Сапраўдны Правіцель

З крамы ў хату прынеслі кілім і кінулі на падлогу ў вітальні.

— Цяпер у нас не дом, а казачнае каралеўства са сваім каралём,— пажартаваў тата і паклікаў зірнуць на сваю пакупку ўсіх, хто быў дома.

На сінім полі кіліма красаваўся кароль у залатой кароне ды гарнастаевай з пурпурным аксамітам мантыі. Дзеці радасна запляскалі ў ладкі і першымі ўкленчылі, каб лепш разгледзець кілім. Тое ж пасля зрабіў і кожны з дарослых. Ды ніхто не заўважыў няўлоўнай, але важнай змены ў малюнку. Кароль, які напачатку меў важны і крыху надзьмуты выгляд, павесялеў і нават усміхнуўся...

На гэта ў яго былі свае прычыны. Ад першых дзён з’яўлення на свет кароль злаваў на тое, што яго размясцілі на кіліме для падлогі. Мала гэтага прыніжэння, дык яшчэ і паставілі сярод пустога сіняга поля і не далі ні аднаго падданага. Але хвіліну назад тата сказаў пра каралеўства, і ў караля павесялела на душы.

Кілім быў прынесены дамоў надвячоркам. Разгледзеўшы яго, людзі ў хуткім часе пайшлі спаць. І першая ноч у каралеўстве прайшла надзвычай спакойна. А раніцай, калі па кілімчыку першы раз у спешцы туды-сюды прабегліся не адной парай ног, кароль вырашыў, што пачалася вайна, і штосілы закрычаў:

— Дзяржава ў небяспецы! Падданыя, бараніце сваё каралеўства!

Ён толькі сабраўся прызначыць галоўнакамандуючым тату, як той сам ступіў на кілім і моцна прыціснуў да падлогі Яго Вялікасць.

Ад абразы караля затрэсла, але ён не ведаў, што рабіць. Людзі не чуюць галасы рэчаў, не пачулі і голаса казачнага караля. Яны бегалі, мітусіліся. Пасля раптам дом апусцеў і заціх.

— Крышку адпачнём! — пачуўся голас.

— Хто тут? — строга спытаў кароль.— І што ўсё гэта значыць?

— Ваша Вялікасць, гэта я, камода. Дазвольце мне, як старажылу, патлумачыць вам сітуацыю. На выхадныя ўсе былі дома, а сёння пачаўся працоўны тыдзень. Дарослыя пабеглі на работу, дзеці — у школу. Цяпер палову дня мы ўсе будзем адпачываць. Вельмі Вам раю падрамаць, бо вернуцца людзі і не будзе ні хвілінкі спакою. У Вас — асабліва.

— У добрым каралеўстве падданыя не турбуюць караля,— абурыўся кароль.

— Так, Ваша Вялікасць. Але ж кілім ляжыць на самым людным месцы, у вітальні, Вам турбот не пазбегнуць дакладна. Да таго ж, Вы не ведаеце, на што здатныя дзеці, што тут жывуць. Учора яны мусілі трымаць сябе анёлачкамі, бо пасля нядаўняй бойкі мама ўзяла з іх слова добра сябе паводзіць. А што яны вырабляюць, Вы яшчэ пабачыце на свае вочы. Пакуль жа ёсць магчымасць — паспіце!

І камода пазяхнула, ды так моцна, што прыадчыніліся дзверцы.

Каралю не спадабалася непачцівасць камоды, якая надумала даваць Яго Вялікасці парады. Але, як было відаць, толькі кароль і не прыслухаўся да іх. У вітальні спалі ўсе рэчы: шафа, люстэрка, дзверы...

— Нейкае соннае каралеўства,— буркнуў кароль.— Няйначай, зачараванае.

Але праз некаторы час дзверы на вуліцу шчоўкнулі ад павароту ключа і расчыніліся.

У хату віхурай уварваліся два хлопчыкі. Яны першымі вярнуліся дадому, і ўсё ў ім адразу ж захадзіла хадуном. Грукнулі кінутыя на падлогу ранцы.

— Прывітанне, кароль! — крыкнулі яны і ў брудным абутку пачалі мясіцца па кіліме. Пасля панесліся па калідоры, на хаду здымаючы з сябе паліто, шапкі, шалікі, пальчаткі і раскідваючы іх па хаце...

Соннага каралеўства як і не было. Нават звыклыя да такіх баталій рэчы спалохана ўздрыгвалі. А што да караля, то ў яго і мову адняло на нейкі час. Што топчуцца — прыйдзецца трываць, тут цяжка не пагадзіцца з камодам. Але бруднай падэшвай па гарнастаевай мантыі?..

— Гэта незаконна,— закрычаў, апомніўшыся, кароль.— Што вы робіце?

— Гэта нашы дзеткі забаўляюцца,— крэкнула шафа, прымаючы на сябе ўдары падушак — брацікі вымушалі іх працаваць самалётамі.

— Ранавата яны сёння нешта з’явіліся,— войкнула камода, у якую ляцелі, паспеўшы затаптаць хату, брудныя чаравікі.

— Зараз будуць слёзы,— падагуліла люстэрка, калі хлопчыкі выкаціліся на калідор і пачалі лупцаваць адзін другога кулакамі.

І яно ведала, што казала. Столькі разоў прыходзілася адлюстроўваць адну і тую ж сцэну, што люстэрка навучылася прадбачлівасці.

Ці большы крапчэй чым трэба, шкуматнуў меншага, ці меншы дзерануў большага — было не разабраць. Яны ўжо біліся не дурэючы, а па-сапраўднаму. І хто ведае, чым бы скончылася бойка, каб не прыйшла мама.

Яна вельмі засмуцілася, убачыўшы дома вэрхал і слёзы.

— Мне абрыдла, дзеці, казаць вам штодня адно і тое ж. Не ўсчыняйце дурных шалаў, не раскідвайце рэчаў. Вы ж абяцалі жыць дружна. А вытрывалі без боек толькі ўчарашні дзень,— сказала яна.— Давядзецца вам пастаяць у кутках і падумаць пра свае паводзіны.

Дзеці гучна зарумзалі.

— Вось пакута,— зарыпелі ўсе дзверы ў доме.— Ліюць свае слёзы, куткі насамі падпёршы, псуюць шпалеры. Невядома, каму большае пакаранне — дзеткам ці сценам.

— Чаму ж невядома,— адгукнуліся сцены. Яны мелі вушы і ўсё чулі.— Нам дастанецца, гэта факт. Куткі хутка прыйдзецца ратаваць ад сырасці, а нашыя любімыя шпалеры ў кветачкі мяняць...

Ад усяго пачутага ў караля кругам пайшла галава. Ён, як сапраўдны манарх, павінен клапаціцца пра спакой у сваіх уладаннях, а тут ім і не пахне.

Яго Вялікасць толькі пачаў збірацца з думкамі, што рабіць, як нешта замільгацела над галавой і заказытала яго бакі.

— Дазвольце пачысціць Вам футра, Ваша Вялікасць,— пакланіўся каралю венік.

— Гэта мантыя,— буркнуў кароль, збіты з панталыку такім вольным абыходжаннем са сваёй асобай.— І я не выклікаў пакаёўку.

— Ах, Ваша Вялікасць,— прыгаворваў, шчыруючы, венік.— І я лепей бы падрамаў, але маме трэба прыбрацца за дзеткамі, вось я і чышчу Ваша футра... Прабачце, мантыю. Я нічога не разумею ў высокай модзе. Я жыву на кухні, пад рукамыйнікам, побач з вядром са смеццем. Не вельмі, ведаеце, далікатная кампанія, але мы ладзім паміж сабой і працуем на карысць дому... Яшчэ тут трэба пачысціць, Ваша Вялікасць,— туды-сюды шастаў венік.— Нашкодзілі чаравікі, а Вам трываць...

Падмёўшы, гаспадыня прыхінула венік у кутку насупраць кілімчыка, і ў караля з’явілася магчымасць даўжэй пагаварыць з венікам.

— Скажыце, шаноўны, у гэтым каралеўстве ўсе такія... неўраўнаважаныя, як гэтыя хлопчыкі? — пачаў дазнанне кароль.

— Ах, што Вы. Дарослыя людзі як людзі. А вось ад дзяцей тут пакутуюць усе. І рэчы, і бацькі. Праўда, тата рэдка бывае дома. Ён усё ездзіць па нейкіх важных справах. Дзеці найчасцей дома з мамай. Яна мілая і вельмі бедная жанчына. Ёй некалі прысесці — усё завіхаецца, шчыруе па гаспадарцы. А дзеці не проста памагчы ёй не хочуць, а самі бачылі, што вытвараюць. І так кожны дзень. А мама пасля прыбірае.

— Ну і дарэмна,— заўважыў кароль.— Няхай бы тыя, хто кавардак наводзіць, пасядзелі пару дзён у бярложку — абрыдла б, больш, можа, парадак шанавалі.

— Спрабавала гаспадыня не зважаць на беспарадкі! — ажно ўсклікнуў венік.

— І што?

— А нічога. Параскідалі ўсё, за некалькі дзён па хаце стала не прайсці. Мама трывала, трывала — цярпенне лопнула, парадкавалася сама. Толькі намнога даўжэй, чым звычайна.

— Дык, магчыма, ёй падабаецца прыбірацца,— заўважыў кароль.

— Ваша Вялікасць! Куды больш яна любіць чытаць кнігі. А яшчэ выдатна малюе. Толькі ёй некалі гэтым займацца. Яна цэлы дзень на працы, а пасля то есці гатуе,то за сваімі неслухамі парадкі наводзіць... Я чуў аднойчы, як бабуля, прыйшоўшы ў госці, казала, што мама сваё жыццё загубіць празмернай працай па дому.

— А што мама?

— Яна заплакала і адказала, што інакш не можа, бо шануе свой дом.

— Ну, ведаеце, пра гэта і паспрачацца можна,— сярдзіта сказаў кароль.

— Дом шануе, а такіх распуснікаў трымае. Выгнаць іх з каралеўства!

— Ах, Ваша Вялікасць, не так усё проста. Дзеці!.. Падрастуць, палепшаюць, дасць Бог...

— Вось так і ёсць з гэткімі разважаннямі! — загарачыўся кароль.

— Ваша Вялікасць! — азвалася шафа пад адзенне, якая да гэтай пары слухала размову моўчкі.— Хіба можна адразу выносіць такі жорсткі прысуд? Мы гадамі трываем ад хлопчыкаў — і жывыя. А Вы толькі, прабачце, з’явіліся ў доме — і ўсяму не рады.

— Выгнаць! — сталі пад’ялдыкваць брудныя чаравікі.— А мы куды тады пойдзем?

— І праўда,— згадзіліся шалікі і шапкі.— Толькі пра сябе дбае Ваша Вялікасць.

Кароль тупнуў нагой, але ніхто не звярнуў увагі на каралеўскі гнеў. Кілім толькі падумаў, што гаспадар заўчасна радаваўся расшырэнню каралеўства. Законнымі яго ўладаннямі па-ранейшаму заставалася яго аксамітна-сіняе поле.

Але кароль быў не з тых, хто здаецца, сустрэўшыся з цяжкасцямі. Ён паважаў сваю карону, а сітуацыя вымагала адстойваць яе гонар.

— Я навяду парадак у гэтым каралеўстве! — прашаптаў ён.


Позна ўвечары, калі ўсе ў доме заснулі, кароль тройчы пляснуў у ладкі і закруціўся-завярцеўся на адным месцы. А калі спыніўся, абуджаныя рэчы войкнулі ад здзіўлення. Кароль з кіліма ўжо не ляжаў на падлозе, а хадзіў па вітальні, папраўляючы карону на галаве.

— Глядзіце, кароль сапраўдны! — зашаптала люстэрка.

— І ён умее чараваць! — выцягнулася ў струнку перад Яго Вялікасцю камода.

Шафа ж назірала за каралём моўчкі. Ён праставаў да яе, і ў беднай ад страху закруцілася галава. Шафа вырашыла, што кароль пакарае яе за непачцівасць, з якой яна гаварыла з ім днём.

Але ён паціху адчыніў дзверцы, дзе на палічцы стаяў абутак, і дастаў адтуль чаравікі брацікаў.

— Ваша Вялікасць,— нясмела завохкала шафа,— што Вы робіце? Рэчы павінны быць там, куды іх паклалі звечара!

— Не рыпіце без патрэбы! — угневаўся кароль.— Бо ператвару вас у друз! — пагрозліва дадаў ён, пацвердзіўшы самыя жахлівыя апасенні шафы.

Рашучасць Яго Вялікасці зрабіла цуд: з бездапаможнага караля на кіліме ён імгненна ператварыўся ў магутнага манарха. Рэчы недаўменна глядзелі на караля, які гаспадаром хадзіў па вітальні, але пытацца нешта ўжо не адважваліся.

А кароль зняў карону і гарнастаевую мантыю і паклаў іх на падлогу. Закатаў рукавы... і пачаў выцягваць з чаравікаў шнуркі. Пасля ціхенька пракраўся на кухню, загадаў веніку наскрэбці хоць трошкі пылу і выпацкаў ім абутак.

Чаравікі, звечара начышчаныя да бляску, захныкалі.

— Ваша Вялікасць, гэта несправядліва. Рукам столькі часу спатрэбілася, каб навесці на нас глянец...

— Чыім рукам? — строга спытаў кароль.

— Маміным, вядома,— румзалі чаравікі.

— Цыц! — прыкрыкнуў на іх кароль.— Маміным! Вы каму служыце? Хлопчыкам? Няхай яны вас і даглядаюць! Бо калі раптам маміных рук не будзе побач, у што вы ператворыцеся? А што чакае змену, якая прыйдзе на ваша месца? Служба неахайным гаспадарам?

Пра будучыню чаравікі ніколі не задумваліся. Але словы караля здаліся ім слушнымі. Таму яны сцішыліся.


Раніцай дом абудзіўся ад абуранага крыку хлопчыкаў.

— Мама, мы ж учора прасілі пачысціць наш абутак! — крычалі яны.— А ты толькі шнуркі дастала з іх!

Мама недаўменна глядзела на чаравікі. Пасля яна моўчкі пакратала свой лоб рукой — ці няма ў яе тэмпературы.

— Гэта ператамленне,— уздыхнула яна, бо добра, як ёй выдавала, памятала, што чысціла абутак.

— Цяпер мы спознімся ў школу! — галасілі сынкі.

Але на крык выйшаў з пакоя тата.

— Які сорам вінаваціць маму за тое, што яна не справіла вашай работы! — строга сказаў ён сынам.— Сёння вечарам я сам праверу, як вы пакінеце абутак.

Хлопчыкі незадаволена саплі, але спрачацца з татам не наважваліся. Мама ў пакаранне магла паставіць дзяцей па кутках, пазбавіць салодкага — гэта было ім крыўдна. А калі не паладзіць з татам, то пазбавішся і рыбалкі, і катання на машыне... Гэтага хлопчыкі вельмі баяліся. Яны моўчкі даваявалі з чаравікамі і пабеглі ў школу.


Пачаўшыся з гэтай раніцы, дзівосы працягваліся самым неверагодным чынам. Хлопчыкі заўважылі незвычайную акалічнасць. Варта было ступіць у вітальню ў брудных чаравіках, як можна было загрымець носам аб парог. Гэта кароль налаўчыўся ставіць падножкі і не шкадаваў хлопцаў, калі яны збіраліся натаптаць... У змове з каралём цяпер былі ўсе рэчы з вітальні. Шафа і камода сачылі за тым, каб хлопчыкі клалі на месца сваё адзенне. Калі яны самі прыбіралі на месцы рэчы, то знаходзілі іх без цяжкасцей. Калі за імі прыбірала мама — раніцай было не знайсці нічагуткі.

Асабліва ж стараліся чаравікі. Яны адчувалі, што становяцца цеснымі хлопцам і вось-вось іх зменяць на большыя. Так хацелася, каб у новага абутку не было прычыны папікаць папярэднікаў у неахайнасці. І чаравікі, начышчаныя хлопчыкамі ўласнаручна, абыходзілі гразь. А калі былі наваксаваныя чужымі рукамі — так і падбівалі ногі ні адной лужыны не мінаць.

Хочаш не хочаш, давялося брацікам пакрысе мяняць свае звычкі.

Абціраць бруд з абутку на вуліцы. Вешаць паліто на плечыкі. Класці сушыцца мокрыя сподкі. Шалікі і шапкі складаць на паліцы.

Каб заахвоціць брацікаў, кароль з кіліма падаваў каманды, якія чулі толькі рэчы:

— Шалікі — напра-ва! Шапкі — нале-ва! — І яны акуратненька клаліся на паліцы. А хутка і неабходнасць камандаваць знікла, так добра стала ўсё атрымлівацца ў саміх хлопчыкаў. Да таго ж, яны сталі менш сварыцца і біцца, бо на гэта паменела часу.

Рэчы ў доме з палёгкай уздыхнулі. Падушкі звольніліся з авіяцыі, сцены праветрылі ўсе закуткі і ўжо не баяліся хуткага расстання з любімымі шпалерамі, а люстэрка са здзіўленнем зазначыла, што за апошні час хлопчыкі значна падраслі.

Пабольшала вольнага часу ў веніка, таму ў дадатак да абавязкаў пакаёўкі ён добраахвотна ўзяўся служыць у прэс-службе пры двары Яго Вялікасці. А навіны пра здароўе і настрой караля цікавілі ўвесь дом. Іх і разносіў венік па самых далёкіх куточках дома, калі прыбіраўся.

А што да самога караля, то Яго Вялікасць найбольш радавала, што павесялела мама. У яе пакоі з’явіліся на стале фарбы і пэндзлі — мама малявала.

Прыйшлі ў пакой хлопчыкі, загледзеліся на маміну работу.

— А можна нам паспрабаваць? — нясмела запыталіся яны.

— Канешне, вы ж у мяне ўжо вялікія,— згадзілася мама і дала кожнаму пэндзлі. Пасля расказала, як змешваць фарбы і наносіць іх на паперу.

— Засталося толькі прыдумаць, што будзем маляваць,— сказала яна.

— Намалюйце караля з кіліма! — зашапталі пэндзлі.

— Так-так, Яго Вялікасць! — згадзіліся фарбы. Яны, як і ўсе ў доме, былі проста закаханыя ў свайго правіцеля.

Хлопчыкі, канешне, не пачулі гэтых слоў. Але рукі іх адгукнуліся на жаданне пэндзляў і фарбаў. Пакрысе на паперы з’явілася аксамітна-сіняе поле, гарнастаевая з пурпурам мантыя і залатая карона...

Вось з гэтай пары дом і праўда ператварыўся ў казачнае каралеўства. Хлопчыкі так захапіліся маляваннем, што забыліся на бойкі і сваркі. Вярнуўшыся дадому са школы, яны хуценька дапамагалі маме па гаспадарцы, каб пасля разам сесці маляваць.

Гатовыя малюнкі вывешвалі на сцены ў вітальні, і хутка ў сям’і з’явілася свая карцінная галерэя. Калі пасля доўгага ад’езду вярнуўся тата, ён не пазнаў дом.

— Прыгожа! — пахваліў ён мастакоў.— Асабліва кароль удаўся — як сапраўдны!

— Яго Вялікасць і ёсць сапраўдны! — загаманілі рэчы.

Кароль вышэй падняў галаву і крапчэй сціснуў посах у руках. Так ён абяцаў сваім падданым і найдалей быць добрым правіцелем.

Пасля Яго Вялікасць заснуў, упершыню за ўвесь час спакойна. І так крэпка, што не чуў, як па кіліме тупаў тата і бегалі дзеці, як прыйшоў прыбрацца і справіцца пра здароўе венік.

Ён далікатна, каб не разбудзіць караля, пачысціў мантыю, а пасля запытаўся ў кіліма:

— Скажыце, чаму Вы, як самая блізкая да караля асоба, навучыліся ў Яго Вялікасці?

Кілімчык урачыста расправіў усе свае варсінкі:

— Служачы Яго Вялікасці, я кожны дзень пераконваўся ў тым, што сапраўднага караля не прыніжаюць абставіны! Што за гонар кароны трэба змагацца, закасаўшы рукавы! Што адпачываць можна толькі тады, калі ў каралеўстве ўсім добра!

Адказ кіліма вывучылі назубок усе падданыя каралеўства, бо праўдзівей цяжка сказаць пра Сапраўднага Правіцеля.

Загрузка...