Апошні разьдзел брашуры Абэцэдарскага - «Ці быў у Беларусі класавы мір?» (б.98-110) - даводзіцца пакінуць неразгледжаным. Інакш трэба было б закрануць і пытаньне, ці йснуе клясавая гармонія ў Савецкім Саюзе, што зноў жа расьцягнула б наш адказ прафэсару. Тут мы коратка зьвернемся да больш істотнага.
Як вынікае з дакладу былога сакратара С.Пілатовіча на пленуме ЦК КПБ у лістападзе 1970 году, у дачыненьні да Інстытуту гісторыі й Інстытуту літаратуры АН БССР былі вынесеныя адмысловыя партыйныя пастановы. Яны асудзілі «памылковыя погляды раду работнікаў у галіне гістарычнай навукі, літаратуры і мастацтва» ды, як канстатаваў Пілатовіч, дапамаглі «навуковым установам і творчым арганізацыям яшчэ больш актыўна, вастрэй выступаць за ўсталяванне марксісцка-ленінскага метаду аналізу працэсаў грамадскага развіцця»[143]. Згадваючы гэтыя пастановы цяперашні дырэктар Інстытуту гісторыі АН БССР І.Ігнаценка (да гэтага ён быў дырэктарам Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ) з свайго боку паведаміў, што ў гуманітарных інстытутах АН БССР было праведзенае таксама «скарачэнне колькасці супрацоўнікаў» і што наагул «існуюць вялікія цяжкасці з апублікаваннем навуковых працаў»[144]. Гэтыя факты якраз падмацоўваюць тое нашае сьцьверджаньне, што наступ супраць аб'ектыўнага асьвятленьня гісторыі Беларусі заплянаваны зьверху й што брашура Абэцэдарскага зьявілася ў рэчышчы гэтага партыйнага наступу, г.зн. была «партыйным заказам».
У гэтым дачыненьні асабліва сымптаматычныя выказваньні на ХХІV зьезьдзе КПСС, што адбыўся на пачатку красавіка 1971 году. Сам Брэжнеў выцягнуў з архіваў і як навінку запрапанаваў зьезду тую праўду, быццам у Савецкім Саюзе ўжо «возникла новая историческая общность людей - советский народ». Але, як калісьці Сталін, Брэжнеў не забыўся выдзеліць з гэтай «новой общности», а, праўдзівей узьнесьці над ёй, «великий русский народ», даючы яму наступную характарыстыку: «Его революционная энергия, самоотверженность, трудолюбие, глубокий интернационализм по праву снискали ему искреннее уважение всех народов нашей социалистической Родины».
Вось тут і «пошла плясать губерния», ведама, гэтая «пляска» была загадзя заплянаваная. Першыя сакратары ЦК кампартыяў шмат якіх нацыянальных рэспублік навыперадкі пачалі сьцьвярджаць гістарычную вартасьць гэтае высновы Брэжнева, з свайго боку прапануючы Маскве «горячую любовь и глубочайшее уважение к старшему брату - русскому народу». Бо, як нізка кланяліся некаторыя зь іх, «глубокий интернационализм, великий талант, светлый ум, щедрое сердце, бескорыстие, постоянная готовность к самопожертвованию и великодушие - все эти замечательные качества русского народа завоевали ему глубочайшее уважение всех советских народов». Больш за тое, нібы забыўшыся, чым павінен характарызавацца інтэрнацыяналізм, яны запрапанавалі таксама, што ўзьніклая «новая историческая общность людей - советский народ» мусіць падтрымлівацца і ўзмацняцца шляхам яшчэ большае культурнае й моўнае русыфікацыі нерасейскіх народаў, больш актыўнага змаганьня з «буржуазным нацыяналізмам», шляхам больш узмоцненае прапаганды і «научной разработки» не «проблем расцвета каждой из социалистических наций», а «процесса их сближения».
Ці гэта не зварот да сумных зьяваў канца 40-х - пачатку 50-х гадоў?! Прынамсі так разумее ўсё гэта рэдакцыя часапісу «Вопросы истории». У рэдакцыйным артыкуле гэтага часапісу, прысьвечаным вынікам ХХІV зьезду КПСС, галоўная ўвага якраз была зьвернутая на гэтыя вернападданіцкія выказваньні й запэўненьні прадстаўнікоў савецкіх нацыянальных рэспублік. Вымоўнымі былі і рэдакцыйныя заўвагі ці тлумачэньні, як гэта: «Говоря о развитии и укреплении дружбы народов нашей страны, создании новой исторической общности людей - советского народа, многие делегаты ХХІV създа КПСС подчеркивали роль русского народа в этих процессах. Знаменем дружбы и братства, могучим ускорителем процесса сближения наций назвал на съезде русский язык первый секретарь ЦК КП Узбекистана Ш.Р.Рашидов». Або: «Подчеркивая особую важность борьбы с буржуазным национализмом и необходимость противопоставления ему социалистического интернационализма, первый секретарь ЦК КП Литвы А.Ю.Снечкус» зьвярнуў увагу на карыснае пераняцьце («впитывание») нерасейскімі народамі «прежде всего опыта прогрессивной классической и советской культуры русского народа».
«Материалы и решения съезда, - падсумоўваў часапіс «Вопросы истории», - ставят перед историками задачу глубокого и всестороннего изучения развития интернациональных связей в процессе складывания советского народа как новой исторической общности людей... Особое место в исследованиях по данной тематике должны занять вопросы истории культуры, истории культурных взаимосвязей, в том числе истории русской культуры и ее влияния на культуру других народов. Более широко и полно, чем это делалось до сих пор, следует освещать в наших трудах роль русского народа, и в первую очередь - роль русского рабочего класса, во всех сферах жизни советских социалистических республик нашей страны, в создании новой исторической общности людей - советского народа, в последовательном претворении в жизнь ленинской национальной политики КПСС»[145].
Хоць і больш стрымана, але фактычна тое ж паўтарыў і часапіс «Коммунист», таксама ў рэдакцыйным артыкуле, спэцыяльна прысьвечаным нацыянальнаму пытаньню й савецкай нацыянальнай палітыцы ў будучыні[146].
Згадаем, што пад тэй жа маркай «благодарности старшему брату - великому русскому народу» і прыпісваньня яму «исторической роли в спасении прочих народов» у канцы 40-х - пачатку 50-х гадоў фактычна было спыненае вывучэньне палітычнае й культурнае гісторыі нерасейскіх народаў. Калі што й рабілася ў гэтай галіне, дык толькі для ілюстрацыі «прогрессивности присоединения» гэтых народаў да Расеі, захопленасьці імі расейскай культурай і мовай, іхнай удзячнасьці «старшему брату». Адсюль і ведамае з тых гадоў фальшаваньне гісторыі нерасейскіх народаў СССР.
Зразумела, цяжка дапусьціць магчымасьць сужыцьця «новой исторической общности людей - советского народа», з аднаго боку, і «великого русского народа» - з другога. Як мы бачым, стаўка робіцца на гэты «великий русский народ», на ягоную мову й культуру, што прапануюцца для пераняцьця астатнімі народамі СССР. Іншымі словамі, падпарадкоўваючыся і палітычна, нерасейскія народы мусяць зьліцца з расейскім народам моўна й культурна ў працэсе гэтак званага «сближения и слияния наций». Такім парадкам, «новая историческая общность людей - советский народ» прадугледжваецца як палітычнае, моўнае й культурнае панаваньне расейскага народу, як працэс русыфікацыі й зьліцьця нерасейскіх народаў з расейскім. Гэты гвалт няўхільна выклікае змаганьне з «буржуазным нацыяналізмам» нерасейскіх народаў, у тым ліку і ў іхнай гістарыяграфіі. Лёгіка цьвердзіць, што палітычная гісторыя і гісторыя культуры нерасейскіх народаў - гэтыя рассаднікі нацыянальнай сьведамасьці, а ў вачох Масквы, «буржуазнага нацыяналізму» - павінны пазбавіцца нацыянальнага зьместу і даць дарогу для поўнага раскрыцьця «роли русского народа во всех сферах жизни» нерасейскіх народаў СССР.
Як вынік такой палітыкі гвалту, у выпадку Беларусі і зьявілася разгледжаная намі брашура Абэцэдарскага.
Для ілюстрацыі гэтае палітыкі гвалту зьвернемся яшчэ і да наступнага факту. Як ведама, апошнімі гадамі ў БССР выйшла нямала працаў пра дзейнасьць Францішка Скарыны. Абыходзячы ранейшыя забароны й адкідаючы розныя фальшыўкі, беларускія навукоўцы ў БССР усебакова насьветлілі асьветніцкую й гуманістычную дзейнасьць Скарыны, паказалі ягоны вялікі беларускі патрыятызм дый засьведчылі, што пасьля Прагі Скарына тварыў у Беларусі й для Беларусі. Гэтыя патрыятычныя тэндэнцыі беларускіх навукоўцаў, як бачна, не спадабаліся ў Маскве. Адмаўляць беларускае паходжаньне Скарыны - немагчыма, але, як вынікае, Скарыну й ягоную дзейнасьць можна выгнаць за межы Беларусі, разлучыць іх зь беларускім народам. Наколькі нам ведама, такая маніпуляцыя была распачатая зборнікам «Книга», што выходзіць у Маскве. У артыкуле «Книга - верный спутник дружбы», што быў зьмешчаны ў гэтым зборніку за 1970 год і прысьвечаны «истории литературных и книжных связей народов Советского Союза и Чехословакии», нейкі Ф.П.Пятроў, ня згадваючы пра Беларусь, даслоўна пісаў:
«В 1525 г. Скорина переехал в столицу Литвы Вильно, где им были изданы "Апостол" и "Малая подорожная книжица". Таким образом, в 1525 г. на территории нашей Родины начала работу первая типография в Прибалтике. После того как книгоиздательское дело в Вильно получило некоторое распространение, Г.Скорина возвратился в Прагу, где и умер около 1552 г.»[147].
Такая інтэрпрэтацыя фактаў - не фантазія згаданага тут Пятрова, бо яна была перанятая і ў БССР. У нарысе «Радзивилловские мумии», што быў апублікаваны ў часапісе «Неман», ягоныя аўтары А.Бурак і С.Прылуцкі зусім сьведама і нібы наўмысна засьведчылі: «Духовные книги Скорины, приемлемые для православной церкви, были напечатаны раньше, но в чужих типографиях, в Праге и Вильне»[148]. Зьвернемся таксама да газэты «Літаратура і мастацтва». У рэцэньзіі, якую тут зьмясьціў А.Ражко, сьцьвярджалася: «Як вядома, першыя друкаваныя беларускія кнігі ўбачылі свет за межамі сучаснай Беларусі - у Празе і Вільні. Вільня, сталіца Вялікага княства Літоўскага, доўгі час з'яўлялася культурным цэнтрам як літоўскіх, так і беларускіх земляў. Тут друкаваў свае кнігі Скарына, працавала вядомая друкарня Мамонічаў...»[149]. Ражко, праўда, крыху зьмякчыў сваю фармулёўку, але ў аснове яна застаецца адмоўнай. Дарэчы, ён не запратэставаў і супраць рэцэнзаванае ім кнігі. А яна носіць назоў «На заре книгопечатания в Литве», і выйшла ў Вільні ў 1970 годзе. Аўтар гэтае кнігі А.Анушкін асьвятляе друкарскую дзейнасьць і выхад кнігаў ня толькі ў Вільні, але і ў іншых гарадох Беларусі. Кнігу сваю, аднак, ён назваў «На заре книгопечатания в Литве» - і кропка, хоць ведама, што гэтая зара жамойцкага, ці летувіскага, кнігадруку пачалася ў Прусіі і толькі пры канцы ХVІ стагодзьдзя перавандравала ў Вялікае Княства. Яна ж і абмежавалася толькі нейкай парай выданьняў.
Скончваючы гэты адказ на брашуру прафэсара Абэцэдарскага, хочацца запэўніць ейнага аўтара ў наступным. Гэтак званыя «беларускія буржуазныя нацыяналісты» - ніякія не «заўзятыя ворагі» ані Расеі, ані, тым болей, расейскага народу й расейскае культуры. Яны толькі супраць палітыкі няпрошанага апякунства над іншымі народамі, палітыкі, што трымаецца на штыках, турмах ды іншай брутальнай сіле. Яны таксама супраць усялякага іншага адкрытага й замаскаванага махлярства. А сюды ўваходзяць, прыкладам, зрамантызаваная ідэалізацыя гісторыі Расеі й расейскага народу, улучна з апраўданьнем пад маркай «дабрадзейнасьці» заваёваў і гвалту над іншымі народамі, з аднаго боку, і адмоўнае стаўленьне да аб'ектыўнага асьвятленьня гісторыі нерасейскіх народаў - з другога; выпукленьне ўсюды й пры кажнай нагодзе расейскага патрыятызму і гераізму з адначаснай практыкай кваліфікаваць нацыянальны патрыятызм нерасейскіх народаў як «буржуазны нацыяналізм»; наагул тэндэнцыя характарызаваць расейскі народ як вышэйшую нацыянальную касту, як народ-геній, пакліканы панаваць над іншымі народамі, што, зразумела, прыніжае нацыянальную годнасьць гэтых народаў. Адным словам, гэныя «беларускія буржуазныя нацыяналісты» супраць фарысейства гэтак званае «ленінскае нацыянальнае палітыкі», бо толькі дзякуючы такой палітыцы ў БССР, прыкладам, не засталося ніводнае вышэйшае навучальнае ўстановы зь беларускай мовай навучаньня, на працягу апошніх дзесяці гадоў тут былі зрусыфікаваныя ўсе сярэднія школы, а цяпер русыфікуюцца нават пачатковыя. Ці ня з прычыны гэтых сумных фактаў да нас даходзяць лебядзіныя песьні беларускіх пісьменьнікаў, як, прыкладам, наступны верш - «Зямля такая» - Сяргея Панізьніка?:
«Нам ніколі не памерці
ні у якім горы.
Застануцца для бяссмерця
назвамі азёры.
Тая ж Нарач або Свіцязь...
Хіба выпаліш, растопчаш
неўміручых гукаў віцце,
слоў - вякоў праточын.
Нам ніколі не памерці, -
гэта ўжо бясспрэчна...
Прападуць азёры ў свеце,
застануцца рэчкі.
Тая ж Ясельда ці Шчара,
Свіслач або Нёман...
Калі ёсць на свеце чары -
ў назвах ўпамянёных.
Нам ніколі не памерці?
бо - зямля такая,
дзе народ у шчасце верыць,
дзе жыццё народу мерыць
крыніца жывая.»[150]
Шлях да сужыцьця між народамі, ня вылучаючы й расейскага народу, да супрацоўніцтва між імі можа быць іншы, прыкладам, такі, які сяньня склаўся ў Заходняй Эўропе. Без згаданых вышэй пачварных праяваў, на аснове роўнасьці й павагі нацыянальнае годнасьці ўсіх народаў. Такі шлях судзеіў бы шчыраму сужыцьцю і супрацоўніцтву між Беларусяй і Расеяй, між беларускім і расейскім народамі. Інакш даводзіцца выступаць ня толькі ў абарону гістарычных правоў беларускага народу, але і ў абарону звычайнае чалавечнасьці.