Воблачка

Жыло-было Воблачка. Усё цікавіла яго: і адкуль сонейка ўзыходзіць, і куды спаць кладзецца, і чаму неба сіняе, а лес зялёны? Чаму яны, воблакі, плаваюць у небе, а істоты, якія завуцца людзьмі, ходзяць па Зямлі?

— Мама, а ты возьмеш мяне з сабой у Афрыку? — часта пыталася малое ў маці.

— Вазьму, толькі падрастай, будзь паслухмяным.

І Воблачка расло. З цікавасцю слухала расказы маці пра сваіх родзічаў, якіх яшчэ мала ведала: пра навальнічныя хмары, начныя і ранішнія. На савеце Белых хмар дня, стаіўшы дыханне, слухала пра розныя невядомыя землі. «Як цікава жыць!» — думала Воблачка.

Хутка яно пайшло ў школу. Так-так, не здзіўляйцеся, хмары таксама ў школу ходзяць. Там паважаная настаўніца з прыгожай белай шапкай валасоў, у доўгай, з блакітнымі гузікамі сукенцы, вучыла іх, малых хмарак, складанай навуцы: дзе і калі паіць зямлю вадой, каб яе хапіла раслінам.

Хутка стала Воблачку мала таго, што расказвала яму маці, што чула на савеце воблакаў.

— Мамачка, давай паплывём з табой куды-небудзь,— прасіла яно.

— Любае ты маё, пачакай трошкі,— адказвала маці,— шмат працы ў мяне цяпер. Сонейка высушыла лугі і палі, просяць яны дапамогі, трэба напаіць іх.

— Тады пусці мяне адно.

— Маленькае ты яшчэ. Заблудзішся, загінеш.

Не падабалася гэта Воблачку. Яно сябе даўно вялікім лічыла. І калі маці нагадвала пра ўзрост, яно надзімала вусны і адплывала ўбок. А пасля скардзілася сяброўцы:

— Больш не магу я жыць у няволі. Маці мая нічога не дазваляе: і туды не плыві, і гэтага нельга. Свет мне зрабіўся нямілы. Уцяку!

І вось аднойчы, калі ўсе, напрацаваўшыся, спалі, Воблачка ціхенька адплыло ад дому і паімчала па небе.

— Які прастор! Якая прыгажосць! Зорачкі іскрынкамі ў небе рассыпаліся! — любавалася Воблачка. — І, галоўнае, ніхто не бурчыць, не трымае ля сваёй спадніцы.

Так дзень за днём, ноч за ноччу, плыло па небе Воблачка. Радавала яго і сонейка, і шчабятанне птушак, якія лёталі ў блакітнай вышыні. Аднойчы яно нават начавала на ражку серпіка месяца.

«Вось будуць мне сяброўкі зайздросціць!» — ганарліва думала яно.

А маці Хмара тым часам не магла знайсці сабе месца, не ведаючы, дзе шукаць сваё дзіця. Ніхто нічога пра Воблачка не ведаў — так далёка адплыло яно ад дома. Плакала, плакала маці ад гора, пакуль зусім не сцякла на зямлю.

А Воблачка бесклапотна гуляла па небе. Усё было добра, але аднойчы загрукатаў злосны Гром, неба шпурнула тысячы маланак у бараду старому задзіру Ветру і тут такое пачалося! Вецер налятаў на маланкі, яны ж у адказ лупцавалі яго сваімі гарачымі бізунамі. І Вецер шалёна гнаўся за гарэзамі. А разам з ім ляцела і Воблачка. Так няўтульна было яму, так страшна!

— Мамачка! — закрычала яно, упершыню ўспомніўшы пра яе. І Воблачку раптам так захацелася апынуцца дома, прытуліцца да матулінага пляча і пачуць: «Маленькае ты маё!»

— Вецер, не гані мяне, адпусці! — прасіла Воблачка.

Ды хіба мог нешта пачуць Вецер у такой шалёнай пагоні. І ляцеў ён наўздагон за маланкамі, цягнучы за сабой Воблачка.

— Што ты, малеча, тут поўзаеш? — раптам сярдзіта зашыпела велізарная зломаная Маланка. Крывуля схапіла яго сваёй вогненнай лапай і адкінула далёка ўбок.

Тут было ўтульна і зацішна. Крыху аддыхаўшыся, Воблачка агледзелася. Дык гэта ж яе родныя мясціны! Хутчэй дадому! І Воблачка, забыўшыся на ўсе нягоды, кінулася дахаты. Нецярпліва пастукала ў дзверы, потым у вокны. Але ніхто яму не адказаў.

— Напэўна, мама на працы, яна хутка вернецца,— супакойвала сябе растрывожанае Воблачка.

Паўз яго праплывала старая бабуля Хмара.

— Ну што, з’явілася? — дакорліва паківала яна галавой. — Ад смутку па табе загінула твая маці.

— Мама, матуля! — загаласіла Воблачка, уражанае такой страшнай навіной.

Ды не адказала яму прыветным словам бяздонная вышыня.

Пустым, пахмурным стала некалі прыветнае блакітнае неба...

Загрузка...