18 травеня 1944 году паддалося Монтэ-Касыно. 19 год таму. Дата някруглая. Але што-ж пачаць.[1] Я меркаваў пісаць пра гэтую жахлівую бітву ў 50-я ўгодкі, пазьней перадумаў і пералажыў на 25-я. Аднак чую, што да 1969-га году не дацягну хамута існаваньня. Часам выглядае, што магу перакачаваць у лепшы сьвет і перад 20-мі. Таму спрабую напісаць крыху ўспамінаў з тых цяжкіх часоў, калі й беларусы шчодра абмылі сваёй крывёй шурпатыя, дзікія горы каля манастыра Монтэ-Касыно. Ня будзе гэта гісторыя, бо ня маю ні дакумэнтаў, ні магчымасьцяў, ні амбіцыяў, ні часу, а проста ўспаміны аб тых, каго знаў, аб тым, што ведаў, бачыў і перажыў.
Аўтар