— Але ж ты нешта пра сваю душу, — перапыніў яго Радчанка.
— Ты слухай, не перабівай. Гэта, можна сказаць, я і пра сябе гавару. Мы ж з ёю адных кравей. Калі наступны раз выберуць дэпутатам мяне, я таксама пакажу сябе, будзь упэўнены. Не глядзі, што я ціхі, я магу і загукаць!
— Дык гэта мне, каб пазнаць тваю душу, чакаць, пакуль цябе дэпутатам выберуць?
— Та-ак, даўгавата. — уздыхнуў Радчанка. — Што зробіш, выбары ж не кожны дзень бываюць… А хочаш — заўтра?
— Што заўтра? — зацікавіўся Радчанка.
— Правільна, я просты савецкі чалавек. Але ж душа мая — глыбока патрыятычная. Дык што, буду я маўчаць... Краіну ж трэба ратаваць!
На лесвічную пляцоўку, дзе яны курылі, зверху сіганула вялізная аўчарка, якую ледзь утрымлівала на павадку даўгалыгая акселератка.
— Цьфу ты, — плюнуў услед дзяўчыне Давыдзюк. — Развялі сабак — увесь дом у псярню ператварылі. I ў скверы вунь паглядзі... — кінуў за акно. — 3 каляскамі — адна... дзве… А з сабакамі — бачыш?..
— Дык што заўтра? — нецярпліва нагадаў яму Радчанка.
— Мітынг. Хочаш — пайшлі са мною. Пабачыш, як простыя савецкія людзі палітыкай займаюцца. I тыя кухаркі, пра якіх Ленін казаў, і нашы цывілізаваныя кааператары, і каго там толькі не будзе!.. Пойдзеш?.. Але прадумай сваю лінію, каб яна ў цябе была цвёрдая. Палітыкай займацца — гэта табе не баранку круціць!.. У краіне мірная рэвалюцыя адбываецца, і мы не маем права стаяць убаку ад яе. Як гэта бальшавікі пелі?.. «Мы мирные люди, но наш бронепоезд стоит на запасном пути…» — Ён заспяваў: — «Раздайте патроны, поручик Голицын, корнет Оболенский, надеть ордена!»
Радчанка раптам выпнуў грудзі:
— А палітыкай, дарагі мой прыяцель, я змагу займацца не горш, чым ты. У мяне голас — не раўня твайму. Толькі тады адно з двух: палітыка ці баранка. Ленін жа не круціў баранку… Хаця вунь Брэжнеў... Што вырабляў, як за руль садзіўся?.. I ў гаражы — машыны найноўшых замежных марак. Забіты імі быў ягоны гараж.. Пайду на мітынг, пайду.
Назаўтра пад вечар яны былі на плошчы каля тэатра. Плошча гула, як універмаг, калі там выкідвалі калготкі. Мікрафон разносіў прамовы з імправізаванай трыбуны, мітынганты крычалі: «Падтрымліваем!..», «Далоў!..» Над галовамі калыхаліся плакаты на фанеры і кардоне.
Праваруч ад Давыдзюка купка мужчын і жанчын гукала: «Падтрымліваем Народны фронт!». Косячы на іх вока, і Давыдзюк з імпэтам уплятаў у іхні хор свой голас: «Падтрымліваю Народны фронт!» Радчанка, які стаяў леваруч, штурхануў яго пад бок:
— А ты ж казаў, што за Камуністычную партыю выступаеш?
— Правільна казаў. Я і за Народны фронт, і за Камуністычную партыю. Няхай яны кансэнсус знаходзяць. Зразумеў? Палітыка — тонкая рэч.
— Дык паглядзі хаця, што у цябе ў руках!
Давыдзюк павярнуў да вачэй плакат, які трымаў. На ім вялікімі чорнымі літарамі было прыгожа выведзена: «Далоў усіх!».
— Што далі, тое і трымаю. — Ён вышэй ускінуў плакат: — Да-лоў усіх!
— Далоў!.. — раўнуў Радчанка.
Ззаду ў іх хтосьці хрыпла, надарваным голасам заспяваў: «Раздайте патроны, поручик Голицын!..»
А па зямлі крочыла вясна. У палях гулі маторы.
ТЭАРЭТЫК
На галінцы вішні, якая зазірала ў расчыненае акно дачнага кабінета Анісіма Палікарпавіча, дзёрзка зачырыкаў цёмнагруды верабей. Прафесар скасіў на яго вока, папікнуў» «Вольніца табе, нахабніку, што пры капіталізме, што пры сацыялізме — у цябе адны песні. Чырыкаеш і толькі таго. А тут пачырыкай!..»
Анісім Палікарпавіч пісаў чарговы філасофскі артыкул.
Вядомым вучоным ён стаў, калі ў друку трамвайным званком празвінела — не, кавальскім молатам прагрымела! — яго кандыдацкая дысертацыя на тэму «Партыя — наш рулявы». А хто мог аспрэчыць яго навуковыя высновы? Рулявала ж. Ды ого як!.. Запалонены шчасцем глыбокага тэарэтычнага адкрыцця, Анісім Палікарпавіч аднаго разу нават сасніў сябе Марксам… Канечне, цяпер партыя яшчэ таксама рулюе, аднак рулявым ужо яе не назавеш. Дэмакраты то ў адзін, то ў другі бок ірвануць той руль з яе аслабленых рук!..
З’яўляючыся, не ў прыклад іншым, глыбокім дыялектыкам, Анісім Палікарпавіч не збіраўся, як некаторыя артадоксы, упарта адстойваць састарэлыя догмы. Цяперашнім часам трэба быць, як антэна, каб на патрэбнай хвалі і ўлавіць, і перадаць. Але ён і не меў намеру ўслед за легкадумнымі рэнегатамі — во, сказалі б, пярэварацень! — адмаўляцца ад сваіх навуковых поглядаў. Абнавіць іх — то іншая рэч. Перабудова ж!.. Вунь творчыя работнікі… Кампазітары, скажам, якія песні дораць моладзі!.. А табе, катораму смыліць душа,— выключы прыёмнік…
Напачатку праца над артыкулам у Анісіма Палікарпавіча заладзілася, ішла як па масле. Ды тут гэты верабей… «Бач, апанент мне знайшоўся — што пры капіталізме, што пры сацыялізме!..» Рудыя вусы прафесара сярдзіта смыкнуліся.
— Кыш, нахаба! — пужнуў ён вераб’я. — На сметніку, вунь дзе тваё месца!
Прыгожая, колеру золата самапіска торкнулася ў паперу. Анісім Палікарпавіч пісаў, што Маркс памыліўся, сцвярджаючы: «Мэта, для якой патрабуюцца несправядлівыя сродкі, не ёсць справядлівая мэта». Як жа, сродкі несправядлівыя і — патрабуюцца?.. Выкарыстоўваюцца — то іншая рэч… На хвіліну ён задумаўся — нечага не хапала тут яму. I раптам маланкаю — не быў бы дыялектык! — бліснула: «Няма добрага дрэва, якое прыносіла б благі плод; і няма благога дрэва, якое прыносіла б плод добры».
Гэтыя словы са святога Евангелля паводле Лукі Анісім Палікарпавіч прачытаў нядаўна ў адным цікавым, з голымі жанчынамі, часопісе. Дык во як прыдаліся яны зараз!.. «Найперш, значыцца, цяпер — справядлівымі сродкамі вырошчваць добрае дрэва…» Ён пісаў, і словы счэпліваліся адно з адным, нібы звёны ланцуга — паспрабуй, разарві гэты ланцуг!..
Вечарам у ложку Анісім Палікарпавіч стрымана — хіба яму ўпершыню рабіць навуковыя адкрыцці? — думаў: «Вось так, шаноўныя таварышы Маркс і Хрыстос, сёння вы геніяльна пабраталіся. А хто вас памірыў?.. У навейшай гісторыі не згубіцца гэтае імя…»
Кажуць, Маркс, як паставіў апошнюю кропку у «Капітале», усю ноч шчасліва ўсміхаўся ў сне. Анісім Палікарпавіч таксама спаў з салодкай усмешкай на вуснах. Усю ноч ён цешыўся дзівосным сном. Сніў сябе тым цемнагрудым вераб’ём. Гайдаўся на галінцы кучаравай вішні, аблашчаны цёплым сонцам, і чырыкаў па-вераб’інаму Марксу з Хрыстом, якія, абняўшыся ў бірузовым небе, прымірана слухалі яго. А заадно і Дземянцею з Пазьняком, што сядзелі радком, як херувімы, у прыгожай разной альтанцы пад вішняй і пазіралі адзін на ўсход, другі на захад.
НЕЎМІРУЧАЯ ПЕСНЯ
Кампазітар-песеннік Дзяніс Эстрадны, папрацаваўшы ўсмак, напісаў на словы вядомага паэта Цімафея Ламавіка песню «Хлопец з дзеўкай парай ходзяць». Песня атрымалася, казаў, як гімн спрадвечнаму пачуццю, што творыць жыццё чалавека. Першы, з кім ён падзяліўся сваёй радасцю, быў музыказнавец Кірыла Джазаў — якраз забег да Дзяніса перахапіць «мядзведзя» на выдаткі, пра якія нельга ведаць жонцы. Джазаў пачытаў ноты, сыграў на піяніна мелодыю. Наморшчыў нос, памыляў губамі.
Дзяніс Эстрадны ўсё зразумеў. Схаваў «мядзведзя», якога падрыхтаваў ужо быў, у кішэню, усмешліва звузіў вочы:
— Не спадабалася, значыцца? Ну, што з цябе возьмеш? Сказана — Джазаў, табе шум-звон падавай. А песню ж тонка трэба разумець, кожнай часцінкай душы. Артысты скажуць сваё важкае слова.
Аднак ішоў час, а песня не гучала ні ў канцэртных залах, ні ў палацах культуры, ні па радыё. Эстрадны прапаноўваў яе многім спевакам і ад усіх чуў амаль адно і тое ж: «Гэта, браце, не маё амплуа...» «Яна, даруйце, Дзяніс Раманавіч, велікадушна, не для майго голасу…» Ён абураўся: чорт ведае што! Папрысвойвалі ім званні народных, заслужаных, а яны ж сапраўдную песню спяваць не могуць! Во, вішчаць ды лямантаваць у мікрафоны — на гэта яны майстры.
Страціўшы веру ў прафесіяналаў, Эстрадны кінуўся да самадзейнасці. Сапраўдныя таленты там, у гушчыні народнай. Без мікрафонаў — і як! Слухаеш — дык узнёсласць у грудзах не ўмяшчаецца, радасць, як тая рэчка ў весні разліў, з берагоў выходзіць.
Але і самадзейныя спевакі, хаваючы збянтэжанасць, яму казалі: «Нам такую мелодыю не выцягнуць». Тады Дзяніс Эстрадны вырашыў, што «лёд тронецца», калі папулярызаваць песню з дапамогай друку. Толькі трэба шырока і гучна, каб ажно да беларусаў свету дайшло Няпраўда, усе тады спахопяцца: і народныя, і тыя, што з народа.
3 гэтым ён і пайшоў да Джазава, прыхапіўшы на ўсякі выпадак «мядзведзя».
Яны сядзелі ва ўтульнай, з ружовым таршэрам і каляровым тэлевізарам гасцінай, пілі чай. Эстрадны пачаў даставаць і кішэні насоўку, каб выцерці спатнелы лоб, і разам з насоўкаю назнарок выцягнуў хрусткую новую купюру.
— Мая песня, калі глыбока разабрацца, будзе кранаць самыя інтымныя пачуцці чалавека і ўзбуджаць у ім самыя светлыя эмоцыі, — гаварыў ён, націраючы ў пальцах «мядзаедзя».
— Разумею, разумею, — ківаў галавой Джазаў, — аднак прычым тут я? Чым я магу дапамагчы табе?
— Рэцэнзію напішы! — раптам горача выдыхнуў Эстрадны. — Ты ж, як захочаш, з ветру вяроўку саўеш.
— Як тут табе сказаць… — пакасіўся Джазаў на «мядзведзя» ў Дзянісавай руцэ.
— Ха-ха-ха! — адкінуўся на спінку крэсла Эстрадны. — Спасаваў, дробнаа твая душа, пабаяўся, што народных, якія адмовіліся, пакрыўдзіш? Не, песня мая не памрэ. Яна будзе жыць у народзе, бо срадвеку ходзяць і вечна будуць хадзіць параю хлопец з дзеўкай. — Ён шпарка сунуў «мядзведзя» ў кішэню. — I знойдуцца шаноўныя людзі, якія будуць яе выконваць.
— Але ж, як тут табе сказаць… Рэцэнзія ўсё роўна патрэбна. Яна зарыентуе, нацэліць… Дарэчы, цяпер не толькі хлопец з дзеўкай — і «мядзведзь» з «зубром» не цураюцца адзін аднаго.
— Ну, так бы і гаварыў адразу, — прабурчаў Эстрадны, і рука яго зноў палезла ў кішэню.
Праз два тыдні прэстыжная газета на відным месцы апублікааала рэцэнзію Джазава. Крытык быў катэгарычны. Новая песня Эстраднага — чарговая ўдача аўтара: своеасаблівая навацыя, сімбіёз традыцыйнага нацыянальнага народнага духу і новай, прагрэсіўнай культуры Захаду, якая стала магутным подыхам часу.
А неўзабаве бадзёры голас дыктара апавясціў радыёслухачоў:
— Новая песня «Хлопец з дзеўкай парай ходзяць»! Выконвае трыо. Запявалы: Дзяніс Эстрадны — лірычны тэнар і Цімафей Ламавік — бас. Падпавяла з мадулацыяй на розныя галасы — Кірыла Джазаў.
БАКАЛАЎР ПАЛІТЫЧНЫХ НАВУК
Рабочы дзень скончыўся, і абноўленая, з новай назвай і новай шыльдай на дзвярах установа Браніслава Назаравіча аціхала. Сам Браніслаў Назаравіч, наструнены за тлумны дзень, перш чым пакіравацца дадому, таксама павінен быў аціхнуць душой. Ён павольна хадзіў па кабінеце, думаў: галоўнае, Бронік, цяпер, у гэты шалёны час, — захаваць сваю чалавечую годнасць… Ды яно лёгка сказаць — захаваць. А як?.. Глыбакадумныя разважанні прывялі яго да цвёрдай высновы: правільна, век жыві — век вучыся… Далей яго думкі пацяклі раўней, як ручаіна ў меліярацыйнай канаве: і вучыцца трэба не толькі ў людзей — ва ўсёй жывой прыроды. У звяроў, у птушак, у мурашоў… Хіба, напрыклад, не павучальна, як жыве цар звяроў леў?.. Не, прыгожы і велічны звер гэты не дарэмна ўвенчаны каронай, цар — ён і ёсць цар. Што ён, бульбу будзе есці, бы тая свіння? Толькі мяса. I палюе для яго царскай вялікасці яе міласць ільвіца.
А цар птушак арол?.. Завёў крылом пад хмарай, змеціў адтуль якую дурніцу — трасцу дасць ёй літасці, у кіпцюры яе: не будзь разявай… Потым горда сядзіць на горнай скале, не раўнуючы, як у прэзідыуме на якім пленуме ці пасяджэнні якой рады. Ды яно і то праўда: «Страна наша, — як пісаў паэт, — велика и обильна, а порядка в ней нет...» Развялося рознай пошасці, пішчаць, каркаюць, рыкаюць… У друку, па тэлебачанні і радыё, на вуліцах і плошчах. Дык яно во і якраз тут — з-пад хмары… I левым, і правым — усім тады зарве. «У власти орлиной, — пяецца ў песні, — орлят миллионы, и нами гордится страна». Не, што ні кажы, ад кожнага стварэння можна нешта пераняць.
Толькі вось хіба ў сабакі… Тут Браніславу Назаравічу неспадзявана прыгадаўся Цюлік, яго дачны вартаўнік. Ляжыць, лянівая псіна, ліжа сваё інтымнае сабачае месца, быццам яму і занятку іншага няма, потым задзярэ куртатую пысу і — гаў, гаў!.. Праўда, бывае і такое: калі яму дужа, відаць, засвярбіць, павернецца да абчэпленага дзядамі хваста і давай на яго брахаць! Ды так жа залівіста і зацята — ажно са скуры вылузваецца! Думае, мусіць: віляй, каўтун няшчасны, ды ведай, у які бок…
Віжлівыя вочы Браніслава Назаравіча міжвольна стрэлілі за акно, дзе па шырокім тратуары цякла густая людская плынь. I ў душу патыхнула холадам.
Віхурай уварваліся ў памяць словы школьнага таварыша, цяпер калгаснага механізатара Апанаса Канопліча: «Доўгі брудны хвост, Браніслаў, цягнецца за вашым братам-бюракратам. I як вы будзеце адмывацца ад яго?..»
Браніслаў Назаравіч стаяў нібы ўкопаны: як?!. Раптам ён ажно скалануўся. «Як?».. А вось так!.. Ах, Цюлік-Цюлік!.. — Ад узрушанасці ён затросся як асінавы ліст і ўсё паўтараў у ліхаманкавых думках: — Вось так: гаў, гаў!.. Ах, Цюлік! Не псіна — бакалаўр палітычных навук!.
У ЛАЗНІ
Усе мы наіўна думалі, што самы напалітызаваны орган у нас зараз — Вархоўны Савет. Ды дзе там?! Лазня — во дзе палітыха!
Раздзявалка гула нібы растрывожаны вулей.
— Давялі за семдзесят гадоў краіну камуністы! Да ручхі дабілі!
— А сённяшнія правіцелі лепшыя? Лацвей нам стала жыць?
— Каб жа хоць дэпутаты былі як трэба. А то навыбіралі гаваруноў. Што камуністаў, што з народнага фронту.
— Усіх камуністаў — пад суд, — глуха прагугнявіў распараны лысы таўстун, набгом пакаўтаўшы піва з трохлітровага слоіка. — I прыгавор такі: забараніць нават думаць пра той камунізм, якога ніхто не бачыў і не пабачыць. Хай думаюць, калі хочуць жыць, як людзям бізнесменамі ды фермерамі стаць. Гэта ім не камуністычны рэжым — дэмакратыя.
— Учора па тэлевізары з Санкт-Пецярбурга паказвалі: Пятру Вялікаму, бацьку Айчыны — віват! — уставіў сваё даўгалыгі хударлявы стары, квола расціраючы ручніком упалыя грудзі.— Расію ўздыбіў!
— А тым, што сёння Расію ўздыбілі, таксама віват? — саркастычна азваўся аднекуль з кутка хрыпаты голас.
— Некаторым сённяшнім слава, а некаторым — страшны суд гісторыі. — Мацак з шавялюрай, вусамі і барадой разначынца мінулага веку накінуў прасціну на грутыя тлустыя плечы і ажно страсянуў вакол сябе паветра: — Ху-у!
— За якія ж грахі ім страшны суд? — падкінуў яму каверзнае пытанне хрыпаты голас.
— За перараджэнства і здраду, якіх не ведаў свет. Ху-у!
— Даруйце, спадар-таварыш, але гэта задужа, — прадрынкалі, як на балайцы, упалыя грудзі.
— Кудлаты, цішэй на паваротах. Не распускай язык, а то…— Лысы не паспеў дагаварыць, тоўстыя губы зноў прыпалі да слоіка з півам.
— Што цішэй, што? Чалавек ад прыроды істота свабодная. А нас прывучыла адміністрацыйна-камандная сістэма: як што — кулаком у храпу.
— Ага, у храпу, — як ударыў у бубен тоўстаязыкі бас.
— Вунь у Амерыцы!.. Можаш падысці да Белага Дома і гарлапаніць, пакуль не пасінееш: «Прэзідэнт дурань! Прэзідэнт дурань!». От гэта дэмакратыя!..
— Чый прэзідэнт? — ціскануў сваё голас з кутка.
— А гэта пытанне. Там не растлумачваюць, бо нетактоўна растлумачваць такое, — кампетэнтна разважылі ўпалыя грудзі.
— А я ў лазні не магу сказаць, што хачу? У лазні ўсе аднолькавыя, усе роўныя.
— Не ўсе, — выдыхнуў таўстун, адарваўшыся ад слоіка — Ты вунь — Карл Маркс, а дзед — натуральны Суслаў. Чуў галасок? Дзед, скажы яшчэ што.
Упалыя грудзі не збянтэжыліся:
— У нас цяпер таксама дэмакратыя набірае сілу.
— Правільна, і ў нас цяпер гавары, што на язык просіцца. А ён — цішэй на паваротах… — Разначынец распаляўся. — Паэт што некалі сказаў? «Што я жыці буду, як птушка, як вецер над нівай квяцістай...» Даслоўна!
Да яго падышоў рыжагаловы «ванька-ўстанька», ветліва ўсміхнуўся.
— Правільна, шаноўны, правільна: як птушка, як вецер… Як ваша прозвішча?
На хвіліну ў раздзявалцы ўсталявалася цішыня, пра якую кажуць: «Ціхі анёл праляцеў ці дурань нарадзіўся…»
ЛЕБЯДЗІНАЯ ПЕСНЯ
3 таго часу, як перабудова ў краіне пакацілася, нібы чатырохвугольнае кола, Баляслаў Зазерка страціў спакой. Людзі панажывалі ўсякага капіталу. Вунь яны — бізнесмены, брокеры, менеджэры… А ён?.. Не тая планіда, кароткія рукі ў яго, каб дацягнуцца да мільёнаў. Ат, і няхай сабе, калі так. Грошы — тлен. Слава — вось што вечнае ў чалавека! Ну што ён — жыве: толькі і ведае — чарцяжы, чарцяжы… Колькі штаноў праседзеў за імі! Цяпер і азірнуцца не паспееш, як зайграе табе духавы аркестр музыку Шапэна. Дык утварыць бы пад момант што-небудзь такое, каб… Ну, хай не свет, хай, па крайняй меры, хаця б паўсвету ўведала цябе… Узяць таго ж Герастрата… Больш як дзве тысячы гадоў мінула! Кажуць, сенат парашыў быў: «Забыць Герастрата!» А дудкі. Чалавецтва не забывае і не забудзе. Няхай сабе ён не Тургенеў, не Драйзер, не Мао Цзэ-Дун…
Аднак, прымераўшы да сябе лаўры Герастрата, Зазерка тут жа адкінуў іх. Спаліць славуты храм багіні Артэміды Эфескай, адно з сямі цудаў свету?! Не, не па мне. Ды і дзе яно цяпер, тое цуда —Палац культуры на Кастрычніцкай плошчы, які дзесяць гадоў будуецца?.. Зноў жа, нашымі запалкамі шматок газеты паспрабуй спаліць…
Ну, добра. Але што ты, Баляслаў, утворыш усё ж? Якая твая будзе лебядзіная песня?.. У дэпутаты б як прашыцца ці што? Тады б — адразу: «Даеш Вільню!» Ці… Стой, Баляслаў Радзівонавіч, а што, каб, скажам, зноў які путч?
Неспадзеўка пра путч прыйшла да Зазеркі быццам крадком. Але адразу ўспыхнула. Ды так ярка! О, каб путч, тады б ён паказаў сябе!..
— Я б тады — на барыкады, як Растраповіч, — падзяліўся ён сваімі думкамі з калегам па працы Арсенам Лагуцькам. — Растраповіча вунь цяпер увесь свет ведае! 3 аўтаматам!
Яны стаялі ў падземным пераходзе.
— Свет яго ведае як славутага музыканта.
— Правільна, і як музыканта. Дык жа і я на баяне іграю. Забыўся? Але ж я яшчэ і паэт, і кампазітар, і спявак. Хочаш?
Раптам у пераходзе засіпеў, як сырая галавешка, перарывісты барытон:
Мы з Гаўрылам — камісары.
Мы з Гаўрылам — ходзім парай.
Але прынцыповыя і дужа бядовыя.
Ах, Гаўрыла, ах, Гаўрыла!
Ты мне ў лыч, я табе ў рыла.
Ах, Гаўры-ыла-а...
Да іх падыйшла жанчына ў капялюшы з шырокімі палямі, сунула Зазерку ў паўсагнутую руку пакамечанага «зубра».
— О, вось што значыць чараўнічая сіла таленту! Хай толькі Палац культуры на Кастрычніцкай плошчы адбудуюць! — Ён шморгнуў сіея-чырвоным носам і выставіў працянутую руку.
ПРЭЗІДЭНТ 3 ГВАЗДЗІКОМ
Той дзень стаў для Бабая і Чарлянка адметным на вялікую падзею. Бабай быў выбраны прэзідэнтам, а Чарлянок віцэ-прэзідэнтам навукова-вытворчага аб'яднання па перапрацоўцы другаснай сыравіны..
— Вось і мы з табой, дружа, уліліся ў слаўныя шэрагі сусветна прызнанага дэмакратычнага легіёна прэзідэнтаў! — паэтычна ўсклікнуў Бабай, паціраючы рукі так, што ажно іскры сыпанулісм з далоняў. — Заслужылі!
— Ды, можа, яшчэ і больш, чым тыя, — катэгарычна пацвердзіў Чарлянок. Ён не ўдакладняў, хто тыя, але і так было ясна: намякаў на высокапастаўленых..
— Та-ак, і наша доля шчарбатая... Дык вось першы мой табе загад, пан віцэ-прэзідэнт. Дай на ўсе сродкі масавай інфармацыі рэкламу: «Шаноўныя спадары і спадарыні! Наша аб'яднанне створана для вашага росквіту. У той час, калі ўсе адбіраюць і распранаюць, мы еадзяляем і апранаем! Купляйце нашы акцыі, і вы станеце шчаслівымі!»
— Будзе зроблена, пан прэзідэнт! — Чарлянок ускінуў угору руку і патрос моцна сцятым кулаком, быццам пагразіў сваім нябачным канкурэнтам.
Як і заведзена ў такіх выпадках, сябры вырашылі адзначыць падзею. Але спакойна, лакальна, так сказаць: сціпласць упрыгожвае чалавека.
У «Журавінцы» яны ўладкаваліся за столікам ва ўтульным кутку. І тут адразу да іх падселі маладыя сімпатычныя дзяўчаты, бландзінка і брунетка.
Што было, тое было: слова ўа слова, пазнаёміліся. І частавалі сябры дзяўчат, і танцавалі з імі модныя танцы пад лямант поп-музыкі. Аднак не страчвалі разумнай насцярожанасці: ведалі, якія дзяўчаты пайшлі ў каламутным гэтым свеце. Акрамя таго, становішча абавязвала. Праўда, прэзідэнт не ўтрымаўся, ушчыкнуў пад сталом брунетку за тоўстае сцягно. Яна сярдзіта пляснула яго па руцэ, затым лагодна ўсміхнулася і падарыла гваздзіка, які быў прышпілены ў яе на кофце. Але на гэтым лёгкі флірт прэзідэнта і скончыўся. Дзяўчаты неўзабаве зразумелі, што ад такіх кавалераў ім не будзе толку, і пераселі за суседні столік да хлопцаў, якія ўвесь час закідвалі да іх вуды.
— Ну і няхай, хоць пагаворым, — ці то пакрыўджана, ці з палёгкай махнуў рукою прэзідэнт.
У галаве крыху шумела ад гарэліцы-матухны, але разважалі яны цвяроза. Палаялі партакратаў, недаразвітых дзяцей застою, і дэмакратаў — от жа порсткія, гарачыя галовы! Такі складаны, адказны час, а тут — бы тыя лебедзь, рак і шчупак!.. Дзядулю Крылова пачыталі б!..
— Канечне, камуністы многа награшылі. Але ж трэба і аддаць ім належнае, — глыбакадумна зазначыў Бабай. — Такіх дэмакратаў выхавалі! Ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць. Адны прэзідэнты чаго вартыя! А мэры, віцэ-мэры, кансультанты ды рэферэнты розныя!..
Пераміргваліся ясныя зоркі ў небе, калі сябры расслабленай ступою крочылі прыціхлай вуліцай.
— У цяперашні час развалу… перапрашаю — перабудовы — усе нашы ўчынкі і дзеянні ў маральным і прававым плане павінны суадносіцца з нашым высокім прэзідэнцкім становішчам, — сказаў Бабай паплечніку і панюхаў гваздзіка, якога трымаў у руцэ.— Хлопцы ж мы хвацкія. Што розумам, што сілаю.
Чарлянок ступіў і схапіў прэзідэнта за руку:
— Глядзі!
У кватэру Бабая праз акно лез злодзей.
Гваздзік упаў пад ногі прэзідэнта.
— Я яму!.. — рвануўся віцэ-прэзідэнт і адразу аслупянеў. — А… а калі ён узброены?!
— У міліцыю! Мігам! — загадаў прэзідэнт. — Не, стой, — Раптам ён церануў далонь аб далонь, ажно іскры пырснулі, і закаціўся бязгучным смехам. — Няхай лезе, толькі б не спужнуць. Зараз яму неба з аўчынку падасца: жонка з цешчай падумаюць, што гэта я дадому вяртаюся.
МАЧАНКА
У сталоўцы дома адпачынку яны сілкаваліся за адным сталом. Хведар Кузьміч быў чалавек гаваркі, цікаўны і, як цяпер кажуць, камунікабельны. Пакуль афіцыянтка прынясе страву, ён то смешны які анекдот раскажа, то цікавую прымаўку прыгадае. Спакваля, быццам між іншым (некарэктна ж — у лоб: раскажы пра сябе!) папытае ў Антона Дзянісавіча што-небудзь з яго біяграфіі. Даведаўшыся, што Антон Дзянісавіч пісьменнік, усклікнуў:
— Здорава! Канечне, цяпер, калі мы будуем суверэнную дзяржаву, месца пісьменніка на пярэднім краі. — Голас яго стракатаў, як дызельны пускач. — Вы, прэса, у першую чаргу павінны дапамагаць народу вывучаць беларускую мову. Родную сваю. Мы ж, беларусы, — не пыл на ветры.
— Дык жа стараюцца пісьменнікі, кніжкі пішуць, — Антон Дзянісавіч хацеў сказаць узнёсла, але атрымалася неяк вінавата.
— Ага, пішуць. Ведаеце, я люблю беларускую літаратуру.
Антон Дзянісавіч падбадзёрыўся:
— А якія кніжкі вы апошнім часам чыталі? — ён спадзяваўся што, можа, шчыры кнігалюб назаве і яго які твор.
— Ніякіх не чытаў, — секануў Хведар Кузьміч. — Зрок пачаў падаць. — Ён даліў кампот і з пафасам застракатаў: — Выхаванне у моладзі нацыянальнай самасвядомасці — неадкладны наш вялікі клопат. Бо, як гаворыць народная мудрасць, заўтрашняе надвор’е залежыць ад сённяшняга ветру.
Антон Дэянісавіч спаважна слухаў і ў думках згаджаўся: «Святая праўда. 3 лопуху ж ружа не вырасце. А то песні цяпер, га? 3 рэпрадуктараў і магнітафонаў на чорт ведае якой мове сыплюцца, быццам смецце з дранага мяшка».
Выходзячы са сталоўкі, Хведар Кузьміч далікатна пацікавіўся, на якія тэмы Антон Дзянісавіч піша кнігі. Пачуўшы, што, у асноўным, на гістарычныя, з лёгкім галантным паклонам падзякаваў пісьменніку:
— Маё вам чытацкае шанаванне. Да гісторыі маю вялікі інтарэс. Вось падлячу вочы і налягу на гістарычную літаратуру.
Антон Дзянісавіч з кволай надзеяй падумаў: «I мой, можа, які раман заглыне, як некалі я «Ціхі Дон» заглынуў». У душы ён пачуў: расла і ўзмацнялася яго павага да гэтага неардынарнага чалавека. Інтэлігент, сапраўдны, відаць, патрыёт. Не тое, што некаторыя іншыя — пустабрэхі…
Два тыдні праляцелі неўпрыкмет. У апошні дзень іхняга знаходжання ў доме адпачынку, калі яны паабедалі, Хведар Кузьміч памякчэлым, нейкім нават лагодным голасам звярнуўся да Антона Дзянісавіча:
— Ёсць у мяне да вас, шаноўны пісьменнік, далікатная гаворка.
«Напэўна, прыдбаў маю кніжку і хоча папрасіць аўтограф», — асяніла Антона Дзянісавіча радасная здагадка. За ёю маланкава прамільгнула пачатковая фраза аўтографа, якую ён, аказваецца, падсвядома падрыхтаваў ужо: «Шчыраму прыхільніку беларускай кнігі...»
— Канкрэтней, прапанова ёсць, — удакладніў Хведар Кузьміч, — давайце на беларуская мове напішам падзяку повару. Дужа ж смачную беларускую мачанку гатуе, шэльма! — I аблізнуўся.
АЎТОГРАФ НА БЯРОЗЕ
Лена Мурлыкіна, энергічная, валявая выхавацелька дзіцячага сада, абуралася. «От шалапай, а яшчэ ж, можа, і культурнага з сябе корчыць — замежныя джынсы, модная кашуля…»
Сама Лена была, як кажуць, сучасная дзяўчына, дзіця акселерацыі. Аддаючы даніну модзе, і джынсы насіла, і цыгарэтамі забаўлялася. Але каб кінуць акурак пад ногі на трамвайным прыпынку ці разбіць бутэльку дзе аб дрэва — баронь бог!.. Вось чаму яна так прагнула пабачыць таго выкрутня. Зірнуць бы ў яго бессаромныя вочы, кінуць яму ў твар сваю пагарду і дакор… Гэта ж паднялася паскудная рука на такое хараство! «Сярожа». На снежна-белым ствале такой прыгажуні — нажом!..
Інтэлігентная існасць натуры Лены Мурлыкінай, чалавека педагогікі, як яна называла сябе, пярэчыла ёй супраць усялякага праяўлення нетактоўнасці. Але тут быў той выпадак, калі Лена аніяк не магла стрымаць высакародны гнеў: і ён жа, брыдота, нябось прыходзіць сюды, у гэты заваблівы парк, храм хараства, і цешыцца сваім дзікунствам… От я яго правучу! Дзесятаму закажа, як вытвараць паскудствы!.. Лена крутнулася і лёгкакрылай ластаўкай пырхнула назад па дарожцы.
Праз гадзіну яна зноў з’явілася каля апаганенай Сярожам бярозы. Дастала з сумкі бляшанку з фарбай, пэндзаль. Акуратна, каб не накапаць на дол, мачала пэндзаль у фарбу і пад «аўтографам» Сярожы вялікімі роўнымі літарамі напісала: «Дзікун ты, Сярожа, хам!» Коскі пасля «ты» і «Сярожа» яна мазнула тлуста, каб добра выдзеліць зваротак. Адступілася на некалькі крокаў, нетаропка прайшлася позіркам па словах — ці выразна відаць?.. Прыгожа — чорным па белым, кантрастна!.. Зацягнулася цыгарэтай.
Вецце бярозы зашамацела пад ветрам, нібы запшптала штосьці.
Па дарожцы з каляскай, у якой забаўлялася бразготкай пухнаценькае кучаравае дзіця, праходзіла сівагаловая жанчына. Спынілася, пазірала на бярозу.
— Вось так яму, хаму таму, — растлумачыла ёй Лена тонам экскурсавода.
— Але ж трэба было подпіс паставіць, — адказала жанчына. — А то людзі і не ўведаюць, хто гэта такі культурны змагар з дзікунствам.
— Дзякую вам, спадарыня, за ўвагу, — чула прыклала Лена Мурлыкіна, чалавек педагогікі, руку да грудзей. — Толькі я — не дзеля славы. Дзеля ўсталявання культуры ў нашым расхістаным грамадстве. — Яна адказала, як арыю праспявала сваім чароўным мяккім голасам, і абцасікам моднага імпартнага туфліка глыбока ўтаптала ў зямлю акурак.
ТЭНАРОВЫМ ГОЛАСАМ СУДДЗІ
Куляй выскачыў Курыльчык з суда і шыбануў да швагра. Музыкальная душа яго спявала: такі шанс!..
Судед абазваў Сцяпана Панкратавіча дурнем, і Сцяпан Панкратавіч ужо адчуваў сваю руку ў яго кішэні. А што? Няхай адвальвае сто тысяч за абразу, душа з яго вон! Не тыя цяпер законы, каб патакаць крыўдзіцелям. У людзі выйшлі, у прававой дзяржаве жывём. Вунь цывілізаваны замежны грамадзянін адсудзіў у гомельскай газеты кругленькую. Зняважыла чалавека, маральны ўрон прычыніла…
Суддзя, хай яго певень убрыкне, спачатку быў агарошыў Курыльчыка: «А сведкі ў вас ёсць?» Вось так: яму, інтэлігенту, «сумленню» нацыі — банальны недавер! Выходзіць, дарэмна музыка іграла?.. Аднак усё стала на свае месцы. «Скажыце, грамадзянін суддзя, родзіч можа быць за сведку?» — украдліва спытаў Сцяпан Панкратавіч. «Суду ўсё роўна, родзіч не родзіч — абы праўду гаварыў», — адказаў суддзя, як на дудцы паіграў, тэнаровым голасам.
Тут і прыпусціўся Курыльчык на ўсіх ветразях да Габруся, жончынага брата. Швагер чуў, як таракан той вусаты накінуўся на яго, што ставіць «Жыгуля» пад вокнамі. Не, накінуўся — бо злуецца, што ў самога няма «тачкі». Дык і не будзе, калі разява…
Сцяпан Панкратавіч не разбіраў дарогі, штурхаўся ў вулічным натоўпе, а ў галаве яго штурхаліся адна аб адну гарачыя думкі. Не менш як сто тысяч, не менш. Бо «дурань», ды яшчэ ж у прыдачу і «нягоднік»... Ай за прыдачу ламануць мільён? Бізнес ёсць бізнес…
Неспадзявана тонкія Курыльчыкавы вусны зламала рэдказубая ўсмешка. А тое рэкламнае дзяўчо ў тэлевізары, а? Падміргне вокам, вялікі палец тырк угору: «У мяне будзе от такі мільён!» Дзіця, а ўжо ведае, шэльма, толк у грошах! Час усіх вучыць. Так што шаноўны Сцяпан Панкратавіч, папілікаў на скрыпцы ў сваёй філармоніі і баста. Узяцца за розум ніколі не позна, калі ён у цябе ёсць. Вунь лірыкі, фізікі, хімікі розныя як раскрыліся!
Адразу ад парога Курыльчык гукнуў родзічу:
— Запісаў цябе ў сведкі, кніжная душа. Іч — абражаць сумленнага чалавека!.. Дык глядзі, праўду і толька праўду. А то захочаш быць добранькім!. Ведаю цябе, гуманіста!
Габрусь, які правяраў вучнёўскія сшыткі, зняў акуляры, пацёр вочы. Маўчаў. «Што, на лапу хочаш? Пачакай, кашалёк дастану з кішэні, — падражніўся ў думках, як з дзіцёнкам, Курыльчык.— Ці, можа, трэба было прыхапіць бутэльку першаку? Разам і расціснулі 6. Верабей дзюбу памачыў бы, а сокал душу асвяжыў.— Ён пацягнуў кручкаватым носам. — О, смажанай цыбулькай, здаецца, патыхае з кухні».
Раптам Курыльчык хапіў разяўленым ротам паветра і як здранцвеў — швагер тэнаровым голасам суддзі нібы праіграў на дудцы:
— Праўду і толькі праўду: гэта ж калі разумнага дурным абзавеш — то абраза.
БРОКЕР
Лёнік уляцеў у кватэру. як віхор. Ад парога шпурнуў на крэсла ранец, патрабавальна гукнуў:
— Есці!
— Ты ж яшчэ рукі не памыў,— асадзіў сына Альберт Патапавіч.— А ўвогуле, ці заслужыў ты абеду? Пакажы, што ў цябе ў дзённіку? — Ён даўнавата не зазіраў туды і цяпер успомніў пра тое.
Яны сядзелі ў прыхожай абапал туалетнага століка. Лёнік запусціў руку ў ранец.
— У мяне і пяцёркі ёсць!
Альберт Патапавіч разгарнуў дзённік, і твар яго стаў, як навальнічная хмара. «Чытанне — «два», пісьмо — «два», арыфметыка — «два», спевы — «пяць».
— Ах ты, шалапут? I ты яшчэ спяваеш? — рука Альберта Патапавіча лягла на паругу, якая падпяразвала штаны на жываце-футболе. — Такая твая падзяка бацьку за яго клопаты?
— А што? Вунь у Юлькі-казюлькі ні «пяцёркі», ні «чацверкі» няма.
— Так-так… Цяпер скажы, чаму ты сёння рана са школы?
— Бо заняткаў не было.
— 3 якой прычыны, дазволь у цябе спытаць?
— Мітынг праводзілі. Наш клас забаставаў.
— Вось як? I ў вас, значыцца, дэмакратыя нараджаецца? — пальцы на папрузе расслабіліся, заварушыліся, быццам перабіралі гузікі гармоніка. — I чаго вы там дамагаецеся?
— Замяніць настаўніцу. Не трэба нам такая, што «двойкі» ставіць. — Лёнік бліснуў цёмнымі вочкамі-жучкамі. — Я таксама выступаў на мітынгу. — Ён ускінуў угору мурзаты кулачок: — Далоў бюракратаў!..
— А-а, мой сын, мой, пазнаю, — Альберт Патапавіч паблажліва патузаў хлапчука за вуха. — Правільна, вучыся дэмакратыі. Толькі не ў тых, што — сю-сю-сю… «Зрабіце ласку, спадары» «Просім вас, шаноўнае спадарства…» Гэта мы — прасіць?! У каго?! Не, хай натхняе цябе на дэмакратыю сіла несаступнага духу. — Кувалда-кулак Альберта Патапавіча мілыгануў у паветры, і керамічная ліса, якая на туалетным століку выдурвала сыр у вароны, падскочыла, нібы падстрэленая. — Вось так! Усёк?
— Ага, на «пяцёрку», — хуценька запэўніў Лёнік. — Дзякую, тата.
Зазваніў тэлефон. Хлапчук схапіў трубку.
— Алё! — хвіліну слухаў, што гаварыў суразмоўнік на другім канцы провада, і радасна крыкнуў: — Згодзен, згодзен! — кінуў трубку на рычагі. — У Юлькі-казюлькі, тата, галава — як у нашай мамы: міністэрства! Сказала, што ўсе пагадзіліся, кожнаму пазваніла.
— 3 чым усе пагадзіліся?
— Заявіць патрабаванне вам, бацькам, каб пакуплялі нам японскія магнітафоны. А не — мы зусім кінем школу.
— Што-о? Дык чым жа вы будзеце займацца — сабак ганяць?
Лёнік зірнуў на бацьку сакаліным поглядам.
— О-ёй — чым!.. Вунь па радыё чуў? Аб’явы перадаюць — на брокераў запрашаюць. — Мурзаты кулачок рэзнуў з-за вуха па туалетным століку. — Вось так, тата!
Альберта Патапавіча захістала.
ДАЙДЖЭСТ
Яны адпачывалі. Сядзелі ў скверы на лаўцы, размаўлялі пра жыццё-быццё. Малады кучаравы клянок, які выстаяў у спякоту, ціха шамацеў ім зялёнай лістотаю.
— Пытаеш, чаму ў нас кругом рэзрух такі? Калёсы нашы зусім расхлябаліся, — гаварыў Вайцёнак, шкрабаючы пальцам скроню. — Атосы трэба падцягваць.
— Ыгы, варта нам дзейнічаць папулісцкім кансенсумам, — згадзіўся Зыбайла.
— Але ж для гэтага патрэбен добры завадатар. Не леташак нейкі, канечне, а дужы, дзябёлы сяголетак.
Зыбайла згодна кіўнуў галавой, ляпнуў далоняй па калене.
— Плюралізм трэба разварушыць як след, плюралізм. Інакш нічога не будзе.
— Дык што, калі зборня наша — адзін у лес, другі па дровы.
Ціўкнула маладая галка. Яны задралі галовы.
— У некаторых — дык і голасу, як у гэтай пігаліцы, — працягваў Вайцёнак. — А дзяруцца.
— Менеджэраў з сябе корчаць.
— Не, хопіць балбатні. Настаў час рашуча ставіць высокі моцны сцежар.
— Ага, не балбатаць, а шукаць і знаходзіць. Дайджэст!
— Дайджэст, — паўтарыў Вайцёнак і спахапіўся. — А што яно абазначае, гэтае слова?
— Ды хто яго ведае? У газетах пішуць, па радыё гавораць, дык і я гавару. — Зыбайла плюскаў вачамі, нібы падміргваў. — Мода, брат, — не толькі жанчынам па вуліцах у панталонах хадзіць…
Маладая галка прарэзліва вссела ціўкнула і залапатала крыллем.
ДУГА 3 БАНЬКАЙ
Маладзіковы вечар непаспешліва апусціўся на зямлю. Сябры па сваёй суботняй традыцыі селі за карты. Балабуцька растасаваў калоду, пахваліўся Ганцэвічу:
— Заўтра, панімаіш, буду выступаць у Доме настаўніка. На круглым стале «Гаворым па беларуску».
— «Гаварым па-беларуску», а сам — «панімаіш».
— Адвыкну, не ўсе адразу. Закон дае мне на гэта яшчэ сем гадоў.
Ганцэвіч пакрыў піковага туза казырнай шохай, хітра прыжмурыў зеленаватае вока:
— Нешта ты зачасціў на розныя зборышчы. На адкрыцці выстаўкі авангардыстаў выступаў, на вечарыне філатэлістаў, паведамлялі ў друку, грукатаў палымянай прамоваю. Яшчэ, здаецца, юбіляра нейкага, ці то фізіка, ці хіміка вітаў... Такі ты ва ўсім спецыяліст?
Балабуцька рэзнуў з-за вуха бубновым валетам.
— Хамут без лямца, ды дуга з банькай... Папулярнасць, панімаіш, абавязвае.
— Надзьмулася імя? — тоўстым вуснам Гянцэвіча, відаць было, хацелася ўсміхнуцца, і ён сціснуў іх, крутнуў галавой. Але Балабуцькя заўважыў на яго твары непрыхаваны скепсіс.
— А цябе завідкі бяруць? Што ты трясеш грывай, нібы мух адганяеш?
Гянцэвіч не стрымаў усмешку:
— Прыгадаў, як называў такіх мой дзед.
— А-я, памятаю твайго дзеда, пямятяю. Пекныя вусікі, сівая бародка клінком… Інтэлігентны і разумны быў чалавек. Ну-ну, дык як ён называў?
— Пад кожную бочку шпунт.
— О! Кажу ж — у разумнай галаве мудрасць жыве! Правільна, адзін шпунт для ўсіх бочак. Незамянімы, панімаіш, — выпнуў грудзі Балабуцька. Пявярнуўшы вочы да акна, ён шчасліва ўсміхнуўся — дзесьці там пабачыў нейкую зачараваную яго красамоўствам зборню.
Ганцэвіч тым часам неўпрыкмет савануў у адбой сямёрку хрэсцяў і вышмаргнуў адтуль чырвовую даму.
— Ну, сябра, галава ў цабе, як у Гегеля! Памры, Шушкевіч з Пазьняком — лепш не скажуць! Дуга з банькай!
ЮБІЛЕЙНЫ ТОРТ
Шчасліўчыкам што! Яны салодка п’юць ды ядуць і шчаслівыя сны бачаць. А тут такі кашмяр наваліўся — аж не здыхацца было.
Не, дзея адбывалася не ва ўбогім шалашы, як у сне пушкінскай Таццяны, я ў шыкарнай зале Дома літаратара, і былі там не страшыдлы з рагамі, з петушынымі галовамі, а прыстойныя людзі. Усе тякія паважныя, урачыстыя… Дзіва што — юбілей калегі адзначалі!
Як тыя матылькі, пырхалі туды-сюды афіцыянткі, разносілі стравы. Каля цэнтральнага стала, асновы літары «п», сышліся карыфеі, услаўленыя высокімі ўрадавымі ўзнагародамі і ганаровымі званнямі. Нецярпліва чакалі прыязнага «запрашаю» і разумна, разважліва перамауляліся. Праблем жа ў жыцці — поўны воз. Дык яны скажуць, што і ўпотай востра зірк адзін на аднаго: а што ў цябе, хітрая ліса, у галаве?.. Ды дужа яны, мусіць, былі згаладалыя цяперашнім перабудовачным часам. То той, то другі крадком падчэпіць відэльцам скрылёк кілбасы, адкусіць бутэрброда з ікрой, укіне ў рот масліну...
Праз сон я выразна адчуў, што мне стала сорамна за сябе: паклёп на людзей сню. Ну ці ж яны, лаўрэаты і заслужаныя, стануць вырабляць такое?.. Дык не, во трэба ж было сплесціся!
Афіцыянткі тым часам талакой унеслі і паставілі на аснову літары «п» вялізны, амаль на ўвесь стол, торт. На бліскучай ружова-жоўтай скарынцы прыгожа, каліграфічна было выпечана: «Дарагому юбіляру ад усіх выдавецтваў, рэдакцый газет і часопісаў». «О, то гэ-та ж мне!» — як ні вылузнуўся я са скуры ад нечаканай радасці. Аж слінкі пацяклі ў мяне, як у таго Тараса на Парнасе, і забурчала ў жываце.
Знакамітыя замітусіліся. У іх таксама, мусіць, слінкі пацяклі. Яны наваліліся на стол, ледзь не перакулілі яго. Накінуліся на торт. Рэзалі нажамі, адламвалі пяцярнёй і пхалі кавалкі ў рот, у кішэні, за пазуху. «Расхапаюць, хай ім добра будзе! — жахнуўся я і таксама міжвольна тузануўся тулавам да стала. — То, можа, і мне?.. Ат, было ні было: дзе няма грэху, там няма і смаку». Я выпрастаў плечы і толькі нацэліўся відэльцам на торт з-за нейчай сутулай спіны, як чьясьці далікатная, халодная далонь лёгенька ляпнула па маіх дрыжачых пальцах:
— Гурок бяры.
Грудзі мае агнём апякло. У галаве нібы бліснула маланка — прыгадалася, як грозна рыкнуў у Таццяніным сне Яўгеній Анегін: «Маё!» I я, сабраўшыся з духам, крыкнуў:
— Маё! Я юбіляр!
Косячы вокам на халодную далонь, я наперакор абразлівай недабрыні высока ўскінуў руку, з усяго маху торкнуў відэльцам і… падчапіў прыгожы марынаваны гурочак…
Ну, ці ж не кашмар, шаноўны чытач?.. Але куды ноч, туды і мой страшны сон, хай на яго ліха...
ЛІРЫЧНАЕ ЗНАЁМСТВА
Рыгор Антонавіч быў не ў гуморы. Адчуваў: яму не хапала новых уражанняў, новых знаёмстваў. А тут яшчэ гэтая гісторыя з газетаю… Ён схапіў тэлефонную трубку, набраў нумар:
— Пошта? Паслухайце, даражэнькая, мне не прынеслі «Савецкі спорт». — У раздражнёных словах гучала сталь.
— Які ваш адрас? — даляцела з другога канца провада.
Ён назваў.
— Не хвалюйцеся, прынясём вам газету.
I тут адбылося неспадзяванае: Рыгор Антонавіч адчуў, што злосць яго на паштовых работнікаў пачала праходзіць, а сэрцда стала напаўняцца салодкім узрушэннем. «Голас як у жаўрука ў небе». Ён уявіў сабе яе: светла-карыя вочы з чуллівым поглядам, на грудзях — вялікі бурштынавы кулон, а на пальцах — залатыя пярсцёнкі. Ідэал!
— У вас усё? — спытала яна.
— Што датычыцца скаргі — усё, — не разгубіўся Рыгор Антонавіч, пачуўшы, як у галаве ў яго бамкнула, нібы ў звон: «Знаёмся, Рыгор». Але ад гэтага намеру ён адразу адмовіўся: завочна — не тое. Знаёмства павінна быць вочы ў вочы — лірычным.
У невялічкім пакоі, куды, далікатна пастукаўшы ў дзверы, зайшоў Рыгор Антонавіч, за сталом сядзела сапраўды надзіва прыгожая жанчына. Праўда, на грудзях у яе не было вялікага бурштынавага кулона і на пальцах — залатых пярсцёнкаў, тым не менш яна выглядала такою чароўнаю, што ў яго ледзь не вырвалася: «Каралева!»
3 ходу, не раздумваючы, ён выпаліў ёй камллімент наконт вачэй і валасоў. Жанчына ўсміхнулася. Рыгор Антонавіч таксама асвятліў твар усмешкаю. I тым часам наракнуў на сябе: «А што было? Так вось хапаў без разбору каго папала, таму і атрымлівалася: ажаніўся — развёўся, ажаніўся — развёўся. А ў людзей языкі: Дон Жуан, Дон Жуан… Ды ліха з імі. Не губляйся, Рыгор, табе ж яшчэ ніхто не адмаўляў».
— Газета трэба — хачу прааналізаваць табліцу па футболу, — растлумачыў ён жанчыне, хаваючы свой хітры інтарэс. — Прафесіянальная цікавасць. Сам я — спартсмен. — Доўгія пальцы шустра скубанулі клінок пекнай бародкі. — Праўда, не футбаліст, а бягун.
— Каму ж гэта невядома, — азвалася «каралева», — што бягун.
«Калі не на стадыёне, дык, можа, па тэлевізары бачыла, — заключыў Рыгор Антонавіч. — Выдатна. На старт, Рыгор!»
— А чаму б, скажам, нам з вамі не схадзіць у кіно! — рашуча прапанаваў ён. — Выдатны, кажуць, фільм — «Службовы раман». — Ён толькі цяпер спахапіўся, што не папытаў, як яе завуць, ды падумаў: «Дробязь, у інтымнай абстаноўцы ўсё высветліцца». — Ці, можа, павячэраем разам? — Мяккая, салодкая ўсмешка іграла на яго вуснах.
— У «Журавінцы», за крайнім столікам каля акна?
— Ага, ведаеце, такі цудоўны, утульны куточак! — Тут у галаве ў Рыгора Антонавіча раптам закруцілася: «Дзе я яе бачыў?»
— Што, гарачае каханне вяртаецца? — Вочы жанчыны жорстка ўспыхнулі і адразу патухлі.
— Даруйце, не разумею. Як гэта — вяртаецца?.. Але я вось усё думаю: дзе я вас сустракаў?
— Дык я ж, Рыгор Антонавіч, Ліда, ваша першая жонка.
— Як?!
— А вось так, любы мой кавалер. Ха-ха-ха!..
«Прычоску змяніла... От хірургі, пазнай іх, калі яны маскіруюцца! На ўсё ідуць, шэльмы, абы паддурыць нашага брата!» — Рыгор Антонавіч крутнуўся і, як апечаны, сігануў за дзверы.
УЧЫНАК ГОНАРУ
Яны сядзелі ў кавярні, з асалодаю пасмоктвалі баварскае піва і зацягваліся пахучымі цыгарэтамі «Уінстан».
— Калі збіраешся ў госці да інтэлігентнага чалавека — ты нейкую робу на плечы ўскінеш? — Сапрыка тузануў на індычынай шыі блакітна-жоўты гальштук. — Не, прыбярэшся ў шыкоўны касцюм. Так і тут: мы ідзём у рэспектабельную Еўропу, значыць і мова ў нас якая павінна быць? Прэстыжная, еўрапейская. Зразумеў?
Абабурка мыкнуў нешта няўцямнае, заглынуў добрую порцыю дыму.
— От паслухай, па нашаму… Даруй, язык не паварочваецца вымавіць, сябе не зневажаючы. А па еўрапейску — чуй? Лесбіянка. Гучыць?
— Гучыць-дрынчыць, як сарока верашчыць, — скаламбурыў у рыфму Абабурка.
— Ці, скажам, «уклад». Не слова — кастыль нейкі. А тая ж «інвестыцыя»?.. Песня! Прамовіш адзін раз — і другі карціць. Ведаеш, за бугром — не глухія, пачуюць.
— Пачакай, як гэта ў класіка было? «Песні жальбы». Памятаеш?
— Кінь, Арцём, не дражні мяне. 3 Еўропай мы зможам скочыць вышэй уласнай галавы. — Белазорае вока Сапрыкі плюснула, нібы таямніча падміргнула Абабурку. — Ты рабі вывад: узбагачай свой лексікон, павышай культуру. У слове вялікая эстэтычная сіла, калі яно вытанчанае, эфектнае. Услухайся: «мэр», «прэм’ер», «спікер»… Які каларыт! Адчуваеш?.. Толькі еўрапейскім словам мы можам спаўна выказаць і глыбінную сутнасць новага часу, і самыя моцныя нашы пачуцці. — Падвяселены півам і сваёй узнёслай тырадаю, Сапрыка напаўголаса зацягнуў на матыў «Сербіянкі»: «Калі едзеш на Каўказ, сонца свеціць прама ў глаз. А вяртаешся ў Еўропу, сонца свеціць прама ў вока».
— Цыц! — натапырыўся раптам Абабурка. — А «пасад», «рада» — не каларыт?
— Вылінялая старызна. Як армяк майго дзеда, якім маці накрывала цэбар, калі запарвала карове мешанку. Ты настаўляй вуха: наверсе якія словы ў хаду?
— Настаўляю. У мітынговым клёкаце на розных зборнях ты што гаварыў? Ажно заходзіўся: «У нацыянальным адраджэнні нам трэба ачышчацца ад усялякага смецця, што цярушыцца на нас з-за мяжы!» Забыўся?
— Дзівак ты, Арцём. Чалавек жыве і ўдасканальваецца. Мы ж з табою не якіясьці інтэлектуальныя лакеі — арыстакраты духу. Няўжо не зразумела?
Баварскае піва і хмельны водар «Уінстана» злёгку кружылі Абабурку галаву.
— Зразумела, што ты… — Ён запнууся, шукаючы вартае еўрапейскае словл. I знайшоў: — Што ты, Максім, лесбіянец. Гучыць?
Белазорае вока плюснула і звузілася, быццам яго супоняй сцягнула.
— За мной, Арцём, — учынак гонару. — Грозны, як ільвіны рык, голас не абяцаў Абабурку нічога добрага. — Пушкін, Лермантаў, як вядома, не даравалі абразы. — Сапрыка таксама на хвіліну задумаўся, шукаючы вартае еўрапейскае слова, якім можна было б выказаць самыя моцныя свае пачуцці. I таксама знайшоў:
— А ты — ёлупень. Гучыць?.. То-та ж!.. А цяпер… — Ён ірвануўся да Абабуркі і лізнуў яго ў вусны. Горача, як Шэварднадзе Брэжнева.
ЗЯЛЁНЫ ГУЗІК
Сустрэліся дзве таварышкі і страшэнна зарадаваліся. Зашчабяталі ў адзін голас, як сакавіцкія сарокі: пагаворым, душу адвядзём у добрай ласцы.
— Каб ты ведала, Лідачка, з якім я хлопцам перад святам пазнаёмілася! Твар — яблык румяны, вочы — агонь цыганскі! — тараторыла агністая бландзінка агністай брунетцы. Яе доўгія пальцы шпарка церабілі зялёны гузік на сяброўчыным сачыку колеру марской хвалі.
— Праўда? Дык хто ён, той спадар-князь вяльможны? — Брунетка ажно закоўзалася на крэсле ад казытлівага інтарэсу. — Ну не цягні, Зіначка, расказвай.
—- Ого — хто! Дэпутат. I прыгожы, і розумам — увесь Жырыноўскі. Зноў жа, тэмпераментны — аж гарыць.
Роспачны ўздых вырваўся з высокіх грудзей брунеткі.
— Шанцуе ж людзям!
— Шанцуе… Не будзь варонай, то і табе пашанцуе. Ага, дык слухай далей. Пазнаёміліся, ён правёў мяне дадому і застаўся да раніцы.
— Ой, як цікава, мусіць, было табе правесці перадсвяточную ноч з вялікім чалавекам! — пляснула далонямі брунетка. — Кава з каньяком, слодыч гарачых слоў… Шчаслівіца!
— Ага, цікава, аж дух забівала: саколік любы!..
— Уяўляю... — Брунетка хітра прыжмурылася. — Дасць бог і ты выгадуеш спадара-князя: твар — яблык румяны, вочы — агонь цыганскі…
— Палітыка — гарэць ёй сінім полымем! — Зялёны гузік раптам з трэскам адляцеў ад сачыка колеру марской хвалі. — Такіх людзей пераводзіць!
— Ты што, Зіначка, трызніш ад шчасця? — Твар брунеткі выцягнуўся, як цяплічны агурок. — Пры чым тут паштыка?
— Пры чым… Ён жа, гарэтнік, усю ноч расказваў мне, як на сесіях партакратам і дэмакратам, каб яны панямелі, мазгі ўстаўляе.
УСМІХНУЎСЯ МЕСЯЦ ЯСНЫ
Ноч выдалася светлая. На небе ганарыста ўсміхаўся ясны месяц. I Міхась Арцёмавіч ціха ўсміхнуўся ў сне. Дзіва што — такую прыемнасць сніў!.. Заліты сонцам квяцісты луг. На ім у адным статку пасвяцца авечкі і ваўкі… Нарэшце!.. Ды раптам — як буран іх закруціў.
Малады лупаты баран скубануў грыўку муравы перад пысай цыбатага, з аблезлымі бакамі ваўка. Той поўсць на загрыўку дыбарам, клац ікламі! Баран круць рагамі! I ўсчалося!.. Міхась Арцёмавіч хацеў кінуцца наўцёкі, ды неспадзявана пабачыў: каралева! 3 вянком лугавых красак на галаве, з сонечнай усмешкай на твары. Ідзе па пожні і спявае:
3 неба зорачка упала,
Дур з галоўкі выбіла.
Дэпутата пакахала б —
Хутка перавыбары!
Ён прыгледзеўся — жонка! Памкнуўся крыкнуць ёй: «Куды прэш, дурніца, не бачыш?» Але ў той міг яго аж падкінула на ложку:
— Спіш, абібок, а долар зноў падскочыў у цане! — Жонка з раскудлачанымі мядзяна-рудымі валасамі стаяла ў дзвярах спальні. — Адна нага тут, а другая там, — тыцнула яна пальцам за дзверы.
За дзень набегаўся Міхась Арцёмавіч, як кавалерыйскі конь пад сядлом. Панерваваўся, папасварыўся ў чэргах абменных пунктаў з «ваўкамі» і «баранамі». Цяпер зразумеў — сон у руку: вось ён, квяцісты луг!
А ўвечары не паспеў прыткнуцца да падушкі, як сэрца абарвалася ў грудзях. Зайшоў у свой гараж, каб выруліць «жыгуля» і адвезці жонку на базар, а там — лупаты той на бліскучым, бы люстэрка, зялёным капоце бруднымі капытамі чачотку выбівае; аблезлы асцервянела драпае кіпцюрамі баранку руля і, як на сваім піліпаўскім вяселлі, глуха завывае: «Дайце жыці шэраму, дайце яму волю…» Міхась Арцёмавіч жахнуўся: як яны залезлі сюды праз тры звышсакрэтныя замкі?! Во праўда: займі чорта ад варот, дык ён цераз плот! «Ах, нячыстая сіла! — узгарэўся Міхась Арцёмавіч. Зараз я вас турну, ажно пяткі забрынчаць!»
Ды наступнае адбылося як у казцы Шэхерэзады.
— Галава? — Баран ледзь не вылузнуўся са скуры ад радасці, пабачыўшы Міхася Арцёмавіча. Скочыў на дол, усцешана страсянуў рагатай мазгаўнёй: — Нарэшце вы, доўгачаканы, з’явіліся! Мы выбралі ваша благароддзе галавой фірмы «Галопам у Еўропу». Прашу! — тыцнуў ён капытом у бок «жыгулёў».
«Мяне? — ледзь не вырвалася ў Міхася Арцёмавіча недарэчнае здзіўленне.— Дык я ж нікому на лапу не паклаў!.. А-а, Зінка! — хуценька змікіціў. — Не жонка ў мяне, а золата. Ваўку падміргне, барану ўсміхнецца…» I нібы віхура ўскінула яго на капот.
Баран ажно вочы вылупіў, а воўк рот разяваў ад нечаканасці — так урэзаў Міхась Арцёмавіч чачотку. I тут паўстала ў варотах гаража буйным планам жонка. Яна горача пляскала яму ў ладкі, а ён шалёна малаціў нагамі і салодка думаў: «Перш-наперш цяпер — строгі загад: ваўкам і авечкам — мірна пасвіцца на квяцістым лузе. 3 гэтага дня і назаўсёды. Калі ж бараны пачнуць пускаць у ход рогі — ваўкам рашуча прыводзіць іх да парадку ўсімі сродкамі, аж да непапулярных мераў. А дзень гэты з выпадку майго выбрання галавой лічыць у фірме «Галопам у Еўропу» афіцыйным святам».
…Каля боку ў Міхася Арцёмавіча сонна зачмокала вуснамі жонка. Сон яго як рукой зняло. Ён здрыгануўся і — заплакаў. Зараз зноў тыцне пальцам на дзверы і залямантуе: «Адна нага тут, другая там!».
А з неба ў акно пазіраў ясны месяц і мудра ўсміхаўся.
ЗАЯЦ, ЯК ЦЯЛЯ
Яны адпачывалі. Папахадзілі па пожнях са стрэльбамі і, упаляваўшы толькі ўласныя ногі, расклалі цяпельца на ўзлеску. Барадаты Сцяпан Сцяпанавіч пачухаў расхрыстаныя валасатыя грудзі, пазяхнуў.
— Вось я і кажу: вялікая выгада кліентам укладваць грошы ў наш банк. Дзвесце працэнтаў за…
— За які ўзнос? — заскочыў яму наперад з пытаннем круглатвары Павел Паўлавіч.
— Не перабівай! — незалюбіў Сцяпан Сцяпанавіч. — Усё па парадку. За мільён і…
— А за які тэрмін? —- Круглатвары нечага ажно заёрзаў па траве.
— Ну што ты, Павел, за чалавек? Не церпіцца табе, грошы кішэню прапальваюць? Па парадку, кажу. За тэрмін… — Сцяпан Сцяпанавіч раптам сам сябе перапыніў. — Стоп, Сцяпан. На прыродзе — пра нейкія справы? Глупства.
— Во гэта голас! — пляснуў далонямі Павел Паўлавіч. — Давай пра жанчын. Ведаеш, надоечы адна яркая бландзінка…
— Што, мала яшчэ цябе папакалолі?.. Дык пра што я?.. Ага, то вось слухай, было-о, братка, было. Хадзіў я на зайчыкаў, дык ведаеш якога ўпаляваў? Цяля!
— Ого! — Павел Паўлавіч крутнуў галавою, ажно ў шыі трэснула. — Гэта ў перабудову ўжо такія развяліся. У застойныя часы такога хіба што які сакратар абкома мог упаляваць.
— Я з аднаго ствала — і напавал! — наводмаш секануў Сцяпан Сцяпанавіч паветра. — А ён, даражэнькі, бяжыць.
— Ты што?!
— Ды цыц ты, балбатун! Колькі табе гаварыць — не перабівай, збіцца магу. От які нецярплівы ваш брат-укладчык! Так і ў банку… Ага, дык я, значыцца, з другога — а ён яшчэ хутчэй… Што, не верыш? Правільна, такое ўбачыш не часта, але запомні: супрацоўнікі «Універсал-Банк» ніколі не хлусяць… Ну, слухай далей. Пад дзвесце пяцьдзесят працэнтаў стане твой мільён як той заяц-цяля… Што ты на мяне пазіраеш нібы на тубыльца якога?
Трашчаў сушняк, весела скакалі язычкі полымя.
— Глядзі ты, загаварыліся! — схамянуўся, затрос барадой Сцяпан Сцапанавіч.— Сказана — дзелавыя людзі. Даставай!
Твар Паўла Паўлавіча заільсніўся, як маслены блін.
— Так бы і сказаў адразу. А то — заяц як цяля, дзвесце пяцьдзесят працэнтаў…
На разасланай газеце ў адзін момант з’явіўся «Пётр Вялікі».
— І ўсё? — здзівіўся Сцяпан Сцяпанавіч.
— Дык адразу? — з пэўнай доляй збянтэжанасці перапытаў яго Павел Паўлавіч і побач з «Пятром Велікім» закрасаваўся «Смірнофф».
— А што, мы на адпачынку не можам сабе дазволіць? Весялей, Паўлуха!
— Дваіцца ж будзе.
— Не будзе. Кажу ж табе, з першага стрэлу — напавал. Праўда, усё потым было чын чынаром. Гаспадыні я заплаціў, колькі сказала. Цяля тое, панімаіш, падставілася, з-за зайца выскачыла.
Яны кулялі чарку за чаркай. Сцяпан Сцяпанавіч кульне і косіць вока на луг, дзе пасвіліся коні. Раптам ён схапіў Паўла Паўлавіча за локаць:
— Паўлуха, будзь другам, я во загрызу гурочкам, а ты збегай адгані тых даўгавухіх. Куды нам столькі іх! Пастраляю — дык жа ў багажнік не папхаем.
ГОЛАС 3 КУТКА
Усе, хто ведаў Сяргея Апанасавіча, захапляліся ім. Постаццю — Апалон, розумам — Ламаносаў. Абыходжаннем жа — ну сама далікатнасць: будзьце ласкавы, прашу прабачыць, калі ласка… Словам, ідэал, калі такія бываюць. Дык дзіва што! Гадаваўся-песціўся адзіны сыночак у клапатлівай інтэлігентнай сям’і.
Прыгожым ціхім надвячоркам Сяргей Апанасавіч падкаціў на чорнай «Волзе» да пяцісценкі з жоўта-блакітнымі аканіцамі. Расправіў плечы, удыхнуў на поўныя лёгкія вясковага паветра і рушыў да веснічак.
— Добры дзень, мама, добры дзень тата! Не чакалі?
— Ой, сыночак! — пляснула далонямі маці. — Я ж вочы прагледзела! Праходзь, крывінка мая, у святліцу. Дык не забыўся на старых?
— Ну як можна, мама! Такое свята ў вас!..
Ад парога Сяргей Апанасавіч яшчэ раз даў добры дзень. Нікому — проста так у хату, з інтэлігенцкай ветлівасці. Але яму падалося, што хтосьці ледзь чутна адказаў на яго прывітанне.
Шчоўкнулі блішчастыя замкі «дыпламата», і на белым абрусе закрасавалася шыкоўная бутэлька з залацістай галоўкай. За ёю з чамаданчыка, быццам сінічкі з куста бэзу, выпырхнулі хрустальныя кілішкі.
Наступіла ўрачыстая хвіліна.
— За тваё здароўе, сын! — узняў чарку быцька. — Глядзі там на даяржаўнай службе, а то...
— Не-не, — таропка перапыніў яго Сяргей Апанасавіч, — за ваша, тата і мама.
Звонка дзынкнуў хрусталь.
— Будзьце здаровы, мае дарагія! Сціплыя сельскія настаўнікі — а якога, прафесійна кажучы, вы грунтоўнага педагагічнага метаду выхавацелі! — Сяргей Апанасавіч выпнуў грудзі, глянуў на бацькоў сакаліным позіркам. — Выхавалі не абы каго — міністра! 3 Днём настаўніка вас!
— А мяне? — пачулася пакрыўджана з кутка.
Прыгожая белая рука Сяргея Апанасавіча, якая з кілішкам грацыёзна ўскінулася ўгору, здрыганулася. Ён пазнаў гэты размашысты пруткі голас. Шпарка павярнуўся ў той бок і міжвольна галантна кіўнуў галавой. Як пакланіўся.
— Мяне з Днём настаўніка?
То азвалася на цвічку старая бацькава папруга.
ЗАМЕЖНАЕ СЛОВА
Да паставога міліцыянера, які павольна праходжваўся ў скверы, падбегла расфарбаваная рознымі памадамі бландзінка.
— Спадар міліцыянер, зараз жа аштрафуйце вунь таго нахабніка,— тыцнула яна пальцам на мужчыну, які чытаў газету на лаўцы пад кроністай ліпай. — Ён зняважыў мяне.
— Вас? — нахмурыў бровы прыгожы, стройны, як апалон, сяржант міліцыі, зачапіўшыся позіркам за высокі бюст бландзінкі. — Ды я яго!.. Пачакайце, як зняважыў?
— Свіннёй назваў.
— Так і сказаў?! — Прадаўгаваты твар сяржанта, здавалася, яшчэ больш выцягнуўся.
— Не, але ўсё роўна… Я села на крайку лаўкі, ем семкі, шалупкі ўбок сплёўваю, дык ён як вызверыўся на мяне: «Аюц!» А хіба я перашкаджала яму чытаць?
Этыкетная ўсмешка засвяцілася на вуснах бравага міліцыянера.
— Спадарыня, то пры чым тут тая пагарджаная жывёліна?
— Чаго вам смешна? — аж завішчала бландзінка, быццам ён шпільку варсанулі ў мяккае месца. — Зараз жа аштрафуйце яго, а не то я Стасіку… прабачце, Станіславу Генрыхавічу, капітану вашаму, паскарджуся.
— Спада-арыня, ды вы ўслухайцеся, як гуцыць: «Аюц!» Музыка — Чайкоўскі, Брамс!.. Адразу відаць — не наша, замежнае слова.— У вачах сяржанта, нібы чарцяняты на распаленай патэльні, скакалі кплівыя іскрынкі.
— Праўда замежнае? — Бландзінка лыпнула курынымі павекамі і ўся наструнілася.
— Не сумнявайцеся, спадарыня, і немцы, і французы, і японцы яго прамаўляюць. Сам чуў. — Раптам у сяржанта вырваўся цяжкі ўздых.— Чаго толькі на маёй рамантычнай службе ні наслухаешся!
— А не чулі, амерыканцы прамаўляюць? Стасік... Прабачце, Станіслаў Генрыхавіч, казаў, замежны паспарт мне выпіша. Палячу на Канарскія астравы, адпачну... Ласкавае, цёплае мора, экалагічна чыстыя прадукты... То там абавязкова і амерыканцы ж будуць... Дык не чулі?
— Як жа, як жа — чуў. Гэтыя — дык з языка не спускаюць. Самае іхняе слова.
— Ай-я-яй! — роспачна пляснула далонямі бландзінка.— Сказана — дзярэўня. Яно, можа, азначае «калі ласка», а бабуля мая так на свінню крычыць, як з гароду выганяе. Ну, я там, на Канарскіх астравах, з гэтым замежным словам не падкачаю.
ПА ДАРОЗЕ ДА КУМА
Паліла сонца. З-пад шатаў разгалістай дзічкі Гардзей жмурыўся на белы свет. То ўзіраўся некуды ў даль палявую, то цікаваў за сваімі козамі, што ласаваліся на прыбярэжжы плыткай рачулкі травой-муравой. Не пачуў, як ззаду зашорхаў чаравікамі Кандрат.
— Задрамаў? — гукнуў Кандрат як ні пад вуха яму.
— Ты паглядзі на казлянят, што вытвараюць! — На гардзеевым памаршчыненым твары зацеплілася ціхая ўсмешка.
Кандрат быццам не пачуў яго слоў.
— У Скепню іду. Да кума на чарку. А табе — дык гэтыя козы ўвесь свет засцілі.
— Бо малако хутка будуць адпускаць не па картках нават, а па рэцэптах.
Шэрае казляня падбегла, лізнула Гардзею руку
— Паглядзеў бы па тэлевізары, што ў людзей у гарадах! Свята ж. У цэрквах бацюшкі малебны служаць, вялікія начальнікі стаяць са свечкамі такія супакоеныя, пакорныя, ну хоць на іх саміх маліся.
— Гэта тыя, што парцейнымі шышкамі былі? То яны ж такія вернікі, як мой Патап,— Гардзей кіўнуў на паджаранага казла з прыгожымі ўгнутымі рагамі.
— Ха! У твайго ж Патапа барада, як у Івана Грознага. А рогі, рогі якія!
— Нячыстая сіла таксама з рагамі, толькі ў яе іх не відаць.
— На што ты, суседзе мой дабрачынны, намякаеш?.. Бач яго, палітык-казапас! Глядзі вунь лепш, каб козы ў капусту не ўварваліся.
Пачуўшы пра капусту, Патап перастаў скубці траву, скасіў на іх жоўтае вока.
— А на то намякаю, што бачу. Распераўаліся хааугі. І моляцца, і прыгожа гавораць розныя казкі-байкі, а самі рвуць і хапаюць дзе хто можа. І да зямлі ўжо дабіраюцца.
— Што ты ўставіўся на мяне, як анёл на д’ябла? Ну прыхапіў я паўгектара ўзлеску, балацявіны нікчэмнай, ну?.. Увесь у рубцах і маршчынах, а ўсё косішся на людзей, усё табе крыва.
Патап ударыў капытом у дол, страсянуў рагамі.
— О, закапрызіў нечага. Брысь, разбойнік! — замахнуўся на яго Кандрат. — А малы быў — таксама рукі лізаў.
Гардзей перавёў позірк у даль палявую. Недзе там два звонкія мужчынскія галасы спявалі: «Рыссю, мой косю, рыссю, вараны, аж да сіняга Дунаю».
— Ну, заставайся здаровы, праўдалюбец, — ухмыльнуўся Кандрат. Ступіў да кладкі, каб перайсці рачулку, і раптам усклікнуў:
— Ой!
Патап скочыў і падчапіў яго сваімі прыгожымі вогнутымі рагамі ніжэй паясніцы.
— От ваўкарэзіна! Гэта ж — ззаду! А каб так — спераду?.. Жывеш вось і не ведаеш, які Патап калі і куды табе садане.