IX
Не ўсе ж тыя сады цвітуць,
Што вясною распускаюцца,
Не ўсе ж тыя вянчаюцца,
Што любяцца ды кахаюцца...
З нар[однай] песні
У адзін прыгожы дзень прыйшло Лявону некалькі лістоў і адкрытка. Схапіў Лявон у рукі: на адкрытцы і на адным лісце адрасы напісаны зусім непісьменна і незнаёмымі рукамі. На адкрытцы намалёвана: адзін пан цалуецца з паняю, а другі пан цікаецца да іх з вялікім кіем... А на другім баку адкрыткі, побач з адрасам, напісана гэтак:
«Не бегай ты за дзеравенскімі, а хопіць з цябе гарадскіх. А то як прыедзеш на Вялікдзень, - так адлупцуем цябе, вучонага, што і сваіх не пазнаеш. Мы цалуемся цяпер з ёю колькі хочам, балазе ты наўчыў».
Лявон збялеў, ногі занямелі, а рукі марудна разарвалі канверт лісту з незнаёмаю рукою. Ліст быў ад Лёксы. Нехта свецкі пісаў за яе, малапісьменную, так:
«Рука мая пісала, не ведала - каму, а сэрцайка сказала, што міламу свайму. Пішу пісьмо ад скукі, ляці, пісьмо, майму міленькаму ў рукі. Пісьмо ад вашай Сашы драгацэннаму другу Лявонцію Грыгорьевічу Задумаву. У першых строках маяво пісьма паклон ад белага ліца аж да сырой матушкі-зямлі. І яшчэ звяшчаю вас, што мы, ваша Саша, жывы і здаровы і вам таво жалаім ад Госпада і Бога, здароўя і ўсякага ўспеху ў дзелах рук вашых. Прадзём найбольш у сваёй хаце, то на Банадысёва батрака вам не сумлявацца. Патаму как мы тожа панімаюшчыя. Но што з міне сміюцца, как мы няўчоная мужычка і болі нічаво. Можа, вы толькі прасмяхаеце, но я вас буду любіць да грабавой даскі. А з таво нічаво ня можаць быць, так што Бог вам суддзя, а мы чым былі, пры тым і застаёмся. У вас ёсць багатыя і прыгажэйшыя. Но прыязджайце на святую Пасху, будзем гуляць, як і гулялі. Цалуем вас няшчотна раз. Не забывайцеся ж на нас. Ваша любезная навекі Саша Лявонцьеўна Далігойдава».
Лявон ад прыкрасці плюнуў, тады засаромеўся, схапіўся ад жалю і крыўды за галаву і глынуў паветра, як шчупак, выкінуты з рэчкі на сухі пясок.
Ліст ад бацькі чытаў ён няўважна, а там пісалася так:
«Даражэнькі сынок Лявон! Твой ліст мы адзяржалі, дзякуем табе за яго. Жывём па-даўнейшаму, усе здаровы, толькі матка была троху прастудзіўшыся, і кашаль яе дужа мучыў, а цяпер троху кашляе, але здарова. І за «Нашу ніву», што выпісаў, - дзякуй, толькі некалі чытаць, і няма ў нас пісьменных на гэты мужыцкі язык. А Лаўрынька чытае, ды рана яму ламацца на ўсе языкі, няхай спачатку наўчыцца чытаць па-правільнаму, як у школах вучаць... Мой сынок! Нарабіў ты і сабе і нам вялікага сораму. У другі раз цёмналескім дзеўкам пісьмаў не пішы. Разлахалі цяпер пра тваё пісанне на сто вёрст і брэшуць немаведама што. А нам трэба ў вочы людзём глядзець. Дык будзь ласкаў, Лёксе болей не пішы, бо дурная дзеўка ад гонару і на сорам забылася. З яе слоў усе кажуць, быццам ты дакляраваў ёй ажаніцца, але якая ж табе з Лёксы пара, і ніколі гэтага не можа быць».
Яшчэ далей была патайная прыпісачка, ад Лаўрынькі:
«Лявонічка, брахненька! Дагэтуль я пісаў тое, што казаў мне пісаць тата. А цяпер я пішу сам, каб ты ведаў, што на руках у яе кароста і яна дзеўка дрэнная. Усе смяюцца і дражняць мяне «Лёксіным дзевярочкам». Тата злуецца дужа. Лёкса аддавала твой ліст чытаць усім. Проська іхная хоча за твой ліст кніжку з людзьмі, а мне шкода. Калі-небудзь на вечарушках, як будуць чытаць, выхаплю з рук і падзяру. Толькі ты болей не пішы. Цалую цябе на ўсю сілачку. Твой брат Лаўрынька».
І ў маленечкім канверціку была такая картка ад Максіма:
«З Новым годам, закаханы і задуманы Задума! Чакаю, браце, працягу і канца трагікамедыі, а тады і напішу свой погляд. Дужа не задумвайся! Твой насмешлівы, але далёка не заўсёды, Максім Г.».
Лявон схапіў два аркушы чыстае паштовае паперы і напісаў:
«Лаўрынька! Кніжак не шкадуй. Сам чытай і другім давай. І кніжачку з людзьмі якую-небудзь аджалей. Або, калі не ўдасца, рабі так, як надумаўся. На Вялікдзень не прыеду. Пісаць ёй больш не буду. Твой Лявон».
«Дарагі Максіме! Дужа-дужа прашу цябе: калі захаваў мой ліст, што я пісаў табе пасля Каляд (даўгі такі), то ці спалі, ці падзяры, ці - што найлепей - прышлі мне яго. Не дзіві і не смейся; спаткаемся калі - вытлумачу ўсё. Твой скрыўджаны жыццём Лявон Задума».
[1925-1926]