ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Позняя восень. Сцюдзёна. Пад вечар. Месца дзеі — кусок Катэдральнага пляца, называнага іначай мянчанамі «Брахалка», — бліжэй ад Койданаўскай вуліцы, з відам насупроць — вежа з гадзіннікам. Па пляцы колькі дрэў без лісцяў, некалькі садовых лавак. Праз усю дзею праходзяць то сюды, то туды рознага калібру ГРАМАДЗЯНЕ, ГРАМАДЗЯНКІ і йграе напераменку лера і шарманка. Пры падняцці заслоны першым праходзіць справа ўлева ЛЕРНІК з лерай, а пасля ШАРМАНШЧЫК з шарманкай. Некалькі быўшых ПАНЯЎ, стоячы радам, прадаюць усялякія хатнія манаткі. Непадалёк ад паняў такі самы тавар прадае ГАНУЛЯ.


3'ява I


Гануля, Мікіта.

МІКІТА (у выцвіўшым чыноўніцкім асеннім пальце з настаўленым каўняром, з парасонам уваходзіць справа; да Ганулі). Меджду протчым, мамаша, прадалі што-небудзь ці не?

ГАНУЛЯ. А ні на іголачку. Як хто зачараваў. (Паказваючы на паняў.) У тых таксама ніхто нічога не купіў.

МІКІТА. Нешчаслівым для гандлю і мне сягоннешні дзень выпаў. Каб хто хоць на смех запытаўся аб марках. «Рускія», кажуць, давай, а нямецкія, кажуць, меджду протчым, немцу прадай. А дзе тут таго немца зловіш, калі — па чутках — амаль не ўсе ўжо з гораду выйшлі. (Да праходзячага грамадзяніна.) На хвіліначку, пане мусье! Хачу вам нешта запрапанаваць.

Грамадзянін затрымоўваецца.

Можа, з ласкі сваёй купіце ў мяне маркі?

Грамадзянін іранічна і падазрона змераў яго вачыма ды пайшоў.

ГАНУЛЯ (Да праходзячай грамадзянкі). Панечка, купеце ў мяне пацеркі, а можа, дамскі нэсэсэр, а можа, во гэта? — усё за паўцаны аддам, усё за паўцаны.

Грамадзянка паглядзела-паглядзела тавар і пайшла.

(Да Мікіты.) Вось так усе яны: паглядзіць і пойдзе, паглядзіць і пойдзе.

МІКІТА. Меджду протчым, мамаша, я вам не адзін раз казаў і яшчэ кажу: у вас няма зусім гандлярскай жылкі, у вас не хапае нават чуткай кемнасці ў гандлёва-прамысловых справах, дзе вымагаецца ад прадаўца пэўнай веды ў пазнаванні душы купляючага і яго грамадзянскага і соцыяльнага становішча. I вось, напрыклад, меджду протчым, вы толькі што запрашалі: «купеце, за паўцаны аддам, за паўцаны». Разумеецца, кожны падумае, што ў вас зусім дрэнны тавар, якога і за паўцаны не варта купляць. Таксама паміж купляючымі трэба выдзяляць іхнія рангі і клясы — абавязкова; а вы, як, напрыклад, толькі што, не разгледзеўшыся дакладна, хто які йдзе, кажаце проста з моста: панечка, меджду протчым! А па-мойму, зусім не панечка, а самае меншае — мадама, а можа, нават і мадам-сіньёра.

ГАНУЛЯ. Ды якая там яна мадама? Проста нейкая... нейкая...

МІКІТА. А хоць бы нават, меджду протчым, і такая нейкая. Усё роўна. У гандлёва-прамысловых адносінах мы павінны рабіць від, што яна і не такая, і не нейкая. Для нас адно важна: каб тавар куплялі, каб тавар не залежваўся.

Паўза.

Меджду протчым, мамаша, я ўважаю, што, апрача ўсяго іншага, сягоння ўдабавак нейкі выключны дзень, і вам ніякай гандлёвай «здзелкі», бадай, не ўдасца ўжо правесці. Дзеля гэтага йдзеце з таварам дамоў і шыкуйце вячэру, а я застануся яшчэ тут. Думаю, што мне ўдасца злавіць, меджду протчым, якога немца і ўсучыць яму ягоныя маркі.

ГАНУЛЯ (складваючы манаткі). Толькі пільнуйся, сынок, каб ён не ўздумаў цягнуць цябе ў палон і пры адступленні, як тады — пры наступленні.

МІКІТА. Не бядуйце, меджду протчым, мамаша, — я заўсёды знайду выхад з найгоршага крытычнага становішча. Ды я ж прасіў вас, мамаша, не ўспамінаць мне аб гэтай трагедыі майго жыцця.

Гануля маніцца выходзіць.

Ага! Калі спаткаеце профэсара гэр Спічыні, то напомніце яму, што я ўжо яго чакаю на практычную лекцыю аратарскага мастацтва, вось толькі схаджу на мінутку на Койданаўскую вуліцу паслухаць, як там стаіць курс на валюту. (Пайшоў.)

ГАНУЛЯ, а за ёй ПАНІ з манаткамі шнурам выходзяць. Па хвілі ўваходзяць ЯНКА І АЛЕНКА.


З'ява II


Янка, Аленка.

АЛЕНКА. Здаецца, мы ўгаварыліся тут пачакаць на татку?

ЯНКА. А так — тутака. Пакуль прыйдзе, можам хвіліну пасядзець.

АЛЕНКА (сеўшы на лаўку, пасля паўзы). Як вы заўсёды, дзядзька настаўнік, мудра вельмі разважаеце, ажно мяне часам страх бярэ! Вось, напрыклад, ідучы сюды, сказалі вы, што мы павінны дабівацца, каб быць не толькі гаспадарамі самі над сабой, але і над сваёй воляй.

ЯНКА. А як іначай, Аленка. Якімі б раскошамі матэрыяльнымі нас ні надзялялі, ніколі яшчэ не будзем шчаслівы, пакуль чужая воля будзе гаспадаром над нашай воляй. Каб гэтага не было, мы павінны растаптаць, зніштожыць даўгавечную ману, якая вучыць, што мы не ёсць мы, што мы нейкае нешта, якое абы накарміў, як быдлё, дык і сыта будзе. Мы павінны душу нашу народную выявіць у сваім «я», у сваёй самабытнасці і смела сягнуць па сваё неадымнае права самім распараджацца гэтым сваім «я».

АЛЕНКА. Але цярністы шлях мусіць прайсці душа народная, пакуль збавіць гэта сваё «я» ад чужой няволі.

ЯНКА (не слухаючы). Зірні, Аленка, на Менск! Тут калісь,— як сказана ў нашай песні аб паходзе Ігара, — продкаў нашых галовы снапамі на таку слаліся, душу ім ад цела веялі, а чырвоныя берагі Нямігі не зернем былі песеяны, а касцямі гэных жа продкаў нашых. 3 гэтага бачым, што яны за нешта змагаліся, каб пад сценамі роднага гнязда косці свае пасеялі... А ўміралі, відаць, і славай, бо ў песні іхняе ўміранне засталося вечна жыць. А ці ж увекавечыць песня змаганне і ўміранне патомкаў? Не! Бо мы змагаемся і ўміраем за чужое.

АЛЕНКА. Шмат хто і з нас ужо змагаецца і ўмірае не за чужое, а за сваё, а песня аб іх ужо не забудзе.

ЯНКА. Гэта адзінкі, мілая Аленка. А душа агульнаграмадская яшчэ дрэме.

АЛЕНКА. Скіне сваю дрымоту і душа. Абы толькі гэтыя адзінкі, што ўжо змагаюцца, больш ясных паходняў распалілі і асвяцілі сцежкі ўсе для паўстаючай грамады.

ЯНКА. Што ж, можа, і праўда твая, Аленка. Мы як бы пачынаем ужо адплюшчваць вочы і паўставаць проці гэтай паганай маны, што мы не ёсць мы. Але яшчэ хістаемся то ўправа, то ўлева. Яшчэ ясна азначанай мэты не можам сабе ўявіць. А мэта ў нас адна: калісь амэрыканцы, змагаючыся з Англіяй за сваю незалежнасць, напісалі на сваім сцягу несмяротныя словы: «Амэрыка для амэрыканцаў». I гэта памагло: сягоння Амэрыка вольная. Павінны пайсці і мы па яе слядох і напісаць агністымі рунамі на сваім сцягу: «Беларусь...»

Уваходзіць МІКІТА.


З'ява ІІІ


Янка, Аленка, Мікіта.

МІКІТА (да Янкі, падышоўшы да яго пры апошніх словах і не пазнаўшы). Пане мусье, можа, патрабуеце маркі? (Пазнаўшы.) Ах, гэта вы, меджду протчым, пане профэсар!

ЯНКА. Во, неспадзяванае спатканне. Як маецеся, пане рэгістратар?

МІКІТА. Дзякую, меджду протчым. Так сабе. Нічога сабе. Што ж вы тут парабляеце?

АЛЕНКА. Мы прыехалі татку з палону вызваляць. Бачыце, немцы яго ў абоз пагналі, дык мы, баючыся, каб яго ў Нямеччыну не загналі, паехалі ўслед на падмогу. То ж у мяне адзін татка на цэлым свеце, павінна ратаваць!

МІКІТА. Так, так! Было б няважна, каб звезлі з хаты апошняга, меджду протчым, бацьку.

ЯНКА. А што вы тут парабляеце, пане рэгістратар: маркі людзям раздаяце?

МІКІТА. Меджду протчым, не раздаю, а прадаю, а гэта вялікія дзве розніцы. Але, як уважаю, то вы яшчэ не ведаеце, што я для стварэння сабе новай кар'еры пакінуў чыноўніцтва і перайшоў на свабодную профэсію.

ЯНКА. Што ж гэта? па-вашаму — гандаль на Койданаўскай біржы валютай — свабодная профэсія?

МІКІТА. А чаму ж бы не так? Па-мойму, зусім свабодная. Вось хоць бы судзіць з таго, што калі я перайшоў на яе, то пачуўся, як птушка тая, зусім свабодным. Меджду протчым, змалку дзён мяне цягнула да свабоды і гандлю.

ЯНКА. Хіба да свабоднага гандлю сумленнем і гонарам.

МІКІТА. Меджду протчым, дзядзька беларус, вы мяне абражаеце.

ЯНКА. Выбачайце, пане рэгістратар, — можа, я крыху і памыліўся.

МІКІТА. Меджду протчым, не крыху, а зусім памыліўся. Але мяне зласлівыя гутаркі зайздросных людзей мала абходзяць. Назло ім незадоўга пераходжу яшчэ на адну свабодную профэсію.

ЯНКА. Цікава — якую?

МІКІТА. Буду аратарам.

ЯНКА. Вы — аратарам? Ха-ха-ха! Ха-ха-ха!

МІКІТА. Меджду протчым, нічога тут смешнага. Не сягоння-заўтра нрыходзіць новая ўлада, а з ёй такая політычная сытуацыя, пры якой здольны аратар будзе магчы купацца як сыр у масле.

ЯНКА. Але ж вы, пане рэгістратар, звар'яцелі. Вашы дзікія — не скажу чарнасотніцкія — пераконанні і новая політычная сытуацыя?! Гэта ж як узлезеце на вышкі араторыць, то вам гэта новая сытуацыя такога пытлю задасць, што і сваіх не пазнаеце. О, не! Гэта свабодная профэсія не для вашага рэгістратарскага светагляду.

МІКІТА. Не разумею, пры чым тут мой, меджду протчым, светагляд. Можна мець светагляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацвертае, як навучае мой профэсар гэр Спічыні. I я пастанавіў у сваёй аратарскай профэсіі моцна прытрымлівацца гэтай мудрасці.

ЯНКА. Баюся, што гэта мудрасць дасць вам чэк на свабоднае месца у менскім астрозе.

МІКІТА. Меджду протчым, такіх невясёлых рэзультатаў і быць не можа. Аратар, маючы кожны раз напагатове адшліфаваны практыкай язык, заўсёды патрапіць выпутацца з бяды.

АЛЕНКА. А чаму б вам, пане Нікіці, замест коўзацца па слізкіх і небяспечных для вашай асобы пуцявінах, не заняцца чым-небудзь болей рэальным і грунтоўным. Напрыклад, вы болей прынеслі б для сябе і для грамадзянства карысці, каб узяліся... ну хоць бы...

ЯНКА (перабіваючы)....на Камароўцы козы пасвіць? I чаму б, самдзеле, не так? А профэсія чыстая і, разумеецца, свабодная.

МІКІТА. Меджду протчым, мусье беларус, такая свабодная профэсія не вяжацца з маёй рангай колежкага рэгістратара.

ЯНКА. А шкада, вельмі шкада! Лепей быць добрым пастухом, чымся недапечаным рэгістратарам ці аратарам.

Уваходзіць ГАРОШКА.


З'ява IV


Янка, Аленка, Мікіта, Гарошка.

ГАРОШКА (уваходзіць з пугай, пыхкаючы люльку). Во добра, што застаў вас! Я ўжо ўсё сваё зрабіў, і можам ехаць дамоў. (Пабачыўшы Мікіту.) I вы тут, ды яшчэ з парасонам?

МІКІТА. Як бачыце! Меджду протчым, што вы тут, да6радзею, робіце з пугай: пасвіце каго?

ГАРОШКА. А так! Збіраўся пасвіць тутэйшых чынадралаў, але не ўспеў, — прыйшлося выганяць з Менску абскубандаў.

АЛЕНКА. Не абскубанды, тата, але акупанты.

МІКІТА. I вы, мабыць, яшчэ адно пераблуталі: здаецца, немцы хацелі вас выганяць, пагнаўшы ў абоз...

ЯНКА. Дзядзька Гарошка зусім не пераблутаў. Усё роўна на яго выйшла: акупанты ўцяклі, а ён застаўся.

АЛЕНКА (зірнуўшы ўбок). А гэта што за такія пілігрымы брыдуць сюды?

МІКІТА (зірнуўшы). Гэта, здаецца, мае быўшыя імянінныя госці.

Уваходзяць шнурам з катомкамі за плячыма і з кіямі ў руках: ДАМА, ПОП, СПРАЎНІК І ПАН.


З'ява V


Тыя ж, Дама, Поп, Спраўнік, Пан.

МІКІТА (вітаючыся, надскакваючы). Каго я бачу, меджду протчым! Якое мілае, неспадзяванае спатканне! Ці не мядзведзь здох? Цалую ручкі мадам-сіньёры! Айцу духоўнаму маё сыноўняе ўпакарэнне! Вашародзіе, прымеце пакорны прывет! Маё найніжэйшае ўшанаванне, ясне пане грабя! Сядайце, калі ласка, сядайце!

Прыйшоўшыя сядаюць.

ПОП. Ох, дзелеса — чудзеса! Прогрэшэнія нашы неісчыслімыя. Навождзяху оне на себя возмездзіе необозрымое.

МІКІТА. Куды ж гэта, калі можна спытацца, мадам-сіньёра і мусье, свае, меджду протчым, пэрсоны скіравалі?

СПРАЎНІК. Часова адступаць прыйшлося. Эвакуемся туды — на Захад, дзе сэрцу прытульней і грудзям дышыцца «вальготней».

ДАМА. Часова перанашу сваю філянтропійную чыннасць на тэрыторыю...

МІКІТА (перабіваючы). Быўшых нашых ворагаў — гэрманаў, мадам-сіньёра?

ДАМА. Мусье рэгістратар, вы згадалі!

ГАРОШКА (да Пана). Значыцца, паны, даіцё лататы?

ПАН. А так, прыходзіцца, толькі хай там ваша вёска вельмі ў двор мой не прэцца, бо як вярнуся...

МІКІТА (перабіўшы). I ўсё гэта праклятая, меджду протчым, рэволюцыя нарабіла.

ЯНКА. Што, кусаецца? Вы, пэўна б, хацелі і з печкі зваліцца і патыліцы не адбіць? Рэвалюцыя, мае паны, не цётка — па галоўцы гэткіх сваіх прыяцеляў не гладзіць.

ДАМА. Мусье беларус, вы, як я ўважаю, напоўнены навевамі новага часу і належыце, мабыць, да новай партыі стоікаў, якія не паддаюцца эвакуацыі і застаюцца на месцы?

ЯНКА. Паддаецца эвакуацыі ў сягонешні час толькі той, у каго або нячыстае сумленне, або ён сядзеў тут збоку прыпёку, не раўнуючы, як пустазелле на сялянскай градзе.

ДАМА (да Мікіты). А вы, мусье рэгістратар, калі прыняць пад увагу довады мусье беларуса, то пэўна заставацца тут не будзеце і нашым шляхам пойдзеце?

МІКІТА. Мадам-сіньёра, вы не згадалі: я, меджду протчым, застаюся. Як істы рускі патрыот, я змушаны пакуль што стаяць тут на варце сваіх рангавых і руска-ісціных інтарэсаў. Хоць, можа, я гэтак рызыкую нават сваёй, меджду протчым, пэрсонай, але місію сваю мушу стойка выпаўняць.

ЯНКА. Мне здаецца, пане рэгістратар, што вы так запуталіся ў сваіх рангах, клясах і свабодных профэсіях, што ўжо не здольны да ніякае місіі — нават да тэй сваёй роднай, ісціна-рускай місіі.

МІКІТА. Меджду протчым, не забывайце, пане беларус, што я найздальнейшы вучань акадэмікаў Скрынчанкі й Саланевіча. Апрача таго, нас бацька Пурышкевіч, быўшы ў Менску тут, замеціў і, ад'язджаючы, на гэтую місію благаславіў.

Паўза.

ГАРОШКА. А вы, бацюшка, таксама за імі (махнуўшы пугай) туды — упрочкі?..

ПОП. Нет, чадо мое. Акі пастыр, я должэн остацься пры агнцах своіх, я только провожаю сірых сіх, дабы іх напутствоваць на пуць неведомый.

СПРАЎНІК. Але, панове, час нам ужо ў дарогу! Вораг не спіць і ўжо блізка: можа адрэзаць нам усе ходы для адступлення.

ГАЛАСЫ. А так! Праўда! Час!

МІКІТА. Пагасцілі б, мадам-сіньёра і мусьі, яшчэ хоць з хвіліну!..

ДАМА, ПОП, СПРАЎНІК, ПАН устаюць, раскланьваюцца і шнурам выходзяць у праціўны бок, з якога прыйшлі былі.

Поп (ідучы ўслед за адходзячымі, паказваючы на іх рукой). Акі пціцы небесныя, отлетаюшчы на зімнее время в жаркія страны. Да храніт іх в странствіі мацер неопалімыя купіны і мацер крупіцкая!


З'ява VI


Мікіта, Янка, Аленка, Гарошка.

МІКІТА (як тыя выйшлі). Ах, забыўся запрапанаваць ім купіць у мяне маркі! Пэўна з «царскімі» эвакуюцца.

ЯНКА. Не турбуйцеся! Яны, як праўдзівыя патрыоты, з «царскімі» не разлучаюцца.

МІКІТА. Вы, пане настаўнік, як я заўважыў, чагосьці недалюбліваеце нашай чыстай інтэлігенцыі.

ЯНКА. Для вас, як для рускага колежскага рэгістратара, яна, можа, й чыстая, але для мяне яна — «Варшавске смецце, гразь Масквы», як сказаў вешчы Шаўчэнка.

ГАРОШКА (паказваючы пугай). А во яшчэ два дапатопы!

Уваходзяць ВУЧОНЫЯ — адзін з аднаго боку, другі з другога, разглядаючы праз свае падзорныя трубы.


З'ява VII


Тыя ж, Усходні вучоны, Заходні вучоны.

УСХОДНІ ВУЧОНЫ (стукнуўшыся з Заходнім). Чорт подзеры!

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ. Пся крэв!

УСХОДНІ ВУЧОНЫ. Ізвініце, судар!

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ. Пшэпрашам пана!

УСХОДНІ ВУЧОНЫ. I вы здзесь?

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ. I пан ту?

Кланяюцца адзін аднаму і прысутным.

УСХОДНІ ВУЧОНЫ (да Янкі). Очэнь кстаці, что вы, господзін белорус, здесь. Необходзімо почэрпнуць от вас сведенія касацельно церрыторыяльных данных обласці, іменуемой вашым племенем — Белорусь.

ЯНКА. О, наша тэрыторыя, пане вучоны, вельмі вялікая — і вокам не дастаць! Уся Менская Брахалка, на якой вы, як бачу, гэтай тэрыторыі шукаеце, ды яшчэ далей.

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ. А чы не можэце, пане бялорусін, поінформоваць венцэй шчэогулово о тэм вашым «далей»?

ЯНКА. З гэтага нічога не выйдзе, пане вучоны. Бо абхапіць гэтае «далей» закораткі вашы пяты.

УСХОДНІ ВУЧОНЫ. Так, так! (Запісваючы ў нататнік) Пры опросе аборыгенов Северо-Западного края о процяжэніі занімаемой імі церрыторыі выяснілось, что таковая включает в себе всю обласць Мінской Брэхалкі да ешчо далей... На вопрос, как далеко распространяетя оное «далей», мой собеседнік із племені белоруссов об'ясніл на местном обшчэрусском говорэ, что для постіжэнія сего «далей» у наукі вообшчэ і в частносці ў западной наукі короткі пяткі.

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ. Так, так! (Запісваючы ў нататнік уперамежку з Усходнім вучоным.) Падчас баданя тубыльцув, осядлых на Всходніх Крэсах польскіх, о розмярах замешкалэго пшэз ніх тэрыторыуму зостало высветлёным, іж данэ тэрыторыум вхланя в себе цалкем провінцыён Мінскей Брэхалкі і ешчэ далей... На запытане, як сень далеко распостшэня овэ «далей», муй інформатор походзонцы од бялорусінув ожэкл в огульнопольскім мейсцоным нажэчу, іж для осёнгненця онэго «далей» наука наогул, а в шчэгульносці наука Всходня посяда за крутек пенты.

УСХОДНІ ВУЧОНЫ (скончыўшы пісаць). Благодару покорно!

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ (скончыўшы пісаць). Дзенькуен упшэйме!

Абодва раскланьваюцца і выходзяць — кожны ў праціўны бок, з якога прыйшоў быў.


З'ява VIII


Мікіта, Янка, Аленка, Гарошка.

АЛЕНКА. На гэтых дык няма ніякага ўпынку! Шныраць і шныраць, як свінні ў чужым агародзе.

МІКІТА. Мудрыя людзі — гэтыя вучоныя. Я заўсёды схіляю перад імі сваю, меджду протчым, галаву.

ЯНКА. Асабліва перад гэтымі вы павінны як найніжэй схіляць.

МІКІТА. Чаму так?

ЯНКА. Бо вы ад гэткіх вучоных чэрпаеце сабе ўдзяткадайны клёк для падтрымання сваіх рэгістратарскіх кар'ераў у тутэйшым краі.

АЛЕНКА. Ці не час ужо, дзядзька настаўнік, пакінуць гамонку ды йсці ў заезд, а то, чаго добрага, Шая замкне браму?

ЯНКА. Ой, час, час! (Да Гарошкі.) А ці вы, дзядзька, пакупкі свае зрабілі?

ГАРОШКА. Дзе там! Дарма толькі вытаптаў з паў-Менску — як у шабас, усе крамы пазачыняны. Паеду без табакі.

АЛЕНКА (жартаўліва). Якое няшчасце! Гэта ж як у таткі пачнецца вялікі табачны пост, дык задасць ён усім нам табакі!

ГАРОШКА (дабрадушна). Табакі не табакі, а перцу калі-небудзь дастанеш ты ў мяне за свой доўгі язык.

ЯНКА. Хаця не пабецеся стары з малой за табаку. Мушу хутчэй вас адгэтуль весці. (Да Мікіты, адвітваючыся.) Бывайце здаровы, пане рэгістратар! Жычу вам у новай аратарскай профэсіі дастукацца асэсарскай рангі.

МІКІТА. I вам таго самага, пане беларус, у вашай, меджду протчым, беларускай профэсіі.

Янка, Аленка і Гарошка выходзяць. Па хвілі

ўваходзіць Спічыні.


З'ява IX


Спічыні, Мікіта.

СПІЧЫНІ. Даруйце, мусье Зносілов, што змусіў вас крыху на сябе чакаць. Але апошнія дні так многа маю лекцыяў па аратарству, што папасці ўсюды ў свой час няма аніякай змогі.

МІКІТА. Я вельмі рад, што ўсё ж такі вам, гэр профэсар, удалося ка мне папасці. Бо выступаць, меджду протчым, з трыбуны без практычнай лекцыі неяк ні сёе ні тое.

СПІЧЫНІ. Цяпер ужо будзеце магчы выступаць хоць і заўтра. Можам пачынаць, мусье рэгістратар!

МІКІТА. Меджду протчым, я гатоў, мусье профэсар!

СПІЧЫНІ. Узлазьце на трыбуну, мусье рэгістратар.

Мікіта становіцца на лаўцы.

СПІЧЫНІ. Цяпер зрабеце позу. Крыху не так — прасцей фігуру і вышэй галаву, вочы — удаль. Левую руку абапрыце на левы клуб. Так! Так! Правая рука застаецца свабоднай — гэта, каб у патрэбных момантах вашай араторыі можна было, заціснуўшы кулак, патрасаць ёю над аўдыторыяй. Цяпер, калі зрабілі сабе аратарскую паставу, пачынайце прамову. Спачатку кажаце ціхім-ціхім голасам, пасля штораз — мацней, а пад канец бухаеце грамабойным голасам і, разумеецца, на чым свет патрасаеце кулакамі. Ну, цяпер пачынайце араторыю на тэму: «Пролетарыят і буржуазія».

МІКІТА. Вельмі паважаныя, меджду протчым, мадамы, вельмі паважаныя, меджду протчым, мусьі! Да апошняга часу пролетарыят эксплёатаваў буржуазію. Буржуазія з усіх жыл выбівалася, каб здабыць сабе на чорны дзень якую жменю золата або кусок якога маёнтку, а пролетарыят, меджду протчым, у гэты бок і пальцам не ківаў; усёй работы яго было, што толькі, меджду протчым, працаваў, ды йшчэ за гэтую мізэрную працу цягнуў крывавую капейку з беднай буржуазіі. Буржуазія з кожным днём ад недастаткаў таўсцела — казаў той — расла не ўвышкі, а ўпапярэчкі, меджду протчым, як той гарбуз, а пролетарыят ад роскашы цянеў — казаў той — рос не ўпапярэчкі, а ўвышкі, меджду протчым, як тая тычка. Дзеля таго (трасучы кулаком) далоў!.. далоў!..

СПІЧЫНІ. Затрымайцеся на мінутку. У сваёй араторыі вы пераблуталі лёгічныя тэрміны, і там, дзе павінна стаяць першае, у вас чамусьці другое, а дзе — другое, там стаіць першае. Ужо я вам казаў, што тэорыя аратарскага мастацтва не любіць, каб выкідалася перад аўдыторыяй тое, што ў вас папраўдзе накіпела на вантробе. Можаце думаць усё, што толькі вам падабаецца, але гаварыць абавязаны толькі тое, што іншым падабаецца. Толькі такім чынам вы зробіце сабе на свабоднай аратарскай профэсіі якследную асэсарскую кар'еру. Цяпер папробуйце сказаць араторыю на тэму: «Рэволюцыйная самадысцыпліна».

МІКІТА. Ша... Шан... Не так... Меджду протчым, мае панечкі і мае паночкі! Рэволюцыйная самадысцыпліна... рэволюцыйная самадысцыпліна... гэта такая, меджду протчым, дысцыпліна, што мае два канцы — то яна ўсіх б'е, то яе ўсе б'юць, бо контррэволюцыйная дысцыпліна не спіць у шапку. 3 гэтае прычыны і рэволюцыйная самадысцыпліна не мае права спаць, меджду протчым, у шапку, бо йначай праспіць усю сваю гаспадарку. Дзеля гэтага (трасучы кулакамі) далоў... далоў... I так, меджду протчым...

СПІЧЫНІ. Затрымайцеся. Гэта ў вас выйшла нібы лепей. Цяпер выслухайце маленькія дзве асцярогі: першае — калі ўзыдзеце на трыбуну, то ёмка зачашэце сабе на галаве думку аб тым, пры якой політычнай сытуацыі выступаеце з араторыяй. Другое — найбліжэйшая політычная сытуацыя, пры якой першы раз прыйдзецца выступаць вам публічна, апіраецца на пэўных пляцформах. Дзеля гэтага, перш чымся араторыць, вы павінны выбраць сабе стойкую пляцформу і толькі адну, а не дзве або тры, бо йначай можаце паскаўзнуцца і зваліцца з усіх трох разам.

МІКІТА. Меджду протчым, магу я зысці ўжо, мусье профэсар, з трыбуны?

СПІЧЫНІ. Можаце ўжо зысці, мусье рэгістратар, з трыбуны.

Мікіта зыходзіць.

Ахвяруем цяпер колькі хвілін на тэорытычнае асвятленне некаторых звязаных з аратарствам пытанняў. Вось, напрыклад, як вы сабе разумееце мітынг?

МІКІТА. Мітынг, мусье профэсар, мітынг, меджду протчым, гэта нешта такое, што выдумалі ангельцы для тых, якія нічога не хочуць рабіць, а толькі ходзяць і варон страляюць. Мітынг, меджду протчым, гэта тое самае, што пераліванне з пустога ў парожняе. Мітынг — гэта тое з вушамі таварыства, дзе араторыць буду я, а слухаць будуць яны і крычаць будуць: віват, рэгістратар Зносілов! — калі іх па шэрсці пагладжу, і — далоў, рэгістратар Зносілов! — калі пагладжу іх проці шэрсці, меджду протчым.

СПІЧЫНІ. Усё гэта як бы так і як бы не так. Але да гэтага яшчэ вернемся. Цяпер мне адкажэце на адно пытанне, і на сягоння будзе годзе. Вы што-небудзь ведаеце аб савецкім ладзе?

МІКІТА. Оей! Нават добра ведаю.

СПІЧЫНІ. Аб гэтым у вас павінен быць ясны, дужа ясны светагляд, адным словам — пад арэх.

МІКІТА. Савецкі лад... Савецкі лад, меджду протчым, Гэнрых Мотавіч... Савецкі лад... гэта... гэта такая чырвоная паводка... такая, меджду протчым, паводка, аб якой не снілася ні Фараону, ні Салямону... Савецкі лад гэта... гэта...

СПІЧЫНІ (ускочыўшы з лаўкі). Пардон! У мяне разбушаваліся нэрвы. Сюды машыруе нейкі немец. А я страшэнна не люблю спатыкацца з ворагам, калі ён наступае і калі ён адступае.

МІКІТА. О так! Асабліва страшна з ім спатыкацца, меджду протчым, калі ён наступае.

СПІЧЫНІ. Маю гонар кланяцца! (Шпарка выходзіць.)

Уваходзяць НАСТА І НЕМЕЦ.


З'ява X


Мікіта, Наста, Немец.

МІКІТА. Наша найніжэйшае, меджду протчым, ушанаванне мамзэль Насце!

НАСТА. Добры вечар! Добры вечар, мусье Нікіці!

МІКІТА. Што ж гэта вы, мамзэль Наста, не самі адны, а з гэрам немцам, як з нявіннай ахвярай свайго, меджду протчым, чарадзейскага сэрца?

НАСТА. Ужо даўно маё сэрца — не маё, а сядзіць у пастцы другога сэрца... (Усміхаючыся.) Чыйго?.. Вы, мусье Нікіці, пэўна ведаеце. А немец? Як мне напэўна вядома з пэўных крыніц, то гэта апошні з роду магіканаў, які, згодна з Берасцейскай умовай, пакідае сягоння нашы менскія палестыны і махае свае крокі туды, адкуль прыйшоў.

МІКІТА. Але й палонных, як уважаю, па дарозе хапае. Ці гэта, можа, вы дабравольна, меджду протчым?

НАСТА. О, немцам цяпер не да чужых генэралаў. Яны цяпер заняты спэцыяльна хапаннем сваіх жа ўласных генэралаў. Бо, як чула я ад пэўных асоб, у іх таксама рэволюцыя. А вось гэтага — дык я толькі ахвяравалася правесці да Брахалкі.

МІКІТА. А ці не ведаеце, мамзэль Наста, можа, яму на дарогу маркі патрэбны, бо я маю да прадання?

НАСТА. Спытайцеся.

МІКІТА (да Немца). Меджду протчым, гэр гэрманіш, можа, купіце германскія маркі?

Немец паказвае на мігі, што не разумее, у чым рэч. Мікіта дастае партманэ, а з яго грошы і на міг паказвае немцу, каб купіў. НЕМЕЦ тлумачыць на мігі, што яму грошы не трэба, бярэ «пад казырок» і выходзіць.


З'ява XI


Мікіта, Наста.

МІКІТА (палажыўшы, не помнячы, партманэ з грашыма на лаўку). Ну і немец, меджду протчым! Сваіх жа нямецкіх марак не хацеў купіць. Але што гэта — ці ён нямы, што ні слова не адказаў мне на запытанне?

НАСТА. Не нямы, а толькі немец і па-нашаму не разумее.

МІКІТА. Гм! Цікава! А чаму той, што маніўся мяне ў палон, меджду протчым, узяць, як рэпу сек па-нашаму?

НАСТА. А гэта іншая рэч. У іх, як мне з пэўных крыніц вядома, ёсць спэцы ад усялякіх языкоў, ну вы і нарваліся на гэткага спэца.

Паўза.

МІКІТА (набок). Страшэнна, меджду протчым, адпаведная хвіліна, каб паўтарыць мамзэль Насце сваю адвечную пропозыцыю.

НАСТА. Аб чым гэта вы так задумаліся, мусье Нікіці?

МІКІТА. Ды ўсё аб тым самым, меджду протчым, хэрувімская мамзэль Наста: аб вас мае думы ўпалі ў глыбокую задуму.

НАСТА. I глупства робяць гэтыя вашы думы. Я ж вам ужо цяперся забараніла думаць аба мне, пакуль не зробіцеся асэсарам! Значыцца, і не маеце права думаць.

МІКІТА. Не магу вытрываць, сэрафімская, меджду протчым, мамзэль Наста, аніяк не магу вытрываць! (Становіцца на лаўцы перад Настай на калені, засланяючы збольшага яе й сябе распушчаным парасонам.) Мадоністая мамзэль Наста! Каханне маё, меджду протчым, вульканічнае! Падаруйце ж мне, нарэшце, сваю абымальную руку і сваё трапятлівае сэрца. Асэсарам буду я, вось пабачыце, што буду! Ужо я стаю на вялікай дарозе да славы, да славы знамянітага, меджду протчым, аратара. А там як піць даць атрымаю асэсарства. Меджду протчым, чырвоным асэсарам буду! Толькі прымеце мяне, жыватворнакрынічная мамзэль Наста, у пакорныя і вечныя слугі вашага, меджду протчым, сіньёрыстага сэрца.

НАСТА. Хапун вас не схопіць, мусье Нікіці, калі яшчэ крыху пачакаеце на мае рукі і на маё сэрца. Толькі тады з гэтага квасу будзе піва, калі я з пэўных крыніц напэўна даведаюся, што вы не рэгістратар толькі, а ўжо асэсар. А іншых залётаў ды іншых каханняў мой організм не прымае. Пакіньце кленчыць на лаўцы, а так сабе на зямлі чакайце. Будзьце здаровы! Мушу збегаць у вадну пэўную крыніцу. (Выходзіць.)

Мікіта (яшчэ кленчачы і працягнуўшы з парасонам рукі ўслед Насце). О, ранга мая асэсарская! О, кляса мая бонтонная, беспардонная!


З'ява XII


Мікіта, Абарванец.

АБАРВАНЕЦ (ўвайшоўшы з таго боку, куды Наста выйшла, ды кленчачага з працягнутымі рукамі Мікіты). Пажэртвуйце, таварыш, безработнаму!

МІКІТА (зышоўшы з лаўкі, набок). Пачынаецца! Падумаеш, таварыш! (Да Абарванца.) Выбачайце, я не таварыш, а, меджду протчым, буржуаз, а як вам хіба ведама — буржуазія нічым не жэртвуе. (Сярдзіта адварачваецца набок.)

Абарванец (патросшы кулаком, набок). Пачакай! Заўтра ты ў мяне йначай запяеш! Заўтра ты ў мяне папросіш пажэртваваць. (Забірае пакінутае на лаўцы партманэ і выходзіць.)


З'ява XIII


Мікіта.

МІКІТА (да праходзячай з чырвоным сцягам групы грамадзян і грамадзянак). Мо, шаноўныя мадамы і мусьі, патрабуеце купіць марак? (Мацаецца па кішэнях.) Новенькія... Але, новенькія... Дзе ж яны? (Прыглядаецца на зямлю, на лаўку.)

Грамадзяне і грамадзянкі, пырснуўшы смехам, пайшлі.

Сцягнуў нехта! Апошнія грошыкі сцягнуў, меджду протчым, і рускія і нямецкія. Заўтра не будзе за што і рук зачапіць. (Апускаецца з уздохам на лаўку, кладзе на паруччы рукі, звешвае на іх галаву і ўпадае ў глыбокую напаўсонную задуму.)

Паўза.

Пачынаецца танец Ценяў пад музыку шарманкі. Пасля некалькіх мінут раптоўна ўрываюцца зыкі вайсковай музыкі, граючай цырыманіяльны марш, і крыкі: «Ура! Ура!» Танцуючыя Цені нікнуць.

Мікіта (ускаквае і пад тахт музыкі топчацца на адным месцы. Пасля быстра выцягвае з кішэні чырвоную хустачку, прывязвае да парасона, становіцца на лаўку і, таксама маршыруючы пад музыку на адным месцы, махае каля галавы парасонам з хусткай і крычыць.) Хай жывуць свабодныя профэсіі! Хай жывуць чырвоныя асэсарскія рангі!

3аслона

Загрузка...