Падчас сваіх паездак па рэспубліцы Старшыня як мог тлумачыў людзям, што ідзе несумленная гульня... Вось што казаў ён, выступаючы ў Горацкай сельгасакадэміі ў снежні 1992-га:

— У сучасны момант у нас ёсць толькі дзяржаўная ўласнасць на зямлю. I пра гэта забываюцца не толькі простыя людзі, але і вельмі адукаваныя прафесары і акадэмікі. I калі я выступаю супраць калектыўнай уласнасці на зямлю па адной простай прычыне — я не ведаю, што гэта такое, то яны пачынаюць сцвярджаць, што я супраць калгасаў і саўгасаў. Але ж гэта не так! У нас ніколі не было калектыўнай уласнасці на зямлю, але калгасы і саўгасы існавалі. Існуюць яны і зараз. I ніхто ім не пагражае. Іншая справа, што калі чалавек хоча, каб яго гаспадарку ніхто не адабраў, не зруйнаваў, то патрэбна заканадаўчае забеспячэнне яго інтарэсаў... Таму нам трэба разглядаць дзве формы ўласнасці: дзяржаўную і прыватную.

...Доўгая, вострасюжэтная барацьба вакол гэтага закона закончылася ў чэрвені 1993-га поўнай перамогай Шушкевіча і ягоных аднадумцаў. У выніку «калектыўную ўласнасць» без слёз пахавалі нават тыя парламентарыі, што напачатку, здавалася, гатовыя былі самі легчы за яе касцьмі.

* * *

Але трыумфаваць даводзілася далёка не так часта, як хацелася б.

Ва ўпартую, знясільваючую і малапрадукцыйную барацьбу палярных падыходаў вылілася абмеркаванне праекта новай Канстытуцыі рэспублікі. 3 тым, што старая, створаная ў часы непадзельнага панавання камуністычнага рэжыму, стала анахранізмам, не мог спрачацца ўжо ніхто. Але на гэтым кансенсус і скончыўся...

Кансерватары цвёрда паставілі сабе на мэце працягнуць у новы Асноўны Закон максімум палажэнняў, што дазволілі б зберагчы, а то і ўмацаваць далёка не разбураны яшчэ падмурак Сістэмы. У трохі больш моднай абгортцы падсоўваўся той самы заляжалы тавар...

Для прыхільнікаў жа рашучай ломкі старога ладу цяжкасць была яшчэ і ў тым, што ідэолагі Сістэмы, трэба аддаць належнае, навучыліся спрытна маніпуляваць лозунгам сацыяльных гарантый. Люмпенская псіхалогія «роўнасці ў беднасці» пусціла, на жаль, глыбокія карані у масавай свядомасці. Шмат хто прызвычаіўся да гэтага сурагату сацыяльнага шчасця: практычна незалежна ад тваіх здольнасцяў і ступені працоўнай аддачы дзяржава забяспечвае заробак, якога хапае, ва ўсякім разе, на танную каўбасу і піва; дзяржава раней ці пазней дае хай сабе і не надта ўтульнае, аднак жа бясплатнае жытло... Кідаючы гэтыя косткі, кіруючая эліта Сістэмы ўзрошчвала бяздумную пакорлівасць, адсякала масу простага люду ад палітыкі, атрымлівала магчымасць бесперашкодна правіць свой баль у высокіх дзяржаўных сферах.

Прыкрываючыся той самай дэмагогіяй, «старая гвардыя» імкнулася захаваць сваё становішча і ў новых,

посткамуністычных умовах. Жорсткае супраціўленне прагрэсіўнаму варыянту новай Канстытуцыі, радыкальным эканамічным рэформам матывавалася «клопатам пра абарону інтарэсаў народу». Сапраўды, няцяжка заваяваць лаўры адважнага ваяра за гэтыя інтарэсы, дамагаючыся ў парламенце папулісцкіх рашэнняў, якія ў выніку канчаткова спустошаць і без таго дзіравую казну... Калі ж высветліцца, што грошай на абяцаныя людзям «пернікі» няма адкуль болей браць, усіх сабак можна павесіць на ненавісных палітычных сапернікаў: маўляў, гэта іх рэфарматарскі сверб давёў эканоміку да калапсу...

Шушкевіч, хоць і не аднойчы падпадаў пры гэтым пад агонь папулісцкай крытыкі, настойліва даводзіў і ў парламенце, і на тэлебачанні, і ў друку бясспрэчную для яго ісціну: далейшая эксплуатацыя старога казарменна-размеркавальнага механізму — гэта варыянт тупіковы; усе прыгожа сфармуляваныя гарантыі застануцца на паперы, калі знясіленая, выпрацаваўшая свой камандна-адміністрацыйны рэсурс эканоміка не рушыць наперад па новых, рыначных рэйках, калі месца люмпенскай псіхалогіі ўтрыманства не зойме псіхалогія здаровай канкурэнцыі... Мадэрнізаваная ж эканоміка, моцная і дынамічная, якраз і дазволіць найлепей падтрымаць старых, інвалідаў, беспрацоўных, шматдзетных — усіх тых, хто не ў стане на роўных канкурыраваць за месца пад сонцам.

Новая сістэма сацыяльных арыенціраў пачне пакрысе замацоўвацца ў масавай свядомасці. Хоць сілы рэваншу яшчэ не аднойчы паспрабуюць разыграць сваю карту, спекулюючы на рэштках старой псіхалогіі і эканамічных цяжкасцях. Адновіць сваю дзейнасць на Беларусі камуністычная партыя. Парламент дасць на гэта афіцыйны дазвол, безумоўна, без вяртання партыі ранейшых уладных прывілей і маёмасці. За гэтае рашэнне выкажацца і Шушкевіч, матывуючы тым, што ў паслядоўна дэмакратычным грамадстве права на аб’яднанне павінны мець людзі любых поглядаў, калі толькі яны не заклікаюць да гвалту. За гэта яму добра перападзе ад апазіцыі, а адзін радыкальны журналіст напіша нават, што Шушкевіч такім чынам здрадзіў памяці бацькі, які столькі пацярпеў ад камуністычнага рэжыму... I ўсё ж пазіцыя Старшыні на гэты конт застанецца непахіснай. У ролі спікера на пасяджэннях ён не аднойчы будзе рашуча ахалоджваць імпэт тых выступоўцаў-антыкамуністаў, што дазволяць сабе надта ўжо абразлівыя выпады супраць палітычных супастатаў.

Камуністы, аднак, не сталі плаціць яму за гэта гарачымі пачуццямі. Ды і ад заклікаў на барыкады духоўныя нашчадкі бальшавікоў утрымацца не змаглі. А ў іх газетках раз-пораз пачалі з’яўляцца злосныя карыкатуры на Шушкевіча. Пераважна — даволі безгустоўныя, прымітыўныя. Шушкевіч паставіцца да іх па-філасофску, а часам, убачыўшы больш-менш прыстойны ў мастацкіх адносінах твор, будзе канстатаваць амаль што з задавальненнем:

— А што, на гэты раз нават прыгажэй, чым на самой справе...

Што ж, камуністы таксама скарысталі плады дэмакратычнага дрэва: у часы іх панавання падобныя жартачкі па адрасу кіруючых асоб напрасткі прывялі б на лагерныя нары...

А ўвогуле новыя камуністычныя правадыры не здолеюць пахваліцца масавасцю сваіх мітынгаў. Слухаць іх прамовы будуць звычайна толькі невялікія купкі пераважна старых людзей. Характэрны штрых: добра ўсведамляючы «папулярнасць» камуністычных лозунгаў у масах, пад сцягі партыі не рызыкне афіцыйна вярнуцца практычна ніхто з высокапастаўленых чыноўнікаў. Іншая справа, што мысленне многіх з іх застанецца па сутнасці ранейшым. I тарпедаваць рэформы яны будуць пры любой зручнай магчымасці.

Што, дарэчы, самым непасрэдным чынам адаб’ецца і на лёсе канстытуцыйнага праекта.

Недзе ў маі — чэрвені 1993-га Шушкевічу стане зразумела: амаль што трохгадовая праца над праектам канчаткова забуксавала. Пасля чарговага раунду практычна безвыніковых парламенцкіх спрэчак дакумент зноў і зноў даводзілася адкладваць убок. Чыста арыфметычны прагрэс, здавалася б, назіраўся — да сярэдзіны 1993 года ўдалося прыняць галасаваннем крыху болей за палову артыкулаў (хоць часам даходзіла да анекдота: з першай спробы не змаглі прагаласаваць нават назву — «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь»). Але гэта былі пераважна дэкларатыўныя артыкулы, што тычыліся, у прыватнасці, правоў чалавека. (Сталінская Канстытуцыя, дарэчы, таксама была шчодрая на прыгожыя дэкларацыі, што не перашкодзіла скручваць народ у бараноў рог...). Калі ж справа дайшла да палажэнняў, закліканых вызначыць прынцыповыя рысы сістэмы ўлады,— бакі схліснуліся не на жыццё, а насмерць. У штыкі была прынята вылучаная дэмакратамі ідэя цалкам прафесійнага парламента, у якім ужо немагчыма было б мець крэсла, адначасова захоўваючы

высокі чыноуніцкі пост. Парламенцкая большасць некалькі разоў мяняла стаўленне да прапануемага інстытута прэзідэнцтва — у залежнасці ад таго, наколькі моцнымі пачуваліся на той ці іншы момант шанцы яе патэнцыяльнага кандыдата на прэзідэнцкае крэсла... Кансерватарам удалося выкрасліць з праекта палажэнне аб прамых выбарах кіраўнікоў мясцовых адміністрацый.

А ўвогуле стала выразна бачна, што большасць узяла на ўзбраенне элементарную тактыку зацягвання часу, каб па магчымасці даўжэй пратрымацца ў крэслах, аддаліць наступныя выбары. Бо на іх, нягледзячы на ўсе хітрыкі, можна і «праляцець», а пакуль што дэпутацкі мандат дае магчымасць разжыцца такімі-сякімі дабротамі на чорны дзень. Карацей, пасля нас — хоць патоп...

Канчаткова ўпэўніўшыся, што з гэтым складам Вярхоўнага Савета прыняць дастойную Канстытуцыю немагчыма, Шушкевіч летам 1993-га пачаў настойліва прапагандаваць ідэю Канстытуцыйнай асамблеі, куды б увайшлі новыя, адмыслова выбраныя народам людзі, закліканыя разумна і энергічна зрабіць толькі адну, але найважнейшую справу — стварыць прагрэсіўны, цывілізаваны Асноўны Закон. I хоць Старшыня старанна падкрэсліваў, што статут асамблеі ні ў якім разе не дазволіць ёй зрабіць замах на іншыя прэрагатывы парламента, прадстаўнікі дэпутацкай большасці імгненна абвінавацілі Шушкевіча ў намеры «падкапацца» пад існуючы Вярхоўны Савет.

* * *

Крызіс улады на Беларусі нарастаў. Проціборства старых і новых тэндэнцый уваходзіла ў рашаючую фазу.

У палітычнай атмасферы рэспублікі ўсё мацней павявала навальніцай.


ПОДЫХ НАВАЛЬНІЦЫ


Навальніца грымнула на ўсю моц акурат у сярэдзіне 1993-га.

3 хмараў, што няўмольна згушчаліся над Старшынёю ў папярэднія месяцы, вырваліся ў той дзень дзесяткі маланак непрыхаванай варожасці, абрынуўся нябачаны град найцяжэйшых абвінавачванняў і проста абраз.

Які вецер і з якога боку нагнаў тыя грозныя хмары, усім было добра зразумела. Парламенцкая большасць апошнім часам перад тым ужо не хавала сваіх намераў: гэты чалавек павінен быць змецены са старшынёўскай пасады любым чынам, любой цаной.

Уключыць у парадак дня пытанне аб адстаўцы Шушкевіча ягоным праціўнікам, аднак, не ўдалося. Тады вырашылі скарыстаць абходны манеўр: на галасаванне паставілі пытанне аб даверы Старшыні.

* * *

...Прыкладна за паўгода да таго падчас адной з сустрэч Шушкевічу сярод іншых задалі і пытанне наконт жонкі: якога, маўляў, роду-племя?

Ён адказаў: з вайсковай сям’і, напалову руская, напалову ўкраінка. I жартам дадаў прыблізна такую фразу: калі здарыцца нешта накшталт дзяржаўнага перавароту, то можна прасіць палітычнага прыбежышча на любой з дзвюх яе гістарычных радзім — на выбар...

Зала ацаніла гумар дабрадушным смехам: каб на нашай ціхай Беларусі ды нейкія перавароты...

Тое, што адбудзецца ў беларускім парламенце праз паўгода, дэмакратычныя сілы кваліфікуюць менавіта як спробу дзяржаўнага перавароту.

Не, на мінскіх вуліцах не заляскалі гусеніцамі баявыя машыны пяхоты, у Авальную залу парламента не ўрываліся аўтаматчыкі ў касках... Але ў тым, што дэпутацкая большасць распачала, мовячы па-вайсковаму, «агонь на знішчэнне» — на палітычнае

знішчэнне свайго непрыяцеля — сумненняў не заставалася. I ў тысяч, дзесяткаў тысяч людзей, што прыпалі тады да радыёдынамікаў, адчуванне было зусім такое ж, як у тыя хвіліны жніўня 1991-га, калі самыя лютыя ваяры за ідэалы Сістэмы, пайшоўшы па-банку, узнялі ў краіне пракамуністычны путч.

* * *

Той путч праваліўся. Праваліўся 1 ліпеня 1993-га і раз’юшаны наступ парламенцкай большасці ў Авальнай зале.

У выніку галасавання недавер Старшыні выказалі 166 дэпутатаў. Арганізатарам акцыі не хапіла васьмі галасоў, каб атрымаць абсалютную перавагу, што развязала б рукі для бязлітаснага маральнага ціску на Шушкевіча з той самай запаветнай для ягоных праціўнікаў мэтай — змусіць Старшыню да адстаўкі.

Па-першае, тым, хто хацеў нанесці знішчальны ўдар, па розных прычынах не ўдалося сабраць тады ў парламенцкай зале ўсе надзейныя сілы: хто быў у адпачынку, хто ў камандзіроўцы...

Па-другое, яшчэ раз прадэманстравала ўдалую тактыку выступіўшая на баку Шушкевіча апазіцыя. Яна

не толькі сама адмовілася галасаваць, але і пераканала «выйсці з гульні» каго-кольвечы з дэпутацкага «балота». Кворум стаў мінімальным, і дастаткова было некалькіх сапсаваных бюлетэняў, каб з задумы агрэсіўнай групоўкі атрымаўся пшык... Так яно ўрэшце і сталася. Менавіта восем (!) бюлетэняў былі палічаны несапраўднымі. (Апазіцыйная газета «Свабода» з’едліва сцвярджала потым, что падчас перапынку перад галасаваннем хто-ніхто з атакаваўшай браціі паспеў занадта па-заліхвацку адзначыць з келіхам у руцэ немінучую, як уяўлялася, перамогу).

Карацей, ініцыятарам галасавання заставалася ў той дзень толькі кусаць локці.

* * *

Што ж, горшага не адбылося. Але ці нагода гэта, каб лунаць у эмпірэях?

3 аднаго боку, тыя, каму давялося пакуль што пакусаць локці, зусім не збіраюцца складаць зброю. На наступнай сесіі іх ударны кулак можа стаць больш масіўным.

3 другога боку, прад’явіла свой рахунак апазіцыя. Яна выразна дала зразумець, што цяпер спадзяецца заўжды бачыць Старшыню толькі пад сваім сцягам.

Зноў, які ўжо раз,— між молатам і кавадлам. I прасторы для кампрамісаў, здаецца, не засталося.

* * *

А між тым менавіта на кампраміс была зроблена стаўка ў верасні 1991-га, калі Шушкевіча абралі Старшынёю Вярхоўнага Савета.

Парламенцкая большасць была дэмаралізавана правалам пракамуністычнага путчу. Каму-кольвечы мроіліся ўжо астрожныя краты... Таму ранейшага Старшыню — Мікалая Дземянцея — «здалі» практычна без супраціўлення. I разумелі: нікому са «старой гвардыі» кіраўнічае крэсла ў парламенце ў такіх варунках не «свеціць». Апазіцыя, натхнёная падтрымкай «вуліцы» (а большасць народу не хавала сваёй злараднасці з тае нагоды, што нахабным партбосам далі нарэшце як след у нюхаўку), выціскала максімум са спрыяльнай сітуацыі, дамаглася шэрага рашэнняў, якія незадоўга да таго здаваліся проста фантастычнымі (прыпыненне дзейнасці рэспубліканскай кампартыі, канстытуцыйнае замацаванне незалежнасці Беларусі!),— але і яна, апазіцыя, у сваю чаргу разумела, што, нягледзячы на ўсё, яе моцы ў парламенце недастаткова, каб паставіць на чале Вярхоўнага Савета кагосьці са сваіх прызнаных лідэраў.

Вось тады позіркі бакоў і скрыжаваліся на фігуры Шушкевіча... У пэўнай ступені паўтарылася сітуацыя, калі яго выбралі намеснікам Старшыні.

Праз некалькі месяцаў, у снежні 1991-га, Вярхоўны Савет Беларусі практычна аднагатосна адобрыў рызыкоўны крок, зроблены Шушкевічам у Белавежскай пушчы.

Гэта быў час ягонага палітычнага трыумфу — такой аднадушнасці, шчыра кажучы, ён і сам не чакаў.

Недасведчанаму назіральніку магло б здацца, што ўсё ідзе, кажучы афіцыйнай мовай, «у канструктыўным накірунку». Можна, як высвятляецца, знаходзіць рашэнні, за якія дружна галасуюць тыя, хто прызвычаіўся глядзець адзін на аднаго скасавурана.

Час, аднак, паказаў, што тое адзінства было ілюзорным.

Кансерватары, галасуючы за белавежскае пагадненне, разлічвалі ператварыць Беларусь у рэліктавы запаведнік Сістэмы.

Дэмакратычная плынь марыла пра пабудову вольнай, цывілізаванай дзяржавы, дзе будуць рашуча разбураны рэшткі таталітарызму і ўсталюецца дынамічная рыначная эканоміка.

Шушкевіч ніколі не адчуваў духоўнай роднасці з парламенцкай большасцю. Аднак ён мусіў канстатаваць, што дэмакратычная апазіцыя ў многіх выпадках грашыць дылетантызмам, наіўнай верай у спрошчаныя «цудадзейныя» рэцэпты, рэцыдывамі неабальшавіцкай псіхалогіі. У інтэрв’ю беларускай службе радыё «Свабода» ў жніўні 1992-га Шушкевіч, аддаўшы належнае высілкам апазіцыі, скіраваным на нацыянальна-дэмакратычнае адраджэнне беларускага грамадства, разам з тым падкрэсліў: «Я ніколі не прысягаў Беларускаму народнаму фронту... Я не магу падзяліць падыходы, калі людзі ўносяць у грамадства азлабленне, супрацьстаяць вялікія натоўпы людзей адзін другому... І дазвольце мне мець сваю думку...».

Цяжка сказаць, чаго ў гэтай заяве было болей — канстатацыі сапраўдных разыходжанняў у поглядах ці проста тактычных меркаванняў.

Народны дэпутат Беларусі Аляксандр Сасноў зазначыць пазней у адным са сваіх артыкулаў: «...устаць на бок большасці яму не дазвалялі перакананні, зрабіць жа стаўку на апазіцыю ён не мог, бо выпрабаваныя клакёры большасці хутка паказалі б яму хто ёсць хто. Трэба аддаць Шушкевічу належнае: амаль два гады яму, хоць і цаною вялікіх страт, удавалася балансаваць паміж Сцылай апазіцыі і Харыбдай большасці».

* * *

Між тым эканоміка рэспублікі ўвесь гэты час працягвала калапсаваць.

За эканоміку перш за ўсё адказвае, безумоўна, урад. У дэмакратычных колах беларускі ўрад быў увянчаны стойкім эпітэтам — «пракамуністычны». Многія ключавыя пасады там занялі былыя «адказныя работнікі» КПБ. Адна за адной цярпелі крушэнне ўрадавыя праграмы «аздараўлення» эканомікі, заснаваныя на старых адміністрацыйна-камандных метадах кіравання, толькі трохі закамуфляваных рыначнай тэрміналогіяй.

Разам з тым урад, узначальваемы Вячаславам Кебічам, здолеў узяць у свае рукі гіганцкія паўнамоцтвы. Вось якое меркаванне выказаў напрыканцы 1992-га карэспандэнт маскоўскай «Независимой газеты»: «Спікер (маецца на ўвазе Шушкевіч.— Аўт.), які зрабіў стаўку на павышэнне свайго рэйтынгу ў радавых выбаршчыкаў, верагодна, спадзеючыся на ўсеагульныя прэзідэнцкія выбары, апынуўся ў пройгрышы. Яго абышла «каманда» Кебіча, якая здолела ўзяць у свае рукі асноўныя рычагі рэальнай улады: прэсу, войска, адносную большасць у парламенце.

Кебіч — па сутнасці адзіны палітык у рэспубліцы, за якім стаіць добра зладжаная, падабраная па прынцыпах асабістай адданасці «каманда», рэкрутаваная цалкам з былой наменклатуры». Прыкладна ў той самы час англійскі часопіс «Эконаміст» канстатаваў: «Камандная эканоміка не знікне на Беларусі без барацьбы. Яе бюракраты змагаюцца за апошні кавалачак чырвонай стужкі».

* * *

Трэба было тэрмінова зваліць на каго-небудзь віну за эканамічныя правалы. Вядома ж, нават калі ў кулеш сцерці выбраную ахвяру, тавараў на паліцах крамаў болей не стане. Але ж галоўнае — выйграць час, адцягнуць увагу. А там — ці на пенсію, ці на цёплае месцейка ў прыватнай фірме, прадбачліва прыгрэтай за кошт дзяржаўнай маёмасці...

Мелася і іншая, нават больш сур'ёзная падстава, каб атакаваць Шушксвіча.

Як там ні было б, але і ў складаных, драматычных варунках, пры жорсткім супраціўленні парламенцкай большасці, рэфарматарская плынь беларускіх дэпутатаў здолела-такі сяго-таго дамагчыся. Скарыстоўваючы ціск грамадскай думкі, сваю перавагу ў эрудыцыі, прамоўніцкім майстэрстве, гібкасці тактычнага мыслення — карацей, усе магчымыя спрыяльныя фактары, рэфарматары правялі цэлы шэраг рашэнняў, якія спакваля, пядзь за пяддзю, паглыблялі рэчышча для неабарачальных грамадскіх пераменаў. Апазіцыя, вядома ж, будзе лічыць, што гэтага замала, але іншы бок аднойчы прыйдзе да высновы: не, гэта ўжо занадта...

Замаячыла перспектыва масавай, справядлівай прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. Пакрысе пайшло ў рост фермерства. Стала надзвычай папулярнай ідэя новай, дэмакратычнай сістэмы выбараў кіраўнікоў мясцовай улады. Пачалося адраджэнне беларускай духоўнасці, культуры, мовы... Карацей, народ стаў пакрысе распростваць плечы, радавыя грамадзяне адчулі, што яны могуць і павінны быць не «вінцікамі» Сістэмы, а гаспадарамі на сваёй Бацькаўшчыне.

А калі так, то ў хуткім часе большасць тых, хто прызвычаіўся ўсім камандаваць і ўсё размяркоўваць (вядома ж, не крыўдзячы і сябе), проста застануцца «па-за гульнёй».

Вось яны, адчуўшы, што глеба пачынае сплываць з-пад ног, і абрынулі ўсю сваю нянавісць да пераменаў на парламенцкага кіраўніка.

* * *

Пасля бурных падзеяў у парламенце, 2 ліпеня, Станіслаў Шушкевіч зазначыў на прэс-канфсрэнцыі, што, па сутнасці, толькі раскрылася сітуацыя, што існавала ўвесь час. «Шукаючы згоду,— сказаў Старшыня.— я ішоў па шляху павольнага рэфармавання... Але далей трэба рэфармаваць эканоміку. Эканоміку нельга рэфармаваць дэкларацыямі, а гэта ўжо закранае інтарэсы правіцеляў... Я стаў небяспечнай фігурай, я ўжо не прыкрываю, а неяк псую настрой».

Адкрыта выказаўся ён наконт падаплёкі таго, што адбылося, і ў інтэрв'ю БелаПАН, надрукаваным днём пазней: «Я зразумеў, што для большасці парламента важней не справа, а свая каманда. Калі на іх ціснуў страх, яны пагадзіліся з абраннем мяне на пасаду Старшыні Вярхоўнага Савета. Я тады ўспрыняў гэта як пошук імі ўзаемапаразумення, і пры такіх падыходах мы ўсё-такі многае зрабілі. Зараз жа пад уздзеяннем урадавага лобі вырашана, што я перашкаджаю ім панаваць».

Апазіцыя ў тыя самыя дні публічна заявіла, што «ў сённяшняй сітуацыі адхіленне С. Шушкевіча ад пасады азначала б неабмежаваную канцэнтрацыю ўлады і ўсіх органаў кантролю за ўладай (у тым ліку і КДБ) у руках адной структуры — Савета Міністраў, палітыка якога не вызначаецца кампетэнтнасцю і дальнабачнасцю, клопатам пра дзяржаўную незалежнасць і доўгатэрміновыя інтарэсы». Апазіцыйны дэпутат Лявон Баршчэўскі выказаўся ў друку так: «Мы абаранялі не Шушкевіча. Сітуацыя была больш сур’ёзная, бо не пра Шушкевіча ішла размова. Фактычна стаяла пытанне пра лёс дэмакратыі, пра нашу незалежнасць... Ім трэба пасада Шушкевіча, каб узяць пад свой поўны кантроль усё: і КДБ, і знешнюю палітыку, і наступныя выбары...».

* * *

Фармальнай жа падставай для рашучага наступу на Шушкевіча была выбрана пазіцыя, занятая ім падчас дыскусіі аб мэтазгоднасці далучэння Беларусі да сістэмы калектыўнай бяспекі краін СНД. Гэтая дыскусія старанна распальвалася пачынаючы з сакавіка 1993-га. Шушкевіч, як і чакалася, адразу ж катэгарычна запратэставаў супраць далучэння да дагавора аб калектыўнай бяспецы, нагадаўшы, што Вярхоўны Савет заканадаўча канстатаваў у свой час імкненне рэспублікі да нейтралітэту і бяз'ядзсернасці, абвясціў пра гэта на ўвесь свет...

I адразу ж па ім ударыла з усіх ствалоў загадзя падрыхтаваная цяжкая артылерыя.

Пазіцыю Шушкевіча з нумару ў нумар з усё большай апантанасцю крытыкавала падуладная ягоным апанентам прэса. Уступіла ў бой магутная кагорта прамысловых «генералаў» — кіраўнікоў тых індустрыяльных гігантаў, што дзесяцігоддзямі былі арыентаваныя на выгадныя ваенныя заказы Масквы. «Генералы» пачалі спекуляваць на цяжкасцях канверсіі, на страху рабочых іх прадпрыемстваў страціць свае месцы. На баку прыхільнікаў дагавора выступіла і шматлікая група розным шляхам ангажаваных палітолагаў, сацыёлагаў, экспертаў...

Шушкевічу заявілі, што ягоныя ўяўленні пра нейтралітэт безнадзейна састарэлі, што ад такой палітыкі, маўляў, ужо адыходзяць і класічна вядомыя ў гэтым сэнсе Швецыя ды Швейцарыя. Што калі не пайсці на ваенны саюз — перш за ўсё, безумоўна, з Расіяй,— то вялікая ўсходняя суседка вельмі пакрыўдзіцца і, бы муху, прыдушыць маленькую Беларусь эканамічна. I нарэшце, што ён, Шушкевіч, займаецца звычайным танным папулізмам і наўмысна застрашвае беларускіх мацярок прывідам цынкавых трун з целамі іх сыноў,

што могуць скласці галовы ў «гарачых кропках» СНД,— застрашвае, каб нажыць палітычны капітал для барацьбы за магчымую ў перспектыве на Беларусі пасаду прэзідэнта. Але народ, маўляў, усё добра разумее і, безумоўна ж, у масе сваёй за ваенны саюз з Масквой.

Шушкевіч прапанаваў: давайце сапраўды даведаемся пра думку простага люду, давайце вынесем пытанне аб дагаворы на рэферэндум! I дадаў: калі высветліцца, што большасць народу думае на гэты конт не так, як я,— падаю ў адстаўку...

На слова «рэферэндум» праціўнікі Шушкевіча адрэагавалі прыблізна так, як рэагуе на чырвоную анучу раз’юшаны бугай. Годам раней парламенцкая большасць паспяхова пахавала ўжо ідэю аднаго рэферэндуму, прапанаванага апазіцыяй. Цяпер гэтая большасць вырашыла «пахаваць» Старшыню.

Аднак трэба было знайсці нейкую зачэпку. Бо зусім ужо абсурдна здымаць парламенцкага кіраўніка толькі за тое, што ён адважыўся мець уласную думку па спрэчнай праблеме. Ды і выступаць з ініцыятывай рэферэндуму — ягонае законнае права. Так, ён не хавае спадзявання, што народ у рэшце рэшт скасуе ініцыятыву апалагетаў калектыўнай бяспекі, але ж пакуль што выканаў волю парламенцкай большасці — падпісаў адпаведны дагавор.

I тады — а што яшчэ заставалася? — прычапіліся да... формы, у якой тое было зроблена. Яна, гэтая форма, ніяк не рэгламентавалася. Шушкевіч выбраў такі варыянт: разаслаў кіраўнікам краін — удзельніц сістэмы калектыўнай бяспекі ліст, дзе канстатавалася падпісанне адпаведнага дагавора і Беларуссю.

Вось тут і ўзняўся вэрхал: Старшыня хітруе, падманвае, усё несапраўдна, трэба было ставіць подпіс на самім дакуменце! Дарэмна стараўся Шушкевіч давесці, што такая працэдура не прадугледжана, што дакумент зачынены і ўзяты дэпазітарыем на адказнае захоўванне... Парламенцкая большасць, распаліўшы сябе да сапраўднай лютасці, ужо нічога не хацела чуць. За адным махам зрабілі Старшыню і галоўным віноўнікам эканамічнага крызісу: маўляў, усё гэта з-за ягонай некампетэнтнасці, ну і, вядома ж, з-за «злачыннага развалу Саюза» ў Белавежскай пушчы. А потым хто-кольвечы і ўвогуле адпусціў тармазы, перайшоўшы на звычайнае прымітыўнае хамства. Дарэмна дэпутат Станіслаў Бабачонак заклікаў апамятацца, не дэманстраваць, як ён выказаўся, узровень пячорнага чалавека. Дарэмна іранізаваў прадстаўнік апазіцыі Сяргей Навумчык: «Калі пасадзіць вельмі няздольных музыкантаў, то дай ім хоць Растраповіча, але Шапэна яны не сыграюць». Дарэмна іншыя парламентарыі-дэмакраты заклікалі прыслухацца да думкі народу.

...Калі 1 ліпеня 1993 года эмоцыі ў Вярхоўным Савеце дасягнулі апагею, адзін з самых зацятых нядобразычліўцаў Шушкевіча, палемізуючы з апазіцыяй, міжволі вымавіў сімвалічную па-свайму фразу:

— Пры чым тут народ?

* * *

Але народ усё адно сказаў у тыя дні сваё слова. Бязлітасны бой у Вярхоўным Савеце прыкаваў да радыёдынамікаў і тэлеэкранаў увагу тысяч і тысяч людзей па ўсёй Беларусі. Такой масавай і напружанай завочнай аудыторыі дэпутаты не мелі даўно... Простыя грамадзяне будуць не толькі слухаць — яны засыплюць Вярхоўны Савет градам лістоў і тэлеграм.

* * *

3 тэлеграм і лістоў тых дзён (канец чэрвеня — пачатак ліпеня 1993 года)

«Мы абураныя той наменклатурнай палітычнай гульнёй, што вядзецца часткай дэпутатаў ва ўгоду ўласным карпарацыйным інтарэсам... Спрабуюць наладзіць гэты палацавы пераварот, а самі няспынна ўзбагачаюцца за народны кошт, будуючы сабе палацы-катэджы, дачы, прыхватызуюць за бясцэнак прадпрыемствы, дзяржаўную маёмасць, здзекуюцца над людзьмі, карыстаючыся сваёй беспакаранасцю...

Народныя дэпутаты Барысаўскага гарсавета: ГАЎРУСЕЎ, ШЧАРБІНІН, ХАРКОЎ, ЕШЧАНКА, СМАГІН, ПІШЧАЛАЎ, ШАРСТНЁЎ, КОРАЧКІН, КАЛЕНІК, КУДЗЕЙКА».

«Дэпутаты, не будзьце іудамі і не лічыце народ за дурняў, калі адхіліце Шушкевіча, будзе югаслаўскі варыянт. Пашкадуйце хоць сваіх дзяцей, калі не шкадуеце нашых.

Выбаршчык ІЛЬЯНКОЎ. Віцебск».

«Падтрымліваем Шушкевіча, выказваем недавер бальшавіцкаму Вярхоўнаму Савету.

ЛЯВОЦКАЯ, ЛЫСАК, ПОДКАС. Пінск».

«Спадары дэпутацкая большасць, народ верыць Шушкевічу больш, чым вам. Не стварайце напружання, у выніку прайграеце вы і, на жаль, Беларусь.

Вадзім БАРШЧЭЎСКІ. Віцебск».

«Паважаны Станіслаў Станіслававіч, Вы на правільным шляху. Добрага здароўя, вытрымкі, мужнасці, так неабходных будучаму прэзідэнту. Наша пагарда агрэсіўнай большасці...

Ад групы вашых выбаршчыкаў — ХОЦІНА. Мінск».

«Дарагі Станіслаў Станіслававіч, не паддавайцеся на правакацыі партакратаў. Выбаршчыкі, народ з Вамі.

Сем'і МАКАРЭВІЧ, ДЗЕРБАН, ШАЎЦОВЫ, МУДРАГЕЛАВЫ і іншыя выбаршчыкі. Мінск».

«Да глыбіні душы абураныя правакацыйнай антынароднай дзейнасцю камуністычнай большасці ў Вярхоўным Савеце. Выказваем Вам, Станіслаў Станіслававіч, сваю самую гарачую падтрымку. Вы былі і застаяцеся гонарам і сумленнем беларускай нацыі.

Сям’я БАБІЧ. Глыбокае Віцебскай вобласці».

* * *

Такіх зваротаў былі сотні — з усіх куткоў Беларусі, з вялікіх гарадоў і глыбінных вёсачак, ад рабочых і выкладчыкаў, ад студэнтаў і пенсіянераў... Супраць Шушкевіча выказаліся, здаецца, толькі два ці тры аўтары.

Безумоўна, аналіз гэтай пошты не мог прэтэндаваць на статус сацыялагічнага даследавання. I ўсё ж сама па сабе напрошвалася выснова: народ зрабіў свой выбар.

Гаворка тут, вядома, не толькі пра асобу Станіслава Шушкевіча. Народ зрабіў цвёрды выбар на карысць рашучага рэфармавання ўсіх сфераў грамадскага жыцця. I яму, падобна, імпануе менавіта той шлях, які спавядае Шушкевіч: без новых барыкад, без гвалту, без крыві... I хай сабе тыя, каму б хацелася адкінуць грамадства ў часы ўсемагутнасці Сістэмы, нават здолеюць атрымаць яшчэ колькі лакальных перамог,— час улады гэтых людзей усё адно катастрафічна мінае. Эпоха запатрабавала кіраўнікоў іншага складу, іншага мыслення — здольных правесці карабель пад назвай Беларусь праз шторм крызісу курсам да вольнага, справядлівага, заможнага жыцця, аб якім так даўно мараць на гэтай шматпакутнай зямлі.

I шмат хто на Беларусі звязвае надзеі са Станіславам Шушкевічам...

* * *

Выбліснула з-за хмар сонейка, высвеціла медныя ствалы гонкіх прыбярэжных соснаў, заіскрылася на нарачанскіх хвалях.

Ідылія!

Не трэба нікуды спяшацца, раз-пораз кідаць вокам на гадзіннік, старанна ўзважваць кожную фразу. Бы на нейкай іншай планеце застаўся ўвесь той тлум — чуйныя парламенцкія ды журналісцкія мікрафоны, бесцырымонныя вочкі тэлекамер, неўтаймоўныя тэлефонныя апараты,— усё тое, што трымае як у абцугах, не дае ні на хвіліну расслабіцца, перавесці дух.

Палітык рэдка належыць самому сабе. I бязвоблачныя, ціхамірныя хвіліны ў ягоным жыцці гэткія ж нячастыя, як вось гэты сонечны выбліск сярод дажджлівага, свінцова-пахмурнага жніўня 1993-га.

* * *

Урэшце, і апошнія тыдні перад адпачынкам прайшлі для Шушкевіча адносна спакойна, без непрыемных сюрпрызаў і стрэсавых сітуацый. На Беларусі ўсталяваўся на нейкі час палітычны штыль. Пасля баталій XII сесіі дэпутаты раз’ехаліся хто куды: адны спяшаліся набрацца новых сіл у санаторыях, іншых захліснулі гаспадарчыя клопаты — пад дажджамі гінуў ураджай, у многіх калгасах і саўгасах паліўныя цыстэрны стаялі напярэдадні жніва зусім пустыя. Праўда, месяцы за два да таго ўрад запэўніў, што наконт паставак нафты паразуменне з расіянамі будзе, і тая заява супакоіла Шушкевіча — хоць, як потым высветліцца, дарэмна. Пакуль жа Прэзідыум Вярхоўнага Савета нетаропка абмяркоўваў руцінныя пытанні, да якіх раней не даходзілі рукі. 14 ліпеня, у прыватнасці, вырашылі ўсталяваць дыпламатычныя стасункі з Ямайкай...

Адметнымі ж у ліпені 1993-га былі, бадай, дзве падзеі.

8-га ў Мінску адкрыўся I з’езд беларусаў свету. На Бацькаўшчыну з’ехаліся сотні людзей, якіх лёс — найчасцей жорсткі, драматычны — раскідаў некалі па розных кутках планеты. У камуністычныя часы пра гэтых людзей стараліся не згадваць, калі ж афіцыйная прапаганда і заводзіла гаворку пра беларусаў-эмігрантаў, то звычайна запісвала іх усіх без разбору ў лік здраднікаў. Многія ўжо і не спадзяваліся, што ступяць калі-небудзь на родную зямельку. Але часы памяняліся — і вось Радзіма шчыра, цёпла вітае сваіх далёкіх сыноў і дачок, што здолелі зберагчы на чужыне зайздросную пашану да роднай мовы, культуры, гісторыі, пранеслі праз доўгія гады разлукі пяшчотную любоў да бацькоўскага краю.

У Шушкевіча былі напагатове некалькі аркушаў з тэкстам для выступу. Але ў кулуарах з’езда, адразу ж трапіўшы ў шчыльнае кола ўзрушаных людзей, што наперабой імкнуліся паціснуць руку, змахвалі набягаўшыя міжволі сентыментальныя слязінкі,— ён адчуў, што будзе гаварыць іначай. Не, на паперцы ўсё было правільна, узважана, грунтоўна — але ж, як стала цяпер зразумела, занадта казённа, афіцыйна. А трэба, каб словы ляглі на душу, прагучалі ва унісон акрыленаму, рамантычна-прыўзнятаму настрою тых, хто тут сабраўся.

Пасля выступу яму доўга апладзіравалі, і па тварах прысутных лёгка было пераканацца, што гэта зусім не дзяжурныя воплескі.

Другой неардынарнай падзеяй ліпеня стаў візіт у Злучаныя Штаты. Шушкевіч аказаўся адным з першых сярод кіраўнікоў былых савецкіх рэспублік, якога афіцыйна прыняў у Белым доме прэзідэнт Клінтан. Гэтым запрашэннем наймагутнейшая дзяржава Захаду імкнулася падкрэсліць, што ёй даспадобы цвёрды намер маладой незалежнай краіны добраахвотна пазбавіцца ядзернага арсеналу і што на гэтым шляху маленькая Беларусь можа разлічваць на ўсебаковую дапамогу вялікай Амерыкі. Што і засведчыла падпісаная ў Вашынгтоне сумесная дэкларацыя аб адносінах паміж дзвюма краінамі. Злучаныя Штаты паабяцалі дапамогу ў дэмілітарызацыі, рэфармаванні эканомікі, пераадоленні наступстваў Чарнобыля.

Шушкевіча па-добраму ўразіла надзвычайная прастата, натуральнасць паводзін амерыканскага прэзідэнта: ні ценю пыхі, ганарыстасці (якія часам так, прабачце, і пруць з нашых дробных наменклатурных сошак) — Клінтан вёў гутарку з адкрытай, прываблівай усмешкай, абсалютна нязмушана, як са старым добрым прыяцелем.(«Ну проста свой, беларускі хлопец!» — скажа потым Шушкевіч.) Адна толькі акалічнасць азмрочыла тыя дні: трагічна загінуў лепшы сябар амерыканскага прэзідэнта. Клінтан, аднак, не адмяніў сустрэчу з Шушкевічам, а толькі прапанаваў перанесці яе час.

На развітанне ж гаспадар Белага дома падарыў госцю ігральныя карты. Спадарожнікі жартавалі: «Бачыце, Станіслаў Станіслававіч, ЦРУ ведае нават, што вы калекцыяніруеце». Ну, а палітычныя апаненты выкарысталі гэту акалічнасць для ядавітага іранізавання: вось, маўляў, і ўсё, з чым вярнуўся з-за акіяна наш шаноўны спікер...

Замежныя паездкі Шушкевіча ўвогуле надзвычай іх раздражнялі. Не раз гучала: у нас, маўляў, заводы без сыравіны стаяць, каровы без корму, а ён, бач, з візітамі шастае (гучала ж гэта, дарэчы, пераважна з вуснаў тых, хто непасрэдна адказваў і за сыравіну, і за кармы). Такім чынам прарывалася не толькі непрыязнасць да самога Шушкевіча, але і застарэлая, убітая ў свядомасць у эпоху «жалезнай заслоны» ваяўнічая ксенафобія. Носьбіты гэтага заскарузлага мыслення нават з парламенцкай трыбуны неаднойчы на поўным сур’ёзе даводзілі, што ледзь ці не ўсе нашыя эканамічныя беды — вынік падрыўной дзейнасці нейкіх заморскіх «цэнтраў»...

Пра сапраўдныя ж прычыны крызісу Шушкевіч даволі жорстка (хоць падстава была святочная) сказаў пасля вяртання са Штатаў падчас выступлення па тэлебачанні і радыё 27 ліпеня — у той дзень споўнілася тры гады Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі: «...адсутнасць ліберальна-дэмакратычных традыцый, карумпаваная сістэма кумаўства і блату ў кабінетах улады, недахоп прафесіянальных (ды і проста адукаваных) палітыкаў з прагматычным стылем работы не спрыяюць спакойнаму і эфектыўнаму ходу рэформ... Былая партыйная наменклатура хацела б захаваць за сабой уладу, больш таго — зрабіць яе бескантрольнай. Гэтым, у першую чаргу, тлумачацца і спробы на апошняй сесіі перападпарадкаваць КДБ выканаўчай уладзе, адхіліць ад пасады Старшыню Вярхоўнага Савета і стварыць непераадольныя перашкоды на шляху ўмацавання асноў доўгатэрміновага супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Небяспека саюза былой партнаменклатуры, разбагацеўшай на перапродажы дзяржаўнай маёмасці, і мафіёзных камерцыйных структур павялічваецца».

Што і казаць, чарговая гадавіна Дэкларацыі аб суверэнітэце не давала асаблівых падстаў для трыумфавання. Больш таго, менавіта ў тыя дні старая наменклатурная гвардыя, зблакаваўшыся з маладымі неакамуністамі, пачала актыўна разгортваць працэс, які лідэр апазіцыі Зянон Пазьняк з уласцівай яму рэзкасцю і афарыстычнасцю ахарактарызуе так: «Каб застацца хоць на рэшту часу пры ўладзе, яе прадстаўнікі гатовы прадаць нашу дзяржаву ў палон Расіі».

* * *

Кансерватыўнаму беларускаму істэблішменту, які ўсё мацней сумаваў па часах СССР, падалося тады, што дні Барыса Ельцына ў крэсле расійскага прэзідэнта ўжо злічаны. Сапраўды, ягоныя палітычныя праціўнікі хутка акрыялі ад шоку жніўня 1991-га, калі быў разгромлены камуністычны путч. Іх парламенцкае ядро, адчуўшы сваю моц і згуртаванасць, пачало заўзята тарпедаваць рэформы, скандальна правальваць адну за адной Ельцынавы ініцыятывы. На ролю вярхоўнага галоўнакамандуючага антыельцынскага фронту спакусіўся былы паплечнік прэзідэнта па барацьбе з путчыстамі — спікер расійскага Вярхоўнага Савета Руслан Хасбулатаў. Улада — страшны наркотык. I паплечнік стаў ворагам. Не разумеючы, што ім карыстаюцца толькі як разменнай фігурай, уявіўшы сябе богам на палітычным Алімпе, Хасбулатаў пайшоў на жорсткую, бескампрамісную канфрантацыю з Ельцыным. Той пачаў атрымліваць адну за адной цяжкія маральныя аплявухі...

Наступ праціўнікаў Ельцына ў Расіі акрыліў іх беларускіх братоў па духу. Пачалося актыўнае мацаванне кантактаў. У жніўні ў белакаменную накіроўваецца група эмісараў беларускай парламенцкай большасці. Перамовы з Хасбулатавым і ягонымі таварышамі па барацьбе праходзяць у цёплай, сяброўскай атмасферы.

Дарэчы, сам Хасбулатаў яшчэ за некалькі месяцаў да таго, у красавіку, прылятаў у Мінск на «рэкагнасцыроўку». Напярэдадні патэлефанаваў у прыёмную Шушкевіча. Той вельмі не жадаў прымаць у сябе, як змушаў да таго пратакольны этыкет, расійскага калегу-спікера, што да тае пары ўжо кінуў Ельцыну пальчатку. Але сакратарка, забыўшыся на тайнае Шушкевічава ўказанне («Мяне няма!»), машынальна ўключыла прамую сувязь. Давялося даць згоду на сустрэчу. Гаворка двух спікераў у Мінску прайшла суха, нацягнута, і, падобна, абодва былі надзвычай задаволеныя, што гэтае фармальнае рандэву хутка скончылася. Хасбулатаў жа, трэба меркаваць, неўзабаве адвёў душу з іншымі суразмоўцамі.

Скаардынаваўшы намаганні, расійскія і беларускія ваяры за рэстаўрацыю савецкай звышдзяржавы дзейнічалі ўсё больш самаўпэўнена, агрэсіўна. Разгарнулася масіраваная прапагандысцкая апрацоўка радавых суграмадзян. На Беларусі, у прыватнасці, скарысталі ў якасці фальшывага козыра ў гэтай палітычнай гульні жорсткі паліўны голад, што апанаваў рэспубліку тым летам. Ранейшыя абяцанкі ўрада Кебіча, што нафта да жніва будзе, сталіся пустым гукам. Расія, натуральна, не жадала больш за «дзякуй» перапампоўваць сваё чорнае золата згалелай, няздольнай разлічыцца малодшай сястрыцы. Але ўрад, які давёў рэспубліканскую эканоміку да ручкі, намаганнямі свайго парламенцкага ды газетнага лобі клапатліва выводзіўся з зоны крытыкі. Затузанаму ж незлічонымі нягодамі абывацелю падсоўваўся просценькі тэзіс: ва ўсім вінаватыя тыя, хто «злачынна разваліў Саюз» у Белавежскай пушчы. Трэба скінуць іх, бязлітасна пакараць і дружным шыхтом, спяваючы эсэсэсэраўскі гімн, рушыць у светлае мінулае — на берагі запаветнага мора таннай нафты і гарэлкі...

Сярод пустэльні эканамічнага крызісу шмат каму хацелася верыць у гэты міраж.

* * *

Над Нараччу ж усё цяжэй навісалі хмары. У пераносным сэнсе — таксама. Апаненты Шушкевіча скарысталі сітуацыю, каб зноў перамыць ягоныя костачкі: жніво зрываецца без паліва, палову Палесся заліла паводка, а вышэйшая службовая асоёа рэспублікі, бач ты, прахалоджваецца ў цяньку...

Шушкевіч мусіў перарваць адпачынак. Начны цягнік імчыць яго ў Маскву на тэрміновую сустрэчу з Ельцыным. Трэба неяк адбіць папрокі, быццам ён, Шушкевіч, нічога не робіць дзеля эканамічнай рэінтэграцыі з Расіяй, хоць, калі разабрацца, гэта перш за ўсё клопат кіраўніка ўрада, а не парламенцкага спікера, амплуа якога — накіроўваць заканатворчы працэс, ствараць належную прававую прастору для рэфарматарскай дзейнасці выканаўчай улады. Але прагрэсіўныя законы тармозяцца якраз урадавым лобі, Саўмін зусім не пакутуе ад рэфарматарскага свербу, а ў выніку менавіта яго, Шушкевіча, робяць нечым накшталт японскай гумавай лялькі для лупцоўкі...

I беларускі спікер, і расійскі прэзідэнт адчувалі ў тыя дні адно і тое ж: іх метадычна, бязлітасна заганяюць у кут, каб расправіцца парай рашаючых удараў. Розніца ж была ў тым, што магутныя прэзідэнцкія паўнамоцтвы давалі Ельцыну непараўнальна больш магчымасцяў адбівацца і контратакаваць, тым самым трохі стрымліваючы і палітычных праціўнікаў Шушкевіча.

Двое лідэраў, лёсы якіх цесна знітавала белавежскае пагадненне, вядома ж, не сталі афішаваць у прэсе ўсе дэталі той сваёй жнівеньскай гаворкі. Вярнуўшыся ў Мінск, Шушкевіч скупа далажыў на прэс-канферэнцыі: «Я не хадзіў туды з працягнутай рукой... Думаю, мы вырашылі пытанне аб крэдытных лініях, якія забяспечаць Беларусь нафтай і газам у значна большай ступені, чым гэта ёсць на сённяшні дзень. Але я хачу заявіць, што звышкатэгарычных змен у гэтым не будзе... Трэба жыць па сродках!» Пытанне ж: чаму ездзіў у Маскву цягніком? — ён парыраваў трохі змрочным жартам: «А вы хацелі, каб я паехаў на танку?»

Пасля цягніка Шушкевіча чакаў верталёт: Старшыня Вярхоўнага Савета наведаў пацярпелыя ад паводкі мясціны Палесся.

Масква ж і сапраўды скаланецца неўзабаве ад ляскату танкавых гусеніцаў...

* * *

У верасні проціборства дзвюх галінаў улады ў расійскай сталіцы стала нагадваць паядынак на самым краі прорвы. Па прыкладу хасбулатаўскай кааліцыі дзейнічала і дэпутацкая большасць на Беларусі. Яе правадыры адкрыта пракламавалі намер дэнансаваць белавежскае пагадненне (маючы на ўвазе і адпаведныя наступствы для ягоных ініцыятараў). Беларускі прем’ер Вячаслаў Кебіч, які таксама меў грэх пакінуць у свой час аўтограф на тым злашчасным дакуменце, паспяшаўся пасыпаць галаву попелам і публічна выказаўся за стварэнне Савецкага Саюза «ў абноўленым выглядзе» (праўда, потым, калі кан’юнктура рэзка зменіцца, народу будзе растлумачана, што гэта блытанікі-журналісты не так інтэрпрэтавалі словы прэм’ера).

Шушкевіч, здавалася, нарэшце адчуў, што ў гэтай сітуацыі адзіна магчымым відам абароны застаецца адчайны наступ ў адказ. Ён тэрмінова збірае газетчыкаў на прэс-канферэнцыю, потым выходзіць у прамы эфір рэспубліканскага тэлебачання і радыё. Гэтакай жорсткай крытыкі ўрада з ягоных вуснаў, бадай, яшчэ не чулі... Хопіць шукаць ахвярнага казла, досыць валіць з хворай галавы на здаровую! — такі быў лейтматыў моцных, эмацыянальных выказванняў спікера. Ён яшчэ раз зазначыў, што суверэннасць Беларусі «не мае ніякага дачынення да ізаляцыі, не перашкаджае, каб мы цесна ўзаемадзейнічалі эканамічна, гандлёва. I калі ісці ў тым накірунку, што быў азначаны ў Віскулях, будзе тое цеснае ўзаемадзеянне, аб якім мараць людзі». Іншая справа, што ўрад замест таго, каб напаўняць канкрэтыкай ужо заключаныя ў рамках СНД эканамічныя пагадненні, плодзіць адзін за адным нейкія манілаўскія пражэкты — накшталт «траістага эканамічнага саюза «славянскіх рэспублік былога Саюза. «Як у анекдоце — навошта мыць брудных дзяцей, калі прыемней рабіць новых»,— з саланаватым гумарам рэзюмаваў Шушкевіч. Адзначыўшы, што «дылетантаў ва ўрадзе больш чым трэба», ён лагічна прапанаваў гаварыць сёння не аб адстаўцы спікера, а «аб іншай адстаўцы, аб тых, што мелі ў сваіх руках усю паўнату выканаўчай улады, але прывялі рэспубліку да цяжкага стану».

Такіх рэзкіх, тэмпераментных выпадаў у бок Кебіча ад Старшыні Вярхоўнага Савета, які дагэтуль старанна вуаліраваў свае нелады з прэм’ерам, яўна не чакалі. Прэса, адразу ж правёўшы паралель з расійскай сітуацыяй, узбуджана загаманіла пра такі ж самы, як і там, канфлікт дзвюх галінаў улады. Але параўнанне, безумоўна, кульгала. Хаця б таму, што Ельцын меў, як-ніяк, згуртаванае кола адданых саратнікаў-збраяносцаў, Шушкевіч жа мусіў амаль што ў адзіноце трымаць два фронты — супраць кансерватыўнага ўрада і супраць кансерватыўных дэпутатаў. 3 адпаведнымі шанцамі ацалець...

Падзенне Ельцына, безумоўна, паскорыла б і развязку палітычнай драмы Станіслава Шушкевіча.

Але маскоўскія падзеі пайшлі па іншым сцэнарыі. Проціборства дзвюх непрымірымых сіл закруціла крывавую, д’ябальскую інтрыгу...

* * *

Кажуць, што Ельцынава цярпенне лопнула пасля таго, як Хасбулатаў публічна шчоўкнуў пальцам па горле, намякаючы на любоў прэзідэнта да моцных напояў. Калі і так, то, зразумела ж, гэты фрывольны жэст стаў толькі апошняй кропляй, што перапоўніла чашу. Ружжо, якое даўно ўжо вісела перад вачыма гледачоў на маскоўскай палітычнай сцэне, рана ці позна павінна было стрэліць.

21 верасня 1993 года сваім указам № 1400 Ельцын скасоўвае паўнамоцтвы з’езда народных дэпутатаў і Вярхоўнага Савета Расіі і прызначае на снежань выбары ў новы орган заканадаўчай улады — Федэральны сход. Парламент у сваю чаргу кваліфікуе прэзідэнцкі ўказ як дзяржаўны пераварот, аб’яўляе аб прыпыненні паўнамоцтваў Ельцына і прыводзіць да прысягі ў якасці «в. а. прэзідэнта» аднаго з паплечнікаў Хасбулатава — былога лётчыка, удзельніка афганскай вайны, а потым віцэ-прэзідэнта краіны Аляксандра Руцкога. Напружанне дасягае апагею...

Шушкевіч (як і парламенцкая апазіцыя БНФ), не вагаючыся, падтрымаў дзеянні Ельцына, накіраваў яму адпаведную тэлеграму. За што адразу ж трапіў пад жорсткі прэсінг — у большасці членаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі быў іншы погляд на маскоўскія падзеі.

— Фактычна Прэзідыум паставіў мне ультыматум: асудзіць крокі Ельцына,— распавёў потым Шушкевіч.— Але я адразу даў зразумець, што ніякіх антыельцынскіх заяў падпісваць не буду. I мае апаненты мусілі ў рэшце рэшт пайсці на праўкі ў падрыхтаваным імі (пераважна, наколькі я ведаю, Дзмітрыем Булахавым) тэксце заявы Прэзідыума з нагоды расійскіх падзей. У выніку ўся іх задума практычна была зведзена на нішто.

Сапраўды, у канчатковым, апублікаваным толькі 25 верасня выглядзе заява ўяўляла сабой абсалютна выхалашчаны прадукт цяжкога кампрамісу: ніякіх ацэнак, толькі заклапочанасць драматычнай сітуацыяй у суседзяў — пачуццё, якое аднолькава шчыра маглі дэклараваць нават зацятыя палітычныя непрыяцелі. Хоць гэта, вядома ж, ні на ёту не збліжала іх поглядаў.

Хацелася верыць, што ў Маскве абыдзецца ўсё ж без крыві. Але... хасбулатаўцы дзёрзка атакуюць мэрыю, затым бяруць на аўтаматныя мушкі тэлецэнтр «Астанкіна». Першыя ахвяры...

I вось — жахлівая развязка, бясстрасна паказаная на цэлы свет усюдыіснымі аператарамі Эн-Бі-Сі: танкі б’юць прамой наводкай па Белым доме. 3 вокнаў атачонага парламента паўзе густы чорны дым. Снарады, выпушчаныя аднымі расіянамі, рвуць на шматкі целы іншых расіян. Цэнтр Масквы. Канец дваццатага стагоддзя. Жудасны сон...

* * *

Шушкевіч цяжка, пакутліва перажываў маскоўскую трагедыю. Але для ягоных апанентаў усё было ясна як Божы дзень: даўно і метадычна складаемы імі рэестр смяротных грахоў беларускага спікера папоўніўся яшчэ адным радком: падтрымка «крывавага дыктатара» Ельцына. Праўда, паражэнне маскоўскіх мяцежнікаў на нейкі час зблытала карты беларускай парламенцкай большасці. Яна акрыяе духам у снежні, пасля расійскіх выбараў, калі высветліцца, што дэмакраты пацярпелі фіяска і новы тамтэйшы парламент абяцае стаць для Ельцына, бадай, яшчэ мацнейшым арэшкам.

* * *

Шушкевічу звычайна не падабаліся журналісцкія параўнанні палітыкі са спартыўнымі адзінаборствамі. Ён зазначаў прыкладна так: я не імкнуся перамагчы коштам нечага паражэння, я хачу, каб выйгралі ўсе...

На жаль, палітыка амаль ніколі не дае такой магчымасці і рамантызм у ёй дорага каштуе. На справе стасункі паміж парламенцкай большасцю і спікерам усё болей нагадваюць назіральнікам знясільваючы баксёрскі бой, які зацягнуўся даўжэй, чым чакалі. Даўно ўжо бачна, на чыім баку перавага ў грубай і яраснай моцы, але прыціснуты да канатаў праціўнік нейкім цудам ухіляецца чарговы раз ад свінцова-бязлітаснага ўдару — за імгненне да выратавальнага гонга.

Праўда, выратавальная паўза — толькі да наступнага раунда. I з лагера сваіх жа балельшчыкаў гучаць горкія папрокі: нельга адно бараніцца, трэба рызыкаваць і ісці ў контратаку, у такіх паядынках нічыіх не бывае... А ў іншым лагеры тым часам пракручваюцца тактычныя варыянты: як жа правесці нарэшце рашаючы, сакрушальны, накаўтуючы ўдар?

* * *

На XII сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі, на пачатку чэрвеня 1993 года, адбылася падзея, якую мала хто прыкмеціў, аддаючы ўвагу палкай дыскусіі аб калектыўнай бяспецы. Мусячы неяк рэагаваць на трывогу грамадскасці: «наменклатура рабуе дзяржаву!»,— парламент абвясціў аб стварэнні часовай камісіі для вывучэння дзейнасці камерцыйных структур, дзеючых пры рэспубліканскіх і мясцовых органах улады і кіравання. Старшынёй камісіі абралі дэпутата Лукашэнку.

Сіплаваты, заўжды з гнеўнымі ноткамі голас Аляксандра Лукашэнкі, дырэктара саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёна, аматары радыётрансляцый з сесій Вярхоўнага Савета вызначалі к таму часу ўжо беспамылкова з першай фразы. Ён рваўся да мікрафона пры любой нагодзе, гаварыў хоць часам і не па тэме, але заўсёды палымяна. А галоўнае — кожны раз некага клеймаваў, выкрываў. I такім чынам закранаў патрэбныя струны ў душах тых грамадзян, што надзвычай любяць простыя сацыяльныя рэцэпты: вось чарговы вораг, яго трэба сцерці ў кулеш, і тады ўсім стане добра... 3 цягам часу ўлюбёнай мішэнню для філіпік Лукашэнкі стала асоба Станіслава Шушкевіча. Паколькі першы не выбіраў слоў, то другі, паддаючыся натуральным чалавечым эмоцыям, пачаў раз-пораз адказваць таксама колкімі рэплікамі, а то па праву спікера і перапыняў апанента, кваліфікуючы чарговы выпад як абразу... Іх стасункі сталі, мякка кажучы, не самымі цёплымі. Падтрымліваючы кандыдатуру Лукашэнкі на пост старшыні часовай камісіі (якая потым атрымала ў народзе спрошчаную назву «антымафіёзнай»), Шушкевіч спадзяваўся ўпотай, што такім чынам нястрымная энергія ягонага зацятага апанента накіруецца ў іншае рэчышча, што няўрымслівы змагар, раскапаўшы красамоўныя факты з патаемнага жыцця наменклатуры, увойдзе ў клінч з парламенцкай большасцю...

Але атрымалася зусім іначай. Арэол бясстрашнага барацьбіта з мафіяй надзвычай узняў уласныя амбіцыі Лукашэнкі. Ён адчуў сябе рэальным прэтэндэнтам на пакуль што гіпатэтычнае, але ўжо вельмі магчымае прэзідэнцкае крэсла. Адным з наймацнейшых канкурэнтаў на гэтым шляху ўяўляўся, безумоўна, Станіслаў Шушкевіч.

I канфрантацыя паміж старшынёй «антымафіёзнай» камісіі і Старшынёй Вярхоўнага Савета перайшла ў яшчэ больш вострую, бескампрамісную фазу.

Лукашэнка пачаў раз за разам з пафасам заяўляць, што Шушкевіч нібыта ўсяляк перашкаджае працы ягонай камісіі. I хоць пераканаўчых доказаў не прыводзіў, абывацель згодна са сваёй логікай ужо мог рабіць выснову: ага, калі так, то ў каго-кольвечы рыльца, відаць, таксама ў пуху...

Тыя, хто даўно марыў зваліць Шушкевіча, толькі паціралі далоні: здаецца, удача сама бяжыць да іх у рукі.

* * *

9 лістапада 1993 года пачалася чарговая сесія Вярхоўнага Савета Беларусі — трынаццатая па ліку. Вось і не вер пасля гэтага ў прыкметы: менавіта яна, трынаццатая, стане для Шушкевіча апошняй у ролі спікера. Хоць, калі сур’ёзна, справа была зусім не ў чортавым тузіне — адбылося тое, што рана ці позна мусіла адбыцца...

Перад пачаткам сесіі было яскрава прадэманстравана, што дзеля дыскрэдытацыі дэмакратычных сілаў могуць ужывацца любыя метады. З’явіліся невядома дзе і кім сфабрыкаваныя ўлёткі, у якіх ад імя Народнага фронта і патрыятычнай арганізацыі «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў» пракламаваліся заклікі да ўзброенага выступлення супраць уладаў. Усчалася сапраўдная істэрыя: маўляў, апазіцыя рыхтуецца ледзь ці не перастраляць сваіх непрыяцеляў проста ў парламенцкай зале... У дзень адкрыцця сесіі Дом урада густа ачапілі вайскоўцамі. Вядома ж, ніякіх баевікоў ніхто і ў вочы не ўбачыў... Але кругі ад кінутага каменя разыходзіліся яшчэ доўга.

Шушкевіч выступіў на сесіі з дакладам, у якім канстатаваў: нягледзячы на ўсе перашкоды, заканадаўчая база для рэфармавання эканомікі — хай сабе і не ідэальная — створана. Далейшае залежыць перш за ўсё ад урада, ягонай волі і кампетэнтнасці. Грунтоўна выклаў старшыня парламента і сваё бачанне эфектыўных шляхоў выхаду з крызісу.

Аднак урадавыя кіраўнікі, уздымаючыся на трыбуну, не давалі ніякай падставы западозрыць іх у жаданні карэнным чынам мадэрнізаваць старую, няўклюдную дзяржаўную эканоміку. Іх ідэяй фікс да таго часу стала аб’яднанне грашовых сістэм Беларусі і Расіі. Яшчэ ў верасні таго года прэм’ер Вячаслаў Кебіч падпісаў у Маскве адпаведнае пагадненне з расійскім калегам Віктарам Чарнамырдзіным. Урадавая прэса Беларусі гучна рэкламавала мяркуемую грашовую унію як панацэю для нацыянальнай эканомікі: маўляў, зальёмся таннай нафтай, касяком пойдуць з Расіі выгадныя прамысловыя заказы... I толькі малалікая апазіцыя стаяла на сваім: адбываецца цынічны, злачынны распродаж суверэнітэту, ператварэнне Беларусі ў калонію магутнай усходняй суседкі!

Шушкевіч у гэтай сітуацыі, мяркуючы па усім, не рызыкаваў выклікаць на сябе дадатковы агонь: прапановы зняць яго з пасады і так паспелі ўжо неаднойчы прагучаць і на гэтай, трынаццатай сесіі. Праўда, пакуль што былі толькі імпульсіўныя выпады найбольш гарачых адзіночак: парламенцкая большасць не спяшалася «завесціся». Адчувалася: вытрымліваецца прадуманая паўза... Гэтым разам рэжысёры кіравалі спрытней, чым на папярэдняй сесіі.

Праўда, іх задумы ледзь не зблытаў нечаканы бунт кіраўнікоў двух сілавых ведамстваў — міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Ягорава і старшыні Камітэта дзяржбяспекі Эдуарда Шыркоўскага. Гэтыя законапаслухмяныя дзяржаўныя служачыя вышэйшага рангу, якіх ніколі не адносілі да стану апазіцыянераў, але па праву лічылі сумленнымі, вопытнымі прафесіяналамі, нечакана ўсталі на дыбкі — у сваім адкрытым лісце, які абляцеў рэспубліканскую прэсу, яны сказалі ўсё, што думаюць, пра бесцырымонны, грубы дыктат у адносінах да іх ведамстваў з боку неканстытуцыйнай, на іх погляд, структуры — Дзяржсакратарыята па нацыянальнай бяспецы і барацьбе са злачыннасцю, створанага ў свой час у складзе беларускага Саўміна. Гэтая структура, як вынікала з сэнсу адкрытага ліста, імкнецца паставіць на калені, падмяць пад сябе сілавыя ведамствы, каб стаць усеўладнай, забяспечыць ураду поўную бескантрольнасць.

Але адкрыты ліст стаў «гласом вопнюшего в пустыне». Ягораў і ШыркоЎскі імгненна трапілі ў апалу, іх пачалі бязлітасна дзяўбсці з усіх бакоў... Праз колькі тыдняў яны развітаюцца са сваімі пасадамі. А ўслед надыдзе і чарга Шушкевіча...

* * *

Адступленне. Аўтарскі «допыт»

(красавік 1994 года)

— Станіслаў Станіслававіч, а ці не варта было вам тады ўсё ж паспрабаваць неяк абараніць Ягорава і Шыркоўскага? Робячы свой рызыкоўны крок, кідаючы пальчатку магутным сілам, яны, відаць, разлічвалі і на вашу падтрымку, а ў выніку засталіся, мяркуючы па ўсім, расчараванымі і пакрыўджанымі...

— Памятаеце: у свой час я паспрабаваў сказаць сваё слова ў дыскусіі аб калектыўнай бяспецы. I што ж? На пасяджэнні Савета бяспекі апынуўся адзін супраць усіх. I ў сітуацыі з сілавымі міністрамі важкасць майго слова была б гэткай самай. Так, я прамаўчаў, бо іншае было абсалютна бессэнсоўна. Ні Ягораў, ні Шыркоўскі — а я іх лічу вельмі і вельмі сумленнымі, патрыятычна зарыентаванымі людзьмі і прафесіяналамі высокага класа — не задавальнялі большасць. I тым самым іх службовы лёс быў перадвырашаны...

* * *

3 набліжэннем таго дня, калі на сесіі павінен быў выступіць са справаздачным дакладам кіраўнік «антымафіёзнай» камісіі, ажыятаж і ў парламенцкай зале, і ва ўсім грамадстве нарастаў. Лукашэнка інтрыгаваў публіку заявамі пра тое, што камісія сабрала цэлыя «чамаданы кампрамату» на вельмі вялікіх шышак.

14 снежня, калі Лукашэнка нарэшце ўзняўся на трыбуну, Шушкевіча ў Авальнай зале не было: напярэдадні ён тэрмінова вылецеў у Ташкент. 3 якой нагоды — прэс-служба Вярхоўнага Савета не тлумачыла...

На людзей недасведчаных даклад зрабіў сапраўды моцнае ўражанне — з выкрывальніцкім пафасам былі названыя дзесяткі імёнаў даволі важных «птушак», якія, па глыбокім перакананні дакладчыка, добра набілі валлякі з дзяржаўнай кармушкі.

Але калі распачаліся спрэчкі, высветлілася: ладная частка «кампрамату» — гэта не што іншае як сякера, знойдзеная пад лавай. Дакладней — пад «лавамі» МУС, КДБ, Пракуратуры. I праваахоўныя органы ў многіх выпадках ужо прымаюць адпаведныя захады па высветленых імі — менавіта імі! — фактах. Назваць жа каго б там ні было злачынцам можа суд і толькі суд, а не парламенцкая камісія, хай сабе і такая грозная ды бескампрамісная. А яшчэ адна частка «кампрамату» на вачах развалілася бы картачны дамок, калі на трыбуну сесіі пачалі ўзнімацца заклеймаваныя ў дакладзе службовыя асобы і аргументавана адмятаць прыцягнутыя за вушы абвінавачванні. У каго-кольвечы галоўны барацьбіт з мафіяй мусіў адразу ж прасіць прабачэння. Маўляў, так, хлопцы, трохі пагарачыўся, лес сякуць — трэскі ляцяць...

Гэта акалічнасць, аднак, Лукашэнку не збянтэжыла. На прэс-канферэнцыі ў той самы дзень ён заявіў, што «яшчэ не вечар», не ўсе козыры раскрытыя — у прыватнасці, «каб не гаварыць за вочы», давялося выключыць з тэксту даклада інфармацыю пра грахі шаноўнага спікера. Урэшце, намёк на характар грахоў быў зроблены: рамонтна-будаўнічае ўпраўленне Саўміна шчыравала, маўляў, на чатырох «аб ектах», запісаных «на імя Шушкевіча»...

У наступныя два дні парламент нагадваў вулей, у які кінулі палаючую галавешку. Лукашэнка зноў узяў слова і стаў выграбаць з «чамаданаў» новыя порцыі «кампрамату». У прыватнасці, была «агучана» чарнавая даведка пра дзейнасць РБУ Саўміна, з чаго вынікала, што Шушкевіч нібыта недаплаціў за выкананыя па ягоных заказах работы.

Абвінавачаныя дэпутаты і службовыя асобы адзін за адным рваліся да мікрафонаў, каб даць гнеўны «адлуп». Лукашэнка не заставаўся ў даўгу. Усчаўся даволі непрыгожы абмен слоўнымі аплявухамі. У рэшце рэшт, каб не ладзіць пасмешышча на ўсю краіну, вырашылі перапыніць трансляцыю...

Шушкевіч, які да таго часу ўжо вярнуўся з Ташкента і заняў крэсла ў Авальнай зале, стрымліваўся як мог, хоць збоку было добра бачна, чаго гэта яму каштуе. У рэшце рэшт нервы, відаць, не вытрымалі: падчас чарговай філіпікі Лукашэнкі старшыня парламента загадаў адключыць мікрафон. У Авальнай зале ўсчаўся нябачаны вэрхал... Пасяджэнне было сарвана.

Калі пасля перапынку дэпутаты зноў сабраліся ў зале, Шушкевіча сярод іх ужо не было. Прагучала інфармацыя: ён шпіталізаваны з дыягназам «гіпертанічны крыз».

Неўзабаве ўсё той самы няўрымслівы Лукашэнка заявіць, што старшыня парламента сімулюе хваробу, і дэпутат Рыгор Вячэрскі мусіць зачытаць медыцынскую даведку, з якой большасць прысутных на сесіі ўпершыню дазнаецца, што Шушкевіч пакутуе ад перыядычнага павышэння артэрыяльнага ціску яшчэ з 1981 года, а 20 снежня 1993-га, у прыватнасці, лекарскі манометр зафіксаваў у хворага скачок ціску да 190 на 110 міліметраў ртутнага слупа...

3-за хваробы Шушкевіч не здолее паляцець у Ашгабат на чарговы саміт лідэраў СНД — беларускую дэлегацыю ўзначаліць Вячаслаў Кебіч (які, вярнуўшыся, не праміне яшчэ раз закрануць ужо зашмальцаваную тэму падпісання-непадпісання дагавора аб калектыўнай бяспецы: маўляў, тую форму, у якой гэта нібыта зрабіў Шушкевіч, кіраўнікі іншых дзяржаў не прызнаюць...).

Сесія ж у адсутнасць спікера неўзабаве перапыніць працу, і дэпутаты раз’едуцца на калядныя вакацыі, адклаўшы фінал «сацыяльнага спектакля» (выраз Зянона Пазьняка) на другую палову студзеня наступнага года. Праўда, да перадкаляднага разбору андатравых шапак у парламенцкім гардэробе быў закладзены арганізацыйны падмурак далейшых дзеянняў: у кулуарах Вярхоўнага Савета распачаўся збор подпісаў за адстаўку ягонага кіраўніка. Хтосьці ставіў свой аўтограф са шчырай ахвотай, кагосьці з прадстаўнікоў «балота» давялося настойліва агітаваць, камусьці, падобна, паабяцалі «тое за тое»... Слупок подпісаў хутка рос, і ўжо можна было з пачуццём глыбокага задавальнення канстатаваць, што фінал спектакля пойдзе як па масле,— тым самым масле, што для соцень тысяч радавых грамадзян рэспублікі паспела ўжо стаць амаль неверагоднай раскошай на навагоднім стале.

* * *

Адступленне. Аўтарскі «допыт»

(красавік 1994 года)

— Калі вы адчулі, што адстаўка непазбежная? Ці, можа, да апошняга моманту цеплілася-ткі надзея, што ўсё неяк абыдзецца, што нейкім цудам тая чаша вас міне?

— Не, ніякіх ілюзій не было ўжо летам 1993-га. Цудам хутчэй варта лічыць тое, што адстаўка не адбылася раней. I справа не ў Лукашэнку — пракамуністычная большасць выкарыстала б любую даўбешку.

Калі я канчаткова ўпэўніўся, што ўсё перадвырашана, заставалася адна мэта — не дапусціць, каб быў сарваны візіт Клінтана на Беларусь, запланаваны на студзень 1994-га. 3 маёй адстаўкай гэты візіт рабіўся б немагчымы. Я ж лічыў яго надзвычай важным для нашай краіны, для перспектыў яе інтэграцыі ў сусветную супольнасць. I вырашыў, што хоць тут не дам сябе перайграць...

Дарэчы, калі вяртацца яшчэ далей назад, варта зазначыць, што ў свой час праз наша Міністэрства замежных спраў рабіліся вялікія высілкі, каб на чале беларускай дэлегацыі ў Штаты паляцеў Кебіч. Я тады ад амерыканскага пасла даведаўся, што наш галоўны дыпламат Краўчанка, як кажуць, касцьмі клаўся, каб запрашэнне з Вашынгтона было адрасавана менавіта кіраўніку ўрада. Але яно прыйшло, як вы ведаеце, усё ж да мяне... І калі мы знаходзіліся ў Вашынгтоне ў ліпені 1993-га, я выразна ўсвядоміў яшчэ адну рэч: на перамовах за мяжой — калі гаворка ішла, напрыклад, пра крэдыты для рэфармавання эканомікі — пэўныя нашы высокапастаўленыя прадстаўнікі гаварылі адно, а вярнуўшыся дадому, рабілі зусім іншае. Прасілі грошы, не шкадуючы рэфарматарскіх абяцанак, а ў выніку толькі памнажалі дзяржаўны доўг (жахліва нават уявіць — за 1993 год ён падскочыў да мільярда долараў: палову запазычылі Захаду, палову — Расіі!). Эканоміка ж засталася па сутнасці старой і працягвае дэградаваць...

Пасля вяртання дэлегацыі з Амерыкі спадар Краўчанка зрабіў заяву, што візіт, маўляў, практычна безвыніковы. Хай гэта застаецца на ягоным сумленні. Я ж ганаруся, што ўдалося хоць у нейкай ступені прарваць інфармацыйную ізаляцыю, у якой знаходзілася Беларусь, што наш курс на поўнае ядзернае раззбраенне заваяваў такую павагу і ў ЗША, і ва ўсім свеце. А Клінтана, як вы ведаеце, я запрасіў наведаць нашу краіну.

Дык вось, як я ўжо сказаў, рабіліся ўсе захады, каб гэтаму перашкодзіць. I нават калі стала ясна, што амерыканскі прэзідэнт усё-такі едзе, барацьба працягвалася. Узняўся, напрыклад, страшэнны вэрхал з-за намеру Клінтана наведаць Курапаты. Нашы слаўныя ветэраны палічылі такі крок страшэннай для сябе абразай. Вядома ж, амерыканцам пра гэта адкрытым тэкстам не гаварылі. Дыпламатычна намякнулі: маўляў, няма ўпэўненасці, што ў Курапатах удасца забяспечыць належны ўзровень аховы. Але ж амерыканцы — людзі разумныя... Ад шэфа бяспекі Клінтана неадкладна прыйшоў факс: маўляў, ніколькі не сумняваемся, што ўсё будзе «о’кей».

Урэшце быў дасягнуты кампраміс. Памянялі месцамі пункты праграмы: напачатку Клінтан ускладае вянок да абсліска воінам і партызанам Вялікай Айчыннай на плошчы Перамогі, а потым ужо накіроўваецца аддаць даніну памяці курапацкім ахвярам.

Я лічу, гэта быў прыгожы візіт. Усе галоўныя перамовы выпала весці мне, і думаю, што падчас іх, пры ўсёй павазе да магутнай заакіянскай дзяржавы, Беларусь не выглядала ўгодлівай, прыніжанай беднай сваячкай.

— Няцяжка здагадацца, што, калі вы гаварылі з Клінтанам з вока на вока, прагучалі і зусім канфідэнцыйныя рэчы...

— Я на ўсіх этапах перамоў падкрэсліваў, што Беларусь — самастойная дзяржава, і, мяркую, той бок добра адчуваў мяжу, перасячэнне якой магло б кваліфікавацца як спроба ўмяшання ў нашыя ўнутраныя справы. Разам з тым, безумоўна, я хацеў як мага больш аб’ектыўна абмаляваць той няпросты, супярэчлівы пераходны стан, у якім знаходзіцца пакуль што наша дзяржаўнасць. Для мяне было важна, каб Амерыка адчула давер да Беларусі, упэўнілася, што тут ёсць здаровыя, прагрэсіўныя сілы, якія шчыра імкнуцца да інтэграцыі ў міжнароднае супольніцтва. Аднак у любых абставінах я лічу недапушчальным, ганебным для палітыка станавіцца перад некім на калені з працягнутай рукой, незалежна ад таго, куды працягваць руку — на Захад ці на Усход. I тут мой гонар, маё сумленне — чыстыя.

Безумоўна, яшчэ не надышоў час публічна распавядаць пра ўсе дэталі той прыватнай гаворкі з Клінтанам і гэткай самай папярэдняй гутаркі з дзяржсакратаром ЗША Крыстаферам. Гэта не значыць, што ёсць нейкія таямніцы, пра якія ніхто ніколі не давсдасцца. Усё зафіксавана ў пратаколах, што захоўваюцца ў адпаведных нашых архівах. Дарэчы, гэта не былі, строга кажучы, дыялогі тэт-а-тэт. Побач знаходзіўся перакладчык, але такі, што стопрацэнтна гарантуе канфідэнцыйнасць. Пройдзе час, і ўсё будзе абнародавана — так, як гэта звычайна і робіцца ў практыцы міжнародных зносін.

* * *

А візіт і сапраўды быў прыгожы. I ягоным апафеозам (тут гэтае ўрачыстае, узнёслае слова якраз дарэчы) стала сустрэча Клінтана з мінчукамі на плошчы Псрамогі.

Пасля таго як лёг вянок да абеліска, Шушкевіч па-англійску прапанаваў амерыканскаму прэзідэнту павітаць ветэранаў. (Увогуле, трэба заўважыць, прафесару Шушкевічу найчасцей даводзілася мець справу з вузкаспецыяльнымі навуковымі тэкстамі на гэтай мове, а ў размоўным жанры віртуозам ён зусім сябе не адчуваў, але тут патрэбная фраза склалася неяк сама па сабе — і надзвычай дарэчы.)

Клінтан — элегантны, усмешлівы, падобны ў сваім доўгім чорным паліто і беласнежнай кашулі на дырыжора — рушыў да натоўпу, што цясніўся за металічнымі бар’ерамі вакол плошчы, і пачаў паціскаць рукі — адну, дзве, дзесяць, дваццаць... Мінчукі наваліліся на бар’еры, наперабой працягваючы далоні для жаданага поціску; бедакі-міліцыянты, тытанічна напружваючы мускулы, ледзь стрымлівалі гэты парыў; узмакрэлыя агенты спецслужбаў, як чаўнакі, снавалі ў людскім віры, і можна было толькі ўявіць, як шалёна калаціліся іх прасякнутыя звышсуровай адказнасцю сэрцы... I было яскрава бачна, што ў тым людскім парыве няма ні кроплі халопства, што гэта, бы крынічны струмень, прарываецца з нетраў чалавечых душ шчырае пачуццё павагі да лідэра вялікай нацыі, якая здолела пабудаваць для сябе заможнае і вольнае жыццё, і ў прагных поцісках рук пульсавала гарачая вера, што гэткае самае дастойнае жыццё здолеюць пабудаваць і беларусы.

Было відавочна, што распісаная да хвіліны праграма візіту ўжо трашчыць па ўсіх швах, але не было тае сілы, што магла разарваць гэты спантанна замкнёны энергетычны ланцуг яднання чалавечых душаў. I Клінтан працягваў агінаць аточаную бар’ерамі плошчу, і поціскі рук па-над гэтымі жалезнымі перагародкамі дарылі рэпарцёрам фенаменальныя кадры-сімвалы.

Шушкевіч у тыя хвіліны заставаўся па-за рамкамі рэпарцёрскіх відашукальнікаў. Ён ішоў трохі паводдаль услед за амерыканскім прэзідэнтам, і мала хто бачыў, што ў ягоных вачах свяціліся адначасова і радасць і сум...

А тым часам высокага госця ўжо чакала зала беларускай Акадэміі навук...

* * *

Адступленне. Аўтарскі «допыт»

(красавік 1994 года)

— Сустрэчу з Білам Клінтанам у Акадэміі навук трансліравала беларускае тэлебачанне. I ўсё ж нешта цікавае, мусіць, засталося па-за кадрам?

— Калі на плошчы Перамогі была сустрэча, так бы мовіць, эмацыянальная, то тут, у Акадэміі,— сэнсоўная.

Дарэчы, не абышлося без кур’ёзаў. Прадстаўнік Акадэміі спачатку трымаў уступнае слова па-англійску, а потым сказаў тое самае па-беларуску. Клінтан занепакоіўся (відаць, вырашыў, што ў нас няма адпаведнай тэхнікі): маўляў, няўжо мяне таксама будуць «падаваць» у два прыёмы? Я кажу: не турбуйцеся, будзе сінхронны пераклад праз навушнікі. Тады ён супакоіўся...

I яшчэ: хоць задумвалася сустрэча менавіта з маладымі інтэлектуаламі (папярэдне ішла гаворка, што для дэпутатаў, у прыватнасці, узроставай мяжой будзе 1956 год нараджэння), у зале ў рэшце рэшт апынулася багата асоб, што зусім не адпавядалі першапачатковаму «цэнзу». Бо напярэдадні пачалі патрабаваць для сябе месцы члены Прэзідыума Вярхоўнага Савета, потым — члены ўрада... Карацей, выявілася псіхалогія старых партыйных часоў: крый Божа не заняць ганаровае крэсла на чарговым мерапрыемстве — яшчэ падумаюць, што цябе перасталі паважаць у адпаведнасці з санам...

* * *

Але Клінтан, трэба меркаваць, дакладна ведаў, каму ў той зале трэба адрасаваць словы надзеі на дастойную будучыню беларускага народа.

Аглядальнік «Народнай газеты» не без вытанчанай з’едлівасці адзначыў у сваёй справаздачы: «Большасць аўдыторыі, а былі там пераважна маладыя навукоўцы, маладыя палітыкі і журналісты, культурная эліта, слухалі прэзідэнта ЗША, як гаворыцца, «жыўцом». У адрозненне ад дзяржаўных мужоў, што адразу пацягнуліся да навушнікаў з сінхронным перакладам. Як тут не згадзіцца з Білам Клінтанам, што гэтае новае, высокаадукаванае і таленавітае пакаленне і ёсць наша асноўная надзея!».

Але ля рычагоў рэальнай улады ў маладой краіне заставаліся на той момант пераважна людзі з навушнікамі...


НЕЗАВЕРШАНЫ РАЗДЗЕЛ


Вось і ўсё.

Ён сышоў з трыбуны і, абмяняўшыся парай слоў з намеснікам, паволі рушыў да «закуліснага» выхаду з Авальнай залы — стомлены, трохі ссутулены ад нябачнага цяжару чалавек з вялікім маршчакаватым ілбом.

Даносчыкі-мікрафоны агучылі на ўсю рэспубліку ягоны яўна не разлічаны на такую аўдыторыю дыялог з намеснікам, што выглядаў прыблізна так:

— Хіба вы не застаяцеся на галасаванне? Ваш голас, дарэчы, таксама будзе ўлічвацца...

— Ат, ведаеце, мне ўжо ўсё адно... Паеду дадому!

Ён мог прадказаць вынікі, якія праз пару гадзін абнародуе падліковая камісія, з дакладнасцю практычна да голаса. Гэтаксама дакладна было ўсё пралічана і ягонымі праціўнікамі. Праз некалькі хвілін пачнецца тайнае галасаванне па пытанні аб змяшчэнні старшыні парламента з пасады. I 209 дэпутатаў выкрасляць у бюлетэнях ягонае прозвішча.

* * *

За некалькі дзён да таго, акурат у дзень прыбыцця ў Мінск амерыканскага прэзідэнта, парламенцкая большасць атрымала дзівосны падарунак. Цяжка сказаць, ці быў ён нечаканы — падаплёка падзеі так і засталася таямніцай за сямю пячаткамі. Фактам жа стала тое, што раніцай 15 студзеня са згоды кіраўнікоў беларускіх МУС і КДБ агенты літоўскіх спсцслужбаў арыштавалі двух функцыянераў тамтэйшай нелегальнай кампартыі, якія хаваліся ў Мінску ад вышуку, абвінавачаныя ў злачыннай дзейнасці супраць суверэннай Літвы.

Іх беларускія браты па духу, з’ехаўшыся на парламенцкую сесію пасля калядных вакацый, адразу ж адсунулі ўбок усе запланаваныя пытанні і, выставіўшы за дзверы журналістаў, адключыўшы трансляцыю, аж на чатыры дні далі волю пачуццю святога гневу. 3 глыбокім абурэннем асуджаючы дазвол на паланенне ў Мінску літоўскіх падпольшчыкаў, згадалі і пра зганьбаваны беларускі суверэнітэт, і пра міжнародныя каноны чалавечых правоў — карацей, менавіта пра тое, напамінак аб чым раней звычайна выклікаў у каго-кольвечы з выступоўцаў нешта падобнае на алергію. Зыход гэтага дружнага збівання на порхаўку міністра ўнутраных спраў і старшыні КДБ, бадай, ні ў кога не выклікаў сумненняў. Свярбела толькі адно пытанне: як такія мацёрыя прафесіяналы трапілі ў прымітыўную, дрэнна замаскаваную «воўчую яму»? Ды яшчэ пасля таго, як кінулі такі небяспечны выклік сваім нашумелым адкрытым лістом?

Больш зручнага выпадку, каб пакласці на плаху галовы апальных Ягорава і Шыркоўскага, не прыдумаў бы і сам д’ябал.

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады дэпутат Алег Трусаў перад тайным галасаваннем аб адстаўцы сілавых міністраў зазначыў у гутарцы з журналістам «Звязды»: «...Калі ім удасца пазбавіцца ад гэтых дзвюх асоб — яны праз некалькі дзён паставяць пытанне аб адстаўцы Шушкевіча. Шлях да поўнага захопу ўлады будзе адкрыты. План у іх адпрацаваны, і яны яго стараюцца выканаць».

Гэта гучала хутчэй нават не прагнозам, а проста канстатацыяй непазбежнага.

Па частцы ўзорнага выканання планаў «яны» заўсёды былі мастакамі.

* * *

У запланаваным парадку дэпутаты і вярнуліся да пытання, якое не здолелі «дабіць» перад калядамі,— аб нашумелым «антымафіёзным» дакладзе. Трэба ж было неяк рэагаваць на «кампрамат», прымаць пастанову, што дапамагла б у святым змаганні супраць «гідры карупцыі». I з падачы аўтара даклада большасць ахвотна прыйшла да высновы, што таму змаганню найбольш замінае... Старшыня Вярхоўнага Савета. Цвіком у праект адпаведнай пастановы быў забіты пункт аб адкліканні Станіслава Шушкевіча з займаемай пасады. Дзеля справядлівасці трэба дадаць, што праект прапаноўваў аналагічную меру пакарання і для прэм’ера Вячаслава Ксбіча. Але апошняе, на думку многіх, рабілася толькі дзеля адводу вачэй: маючы ў парламенце магутнае лобі, Старшыні Саўміна не было чаго надта баяцца... Што і пацвердзіла потым галасаванне, па выніках якога Кебічава крэсла за ім жа і засталося.

Ну, а пра дзесяткі іншых важных персон, чые прозвішчы фігуравалі ў скандальным дасье Аляксандра Лукашэнкі, ніхто ужо, здаецца, і не згадваў, тым болей, што не адна з тых персон якраз і засядала ў Авальнай зале...

Такім чынам у якасці свяшчэннай ахвяры на алтар барацьбы з карупцыяй кінулі неспрактыкаванага ў закулісных гульнях, мала прыстасаванага да «схваткі бульдогаў пад дываном» ідэаліста-спікера. Яго адправілі ў адстаўку з фенаменальнай фармулёўкай — «у сувязі з непрыняццем мераў па барацьбе з карупцыяй, адсутнасцю кантролю за работай праваахоўных органаў і праяўленую асабістую нясціпласць». Асаблівае замілаванне выклікае гэтае «праяўленую» — для філолага бясспрэчны плеаназм, слова-паразіт, але ў дадзеным выпадку яно міжволі правакуе пытанне: а што, маглі б — і за «непраяўленую»? Дарэчы, апошні варыянт, бадай, болей адпавядаў бы ісціне, бо на момант галасавання абвінавачванне, быццам бы Шушкевіч за нешта там недаплаціў будаўнікам, было, прынамсі, не даказана, а пазнейшая грунтоўная праверка і ўвогуле дашчэнту развеяла той «кампрамат».

Але хіба кагосьці з праціўнікаў Шушкевіча хвалявала тады такая «дробязь» як прэзумпцыя невінаватасці? Пра яе згадаюць пазней, калі дэпутат-змагар Лукашэнка, увайшоўшы ў смак славы, не задаволіцца адведзенай яму роляю Шушкевічава «магільшчыка» і стане «падкопвацца» пад вышэйшых урадавых чыноўнікаў і саноўных парламентарыяў. Ён імгненна атрымае жорсткі адпор, а ягоную камісію проста скасуюць (што, зрэшты, толькі дадасць яму палітычных дывідэндаў напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі). Светлую ж памяць пра «антымафіёзную» камісію ўвекавечыць частушачны фальклор:

Аляксандр Лукашэнка —

Беларуская ЧэКа:

Міліярды правароніў,

Скінуу Стася з-за цвіка.

Зрэшты, многія ініцыятары Шушкевічавай адстаўкі нават не ўтойвалі, што ім самім слаба верыцца ў тыя міфічныя цвікі, за якія ён нібыта не разлічыўся з казной. На прэс-канферэнцыі, што адбылася адразу ж пасля падвядзення вынікаў галасавання, вечарам 26 студзеня, дэпутат Віктар Ганчар спакойна канстатаваў: «Фармальныя падставы для адстаўкі Шушкевіча не супадаюць з рэальнымі прычынамі». I пераможна дэклараваў: «паў першы «белавежскі зубр». Даведаўшыся пра гэтае выказванне, Шушкевіч неўзабаве ў адным з інтэрв’ю падтрымае і дапоўніць метафару апанента: «Не мышы разважаць аб зубрыных паводзінах».

Апазіцыя ж, ахарактарызаваўшы адстаўку як адзін з этапаў «паўзучага камуністычнага перавароту» (выраз Зянона Пазьняка), разам з тым дала даволі суровую ацэнку і старшынёўскай дзейнасці Шушкевіча. Галоўнымі былі папрокі ў нерашучасці, непаслядоўнасці, згодніцтве з пракамуністычнай большасцю.

Сам жа Шушкевіч на нейкі час з’ехаў з Мінска на дачу, каб трохі расслабіцца і спакойна сабрацца з думкамі. Праўда, шматлікія журналісты дапялі і туды. Прынамсі, можна было ў натуры прадэманстраваць ім «аб’ект», што трапіў у славутае «антымафіёзнае» дасье. «У гэтым доме амаль усё зроблена маімі ўласнымі рукамі,— тлумачыў гаспадар лецішча дасціпным працаўнікам пяра.— Але любому нармальнаму чалавеку зразумела, калі патрэбны зварачныя работы, тынкоўка, без майстроў не абысціся... Няма ніводнага рахунка, які б я не аплаціў. Калі хтосьці мяркуе, што тут усё робяць за капейкі, клянуся, гэта не так. Увесь мой заробак за апошнія два гады «лёг» у дачу. Жылі на жончыны грошы». На пытанне ж, чаму не даводзіў пра ўсё гэта на той чорнай для яго сесіі,— адказаў: «Уступаць у дыскусію па гэтым брудзе я лічу ніжэйшым за сваю годнасць. Тады, калі вы памятаеце, я сказаў на сесіі: маім дзецям за мяне чырванець не давядзецца. I палічыў, што гэтага дастаткова». А напрыканцы інтэрв’ю прызнаўся:

— Я шалёна стаміўся...

* * *

Але ўжо дзён праз дзесяць людзі ўбачылі іншага Шушкевіча — не стомленага, не прыціснутага цяжкімі думамі, а бадзёрага, энергічнага, упэўненага ў сабе. Першым пасля адстаўкі «выхадам у свет» стаў для цяпер ужо радавога дэпутата Шушкевіча публічны выступ у адной з аўдыторый Фрунзенскага раёна сталіцы, адкуль яго ў свой час і выбралі ў беларускі парламент. Былы Старшыня пацвердзіў сваё жаданне зноў уключыцца ў палітычную барацьбу.

Неўзабаве ён пачынае серыю паездак па краіне — Гомель, Брэст, Гродна, Барысаў, Віцебск... У залах, дзе Шушкевіч сустракасцца з суграмадзянамі,— не ўпасці яблыку. «Не ліпнуць да яго смехатворныя абвінавачванні ў асабістай нясціпласці,— канстатаваў у тыя дні аглядальнік «Народнай газеты».— Так што разборкі ў сталіцы адгукнуліся для экс-спікера ў правінцыі, бадай, толькі павышэннем рэйтынгу».

Шушкевіч рэзка крытыкуе урад і парламент, выступае за іх тэрміновую адстаўку, хутчэйшае правядзенне новых выбараў у Вярхоўны Савет, аб'яднанне дзеля гэтай мэты ўсіх дэмакратычных сілаў Бсларусі. Тры кіты, на якіх павінна трымацца тое адзінства, гэта, на думку Шушкевіча, дзяржаўнасць, дэмакратыя, рынак.

Тым часам парламент прымае нарэшце новую Канстытуцыю, якая прадугледжвае пасаду прэзідэнта, а неўзабаве з’яўляецца і закон аб прэзідэнцкіх выбарах. Хутка будзе абвешчана і іх дата — 23 чэрвеня 1994 года. Але да таго часу неафіцыйная перадвыбарная барацьба будзе ўжо ў разгары. Аб намеры падтрымаць у гэтай барацьбе Шушкевіча абвесціць блок дэмакратычных партый і рухаў «Вясна-94». Лідэры БНФ адрэагуюць на новыя палітычныя планы былога спікера холадна і нават з дрэнна схаваным раздражненнем, зноў нагадаўшы пра ягоныя ранейшыя «грахі» перад апазіцыяй. Народны фронт назаве сваім кандыдатам у прэзідэнты Зянона Пазьняка.

Увогуле ж прэтэндэнтаў на найвышэйшае дзяржаўнае крэсла акажацца на дзіва багата. Сімпатыі «левага» электарату нечакана апынуцца пад пагрозай раздраблення: у якасці патэнцыяльных канкурэнтаў Кебіча («пад» якога, на думку многіх, і прымаўся закон аб прэзідэнцтве) пачнуць вымалёўвацца фігуры ўжо добра вядомага Лукашэнкі, новага спікера — былога генерала міліцыі Грыба, каго-кольвечы яшчэ... На вылучэнца цэнтрысцкіх сіл стане прэтэндаваць мэр Маладзечна дэпутат Карпенка.

Шушкевіч з самага пачатку выдатна разумеў, што ягонае «другое прышэсце» ў палітыку зусім не стане бесклапотным шпацырам. I ўсё ж — рушыў...

* * *

Адступленне. Аўтарскі «допыт»

(красавік 1994 года)

— Вы з зайздроснай хуткасцю «залячылі раны», адаптаваліся да ролі простага дэпутата, хоць, падобна, не збіраецеся задавальняцца ёю ў перспектыве... Што дапамагло сабрацца з сіламі, адкуль гэтас моцнае «другое дыханне»?

— А ў мяне, ведаеце, даволі вялікі вопыт адставак. Ён пачаўся з 1946 года, з піянерскага лагера ў Прылуках, дзе мяне абралі старшынёю савета атрада. Неўзабаве гэтая пасада прыйшлася мне не да густу, бо я павінен быў перастаць быць самім сабой...

Яшчэ адна своеасаблівая адстаўка адбылася, калі я пакінуў пасаду прарэктара радыётэхнічнага інстытута, бо не жадаў удзельнічаць у цкаванні сумленных, таленавітых навукоўцаў, а змагацца супраць лініі рэктара не ставала моцы. Цяпер, праўда, думаю, што тое маё адступленне было памылкай...

Увогуле ж адстаўка ў палітыцы — рэч звычайная, тут не трэба рабіць трагедыі. I званне «простага» дэпутата, за якога прагаласавалі некалі тысячы і тысячы суграмадзян, для мяне, паверце, вельмі ганаровае. Дый увогуле я, відавочна, значна менш сабою асабіста захапляюся, чым вы можаце падумаць.

— Тады, 26 студзеня, вы нават не сталі чакаць вынікаў галасавання...

—...бо ведаў, якія яны будуць. Прыхапіў па дарозе асабістыя рэчы са службовага кабінета і паехаў дадому. Там сабраў сяброў, і мы, так бы мовіць, падвялі рысу...

— Кажуць, у вас адразу адабралі службовую машыну, знялі на кватэры спецсувязь, ахову...

— Што да машыны, то не зусім так: я і цяпер магу выклікаць легкавік з гаража Вярхоўнага Савета, гэтае права прадугледжана адпаведным законам. Іншая справа, што гэтым не злоўжываю, хоць тыя, каму заўсёды нешта мроіцца, адразу ж сталі падазраваць, што я езджу цяпер па гарадах рэспублікі на казённых «колах»...

Спецсувязь на кватэры сапраўды адключылі ўмомант, тут усё правільна. Па хлопцах жа з аховы толькі сын трохі пасумаваў, бо паспеў з імі моцна пасябраваць. На журналісцкія ж пытанні, ці не баюся за сваю бяспеку, адказваю: не хвалюйцеся, я «ўзброены і вельмі небяспечны».

Ну, а гарадскі тэлефон я ў той вечар сам адключыў — каб не распачалася ў хаце завочная прэс-канферэнцыя.

— Як успрыняла навіну жонка?

— Спакойна. Яна даўно была падрыхтаваная. Толькі вось цяпер кажа: ну нашто, маўляў, ты зноў лезеш...

— Але ж вы не адмовіцеся ад барацьбы за прэзідэнцтва?

— Калі мяне вылучаць, я буду змагацца. Сёння я падрыхтаваны не толькі тэарэтычна, але і практычна. Добра ўяўляю, якімі метадамі можна эфектыўна змагацца супраць антырэфарматарскіх сіл. Схема адгортвання іх ад улады, за якую яны ўчапіліся мёртвай хваткай, мне зараз добра зразумелая. А адгортваць трэба, бо нельга рабіць рэформы рукамі тых, хто гэтыя рэформы не падтрымлівае.

— Шмат хто з дэмакратаў папракнуў вас за тое, што вы недастаткова рашуча змагаліся з кансерватарамі на пасадзе Старшыні Вярхоўнага Савета... А ваш палітычны лёс хто-кольвечы параўноўвае з лёсам Гарбачова, якога ў свой час таксама шмат крытыкавалі за непаслядоўнасць, палавіністасць рашэнняў, лавіраванне...

— Хачу падкрэсліць адно сваё катэгарычнае адрозненне ад Гарбачова: той быў пры магутнай уладзе і імкнуўся яе захаваць, я ж пры такой уладзе ніколі не быў, вось што самае цікавае. Так, спікер у нас фармальна з’яўляецца вышэйшай службовай асобай краіны, а практычна... Я, напрыклад, не меў права нікога ні зняць з намеклатурнай пасады, ні прызначыць на яе, увогуле не меў доступу да рычагоў выканаўчай улады. Спікер — гэта чалавек, які толькі кіруе тымі, хто піша законы... I хіба можна такога чалавека параўноўваць з некалі амаль што ўсеўладным генсекам-прэзідэнтам Гарбачовым? Хіба што, у нейкай ступені,— у сэнсе знешнепалітычнай дзейнасці. I я ганаруся, што за апошнія тры гады пра Беларусь даведаліся ў свеце, што да яе добра ставяцца...

Пытанні ж рэфармавання эканомікі, напрыклад, я мог толькі выносіць на абмеркаванне ў парламенце, што і рабіў сістэматычна. А ўрад усё рабіў па-свойму, бо рэформы — яго магільшчык.

Ну на якія больш рашучыя крокі я мог пайсці? Перавысіць свае канстытуцыйныя паўнамоцтвы? Па-першае, хто б мне дазволіў, а па-другое, такім шляхам мы ніколі не пабудуем дэмакратычную прававую дзяржаву... Выйсці мітынгаваць на плошчу? Для Старшыні Вярхоўнага Савста метад, мякка кажучы, нязручны. Вось цяпер гэта зручна, што я і раблю, каб арыентаваць думку беларусаў у патрэбным накірунку.

— Як прымае вас аўдыторыя ў новай ролі?

— Красамоўная ў гэтых адносінах — сустрэча ў Барысаве з людзьмі, якіх у свой час намеснік старшыні гарвыканкама Трусаў абяцаў, калі будуць скардзіцца на жыллёвыя ўмовы, «згнаіць у бараках». Удалося ўсё ж такі гэтых людзей перасяліць, і вось зараз яны мяне сустракалі з хлебам і соллю. Здаецца, я ўпершыню ў жыцці адчуў іх сапраўдны смак...

Сустрэчу ж гэтую ў Барысаве ўсяляк імкнуліся забараніць лідэры тамтэйшых камуністаў. Нават тады, калі яна была ў самым разгары, разыгралі спектакль: з’явіўся кіраўнік раённай міліцыі і прапанаваў «освободить всем помешение, так как здесь заложена мина». Я звярнуўся да залы: «Ну, што, пасмяёмся разам?» Пасмяяліся і далей размаўляем. I вы ведаеце, як адрэагаваў на гэта той жа іван Іванавіч Трусаў: маўляў, каб Шушкевіч клапаціўся аб людзях, хіба дазволіў бы ён праводзіць гэту сустрэчу, калі існуе пагроза выбуху?

Несумленнасць стала для многіх уладу маючых галоўным сродкам дасягнення мэтаў. Такая філасофія ў барысаўскіх бальшавікоў, якія там валодаюць усім. Але людзі ўсё бачаць і добра разумеюць, хто ёсць хто. Я вельмі, напрыклад, баяўся, што ў Гродне — пасля контрагітацыі па радыё — людзі не прыйдуць да мяне. Але зала была забіта цалкам. I такі высокі ўзровень культуры, адукаванасці, беларускасці! Праўда, і, супрацьстаянне адпаведнае — ветэранская кагорта. Але прыемна, што пляскалі ў далоні і ветэраны, калі прымалі рэзалюцыю. Так што і іх можна вывесці з таго зману, у які іх заводзяць.

Маё цвёрдае перакананне: наменклатура і партыя ўлады заўсёды спрытна выкарыстоўвалі супярэчнасці ў дэмакратычных рухах. Калі знайсці спосаб аб’яднаць дэмакратычны рух на Беларусі на адной перадвыбарнай платформе, не сумняваюся, што дэмакраты б перамаглі, і мы б пайшлі па шляху рэфармавання. Маё найпершае жаданне зараз — дасягнуць адзінства дэмакратаў. Многія гэта трактуюць так, што я хачу, каб яны вылучылі мяне кандыдатам у прэзідэнты. Схіляюся да думкі, што ўся дэмакратычная плынь рэспублікі павінна вылучыць аднаго кандыдата. I таго, верагоднасць абрання якога найбольшая.

Аб’яднанне гэта можа адбыцца на падставе трох пазіцый усіх дэмакратычных рухаў — беларускай дзяржаўнасці, дэмакратыі і рынку. Думаю, БНФ, на жаль, будзе выступаць як асобная сіла, але гэта не значыць, што нельга знайсці спосаб узаемадзеяння і каардынацыі намаганняў.

— Цяперашняе кіраўніцтва Вярхоўнага Савета зазначае, што парламент, маўляў, пачаў працаваць дружна, эфектыўна, многія пытанні ўдалося зрушыць з мёртвай кропкі. Ці падзяляеце вы гэты аптымізм?

— Большасць цяпер адкрыта паказвае, што яна большасць. Мне здаецца, што трэба чакаць і антырэфарматарскіх захадаў. Мячэслаў Грыб у сваім першым на пасадзе спікера інтэрв’ю газеце «Правда» заявіў: мы не будзем будаваць капіталізм, але мы будзем развіваць свабоднае прадпрымальніцтва. Гэта азначае наступнае: мы не будзем рабіць у доме светла, але ўключым электрычныя асвятляльнікі. Такія супярэчлівыя заявы на такім узроўні!

Я б сказаў так: мы не павінны дапусціць, каб быў антаганістычны, ненародны капіталізм. Дзяржава павінна рэгуляваць, каб уладальнікамі маёмасці былі не адзін, не пяць, а 60-70 працэнтаў жыхароў рэспублікі. Трэба правесці такую прыватызацыю. Ну, а проста так дэклараваць лозунгі... Многія дэпутаты быццам бы і хочуць нешта рэфармаваць, але не хочуць адрачыся ад таго, што дала ім папярэдняя ўлада. Не могуць расстацца з размеркавальнай сістэмай, паколькі ім вельмі падабаецца размяркоўваць.

Стан эканомікі сёння абвальны. Больш за тое, ствараюцца ўмовы для агрэсіўнай люмпенізацыі. Людзі шмат дзе атрымліваюць грошы, нічога не робячы. Чалавек павінен патрабаваць справядлівую заработную плату за тое, што ён зрабіў. А ўтрымліваць чалавека, здольнага працаваць, і плаціць яму заробак за кошт тых, хто добра працуе,— значыць, рабіць утрыманства афіцыйнай з’явай.

Дзяржава, калі яна няздольна ў межах дзяржаўнай маёмасці забяспечыць функцыянаванне прадпрыемстваў, павінна ісці на прыватызацыю аб’ектаў. Паглядзіце, што зрабіў Баладзюр у Францыі. Ён падняў пытанне аб прыватызацыі самых прэстыжных дзяржаўных карпарацый. А мы баімся. У той жа час аддаем на кабальных умовах газаправод расійскаму капіталу. Гэта ганебная палітыка ўрада, які аддае тое, што можа Беларусі прынесці вялікія грошы, аддае, каб зараз атрымаць сродкі і тут жа іх праесці. Такая палітыка накіравана на ліквідацыю беларускай дзяржаўнасці, на кабальную залежнасць ад нашага ўсходняга суседа. Толькі маласвядомы ўрад можа такую палітыку праводзіць.

Наконт аб’яднання грашовых сістэм. Першай пазіцыяй павінна быць пытанне аб мытным саюзе, калі гэтага няма — няма ніякай патрэбнасці ў такім аб'яднанні. Расія, быццам злавіўшы тую рыбку на вуду — а рыбка даволі-такі вялікая, выцягнуць адразу цяжка,— вымучвае яе цяпер. Мы на трыццаць экю болей за сусветны кошт плацім за тону нафты, і яе цана ўкладасцца ў асноўным у тую прадукцыю, якая ідзе ў Расію, сабекошт яе шалёны, яна робіцца неканкурэнтаздольнай. Мы руйнуем сваю прамысловасць. Урад здае пазіцыю за пазіцыяй. Таму я гавару прама: з гэтым урадам да самастойнай Беларусі прыйсці немагчыма.

— Якім вам бачыцца далейшае развіцце падзей?

— Калі дэмакратычныя сілы аб’яднаюцца і змогуць растлумачыць большасці люду Беларусі, у чым справа — а я выступаў перад прадстаўнікамі розных партый і ўпэўніўся, што інтэлігенцыя ўсведамляе складанасць сітуацыі,— калі здолеюць павесці за сабой народ, то ён зможа адхіліць ад улады старую наменклатуру. У Беларусі шмат здольных людзей, якія могуць яе павесці па шляху рэфармавання. I я буду імкнуцца ўсё рабіць для таго, каб перамогу атрымаў менавіта такі варыянт. Хаця рэакцыянеры імкнуцца ўсё рабіць для таго, каб застацца пры ўладзе.

Прыняцце Канстытуцыі — гэта вялікі зрух наперад, хаця некалькі пазіцый там мне і не падабаецца, як і ў законе аб выбарах прэзідэнта. Канстытуцыя дае прэзідэнту надзвычай вялікія правы, і на яе падставе ён можа шмат чаго здзейсніць — як у накірунку дэмакратычным, так і ў накірунку антыдэмакратычным. Гэта, я б сказаў, двухбаковавостры меч, і вельмі важна, каб ён трапіў у рукі сумленнага высокамаральнага і кампетэнтнага палітыка. Ва ўсякім разе, ва ўрад ужо не здолеюць трапіць цемрашалы, калі не будзе цемрашалам сам прэзідэнт.

— Калі азірацца на вашу палітычную кар'еру...

— Прабачце, што перабіваю, але навошта я буду азірацца? Лічу, што ўсё галоўнае яшчэ наперадзе. Статус пенсіянера мяне пакуль што не задавальняе. Пасля адстаўкі я меў шмат розных прапаноў, але вырашыў, што буду займацца палітычнымі і эканамічнымі даследаваннямі, напрыклад, у якім-небудзь створаным у рэспубліцы фондзе. Так што крыж на палітыцы ў любым выпадку ставіць не збіраюся. I напрацаваны ў свой час палітычны капітал мне зараз добра дапамагае. Некалі, напрыклад, мне даводзілася тыдзень ездзіць па Германіі, каб у рэшце рэшт сустрэцца з асобай высокага дзяржаўнага рангу. Цяпер, хоць я і не пры пасадзе, атрымліваю шмат запрашэнняў за мяжу, і кожны раз праграма прадугледжвае самы высокі ўзровень сустрэч. Таму, незалежна ад вынікаў маючых адбыцца выбараў, спадзяюся, што яшчэ здолею папрацаваць на карысць Беларусі...

* * *

Гэты дыялог адбываўся не ў самых спрыяльных умовах: у кватэры Шушксвіча раз-пораз звінеў тэлефон, заходзілі людзі з «каманды», а ў рэшце рэшт гаспадар. папрасіўшы прабачэння, мусіў закончыць гутарку — час ужо быў спяшацца на чарговую сустрэчу з выбаршчыкамі.

У блакноце засталося шмат пытанняў, да якіх гаворка не дайшла. Зрэшты, можа гэта і натуральна, што кніга пра лёс Станіслава Шушкевіча пакуль што не дапісана...


ПАСТСКРЫПТУМ


Мы не ставілі на мэце напісаць капітальную, акадэмічную працу ў жанры палітычнай біяграфіі.

Гэта менавіта журналісцкая работа. Пісалася яна даволі хутка, і напэўна ж, не абышлася без тых ці іншых шурпатасцяў.

Толькі не палічыце, што мы гналіся за кан’юнктурай. Іншая справа, што, безумоўна ж, у кнізе прысутнічае пэўны аўтарскі суб’ектывізм. Наўрад ці мы ўзяліся б пісаць працу пра чалавека, да поглядаў і ўчынкаў якога няма ніякіх сімпатый. У кагосьці з чытачоў, натуральна, адрозныя меркаванні і пра Станіслава Шушкевіча як палітычную асобу, і пра тыя падзеі, у віраванні якіх ён апынуўся ў апошнія гады.

Так, сёння ён ужо не Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі, а «просты» дэпутат. Але ж маштаб асобы вызначаецца не пасадай. I бясспрэчна, што Шушкевіч застаецца адной з самых яркіх, неардынарных фігур у палітычным жыцці нашай краіны. Ён не лічыць сваю палітычную біяграфію скончанай.

Як там ні было б, але ягонае імя стала за апошнія гады шырока вядома не толькі на Беларусі, а і ў свеце. I ў той жа час мала хто ведае пра перыпетыі лёсу гэтага чалавека, які прыйшоў у палітыку, адолеўшы ўжо ладны кавалак жыццёвай дарогі.

Мы пастараліся падрабязна распавесці менавіта пра той, папярэдні адрэзак ягонай біяграфіі. Што ж тычыцца апошніх гадоў, то аўтары не імкнуліся пералічыць усе шматлікія мерапрысмствы, у якіх давялося ўдзельнічаць Шушкевічу як кіраўніку дзяржавы. Пра ход работы кожнай парламенцкай сесіі, прыняцце тых ці іншых законаў, афіцыйныя сустрэчы і візіты дастаткова шмат звестак ў газетных падшыўках гэтага часу.

Мы ж паспрабавалі адлюстраваць толькі найбольш важныя, драматычныя моманты палітычнага лёсу Станіслава Шушкевіча, распавесці пра малавядомыя дэталі асобных падзей (напрыклад, звязаных з падпісаннем пагаднення ў Белавежскай пушчы), а таксама трохі прыадчыніць заслону асабістага жыцця чалавека, стаўшага лідэрам дзяржавы.

Спадзяёмся, што такім чынам дапаможам чытачам больш поўна, рэльефна ўявіць сабе аблічча гэтага чалавека, адчуць, чаму ён менавіта такі, чым дыхае, што ў яго за душою.

Нам жа, у сваю чаргу, вельмі дапамаглі ўспаміны самога героя, ягоных сваякоў, сяброў, былых калег-навукоўцаў. Шчыры дзякуй усім ім за ахвяраваны дзеля гэтага час і цікавыя факты.

Вядома, абапіраліся мы і на публікацыі калег-журналістаў, так ці іначай звязаныя з асобай Шушкевіча.

Вось так і атрымалася гэтая кніга. Напрыканцы ж апошняга раздзела пастаўлена не кропка, а шматкроп’е. Далейшы сюжэт дапіша само жыццё.


Красавік 1994 г.


Загрузка...