Замена насельніцтва


Беспрацоўе на Беларусі – вынік мафійнай палітыкі ў эканоміцы, разбурэньня і тармажэньня прадпрымальніцтва, дзеяньня кантрактнай сістэмы, дрэнных падаткавых правілаў, кантролю над людзьмі і г. д. У выніку страты працы і немагчымасьці зарабіць беларусы масава едуць у Расею ў шэры бізнэс ці проста ў рабства. Шмат хто не вяртаецца жывым. Сотні гінуць у расейскім крымінальным грамадзтве. Часта іх нават не рабуюць, а забіваюць самы крымінальныя працадаўцы, каб не выплочваць заробку. І ўсяроўна беларусы едуць у Расею. Захаду яны баяцца, а шлюзы адчыненыя толькі на ўсход. На 2005 год амаль мільён работнікаў-беларусаў выехаўшы на працу ў Расею. Гэта вялікія страты для Беларусі. Умовы выезду на заробкі ствараюцца штучна. Расея крымінальная і эканамічная зацікаўлена ў прышлай рабочай сіле. Гэта ўплывае на палітыку Расеі. На канцовым этапе этнацыду, калі б беларуская нацыя поўнасьцю была б адарваная ад сваіх каранёў і зрусіфікаваная, чакаецца замена насельніцтва (КГБ зрабіў высновы з савецкага вопыту). Беларусаў будуць імкнуцца выштурхнуць са сваёй краіны на ўсход і часткова – на захад (моладзь, інтэлект). Рэшта, як мяркуюць, дэградуе і паддасца агрэсіўнаму прышламу насельніцтву, якое будзе пад абаронай акупацыйнай палітыкі.

Сюды ж у Беларусь у выпадку вырашэньня пытаньня зь немцамі аб Усходняй Прусіі будзе ськінута вытворча непэрспэктыўнае старое насельніцтва з так званай Калінінградзкай вобласьці. Расейцы маюць вялікі вопыт па вывазе, перасяленьні і зьнішчэньні цэлых народаў. Яшчэ ў 60-х гадах, напрыклад, існаваў плян і прадпісаньне, што ў выпадку вайны ўсё латышскае насельніцтва машынамі і цягнікамі вывозілі б у глыб Расеі (я ўжо не ўспамінаю пра чачэнцаў ды крымскіх татараў).

Плян замены беларускага насельніцтва, дарэчы, ужо ажыцьцяўляецца. Гэта адбываецца лёгка, бо хто свайго ня любіць, той свайго і не бароніць. У Беларусь ськінутыя акупацыйныя адпады з Прыбалтыкі, перасяляюць з Паўночнага Каўказу, а цяпер пачнецца (ужо пачалася) перакідка расейскага асадніцкага кантынгенту з Казахстану, паколькі Казахстан адрадзіў сваю нацыянальную мову і зрабіў яе дзяржаўнай у сваёй краіне.

Акупанцкае расейскае насельніцтва – гэта ўнікальная публіка. Я такіх на сьвеце яшчэ не сустракаў. Каб не размаўляць на мове краіны і народа, сярод якога жывуць, яны гатовыя зьехаць за тысячы кілёмэтраў. Вядома ж, іх кіруюць у Беларусь.

Замена насельніцтва акупацыйнымі ўладамі лічыцца злачынствам па міжнародных законах, але хто там калі ў Расеі трымаўся за нейкія законы? Ды і хто сказаў, што ў Беларусі, маўляў, акупацыйны рэжым? Прэзыдэнта ж самы выбралі, ды яшчэ й “прагаласавалі”, каб ён мог быць прэзыдэнтам колькі захоча. Зразумела, гэта фальсіфікацыя, але ж на незаконны рэфэрэндум і на выбары пайшлі, паддаліся рэжыму і “апазыцыі”, ведаючы, што яны народ ашукаюць.


Загрузка...