Заканчэньне

«Грыць вырваў пят ад іншага жаўнера й папоўз шукаць помсты за віно. І знайшоў. Дорага некаму каштавала гэта віно. Бункер змоўк назаўсёды. Тады я пашкадаваў, што замала гэтага віна прывёз з базы».

Гэта быў апошні абзац, апошнія словы апавяданьня, якія былі надрукаваны ў 3 - 4 нумары газэты «Бацькаўшчына», у сакавіку 1964 году. За імі, як і пры канцох папярэдніх адрэзкаў, стаяла ў дужках «Далей будзе».

Далей ня было… Словы рэдакцыі «Далей будзе» — павісьлі ў паветры. Сказ перарваўся, змоўк назаўсёды. Натруджанае нягодамі сэрца перастала біцца, жыцьцё загасла, аўтар памёр.

Не давёў да канца свайго апавяданьня аб жахлівай людзкой трагэдыі вайны й паняволеньня. Не данёс Бацькаўшчыне любай скарбніцы свайго творства, зьбіранага так сквапна на сваім жыцьцёвым шляху.

Сьпяшыўся, прадчуваў свой хуткі канец.

Зьняможаны хваробай, пісаў з натугай, высіляўся. Браўся ў загрудкі з сьмерцяй, каб толькі дакончыць свой пераказ…

Тут творства сталася зэнітам, — вышэй за сьмерць і за жыцьцё. Яно было галоўным дзейнікам у апошнім акце людзкой жыцьцёвай драмы.

Сьмерць перамагла. Камусь іншаму прышлося пісаць заканчэньне апавяданьня.


* * *

Апавяданьне выйшла незакончаным, але галоўны зьмест падзеі апісаны ў ім з усімі падрабязнасьцямі. Не хапала толькі фінішу, заканчэньня.

У апошнім сваім адрэзку аўтар апісаў другі наступ на Монтэ-Касыно. Давёў апавяданьне да таго месца, калі мэта гэтага наступу была, бадай што, асягнута, бо манастыр быў часткова адрэзаны й, як кажа аўтар, засталося прайсьці некалькі горак, каб злучыцца з ангельцамі, якія зрабілі значны поступ у даліне ракі Ліры.

Сам аўтар кажа аб крызысе бою й слабасьці ворага, як і аб тым, што з манастыра страляюць густа, але дзеля таго, што, як выясьнілася пазьней, вораг хацеў выстраляць амуніцыю перад капітуляцыяй.

Застаецца дасказаць, што ў той-жа дзень, які прышоў па жахлівай начы другога наступу й аб якім аўтар так непакоіўся ў сваім апавяданьні — гэта знача ў дзень 18-га травеня 1944 году — Монтэ-Касыно было занята.

Немцы пераканаліся, што наступ альянтаў на ўсей лініі Густава ня толькі не слабее, але й узмацняецца. 13-ты Брытыйскі корпус — зьлева ад 2-га корпусу — сфарсаваў раку Ліры й глыбока ўклінаваўся ў нямецкія пазыцыці, у даліне гэтай ракі. 2-гі-ж корпус сваім упорыстым націскам мог акружыць гару й манастыр Монтэ-Касыно.

У такой сытуацыі нямецкае камандаваньне баялася прарваньня фронту на лініі Густава й пастанавіла адступіць на наступную сваю абаронную лінію — лінію Гітлера, якую пазьней назвалі лініяй Зэнгэра.

Уначы з 17-га на 18-га травеня, немцы вывялі свае галоўныя сілы спад Монтэ-Касыно, пакідаючы толькі невялікія аддзелы ў бункерах, дзеля прыкрыцьця адступленьня. Яны так сьпяшыліся, што пакінулі сваіх параненых. З манастыра нямецкія аддзелы былі эвакуаваны поўнасьцю.

Раніцай 18-га травеня, аддзелы 2-га корпусу здабывалі паасобныя ўзгоркі, не спатыкаючы ўжо вялікага супраціву нямецкай пяхоты. Абсады паасобных бункераў здаваліся ў палон. Не пераставала толькі грымець, ераходная на ўсіх пунктах абшару наступу, навала нямецкай артылерыі, ды там-сям адзываліся таксама нямецкія мінамёты. Пагражалі небясьпекай усьцяж, на ўсім займаным абшары, нямецкія міны й пасткі, якія спрычыняліся да новых ахвяр сярод жаўнераў 2-га корпусу й узятых нямецкіх палонных.

Затое, звычайна пагрозьлівы сваім зьнішчальным вагнём, манастыр Монтэ-Касыно цяпер маўчаў. Зьвярнулі на гэта ўвагу бліжэйшыя да яго аддзелы. Дадумваліся, што манастыр, відаць, эвакуаваны, а аптымісты, у сваім ваяўнічым выабражэньні, бачылі навет белы сьцяжок на ім, хоць ніякага сьцяжка там ня было. Высланы патруль 12-га ўланскага палка, дзеля выясьненьня сытуацыі на гары й у манастыры Монтэ-Касыно, ніякіх нямецкіх аддзелаў там не знайшоў. Толькі групу нямецкіх параненых выцягнулі са склепу. 18-га травеня, а гадз. 10-ай і 20 хвілін, гэты патруль вывесіў польскі сьцяг на руінах манастыра.

У гэты-ж дзень, папаўдні, была асягнута беспасярэдняя лучнасьць з брытыйскімі аддзеламі 13-га корпусу, што працягваў наступ у даліне ракі Ліры. Гэты корпус, як і 1-шы канадыйскі корпус, быў ужо ў сутычнасьці з ворагам на новай абароннай лініі — лініі Гітлера.

Аднак патрэбны быў яшчэ пэўны высілак дзеля заканчэньня бою пад Монтэ-Касыно. Высілак гэты скіраваны быў на акружаючы манэўр у напрамку П'едымонтэ, і наш аўтар браў удзел у наступе свайго батальёну — разам з іншымі батальёнамі 5-ай дывізыі — 18-га й 19-га травеня.

Раніцай 19-га травеня быў заняты ўзгорак 575. Цяпер 2-гі корпус скіраваў свае сілы на здабыцьцё П'едымонтэ. Але займаньне далейшых пазыцыяў прыходзіла ўжо шмат лягчэй, вораг быў значна аслаблены.

На працягу наступных некалькіх дзён 2-гі корпус заняў гару Монтэ Кайро й мястэчка П'едымонтэ. Гэтым і была закончаная фаза баёў пад Монтэ-Касыно.

Адсюль, у сярэдзіне чэрвеня, 2-гі корпус перайшоў на пазыцыі над Адрыятыцкім морам каля Пэскары, перанятыя ад гіндускіх дывізыяў.

Апошнюю фазу баёў пад Монтэ-Касыно — пасьля заняцьця Монтэ-Касыно — аўтар не пасьпеў апісаць. Але апісаў самае галоўнае — баі за здабыцьцё Монтэ-Касына, — самыя жорсткія баі з усей італьянскай кампаніі.


Д-р В. Жук-Грышкевіч


Загрузка...