IV
Ад зямлі адарваўся і неба не дастаў...
Народная прыказка
У Цёмналессі дзве лазні: адна старая - усіхная, а другую, новую, паставіў сабе гаспадар, які робіць сані, каткі, гне дугі, і свая лазня патрэбна яму скрозь усю зіму сушыць дрэва. Мыюцца цёмналесцы зазвычай у сваёй старой супольнай лазні.
Хто не толькі ніколі не мыўся ў старой цёмналескай лазні, але нават ні разу нічога такога і не бачыў, хто наогул думае, што ў Цёмналессі - гэта яму і як у Вільні або ў Менску: калі заманулася, тады і пайшоў у лазню, - дык той, пэўна ж, не зразумее, чаму Лявон цэлы дзень не мог надумацца - пайсці яму ў лазню ці не пайсці?
Было гэта ўжо ў самым канцы калядных святак, калі дзядзька яго, Якуб, дамяў сваю пяньку і выпаліў лазню так, што ўсе, хто толькі быў там на дамінках ці так хадзіў у лазню, мімаходам даведацца, ці ўжо гатова, усе казалі:
- Ну, братцы, сяння-ткі лазня з духам!
Увечары бацька, падаваўшы нанач скату і напаіўшы коні, прыйшоў у хату, дастаў з-пад лаўкі свае карэлыя апорачкі ад старых ботаў і сеў на калодачцы, каля полу, разуваць лапці.
- Ну, я ўправіўся, - сказаў ён. - А дзе ж гэта Лаўрынька? - трэба ж на вышкі па венікі ўзлезці... А Лявон чаго гэта сядзіць? Ай ты не пойдзеш сяння ў лазню? - спытаўся ён у сына. - Ідзі, лазня з духам, дзядзька дроў не пашкадаваў.
Лявон устаў з лаўкі, паклаў на паліцу кніжку, нечага задумаўся, трохі памаўчаўшы, адказаў:
- Я і сам не ведаю: ісці мне ў гэтую лазню ці то ўжо не пачынаць. Паеду ж, дык памыюся ў горадзе. Але не вадзіла б і сяння схадзіць: цела пачынае свярбець.
- Што ты гэта, Лявонічка, - умяшалася матка, - чаму ж табе не схадзіць у сваю лазню, пакуліцька там той горад? Праўда што, гразнява троху яна, вады цёплае няма, але ж у канаўцы на канаве ё сцюдзёная вада і не дужа мутная, ды ўсё ж ткі папарышся, костачкі пагрэеш свае, і на душы табе палягчэець... Ідзі, сынок, ідзі!
Стары цёмналесец, ласун парыцца, прачнуўся на момант у свярбячым Лявонавым целе і пасобіў хлопцу вынесці пастанову на карысць цёмналескае лазні.
Бацька тым часам напрануў старэнькую дублёнку, уздзеў на голыя ногі апорачкі - і мусіў пастаяць, пакуль Лявон вымаў з кішэні ключык, ножык, партманецік і ўсякую дробязь, каб не згубіць у лазні.
- Барзджэй! - крыкнуў яму Лаўрынька, паспеўшы злазіць па венік і стаўшы з гэтым венікам у руках, як салдат на варце, і босы, нягледзячы на жаночыя матчыны ўпросы, каб не бег у лазню па снезе галаногі.
- Паспееш з козамі на торг, - жартаўліва адказаў яму Лявон, уздзяваючы старыя валенкі, пададзеныя маткаю, каб ён, адзвычаены ад цёмналескай простасці, не прастудзіўся ў лазні з сваімі маруднымі на ўздзяванне ботамі.
- Паслухаў бы во мамы ды абуўся, цёмналескі дзікун, - нібы ізноў жартам, але з асадкам цывілізованай горычы дадаў Лявон.
- Лазня блізюхтанька, буду я абувацца! Што я - пан? - пакрыўдзіўся за сваю ўдачу Лаўрынька, бо вядома, што кожны цёмналесец такога веку ходзіць у лазню, хоць пры якім надвор'і, канешне, босы.
- Калі не абуешся, я не пайду ў лазню, - цвёрда сказаў Лявон і падаў яму свае боты: - Абувайся!
Бедны Лаўрынька, з слязьмі на вочах, мусіў улезці ў іх, бо дужа любіў брата, хоць ужо і заўважаў у ім некаторыя непатрэбныя прыхамаці.
Урэшце Лявон адчапіў свой кішэнны гадзіннік, адзяг матчын кажух, каб не запэцкаць у лазні свайго пальта, - і пайшлі ў лазню.
Лазня была за гоні ад хат, каля заплыўшае канавы, што была некалі, пакуль яшчэ паны лясоў не прадавалі, даволі добрай рэчкаю. Чорная ўся прост на вугалле, - бо шмат разоў на сваім вяку гарэла, але заўсёды шчасціла ўратаваць яе ад агнёвай навалы, - ліпела сабе тая лазня на ўзгорачку. І пакуль Лявон узглабаўся на гэты ўзгорачак, паваліўся, бедны, два разы і абскробаў правую руку аб мёрзлы снег. Лаўрынька павесялеў, чуючы цяпер у сваім спрыце перавагу, падбег к яму, крыкнуў:
- О, які ўжо пан стаў - не ўзойдзеш! - падняў яму ўронены кавалак мыла, якое таксама прыкра сведчыла яму аб тым братавым панстве, бо ніхто не мыецца тут з мылам, - і шыбка, па-сабаччу, пакаціў за ўсіх наперад к лазні, хоць праклятыя боты звязалі яму ўсе ногі. Там кумільгам упаў ён у прымыльнік і прывітаў сабраных так, як тое водзіцца ўва ўсіх добрых людзей.
- Пара-лазня, лёгкі дух!
- А, Лаўрынька! А бацька ідзець? - спытаўся дзядзька.
- А вун жа ён! Сяння і Лявон ідзець! - пахваліўся Лаўрынька і зараз завінуўся распранацца і скідаць перш нагавіцы, чым кашулю, бо калі зрабіць наадварот, хлопцы абліюць вадою, - такі спрадвеку звычай у Цёмналессі.
Бацька спачатку пайшоў к канаўцы, неглыбокай гразнай лужынцы ў канаве, зачэрпнуў асцярожна беражком, каб зусім не скаламуціць, поўнае вядро мутнае з лёдам вады, утапіў у яго венік, каб размяк, бо тады ляпей яго спарыць, і, схіліўшыся над тым вядром і венікам, паважна, як стары, пайшоў следам за Лявонам у прымыльнік.
А ўжо Лявон убачыў у цямноце, што там - хто распранаецца, хто спачывае на мяліцы, папарыўшыся досыць, - адным словам, варушацца, і людзей многа. Каб паказаць, што ён тут свой і роўны чалавек, - хоць не зусім то добра, што бацька, а не ён нясе вядро з вадою, - Лявон, на колькі можна весялей, сказаў, як вымагала цёмналеская людскасць чалавека:
- Пара-лазня, лёгкі дух... Добры вечар! - і азірнуўся, дзе б яму прыхінуцца.
- Міласці просім, міласці просім, Рыгоравіч, - адказаў яму за ўсіх Мікіта сваім заўсёды жартаўліва-ласкавым голасам.
- Капеек на восем, - не ўцерпеў, каб не пажартаваць з такіх цырымоній, Лаўрынька і кінуўся ў лазню, ужо гатовы, голенькі.
- Садзецеся, Лявонька: во тут можна добра прыхінуцца, - як можна далікатней запрашаў вучонага пляменніка дзядзька, здаволены, што і пяньку дамяў, і духам дагадзіў усім, і Лявон памыецца перад выездам у школу.
І ізноў варушыліся сабе голыя, барадатыя мужы ў цямноце ў прымыльніку, бо святла там не палілі - быццам дзеля таго, каб не спаліць лазні, а сапраўды дзеля таго, што кожны хацеў, каб гарэла чыя-небудзь лучына, а толькі не яго. Так і варушыліся, хто як мог, упоцемку.
Прымыльнік быў плятнёвы, і скрозь пляцень дзьмуў сцюдзёны зімовы вецер. Пад нагамі калолася мялле. Каля сценак ляжалі, раскірэчыўшы ногі, самадзельныя мяліцы. З лазні ў прымыльнік, то і глядзі, выскаквалі чырвоныя, распараныя і здаволеныя парцы. Адтуль нёсся гул...
Лявону было непрытульна.
«Ліха іх ведаець, як яны тут мыюцца, - думаў ён, шукаючы лепшага куточку, дзе б схаваць сваю вопратку і валенкі, скручаныя ў матчын кажух адным комам. - Але чаго ж гэта я злуюся? Ці ж я сам не цёмналесец, ці ж я сам не купаўся змалку ў гэтай гразі?»
І ўбіўся-ткі скрозь нізенькія дзверы ў лазню. Як увайшоў, вачам стала горка ад дыму, а нагам было ёдка стаяць на гразнай сцюдзёнай зямлі. Галава, як сляпніца, ударылася аб шост, не разгледзеўшы яго ў парнай цямноце. Горача было наверсе, як у пекле. А найгорш тое, што няможна было нічога разгледзець.
Жчах-жчах, жчах-жчах!.. - працавалі венікі.
- Ого-го-го-го! - рагатаў нехта, лезучы на палок. - Паддай, паддай... Яшчэ горстачку... Ліні паўкружачкі на печ... - Браточкі, аджалейце поўчаўхірачкі, дайце духу!.. - Духу мала! Духу няма! Гэй, духу! - аж стагнала поўная лазня.
Павярнуцца хацеў Лявон - няма як... Унізе ў гразі - блазнота. Іншы плакаў ад дыму ці яшчэ ад чаго, цёр вочы і плёскаў сцюдзёнаю гразнаю вадою, але і тую яму нехта другі забараняў браць, адкідаў яго руку і казаў: «Не трасцу трасеш - сам прынясеш...» Іншы сядзеў непарушна, ушчаміўшы галаву між сагнутага, выпнутага султыжкамі калення. Той шчыпаўся, той штурхаўся, той жартаваў: мацаў суседа абпэцканаю мокраю рукою па ваччу, а калі той круціўся, сціскаў на ўсю сілу яго нос у сваіх кіпцях і ласкава пытаўся: «Ну ці бачыў, братка, Маскву?»
- А та-а-тачка! А-а-я-яй! А до-о-ос, дос, дос! - верашчэў малы хлопчык, як яго толькі мага, на ўсе жылухны.
А добры бацька трымаў яго леваю рукою за тоненькую шыйку, з пэўнасцю, што нічога яму не зробіцца, а пакуль малы, то і крычыць, і праваю рукою, гарачым, як полымя, венікам абняў яго з усіх бакоў, хлястаў, шугаў, гладзіў і прымаўляў:
- Дай спінку, дай жываток, дай жа ножачкі мае дробныя... Ну йшчэ трошку, ну-ну-ну, дурненькі, не плач жа... дос-дос-дос, не бойся... А то я цябе камлём пагладжу, ведаеш? - з лаянкаю дадаваў ён урэшце і адпускаў малую душу на пакуту.
- Во-охці, охо-хо-о... - ледзьва жывенькі пакаціўся з палка ў прымыльнік кароценькі Халімон.
- Як тое было, як тое будзе, вось табе на! - крыкнуў Ёзка, і раптам, знецяйку для ўсіх - бах вядро вады на печ. Аж каменне загурчэла, засіпела вугалле, паляцеў з клубам гарачае пары дробны попел, - і з палка пасыпаліся, як бульба, слабейшыя. А дужэйшыя, стойка ведучы справу сваю, яшчэ пільней запрацавалі венікамі.
- Вот-та как ашалелі мужычкі-ста! - адгукнуўся стары салдат Захар Какста, цёпаючыся, як мокрае гарыць, але расцягнуўшыся на самым версе, у самым духу. Празваны ён быў Какстаю за частыя прыбаўкі слоў: «как» і «ста», якія навекі прыліплі к яму, як азнака ўспрынятай некалі цывілізацыі.
- Лаўрыньчык! Збегай, сынок, вады: згарэў я, зусім згарэў! - крычаў стары Задума аднаму сыну. - А ты, Лявон, - казаў ён другому, - ча марудзіш: лезь на палок, парся... самы, братка, дух... у-ха-а!..
- Дайце, Рыгоравіч, я вас лёгенька пацёпкаю, - як умеў, набіваўся вучонаму пляменніку сваёю ласкаю дзядзька Якуб.
- Ды не, не, не... я сам! - не ведаў хлопец, як адчапіцца ад прыкрасці, што родны дзядзька кажа яму і «вы», і «Рыгоравіч».
Махнуў на ўсё рукою і палез на палок. Абпёк кволыя месцы аб гарачыя палкі, плакаў ад горкага тут уверсе дыму, махаў і так і гэтак, каб не дужа пяклося, цяжкім нейкім венікам - і праклінаў сваю родную матэрыяльную культуру.
«У-у, жывуць жа людзі, - думаў ён, - лес пад бокам, паны ўлезлі ў даўгі і зводзяць яго ў пень, а яны, штогоду пускаючы на гарэлку не адну добрую лазню, мыюцца ў такой, што... каб яна згарэла на чыстым полі гэткая...»
- Духу ж паддайце! Гэй, хлопцы! - са скуры выпінаўся Мікіта, ізноў ужо просячы духу.
- Ужывай, дзядзька! Пагрэйся! - адказаў яго пляменнік Яхім, што меў мянушку «Вясёлая галава, а гнілыя кішкі», - і чох! поўны карэц на печ.
- Сцюдзёна! Зябну! - вырабляўся Мікіта, ведаючы сваю славу, што ніхто яго не пераседзіць у самым гарачым духу.
- І так гарым! - буркнуў, не ўцерпеўшы, Лявон, седзячы каля яго і паліваючы сцюдзёнаю вадою галаву. Ён са злосцю ўздумаў на тое, што Мікітаў сын, Панас, п'е смярдзючую ханджу, як ваду, а сама старая Мікіціха мажа ёю ногі ў лазні. Во і сёння насмярдзіць тут, што не прадыхнуць, як будуць мыцца бабы... Уздумаў ён, што і яго матка корміць вяпроў у хаце, а не ў свінарцы, што ў хаце ў іх ніколі не можа быць чыста. Адным словам, дрэнна з усіх бакоў.
- Запанеў наш аграном! - жартаваў Мікіта. - Духу баіцца Рыгоравіч... А мне, мужыку, любата, - крычаў ён. - Дай Бог да веку!
Лявон мусіў, сцяўшы зубы, маўчаць.
«Які тут чорт запанеў, - з вялікаю крыўдаю ў сэрцы злаваўся ён на ўсё Цёмналессе, - свінні, а не людзі... Я вёз дамоў кніжкі, каб чытаць ім, а яны кожны вечар, кожнае свята гуляюць у карты ў Мікітавай хаце, а на кніжкі не звярнулі ніякае ўвагі. Яшчэ казалі, - разумцы! - што некалі ім займацца панскімі справамі... І вось павінен слухаць ад іх гэтае бязглуздае: запанеў, запышэў, гардзіцца...»
- Пастой, Лявон, куды ты? - гукаў бацька. - Зараз вады прынясець Лаўрынька, будзем абдавацца.
- Добра, добра! - сказаў, а сам, не маючы ўжо сілы вытрымаць усіх крыўд для цела і думак, выйшаў як п'яны ў прымыльнік, схапіў адзежу і рупна, як толькі служылі рукі, пачаў, не абдаўшыся чыстаю вадою і з прыліпшымі на целе лісцінкамі ад веніка, адзявацца.
Калі трошку пахаладнеў на свежым паветры, ён ад злосці патрошкі пераходзіў у сум і горкую пакуту.
«А нягожа мне казаць: бязглуздае, дзе толькі цемната, - сядзела яму ў галаве. - Скуль жа ведаць гэтаму старому вяскоўцу, прыгонніку яшчэ - Мікіце, што ён вучыцца не дзеля таго, каб толькі заграбаць грошы; што ён жа іншы, не цураецца вёскі, любіць яе і паважаець, як родны сын; што ён будзе кіравацца на ўсе сілы, каб бачыць яе цвярозаю, светлаю, здаволенаю жыццём; што ён «запанеў», але зусім не так, як думае Мікіта. І лацвей ім, - думаў Лявон далей, - страляць у вочы: запанеў! - калі яны ведаюць вагу свае векавечнае працы мужыцкае, а хай бы яны пабачылі боль у сэрцы і смутак у думках у мяне, прымака ў тым «панстве» і пасынка ў вёсцы, - і яны валей згодзіліся б ехаць з сошкаю на родныя шнурочкі, чымся так запанець...»
Кашуля не надзявалася, мялле наліпала і калолася, нечым дрэнным пахла. Шапку шукаў-шукаў Лявон, каб прыкрыць ад ветру мокрую галаву, і ніяк не мог знайсці ў дакучлівай, прыкрай цямноце прымыльніка.
- Браточкі, што ж гэта, я ж акалеў зусім... Кажыце, хто ўзяў мае штаны? - пытаўся дзядзька Якуб, хныкаючы з лазні ў прымыльнік і назад у лазню ў адной кашулі без штаноў. - А хто тут яшчэ скруціўся пад нагамі? Ай табе месца мала? - узбіўся ён на Лявона.
- Я... - адгукнуўся Лявон ціхім, сумным і злым голасам.
- Ах, гэта вы?! Даруйце, Рыгоравіч!! Гэта я няўмысля патурбаваў вас... - не ведаў, дзе яму дзецца ад сораму, дзядзька, і якраз тут, сагнуўшыся, каб што-небудзь падаць пляменніку, знайшоў сваю адзежыну: Лявон ці хто затаптаў тут яе нагамі.
А Лявону было так прыкра, і так яму балела, і такая злосць брала яго на нікчэмную, падлыжніцкую далікатнасць цёмнага дзядзькі - такога змалку дзён любага, дарагога, бо нешчаслівага ў жыцці, дзядзькі Якуба.
У цяжкім настроі варачаўся Лявон з лазні.
Быў ціхі вечар. На высокім небе ззялі зорачкі, ліў месяц сваім сярэбраным, хоць і пазычаным, святлом. Скрыпеў пад нагамі марозны снег. А Лявону было цяжка.
«Беларусь, Беларусь! Што ты цяпер ёсць?» - звінела яму адна думка. «І што з табою будзе», - плыла другая.
А зорачкі блішчэлі так хораша на небе, і скрыпеў снег. І мерныя тужлівыя вершы ляцелі знедкуль.
Мой родны край, краса мая,
З табой навек расстаўся я!..
«Не, не расстаўся я з табою, мой родны край, - думаў Лявон, - не расстаўся, але ў вялікай нязгодзе ўжо мы з табою... Ты не разумееш мяне, а я не магу згодзіцца з табою і з тваімі парадкамі».
«З якімі парадкамі? - вытыркнулася з'ядлівае джала мудрага змея з самага свайго закутачку душы, - што ў мужыцкай лазні табе ўжо невыгодна мыцца, дык усё Цёмналессе павінна перакуліцца перад табою?.. Падумаеш, які важны, вучоны, разумны, цывілізованы зрабіўся! А чаму Цёмналессе такое, ты ўжо менш думаеш! А як лёгенька дастаецца мужыку і той быт, які ён мае, ты ўжо менш думаеш!.. Ты ўжо забываешся, забываешся!..»
Тады струны сэрца задрыжэлі вялікім жалем. Маркотна-маркотна панясліся ў памяці іншыя радкі прачытанага нядаўна верша:
Мой родны край, як ты ж мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы...
«Ага, вось так... - закруціўся ў сваім закутку з'ядлівы мудры змей, - самае лепшае: забыцца на яго! Забудзь, забудзь!.. Не ты ў нас гэткі першы, не ты ў нас гэткі і апошні...»
«О, не! - змагаўся хлопец, - о, не! Ніколі я не адарвуся ад цябе! Але што рабіць, за што ўхапіцца, адкуль пачынаць?»
У мазгах адным момантам прамільгнула «Наша ніва» і невядомыя людзі, што яе пішуць, і Якуб Колас, і Янка Купала, і свае больш рэвалюцыйныя таварышы - вучні, з якімі на фермскім полі, а часам ціханька і ў пансіёне пяяў «Вихри враждебные веют над нами...» ці «Адвеку мы спалі і нас разбудзілі...», і быўшы яго рэпетытар - бундавец, які рэвалюцыйна настрайваў свайго вучня, але ніколі словам не заікнуўся ні аб якай партыйнай арганізацыі ў сваім горадзе і як туды паступаць...
Адным момантам прамільгнула - і было пуста. А так хацелася зараз узяцца, зараз пачаць будаваць усё на іншы лад, зараз нешта рабіць!
«Але што рабіць, за што ўхапіцца, адкуль пачынаць?..»