Непрадрашэнства


Дастаткова нават пабежнага погляду на Расею, каб убачыць, што, ня гледзячы на супярэчнасьці і суперніцтва розных палітычных сілаў, праўрадавых ды апазыцыйных, у Расеі няма і ніколі не было рускіх антыімпэрскіх рухаў і нават асобаў, якія б падтрымлівалі, скажам, незалежнасьць Беларусі.

Менавіта па гэтай прычыне ў час расейска-імпэрскіх расколаў, закалатаў і смуты, нацыянальна-дэмакратычныя арганізацыі народаў не маглі ўступаць у саюз з рускімі апазыцыянэрамі ў змаганьні з расейскім рэжымам.

Расейская апазыцыя (любога кшталту), зыходзячы з сваёй імпэрскай мэнтальнасьці, выпрацавала адпаведна і імпэрскі падыход агульнага змаганьня з афіцыйным расейскім рэжымам. У 1950-х гг., з пачаткам халоднай вайны, гэты падыход называлі ў эміграцыі “непрадрашэнствам”. Сутнасьць яго ў наступным. Расейцы прапаноўвалі аб’яднаць намаганьні ўсіх народаў былой Расеі, каб зваліць бальшавіцкі рэжым у СССР. Гаварылася: галоўнае – разам ськінуць бальшавікоў, а там ужо будзем разьбірацца, каму колькі якой свабоды трэба.

Беларусы, украінцы, грузіны, эстонцы і г.д. згодныя былі змагацца разам з расейцамі, але пры ўмове вызначэньня гарантыяў вяртаньня незалежнасьці іхных краінаў. Гарантыі павінны быць абумоўлены заранёў.

“Не надо предрешать, -- махалі рукамі расейскія дэмакраты -- змагары з бальшавізмам, -- это расстроит единство.” І г.д.

За непрадрашэнцамі пайшлі толькі агентура і недалёкія людзі, якія слаба разьбіраліся ў палітыцы. Народы ўтварылі свай блёк у змаганьні з бальшавіцкай імпэрыяй. Непрадрашэнства ж стала кляймом палітычнай тупасьці і здрады.

Ня трэба нават спэцыяльна разумецца ў палітычных справах, каб уцяміць, што, зваліўшы бальшавізм без папярэдніх гарантыяў і ўмоваў, усе патрапяць у першапачатковы стан дабальшавіцкай расейскай імпэрыі, і кожнаму прышлося б зноў даказваць перад Расеяй сваё права на незалежнасьць (можа і зброяй), прытым трэба ўлічваць, што вагавыя катэгорыі Расеі і краінаў народаў розьняцца. Ды й які гэта змагар пагадзіўся б змагацца за аднаўленьне над сабой расейскай улады, а потым – зь ёю “разьбірацца”.

Тым ня менш, ня зьнікла расейская мэтодыка і не пераводзяцца дурні ў Вялікім Княстве.

У Беларусі паняцьці непрадрашэнства ёсьць цяпер, бадай што, найбольш распаўсюджаныя агентурныя тэзісы, напрыклад: “Мы за белорусский язык, но не надо выпячивать, сначала необходимо возродить экономику.” Альбо такая лапідарная сэнтэнцыя: “Спачатку трэба зрабіць дэмакратычную краіну, а потым ужо заняцца беларускай матчынай мовай” (генэрал В. Фралоў).

Непрадрашэнства сёньня – гэта асноўнае тактычнае разуменьне так званай “вікаўскай апазыцыі”. Прыходзілася чуць нават у Нью-Ёрку аднаго такога дзеяча, які з сур’ёзным выглядам хваліўся, як добра, маўляў, што яны зьядналіся з камуністамі і агэпоўцамі і дружна ідуць на выбары “пяцёркай плюс”. Разам, значыцца, звалім Лукашэнку, а там ужо будзем разьбірацца, хто куды і што каму належыць.

Вось гэта думальнікі! Тады ўжо позна будзе разьбірацца, бо за “думальнікаў” разьбярэцца Масква (разам, дарэчы, з агэпоўцамі і камуністамі).

Аб’яднаньне супраць рэжыму ў Беларусі ня можа быць на аснове непрадрашэнства, бо канфлікт з рэжымам Лукашэнкі – гэта ёсьць канфлікт з Расеяй, дзе пытаньне гарантыяў незалежнасьці ёсьць галоўным. “Непрадрашаючы”, можна толькі зьмяніць адну акупацыйную ўладу на другую акупацыйную ўладу, як правіла, на яшчэ горшую.


Загрузка...