Гэтак саркастычна загалоўлены наступны разьдзел брашуры Абэцэдарскага (б.41-57). У гэтым разьдзеле аўтар разглядае сацыяльнае й праўнае становішча сялянства ды гарадзкога жыхарства ў Вялікім Княстве Літоўскім, выступаючы адначасна супраць тых, што «заяўляюць, што прыгон у Беларусі быў лягчэйшы, чымся ў іншых гаспадарствах, і шмат лягчэйшы, чымся ў Расеі», ды ствараюць такую ж ідылію й каля стану гарадзкога жыхарства. Адным словам, паводле Абэцэдарскага, «буржуазна-нацыяналістычныя фальсіфікатары гісторыі ўпэўніваюць, што ў Расеі феадальны прыгнёт быў значна мацнейшы, чым у Вялікім княстве літоўскім»» не беручы нават на ўвагу тое, што «ў Беларусі прыгоннае права было ўстаноўлена ў 1588 г., а ў Расеі - у 1649 г., на 60 гадоў пазней» (б.47).
Спасылаючыся на паведамленьні чужаземцаў, што наведалі Беларусь, на паведамленьні польскіх публіцыстаў, а таксама на гістарычныя акты, адмыслова падабраныя ім, Абэцэдарскі імкнецца давесьці адваротнае, а гэта, што, раўнуючы да Расеі, у гэтым дачыненьні Вялікае Княства было краем «суцэльнага нявольніцтва». Праўда, у адным месцы ён усёткі прызнае, што «ў ХVІІ ст., калі ў Расіі феадалы ўжо амаль усюды вялі паншчынную гаспадарку, ступень феадальнага прыгнечання беларускіх і рускіх сялян стала прыкладна аднолькавай» (б.48).
Наколькі нам ведама, ніхто на эміграцыі сацыяльнымі пытаньнямі ў Вялікім Княстве Літоўскім не займаўся. Гэтыя праблемы парушаліся беларускімі навукоўцамі ў 1920-х гадох і ў БССР імі зацікавіліся цяпер. Такім чынам, сваю крытыку Абэцэдарскі скіроўвае супраць «буржуазна-нацыяналістычных фальсіфікатараў гісторыі» ў самой БССР. Як бачым, прафесару, а фактычна Маскве, не падабаецца, што беларускія навукоўцы даволі сьціпла наважыліся разьвеяць міт савецкае гістарыяграфіі, паводле якога Расея заўсёды выступала «вызвольніцай» ня толькі ад «нацыянальнага» й «духоўнага» прыгнечаньня, але і ад прыгнечаньня сацыяльнага.
Як і ў іншых выпадках, пры разглядзе сацыяльных дачыненьняў у Вялікім Княстве Абэцэдарскі зусім абстрагуецца ад сучаснага становішча ў СССР. Аднак якраз у Савецкім Саюзе сканцэнтравалася ўсё тое «рабства-нявольніцтва», якім так вольна шантажуе Абэцэдарскі, спасылаючыся на гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. Возьмем, прыкладам, становішча ў Княстве нявольнікаў (тут нявольніцтва пачало адміраць на пачатку ХVІ стагодзьдзя і наагул было скасаванае Статутам 1588 году). Працаздольныя нявольнікі, у тым ліку й жанчыны, на пражыцьцё на асобу атрымлівалі на год 4 бочкі збажыны, пераважна жыта. Калі лічыць, што адна бочка зьмяшчала 285 кг жыта (былі таксама й большыя), дык на год гэты нявольнік атрымліваў 1.140 кг жыта. У тым выпадку, калі нявольніцкая сям'я мела свой надзел зямлі («бонду», або «прыробку»), ёй дадавалася яшчэ па паўтары копы жыта на год на кажнага працаздольнага чалавека.
Зьвернемся цяпер да матар'яльнага становішча калгасьніка ў СССР і ў паасобку ў БССР. Да вайны на свой «працадзень» калгасьнік у БССР атрымліваў каля 200-500 грамаў дый шмат менш гэтак званае «гірсы», а ад сваіх прыватных «сотак» сям'я калгасьніка мусіла яшчэ выплочваць дзяржаве ня толькі грашовы падатак, але й падатак мясам, малаком, яйкамі. Падлічыце гэты «заможны» дастатак савецкага калгасьніка!
Пасьля вайны доўгі час калгасьнікі БССР наагул нічога не атрымлівалі за сваю «паншчыну» ў калгасе[89], але з тых жа сваіх «сотак» мусілі выплочваць ня толькі падатак грашыма, мясам, малаком ды яйкамі, але й падатак збожжам, якое яны змушаныя былі вырошчваць на гэтых сваіх сьлёзных «сотках». Агледзеўшыся, што без «матэрыяльнай зацікаўленасці» (з паўгалоднымі рабамі) камунізму не пабудуеш, сваім часам гэты жахлівы стан зьмяніў Хрушчоў, скасаваўшы прымусовыя падаткі (мізэрныя грамы на свае працадні калгасьнікі БССР пачалі атрымліваць крыху раней). Але гэта сталася пасьля сьвяткаваньня 40-годзьдзя «заможнага жыцьця» - на парозе «пераходу ад сацыялізму да камунізму».
Дарэчы, зірнем на сучаснае становішча савецкага калгаснага сялянства. У другой палове лютага 1971 году ў Менску адбыўся ХХVІІ зьезд кампартыі Беларусі. З дакладу на гэтым зьезьдзе першага сакратара гэтае партыі П.М.Машэрава мы дазнаёмся, што пачынаючы ад 1965 году «даходы калгаснікаў ад грамадскай гаспадаркі выраслі на 60 працэнтаў» і ў 1970 годзе іхны «сярэднемесячны заработак склаў 55 рублёў, а механізатараў - 102 рублі». Паводле Машэрава, «у новай пяцігодцы» (г.зн. да 1975 году) гэтыя «даходы калгасьнікаў ад грамадскай гаспадаркі ўзрастуць на 42 працэнты»[90] і, такім чынам, можна спадзявацца, што да 1975 году «сярэднемесячная зарплата» калгасьнікаў дамкне да 78 рублёў, а гэтых «механізатараў» (трактарыстаў і г.д.) - да 145 рублёў. Ад гэтае сумы трэба яшчэ адкінуць 9%, што ідуць на сплочваньне «падаходнага падатку». Наагул, як нам здаецца, гэтая «сярэднемесячная зарплата» вылічана з улікам шмат вышэйшага заробку калгасных кіраўнікоў, «выдатніцаў» сьвінарак, даярак дый іншых, вартасьць працадня якіх штучна завышаецца.
Аднак будзем выходзіць з гэтага «сярэднемесячнага» максімуму для асноўнае масы калгасьнікаў ды параўнаем яго з цэнамі некаторых тавараў і прадуктаў. З грашова-рэчавых лятарэяў, розыгрыш якіх адбыўся 2 лютага і 2-3 сакавіка 1971 году ў Баранавічах і Менску, мы дазнаёмся пра наступныя цэны: матацыкль «К-650М» - 1.400 рублёў, матацыкль «М-105» - 350 руб., ровар мужчынскі дарожны - 53 руб. 30 к. і жаноцкі - 57 руб. 60 к., халадзільнікі «ЗІЛ-Масква» - 335 руб., «Мінск-5» - 265 руб., «Днепр-2» - 250 руб. і «Саратаў-2» - 150 руб., тэлевізары «Гарызонт» - 430 руб., «Зорка-2» - 336 руб., «Рэкорд-68» - 270 руб., пральныя машыны «Вална-59» - 125 руб., «Тула-6» - 100 руб. і «Ака-3» - 85 руб., радыёпрыёмнікі «Акіян» - 121 руб. 02 к., «Спідола ВЭФ-201» - 93 руб. 02 к. і «Мікрон-5» - 22 руб. 90 к., радыёлы «Сірыус» - 79 руб. 60 к. і «Рэкорд-68» - 72 руб., электрычны апарат для выцісканьня соку - 35 руб., фатаапараты «Зоркі-10» - 100 руб., «ФЭД-ЗЛ» - 47 руб. і «Чайка-2» - 23 руб., пыласмокі «Уралец» - 53 руб. і «Буран» - 42 руб., дыван берасьцейскі - 180 руб., дыван віцебскі - 67 руб., дарожка дывановая памерам 3 х 1 м. - 30 руб., абрус і 12 сурвэтак - 30 руб., 6 нажоў і відэльцаў - 17 руб. 70 к., коўдра ваўняная - 17 руб. 50 к. - 24 руб., залаты жаночы гадзіньнік - 95 руб. 50 к., пазалочаны - 26 руб. і пазалочаны мужчынскі - 40 руб. 70 к., ваўняны спартовы мужчынскі гарнітур - 61 руб. 30 к., трыкатажны ваўняны жаночы гарнітур - 57 руб. 40 к. - 65 руб. 40 к. - 72 руб. 40 к. (у залежнасьці ад памеру), трыкатажная ваўняная жаночая сукенка - 41 руб. 50 к. - 43 руб. 50 к. - 46 руб. (у залежнасьці ад памеру), хромавыя жаночыя боты - 40 руб., жаночае футра з аўчыны - 251 руб., набор жаночай бялізны - 10 руб. 18 к., сумка жаночая - 4 руб. 50 к., рукавіцы мужчынскія - 4 руб. 60 к. і жаночыя - 4 руб. 30 к., аўтамабіль «Масквіч-412» - 4.936 руб., аўтамабіль «Запарожац-966» - 3.500 рублёў, і г.д.[91]
Зь іншых паведамленьняў ведама, што, прыкладам, звычайны мужчынскі й жаночы плашч-дажджавік каштуе 55-60 руб., чаравікі скураныя - 30-45 руб., добры мужчынскі касьцюм - 120-150 руб., добрая кашуля - 30 руб. і капялюш - 15 руб. (гл. «ЛіМ» 29.01.1971, у рубрыцы «Вясёлая трасянка»). Звычайную кашулю можна купіць, пачынаючы ад 7 рублёў. Затое ў сыстэме «эканомікі No.2» (на чорным рынку) за мадэрны мужчынскі касьцюм можна заплаціць і 400 рублёў, а за «моднае манто» - 250 рублёў.
Што ж да прадуктаў, дык, як ведама, 1 кг цяляціны і сьвініны тут каштуе 3 руб., звычайнай ялавічыны - 2 руб., а «філе» - 2 руб. 96 к., бараніны - 1 руб. 90 к., гусяціны - 2 руб., звычайнай каўбасы - 3 руб., вяндліны - 3 руб. 70 к., яблыкаў - 1 руб. 50 к., таматаў - 5 руб., трускавак - 5 рублёў і г.д. Танна каштуюць толькі хлеб белы і чорны, бульба, бо, прыкладам, за 1 кг капусты трэба таксама заплаціць 1 руб. 50 к., а цыбулі - 1 рубель.
Як жа да такіх астранамічных цэнаў можа дапасавацца савецкае калгаснае сялянства ды ці толькі сялянства?!
Праўда, як у тым жа сваім дакладзе падкрэсьліваў Машэраў, «важнай крыніцай павышэння матэрыяльнага дабрабыту й культуры савецкіх людзей з'яўляюцца грамадскія фонды спажывання. У мінулым годзе ў нашай рэспубліцы яны перавысілі 2 міліярды рублёў і склалі ў разліку на душу насельніцтва ў сярэднім 223 рублі». Аднак жа з гэтых «грамадскіх фондаў спажывання» зусім мала скарыстоўвае калгаснае сялянства, бо, прыкладам, з гэтых фондаў аплочваюцца таксама «пуцёўкі ў санаторыі», а да апошніх маюць доступ звычайна кіраўнічыя партыйныя і савецкія працаўнікі, гэтак званая «творчая інтэлегенцыя» ды пару «герояў сацыялістычнай працы». Таксама праўда, што сем'і калгасьнікаў маюць свае прыватныя «соткі» (ад 0,25 да 0,50 га), але ж «соткі» гэтыя апрацоўваюцца не калгасамі і не дзяржавай, а потнай працай самога калгасьніка ды апрацоўваюцца ў вырваны ад калгаснае паншчыны вольны час. Ды паводле новага калгаснага «Ўставу» старшыням калгасаў цяпер дазваляецца «абразаць» гэтыя «прыватныя соткі» ў залежнасьці «ад працаздольнасці калгаснікаў».
Але справа ня толькі ў мізэрным становішчы сялянства ў СССР. Прыпомнім часы славутае калектывізацыі і тое, у які спосаб яна праводзілася. У гутарцы з Чэрчылем сваім часам Сталін прызнаўся, што тады было «раскулачаны» і высланы 1 млн. сялянскіх сем'яў, што таксама сьцьвярджаецца і ў сучасных савецкіх дасьледваньнях[92]. А колькі сялянскіх сем'яў сталі ахвярай штучнага голаду 1933-1934 гадоў на Ўкраіне ды ў іншых раёнах СССР? Абэцэдарскі тут можа запярэчыць, што «народ будаваў сацыялізм», а гэта вымагала ня толькі ахвяраў, але й зьнішчэньня «класавых ворагаў». Гэты савецкі штамп добра ведамы, толькі зь ягонай дапамогай цяжка апраўдаць звычайнае рабаўніцтва і генацыд. Бо для індустрыялізацыі СССР і ўмацаваньня ягонае ваеннае магутнасьці спатрэбілася «первоначальное накопление капитала». Адсюль наступ на сялянства й накіданьне яму даволі выгаднае для дзяржавы гэтае дзяржаўнае паншчыны. Супраціў сялянства быў зламаны сама брутальным чынам. Калісьці неабходны фактар «первоначального накопления капитала», спалучаны з рабаўніцтвам сялянства, стаўся трывалаю зьяваю.
Вось жа, перш чым аплакваць лёс беларускага сялянства часоў Вялікага Княства Літоўскага і бачыць у гэным лёсе суцэльнае «нявольніцтва», Абэцэдарскаму перадусім варта было б прасачыць сучасны лёс сялянства ў СССР і ў БССР. Тым болей што гэтае савецкае, лікам трэйцяе, «издание крепостничества» нейкім чынам зьвязанае таксама зь гісторыяй сялянства ў Расеі.
Аднак зьвернемся да сацыяльнага становішча сялянства ў Вялікім Княстве і Маскоўшчыне ў ХVІ-ХVІІ стагодзьдзях[93]. Мы ўжо згадвалі пра нявольнікаў, якія ў Вялікім Княстве выступалі як «челядь невольная». Нявольнікамі ў Вялікім Княстве Літоўскім былі: нявольнікі з паходжаньня; палоненыя ў войнах; крымінальныя злачынцы, якім захоўвалася жыцьцё; асобы, якія ўступалі ў сужэнства зь нявольнікамі ці нявольніцамі, і дзеці апошніх. Законам забаранялася нявольніцтва ў сувязі з пазыкай грошай і запазычанасьцяй. Літоўскі Статут 1529 году ў гэтым выпадку ўстанаўляў наступную практыку. Даўжнік у кожным часе мог сплаціць свой доўг з адпаведнымі працэнтамі, і на гэтым разьвітацца з тым, у каго ён пазычыў грошы. Калі ж у яго на гэта не было сродкаў, дык сваю запазычанасьць ён мусіў адпрацоўваць. Каб усьцерагчыся розных махінацыяў на некарысьць даўжніка, Статут удакладняў, што пры поўным забясьпечаньні ўтрыманьня ён адпрацоўваў за год на суму 15 грошаў; бяз гэтага ўтрыманьня - 30 грошаў для мужчыны й 20 грошаў для жанчыны. Законам забараняўся таксама гэтак званы «вольны» самапродаж у нявольніцтва, г.зн. не з прычыны запазычанасьці, а ў сувязі зь нястачай сродкаў для пражыцьця. Ён дазваляўся толькі ў гады галадоўлі, але пасля галадоўлі гэты «самапрадажны нявольнік» (або дзеці) зноў станавіўся вольным чалавекам.
Фактычна нявольнікамі маглі стацца гэтак званыя «закупы», або найміты - зьбяднелыя сяляне, якія садзіліся на чужую зямлю й пры гэтым дзеля свае новае гаспадаркі ўбіраліся ў даўгі. Аднак нявольнікамі яны станавіліся толькі ў тым разе, калі, не сплаціўшы доўг і ня выканаўшы дамоўленых забавязаньняў, уцякалі з гэтае зямлі. Такія «закупы» таксама не пакідаліся законам на прыхамаць новых гаспадароў. Статут 1529 году ўдакладняў, што яны маглі адпрацоўваць з разьлікам 15 грошаў для мужчыны й 10 грошаў для жанчыны на год.
У Вялікім Княстве Літоўскім згаданае тут нявольніцтва, пачынаючы ад канца ХV стагодзьдзя пачынае зьнікаць. Трэба адзначыць, што праваслаўная царква ў нашым гаспадарстве адмовілася ад усялякіх формаў нявольніцтва яшчэ ў ХІV стагодзьдзі. Нявольнікі пачынаюць атрымліваць волю як шляхам «прыватнага» вызваленьня, гэтак і шляхам забясьпечаньня іх зямлёй, зразумела з адпаведнымі праўнымі абмежаваньнямі. Працэс скасаваньня нявольніцтва асабліва адлюстраваўся ў зямельнай валочнай рэформе вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, якая пачала ўводзіцца ад 1557 году, крыху раней у падобнай рэформе, якую ўводзіла ягоная маці Бона. Калі зямельная рэформа Боны яшчэ згадвала пра «нявольную чэлядзь», дык рэформа Жыгімонта Аўгуста такой катэгорыі жыхарства ўжо ня ведае. Нявольнікі ў мінулым пераводзіліся ў адну з катэгорыяў сялянства, або прыдворных слугаў. Звычайна яны атрымлівалі надзел зямлі памерам ня менш за 3 моргі (адзін морг быў крыху меншы за адзін гэктар). Калі нявольніцкая сям'я была здольная апрацоўваць болей зямлі, яна магла атрымаць ня толькі 6 або 9 моргаў, але й цэлую валоку (у адной валоцы зьмяшчалася крыху больш за 21 гэктар). У апошнім выпадку адпаведна падвышаліся й падаткі. Гэты працэс скасаваньня нявольніцтва закрануў тады і прыватнаўласьніцкія гаспадаркі.
Літоўскі Статут 1588 году наагул скасаваў і забараніў усялякія формы нявольніцтва.
Цяпер зазірнем у гісторыю нявольніцтва ў Маскоўшчыне, якое там звалася «халопствам». Там існавалі тыя ж катэгорыі нявольнікаў, як і ў Вялікім Княстве Літоўскім. Аднак да іх яшчэ дадаваліся: катэгорыя «самапрадажных» і «купленых» халопаў, якая афармлялася адпаведнымі дакумэнтамі й рэгістрацыяй у адпаведных установах, і катэгорыя «службовых», або «дабравольных» халопаў - цівуны, ключнікі дый іншыя, - якая дакумэнтальна не афармлялася, а ўважалася за халопаў паводле традыцыі. Як згадвалася вышэй, у Княстве гэтыя катэгорыі нявольніцтва забараняліся законам. Праўда, шэрагам законаў (Судзебнік 1550 г., «указы» 1555, 1556, 1558 і 1560 гадоў) у Маскоўшчыне гэтыя апошнія катэгорыі нявольніцтва крыху абмяжоўваліся. Было забаронена ўважаць за нявольнікаў згаданых «службовых» халопаў; было забаронена няволіць (пераводзіць у «поўныя халопы») гэтак званых «детей боярских» (г.зн. у абставінах нашай краіны - шляхту) да 15-гадовага веку, а таксама тых, хто ў дадзены момант быў патрэбны для вайсковае службы; наагул было забаронена рознымі махінацыямі і з ужываньнем сілы пераводзіць вольных людзей у халопы. Аднак у часе разгулу «апрычніны» (свайго роду «яжоўшчыны», калі зьвярнуцца да гісторыі СССР 1930-х гадоў) гэтыя законы фактычна ня мелі якое-колечы сілы.
Катэгорыя даўжнікоў у Маскоўшчыне звалася «кабальнымі людзьмі». «Кабальныя людзі» фактычна ўважаліся за вольных, бо мелі права стаць вольнымі пасьля выплаты ці адпрацаваньня свайго доўгу. Але яны звычайна маглі адпрацоўваць толькі працэнты - несьці «кабальную службу», або «служити за рост», а сам доўг мусіў сплачвацца імі самостойна. Працэнты («рост») былі даволі высокія - ад 25 да 30 ад пазычанае сумы. Гэта спрычынялася да таго, што даўжнікы фактычна «закабаляліся» на ўсё жыцьцё зь пераходам «кабалы» і на дзяцей. Гэта - патэнцыйныя халопы. У сувязі з гэтым Б.Д.Грэкаў пісаў у сваёй працы (б.125): «легко сделать вывод о трудности, доходящей порою до невозможности, для кабального человека погашения долга». Тут ён падае адзін з частых прыкладаў, узяты зь сярэдзіны ХVІ стагодзьдзя. Пазычыўшы ў манастыры 2 рублі грошай (каля 130-160 рублёў у пераводэе на валюту канца ХІХ стагодзьдзя), сялянская сям'я зь 5-ці працаздольных чалавек на 13-м годзе гэтае «службы за рост» здолела сплаціць усяго толькі 60% свайго доўгу. Адным словам, «служылая кабала» фактычна ператваралася ў звычайную паншчыну. Вось чаму вальмі часта «кабальныя людзі» проста пераводзіліся ў катэгорыю «поўных халопаў». Падобнае халопства забаранялася ўказам 1558 году, пры гэтым перавод кабальнага чалавека ў поўныя халопы забараняўся нават зь ягонае згоды. Аднак, паводле гэтага ўказу, да выплаты доўгу даўжнік «головой» перадаваўся грашадаўцу, г.зн. у тую ж няволю.
Гэтак званымі «Уложениями» 1586 і 1597 гадоў зноў было дазволена пераводзіць «кабальных людзей» у «поўныя халопы» (а таксама ў «дакладныя халопы»). Апрача таго, гэтым кабальным людзям наагул забаранялася выкупляць сябе на волю шляхам сплаты доўгу. Даўжнікы забавязваліся несьці «кабальную службу» да сьмерці сваіх грашадаўцаў. Гэтак ад канца ХVІ стагодзьдзя ў Маскоўшчыне нараджаецца яшчэ адна ўзаконеная катэгорыя нявольнікаў - «кабальныя халопы». Халопамі станавіліся й дзеці, што нараджаліся ў часе дзеяньня кабалы бацькоў. Больш за тое, паводле «Уложения» 1597 году ў «службовую кабалу» - г.зн. у «кабальнае халопства» - траплялі і гэтак званыя «дабравольныя халопы». Як мы маглі канстатаваць вышэй, апошняя катэгорыя халопства, або «служылыя халопы», забаранялася Судзебнікам 1550 году. Цяпер яна зноў аднаўлялася і ўзаконьвалася. Усё гэта было пацьверджана ўказам 1609 году.
Спасылаючыся на факт, што кабальнае халопства не перадавалася па спадчыне і канчалася зь сьмерцяй гаспадара-грашадаўца, некаторыя савецкія расейскія гісторыкі нават згадваюць пра працэс адміраньня нявольніцтва ў Маскоўшчыне наагул. Але ж тут існавала спадчыннае нявольніцтва - «поўныя» й «дакладныя» халопы, а сваім парадкам «кабальныя» халопы маглі пераводзіцца ў «поўныя» й «дакладныя халопы». І трэба думаць, што гаспадары-грашадаўцы маглі паклапаціцца пра тое, каб зрабіць «кабальных» халопаў спадчыннымі - «поўнымі халопамі», і гэта тым больш, што гэтакі перавод дазваляўся законам.
У Маскоўшчыне ўсе названыя тут катэгорыі нявольніцтва пачынаюць адміраць толькі ад другой паловы ХVІІ стагодзьдзя. Да катэгорыі кабальных халопаў належалі ня толькі зьбяднелыя сяляне, але й прадстаўнікі гарадзкога жыхарства ды шляхты («детей боярских»). У сваю чаргу, да катэгорыі «поўных халопаў» належалі спадчынныя нявольнікі - нявольнікі з паходжаньня, палоненыя ў войнах і г.д.
Сяляне ў Вялікім Княстве найперш дзялілася на «гаспадарскіх», ці дзяржаўных, і тых, што сядзелі на зямлі прыватных земляўласьнікаў. Да першае катэгорыі належала асноўная маса сялянства, а на ўсходзе Беларусі амаль усё сялянства было дзяржаўнае, г.зн. належала да скарбу вялікага князя ці дзяржавы. Далей усё гэтае сялянства дзялілася на «пахожых» і «непахожых», г.зн. на зусім свабодных, і больш-менш прымацаваных да зямлі. Прымацаваньне да зямлі дзяржаўнага сялянства было даволі рэлятыўнае. Перадаючы дзяржаўную зямлю асобам у спадчыннае ці часовае карыстаньне як нагароду за нясеньне дзяржаўнае й вайсковае службы, вялікі князь вельмі часта падкрэсьліваў у адпаведных актах, што сялянства такіх земляў магло заставацца пры новым гаспадары, а магло й пераходзіць на іншыя дзяржаўныя землі. Гэта, ведама, прымушала й новых гаспадароў добра абыходзіцца з сялянствам ды не падвышаць ранейшыя падаткі. Мацней было прымацаванае сялянства прыватных земляўласьнікаў. Яшчэ прывілеямі 1447 і 1457 гадоў забаранялася перанаджваць сялянства зь земляў прыватных земляўласьнікаў на гаспадарскія й наадварот. Гэта пацьвярджалася й пазьнейшымі вялікакнязеўскімі прывілеямі. Аднак у ХV і першай палове ХVІ стагодзьдзя гэтая забарона была яшчэ даволі лібэральная, і вандраваньне сялянства, асабліва зь дзяржаўных земляў, было звычайнаю зьяваю.
Зусім свабоднае сялянства («пахожыя») складалася з каляністаў, што прыбывалі зь іншых краёў, з адпушчаных на волю нявольнікаў, і галоўна зь сялянаў, якія з дазволу вялікага князя й ягоных старастаў ды дзяржаўцаў маглі пакідаць дзяржаўную зямлю. З розных прычынаў поўную свабоду вельмі часта атрымлівалі й сяляне прыватнаўласьніцкіх земляў. Магчыма таксама, што частка свабоднага сялянства ў некаторых мясьцінах захавалася яшчэ з даўнасьці. Уладзімер Пічэта, прыкладам, робіць выснову, што ў ХVІ стагодзьдзі гэтага свабоднага сялянства ў Вялікім Княстве было даволі шмат.
Свабоднае сялянства садзілася на зямлю й выконвала павіннасьці паводле дамоўленасьці. Аднак пачынаючы ад канца ХV стагодзьдзя, і яно сустракаецца з абмежаваньнямі. Найперш абмяжоўваецца тэрмін для свабоднае вандроўкі, які ў часе выданьня Літоўскага Статуту 1529 году быў роўны 10 гадам. Калі свабодная сялянская сям'я не пакідала за гэты час свае новае гаспадаркі, яна траціла права на свабодны выхад і станавілася «непахожай». Павялічваюцца і павіннасьці свабоднага сялянства ды абмяжоўваецца сам выхад. Так, выходзячы з практыкі ў Польшчы, яшчэ ў 1444 годзе Дарагічынская зямля атрымлівае прывілей, згодна зь якім свабодная сялянская гаспадарка мусіла адпрацоўваць адзін дзень паншчыны на тыдзень з аднае валокі зямлі, г.зн. з кавалка зямлі звыш 21 гэктара. Прывілей Бельскае зямлі 1501 году таксама ўводзіў адзін дзень паншчыны на тыдзень з валокі й 4 талакі (супольнага выхаду на працу) на год. Пры выхадзе (пакіданьні старое гаспадаркі) свабодная сялянская сям'я з тае ж валокі зямлі мусіла выплаціць 30 грошаў выкупу ды 60 грошаў («капу») гэтак званага «апошняга разьліку». Полацкая зямля ў 1522 годзе й Віцебская зямля ў 1531 годзе ўжо ўводзілі 2-дзённую паншчыну на тыдзень з валокі, або чынш (аброк прадуктамі) вялічынёю на 1/4 долю ўраджаю. Пры пераходзе свабодная сялянская гаспадарка павінна была выплаціць 12 грошаў «выхаду». Аднак гэты «выхад» тут узалежніваўся ад папярэднае дамоўленнасьці з улікам ільготных гадоў і адпаведных ім гадоў абавязковага адпрацаваньня на аселай зямлі. Калі ж свабодная сялянская сям'я ўцякала, або сыходзіла раней за дамоўлены тэрмін, яна была змушаная за неадпрацаваны час выплаціць гаспадару зямлі 6 грошаў за кажны неадпрацаваны тыдзень. Такі стан пацьвярджаўся і пастановамі земляў 1551 і 1553 гадоў. Гэта змушае і вялікага князя ўвесьці ў сваіх дварох Полаччыны й Віцебшчыны 2-дзённую паншчыну на тыдзень. Да 1553 году на дзяржаўных землях Полаччыны й Віцебшчыны, а таксама на землях заходняе часткі гаспадарства паншчына звычайна абмяжоўвалася адным днём на тыдзень з валокі зямлі, або яе наагул не было, а толькі зьбіраўся чынш. На дзяржаўных землях рэшты Ўсходняе Беларусі заставалася «старына» - падатак куніцамі.
З гэтых прыкладаў пра стан свабоднага сялянства можна зрабіць пэўную выснову і пра стан «непахожага» сялянства. У першай палове ХVІ стагодзьдзя яно фактычна ўжо было прымацаванае да зямлі й да сваіх гаспадароў - прыватных земляўласьнікаў ці дзяржаўнага скарбу, што аднак ня трэба разумець у катэгарычнай форме. Прыкладам, на сваіх землях Райгорадчыны й Ганязчыны Радзівіл у 1536 годзе ўводзіць аднадзённую паншчыну на тыдзень з валокі зямлі. У 1540-х гадох на землях аднаго з паноў Хадкевічаў была ўжо 3-дзённая паншчына на тыдзень з валокі зямлі, а на землях віленскага каталіцкага архідыякана Ясінскага паншчына даходзіла нават да 5 дзён на тыдзень з тае ж валокі зямлі. Зразумела, што пры павелічэньні паншчыны зьмяншалі, або зусім ня бралі чынш, які сплочваўся прадуктамі й грашыма.
Ад 1553 і 1557 гадоў у Вялікім Княстве Літоўскім праводзіцца вядомая валочная зямельная рэформа на дзяржаўных землях. Яе пачала праводзіць маці вялікага князя Бона, а тады й сам Жыгімонт Аўгуст. Арганізуюцца фальваркі памерам у адну валоку зямлі (21,36 га) і сялянскія гаспадаркі такога ж памеру з разьлікам, каб на кажны гаспадарскі фальварак прыпадала 7 сялянскіх валочных гаспадарак. Гэтыя 7 сялянскіх валочных гаспадарак мусілі апрацоўваць гаспадарскую валоку з разьлікам 2 дні паншчыны на тыдзень і 4 талакі на год. Да фальваркаў прымацоўваліся і былыя нявольнікі, якія цяпер станавіліся гэтак званымі «агароднікамі». Яны атрымлівалі зямлю памерам 3, 6, 9 і больш моргаў і мусілі з 3 моргаў зямлі адрабляць аднадзённую паншчыну на тыдзень, а іхныя жонкі - па 6 дзён на год. Чыншу яны ніякага не плацілі, а паншчыну павінны былі выконваць пешаходнай працай. На «агародніцтва» садзіліся таксама зусім зьбяднелыя сялянскія сем'і, якія ня былі ў стане даць рады з валокай зямлі. Лішнія сялянскія валочныя гаспадаркі вызваляліся ад паншчыны, апрача талакі й гвалтаў (рамонт дарог, замкаў і г.д.), і пераводзіліся на грашовы й прадуктовы чынш. Яны называліся «асаднікі». Кажная сялянская гаспадарка, калі яна была заможная, магла атрымаць і дзьве валокі зямлі з адпаведным павялічэньнем паншчыны й чыншу. Валочнай рэформай былі закранутыя гарады й мястэчкі, якія не карысталіся магдэбурскім правам - самакіраўніцтвам. Абавязкі гарадзкога й местачковага жыхарства, якое мела зямлю, былі нашмат лягчэйшыя і звычайна абмяжоўваліся чыншам.
Валочная зямля дзялілася на чатыры катэгорыі: добрая, сярэдняя, благая й зусім благая, у залежнасьці ад чаго зьмяншаўся ці ўзрастаў чынш грашыма і прадуктамі. Спачатку, апрача згаданае паншчыны й талакі, валочны чынш у пераліку на грошы складаў адпаведна для кажнае катэгорыі: 54, 45, 31 і 14 літоўскіх грошаў. «Асаднікі» да гэтага яшчэ сплочвалі 30 грошаў гэтак званае «асады», ці за вызваленьне ад паншчыны (г.зн. гадавая паншчына тады ацэньвалася ў 30 грошаў), і маглі яшчэ за 22 грошы выкупляцца ад талакі й гвалтаў. Значыць, для іх гадавыя падаткі зводзіліся адпаведна да 106, 97, 83 і 66 грошаў - залежна ад якасьці зямлі. Да паншчыны й чыншу яшчэ дадаваліся агульнадзяржаўныя падаткі - ваенны падатак «сярэбшчына», што накладаўся ў часе войнаў, і звычайны падатак «пагалоўшчына», велічыня якіх заўсёды мянялася ў залежнасьці ад пастановаў соймаў.
Апрача названых тут катэгорыяў дзяржаўнага сялянства асабліва выдзяляліся «панцырныя» й «путныя» баяры. Гэта былі сяляне, якія паклікаліся на вайсковую службу конна й пехатой, а мірным часам выконвалі розныя даручэньні: пасланцоў, праводнікаў ды іншых. Яны звычайна асаджваліся на дзьвюх свабодных валоках; маглі браць і трэйцюю валоку, але зь яе мусілі плаціць чынш і выконваць іншыя павіннасьці. Зь першых дзьвюх валокаў у ваенных часох яны не плацілі ніякіх падаткаў, а мірным часам давалі невялікі сымбалічны грашовы падатак. З гэтых баяраў пасьлей паўстала дробная засьцянковая шляхта. На свабодных адной, дзьвюх і трох валоках асаджваліся таксама конюхі, лесьнікі, стральцы-заганятыя, мельнікі, бортнікі, кавалі дый усе іншыя майстры. У некаторых выпадках частка іхнае зямлі абкладалася чыншам ды іншымі павіннасьцямі, але звычайна падатак плацілі з узятых імі дадатковых валокаў.
Валочную рэформу адначасна праводзілі і прыватныя земляўласьнікі. Аднак на валочную сялянскую гаспадарку яны ўводзілі або крыху большую паншчыну, або крыху большы чынш ды іншыя павіннасьці. Прыкладам, «асаднікі» пана Юр'я Зяноўевіча ў 1581 годзе залежна ад якасьці зямлі плацілі чыншу ў пераводзе на грошы 190, 160 і 140 грошаў; асаднікі пана Вайцеха Стаброўскага ў 1593 годзе адпаведна плацілі з валокі 180 і 120 грошаў, а з «новае валокі» (нераспрацаванае) - 60 грошаў; асаднікі пана Караля Хадкевіча - 220 грошаў і яшчэ давалі невялікі падатак прадуктамі; асаднікі двара Меднікі, які належаў Віленскай езуіцкай калегіі, у 1575 годзе з валокі плацілі 240 грошаў чыншу дый 4 грошы за «стацыю» (натуральны падатак, звычайна зьвязаны з пастоямі), а таксама давалі бочку жыта, бочку аўса, курыцу й гуся, колькі яек ды адпрацаўвалі на год 12 дзён талакі й 5 дзён «гвалту»; з валокі благое зямлі тут бралі з асаднага сялянства 120 грошаў чыншу.
Аднак трэба прызнаць, што пад канец ХVІ стагодзьдзя павялічыўся чынш і ў некаторых гаспадарскіх эканоміях. У асноўным жа велічыня чыншу, паншчыны ды іншых павіннасьцяў для працаздольнага сялянства й асаднікаў на дзяржаўных землях заставалася ранейшай. На прыватнаўласьніцкіх землях таксама выдзялялася згаданая вышэй катэгорыя сялянства (баяры, канюхі, лесьнікі, майстры), якая асаджвалася на свабодных валоках, праўда не ў такіх памерах. Паншчына на гэтых землях звычайна даходзіла да двух, трох і чатырох дзён на тыдзень з валокі зямлі, але з падвышэньнем паншчыны зьніжаўся чынш.
Падвышэньне грашовага чыншу пад канец ХVІ стагодзьдзя і асабліва ў першай палове ХVІІ стагодзьдзя было зьвязанае ў вялікай ступені з падзеннем вартасьці літоўскіх грошаў. На гэта акцэнтуе ўвагу Д.Л.Пахілевіч, сьцьвярджаючы, што ў 1630-х гадох вартасьць літоўскіх грошаў, раўнуючы да 1550-х гадоў, панізілася ў тры разы, а цана збожжа павялічылася ў шмат разоў (прыкладам, на Гданьскім рынку - у 8 разоў). Уладзімір Пічэта сваім парадкам сьцьвярджае, што пад канец ХVІ стагодзьдзя значна ўзьнялася эканоміка сялянскіх гаспадарак, асабліва гаспадарак асаднікаў, якіх было больш за паншчынных і якія фактычна вяліся зусім самастойна. З гэтае прычыны маглі павялічыцца і падаткі. Што ж да спаду вартасьці літоўскіх грошаў, дык гэта відаць з наступнага. У 1557 годзе бочка жыта - натуральнага падатку - ацэньвалася 10 грошамі; у 1583 годзе - 20, а паводле пастановы сойму 1596 году ўжо 24 грошамі. На ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага, ў Віцебскай зямлі, яшчэ ў 1560 годзе бочка жыта пры пераліку на грашовы падатак ацэньвалася 40 грошамі (магчыма таму, што тут бочка была большая, бо ў Княстве існавалі бочкі рознай велічыні).
Падлік, зроблены сваім часам часопісам «Наш край» (1927, No.12, б.32), паказаў, што ў другой палове ХVІ стагодзьдзя літоўская капа, або 60 грошаў, была роўная 3 руб. 75 капейкам валюты перад Першай сусьветнай вайной. Магчыма, гэты падлік не зусім карэктны, калі ж ён праўдзівы, дык даводзіцца прызнаць, што ў ХVІ стагодзьдзі падаткі нашага сялянства былі даволі лагодныя. Паншчына з разьлікам 2 дні на тыдзень з валокі добрае зямлі ў 1557 годзе ацэньвалася 40 грошамі, з валокі сярэдняе зямлі - 25 грошамі, а з валокі благое зямлі - 18 грошамі. Паводле Бабруйскае ўставы 1639 году, сяляне, якія вызваляліся ад паншчыны з тым жа разьлікам 2 дні на тыдзень, ужо меліся плаціць у гаспадарскі скарб 60 грошаў, магчыма таму, што тут валокі былі большыя памерам.
Аднак, раўнуючы да мінулага, павіннасьці сялянства краіны ў другой палове ХVІ стагодзьдзя значна павялічыліся. Больш за тое, усё сялянства, нават і тыя катэгорыі, што асаджаваліся на свабодных валоках, прымацоўвалася да зямлі й сваіх гаспадароў. Сялянам забаранялася прадаваць і купляць зямлю або пакідаць яе. Ад сваіх гаспадароў яны залежалі і юрыдычна. У гэтым і сутнасьць «паншчыны», замацаванай Літоўскім Статутам 1588 году.
Абэцэдарскі памыляецца, калі катэгарычна цьвердзіць, што на ўсёй тэрыторыі Беларусі «прыгоннае права» было ўстаноўленае ў 1588 годзе. У ХVІ стагодзьдзі валочнай зямельнай рэформай не былі закранутыя ўсходнія землі Вялікага Княства Літоўскага. Тут гэтая рэформа пачала праводзіцца толькі ад канца ХVІ стагодзьдзя, пасьля была прыпыненая і закончылася ў 1630-1640-х гадох. Але асаблівасьцяй гэтае рэформы на ўсходніх беларускіх землях было тое, што для сялянства яна пакідала права свабоднае вандроўкі. Тут галоўна разбудоўваліся паншчынныя (цяглыя) валочныя сялянскія гаспадаркі. Паводле Бабруйскае ўставы на валокі 1639 году, якая паўтарала ўмовы іншых рэгіёнаў, ад валочнае сялянскае гаспадаркі вымагалася 2 дні паншчыны на тыдзень, 12 дзён талакі на год, 4 тыдні «гвалту» на год (працы ў замку) ад цэлае воласьці, што, зразумела, прапарцыйна дзялілася між гаспадарак; 120, 90 і 60, грошаў чыншу залежна ад якасьці зямлі; бочка жыта, бочка аўса, 2 курыцы, адна гуска, 20 яёк, 10 вазоў дроваў, воз сена й 10 зьвязак лёну (павіннасьці дрывамі, сенам і лёнам уваходзілі і ў ранейшую валочную рэформу). Але з тае прычыны, што на ўсходзе Беларусі было болей зямлі, дык і валокі тут былі роўныя не 30 моргам (21,36 га), а значна перавышалі гэтыя памеры й нават дасягалі 60 моргаў. Сялянскія валочныя гаспадаркі, якія ляжалі далёка ад фальваркаў, вызваляліся ад паншчыны, якая замянялася грашовым падаткам ад 60 грошаў і ніжэй залежна ад якасьці зямлі.
У 1640-х гадох у Княстве ў цэлым, а на захадзе Беларусі яшчэ ад канца ХVІ стагодзьдзя, пачаўся перавод паншчынных сялянскіх гаспадарак на звычайны чынш, або на асадную сыстэму гаспадаркі. Гэта рабілася і на дзяржаўных і на прыватнаўласьніцкіх землях. Працэс гэты прысьпешыўся пасьля вайны 1654-1667 гадоў, трываў да сярэдзіны ХVІІІ стагодзьдзя. Памянёная вайна з Маскоўшчынай прынесла нашай Бацькаўшчыне страшэнныя спустошаньні. Паводле апісаньняў 1661 году[94], увесь край ляжаў у руінах, спалены й разрабаваны. Маскоўскія і казацкія акупацыйныя войскі палілі гарады й вёскі, асабліва шляхоцкія ды дзяржаўныя фальваркі, рабавалі і разганялі сялянства. З гарадоў у Маскоўшчыну вывозіліся ўсялякія каштоўнасьці, жыхарства, асабліва майстры розных галінаў[95]. Так, прыкладам, паводле некаторых дадзеных, з аднае толькі Магілеўшчыны было вывезена 200 шляхоцкіх сем'яў і блізу 12.000 вольнага гарадзкога жыхарства[96]. Край рабавалі і найміцкія войскі Рэчы Паспалітай. Усё гэта спрычынілася да разгулу эпідэміяў і, зразумела, галадоўлі. У выніку жыхарства Вялікага Княства зьменшылася на 46%, а шмат у якіх раёнах - нават да 75%[97]. Невыпадкова гады тае вайны народ назваў «патопам». Раней распрацаваныя землі цяпер запусьцелі на 35-80%. Так выглядала «освобождение», якое быццам несла тады Беларусі Маскоўшчына!
Падобнае разбурэньне прынесла нашай краіне і Паўночная вайна пачатку ХVІІІ стагодзьдзя. У гэтай вайне Рэч Паспалітая ўважалася за хаўрусьніка Расеі супраць Швэдыі. Аднак Рэч Паспалітая тым часам была ўжо аслабленая, і маскоўскія войскі ў сапраўднасьці былі гаспадарамі ў Княстве. Пад час адступленьня з Вялікага Княства перад арміяй Карла ХІІ у 1707 годзе Пётр І загадаў спальваць і зьнішчаць усё, што траплялася на шляху: вёскі, засевы, збожжа, жывёлу й г.д., і гэта рабілася пачынаючы ад Горадні. І вось новыя вынікі: жыхарства краіны зьменшылася на 40%, а землі запусьцелі на 60-70%[98].
У такіх жахлівых абставінах даводзілася ратаваць тое, што яшчэ можна было ўратаваць. Дзеля гэтага была пашыраная палітыка касаваньня паншчыны й пераводу сялянскіх гаспадарак на чысты чынш. У шмат якіх выпадках выбар пакідаўся самым сялянам. Пад канец ХVІІ стагодзьдзя чыншавікі (раней яны зваліся асаднікамі), пры скасаваньні ўсіх іншых павіннасьцяў, плацілі ад валокі найлепшае зямлі максымум 12 копаў літоўскіх грошаў (капа - 60 грошаў), ад найгоршае зямлі - 4 капы. Звычайна, аднак, грашовы падатак чыншавікоў вагаўся ад 8 і менш копаў на год. Пры адбудове гаспадарак зьбяднелыя сяляне на колькі гадоў атрымлівалі вялікія палёгкі. Прыблізна такія падаткі чыншавікоў заставаліся і ў першай палове ХVІІІ стагодзьдзя. Чыншавікі прыватнаўласьніцкіх земляў плацілі крыху большы грашовы падатак, і тут мацней трымалася паншчына, якая ўсьцяж павялічвалася.
Ад сярэдзіны ХVІІІ стагодзьдзя пачаўся адваротны працэс - перавод на паншчыну, узмацненьне паншчыны да нявыноснасьці, ды наагул пачалося звычайнае рабаваньне сялянства, асабліва прыватнымі земляўласьнікамі.
Цяпер ізноў зьвярнемся да сацыяльнага стану сялянства ў Маскоўшчыне, які, паводле Абэцэдарскага, быў нашмат лагаднейшы дый лагаднейшы яшчэ і з тае прычыны, што быццам «закрепощение» сялянства настала тут адно ў 1649 годзе.
Як і ў выпадку Вялікага Княства, у Маскоўшчыне сялянства найперш дзялілася на тых жа дзяржаўных, што станавілі бальшыню, і прыватнаўласьніцкіх (тут вялікую групу станавіла царкоўнае й манастырскае сялянства). Ўсё гэтае сялянства дзялілася далей на «непахожых», якія ў Маскоўскай дзяржаве зваліся «старажыльцамі», і на «пахожых», якія тут зваліся «новопорядчиками». Старажыльцы яшчэ зваліся «чорнымі», бо абкладаліся агульнадзяржаўнымі падаткамі ды іншымі павіннасьцямі. «Чорнымі» маглі быць таксама й «навапарадчыкі», калі яны ўладкоўваліся на зямлі і прыцягваліся да выкананьня агульнадзяржаўных падаткаў. Былі яшчэ і «белыя» сяляне, галоўна царкоўныя й манастырскія, калі яны часова ці стала вызваляліся ад дзяржаўных падаткаў і павіннасьцяў.
Расейскі гісторык М.А.Дзяканаў, які спэцыяльна займаўся пытаньнем сялянства, уважаў, што «старажыльцы» ад даўнейшых часоў ня мелі права на выхад і былі «первыми нашими крепостными крестьянами». Таксама Б.Д.Грэкаў у сваёй згадванай вышэй працы падае шмат прыкладаў зь ХV стагодзьдзя, якія сьведчаць пра тое, што вялікія і ўдзельныя князі проста забаранялі сваім «старажыльцам» пераходзіць на прыватнаўласьніцкія землі, забаранялі прыватным земляўласьнікам вывозіць іх, а калі гэта здаралася, дык вымагалі звароту іх пад страхам штрафу. Тое ж рабілі і прыватныя земляўласьнікі. Такая практыка тым болей узмацнілася ў ХVІ стагодзьдзі. З гэтага Грэкаў высноўвае, што, калі нават старажыльцы яшчэ й карысталіся правам на выхад, дык права гэтае ім было вельмі цяжка рэалізаваць. Аднак у адным месцы свае працы ён кажа, што, будучы «залежнымі» ад сваіх гаспадароў і падлеглымі ім «юрыдычна», у ХV стагодзьдзі старажыльцы яшчэ маглі карыстацца правам на выхад, што, праўда, пад канец ХV стагодзьдзя ўжо абмяжоўвалася драконаўскім спосабам. Кранаючы абмежаваньні Судзебніка 1497 году, у іншым месцы ён нібы дае зразумець, што старажыльцы маглі пераходзіць зь зямлі на зямлю яшчэ і ў ХVІ стагодзьдзі (гл. б.97), але на б.384 Грэкаў зноў выразна канстатуе, што ў ХVІ стагодзьдзі правам на выхад маглі карыстацца толькі «новопорядчики», або «новоприходцы».
Магчыма, што тут Б.Д.Грэкаў мяшае дзьве рэчы. Як і ў нашым гаспадарстве для «непахожых», у Маскоўскай дзяржаве «старажыльцам» дазваляўся пераход, але толькі ў межах вялікакнязеўскіх і прыватнаўласьніцкіх земляў. Гэтакі пераход ня мог спрычыніць якое-колечы шкоды, бо сяляне зноў садзіліся адпаведна на дзяржаўных і прыватнаўласьніцкіх землях. Забараняўся пераход зь дзяржаўных на прыватнаўласьніцкія землі, або наадварот. З другога боку, як і ў Княстве, забарона гэтая магла быць ня гэткай суворай, бо вялікі князь быў шчыльна зьвязаны з прыватнымі земляўласьнікамі, а апошнія зь вялікім князем і дзяржавай.
Аднак застаецца той факт, што ў Маскоўшчыне ўжо ад ХV стагодзьдзя асноўная маса сялянства - старажыльцы - сацыяльна й юрыдычна прымацоўваецца да зямлі й да сваіх гаспадароў. Калі ж сялянская гаспадарка гэтай катэгорыі сялянства тым ці іншым парадкам атрымлівала права на выхад, у тым ліку ў межах дзяржаўных ці прыватнаўласьніцкіх земляў, дык паводле Судзебніка 1497 году яна мусіла выплаціць 1 рубель гэтак званага «пожилого», або «выхаду». Згодна з падлікам знанага расейскага гісторыка В.О.Ключэўскага, рубель канца ХV стагодзьдзя ў пераліку на валюту канца ХІХ стагодзьдзя быў роўны 100 рублям. Як можам канстатаваць, сума «выхаду» была даволі высокай. Паводле Судзебніка 1550 году плата за «выхад» узьнялася да 1 рубля і 6 капеек, але ў гэтым выпадку трэба ўлічваць і зьніжэньне вартасьці рубля, які, калі паслугоўвацца падлікам таго ж Ключэўскага, спаў да 63-83 рублёў у пераліку на валюту канца ХІХ стагодзьдзя. Названы тут «выхад» мог адбыцца толькі раз на год - за тыдзень перад і тыдзень пасьля гэтак званага «Юр'евага дня», які прыпадаў на глыбокую восень.
«Новопорядчики» («пахожыя», калі карыстацца тэрміналёгіяй Вялікага Княства) былі ў асноўным зьбяднелыя сяляне, якія не маглі плаціць падаткі й выконваць іншыя павінасьці. Яны ці проста выганяліся з адпаведных земляў, ці атрымоўвалі права на свабодны выхад. Аднак так ці інакш яны варочаліся да тае ж зямлі, але ўжо былі свабодныя дамаўляцца з новымі гаспадарамі. Да «навапарадчыкаў» належалі таксама каляністыя, або, прыкладам, сяляне з Вялікага Княства Літоўскага, якія пераважна вывозіліся адсюль у часе войнаў. Частка гэткага сялянства пераходзіла ў катэгорыю старажыльцаў, а частка далей вяла сваю вандроўку. Аднак пры пераходзе «навапарадчыкі» мусілі ў той жа «Юр'еў дзень» выплочваць «пожилого» сумай 1 рубель (ад 1550 году - 1 рубель 6 капеек), калі пакідалі сваіх гаспадароў пасьля 4-гадовага тэрміну, і крыху менш, калі выходзілі раней.
Вышэй згадвалася, што сялянская сям'я, якая складалася зь пяці працаздольных чалавек, пазычыўшы 2 рублі, не магла разьвітацца з «халопскай службай» на 13-м годзе, адпрацоўваючы працэнты ад пазычанае сумы. Гэта можа сьведчыць пра тое, як цяжка было сялянскай сям'і скарыстаць з свайго права на свабодны выхад. Таму зразумелым робіцца факт, што яшчэ ад ХV стагодзьдзя «свабодны выхад» пераходзіць у «вываз», г.зн. звычайны выкуп тае ці іншае сялянскае сям'і зацікаўленым земляўласьнікам. Гэткі выкуп, аднак, спрычыняўся да яшчэ большага ўціску «вывезенае» сялянскае гаспадаркі.
Апрача «старажыльцаў» і «навапарадчыкаў» у Маскоўшчыне былі яшчэ пашыраныя катэгорыі сялянаў, якія зваліся «сярэбраньнікамі», «палаўнікамі» й «бабылямі». Сярэбраньнікаў можна прыраўнаваць да «закупаў» у Вялікім Княстве Літоўскім. Яны паходзілі зь зьбяднелага сялянства. Ня могучы разьлічваць на свае сілы й магчымасьці, такія сяляне рабіліся наймітамі-парабкамі, убіраючыся пры гэтым у грашовую запазычанасьць («серабро»). Зь зьбяднелага сялянства выходзілі й палаўнікі, якія, аднак, адрозна ад сярэбраньнікаў, арандавалі зямлю «напалову», г.зн. палову сабранага ўраджаю аддавалі сваім гаспадаром. Арандаваную зямлю яны апрацоўвалі сваёй жывёлай і інвэнтаром, забавязваліся добра даглядаць гаспадарку, а за няўдалы ўраджай, у тым ліку й у выніку засухі, расплочваліся з гаспадарамі з свае «паловы». У ХVІ стагодзьдзі палаўнікі ўвесь час павялічваліся, і пад канец ХVІ - на пачатку ХVІІ стагодзьдзя зямля шмат якіх манастыроў апрацоўвалася вылучна палаўнікамі.
«Бабылі», а таксама «манастырскія дзеці», сваім парадкам выходзілі зь зьбяднелага сялянства, з адпушчаных на волю нявольнікаў і з гарадзкое беднаты. Гэта - найміты й парабкі, якія ня мелі свайго прытулку.
Усе сяляне апошняй катэгорыі карысталіся правам на свабодны выхад, аднак бальшыня іх не магла яго зрэалізаваць з прычыны высокае сумы «пожилого» адшкадаваньня.
Гады «апрычніны» за Іванам Жахлівым прынесьлі страшэнныя спустошаньні і сялянству Маскоўскае дзяржавы. Зьнішчаючы фізычна або высылаючы на Поўнач і ў Сібір баяраў, князёў дый іншых, апрычнікі Івана Жахлівага адначасна зьнішчалі ці выганялі іхных сялянаў і нявольнікаў. Пры гэтым забаранялася пад карай сьмерці даваць такім выгнанцам прытулак, ежу і г.д. Так, прыкладам, было зьнішчана 240 сялянаў і нявольнікаў, якія належалі толькі аднаму баярыну І.П.Фёдараву. У Кліне апрычнікі ўчынілі крывавую расправу над рыбакамі й «агароднікамі», пад час якой было замардавана больш за 3 тысячы чалавек. Найбольш жахлівым прыкладам можа быць зьнішчэньне больш за 40 тысяч гарадзкога жыхарства Ноўгараду і сялянаў, што жылі каля гораду. Паводле тагачасных апісаньняў, у адным толькі Ноўгарадзе на працягу 5 тыдняў штодня апрычнікі тапілі ў Волхаве ад 1000 да 1500 чалавек. Падобную дзікую расправу яны ўчынілі тады і ў Цьверы[99]. Апрача таго, сялянства зганялася зь земляў прыватных земляўласьнікаў дзеля асаджэньня на «апрычных» землях, або раздавалася апрычнікам за іхную крывавую службу.
Гэта, ведама, не магло ня выклікаць галадоўлі й эпідэміяў. У шмат якіх раёнах Маскоўшчыны землі апусьцелі ад 60 да 95 працэнтаў.
Каб неяк наладзіць разбураную разгулам апрычніны сельскую гаспадарку, ад 1580 году пачалося апісаньне земляў, а ў найбольш разбуранных мясьцінах краю (гэткіх была бальшыня) былі ўведзеныя «заповедные годы», у якія зусім забараняўся сялянскі выхад. Забарона гэтая паўтаралася штогоду. Нарэшце пастановамі 1592, 1593 і 1597 гадоў забарона сялянскага выхаду пашыраецца на цэлы край, а земляўласьнікам розных катэгорыяў дазваляецца расшукваць беглых і вывезеных сялянаў 5-гадовае даўнасьці. Праўда, у выніку вялікага голаду ды сялянскіх забурэньняў Барыс Гадуноў у 1601 і 1602 гадох выдае «ўказы», зноў дазваляючы сялянскі выхад. Аднак у цэлым Маскоўскім «уезьдзе» ён і цяпер не дазваляўся, сялянам нельга было выходзіць таксама з усіх іншых дзяржаўных земляў і земляў найбуйнейшых сьвецкіх і духоўных земляўласьнікаў. Але якраз на гэтых землях і сядзела пераважная бальшыня сялянства. Дарэчы, пра тое, што гэты дазвол на выхад быў звычайнай фікцыяй, гаворыць наступны факт. Згаданымі «ўказамі» Барыс Гадуноў «вызваляў» усё сялянства ад дзяржаўных падаткаў. Тым ня менш разам з «указамі пра свабодны выхад» ён разаслаў па краі і «тайны ўказ», які патрабаваў зараз жа зьдзіраць з гэтага сялянства агульнадзяржаўныя падаткі вялічынёй папярэдніх гадоў. Гэтак званае «Соборное Уложение» 1607 году зноў пацьвярджае забарону сялянскага выхаду на ўсёй тэрыторыі Маскоўшчыны, дазваляючы расшукваць беглых і вывезеных сялянаў 15-гадовае даўнасьці. Далей на практыцы дзеіў «указ» 1597 году з правам росшуку беглых і вывезеных сялянаў 5-гадовае даўнасьці. Згодна з законам 1637 году тэрмін росшуку павялічыўся да 9 гадоў, а паводле закону 1641 году - да 10 гадоў. Ведамае «Соборное Уложение» 1649 году адмовілася і ад «заповедных лет» і ад таго ці іншага тэрміну на росшук беглых і вывезеных сялянаў. Яно проста падсумоўвала ранейшую практыку ды ўводзіла поўнае прыгоннае права - звычайную паншчыну.
Што ж на гэта можа сказаць прафэсар Абэцэдарскі?! Як мы маглі канстатаваць, у Маскоўскай дзяржаве свабодная вандроўка для асноўнае масы сялянства - «старажыльцаў» - абмяжоўваецца яшчэ ў ХV стагодзьдзі і зводзіцца на нішто, а фактычна зусім забараняецца ў ХVІ стагодзьдзі. Ад пачатку 80-х гадоў гэтага стагодзьдзя наагул запрыгоньваюцца ўсе катэгорыі сялянства, а гэта не на 60 гадоў пазьней, чымся ў Вялікім Княстве Літоўскім, а нават крыху раней, калі выходзіць зь Літоўскага Статуту 1588 году. Дарэчы, з прычыны згаданае вышэй сумы «выхаду» - 1 рубель 6 капеек - сялянства ў Маскоўшчыне мала магло цешыцца і з таго «Юр'евага дня».
Як жа матэрыяльна адчувала сябе сялянства ў Маскоўшчыне, бо паводле Абэцэдарскага ў гэтым дачыненьні яно быццам стаяла куды вышэй, чымся ў Беларусі?
Вось што наконт гэтага пішуць, прыкладам, аўтары шматтомнай акадэмічнай «Истории СССР с древнейших времен до наших дней»:
«Крестьяне нищали, теряли свои земли, становились бобылями, поступали в кабальные холопы. Земельные наделы у частновладельческих крестьян к 70-м годам ХVІ в. уменьшились в два раза по сравнению с началом века и не превышали 3-4 и лишь в отдельных случаях доходили до 6 десятин...
Годы опричнины были временем широкой раздачи черносошных и дворцовых земель в поместья и вотчины. Этот процесс интенсивно протекал как на опричных, так и на земских териториях. Расхищение крестьянских земель приводило к распространению крепостнического ига на новые слои крестьянства. Одновременно происходили серьезные сдвиги в формах феодальной ренты. Расширялась барщина и резко возросли денежные оброки...
Крестьянская барщина в центральных уездах России к 80-90-м годам ХVІ в. по сравнению с первой половиной века возросла в полтора-три раза: с 1 десятины на выть (единица обложения) до 1,5-3 десятин, доходя в отдельных случаях до 4-5 десятин.
Вводя барщину, феодалы усиливали свою ростовщическую деятельность, ссужая обедневших крестьян и новоприходцев деньгами, семенами, скотом для обзаведения хозяйством. «Подмога» давалась ими для того, чтобы закабалить крестьян и таким путем обеспечить рабочими руками барскую запашку.
Феодалы переводили крестьян с одного места на другое и даже в помещичьи дворы, где те зачастую обращались в кабальных холопов. Помещики и вотчинники произвольно распоряжались крестьянским имуществом, подвергали крестьян суровым наказаниям (сажали на цепь и т.д.), осуществляли сделки на крестьян без земли, вплоть до замаскированной их купли-продажи. Этот помещичий произвол ярко характеризует суровые формы, которые приняло на практике крепостничество в России во второй половине ХVІ в. В конце же века бесправие крестьянства получило юридическое выражение в крепостническом законодательстве, которое стало мощным рычагом дальнейшего нажима помещиков на своих крепостных.»[100]
Як бачым, малюнак пра сацыяльны стан сялянства ў Маскоўскай дзяржаве ХVІ стагодзьдзя выходзіць крыху іншы, чымся гэта імкнецца паказаць прафэсар. Пастараемся дапоўніць яго больш канкрэтнымі дадзенымі.
Найперш згадаем пра гадавы заробак «монастырских детенышей» - вольнанаймітаў, што працавалі пры манастырах у якасьці хлебаробаў, лясьнікоў, цесьляроў і г.д. Апрача «хлеба» (г.зн. сталаваньня), прыкладам, у 1559 годзе яны атрымлівалі на год ад 18 да 50 капеек. Лясныя старажы звычайна зараблялі на год 25 капеек. «Детеныши», што апрацоўвалі манастырскую зямлю, атрымлівалі на год ад 21 да 30 капеек. Былі й такія, гадавы заробак якіх быў большы. Паводле «расходнае кнігі» Сафійскага дому ў Ноўгарадзе 1547-1548 гадоў, кухарам выплочвалася па 1 рублі 86 капеек, ключнікам - ад 1 да 2 рублёў, канюхам - па 1 рублі. Але, прыкладам, сьвятары гэтага дому атрымлівалі па 1 рублі, а дзячкі - толькі па 50 капеек.
Як сьцьвярджае В.І.Карэцкі, паншчына ў Маскоўшчыне таксама пачала ўводзіцца ў першай палове ХVІ стагодзьдзя, і тады яна звычайна абмяжоўвалася на дзяржаўных землях апрацоўкай (сюды ўваходзілі таксама збор і абмалот ураджаю) аднае дзесяціны зямлі зь сялянскае гаспадаркі («выці»), якая не перавышала 6 дзесяцін. Адна дзесяціна зямлі была роўная 1,09 га, а, значыцца, гэтая сялянская гаспадарка абмяжоўвалася да 6,54 га. У 70-х гадох ХVІ стагодзьдзя паншчына на гэтых дзяржаўных землях узрасла ў 4 разы, і сялянская гаспадарка, маючы 6 дзесяцінаў, павінна была апрацоўваць ужо 4 дзесяціны дзяржаўнае зямлі[101]. Асноўная маса дзяржаўнага сялянства ў другой палове ХVІ стагодзьдзя плаціла грашовы чынш («оброк») з тае ж «выці» сумай 1-2,5 рублі, пры гэтым маючы 1/2, 1/4 ды нават 1/8 «выці» (г.зн., маючы 3,27, 1,63 і менш га зямлі ў сваім карыстаньні)[102]. Да гэтага яшчэ даходзілі агульнадзяржаўныя падаткі, якія, раўнуючы да пачатку ХVІ стагодзьдзя, пад канец гэтага стагодзьдзя вырасьлі ў 30 разоў. Пайменна, той жа В.І.Карэцкі сьцьвярджае, што на пачатку ХVІ стагодзьдзя з «сахі», якая была роўная 800 чвэрцям ці 1200 дзесяцінам зямлі, бралася агульнадзяржаўных падаткаў 5 рублёў, у 20-40-х гадох - 8 рублёў, у 50-80-х гадох - 42 рублі, у 80-90-х гадох - 151 рубель[103].
На прыватнаўласьніцкіх землях пры канцы ХVІ стагодзьдзя паншчына даходзіла да апрацоўкі 5 дзесяцінаў на сялянскую гаспадарку памерам 5-6 дзесяцін. Прыкладам, паводле адпаведных граматаў 1580 і 1590 гадоў сама багатага ў Маскоўшчыне Тройца-Сергіеўскага манастыра з «выці» зямлі памерам звычайна 5 дзесяцін сялянская гаспадарка або плаціла 3 рублі грашовага чыншу, або, калі сядзела на чыстай паншчыне, апрацоўвала 5 дзесяцін манастырскае зямлі. Апрача таго, як чыншавікі («оброчники»), так і прыгоньнікі за год плацілі адміністратару («прикащику») па 12 капеек і ад цэлае воласьці 1 рубель, давалі яму жыта й авёс, а для манастыра касілі сена, звычайна па 20 копаў. Калі ж паншчына спалучалася з чыншам, дык сялянская гаспадарка з «выці» зямлі памерам 5 дзесяцінаў апрацоўвала 1 дзесяціну манастырскае зямлі (ад 1590 году - ад 1,5 да 2 дзесяцінаў, а ад 1601 году - зноў 1 дзесяціну, але нядоўгі час, бо хутка паншчына зноў узрасла). Чыншу яна плаціла 50 капеек, вывозіла 80 вазоў гною, касіла для манастыра 20 копаў сена, а таксама мусіла вывозіць лес, будаваць манастырскія будынкі, абгароджваць землі, забясьпечваць манастыр дрывамі, рабіць для яго крупы й талакно. Валасной адміністрацыі яна плаціла за год па 12 капеек грашыма, давала жыта, авёс, курэй, яйкі. Часам чынш падвышаўся да 1 рубля. Апрача таго, калі манастырскія сяляне не вызваляліся часова ці настала ад агульнадзяржаўных падаткаў, яны плацілі і гэтыя падаткі. Усё сялянства - чыншавікі, паўчыншавікі й прыгоньнікі - з «выці» зямлі павінна было таксама даваць фурманкі (ад 10 і больш фурманак на год) для адвозу манастырскага майна ў Маскву й іншыя гарады.
Прыблізна такі, ці нават горшы, быў стан сялянства на іншых прыватнаўласьніцкіх землях, г.зн. на землях сьвецкіх «фэўдалаў» і «помещиков»[104]. Пры гэтым пры канцы ХVІ стагодзьдзя ўзмацнілася тэндэнцыя пераводу сялянства на паншчыну з адначасным падвышэньнем грашовага чыншу й іншых павіннасьцяў ды з абрэзваньнем сялянскіх надзелаў. Сяляне гэтых земляўласьнікаў, зразумела, плацілі таксама агульнадзяржаўныя падаткі.
Вялікім цяжарам для сялянства ў Маскоўшчыне была гэтак званая практыка «ростовщической операции по принудительному кредитованию крестьян». Пад прымусам сялянам выдаваўся грашовы крэдыт для набыцьця жывёлы, або для наладжваньня гаспадаркі. Ён выдаваўся й збожжам. Пасьля ж гэты крэдыт спаганяўся ў колькі разоў выгадней, а той, хто ня мог яго сплаціць ці адпрацаваць, трапляў у «кабалу». Гэтак, прыкладам, у 1591 годзе сялянам Іосіфа-Валакаламскага манастыра прымусова было выдадзена па 3 рублі крэдыту на «выць» для прыдбаньня кароў, авечак і сьвіньней. За гэта пры канцы году кажная сялянская гаспадарка павінна была выплаціць манастыру вялікія працэнты: 1 пуд масла, 1 вяпрука і 1 барана, што ў пераліку на грошы складала 97 капеек, ці каля 33% гадавых[105]. Сам крэдыт, зразумела, сплочваўся сваім шляхам, або пераносіўся на наступныя гады.
Тым часам за найменшае бунтарства і крадзеж зь сялянства тая ж манастырская адміністрацыя зьдзірала непамерна вялікія штрафы. Напрыклад, як вынікае з «выпісное кнігі» за 1594 год таго ж Іосіфа-Валакаламскага манастыра, за тое, што сяляне бунтаваліся, зрабілі крадзеж і «сено сгноили», 12 чалавек мусілі заплаціць па 5 рублёў штрафу, адзін - 7 рублёў, а колькі іншых - крыху менш.
Для параўнаньня велічыні сялянскага падатку і павіннасьцяў у Вялікім Княстве і Маскоўскай дзяржаве згадаем цяпер пра некаторыя цэны. Прыкладам, у 80-х гадох ХVІ стагодзьдзя ў Маскоўшчыне лес для сялянскае хаты («избы») каштаваў 25 капеек, а разам з пабудовай хаты - 50 капеек. Як вынікае з акрэдытаваньня сялянаў Іосіфа-Валакаламскага манастыра 1591 году, карова тут каштавала 50 капеек, авечка - 10 капеек, сьвіньня - 10 капеек, вяпрук - 33 капейкі, баран - 14 капеек, пуд масла - 53 капейкі. Далей, пры пераводзе натуральнага падатку на грашовы ў 1595 годзе асьміна пшаніцы каштавала 15 капеек, паўасьміны канопляў - 6 капеек. І гэта, калі, прыкладам, «манастырскія дзеці» ў сярядзіне ХVІ стагодзьдзя зараблялі за год да 50 капеек (пад канец гэтага стагодзьдзя, ведама, яны павінны былі зарабляць крыху больш), калі з надзелу зямлі памерам 5-6 дзесяцінаў чыншовая сялянская гаспадарка плаціла 3 рублі падатку, а агульнадзяржаўныя падаткі для яе даходзілі да 2 рублёў і 50 капеек. Мы не згадвалі, але сялянства ўсіх катэгорыяў у Маскоўшчыне мусіла таксама плаціць і ваенны падатак.
Паводле Літоўскага Статуту 1588 году для таго ж часу ў Вялікім Княстве Літоўскім мы можам дазнацца пра наступныя цэны: звычайныя сялянскія конь, кабыла й вол каштавалі па 120 грошаў, карова - 100 грошаў, бык - 90 грошаў, цёлка-перазімак - 30 грошаў, адкормны вяпрук - 60 грошаў, сьвіньня - 20 грошаў, падсьвінак - 12 грошаў, парасё - 5 грошаў, авечка - 15 грошаў, баран - 12 грошаў, ягнё - 6 грошаў, казёл - 40 грошаў, каза - 20 грошаў, казьлянё - 6 грошаў, гуска - 3 грошы, курка - 3 грошы, певень - 2 грошы, качка - 2 грошы, бочка жыта - 24 грошы, капа жыта - 20 грошаў, капа пшаніцы - 20 грошаў, капа канопляў - 20 грошаў, капа капусты - 3 грошы, воз сена - 8 грошаў, тапор і каса - па 6 грошаў, серп - 2 грошы, сані - 2 грошы і г.д.[106]
Праўда, гэтыя цэны спаганяліся за крадзеж, а таму яны былі крыху вышэйшыя за звычайныя цэны на рынку, бо, прыкладам, у 1583 годзе натуральны падатак для сяляніна ў пераліку на грошы станавіў: за бочку жыта - 20 грошаў, за гуску - 2 грошы, за курыцу - 8 пенязяў, за 20 яек - 4 пенязі (адзін грош быў роўны 10 пенязям). Дарэчы, як зазначалася ў Статуце, штраф гэты можна было сплочваць і натурай - зваротам каня, каровы, бочкі жыта й г.д.
Адным словам, можна канстатаваць, што 1 маскоўскаму рублю адпавядала 150 літоўскіх грошаў. Як згадвалася раней, каля сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя літоўскія грошы шмат згубілі ў сваёй цане, але, зразумела, тады зьнізілася і вартасьць маскоўскага рубля. Названы вышэй ігумен Крыжаноўскі ў 1651 годзе паведамляў, што ў сувязі з трывожным перадваенным станам у Вялікім Княстве Літоўскім з кажнае сялянскае гаспадаркі, фактычна з гэтак званага «дыму», у які звычайна ўваходзілі 2-3 сям'і, здымалася па 16 польскіх залатовак ці, у пераліку на маскоўскія грошы, па 2 рублі й 60 капеек. Паводле падлікаў Д.Л.Пахілевіча, у тым часе літоўская капа (60 грошаў) адпавядала 2,5 польскім залатоўкам. Гэта значыць, што 16 польскіх залатовак складалі 380 літоўскіх грошаў, а гэтыя 380 літоўскіх грошаў адпавядалі сваім парадкам 260 капейкам маскоўскае валюты. У гэтым выпадку таксама на 1 маскоўскі рубель прыпадала 150 літоўскіх грошаў, або адна маскоўская капейка ацэньвалася ў 1,5 разы даражэй у параўнаньні зь літоўскім грошам.
З гэтага вынікае, што і падаткі сялянства ў Вялікім Княстве ў ХVІ і ХVІІ стагодзьдзях былі куды ніжэйшыя, чым падаткі сялянства ў Маскоўскай дзяржаве. Трэба яшчэ ўлічваць той факт, што ў Княстве падаткі зь сялянства здымаліся, выходзячы з валокі зямельнага надзелу, г.зн. з надзелу, які быў роўны 21,36 га. Да такога, сапраўды вялікага, надзелу прытарноўваліся паншчына й іншыя павіннасьці. Як мы маглі канстатаваць, у Маскоўшчыне сялянскі зямельны надзел («выць») звычайна абмяжоўваўся да 6 дзесяцінаў або да 6,54 га, зь якога й здымаліся падаткі, адпрацоўвалася паншчына і выконваліся іншыя павіннасьці. Вось тут і ня трэба мець здольнасьці матэматыка, каб вызначыць сацыяльную розьніцу, якая разьмяжоўвала сялянства нашай краіны і Маскоўшчыны, прыкладам, у ХVІ і ХVІІ стагодзьдзях.
Аднак жа, апрача сялянства, у Вялікім Княстве і Маскоўскай дзяржаве існавалі яшчэ іншыя пласты жыхарства: гарадзкое жыхарства, шляхта й «буйныя феадалы», якіх зь гісторыі ніяк ня можна выкінуць. Як ведама, у Вялікім Княстве Літоўскім шмат якія гарады й мястэчкі карысталіся магдэбурскім правам, ці самакіраваньнем. Жыхарства такіх гарадоў і мястэчак жыло сваім незалежным «рэспубліканскім» жыцьцём, сплочваючы, зразумела, дзяржаве й гораду адпаведныя падаткі. У Маскоўшчыне такога наагул ня было, тут гарадзкое жыхарства, як і ўсе грамадзяне, лічыліся «халопамі» вялікага князя, а пасьля цара. Вышэй мы згадвалі, як апрычнікі Івана Жахлівага ў 1570 годзе ўчынілі расправу над гарадзкім жыхарствам Ноўгараду і Цьверы. Падобная расправа, крыху ў меншых памерах, закранула тады й іншыя гарады. Прыкладам, у сьнежні 1569 году Іван Жахлівы выклікаў у Клін гандляроў суздальскага Пераяслава ды ўчыніў тут над імі крывавую расправу, у выніку якой было замардавана 470 гандляроў. Адным словам, як сялянства й простыя нявольнікі, так гарадзкое жыхарства ў Маскоўшчыне было фактычна бяспраўнае. Гэтага нельга сказацьпра гарадзкое жыхарства ў Вялікім Княстве, на што й зьвяртае асаблівую ўвагу ў сваёй працы З.Ю.Капыскі[107].
Праўда, «патоп» 1654-1667 гадоў і такія ж трагічныя вынікі Паўночнае вайны на пачатку ХVІІІ стагодзьдзя адмоўна паўплывалі на разьвіцьцё гарадоў у Вялікім Княстве Літоўскім. Найперш, шляхта й магнаты, якія тым ці іншым парадкам былі зьвязаныя з гарадамі, вызваліліся з-пад юрысдыкцыі гэтых гарадоў ды атрымалі права на бязмытны гандаль, што, зразумела, падрывала эканоміку гарадоў. Разам з тым надыйшлі абмежаваньні гарадзкога самакіраваньня, што было зьвязана таксама з заняпадам гарадзкога жыхарства й эканомікі ў выніку згаданых войнаў.
Прывілеі ды правы шляхты й магнатаў у Вялікім Княстве добра ведамыя. Будучы занадта ліберальнымі, яны пасьля вырадзіліся ў звычайную анархію, спрычыненую гэтак званым «лібэрум вэто», што і прывяло да палітычнага заняпаду Рэчы Паспалітай. У Маскоўскай дзяржаве гэтая шляхта («помещики» й «дворяне»), а таксама князі й баяры былі «халопамі» вялікага князя й цара. Асабліва пачынаючы ад княжаньня Івана ІІІ, вольнасьці шляхты й арыстакратаў зводзіліся да прынцыпу: «царь приказал, бояре приговорили». Адсюль і добра ведамае ў гістарычнай літаратуры выказваньне Івана Жахлівага, засьведчанае ў ягоным пасланьні да князя Курбскага, які быў уцёк у Беларусь. У гэтым пасланьні цар любіў паўтараць: «А жаловати есмя своих холопей вольны, а и казнити вольны же»[108]. Пра гэта ён пісаў і ў «пасланьнях» да Жыгімонта Аўгуста, падкрэсьліваючы сваю «от Бога даную власть» ды падсьмейваючыся з Жыгімонта Аўгуста, што той, з прычыны шырокае вольнасьці шляхты ў Вялікім Княстве і Польшчы, сам стаўся яе «холопом». За часамі апрычніны Іван Жахлівы занадта быў «вольны казнити своих холопей», і галовы ў баяраў, князёў і звычайнае шляхты зьляталі, як качаны капусты. У такім «халопскім» стане шляхта й баярства ў Маскоўшчыне жылі і перад Іванам Жахлівым і пасьля ягонае сьмерці, прыдбаўшы правы значна пазьней, а перад гэтым у кажным часе яны маглі заплаціць сваімі галовамі, што вельмі часта й здаралася.
Абэцэдарскі, каб падкрэсьліць «бязвыхадны» стан сялянства ў Княстве, паклікаецца таксама на Жыгімонта Гэрбэрштайна, які на пачатку ХVІ стагодзьдзя два разы пабываў у Маскве ды гасьцяваў таксама і ў нашай краіне. Аднак прафэсар мінае тыя мясьціны з успамінаў Гэрбэрштайна, дзе той гаворыць пра агульнае нявольніцтва ў Маскоўшчыне. А Гэрбэрштайн пісаў, што тут вызваленыя на волю нявольнікі адразу «прадавалі сябе» ў новую няволю, бо для іх не было іншага выйсьця. Ён таксама маляўніча апісваў, як жыхарства Маскоўшчыны захаплялася «боствам» свайго вялікага князя-цара, як пры аўдыенцыі зь ім сама знатныя маскоўскія баяры й князі змушаныя былі горбіцца перад ім да стану поўзаньня на ўсіх чатырох і адказваць толькі завучанымі трафарэтамі.
Дарэчы, у савецкай гістарыяграфіі нават жудасьць апрычніны Івана Жахлівага апісваецца, як «прагрэсыўны» фактар. А гэта таму, што быццам бы яна «способствовала централизации» Маскоўскага гаспадарства ды ўмацаваньню ягонае вонкава-палітычнае магутнасьці. У гэтай гістарыяграфіі падобна ацэньваецца тэрор Леніна ды асабліва добра ведамы тэрор Сталіна. Выходзіць, што чалавек, ягонае права на жыцьцё й волю - гэта нішто; галоўнае - палітычная магутнасьць дзяржавы, выйгрыш ад вонкавае экспансіі. Адным словам, дзяржаўная магутнасьць, голая палітычная сіла - гэта той пачварны Малох, якому павінна ахвяравацца ўсё іншае. Парадаксальна, што тая ж савецкая гістарычная й партыйная літаратура ня любіць так званых «гістарычных аналёгіяў», г.зн. ня любіць выводзіць сучасную савецкую рэчаіснасьць ад рэчаіснасьці мінулага Маскоўшчыны-Расеі.