што праз некалькі гадоў абернецца для многіх агоніяй на ложку анкалагічнага дыспансера...

Пазней, стаўшы народным дэпутатам СССР, Шушкевіч убачыў яшчэ шмат з таго, што не даносілі да мільёнаў радавых грамадзян тэлекамеры, усталяваныя ў Крамлёўскім Палацы з’ездаў,— вытанчаную закулісную механіку выкручвання рук, жорсткага ціску на дэмакратычную апазіцыю, на тых людзей, што напачатку так шчыра паверылі Гарбачову і якіх ён потым, калі прастора для кампрамісаў паміж рэфарматарамі і артадоксамі пачала катастрафічна звужацца, усё часцей і часцей з’едліва называў «так званымі дэмакратамі», раз за разам усё выразней ад іх адмяжоўваючыся. Не дадало сімпатый да Гарбачова і ягонае спантаннае, няўзважанае абяцанне Захаду ў нерэальна імклівым тэмпе вывесці савецкія войскі з краін былога «сацыялістычнага лагера». Бо расплачвацца за наступствы гэтага шырокага жэста давялося найперш менавіта Беларусі, і без таго самай мілітарызаванай савецкай рэспубліцы, куды хлынулі з захаду новыя палкі і дывізіі — тысячы ды тысячы людзей у пагонах, што, як і ўсе астатнія смяротныя, хочуць есці і мець дах над галавой.

Ну, і, нарэшце, тая восень 1991-га, калі новаспечаны кіраўнік беларускага парламента адчуў на пасяджэннях Дзяржсавета ў Маскве ўсю моц гарбачоўскага прэсінгу, накіраванага на тое, каб падмяць волю астатніх і навязаць-такі свой варыянт аб’яднання рэспублік. Дзяржсавет патрэбен быў яму толькі як шырма для дыктоўкі сваіх умоў. Трэшчына ва ўзаемаадносінах станавілася ўсё шырэйшай. А паміж Віскулямі і Крамлём была ўжо непераадольная бездань...

* * *

Адступленне. Аўтарскі «допыт»

(люты 1993 года)

— Як вядома, Вам потым даводзілася неадпойчы сустракацца ўжо з экс-прэзідэнтам СССР. Ці закранаў ён пры гэтым хоць раз «белавежскую» тэму?

— Не, ніколі. Праўда, выказваў крыўду з іншай нагоды. У верасні 1992 года і яго, і мяне запрасілі на прадстаўнічы міжнародны кангрэс у нямецкі горад Вольфсбург. Мне давялося там выказаць меркаванне — у тактоўнай форме, вядома, што Гарбачоў занадта эксплуатуе сваю папулярнасць на Захадзе, дае шмат парад, аднак лепш было б, каб ён сам імі як след карыстаўся, калі меў уладу. Міхаіл Сяргеевіч вельмі пакрыўдзіўся, асабліва на маю фразу пра тое, што ён быццам адчувае сябе прэзідэнтам Злучаных Штатаў Свету. Але я лічу, што для тых маіх выказванняў мелася падстава. Ну як, прабачце, можна разглядаць Гарбачова ў якасці патэнцыяльнага прэзідэнта Сусветнага Зялёнага Крыжа, калі на ягоным сумленні — утойванне маштабаў чарнобыльскай трагедыі? Маё перакананне: трэба перш за ўсё сапраўды рабіць дабро Радзіме, а не біць сябе ў грудзі, пераконваючы ў гэтым увесь свет.

* * *

Тых, хто заседзеўся ля тэлеэкранаў позна вечарам 8 снежня, адначасова бы тарганула электратокам. Імгненна зляцела дрымота, людзі ўскоквалі з канап, каб пабольшыць гук...

Беларускае тэлебачанне паведамляла пра вынікі белавежскай сустрэчы.

Фразы, што гучалі з тэледынамікаў, шмат каму падаваліся ірэальнымі, фантастычнымі, іх сэнс ніяк не хацеў укладвацца ў свядомасці. Саюза больш няма... створана Садружнасць трох незалежных дзяржаў... каардынацыйны цэнтр — Мінск.

Безумоўна, тое, што стары, збудаваны па сталінскай мадэлі Саюз асуджаны, тады ўжо разумелі, бадай, усе. Але мала хто мог прадбачыць, што разрыў з мінулым будзе менавіта такім — маланкавым, дзёрзкім, ашаламляльным...

I няўжо Гарбачоў капітулюе? Хто-ніхто апасліва адсоўваў фіранку: можа, ужо выязджаюць на вуліцы бронетранспарцёры?

Шушкевіч вярнуўся ў Мінск апоўдні 9 снежня. Журналісты ўжо каравулілі літаральна ля трапа. Далажылі: у замежных сродках масавай інфармацыі — натуральны фурор, «радыёгаласы» і тэлетайпныя стужкі няспынна даносяць усё новыя заявы палітыкаў і каментарыі экспертаў, дзе вылучаецца нота трывогі за магчымае развіццё падзей...

Шушкевіч выглядаў спакойна і ўпэўнена:

— Ці так драматычна, як гэта бачаць за мяжой, пагадненне змяняе сітуацыю ў краіне і ў свеце?.. Нам неабходна было знайсці дастойны варыянт для таго, каб, атрымаўшы сапраўдную суверэннасць, не раз’ядноўвацца граніцамі, праводзіць самастойную, але ўзгодненую з суседзямі палітыку. Вы ведаеце, што ў апошні час сітуацыя ў краіне стала крытычнай. Народ Украіны адназначна выказаўся за незалежнасць. Расія абнародавала сваю праграму жорсткіх эканамічных рэформ, якія не могуць не закранаць інтарэсы яе суседзяў... Думаю, не толькі мяне хвалявала пытанне: ці можна зрабіць так, каб не ўзводзіліся агароджы паміж Беларуссю і Украінай, Беларуссю і Расіяй? Мы, здаецца, знайшлі адказ і на гэта пытанне... У нас ёсць вера і надзея, што да гэтага пагаднення далучацца іншыя рэспублікі... Мяркуем, што да яго могуць далучыцца і тыя дзяржавы, якія не былі суб’ектамі былога СССР.

Праз колькі часу, перачытваючы гэтае інтэрв'ю, надрукаванае ў беларускай прэсе пад гучным загалоўкам «36 гадзін, якія ўскалыхнулі свет», ён з сумнаватым гумарам зазначыць: і нас тады не абмінула бальшавіцкая мроя пра «сусветную рэвалюцыю»! Прыбалтыка, нягледзячы на ўсе захады, ідэяй далучэння да Садружнасці не загарыцца. Ды і ўнутры СНД справы пойдуць не так гладка, як хацелася. Расія і Украіна пачнуць зацята, абменьваючыся пагражальнымі заявамі палітыкаў, спрачацца за Чарнаморскі флот, потым — за лёс размешчанай на Украіне ядзернай зброі былога СССР. На межах рэспублік стануць паспешліва будавацца мытні, а друкарскія станкі пачнуць тыражаваць сурагаты нацыянальных валют — украінскія карбованцы, беларускія рублі-«зайчыкі», кыргызскія сомы... Паміж краінамі СНД будуць падпісвацца ўсё новыя эканамічныя пагадненні, але колькасць гэтых дакументаў упарта не захоча пераходзіць у іх якасць. I раз за разам Шушкевічу давядзецца трываць жорсткія, бязлітасныя ўдары апанентаў — тых, каму менавіта белавежскія рашэнні пададуцца той скрыняй Пандоры, адкуль раптам пасыпаліся ўсе беды. Ашалеламу ад дарагоўлі і чэргаў у крамах простаму люду будуць нагадваць пра танную каўбасу і гарэлку часоў СССР. А купка камуністаў, сабраўшыся ў пушчы ў гадавіну сустрэчы трох лідэраў, з імпэтам заб’е ў зямлю тры асінавыя калы...

Ну, з тымі, урэшце, усё зразумела. Куды больш крыўдна будзе, што і многія дэпутаты беларускага парламента хутка забудуцца, як дружна прагаласавалі яны ў свой час за ратыфікацыю падпісанага іх кіраўніком пагаднення, і ператворацца ў яго гнеўных крытыкаў.

А ў той дзень, 10 снежня, Шушкевіч і сам не чакаў, што справа вырашыцца гэтак імкліва. Спадзяваўся на трохі іншы, больш «лагодны» варыянт: калі ўдасца пераканаўча давесці парламентарыям сэнс белавежскага кроку, то Вярхоўны Савет адобрыць асноўныя палажэнні пагаднення і даручыць сваім камісіям дапрацаваць дэталі, каб потым ужо зрабіць канчатковы разгляд. Але абмен думкамі напачатку ў кулуарах, а потым і на парламенцкім пасяджэнні засведчыў нечакана рашучы настрой дэпутатаў: калі ўжо наважыліся на галоўнае, дык ці варта, маўляў, секчы хвост у некалькі прыёмаў — давайце ўжо адным махам!

Вынікі галасавання выглядалі эфектна: за ратыфікацыю — 263, устрымаліся — 2, супраць — толькі 1.

То быў, бадай, момант, калі прадстаўнікі самых розных парламенцкіх плыняў фенаменальна сышліся на глебе агульнай незадаволенасці палітыкай Гарбачова. Калі нацыянальна-дэмакратычная апазіцыя, напрыклад, націскаючы кнопкі галасавання, з асалодай помсціла Прэзідэнту СССР за ягоныя імперскія амбіцыі, то носьбіты артадаксальных, кансерватыўных поглядаў разлічваліся такім чынам за ягоную «здраду справе КПСС», за абрыдлую нерашучасць, палавіністасць у барацьбе супраць «сепаратыстаў» і ўвогуле «так званых дэмакратаў». Тыя, хто марыў пра рэванш за страту «сацыялістычных заваёў», употай разважалі, відаць, што не бывае ліха без дабра: калі ўжо Цэнтр не здолеў гэтыя заваёвы абараніць, то, можа, якраз суверэнітэт дазволіць стаць гаспадарамі становішча ў асобна ўзятай невялікай рэспубліцы, дзе ўсё знітавана старымі наменклатурнымі сувязямі. Між іншым, далейшая хада падзей пакажа, што спадзяванні тыя былі не такімі ужо і беспадстаўнымі. Магутнае кансерватыўнае лобі, адчуўшы ў парламенце сваю сілу, будзе не аднойчы зводзіць на нішто намаганні рэфарматараў, «выкручваць рукі» Старшыні...

Тады ж, 10 снежня, быў поўны трыумф Шушкевіча. На працягу дня ён раз-пораз звязваўся па тэлефоне то з Масквой, то з Кіевам, і тое, аб чым яму паведамлялі, выразна сведчыла, што і ў расійскім, і ў украінскім Вярхоўных Саветах «працэс пайшоў» з гэткай жа імклівасцю і ашаламляльным поспехам.

Аднак да лунання ў аблоках было далёка. Як-ніяк, Прэзідэнт СССР заставаўся рэальнай фігурай і неўзабаве пасля «нямой сцэны» падчас тэлефоннага дыялогу з Шушкевічам авалодаў сабой. У сродках масавай інфармацыі прагучала ягоная прасякнутая гнеўнымі нотамі заява. Гарбачоў абвяшчаў белавежскія рашэнні авантурыстычнымі і незаконнымі, абмовіўшыся, праўда, што ўдзел Украіны ў сустрэчы падаецца яму добрым сімптомам, адыходам ад гранічна сепаратысцкіх настрояў. «Кожная рэспубліка мае права выхаду з Саюза, але лёс шматнацыянальнай дзяржавы не можа быць вызначаны воляй кіраўнікоў трох рэспублік»,— зазначыў Гарбачоў, імкнучыся, напэўна, сыграць на амбіцыях лідэраў Малдовы, Закаўказзя, Сярэдняй Азіі.

Якраз з імі і вёў у гэты час інтэнсіўныя талефонныя перамовы беларускі Старшыня. Потым ён прызнаецца, што ніколі ў жыцці не праводзіў столькі часу са слухаўкай у руцэ. Важна было як мага хутчэй схіліць усіх патэнцыяльных партнёраў да ідэі Садружнасці. А тут, як на грэх, гэтая мядзведжая паслуга журналістаў, што імгненна раструбілі на ўвесь свет пра «новы саюз славянскіх дзяржаў». Вось і вылузвайся цяпер са скуры, даводзячы, што ніякай славянскай фанабэрыяй тут і не патыхае...

Неўзабаве сродкі масавай інфармацыі пачалі паведамляць: за Садружнасць выказаліся Назарбаеў, Муталібаў, Тэр-Петрасян, Акаеў...

Гарбачоў яшчэ працягваў свае філіпікі, пагражаў, што звернецца «непасрэдна да народа»... Але сама гэтая фразеалогія, у той час як нават зацятыя фундаменталісты пазбягалі ўжо тэзісу пра «адзіны савецкі народ», выклікала міжволі іранічныя ўсмешкі. I шмат хто адчуваў, што ўсё гэта проста блеф. У рэшце рэшт і сам Прэзідэнт СССР зразумее, што пачаў выглядаць фігурай трагікамічнай. I, да ягонага гонару, зробіць, бадай, адзіна дастойны ў тым двухсэнсоўным становішчы крок — уласнымі вуснамі адрачэцца ад свайго тытула. Далёка не ўсе, дарэчы, адзначаць як след гэты ўчынак. Між тым, хто ведае, што магло б усчацца ва ўзбуджанай, знерваванай «перабудовачным» бязладдзем, нашпігаванай страшэннай зброяй краіне, каб у Гарбачова не хапіла тады цвярозасці мыслення, каб ён адчайна наважыўся ісці лоб у лоб да апошняга!

Неўзабаве знойдзецца багата ахвотнікаў без усялякай ужо рызыкі выцерці падэшвы аб былога Прэзідэнта СССР — ад эстрадных парадыстаў да шаноўных дзяржаўных мужоў. 3 Гарбачова будуць з асалодай здзекавацца і рэфарматары, і артадоксы, вінавацячы — кожны са сваёй званіцы — ва ўсіх магчымых і немагчымых грахах. Шушкевічу, у свой час перажыўшаму драму расчаравання ў былым куміру, будзе тым не менш ніякавата ад гэтай бязлітаснасці на мяжы садызму. Многія хутка забыліся, што менавіта былы генеральны сакратар ЦК КПСС адважыўся некалі ўскалыхнуць ідэямі рэфарматарства тую могілкавую атмасферу таталітарнай краіны, дзе палітычныя анекдоты расказвалі толькі паўшэптам на кухнях... І гэта вялікая чалавечая драма Гарбачова — тое, што «працэс пайшоў» значна далей, чым ён мог прадбачыць, пакінуўшы на ўзбочыне самога ініцыятара, у якога, мовячы спартыўным жаргонам, «не хапіла дыхалкі». Нават калі абставіны будуць вымушаць яго, Шушкевіча, да крытычных заўваг па адрасу экс-прэзідэнта Савецкага Саюза, слухачы будуць нязменна адчуваць ноткі тактоўнасці і чыста чалавечай павагі ад адной з самых неардынарных гістарычных асоб дваццатага стагоддзя.

* * *

Адступленне. Аўтарскі «допыт»

(люты 1993 года)

— I ўсё ж ці не падаецца Вам, Станіслаў Станіслававіч, што фармальна Гарбачоў меў нейкую рацыю, заяўляючы, што трыма росчыркамі пяра нельга вырашаць лёс шматнацыянальнай краіны? Як-ніяк у яе і сапраўды ўваходзілі не толькі славянскія рэспублікі...

— Нагадаю: аб дэнансацыі Саюзнага дагавора 1922 года абвясцілі тры з чатырох рэспублік, якія ў свой час яго і падпісалі. I ва ўсякім разе пасля ратыфікацыі белавежскага пагаднення парламентамі Беларусі, Украіны і Расіі ўсе юрыдычныя праблемы, я лічу, былі знятыя. Ну, а крыху пазней, у Алма-Аце 21 снежня, як вы ведаеце, у СНД уступілі яшчэ восем рэспублік і такім чынам кропкі над «і» былі расстаўлены канчаткова.

А ўвогуле я прапанаваў бы зірнуць на сітуацыю з іншага боку: можа, неправамоцным быў якраз той, стары Саюз, утвораны сілай, бальшавіцкім прымусам? I мы проста адшукалі хай сабе, можа, і не стопрацэнтна дасканалы, але ўсё ж варыянт цывілізаванага выйсця з гэтага гістарычнага тупіка і аднаўлення справядлівасці. Скажыце, хто ў свой час пытаўся ў беларусаў, які шлях ім больш даспадобы?

* * *

I сапраўды — не пыталіся. Гвалтам загналі ў таталітарны бальшавіцкі «рай», а неўзабаве каванымі ботамі сталі выбіваць з душаў усё беларускае, з асаблівым садысцкім імпэтам абрушваючы ўдары на самых неардынарных, таленавітых — на эліту нацыянальнай культуры. Здавалася, што змрок ахутаў шматпакутную зямлю беларусаў назаўсёды, што жалезныя абдымкі крыважэрнага цмока не расціснуцца ніколі... I кінуты ў сібірскі лагер паэт-беларус Шушкевіч, вядома ж, нават у самых дзёрзкіх думках не мог сабе ўявіць, што менавіта ягонаму сыну наканавана праз паўстагоддзя з лішкам стаць адным з тых, хто вынесе канчатковы прысуд ужо калапсуючай савецкай імперыі.

«...Канстатуем, што Саюз ССР, як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне... 8 снежня 1991 года... За Рэспубліку Беларусь — С. Шушкевіч...»


ДАЙСЦІ ДА БЕЛАРУСІ


За ранішнім кубкам гарбаты ён з усмешкаю сказаў жонцы:

— А ведаеш, што сёння прымроілася спрасоння, калі будзільнік пачуў? Што трэба ва універсітэт спяшацца — лекцыю чытаць.

Сказаў без задняй думкі, але адразу ж заўважыў па Ірыніных вачах, што міжволі закрануў балючую для яе тэму. Жонка з самага пачатку была не ў захапленні ад ягонага рашэння стаць палітыкам. Ад дабра дабра не шукаюць. Меў жа цікавую і прэстыжную працу, поспех, што выпадае далёка не кожнаму навукоўцу...

I раптам, усё кінуўшы,— у гэтае пекла. Палітыкам заўсёды і ўсюды на абаранкі добра давалі. Што ўжо казаць пра наш час і пра наша грамадства — хворае, затузанае, узбуджанае. Ды яшчэ са шматгадовай традыцыяй — абавязкова знаходзіць ворага, на якога можна спіхнуць віну за ўсе беды і няўдачы. Для студэнтаў ён быў богам, аракулам — а цяпер кожны, хто не лянуецца, можа вешаць усіх сабак. I не лянуюцца...

Між тым навука на месцы не стаіць. Былыя калегі мкнуць наперад, а ён і ранейшую кваліфікацыю, здаецца, пакрысе страчвае. Хіба што зрэдчас дапаможа сыну камп’ютэр наладзіць... I калі што якое — ці ўдасца вярнуцца на кругі свая, ці не чакаюць наперадзе разбітыя ночвы?

— Ты думаеш пра гэта, Станіслаў?

Ён усміхнуўся:

— Ведаеш, адно добра: пасля тваёй знішчальнай крытыкі мне ўжо любыя дэпутацкія наскокі дробяззю здаюцца...

* * *

Пад вокнамі кватэры чакае чорны службовы лімузін. Час на працу.

«Ну вось, і сам распанеў, як тыя аматары прывілей, якіх некалі так гнеўна бічаваў»,— іранічна адзначыў ён у думках.

У свой час прафесар Шушкевіч прызвычаіўся хадзіць на працу ва універсітэт пехатою. Выдатная размінка! Да таго ж — збіраешся з думкамі, яшчэ раз пракручваеш у галаве сюжэт будучай лекцыі. Хады ж ад дома на вуліцы Адоеўскага да галоўнага універсітэцкага корпуса — хвілін пяцьдзесят. Гэта калі няма нагоды асабліва спяшацца. Ну, а калі час падпірае — можна ўкласціся і ў сорак.

Спакваля прывучыў да рэгулярных шпацыраў і каго-кольвечы з калегаў, што жылі па суседству. У іх коле гэты маршрут атрымаў назву «сцяжыны Шушкевіча».

Ён спрабаваў спачатку хадзіць гэткім жа чынам і ў парламент. Але пра «сцяжыну Шушкевіча» даведалася занадта шмат людзей. Яго раз-пораз пільнавалі то са скаргамі, то з просьбамі, то з транспарантамі... Не адмахнешся ж як ад надакучлівых мух — даводзіцца прыпыняцца, выслухоўваць, адказваць. Зразумеў, што неўзабаве гэткім макарам не дапнеш да працы ўжо і за некалькі гадзін. Здаўся: стаў ездзіць у службовай машыне. Ад другой, на якую па рангу таксама меў права, адмовіўся.

Надзвычай няўтульна было першым часам у тых выпадках, калі разам з нейкім ганаровым госцем з-за мяжы стралой імчыш у ланцугу картэжа з міліцэйскімі «міргалкамі» праз горад, а паабапал увесь рух перакрыты і, вядома ж, вадзіцелі ды пасажыры спыненага транспарту нервова пазіраюць на гадзіннікі... Напачатку і ад аховы хацеў адмовіцца. Але людзі вопытныя пераканалі: гэта ўжо сціпласць залішняя. Потым, калі стаў часцей бываць за мяжой, упэўніўся: без падобнага ні ў адной краіне не абыходзяцца і дзейнасць адпаведных службаў апраўдана і выверана каласальным вопытам. I ганаровых гасцей усюды заведзена прымаць на належным узроўні. I без службовых машын тамтэйшае кіраўніцтва не абыходзіцца. Іншая справа, што на Захадзе высокапастаўленыя асобы страшэнна баяцца хоць на крок выйсці за межы афіцыйна ўсталяваных прывілей, тады як наша кіраўніцкая каста не толькі раздула гэтыя прывілеі звыш усялякай разумнай меры, але і ведае яшчэ безліч «неафіцыйных» спосабаў трохі палепшыць сваё жыццё за казённы кошт...

А ўсё ж ён куды больш камфортна адчуваў сябе зарулём уласных «Жыгулёў» пятай мадэлі! Машына, дарэчы, нягледзячы на свой даволі сталы век, па-ранейшаму ў прыстойнай форме. Толькі цяпер за яе руль садзіцца жонка.

* * *

3 універсітэцкае пары захавалася, аднак, завядзёнка з’яўляцца ў службовым кабінеце на гадзіну раней, чым афіцыйна пачынаецца працоўны дзень. Выдатны, спакойны час, калі не турбуюць тэлефоны, калі можна нетаропка паразважаць пра бліжэйшыя справы, сістэматызаваць іх, прадумаць тактыку вырашэння той ці іншай бягучай праблемы... Або пагутарыць, параіцца з чалавекам, якому асабліва давяраеш. Шушкевічу неаднойчы даводзілася чуць: праявіў, маўляў, мяккацеласць, не разагнаў стары апарат, не набраў сабе «каманду». Цікава, што тыя крытыкі разумеюць пад словам «каманда»? Разганяць апарат ён сапраўды не стаў. Тут — служачыя, што займаюцца перш за ўсё, так бы мовіць, тэхнічным забеспячэннем палітыкі. I ў пераважнай большасці сваёй робяць гэта сумленна, кваліфікавана. А што тычыцца генеравання ідэй, мазгавых атак — гэта ўжо трохі іншая задача, і адпаведная каманда, ён лічыць, ёсць. Тыя, хто ў яе ўваходзіць, не атрымліваюць тут зарплаты, кожны з іх пры сваёй справе: хто ў навуцы, хто ў бізнесе... Гэта добрыя таварышы, аднадумцы. і плячо яны падстаўляюць як след. Іншая справа, што ён не бачыць асаблівай патрэбы афішаваць іх імёны.

* * *

Ягоны кабінет — на пятым паверсе масіўнага жоўтага будынка ў цэнтры Мінска. Да жнівеньскага путчу гэта быў шта6 беларускіх камуністаў.

Прайграўшы бунт супраць грамадскіх перамен, партыя мусіла развітацца і са сваёй маёмасцю, у значнай ступені нажытай за народны кошт...

У свой час яму неаднойчы даводзілася бываць у гэтым будынку па выкліках. Партыйныя багі не заўсёды вызначаліся пунктуальнасцю. Іншым разам просты смяротны гадзіну, а то і болей марнуецца ў прыёмнай, пакуль пра яго не «прыгадаюць». Трэба ж, каб багі паказвалі сваю веліч і тытанічную загружанасць больш маштабнымі справамі. А выкліканы ўсё адно чакаць будзе, нікуды не падзенецца, галубок...

Аднойчы — тады яго «запрасілі» па нейкай справе разам з сакратаром універсітэцкага парткама — Шушкевіч, раз-другі зірнуўшы на гадзіннік, не вытрымаў:

— Ты як хочаш, а ў мяне справы. Перадай прывітанне!

I пайшоў. Такой дзёрзкасці ў гэтых сценах, мусіць, яшчэ не назіралася...

Партыя — дакладней, яе апаратная каста — так і не адчула, што няўмольна надыходзіць іншы час, што яе нахабнае панаванне выклікае ў людзей ужо не страх, а толькі раздражненне і нянавісць. Калі Шушкевіч паклаў на парткамаўскі стол заяву аб выхадзе з КПСС, гэта ўжо не выглядала сснсацыяй. Тады, у тыя месяцы, такіх людзей былі тысячы і тысячы. Непапраўныя артадоксы будуць крычаць услед: «Пярэваратні!».

Шушкевіч згадае тады афарызм класіка пра тое, што сваіх поглядаў не мяняюць адны дурні...

* * *

«Давайце толькі факты!» — рашуча запатрабаваў Шушкевіч ад работнікаў апарату ў першыя дні сваёй працы Старшынёю.

Бо калі трэба было падрыхтаваць даведачны матэрыял па нейкай праблеме, многія па старой завядзёнцы шчодра аздаблялі тэксты пустапарожнімі пасажамі ў стылі бюракратычнага «навамоўя».

За шмат гадоў апарат прызвычаіўся: не кіраўнік піша даклад, а кіраўніку пішуць... 3 кавалкаў, падрыхтаваных у розных аддзелах і службах. амаль што механічна склейваўся гатовы «выраб». Шаноўнаму шэфу заставалася толькі «агучыць» тэкст. У каго-кольвечы і гэта атрымлівалася, на жаль, не бліскуча...

Шушкевіч, атрымаўшы лапідарныя даведкі, узбройваецца ўлюбёнай аўтаручкай з чорным чарнілам і усё астатняе робіць самастойна. У многіх выпадках (калі гэта не штосьці такое звыш-звышафіцыйнае) яму дастаткова для выступу накідаць толькі сціслыя тэзісы. А іншым разам пад настрой ён увогуле адсоўвае паперчыну ўбок і аддае перавагу экспромту, бо хвіліну назад, гледзячы ў вочы аўдыторыі, адчуў: людзі чакаюць менавіта вось гэтых слоў... I тады атрымліваецца, бадай, найлепей.

Быў выпадак, калі дэпутат-ветэран, вядомы дакучлівым пракламаваннем сваіх артадаксальных поглядаў, імпэтна абрынуўся на адну недапушчальную, на ягоны розум, думку, выказаную Шушкевічам у газетнай публікацыі. Ветэран зрабіў з’едлівую выснову: відаць, Старшыня паленаваўся нават прачытаць перад адпраўкай у друк тую бязглуздзіцу, што нехта ад ягонага імя напісаў...

— Прабачце, шаноўны,— звярнуўся Шушкевіч да свайго крытыка,— гэта, мусіць, вы, у адрозненне ад мяне, прызвычаіліся, каб за вас нехта пісаў...

Дэпутату, які падчас свайго выступу сапраўды не адрываў вачэй ад паперчыны, не было чаго адказаць.

* * *

Да пачатку прамой тэлетрансляцыі — некалькі хвілін.

Грымёрка спяшаецца трохі прыпудрыць твары Старшыні і вядучага — інакш будуць блішчэць пад распаленымі юпітэрамі. Папярэдне, каб пудра не трапіла на адзенне, завязвае шаноўнаму госцю студыі экзатычны чырвоны фартух.

Шушкевіч азірае сябе:

— А што, нядрэнна! Можа, так і выйсці ў эфір?

Ён у гуморы, хоць справа чакае нялёгкая. Тут, у студыі, у яго няма ніякіх шпаргалак. Выхад у эфір, як кажуць тэлевізійшчыкі,— «жыўцом».

Успыхвае чырвонае вочка тэлекамеры. Паехалі!

У студыі бесперапынна звоняць тэлефоны, на стол вядучага кладуцца дзесяткі, сотні запісак з толькі што атрыманымі пытаннямі гледачоў. Каго хвалююць маштабныя палітычныя праблемы, каго — адсутнасць гарэлкі ў краме...

Жывы эфір адразу «распранае» таго, хто перад тэлекамерай. Тугадумства, коснаязыкасць, няшчырасць — усё як на далоні. Мабыць, таму ранейшыя кіраўнікі рэспублікі лічылі за лепшае не завітваць у тэлестудыю.

Шушкевіч першы стаў з’яўляцца на экране рэгулярна і гаварыць без паперкі. Так званыя «прамыя лініі» з ім пачалі збіраць ля экранаў зайздросную для палітычных перадач аўдыторыю. За гадзіну эфіру ён звычайна паспявае даць трыццаць-сорак адказаў: лаканічных і ёмістых, калі трэба — эмацыянальных, калі ёсць нагода — жартоўных. Той, хто знаёмы са спецыфікай тэлебачання, ведае: такі дынамічны тэмп можа трымаць далёка не кожны госць студыі...

I што яшчэ адметна — адказы гэтыя гучаць на выдатнай, бездакорнай беларускай мове.

Дарэчы, і ў самім Вярхоўным Савеце толькі з прыходам да кіраўніцтва Шушкевіча праз старшынёўскі мікрафон упершыню загучала спрадвечная мова таго народа, які і выбраў гэты парламент.

* * *

Як жа яе затапталі, закатавалі, нашу мову, калі гэта стала для нас дзівам!

За вершы, складзеныя на роднай мове, дваццаць гадоў адпакутаваў у Сібіры бацька Шушкевіча. А колькі такіх, аб’яўленых «нацыяналістамі», і ўвогуле сталі лагерным пылам... Дзесяцігоддзямі Сістэма няўхільна праводзіла на Беларусі цынічную, езуіцкую палітыку русіфікацыі. А сёння духоўныя нашчадкі Сістэмы (якія, дарэчы, і мовячы па-руску, у масе сваёй далёка не выглядаюць Цыцэронамі) натужліва крычаць на мітынгах ды і ў парламенце: «Какая мова?! Да посмотрите — народ ее знать не хотит!»

I то сказаць: як ён яшчэ ўвогуле выжыў, гэты народ.

* * *

Неяк адзін з дэпутатаў, даводзячы з трыбуны, што беларуская мова нікому не патрэбная, стаў спасылацца на даныя сацыялагічнага апытання.

— Прабачце, а выбаркі рэпрэзентатыўныя? — пацікавіўся Шушкевіч.

Бядак страшэнна збянтэжыўся і як вады ў рот набраў. Хутчэй за ўсё, увогуле ўпершыню чуў гэты тэрмін.

На жаль, з першых жа дзён працы гэтага складу парламента незайздросны ўзровень эрудыцыі і палітычнай культуры прадэманстраваў далёка не адзін дэпутат... У Вярхоўны Савет прыйшлі пераважна палітыкі-дылетанты. Нават тыя, хто ўжо не адзін год меў дачыненне да дзяржаўных спраў, былі абсалютна не гатовыя да новых «правілаў гульні», бо засвоілі зусім іншыя правілы: без усіх гэтых працэдур, дэбатаў і іншых дэмакратычных «штучак», а проста — як сказаў, так падначаленыя павінны і зрабіць...

I гэтая акалічнасць ужо сама па сабе — нават калі не браць пад увагу спецыфіку поглядаў большасці — вызначыла не надта вялікі стваральны патэнцыял выбранага ў 1990-ым Вярхоўнага Савета.

Напачатку парламент безнадзейна блытаўся ўжо на стадыі працэдурных пытанняў. 3 прыходам на кіруючую пасаду Шушкевіча сесіі, дзякуй Богу, сталі трохі меней нагадваць бязладны калгасны сход. Праўда, гучалі і крыўды: маўляў, Старшыня паводзіць сябе на пасяджэннях занадта ўладна, па-дыктатарску, «затыкае рот»... Але ў хуткім часе адчулася: у парламенце з’явіўся нарэшце сапраўдны спікер, які дасканала вывучыў працэдуру, умела ўціхамірвае бязладдзе, лагічна і доказна прапануе аптымальны варыянт абмеркавання таго ці іншага складанага пытання. Карацей кажучы, вядзе рэй так, як і належыць спікеру.

Безумоўна, і сам Шушкевіч спасцігаў шмат якія сакрэты палітычнага рамяства, ужо «ўвязаўшыся ў бойку» і атрымліваючы кухталі. Абклаўся кнігамі палітолагаў, перш за ўсё замежных (пра белстрыстыку, чытанне «для душы» давялося, як ні сумна, практычна забыць).

На жаль, айчыннае палітычнае жыццё занадта доўга працякала ў вельмі спецыфічных умовах, таму вартасць адпаведных тэарэтычных прац, напісаных савецкімі аўтарамі, сёння можна ацаніць, як правіла, толькі макулатурным коштам змарнаванай на гэтыя фаліянты паперы. Не дзіўна, што такое, напрыклад, паняцце як «іміджмейкінг» для большасці нашых палітыкаў — цёмны лес. Шушкевіч спасцігаў яго ў свой час інтуітыўна. Ды і цяпер не мае ў сваім штаце тых, хто б прафесійна дапамагаў «ляпіць вобраз». Тым не менш, прагледзеўшы падараваныя за мяжой відэакасеты з запісамі некалькіх сваіх выступленняў, зрабіў выснову, што вялікіх падстаў для роспачы няма...

I ўсё ж, адказваючы напрыканцы 1992 года на пытанне карэспандэнта газеты «Звязда» — маўляў, ці можаце вы ўжо назваць сябе палітыкам — Шушкевіч выглядаў самакрытычна: «Не. Але я не лічу палітыкамі

і многіх, хто тут так называўся і называецца па сённяшні дзень. Каб прафесійна займацца гэтай справай, трэба перш за ўсё мець адпаведную адукацыю ў галіне паліталогіі. У мяне стыхійная адукацыя ў гэтай галіне, а на інтуіцыі тут далёка не паедзеш. I калі я нават адчуваю сябе палітыкам, калі здаецца, што нешта людскае зрабіў — удалося, напрыклад, адстаяць у міжнародных перамовах нашы інтарэсы, пазіцыі,— пасля я пераконваюся, што выкарыстаў ардынарны прыём, які ўвайшоў у падручнікі...»

На жаль, у многіх дэпутатаў да гэтых падручнікаў увогуле рукі не дойдуць.

Дарэчы, менавіта перавага ў эрудыцыі, тактычным мысленні, прамоўніцкім майстэрстве не аднойчы дапаможа маленькай апазіцыі валіць у пыл парламенцкую большасць, як Давід Галіяфа.

Шушкевічу ж будзе надзвычай цяжка працаваць яшчэ і таму, што тая самая большасць стане раз за разам з асалодай «заразаць» прапануемых ім кандыдатаў на вакансію намесніка Старшыні.

Шмат часу з першых жа дзён пачала адбіраць і адрасаваная на яго імя пошта. Шушкевіч узяў за правіла асабіста знаёміцца практычна з усімі такімі лістамі. Іншая справа, што далёка не усе пытанні, узнятыя у тых зваротах, уваходзяць у кампетэнцыю Старшыні. Простыя грамадзяне ў масе сваёй пакуль што, на жаль, не ўсвядомілі як след, што такое падзел уладаў. За шмат гадоў існавання Сістэмы людзі прызвычаіліся да таго, што ў рэспубліцы абавязкова ёсць «першы», «гаспадар» — так клікалі за вочы вышэйшых партыйных босаў, карацей, чалавек, якому падуладна ўсё. Адсюль — і крыўды на Старшыню, калі накіраваны на яго імя ліст перапраўляецца для прыняцця адпаведных захадаў у нейкую інстанцыю. I паспрабуй растлумач, што мы ж нездарма абвясцілі лозунг прававой дзяржавы, што не можа ён, Шушкевіч, росчыркам уласнага пяра «караць і мілаваць», як колішнія самадзержцы!

3 іншага боку, ліст да Старшыні — гэта нярэдка жэст гранічнага адчаю, калі чалавек прайшоў ужо ўсе «колы пекла» і канчаткова зняверыўся, што можна знайсці справядлівасць у кабінетах мясцовых ды ведамасных чынуш.

Атрымаўшы мноства скаргаў ад жыхароў Барысава, Шушкевіч пабываў у гэтым горадзе восенню 1992-га. I на свае вочы ўбачыў: большасць з таго, пра што яму з абурэннем пісалі,— чыстая праўда. Ён звярнуўся да мясцовых кіраўнікоў з заклікам навесці ў горадзе парадак. Але тыя закасалі рукавы зусім з іншай мэтай... Яны вырашылі правучыць Старшыню. Кіраўнік гарсавета Шыдлоўскі заявіў, што Шушкевіч, маўляў, займаецца папулізмам, «заклікае да перавароту ў горадзе»..

3 паўгода сачыла прэса за развіццём «барысаўскага канфлікту». Адмысловая праверка афіцыйна выявіла цэлы букет непарадкаў у «гаспадарцы» Шыдлоўскага. Але ў выніку, атрымаўшы ад абласных уладаў толькі чыста сімвалічныя спагнанні, барысаўскія кіраўнікі наглядна прадэманстравалі сваю «непатапляльнасць».

Высілкі Старшыні не аднойчы будуць такім вось чынам грузнуць у магутнай, глыбока эшаланіраванай абароне старой наменклатурнай гвардыі, намёртва з’яднанай кругавой парукай. Шушкевіч адчуе: прабіць брэшы ў гэтай абароне дапаможа толькі новая, дэмакратычная рэдакцыя закона аб мясцовым кіраванні, калі кіраўнікоў пачнуць абіраць усе дарослыя жыхары адпаведнага горада ці рэгіёна.

Ён пачне настойліва паўтараць гэту ідэю ў сваіх выступленнях і інтэрв’ю, чым адразу ж выкліча дадатковае раздражненне «князькоў». Да пары да часу яны закусяць губу...

* * *

Нягледзячы на адсутнасць намесніка, удалося з цягам часу арганізаваць сваю працу так, каб не заседжвацца ў кабінеце да ночы. Іншы начальнік лічыць такое няспанне вялікай доблесцю: паглядзіце, маўляў, як дбаю я пра інтарэсы справы, як «гару на рабоце». У Шушкевіча крытэрый іншы: калі «зашыўся» — значыць, дрэнна спланаваў і арганізаваў свой дзень, не здолеў размеркаваць руцінную працу паміж падначаленымі. Ды і які з цябе назаўтра работнік са свінцовай ад ператамлення галавой?.. (Адно толькі: пашастаць, як раней, па дарозе дадому ў пошуках такіх-сякіх пакупак па крамах — ужо не выпадае...)

Ён узяў за правіла даваць сабе паўнацэнны адпачынак і ў выхадныя. Усе думкі аб працы — убок. А найлепшы адпачынак — пацюкаць малатком ці пазавіхацца каля бетонамяшалкі на будаўніцтве сваёй загараднай «вілы», дзе фронт работ яшчэ шырачэзны. Для яго гэтае будаўніцтва так і засталося індывідуальным у самым натуральным сэнсе.

Аднойчы, наступіўшы там на цвік, пракалоў нагу. Журналісты, даведаўшыся, адразу ж растыражавалі навіну. Ён з гумарам адзначыў: для палітыка, ва ўсякім разе, гэта не самы горшы «пракол», пра які піша прэса...

Між тым друк пачаў раз за разам выцягваць на свет Божы даволі непрывабныя факты, звязаныя з імёнамі тых ці іншых «шышак». У рэспубліцы цішком пайшоў працэс, які ў народзе трапна ахрысцілі «прыхватызацыяй». Пакуль тармазілася прыняцце заканадаўства, што адкрыла б шлях да справядлівай прыватызацыі з удзелам радавых грамадзян, Савет Міністраў прыняў «часовыя» рашэнні, пад прыкрыццём якіх найменш абцяжараныя маральнымі прынцыпамі «тузы» пачалі жвава прыбіраць да сваіх рук спакуслівыя кавалачкі дзяржаўнай маёмасці. Адным з улюбёных стаў, напрыклад, спосаб, калі гэтая маёмасць па «ну, ве-ельмі смешных» цэнах спускаецца новаствораным прыватным фірмам, дзе на ключавых ролях апынуліся сваякі і сваячкі шаноўных босаў. Колішнія палымяныя змагары супраць «буржуазнай ідэалогіі» аказаліся на дзіва ўвішнымі бізнесменамі...

На непрывабных справах быў схоплены за руку і хто-кольвечы з дэпутатаў.

У інтэрв’ю «Народнай газсце» у лістападзе 1992-га Шушкевіч пракаменціраваў гэта так: «Каб, напрыклад, мяне ў друку абвінавацілі ў тым, у чым абвінавацілі асобных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь,— прабачце, я або застрэліўся б, каб змыць ганьбу са сваіх дзяцей, калі б гэта была праўда, альбо хаця б падаў у адстаўку. А калі б не адчуваў за сабой віны, то бараніў бы свой гонар. Калі ж людзі не ўзбуджаюць справу аб паклёпніцтве і не змагаюцца за сваю рэпутацыю ў судзе, што застаецца думаць? Можа, яны лічаць, што «сорам не дым, вочы не выесць»? Што ўсё неяк пакрысе забудзецца? Я лічу, што гэта проста не да твару народнаму дэпутату. Трэба ж мець хоць нейкі гонар! На жаль, я не бачу такой маральнасці ў тых, у каго яна павінна быць».

Увогуле ягоныя ацэнкі дэпутацкага корпуса, іншых кіруючых структур, усёй старой плеяды «адказных работнікаў» пачалі гучаць больш рэзка. У інтэрв’ю італьянскаму інфармацыйнаму агенцтву «АНСА» ў чэрвені 1993-га Шушкевіч выказаўся адкрытым тэкстам: «Прывыкнуўшы працаваць у ранейшай жорсткай камандна-адміністрацыйнай сістэме, гэтыя людзі перабудавацца ўжо не могуць».

I гэтыя словы яму таксама неўзабаве прыгадаюць...

* * *

Да таго як Шушкевіч стаў дзяржаўным лідэрам, за мяжой яму давялося пабываць усяго некалькі разоў, ды і то выключна ў краінах, што ўваходзілі тады ў так званы сацыялістычны лагер,— Польшчы, ГДР, Югаславіі. Гэта былі не турыстычныя ваяжы — абменьваўся вопытам з калегамі, чытаў лекцыі. Вельмі дарэчы сталіся ўрокі польскай, атрыманыя некалі ад маці і бабулі. Дарэчы, у Югаславію ў 1966-ым і ў Польшчу ў 1974-ым давялося ехаць праз... Маскву, бо папярэдне належала прайсці адмысловы інструктаж у ЦК КПСС. Як выглядалі тады такія інструктажы, можна добра ўявіць па сатырычных песнях Уладзіміра Высоцкага... Савецкім грамадзянам строга прадпісвалася быць за мяжой наглуха зашпіленымі на ўсе гузікі — і ў пераносным, і ў прамым сэнсе. Памятаецца забаўны эпізод: падчас калёквіуму ў Любляне ў аўдыторыю зайшоў хударлявы барадаты чалавек у шортах (а дзень быў сонечны, гарачы) і спакойна прымасціўся проста на сходах. «Хто гэта?» — ціха пацікавіўся Шушкевіч у суседа. I пачуў імя знакамітага заходняга навукоўца. Аслабаняючы неўпрыкмет вузел гальштука, падумаў: нашага за такую вольнасць адразу б у парткам павалаклі...

Пасля распаду Савецкага Саюза свет напачатку пільна прыглядаўся: што ж гэта за новыя незалежныя дзяржавы, наколькі ўсё гэта сур’ёзна, ці варта з імі мець справу? Ішоў зандаж сітуацыі. I першыя паездкі лідэра маладой суверэннай Беларусі за мяжу не мелі характару афіцыйных міждзяржаўных кантактаў. Так, напачатку 1992-га яго запрасілі на Сусветны эканамічны форум у Швейцарыю. Трое беларускіх прадстаўнікоў прыляцелі туды звычайным пасажырскім авіярэйсам. Шушкевіч змог грунтоўна пагутарыць з шэрагам дзяржаўных дзеячаў розных краін, што ўдзельнічалі ў форуме.

— А што ж вы без аховы гуляеце? — пацікавіўся ў яго нехта з суразмоўцаў.

Шушкевіч не збянтэжыўся, кіўнуў на свайго памочніка Леаніда Камарова:

— А вось Леанід Захаравіч тут адзіны ў дзвюх асобах.

Вядома ж, узброены быў Камароў хіба што аўтаручкай з зарадам чарніла. Гэта потым, калі свет болей даведаецца пра маладую краіну, надыдзе час афіцыйных візітаў і на борце лайнера з выявай бел-чырвона-белага сцяга і надпісам «Беларусь» на фюзеляжы, вядома ж, знойдзецца месца і для сімпатычных дужых хлопцаў з адпаведнай службы.

А тады... Не абышлося і без кпінаў, праўда, не з боку іншаземцаў, а з-пад пяра лідэра Беларускага народнага фронту. Пасля першай паездкі Шушкевіча ў Германію Зянон Пазьняк надрукаваў з’едлівы артыкул: сорам, маўляў,— кіраўнік незалежнай дзяржавы разменьваецца на запрашэнні нейкіх другаразрадных закардонных арганізацый...

Але тыя першыя кантакты не сталіся марнымі. Спакваля, кажучы мовай фізікі, нарошчвалася іх крытычная маса. У той самы час хто-кольвечы з урадавых асоб Беларусі, вярнуўшыся з-за мяжы, пераможна абвяшчаў: пашчасціла дамовіцца аб пастаўцы бясплатнай партыі апельсінаў! Шушкевіч вяртаўся ў Мінск без апельсінаў. Аддаючы належнае гуманітарнай дапамозе, ён, аднак, з самага пачатку зрабіў акцэнт на іншыя прыярытэты. Каб хутка мадэрнізаваць эканоміку рэспублікі, патрэбны выгадныя замежныя крэдыты, буйныя інвестыцыі. Трэба пераканаць заходніх партнёраў, што яны такім чынам не выкінуць грошы на вецер. А гэта вельмі няпроста, улічваючы, што ў беларускім парламенце з упартасцю, вартай лепшага ўжывання, тарпедуюцца законы, закліканыя даць прастору развіццю цывілізаванай рыначнай эканомікі, забяспечыць надзейныя гарантыі замежным інвестарам... Пасля адной з паездак Шушкевіч мусіў жорстка канстатаваць на прэс-канферэнцыі: «Нас у Еўропе ніхто асабліва і не чакае». I патлумачыў: «У рамках еўрапейскай інтэграцыі мы з працягнутай рукой нікому не патрэбны. Беларусь могуць успрымаць толькі як раўнапраўнага партнёра, здольнага садзейнічаць развіццю». У іншых гутарках з журналістамі ён таксама неаднойчы падкрэсліць гэтую думку: ніхто не збіраецца браць нас на ўтрыманне, ніхто не пройдзе за нас наш шлях.

* * *

Тым не менш у кабінетах заходніх дзеячаў усё часцей пачыналі з цікавасцю адшукваць на карце невялікую новую дзяржаву ў цэнтры Еўропы. Пакрысе бралася пад увагу ўсё: і нарастанне працэсаў ломкі Сістэмы, і адметнае геапалітычнае становішча Беларусі, і адносная развітасць яе эканомікі, і адсутнасць сур’ёзных міжэтнічных калізій, і традыцыйна памяркоўны менталітэт насельнікаў гэтага краю...

Асаблівыя ж сімпатыі ў свеце выклікалі рашучыя крокі маладой незалежнай краіны ў напрамку ўмацавання міжнароднай бяспекі. Беларусь адразу ж выказала жаданне найхутчэй пазбавіцца ад страшэннай ядзернай спадчыны Саюза, ад дзесяткаў усталяваных тут некалі маскоўскімі стратэгамі ракет, кожная з якіх магла б пахаваць, бадай, цэлую еўрапейскую краіну сярэдняй велічыні...

26 лютага 1992 года ў Хельсінкі Станіслаў Шушкевіч падпісаў ад імя сваёй рэспублікі Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. Выступаючы на ўрачыстай цырымоніі ў палацы «Фінляндыя», беларускі кіраўнік сцісла, але ёміста сказаў пра тое, чаму ідэя міралюбства так моцна валодае свядомасцю ягонага народа: «На працягу стагоддзяў, ні на кога не нападаючы, але знаходзячыся на геаграфічным і гістарычным раздарожжы, мая Радзіма пастаянна была арэнай спусташальных ваенных сутыкненняў паміж яе суседзямі. Ахвяры нашага народа каласальныя. Толькі апошняя сусветная вайна, паводле апошніх даных, забрала жыццё амаль кожнага трэцяга з 10-мільённага насельніцтва Беларусі.

Стагоддзі фізічнага знішчэння народа спалучаліся з яго духоўным падаўленнем. Сціплым і цярплівым беларусам унушалі, што такога народа наогул няма, што яго мовы — адной з самабытных і старажытнейшых славянскіх моў — таксама няма, што ў яго няма ні гісторыі, ні культуры. Нацыянальныя святыні і культурныя рэліквіі, якія цудам захаваліся пасля нашэсцяў заваёўнікаў, былі вывезены ў музеі іншых краін.

Як гэта ні горка, але наш народ, які змог выжыць і адстаяць сваё нацыянальнае «я» ў крывавых бойнях і прыгнётах мінулага, напаткала новая страшная трагедыя — чарнобыльская катастрофа, якая ўсеяла радыеактыўным попелам нашу краіну і паставіла пад сумненне захаванасць генафонду беларускай нацыі. Пацярпеўшы больш за ўсіх у гэтай бядзе, мы спадзяёмся на сумесную дапамогу і падтрымку з боку еўрапейскіх дзяржаў, многія з якіх згубнае чарнобыльскае воблака таксама не абышло.

Я думаю, з улікам сказанага не трэба растлумачваць, чаму ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь дакладна сфармулявана мэта — зрабіць рэспубліку нейтральнай дзяржавай, а яе тэрыторыю — бяз’ядзернай зонай. Для Беларусі гэта — гістарычная неабходнасць, выказаная ў волевыяўленні нашага народа і парламента».

4 лютага 1993 года Вярхоўны Савет Беларусі ратыфікаваў Дагавор аб скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў (СНУ-1) і Лісабонскі пратакол да яго. Было прынята таксама рашэнне аб далучэнні да Дагавора аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. Неўзабаве Шушкевічу патэлефанаваў новы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан. Вітаючы міралюбівы курс Беларусі, ён запэўніў, што ягоная краіна прадаставіць маладой рэспубліцы гарантыі бяспекі, фінансава і тэхнічна дапаможа працэсу раззбраення. Меней чым праз паўгода, у ліпені, Вашынгтон цёпла сустрэне афіцыйную беларускую дэлегацыю. «Я нават здзівіўся такому добраму стаўленню да Рэспублікі Беларусь, такой павазе да яе пазіцый»,— скажа журналістам Станіслаў Шушкевіч. Падчас візіту была прынята сумесная дэкларацыя аб адносінах паміж ЗША і Беларуссю, якая акрэсліла спрыяльныя перспектывы супрацоўніцтва ў самых розных сферах.

Лайнер з выявай бел-чырвона-белага сцяга раз за разам бярэ курс на замежныя сталіцы. На працягу 1992—1993 гадоў Шушкевіч на чале афіцыйных дэлегацый сваёй краіны праводзіць плённыя перамовы з кіраўніцтвам Францыі, ФРГ, Кітая, Польшчы, Румыніі...

Не застаецца па-за ўвагай і так званае блізкае замежжа — былыя савецкія рэспублікі. У той час як працягваюць бязлітасна знішчаць адзін аднаго армяне і азербайджанцы, калі не сціхае дыпламатычная перастрэлка паміж Расіяй і краінамі Балтыі, калі спрэчкі за Чарнаморскі флот і ядзерныя боегалоўкі раз-пораз напаляюць да крытычнай тэмпературы стасункі паміж Масквой і Кіевам,— Беларусь упэўнена мацуе ўзаемаразуменне з суседзямі.

Удалося дамовіцца з Расіяй, каб яна хутчэй, чым меркавалася, ачысціла беларускую зямлю ад ядзерных ракет. Адна з сустрэч Шушкевіча з Леанідам Краўчуком адбылася на поўдні Беларусі, на Гомельшчыне, дзе, як высветлілася толькі ў наш час, загінуў на савецка-германскім фронце і быў пахаваны бацька ўкраінскага прэзідэнта. Вось так, бывае, і асабісты душэўны боль яшчэ раз нагадвае пра перапляценне гістарычных лёсаў двух народаў...

Таксама цесна перапляла гісторыя лёсы беларусаў і літоўцаў. Як вядома, у часы сярэднявечча яны жылі ў адзінай дзяржаве — Вялікім княстве Літоўскім.

У апошнія гады гісторыкі дзвюх рэспублік разгарнулі зацятую палеміку: кожнаму боку хочацца давесці, што менавіта ягоны народ дамінаваў у жыцці княства. Не абмінула спрэчка і тэрытарыяльную праблему... 3 падобных спрэчак, дарэчы, некалі пачыналася карабахская трагедыя. Лідэрам Літвы і Беларусі ўдалося паразумецца, канстатаваць узаемную адсутнасць тэрытарыяльных прэтэнзій, дамовіцца аб сумесным клопаце пра інтарэсы беларускіх літоўцаў і літоўскіх беларусаў. Станіслава Шушкевіча цёпла вітаў Вільнюс, Вітаўтаса Ландсбергіса і Альгірдаса Бразаўскаса — Мінск.

...Няўрымслівыя крытыкі не аднойчы за гэты час патэтычна ўсклікалі: «У рэспублікі няма сапраўднай канцэпцыі знешняй палітыкі! Мы плывём без руля і без ветразяў!» Што ж, маладая беларуская дыпламатыя і сапраўды яшчэ шмат чаму вучыцца, што-кольвечы спасцігае на памылках. Але і таго, што на нас не глядзяць спадылба суседзі, што Беларусь прыкмецілі — і здаецца, не з горшага боку — у свеце, для пачатку, бадай, не так ужо і мала.

* * *

У гэты самы час Шушкевіч паспеў даволі паездзіць і па Беларусі — Барысаў, Орша, вёскі Магілёўшчыны... I хоць падчас публічных сустрэч вострыя пытанні сыпаліся як з мяшка, звычайна зала праводзіла Старшыню воплескамі.

Часам даводзілася твар у твар сутыкацца з палітычнымі антыподамі, якія не выбіралі дыпламатычных выразаў...

Так, аднойчы, на самым пачатку сустрэчы з афіцэрамі-вайскоўцамі, бы Піліп з канапель, выскачыў наперад маёр з палаючымі лютасцю вачыма. Ён абрынуўся з праклёнамі за «развал» Саюза і адзінай савецкай арміі: там, маўляў, так выдатна служылася, а вось цяпер, калі вайскоўцы трапілі пад юрысдыкцыю Беларусі, усё дрэнна... Назваўшы белавежскае пагадненне здрадай, маёр закончыў філіпіку пагрозлівым рытарычным пытаннем:

— А вам вядома, што заўсёды рабілі са здраднікамі на Русі?!

— Пачнём з таго, што вы не на Русі, а ў незалежнай Беларусі,— спакойна заўважыў Шушкевіч.

Выслухаўшы іншых афіцэраў (больш ніхто з іх не дазволіў сабе хамства, але пра свае шматлікія праблемы — і прафесійныя, і бытавыя — кожны гаварыў з болем, а то і крыўдай), Старшыня ўзяў слова. У яго не было напісанага тэксту, але выступ прагучаў фантастычна бездакорна і пераканаўча — на гэтай думцы сышліся потым усе журналісты, што былі ў зале.

Шушкевіч на канкрэтных лічбах паказаў, да якой неверагоднай ступені перанасычана Беларусь войскам і ўзбраеннямі. «Людзей з ружжамі» прыпадае тут на душу насельніцтва прыкладна ў пяць разоў болей, чым гэта лічыцца нормай у цывілізаваных краінах! Вось вынік старой, імперскай ваеннай дактрыны, і рэспубліцы такія каласальныя ўзброеныя сілы зусім не патрэбны. Можна было б проста адправіць лішніх вайскоўцаў на ўсе чатыры бакі... «Беларусь і не прэтэндавала б на тое, каб браць пад сваю юрысдыкцыю ўсё войска на яе тэрыторыі,— зазначыў Шушкевіч.— Але ж чые вы тады будзеце? Каму станеце прад'яўляць прэтэнзіі?»

Шмат хто з афіцэраў у зале, бадай, упершыню асэнсаваў гэтую элементарную, здавалася б, ісціну. Саюза ўжо няма, ад савецкай арміі засталіся толькі пагоны з зорачкамі, і трэба ацаніць высакародства беларусаў, што разумеюць драму людзей, якіх службовы лёс сюды закінуў... Разумеюць — і як могуць дзеляцца жытлом, прадуктамі, усім, чаго і так небагата. Утрыманне войска ды змаганне з чарнобыльскай бядою «з’ядаюць» аж чвэрць рэспубліканскага бюджэту... I ўсё ж беларускае кіраўніцтва дало афіцэрам досыць часу, каб падумаць, ці гатовы яны прыняць прысягу на вернасць рэспубліцы, вырашыла скарачаць войска плаўна, па магчымасці бязбольна для лёсу службоўцаў, прадугледзела шэраг захадаў, якія ў бліжэйшы час падмацуюць матэрыяльна-бытавое становішча людзей у пагонах...

У канцы сустрэчы ўзняўся хтосьці з афіцэраў:

— Даруйце нам, Станіслаў Станіслававіч, за таго маёра...

А праводзілі Шушкевіча стоячы, пад дружныя воплескі.

Вядома, наіўна было б меркаваць, што гэтая сустрэча як рукой здыме вайсковыя праблемы. Працэс стварэння беларускага войска — сучаснага, кампактнага, заснаванага на прынцыпах выключна абарончай дактрыны і, што надзвычай важна, шчыра адданага народу гэтай зямлі — будзе натыкацца не толькі на бюджэтныя цяжкасці, але і на ўпартае супраціўленне тых высокіх чыноў у мундзірах, што так і не змогуць пазбавіцца тугі па часах імперыі. А хто-кольвечы будзе муціць ваду не з-за ідэйных псракананняў, а проста таму, што за час вайсковага бязладдзя прызвычаіўся грунтоўна ўладкоўваць свой «суровы» быт за кошт казённай маёмасці ды дармавой салдацкай працы.

I ўсё ж надыдзе дзень, калі над урачыстым строем залунаюць словы клятвы на вернасць народу Беларусі. Прысягу прымуць практычна ўсе афіцэры. Беларускае войска пачне сваю гісторыю. I дай Божа, каб яму заўсёды даводзілася страляць толькі на палігонах.

* * *

Хіба ж не нонсенс: руплівы народ, спрадвеку прызвычаены да сёмага поту шчыраваць на ніве, сёння не можа як след сябе пракарміць?

Сталін, гвалтам зганяючы сялян у калгасы, абяцаў краіне прадуктовы рай. Сёння нашыя суайчыннікі душацца ў чэргах за дрэннай каўбасой і намазваюць на скібкі заморскае «гуманітарнае» масла.

Сталінская мадэль калектыўнага гаспадарання на зямлі пацярпела фіяска. Перш за ўсё таму, што не стала сапраўднага гаспадара.

Вядома, бязглузда было б заклікаць сёння да бязлітаснага руйнавання калгасна-саўгаснага ладу. На гэтым ужо апякліся суседзі беларусаў — літоўцы. Але тое, што гранічна неабходна даць на вёсцы прастору прыватнай ініцыятыве,— бясспрэчна... Логіка ж эканамічнага развіцця ўсё расставіць па сваіх месцах...

Такія ці прыкладна такія меркаванні Шушкевіча шмат разоў за апошнія гады гучалі ў самых розных аўдыторыях.

Здавалася б, якія могуць быць пярэчанні супраць аргументаванай і памяркоўнай праграмы пераўтварэнняў у аграрным сектары?

Аказалася, могуць. Сістэма сфарміравала слой аграрных начальнікаў, якім надзвычай па сэрцу сталася роля ўсемагутных, непадзельных валадароў сваіх «латыфундый». Каб яшчэ нейкія там фермеры вока мазолілі?! А калі заўтра ўсе фермерамі стаць захочуць?

Вось гэта і палохала болей за ўсё. Калі кожны пачне гаспадарыць на ўласнай зямлі і на свой розум, што застанецца рабіць аграрнаму «правадыру» з усёй ягонай канторай? Кім камандаваць?

Маючы прыкметную моц у парламенце, апалагеты татальнага калгасна-саўгаснага ладу не шкадавалі высілкаў, каб «забадаць» ці хоць знявечыць ненавісныя ім законапраекты. 3 вялікімі цяжкасцямі, у пашкуматаным выглядзе ўбачыў свет закон аб фермерскай гаспадарцы. Ён яшчэ не даваў права прыдбаць зямлю, а толькі дазваляў атрымаць надзел у асабістае карыстанне. Але ж і дзеля гэтага трэба ісці на паклон да мясцовых «князькоў»! Адусюль да Шушкевіча паляцелі слёзныя скаргі: учыняецца суцэльны здзек! Ці ўвогуле адмаўляюць у зямлі, ці даюць такія пусткі, дзе сто гадоў нічога не вырасце... I нават калі ўчастак выдзелены, у арсенале «князька» застаецца багата дзейсных метадаў, каб той небарака, што рызыкнуў падацца ў фермеры, хутка згадаў прымаўку дзядоў наконт Маркі, што трапіў у пекла.

У адным з газетных інтэрв'ю Шушкевіч эмацыянальна назваў гэтых адыёзных ваяроў за старыя парадкі на вёсцы «чырвонымі памешчыкамі». Які ўзняўся вэрхал! Ледзь ці не ўвесь корпус калгасных старшынь і саўгасных дырэктараў палічыў гэта за страшэнную абразу свайго гонару. Група разгневаных аграрных начальнікаў пагражала нават падаць на Старшыню Вярхоўнага Савета ў суд...

Сапраўдны бой давялося вытрымаць Шушкевічу і падчас абмеркавання законапраекта аб праве ўласнасці на зямлю, які абяцаў даць дадатковы штуршок прагрэсіўным пераўтварэнням на вёсцы, падтрымаць фермерства. Ягоныя праціўнікі імкнуліся любой цаной замацаваць у законе тэзіс аб калектыўнай уласнасці. Пры слове «прыватная» шмат каго з іх аж трэсла...

«Калектыўную ўласнасць» высмакталі з пальца перш-наперш для таго, каб затлуміць мазгі простым калгаснікам, сыграць на недасведчанасці многіх з іх у юрыдычнай сутнасці праблемы. Людзей сталі палохаць: раз Шушкевіч супраць калектыўнай уласнасці, значыць, наважыўся ў імгненне вока разагнаць усе калгасы і зрабіць вас жабракамі... Быў нават выпадак, калі масу збітых з панталыку вяскоўцаў з шэрага раёнаў арганізавалі, пасадзілі ў адмыслова заказаныя аўтобусы і накіравалі ў Мінск — пратэставаць, давіць Старшыні на псіхіку. Многія з удзельнікаў той «акцыі пратэсту» нават і не падазравалі, што пра калектыўную ўласнасць не згадваецца і ні ў адным з існуючых законаў...

Напрыканцы 1992-га, калі Шушкевіч ездзіў па Магілёўшчыне, у адной з вёсак на яго заўзята насеў дырэктар мясцовай гаспадаркі, імкнучыся даказаць, што без калектыўнай уласнасці на зямлю аграрнаму сектару — труба...

— Прабачце, а што вы разумееце пад калектыўнай уласнасцю?

— Ну, вядома ж, што — калгасы!

— Дык а хіба ж калгас карыстаецца не дзяржаўнай зямлёю?

Дырэктар напачатку сумеўся, а потым вырашыў ударыць пад дых: маўляў, можа ў ядзернай фізіцы, Станіслаў Станіслававіч, вы і вялікі знаўца, а вось у сельскіх праблемах, відаць, не вельмі...

Шушкевіч парыраваў імгненна:

— Ведаеце, ва ўсякім разе, заўсёды адрозню карову ад свінні.

Загрузка...