Guillaume Apollinaire


Чым кроў паможа? Мусіць, што нічым,

Адно што здзейсніць даўнія намеры

Мець грамадзянства, каб сысці затым

французскім пашпартам да Люцыфера.

Апошняя страфа


Г Пакуль зацішак. Гугеноцкі Нім.

Мундзір вайсковы на Апалінэры.

Ен — дрэнны коннік. Бедны конь пад ім

Трашчыць, згінаецца, як ліст фанеры.

I Сірочы поўдзень. Часта сніцца Рым.

Адольваюць то страхі, то хімеры.

Пад капытом апынешся цяжкім —

Калекаў не бяруць у афіцэры.

Ё Што тыя страхі, зрэшты? Толькі дым.

Пяшчоты хочацца мацней, чым веры,

I цеплыні жаночай назусім,

I чым найбольш і без ніякай меры.

М Вайна на поўначы. Яшчэ жывым

Усмешка ахвяруецца Венеры,

Усім Жывым — старым і маладым —

На кожнай вуліцы і ў кожным скверы.

А А мёртвых абыходзяць па адным

Шакалы, тыгры — знішчаны вальеры!..

То блісне ў пашчы крыжам залатым,

То галуном, што віўся па каўнеры.

П Як насланнё, вайны нязмыўны грым

На твар! А твар у жудасным ашчэры...

I ўсё ж паэт не воін — пілігрым,

Святло вандроўнае ў нябеснай сферы.

А Патрыятычны захапіў уздым,

Парады, барабанныя шпалеры,

Аднак душа — не ў гуле баявым,

А ў шэпце космасу блакітна-шэрым.

Л Казарма душыць. Роўнае крывым

Тут робіцца ва ўсе стагоддзі, эры.

Казарма — домам родным, дарагім

Не можа стаць і ў сонечнай рыв'еры.

Л Дом — дзе жанчына!.. Зброю — на кілім,

Мундзір — на цвік, вайсковы дух за дзверы...

Скарыцца!.. Стацца хлопчыкам малым!..

Стаіцца ў захапленні і ў даверы!

I Пасля, — застаўшыся амаль ні з чым, —

Выхоўваць верш на ранішняй паперы.

Так пасынка выхоўвае айчым

То ласкаю, то зычэннем халеры.

Н Пайшла... I застаецца дом пустым...

А каб вярнуць, — хоць ветрам у парцьеры, —

Ні сіла не паможа, ні інтым,

Ні золатам паўнюткія галеры...

Э На фронт паэт прыедзе халастым.

Вайне такія любы кавалеры.

Ад раны не ўратуе херувім

I нават блізкія сябры-жаўнеры.

Р Чым кроў паможа? Мусіць, што нічым,

Адно што здзейсніць даўнія намеры

Мець грамадзянства, каб сысці затым

З французскім пашпартам да Люцыфера.

1 верасня 1989 — 7 кастрычніка 1990

Загрузка...